Шалом шаломіста-шаломны! Пра Курапаты 21.04.2019 даведалася ізраільская аўдыторыя – чытачы сайта «Дэталі». Гэта файна. Тое, што Марк Катлярскі – хіба першы ізраільскі журналіст, якому даў інтэрв’ю Лукашэнка (у 1999 г.) – і праз 20 гадоў цікавіцца нашымі праблемамі, таксама цешыць. З другога боку, у тэксце М. К. столькі агрэхаў… Пачынаючы з загалоўка: «Улады Беларусі апаганілі магілы ахвяр сталінскіх рэпрэсій». Няма пацверджанняў, што дзясяткі крыжоў вакол Курапацкага лесу, знесеных 4 і 13 красавіка, былі пастаўлены на магілах – напэўна, усё ж метраў за 50, а мо і 100 ад пахаванняў. «Спачатку гаварылі пра 7 тысяч пахаваных, але беларускі генпракурор Георгій Тарнаўскі ў 1988 годзе назваў ужо іншую колькасць – 30 тысяч». Наадварот, версія пра 7 тысяч загучала намнога пазней, у другой палове 1990-х… Ну і г. д.
Не спраўдзіўся прагноз «сонцападобнага» (маўляў, у другім туры Парашэнка адолее Зяленскага); 21 красавіка шоўмен з вялікім адрывам быў выбраны прэзікам у суседзяў. Радавацца? Сумаваць? Ускрыццё пакажа. Пакуль што магу сказаць, што любоў украінцаў да Лукашэнкі значна перабольшана; яны не прыслухаліся да яго злёгку замаскаванай парады, паўторанай двойчы: 1 сакавіка ў час «Вялікай размовы» і 8 красавіка на інтэрв’ю з турэцкім журналістам. Відаць, міністр замежных спраў РБ, які не «адраіў», зараз пападзе ў апалу… прынамсі пераемнікам Лу хітрамудры Ма дакладна ўжо не будзе прызначаны.
Лукашэнка палохае, што наступныя выбары парламента пройдуць ужо ў лістападзе 2019 г., а не ў жніўні-верасні 2020 г., як па Канстытуцыі (арт. 93). Мадам Ярмо адразу «патлумачыла»: «Што паробіш, так склалася». Маўляў, трэба для нацыянальнай бяспекі, бо як жа можна ў адзін год ладзіць і парламенцкія, і прэзідэнцкія? (Во знайшла праблему: украінцы праводзілі ў 2014 г., палякі ў 2015 г., і нічога…). Міленькая апраўданка: калі прызначыць выбары на 17.11.2019, то «парламент не дапрацуе ўсяго адну сесію». А няхай бы ўсяго адна безгаловая чыноўніца адсекла сабе ўсяго адзін пальчык на руцэ? Чаго страшнага, дзевяць-то застануцца… :@)
Нехта слабавата вучыў гісторыю. «Наезды» на дэпутатаў і спробы датэрміновага спынення іх паўнамоцтваў па надуманых прычынах, як правіла, ні да чога добрага не вялі, пачынаючы з XVII ст. Ну, распусціў Олівер наш Кромвель Доўгі парламент, а яго «пазадкі» потым далі дыхту… У чэрвені 1789 г. дэпутатаў Генеральных штатаў ад «трэцяга саслоўя» агенты караля не пускалі ў памяшканне, дык яны сабраліся ў залі для гульні ў хакей мяч і неўзабаве аб’явілі сябе ўстаноўчым сходам. Дый досвед расійскай Дзярждумы пачатку ХХ ст. мог бы чагосьці падказаць.
Тут запярэчаць, што ў 1996 г. Лукашэнка без жудкіх для сябе наступстваў разагнаў Вярхоўны Савет, які не адпрацаваў і года. Аднак, па-першае, тады ўсё ж мелася прыкрыццё – рэферэндум. Па-другое, многім дэпутатам пасля роспуску ВС было прапанавана перайсці ў палату прадстаўнікоў, і яны спакойна праціралі фатэлі служылі там да 2000 г. Па-трэцяе, рэйтынг «разганяльшчыка» быў зусім іншы, дый дэ-юрэ ў 1996 г. ён яшчэ не страціў сваіх прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Лёгка было прадставіць сітуацыю так, што «ўсенароднаабраны» бараніўся ад упёртых дэпутацікаў, якія ўсцяж замахваліся на яго ўладу. Шмат хто ў Беларусі і наваколлі купіўся на такую версію, гэтаксама як у 1993 г. – на «праельцынскую» прапаганду. Варта дадаць: каб не было б указу Ельцына № 1400 і паражэння Вярхоўнага Савета Расіі ў кастрычніку 1993 г., то, хутчэй за ўсё, у Беларусі не наважыліся б ні на «вынас» групы беларускіх дэпутатаў-галадоўшчыкаў у красавіку 1995 г., ні на роспуск Вярхоўнага Савета ў лістападзе 1996 г. «Паліттэхнолагі ў цывільным» пільна адсочвалі тэндэнцыі і рэакцыі на постсавецкай прасторы, прасоўвалі найбольш эфектыўныя, з іхняга гледзішча, сцэнарыі. А іх «канкурэнты», ангажаваныя «апазіцыяй», складалі-збіралі показкі пра «Бацьку» і фундавалі «жахалкі» тыпу «Звычайны прэзідэнт»… ¯\_(ツ)_/¯
На першы погляд, адміністрацыя цяпер настолькі расперазаная, што можа прызначыць выбары і назаўтра, не тое што на восень. Але хуцпа не заўсёды роўная моцы, і нематываваныя восеньскія выбары 2019 г. стануць пачаткам канца – з улікам таго, што «першая асоба» яўна губляе хватку… Пра «аблом» са стаўкай не на таго ўкраінскага коніка гл. вышэй, а во яшчэ: на працягу пары дзён (!) дэпутатка Алена Анісім была названа «Таццянай», а пастыр беларускіх каталікоў Кандрусевіч паблытаны з даўно памерлым Свёнткам. Дальбог, роспуск палаты прадстаўнікоў будзе дужа рызыкоўнай працэдурай на мяжы дзяржаўнага перавароту, нягледзячы на тое, што «апазіцыянерка» Анісім ужо гатовая праглынуць скарачэнне сваёй дэпутацкай кадэнцыі, як і некаторыя іншыя «члены парламента». Меркаванне кіраўніка руху з падманліва-прыгожай назвай «За свабоду» ў гэтым плане таксама досыць паказальнае: «любую выбарчую кампанію неабходна выкарыстоўваць».
Пра сацыял-дэмакратаў я пісаў месяц таму, дык, бадай, рух і яго кіраўнік (з кастрычніка 2016 г.) Юрась Г-ч заслугоўваюць колькіх радкоў. Cтвораны ў 2006 г. з удзелам Аляксандра Мілінкевіча, «За свабоду» задумляўся як надпартыйная структура для апанентаў Лукашэнкі з рознымі поглядамі. За А. М., паводле афіцыйных звестак, галасавалі блізу 400 тыс. чалавек; калі б хоць кожны дзясяты з іх уступіў у новую суполку, гэта было б… было б… «сумасшедшие деньги!»
Два з паловай гады таму я выдаў «крэдыт даверу» Юрасю, раўналетку Зяленскага, убачыўшы ў ім, з аднаго боку, дасведчанага актывіста (экс-дэпутат Белаазёрскага гарсавета), з другога, «свежую кроў», бо тав. Мілінкевіч праз 10 год свайго кіраўніцтва зусім не цягнуў, і правал яго міньёнаў на парламенцкіх выбарах у верасні 2016 г. быў заканамерны… Якімі ж былі поспехі руху ў 2016-2019 гг.?
Летась налічвалася ажно 700 «аматараў свабоды», а між тым не сказаць, што РЗС «прэсавалі» больш актыўна, чым іншыя нефармальныя суполкі… У лютым 2018 г. названыя аматары заваявалі 0 (нуль) мандатаў на выбарах у мясцовыя саветы. Дапусцім, справа была ў тым, што Ю. Г. «яшчэ вучыўся», прызвычайваўся да ролі кіраўніка. Перавыбралі яго ў снежні 2018 г., мінула сто дзён, і?.. Так сабе выйшла адзначэнне «Дня волі» ў Кіеўскім скверы 24.03.2019 – арганізатары планавалі, што будзе 10000 удзельнікаў, у час імпрэзы гаварылася пра 5000, рэальна прыйшло не больш за 2000. Уразіла адмова адміністрацыі сайта РЗС прызнаваць відавочнае: «ніхто не кажа пра адначасную прысутнасць 5000 чалавек у Кіеўскім скверы, размова, колькі былі на Дні Волі ўсяго» (12.04.2019)… Адсутнасць уцямнай рэакцыі на пратэсты мінскіх вадзіцеляў, на ўціск членаў незалежнага прафсаюза ў Салігорску, нежаданне нават абмяркоўваць планы па змене канстытуцыі – усё гаворыць за сябе. Затое 09.04.2019 сайт РЗС радасна паведаміў пра ваяж «правай рукі атамана Маруські» А. Міхалевіча ў Брусэль, дзе той на палітычнай асамблеі Еўрапейскай народнай партыі «прадставіў правацэнтрысцкую кааліцыю і Рух “За Свабоду”…». Як быццам ілюструючы тое, што гаварылася ў «Катлетах & мухах» у лютым 2018 г.: «Многім актывістам ямчэй паказваць дулю якой-небудзь Ярмошынай (не кажучы пра знакамітыя турнэ па Брусэлях і прочых Страсбургах), чым бараніць правы работнікаў у сябе пад носам».
Тутэйшы інтэлектуал Уладзімір Мацкевіч некалі вёрз нямала лухты (напрыклад, пра беларускамоўных яўрэяў, якіх «няма»). Папраўдзе, і цяпер яго пражэкты, звязаныя з «Устаноўчым сходам», здаюцца хісткімі, але ў асобных фрагментах свайго нядаўняга паслання ён меў рацыю. Напрыклад: «Калі 10-15 гадоў таму палітычныя партыі былі бяссільныя і бескарысныя ў тых грамадска-палітычных умовах (што не зашкодзіла аўтару ў 2005 г. увайсці ў аргкамітэт адной з іх. – В. Р.), то цяпер яны папросту шкодныя». Сярод партый Мацкевіч, не дужа памыляючыся, згадвае і рух «За свабоду» – так, хоць РЗС і зарэгістраваны як «праваабаронча-асветніцкае аб’яднанне», ён ставіць перад сабой палітычныя мэты. «З актыўных членаў партый, з грамадзянскіх актывістаў усіх ідэалагічных напрамкаў неабходна стварыць агульны рух за захаванне суверэнітэта, за дзяржаўнасць і рэформы. Адзіны рух супраціву, адзіны фронт», – ёсць пэўны сэнс у гэтай мацкевіцкай заяве.
Зараз для прыхільнікаў перамен у Беларусі адкрылася акно магчымасцей – ну, няхай не акно, а фортка 🙂 Пакуль украінскі «Зя» не нарабіў вялікіх факапаў, яго «ўсё магчыма» здольнае неяк спрацаваць у нашых палястынах, зрабіцца процівагай паныламу «Так склалася» (ярмошынскі варыянт папулярнай прыказкі «А можа, так і трэба»). Каб скарыстаць паўднёвыя павевы, трэба тэрмінова яднацца ў «дзвіжуху» пад умоўным назовам «За Канстытуцыю, за беларускі парламент». Іншая рэч, што мясцовыя альтэрнатыўныя сілы і еднасць – узаемавыключальныя параграфы. Не тое што адну, нават дзве буйныя групоўкі – умоўна, «левую» & «правую» – з тузіна дробных арганізацый у бліжэйшы час не зляпіць 🙁 Але буду рады памыліцца.
Не такі ўжо і жарт… А. Скараход – беларус, рэзідэнт «Соmedy Club»
Засмуціла таксічнасць Эда Лімонава – апошнія пару-тройку гадоў чытаў яго нататкі ў ЖЖ, з нечым згаджаўся, хоць і мнагавата ў яго было паўтораў, банальнасцей. Але, як паказала рэакцыя на раптоўную хваробу Дзмітрыя Быкава («У коме ляжыць – ну, хай ляжыць»), дашчэнту прагніў гэты лімон. А Быкаў малайчына – пры дапамозе дактароў выкараскаўся… Хочацца верыць, што грэлі яго ўспаміны пра Мінск – у Сінявокай Дзмітрый пабываў у снежні 2018 г. Адзін з яго ўлюбёных пісьменнікаў – Уладзімір Караткевіч; мо пачуем мы ад Быкава і паўнамятражную лекцыю пра Караткевіча (адказ 14.09.2018: «Пастараюся»).
У Расіі – гаваркі Быкаў, у нас – гаваркі старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў. Настойвае сяння, што «яшчэ нядаўна нацыянальная ідэя засяроджвалася на ідэале жаданай будучыні, мэта якой – дзяржаўная самадастатковасць. Цяпер наша краіна ўяўляе з сябе менавіта такое ўтварэнне і з гэтага вынікае, што дзяржаўная самадастатковасць як нацыянальная ідэя сябе ўжо вычарпала і на гэты момант страціла актуальнасць». Дзіўная «самадастатковасць», калі насельніцтва краіны ўсё змяншаецца, а знешні доўг – не (выплаты чарговых траншаў адбываюцца пераважна за кошт новых запазычанняў), калі, паводле А. Казакевіча, «у 2017 г. выдаткі на R&D (доследы і распрацоўкі) беларускіх навукоўцаў склалі 319 млн. долараў, што на 30% менш, чым у 2008 годзе», калі невядома, як будзе сплачвацца шматмільярдны крэдыт на будоўлю дагэтуль не запушчанай Астравецкай АЭС. Нагадаю, цэлы Савет бяспекі пастанавіў быў увесці ў эксплуатацыю першы блок АЭС у 2016 г., другі – у 2018 г., але маем, што маем. Лепей бы ўвогуле без блокаў…
Ля сонечнай электрастанцыі ў Шчучыне, 31.10.2016
У кастрычніку – перапіс насельніцтва Беларусі. Вангую, зараз не выявіцца такога, што колькасць яўрэяў зменшылася за 10 год у 2,5 разы (як у 1999–2009 гг.). Усё ж нейтральна-станоўчы імідж яўрэйства пакрыёма ўтвараўся ў 2010-х, і многія не адмовяцца ад самаідэнтыфікацыі. А тут яшчэ перамога Зяленскага 🙂
«Вольфаў цытатнік»
«Вясёлку, якая трымаецца чвэрць гадзіны, перастаюць заўважаць» (Ёган Вольфганг Гётэ)
«Філасофія: дарога з многімі пабочнымі сцежкамі, якая вядзе з ніадкуль нікуды. Цытаванне: аблудны паўтор чужых слоў» (Амбраз Бірс)
«Страх – галоўная крыніца забабонаў, і адна з галоўных крыніц жорсткасці. Перамога над страхам – пачатак мудрасці… Людзям уласціва патрабаваць прадказальнасці, і ўсё ж такое патрабаванне – інтэлектуальная загана» (Бертран Расэл, 1901)
«Рана ці позна з прыходам алгарытмаў чалавецтва будзе вымушана адмовіцца ад маралі» (Рыгор Бакуноў, 26.03.2019)
Вольф Рубінчык, г. Мінск
23.04.2019
wrubinchyk[at]gmail.com
Апублiкавана 23.04.2019 14:59