Tag Archives: Дмитрий Быков

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (114)

Усім і кожнаму – шалому! Мадам, якую мы абсмяялі ў той серыі, ужо, здаецца, сцеле сабе прафілактычную саломку. Прызнала, што парламенцкія выбары ў лістападзе будуць (калі будуць…) датэрміновымі, але яна «ні пры чым»: «Я б, можа быць, і апасалася рэакцыі, калі б гэта было рашэнне ЦВК. У дадзены момант мы з’яўляемся выканаўцам, тэхнічным органам». Тут напрошваецца пытанне, ці не замнога ў такім разе брала на сябе прадстаўніца тэхнічнага органа, калі разважала, напрыклад, пра «выхаванне выбаршчыкаў» праз адміністратыўны рэсурс? Але пры цяперашнім раскладзе яно будзе рытарычным. Зрэшты, сістэма крышыцца на вачах: нават Павел Ізотавіч ад яе адгроб, прынамсі ў курапацкім разрэзе… Мо і Лідзія-як-яе-там скора дасць інтэрв’ю, у якім раскрытыкуе «генштаб»?

Калі затрымліваюцца па падазрэнні ў хабарніцтве экс-начальнік службы аховы прэзідэнта, ён жа – нам. старшыні Савета бяспекі, і гендырэктар «Белтэлекама», гэта значыць, што ключавыя пасады праз 24 гады пасля «вялікай перамогі Лукашэнкі» (і праз 16 гадоў пасля «канцэптуальнага павароту» – дэкларацый пра існаванне дзяржаўнай ідэалогіі) займаюць, мякка кажучы, не зусім тыя… На іх накінуліся несправядліва? Лішні доказ таго, што цвіль яшчэ вышэй. Чакаць паляпшэнняў пасля пятых «перавыбараў» палітыка, якому к таму часу грукне 66? Пазбаўце.

Міжволі тут задумаешся, хто прыйдзе на змену. Чытачы серыяла ведаюць, які я пераборлівы: звяртаў увагу на заганы як сацыял-дэмакратаў, так і правацэнтрыстаў (АГП, рух «За свабоду»). Зараз – колькі слоў пра яшчэ адзін элемент «правацэнтрысцкага блоку», Беларускую хрысціянскую дэмакратыю; дакладней, пра яе лідараў.

Паводзіны сустаршыні БХД Вольгі Кавальковай у сувязі з «Чарнобыльскім шляхам» (месяц таму разам з іншымі актывістамі падрыхтавала ў Мінгарвыканкам заяўку на шэсце 26 красавіка ў Мінску; калі «раптоўна» высветлілася, што трэба плаціць за паслугі міліцыі, еtc., аргкамітэт 25.04.2019 адклікаў заяўку, а Вольга распавяла: «Цяперашні фармат “Чарнобыльскага шляху” зжыў сябе») дужа нагадваюць пра лісу і вінаград з вядомай байкі Крылова. Але, можа быць, нейкі патаемны сэнс ва ўсіх гэтых кроках быў? Як той казаў: «Вайна – фігня, галоўнае – манёўры».

З Вольгай К. асабіста не знаёмы, а вось прэтэнзіі Паўла Севярынца – яшчэ аднаго сустаршыні БХД, якога цаню як пісьменніка – да Беларускага ПЭН-цэнтра, зачапілі болей. Нагадаю: нервовы эмацыйны пост П. С. з’явіўся ў фэйсбуку 22.04.2019 і ўзняў хвалю каментароў – і спачувальных, і не.

Я ніколі не імкнуўся далучыцца да ПЭН-цэнтра (хапае Саюза беларускіх пісьменнікаў). Тым не менш сёе-тое карыснае ў дзейнасці ПЭНа не мог не прыкмеціць: хаця б арганізацыю конкурсу «Кніга году». Летась на раздачу прэмій мы з жонкай завіталі, заспеўшы там і Паўла.

Як вынікае з вышэйзгаданага допісу П. Севярынца, з 2014 г. ён «прынцыпова» не плаціў узносы ў ПЭН-цэнтр «пасьля выставы камінг-аўтаў у офісе ПЭНу і мерапрыемстваў, зьвязаных з прапагандай гамасэксуальнага ладу жыцьця пад эгідай арганізацыі». Але ў Статуце ПЭНа (так, часам пачытваю статуты) чорным па белым сказана: «3.8. Кожны член РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” абавязаны: а) плаціць штогадовыя ўзносы ў памеры, які вызначаецца Радай, на фінансаванне дзейнасці РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”»

Ёсць у Радзе ПЭН-цэнтра «гей-лобі» ці не (4 чалавекі з 7, паводле П. С.), а калі ёсць, то хто ў яго ўваходзіць – гэтыя пытанні ніколі мяне не займалі. Пры вялікім жаданні «прапаганду» ЛГБТ-каштоўнасцей можна закінуць і СБП. Бачыў на сайце арганізацыі: «11 снежня 2018 г. інтэрнэт-часопіс ПрайдзіСвет і Саюз беларускіх пісьменнікаў зладзілі сумесны круглы стол, прысвечаны пытанню рэпрэзентацыі негетэранарматыўнай сексуальнасці…» Але – сэнс прыпадабняцца да персанажа барадатай показкі, які залазіў на шафу, каб убачыць голыя целы ў лазні насупраць і паскардзіцца на распусту? Я к таму, што на падобныя імпрэзы гвалтоўна не цягнуць: і ў СБП, і ў ПЭНе ёсць з чаго выбраць…

Не маралізую, але… Той, хто добраахвотна ўступіў у суполку, мусіць выконваць яе асноватворныя дакументы – pacta sunt servanda. Мне цяжка сабе ўявіць, што заставаўся б у суполцы, да якой дабраахвотна далучыўся (тым жа СБП), і цягам некалькіх гадоў не ўносіў бы грошы на яе дзейнасць. Агулам, каб у Беларусі існавала аўтаномія «трэцяга сектару», пажадана, каб асноўныя крыніцы фінансавання грамадскіх аб’яднанняў знаходзіліся ўнутры краіны, і членскія ўзносы маюць быць адной з найважнейшых крыніц. Не даспадобы мне залежнасць нізавых ініцыятыў ні ад дзяржавы, ні ад буйных карпарацый (фондаў).

Павел-палітык, на жаль, проста сячэ сук, на якім сядзіць, яшчэ да заваёвы ўлады пераймаючы несамавітую пазіцыю: «Усе роўныя, але некаторыя раўнейшыя». Наўрад ці з такім падыходам можна перамагчы «рэжым», дый нават скінуць кіраўніцтва ПЭН-цэнтра на чарговым Агульным сходзе ўвосень г. г. Лёгка спрагназаваць, што намер вызваліць «добрых людзей» (П. С.: «у ПЭНе ж большасць добрыя людзі. І гэта ня дзейнасьць ПЭНу, а дзейнасьць пэўнай групы, якая ўзяла на сябе права “караць і мілаваць”. Варта мяняць Раду. ПЭН не заслужыў такога кіраўніцтва») скончыцца пшыкам, бо: а) Павел ужо прысутнічаў на сходзе 2017 г., а змены Рады не дабіўся; б) мала шансаў, што пэнаўцы сёлета прыслухаюцца да бунтара, няхай аўтарытэтнага пісьменніка ды экс-палітвязня, які доўга і ўпарта ігнараваў статут.

За ўсімі мітрэнгамі апошніх тыдняў неяк у цень адышоў праект бізнэсоўца Пракапені & Co., а менавіта «міністэрства лічбавай эканомікі» (35-40 супрацоўнікаў, якія маюць курыраваць Акадэмію навук, дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, а нават і міністэрства транспарту). Паведамлялі, што «новае міністэрства прапануюць абараніць ад уздзеяння сілавых структур» – пэўна, ініцыятары ўлічваюць досвед ураджэнца Мінска Міхаіла Абызава, які даслужыўся ў Маскве да «міністра па каардынацыі дзейнасці “Адкрытага ўраду”» (2012-2018), але ў сакавіку 2019 г. быў арыштаваны па падазрэнні ў крадзяжы нейкіх дзікіх мільярдаў.

Гаворка пра новы ўрадавы орган – прычым фінансаваць яго плануюць за кошт ІТ-фірм, што адразу выклікае сумневы – вядзецца ўжо больш за год. У гэтым квартале рашэнне, відаць, будзе прынятае, і два супраць аднаго, што яно акажацца станоўчым… Але я не бачу патрэбы ў такім органе, з некалькіх прычын. Па-першае, дзяржаўны апарат і без яго перагружаны – 24 міністры, агулам чатыры дзясяткі членаў ураду (пяць намеснікаў прэм’ер-міністра, адзін з іх першы), а існуюць жа паралельна адміністрацыя прэзідэнта ды розныя саветы бяспекі, куды трапляюць яшчэ тыя прыгажуны (гл. вышэй). Па-другое, не формы зараз хвалююць найперш, а змест грамадска-палітычнага жыцця; між тым «электронны ўрад» – форма, якая прыхоўвае той факт, што рэальны ўрад падкантрольны вузкаму колу, блізкаму да сям’і «самі-ведаеце-каго». Па-трэцяе, як бы новае міністэрства не выявілася «траянскім канём», што надалей абмяжуе свабоды грамадзян.

Наіўна cпадзявацца, што ўсе рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій маюць піетэт да правоў чалавека. Прынамсі частка з іх у спрыяльных для сябе ўмовах будзе паводзіцца так, як «Сфера» ў аднайменнай кнізе Дэйва Эгерса (рэкамендую). Уласна, той факт, што ў снежні 2018 г. фонд тав. Пракапені зрабіў «падарунак» школьнікам Аршанскага – планшэты з убудаванай праграмай, якая мнагавата фіксіруе вакол сябе (напрыклад, міміку карыстальнікаў), як бы намякае… Дзіва што некаторыя бацькі адмовіліся браць «данайскі дар».

Проста пакіну ўзор дакумента аб згодзе на апрацоўку асабовых звестак для цьмянай фірмы «Фэйсметрыкс» тут, бо такія паперкі, бывае, знікаюць з агульнага доступу:

Часам бачу, што «ў інтэрнэце хто-та няпраў»; і хацелася б прамаўчаць, але… Вось паважаны ізраільскі калумніст Пётр Межурыцкі на kasparov.ru праводзіць аналогіі паміж абраннем ва Украіне-2019 Уладзіміра Зяленскага і ў Ізраілі-1999 – Эгуда Барака: маўляў, абодва эпізоды – задавальненне народнага попыту на «добрага цара», але чароўная казка хутка развейваецца… Усё б нічога, ды П. М. занадта ўжо драматызуе: «Такога жаху, які неўзабаве пасля абрання Барака абрынуўся на Ізраіль, не чакаў ніхто. Літаральна дня не праходзіла, каб не адбылося тэракту са шматлікімі чалавечымі ахвярамі ў розных грамадскіх месцах: у кафэ, на дыскатэках, у крамах, у транспарце. Вуліцы ізраільскіх гарадоў апусцелі». Э. Барак быў прэм’ер-міністрам з сярэдзіны 1999 г. да пачатку 2001 г. Улетку 2000 г. я гасцяваў у Ізраілі 6 тыдняў (Іерусалім, Цфат, Нетанія…) – істотных адрозненняў у параўнанні з 1996 і 1998 гадамі не заўважыў, вуліцы не пусцелі. Табліца «Спіс тэрактаў супраць ізраільцаў і яўрэяў» таксама не пацвярджае, што пры новым кіраўніку ўрада яны адбываліся ў Ізраілі штодня і «са шматлікімі чалавечымі ахвярамі». Хвалі тэрактаў уздымаліся і да «летуценніка» Барака, і пасля яго 🙁

Калі каспараўцы хацелі кагосьці напужаць, параўнаўшы Зяленскага з ізраільскім «прэм’ер-міністрам для ўсі-і-іх», то не выйшла (рабяты, паспрабуйце яшчэ). Ну, а шоўмэну – «цёмнаму коніку» – можна толькі пазычыць поспеху на новым шляху, і каб яго 73% праз год не ператварыліся ў 7,3…

Кур’ёзнае супадзенне: варта было напісаць пра ІІ Еўрапейскія гульні (Мінск, чэрвень 2019), як мяне запрасілі на адкрыццё выставы «Спорт у жыцці пісьменніка» (29.04.2019) у музей гісторыі беларускай літаратуры. Сёе-тое распавёў прысутным – не пра ўвесь «спорт», дык пра шахматы ў жыццях Зэліка Аксельрода, Якуба Коласа, Кандрата Крапівы, Янкі Купалы і іншых. Выказаў спадзеў, што да традыцыйных турніраў, што ладзяцца ў СБП, далучацца і прадстаўнікі іншага пісьменніцкага саюза (СПБ). А прамова паэта Васіля Жуковіча будавалася вакол яго вершаў, прысвечаных спартсменам.

Шахматы-«матрошкі», якія належалі К. Крапіве; выступае ўнучка байкара Алена Атраховіч

*

Аліна Федарэнка пераслала прэс-рэліз. Што пішуць: «3 мая 2019 г. у 11.00 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца прэзентацыя выставы “Іцхак Шамір”, прысвечанай жыццю і дзейнасці сёмага прэм’ер-міністра Дзяржавы Ізраіль, ураджэнца Беларусі…» Выстава ладзіцца ў рамках «Міжнароднай канферэнцыі “Лімуд Беларусь 2019”, якая пройдзе ў Мінску з 3 па 5 мая 2019 года і збярэ звыш 500 удзельнікаў з 12 краін свету». І шо на гэта скажаш? «У полі трактар дыр-дыр-дыр, / Хай жыве Іцхак Шамір!» Але, бядак, памёр выхадзец з Ружан у чэрвені 2012 г. Усяго 23 гады і 3,5 месяцы не дажыў да 120.

*

Здаецца, я раскрыў таямніцу капелюша Кім Чэн Ына. Модны карэец проста нагледзеўся (а можа, абгледзеўся) нугманаўскага фільма «Ігла», і ў яго падсвядомасць увайшоў вобраз аднаго з негалоўных персанажаў.

Кадр з «Іглы» (1988); Кім у Расіі (2019)

«Вольфаў цытатнік»

«Можна сцвярджаць: пачатак 2000-х гадоў будзе адзначаны прыкметным паляпшэннем кліматычных умоў. Не выключана, што ўжо ў ХХІ стагоддзі Арктычны басейн упершыню з часоў вікінгаў вызваліцца з лядовага палону» (Леанід Булыгін, зб. «Фантастыка-77», 1977)

«Ромы жывуць у Беларусі. Але ў той жа час іх тут быццам бы няма. У нас афіцыйныя ўлады робяць выгляд, што няма такога народа» (Мікалай Калінін, газета «Згода», красавік 2005).

«Калі для кіруючага класа залежнае становішча краіны ў цэлым не з’яўляецца перашкодай у справе атрымання прыбытку, то шараговаму насельніцтву яно пагражае загранічна нізкім узроўнем жыцця і адсутнасцю перспектыў для развіцця» (Ціхан Закаменеў, 2019)

«Палітыка, якую зусім выгналі былі з рэальнасці, вяртаецца праз мастацтва… Цяпер зразумела, што галоўным пастаўшчыком новых палітычных фігур стане менавіта шоўбізнэс: не толькі таму, што людзям патрэбнае шоў, але найперш таму, што гэта справа адносна сумленная» (Дзмітрый Быкаў, 30.04.2019)

«Мясцовыя ідэнтычнасці надзвычай жывучыя. Яны могуць спаць доўга, і здаецца, што іх ужо зусім няма, але калі надыходзіць патрэбны палітычны момант, яны вельмі хутка і лёгка прачынаюцца і аб’ядноўваюць людзей» (Кацярына Шульман, 30.04.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

02.05.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 02.05.2019  14:21

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (113)

Шалом шаломіста-шаломны! Пра Курапаты 21.04.2019 даведалася ізраільская аўдыторыя – чытачы сайта «Дэталі». Гэта файна. Тое, што Марк Катлярскі – хіба першы ізраільскі журналіст, якому даў інтэрв’ю Лукашэнка (у 1999 г.) – і праз 20 гадоў цікавіцца нашымі праблемамі, таксама цешыць. З другога боку, у тэксце М. К. столькі агрэхаў… Пачынаючы з загалоўка: «Улады Беларусі апаганілі магілы ахвяр сталінскіх рэпрэсій». Няма пацверджанняў, што дзясяткі крыжоў вакол Курапацкага лесу, знесеных 4 і 13 красавіка, былі пастаўлены на магілах – напэўна, усё ж метраў за 50, а мо і 100 ад пахаванняў. «Спачатку гаварылі пра 7 тысяч пахаваных, але беларускі генпракурор Георгій Тарнаўскі ў 1988 годзе назваў ужо іншую колькасць – 30 тысяч». Наадварот, версія пра 7 тысяч загучала намнога пазней, у другой палове 1990-х… Ну і г. д.

Не спраўдзіўся прагноз «сонцападобнага» (маўляў, у другім туры Парашэнка адолее Зяленскага); 21 красавіка шоўмен з вялікім адрывам быў выбраны прэзікам у суседзяў. Радавацца? Сумаваць? Ускрыццё пакажа. Пакуль што магу сказаць, што любоў украінцаў да Лукашэнкі значна перабольшана; яны не прыслухаліся да яго злёгку замаскаванай парады, паўторанай двойчы: 1 сакавіка ў час «Вялікай размовы» і 8 красавіка на інтэрв’ю з турэцкім журналістам. Відаць, міністр замежных спраў РБ, які не «адраіў», зараз пападзе ў апалу… прынамсі пераемнікам Лу хітрамудры Ма дакладна ўжо не будзе прызначаны.

Лукашэнка палохае, што наступныя выбары парламента пройдуць ужо ў лістападзе 2019 г., а не ў жніўні-верасні 2020 г., як па Канстытуцыі (арт. 93). Мадам Ярмо адразу «патлумачыла»: «Што паробіш, так склалася». Маўляў, трэба для нацыянальнай бяспекі, бо як жа можна ў адзін год ладзіць і парламенцкія, і прэзідэнцкія? (Во знайшла праблему: украінцы праводзілі ў 2014 г., палякі ў 2015 г., і нічога…). Міленькая апраўданка: калі прызначыць выбары на 17.11.2019, то «парламент не дапрацуе ўсяго адну сесію». А няхай бы ўсяго адна безгаловая чыноўніца адсекла сабе ўсяго адзін пальчык на руцэ? Чаго страшнага, дзевяць-то застануцца… :@)

Нехта слабавата вучыў гісторыю. «Наезды» на дэпутатаў і спробы датэрміновага спынення іх паўнамоцтваў па надуманых прычынах, як правіла, ні да чога добрага не вялі, пачынаючы з XVII ст. Ну, распусціў Олівер наш Кромвель Доўгі парламент, а яго «пазадкі» потым далі дыхту… У чэрвені 1789 г. дэпутатаў Генеральных штатаў ад «трэцяга саслоўя» агенты караля не пускалі ў памяшканне, дык яны сабраліся ў залі для гульні ў хакей мяч і неўзабаве аб’явілі сябе ўстаноўчым сходам. Дый досвед расійскай Дзярждумы пачатку ХХ ст. мог бы чагосьці падказаць.

Тут запярэчаць, што ў 1996 г. Лукашэнка без жудкіх для сябе наступстваў разагнаў Вярхоўны Савет, які не адпрацаваў і года. Аднак, па-першае, тады ўсё ж мелася прыкрыццё – рэферэндум. Па-другое, многім дэпутатам пасля роспуску ВС было прапанавана перайсці ў палату прадстаўнікоў, і яны спакойна праціралі фатэлі служылі там да 2000 г. Па-трэцяе, рэйтынг «разганяльшчыка» быў зусім іншы, дый дэ-юрэ ў 1996 г. ён яшчэ не страціў сваіх прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Лёгка было прадставіць сітуацыю так, што «ўсенароднаабраны» бараніўся ад упёртых дэпутацікаў, якія ўсцяж замахваліся на яго ўладу. Шмат хто ў Беларусі і наваколлі купіўся на такую версію, гэтаксама як у 1993 г. – на «праельцынскую» прапаганду. Варта дадаць: каб не было б указу Ельцына № 1400 і паражэння Вярхоўнага Савета Расіі ў кастрычніку 1993 г., то, хутчэй за ўсё, у Беларусі не наважыліся б ні на «вынас» групы беларускіх дэпутатаў-галадоўшчыкаў у красавіку 1995 г., ні на роспуск Вярхоўнага Савета ў лістападзе 1996 г. «Паліттэхнолагі ў цывільным» пільна адсочвалі тэндэнцыі і рэакцыі на постсавецкай прасторы, прасоўвалі найбольш эфектыўныя, з іхняга гледзішча, сцэнарыі. А іх «канкурэнты», ангажаваныя «апазіцыяй», складалі-збіралі показкі пра «Бацьку» і фундавалі «жахалкі» тыпу «Звычайны прэзідэнт»… ¯\_(ツ)_/¯

На першы погляд, адміністрацыя цяпер настолькі расперазаная, што можа прызначыць выбары і назаўтра, не тое што на восень. Але хуцпа не заўсёды роўная моцы, і нематываваныя восеньскія выбары 2019 г. стануць пачаткам канца – з улікам таго, што «першая асоба» яўна губляе хватку… Пра «аблом» са стаўкай не на таго ўкраінскага коніка гл. вышэй, а во яшчэ: на працягу пары дзён (!) дэпутатка Алена Анісім была названа «Таццянай», а пастыр беларускіх каталікоў Кандрусевіч паблытаны з даўно памерлым Свёнткам. Дальбог, роспуск палаты прадстаўнікоў будзе дужа рызыкоўнай працэдурай на мяжы дзяржаўнага перавароту, нягледзячы на тое, што «апазіцыянерка» Анісім ужо гатовая праглынуць скарачэнне сваёй дэпутацкай кадэнцыі, як і некаторыя іншыя «члены парламента». Меркаванне кіраўніка руху з падманліва-прыгожай назвай «За свабоду» ў гэтым плане таксама досыць паказальнае: «любую выбарчую кампанію неабходна выкарыстоўваць».

Пра сацыял-дэмакратаў я пісаў месяц таму, дык, бадай, рух і яго кіраўнік (з кастрычніка 2016 г.) Юрась Г-ч заслугоўваюць колькіх радкоў. Cтвораны ў 2006 г. з удзелам Аляксандра Мілінкевіча, «За свабоду» задумляўся як надпартыйная структура для апанентаў Лукашэнкі з рознымі поглядамі. За А. М., паводле афіцыйных звестак, галасавалі блізу 400 тыс. чалавек; калі б хоць кожны дзясяты з іх уступіў у новую суполку, гэта было б… было б… «сумасшедшие деньги!»

Два з паловай гады таму я выдаў «крэдыт даверу» Юрасю, раўналетку Зяленскага, убачыўшы ў ім, з аднаго боку, дасведчанага актывіста (экс-дэпутат Белаазёрскага гарсавета), з другога, «свежую кроў», бо тав. Мілінкевіч праз 10 год свайго кіраўніцтва зусім не цягнуў, і правал яго міньёнаў на парламенцкіх выбарах у верасні 2016 г. быў заканамерны… Якімі ж былі поспехі руху ў 2016-2019 гг.?

Летась налічвалася ажно 700 «аматараў свабоды», а між тым не сказаць, што РЗС «прэсавалі» больш актыўна, чым іншыя нефармальныя суполкі… У лютым 2018 г. названыя аматары заваявалі 0 (нуль) мандатаў на выбарах у мясцовыя саветы. Дапусцім, справа была ў тым, што Ю. Г. «яшчэ вучыўся», прызвычайваўся да ролі кіраўніка. Перавыбралі яго ў снежні 2018 г., мінула сто дзён, і?.. Так сабе выйшла адзначэнне «Дня волі» ў Кіеўскім скверы 24.03.2019 – арганізатары планавалі, што будзе 10000 удзельнікаў, у час імпрэзы гаварылася пра 5000, рэальна прыйшло не больш за 2000. Уразіла адмова адміністрацыі сайта РЗС прызнаваць відавочнае: «ніхто не кажа пра адначасную прысутнасць 5000 чалавек у Кіеўскім скверы, размова, колькі былі на Дні Волі ўсяго» (12.04.2019)… Адсутнасць уцямнай рэакцыі на пратэсты мінскіх вадзіцеляў, на ўціск членаў незалежнага прафсаюза ў Салігорску, нежаданне нават абмяркоўваць планы па змене канстытуцыі – усё гаворыць за сябе. Затое 09.04.2019 сайт РЗС радасна паведаміў пра ваяж «правай рукі атамана Маруські» А. Міхалевіча ў Брусэль, дзе той на палітычнай асамблеі Еўрапейскай народнай партыі «прадставіў правацэнтрысцкую кааліцыю і Рух За Свабоду». Як быццам ілюструючы тое, што гаварылася ў «Катлетах & мухах» у лютым 2018 г.: «Многім актывістам ямчэй паказваць дулю якой-небудзь Ярмошынай (не кажучы пра знакамітыя турнэ па Брусэлях і прочых Страсбургах), чым бараніць правы работнікаў у сябе пад носам».

Тутэйшы інтэлектуал Уладзімір Мацкевіч некалі вёрз нямала лухты (напрыклад, пра беларускамоўных яўрэяў, якіх «няма»). Папраўдзе, і цяпер яго пражэкты, звязаныя з «Устаноўчым сходам», здаюцца хісткімі, але ў асобных фрагментах свайго нядаўняга паслання ён меў рацыю. Напрыклад: «Калі 10-15 гадоў таму палітычныя партыі былі бяссільныя і бескарысныя ў тых грамадска-палітычных умовах (што не зашкодзіла аўтару ў 2005 г. увайсці ў аргкамітэт адной з іх. – В. Р.), то цяпер яны папросту шкодныя». Сярод партый Мацкевіч, не дужа памыляючыся, згадвае і рух «За свабоду» – так, хоць РЗС і зарэгістраваны як «праваабаронча-асветніцкае аб’яднанне», ён ставіць перад сабой палітычныя мэты. «З актыўных членаў партый, з грамадзянскіх актывістаў усіх ідэалагічных напрамкаў неабходна стварыць агульны рух за захаванне суверэнітэта, за дзяржаўнасць і рэформы. Адзіны рух супраціву, адзіны фронт», – ёсць пэўны сэнс у гэтай мацкевіцкай заяве.

Зараз для прыхільнікаў перамен у Беларусі адкрылася акно магчымасцей – ну, няхай не акно, а фортка 🙂 Пакуль украінскі «Зя» не нарабіў вялікіх факапаў, яго «ўсё магчыма» здольнае неяк спрацаваць у нашых палястынах, зрабіцца процівагай паныламу «Так склалася» (ярмошынскі варыянт папулярнай прыказкі «А можа, так і трэба»). Каб скарыстаць паўднёвыя павевы, трэба тэрмінова яднацца ў «дзвіжуху» пад умоўным назовам «За Канстытуцыю, за беларускі парламент». Іншая рэч, што мясцовыя альтэрнатыўныя сілы і еднасць – узаемавыключальныя параграфы. Не тое што адну, нават дзве буйныя групоўкі – умоўна, «левую» & «правую» – з тузіна дробных арганізацый у бліжэйшы час не зляпіць 🙁 Але буду рады памыліцца.

Не такі ўжо і жарт… А. Скараход – беларус, рэзідэнт «Соmedy Club»

Засмуціла таксічнасць Эда Лімонава – апошнія пару-тройку гадоў чытаў яго нататкі ў ЖЖ, з нечым згаджаўся, хоць і мнагавата ў яго было паўтораў, банальнасцей. Але, як паказала рэакцыя на раптоўную хваробу Дзмітрыя Быкава («У коме ляжыць – ну, хай ляжыць»), дашчэнту прагніў гэты лімон. А Быкаў малайчына – пры дапамозе дактароў выкараскаўся… Хочацца верыць, што грэлі яго ўспаміны пра Мінск – у Сінявокай Дзмітрый пабываў у снежні 2018 г. Адзін з яго ўлюбёных пісьменнікаў – Уладзімір Караткевіч; мо пачуем мы ад Быкава і паўнамятражную лекцыю пра Караткевіча (адказ 14.09.2018: «Пастараюся»).

У Расіі – гаваркі Быкаў, у нас – гаваркі старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў. Настойвае сяння, што «яшчэ нядаўна нацыянальная ідэя засяроджвалася на ідэале жаданай будучыні, мэта якой – дзяржаўная самадастатковасць. Цяпер наша краіна ўяўляе з сябе менавіта такое ўтварэнне і з гэтага вынікае, што дзяржаўная самадастатковасць як нацыянальная ідэя сябе ўжо вычарпала і на гэты момант страціла актуальнасць». Дзіўная «самадастатковасць», калі насельніцтва краіны ўсё змяншаецца, а знешні доўг – не (выплаты чарговых траншаў адбываюцца пераважна за кошт новых запазычанняў), калі, паводле А. Казакевіча, «у 2017 г. выдаткі на R&D (доследы і распрацоўкі) беларускіх навукоўцаў склалі 319 млн. долараў, што на 30% менш, чым у 2008 годзе», калі невядома, як будзе сплачвацца шматмільярдны крэдыт на будоўлю дагэтуль не запушчанай Астравецкай АЭС. Нагадаю, цэлы Савет бяспекі пастанавіў быў увесці ў эксплуатацыю першы блок АЭС у 2016 г., другі – у 2018 г., але маем, што маем. Лепей бы ўвогуле без блокаў…

Ля сонечнай электрастанцыі ў Шчучыне, 31.10.2016

У кастрычніку – перапіс насельніцтва Беларусі. Вангую, зараз не выявіцца такога, што колькасць яўрэяў зменшылася за 10 год у 2,5 разы (як у 1999–2009 гг.). Усё ж нейтральна-станоўчы імідж яўрэйства пакрыёма ўтвараўся ў 2010-х, і многія не адмовяцца ад самаідэнтыфікацыі. А тут яшчэ перамога Зяленскага 🙂

«Вольфаў цытатнік»

«Вясёлку, якая трымаецца чвэрць гадзіны, перастаюць заўважаць» (Ёган Вольфганг Гётэ)

«Філасофія: дарога з многімі пабочнымі сцежкамі, якая вядзе з ніадкуль нікуды. Цытаванне: аблудны паўтор чужых слоў» (Амбраз Бірс)

«Страх – галоўная крыніца забабонаў, і адна з галоўных крыніц жорсткасці. Перамога над страхам – пачатак мудрасці… Людзям уласціва патрабаваць прадказальнасці, і ўсё ж такое патрабаванне – інтэлектуальная загана» (Бертран Расэл, 1901)

«Рана ці позна з прыходам алгарытмаў чалавецтва будзе вымушана адмовіцца ад маралі» (Рыгор Бакуноў, 26.03.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

23.04.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 23.04.2019  14:59

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (110)

Каму – дзень добры, а каму і шалом! Спярша – дапаўненне да запісу Анатоля Сідарэвіча пра Пурым і слуцкую Эстэр, дачку Ізраіля (запіс быў апублікаваны 31.03.2019). А. С., 2 красавіка: «Ужо праз пару дзён згадаў, што ведаў і другую Эсфір – Эсфір Саламонаўну Гурэвіч з Інстытута літаратуры. Яна была маёй аўтаркай у газеце “Літаратура і мастацтва”. Шкада, мала кантактавалі. Паспрабую рэабілітавацца, бо ё такая задумка – напісаць рэдактарскія ўспаміны».

Ад Пурыма недалёка мы адышлі, і вось вам, чытацтва, фотка, вылаўленая ў сеціве. Подпіс я крыху дапілаваў – саўсім крыху 🙂

Дарэчы, 202 гады таму Дзяржаўны савет Расійскай імперыі дазволіў яўрэям, якія жылі ў Сібіры, «купляць або выменьваць жанчын калмыцкага роду нехрысціянскай веры, якія прывозяцца з-за мяжы, і, навяртаючы іх у яўрэйскі закон, уступаць з імі ў шлюб». Яўрэек-то ў Сібіры не хапала… 🙁

Будзеце смяяцца, але не я адзін бачу аналогію паміж сучаснасцю і канцом 1980-х у СССР. Расійскі калега Валер Салавей кажа, што «за апошні месяц чатыры разы выступаў перад бізнэсменамі… І параўнанне эпох – закату СССР і цяперашняй – сустракала ў іх поўную згоду, нават захапленне». Падабенства, паводле В. С., у тым, што існуе адчуванне «поўнай вычарпанасці і тупіковасці палітычнай і эканамічнай мадэлі».

Адносна «поўнай вычарпанасці» я б паспрачаўся – што ў Расіі, што ў Беларусі рэшткі веры ў «светлую будучыню» яшчэ захоўваюцца ў часткі чыноўнікаў (і бізнэсоўцаў, у якіх усё добра з GR). Але насамрэч, постсавецкая прастора ўступае ў паласу крызісаў і новай палітычнай мабілізацыі. У тым ліку і з названай прычыны мне не суздром абыякавыя выбары ва Украіне (хаця, здавалася б, якая мінчуку розніца, хто там пераможа – Парашэнскі альбо Зяленка?)

Вынікі працы «інкумбента», то бок дзеючага прэзідэнта, даволі сумныя: адзін усплёск захворвальнасці на адзёр чаго варты. Пачынаючы з 2014 г. менш за палову ўкраінскіх дзяцей былі прышчэплены ад адру, і па стане на 2018 г. краіна лідзіравала ў Еўропе па ліку хворых (23 тыс. з агульнай колькасці 41 тыс.). «Галоўны чыноўнік» зашмат увагі надаваў сімвалічным крокам, такім як здабыццё томасу для «нацыянальнай» праваслаўнай царквы, і ўзрасціў сабе цэлую сціжму непадкантрольных канкурэнтаў. Аналітык Ігар Тышкевіч небеспадстаўна сцвярджае: «Каманда Зяленскага магла дасягнуць куды большага. Яна проста шмат дзе яшчэ не дапрацавала».

Самазаспакоенасць Парашэнкі нагадвае паводзіны Вячаслава Кебіча перад беларускімі выбарамі 1994 г. Яго каманда, якая, выглядае, атабарылася ў сваёй рэальнасці, няслушна выбрала напрамак для асноўнага ўдару – «мачыла» найперш Юлю Цімашэнка. Прычым быў скарыстаны той жа смярдзючы трук, як у 2015 г., падчас давыбараў у Вярхоўную Раду ў Чарнігаве, – зарэгістравалі кандыдата-спойлера, Юрыя Цімашэнку, каб заблытаць выбарцаў, асабліва пажылых. Улетку 2015 г., каб забраць галасы ў Генадзя Корбана і прасунуць у Раду свайго стаўленіка Беразенку, рабяты з адміністрацыі прэзідэнта завабілі ў кандыдаты нейкага іншага Корбана (або Кірбана)… Сам бачыў яго ў спісе, вывешаным каля аднаго з участкаў.

Чарнігаў, ліпень 2015 г. Тады балатаваўся 91 чэл…

Калі дапусціць, што Уладзімір Зяленскі – крэатура Каламойскага, то трэба прызнаць, што «Беня» шмат чаго навучыўся пасля чарнігаўскай (ды кіеўскай) пстрычак па носе ў ліпені і кастрычніку 2015 г. У 2019 г. быў выстаўлены куды больш прахадны кандыдат, чым палітык-недарэка, які ў тым жа 2015 г. трапіў пад крымінальны пераслед. У Зяленскага нямала станоўчых рысаў, ён адносна малады, абаяльны… Відаць, «ужыўся» ў вобраз прэзідэнта, якога ствараў у серыяле пра «слугу народа», што ва ўмовах віртуалізацыі палітычнай прасторы, калі сціраецца мяжа паміж рэальнасцю і медыямі, толькі плюс.

Гладыятарскія дэбаты на стадыёне, якія плануюцца паміж кандыдатамі, – якраз тое, што трэба «медыясапіенсу»… Шансаў на тое, што акцёр пасля 21.04.2019 стане прэзікам, бадай, 60:40. Здавалася б, я мушу жадаць перамогі «Зя» – гэта была б і аплявуха юдафобам, і шпілька нашаму «Лу», каторы спрагназаваў, што ў другім туры Парашэнка адолее Зяленскага. Але… Усю «маліну» псуе некампетэнтнасць лідэра прэзідэнцкай гонкі ў эканоміцы (прадэманстраваная, у прыватнасці, тут) ды адсутнасць у яго дасведчанай каманды патэнцыйных чыноўнікаў вышэйшага і сярэдняга звенняў. Без гэтых перадумоў добрыя намеры будуць разбівацца ўшчэнт: або старая бюракратычная гвардыя падпарадкуе прэзідэнта, як у бессмяротным творы двух брытанцаў «Так, пан міністр», або пачнецца сабатаж, а потым розныя «шатдаўны». Тое, што здольныя перажыць ЗША, дзе стан грамадства і бяспека дзяржавы мала залежаць ад урадавых пертурбацый, будзе балючым – і як бы не фатальным – для Украіны.

Спрабую ўявіць сябе ў ролі грамадзяніна Украіны, які стаіць перад «лёсаносным» выбарам… Напэўна, сапсаваў бы бюлетэнь, упісаўшы ў яго, напрыклад, забітага ў красавіку 2015 г. пісьменніка Алеся Бузіну, нагадаўшы аб тым, што забойства дагэтуль не раскрытае. Агулам жа ад cітуацыі ў нашых паўднёвых суседзяў галава кругам… Як у таго вожыка ў тумане.

Кіеў, ліпень 2015 г.

Перамога Зяленскага станоўча паўплывала б на беларускі палітыкум у тым сэнсе, што заахвоціла б да перамен маладую тутэйшую публіку («комік здолеў, значыць, і мы здолеем…»). Аднак гэты эфект быў бы, хутчэй за ўсё, кароткатэрміновым. І непазбежныя факапы «Зя» багата каго дэмаралізуюць, адкінуць на зыходныя пазіцыі.

Так ці іначай, суцяшэнне будзе: адзін з самых адыёзных «стаўпоў стабільнасці», Ліда Я., што вяшчае, бы ў лужыну п… (ну, хай «плюе»), збіраецца сысці. З інтэрв’ю 02.04.2019: «У 2025 годзе я не буду працаваць старшынёй Цэнтрвыбаркама, я перакананая ў гэтым». Усё, як было прадказана ў сакавіку… А мо «дзе трэба» прачыталі тую серыю «Катлет…» і прыслухаліся? 🙂

Cайт Савета міністраў РБ – той прыслухоўваецца, другі раз ужо сёе-тое выправіў:

Як было 01.04.2019 і як стала ў той жа дзень, праз некалькі гадзін. Міністр – такі Крутой!

А «вядучы інтэрнэт-партал», з якога выпала пакпіць мінулым разам, так нічога й не пачуў… 🙁 Была ў 2000-х такая папулярная ў пэўных колах газетка – «Обозреватель»; таксама для зарабляння грошай ішла на многае, не рэагавала на заўвагі. Дзе яна цяпер? 🙂

Ёсць яшчэ адна арганізацыя, што прыкідваецца глухой, – о, вы здагадаліся, Бел. федэрацыя шахмат (гл. тут, тут…) Віктар Купрэйчык, памерлы ў маі 2017 г., у яе «вечна жывы» – не раўнуючы, як Ленін.

 

Скрыншот 04.04.2019

Камусьці няўцям, што так нябожчыка толькі прыніжаюць, выстаўляючы ў ролі неплацельшчыка ўзносаў… Праўда, надоечы сайт БФШ паведаміў, што В. К. яшчэ і ганаровы член федэрацыі – мабыць, у такім разе прадугледжана вызваленне ад платы?

Фішка ў тым, што, паводле Статута (п. 4.3.4), у ганаровыя члены прымае вышэйшы орган – Канферэнцыя. Апошняя ладзілася 07.07.2017 і прыняла толькі М. Рыжанкова – ні пра Гельфанда, ні пра Купрэйчыка гаворкі не было. Віктару Давыдавічу з пэўных прычын мо і ўсё роўна, дый жывы Барыс Абрамавіч наўрад ці ўчытваўся ў дакументы суполкі… А я адчуваю «іспанскі сорам». Пасля гісторыі з выгнаннем брэсцкага трэнера – бач ты, крытыкаваў рашэнні выканкама! – канчаткова пераканаўся, што ў БФШ пануе дух ільфа-пятроўскай «Варонінай слабодкі» («Как пожелаем, так и сделаем!»)

Дадатковае сведчанне таго, як у федэрацыі ставяцца да «сваіх», – адсутнасць у спісе «ганаровых» трэнера Леаніда Суднікава, ушанаванага яшчэ ў сярэдзіне 2000-х…

З часопіса «Шахматы» (Мінск), № 2, 2006

Пра знанага трэнера ці то забыліся, ці свядома не ўключылі праз тое, што яго погляды на педагогіку не ўпісаліся ў «бізнэс-трэнд» кіраўніцтва БФШ. У 2014 г. ён рэкамендаваў заняткі шахматамі з 6-7 гадоў, бо «малодшыя дзеці не валодаюць ні належнай увагай, ні працаздольнасцю, ні дысцыплінаванасцю».

Між іншым, не ўсё ў інтэрв’ю Л. Суднікава часопісу «Шахматы» варта браць на веру. Во лухта: «На жаль, усё прыйшлося пачынаць з нуля на новым месцы – у Мінскім гарадскім палацы дзяцей і моладзі. Хутка стварыў невялікі, але дружны трэнерскі калектыў, і пачалі працаваць». Запісаўшыся ў новаствораны шахматны клуб «Стратэг» пры згаданым Палацы (пачатак 1987 г.), я не бачыў там Суднікава, ён тады вучыўся ў Маскве. Пачыналі справу іншыя – напрыклад, Эдуард Мікалаевіч Андрэеў. Дый калі я першы і адзіны раз стаў чэмпіёнам Палаца па шахматах (1988), у турніры не гулялі суднікаўскія вучні.

Э. М. Андрэеў, фота 2017 г.

Трохі пра іншую «хведэрацыю». Месяц таму я разважаў пра тое, што М. Рыжанкоў, былы памочнік Лукашэнкі па спартовых пытаннях, можа стаць наступным прэзідэнтам Беларусі… ну а пакуль ён кіруе толькі Беларускай федэрацыяй баскетбола. Дакладней, праз яго «звышзанятасць» у адміністрацыі, у БФБ руліць генеральная сакратарка & выканаўчая дырэктарка Анастасія Марыніна (ой-вэй, зноў Анастасія…). Дакіравалася да таго, што большасць суддзяў міжнароднага роўню доўгі час не мелі магчымасці зарабляць у краіне, а ў сакавіку 2019 г. і ўвогуле падалі ў суд на Марыніну.

Рызыкну дапусціць, што ад выніку гэтага працэсу шмат у чым залежыць палітычная будучыня Рыжанкова. Прайграе ягоная пратэжэ – ён акажацца зломкам у вачах «зграі таварышаў», і яго паступова адціснуць ад рычагоў улады. Пераможа, нават коштам развалу баскетбола ў краіне – значыць, малойца, круты кіраўнік, які ўмее ставіць на месца розных там прафесіяналаў, прызнаных «за пагоркам»… «Чырвоны дом» на К. Маркса, 38 – у нейкім сэнсе Залюстроўе, дзе «вайна гэта мір», а «свабода гэта рабства». Зрэшты, на сваёй хвалі існуе пераважная большасць вышэйшых чыноўнікаў. Ці не найперш гэта датычыцца міліцэйскіх, якія скачуць вакол свайго ідала-гарадавога на вул. Гарадскі Вал (нядаўна за «непаважлівае» да яго стаўленне зноў пратрымалі чалавека за кратамі)…

Калі не Рыжанкоў, то хто?.. Мажліва, Заяц! Так-так, нядаўні міністр сельскай гаспадаркі, якога Лукашэнка аблаяў і выгнаў, а цяпер паставіў кіраваць Магілёўскай губерняй вобласцю. Зайцаў у Беларусі любяць, і цёзка сучаснага чыноўніка (Лявон Заяц) у 1918 г. служыў дзяржаўным кантралёрам БНР. А былі ж яшчэ ў нашай гісторыі старшыня КДБ Беларусі (2008–2012) Вадзім Зайцаў, міністр эканомікі Мікалай Зайчанка (2003–2009)… Віталь М. Воўк, праўда, міністрам таксама быў (2014–2018; ураджэнец Калінкавічаў), але ўсё ж Воўкі і Ваўковічы так густа ў палітычным лесе не пладзіліся.

Не выключана, што ўратаванне сіламі мінскіх Дзедаў Мазаяў ратавальнікаў зайца з Лошыцкага водасховішча 02.04.2019 – першы крок у будучай перадвыбарнай кампаніі Леаніда Канстанцінавіча! 🙂

Ілюстрацыя з акаўнта «Парціі памяркоўных цэнтрыстаў», 03.04.2019 (камент: «Во папёрла»); карыкатура Васіля Пачыцкага з «БелГазеты»

«Вольфаў цытатнік»

«Адзін садаміт узбуджаўся пры праглядзе падручніка заалогіі. Ці не трэба прызнаць тую кніжку парнаграфічным выданнем?». «Аднойчы я паглыбіўся ў аптымізм. Ледзьве мяне ўратавалі» (Cтаніслаў Ежы Лец у перакладзе з польскай М. Мірановіча; «Дзеяслоў», № 1, 2019)

«Наступаць на граблі – наш нацыянальны ўкраінскі спорт… Нашы палітыкі недаацэньваюць выбаршчыкаў, калі абяцаюць невыканальнае, не тлумачаць тое, што можна растлумачыць, і малююць пагрозы там, дзе іх няма. Людзі гатовыя многае зразумець і дараваць, калі гаворыш з імі сумленна. І гэта праблема не толькі дзеючага прэзідэнта, але і ўсёй украінскай палітыкі» (Юрый Хрыстэнзен, 02.04.2019)

«Гэта не варыянт – чыноўнік сказаў глупства, і ўсе на яго накінуліся. Як быццам ён Сакрат, ад якога чакаюць інтэлектуальнага прарыву» (Дзмітрый Быкаў, 03.04.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

04.04.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 04.04.2019  19:53

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (108)

Шалом-бай! Выглядае, не памаглі мае ўшчуванні 11-га і 19-га сакавіка. Чытаю:

«21 сакавіка ў Мінску адбыўся арганізацыйны сход грамадскай канстытуцыйнай камісіі. Яна збіраецца распачаць працу над новай Канстытуцыяй... Новая Канстытуцыя будзе грунтавацца на базе Канстытуцыі 1994 г. без зменаў, унесеных на рэферэндуме 1996-га».

Што характэрна, кіраваць камісіяй маюць тыя ж людзі, якія ў сярэдзіне 1990-х пра… маталі лад, пры якім дзейнічала Канстытуцыя ўзору 15.03.1994.

На каго ўсё разлічана? У пачатку лістапада 1996 г. Алена Л., супрацоўніца факультэта палітычных і адміністратыўных навук ЕГУ, неафіцыйна запрашала нас, студэнтаў, прыйсці ўвечары на плошчу Незалежнасці і падтрымаць Вярхоўны Савет у яго баруканні з прэзідэнтам. Я пад’ехаў, паглядзеў… Паловы гадзіны мне, трэццякурсніку, хапіла, каб сцяміць, што кашы з такімі пратэстоўцамі не зварыш. Калі я не купіўся на іхнюю самапрэзентацыю ў свае 19 год (прычым не галасаваў ні за лукашэнкаўскі «суперпрэзідэнцкі» праект, ні за няжыццяздольную альтэрнатыву ад «аграрыяў і камуністаў»), няўжо-такі куплюся ў 41? 😉

Самацытатка (14.05.2017): «з пераважнай большасцю публічных асоб, якія прэтэндуюць на тое, каб стаць альтэрнатывай клану Лукашэнак, у мяне чыста музычныя рознагалоссі… Звычайна гэтыя асобы проста не трапляюць у такт: маўчаць, калі трэба гаварыць, гавораць, калі трэба дзейнічаць, мітусяцца, калі трэба падумаць».

А па сутнасці… Ну так, груба і крыва была перароблена Канстытуцыя ўвосень 1996 г., але новая версія дзейнічае (з адыёзнай папраўкай 2004 г., якая, аднак, не тычыцца размежавання паўнамоцтваў) звыш 20 гадоў, дык што ўжо цяпер? Ад таго, што будзем войкаць над лёсам кабеты, згвалтаванай у пяшчотным узросце, яна зноў стане нявінніцай?

Каторы раз падкрэслю для маладых і перспектыўных палітыкаў, у тым ліку для Мечыслава Грыба, генеральнага сакратара (кіраўніка спраў) Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі: занялі адказныя пасады – варта займацца рэальнай палітыкай, а не «настальгічным турызмам». Усведамляю, праўда, што падобныя заклікі – як аб сценку гарох. ¯\_(ツ)_/¯

У 2000–2010-х гг. праз шматразовыя расчараванні ў рэальнасці адбылася віртуалізацыя публічнай (у прыватнасці, палітычнай) прасторы, памножаная на традыцыйную «памяркоўнасць». Вынік – грамадства ў нейкім сэнсе яшчэ больш закрытае, чым у часы «камуністычнай Вандэі» (рубеж 1980–1990-х гг.). Па-мойму, не варта шмат казаць пра «раскол» у Сінявокай, дарма што многія кажуць, відаць, спрабуючы зарабіць сабе дадатковыя балы. Дыягназ на «Дойчэ веле» 23.03.2019 няслушна быў пастаўлены: «бакі беларускага грамадства» не дзейнічаюць на «знішчэнне» адно аднаго, а збольшага мадзеюць у сваіх інфармацыйных пухірах ды не чуюць, не жадаюць чуць альтэрнатыўных ідэй. Калі коратка: у дрыгве няма расколу, для якога патрэбны больш-менш акрэсленыя пазіцыі бакоў, а «знікненне агульных сэнсаў і каштоўнасцей, якія яднаюць людзей у грамадства і нацыю» завецца іначай (напрыклад, анаміяй).

Разам з тым не перабольшваў бы маштабаў і закаснеласці згаданай анаміі. Незалежнасць сама па сабе задае рамкі для супольнай эканамічнай дзейнасці, а апошняя аб’ектыўна падмацоўвае агульныя інтарэсы яе ўдзельнікаў, у тым ліку беларусаў і яўрэяў. Так ці інакш адбываецца дыялог (калі хочаце, міжэтнічны) – ні «гета», ні «рыса аселасці» ў сучаснай Беларусі немагчымыя. Зразумела, формы й нормы гэтага дыялога далёка не заўсёды цешаць.

Я ўжо цытаваў дасціпнага Алеся Чобата, які ў снежні 2001 г. заляпіў: «Народ горшы за любую ўладу. Бо ўладу зьмяніць можна, а народу ня зьменіш». Нямала, дарэчы, разумнага напісаў паэт – рэкамендую… Гісторыя пра тое, як мастак Уладзімір Крукоўскі ў 1991 г. хадзіў «за нашымі дэмакратычнымі і патрыятычнымі дэпутатамі», сёлета амаль паўтарылася. Улетку 2017 г. была запрошана мая помач у працы над перакладам Хаіма Нахмана Бяліка на беларускую, і зборнічак выйшаў у тым жа годзе. Але дзівун з групы, згаданай Чобатам, чамусь вырашыў, што я мушу бегаць за ім па кніжку з перакладам. Cпярша былі мэйлы такога зместу: «Дарагі Вольф! Як рэдактар Вы сябе праявілі абсалютна прафэсійна і адказна паверце мне!» Потым – спасылкі на ўласную занятасць, маралізатарства… Што замінала ўкласці кніжку коштам 3 рублі ў канверт за 1 рубель (0,5$) i адправіць на пазначаны мною адрас – дагэтуль не разумею. Трапная ёсць прымаўка: «Як бяда, так да жыда, як па бядзе, дык ідзі к чорту, жыдзе» – не адно пра яўрэяў.

* * *

Надоечы прыйшла на мэйл адозва з рэкламай «Цайтшрыфта» – гэта «штогоднік, прысвечаны яўрэйскай тэматыцы», які выдаецца цэнтрам яўрэйскіх даследаванняў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Выходзіў у 2011–2016 гг. і, напэўна, зноў будзе выходзіць, прынамсі «матэрыялы для чарговага выпуску прымаюцца да 1 чэрвеня 2019 г.».

Хай людзі пішуць у «Цайтшрыфт», я не супраць, але сам пакуль што ўстрымаюся. Адна з прычын – з’яўленне ў 2017 г. артыкула рэдактара «Цайтшрыфта» Змітра Ш. «Беларускі арыенталізм і “беларуска-яўрэйская ўтопія” (да пастаноўкі праблемы)». Да прыкладу, аўтар смела піша, што «паводле Ю. Хадыкі, яўрэі займалі ў БССР [1980-х гг.] другое месца паводле колькасці насельніцтва» – і тут жа «абвяргае» аднаго з лідараў БНФ, спасылаючыся на перапіс 1989 г. Між тым нябожчык Хадыка ў 1997 г. і не казаў пра месца яўрэяў у агульнай колькасці насельніцтва, а ацэньваў долю прадстаўнікоў розных этнасаў (карэктна або не – іншае пытанне) у дырэктарскім корпусе позняй БССР…

Пасля колькіх гадоў рэдактарства падобныя «ляпы» дзіўнавата прапускаць у сваіх тэкстах, але залішняя самаўпэўненасць, на жаль, увогуле характэрна для дзейнасці Ш., які аналізуе (пара)палітычны дыскурс, ігнаруючы метадалогію, выхопліваючы асобныя постаці ды выказванні з кантэксту… Карацей, «нацягваючы саву на глобус».

Кандыдат гістарычных навук вяшчае (цытую без перакладу): «В окончательном виде белорусско-еврейская утопия была сформулирована в самом конце 1980-х – начале 1990-х гг. На рубеже ХХ-ХХІ вв. в таком жанре” написаны часть работ Я.З. Басина, Э.Г. Иоффе, Л.М. Лыча, В.М. Рубинчика, А.Ф. Смоленчука и др.»

«В.М. Рубинчик» – гледзячы па ўсім, ваш пакорлівы слуга, бо іншыя Рубінчыкі на рубяжы стагоддзяў праблематызацыяй беларуска-яўрэйскіх адносін у газетах-часопісах не займаліся. Праўда, паводле пашпарту я Владимир Павлович 🙂 Сам Ш. раней не раз спасылаўся на мае тэксты, дык можна было запомніць…

Утопія як з’ява, у прынцыпе, не адштурхоўвае. Адну са сваіх першых навуковых работ, апублікаваную, здаецца, у зборніку РІВШ БДУ, назваў «Утопія і сучаснасць, або Сучаснасць утопіі». Даводзіў, што ўтапісты – крэатыўныя рабяты, якія нярэдка дапамагаюць чалавекам рухацца ўперад… Але ўвогуле-то я – скептык і рэаліст; ніколі не «навяваў чалавецтву сон залаты».

У адным шэрагу з Басіным ды Іофе мне стаяць няёмка нават «па тэхнічных прычынах» (абодва, мякка кажучы, не ва ўсіх выпадках рабілі розніцу паміж «калгасным» і «сваім», а адзін яшчэ і пустабрэх, не раз прызнаны такім праз суд). І галоўнае – што Ш. мае на ўвазе пад бел.-яўр. утопіяй? Пан адказвае: «пэўны кірунак у беларускай гістарычнай, гісторыка-публіцыстычнай і мастацкай літаратуры, які ідэалізуе беларуска-яўрэйскія сувязі (кантакты) на працягу некалькіх соцень гадоў іх існавання». Далей фармулюе тэзісы, што пашыраюцца прадстаўнікамі «кірунку»:

– яўрэі жывуць поруч з беларусамі вельмі працяглы час, прыкладна з ХІ-ХІІ стст., і абодва народы заўсёды мірна суіснавалі.

– яўрэі сфармаваліся пад уплывам беларускага этнасу; яўрэйства ў Беларусі шмат у чым злілася з беларускім народам паводле традыцыяў і звычаяў;

– яўрэі і беларусы былі аднолькава гнаныя як рускімі памешчыкамі, так і польскімі панамі; улічваючы гэта, яўрэі павінны падтрымліваць беларусаў у іх палітычнай барацьбе;

– і яўрэі, і беларусы заўсёды залежалі ад больш магутных суседніх нацый (палякаў і рускіх) і лёгка паддаваліся асіміляцыі;

І г. д., аж да «адраджэнне мовы іўрыт, ініцыятарам якога стаў ураджэнец Беларусі Э. Бен-Іегуда, можа служыць узорам для адраджэння беларускай мовы».

Усё настолькі пальцам у неба! Наадварот, яшчэ студэнтам у канцы 1990-х я спрачаўся з выкладчыкам гісторыі, які праводзіў паралелі паміж адраджэннем іўрыта і беларускай – даводзіў, што сітуацыі істотна розныя. Смяяўся са спробаў Э. Іофе абмаляваць Беларусь як «радзіму яўрэйскіх сланоў» (выраз Віталя Зайкі ў «Аrche», № 3, 2000), дзе яўрэі атабарыліся быццам бы ажно ў часы Полацкага княства. Не пераацэньваў уплыву беларускага этнасу на фармаванне тутэйшых яўрэяў, асабліва ў «дасекулярны» перыяд (да ХХ ст.). І, вядома, нідзе не сцвярджаў, што два народы заўсёды мірна суіснавалі; ні ў «Аrche», ні ў «Нашай Ніве», ні ў «Анахну кан», ні ў навуковых публікацыях. У 2015 г. прапаноўваў паверыць Уладзіміру Караткевічу, які занатаваў у сваім дзённіку 1960-х гадоў пра яўрэяў ВКЛ: «жылі тут не добра і не кепска, і з прывілеямі, і з паборамі, і з гвалтам…» («Дзеяслоў», № 78, 2015).

Іншая справа, што ў пачатку 2000-х і пазней я выступаў за такія (мабыць, не ўсім патрэбныя) рэчы, як кансалідаваная яўрэйская абшчына ў Беларусі + дыялог яўрэйскіх інтэлектуалаў з беларускай «культурнай элітай», які вёўся б, між іншага, і па-беларуску. Калі гэта было ўтопіяй – ну, даруйце… Па-мойму, у другой палове 2010-x і кіраўнікі «абшчыны» перасталі бясконца сварыцца міжсобку, і дыялог худа-бедна вядзецца, і наагул, «прафесійныя яўрэі» сталі больш цікавіцца беларускай мовай. Той самы афіцыёзны «Авив» раз-пораз публікуе ў сябе белмоўныя матэрыялы, нават «тарашкевіцай» 😉

Чарговае сведчанне паступовага развароту яўрэйскіх суполак да беларушчыны – выхад кнігі Фелікса Баторына «Яблычны пах цішыні» (Мінск: Кнігазбор, 2018. 308 с., 200 экз.). Частку грошай на гэты зборнік вершаў ахвяравалі «яўрэйскія лідары», і атрымалася няблага. Наконт слова «жыд» у беларускай Ф. Баторын, як выявілася, мае адмысловы вершык 2010 г.: «Перш чым сцвярджаць: «Антысеміт!» – / Cпадар хай зразумее, – / Не ў тым бяда, што кажуць «жыд», / Бяда, што б’юць габрэя!» А во радкі, напісаныя ў 2011 г. і актуальныя дагэтуль, з верша “Разважанні на габрэйскіх могілках, апаганеных фашысцкай свастыкай»: «У людскасці душы надзея на збавенне. / А людскасць існуе, не ведаючы рас…»

Вокладка новай кнігі Ф. Баторына; помнік у Курапатах з надпісам на ідышы, апаганены невядомымі (сакавік 2019)

Нягледзячы ні на што, з паліндромным Днём Волі ўсіх (101!) Напэўна, яшчэ не позна тым, каторыя ў Ізраілі, заруліць да ашдодскага камяня ў гонар Янкі Купалы, і павіншаваць адно аднаго. У праграме арганізатараў «традыцыйнае ўскладанне кветак да помніка, беларуская музыка, агульная радасць і весялосць пад ізраільскім бел-блакітным і беларускім бел-чырвона-белым сцягам». Чаму б і не?

«Вольфаў цытатнік»

«Разважаючы пра раздачу прызоў гісторыяй, трэба кіравацца не фактамі, а тэндэнцыямі, мысліць свет у дынаміцы, а пад актуальнасцю разумець не тое, што тут і цяпер, але тое, што па крайняй меры на паўкрока ўперадзе. І перастаць назойліва ганарыцца, хваліцца мінулым» (Аляксандр Няклеса, 15.03.2019)

«У свеце філасофаў прынята далікатна абыходзіцца нават з найгоршымі ідыятызмамі… Мы занадта далёка зайшлі ў сваёй далікатнасці адносна забабонных мудрацоў. Пара скончыць з гэтым, аддзяліць навуковую гіпотэзу ад дэмагагічнага вымыслу, навуку – ад фантазіі, добрасумленныя філасофскія высілкі – ад пустой балбатні» (Юзеф Марыя Бахеньскі, «Сто забабонаў», 1987)

«Калі ў вашай галаве хаос і каша, гэта ўсяго толькі паказнік таго, што вы адпавядаеце эпосе. Я ўсё яшчэ ўпэўнены, што агульначалавечыя законы існуюць, але бываюць эпохі, калі, насамрэч, нагадваць пра іх і змагацца за іх – занятак не для ўсіх, шчыра скажам» (Дзмітрый Быкаў, 15.03.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

25.03.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 25.03.2019  16:06

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (99)

Шалом у перадюбілейным выпуску! 2019-ы ў мяне пачаўся няблага, чаго і ўсім зычу. Удалося, напрыклад, прыцягнуць увагу да недакладнасці ў аўтаінфарматары 33-га сталічнага тралейбуса 🙂 Абвяшчалі «наступны прыпынак – “Альшанская”» замест «Альшэўскага». Вось вы смяецеся, а хтосьці мог і прапусціць момант выхаду. Цяпер усё выпраўлена. Курыце адказ гендырэктара «Мінсктранса»:

4 студзеня зайшоў на старонку Эдуарда Лімонава ў «Жывым журнале». Як бы ні ставіцца да поглядаў «Эдзічкі», пісьменнік ён моцны, таму пачытваю яго новыя запісы (папраўдзе, у іх ужо малавата новага, чалавеку 76-ы год, пачаў паўтарацца і паліць «з гарматы па вераб’ях», але ўсё ж). І вось на што наткнуўся:

«Памылка 451. На тэрыторыі вашай краіны прагляд гэтай старонкі забаронены органамі ўлады». Дарэчы, ацаніце нумар памылкі: адразу асацыяцыі з неўміручым творам Рэя Брэдберы…

У тую ж пятніцу напейсаў у мінінфарм РБ ліст з пытаннем: «Ваша справа?» У наступныя дні лімонаўская старонка то адкрывалася, то не. Сёння, 15.01.2019, першы намеснік міністра П. М. Лёгкі адгукнуўся на мой зварот: «…рашэння аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу https://limonov-eduard.livejournal.com/ не прымалася. Дадзены сайт знаходзіцца ў адкрытым доступе» (no explanation). Ну, дзякуй і за тое – магчыма, было нейкае непаразуменне, звязанае з перыядам святаў.

Партыя НГ (не блытаць з Новым годам) замяніла-такі ў статуце «лёсаванне» на слушнае «галасаванне». А вось адна маленькая, але гордая птушка федэрацыя выпраўляць свае касякі, так разумею, не збіраецца. Віктар Д. Купрэйчык, памерлы ў маі 2017 г., на сайце БФШ па-ранейшаму ў спісе тых, хто павінен заплаціць унёскі за 2018 і 2019 гады. Праўда, перанеслі яго прозвішча з 535-га месца на 541-е.

Рэха 2018-га: увосень была прызначана спецдакладчыца ААН па правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марын. З ейным жа ўдзелам у лістападзе 2018 г. пры падтрымцы NED выйшаў «аналітычны артыкул», даступны на сайце «Сhatham House». Гэты «дом» – інстытут міжнародных адносін, што з 1920 г. базуецца ў Лондане; «фабрыка думкі», да якой, апрыёры, прыслухоўваюцца еўрапейскія палітыкі.

Пачытаў частку, што тычыцца Сінявокай (с. 20-28). Пашкадаваў, што артыкул-рэкамендацыя слаба стасуецца з прыўкраснай місіяй інстытута: «Спрыяць пабудове ўстойліва-бяспечнага, квітнеючага і справядлівага свету шляхам інфарматыўных дэбатаў, незалежнага аналізу, новых ідэй адносна палітычных крокаў…» Дый з тым, што А. Марын казала ў 2013 г.: «Для новых ідэй неабходна задзейнічаць новыя мазгі з Беларусі».

Такое ўражанне часам, што ўплывовым заходнім людзям не проста ўсё роўна, што тут у нас дзеецца з абарыгенамі (гл. для ілюстрацыі «Барвовы востраў» Міхаіла Булгакава), што яны не толькі «здалі» краіну аднаму клану ў 1996 г. (версія 2016 г.), а і зацікаўлены ў палітычнай дэградацыі нашых палестын… Напрыклад, каб было чым палохаць свой электарат. Іначай цяжка зразумець, чаму «Захад» цягам гадоў ходзіць па коле (санкцыі – аслабленне санкцый – грантавая падтрымка «грамадзянскай супольнасці» і/або ўрадавых структур – тлумачэнні, чаму нічога не выйшла, нараканні на «нечаканую жорсткасць» рэжыму і пад.).

Пасля 2014 г., праўда, з’явілася новая цацка: барацьба з расійскім уплывам, дзеля гэтай мэты і падрыхтаваны тэкст А. Марын & Co. Канкрэтна, рэкамендуецца падтрымка Захадам «мяккай беларусізацыі» – розных вышываначных фэстаў, спеўных сходаў etc. Вядома, я не супраць падобных ініцыятыў, асабліва калі яны ідуць «знізу», але будзьма рэалістамі: усё гэта не тычыцца размеркавання ўладных рэсурсаў. Наадварот, альтэрнатыўныя сілы выціскаюцца ў сімвалічнае поле, а то і ў «гета», адкуль ім нялёгка выбрацца. Што характэрна, святкаванне дня Волі 25.03.2018, якое хваляць аўтары, аптымістычна ацэньваючы колькасць прысутных як «мінімум 30 тыс.», ладзілася пад жорсткім кантролем спецслужбаў – і, насуперак дакладу (с. 22), няможна было ў той дзень па вуліцах вольна хадзіць з бел-чырвонымі сцягамі. Чытаем: «На вуліцы Няміга ў цэнтры Менска людзі ў цывільным пачалі кропкава «адлоўліваць» мінакоў, якія трымаюць нацыянальную сімволіку — стужкі, сцяжкі, балонікі». Не кажучы пра такую «драбязу», як затрыманне каля 50 чалавек на пл. Я. Коласа…

Агулам, палітычнае вымярэнне ідэі «сёння мы вольныя на гэтым абмежаваным лапіку, а заўтра – у маштабе ўсёй краіны» ў Беларусі не працуе. Сам чуў, як гэткія лозунгі агучваў лідар БНФ Вінцук Вячорка яшчэ ўвосень 2000 г., калі ў сталічным парку Дружбы народаў ладзіліся пратэсты супраць выбараў у палату прадстаўнікоў, – ну і дзе цяпер той Вячорка? Або сёй-той разглядаў як «рэпетыцыю» жалюгодны захоп пратэстоўцамі часткі (нават не ўсёй) Кастрычніцкай плошчы ў сакавіку 2006 г. Колькі соцень чалавек дзяжурылі тамака некалькі дзён, ды пратэст на раз-два «садзьмуўся» пасля разгону. Было шмат гучных слоў кшталту «Мы ўзялі адказнасьць за Плошчу, мы гатовыя ўзяць адказнасьць за Краіну», а потым – як заўсёды.

Даследчыкі наіўна мяркуюць (хутчэй, імітуюць наіўнасць): «мяккая беларусізацыя» памысная ўжо праз тое, што дапаможа аддзяліць Беларусь ад недэмакратычнай Расіі… Не жадаючы прыкмячаць «даважку»: абуджэння этнанацыяналізму і схільнасці многіх «новых нацыяналістаў» да hate speech, ксенафобіі, гераізацыі сумнеўных гістарычных персанажаў… Усё гэта яскрава праявілася ў пачатку-сярэдзіне 2018 г., напярэдадні адзначэння «Дня Волі» і ў час «абароны Курапатаў», а першыя ластаўкі прыляцелі шчэ ў 2014 г. (выхад маладафронтаўцаў на публіку з партрэтамі Булак-Балаховіча і Шухевіча) і ў 2016 г. («раскрутка» Пальчыса з ягонай схільнасцю да гвалту, дэманізацыя «рэгнумаўцаў»).

Мне хацелася б верыць, што этнічны нацыяналізм здольны да самаабмежавання, што энергію можна скіраваць у мірнае рэчышча і ў «інфраструктуру» (long-term infrastructure), што ён перарасце ў грамадзянскі, аднак, трохі ведаючы ягоных фронтмэнаў, вельмі сумняюся. Дух парламентарызму і вольных дыскусій, прынцыпы прававой дзяржавы ім, як правіла, чужыя. Затое перабольшыць небяспеку з Усходу ды пераняць дэмагогію рэжыму наконт «еднасці» і «абароны незалежнасці» – гэта святое. У гэтым сэнсе – так, дыялог «грамадскай супольнасці» з уладамі ідзе.

Карацей, без энтузіязму ацэньваю перспектывы Анаіс Марын (на фота з n-europe.eu) у якасці праваабаронцы, дарма што яна шмат год «займаецца Беларуссю» і, кажуць, чытае па-беларуску. У лепшым выпадку будзе заступацца за тых тутэйшых «экспертаў», якія падкінулі ёй сыравіну для дакладу. Аднак, калі францужанку дагэтуль не пускаюць у краіну, гэта няправільна… Калі прыедзе хаця б на месяц, то ў яе будзе больш шансаў правесці ўласнае «сацыялагічнае даследаванне». Даведацца, што насамрэч важна для тутэйшых (пры ўсёй павазе да махальшчыкаў, гэта не маханне бел-чырвона-белымі сцягамі) і хто церпіць ад рэжыму больш за журналістаў.

* * *

Нядаўнiя сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным абсмактаны як мае быць. Нехта пісаў, што трэба рыхтавацца да аншлюсу, а мо і да адраджэння СССР (насмяшыў мяне аргумент пра год – «19 – гэта 91 наадварот», і таму, маўляў, небяспека рэстаўрацыі савецкага ладу ўзрастае). Я ж не такі разумны, каб кідацца ў нумаралогію. Зацягну лепей сюды карцінку… Успомніце, адкуль узяты подпіс, усміхніцеся ў вусы: Рыгорычу ж і праўда 64.

«Will you still need me, will you still feed me / When I’m sixty-four» (фота Reuters)

Iзноў куток самапіяру. Напісаў мне кандыдат гістарычных навук, дацэнт Ігар Пушкін (з Магілёва): «З цікавасцю, асалодай і задавальненнем некалькі разоў перачытаў кнігу пра выбраныя катлеты і мухі. Спачатку прачытаў і задумаўся, яшчэ раз прачытаў, як кнігу на яўрэйскія варыяцыі, затым як рэфлексію на палітычныя падзеі. Дзякуй за вельмі інфарматыўную кнігу і думкі!» (05.01.2019). Каму цікава замовіць, звяртайцеся. Вокладку зборніка «Выбраныя катлеты і мухі» (2018) можна паглядзець тут.

Пазнаёміўся з крэатывам ад вядомага ізраільскага журналіста Давіда Шэхтэра: «Ці ёсць у Беларусі яўрэі і што яны думаюць пра Ізраіль» (30.12.2018). Хто мне патлумачыць, што трэба зрабіць, каб у век інтэрнэту не задаваліся тупыя пытанні кшталту «Ці ёсць у Беларусі яўрэі»? Вядома, і самому крыўдна: колькі гадоў сігналізаваў urbi et orbi ў «Анахну кан» (газета), «Мы яшчэ тут!» (бюлетэнь), што мы тут ёсць, а камусьці ўсё адно выгадна рабіць выгляд, што нас няма. Хаця… можа, я занадта сур’ёзна стаўлюся да клікбэйтнага загалоўка? Што скажаш, чытач(-ка)?

* * *

Не забывайма пра юбілеі 2019 года. Напрыклад, 125 гадоў таму нарадзіўся мастак Ісак Мільчын (ён родам з Івенца, загінуў у Мінскім гета ў 1941 г.), 100 год таму – шахматны гросмайстар Ісак Баляслаўскі, які жыў у Мінску чвэрць стагоддзя (з 1951 г.). 75 гадоў у ліпені будзе іншаму шахматысту і трэнеру, Альберту Капенгуту (жыве ў Амерыцы), а 70 год нядаўна, 9 студзеня, споўнілася Людміле Цыфанскай. Некалі шахматыстка выступала за Беларусь, выйграла чэмпіянат БССР 1978 г. па шахматах. Цяпер – у Ізраілі.

Вось яшчэ цікавая персона: Павел Малянтовіч з Віцебска (1869–1940, расстраляны ў СССР), юрыст. Неяўрэй, але да рэвалюцыі, будучы адвакатам, абараняў яўрэяў. Заяўляў, напрыклад: «барацьба за яўрэйскае раўнапраўе – свая справа для рускага чалавека, сапраўдная нацыянальная справа першаснай важнасці». У 1917 г. даслужыўся да міністра юстыцыі Часовага ўраду – паспеў папрацаваць на пасадзе толькі месяц.

28 снежня памёр Амас Оз (1939–2018). Не дажыў да 80-годдзя… Шкада, добры быў пісьменнік, незалежна ад яго палітычных поглядаў. Між іншага, на наступным здымку выразам твару нечым нагадвае Васіля Быкава (1924–2003), якому сёлета ў чэрвені споўнілася б 95.

А. Оз і В. Быкаў. Здымкі з адкрытых крыніц

«Вольфаў цытатнік»

«Cпецыфікай інфармацыі (адрозна ад ведаў) ёсць яе збыткоўнасць і фрагментарнасць. Лішак інфармацыі непазбежна вядзе да павярхоўнасці — спярша ўспрымання, потым, магчыма, і мыслення. Усе гэтыя акалічнасці ўскладняюць выбудоўванне працэдур ідэнтыфікацыі і, адпаведна, вядуць да парушэння працэсаў сацыялізацыі… часта інфармацыя, што сыходзіць з тэле- або камп’ютaрнaй рэальнасці, якая пагружае спажыўца ў спецыфічныя станы і навязвае яму асаблівыя тыпы існавання, уяўляецца больш пераканаўчай, чым падзейнасць штодзённасці» (Ганна Косціна, 2009)

«Фантастыка – гэта навык пабудовы задачы ў максімальна вольных умовах. Калі вы не кажаце адразу самі сабе: Гэта не атрымаецца». «Людзі, якія ганарацца сваімі пакутамі, прымушаюць навакольных пакутаваць. Пакуты не з’яўляюцца школай думкі, яны дапамагаюць нешта зразумець. Але яны не з’яўляюцца крытэрыем ні дабра, ні досведу». «Калі вы хочаце сказаць слова на вякі – кажыце яго з гранічнай сумленнасцю. І пра сябе, а не пра кагосьці» (Дзмітрый Быкаў, 10.01.2019)

«Правільны індывід дазваляе сабе і нянавісць, і канфлікты, прычым, можа быць, нават нямала, але ён робіць гэта з розумам, з карысцю, а не паводле традыцыі, за кампанію або толькі з эмацыйнай патрэбнасці» (Аляксандр Бур’як, 12.01.2019)

«Непрымірымымі да нацыстаў трэба быць безагаворачна, але абавязкова верыць у магчымасць кожнага чалавека мяняцца і расці над сваімі перакананнямі» (Мікалай Алейнікаў, 14.01.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

15.01.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 15.01.2019  23:20

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (95)

Алэйхем-шолэм! Тут расіец Дзмітрый Быкаў, які скора завітае ў Сінявокую, нахвальвае пэўны сегмент чалавецтва: «Мне здаецца, што выхаваны і ветлівы мізантроп – гэта практычна ідэал чалавека. Таму што ён няшмат вымагае ад чалавечай прыроды». Значна раней адзін мінскі блохер блогер-мадэраліст настойваў, што «мізантропія – гэта прыўкрасна», а яшчэ раней Эдуард Кузняцоў казаў у інтэрв’ю Паліне Капшэевай, што ён чалавек «положительный» – у тым сэнсе, што «ложил» на ўсіх… Я сур’ёзна задумаўся – «а можа, так трэба», і мне абвясціць сябе мізантропам, хаця б «за кумпанію»?

Хто на гэты конт якія думкі мае, выказвайцеся. Адразу папярэджу: як мізантропусу-пачаткоўцу, мне, па вялікім рахунку, на іх ужо начхаць. Ці часта вы мяне слухалі на працягу трох з нечым гадоў? 😉

Тое, што на прапанову з 93-й і 94-й серый – бясплатна змясціць у сеціве твор Тодара Кляшторнага «У дарозе» (1927, пачатак тут) – прыйшло ўсяго 2 заяўкі з 3 чаканых, аптымізму не дадае. Усё ж неўзабаве перанабяру паэму – пакуль што пабуду мізантропам толькі на палову… Магло быць і горш – на маю новую кніжку «Выбраныя катлеты і мухі», паказаную тут, паквапіўся 1 (адзін) чалавек. А яна мне дарагая, магчыма, не меней, чым поўны збор твораў Тодара Тодаравіча, забітага сталінцамі.

Не хлусіць народная мудрасць – свая кашуля бліжэй да цела (пагатоў калі сам яе пашыў). Таму цяжка мне прыняць гіпотэзу ад юбіляра-2018 Рыгора Бярозкіна, з ягонай кніжкі «Чалавек напрадвесні». Р. Б. «дадумаў» за Максіма Багдановіча, які напісаў у перадсмяротным вершы «Я не самотны, я кнігу маю…»: «Багдановіч мог сказаць тыя ж самыя альбо падобныя па сэнсу і інтанацыі словы, калі б меў ён тады нават і не Вянок”, а іншую кнігу, дый наогул хоць якую кнігу на беларускай мове».

Побач з М. Багдановічам у Ялце ўвесну 1917 г. нас, вядома, не стаяла. Аднак уявіце сабе: нежанаты й бяздзетны паэт сыходзіць, у яго – адзін зборнік вершаў, і Максім-«Страцім-лебедзь» памяняў бы яго на нейкую іншую кнігу толькі дзеля ейнай мовы? Напрыклад, на «Як ратаваць уздутую жывёлу» К. Дулембы? Анягож! Перамудрыў тут Рыгор Саламонавіч…

* * *

Дзяржчыноўнікі, быццам бы адгукнуўшыся на папярэднюю серыю, дзе гаварылася пра недасканаласць спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў», вырашылі актывізаваць барацьбу (або яе імітацыю?) з праявамі неанацызму ў Беларусі. «Галоўны міліцыянт» заявіў 6 снежня, што ў Беларусі – звыш 3000 прыхільнікаў нацызму. Ён нават паказаў у «парламенце» іхні фотаробат тыповы партрэт – маўляў, у асноўным гэта выхадцы з неўладкаваных сем’яў і г. д.

Тое, што дзяржава прызнала наяўнасць хваробы – ужо крок наперад, бо раней праблема неанацызму ў Беларусі адмаўлялася (шмат гадоў, асабліва ў 2000-х, ідэолагі дзяўблі, што ў Сінявокай адсутнічаюць праявы міжнацыянальнай варожасці). Аднак многа хто ў грамадстве сумняецца, што новы закон і міліцэйскія захады вырашаць праблему…

Сацыял-дэмакрат Сяргей Спарыш з «Народнай Грамады» (кіраўнік – Мікалай Статкевіч) пракаментаваў намеры ўрадоўцаў так:

Міністр унутраных спраў вырашыў пачаць барацьбу супраць неанацыстаў. Ініцыятыва пахвальная. Быць нацыстам – нядобра, апраўдваць (і тым болей гларыфікаваць) нацысцкіх калабарантаў – нядобра.

Я нават магу падказаць, з якога неанацыста варта было б пачаць. З грамадзяніна, які ў 1995 г. даў інтэрв’ю нямецкай газеце «Handelsblatt», дзе, у прыватнасці, казаў: «Нямецкі парадак фармаваўся стагоддзямі, пры Гітлеру гэтае фармаванне дасягнула найвышэйшай кропкі. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменню прэзідэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзідэнта… Гітлер сфармаваў магутную Германію дзякуючы моцнай прэзідэнцкай уладзе…»

З таго часу гэты грамадзянін стараецца не хваліць свайго куміра публічна. Толькі часам зрываецца наконт «яўрэйскіх свінушнікаў». Але на практыцы нічога не змянілася. «Наша разуменне прэзідэнцкай рэспублікі» паводле сваёй сутнасці так і засталося фашысцкім.

Здавалася б, вось яно, дзяржаўны чыноўнік прапагандуе нацызм. Шукаць не трэба, бяры і арыштоўвай. Замест гэтага ўзбуджана адміністратыўная справа супраць антыфашыста Міколы Дзядка – за «дэманстрацыю нацысцкай сімволікі».

Барацьба з неанацызмам – занятак правільны. Але хіба можна даручаць яго самім неанацыстам?

C. Cпарыш (справа) разам з анархістам В. Касінеравым прынёс пахавальны вянок да статуі гарадавога, Мінск, 02.12.2018. Фота перформанса адсюль.

Павел Севярынец, сустаршыня іншай незарэгістраванай партыі (БХД), трактуе сітуацыю крыху іначай, але ж і ён не верыць у шчырасць урадавых намераў:

Беларусі патрэбны закон аб забароне прапаганды нацызму і камунізму. Для мяне гэта дзьве чумы, карычневая і чырвоная. І нацызм, і камунізм забралі мільёны жыццяў – з іх сотні тысячаў у Беларусі. 15 лідэраў хрысціянскіх дэмакратаў ХХ стагоддзя прайшлі засценкі гестапа ці былі забітыя нацыстамі, 32 – прайшлі ГУЛАГ альбо былі знішчаныя камуністамі. Дэнацыфікацыя была праведзеная пасля вайны, дэкамунізацыя не ажыццёўленая дагэтуль. І ў гэтым я бачу карані праблемы для Беларусі. Камунізм як злачынная ідэалогія павінны быць асуджаны нароўні з нацызмам.

На жаль, некаторыя сённяшнія беларусы, найперш маладыя, у сваім юнацкім максімалізме шукаюць радыкальных адказаў на пытанні жыцця – і «знаходзяць» іх у нацызме ды камунізме. Колькі такіх людзей – не бяруся меркаваць, але досвед падказвае, што лік і адных, і другіх ідзе на тысячы. Гэтыя маладыя людзі павінныя атрымаць дружнае і адназначнае пасланне ад грамадства і дзяржавы: прапаганда чалавеканенавісніцкай ідэалогіі «зігаў», чырвоных зорак, свастыкаў, сярпоў і молатаў гэта абсалютнае табу, і яна мусіць цягнуць за сабой непазбежнае пакаранне.

Разам з тым не магу падзяліць пафас міністра ўнутраных спраў РБ. Чалавек, які апранае на парады форму НКВД СССР і камандуе карнымі аперацыямі супраць мірных маніфестацыяў на беларускіх вуліцах, на мой погляд, заслугоўвае крымінальнай справы, і, магчыма, не адной. Ягоныя выказванні расцэньваю як спробу пераключыць увагу з уласных дзеянняў, блізкіх па духу і нацызму, і камунізму.

Сённяшнія ўлады паказваюць сваю пераемнасць не з тымі, каго расстрэльвалі ў Курапатах, Трасцянцы і ў Менскім гета а з тымі, хто страляў. Нягледзячы на мемарыяльныя знакі на могілках, мы добра памятаем пра «не всё плохое, связанное с Гитлером» і пра «Лінію Сталіна». Думаю, рэальнае змаганне з прапагандай нацызму і камунізму пачнецца толькі тады, калі гэты рэжым сыдзе.

П. Севярынец са сваёй кнігай «Беларусалім». Мінск, лістапад 2017 г. Фота В. Р.

Разумею боль актывістаў, якія шматкроць арыштоўваліся за пратэстную чыннасць, аднак не ва ўсім падзяляю іхнія меркаванні. Насамрэч, аўтарытарнае кіраўніцтва РБ мала цэніць жыцці суграмадзян, часам не грэбуючы спадчынай нацыстаў ды камуністаў. З другога боку, існы рэжым не ўсталяваў чалавеканенавісніцкую ідэалогію ды не ўтрымлівае канцлагероў для прадстаўнікоў «няправільных» класаў, нацый або рас. І – можа быць, галоўнае – за чвэрць стагоддзя не ўцягнуў краіну ў вайну. Між тым не так добра з мірам, як пагана без яго…

Калі ў Беларусі к часу сыходу Лукашэнкі не будзе вайны, «жалезнай заслоны», канцлагероў і маштабных тэхнагенных катастроф (а яны даволі верагодныя – зважаючы на дэградацыю навукі, прававы нігілізм, уцёкі кваліфікаваных кадраў…), то яму, дапускаю, многае даруюць як замежнікі, так і ўласныя грамадзяне. Хапае на планеце куды больш крыважэрных рэжымаў, на што намякае двайная карыкатура Маны Неестані (Mana Neyestani):

Крыніца: iranwire.com Іранскі ўрад, лагодна кажучы, не палюбляе прыхільнікаў веры бахаі. Год таму генасамблея ААН 30-ы раз асудзіла яго паводзіны (Беларусь разам з Расіяй галасавала супраць, Ізраіль побач з Саўдаўскай Аравіяй (!) – за).

* * *

Агулам, у апошнія дзесяцігоддзі назіраецца выразны каштоўнасны паварот: асабістыя свабоды не так цэняцца ў свеце, як у перыяд фукуямаўскага «канца гісторыі» (рубеж 1980-х–1990-х гадоў), і 70-годдзе Дэкларацыі правоў чалавека (сёння, 10 снежня 2018 г.) я ўспрымаю, хутчэй, як сумны юбілей. Кіраўнікі многіх краін, буйнейшых і больш уплывовых за Беларусь (Бразілія, Кітай, Філіпіны…), адкрыта плююць на заяўленае ў дэкларацыі. Практыка правапрымянення ў Францыі, «цытадэлі еўрапейскай дэмакратыі», таксама наводзіць на сумныя думкі.

Не апраўдваючы Лукашэнку, Шуневіча ды іншых тутэйшых «прыгажуноў», не хацеў бы і ўзрушэнняў любым коштам, такіх, калі мэта апраўдвае сродкі… Хутчэй за ўсё, гэта прывяло б да мены шыла на мыла. Пра тое, што гэтага «мыла» мнагавата сярод апанентаў рэжыму і ў трэцім сектары, не раз гаварылася ў «Катлетах & мухах». Вось яшчэ прыклад – дробны, ды куслівы.

На мінулым тыдні ў Мінску адбылася паэтычная вечарына «І жук, і жаба». Анонс на сайце Таварыства беларускай мовы выглядаў так: «Смелая назва для смелых аўтараў». З шасці меркаваных аўтараў сакратарка ТБМ, якая рыхтавала матэрыял, прадставіла дваіх, у тым ліку Ганну Д. (паэтку, журналістку і прафсаюзную дзяячку). «Для большага падагрэву інтарэсу» Юлія Бажок выбрала з твораў Ганны адзін, напісаны шмат гадоў таму, дзе ёсць такія словы: «Я не хачу вычварэнства і помсты, змовы вузкага літаратурнага кола няздатных габрэйскіх кацаў». Зміцер Дзядзенка 07.12.2018 зазначыў у fb: «“Антысемітызм — гэта нармальна! Асабліва калі ён у вершах”, — нібыта запэўнівае нас афіцыйны сайт арганізацыі, якая абвясціла сваёй мэтай абарону беларускай мовы».

Найчасцей я пагаджаюся з паліталагіняй Кацярынай Шульман – дарма што яна аналізуе найперш расійскія рэаліі, многія высновы прыдаюцца для нашых краёў… Але нядаўнія яе развагі (04.12.2018) напрошваюцца на дыскусію: «Павінны пераследавацца заклікі да гвалту. То бок няможна пераследаваць за выказванні тыпу Не люблю яўрэяў, вось проста ненавіджу, кушаць не магу”. Але павінны пераследавацца і спыняцца выказванні тыпу “А пойдзем і падпалім сінагогу” або “ўзарвем школу” – заклікі да гвалту, прычыненне шкоды канкрэтным людзям, грамадскім месцам і г. д. Усё астатняе – выражэнне меркавання, адмаўленне халакоста, а таксама перамогі Савецкага Саюза ў Другой сусветнай вайне — няхай адмаўляюць, няхай кажуць, што на самай справе Гітлер перамог... Гэта нікому не прычыняе ніякай шкоды».

Перакананы, шкода ад hate speech (мовы нянавісці) ды наўмыснага скажэння гістарычных фактаў існуе – іншая рэч, што пакаранне мае адэкватна суадносіцца з учынкам. Кідаць за краты, пазбаўляць права на прафесію за думкі і словы, вешаць на кожнага зласліўца ярлык «экстрэміста» – перабор, у т. л. і з прычыны, згаданай мінулы раз (сярод масы патэнцыйных «злачынцаў» схаваюцца сапраўдныя экстрэмісты). Мажліва, у пераважнай большасці выпадкаў дастаткова «грамадскага ганьбавання» або, на крайняк, штрафу ў адміністратыўным парадку.

«Вольфаў цытатнік»

«Ісціна – таямніца, заўсёды таямніца. Відавочных ісцін няма»; «Калі ён застаўся жыць і не звар’яцеў, то гэта – раскоша» (Андрэй Платонаў, канец 1920-х – пач. 1930-х).

«Свет даўно ўжо пераўтварыўся ў адну вялікую сметніцу, у якой ніхто нікому не цікавы, у якой няма аніякіх асобных мейсцаў» (Ігар Бабкоў, 2018).

«Куды б мы ні прыйшлі, нават пачынаючы з нашай доблеснай інтэлігенцыі, мы тут жа будуем вертыкалі. Адзін начальнік, усе астатнія павінны кланяцца і дзякаваць… Канстытуцыя працуе толькі тады, калі грамадства стаіць на варце і пастаянна прымушае яе выконваць». (Сяргей Цыпляеў, 07.12.2018).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

10.12.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 10.12.2018  20:35

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (89)

Чарговы шалом (прахадны, калі хочаце)! Падвесці б рысу пад тэмай шахматных Алімпіяд, бо, як адчуваю, развагі пра гулі вакол 64-х клетак не блізкія чытачам… Але яна звязана з іншымі, больш «сацыяльна значнымі», у тым ліку з тэмай маніпулявання гістарычнай памяццю.

У мінулай серыі згадвалася пра апытанне, паводле якога большая частка наведвальнікаў pressball.by не разумела, навошта Беларусі шахалімпіяда 2022 г. Высветлілася, што кіраўнічка Беларускай федэрацыі шахмат таксама бачыла тую апытанку. Адрэагавала тыдзень таму: «Усё лагічна, людзі вельмі мала ведаюць пра шахматы, іх папулярызацыя пакідала жадаць лепшага. Хаця беларуская зямля была вядомая моцнымі шахматнымі традыцыямі, былі ў нас моцныя ігракі, асабліва ў 80-я гады. Аматары шахмат прыходзілі глядзець матчы, як зараз балельшчыкі ходзяць на футбол. Але потым прыйшлі ліхія 90-я, такія часы былі, што было не да шахмат дакладна. Наш старажытны спорт заняпаў».

Цяжка сказаць, матчы якіх беларускіх ігракоў так ужо наведвалі аматары?! Агулам, уяўленне пра 1980-я гады як пра «залаты век» беларускіх шахмат перабольшана: ззялі асобныя «зоркі» (як і цяпер), а сярэдні ўзровень і папулярызацыя іменна што пакідалі жадаць лепшага. Прыпамінаю, шахматная перадача на беларускім тэлебачанні, пры ўсіх яе станоўчых якасцях, была нуднаватая нават для тых часоў, калі багатага выбару не было; маскоўская «Шахматная школа» з’яўлялася куды больш імпэтнай. Гаваркое і зніжэнне накладу «Шахмат, шашек в БССР»: ад 10000 экз. у першы год выдання (1980) да 2000 у 1986 г. і 1000 экз. у апошнім 1990-м. Не радуюся знікненню таго зборніка-бюлетэня, там-такі было што пачытаць, але, па вялікім рахунку, «отряд не заметил потери бойца». Дый у 1990-х яго змянілі ў Мінску спярша часопіс «Игротека», потым газета «Шахматный мир»… Па-ранейшаму выходзілі публікацыі пра шахматыстаў і ў газетах «Физкультурник Беларуси», «Звязда», шмат дзе яшчэ.

У Беларусі «ліхіх 90-х» працягваў дзейнасць Палац шахмат і шашак, не зачыняліся спартшколы з шахматнымі аддзяленнямі. З 1993 г. у Мінску ці не штогод – дзякуючы Уладзіміру Палею – ладзіліся міжнародныя оўпэн-турніры, даступныя і для аматараў («гуляў калісьці там і я», запомнілася партыя з чэмпіёнам свету сярод невідушчых, міжнародным майстрам Міколам Рудзенскім, якую я прайграў белымі ў дэбюце Сакольскага; «сляпы» заўважаў усе мае памылкі!). Карацей, познесавецкі і ранні постсавецкі перыяд у цэлым не быў фатальным для шахматыстаў Беларусі, асабліва юных. Апошнія атрымалі магчымасць удзельнічаць у чэмпіянатах Еўропы і свету «напрасткі», без пакутлівага адбору на ўсесаюзных турнірах, і ўжо ўлетку 1992 г. мінчук Юрый Ціханаў заваяваў у Германіі першынство свету сярод падлеткаў U-14 (да 14 гадоў). Нямала гойсала па свеце ў 1990-я і чэмпіёнка Беларусі сярод дзяўчат Наста Сарокіна, закладваючы падмурак для свайго цяперашняга віцэ-прэзідэнцтва ў ФІДЭ 🙂

Адзіны факап пачатку 1990-х, які прыгадваю, – зрыў выправы беларускай зборнай на шахматную Алімпіяду ў 1992 г. І тое, здаецца, асноўнай прычынай сталіся памылкі дзяржтрэнера ды іншых дробных чыноў, а не ўсеагульны развал. Грошай на «іміджавыя» паездкі, як правіла, не бракавала: нездарма ж прэзідэнтам тутэйшай шахфедэрацыі ў першай палове 1990-х быў уплывовы бізнэсовец Уладзімір Карагін.

Аўтограф, узяты ў гросмайстра Марка Тайманава падчас міжнароднага турніру. Мінск, 02.03.1995.

Паводле маіх адчуванняў, «заняпад» у сэнсе недафінансавання надышоў у самым канцы 1990-х, пасля таго (можа, і ў выніку таго), як Віктар Купрэйчык прагаласаваў супраць кандыдатуры Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта НАК РБ, а Кірсан Ілюмжынаў стаў ладзіць фэйкавыя трэшавыя чэмпіянаты ФІДЭ. У 2003 г. я спрабаваў прыслаць падмацаванне, ініцыяваўшы выпуск двух шахматных часопісаў, але «на ўшчэрбе» многага чакаць ад гэтых выданняў не выпадала. I ўсё ж…

Ланіта Сцяцко на вокладцы № 1 часопіса «Шахматы» 2003 г.; яна ж – лідэр(ка) беларускай каманды ў Батумі-2018 (справа на фота з twitter.com)

З аднаго боку, прыемна, што ў 2010-х гадах, асабліва з 2017 г., дзяржава зноў цікавіцца шахматамі як чыннікам адукацыйнага працэсу і відам спорту. З другога, залішняе «адзяржаўліванне» нам таксама ні к чаму, яно вядзе да марнаслоўя накшталт: «Толькі ўявіце сабе збор у Мінску ўсёй планетарнай інтэлектуальнай эліты!» (і гросмайстры далёка не заўсёды належаць да «інтэлектуальнай эліты»; што казаць пра гульцоў з рэйтынгам Elo блізу 2000, касцяк большасці зборных), «У маім разуменні ў Мінску і беларусы, і беларускі павінны змагацца за прызавую тройку» (рэальна толькі ў тым выпадку, калі на Алімпіяду не трапяць каманды КНР, Расіі, Украіны, ЗША, Польшчы, Арменіі, Грузіі…). «Будзем працаваць» – файная абяцанка, але за 4 гады наўрад ці мажліва падрыхтаваць зборную экстра-класа, пагатоў што, напрыклад, перспектыўны майстар Міхаіл Нікіценка 2000 г. нар., знаходка сярэдзіны 2010-х гг., прытармазіў свой рост, а 12-гадовыя чэмпіёны (Дзяніс Лазавік, Максім Іваннікаў…) яшчэ не «разагналіся» для Алімпіяды. Няўжо амбразуру закрыюць «супергросы» ва ўзросце пад 50? ¯\_(ツ)_/¯

Калі настроіцца на больш сур’ёзны лад, то Беларусі (у тым ліку і шахматнай) не варта спаборнічаць з усходняй суседкай у амбітнасці ды марнаваць рэсурсы на мэты «планетарнага» маштабу. Найперш вырашыць бы ўнутраныя праблемы: нецярпімасць да іншадумства & прававы нігілізм, няўвага/непавага да ўласнай мінуўшчыны, дакучлівае памкненне ўсё кантраляваць… Так, правілы выканання разрадаў, зацверджаныя пастановай мінспорту РБ 31.08.2018 пры ўдзеле БФШ, яўна шкодзяць развіццю масавых шахмат, перадусім на перыферыі. Вось урывачак з захаваннем арфаграфіі арыгіналу:

«Лбюые шахматные разряды, включая IV, могут выполняться только в турнирах по классическим шахматам с контролем времени не менее 60 минут на партию каждому сопернику (или в предоставленное время плюс дополнительное время, умноженное на 60, составляющее не менее 60 минут). При этом в турнире должны быть сыграны не менее 9 партий (в день играется не более 2-х партий)».

Адзін з найлепшых сродкаў адпужаць навічкоў – прымусіць іх гуляць на вынік не менш за 9 партый з кантролем звыш гадзіны кожнаму… Чаго-чаго, а гэткіх правілаў у 1980-х не існавала: сур’ёзная барацьба за выкананне пачыналася хіба з 2-га разраду, а чацвёрты прысуджаўся ў гуртках ледзь не аўтаматычна кожнаму, хто ўмеў соваць фігуры 😉 І гэта вабіла пачаткоўцаў.

З падобнымі нормамі верхавіна белшахмат у перспектыве рызыкуе застацца «генштабам без войска». Баюся дапускаць, што ўсё так і задумана, – але ж дапушчэнне напрошваецца… 🙁

Каментарый ад шахматысткі з беларускага Светлагорска, якая цяпер жыве ў ЗША (пачатак жніўня 2018 г., FB-акаўнт Уладзіслава Каташука). Падтрымалi некаторыя вядомыя шахдзеячы РБ.

“РЦОП” – гэта Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі (па шахматах і шашках)

Калі б мне зараз было 11-12 гадоў, то, напэўна, будаваў бы жыццё не «па Гельфанду», а «па Бадзякоўскаму», які своечасова перайшоў з шахмат на прафесійную гульню ў покер… Мікіта з Мазыра без усялякіх федэрацый і мінспорту зарабіў не адзін мільён зялёных.

* * *

Запрашаю наведваць сустрэчы з цыклу «(Не)расстраляныя», у якіх сцвярджаецца перамога жывога над мёртвым. Не толькі таму, што «я там быў»: праект насамрэч каштоўны, хоць і не ахапіў ён «масы». Я назваў бы працу Сяргея Будкіна «камернай», ды слоўца гэтае ў кантэксце расповеду пра забітых пісьменнікаў адгукаецца двухсэнсоўна.

Выдатна прайшла, напрыклад, 16 кастрычніка лекцыя Віктара Жыбуля пра забытага паэта Сяргея Мурзо (1912–1937); трансляцыя ў сеціве не дае поўнага эфекту прысутнасці 🙁 Пасля лекцыі і прыгожых спеваў Веры Бурлак, якая ні на хвілю не расставалася з малым сынком, Віктар па просьбе госця з Украіны прачытаў колькі сваіх вершаў. Слухачы не хацелі адпускаць аўтара…

Вера з сынам Эрыкам (ззаду – клавішніца Вольга Падгайская) і Віктар

А вось Сяргея Румаса, хоць дэпутацікі і зацвердзілі яго прэм’ер-міністрам (05.10.2018, лік 105:1 на яго карысць, супраць галасавала Ганна Канапацкая), слухаць аніяк няма ахвоты. Обер-чыноўнік са сваёй заявай пра інфляцыю, якая ў 2018 г. «захаваецца ў калідоры да 6%» і пра тое, што налета «ў нашых прагнозных дакументах зніжэнне інфляцыі да 5%», – першы (зразумела, пасля каго ;)) кандыдат на высмейванне тут. Паводле маіх назіранняў, ад студзеня 2018 г. цэны ў Мінску на асноўныя харчы/тавары выраслі працэнтаў на 10-15. Але несуцяшальную статыстыку заўсёды можна разбавіць, умоўна кажучы, хамутамі і церассядзёлкамі, цэны на якія стабілізаваліся ў мінулым стагоддзі… PROFIT.

Пакуль Першая Нобелеўская не можа вызначыцца, працягваць працу інтэлектуальнага клуба ці не («З верасня, спадзяюся, пачнем зноў», – праказала яна ў красавіку 2018 г., але мудра не ўдакладніла, з верасня якога года :)), разумныя людзі прыязджаюць у Беларусь без запрашэння пісьменніцы. Ірына Хакамада наведае Мінск у лістападзе г. г., Дзмітрый Быкаў – у снежні. А ўжо саўсім скора, 25.10.2018, у канцэртнай зале «Мінск», – творчая сустрэча з Віктарам Шэндэровічам. Перад гэтым ён плануе наведаць і Гомель, дзе некалі жылі яго «бабулі-дзядулі».

Да 21 кастрычніка не позна наведаць «біблійную» выставу ў Нацыянальнай бібліятэцы. Нават скапірую двухбаковы флаер:

Рэклама – бы ў той песеньцы: «Завтра вы увидите / То, что никогда не видели» 🙂

Напэўна, меламанам быў бы сэнс 27.10.2018 наведаць шоу-канцэрт «Сімфанічнае КІНО» з удзелам Юрыя Каспарана (я хадзіў на аналагічную імпрэзу ў кастрычніку 2014 г., спадабалася). Але не магу сцяміць, нашто ў 2018-м прымяркоўваць шоу да 55-годдзя Віктара Цоя? В. Ц. нарадзіўся ў чэрвені 1962 г., значыць, яму ўжо за 56…

Афішка з tut.by, такія вісяць і ў горадзе; аўтар гэтых радкоў «пад Віктарам» у Піцеры (чэрвень 2014 г.)

Ахвотных афіцыйна адзначыць 75-годдзе знішчэння мінскага гета запрашаю на гэтую старонку. Дарэчы, успомніў-такі, што ўвосень 1993 г., падчас юбілейна-жалобных мерапрыемстваў, хадзіў на «Памінальную малітву» ў Купалаўскі тэатр. Уразіў не сам спектакль – я бачыў яго раней – як тое, што сярод гледачоў, недалёка ад мяне, сядзеў тагачасны кіраўнік дзяржавы Станіслаў Шушкевіч, практычна без аховы. На ўваходзе ў залу нікога не «шманалі». Праўда, к таму часу да Шушкевіча ўжо мала хто ставіўся ўсур’ёз – апупея з (не)падпісаннем дамовы аб калектыўнай бяспецы ў СНД падарвала яго пазіцыі, што адчуваў і я, 16-гадовы школьнік.

«Вольфаў цытатнік»

«Калі беларусы апусціліся на самае дно, зверху скінулі каменне» (skarnik.by)

«Я лічу, што вершы 1920–1930-х гг. не састараваюць: так, яны адбітак свайго часу, але актуальнасці не страчваюць... Досвед імкнення да ўласнай ініцыятыўнасці, свабоды, адказнасці за будучыню надзённы і сёння» (Вера Бурлак (Жыбуль), 14.10.2018).

«Там добра, дзе нас няма: у мінулым нас ужо няма, і яно здаецца прыўкрасным» (Антон Палыч Чэхаў, «однажды заметил»)

«Мы прадаўжаем спяваць, / Хоць нас ужо і няма» (БГ)

Вольф Рубінчык,

17.10.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 17.10.2018  23:08

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (88)

Шалом бабіналетні! За гэтыя цёплыя дзянькі набралося думак; хочацца, як таму дзядзьку Юду ў кульбакаўскіх «Зельманцах», зайграць аб усім на свеце, і аб людзях, і аб курыцы…

Найперш – пра няспраўджаны(я) прагноз(ы). У мінулай серыі прадказваў, што мужчынская зборная РБ на сусветнай шахматнай Алімпіядзе зойме месца, блізкае да 14-га (г. зн. адпаведнае рэйтынгу). Не меў ілюзій адносна дзяржпадтрымкі шахматыстаў у Сінявокай, аднак пераацаніў якасць падрыхтоўкі, дый згуртаванасць нашай «эліты». Насамрэч гросмайстры падзялілі месцы з 25-га па 38-е, а дакладней, трапілі акурат у трыццатку. Някепскі вынік з улікам таго, што ў Батумі прыехалі амаль 200 каманд, але ж многія, нават шахблогеры, незалежныя ад тутэйшай федэрацыі, чакалі большага. Напрыклад, гросмайстар Cяргей Каспараў: «Хлопцы трапяць у дзясятку». Майстар ФІДЭ Уладзіслаў Каташук: «Прагнозы: мужчыны – 6-е месца, дамы – 5-е ў сваёй рэйтынгавай групе». Беларускі, дарэчы, не расчаравалі; «перавыканалі» каташукоўскі план, у апошнім туры вырваўшы перамогу ў ізраільцянак. Можна доўга разважаць пра тое, што і моцны пол даў бы рады, калі б у зборную запрасілі «дысідэнта» Сяргея Азарава, а не …, ды навошта пасля бойкі махаць кулакамі.

Меркаваў, што Мінск даб’ецца права на правядзенне шахалімпіяды 2022 г. – так і здарылася. Іншая рэч, ці так ужо патрэбная ў РБ тая алімпіяда, калі братання гасцей з мясцовымі аматарамі шахаў апошнім часам не бывае (у залы для гульні пускаюць толькі «сваіх», etc.). Апытанка наведвальнікаў буйнога спартыўнага сайта сведчыць пра тое, што «народ» скептычна пазірае на ператварэнне Мінска ў Нью-Васюкі; скептыкаў (50,4%, 1331 голас) амаль у 2 разы болей за тых, хто выбраў варыянт «Выдатна!» (26,9%, 709 галасоў). Ну, турбізнэс праз 4 гады заробіць сваю капейчыну, чыноўнікі & кіраўніцтва БФШ папіяраць сябе – мо і шараговым гульцам нешта перападзе. ¯\_(ツ)_/¯

А вось упартасць Расіі ў прасоўванні на пасаду прэзідэнта ФІДЭ свайго кандыдата я недаацаніў (04.10.2018 Аркадзь Дварковіч адолеў-такі Георгіуса Макропуласа з лікам 103:78). Сяргей Каракін не стаў чэмпіёнам свету, з «ПятроваБашыравым» аблажаліся, дык хоць тут узялі рэванш… 🙂

Як бы я ні ставіўся да кіраўніцтва РФ, трэба прызнаць, што ў суседняй краіне мядзведзі не блукаюць па вуліцах, а інтэлектуалам дагэтуль ёсць дзе выказацца (і дзе зарабіць – прынамсі ў буйных гарадах). Паяданне бліноў з лапаты і сумнавядомы «Баярышнік» цікавяць далёка не ўсіх. Таму, калі допіс пра калекцыю футраў з «турэмнымі татуіроўкамі», выпушчаную нейкімі расійскімі дызайнерамі, падаецца ў беларускім выданні пад загалоўкам «Іх норавы», гэта выглядае… кантраверсійна.

Фрыкаў і/або аматараў «блатной музыкі» хапае ва ўсіх краінах постсавецкай прасторы, у тым ліку ў РБ. Прыпісванне агульных балячак выключна суседзям – у лепшым выпадку, інфантыльнасць, у горшым – прапаганда. Якая таксама бывае інфантыльнай.

Некалі часцей даваў парады жыхарам Расіі, Украіны, Ізраіля, зараз – адно ў выключных выпадках. Тут бы самім пазбавіцца правінцыйнасці й хабёльства. Узяць «прасунуты» мінскі рэсурс, з якім у 2016–2017 гг. супрацоўнічаў ізраільска-беларускі сайт (гл. тут, тут…). На жаль, к лету 2018 г. «сіцідог» сапсаваўся; пачаў гнаць фуфло паражняк і захоўваць абразлівыя каменты пад матэрыяламі. Між тым у чэрвені рэдакцыя «прагнулася» перад важнай заходняй дамай і пацерла мноства каментаў з асцярожнай крытыкай на адрас В., начальніцы прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі. Натуральна, цяпер іх не відаць, але паверце, нічога там страшнага не было.

Вас задавальняе такая селектыўная цэнзурка ў стылі пані Рамашэўскай? Мяне – не. Як і тупая «прамакееўская» шпілька ў новым тэлешоў Яўгена Перліна; маўляў, «пісьменніку-пачаткоўцу» Франсуа Аланду не спадабалася ў Мінску, а ў Напалеона было яшчэ больш прэтэнзій да Беларусі… Паслухаць можна тут на 37:34–38:34, але я б не раіў; беражыце вушы. Узровень Тарапунькі & Штэпселя ўзору 1970 года, і гэта не камплімент 😉

Агулам, паглядзеўшы сёлетнія фільмы «Лета» і «Хрусталь» (пераклад назвы намінанта ад Беларусі на «Оскара» як «Крышталь» лічу няўдалым хаця б таму, што ў такім разе ўзнікаюць асацыяцыі з аднайменным віна-гарэлачным заводам), неяк востра адчуў: няма новага пад Сонцам. І забываюцца падзеі мінуўшчыны – ужо і 1990-я, нягледзячы на прысвечаны ім пышны інтэрнэт-рэсурс, робяцца ў Беларусі легендай. Таму папрасіў чытачоў «Катлет…» узгадаць што-небудзь пра той час, асабліва пра 1992–93 гг., калі Рэспубліка Беларусь ужо была, а прэзідэнта ў ёй – surprise! – не існавала.

Слова Юрыю Тэперу (1958 г. нар.):

Некаторыя ганяць той час, а я стаўлюся да яго спакойна. Так, была інфляцыя, але і зарплаты раслі… Уклады ў ашчадкасах абясцэніліся, незразумела было, што рабіць з грашыма. Многія імкнуліся патраціць заробак адразу.

Цікава было глядзець тэлевізар – і расійскія, і беларускія каналы.

У Мінску па тэлефоне можна было званіць бясплатна, не было жэтонаў і картак.

У педінстытуце была добрая шахматная каманда. Якраз паступілі ўвосень 1993 г. Сяргей Карчыцкі, Сяргей Багдановіч, Наталля Папова, Алена Цатуран (яны ўцяклі з мамай з Баку), Валодя Нікіцінскі, Лена Шынкарэнка. Я б сказаў пра тую каманду, дый усю моладзь таго часу, словамі Маргарыты Алігер: «Поколенье взросших на свободе / в молодом отечестве своём». Была вясёлая абстаноўка, адсутнасць страху.

Нехта вырашыў, што мы не секцыя, а клуб (больш самастойнае ўтварэнне). Мы склалі статут на рускай мове, але рэктар не стаў чытаць, сказаў, што дзяржаўная мова ў нас беларуская. Прыйшлося думаць, як перакласці… Пераклалі «для птушачкі» – мо недзе ў архіве і захаваўся тэкст.

Ладзілася шмат турніраў у Палацы шахмат на К. Маркса, 10. Я ўзяў 6-е месца ў «народным турніры»; далі прыз 400 рублёў, а праязны білет каштаваў 380.

Казалі, што паўсюль быў рэкет, прадпрымальнікі баяліся нешта рабіць. Мо таму і выбралі Лукашэнку ў 1994 г. – народ спадзяваўся, што «бязмежжа» не будзе.

У 1993-м я пачаў весці заняткі па шахматах у яўрэйскіх класах школы № 132 (вёў 2 гады). З рэкетам не сутыкаўся.

Пётр Рэзванаў (1974 г. нар.):

У 1992 г. на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ я ўжо год як паступіў, палітыкай яшчэ не цікавіўся. У галоўным корпусе БДУ быў адзін афіцыйны кніжны шапік і адзін неафіцыйны, у будынку хімфака – хутчэй, паўафіцыйны, з наменклатурай, блізкай да рэрыхаўскай бібліятэкі. Падобныя на хімфакаўскі шапікі (ці сталы) былі ў бібліятэцы імя Л. Талстога і ў інтэрнаце Інстытута культуры. Было каля БДУ яшчэ некалькі шапікаў: ва двары, уздоўж праходу, што міма ЗАГСа ідзе ад Ленінградскай да лесвіцы на праспект; адзін з іх кніжны). У квартале дзейнічаў кабельны канал «Семіраміс» з фільмамі з бліжэйшага відэапракату.

Жыццёвыя складанасці неяк мяне не чапалі: ці то дзякаваць таму бацькам, ці то таму, што познесавецкая прапаганда мяне пераканала: быць Дыягенам і жыць у бочцы – гэта крута!..

Рабіў для маці праграму, якая друкавала плацёжкі; яшчэ «банкаўскія цагліны» з «зайцоў» і нават «вавёрак» памятаю.

Зараз паўспамінаю сам (1977 г. нар.):

У пачатку 1992 г. маці на заводзе Арджанікідзэ скарацілі, яна доўгі час не працавала, але галодныя мы не сядзелі, бо айчым няблага зарабляў на мясакамбінаце і меў досыць «талонаў», без якіх мала што прадавалася ў крамах. Я ціхамірна вучыўся ў 9-м класе. У жніўні з маці на тыдзень ездзілі адпачываць у Літву (спыніліся ў Паланзе на кватэры, выбіраліся і ў Клайпеду). Межы заставаліся адкрытыя, літоўцы прымалі cавецкія рублі і даволі ахвотна размаўлялі па-руску. Тыя рублі хадзілі і ў Беларусі як паралельная валюта; «зайчыкі» з’явіліся ў канцы мая, і мы, школьнікі, з гонарам паказвалі адно аднаму новыя купюры.

У 1992–1993 гг. кнігарні, звычайныя і букіністычныя, поўніліся таннымі кнігамі – цэны на іх у параўнанні з 1990–1991 гг. не скокнулі, асабліва на перыферыі. Многа цікавага купіў у Барысаве, куды мы з маці на пару дзён ездзілі да родзічаў, у Шклове, куды мяне ўвосень 1992 г. узялі як трэнера каманды юных шахматыстаў, слабых на зрок… Апрача кніг, з паездак прывозіў плыткі; зрэшты, хапала іх тады і ў мінскіх музычных крамах. Нядорага ў той час каштавалі білеты ў тэатры; я перагледзеў амаль увесь рэпертуар «музкамедыі».

У Палацы дзяцей і моладзі, куды хадзіў «на шахматы» з 1988 г., паціху перапрадаваў тое, што знаходзіў у букіністычных, альбо мяняў на старыя манеты. Зарабляў на гэтым капейкі – вабіў сам працэс. Трэнеры глядзелі скрозь пальцы, а то і самі ўдзельнічалі. Праўда, балгарскі госць аднойчы (улетку 1992 г.) расхваляваўся, не атрымаўшы кнігу па «сваёй» цане, шпурнуў яе ў кут, а мяне абазваў, здаецца, барыгам… Тутэйшы «аўтарытэт» С. нечакана яго падтрымаў – з таго часу я згарнуў «бізнэс». Засталася толькі прыгожая купюра як напамін пра тыя гешэфты.

Цікавасць да палітыкі, моцная на рубяжы 19911992 гг., паступова згасала. Усё менш людзей выходзіла на вуліцы, і постаці зборшчыкаў подпісаў на вуліцах, гэтаксама як палкія прамовы дэпутатаў, ужо неяк не выклікалі даверу.

Трывала вера ў Захад, які нам дапаможа… Сярод таварышаў па школе і шахклубу многа было размоў пра паездкі за мяжу па лініі «дзяцей Чарнобыля», расповедаў пра замежныя дзівосы. Штогод у нашай школе № 79 раздавалі гуманітарную дапамогу – хіба ад немцаў. Аднойчы я нешта ўзяў, другі раз – не (гонар пераважыў).

У верасні 1993 г. пачаў вучыць іўрыт, неўзабаве стаў валанцёрам МОЕКа. І ў «Сахнуце», і ў МОЕКу шчэ адчуваўся энтузіязм ранейшых гадоў.

50-годдзе з дзён ліквідацыі мінскага гета (у кастрычніку 1993 г.) амаль не запомнілася. Прачытаў пра Дні памяці постфактум у газеце «Авив», якая тады прадавалася і ў кіёсках – з лета 1993 г. купляў яе ля Камароўкі. Агулам, набываў шмат газет – беларускіх і расійскіх. Давяраў ім, вядома, куды больш, чым цяпер 🙂 Версію пра перамогу дэмакратыі над чырвона-карычневымі ў кастрычніку збольшага прыняў, як і многія мае аднакласнікі. Праўда, наш ваенрук Генадзь досыць мудра спрачаўся з той версіяй – ды я і сам адчуваў, што ў Маскве нешта пайшло не так… Без радасці пазіраў у тэлевізар на кадры абстрэлу «Белага дома»; эйфарыі, як 21-22 жніўня 1991 г., не было і блізка.

Запрашаю чытачоў прадоўжыць «вечар успамінаў» 🙂 А я адсправаздачуся пра выправу ў Гродна, арганізаваную прадзюсерам Сяргеем Будкіным 7 кастрычніка г. г.

Першая прэзентацыя праекта «(Не)расстраляныя» па-за межамі Мінска прайшла не без шурпатасцей, але ў цэлым годна. Агучыў лекцыю пра Майсея Кульбака – па завядзёнцы, сёе-тое выкінуў, каліва дадаў.

Кіраўнік праекта С. Будкін і аўтар гэтых радкоў (здымкі адсюль)

Акцёрка і танцорка Яўгенія Рамановіч, адказная за «Дом46», павадзіла па пешаходнай вуліцы Савецкай. Узрадавала мяне, што дух выдатнага ідышнага паэта Лейба Найдуса (1890–1918) прысутны ў Гародні…

 

Вуліца Найдуса ў самым цэнтры горада (фота Я. Рамановіч); меню адной з рэстарацый.

 

Гаспадыня «Дома46»; танк ля царквы

* * *

Абяцаў падрыхтаваць да публікацыі на belisrael.info «Палестыну» Рыгора Кобеца, калі будзе 5 заявак. Іх паступіла ўсяго 3, ды што паробіш – не друкаваць жа палову паэмы?.. Let it be, неўзабаве перанабяру яе цалкам.

«Вольфаў цытатнік»

«На любы пункт гледжання кожны мае права. Толькі з гэтага, на жаль, плаўна выцякае права на хлусню» (Марына Ляско)

«Агулам, паўсюль, дзе ёсць выбар з двух, трэба выбіраць трэцяе» (Дзмітрый Быкаў, 28.09.2018)

«Абслугоўваеш людзей творчых. Гэта зона практычнай канфлікталогіі, зона павышанай небяспекі… Там усе гатовыя ў любы момант узарвацца, і ўсе, наогул, перакананыя, што яны – цэнтр сусвету. І гэта правільна. Напэўна, некаторы эгацэнтрызм – гэта ўмова таленту, умова творчай прафесіі. Таму добры прадзюсер мусіць быць яшчэ ў нейкім сэнсе псіхатэрапеўтам» (Аляксей Малабродскі, 02.10.2018).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

11.10.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 11.10.2018  19:38

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (85)

Навагодні шалом! Віншую ўсіх, каторыя ловяць кайф ад 5779 года паводле яўрэйскага календара.

Засмучае тое, што з кожным годам галасы розуму ў віртуальнай прасторы, дый у свеце, гучаць усё больш прыглушана. Мо справа ў тым, што розум на планеце – велічыня пастаянная, а насельніцтва павялічваецца (аксіёма Коўла)? Дык у Беларусі яно, наадварот, змяншаецца. Дзякуючы мудрай дэмаграфічнай, эканамічнай і палітычнай палітыцы за 2017 год жыхароў стала меней на 12,8 тыс., хаця ёсць дзіўнаватая статыстыка, згодна з якой, наадварот, нас стала болей «прыблізна на 760 чалавек». Як сказаў бы вялікі рэжысёр: «Не веру». Узяць афіцыйны даведнік Белстату – там пазначана змяншэнне з 9504,7 тыс. чалавек да 9491,8 тыс.

За І квартал 2018 г. выявілася падзенне яшчэ на 7,5 тыс., за ІІ квартал – на 6 з нечым тысяч. Карацей, к ліпеню паказчык апусціўся ніжэй за стан 2011 г. (тады было 9481,2 тыс.), і нават іміграцыя ў Сінявокую і Працвятаюшчую ўжо не дапамагае. Што характэрна, падае нават колькасць насельнікаў Мінска: у ліпені 2018 г. было 1981,7 тыс., а ў студзені – на 800 чалавек болей.

Дапускаю, у прызначэнні С. Румаса «прэм’ер-міністрам» (насамрэч ён атрымае права на гэтую пасаду толькі пасля згоды палаты прадстаўнікоў, гл. Канстытуцыю і папярэдні выпуск «К&М») не апошнюю ролю адыграў той факт, што ён – шматдзетны бацька. Хіба мае навучыць беларусаў размнажацца 🙂

Тым часам тутэйшыя, дарма што лічацца адным з самых неэмацыйных народаў, ахвотна «ядуць» адно аднаго. Гісторыя з упёртым процістаяннем ля Курапатаў «пратэстоўцы – уладальнікі рэстарана і прымкнуўшы да іх Ізраілевіч» нагадвае казку пра мядзведзікаў, якія дзялілі галоўку сыру… (хто ў гэтай гісторыі ліса-«памочніца», здагадайцеся самі).

Няўменне шукаць і знаходзіць кампрамісы, дальбог, вылазіць бокам. Успомнілася гісторыя 2015 года… У лістападзе ўрадавая газета «Звязда» абвясціла: «У Мінску хутка можа з’явіцца помнік Васілю Быкаву», прадэманстравала макет помніка аўтарства Аляксандра Батвінёнка і Армена Сардарава. Які ўсчаўся вэрхал! І зорка, на якую абапіраўся пісьменнік, не падабалася, і тое, што ініцыятарам праекта быў названы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец – маўляў, якое ён мае дачыненне да «нашага Быкава»? Між тым… якія б адыёзныя крокі ні рабіў Чаргінец у 1990–2000-х гадах, у 1980-х яны з В. Б. калі не сябравалі, то былі ў добрых адносінах.

Тыповы адмоўны водгук (ад Ліліі Кобзік) змясціла інтэрнэт-газета «Салідарнасць» 24.11.2015. Даю фрагменты без перакладу, пакідаючы напісанне прозвішча архітэктара з малой літары на сумленні аўтаркі і рэдакцыі: «…этот памятник не только тонкое изощренное издевательство над памятью Быкова, кроме прочего, он добавит Минску в карму еще одну каплю сумрачной безысходности… Хочется сказать сардаровым и всем остальным: не делайте этого»

Мая рэпліка ў адказ, адпраўленая назаўтра, не зацікавіла выданне – такая во «Салідарнасць» 🙁 Што ж, апублікую хаця б тут і цяпер:

Я не заўважыў у праекце ні здзеку з памяці пісьменніка, ні «змрочнай безвыходнасці»: выраз твару і пастава адпавядаюць таму, што бачыў на прыжыццёвых здымках. На фота ў «Звяздзе» хутчэй відаць сум, а не змрочнасць. Наогул Васіль Быкаў не быў аптымістам, у многіх яго інтэрв’ю і творах, не толькі перад самай смерцю, праводзілася думка, што «нам тут шчасця не будзе». У Мінску нямала «вясёлых» помнікаў і скульптур (перад Камароўкай, у раёне плошчы Свабоды, у Міхайлаўскім скверы…), так што адзін сумны не сапсуе «карму».

Помнік народнаму пісьменніку патрэбен, зорка не замінае – хаця б таму, што В. Быкаў меў баявы ордэн Чырвонай Зоркі. Калі ў Беларусі робіцца нешта карыснае, няхай нават па ініцыятыве «рэжыму», то не варта гэтым грэбаваць.

…Помніка дзядзьку Васілю ў Мінску няма і праз тры гады. Адной з прычын гэтага, пэўна, сталася зацятая бескампраміснасць (або бескампрамісная зацятасць) часткі «быкаўцаў».

З улікам гэтай – дый не толькі гэтай – гісторыі я пайшоў на кампраміс у пытанні з дошкай у гонар часопіса «Штэрн» па вул. Рэвалюцыйнай, 2 у Мінску. У чэрвені Мінгарвыканкам вырашыў павесіць яе без прозвішчаў знакамітых пісьменнікаў, якія працавалі ў часопісе (а між тым можна было пералічыць Зэліка Аксельрода, Майсея Кульбака, Ізі Харыка).

Куртатая прапанова не тое каб усцешыла, аднак let it be – хто захоча, той знойдзе пра супрацоўнікаў «Штэрна» дадатковыя звесткі. Прынцыпова тое, каб на дошцы з’явіліся ідышныя літары. Зараз ідзе абмеркаванне праекта ў мастацкай радзе.

На маю думку, шансы годна ўвекавечыць памяць пра сусветна вядомы часопіс даволі вялікія. Так, у жніўні 2018 г. шыльды, прысвечаныя мірскай ешыве i Мендэле Мойхер-Сфорыму, з’явіліся, адпаведна, у Міры i Капылі.

Справа – стоп-кадр з ont.by. Надпісы на шыльдзе – на беларускай, іўрыце і англійскай

А ў ліпені пачалося ажыўленне ў Слоніме, канкрэтна, у старажытнай сінагозе:

Публікацыя з бюлетэня «Слонімскі край», № 7 (29), ліпень 2018

Чым горшы Мінск – незразумела. «Яўрэйскія» цікавосткі, без сумневу, прыцягнуць турыстаў; асабіста мяне вабіў у Кіеў, сярод іншага, і помнік Шолам-Алейхему.

Ініцыятыву са «Штэрнам», як паведамлялася, падтрымаў Беларускі фонд культуры. А вось міністэрства інфармацыі і Нацыянальнае агенцтва па турызму ад справы «самаўхіліліся». Увогуле, Вераніка Д., начальніца агенцтва ў 2016–2018 гг., якая прэзентавала сябе як культуролаг і спецыяліст па яўрэйскай гісторыі, займалася больш самапіярам, чым рэальнымі справамі 🙁 Чамусьці я не здзівіўся, калі ўбачыў яе, «члена праўлення Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын», у складзе «Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы». Забаўна: саюзнай дзяржавы няма, а «палата № 6», невядома кім фундаваная, існуе 🙂 Насельнікі ейныя, таварышы альтэрнатыўна адоранага папа Чапліна (не кінаакцёра), cур’ёзна заяўляюць, што яна стала «дзейным інструментам падтрымкі расійска-беларускай інтэграцыі…»

Насамрэч, тут кроку не ступіш – плюхнешся ў абсурд. Як вам «пушкінскі» камень, на пачатку верасня адкрыты ў Фрунзенскім раёне горада Мінска?

Здымкі 13.09.2018

Калі гэта й кампраміс паміж пажаданым і магчымым, то не вельмі ўдалы. Слушна адзначылі чытачы tut.by – больш нагадвае надмагілле, ніж ілюстрацыю да казак Аляксандра Сяргеевіча. Карацей, хацелі як лепей…

Дарэчы, паспяшаўся ініцыятар манумента (бізнэсмен Сяргей Наско) казаць у жніўні, што «на праспекце Пушкіна няма нічога, звязанага з Пушкіным». Станцыя метро «Пушкінская» не лічыцца? Дый шмат гадоў на доме № 41 вісіць такі барэльеф:

Фота 13.09.2018

Хто-хто, а расійскі класік у сталіцы Беларусі ніколі не быў забыты, пакрыўджаны. Помнік з капелюшом у сэрцы Мінска, абласная бібліятэка імя Пушкіна на іншым лапіку «сэрца», і г. д.

А гэта – «даўгабуд», незавершаны гандлёва-сэрвісны цэнтр на рагу прасп. Пушкіна і вул. Прытыцкага, акурат пад шматпавярховым гатэлем «Арбіта»:

Здымкі 13.09.2018

Зараз яго спрабуюць давесці да ладу… хіба к Еўрапейскім гульням (чэрвень 2019 г.) і завершаць. Аднак нашто было абяцаць, што рамонт скончыцца ў верасні 2017 г., нават з дакладнай датай – 30.09.2017? Тэндэнцыя такая: чым менш у Беларусі людзей, тым болей марнаслоўя.

Паглядзеўшы на рухі новага першага намесніка прэм’ер-міністра РБ Аляксандра Т-на (раней кіраваў апаратам савета міністраў), няцяжка сцяміць, што «бег на месцы» прадоўжыцца. То чалавеку патрэбен «стратэгічны штаб па развіцці лічбавай эканомікі» і «электронная медыцына» (робаты замест участковых дактароў і вузкіх спецыялістаў, якіх фатальна не хапае ў паліклініках?), то ён на днях прыкляпаўся да паштальёнаў – яны быццам бы павінны стаць «універсальнымі работнікамі, якія могуць праз гаджэты і выхад у Сеціва дапамагчы грамадзянам, у тым ліку і з замовай-дастаўкай тавараў інтэрнэт-крам». Па-першае, занадта дробна для аднаго з вышэйшых чыноўнікаў краіны ставіць задачы работнікам у асобнай галіне – на тое ёсць адміністрацыя прадпрыемства «Белпошта», у крайнім выпадку, намеснік міністра сувязі. Па-другое… дзядзечка, адчапіцеся вы ад маіх былых калег. Дарэмна хтосьці думае, што паштары абмяжоўваюцца «дастаўкай пошты і пенсій»: ёсць яшчэ такая хітрая штука, як планы па продажы маркіраванай і немаркіраванай прадукцыі, распаўсюд кілаграмаў рэкламы, многае іншае… За плату, якая ледзь перасягае пражытковы мінімум. А цяпер, выглядае, на паштальёнаў (пераважна паштальёнак, многія – перадпенсійнага ўзросту) навесяць яшчэ абавязкі кансультантаў інтэрнэт-крамаў. Але ж тыя, хто ўмее гандляваць, на «Белпошце» не затрымліваліся, і наўрад ці затрымаюцца.

У прынцыпе, пасля падхалімскай заявы Т-на «вы ведаеце, што словы кіраўніка дзяржавы ніколі не разыходзяцца са справай» (ага, ведаем па казусах з омбудсменам, судом прысяжных, дый нават са «штоквартальнымі» пашыранымі сходамі выканкама НАК) з новым урадам усё ясна. Пачакаем, вядома, 100 дзён з моманту прызначэння верхавіны – да канца лістапада 2018 г. – тады можна будзе крытыкаваць больш «субстантыўна». І саміх міністраў, і таго, хто іх прызначыў, і тых, хто гэтага «лідара» усхваляе. Праўда, сістэма настолькі разбэсцілася, што яе прадстаўнікам ужо можна пляваць у вочы – яны скажуць, што дождж ідзе.

Даволі характэрны адказ «па-беларуску» здабылі сёлета грамадскія актывісткі ў час суда з упраўленнем юстыцыі Мінгарвыканкама – дзясяткі памылак (і суд прыняў!)… «М1гарвьнсанкама», «Рэспублт Беларусь» – шэдэўральна.

У 2001 г. і я дастаў падобны дакумент у судзе Маскоўскага раёна горада-героя Мінска… Праўда, суддзя «па выканаучым вырабам» («по исполнительным изделиям»?) Антаневіч выявіўся крыху больш пісьменным. Ну дык і 17 гадоў не прайшлі марна!

Але на сёння досыць пра сумнае. 11.09.2018 прыйшла адхлань – прэзентацыя «яўрэйскага» нумару часопіса «ПрайдзіСвет» (таго самага № 20, дзе на карцінцы-заманусе – дзяўчына з казіным тварыкам). Павел Касцюкевіч, параіўшыся на месцы, пастанавіў вынесці пасяджэнне на ганак кнігарні Логвінава, бо ўнутры было б занадта горача. Сказаў – зрабіў… Выступоўцы чыталі свае творы і пераклады з ганка. Побач гойсалі машыны, але асноўнае было чутно.

П. Касцюкевіч (без кепкі) і Я. Ліпковіч; аўтарка belisrael.info i «ПрайдзіСвета» І. Ганкіна з мужам Дзмітрыем

Вёў вечарыну Альгерд Бахарэвіч (на здымку з fb – злева), які шчэ год таму меркаваў, што са мною не варта мець справы. Перадумаў – і нічога, свет не перакуліўся 🙂

Г. Янкута чытала ў сваім перакладзе з ідыша верш Ганны Марголін; А. Хадановіч – Мойшэ Кульбака

Арганізатары падрыхтавалі для гасцей пачастункі, адэкватныя Рош а-Шонэ, – прынамсі яблыкі на стале я бачыў сам.

«Вольфаў цытатнік»

«Іронія спараджаецца толькі болем»; «Перамены толькі тады добрыя, калі ёсць рэчы, якім не здраджваеш і на якія сам можаш пакласціся»; «Тое, пра што хочаш сказаць – не заўсёды тое, што гаворыш. І дакладней – заўсёды не тое» (Рашыд Нугманаў, yahha.com).

«Калі чалавек выклікае любоў адных і нянавісць іншых – гэта сведчыць толькі пра яго значнасць. Калі ён выклікае ўсеагульную любоў – ён, хутчэй за ўсё, неяк таемна падлізваецца да чалавецтва і кажа нешта занадта бясспрэчнае. Усё значнае – спрэчна, палемічна» (Дзмітрый Быкаў, 31.08.2018).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

13.09.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 14.09.2018  00:19

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (80)

Ізноў-такі шалом! Час бяжыць, нештачкі мяняецца да лепшага, нешта – да горшага, нешта зусім не мяняецца. Вось і серыял у 2015–2018 гг. прэтэндаваў быў на тое, каб быць выспачкай стабільнасці. Удала ці не, вырашаць чытачам-гледачам.

Бянтэжыць апошнім часам раз… гільдзяйства па-ізраільску, калі левая рука не ведае, што робіць правая. У сакавіку свет абляцела навіна пра тое, што загадчыца гаспадаркі ізраільскага пасольства ў Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы пазбавілася ад металічнай скульптуры, якая каштавала мінімум 100 тыс. долараў, без згоды кіраўніцтва… Шмат у чым расчароўвае і якасць працы пасольства ў Мінску: Алон Шогам, які працуе тут паўтара года, наўрад ці горшы за свайго папярэдніка Шагала (цяжкавата быць горшым…), аднак і ён дапусціў нямала, мякка кажучы, спрэчнага.

Сёлета, дый летась, нямала беларусаў, ахвотных трапіць у Ізраіль, каб наведаць сваякоў ці проста пабачыць блізкаўсходнія цікавосткі, атрымалі «халодны душ». Некаторыя нават сядзелі ў «малпоўніку» аэрапорта Бен-Гурыёна не адны суткі, перш чым іх адправілі назад. Гэта ценявы бок бязвізавага рэжыму: зараз рашэнне, пускаць або не пускаць турыстаў у краіну, спехам прымаецца афіцэрамі пагранічнай службы.

У маі беларускія дыпламаты мелі, здаецца, сур’ёзную размову з ізраільскімі, нейкі пратэст быў заяўлены на ўзроўні віцэ-прэм’ера РБ… І вось надоечы пасол Ізраіля ў Мінску вымушаны быў даць тлумачэнне: «У Ізраіль едзе нямала людзей, зацікаўленых там працаваць. Таму ізраільская памежная служба часам забараняе ўезд. Нават, прызнаюся, памылкова, людзям, якія не хацелі туды ехаць працаваць. Але што рабіць… Падалося службоўцам, што так і было» (tut.by, 09.07.2018). Натуральна, такія меланхалічна-адстароненыя развагі не задаволілі ні дэпартаваных, ні большасць патэнцыйных турыстаў. Наведвальнікі пачалі кідаць кпіны кшталту: «Трэба і нам пры ўездзе кожнага другога яўрэя на Акрэсціна завозіць, правяраць на тэрарызм» (рэйтынг камента: +106-10), «Што значыць падалося? Калі падаецца – маліцца трэба. На такіх пасадах павінны працаваць прафесіяналы» (+74-1). Рэзюмаваў «Цар» з Беларусі: «Заўсёды лічыў Ізраіль разумнай дзяржавай, з развітай прававой сістэмай, а тут такое. Ну дык трэба туды і не ездзіць…» (+72-1).

Міжведамасныя канфлікты (у гэтым выпадку – паміж міністэрствамі замежных спраў і турызму, з аднаго боку, і ўнутраных спраў, з другога) – звычайная справа ў Ізраілі. І падобна, што нават прэм’ер-міністр не мае паўнамоцтваў, а мо жадання, каб іх развязаць. Свежая інфа пра кіраванасць краіны: 9 ліпеня Нетаньягу заяўляе, што разам з Ліберманам вырашыў неадкладна закрыць КПП «Керэм Шалом» (паміж Ізраілем і сектарам Газа); назаўтра пункт працуе, як нічога ніякага.

Няўзгодненасць дзеянняў, што вынікае з не(да)кампетэнтнасці службовых асоб, можа мець і трагічныя вынікі. Адна з трагедый адбылася не ў сутычках з палесцінцамі, а ў «мірнай» пустыні Арава. Нагадаю: інструктар курсаў перадармейскай падрыхтоўкі не меў ліцэнзіі, і кіраўніцтва пра гэта ведала. Старшакласнікаў, пераважна дзяўчат, не папярэдзілі пра рэальную небяспеку паходу па рэчышчы Нахаль-Цафіт і пра зменлівае надвор’е, 26.04.2018 яны трапілі ў пастку… Паводка ўнесла 10 маладых жыццяў.

17-гадовы Цур Альфі мог бы выбрацца са смяротнага рэчышча, аднак ратаваў іншых і спазніўся… Ён загінуў як герой; зрэшты, краіну, якая «на роўным месцы» мае патрэбу ў героях, шчаснай не назавеш.

Звонку выглядае, што Біньямін Нетаньягу, 1949 г. нар., пры ўсіх яго станоўчых якасцях, усё ж «заседзеўся» на сваёй пасадзе, якую займае з сакавіка 2009 г. Тое, што ён не толькі прэм’ер-міністр, а і міністр замежных спраў (з 2015 г.), наўрад ці ідзе на карысць тым самым справам. Гэтая георгіеўская стужка 9 мая, «вась-вась» з Пуціным… Ужо даўнавата, відаць, дзейнічае прынцып Пітэра.

Іншы палітычны доўгажыхар нядаўна адзначыў 24 гады ва ўладзе. Дакладней, «Рыгорыч» у ёй акурат чвэрць стагоддзя: калі дэпутата Лукашэнку з падачы старшыні Вярхоўнага Савета ў чэрвені 1993 г. выбралі старшынёй часовай камісіі, ён атрымаў рэальныя рычагі ўплыву на чыноўнікаў, да яго пацягнуліся актывісты з КДБ, МУС… Задачай той камісіі было змаганне з карупцыяй, пад гэтым жа сцягам яе старшыня выйграў выбары 1994 г. Наколькі паспяхова змаганне вялося ўвесь гэты час, можна скеміць нават з апошніх навін. Бяруцца пад варту кіраўнікі сярэдняга звяна і «крыху вышэйшага за сярэдняе» (дырэктар Палаца спорту, старшыня райвыканкама, намеснік міністра, а то і экс-міністр), не кажучы пра бізнэсоўцаў, і канца-краю гэтаму не відаць. Напрошваецца выснова – у Беларусі, нягледзячы на ўсе пагрозлівыя варушэнні вусамі, за 20 з гакам гадоў так і не створана сістэма эфектыўнага падбору кадраў ды іхняга стымулявання.

Рыба псуецца з галавы. Калі Канстытуцыя перапісваецца пад аднаго чалавека, калі дзеці адной службовай асобы заранёў маюць прывілеi ды лезуць шпунтамі пад усе бочкі, то цяжка чакаць самаадданасці ад падначаленых. Які сэнс потым жаліцца, што нават у адміністрацыі прэзідэнта нейкі начальнік аддзела «злоўжываў службовым становішчам»… У 2005 г. я атрымаў паперку аб заканчэнні першых «антыкарупцыйных» курсаў у Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы, так што ведаю, пра што разважаю 🙂

Калі сур’ёзна, то не пераацэньваю вартасці тых сумбурных курсаў. І без іх наступствы адмоўнага адбору ў дзяржаўнай сістэме – а таксама ў «трэцім сектары» – кідаліся б у вочы.

…Некаторыя будуць дзівіцца, адкуль «растуць ногі» ў падвышэння(ў) пенсійнага ўзросту і ў «антыдармаедскіх» дэкрэтаў. Ну, трэба ж кімсьці заткнуць дзіркі, якія вылазяць у бюджэтах, не? 🙁 Дапускаю, нехта даўмеўся ўжо і да хітрай схемы: падштурхнуць сотні тысяч беспрацоўных – пад пагрозай занясення ў спіс «дармаедаў» – да рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Потым можна паказаць графік з ростам долі малога бізнэсу ў Беларусі экспертам з МВФ і Сусветнага банка, дастаць новыя крэдыты… Няўжо забугорныя эксперты пойдуць правяраць, працуюць насамрэч тыя ІП або не? 😉

Нямала ў свеце й пазітываў. Кітайскія ўлады выпусцілі з-пад хатняга арышту ўдаву нобелеўскага лаўрэата Лю Сяабо, якую зваць Лю Ся, і дазволілі ёй выехаць за мяжу (у час арышту бедная Люся зарабіла сабе масу хваробаў). Яе вершы – «сумесь шоўка і жалеза» (С).

У Віцебску па вуліцы Шагала, 5а, адкрылі выставу «Осіп Цадкін. Вяртанне», якая прадоўжыцца да 18 ліпеня, у Барысаве, як нагадвае Аляксандр Розенблюм з Ізраіля, пяць год ужо дзейнічае экспазіцыя «Барысаў яўрэйскі» (арганізатар – мецэнат Уладзімір Слесараў). У Бабруйску пенсіянеры вывучаюць – або ўспамінаюць – ідыш, а рабін Шауль гатуе макарону і ратуе сцены старой сінагогі.

Памяркоўны гумар: «Пагонi» з макароны і бульбы, створаныя нейрасецівам. Фота адсюль.

Ёсць неблагія шансы на тое, што ў кастрычніку 2018 г. на будынку музея ў Мсціславе за кошт фундатараў будзе ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар земляка, мастака Ізраіля Басава (1918–1994). Калі за справу ўзяўся сам дырэктар Магілёўскага абласнога мастацкага музея Аляксандр Хахракоў, яна, дальбог, проста не можа не скончыцца поспехам!

Праславіліся і Калінкавічы – у горад на Гомельшчыне завітала група акцёраў з Купалаўскага тэатра, паказалі спектакль па кнізе «Радзіва “Прудок”» Андруся Горвата. Між іншага, у гэтай кнізе ёсць і «яўрэйскія» згадкі: «У 1920 годзе Прудок быў уцягнуты ў савецка-польскую вайну, і мой прадзед схаваў у пограбе сям’ю габрэяў… Каб даведацца, што габрэяў, якіх хаваў у пограбе мой прадзед, звалі Зэльдай і Ізыкам, мне давялося сёння выпіць сто грам самагонкі з інфарматарам», etc.

У Мінску Андрэй Хадановіч апублікаваў новы пераклад з Мойшэ Кульбака – гэты верш даступны ў «Нашай Ніве» (дадам, за саветамі яго перакладаў Генадзь Кляўко). Выдавец Раман Цымбераў задумаў «габрэйскую серыю», дзе першым пунктам – Кульбакавы «Зельманцы» ў новым, завершаным ужо перакладзе Андрэя Дубініна.

А вось мінская прэзентацыя кнігі французска-брытанскай даследчыцы Клер Ле Фоль у канцы чэрвеня 2018 г., лекцыя гэтай доктаркі навук пад эгідай пасольства Францыі, яе інтэрв’ю выклікаюць змяшаныя пачуцці. З аднаго боку, кажуць, кніга 2017 г. напісаная паводле дысертацыі, якую я чытаў у 2006 г. і збольшага ўпадабаў. З другога… бясспрэчна таленавітая аўтарка, нягледзячы на мае з ёй дыскусіі (напрыклад, тут), так і не пазбавілася ад фанабэрліва-паблажлівага стаўлення да калегаў, і гэта псуе ўвесь «кампот». У інтэрв’ю: «Беларусь проста ігнаруе праблему [датычнасці беларусаў да Катастрофы яўрэяў], нібыта яе няма. Гэта яшчэ савецкі падыход. Былі і праведнікі, якія ратавалі габрэяў падчас вайны, і былі калябаранты — і ў Беларусі, і ў Літве, і ў Польшчы. У Беларусі, напэўна, у меншай ступені, але ніхто гэтага не вывучаў». Так ужо і «ніхто»? Таксама не спецыяліст у гісторыі Другой сусветнай вайны, з ходу (à brûle-pourpoint) згадаю, аднак, тутэйшых гісторыкаў Аляксея Літвіна, Ігара Сервачынскага, Алеся Белага… Шчэ ў пачатку 1990-х гадоў падрабязна распавядаў пра юдафобію ў калабаранцкіх выданнях Сяргей Жумар.

Даволі павярхоўна трактуе даследчыца з Саўтгемптана і больш знаёмыя ёй праблемы: «Я вывучала спадчыну Зьмітрака Бядулі, гэта клясык, і гэта ён стварыў ідэю дружбы паміж габрэямі і беларусамі, міт аб талерантнасьці беларусаў». Можа быць, тут цяжкасці перакладу або наўмыснае спрашчэнне ад «Радыё Свабоды»… Насамрэч ідэя «дружбы народаў» закладвалася ў беларускіх нацыянальных колах перад першай расійскай рэвалюцыяй – сярод іншага, з мэтай больш эфектыўна процістаяць імперскаму ўціску. З першых выпускаў газета «Наша Ніва» (заснаваная ў 1906 г.) усцяж прапагандавала, калі ўжываць сучасную тэрміналогію, талерантнасць беларусаў да яўрэяў, пра што пісалі Іна Соркіна… і мая жонка Святлана Рубінчык. Змітрок Бядуля, пры ўсёй да яго павазе, пазнаёміўся з газетай толькі ў 1909 г., пачаў жа рэальна ўплываць на грамадскую думку прыкладна ў 1912 г. – так што не стварыў ён ідэю, а падтрымаў і зрабіўся ейным «жывым увасабленнем».

На жаль, для К. Ле Фоль, як і для многіх іншых замежных госцяў, сімвалы/жэсты часцяком апынаюцца важнейшымі за рэальнасць («грамадства спектаклю» руліць 🙁 ). Іначай мне цяжка сабе патлумачыць, чаму яна лічыць «самым высокім момантам у беларуска-габрэйскіх стасунках» пачатку ХХ ст. дэкларацыі Самуіла Жытлоўскага 1921 г. На той час міністр нацыянальных меншасцей Беларускай народнай рэспублікі прадстаўляў хіба купку сваіх знаёмцаў, дый сама БНР перайшла ў разрад эмігранцкіх летуценняў. Рэальна пік названых стасункаў выпаў на перыяд з лета 1917 г. да вясны 1918 г., калі яўрэі і беларусы стварылі адзін спіс перад выбарамі ў Менскую думу, калі ва Усебеларускім сходзе ўдзельнічалі і яўрэйскія дэлегаты, калі ў протаўрад БНР (Народны сакратарыят) увайшлі даволі ўплывовыя прадстаўнікі «абшчыны», Белкінд і Гутман, калі ўстаўныя граматы БНР рэдагаваліся і па-беларуску, і на ідышы…

Няма сувязі паміж малапаспяховымі міжнароднымі захадамі Жытлоўскага (1921–1923 гг.) і тым, што «ідыш быў прызнаны дзяржаўнай мовай у БССР». Калі каму і дзячыць за афіцыйнае прызнанне ідыша ў 1920–30-х гадах, дык падпісантам Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці ССРБ (31 ліпеня 1920 г.), дзе гаварылася пра роўнасць чатырох моў, – у прыватнасці, бундаўцу Арону Вайнштэйну, старшыні Менскай гарадской думы ў 1917–1918 гг.

«Вольфаў цытатнік»

«Гламурызацыя вайны часта правакуе яе пачатак, таму што людзі не вельмі разумеюць, што такое на самай справе вайна» (Ірына Прохарава, 11.04.2018)

«Бясконцая множнасць крыніц абясцэньвае інфармацыю як такую, а таксама абнуляе маральнае ўздзеянне любой падзеі». (Дзмітрый Быкаў, 10.07.2018)

 

Вольф Рубінчык, г. Мінск

11.07.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 11.07.2018  15:49

Водгук д-ра Ю. Гарбінскага (12.07.2018):
Чарговы выдатны тэкст. З глыбокай – і таму «жывой»  аналітыкай.