В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (114)

Усім і кожнаму – шалому! Мадам, якую мы абсмяялі ў той серыі, ужо, здаецца, сцеле сабе прафілактычную саломку. Прызнала, што парламенцкія выбары ў лістападзе будуць (калі будуць…) датэрміновымі, але яна «ні пры чым»: «Я б, можа быць, і апасалася рэакцыі, калі б гэта было рашэнне ЦВК. У дадзены момант мы з’яўляемся выканаўцам, тэхнічным органам». Тут напрошваецца пытанне, ці не замнога ў такім разе брала на сябе прадстаўніца тэхнічнага органа, калі разважала, напрыклад, пра «выхаванне выбаршчыкаў» праз адміністратыўны рэсурс? Але пры цяперашнім раскладзе яно будзе рытарычным. Зрэшты, сістэма крышыцца на вачах: нават Павел Ізотавіч ад яе адгроб, прынамсі ў курапацкім разрэзе… Мо і Лідзія-як-яе-там скора дасць інтэрв’ю, у якім раскрытыкуе «генштаб»?

Калі затрымліваюцца па падазрэнні ў хабарніцтве экс-начальнік службы аховы прэзідэнта, ён жа – нам. старшыні Савета бяспекі, і гендырэктар «Белтэлекама», гэта значыць, што ключавыя пасады праз 24 гады пасля «вялікай перамогі Лукашэнкі» (і праз 16 гадоў пасля «канцэптуальнага павароту» – дэкларацый пра існаванне дзяржаўнай ідэалогіі) займаюць, мякка кажучы, не зусім тыя… На іх накінуліся несправядліва? Лішні доказ таго, што цвіль яшчэ вышэй. Чакаць паляпшэнняў пасля пятых «перавыбараў» палітыка, якому к таму часу грукне 66? Пазбаўце.

Міжволі тут задумаешся, хто прыйдзе на змену. Чытачы серыяла ведаюць, які я пераборлівы: звяртаў увагу на заганы як сацыял-дэмакратаў, так і правацэнтрыстаў (АГП, рух «За свабоду»). Зараз – колькі слоў пра яшчэ адзін элемент «правацэнтрысцкага блоку», Беларускую хрысціянскую дэмакратыю; дакладней, пра яе лідараў.

Паводзіны сустаршыні БХД Вольгі Кавальковай у сувязі з «Чарнобыльскім шляхам» (месяц таму разам з іншымі актывістамі падрыхтавала ў Мінгарвыканкам заяўку на шэсце 26 красавіка ў Мінску; калі «раптоўна» высветлілася, што трэба плаціць за паслугі міліцыі, еtc., аргкамітэт 25.04.2019 адклікаў заяўку, а Вольга распавяла: «Цяперашні фармат “Чарнобыльскага шляху” зжыў сябе») дужа нагадваюць пра лісу і вінаград з вядомай байкі Крылова. Але, можа быць, нейкі патаемны сэнс ва ўсіх гэтых кроках быў? Як той казаў: «Вайна – фігня, галоўнае – манёўры».

З Вольгай К. асабіста не знаёмы, а вось прэтэнзіі Паўла Севярынца – яшчэ аднаго сустаршыні БХД, якога цаню як пісьменніка – да Беларускага ПЭН-цэнтра, зачапілі болей. Нагадаю: нервовы эмацыйны пост П. С. з’явіўся ў фэйсбуку 22.04.2019 і ўзняў хвалю каментароў – і спачувальных, і не.

Я ніколі не імкнуўся далучыцца да ПЭН-цэнтра (хапае Саюза беларускіх пісьменнікаў). Тым не менш сёе-тое карыснае ў дзейнасці ПЭНа не мог не прыкмеціць: хаця б арганізацыю конкурсу «Кніга году». Летась на раздачу прэмій мы з жонкай завіталі, заспеўшы там і Паўла.

Як вынікае з вышэйзгаданага допісу П. Севярынца, з 2014 г. ён «прынцыпова» не плаціў узносы ў ПЭН-цэнтр «пасьля выставы камінг-аўтаў у офісе ПЭНу і мерапрыемстваў, зьвязаных з прапагандай гамасэксуальнага ладу жыцьця пад эгідай арганізацыі». Але ў Статуце ПЭНа (так, часам пачытваю статуты) чорным па белым сказана: «3.8. Кожны член РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” абавязаны: а) плаціць штогадовыя ўзносы ў памеры, які вызначаецца Радай, на фінансаванне дзейнасці РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”»

Ёсць у Радзе ПЭН-цэнтра «гей-лобі» ці не (4 чалавекі з 7, паводле П. С.), а калі ёсць, то хто ў яго ўваходзіць – гэтыя пытанні ніколі мяне не займалі. Пры вялікім жаданні «прапаганду» ЛГБТ-каштоўнасцей можна закінуць і СБП. Бачыў на сайце арганізацыі: «11 снежня 2018 г. інтэрнэт-часопіс ПрайдзіСвет і Саюз беларускіх пісьменнікаў зладзілі сумесны круглы стол, прысвечаны пытанню рэпрэзентацыі негетэранарматыўнай сексуальнасці…» Але – сэнс прыпадабняцца да персанажа барадатай показкі, які залазіў на шафу, каб убачыць голыя целы ў лазні насупраць і паскардзіцца на распусту? Я к таму, што на падобныя імпрэзы гвалтоўна не цягнуць: і ў СБП, і ў ПЭНе ёсць з чаго выбраць…

Не маралізую, але… Той, хто добраахвотна ўступіў у суполку, мусіць выконваць яе асноватворныя дакументы – pacta sunt servanda. Мне цяжка сабе ўявіць, што заставаўся б у суполцы, да якой дабраахвотна далучыўся (тым жа СБП), і цягам некалькіх гадоў не ўносіў бы грошы на яе дзейнасць. Агулам, каб у Беларусі існавала аўтаномія «трэцяга сектару», пажадана, каб асноўныя крыніцы фінансавання грамадскіх аб’яднанняў знаходзіліся ўнутры краіны, і членскія ўзносы маюць быць адной з найважнейшых крыніц. Не даспадобы мне залежнасць нізавых ініцыятыў ні ад дзяржавы, ні ад буйных карпарацый (фондаў).

Павел-палітык, на жаль, проста сячэ сук, на якім сядзіць, яшчэ да заваёвы ўлады пераймаючы несамавітую пазіцыю: «Усе роўныя, але некаторыя раўнейшыя». Наўрад ці з такім падыходам можна перамагчы «рэжым», дый нават скінуць кіраўніцтва ПЭН-цэнтра на чарговым Агульным сходзе ўвосень г. г. Лёгка спрагназаваць, што намер вызваліць «добрых людзей» (П. С.: «у ПЭНе ж большасць добрыя людзі. І гэта ня дзейнасьць ПЭНу, а дзейнасьць пэўнай групы, якая ўзяла на сябе права “караць і мілаваць”. Варта мяняць Раду. ПЭН не заслужыў такога кіраўніцтва») скончыцца пшыкам, бо: а) Павел ужо прысутнічаў на сходзе 2017 г., а змены Рады не дабіўся; б) мала шансаў, што пэнаўцы сёлета прыслухаюцца да бунтара, няхай аўтарытэтнага пісьменніка ды экс-палітвязня, які доўга і ўпарта ігнараваў статут.

За ўсімі мітрэнгамі апошніх тыдняў неяк у цень адышоў праект бізнэсоўца Пракапені & Co., а менавіта «міністэрства лічбавай эканомікі» (35-40 супрацоўнікаў, якія маюць курыраваць Акадэмію навук, дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, а нават і міністэрства транспарту). Паведамлялі, што «новае міністэрства прапануюць абараніць ад уздзеяння сілавых структур» – пэўна, ініцыятары ўлічваюць досвед ураджэнца Мінска Міхаіла Абызава, які даслужыўся ў Маскве да «міністра па каардынацыі дзейнасці “Адкрытага ўраду”» (2012-2018), але ў сакавіку 2019 г. быў арыштаваны па падазрэнні ў крадзяжы нейкіх дзікіх мільярдаў.

Гаворка пра новы ўрадавы орган – прычым фінансаваць яго плануюць за кошт ІТ-фірм, што адразу выклікае сумневы – вядзецца ўжо больш за год. У гэтым квартале рашэнне, відаць, будзе прынятае, і два супраць аднаго, што яно акажацца станоўчым… Але я не бачу патрэбы ў такім органе, з некалькіх прычын. Па-першае, дзяржаўны апарат і без яго перагружаны – 24 міністры, агулам чатыры дзясяткі членаў ураду (пяць намеснікаў прэм’ер-міністра, адзін з іх першы), а існуюць жа паралельна адміністрацыя прэзідэнта ды розныя саветы бяспекі, куды трапляюць яшчэ тыя прыгажуны (гл. вышэй). Па-другое, не формы зараз хвалююць найперш, а змест грамадска-палітычнага жыцця; між тым «электронны ўрад» – форма, якая прыхоўвае той факт, што рэальны ўрад падкантрольны вузкаму колу, блізкаму да сям’і «самі-ведаеце-каго». Па-трэцяе, як бы новае міністэрства не выявілася «траянскім канём», што надалей абмяжуе свабоды грамадзян.

Наіўна cпадзявацца, што ўсе рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій маюць піетэт да правоў чалавека. Прынамсі частка з іх у спрыяльных для сябе ўмовах будзе паводзіцца так, як «Сфера» ў аднайменнай кнізе Дэйва Эгерса (рэкамендую). Уласна, той факт, што ў снежні 2018 г. фонд тав. Пракапені зрабіў «падарунак» школьнікам Аршанскага – планшэты з убудаванай праграмай, якая мнагавата фіксіруе вакол сябе (напрыклад, міміку карыстальнікаў), як бы намякае… Дзіва што некаторыя бацькі адмовіліся браць «данайскі дар».

Проста пакіну ўзор дакумента аб згодзе на апрацоўку асабовых звестак для цьмянай фірмы «Фэйсметрыкс» тут, бо такія паперкі, бывае, знікаюць з агульнага доступу:

Часам бачу, што «ў інтэрнэце хто-та няпраў»; і хацелася б прамаўчаць, але… Вось паважаны ізраільскі калумніст Пётр Межурыцкі на kasparov.ru праводзіць аналогіі паміж абраннем ва Украіне-2019 Уладзіміра Зяленскага і ў Ізраілі-1999 – Эгуда Барака: маўляў, абодва эпізоды – задавальненне народнага попыту на «добрага цара», але чароўная казка хутка развейваецца… Усё б нічога, ды П. М. занадта ўжо драматызуе: «Такога жаху, які неўзабаве пасля абрання Барака абрынуўся на Ізраіль, не чакаў ніхто. Літаральна дня не праходзіла, каб не адбылося тэракту са шматлікімі чалавечымі ахвярамі ў розных грамадскіх месцах: у кафэ, на дыскатэках, у крамах, у транспарце. Вуліцы ізраільскіх гарадоў апусцелі». Э. Барак быў прэм’ер-міністрам з сярэдзіны 1999 г. да пачатку 2001 г. Улетку 2000 г. я гасцяваў у Ізраілі 6 тыдняў (Іерусалім, Цфат, Нетанія…) – істотных адрозненняў у параўнанні з 1996 і 1998 гадамі не заўважыў, вуліцы не пусцелі. Табліца «Спіс тэрактаў супраць ізраільцаў і яўрэяў» таксама не пацвярджае, што пры новым кіраўніку ўрада яны адбываліся ў Ізраілі штодня і «са шматлікімі чалавечымі ахвярамі». Хвалі тэрактаў уздымаліся і да «летуценніка» Барака, і пасля яго 🙁

Калі каспараўцы хацелі кагосьці напужаць, параўнаўшы Зяленскага з ізраільскім «прэм’ер-міністрам для ўсі-і-іх», то не выйшла (рабяты, паспрабуйце яшчэ). Ну, а шоўмэну – «цёмнаму коніку» – можна толькі пазычыць поспеху на новым шляху, і каб яго 73% праз год не ператварыліся ў 7,3…

Кур’ёзнае супадзенне: варта было напісаць пра ІІ Еўрапейскія гульні (Мінск, чэрвень 2019), як мяне запрасілі на адкрыццё выставы «Спорт у жыцці пісьменніка» (29.04.2019) у музей гісторыі беларускай літаратуры. Сёе-тое распавёў прысутным – не пра ўвесь «спорт», дык пра шахматы ў жыццях Зэліка Аксельрода, Якуба Коласа, Кандрата Крапівы, Янкі Купалы і іншых. Выказаў спадзеў, што да традыцыйных турніраў, што ладзяцца ў СБП, далучацца і прадстаўнікі іншага пісьменніцкага саюза (СПБ). А прамова паэта Васіля Жуковіча будавалася вакол яго вершаў, прысвечаных спартсменам.

Шахматы-«матрошкі», якія належалі К. Крапіве; выступае ўнучка байкара Алена Атраховіч

*

Аліна Федарэнка пераслала прэс-рэліз. Што пішуць: «3 мая 2019 г. у 11.00 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца прэзентацыя выставы “Іцхак Шамір”, прысвечанай жыццю і дзейнасці сёмага прэм’ер-міністра Дзяржавы Ізраіль, ураджэнца Беларусі…» Выстава ладзіцца ў рамках «Міжнароднай канферэнцыі “Лімуд Беларусь 2019”, якая пройдзе ў Мінску з 3 па 5 мая 2019 года і збярэ звыш 500 удзельнікаў з 12 краін свету». І шо на гэта скажаш? «У полі трактар дыр-дыр-дыр, / Хай жыве Іцхак Шамір!» Але, бядак, памёр выхадзец з Ружан у чэрвені 2012 г. Усяго 23 гады і 3,5 месяцы не дажыў да 120.

*

Здаецца, я раскрыў таямніцу капелюша Кім Чэн Ына. Модны карэец проста нагледзеўся (а можа, абгледзеўся) нугманаўскага фільма «Ігла», і ў яго падсвядомасць увайшоў вобраз аднаго з негалоўных персанажаў.

Кадр з «Іглы» (1988); Кім у Расіі (2019)

«Вольфаў цытатнік»

«Можна сцвярджаць: пачатак 2000-х гадоў будзе адзначаны прыкметным паляпшэннем кліматычных умоў. Не выключана, што ўжо ў ХХІ стагоддзі Арктычны басейн упершыню з часоў вікінгаў вызваліцца з лядовага палону» (Леанід Булыгін, зб. «Фантастыка-77», 1977)

«Ромы жывуць у Беларусі. Але ў той жа час іх тут быццам бы няма. У нас афіцыйныя ўлады робяць выгляд, што няма такога народа» (Мікалай Калінін, газета «Згода», красавік 2005).

«Калі для кіруючага класа залежнае становішча краіны ў цэлым не з’яўляецца перашкодай у справе атрымання прыбытку, то шараговаму насельніцтву яно пагражае загранічна нізкім узроўнем жыцця і адсутнасцю перспектыў для развіцця» (Ціхан Закаменеў, 2019)

«Палітыка, якую зусім выгналі былі з рэальнасці, вяртаецца праз мастацтва… Цяпер зразумела, што галоўным пастаўшчыком новых палітычных фігур стане менавіта шоўбізнэс: не толькі таму, што людзям патрэбнае шоў, але найперш таму, што гэта справа адносна сумленная» (Дзмітрый Быкаў, 30.04.2019)

«Мясцовыя ідэнтычнасці надзвычай жывучыя. Яны могуць спаць доўга, і здаецца, што іх ужо зусім няма, але калі надыходзіць патрэбны палітычны момант, яны вельмі хутка і лёгка прачынаюцца і аб’ядноўваюць людзей» (Кацярына Шульман, 30.04.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

02.05.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 02.05.2019  14:21