Tag Archives: «Белорусская христианская демократия»

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (114)

Усім і кожнаму – шалому! Мадам, якую мы абсмяялі ў той серыі, ужо, здаецца, сцеле сабе прафілактычную саломку. Прызнала, што парламенцкія выбары ў лістападзе будуць (калі будуць…) датэрміновымі, але яна «ні пры чым»: «Я б, можа быць, і апасалася рэакцыі, калі б гэта было рашэнне ЦВК. У дадзены момант мы з’яўляемся выканаўцам, тэхнічным органам». Тут напрошваецца пытанне, ці не замнога ў такім разе брала на сябе прадстаўніца тэхнічнага органа, калі разважала, напрыклад, пра «выхаванне выбаршчыкаў» праз адміністратыўны рэсурс? Але пры цяперашнім раскладзе яно будзе рытарычным. Зрэшты, сістэма крышыцца на вачах: нават Павел Ізотавіч ад яе адгроб, прынамсі ў курапацкім разрэзе… Мо і Лідзія-як-яе-там скора дасць інтэрв’ю, у якім раскрытыкуе «генштаб»?

Калі затрымліваюцца па падазрэнні ў хабарніцтве экс-начальнік службы аховы прэзідэнта, ён жа – нам. старшыні Савета бяспекі, і гендырэктар «Белтэлекама», гэта значыць, што ключавыя пасады праз 24 гады пасля «вялікай перамогі Лукашэнкі» (і праз 16 гадоў пасля «канцэптуальнага павароту» – дэкларацый пра існаванне дзяржаўнай ідэалогіі) займаюць, мякка кажучы, не зусім тыя… На іх накінуліся несправядліва? Лішні доказ таго, што цвіль яшчэ вышэй. Чакаць паляпшэнняў пасля пятых «перавыбараў» палітыка, якому к таму часу грукне 66? Пазбаўце.

Міжволі тут задумаешся, хто прыйдзе на змену. Чытачы серыяла ведаюць, які я пераборлівы: звяртаў увагу на заганы як сацыял-дэмакратаў, так і правацэнтрыстаў (АГП, рух «За свабоду»). Зараз – колькі слоў пра яшчэ адзін элемент «правацэнтрысцкага блоку», Беларускую хрысціянскую дэмакратыю; дакладней, пра яе лідараў.

Паводзіны сустаршыні БХД Вольгі Кавальковай у сувязі з «Чарнобыльскім шляхам» (месяц таму разам з іншымі актывістамі падрыхтавала ў Мінгарвыканкам заяўку на шэсце 26 красавіка ў Мінску; калі «раптоўна» высветлілася, што трэба плаціць за паслугі міліцыі, еtc., аргкамітэт 25.04.2019 адклікаў заяўку, а Вольга распавяла: «Цяперашні фармат “Чарнобыльскага шляху” зжыў сябе») дужа нагадваюць пра лісу і вінаград з вядомай байкі Крылова. Але, можа быць, нейкі патаемны сэнс ва ўсіх гэтых кроках быў? Як той казаў: «Вайна – фігня, галоўнае – манёўры».

З Вольгай К. асабіста не знаёмы, а вось прэтэнзіі Паўла Севярынца – яшчэ аднаго сустаршыні БХД, якога цаню як пісьменніка – да Беларускага ПЭН-цэнтра, зачапілі болей. Нагадаю: нервовы эмацыйны пост П. С. з’явіўся ў фэйсбуку 22.04.2019 і ўзняў хвалю каментароў – і спачувальных, і не.

Я ніколі не імкнуўся далучыцца да ПЭН-цэнтра (хапае Саюза беларускіх пісьменнікаў). Тым не менш сёе-тое карыснае ў дзейнасці ПЭНа не мог не прыкмеціць: хаця б арганізацыю конкурсу «Кніга году». Летась на раздачу прэмій мы з жонкай завіталі, заспеўшы там і Паўла.

Як вынікае з вышэйзгаданага допісу П. Севярынца, з 2014 г. ён «прынцыпова» не плаціў узносы ў ПЭН-цэнтр «пасьля выставы камінг-аўтаў у офісе ПЭНу і мерапрыемстваў, зьвязаных з прапагандай гамасэксуальнага ладу жыцьця пад эгідай арганізацыі». Але ў Статуце ПЭНа (так, часам пачытваю статуты) чорным па белым сказана: «3.8. Кожны член РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” абавязаны: а) плаціць штогадовыя ўзносы ў памеры, які вызначаецца Радай, на фінансаванне дзейнасці РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”»

Ёсць у Радзе ПЭН-цэнтра «гей-лобі» ці не (4 чалавекі з 7, паводле П. С.), а калі ёсць, то хто ў яго ўваходзіць – гэтыя пытанні ніколі мяне не займалі. Пры вялікім жаданні «прапаганду» ЛГБТ-каштоўнасцей можна закінуць і СБП. Бачыў на сайце арганізацыі: «11 снежня 2018 г. інтэрнэт-часопіс ПрайдзіСвет і Саюз беларускіх пісьменнікаў зладзілі сумесны круглы стол, прысвечаны пытанню рэпрэзентацыі негетэранарматыўнай сексуальнасці…» Але – сэнс прыпадабняцца да персанажа барадатай показкі, які залазіў на шафу, каб убачыць голыя целы ў лазні насупраць і паскардзіцца на распусту? Я к таму, што на падобныя імпрэзы гвалтоўна не цягнуць: і ў СБП, і ў ПЭНе ёсць з чаго выбраць…

Не маралізую, але… Той, хто добраахвотна ўступіў у суполку, мусіць выконваць яе асноватворныя дакументы – pacta sunt servanda. Мне цяжка сабе ўявіць, што заставаўся б у суполцы, да якой дабраахвотна далучыўся (тым жа СБП), і цягам некалькіх гадоў не ўносіў бы грошы на яе дзейнасць. Агулам, каб у Беларусі існавала аўтаномія «трэцяга сектару», пажадана, каб асноўныя крыніцы фінансавання грамадскіх аб’яднанняў знаходзіліся ўнутры краіны, і членскія ўзносы маюць быць адной з найважнейшых крыніц. Не даспадобы мне залежнасць нізавых ініцыятыў ні ад дзяржавы, ні ад буйных карпарацый (фондаў).

Павел-палітык, на жаль, проста сячэ сук, на якім сядзіць, яшчэ да заваёвы ўлады пераймаючы несамавітую пазіцыю: «Усе роўныя, але некаторыя раўнейшыя». Наўрад ці з такім падыходам можна перамагчы «рэжым», дый нават скінуць кіраўніцтва ПЭН-цэнтра на чарговым Агульным сходзе ўвосень г. г. Лёгка спрагназаваць, што намер вызваліць «добрых людзей» (П. С.: «у ПЭНе ж большасць добрыя людзі. І гэта ня дзейнасьць ПЭНу, а дзейнасьць пэўнай групы, якая ўзяла на сябе права “караць і мілаваць”. Варта мяняць Раду. ПЭН не заслужыў такога кіраўніцтва») скончыцца пшыкам, бо: а) Павел ужо прысутнічаў на сходзе 2017 г., а змены Рады не дабіўся; б) мала шансаў, што пэнаўцы сёлета прыслухаюцца да бунтара, няхай аўтарытэтнага пісьменніка ды экс-палітвязня, які доўга і ўпарта ігнараваў статут.

За ўсімі мітрэнгамі апошніх тыдняў неяк у цень адышоў праект бізнэсоўца Пракапені & Co., а менавіта «міністэрства лічбавай эканомікі» (35-40 супрацоўнікаў, якія маюць курыраваць Акадэмію навук, дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, а нават і міністэрства транспарту). Паведамлялі, што «новае міністэрства прапануюць абараніць ад уздзеяння сілавых структур» – пэўна, ініцыятары ўлічваюць досвед ураджэнца Мінска Міхаіла Абызава, які даслужыўся ў Маскве да «міністра па каардынацыі дзейнасці “Адкрытага ўраду”» (2012-2018), але ў сакавіку 2019 г. быў арыштаваны па падазрэнні ў крадзяжы нейкіх дзікіх мільярдаў.

Гаворка пра новы ўрадавы орган – прычым фінансаваць яго плануюць за кошт ІТ-фірм, што адразу выклікае сумневы – вядзецца ўжо больш за год. У гэтым квартале рашэнне, відаць, будзе прынятае, і два супраць аднаго, што яно акажацца станоўчым… Але я не бачу патрэбы ў такім органе, з некалькіх прычын. Па-першае, дзяржаўны апарат і без яго перагружаны – 24 міністры, агулам чатыры дзясяткі членаў ураду (пяць намеснікаў прэм’ер-міністра, адзін з іх першы), а існуюць жа паралельна адміністрацыя прэзідэнта ды розныя саветы бяспекі, куды трапляюць яшчэ тыя прыгажуны (гл. вышэй). Па-другое, не формы зараз хвалююць найперш, а змест грамадска-палітычнага жыцця; між тым «электронны ўрад» – форма, якая прыхоўвае той факт, што рэальны ўрад падкантрольны вузкаму колу, блізкаму да сям’і «самі-ведаеце-каго». Па-трэцяе, як бы новае міністэрства не выявілася «траянскім канём», што надалей абмяжуе свабоды грамадзян.

Наіўна cпадзявацца, што ўсе рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій маюць піетэт да правоў чалавека. Прынамсі частка з іх у спрыяльных для сябе ўмовах будзе паводзіцца так, як «Сфера» ў аднайменнай кнізе Дэйва Эгерса (рэкамендую). Уласна, той факт, што ў снежні 2018 г. фонд тав. Пракапені зрабіў «падарунак» школьнікам Аршанскага – планшэты з убудаванай праграмай, якая мнагавата фіксіруе вакол сябе (напрыклад, міміку карыстальнікаў), як бы намякае… Дзіва што некаторыя бацькі адмовіліся браць «данайскі дар».

Проста пакіну ўзор дакумента аб згодзе на апрацоўку асабовых звестак для цьмянай фірмы «Фэйсметрыкс» тут, бо такія паперкі, бывае, знікаюць з агульнага доступу:

Часам бачу, што «ў інтэрнэце хто-та няпраў»; і хацелася б прамаўчаць, але… Вось паважаны ізраільскі калумніст Пётр Межурыцкі на kasparov.ru праводзіць аналогіі паміж абраннем ва Украіне-2019 Уладзіміра Зяленскага і ў Ізраілі-1999 – Эгуда Барака: маўляў, абодва эпізоды – задавальненне народнага попыту на «добрага цара», але чароўная казка хутка развейваецца… Усё б нічога, ды П. М. занадта ўжо драматызуе: «Такога жаху, які неўзабаве пасля абрання Барака абрынуўся на Ізраіль, не чакаў ніхто. Літаральна дня не праходзіла, каб не адбылося тэракту са шматлікімі чалавечымі ахвярамі ў розных грамадскіх месцах: у кафэ, на дыскатэках, у крамах, у транспарце. Вуліцы ізраільскіх гарадоў апусцелі». Э. Барак быў прэм’ер-міністрам з сярэдзіны 1999 г. да пачатку 2001 г. Улетку 2000 г. я гасцяваў у Ізраілі 6 тыдняў (Іерусалім, Цфат, Нетанія…) – істотных адрозненняў у параўнанні з 1996 і 1998 гадамі не заўважыў, вуліцы не пусцелі. Табліца «Спіс тэрактаў супраць ізраільцаў і яўрэяў» таксама не пацвярджае, што пры новым кіраўніку ўрада яны адбываліся ў Ізраілі штодня і «са шматлікімі чалавечымі ахвярамі». Хвалі тэрактаў уздымаліся і да «летуценніка» Барака, і пасля яго 🙁

Калі каспараўцы хацелі кагосьці напужаць, параўнаўшы Зяленскага з ізраільскім «прэм’ер-міністрам для ўсі-і-іх», то не выйшла (рабяты, паспрабуйце яшчэ). Ну, а шоўмэну – «цёмнаму коніку» – можна толькі пазычыць поспеху на новым шляху, і каб яго 73% праз год не ператварыліся ў 7,3…

Кур’ёзнае супадзенне: варта было напісаць пра ІІ Еўрапейскія гульні (Мінск, чэрвень 2019), як мяне запрасілі на адкрыццё выставы «Спорт у жыцці пісьменніка» (29.04.2019) у музей гісторыі беларускай літаратуры. Сёе-тое распавёў прысутным – не пра ўвесь «спорт», дык пра шахматы ў жыццях Зэліка Аксельрода, Якуба Коласа, Кандрата Крапівы, Янкі Купалы і іншых. Выказаў спадзеў, што да традыцыйных турніраў, што ладзяцца ў СБП, далучацца і прадстаўнікі іншага пісьменніцкага саюза (СПБ). А прамова паэта Васіля Жуковіча будавалася вакол яго вершаў, прысвечаных спартсменам.

Шахматы-«матрошкі», якія належалі К. Крапіве; выступае ўнучка байкара Алена Атраховіч

*

Аліна Федарэнка пераслала прэс-рэліз. Што пішуць: «3 мая 2019 г. у 11.00 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца прэзентацыя выставы “Іцхак Шамір”, прысвечанай жыццю і дзейнасці сёмага прэм’ер-міністра Дзяржавы Ізраіль, ураджэнца Беларусі…» Выстава ладзіцца ў рамках «Міжнароднай канферэнцыі “Лімуд Беларусь 2019”, якая пройдзе ў Мінску з 3 па 5 мая 2019 года і збярэ звыш 500 удзельнікаў з 12 краін свету». І шо на гэта скажаш? «У полі трактар дыр-дыр-дыр, / Хай жыве Іцхак Шамір!» Але, бядак, памёр выхадзец з Ружан у чэрвені 2012 г. Усяго 23 гады і 3,5 месяцы не дажыў да 120.

*

Здаецца, я раскрыў таямніцу капелюша Кім Чэн Ына. Модны карэец проста нагледзеўся (а можа, абгледзеўся) нугманаўскага фільма «Ігла», і ў яго падсвядомасць увайшоў вобраз аднаго з негалоўных персанажаў.

Кадр з «Іглы» (1988); Кім у Расіі (2019)

«Вольфаў цытатнік»

«Можна сцвярджаць: пачатак 2000-х гадоў будзе адзначаны прыкметным паляпшэннем кліматычных умоў. Не выключана, што ўжо ў ХХІ стагоддзі Арктычны басейн упершыню з часоў вікінгаў вызваліцца з лядовага палону» (Леанід Булыгін, зб. «Фантастыка-77», 1977)

«Ромы жывуць у Беларусі. Але ў той жа час іх тут быццам бы няма. У нас афіцыйныя ўлады робяць выгляд, што няма такога народа» (Мікалай Калінін, газета «Згода», красавік 2005).

«Калі для кіруючага класа залежнае становішча краіны ў цэлым не з’яўляецца перашкодай у справе атрымання прыбытку, то шараговаму насельніцтву яно пагражае загранічна нізкім узроўнем жыцця і адсутнасцю перспектыў для развіцця» (Ціхан Закаменеў, 2019)

«Палітыка, якую зусім выгналі былі з рэальнасці, вяртаецца праз мастацтва… Цяпер зразумела, што галоўным пастаўшчыком новых палітычных фігур стане менавіта шоўбізнэс: не толькі таму, што людзям патрэбнае шоў, але найперш таму, што гэта справа адносна сумленная» (Дзмітрый Быкаў, 30.04.2019)

«Мясцовыя ідэнтычнасці надзвычай жывучыя. Яны могуць спаць доўга, і здаецца, што іх ужо зусім няма, але калі надыходзіць патрэбны палітычны момант, яны вельмі хутка і лёгка прачынаюцца і аб’ядноўваюць людзей» (Кацярына Шульман, 30.04.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

02.05.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 02.05.2019  14:21

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (107)

Добры дзень, ён жа шалом. І – з месца ў кар’ер.

На ідэі наконт удасканалення Канстытуцыі ўхвальна адгукнуліся некалькі вядомых у Беларусі людзей (напрыклад, Кастусь Жукоўскі, Вольга Маёрава, Анатоль Сідарэвіч). Таццяна Севярынец – не апошняя ў «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» персона – 12.03.2019 напісала: «Я зацікавілася прапановай. Ау, кіраўнікі партый!»

Ніхто з адрасатаў Т. Севярынец на сувязь не выйшаў. І праўда, чаго мяне слухаць у справе паляпшэння тутэйшай сістэмы? Усяго-та 8 год вучыўся паліталогіі, 8 кніг выдаў (а іншыя ж выдаюць і па 28). ОК, гатовы лічыць «Катлеты & мухі»-106 эксперыментам, дзе адмоўны вынік – таксама вынік. З другога боку, за навуковыя доследы мне не плоцяць, таму я магу дазволіць сабе ўсялякія фокусы – напрыклад, пакпіць з паддоследных… Пастараюся быць лагодным, бы той дзед з анекдота, які, убачыўшы надпіс «Курыць сувора забараняецца!», закурыў мякка, па-добраму 😉

Сваё стаўленне да «Народнай грамады» Міколы Статкевіча і ацэнку перспектыў НГ выказваў у снежні 2018 г. Магчымасцей «зламаць сцэнар рэжыма» у кандыдата тэхнічных навук вобмаль, а шансаў наступіць на ранейшыя граблі – трохі болей. На міг засумняваўшыся (раптам усё ж я недаацэньваў патэнцыял экс-палітвязня?), 03.03.2019 адправіў «генсеку» ягонай партыі запыт – колькі нефармальных ячэек НГ з’явілася на буйных прадпрыемствах за апошні год, ці ва ўсіх раённых цэнтрах яна прадстаўлена…

З адказу Сяргея Спарыша, 18.03.2019: «Ячэйкі на дзяржпрадпрыемствах – добры жарт. Іх няма нават у прафсаюзаў, а вы патрабуеце, каб іх мела незарэгістраваная партыяСпісаў мы не вядзем. Магу толькі сказаць, што людзей у нас не менш, чым у іншых. Напрыклад, на з’ездах НГ і БСДП(Г), якія прайшлі амаль адначасова, была прыкладна аднолькавая колькасць удзельнікаў. Усе партыі перажываюць крызіс, таму што займацца палітыкай небяспечна, а фарбаваннем платоў – бессэнсоўна. Але ў нас ёсць Статкевіч, а ў іх няма».

Ды я не патрабую… Але без пярвічных суполак, створаных людзьмі, якія штодня бачаць працу адно аднаго, партыя рызыкуе прыпадобніцца да пятлюраўскага ўраду, калі «ў вагоне дырэкторыя, пад вагонам тэрыторыя». Пачынальнікі сацыял-дэмакратыі ў Расіі 1890-х, якія б ні былі, не грэбавалі чарнавой працай; той жа Ульянаў-будучы-Ленін пісаў лістоўкі для рабочых і каардынаваў страйкі, не ківаючы на прафсаюзы.

Мікола-палітык насцярожвае і тым, што ўсцяж крыўдуе на СМІ. Так, бываюць падставы, але вось як гэта прагучала тры месяцы таму на сайце НГ:

19 снежня 2010 году – гэта быў дзень годнасці, калі пад 100 тысяч беларусаў паказалі, што прагнуць свабоды, – кажа Мікалай Статкевіч. – Што датычыцца колькасці ўдзельнікаў пасля шэсця [ў цэнтры Мінска], то восем гадоў таму ў СМІ мінімальная ацэнка называлася ў раёне 85 тысяч чалавек. Але з кожным годам гэтая лічба ўсё больш і больш зніжалася ў так званай незалежнай прэсе. Навошта? Чаму?

Што 19.12.2010 паведамляла «Хартыя»: «21:39. Плошча Незалежнасці цалкам запоўнена людзьмі. Паводле розных ацэнак, тут ад 30 да 40 тысяч чалавек». «Радыё Свабода», 20.12.2010: «Каля 15-20 тысячаў чалавек (па іншых дадзеных да 40 тысяч) узялі ўдзел у акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасьці ў Менску». Тутбай, 20.12.2010: «Увечары 19 снежня, пасля завяршэння галасавання на выбарах прэзідэнта Беларусі, у Мінску прайшла акцыя пратэсту прыхільнікаў апазіцыі, у якой узялі ўдзел каля 15 тысяч чалавек». Не помню СМІ, дзе «мінімальная ацэнка называлася ў раёне 85 тысяч». Калі ведаеце, дзе ў снежні 2010 г. публікаваўся такі лік, падзяліцеся 🙂

Іншы эпізод — пра (ня)ўменне расстаўляць прыярытэты. У студзені-лютым г. г. многія вадзіцелі мінскіх тралейбусаў публічна заяўлялі пра незадаволенасць умовамі працы; да сеціўнай петыцыі далучыліся і сотні пасажыраў. Свой тэрмін, кажа начальнік з Мінгарвыканкама, па стане на восень 2018 г. адпрацавалі 59% аўтобусаў і 43,5% тралейбусаў, што як бы намякае на абгрунтаванасць прэтэнзій… Нядаўняя, сакавіцкая навіна: «Кіраўніцтва “Мінсктранса” настойліва заклікае кіроўцаў тралейбусаў адклікаць свае подпісы пад калектыўнай петыцыяй са скаргай на ўмовы працы».

Здавалася б, каму, як не сацыял-дэмакратам, падтрымаць самаарганізацыю работнікаў? Але для М. Статкевіча 16.03.2019 важнейшым было распавесці, як яму дадзяваюць несамастойныя «лідары», і выпісаць агульныя рэцэпты: «Нам трэба быць больш актыўнымі, не глядзець на забароны, а крытыкаваць уладу, адкрыта змагацца супраць яе за правы людзей».

«Харашы» і канкурэнты НГ – Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя Ігара Барысава. Абаронай вадзіцеляў, калі меркаваць паводле «сайта прыхільнікаў БСДП», тожа не зацікавіліся, затое ў партыі працуе цэлая «канстытуцыйная камісія»! Апошняе можна было б і вітаць, каб не ўзровень… Чытайма «Зварот БСДП да грамадзян краіны з нагоды 25-й гадавіны Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь»: партыйныя мудрацы лічаць, што праўкі былі ўнесены ў Канстытуцыю тройчы, у 1995, 1996 і 2004 гг. (насамрэч двойчы; у 1995 г. – не).

«БСДП зыходзіць з таго, што Канстытуцыя 1994 года была і застаецца легітымным Асноўным Законам краіны, а папраўкі, якія былі ўнесеныя ў яе на рэферэндумах 1995, 1996 і 2004 гадоў, не маюць юрыдычных [sic] моцы ў сувязі з незаконнасцю згаданых рэферэндумаў…» Тут партыя трапляе ў пастку, якую я прыкмеціў яшчэ ўлетку 2001 г. Тады разаслаў усім патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты (за выняткам А. Лукашэнкі) электронны запыт наступнага зместу: «Ці прызнаяце Вы вынікі рэферэндуму 1996 г.? Калі не, то чаму ідзяце на гэтыя выбары?» Большасць адгукнулася, ніхто не сумеўся. Помню, М. Чыгір даў хітрамудры адказ тыпу: «Прызнаю на наступны дзень пасля Зянона». Нябожчык С. Домаш адрэагаваў так: «Не прызнаю, але ж дзеля перамен у краіне мушу ўдзельнічаць у гэтых выбарах – можаце прапанаваць нешта лепшае?» Кур’ёзна, але ў гэткім духу адказаў і С. Гайдукевіч.

Магчыма, дружная адмова палітыкаў ад удзелу ў «выбарчых кампаніях» і прывяла б на пачатку ХХІ ст. да ўнясення ў Канстытуцыю часткі тых карэктываў, якіх цяпер прагнуць БСДП і д-р М. Пастухоў… Але ж гульня паводле правілаў улады (у прыватнасці, масавы ўдзел «апазіцыянераў» у прэзідэнцкіх выбарах 2001 г., мясцовых 2003 г., парламенцкіх 2004 г.) легітымізавала версію, прынятую на рэферэндуме ў лістападзе 1996 г., ператварыўшы развагі пра незаконнасць таго рэферэндуму ў чыста інтэлектуальнае практыкаванне.

Перафразую тое, што пісаў 11.03.2019, нават падкрэслю: зараз трэба думаць пра тое, як захаваць лепшае з тэксту, прызнанага Лукашэнкам, дый пра тое, як перамагчы аўтакратаў на іхняй пляцоўцы. Марыць жа пра вяртанне на 25 год назад, як мінімум, бескарысна. Кажучы словамі Алеся Чобата, гэта «спроба вярнуць час, якога даўно няма, які страчаны бяздарна і па-пустому. Нібы ў дзіцячай гульні ў шахматы: “Дай мне перахадзіць, бо я ня так падумаў!”»

…Але зноў пра сацыял-дэмакратаў. Калі хто не ведаў, ёсць жа ў Беларусі і трэцяя «іхняя» партыя! У ёй (паводле партыйнага сайта) амаль 3000 членаў.

Летась БСДГ стварала інфармацыйныя нагоды дзякуючы свайму кіраўніку Станіславу Шушкевічу, 1934 г. нар., які то сыходзіў з пасады, то не сыходзіў. У лістападзе 2018 г. С. Ш. такі ператварыўся ў «ганаровага старшыню», а яго месца заняў бізнэсовец Сяргей Чэрачэнь, 1985 г. нар., які будзе казаць, што «многія выдаткі, якія нясе партыя – гэта траты з майго асабістага бюджэту». Мінула звыш 100 дзён з яго абрання; рэальнай актывізацыі БСДГ не заўважана. Праўда, у студзені партыйцы пастанавілі ўдзельнічаць у кампаніі па запаўненні палаты прадстаўнікоў, бо, як сцвярджае лідар, «калі мы не ўдзельнічаем у гэтых выбарах – нас проста няма». Відавочна, і гэтай групоўцы не да мінскіх вадзіцеляў… Навіна на сайце ад 16.02.2019: «Літва ўзнагародзіла Станіслава Шушкевіча медалём». Потым больш за месяц нічога не было.

Выявілася, што ў Цэнтральную раду БСДГ уваходзяць мой даўні знаёмец, аматар шахаў Міхась Булавацкі, і вядомы паэт Сяргей Законнікаў. Яго свежы артыкул з газеты «Свободные новости плюс» сёе-тое гаворыць пра стан суполкі.

С. Законнікаў крытыкуе інтэрв’ю Н. Эйсмант на АНТ (07.03.2019):

Прэс-сакратар заявіла: «Диктатура – наш бренд!»… У нармальнай краіне пасля такой правакацыі на вуліцу выйшлі б сотні тысяч грамадзян, а на службовую асобу, якая агучвае замах на Канстытуцыю, была б заведзена крымінальная справа.

Як быццам развагі (тут з 18:00 – «мне здаецца, мы так часта вымаўляем гэтае слова, што дыктатура – гэта ўжо наш брэнд!») страшнейшыя за саму дыктатуру… Не бачу прычын для крымінальнага пераследу за меркаванне, і чым болей будзе падобных прапаноў – заводзіць справы за выказванні, хай неразумныя і брыдкія – тым далей мы апынемся ад «нармальнай краіны», што б гэта ні значыла…

С. З.: «Магчымасць пратэставаць супраць здзеку над галоўным артыкулам Канстытуцыі, над незалежнасцю краіны, нашай нацыянальнай і чалавечай годнасцю ёсць. Скажам, не пашкадаваць грошай на канверт і выказаць сваю пазіцыю. Хай дыктатура захлынаецца ў папяровым віры так, як людзі ў несвабодзе і нястачы!»

Пераход, вядома, рэзкаваты: ад крымінальнай справы да пратэсту ў канверце. Няўжо за столькі гадоў не ўсе высветлілі, што эмацыйныя звароты ў «Чырвоны дом» не даюць плёну аўтарам (іх проста футболяць), затое адміністрацыя потым хваліцца зваротнай сувяззю як знакам даверу да «вышэйшай улады»? Апрача таго, з’яўляюцца падставы наймаць дадатковых клеркаў для апрацоўкі карэспандэнцыі – здагадайцеся з аднаго разу, за чый кошт.

Характэрна, што член Цэнтральнай рады не дабіўся ад сваёй партыі, каб тая асудзіла заявы Н. Эйсмант, не прапанаваў чытачам газеты, якім дадзявае дыктатура, мацаваць салідарнасць на мікраўзроўні… А мо спадзеў на «папяровы вір» – усё, на што здольная БСДГ тут і цяпер? 🙁

О так, ёсць у Сінявокай істотны запыт на сацыял-дэмакратычныя ідэі – ды цяперашнія партыі наўрад ці яго задаволяць. Каб жа ўсё жывое з трох названых арганізацый сабралося ў адну суперсуполку? Не выключаю і таго, што на грунце нізавых ініцыятыў паўстане новая палітгрупоўка – з частковым дубляваннем прафсаюзных функцый (як некалі Беларуская партыя працы).

Ні разу не блізкая мне пазіцыя «аналітыка» Валера К., якому не верыцца, што Рыгорыч сыйдзе ў 2025 г.: «Баюся, ня з нашым шчасьцем». Казаць так = недаацэньваць суайчыннікаў ды ігнараваць логіку падзей. Капіталізм у РБ напірае; многім бізнэсоўцам абрыдлі «кропкавыя пасадкі», і яны фінансуюць (пара)палітычныя «мерапрыемствы» ў большай ступені, чым у 2000-х. У 2020-х іх палітызацыя праявіцца яшчэ больш выразна.

Апрача паўналецця «нашчадка Туцці», у наступную пяцігодку сістэму чакае яшчэ адно выпрабаванне – адыход ад спраў вернай Ярмошынай. Гэтая дама апошнім часам брала на сябе мнагавата (выказванні тут і тут) – так бывае напярэдадні адстаўкі. У любым разе, як бы яна ні казырылася, гады-гады бяруць сваё, і ў 70 Лідзія Міхайлаўна не здолее выконваць сваю… ну, не зусім чыстую работу з такім жа імпэтам, як у 50.

* * *

Віктар Клімчук такі паставіў спектакль пра Шагала (Марка, а не экс-пасла Ізраіля) ў віцебскім лялечным тэатры. Назва – «Мастак. Вяртанне ў Віцебск», падзагаловак: «Рэмінісцэнцыі pro domo sua». Мудрагеліста…

Скрын з megavenue.by

Крыху болей пра задуму рэжысёра + эпізоды з пастаноўкі – на сайце «Радыё Рацыя».

«Вольфаў цытатнік»

«Рок-музыка ў Беларусі, дый у прынцыпе музыка ў гэтай краіне – гэта разменная манета. Ты часта не можаш проста пісаць і спяваць. Усім з усіх бакоў здаецца, што ты нешта павінен менавіта ім. Прытым што звычайна сітуацыя якраз адваротная» (Аляксандр Памідораў, 09.03.2019).

«Беларусы ні за якія тульскія пернікі не адмовяцца ад сваіх родных дранікаў» (Аляксандр Лукашок, 14.03.2019).

«Пра любы досвед улязання ў чужую скуру забываеш праз пяць мінут, калі жывеш у свеце, які перажывае крызіс чалавечнасці, у свеце, дзе кожны другі не хоча зразумець кожнага першага» (Марына Ярдаева, 16.03.2019).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

19.03.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 19.03.2019  20:06 

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (79)

Ізноў здароў! Месяц мінуў, а курапацкі вузел не развязаны, сустрэча ўласнікаў рэстарацыі і пратэстоўцаў, якая мелася адбыцца 29 чэрвеня, сарвалася. Дайшло надоечы і да арыштаў на 10 сутак

Абодва бакі дэманстравалі ўпартую зацятасць (ці зацятую ўпартасць), а іх прыхільнікі часам рабілі інфантыльныя крокі. Чаго варты «наезд» тутэйшага каблана Аркадзя Ізраілевіча на дэпутатку Алену Анісім, нібыта адказную за публікацыю недасканалага расследавання ў газеце «Новы час». Потым бізнэсовец прызнаў, што нагаварыў лішняга, але «асадачак застаўся». Газета ў адказ вынайшла новую прычыну прыцягнуць Ізраілевіча за вушы да будоўляў 2010-х гг. – у 2005 г. адзін з яго супрацоўнікаў, шараговы член навукова-метадычнай рады пры міністэрстве культуры РБ (усяго там было 8 чалавек), ухваліў «эскізны праект» прыдарожнага сэрвіса на 51-м кіламетры мінскай кальцавой дарогі. Здавалася б, пры чым тут рэстаран, адкрыты сёлета зусім іншай фірмай?

Больш канструктыўна выглядаюць ідэі Міколы Арцюхова, аднаго з заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (у 2004–2007 гг. – сустаршыня): «Пачаць перамовы з Поедем поедим. Прыняць ад іх 2 домікі пад музей (мо перанесці ў цэнтр?) і фінансаванне мемарыяла-капліцы. Забавязаць адгарадзіцца трох-пяціметровым супрацьшумавым плотам. Дамовіцца, каб у іх была рэкламная стойка Мемарыяла, прапанаваць паўдзельнічаць у мемарыялізацыі астатніх 11 (17) месцаў генацыду мясцовага насельніцтва з боку НКВД СССР» (25.06.2018). Адказ Ганны Шапуцька («Адгароджвацца нельга, згодна з Кодэксам аб культуры. Гэта гісторыка-культурная каштоўнасць, і яна павінна быць бачна з усіх бакоў») не пераканаў мяне; калі ёсць жаданне кампрамісу, то знаходзяцца і магчымасці.

А вось Зміцер Дашкевіч – якому даўно за 35, а ён усё гукае ад імя «Маладога фронту» – то фактычна падбухторвае няспелыя розумы спаліць рэстарацыю, то пераносіць няўклюдныя паводзіны грамадзяніна РБ Ізраілевіча на Ізраіль – «Ізраэль» у аўтарскім напісанні… З сакавіка 2014 г., часу, калі Зміцер выйшаў на Дзень волі з партрэтамі Булак-Балаховіча ды Шухевіча, сумотна мне назіраць за эвалюцыяй гэтага «палітыка» – суцяшае хіба тое, што бываюць і горшыя.

…Хто пра што, а лысы пра расчоску. Канфлікты вакол Курапатаў сталі для мяне чарговым доказам таго, што «яўрэйская абшчына» ў Беларусі – ніякая… Былі ў яе шансы мабілізавацца ў 2001 г., калі разбуралася сінагога на Дзімітрава, 3 – але ў выніку разбурэнню рэальна спрабавалі перашкодзіць тры чалавекі, адзін з якіх на наступны дзень «саскочыў», назіраючы за пікетам ля Мінгарвыканкама з бяспечнай адлегласці.

На фоне вялікага скандалу і шматлікіх пратэстаў, у тым ліку ад 75 (! – са 109 магчымых) дэпутатаў палаты прадстаўнікоў, у калегаў была магчымасць парушыць камфорт «галоўнага яўрэя Беларусі», які давёў справу да разбурэння гістарычнага помніка на Дзімітрава й душыў ініцыятыву абаронцаў… Але ў 2004 г. на з’ездзе ў Гарадзеі яго перавыбралі аднагалосна – з крытыкай жа многія дэлегаты абрынуліся на «Мы яшчэ тут!», дзе выкрывалася неадэкватнасць «лідара». Па завядзёнцы, у сваім коле – ніхто нават не рызыкнуў звязацца з рэдакцыяй «паклёпніцкага выдання», а пагатоў падаць у суд, як гразіліся 🙂

Пасля гэтай гісторыі не здзівілі ўжо ні хабёльства «прафесійных яўрэек» на «Яме» ў 2006 г., ні рэакцыя на брыдкія заявы Рыгорыча ў 2007 годзе (у гэтым бяззубым прэс-рэлізе асабліва «дастаўляе» перавод стрэлак на Скобелева)…

«Авив», № 7-9, 2007. Ага, сцвярджэнні на прэс-канферэнцыі самі прагучалі 🙂

…ні лёгка праглынутае знішчэнне будынка драўлянай сінагогі ў Любані 2009 г., ні кааптацыя П. І. Якубовіча, на якім к таму часу не было дзе ставіць пробы, у склад «Савета абшчыны» ў сярэдзіне 2010-х гг. (ён і цяпер там) 🙁

І вось у чэрвені 2018 г., замест важкіх словаў пра Курапаты, дзе, сярод іншых, ляжаць і яўрэі, – працяглая паўза… Урэшце, вучань тав. Левіна, «галоўны прагрэсіўны рабін», заявіў, што «ёсць неабходнасць зрабіць мемарыял па прыкладзе Трасцянца, каб тыя, хто прыйшоў, ведалі, што тут адбылося». Засталіся адкрытымі пытанні, як «народны мемарыял» (шматлікія крыжы, помнік загіблым іудзеям і мусульманам, пастаўлены ў 2004-м…) інтэграваць у «Трасцянец-2», што рабіць з рэстаранным комплексам, блізкім да ўрочышча… Пазней (20.06.2018) Р. Абрамовіч, наведаўшы рэстарацыю ў спрэчнай зоне, вымавіў: «І ты маеш рацыю, і ты маеш, і я маю, як у анекдоце. Так, побач Курапаты, але побач і кальцавая дарога… Так, патрэбен музей, але як і хто гэта пачне?» Марнаслоўе з дамешкам рытарычных пытанняў – даволі танны спосаб здавацца мудрым…

«Рабініха» праявіла сябе яшчэ больш яскрава. Нават не рызыкну перакладаць гэтыя напаўпісьменныя плёткі «в виде версий» на беларускую.

Наконт звестак ад ДАІ (дапусцім, дама рэальна дзейкала з міліцыянтамі…). Сярод тых, на каго складаліся пратаколы – Наталля Гарачка, Алесь Лагвінец, Вольга Нікалайчык, Павел Севярынец, Юрый Чавусаў, іншыя жыхары Мінска. Пакінем у баку намёк на тое, што лёс урочышча Курапаты павінен хваляваць найперш мінчукоў – а чаму ў такім разе не жыхароў Мінскага раёна, да якога яно тэрытарыяльна адносіцца (?!).

Не да таго хілю, што Грыша Абрамовіч павінен адказваць за выбрыкі Ірыны. Проста яна славіцца як адна з элітных прадстаўніц «абшчыны» – дзясятак гадоў працавала ў «культурнай» суполцы «Эмуна», зараз курыруе працу з падрастаюшчым пакаленнем у аб’яднанні прагрэсіўнага іудаізму… Калі такое вярзе і так ставіцца да людзей «эліта» яўрэйскіх арганізацый РБ, то які ж там будзе сярэдні ўзровень? (Таксама не ўтрымаўся ад рытарычнага пытання, але прыватнай асобе даравальна, дый не пнуся ў аўтарытэты.)

Мінская актывістка Інэса Ганкіна самакрытычна напісала ў фэйсбуку трохі з іншай нагоды: «Магчыма, яўрэі Беларусі заслужылі тую абшчыну, якая ёсць! З усімі яе плюсамі і мінусамі». Не, я не лічу, што заслугоўваю такой «абшчыны», гнілой адсоткаў на 80-90. Раней больш актыўна спрабаваў займацца яе санацыяй, цяпер – менш. Аднак, пакуль жыву ў Беларусі, не збіраюся заплюшчваць вочы на негатыўныя з’явы. Насуперак таму, што сёлета 9 мая ля «Ямы» раіла экс-рэвізорка «абшчыны», якая прачытала-такі мой артыкул 2015 г. пра Левіна і левіншчыну: «У чымсьці справядліва… Але ты не маеш рацыю, выносячы смецце з хаты». Аз ох ун вэй, сцены скора паваляцца пад грузам смецця, схамяніцеся ўжо…

Большасць жыхароў Беларусі ўсё адно бачаць «нас» як абшчыну, і варта было б кіраўнікам яўрэйскіх арганізацый неяк будаваць яе ў няпростых умовах ХХІ ст., няхай і з аскепкаў… З чаго пачаць? Напэўна, усё ж не з пасярэдніцтва ў калякурапацкіх справах. Наўрад ці Леанід Зайдэс раіўся з рабінамі ды тутэйшымі «баронамі», калі будаваў свой рэстаран, таму не іх справа разрульваць шумную спрэчку.

Паўнакроўнае адраджэнне мовы ідыш, як паказала млявая рэакцыя на прапановы 2016 г., у Беларусі ўжо наўрад ці магчымае, і нездарма гісторык разважае пра музей як найбольш дарэчнае для ідыша месца. З вяртаннем і ўтрыманнем сінагог таксама не ўсё адназначна: вернікам і аматарам традыцый працэс патрэбен, але большасці – амаль усё роўна, пагатоў старыя будынкі, як правіла, вымагаюць немалых грошай на рамонт. Але, думаю, ніхто з беларускіх яўрэяў не аспрэчыць, што варта пашыраць прысутнасць «нашых» у тапонімах.

Сёе-тое для таго, каб выбітныя яўрэі (або, радзей, яўрэйскія матывы) фігуравалі ў назовах вуліц, апошнім часам рабілася. Так, не ўдалося ў пачатку 1990-х дабіцца вяртання ў Мінск вуліцы Яўрэйскай (з 1934 г. Калектарная) – затое ў 1996 г. з’явілася Іерусалімская, у 1998 г. – Заіра Азгура, у 2003 г. – Льва Выгоцкага, у 2005 г. – Міхаіла Гебелева… Але ж і цяпер доля вуліц з «яўрэйскімі» назовамі не адпавядае ўнёску, зробленаму яўрэямі ў развіццё Мінска цягам стагоддзяў. Ёсць шанс забіць мядзведзя.

Ці не найлепей з буйных гарадоў адлюстраваны «яўрэйскі ўнёсак» у Віцебску, дзе ёсць, прынамсі, аж некалькі вуліц Змітрака Бядулі 🙂 Па адной – Самуіла Багарада, Імануіла Велікоўскага, Іосіфа Бумагіна, Лазара Лагіна, Аркадзя Маўзона, Марка Фрадкіна, Марка Шагала (плюс праезд Шагала). Асабліва важным лічу згадаць вуліцу, названую ў 2015 г. імем знакамітага баксёра і трэнера Абрама Брына, бо сёлета 12 чэрвеня яму споўнілася б сто гадоў (спартсмен памёр у 2004 г.). Яшчэ ў 2009 г. у гонар Брына на віцебскай вуліцы Леніна ўрачыста павесілі мемарыяльную дошку.

Як бачыцца, у прынцыпе з мясцовымі ўладамі працаваць можна – не ўсе і не паўсюль адфутбольваюць карысныя ініцыятывы. Для пачатку можна было б арганізаваць «унутранае» абмеркаванне на тэму, якія знакамітыя яўрэі заслугоўваюць увекавечання ў беларускай тапаніміцы, няхай бы нават праз газеты «Авив» (наклад 250 экз.) і «Берега» (100 экз.). Потым «абшчына», прадстаўленая міжарганізацыйным камітэтам з удзелам навукоўцаў, магла б сістэматызаваць прапановы і публічна «ўпісацца» за іх.

Дзякуючы Андрэю Дубініну звярнуў увагу на японскае мастацтва кінцугі – адмысловае склейванне посуду: «Замест таго каб маскаваць паломку, кінцугі аднаўляе зламаны аб’ект, эстэтычна запаўняючы месца пашкоджвання спецыяльным швом і захоўваючы гісторыю аб’екта. Кінцугі – гэта мастацтва залатога шва: калі не можаш нешта схаваць, то паспрабуй зрабіць з відочнага дэфекта прыгажосць».

Фота з pikabu.ru

Ці зацікавяцца мясцовыя натаблі «яўрэйскім кінцугі» не на словах, а на справе? Папраўдзе, сумняюся.

Тым часам пасаду старшыні беларускай федэрацыі хакея, займаную ў 2017–2018 гг., пасля фіяска на чэмпіянаце свету пакінуў Сямён Шапіра. Шмат гадоў быў ён і міністрам сельскай гаспадаркі, і старшынёй аблвыканкамаў (Гродзенскага і Мінскага), раздаваў «каштоўныя парады» гісторыкам, а на хакеістах зубы абламаў… Цяпер кажа, што хакеем павінны займацца прафесіяналы. Што замінала зразумець тое раней і адмовіцца ад «новага прызначэння» ў маі 2017 г.? Хіба пераацэнка сваіх сілаў, а яшчэ страх перад начальствам, няўменне казаць «не», на якім у свой час пагарэў, сярод іншых, cавецкі яўрэйскі паэт Ізі Харык… Яму партыя КХП-БНФ мерыцца паставіць асобны памятны знак у Курапатах.

Доктар сельскагаспадарчых навук выявіўся адным з многіх не(да)кампетэнтных кіраўнікоў эпохі позняга лукашызму. Суцяшае, што пачуццё адказнасці за сваю працу ў яго канчаткова не знікла, і ў гэтым сэнсе «віцэ-прэм’ер» Васіль Жарко з яго жалюгоднымі адмазкамі (маўляў, не ведаў пра карупцыйныя схемы ў падначаленым міністэрстве аховы здароўя) мог бы пайсці Шапіравым шляхам. Дый не толькі Жарко – бярыце вышэй…

Пра бедныя навуку з адукацыяй. Кажуць, у свеце траціна даследчыкаў запэцканыя ў плагіяце і/або фальсіфікацыях. Колькі ж такіх у Беларусі? Тэма балючая, не раз закранутая ў серыяле, але «Васька слушает…»

Супрацоўнік мінадукацыі РБ, фэйкавы палітолаг Андруша Л., стаміўшыся выдумляць нешта новае дзеля дыскрэдытацыі апанентаў, на тым тыдні перапісаў кпіны з «Луркамор’я», сайта, закрытага ў Беларусі (праўда, не для ўсіх :)):

Вось «злонравия достойные плоды» яно як бывае, калі на дзяржаўную працу бяруць людзей без маральных тармазоў.

Але ёсць і добрая навіна: у Гродзенскай вобласці ёсць Іўеўскі музей нацыянальных культур, а ў ім з пачатку года – выстаўка «Беларускія яўрэі». Усе ў Іўе, панове!

Вольф Рубінчык, г. Мінск

02.07.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 02.07.2018  17:59

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (70е)

Пурымскі шалом! Выбары з жудкімі кулінарнымі інсталяцыямі адгрымелі. Не прамінаю адзначаць, колькі лухты вярзецца пра беларускі палітыкум.

Прачытаў у калегі Уcава панікёрскае: «Выбары ў мясцовыя саветы ясна паказалі, што беларускі аўтарытарны рэжым не збіраецца ні паслабляць палітычны кантроль, ціск на грамадства і маніпуляцыі, ні дзяліцца ўладай, няхай мясцовай, дробнай, нязначнай, нават з тымі, хто так заўзята ёй прыслугоўвае… Ліміт лібералізацыі рэжыму вычарпаны, беларуская сістэма ўступае ў перыяд унутранай мабілізацыі, у якім ужо не будзе месца для мяккага заляцання да апазіцыі і Захаду». Ну, я ўвогуле супраць таго, каб менаваць альтэрнатыўныя сілы ў Беларусі «апазіцыяй»; гэты ярлык прыляпіўся з 1990-х, калі дзеяла «апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце», і дагэтуль не хоча адшкрабацца. Між тым само слова гістарычна, аж з 1920-х гг., адсылае да канфліктагеннай меншасці, і той, хто яго ўжывае, міжволі або сумысля намякае на тое, што людзі ва ўладзе карыстаюцца падтрымкай большасці. А наконт таго, што «рэжым» не збіраецца дзяліцца… Пагалоскай стаў прыклад Валерыя Білібухі, лесаруба з «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі», які другі раз запар прайшоў у сельсавет Бярозаўскага раёна. Непадобна, каб кандыдаткай ад улады была Роза Стрэльчанка з Капліч Калінкавіцкага раёна, якая трапіла ў сельсавет, баронячы мясцовую школу. Маці траіх дзяцей, інвалід ІІІ групы, яна не цураецца зваротаў у няўрадавыя СМІ, таму, відаць, і атрымала па тэлефоне з Гомельскага аблвыканкама «віншаванне з перамогай» разам з пагрозай «у псіхушцы будзеце ляжаць, мы знойдзем падставу».

В. Білібуха і Р. Стрэльчанка, фота з racyja.com i tut.by

Гэткіх Валераў і Роз у прадстаўнічых органах па ўсёй краіне знойдзецца нямала, хай «энэрджайзеры» і не належаць да зарэгістраваных «апазіцыйных» партый, а тым болей да «Беларускага нацыянальнага кангрэсу». Хоча цэнтральная адміністрацыя або не, апошнім часам яна вымушаная аддаваць мясцовыя праблемы на «аўтсорсынг» бізнэсу, грамадскім суполкам або звычайным актывістам; татальны кантроль над грамадствам у Беларусі – ілюзія, у тым ліку і з названай прычыны.

У Мінгарсавет не трапілі вядомыя дзеячы АГП і БНФ, затое прайшоў, мяркуючы па прозвішчы, «наш» чалавек – адзін з самых уплывовых мясцовых прадпрымальнікаў Уладзімір Хейфец. Як бы ён ні ставіўся да «ветэранаў апазіцыйнага руху» (спойлер: ставіцца кепска), разумна гучаць яго развагі: «Сёння 70% бюджэту горада напаўняецца за кошт падаткаў бізнэсу. То бок бізнэс мае права нешта рэкамендаваць, ён вырас з кароткіх порткаў, і з яго меркаваннем неабходна лічыцца… Мінску трэба даць больш свабоды: вулічным музыкам, прыгожым шапікам з марожаным і сувенірамі». Ужо тое, што бізнэсмен (пасля сумных гісторый з Валерыем Кругавым, Андрэем Клімавым, Юрыем Даньковым…) пайшоў ва ўладу, трэба разглядаць як смелы крок – і ў прынцыпе вітаць. Канкрэтныя ж вынікі пасяджэнняў і дэпутацкіх запытаў з удзелам Хейфеца будуць, хутчэй за ўсё, скромныя.

Прыхільна я ставіўся да «Маладога фронту» ў пачатку 2000-х гадоў; не думаў тады, што выпадзе спрачацца з учынкамі-заявамі яго былых камандзёраў. Асабіста нічога не маю супраць Змітра Дашкевіча. Чуў яго жартоўны выступ на прэзентацыі кнігі Паўла Севярынца «Беларусалім» у лістападзе 2017 г., пацешыўся з таго, што экс-палітвязень такі дасціпны. Але ж яго меркаванне пра стан беларускамоўных у РБ – чад… Перадаю з захаваннем арфаграфіі арыгіналу:

Сучасная беларуская дзяржава дваццаць тры гады здзяйсьняе этнацыд беларускага народу. Адно тое, што ў Беларусі па-беларуску вычыцца 0,3% студэнтаў ВНУ – адно гэта прысуд кіраўніцтву краіны.

Прыклады этнацыду беларусаў «беларускай» жа дзяржавай можна прыводзіць бясконца. Чаму ніводны дакумент у дзяржустанове не дублюецца па-беларуску? Чаму ніводны чыноўнік не размаўляе са мной па-беларску, калі я да яго на мове зьвяртаюся? Чаму бацькі вымушаны ваяваць за беларускамоўныя садочкі? Чаму 10-мільённы беларускі народ ня мае ніводнай беларускамоўнай ВНУ? А вы чыталі сьведчаньні пра беларускамоўных дзяцей, сабраныя Вадзімам Пракопчыкам і Аляксандрай Баярынай? Як назваць такую палітыку? Давайце прызнаемся, гэта этнацыд.

Не маю вялікіх сімпатый да сучаснай РБ, але казаць, што яна 23 гады займаецца этнацыдам, г. зн. мэтаскіравана вынішчае беларусаў як народ – жорсткае перабольшванне. Прыклады не пераконваюць: дакументы ў дзяржустановах часам (усё часцей) дублююцца па-беларуску. Хоць і не без цяжкасцей, я дабіўся перакладу шэрагу судовых рашэнняў яшчэ ў 2001–2004 гг., а пазней сітуацыя змянілася да лепшага. У 2007 г. па просьбе прадстаўніка «Водаканалу» пераклаў узор дамовы з кліентам… Адзін з кліентаў настойваў, каб дамова была на «першай дзяржаўнай», яму пайшлі насустрач, успомнілі пра знаёмства з перакладчыкам 🙂

Белмоўныя пісулькі з дзяржустаноў

Мяркую, і поўнае нежаданне чыноўнікаў размаўляць па-беларуску, адзначанае З. Д., – у лепшым выпадку недакладнасць. Са мной дык размаўлялі ў камітэце па справах рэлігій і нацыянальнасцей, у міністэрствах культуры, інфармацыі… Пісьмовыя ж адказы з дзяржаўных арганізацый прыходзілі апошнім часам амаль заўжды па-беларуску.

Свежы прыклад – кур’ёзная перапіска з Нацыянальным агенцтвам па турызму… Помніце, у мінулай серыі я паўшчуваў НАТ за адсутнасць англамоўнай агучкі рэкламнага роліка «Belarus. Above expectations»? 26.02.2018 атрымаў адказ: «Сапраўды, адзін з нашых супрацоўнікаў напісаў, што ролік будзе пераведзены на англійскую мову ў тым ліку. Пераклад быў зроблены. Дасылаем Вам спасылку на англамоўны ролік:

Дзякуй за ўвагу да дзейнасці НАТ!» 27 лютага я адказаў: «Будзеце смяяцца, але па рэкамендаваным адрасе змешчаны той жа беларускамоўны ролік, які я бачыў у студзені 2017 г. і на які адгукнуўся тут: https://belisrael.info/?p=9337 :))) Нават без субтытраў па-англ.» НАТ, да гонару яго, адрэагавала праз е-mail у той жа дзень: «Ніжэй карэктная спасылка на англамоўны ролік. Гэта дакладна.

Праўда, пераклалі са скарачэннем амаль у 2 разы (2:40 замест 5:03), і ўцямнай тэкстоўкі не выйшла. Адылі ж фармальна абяцанка выканана – дзякуй і за тое.

І пра бацькоў беларускамоўных дзетак… Бацькі, як правіла, не хаваюць складанасцей жыцця ў сучаснай Сінявокай, ды многія з іх усё ж глядзяць у будучыню аптымістычна. Хіба разумеюць, што вечныя нараканні на гаротны лёс (або «этнацыд») могуць толькі пагоршыць становішча з мовай, бо тая будзе асацыявацца перадусім з «прыніжанымі і абражанымі», а такая асацыяцыя адштурхне люд паспаліты.

* * *

З. Дашкевіч прапанаваў, каб «мы рэчы называлі сваімі імёнамі». Што ж, назаву… Яго допіс – праява клікушаства, а таксама гіпербалізацыі моўнага фактару, уласцівай, зрэшты, цэлым пакаленням тутэйшых пратэстоўцаў. Згадайма экс-дэпутата Вярхоўнага Савета, намстаршыні КХП-БНФ Юрася Беленькага з яго супертэзісам 2014 г.: «Размаўляючы па-руску, ты пасіўна знішчаеш беларусаў». Цікава, што многія прадстаўнікі вышэйзгаданай апазіцыі БНФ у 1990-х гадах і размаўлялі па-руску, і выступалі з рускамоўнымі спічамі ў Вярхоўным Савеце.

Сам я ў 2000-х прайшоў этап, калі хацелася скрозь і ўсюды чуць беларускую, калі настойваў на гэтым. Зараз упэўнены, што для нацый прага свабоды і салідарнасць важнейшая за мову. У канцы 1920-х большасць жыхароў Беларусі размаўляла па-беларуску, але гэта не ўратавала іх ад сталінскага тэрору; гэтаксама распаўсюджанасць украінскай на пачатку 1930-х не стала перашкодай для галадамору. У Туркменіі і Паўночнай Карэі сітуацыя з тытульнымі мовамі, здаецца, куды лепшая за беларускую, аднак ці многія нашы суайчыннікі жадалі б там атабарыцца? З іншага боку, Ірландыя, дзе, як і ў Беларусі, ва ўніверсітэтах «тытульная» ніколі не дамінавала, жыве і ў вус не дзьме…

А вось вяшчае Мікола Статкевіч (не пра мову, але мо лепей бы пра мову…): «спроба падачы [заявы] на рэгістрацыю [палітычнай партыі] гэта платны данос. Вы даяце ўладам сьпіс сваіх сяброў зь месцам жыхарства, плаціце за гэта грошы і потым рэпрэсіўны апарат пачынае “працаваць” з гэтымі людзьмі». У той жа час сп. Мікола сцвярджае, што «ў нас застаўся зараз адзіны дзейсны палітычны рычаг гэта вуліца», і дакарае «апазіцыйныя партыі» за тое, што ў 2011–2015 гг., пакуль ён быў у зняволенні, яны не правялі ў цэнтры Мінска «ніводнага мітынгу». Дык прыйсці на несанкцыянаваны мітынг – а ў цэнтры сталіцы збірацца альтэрнатыўным сілам дазволу звычайна не даюць – больш апасна, чым падпісацца за стварэнне партыі! Мітынгоўцаў, удзельнікаў шэсцяў, як правіла, здымаюць на камеру. Яны рызыкуюць трапіць «на суткі» або дастаць вялізны штраф, між тым гэтыя карныя меры звычайна не ўжываюцца да падпісантаў розных папер… Ці во довад М. С. пра мітынг на маскоўскай Краснай Плошчы 25.08.1968: «У 1968 годзе пратэставаць супраць акупацыі Чэхаславаччыны выйшлі 5 чалавек. І гэта мела магутны эфэкт». Па-першае, не 5, а 7 (або нават 8), па-другое, расклад у брэжнеўскім СССР быў іншы, дысідэнцкіх выклікаў баяліся больш…

Выглядае, і гэты палітык перабольшвае значэнне – толькі не мовы, а вулічных пратэстаў. Апошнія маюць быць «дахам», а не падмуркам палітычнай чыннасці; пра тое, што мае быць падмуркам, не раз пісалася ўжо.

П. Усаў, З. Дашкевіч, М. Статкевіч – імпэтныя асобы, аўтарытэтныя ў сваіх колах. Іхная энергія магла б выкарыстоўвацца з большым ККД. На жаль, не… Тое ж датычыць і С. Алексіевіч, якая зараз дапамагае збіраць грошы на сваё «пяцікніжжа» ў перакладах на беларускую. Нобелеўская лаўрэатка падпісалася пад словамі: «Выданні на беларускай былі, але не было добрых»; як на мой густ, рэпліка непаважлівая адносна ранейшых выдаўцоў & перакладчыкаў. Між тым «інтэлектуальны клуб» пад крылом лаўрэаткі, адкрыты ў снежні 2016 г. з вялікай помпай, дыхае на ладан (пасяджэнняў не было 3 месяцы). Год таму пасяджэнне з удзелам Руты Ванагайтэ наведаў і я. Не тое каб на многае прэтэндаваў у гэтай сувязі – клуб жа прыватны, і С. А. мае права закрыць яго ў любы момант – аднак свае планы лепей бы тлумачыць… Усё ж слухачамі былі жывыя людзі, а не «народнае цела».

Экзотыкай падкормлівае мясцовых жыхароў пасольства Ізраіля з дапамогай мастацтвазнаўцы Яфы Меір: у Палацы рэспублікі адкрылася выстаўка… размаляваных пляжных тэнісных ракетак «Зроблена ў Ізраілі». Нічога супраць тэнісу не маю, але для святкавання юбілею дзяржавы можна было б прыдумаць нешта іншае… Пад Пурым прыпамінаю, што на вялікай выставе да 50-годдзя Ізраіля ў Тэль-Авіве паказваліся, сярод іншага, карыкатуры ізраільскіх мастакоў. Наведвальнікам выдавалі каталог – свой асобнік я потым некаму падараваў.

Карацей, чаму б, апрача ракетак, не паказаць штось больш актуальнае, блізкае жыхарам Беларусі? Пытанне шмат у чым рытарычнае: пасольства здаўна працуе паводле прынцыпу «абы ціха было».

Крэатывы Рамана Цыперштэйна з Пінска (патэнцыйныя налепкі на пляшкі з акавітай)

Такі вясёлага Пурыму!

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

01.03.2018

Апублiкавана 01.03.2018  06:51