Tag Archives: Куропаты

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (114)

Усім і кожнаму – шалому! Мадам, якую мы абсмяялі ў той серыі, ужо, здаецца, сцеле сабе прафілактычную саломку. Прызнала, што парламенцкія выбары ў лістападзе будуць (калі будуць…) датэрміновымі, але яна «ні пры чым»: «Я б, можа быць, і апасалася рэакцыі, калі б гэта было рашэнне ЦВК. У дадзены момант мы з’яўляемся выканаўцам, тэхнічным органам». Тут напрошваецца пытанне, ці не замнога ў такім разе брала на сябе прадстаўніца тэхнічнага органа, калі разважала, напрыклад, пра «выхаванне выбаршчыкаў» праз адміністратыўны рэсурс? Але пры цяперашнім раскладзе яно будзе рытарычным. Зрэшты, сістэма крышыцца на вачах: нават Павел Ізотавіч ад яе адгроб, прынамсі ў курапацкім разрэзе… Мо і Лідзія-як-яе-там скора дасць інтэрв’ю, у якім раскрытыкуе «генштаб»?

Калі затрымліваюцца па падазрэнні ў хабарніцтве экс-начальнік службы аховы прэзідэнта, ён жа – нам. старшыні Савета бяспекі, і гендырэктар «Белтэлекама», гэта значыць, што ключавыя пасады праз 24 гады пасля «вялікай перамогі Лукашэнкі» (і праз 16 гадоў пасля «канцэптуальнага павароту» – дэкларацый пра існаванне дзяржаўнай ідэалогіі) займаюць, мякка кажучы, не зусім тыя… На іх накінуліся несправядліва? Лішні доказ таго, што цвіль яшчэ вышэй. Чакаць паляпшэнняў пасля пятых «перавыбараў» палітыка, якому к таму часу грукне 66? Пазбаўце.

Міжволі тут задумаешся, хто прыйдзе на змену. Чытачы серыяла ведаюць, які я пераборлівы: звяртаў увагу на заганы як сацыял-дэмакратаў, так і правацэнтрыстаў (АГП, рух «За свабоду»). Зараз – колькі слоў пра яшчэ адзін элемент «правацэнтрысцкага блоку», Беларускую хрысціянскую дэмакратыю; дакладней, пра яе лідараў.

Паводзіны сустаршыні БХД Вольгі Кавальковай у сувязі з «Чарнобыльскім шляхам» (месяц таму разам з іншымі актывістамі падрыхтавала ў Мінгарвыканкам заяўку на шэсце 26 красавіка ў Мінску; калі «раптоўна» высветлілася, што трэба плаціць за паслугі міліцыі, еtc., аргкамітэт 25.04.2019 адклікаў заяўку, а Вольга распавяла: «Цяперашні фармат “Чарнобыльскага шляху” зжыў сябе») дужа нагадваюць пра лісу і вінаград з вядомай байкі Крылова. Але, можа быць, нейкі патаемны сэнс ва ўсіх гэтых кроках быў? Як той казаў: «Вайна – фігня, галоўнае – манёўры».

З Вольгай К. асабіста не знаёмы, а вось прэтэнзіі Паўла Севярынца – яшчэ аднаго сустаршыні БХД, якога цаню як пісьменніка – да Беларускага ПЭН-цэнтра, зачапілі болей. Нагадаю: нервовы эмацыйны пост П. С. з’явіўся ў фэйсбуку 22.04.2019 і ўзняў хвалю каментароў – і спачувальных, і не.

Я ніколі не імкнуўся далучыцца да ПЭН-цэнтра (хапае Саюза беларускіх пісьменнікаў). Тым не менш сёе-тое карыснае ў дзейнасці ПЭНа не мог не прыкмеціць: хаця б арганізацыю конкурсу «Кніга году». Летась на раздачу прэмій мы з жонкай завіталі, заспеўшы там і Паўла.

Як вынікае з вышэйзгаданага допісу П. Севярынца, з 2014 г. ён «прынцыпова» не плаціў узносы ў ПЭН-цэнтр «пасьля выставы камінг-аўтаў у офісе ПЭНу і мерапрыемстваў, зьвязаных з прапагандай гамасэксуальнага ладу жыцьця пад эгідай арганізацыі». Але ў Статуце ПЭНа (так, часам пачытваю статуты) чорным па белым сказана: «3.8. Кожны член РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” абавязаны: а) плаціць штогадовыя ўзносы ў памеры, які вызначаецца Радай, на фінансаванне дзейнасці РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”»

Ёсць у Радзе ПЭН-цэнтра «гей-лобі» ці не (4 чалавекі з 7, паводле П. С.), а калі ёсць, то хто ў яго ўваходзіць – гэтыя пытанні ніколі мяне не займалі. Пры вялікім жаданні «прапаганду» ЛГБТ-каштоўнасцей можна закінуць і СБП. Бачыў на сайце арганізацыі: «11 снежня 2018 г. інтэрнэт-часопіс ПрайдзіСвет і Саюз беларускіх пісьменнікаў зладзілі сумесны круглы стол, прысвечаны пытанню рэпрэзентацыі негетэранарматыўнай сексуальнасці…» Але – сэнс прыпадабняцца да персанажа барадатай показкі, які залазіў на шафу, каб убачыць голыя целы ў лазні насупраць і паскардзіцца на распусту? Я к таму, што на падобныя імпрэзы гвалтоўна не цягнуць: і ў СБП, і ў ПЭНе ёсць з чаго выбраць…

Не маралізую, але… Той, хто добраахвотна ўступіў у суполку, мусіць выконваць яе асноватворныя дакументы – pacta sunt servanda. Мне цяжка сабе ўявіць, што заставаўся б у суполцы, да якой дабраахвотна далучыўся (тым жа СБП), і цягам некалькіх гадоў не ўносіў бы грошы на яе дзейнасць. Агулам, каб у Беларусі існавала аўтаномія «трэцяга сектару», пажадана, каб асноўныя крыніцы фінансавання грамадскіх аб’яднанняў знаходзіліся ўнутры краіны, і членскія ўзносы маюць быць адной з найважнейшых крыніц. Не даспадобы мне залежнасць нізавых ініцыятыў ні ад дзяржавы, ні ад буйных карпарацый (фондаў).

Павел-палітык, на жаль, проста сячэ сук, на якім сядзіць, яшчэ да заваёвы ўлады пераймаючы несамавітую пазіцыю: «Усе роўныя, але некаторыя раўнейшыя». Наўрад ці з такім падыходам можна перамагчы «рэжым», дый нават скінуць кіраўніцтва ПЭН-цэнтра на чарговым Агульным сходзе ўвосень г. г. Лёгка спрагназаваць, што намер вызваліць «добрых людзей» (П. С.: «у ПЭНе ж большасць добрыя людзі. І гэта ня дзейнасьць ПЭНу, а дзейнасьць пэўнай групы, якая ўзяла на сябе права “караць і мілаваць”. Варта мяняць Раду. ПЭН не заслужыў такога кіраўніцтва») скончыцца пшыкам, бо: а) Павел ужо прысутнічаў на сходзе 2017 г., а змены Рады не дабіўся; б) мала шансаў, што пэнаўцы сёлета прыслухаюцца да бунтара, няхай аўтарытэтнага пісьменніка ды экс-палітвязня, які доўга і ўпарта ігнараваў статут.

За ўсімі мітрэнгамі апошніх тыдняў неяк у цень адышоў праект бізнэсоўца Пракапені & Co., а менавіта «міністэрства лічбавай эканомікі» (35-40 супрацоўнікаў, якія маюць курыраваць Акадэмію навук, дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, а нават і міністэрства транспарту). Паведамлялі, што «новае міністэрства прапануюць абараніць ад уздзеяння сілавых структур» – пэўна, ініцыятары ўлічваюць досвед ураджэнца Мінска Міхаіла Абызава, які даслужыўся ў Маскве да «міністра па каардынацыі дзейнасці “Адкрытага ўраду”» (2012-2018), але ў сакавіку 2019 г. быў арыштаваны па падазрэнні ў крадзяжы нейкіх дзікіх мільярдаў.

Гаворка пра новы ўрадавы орган – прычым фінансаваць яго плануюць за кошт ІТ-фірм, што адразу выклікае сумневы – вядзецца ўжо больш за год. У гэтым квартале рашэнне, відаць, будзе прынятае, і два супраць аднаго, што яно акажацца станоўчым… Але я не бачу патрэбы ў такім органе, з некалькіх прычын. Па-першае, дзяржаўны апарат і без яго перагружаны – 24 міністры, агулам чатыры дзясяткі членаў ураду (пяць намеснікаў прэм’ер-міністра, адзін з іх першы), а існуюць жа паралельна адміністрацыя прэзідэнта ды розныя саветы бяспекі, куды трапляюць яшчэ тыя прыгажуны (гл. вышэй). Па-другое, не формы зараз хвалююць найперш, а змест грамадска-палітычнага жыцця; між тым «электронны ўрад» – форма, якая прыхоўвае той факт, што рэальны ўрад падкантрольны вузкаму колу, блізкаму да сям’і «самі-ведаеце-каго». Па-трэцяе, як бы новае міністэрства не выявілася «траянскім канём», што надалей абмяжуе свабоды грамадзян.

Наіўна cпадзявацца, што ўсе рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій маюць піетэт да правоў чалавека. Прынамсі частка з іх у спрыяльных для сябе ўмовах будзе паводзіцца так, як «Сфера» ў аднайменнай кнізе Дэйва Эгерса (рэкамендую). Уласна, той факт, што ў снежні 2018 г. фонд тав. Пракапені зрабіў «падарунак» школьнікам Аршанскага – планшэты з убудаванай праграмай, якая мнагавата фіксіруе вакол сябе (напрыклад, міміку карыстальнікаў), як бы намякае… Дзіва што некаторыя бацькі адмовіліся браць «данайскі дар».

Проста пакіну ўзор дакумента аб згодзе на апрацоўку асабовых звестак для цьмянай фірмы «Фэйсметрыкс» тут, бо такія паперкі, бывае, знікаюць з агульнага доступу:

Часам бачу, што «ў інтэрнэце хто-та няпраў»; і хацелася б прамаўчаць, але… Вось паважаны ізраільскі калумніст Пётр Межурыцкі на kasparov.ru праводзіць аналогіі паміж абраннем ва Украіне-2019 Уладзіміра Зяленскага і ў Ізраілі-1999 – Эгуда Барака: маўляў, абодва эпізоды – задавальненне народнага попыту на «добрага цара», але чароўная казка хутка развейваецца… Усё б нічога, ды П. М. занадта ўжо драматызуе: «Такога жаху, які неўзабаве пасля абрання Барака абрынуўся на Ізраіль, не чакаў ніхто. Літаральна дня не праходзіла, каб не адбылося тэракту са шматлікімі чалавечымі ахвярамі ў розных грамадскіх месцах: у кафэ, на дыскатэках, у крамах, у транспарце. Вуліцы ізраільскіх гарадоў апусцелі». Э. Барак быў прэм’ер-міністрам з сярэдзіны 1999 г. да пачатку 2001 г. Улетку 2000 г. я гасцяваў у Ізраілі 6 тыдняў (Іерусалім, Цфат, Нетанія…) – істотных адрозненняў у параўнанні з 1996 і 1998 гадамі не заўважыў, вуліцы не пусцелі. Табліца «Спіс тэрактаў супраць ізраільцаў і яўрэяў» таксама не пацвярджае, што пры новым кіраўніку ўрада яны адбываліся ў Ізраілі штодня і «са шматлікімі чалавечымі ахвярамі». Хвалі тэрактаў уздымаліся і да «летуценніка» Барака, і пасля яго 🙁

Калі каспараўцы хацелі кагосьці напужаць, параўнаўшы Зяленскага з ізраільскім «прэм’ер-міністрам для ўсі-і-іх», то не выйшла (рабяты, паспрабуйце яшчэ). Ну, а шоўмэну – «цёмнаму коніку» – можна толькі пазычыць поспеху на новым шляху, і каб яго 73% праз год не ператварыліся ў 7,3…

Кур’ёзнае супадзенне: варта было напісаць пра ІІ Еўрапейскія гульні (Мінск, чэрвень 2019), як мяне запрасілі на адкрыццё выставы «Спорт у жыцці пісьменніка» (29.04.2019) у музей гісторыі беларускай літаратуры. Сёе-тое распавёў прысутным – не пра ўвесь «спорт», дык пра шахматы ў жыццях Зэліка Аксельрода, Якуба Коласа, Кандрата Крапівы, Янкі Купалы і іншых. Выказаў спадзеў, што да традыцыйных турніраў, што ладзяцца ў СБП, далучацца і прадстаўнікі іншага пісьменніцкага саюза (СПБ). А прамова паэта Васіля Жуковіча будавалася вакол яго вершаў, прысвечаных спартсменам.

Шахматы-«матрошкі», якія належалі К. Крапіве; выступае ўнучка байкара Алена Атраховіч

*

Аліна Федарэнка пераслала прэс-рэліз. Што пішуць: «3 мая 2019 г. у 11.00 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца прэзентацыя выставы “Іцхак Шамір”, прысвечанай жыццю і дзейнасці сёмага прэм’ер-міністра Дзяржавы Ізраіль, ураджэнца Беларусі…» Выстава ладзіцца ў рамках «Міжнароднай канферэнцыі “Лімуд Беларусь 2019”, якая пройдзе ў Мінску з 3 па 5 мая 2019 года і збярэ звыш 500 удзельнікаў з 12 краін свету». І шо на гэта скажаш? «У полі трактар дыр-дыр-дыр, / Хай жыве Іцхак Шамір!» Але, бядак, памёр выхадзец з Ружан у чэрвені 2012 г. Усяго 23 гады і 3,5 месяцы не дажыў да 120.

*

Здаецца, я раскрыў таямніцу капелюша Кім Чэн Ына. Модны карэец проста нагледзеўся (а можа, абгледзеўся) нугманаўскага фільма «Ігла», і ў яго падсвядомасць увайшоў вобраз аднаго з негалоўных персанажаў.

Кадр з «Іглы» (1988); Кім у Расіі (2019)

«Вольфаў цытатнік»

«Можна сцвярджаць: пачатак 2000-х гадоў будзе адзначаны прыкметным паляпшэннем кліматычных умоў. Не выключана, што ўжо ў ХХІ стагоддзі Арктычны басейн упершыню з часоў вікінгаў вызваліцца з лядовага палону» (Леанід Булыгін, зб. «Фантастыка-77», 1977)

«Ромы жывуць у Беларусі. Але ў той жа час іх тут быццам бы няма. У нас афіцыйныя ўлады робяць выгляд, што няма такога народа» (Мікалай Калінін, газета «Згода», красавік 2005).

«Калі для кіруючага класа залежнае становішча краіны ў цэлым не з’яўляецца перашкодай у справе атрымання прыбытку, то шараговаму насельніцтву яно пагражае загранічна нізкім узроўнем жыцця і адсутнасцю перспектыў для развіцця» (Ціхан Закаменеў, 2019)

«Палітыка, якую зусім выгналі былі з рэальнасці, вяртаецца праз мастацтва… Цяпер зразумела, што галоўным пастаўшчыком новых палітычных фігур стане менавіта шоўбізнэс: не толькі таму, што людзям патрэбнае шоў, але найперш таму, што гэта справа адносна сумленная» (Дзмітрый Быкаў, 30.04.2019)

«Мясцовыя ідэнтычнасці надзвычай жывучыя. Яны могуць спаць доўга, і здаецца, што іх ужо зусім няма, але калі надыходзіць патрэбны палітычны момант, яны вельмі хутка і лёгка прачынаюцца і аб’ядноўваюць людзей» (Кацярына Шульман, 30.04.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

02.05.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 02.05.2019  14:21

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (113)

Шалом шаломіста-шаломны! Пра Курапаты 21.04.2019 даведалася ізраільская аўдыторыя – чытачы сайта «Дэталі». Гэта файна. Тое, што Марк Катлярскі – хіба першы ізраільскі журналіст, якому даў інтэрв’ю Лукашэнка (у 1999 г.) – і праз 20 гадоў цікавіцца нашымі праблемамі, таксама цешыць. З другога боку, у тэксце М. К. столькі агрэхаў… Пачынаючы з загалоўка: «Улады Беларусі апаганілі магілы ахвяр сталінскіх рэпрэсій». Няма пацверджанняў, што дзясяткі крыжоў вакол Курапацкага лесу, знесеных 4 і 13 красавіка, былі пастаўлены на магілах – напэўна, усё ж метраў за 50, а мо і 100 ад пахаванняў. «Спачатку гаварылі пра 7 тысяч пахаваных, але беларускі генпракурор Георгій Тарнаўскі ў 1988 годзе назваў ужо іншую колькасць – 30 тысяч». Наадварот, версія пра 7 тысяч загучала намнога пазней, у другой палове 1990-х… Ну і г. д.

Не спраўдзіўся прагноз «сонцападобнага» (маўляў, у другім туры Парашэнка адолее Зяленскага); 21 красавіка шоўмен з вялікім адрывам быў выбраны прэзікам у суседзяў. Радавацца? Сумаваць? Ускрыццё пакажа. Пакуль што магу сказаць, што любоў украінцаў да Лукашэнкі значна перабольшана; яны не прыслухаліся да яго злёгку замаскаванай парады, паўторанай двойчы: 1 сакавіка ў час «Вялікай размовы» і 8 красавіка на інтэрв’ю з турэцкім журналістам. Відаць, міністр замежных спраў РБ, які не «адраіў», зараз пападзе ў апалу… прынамсі пераемнікам Лу хітрамудры Ма дакладна ўжо не будзе прызначаны.

Лукашэнка палохае, што наступныя выбары парламента пройдуць ужо ў лістападзе 2019 г., а не ў жніўні-верасні 2020 г., як па Канстытуцыі (арт. 93). Мадам Ярмо адразу «патлумачыла»: «Што паробіш, так склалася». Маўляў, трэба для нацыянальнай бяспекі, бо як жа можна ў адзін год ладзіць і парламенцкія, і прэзідэнцкія? (Во знайшла праблему: украінцы праводзілі ў 2014 г., палякі ў 2015 г., і нічога…). Міленькая апраўданка: калі прызначыць выбары на 17.11.2019, то «парламент не дапрацуе ўсяго адну сесію». А няхай бы ўсяго адна безгаловая чыноўніца адсекла сабе ўсяго адзін пальчык на руцэ? Чаго страшнага, дзевяць-то застануцца… :@)

Нехта слабавата вучыў гісторыю. «Наезды» на дэпутатаў і спробы датэрміновага спынення іх паўнамоцтваў па надуманых прычынах, як правіла, ні да чога добрага не вялі, пачынаючы з XVII ст. Ну, распусціў Олівер наш Кромвель Доўгі парламент, а яго «пазадкі» потым далі дыхту… У чэрвені 1789 г. дэпутатаў Генеральных штатаў ад «трэцяга саслоўя» агенты караля не пускалі ў памяшканне, дык яны сабраліся ў залі для гульні ў хакей мяч і неўзабаве аб’явілі сябе ўстаноўчым сходам. Дый досвед расійскай Дзярждумы пачатку ХХ ст. мог бы чагосьці падказаць.

Тут запярэчаць, што ў 1996 г. Лукашэнка без жудкіх для сябе наступстваў разагнаў Вярхоўны Савет, які не адпрацаваў і года. Аднак, па-першае, тады ўсё ж мелася прыкрыццё – рэферэндум. Па-другое, многім дэпутатам пасля роспуску ВС было прапанавана перайсці ў палату прадстаўнікоў, і яны спакойна праціралі фатэлі служылі там да 2000 г. Па-трэцяе, рэйтынг «разганяльшчыка» быў зусім іншы, дый дэ-юрэ ў 1996 г. ён яшчэ не страціў сваіх прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Лёгка было прадставіць сітуацыю так, што «ўсенароднаабраны» бараніўся ад упёртых дэпутацікаў, якія ўсцяж замахваліся на яго ўладу. Шмат хто ў Беларусі і наваколлі купіўся на такую версію, гэтаксама як у 1993 г. – на «праельцынскую» прапаганду. Варта дадаць: каб не было б указу Ельцына № 1400 і паражэння Вярхоўнага Савета Расіі ў кастрычніку 1993 г., то, хутчэй за ўсё, у Беларусі не наважыліся б ні на «вынас» групы беларускіх дэпутатаў-галадоўшчыкаў у красавіку 1995 г., ні на роспуск Вярхоўнага Савета ў лістападзе 1996 г. «Паліттэхнолагі ў цывільным» пільна адсочвалі тэндэнцыі і рэакцыі на постсавецкай прасторы, прасоўвалі найбольш эфектыўныя, з іхняга гледзішча, сцэнарыі. А іх «канкурэнты», ангажаваныя «апазіцыяй», складалі-збіралі показкі пра «Бацьку» і фундавалі «жахалкі» тыпу «Звычайны прэзідэнт»… ¯\_(ツ)_/¯

На першы погляд, адміністрацыя цяпер настолькі расперазаная, што можа прызначыць выбары і назаўтра, не тое што на восень. Але хуцпа не заўсёды роўная моцы, і нематываваныя восеньскія выбары 2019 г. стануць пачаткам канца – з улікам таго, што «першая асоба» яўна губляе хватку… Пра «аблом» са стаўкай не на таго ўкраінскага коніка гл. вышэй, а во яшчэ: на працягу пары дзён (!) дэпутатка Алена Анісім была названа «Таццянай», а пастыр беларускіх каталікоў Кандрусевіч паблытаны з даўно памерлым Свёнткам. Дальбог, роспуск палаты прадстаўнікоў будзе дужа рызыкоўнай працэдурай на мяжы дзяржаўнага перавароту, нягледзячы на тое, што «апазіцыянерка» Анісім ужо гатовая праглынуць скарачэнне сваёй дэпутацкай кадэнцыі, як і некаторыя іншыя «члены парламента». Меркаванне кіраўніка руху з падманліва-прыгожай назвай «За свабоду» ў гэтым плане таксама досыць паказальнае: «любую выбарчую кампанію неабходна выкарыстоўваць».

Пра сацыял-дэмакратаў я пісаў месяц таму, дык, бадай, рух і яго кіраўнік (з кастрычніка 2016 г.) Юрась Г-ч заслугоўваюць колькіх радкоў. Cтвораны ў 2006 г. з удзелам Аляксандра Мілінкевіча, «За свабоду» задумляўся як надпартыйная структура для апанентаў Лукашэнкі з рознымі поглядамі. За А. М., паводле афіцыйных звестак, галасавалі блізу 400 тыс. чалавек; калі б хоць кожны дзясяты з іх уступіў у новую суполку, гэта было б… было б… «сумасшедшие деньги!»

Два з паловай гады таму я выдаў «крэдыт даверу» Юрасю, раўналетку Зяленскага, убачыўшы ў ім, з аднаго боку, дасведчанага актывіста (экс-дэпутат Белаазёрскага гарсавета), з другога, «свежую кроў», бо тав. Мілінкевіч праз 10 год свайго кіраўніцтва зусім не цягнуў, і правал яго міньёнаў на парламенцкіх выбарах у верасні 2016 г. быў заканамерны… Якімі ж былі поспехі руху ў 2016-2019 гг.?

Летась налічвалася ажно 700 «аматараў свабоды», а між тым не сказаць, што РЗС «прэсавалі» больш актыўна, чым іншыя нефармальныя суполкі… У лютым 2018 г. названыя аматары заваявалі 0 (нуль) мандатаў на выбарах у мясцовыя саветы. Дапусцім, справа была ў тым, што Ю. Г. «яшчэ вучыўся», прызвычайваўся да ролі кіраўніка. Перавыбралі яго ў снежні 2018 г., мінула сто дзён, і?.. Так сабе выйшла адзначэнне «Дня волі» ў Кіеўскім скверы 24.03.2019 – арганізатары планавалі, што будзе 10000 удзельнікаў, у час імпрэзы гаварылася пра 5000, рэальна прыйшло не больш за 2000. Уразіла адмова адміністрацыі сайта РЗС прызнаваць відавочнае: «ніхто не кажа пра адначасную прысутнасць 5000 чалавек у Кіеўскім скверы, размова, колькі былі на Дні Волі ўсяго» (12.04.2019)… Адсутнасць уцямнай рэакцыі на пратэсты мінскіх вадзіцеляў, на ўціск членаў незалежнага прафсаюза ў Салігорску, нежаданне нават абмяркоўваць планы па змене канстытуцыі – усё гаворыць за сябе. Затое 09.04.2019 сайт РЗС радасна паведаміў пра ваяж «правай рукі атамана Маруські» А. Міхалевіча ў Брусэль, дзе той на палітычнай асамблеі Еўрапейскай народнай партыі «прадставіў правацэнтрысцкую кааліцыю і Рух За Свабоду». Як быццам ілюструючы тое, што гаварылася ў «Катлетах & мухах» у лютым 2018 г.: «Многім актывістам ямчэй паказваць дулю якой-небудзь Ярмошынай (не кажучы пра знакамітыя турнэ пра Брусэлях і прочых Страсбургах), чым бараніць правы работнікаў у сябе пад носам».

Тутэйшы інтэлектуал Уладзімір Мацкевіч некалі вёрз нямала лухты (напрыклад, пра беларускамоўных яўрэяў, якіх «няма»). Папраўдзе, і цяпер яго пражэкты, звязаныя з «Устаноўчым сходам», здаюцца хісткімі, але ў асобных фрагментах свайго нядаўняга паслання ён меў рацыю. Напрыклад: «Калі 10-15 гадоў таму палітычныя партыі былі бяссільныя і бескарысныя ў тых грамадска-палітычных умовах (што не зашкодзіла аўтару ў 2005 г. увайсці ў аргкамітэт адной з іх. – В. Р.), то цяпер яны папросту шкодныя». Сярод партый Мацкевіч, не дужа памыляючыся, згадвае і рух «За свабоду» – так, хоць РЗС і зарэгістраваны як «праваабаронча-асветніцкае аб’яднанне», ён ставіць перад сабой палітычныя мэты. «З актыўных членаў партый, з грамадзянскіх актывістаў усіх ідэалагічных напрамкаў неабходна стварыць агульны рух за захаванне суверэнітэта, за дзяржаўнасць і рэформы. Адзіны рух супраціву, адзіны фронт», – ёсць пэўны сэнс у гэтай мацкевіцкай заяве.

Зараз для прыхільнікаў перамен у Беларусі адкрылася акно магчымасцей – ну, няхай не акно, а фортка 🙂 Пакуль украінскі «Зя» не нарабіў вялікіх факапаў, яго «ўсё магчыма» здольнае неяк спрацаваць у нашых палястынах, зрабіцца процівагай паныламу «Так склалася» (ярмошынскі варыянт папулярнай прыказкі «А можа, так і трэба»). Каб скарыстаць паўднёвыя павевы, трэба тэрмінова яднацца ў «дзвіжуху» пад умоўным назовам «За Канстытуцыю, за беларускі парламент». Іншая рэч, што мясцовыя альтэрнатыўныя сілы і еднасць – узаемавыключальныя параграфы. Не тое што адну, нават дзве буйныя групоўкі – умоўна, «левую» & «правую» – з тузіна дробных арганізацый у бліжэйшы час не зляпіць 🙁 Але буду рады памыліцца.

Не такі ўжо і жарт… А. Скараход – беларус, рэзідэнт «Соmedy Club»

Засмуціла таксічнасць Эда Лімонава – апошнія пару-тройку гадоў чытаў яго нататкі ў ЖЖ, з нечым згаджаўся, хоць і мнагавата ў яго было паўтораў, банальнасцей. Але, як паказала рэакцыя на раптоўную хваробу Дзмітрыя Быкава («У коме ляжыць – ну, хай ляжыць»), дашчэнту прагніў гэты лімон. А Быкаў малайчына – пры дапамозе дактароў выкараскаўся… Хочацца верыць, што грэлі яго ўспаміны пра Мінск – у Сінявокай Дзмітрый пабываў у снежні 2018 г. Адзін з яго ўлюбёных пісьменнікаў – Уладзімір Караткевіч; мо пачуем мы ад Быкава і паўнамятражную лекцыю пра Караткевіча (адказ 14.09.2018: «Пастараюся»).

У Расіі – гаваркі Быкаў, у нас – гаваркі старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў. Настойвае сяння, што «яшчэ нядаўна нацыянальная ідэя засяроджвалася на ідэале жаданай будучыні, мэта якой – дзяржаўная самадастатковасць. Цяпер наша краіна ўяўляе з сябе менавіта такое ўтварэнне і з гэтага вынікае, што дзяржаўная самадастатковасць як нацыянальная ідэя сябе ўжо вычарпала і на гэты момант страціла актуальнасць». Дзіўная «самадастатковасць», калі насельніцтва краіны ўсё змяншаецца, а знешні доўг – не (выплаты чарговых траншаў адбываюцца пераважна за кошт новых запазычанняў), калі, паводле А. Казакевіча, «у 2017 г. выдаткі на R&D (доследы і распрацоўкі) беларускіх навукоўцаў склалі 319 млн. долараў, што на 30% менш, чым у 2008 годзе», калі невядома, як будзе сплачвацца шматмільярдны крэдыт на будоўлю дагэтуль не запушчанай Астравецкай АЭС. Нагадаю, цэлы Савет бяспекі пастанавіў быў увесці ў эксплуатацыю першы блок АЭС у 2016 г., другі – у 2018 г., але маем, што маем. Лепей бы ўвогуле без блокаў…

Ля сонечнай электрастанцыі ў Шчучыне, 31.10.2016

У кастрычніку – перапіс насельніцтва Беларусі. Вангую, зараз не выявіцца такога, што колькасць яўрэяў зменшылася за 10 год у 2,5 разы (як у 1999–2009 гг.). Усё ж нейтральна-станоўчы імідж яўрэйства пакрыёма ўтвараўся ў 2010-х, і многія не адмовяцца ад самаідэнтыфікацыі. А тут яшчэ перамога Зяленскага 🙂

«Вольфаў цытатнік»

«Вясёлку, якая трымаецца чвэрць гадзіны, перастаюць заўважаць» (Ёган Вольфганг Гётэ)

«Філасофія: дарога з многімі пабочнымі сцежкамі, якая вядзе з ніадкуль нікуды. Цытаванне: аблудны паўтор чужых слоў» (Амбраз Бірс)

«Страх – галоўная крыніца забабонаў, і адна з галоўных крыніц жорсткасці. Перамога над страхам – пачатак мудрасці… Людзям уласціва патрабаваць прадказальнасці, і ўсё ж такое патрабаванне – інтэлектуальная загана» (Бертран Расэл, 1901)

«Рана ці позна з прыходам алгарытмаў чалавецтва будзе вымушана адмовіцца ад маралі» (Рыгор Бакуноў, 26.03.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

23.04.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 23.04.2019  14:59

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (112)

Зноў шалом. Пазалетась даволі ганебны сход Нацыянальнага алімпійскага камітэта прайшоў пад канец вясны, а сёлета – пасярод яе, 15.04.2019, акурат у дзень пажару галоўнай парыжскай цікавосткі (супадзенне? :)) Паўтара месяца таму прэзідэнт НАК, вядомы таксама як першы прэзідэнт РБ, не прыслухаўся да закліку пайсці ў адстаўку… Тым не менш прапанова мела нечаканы працяг – Рыгорыч нарэшце з’явіўся на пасяджэнні выканкама сваёй улюбёнай арганізацыі ды «навёў шоргату». Напрыклад, было сказана (перакладу з рускай):

«На жаль, у апошні час НАК некалькі збавіў абароты. Калі раней у гэтым будынку віравала жыццё, праводзіліся рэзанансныя мерапрыемствы па алімпійскай адукацыі, падтрымцы дзіцяча-юнацкага спорту, то цяпер гэтай працы амаль не відно і не чутно. Павеяла нейкім халадком у адносінах з федэрацыямі».

Карацей, а-яй, «хто гэта зрабіў?» Рыба гніе з галавы, не?.. Напэўна, паглядзелі ў кіраўніцтве НАК, што іхні шэф не пнецца выконваць дадзенае 30.05.2017 ўрачыстае абяцанне – кожны квартал наведваць іхнія пашыраныя сходы – і самі вырашылі «збавіць абароты», а першы віцэ-прэзідэнт НАК увогуле склаў свае паўнамоцтвы, не адпрацаваўшы пасля іх набыцця і двух гадоў.

Пісалі, што да Андрэя Асташэвіча ў гэтую вясну з’явіліся пытанні ў праваахоўных органах. Пэўна, заслужаны майстар спорту РБ (атрымаў званне за ўдзел у аматарскіх хакейных турнірах разам з Рыгорычам) той яшчэ «жук», але хто быў вылучаны замест яго? Ні больш ні менш як сам памочнік прэзідэнта РБ Віктар Аляксандрыч Лукашэнка, а падтрымалі яго кандыдатуру выканкамаўскія аднагалосна.

Не палюбляю tut.by, і ёсць за што. Але яны даюць магчымасць выказацца «простым» людзям у каментарах, і за гэта сёе-тое магу дараваць. «Народная сацыялогія» паказвае, што рэпліка «Дык быццам бы нельга сямейным кланам займаць кіраўнічыя пасады ў адной арганізацыі?» (vadimkarako, 15.04.2019) на сёння мае рэйтынг +368-3, «А больш людзей у Беларусі няма?» (matutka-2) = +280-2…

Так, в. а. цара каторы раз стрэліў сабе ў нагу, зрабіўшы ў спартова-адміністрацыйнай сферы мінімум тры сур’ёзныя памылкі за два гады: 1) у маі 2017 г. «перавыбраўся» прэзідэнтам НАК і паабяцаў актыўна ўдзельнічаць у яго працы, хоць яўна не збіраўся гэтага рабіць; 2) у 2019 г. не сышоў у адстаўку следам за сваім першым намеснікам; 3) прасунуў – або дазволіў прасунуць – на месца Асташэвіча свайго сына, які да таго ж «будзе сумяшчаць гэтую дзейнасць са сваёй працай на пасадзе памочніка Прэзідэнта» (чытайце тут, што я думаю пра падобныя сумяшчэнні).

Пасля гэткіх камуфлетаў заявы Лукашэнкі – маўляў, няможна мірыцца з сітуацыяй, калі бяздарны кіраўнік перасаджваецца з аднаго цёплага месца на другое («зразумела, што непатапляльнасць гэтых гора-кіраўнікоў засноўваецца на такіх негатыўных з’явах, як кумаўство, пратэкцыянізм і кругавая парука…», 12.08.2014) – будуць успрымацца чыноўнікамі, у лепшым выпадку, з булгакаўскай іроніяй: узяў бы старушонак і сябе па патыліцы дручком пагрукаў… З другога боку, прызначэнне В. А. Лукашэнкі ў выканкам НАК, замаскаванае пад выбары, мае сваю логіку і можа ўспрымацца нават з аптымізмам: хіба «лаўка запасных» рэжыму ў кадравых пытаннях ужо зусім кароткая, змены наспелі і пераспелі. У справе падрыхтоўкі «Еўрапейскіх гульняў» на К. Маркса, 38 не давяраюць ні знакамітым спартсменам, ні буйным урадоўцам, іх вымушаны кантраляваць цэлы «сын галоўнакамандуючага», бо цяперашні спорт – ён такі: «не проста забаўляльнае відовішча, а бітва, калі хочаце – вайна»…

На першы погляд, кіраваць у спартовай сферы лягчэй, чым, напрыклад, у сельскай гаспадарцы: заўсёды можна зваліць няўдачы на саміх спартоўцаў, трэнераў, суддзяў, допінг-лабараторыі… Але ж, калі нехта бачыць у «віцэ-прэзідэнцтве» Віктара ў НАК прыступку да вышэйшай пасады ў дзяржаве, то, мяркую, памыляецца. Гадоў праз 5 большасці выбарцаў непрыемна будзе чуць само прозвішча «Лукашэнка», а тым часам няўмольна падрастаюць канкурэнты «клана», якія праяўляюць сябе і ў каляспартовых інтрыгах… Аднаго я згадваў у сакавіку.

Як ставіцца да чэрвеньскіх «Еўрапейскіх гульняў», дзеля якіх у Мінску ўжо шмат месяцаў вісяць рэкламныя стэнды? Я стаўлюся… стаічна. У іх правядзенні ёсць плюсы і мінусы; заклікаць да байкоту гэтай спартовай імпрэзы не бачу сэнсу. Верагодна, адбудзецца нешта падобнае да міжнароднай Універсіяды ў Краснаярску-2019, якая «пераразмеркавала грошы: забрала ў многіх і падзяліла сярод нямногіх». Але адметна, што ў рацыёне ўдзельнікаў – «меню еўрапейскай, беларускай, азіяцкай кухні» – плануецца і кашэрная ежа, прынамсі ў лютым яе абяцалі тут.

* * *

Моташна ўжо апісваць, а пагатоў аналізаваць падзеі, што надараліся ў Курапатах за апошнія паўмесяца… Выглядае, што «ястрабы» ва ўладзе не жадалі кампрамісаў з грамадскімі актывістамі, іначай зацягнулі б выкананне першасакавіцкага «загаду» свайго боса да грэцкіх календаў. З другога боку, ці так неабходна было абзываць «сатаністамі», «хунвэйбінамі», еtc., тых, хто 4 і 13 красавіка дэмантаваў больш за сотню крыжоў? Калі гэта навешванне ярлыкоў і расчалавечванне апанентаў (адзін журналіст-паэт абагульніў дэмантажнікаў словам «яно») рабілася шляхам да паразумення?

Гісторык Аляксей Братачкін, які ўдумліва пісаў пра Курапаты ў 2017 г., нядаўна задаўся пытаннем: «Як увогуле месца памяці ахвяр масавага забойства, звязанага з пэўным перыядам у гісторыі, можа быць па-за палітыкай?» Вядома, «па-за» не можа, а «па-над» – чаму б і не?

На мой одум, груз шматгадовага процістаяння будзе вісець над урочышчам яшчэ доўга. І разам з тым памяркоўная «дэпалітызацыя» не толькі магчымая, але – пасля ўсталявання «дзяржаўнага» помніка ахвярам сталінскіх рэпрэсій у 2018 г. – у нечым і памысная (аналагічны, але не тоесны казус – святкаванне ўгодкаў БНР, дый увогуле стаўленне да ейнай спадчыны ў апошнія гады).

Яшчэ ў канцы 1980-х па беларускай зямлі хадзілі ветэраны НКУС, мажліва, датычныя да расстрэлаў у Курапатах. Цяпер з верагоднасцю 99,9…% ніхто з іх не жыве, і заклікі да помсты перасталі быць дарэчнымі (тое, што пад канец ХХ стагоддзя помста не была чужая «народнай свядомасці», паказваюць хаця б велераўскія «Прыгоды маёра Звягіна» і быкаўскія «Народныя мсціўцы»). Многім з тых «абаронцаў Курапат», якія ў 2010-х дэкларуюць свой антысталінізм і антыбальшавізм, не зашкодзіла б здушыць таталітарныя парывы найперш у сабе. Напрыклад, у 2012 г. кіраўніцтва адной кансерватыўнай партыі заявіла, што абвяшчае персонай нон-грата ў Курапатах гісторыка Ігара К. Гэты К. мне не сват і не брат, але спачатку яго, потым – некага іншага…

У Курапатах, 09.04.2019

Наяўнасць металічнай агароджы вакол лесу, як і брам у ёй, з пэўнымі агаворкамі вітаю. Плот як бы падкрэслівае, што Курапаты – могільнік, месца смутку, а не плацдарм для атакі на «сталіністаў». Спадзяюся, каб трапіць на тэрыторыю ўрочышча, не спатрэбіцца адмысловых дазволаў. Не трэба і металашукальнікаў на ўваходзе пад маркай таго, што ў лесе бадзяецца рознае вандаллё: фотапастак, якія збіралася ўсталяваць лясніцтва ў канцы сакавіка (мо ўжо і ўсталявала), мусіць быць дастаткова для бяспекі мемарыялу.

Як бы ў адказ на маю – і не толькі маю – прапанову да ўраду выдзеліць магутную апаратуру (цеплавізары? геарадары?) для пошуку парэшткаў у Курапатах, каб устанавіць лік расстраляных з дакладнасцю +/-10–20%, намеснік дырэктара інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, археолаг Вадзім Лакіза, учора заявіў: «Колькасць мы ніколі дакладна не даведаемся… сказаць, колькі менавіта людзей там пахавана, немагчыма. Я асабіста і мае калегі будзем заўсёды супраць работы, накіраванай на раскрыццё ўсіх западзін, якія ёсць у Курапатах. Там забітыя людзі пахаваныя, не трэба трывожыць іх». Але, карыстаючыся савецкай формулай, «гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым». Для чаго ж тады атрады следапытаў і адмысловыя пошукавыя батальёны шукалі (і шукаюць) парэшткі ваяроў? А мо і археолагам не варта «варушыць косткі», як той казаў?!

У Курапатах няможна махнуць рукой: «якая розніца, хто, колькі і ў якіх месцах лесу», нават калі дадаецца «галоўнае, што бязвінныя людзі», дарма што гэткая пазіцыя выгадная асобным інтарэсантам і «наверсе», і «ўнізе». Пакуль навукова абгрунтаваных адказаў на вышэйпададзеныя пытанні няма, канфлікты ў грамадстве будуць тлець… і каб жа толькі паміж гісторыкамі Ігарам Марзалюком ды Дзянісам Марціновічам, як тут.

Яшчэ жменя вестак на развітанне.

Цікавы расповед пра Іцхака-Меера (Міхаіла) Южука, якому ўжо 93, пад назвай «Я еду туды, дзе пахаваны мае бацькі і родзічы», апублікаваны на сайце «Медыя-Палессе». Ізраільцянін родам з Пагоста-Загародскага штогод прыязджае на Піншчыну, а летась мясцовая тэлерадыёкампанія запісала з ім «урок памяці»… Пачытайце таксама, як у Пінску сёлета адзначылі міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста.

 

Рэдкая кніга братоў Южукоў (Пінск, 2002, рэдактура Вячаслава Ільянкова); І.-М. Южук у 2015 г. каля аднаго з пастаўленых ім помнікаў

Ад Іны Соркінай прыйшло запрашэнне на канферэнцыю: у рамках VIII Кангрэса даследчыкаў Беларусі (Вільнюс, 27-29 верасня 2019 г.) плануецца секцыя «Яўрэйскія даследаванні: беларускі кантэкст». Анкету пажадана запоўніць да 25 мая.

Выбары ў Ізраілі прайшлі 9 красавіка даволі прадказальна, як быццам пад спеў Лявона Вольскага «Ты не чакай, сюрпрызаў не будзе»: Бібі «заваліў»-такі Бені… Як кур’ёз рэкамендую агляд 15.04.2019 ад гомельскага гісторыка Глушакова, з каментарыямі малавядомага «незалежнага эксперта» Эфраіма Гроднера (затое родам з Беларусі!) Паводле гісторыка, вынікі ізраільскіх выбараў ілюструюць… «усебаковы крызіс неаліберальнай мадэлі» ў свеце.

У Мінску да 1 студзеня 2021 г. збіраюцца стварыць «Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк» для юных «яйкагаловых». Нішто сабе навіна; засмучае хіба тое, што ў Расіі «экатэхнапаркамі» пачалі менаваць не толькі цэнтры інавацыйных распрацовак, а і… ардынарныя звалкі. Дарэчы, у верасні 2018 г. заяўлялася, што мінскі дзіцячы тэхнапарк з робататэхнікай і праграмаваннем адкрыюць не да 2021-га, а да 2020 года.

«Вольфаў цытатнік»

«Навукоўцы прыйшлі да высновы, што чытачы фантастычных раманаў пражываюць больш насычанае і гарманічнае жыццё, чым астатнія людзі. Прычына ў тым, што яны (чытачы фантастыкі) лепш настроены на ўспрыманне рэчаіснасці, бяруць больш уражанняў і эмоцый з навакольнага свету. Таксама людзі, якія аддаюць перавагу чытанню мастацкай літаратуры перад рознымі часопісамі і сайтамі, нашмат болей суперажываюць навакольным і часцей прыходзяць на дапамогу» («Век», 2015)

«Здрабнеў увесь палітычны істэблішмент свету. Правы, левы, пасярэдні. Ідэалогіі, што вымагалі вялікіх духоўных і інтэлектуальных сіл, зніклі, застаўся адзін неаспрэчны капіталістычны эканамічны фон, які вырашае сацыяльныя праблемы ў той ці іншы спосаб. Дзе – добраахвотнай міласцю, дзе – накладзеным на прадукцыйную частку грамадства плацяжом, дзе – гвалтоўным адабраннем лішкаў. Сацыяльны ўтапізм не вабіць, маральныя нормы замянілі на фарысейскую палітычную карэктнасць» (Ганна Ісакава, fb, 12.04.2019)

«Калі чытаць у газетах і фэйсбуках, дык здаецца, што там бурліць жыццё, насамрэч жыццё за пісьмовым сталом, а ўсё іншае толькі падабенства жыцця» (Андрэй Федарэнка, з ліста 14.04.2019)

«Які этнас і якая дзяржаўнасць больш перспектыўныя – пытанне вельмі складанае. Трэба проста рупіцца, а там час пакажа» (Аляксандр Бур’як, 15.04.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

17.04.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 17.04.2019  19:52 

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (111)

Дабрыдзень! «А што там на/ва Украіне?» – цікавяцца многія з нас/вас. Доктар гістарычных навук Юрась Гарбінскі, які цяпер выкладае паліталогію ў Люблінскім універсітэце, нават пайшоў у міні-заклад (на кубачак кавы), што выйграе П.А.П. Шчыра кажучы, зараз і мне інкумбент – сітуацыйна згаджаюся з «сонцападобным»! – здаецца крыху меншым ліхам. Асабліва пасля таго, як «слугу народа» падтрымалі такія вялікія чалавеказнаўцы, як выпускніцы журфаку БДУ Г. Айзенштадт, С. Алексіевіч. Дый «двойчы адстаўнік» С. С. Шушкевіч, каторы ў чэрвені 1993 г. ужо даў быў шанс «маладому і перспектыўнаму» дырэктару саўгаса: «Зяленскі ні ў якім разе не прарасейскі тып... Калі ўкраінцы яму давераць свае галасы, то, мяркую, разбярэцца з часам ён і з унутранай палітыкай, і са знешняй» (03.04.2019). Як там нехта казаў: «калі яны супраць, то я за…»? 🙂

З другога боку, нават пройгрыш Парашэнкі дзяржаву наўрад ці разваліць. Усё-такі за пяць постмайданных гадоў у палітыкуме нашых паўднёвых суседзяў коса-крыва, але пачала вымалёўвацца парадыгма з убудаванай «абаронай ад дурня». Прадстаўнік «Руху Салідарнасці “Разам”» Вячаслаў Сіўчык, які доўга жыў ва Украіне, песімістычна глядзіць на яе будучыню ў выпадку абрання шоўмена… Але во як на развагі з папярэдняй серыі «Катлет…» адгукнуўся няўтомны сацыял-дэмакрат Анатоль Сідарэвіч (допіс ад 06.04.2019).

Ва Украіне парламенцка-прэзідэнцкая сістэма. Абранне Зяленскага не азначае адстаўку Гройсмана і яго кабінета. Зяленскаму давядзецца ісці ў Раду, каб прызначыць міністраў абароны і замежных спраў (абарона, замежныя справы і нацыянальная бяспека – прэрагатывы прэзідэнта). А ў Радзе – блок Парашэнкі і яго саюзнікі. Вынікам можа стаць тое, што ва Украіне і міністр замежных спраў, і міністр абароны будуць з прыстаўкай “в. а.”. На прыкладзе в. а. міністра аховы здароўя Украіны мы бачым, да якіх скандалаў гэта прыводзіць. Далей: в. а. могуць стаць і шэф Службы бяспекі, і, здаецца, начальнік генштаба ды і сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны.

Не выключаныя канфлікты паміж кабінетам міністраў, на баку якога большасць Рады, і прэзідэнтам. Так, сапраўды пахне “шатдаўнам”.

Сабатаж таксама не выключаны. Каманды ў Зяленскага няма. Пасадзіць кампетэнтных людзей на ключавыя пасады нават Каламойскі з яго сувязямі не зможа. Ды калі адны людзі Каламойскага пачнуць тыя пасады займаць, гэта выкліча скандал і на рэпутацыю Зяленскага не спрацуе.

Не забывайма: наперадзе – выбары ў Раду. Інтэрвал паміж прэзідэнцкімі выбарамі і выбарамі ў Раду апаненты Зяленскага-прэзідэнта выкарыстаюць на ўсю катушку, каб паказаць яго некампетэнтнасць, каб атрымаць у Радзе большасць і звязаць яго па руках і нагах. Гройсман – граматны менеджар, гаспадарнік – можа выставіць Зяленскага дурнем. І яму дапамогуць дасведчаныя ў пытаннях эканомікі і фінансаў Парашэнка ды іншыя. Зняцце Турчынава з пасады сакратара РНБіА таксама не пойдзе Зяленскаму на карысць. Не ведаю, што з аўтарытэтнасцю ў арміі генерала Палтарака, але такое адчуванне, што Палтарак пад Зяленскім скакаць не будзе. І шэф МЗС Украіны Клімкін таксама. Усё-ткі прафесіяналы…

Таму будзем спадзявацца, што Зяленскі на пасадзе прэзідэнта Украіны не наламае дроў, што яму не дадуць гэта зрабіць. А калі пачне ламаць дровы, не выключаны трэці майдан. Зяленскі павінен узяць гэта пад увагу. Вядомы публіцыст Віталій Портнікаў нагадаў нядаўна: прэзідэнт Украіны, які не ішоў кампрамісы, на саступкі, апынуўся ў Растове.

Іншы наш паважаны аўтар у апошнія дні 2018 г. выпусціў кніжачку-білінгву… (Мінск, выд-ва Сіўчыкава, 99 экз.)

Не так маркотна ад выбару паміж Хлестаковым і Гараднічым, які маюць ажыццявіць украінцы 21.04.2019, як ад таго, што ў першым туры, 31.03.2019, ім выпала сартаваць ажно 39 кандыдатаў. Цікава, што і да ізраільскіх парламенцкіх выбарах 9 красавіка дайшлі 39 перадвыбарчых спісаў. «Супадзенне? Не думаю» (С). Нешта супольнае ў палітычнай культуры Украіны і Ізраіля такі ёсць, і вышэйпададзеныя лічбы гавораць, па сутнасці, пра няўменне кандыдатаў цвяроза ацэньваць свае магчымасці і/або пра нежаданне дамаўляцца, ісці на кампрамісы, каб стаць мацнейшымі. Так, адзін кандыдат & адна партыя – блага, але 39, калі балатуюцца «і жук, і жаба», не намнога лепей. Зразумела ж было заранёў, што на нешта ўплываць здатныя толькі сілы з першага тузіну… Зняверанне выбарцаў, якія, падтрымаўшы аўтсайдэраў, змарнавалі свае галасы, шкодзіць, урэшце, усёй сістэме.

Многія скажуць: «замежнікі самі разбяруцца, трэба думаць пра Беларусь». Дык я і думаю… Нават цяпер, у «замарожаным» грамадстве, калі быццам бы ёсць адзіная мэта (скінуць «самі-ведаеце-каго»), тузін тутэйшых партый & палітызаваных суполак не шукаюць паразумення, што чарговы раз засведчылі як адсутнасць уцямнай рэакцыі на мае «сакавіцкія тэзісы», так і разборкі вакол святкавання Дня Волі. Што ж будзе пасля «перамогі», калі, нібы тыя грыбы пасля дажджу, вылезуць новыя партыі й партыйкі?

Пётр Рэзванаў з Мінска скептычна паставіўся да аналогіі паміж «перабудовай» і цяперашняй эпохай у Беларусі і Расіі: «Як на мой густ, ёсць асноўная розніца (не толькі для ўсходняй суседкі, але для ўсяго СНД). У познім СССР, паводле Уладзіміра Мілова, можна было сустрэць мноства людзей, шчыра перакананых, што калі нешта паправіць і вярнуцца да ленінскіх каранёў, то сістэма можа выплыць. Зараз такіх людзей няма. Перабудова і тое, што было за ёй – унікальная гістарычная з’ява, і я не ведаю, ці паўторыцца яна калі-небудзь і дзе-небудзь».

Не адмаўляю таго, што «вяртацца да ленінскіх каранёў», як пры Гарбачову, зараз ніхто не плануе, але ж поўнай тоеснасці двух перыядаў у гісторыі не здараецца ніколі. Перабудову ў СССР канца 1980-х дапушчальна трактаваць і як змаганне кагорты «камсамольцаў» (умоўна – маладых цынікаў, якія ставілі на бізнэс, падтрымку «інтэлектуалаў», нацыяналістычных рухаў) з пакаленнем «ідэйных». У гэтым сэнсе «перабудова» ў Сінявокай не за гарамі: заўзятых лукашыстаў усё менш, і іх няўклюдныя крокі, здаецца, ужо замінаюць патэнцыйным наступнікам дзяліць/захоўваць/памнажаць маёмасць. Будуць, відавочна, і спробы падлабуніцца да тутэйшай (шм)інтэлігенцыі – дый ужо назіраюцца гэткія спробы, напрыклад, у форме «мяккай беларусізацыі».

Па-мойму, курапацкі выпадак упісваецца ў гэтую няхітрую схему. Калі прыняць яе, то выходзіць, што «новая хваля» чынавенства ішла на саступкі, ухваліла помнік, усталяваны ў лістападзе 2018 г., etc. «Старая» вырашыла адыграцца на шэрагу крыжоў вакол Курапацкага лесу – 04.04.2019 іх было дэмантавана сем дзясяткаў.

Cакратарыят арганізацыі, да якой належу (СБП), у той жа дзень прыняў заяву, дзе «выказвае абурэнне з прычыны зносу крыжоў на тэрыторыі народнага мемарыялу “Курапаты”. Замест належнага ўшанавання месца масавых расстрэлаў улада працягвае барацьбу з нацыянальнай памяццю і стварае глебу для канфрантацыі». З духам гэтай заявы я згодзен, а з літарай… не так усё проста. Па-першае, як няма іншых казыроў, апрача абурэння, то і яго, мабыць, лепей прыхаваць да лепшых часоў (небеспадстаўна заўважыла Наталля Сівіцкая ў фэйсбучных каментах: «Толку з вашага абурэння»). Падобна, пры зносе быў парушаны закон, дык няхай бы загаварылі найперш адвакаты. Па-другое… «улада» бывае розная, і мы дажылі да часу, калі міністэрскія чыноўнікі маюць адну пазіцыю, а група дэпутатаў парламента – іншую.

Пры ўсёй павазе да часткі пратэстоўцаў (перапрашаю, цяжкавата паважаць людзей, якія лепяць герояў з С. Булак-Балаховіча й Р. Шухевіча), не думаю, што 4 красавіка стане пераломнай датай у адносінах «грамадзянскай супольнасці» і дзяржавы. З паводзінамі ўладных органаў у Курапатах прыйдзецца лічыцца надалей, хоць асобныя гарачыя голавы ў час прыкрых падзей заявілі, што «гэтай уладзе няма месца на зямлі!» Усё ж летась шыльда з надпісам «Рэспубліка Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій. 30-40-я гады ХХ ст. Прычыненне шкоды караецца па закону» з’явілася ва ўрочышчы, як і «міністэрскі» помнік (гл. здымкі тут).

Уваходы ў Курапаты з боку Мінскай кальцавой дарогі, 09.04.2019

Эмігрант Зянон 04.04.2019 выдаў наступны прагноз: «Наступны этап вайны варвараў – агараджэньне сеткай тэрыторыі магільніка, забарона доступу людзям на тэрыторыю Мэмарыяла і поўнае зьнішчэньне ўсіх памятных крыжоў над магіламі расстраляных. Чарговы этап – зьнішчэньне ўсіх масавых магіл…». Але тут непрыхаваны гандаль страхамі; прынамсі на сёння доступ у Курапацкі лес не закрыты, і сотні крыжоў «народнага мемарыяла» стаяць, дзе стаялі. Тым часам мінчукі Павел Севярынец, Мікалай Статкевіч і Макс Вінярскі зноў селі «на суткі» 🙁

На «Галгофе» (у цэнтры ўрочышча); адмыты ад свастыкі помнік з надпісам на ідышы. Здымкі 09.04.2019, 13:45.

Агароджа… а ці так гэта шкодна, (паспрабаваць) вызначыць дакладныя межы тэрыторыі? Яшчэ ў пачатку 2002 г. Марат Гаравы прапаноўваў: «Курапаты трэба агародзіць. Вакол брамы маглі б з’явіцца памятныя знакі розных канфесій, у тым ліку іудзейскай, а недалёка ад лесу – музей трагедыі беларускага народу ў ХХ стагоддзі».

Усё яшчэ – як і ў снежні 2018 г. – спадзяюся на тое, што кампрамісы магчымыя, і ўрад рана ці позна выдзеліць магутную апаратуру (цеплавізары?) для пошуку парэшткаў у Курапатах. Трэба ўсё ж даць рады з несамавітай «вілкай» у колькасці ахвяр – ад сямі тысяч да ста і болей. Пошукавая група, аснашчаная сучаснымі сродкамі, якіх не мелі даследчыкі 1980–90-х гадоў, магла б атрымаць наступнае заданне: устанавіць лік расстраляных з дакладнасцю +/-10–20%.

Ніна Багінская і Вячаслаў Сіўчык дзяжураць ля ўезду ў рэстаран «Поедем поедим», 09.04.2019, 14:20

Увосень 2018 г. парадыйная «Парція памяркоўных цэнтрыстаў» (нехта скажа, што яна створана true-змагарамі для «палявання» на апалітычнае насельніцтва, ды верыць не абавязкова) выступіла з ініцыятывай правесці рэферэндум дзеля выхаду Беларусі з «Саюзнай дзяржавы». Не прайшло і паўгода, як паліттусоўка «Уперад, Беларусь!», кіраваная памочнікам дэпутаткі Ганны Канапацкай, таксама прапанавала нешта падобнае… Па-дзеля мяне, не так памысна было б выйсці з той «СД», запачаткаванай у снежні 1999 г., як уступіць у саюз з морскімі суседзямі – Украінай, Літвой. Тым не менш я падпісаўся пад зваротам. Карысці ад «СД» ніколі не адчуваў; кажуць, пад ейным дахам раздаюцца літаратурныя прэміі, але ніхто з маіх таварышаў іх не атрымліваў. Празрыстая мяжа з Расіяй? Дык я і да снежня 1999 г. без праблем выбіраўся ў Маскву (восень 1995 г.) і Вяліж (лета 1999 г.)…

Ясна, з такімі тэмпамі, як тут, нерэальна набраць 450 тыс. подпісаў, нават віртуальных. Між тым арганізацыя «народнага рэферэндуму» вымагае адпаведнай колькасці аўтографаў на паперы… Лепей бы Канапацкая & Со. звярнулі ўвагу на план удасканалення канстытуцыі РБ, для рэалізацыі якога трэба ўтрая менш подпісаў. Аднак хто я такі, каб настойваць? Хай робяць хоць нешта – «не дагоняць, дык сагрэюцца».

* * *

Надышоў красавік, а з ім і традыцыйны для Беларусі «Фэст экскурсаводаў». Сёлета ён юбілейны = Х. Не магу не адзначыць тэматычныя экскурсіі, што мусяць адбыцца ў бліжэйшыя дні для шырокай публікі: 13.04.2019 – «Гісторыя вёскі Ленін» (збор каля мемарыяльнага комплекса «Ахвярам Ленінскага гета» апоўдні); 14.04 – «Стаўбцоўскае яўрэйства» (пл. Леніна ў Стоўбцах, з 11.00); «Як вучыліся яўрэйскія дзеці колькі стагоддзяў таму ў Мінску» (ст. метро «Няміга», з 12.00), «Халакост і яўрэйскае супраціўленне на Навагрудчыне» (Навагрудак, пл. Леніна, тадысама); «Гісторыя яўрэяў горада Гродна» (Вялікая Харальная сінагога, з 13.00), «Яўрэйская спадчына Віцебска» (тэатр «Лялька», з 15.00). Многа дзе нават рэгістрацыі не патрабуецца…

Дзіўна ці не, але нацыянальны прававы партал pravo.by выправіў памылкі ў тэксце Канстытуцыі РБ, адзначаныя ў «Катлетах & мухах» 11.03.2019. Рэспектую! 😉

«Вольфаў цытатнік»

«Такі праект, як каланізацыя Марса, найперш патрабуе вырашэння палітычных і эканамічных праблем на Зямлі» (Станіслаў Лем, 2004)

«У пачатку 1990-х адбылася рэстаўрацыя чынавенства старога рэжыму. Былыя партыйныя бонзы прыйшлі…» (Юрый Мамін, 06.04.2019)

«Палітычны працэс – не адладжаны будзільнік» (Павел Катаржэўскі, 08.04.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

09.04.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 09.04.2019  23:41

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (108)

Шалом-бай! Выглядае, не памаглі мае ўшчуванні 11-га і 19-га сакавіка. Чытаю:

«21 сакавіка ў Мінску адбыўся арганізацыйны сход грамадскай канстытуцыйнай камісіі. Яна збіраецца распачаць працу над новай Канстытуцыяй... Новая Канстытуцыя будзе грунтавацца на базе Канстытуцыі 1994 г. без зменаў, унесеных на рэферэндуме 1996-га».

Што характэрна, кіраваць камісіяй маюць тыя ж людзі, якія ў сярэдзіне 1990-х пра… маталі лад, пры якім дзейнічала Канстытуцыя ўзору 15.03.1994.

На каго ўсё разлічана? У пачатку лістапада 1996 г. Алена Л., супрацоўніца факультэта палітычных і адміністратыўных навук ЕГУ, неафіцыйна запрашала нас, студэнтаў, прыйсці ўвечары на плошчу Незалежнасці і падтрымаць Вярхоўны Савет у яго баруканні з прэзідэнтам. Я пад’ехаў, паглядзеў… Паловы гадзіны мне, трэццякурсніку, хапіла, каб сцяміць, што кашы з такімі пратэстоўцамі не зварыш. Калі я не купіўся на іхнюю самапрэзентацыю ў свае 19 год (прычым не галасаваў ні за лукашэнкаўскі «суперпрэзідэнцкі» праект, ні за няжыццяздольную альтэрнатыву ад «аграрыяў і камуністаў»), няўжо-такі куплюся ў 41? 😉

Самацытатка (14.05.2017): «з пераважнай большасцю публічных асоб, якія прэтэндуюць на тое, каб стаць альтэрнатывай клану Лукашэнак, у мяне чыста музычныя рознагалоссі… Звычайна гэтыя асобы проста не трапляюць у такт: маўчаць, калі трэба гаварыць, гавораць, калі трэба дзейнічаць, мітусяцца, калі трэба падумаць».

А па сутнасці… Ну так, груба і крыва была перароблена Канстытуцыя ўвосень 1996 г., але новая версія дзейнічае (з адыёзнай папраўкай 2004 г., якая, аднак, не тычыцца размежавання паўнамоцтваў) звыш 20 гадоў, дык што ўжо цяпер? Ад таго, што будзем войкаць над лёсам кабеты, згвалтаванай у пяшчотным узросце, яна зноў стане нявінніцай?

Каторы раз падкрэслю для маладых і перспектыўных палітыкаў, у тым ліку для Мечыслава Грыба, генеральнага сакратара (кіраўніка спраў) Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі: занялі адказныя пасады – варта займацца рэальнай палітыкай, а не «настальгічным турызмам». Усведамляю, праўда, што падобныя заклікі – як аб сценку гарох. ¯\_(ツ)_/¯

У 2000–2010-х гг. праз шматразовыя расчараванні ў рэальнасці адбылася віртуалізацыя публічнай (у прыватнасці, палітычнай) прасторы, памножаная на традыцыйную «памяркоўнасць». Вынік – грамадства ў нейкім сэнсе яшчэ больш закрытае, чым у часы «камуністычнай Вандэі» (рубеж 1980–1990-х гг.). Па-мойму, не варта шмат казаць пра «раскол» у Сінявокай, дарма што многія кажуць, відаць, спрабуючы зарабіць сабе дадатковыя балы. Дыягназ на «Дойчэ веле» 23.03.2019 няслушна быў пастаўлены: «бакі беларускага грамадства» не дзейнічаюць на «знішчэнне» адно аднаго, а збольшага мадзеюць у сваіх інфармацыйных пухірах ды не чуюць, не жадаюць чуць альтэрнатыўных ідэй. Калі коратка: у дрыгве няма расколу, для якога патрэбны больш-менш акрэсленыя пазіцыі бакоў, а «знікненне агульных сэнсаў і каштоўнасцей, якія яднаюць людзей у грамадства і нацыю» завецца іначай (напрыклад, анаміяй).

Разам з тым не перабольшваў бы маштабаў і закаснеласці згаданай анаміі. Незалежнасць сама па сабе задае рамкі для супольнай эканамічнай дзейнасці, а апошняя аб’ектыўна падмацоўвае агульныя інтарэсы яе ўдзельнікаў, у тым ліку беларусаў і яўрэяў. Так ці інакш адбываецца дыялог (калі хочаце, міжэтнічны) – ні «гета», ні «рыса аселасці» ў сучаснай Беларусі немагчымыя. Зразумела, формы й нормы гэтага дыялога далёка не заўсёды цешаць.

Я ўжо цытаваў дасціпнага Алеся Чобата, які ў снежні 2001 г. заляпіў: «Народ горшы за любую ўладу. Бо ўладу зьмяніць можна, а народу ня зьменіш». Нямала, дарэчы, разумнага напісаў паэт – рэкамендую… Гісторыя пра тое, як мастак Уладзімір Крукоўскі ў 1991 г. хадзіў «за нашымі дэмакратычнымі і патрыятычнымі дэпутатамі», сёлета амаль паўтарылася. Улетку 2017 г. была запрошана мая помач у працы над перакладам Хаіма Нахмана Бяліка на беларускую, і зборнічак выйшаў у тым жа годзе. Але дзівун з групы, згаданай Чобатам, чамусь вырашыў, што я мушу бегаць за ім па кніжку з перакладам. Cпярша былі мэйлы такога зместу: «Дарагі Вольф! Як рэдактар Вы сябе праявілі абсалютна прафэсійна і адказна паверце мне!» Потым – спасылкі на ўласную занятасць, маралізатарства… Што замінала ўкласці кніжку коштам 3 рублі ў канверт за 1 рубель (0,5$) i адправіць на пазначаны мною адрас – дагэтуль не разумею. Трапная ёсць прымаўка: «Як бяда, так да жыда, як па бядзе, дык ідзі к чорту, жыдзе» – не адно пра яўрэяў.

* * *

Надоечы прыйшла на мэйл адозва з рэкламай «Цайтшрыфта» – гэта «штогоднік, прысвечаны яўрэйскай тэматыцы», які выдаецца цэнтрам яўрэйскіх даследаванняў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Выходзіў у 2011–2016 гг. і, напэўна, зноў будзе выходзіць, прынамсі «матэрыялы для чарговага выпуску прымаюцца да 1 чэрвеня 2019 г.».

Хай людзі пішуць у «Цайтшрыфт», я не супраць, але сам пакуль што ўстрымаюся. Адна з прычын – з’яўленне ў 2017 г. артыкула рэдактара «Цайтшрыфта» Змітра Ш. «Беларускі арыенталізм і “беларуска-яўрэйская ўтопія” (да пастаноўкі праблемы)». Да прыкладу, аўтар смела піша, што «паводле Ю. Хадыкі, яўрэі займалі ў БССР [1980-х гг.] другое месца паводле колькасці насельніцтва» – і тут жа «абвяргае» аднаго з лідараў БНФ, спасылаючыся на перапіс 1989 г. Між тым нябожчык Хадыка ў 1997 г. і не казаў пра месца яўрэяў у агульнай колькасці насельніцтва, а ацэньваў долю прадстаўнікоў розных этнасаў (карэктна або не – іншае пытанне) у дырэктарскім корпусе позняй БССР…

Пасля колькіх гадоў рэдактарства падобныя «ляпы» дзіўнавата прапускаць у сваіх тэкстах, але залішняя самаўпэўненасць, на жаль, увогуле характэрна для дзейнасці Ш., які аналізуе (пара)палітычны дыскурс, ігнаруючы метадалогію, выхопліваючы асобныя постаці ды выказванні з кантэксту… Карацей, «нацягваючы саву на глобус».

Кандыдат гістарычных навук вяшчае (цытую без перакладу): «В окончательном виде белорусско-еврейская утопия была сформулирована в самом конце 1980-х – начале 1990-х гг. На рубеже ХХ-ХХІ вв. в таком жанре” написаны часть работ Я.З. Басина, Э.Г. Иоффе, Л.М. Лыча, В.М. Рубинчика, А.Ф. Смоленчука и др.»

«В.М. Рубинчик» – гледзячы па ўсім, ваш пакорлівы слуга, бо іншыя Рубінчыкі на рубяжы стагоддзяў праблематызацыяй беларуска-яўрэйскіх адносін у газетах-часопісах не займаліся. Праўда, паводле пашпарту я Владимир Павлович 🙂 Сам Ш. раней не раз спасылаўся на мае тэксты, дык можна было запомніць…

Утопія як з’ява, у прынцыпе, не адштурхоўвае. Адну са сваіх першых навуковых работ, апублікаваную, здаецца, у зборніку РІВШ БДУ, назваў «Утопія і сучаснасць, або Сучаснасць утопіі». Даводзіў, што ўтапісты – крэатыўныя рабяты, якія нярэдка дапамагаюць чалавекам рухацца ўперад… Але ўвогуле-то я – скептык і рэаліст; ніколі не «навяваў чалавецтву сон залаты».

У адным шэрагу з Басіным ды Іофе мне стаяць няёмка нават «па тэхнічных прычынах» (абодва, мякка кажучы, не ва ўсіх выпадках рабілі розніцу паміж «калгасным» і «сваім», а адзін яшчэ і пустабрэх, не раз прызнаны такім праз суд). І галоўнае – што Ш. мае на ўвазе пад бел.-яўр. утопіяй? Пан адказвае: «пэўны кірунак у беларускай гістарычнай, гісторыка-публіцыстычнай і мастацкай літаратуры, які ідэалізуе беларуска-яўрэйскія сувязі (кантакты) на працягу некалькіх соцень гадоў іх існавання». Далей фармулюе тэзісы, што пашыраюцца прадстаўнікамі «кірунку»:

– яўрэі жывуць поруч з беларусамі вельмі працяглы час, прыкладна з ХІ-ХІІ стст., і абодва народы заўсёды мірна суіснавалі.

– яўрэі сфармаваліся пад уплывам беларускага этнасу; яўрэйства ў Беларусі шмат у чым злілася з беларускім народам паводле традыцыяў і звычаяў;

– яўрэі і беларусы былі аднолькава гнаныя як рускімі памешчыкамі, так і польскімі панамі; улічваючы гэта, яўрэі павінны падтрымліваць беларусаў у іх палітычнай барацьбе;

– і яўрэі, і беларусы заўсёды залежалі ад больш магутных суседніх нацый (палякаў і рускіх) і лёгка паддаваліся асіміляцыі;

І г. д., аж да «адраджэнне мовы іўрыт, ініцыятарам якога стаў ураджэнец Беларусі Э. Бен-Іегуда, можа служыць узорам для адраджэння беларускай мовы».

Усё настолькі пальцам у неба! Наадварот, яшчэ студэнтам у канцы 1990-х я спрачаўся з выкладчыкам гісторыі, які праводзіў паралелі паміж адраджэннем іўрыта і беларускай – даводзіў, што сітуацыі істотна розныя. Смяяўся са спробаў Э. Іофе абмаляваць Беларусь як «радзіму яўрэйскіх сланоў» (выраз Віталя Зайкі ў «Аrche», № 3, 2000), дзе яўрэі атабарыліся быццам бы ажно ў часы Полацкага княства. Не пераацэньваў уплыву беларускага этнасу на фармаванне тутэйшых яўрэяў, асабліва ў «дасекулярны» перыяд (да ХХ ст.). І, вядома, нідзе не сцвярджаў, што два народы заўсёды мірна суіснавалі; ні ў «Аrche», ні ў «Нашай Ніве», ні ў «Анахну кан», ні ў навуковых публікацыях. У 2015 г. прапаноўваў паверыць Уладзіміру Караткевічу, які занатаваў у сваім дзённіку 1960-х гадоў пра яўрэяў ВКЛ: «жылі тут не добра і не кепска, і з прывілеямі, і з паборамі, і з гвалтам…» («Дзеяслоў», № 78, 2015).

Іншая справа, што ў пачатку 2000-х і пазней я выступаў за такія (мабыць, не ўсім патрэбныя) рэчы, як кансалідаваная яўрэйская абшчына ў Беларусі + дыялог яўрэйскіх інтэлектуалаў з беларускай «культурнай элітай», які вёўся б, між іншага, і па-беларуску. Калі гэта было ўтопіяй – ну, даруйце… Па-мойму, у другой палове 2010-x і кіраўнікі «абшчыны» перасталі бясконца сварыцца міжсобку, і дыялог худа-бедна вядзецца, і наагул, «прафесійныя яўрэі» сталі больш цікавіцца беларускай мовай. Той самы афіцыёзны «Авив» раз-пораз публікуе ў сябе белмоўныя матэрыялы, нават «тарашкевіцай» 😉

Чарговае сведчанне паступовага развароту яўрэйскіх суполак да беларушчыны – выхад кнігі Фелікса Баторына «Яблычны пах цішыні» (Мінск: Кнігазбор, 2018. 308 с., 200 экз.). Частку грошай на гэты зборнік вершаў ахвяравалі «яўрэйскія лідары», і атрымалася няблага. Наконт слова «жыд» у беларускай Ф. Баторын, як выявілася, мае адмысловы вершык 2010 г.: «Перш чым сцвярджаць: «Антысеміт!» – / Cпадар хай зразумее, – / Не ў тым бяда, што кажуць «жыд», / Бяда, што б’юць габрэя!» А во радкі, напісаныя ў 2011 г. і актуальныя дагэтуль, з верша “Разважанні на габрэйскіх могілках, апаганеных фашысцкай свастыкай»: «У людскасці душы надзея на збавенне. / А людскасць існуе, не ведаючы рас…»

Вокладка новай кнігі Ф. Баторына; помнік у Курапатах з надпісам на ідышы, апаганены невядомымі (сакавік 2019)

Нягледзячы ні на што, з паліндромным Днём Волі ўсіх (101!) Напэўна, яшчэ не позна тым, каторыя ў Ізраілі, заруліць да ашдодскага камяня ў гонар Янкі Купалы, і павіншаваць адно аднаго. У праграме арганізатараў «традыцыйнае ўскладанне кветак да помніка, беларуская музыка, агульная радасць і весялосць пад ізраільскім бел-блакітным і беларускім бел-чырвона-белым сцягам». Чаму б і не?

«Вольфаў цытатнік»

«Разважаючы пра раздачу прызоў гісторыяй, трэба кіравацца не фактамі, а тэндэнцыямі, мысліць свет у дынаміцы, а пад актуальнасцю разумець не тое, што тут і цяпер, але тое, што па крайняй меры на паўкрока ўперадзе. І перастаць назойліва ганарыцца, хваліцца мінулым» (Аляксандр Няклеса, 15.03.2019)

«У свеце філасофаў прынята далікатна абыходзіцца нават з найгоршымі ідыятызмамі… Мы занадта далёка зайшлі ў сваёй далікатнасці адносна забабонных мудрацоў. Пара скончыць з гэтым, аддзяліць навуковую гіпотэзу ад дэмагагічнага вымыслу, навуку – ад фантазіі, добрасумленныя філасофскія высілкі – ад пустой балбатні» (Юзеф Марыя Бахеньскі, «Сто забабонаў», 1987)

«Калі ў вашай галаве хаос і каша, гэта ўсяго толькі паказнік таго, што вы адпавядаеце эпосе. Я ўсё яшчэ ўпэўнены, што агульначалавечыя законы існуюць, але бываюць эпохі, калі, насамрэч, нагадваць пра іх і змагацца за іх – занятак не для ўсіх, шчыра скажам» (Дзмітрый Быкаў, 15.03.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

25.03.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 25.03.2019  16:06

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (98)

Шаломчык марозны! На пачатку года новага ўсё яшчэ цягне падводзіць рысу пад мінулым…

2018-ы быў год як год, для мізантропа самае тое – з баранамі, авечкамі, ваўкамі і ваўчыхамі, ды вельмі тонкай праслойкай людзей. Насельніцтва краіны зменшылася на яшчэ адзін раённы цэнтр («РАЙцэнтр» у гэтым кантэксце гучала б цынічна нават для мяне) – нічога дзіўнага. Здаецца, да нас ужо не так ахвотна едуць з Украіны, як тое было ў 2014–2016 гг.

Машыях не прыйшоў. Праўда, убачылі свет «Выбраныя катлеты і мухі» (36 серый), змяніліся прэм’ер-міністр, некалькі віцэ-прэм’ераў, міністры фінансаў, эканомікі, архітэктуры і будаўніцтва, etc., начальнік Мінска… Крутых перамен аз грэшны пакуль што не адчуў; хутчэй выглядае на тое, што нарыў унутры дзяржсістэмы спее і вось-вось прарвецца. Калі на сайце government.by не ўмеюць прозвішчы-імёны-па-бацьку міністраў акуратна пісаць, то куды ўжэ.

Год таму, у студзені 2018 г., байкар ад культуралогіі Віктар М. каторы раз вырашыў самасцвярдзіцца, гукнуўшы: «Дзве Беларусі робяцца адной». Гэтак ён прадоўжыў-утылізаваў думку Святланы Алексіевіч, выказаную ў канцы снежня 2010 г.: «Ужо няма адной, ужо дзве Беларусі». М. даводзіў, што ў 2017 г. пачаўся працэс збліжэння афіцыйнай, «датацыйнай» Беларусі, і «андэграўнду»: «Мы ўсе мусім навучыцца з’ядноўвацца… Бо, ведаеце, дзве краіны для дзесяцімільённага народа — гэта зашмат». Што й казаць, думка глыбокая, вартая Ксеніі Сітнік з дзіцячага еўрабачання-2005: «О-а-о, только вместе мы большая сила»… Пастка, аднак, у тым, што саступкі альтэрнатыўнікам рабіліся ў драбніцах, на маргінэсе, а ў галоўных сферах, як паказаў 2018-ы год, ніхто і не збіраўся «злівацца ў экстазе».

Сярод прыкмет збліжэння аўтар называў «Кангрэс даследчыкаў, які рыхтуюцца правесці [Андрэй Казакевіч і кампанія] ў Беларусі ў супрацы з Акадэміяй навук». Пра супрацу «незалежных» і «залежных» беларусістаў было абвешчана ў снежні 2017 г., cем месяцаў нібыта вялася падрыхтоўка, але раптам выявіліся «арганізацыйныя складанасці»… У выніку Кангрэса-2018 не адбылося ні ў Мінску, ні ў іншым месцы, а сёлета яго, як і ў першай палове 2010-х, плануюць правесці «на выгнанні» – у Літве.

Летась аматараў Беларускай народнай рэспублікі пусцілі на юбілейны канцэрт, арганізаваны за накраўдфаўнджаныя грошы, у «загон» каля Опернага тэатра, але шыльду на будынку, дзе ў 1918 г. была прынята Трэцяя ўстаўная грамата (Мінск, Валадарскага, 9), так і не дазволілі павесіць. Не дапамаглі і звыш 3 тысяч подпісаў, адпраўленых у Мінгарвыканкам у кастрычніку.

Карацей, «пакуль сонца ўзыдзе, раса выесць вочы». Ці не адзінае дасягненне «дзяржаўна-недзяржаўнага партнёрства» 2018 г. – памятны знак у Курапатах, адкрыты з санкцыі міністэрства культуры ў лістападзе. Аднак месца згубы тысяч людзей і з гэтым знакам, на жаль, не зрабілася ўсеагульнай святыняй. І ўжо ў сярэдзіне снежня якісьці вандал надрапаў на ім зорку Давіда.

Існуе меркаванне, што ўсіх яднаюць шахі… Што выйгранае ў Батумі права на шахматную Алімпіяду ў Мінску (2022) здольнае мабілізаваць і «левых», і «правых», і лукашыстаў, і антылукашыстаў. Адылі сумняюся: ну, хаця б таму, што звычайныя («класічныя») шахматы перасталі быць гульнёй, якая дапраўды інтрыгуе. Намаганні дамы, што пазалетась ачоліла Беларускую шахматную федэрацыю, давесці свае тэзісы да самых розных аўдыторый («Беларусь сегодня», «Народная воля», «Звязда», «Прессбол», «Радыё Свабода»…), самі па сабе заслугоўваюць ухвалы. З другога боку, БФШ летась нарабіла глупстваў і апрача сумнавядомага канфлікту, раздзьмутага на роўным месцы. Пра нешта-нейкае чытайце тут, хоць я б і не падпісаўся пад усімі каташукоўскімі «вынікамі года». І ёсць што дадаць:

Нябожчык года – Віктар Давыдавіч Купрэйчык, 03.07.1949 – 22.05.2017. Дагэтуль лічыцца членам БФШ пад № 535 і, гледзячы па ўсім, ад яго чакаюць унёскаў за 2018–2019 гг. (!)

Дапускаю, што, калі грунтоўна папаварочаць спіс членаў федэрацыі (1994 прозвішчы), знойдзецца шчэ не адна «мёртвая душа»… У прынцыпе, лагічна, што чычыкаўшчына руліць і ў інтэрв’ю фронтвумен БФШ вышэйзгаданым СМІ. Напрыклад, Наста-віцэ-прэзідэнтка гутарыла з карэспандэнтам «РС» (11.10.2018): «Мы выхаваем добрых шахматыстаў, каб у нас зьявіўся свой Магнус Карлсэн. Нарвэгія 20 гадоў таму наогул да шахматаў ня мела ніякага дачыненьня. А цяпер у іх там бум, кожнае дзіця гуляе ў шахматы. А Беларусь жа мае традыцыі».

Па-першае, пра Нарвегію, якая да шахмат «не мела ніякага дачынення»… Пад канец 1990-х шахматныя традыцыі ў гэтай невялікай краіне былі крыху багацейшыя, чым у Беларусі: прынамсі чэмпіянаты Нарвегіі пачалі ладзіцца з 1918 г., БССР – з 1924 г. У 1970–1990-х гадах, г. зн. да выхаду М. Карлсена ў эліту, і нават да яго нараджэння (30.11.1990), усенарвежскія турніры – разам з адборачнымі – штогод прываблівалі сотні шахматыстаў. У сусветных шахматных алімпіядах зборная Нарвегіі ўдзельнічае з 1930 г., Беларусь (не блытаць з асобнымі яе прадстаўнікамі) – з 1994 г. Добра, калі актывісты Нарвежскага шахматнага саюза «ліхіх 1990-х гадоў» не прачытаюць інтэрв’ю функцыянеркі ФІДЭ і не затояць крыўды на ўсіх нас…

Па-другое, перш чым «Сінявокай» спаборнічаць з радзімай Фрыт’ёфа Нансена ды Рагнара Фрыша ў выхаванні шахчэмпіёнаў, варта падумаць пра тое, як дапяць хоць бы да паловы сярэднедушавога ВУП Нарвегіі-1998 (34788$). На хвілінку, у РБ ён, паводле звестак Сусветнага банка, складаў у 2017 г. 5726$.

Легенду пра тое, што шахматы – танны від спорту, лепей адкінуць: перспектыўным гульцам трэба частыя выезды за мяжу, паслугі трэнераў, кансультантаў… Карлсен – і яго супернік па матчы 2016 г. Сяргей Каракін – дасягнулі гросмайстарскага рэйтынгу 2500 у 13 гадоў. Напрошваецца вывад (аптымістычны, бо параўнальна з сярэдзінай 2000-х гадоў канкурэнцыя на вышэйшым узроўні абвастрылася), што, каб рэальна змагацца за сусветную карону, неабходна мець к 13 гадам 2420-2440 пунктаў Elo. Некаторыя шансы заняць «стартавую пляцоўку» для змагання ёсць хіба ў пары хлопцаў з гэтага беларускага спісу. Ну, спадзяваймася на цуд… і на тое, што дажджу стыпендый ад «прэзідэнцкага клуба» хопіць усім.

Па-дзеля мяне, «жэстачайшая шахматная вертыкаль» агулам састарэла – гадоў шэсць таму, як пачалі зачыняць шахаддзяленні ў рэгіянальных спартшколах, тое зрабілася відавочным. У 2013 г. я прапаноўваў ставіць у Беларусі не так на ілюзорныя спартыўныя перамогі, як на «гарызанталь», г. зн. на «сеціва народных гурткоў і клубаў інтэлектуальных гульняў». Але адміністрацыя прадказальна праігнаравала ідэю, і з 2015 г. фарсіруе ў Мінску «Нью-Васюкі».

Уразіла тое, што ў квазіэкспертным «Белорусском ежегоднике 2018», прысвечаным падзеям 2017 г., Барыс Т., аглядальнік з «Прессбола», пішучы пра спорт, не заўважыў ані змены кіраўніцтва ў БФШ, ані тэндэнцыі ператварэння шахмат у ідэалагічна важны, «іміджавы» від з гледзішча адміністрацыі прэзідэнта (дый увогуле пра іх не ўспомніў :)). Колішні вядучы шахаддзела ў «БДГ»…

Па-мойму, паводзіны большасці нашых «экспертаў» – а таксама палітыкаў і журналістаў – укладваюцца ў дзве вядомыя показкі: або яны шукаюць не там, дзе згубілі, а там, дзе відно (ігнаруюць небяспечныя праблемы), або прагнуць змяніць свет, пачынаючы з цырульні (перабольшваюць значэнне праблем адносна дробных). Зразумела, першы і другі тыпы паводзінаў лёгка спалучаюцца.

Вунь 27.12.2018 прэзентавалі даследаванне, прысвечанае плагіяту ў пісьмовых работах беларускіх студэнтаў. Так, студыёзусы перапісвалі чужыя работы (або фрагменты з іх), перапісваюць і, пэўна, яшчэ доўга будуць перапісваць. Мой досвед выкладання курсу «Асновы права» ў Акадэміі музыкі (2004-2005) пацвярджае, што «Многія выкладчыкі стараюцца не бачыць некаторыя формы плагіяту і вельмі паблажлівыя ў справе пакарання за плагіят». Але, магчыма, не дарма яны «паблажлівыя»? Мо цямяць, што пачынаць выпраўленне гэтага свету трэба не з цырульні студэнтаў, а з прафесароў і чыноўнікаў, якія дзесяцігоддзямі не саромеюцца прысабечваць плады інтэлектуальнай працы?

Да разбэшчанай моладзі дакляпацца няцяжка, і ў многіх ВНУ Беларусі дзейнічае праграма «Антыплагіят», якую «незалежныя даследчыкі» яшчэ толькі прапануюць увесці 😉 Не ведаю, якія могуць быць іншыя «рэформы вышэйшай адукацыі» пры цяперашняй сістэме ўлады і кіраўніках адпаведнага міністэрства, якія амаль не хаваюць, што «сваім – усё, чужым – закон». Тут я ўжо адзначаў, што супрацоўнік прэс-службы мінадукацыі РБ для «імхаклуба» капіпасціў фрагменты з інтэрнэт-энцыклапедыі «Луркамор’е» – тэму за паўгода хто-небудзь падхапіў? Трымайце працяг ад таго ж Андрушы Л.:

 

Крэатыў lurkmore.to (2013-2015 гг.) і высер на «імхаклубе» ад 24.12.2018. Сцеражыцеся падробак.

Пра тое, што не Л. пісаў пра «Шушку» ў Луркамор’і, ведаю хаця б таму, што часткова сам рабіў тамака падборку «Главнюки» 😉

Я супраць плагіяту ў любых формах, дый сам ад яго цярпеў. Але мне здаецца, што пара б ужо перастаць «змагацца за чысціню», заміж каб падмятаць (ізноў здароў, Ільф & Пятроў). І нагадаю, што пісаў у снежні 2017 г.: «Няма ў сінявокай свайго Дысернета, а варта было б стварыць: дальбог, беларускай навуцы хоць трохі палягчэла б. Падобныя задачы ставіў перад сабой мінскі часопіс Аrche ў 2000-х гадах, асабліва ў «скарынаўскіх» выпусках, але ніасіліў. Замежныя навукоўцы, патрыёты Беларусі, маглі б асіліць пры падтрымцы мясцовых кадраў…» Ніхто з прапановамі не звярнуўся – ОК, хлопцы-дзеўкі, рабіце без мяне, толькі не лямантуйце, калі сутыкнецеся з «мафіяй». Гэта вам не «долю пашкоджанасці плагіятам» беларускага студэнцтва падлічваць 😉

Дарэчы, на месцы тутэйшых інтэлектуалаў я б суцішыў хор захаплення Кімам Хадзеевым, якому сёлета споўнілася б 90 год (памёр у 2001 г.). Так, пакручасты лёс, нетрывіяльнае для БССР мысленне… Здолеў выйсці з «псіхушкі», напісаўшы кандыдацкую дысертацыю для загадчыка аддзялення – малойца. Аднак тое, што К. Х. на волі гандляваў дысертацыямі, гэта ўжо крыху занадта. Колькі ёлупаў праз яго незаслужана выбіліся ў кандыдаты й дактары, атрымаўшы вагары ўплыву на грамадства?!

У тым жа 2001 г., калі я быў аспірантам, паўдзельнічаць у monkey business мне прапаноўваў іншы неардынарны жыхар Мінска, Леў К. (к таму часу ён пісаў дысертацыі на замову не адзін год). Я адмовіўся – і не шкадую.

І пра добрае. У мінскага пісьменніка, чые карані пад Мазыром, пад канец года выйшла новая кніга, амаль такая ж харошая, як мая 🙂 🙂 🙂

Андрэй Федарэнка са сваім «Сузіральнікам». Д-р Ганна Кісліцына адгукнулася на гэты невялікі зборнік тут. Толькі чаму аўтар у яе «Федоренко», калі ён (у рускім варыянце) ФедАренко?

Яшчэ навіна. Ідышна-беларускую кніжку «Eybik/Вечна» (Мінск: Шах-плюс, 2016) летась выкарыстоўвалі для знаёмства з творамі Мойшэ Кульбака аж у Варшаве. I тэрпенцін самвыдат для чагосьці карысны 🙂

«Вольфаў цытатнік»

«Кідаючы словы на вецер, не спадзявайся, што яны стануць крылатымі» (Юрый Кувалдзін, 2003)

«Ніхто з вялікіх не быў канфармістам, усе яны былі крытычнымі асобамі, таму што фармаваліся ў процістаянні: спрачаліся, лаяліся, абаранялі сваю пазіцыю. Дайце нашым дзецям права на памылку, на ўласнае меркаванне, якое можа не супадаць з меркаваннем настаўніка або падручніка… Ёсць такія настаўнікі, але іх пакуль што вельмі мала» (Наталля Вінаградава, 20.12.2018)

«Грамадства не можа без масы прафесій, якімі грамадства само і пагарджае. У гэтым сэнсе грамадства само па сабе штука ўкрай несправядлівая» (Дзяніс Драгунскі, 07.01.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

08.01.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 08.01.2019  22:27

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (96)

Cёмы месяц доўжыцца актыўная фаза канфлікту паміж пратэстоўцамі з розных мясцін Беларусі і адміністрацыяй рэстарана «Поедем поедим», што стаіць недалёка ад Курапацкага лесу. Баюся, што і ў Новы год мы адчайна ўварвемся пяройдзем з гэтай мітрэнгай.

12.12.2018 Паўла Севярынца і Cяргея Анянкова затрымалі, калі яны спрабавалі перашкодзіць уезду аўтамабіля на тэрыторыю рэстарацыі, адправілі на ноч за краты. Назаўтра адбыўся адміністратыўны працэс – першаму прысудзілі штраф, блізкі ў эквіваленце да 600$, другому прыйдзецца выплаціць каля 440$.

Неўзабаве мае адбыцца яшчэ адно судовае пасяджэнне – па грамадзянскаму іску гаспадара ядальні да журналіста «Новага часу» і рэдакцыі газеты. Паводле версіі Леаніда Зайдэса, журналісцкае расследаванне псуе ягоныя гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Л. З. патрабуе 8000 рублёў – г. зн. амаль 3800$ – кампенсацыі за маральную шкоду. Столькі ён, вядома, не атрымае, але часткова іск, хутчэй за ўсё, задаволяць. Зайдэс – не імпульсіўны Ізраілевіч, якому ўласныя фантазіі ды піяр былі даражэйшыя за факты (прынамсі да колькідзённай адседкі ў пачатку лістапада – мо’ цяпер паразумнеў).

Цешыць мяне тое, што не залежу ні ад ураду, ні ад «грамадскіх актывістаў», што нясуць вахту каля брамы рэстарана, ні нават ад таварыства аховы помнікаў, якое пікетоўцы дзяўбуць за «апартунізм» (таварыства мерылася ўзяць у Зайдэса 20000 р. на ўладкаванне Курапат). Яшчэ больш цешуся з таго, што не працую на «Народную волю», газету, калумністы якой не ўмеюць нават уважліва чытаць тэксты, не кажучы пра пошук імі ісціны.

«НВ» у Беларусі не адна такая, ды ад гэтага не лягчэй. Пра Сямёна Б. з яго панегірыкамі для Руты Ванагайтэ і недарэчнай шпількай у бок Ландсбергіса пісалася тут. Яшчэ адзін знаны філолаг, Алекс Ф., 13.11.2018 выступіў у ролі «міратворцы» – маўляў, паводзіны Ізраілевіча яму не падабаюцца, але ж неэтычна атакаваць жонку Аркадзя Маргарыту і яўрэяў увогуле. Усё б нічога, але пан Ф. угледзеў у інтэрв’ю Ізраілевіча «салідарнасць з тымі, хто ў Курапатах расстрэльваў бязвінных людзей». Чаму раптам? Хіба таму, што ў нашумелай гутарцы (верасень 2018 г.) бізнэсмен, між іншага, выказаўся пра Курапаты так: «можа быць, там былі тыя, каго і трэба было расстраляць?»

Невукаваты каблан-забудоўшчык – помнім-помнім, шмат год Аркадзь жыў побач з урочышчам і нічога пра яго не ведаў – мімаволі закрануў сур’ёзную праблему, сацыяльны профіль ахвяр сталінскага тэрору. «Не будзем ідэалізаваць тых, хто трапіў у лагеры і ссылкі, быў расстраляны і закатаваны. Былі сярод іх і даносчыкі на калегаў…», – трапна адзначаў у прадмове да зборніка «Расстраляная літаратура» (2008) гісторык Анатоль Сідарэвіч. Нельга выключаць, што пэўная доля курапацкіх ахвяр перад арыштам проста служыла ў карных органах. Магчыма, прысуды гэтым былым карнікам былі аформлены цапу-лапу, але ж па сутнасці яны атрымалі тое, што заслужылі (як і ўяўны «англійскі шпіён» Берыя ў 1953 г.).

Падкрэслю: доля мярзотнікаў сярод ахвяр тэрору невялікая, і падзел костак на «нашы/не нашы» перспектыў не мае. Праз тое, што на палігоне «Камунарка» пад Масквой «размянялі», напрыклад, экс-наркомаў унутраных спраў БССР Ляплеўскага і Бермана, ён не перастае быць месцам журбы ды памяці. Тым не менш затыкаць Ізраілевічу рот і прыпісваць салідарнасць з расстрэльшчыкамі 1937–1941 гг. было… ну, няхай неразумна.

У нумары за 11.12.2018 на 1-й паласе назіраў у Святланы К. чыстую істэрыку з нагоды таго, што некалькі больш-менш вядомых беларусаў (напрыклад, дырыжор Бабарыкін) удзельнічалі ў тэлездымках расійскага музычнага канала на тэрыторыі «Поедем поедим». На думку С. К., здымкі – «здзек з соцень тысяч беларусаў, якія назіраюць за гэтай сітуацыяй праз СМІ і ўсім сэрцам на баку тых, хто дабіваецца закрыцця скандальнага піцейнага дома…» Няйначай дама падсумавала аўдыторыі ўсіх недзяржаўных СМІ і аўтаматычна прыпісала ўсім іх чытачам-гледачам прагу зачыніць рэстаран…

Усё гэта «лірыка», а ў юрыдычным плане казыроў пратэстоўцам бракуе. Многія з іх апелююць да прадстаўлення, якое пракуратура выпісала 27.11.2012 аблвыканкаму – там гаварылася пра знаходжанне часткі пабудоў у ахоўнай зоне. Аднак прадстаўленні і пратэсты пракуратуры – не тыя паперы, што ўладаюць законнай сілай; параўнальна з рашэннямі судоў гэта, хутчэй, міжведамасныя рэкамендацыі. Дарэчы, і суддзі не заўжды ўлічваюць меркаванні пракурораў.

У 2014 г. пытанне ахоўнай зоны было вырашана… шляхам яе скарачэння да 50 метраў ад ускрайку лесу, г. зн. рэстаран з яе вывелі. Калі за столькі гадоў пратэстоўцы не змаглі выкрыць карупцыйную падкладку ў прынятых пастановах Мінскага аблвыканкама ды міністэрства культуры, то, напэўна, ужо і не выкрыюць. Цяпер дзяржава ў асобе пракуратуры настойвае на тым, што рэстаран можа працаваць, аднак з усходняга боку выключаюцца «ўсе віды гучных мерапрыемстваў». Пасля атрымання гэткага адказу (ліпень 2018 г.) не на закрыцці-пераносе «шынка» варта было б настойваць, а на ўзвядзенні плоту з узмоцненай гукаізаляцыяй…

Курапацкі лес і рэстаран «Поедем поедим» (за плотам). Фота адсюль.

Актывісты зноў і зноў паўтараюць, што Курапаты – нацыянальны некропаль, значыць, заслугоўваюць больш далікатнага абыходжання, чым звычайныя могілкі. Зноў жа, «лірыка»… А чаму б на фоне падвышэння цікавасці дзяржавы да мемарыялізацыі не дабівацца для месца масавых расстрэлаў пад Мінскам статусу асобай, аўтаномнай адзінкі? Каб руліў там, пры ўсёй павазе да органаў «мясцовага самакіравання», не так Бараўлянскі сельсавет, як міністэрства культуры або ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей. У апараце апошняга або пры мінкультуры варта было б стварыць кампактны пададдзел са стабільным фінансаваннем, а пры аддзеле – грамадскую раду з даволі шырокімі паўнамоцтвамі, куды ўваходзілі б (паводле прынцыпу ратацыі) усе абаронцы i рупліўцы ўрочышча. Яна дэ-факта і пераняла б адказнасць за «закон і парадак» у Курапатах.

Адной з задач рады, санкцыянаванай дзяржавай, мусіла б стаць удакладненне граніц пахаванняў у Курапацкім лесе. Па-мойму, месцы расстрэлаў варта абгарадзіць (прынамсі абкласці камянямі), каб ніхто па іх лішні раз не таптаўся. Як накрэсліць граніцы без маштабных раскопак? Мяркую, урад мог бы на час пошукаў выдзеліць магутную апаратуру, недаступную актывістам-аўтсайдэрам. Чытаю паведамленне 2016 г.: «Навукоўцы будуць шукаць магілы воінаў на Куліковым полі пры дапамозе цеплавізараў». Калі сучасныя прыборы здольныя зафіксаваць парэшткі ваяроў XIV стагоддзя (спадзяюся, у гэтым выпадку інфармагенцтва суседняй краіны не хлусіць), то вызначыць, дзе ляжаць ахвяры ХХ ст., і пагатоў.

Ёсць яшчэ метад біялакацыі… Так, яго рэпутацыя неадназначная, але я на свае вочы бачыў, як яўрэйскі дзеяч Г. у 2002 г. пры дапамозе пруткоў шукаў – і знаходзіў – пахаванні ахвяр Катастрофы ў Мазыры. У месцах расстрэлаў пруткі пачыналі шалёна круціцца. Калі запрасіць у Курапаты 5-10 дасведчаных «лазаходцаў», калі іхнія звесткі наконт пахаванняў супадуць, то мажліва будзе абысціся і без цеплавізараў.

* * *

У кастрычніку г. г. прасіў наведвальнікаў belisrael.info паўспамінаць пра пачатак 1990-х – час станаўлення дзяржаўнасці РБ, якая пачалася, вядома, не з ліпеня 1994 г. Тут можна знайсці згадкі Ю. Тэпера, П. Рэзванава і нейкага Рубінчыка. Сёння – яшчэ адзін успамін ад пастаяннага чытача «К&М», дасланы з некаторым спазненнем:

Алесь Рэзнікаў (інжынер з Мінска, 1967 г. нар.):

Чым мне найбольш запомніліся 1992–93 гады ў Беларусі? Для мяне гэта найцудоўнейшы перыяд свабоды і надзеяў. Канцэрты ў Доме літаратара. Газеты «Свабода» і «Наша Ніва» на тарашкевіцы. Нават дзяржаўныя газеты «ЛіМ» і «Культура» зачытваліся да дзірак. Вандроўкі па Беларусі і ў Польшчу за ваўчары без візы. Для кагосьці, канешне, быў шок і «ліхія 90-я», але не для мяне. Выступы бардаў Віктара Шалкевіча, Андрэя Мельнікава, Змітра Бартосіка, пісьменніка Уладзіміра Арлова… Рэнесанс быў ва ўсіх канфесіях, праваслаўныя разам з баптыстамі і каталікамі раздавалі Евангеллі. Адраджэнне было і ў габрэйскай культуры – вярталася імя Марка Шагала ў Віцебск і Беларусь, людзі даведваліся пра Ізі Харыка і Зэліка Аксельрода, Гірша Рэлеса… Людзі перасталі саромецца называць сябе габрэямі (некаторыя нават па-старажытнаму сталі звацца «жыдамі», у добрым сэнсе)… Нават крышнаіты хадзілі і спявалі па Камароўцы і праспекце Скарыны. Прыязджалі «месіянскія габрэі», ім давалі Палац спорту…

І ў Ізраілі 1992–1993 гады былі часам вялікіх спадзяванняў, кульмінацыяй якіх стала падпісанне «дэкларацый Осла» (верасень 1993 г.). З другога боку, гэта перыяд, калі дзясяткі тысяч імігрантаў востра адчувалі брак працоўных месцаў і жытла – што, у прынцыпе, можна сказаць і пра 1990–1991 гг. Пасля парламенцкіх выбараў 1992 г. «рускамоўная абшчына» палітызавалася; якраз на 1993 г. (4 мая) прыпала беспрэцэдэнтна вялікая дэманстрацыя «аліі» ў Іерусаліме, калі з падачы Шчаранскага & Co. пад Кнэсет прыйшлі да 15 тысяч чалавек. Натан тады дэманстратыўна кінуў у сметніцу перадвыбарныя абяцанкі партыі «Авада», якая прыйшла да ўлады ўлетку 1992 г. У сваім артыкуле для расійскага часопіса «Дыяспары» (2002) я акурат заўважыў, што 1993-і быў годам пераходу ад спантанных пратэстаў да «сістэмных».

Як успамінаў Эфраім Меламед у газеце «Наша страна» (19.08.1999): «Пасля паражэння ўсіх рускіх спісаў на выбарах у кнэсет 1992 года («ДА», «ТАЛІ», «Яд бэ-яд») стала відавочнай неабходнасць кансалідацыі сіл абшчыны… 25 лістапада 1993 г. пад вялікім сакрэтам адбылася першая нарада амаль усіх вядомых у краіне рускамоўных старажылаў Ізраіля… Каб сабраць за адным сталом гэтых людзей, мне давялося амаль паўгода весці перамовы з кожным з іх… Тады і на ўсіх наступных сустрэчах аж да перамогі на выбарах 1996 г. (партыі Ісраэль ба-алія – В. Р.) адзінай тэмай заставаліся інтарэсы нашай абшчыны». Па-мойму, неблагі ўрок для беларускай «апазіцыі».

Э. Меламед з Кір’ят-Яма – «каталізатар» палітычнага самавызначэння рускамоўных у Ізраілі 1990-х гадоў. Фота адсюль.

«Вольфаў цытатнік»

«Бо мы падобны да дрэва / што расце праз шчыліну ў бетоне / Яго ствол захавае форму шчыліны / Не нам / разбіваць бетонныя сцены / наша справа расці», «галоўнае, каб час ішоў» (Іван Ахмецьеў, 1980-я гг.)

«Нешта ў цяперашнім дзяржаўным ладзе выпадае пакуль што прыняць проста таму, што яно ўжо існуе. Вядома, паступова мы будзем пераўладкоўваць дзяржаўны арганізм» (Аляксандр Салжаніцын, 1990)

«Унікальнасць 1960-х гадоў – у тым, што яны сталі часам вельмі пераканаўчай, вельмі натуральнай і вельмі моцна перажытай ілюзіі канца ілюзій… Людзі хацелі “праўды” – прычым па змоўчанні мелася на ўвазе, што праўда не зможа не ўкладвацца ў нашыя чаканні, не зможа не адпавядаць вымогам, напрыклад, гармоніі, асэнсаванасці, справядлівасці свету» (Вольга Бала, 27.03.2010)

«Шаламаў, напэўна, быў злейшы, больш сацыялагічны і літаратурны, чым Салжаніцын. А многія іншыя – больш дакладныя і гістарычныя. Але толькі Салжаніцыну нейкім дзівам удалося ператварыць сваю творчасць у акцыю перадача «Архіпелага ГУЛАГ» на Захад і ў тэатр трыумфальнае выданне “Архіпелага” па ўсім свеце». (Сяргей Мітрафанаў, 12.10.2016)

«Дзеці гэта святое. Пад сцягам дзяцей любыя заканадаўчыя ідыятызмы вельмі добра прымаюцца». (Кацярына Шульман, 04.12.2018). Апошні сказ добра перадае сутнасць паняцця «лалітыка» – В. Р.

«Час – ён бязлітасны, ён як ваўчыца / Вось мы сядзім тут, а ён імчыцца» (БГ, з альбома «Час N», 2018)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

14.12.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

От редактора belisrael

Материал нашего постоянного автора должен вызвать спор.

Я, живущий в Израиле уже 28 лет, не мог не обратить внимание на 2 последних абзаца.

На ословский договор можно смотреть по разному в зависимости от политических взглядов, но большинство израильтян скажут, что он принес огромные проблемы.

Пример партии “Исраэль ба-алия”, конечно, интересен, но к следующим выборам  в 1999 она разочаровала многих, на чем и сыграл Либерман, основавший НДИ, которая пусть и держится долго, уже давно у многих вызывает раздражение своим цинизмом, демагогией, пустыми обещаниями. К этому еще можно добавить ставшие близкими отношения Либермана с Путиным и Лукашенко, даже если в последние годы это не так незаметно. Еще недавно бывшая израильским министром Софа Ландвер, не раз во время поездок в Беларусь, отмечалась восхвалением режима, израильские ее выкрутасы и, мягко говоря, прегрешения это особая песня, заслуживающие отдельного большого разбора. Леонид Литинецкий стал проводником “русского мира” в Израиль. И нельзя не отметить, что партия оказалась настолько коррумпированной, что ряд ее высокопоставленных деятелей и их приближенных уже сидят, др., таких как Фаина Киршенбаум, вполне вероятно ожидает большой срок.

Опубликовано 14.12.2018  22:44

Водгук

Сітуацыя з «Курапатамі» сапраўды неяк выбіваецца з агульнага трэнду. Я ўжо не кажу пра мемарыялізацыю Трасцянца, але і спыненне прац па пашырэнню вуліцы Карла Лібкнехта, калі ў скверы на Купрыянава «раптоўна» адкрыліся парэшткі (нават мой бацька, якога толькі нарадзілі ў Мінску, і бабуля з дзядулям зусім не мінчане, і потым ён да 8-га класа жыў у Германіі, з савецкай групай войск, ведаў, што там – былыя лютэранскія могілкі), і нешта кшталту могілак загінулых у Першай сусветнай паміж Старавіленскім трактам і вуліцай Чарвякова, – усё паказвае, што да парэшткаў нашы ўлады спрабуюць ставіцца з пашанай. Хутчэй за ўсё, справа ў палітызацыі менавіта гэтага месца, з-за якой абодва «бакі барыкады» «ўпёрліся рогам». Што мусіць адбыцца, каб яны разышліся мірам, я не ведаю, але адносна мірнае святкаванне 100-годдзя БНР дазваляе спадзявацца на лепшае.

Пётр Рэзванаў, г. Мінск  

17.12.2018  13:15

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (93)

Шалом усім, хто яшчэ сочыць за серыялам! Ідзе ён доўга, але ўсё ж не 8888 дзён, як у асобных палітыкаў, якія граюць ролю прэзідэнта… Харошую карцінку выставіў надоечы «антыжурналіст»:

Годны адказ на адміністратыўнае захапленне «святам бясконцасці», практыкаванае ўрадавым інфармагенцтвам. Набор фактаў ад Аляксея Карпекі – адказ больш падрабязны.

Ці звярнуў хто ўвагу на тое, што «бясконцасць» у афіцыёзным кантэксце можа намякаць на адмену прэзідэнцкіх выбараў 2020 года? Хітрыя ідэолагі праз сваё агенцтва яўна зандуюць глебу. Логіка ў вышэйшых чыноў скасабочаная, і калі статуя гарадавога з сабачкам насупраць будынка міністэрства ўнутраных спраў РБ лічыцца «жывой» (толькі не кажыце мне, што падлетак пасля затрымання 14.11.2018 сам даўмеўся прасіць прабачэння ў статуі, якую перад гэтым пляснуў), то чаму б жывому чалавеку не зрабіцца помнікам самому сабе? 🙂

Калі ўспомніць, што 13 лістапада шэф абвясціў 2019-ы «годам палітычнай вакханаліі» (прадоўжыцца, маўляў, да сярэдзіны 2020 г.), то карціна вымалёўваецца больш-менш ясная. Зміцер Дзядзенка, літаратурны жартун – ці жартаўлівы літаратар – ужо пераназваў ЦВК на чале з «паднявольнай птушкай» Лідай у «Цэнтральную Вакханальную камісію» 🙂 🙂

Дапраўды, сістэме надакучылі выбары, нават імітацыйныя, тым болей што, як паказвае расійская практыка, яны дэмаралізуюць выканаўцаў і здольныя абярнуцца нечаканай перамогай «апазіцыі». Ад любімых некалі рэферэндумаў адміністрацыя ўжо адмовілася, хоць змена Канстытуцыі наспела і пераспела (асноватворны юрыдычны тэкст неабходна было мяняць 5 год таму, перад ліквідацыяй гаспадарчых судоў, або хаця б адразу пасля яе). Дык што, «каранацыя ў чацвер»? Няўжо-такі збудзецца мой сцэнарый з «Баціканам»?

Ісці ў заклад аб лёсе Беларусі да 2021 г., як я тое прапаноўваў чытачам у канцы кастрычніка, ніхто не пажадаў. Ёсць яшчэ пару дзён, але… мяркую, аматары змрочных прагнозаў не выйдуць на сувязь. І гэта крыху суцяшае – значыць, у глыбіні душы яны і самі не вераць, што РФ паглыне РБ або адкусіць яе ўсходнія вобласці, адно хайпуюць.

…Год таму дзяўчаты з горада Б. (Барысава! – хіба Давіда Шульмана начыталіся) заснавалі капэлу «Жыдовачка», якая грае яўрэйскія мелодыі. Назоў не ўсім спадабаўся, і вось што прачытаў у fb-акаўнце капэлы: «Як граць штэтлфолк у Беларусі, звацца “Zhydovachka” і не адграбаць ад “русскоязычных белорусских евреев” а ніяк! Граць, звацца і адграбаць». Сапраўды, ёсць яўрэі, якія адрэагавалі, нібыта бык на чырвоную анучу – хтосьці нават абяцаў паскардзіцца ў адміністрацыю Цукербергіі… Спадзяюся, дзяўчаты (іх цяпер шэсць) не кінуць сваю справу. Словы «жыд», «жыдоўка» мне бачацца архаічнымі – ну дык музыканткі і аднаўляюць, як умеюць, старыя яўрэйскія танцы! Дапраўды, 100-200 гадоў таму не юзалі носьбіты беларускай мовы слова «яўрэй», хаця спробы «раскруціць» нешта падобнае рабіліся і да знакамітай пастановы ЦК 1925 г. Так, на рубяжы 1917–1918 гг. Сымон Дзякоў з Магілёўшчыны пісаў у рэдакцыю газеты “Вольная Беларусь”: «Пакуль слова “жыд” будзе існаваць, ужывацца ў друку і гутарцы, да тых часоў астанецца жывучым атрутны корань антысемітызму… Замяніце гэтае слова вельмі зычным словам “еўрэй”». Рэдакцыя ў № за 07.01.1918 адказала: «Слова жыд не мае ў сабе нічога ганебнага, і жыдоўская маса ў нас не абражаецца ад гэтае назвы».

Згаджуся з незнаёмым мне Ільёй Шведзікам (21.11.2018, fb-група «Белорусские евреи»): «Стаўленне да выкарыстання канкрэтных слоў залежыць ад эмацыйнай афарбоўкі… У цэлым, вядома, у большасці выпадкаў гэтае слова (сугучнае з беларускім “жыд” – В. Р.) у 2018 годзе на тэрыторыі былога СССР выкарыстоўваецца для прыніжэння яўрэяў, і яго выкарыстанне непрыемна мне як яўрэю. Але канкрэтна ў гэтым выпадку зусім не бачу нічога абразлівага. Бачу, наадварот, спробу адраджэння яўрэйскай музычнай традыцыі, што мне, як яўрэю, нават прыемна. Удалая спроба або не, я не ведаю ))))» Дадам, што ў канцы 2000-х гадоў пад кіраўніцтвам Дзмітрыя (Зісла) Сляповіча ў Мінску былі праведзены тры невялікія фэсты «Жыдовішча», выйшаў ідыш-беларускі слоўнік Аляксандра Астравуха з развагамі пра «жыдоўскую культуру», і свет не перакуліўся.

Сам я ў 2002 г. выдаваў газету з белмоўным падзагалоўкам «незалежная яўрэйская», а ў 2003–2009 гг. – «беларуска-яўрэйскі» бюлетэнь. Вытворныя ад «жыда» там ужываліся толькі ў тэкстах гістарычнага характару (таго ж Змітрака Бядулі…). Аднак, паклаўшы руку на сэрца, аддаю перавагу «Нашай Ніве» пачатку 2000-х з яе паведамленнямі пра «жыдоўскія сьвяты», а не цяперашняй, павярхоўна паліткарэктнай «НН», якая піша пра «яўрэяў», але дэ-факта нацкоўвае сваю аўдыторыю на нашых людзей.

* * *

У пачатку года часта ездзіў у аўтобусах, дзе хоцькі-няхоцькі слухаў у салоне бясконцыя натацыі пра тое, што расклейванне несанкцыянаваных аб’яў на апорах кантактнай сеткі (прасцей кажучы, на прыдарожных слупах) цягне за сабой штраф ад 20 да 100 базавых велічынь. Гэта сур’ёзная сума: для параўнання, звычайнае парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходам «важыць» усяго ад 1 да 3 базавых, то бок прыблізна ад 12 да 36 долараў.

Падобна, «Мінсктранс» сваімі ролікамі, пра якія гаворыцца тут, усім жыхарам і гасцям сталіцы вушы пратрубіў. Нават паказвалі мульцік, у якім суворы дзядзька-міліцыянт бярэ за каўнер вісусаў-расклейшчыкаў. Але які плён гэта дало к канцу года, праз 9-10 месяцаў?

Слупы г. Мінска па-ранейшаму залепліваюцца рэкламай… Мабыць, гэта такая народная традыцыя.

Побач з плошчай Бангалор, каля станцый метро «Пушкінская» і «Спартыўная», лістапад 2018 г. Не самы цэнтр, аднак і не перыферыя

Хочацца падкінуць чытачам – і чытачкам – пытанне для роздумаў: чаму народ не баіцца пакарання? Варыянты адказу: а) у Мінску многа рызыкантаў; б) прыбытак ад аднаго выхаду на вуліцу з аб’яўкамі большы за штраф (што наўрад ці); в) усе ведаюць, што праваахоўным органам няма ахвоты лавіць парушальнікаў. Высоўвайце свае версіі.

Асабіста я схіляюся да трэцяга варыянту – у сталіцы пільна ахоўваюцца толькі асобныя лапікі, ля дзяржустаноў і пад. Невыпадкова тых, хто ўступаў у кантакт з вышэйзгаданым «гарадавым» на вул. Гарадскі Вал, затрымлівалі вельмі хутка. З аднаго боку, такая «выбіральнасць» цешыць, бо прадухіляе татальны кантроль над грамадзянамі. З другога… сумна ад таго, што не паўсюль на тэрыторыі РБ (ды што там РБ – Мінска) закон дзейнічае аднолькава.

Каб пазбыцца непажаданых афішак, раіў бы ўладам парадаксальны крок: не палохаць штрафамі, а наадварот, дазволіць расклейку – або зрабіць яе абавязковай для кожнага грамадзяніна 🙂 Адчужэнне «паспалітага люду» ад «інстанцый» зараз такое, што людзі пачнуць рабіць усё на злосць, г. зн. ухіляцца ад пэцкання слупоў. 😉

* * *

У сераду, 21 лістапада, зноў заехаў у Курапаты (мінулы раз наведваў урочышча летась). Паглядзеў на новы помнік, пастаўлены з санкцыі міністэрства культуры. Праекты, што ўвайшлі ў шорт-ліст, у свой час не выклікалі ў мяне энтузіязму, аднак гатовая канструкцыя са звонам, пры ўсёй яе мастацкай другаснасці адносна хатынскіх пабудоў, нечым кранае.

Асабліва прыемна было ўбачыць на ножках гэтай «вежы» надпісы на ідышы квадратнымі літарамі (muter, shvester, man ды інш. – усяго звыш 10 родных слоў). Дарэчы, і стаіць новы помнік зусім побач з манументам, узведзеным «ад імя яўрэяў» у 2004 г. – там таксама ёсць словы на ідышы. А шыльда з другога боку пацвярджае, што Курапаты ўзятыя пад ахову дзяржавай:

Потым я спусціўся з «Галгофы» ў бок рэстарана «Поедем поедим». Ён метраў за 100 ад лесу з крыжамі, спадарожныя домікі – метраў за 60. Абышоў плот – і на ўваходзе заўважыў групу пратэстоўцаў. Іх было чацвёра, у тым ліку Павел Севярынец. Ягоны паплечнік з Радашковічаў неўзабаве сышоў.

 

Валерый, Юрась, Павел

Пастаяў я з хлопцамі, пагутарыў. Павел быў настроены па-баявому – надалей настойвае на закрыцці рэстарацыі. Аптымістычна ён ацэньваў нядаўняе звальненне ключавых чыноўнікаў мінкульта (Дрыга, Яцко) – маўляў, гэта знак, што хутка ўсё зменіцца. Спыняў аўтамабілі і тактоўна прапаноўваў пасажырам буклеты. Дзеля-мадзеля і я ўзяў буклецік на мелаванай паперы – нейкая фірма раздрукавала яго для пратэстоўцаў бясплатна.

Папраўдзе, не пераканалі мяне ні размовы, ні друкаванае пасланне («рэстаран на чалавечых костках» – кідкі лозунг, але ж насамрэч парэшткі расстраляных на гэтым месцы не былі выяўлены). Вялікага сэнсу ў «асветніцка-місіянерскім» пратэсце зараз не бачу, хоць Павел і казаў, што многія ў выніку адмовіліся ад заездаў ва ўстанову, якая цяпер нясе вялікія страты. Усё ж рэстаратары нештачкі зарабляюць на кейтэрынгу… Можна як заўгодна ставіцца да Леаніда Зайдэса, але ён выглядае ўпартым, мэтаскіраваным бізнэсоўцам.

Выйсцем было б ці то дабіцца вяртання 150-метравай ахоўнай зоны праз суд, ці пабудаваць ля кальцавой дарогі аналагічны рэстаран ды перавабіць наведвальнікаў, ці штодня выводзіць да ўезду ў «Поедем поедим» па 100-200 чалавек, блакуючы шлях, каб у адказ на разгон(ы) прыходзілі б новыя пікетоўцы. Паколькі ўсё пералічанае – са сферы фантастыкі, выпадае шукаць кампрамісу (варыянт улетку я выкладваў; магчымыя, зразумела, і іншыя).

Год цяжкі, але здаралася і нямала добрага. Вось нястомны Іосіф Шкляр (аka Iossi Schkr) месяцы тры таму падрыхтаваў інфарматыўны фільм пра Валожынскую ешыву, ды яшчэ з англійскімі субтытрамі. Вось гэткі ж нястомны Алесь Астравух едзе на чарговую «літвацкую экскурсію» пад эгідай «Арт Вандроўні» (канец верасня) і ладзіць «нясумную лекцыю» пра маме-лошн у «Арт Сядзібе» (сярэдзіна лістапада).

Самому мне сёлета пашчасціла чытаць вершы на ідышы перад шырокай публікай 4 разы (у сакавіку, верасні і двойчы – у кастрычніку). Столькі ж ідышных выступаў было ў мяне за 3 папярэднія гады (2015–2017 гг.) – чым не доказ прагрэсу? 🙂

Калі сёлета чытачы выказалі цікавасць да паэмы Рыгора Кобеца «Палестына», я перанабраў яе для сайта. Зараз прапаную слаць заяўкі на паэму Тодара Кляшторнага «У дарозе» (1927), дзе быў апісаны антыяўрэйскі пагром. Твор цытаваў Андрэй Хадановіч у сваёй леташняй лекцыі, прысвечанай Т. Кляшторнаму, – гл. тут. Абяцаю набраць «У дарозе» цалкам, калі заявак да 07.12.2018 паступіць усяго тры (а не пяць). Міўца 🙂

І пра дзіўнае. Чым далей у лес, тым раней ставяць у Мінску навагоднія елкі. У 2018 г., напрыклад, святочнае дрэва каля Прытыцкага, 27 (лядовы Палац спорту) сканструявалі 12-13 лістапада, а некалі было – у канцы месяца… Катэгарычна чакаю ад сваёй аўдыторыі тлумачэнняў гэткага феномена!

«Вольфаў цытатнік»

«Розніца паміж Рашай і Беларусяй прыкладна як паміж выправіцельнай калоніяй і псыхіятрычнай лякарняй. У лякарні чысценькія ходзяць і харчуюцца з дыетычнага стала, толькі дурныя. Элемент дзікунства і там і там» (Фёдар Жывалеўскі, 14.10.2018)

«У кароткатэрміновых прагнозах памыляюся, у даўгатэрміновых не ўдзельнічаю. У інтэрнэт не зазіраю. Гэта ўсё адно, што разганяць туман рушніком. І, выбачаюся, дупай хвалі адбіваць» (Міхаіл Жванецкі, 06.11.2018)

«Весці дзённік са спазненнем – гэта, так ці інакш, літаратура» (Міхаіл Рубін, «Дзеяслоў», № 4/2018).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

23.11.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 23.11.2018  15:00

КУРОПАТЫ. КОСА НА КАМЕНЬ-2

От ред. belisrael.infoПервые интервью “БелГазеты” о “великом противостоянии” под Куропатами читайте здесь. Процесс по иску А. Израилевича к газете “Новы час” о защите чести, достоинства и деловой репутации, упомянутый в материале, закончился в суде Советского района г. Минска тем, что 10 сентября 2018 г. суд отклонил требования бизнесмена.

Коса на камень

14.09.2018

«Поедем поедим»: противостояние продолжается?

Прошли три месяца противостояния в Куропатах. Локальные стычки между защитниками мемориала и посетителями ресторана «Поедем поедим» продолжаются. Последний пример – инцидент между бизнесменом Аркадием Израилевичем и активистами, произошедший 29 августа. Как дальше может развиваться противостояние вокруг ресторана? На эту тему в «Визави» рассуждают бизнесмен Аркадий ИЗРАИЛЕВИЧ и координатор инициативы «Абаронім Курапаты» Анна ШАПУТЬКО.

АРКАДИЙ ИЗРАИЛЕВИЧ: «ПОЧЕМУ ЕВРЕЙСКИЙ РЕСТОРАН ВСТАЛ ПОПЕРЁК ГЛОТКИ?»

– Что произошло 29 августа возле ресторана «Поедем поедим»? Активист Денис Урбанович утверждает, что вы его избили.

– Я специально не поехал в суд по моему иску к газете «Новы час», чтобы никого не разозлить, вечером приехал в ресторан «Поедем поедим». Там стояло человек десять, с которыми я полез драться. А когда всех избил, естественно, они вызвали милицию и скорую помощь. Они определили, что я находился под алкогольным опьянением и даже под огромной дозой наркотиков. Шапутько тут же поставила диагноз Урбановичу: двойной перелом ноги, правда, на следующий день три милиционера, приехавшие задерживать, его еле скрутили. На фоне всего Северинец дал огромное интервью. Вот что было (смеется).

– А в какой стадии находится конфликт?

– Дела никого нет, меня даже никто не вызывал. Это была обычная банальная провокация.

– 29 августа в первой половине дня прошло заседание суда по вашему иску к газете «Новы час», куда вы не поехали. Но прибыли в ресторан «Поедем поедим», что породило всякие слухи.

– В соцсетях звучали призывы прийти на суд. Поэтому я, чтобы не провоцировать какие-то беспорядки, на суд не пошел, а отправил туда адвоката, как это делается во всем цивилизованном мире. К тому же газете я предложил мировую – ее она не устраивает.

– На каких условиях вы готовы урегулировать спор с газетой «Новы час» во внесудебном порядке?

– Суть моего предложения проста. Я считаю, что газета выполняет заказ. На мой взгляд, автор статей Денис Ивашин, главный редактор газеты Оксана Колб являются членами, как я это называю, «экстремистской группы батьки Северинца и матки Шапутько», которых в народе прозвали «защитниками Куропат». Я даже специально выписал определение экстремизма – «приверженность крайним взглядам и методам действия».

Сначала я обратился через прессу, затем позвонил лично Оксане Колб и предложил следующее. Есть понятие «медиация» – досудебное решение спора. Скандал мне совершенно не нужен, деньги любят тишину – давайте все вернем на место. Вызывайте любых независимых журналистов (Белсат, «Радыё Свабода», кого хотите), пусть они присутствуют в роли рефери. Меня абсолютно незаконно назвали бенефициаром, фактически хозяином ресторана «Поедем поедим». Я считаю, все эти публикации сделаны преднамеренно, и они принесли мне массу проблем. Я предложил: если вы доказываете, что я хозяин, я приношу вам извинения. А если я не являюсь хозяином (а по документам видно, что я никакого отношения к заведению не имею), то вы просто пишете опровержение. Все, никаких денег мне не нужно. Тем более что из заявленных BYN40 тыс. я не собирался ни копейки положить себе в карман, а хотел все отдать на благотворительность, в том числе и на строительство комплекса в Куропатах.

– Но ведь редактор предлагала вам изложить собственную точку зрения на страницах газеты…

– Первое «расследование» вышло 13 июня, после чего большинство СМИ обратились ко мне за комментариями. Кроме Белсата и «Новага часу». Потому что «Новы час» планировал опубликовать весь цикл статей, которые могли рухнуть после обнародования всей правды. У газеты плачевное финансовое положение, поэтому и придумали весь этот финт. Из статьи получается, что одни евреи абсолютно незаконно отодвинули охранные зоны, построили на костях ресторан.

Хотя ситуация очень проста: почему вы не идете в Минобл­исполком, в Минкульт, Гостройнадзор, которые дали коммерсанту Зайдесу разрешение на строительство? Зайдес получил разрешение, проинвестировал проект, в том числе деньгами американских инвесторов, а сейчас на этих инвестициях поставлен крест – позиция, как я считаю, совершенно деструктивная. Я вообще не понимаю: во всем мире оппозиция воюет с властью, но я первый раз вижу, чтобы оппозиция в нашей стране добивала остатки бизнеса.

– Куропаты в силу своего статуса являются достаточно рискованным местом для бизнеса. Почему владельцы с самого начала не просчитали все возможные риски?

– Я не владелец бизнеса, поэтому могу лишь высказать собственное мнение. Я возле Куропат прожил 10 лет. С одной стороны урочища построили поселок Солнечный – никого это не волновало, построили автозаправку – никого раньше не волновало и сейчас не волнует: ездить по костям, проливать бензин на костях – это можно. А вот еврейский ресторан встал почему-то поперек глотки.

Давайте так: границы охранных зон не нарушены. Даже если нарушены – есть цивилизованные пути решения таких проблем. Я живу у мемориала «Яма» – почему ни у кого не болела душа, когда там строили гостиницу «Хилтон», в 20-50 метрах от «Ямы» находится масса ресторанов (расстояние от “Ямы” до соседних ресторанов значительно преуменьшено – ред. belisrael.info), в которых по ночам музыка играет (и еще как играет!). Парк Челюскинцев, «Тростенец» – в любой точке Минска когда-то что-то нехорошее происходило. Почему они вцепились в Куропаты? А почему они не пикетируют КГБ, чтобы тот рассекретил документы о том, кто расстрелян в Куропатах? Я не хочу кощунствовать, но, может быть, там были те, кого и нужно было расстрелять?

– Суд потребовал уточнить исковые требования к «Новаму часу». Решили, как будете действовать дальше?

– Суд попросил уточнить, в какой форме мы хотим получить опровержение. А «Новы час» отказался от мировой.

– Конфликт вокруг ресторана длится уже больше трех месяцев. Даже если открытая фраза противостояния и закончится, нет ли у вас опасения, что конфликт не исчезнет – просто перейдет в новую фазу?

– Нет. Власть поступила очень мудро: решила не обращать внимания на все происходящее (собака лает, ветер носит). Именно это и взбесило Северинца и его сторонников, которые начали устраивать провокации. Даже в моем случае произошла обычная банальная провокация. Я не хотел ехать в ресторан на такси, потому что мне пришлось бы пройти какое-то расстояние пешком. Поэтому я специально поехал на машине с водителем. Обычно, когда приезжают машины, охранники оттесняют активистов, которые не видят, кто приехал. Мой друг пригласил меня на день рождения, 65 лет, – я не мог ему отказать. Я специально сел на заднее сиденье, с зашторенными окнами. Но они то ли просчитали, то ли узнали машину – сразу на нее налетели, не давали мне выйти. Выйдя, я пытался обойти толпу, но Урбанович меня толкнул – видео я разместил на Tut.by. После этого началась небольшая потасовка. Я преследовал цель – отогнать всех от машины, которую поцарапали.

Когда я понял, что публика абсолютно невменяемая, вызвал милицию. И тут началась провокация: Урбанович поднимал то одну, то вторую штанину, Шапутько начала кричать: у него перелом, вызвала скорую. Скорая забрала Урбановича, отвезла в больницу, сделала рентген – а там только царапина. Не удивительно, что три милиционера, приехавшие на следующий день задержать Урбановича и доставить в райотдел, еле скрутили его.

Кто такой Урбанович? Сварщик по образованию, революционер в душе, идейный лентяй и тунеядец. Стоять на свежем воздухе и получать какие-то гранты гораздо интереснее, чем в цеху работать по специальности.

Вот я смотрю на видео, где этот пострадавший сидит в милицейской машине и рассказывает на камеру, как его «мутузили». Сидит, курит, а потом берет и опять же цинично бросает окурок на землю, на то самое святое место, которое он якобы защищает. Вот уж действительно дьявол кроется в деталях. Этот «защитник» может сколь угодно вставать в благородную позу, но его истинная сущность все равно проскользнет в таких вот деталях. Впрочем, как и истинная сущность других его сторонников, которые хлопотали вокруг него. Ведь ни одного из них этот поступок не возмутил. Никому из них не пришла в голову мысль подобрать окурок – для них это в порядке вещей. Разве могут такие люди уважать то место, где гадят? Я и про Куропаты, и про страну в целом.

Почему журналисты, которые прописались на этом месте, не видят таких очевидных вещей? Почему они в принципе не стараются сохранить нейтралитет и объективно взглянуть на ситуацию? Журналист должен стоять над схваткой, а не участвовать в ней и тем более открыто поддерживать одну из сторон.

Меня удивляет тот факт, что камера оператора куплена на деньги европейской страны, а они отстаивают интересы людей, пропагандирующих бытовой антисемитизм. Мне непонятно, почему эти люди стоят под флагом ЕС. Мне интересно, какая страна в Европе их поддерживает? Почему ЕС не волнует, что тысячи водителей, каждый день проезжая по МКАД, ассоциируют эту группу с их странами? Я не верю, что эти люди долго простояли бы под флагами США и Израиля. Представьте моральный уровень этих людей: вызывать скорую, когда в это же время другому человеку может быть действительно плохо, или вызвать милицию, если где-то происходит преступление.

– Похоже, Куропаты превратились в вашу личную проблему?

– У меня нет никаких политических амбиций, я не собираюсь пиариться. Не трогайте меня – и я никого не трону.

Справка «БелГазеты». Аркадий Израилевич родился в 1963г. в Минске. Окончил Белорусский институт механизации сельского хозяйства по специальности «инженер-электромеханик». В 1989г. его родители ­уехали в Израиль на постоянное место жительства. Сам живет и работает в Минске. В бизнесе с 1991г. Не женат. 

ГАННА ШАПУЦЬКА: «КАЛI IЗРАIЛЕВIЧ ПАЧНЕ ЗМАГАЦЦА СУПРАЦЬ РЭСТАРАНАЎ ПОБАЧ З «ЯМАЙ», Я АСАБIСТА ЯГО ПАДТРЫМАЮ»

– Што было каля рэстарана «Паедзем паядзім» 29 жніўня, калі адбыўся інцыдэнт з бізнесменам Ізраілевічам? Апошні называе гэта правакацыяй з боку пратэстоўцаў.

– 29 жніўня курапацкую варту трымала БХД, тактыка якой – спыняць і не прапускаць машыны на тэрыторыю ахоўных зонаў мемарыяла, самавольна захопленай бізнесоўцамі,што падцвердзіла Генпракуратура і ў 2012г., і зараз у адказах на нашыя звароты. Усе машыны, якія ехалі ў гэты дзень у рэстарацыю, спыняліся непадалёк і наведвальнікі ішлі пешшу, ніякіх сутычак пры гэтым не было, усё было спакойна.

Пакуль не прыехаў Ізраілевіч, машына якога ледзь не ўехала ў пратэстоўцаў; Ізраілевіч выскачыў, быццам кіпнем ашпараны, з крыкамі, чаму, маўляў, мяне не прапускаеце, і кінуўся на пратэстоўцаў з кулакамі, ударыў Дзяніса Урбановіча, пасля Сяргея Анянкова, пасля мяне, пасля ізноў Урбановіча па назе. І толькі калі мы выклікалі міліцыю, крыху супакоіўся. Паводзіў сябе неадэкватна, груба, быццам п’яны.

– Дарэчы, рэтранслюю вам рытарычнае пытанне Аркадзя Ізраілевіча: вакол мемарыяла «Яма» працуе мноства рэстаранаў, нікому няма справы да аўтазапраўкі каля Курапатаў. Чаму грамадскасць так учапілася за рэстаран «Паедзем паядзім»?

– Наконт «Ямы» я адказваю так: я супраць рэстарацый побач з «Ямай», бо гэта неверагодна страшнае месца, там павінна быць ціха. І калі той жа Ізраілевіч пачне змагацца за гэтую цішыню там, супраць рэстарацый побач, я асабіста яго падтрымаю. Я ніколі не пайду ў тыя рэстарацыі. Рэстарацыя ў Курапатах фактычна з’явілася ў нас на вачах, злачынства, якое мы намагаемся спыніць з 2012г.; на нашых вачах чыноўнікі ўзаконілі беззаконне, на нашых вачах бізнэсоўцы плююць на закон тут і зараз і на нашых вачах тут і зараз яны зневажаюць памяць тысяч і тысяч закатаваных, але ж толкам не ўшанаваных дзяржавай людзей. Адна дзяржава іх забіла ні за што, а другая здзекуецца з іх і іх родных, злачынства расцягнутае ў часе. Гэта трэба спыніць і як мага хутчэй.

– Ужо больш за тры месяцы працягваецца абарона Курапатаў. Ці можна падводзіць вынікі трохмесячнай варты?

– Можна падвесці першыя вынікі 100 дзён змагання, 100 дзён супраціву. Мы і не разлічвалі на хуткае закрыццё рэстарацыі, мы гатовыя маральна да вельмі доўгага змагання, але ж, дзякуй Богу, нас пачулі грамадзяне Беларусі і не толькі. Дзякуючы нам усім «Бульбаш-хол» працуе, але ж стаіць пусты, акрамя, як мы называем, «масоўкі Зайдеса», то бок гэта ці яго сябры, ці радня, знаёмыя (фактычна адны і тыя ж людзі), – ніхто не едзе ў рэстаран. Лічу гэта перамогай абаронцаў.

– Рэстаран «Паедзем паядзім» па-ранейшаму працуе, ледзь не штодня адбываюцца сутычкі паміж наведвальнікамі і абаронцамі, якія заканчваюцца ці суткамі, ці штрафамі для апошніх. Ці не прыйшоў час перагледзець тактыку і стратэгію абароны Курапатаў?

– Як следства, канешне, трэба падумаць аб змене фармату. Ды ён і сам сабой мяняецца, бо адныя і тыя ж машыны спыняць ніякага сэнсу няма, зараз ад актыўнага супраціву, на маю думку, трэба перайсці да фіксацыі і назірання і ўзмацняць абарону юрыдычную. Пасля сходу абаронцаў [адбыўся ў нядзелю. – «БелГазета»], мы вырашым пытанне новага фармату. Абарона будзе працягвацца абавязкова: мы будзем дамагацца закрыцця рэстарацыі. Заўтра мы аб’явім аб кампаніі збору подпісаў за закрыццё рэстарацыі побач з мемарыялам. Падпісныя лісты будуць ва ўсіх абаронцаў, і кожны чалавек зможа прыехаць у Курапаты і паставіць свой подпіс пад патрабаваннем закрыць рэстаранна-забаўляльны комплекс. І тым самым супрацьстаяць карупцыі, духоўнаму вандалізму, абараніць Памяць.

Даведка «БелГазеты». Ганна Шапуцька па адукацыі фізік. Працавала інжынерам на заводзе «Інтэграл», потым разам з мужам зладзіла невялікі прыватны бізнэс. Пасля Плошчы-2006 актыўна ўлілася ў грамадскую дзейнасць. Зараз Ганна Шапуцька – каардынатарка ініцыятывы «Абаронім Курапаты».

Беседовал Юрась ДУБИНА

Оригинал

Опубликовано 14.09.2018  21:58

 

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (85)

Навагодні шалом! Віншую ўсіх, каторыя ловяць кайф ад 5779 года паводле яўрэйскага календара.

Засмучае тое, што з кожным годам галасы розуму ў віртуальнай прасторы, дый у свеце, гучаць усё больш прыглушана. Мо справа ў тым, што розум на планеце – велічыня пастаянная, а насельніцтва павялічваецца (аксіёма Коўла)? Дык у Беларусі яно, наадварот, змяншаецца. Дзякуючы мудрай дэмаграфічнай, эканамічнай і палітычнай палітыцы за 2017 год жыхароў стала меней на 12,8 тыс., хаця ёсць дзіўнаватая статыстыка, згодна з якой, наадварот, нас стала болей «прыблізна на 760 чалавек». Як сказаў бы вялікі рэжысёр: «Не веру». Узяць афіцыйны даведнік Белстату – там пазначана змяншэнне з 9504,7 тыс. чалавек да 9491,8 тыс.

За І квартал 2018 г. выявілася падзенне яшчэ на 7,5 тыс., за ІІ квартал – на 6 з нечым тысяч. Карацей, к ліпеню паказчык апусціўся ніжэй за стан 2011 г. (тады было 9481,2 тыс.), і нават іміграцыя ў Сінявокую і Працвятаюшчую ўжо не дапамагае. Што характэрна, падае нават колькасць насельнікаў Мінска: у ліпені 2018 г. было 1981,7 тыс., а ў студзені – на 800 чалавек болей.

Дапускаю, у прызначэнні С. Румаса «прэм’ер-міністрам» (насамрэч ён атрымае права на гэтую пасаду толькі пасля згоды палаты прадстаўнікоў, гл. Канстытуцыю і папярэдні выпуск «К&М») не апошнюю ролю адыграў той факт, што ён – шматдзетны бацька. Хіба мае навучыць беларусаў размнажацца 🙂

Тым часам тутэйшыя, дарма што лічацца адным з самых неэмацыйных народаў, ахвотна «ядуць» адно аднаго. Гісторыя з упёртым процістаяннем ля Курапатаў «пратэстоўцы – уладальнікі рэстарана і прымкнуўшы да іх Ізраілевіч» нагадвае казку пра мядзведзікаў, якія дзялілі галоўку сыру… (хто ў гэтай гісторыі ліса-«памочніца», здагадайцеся самі).

Няўменне шукаць і знаходзіць кампрамісы, дальбог, вылазіць бокам. Успомнілася гісторыя 2015 года… У лістападзе ўрадавая газета «Звязда» абвясціла: «У Мінску хутка можа з’явіцца помнік Васілю Быкаву», прадэманстравала макет помніка аўтарства Аляксандра Батвінёнка і Армена Сардарава. Які ўсчаўся вэрхал! І зорка, на якую абапіраўся пісьменнік, не падабалася, і тое, што ініцыятарам праекта быў названы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец – маўляў, якое ён мае дачыненне да «нашага Быкава»? Між тым… якія б адыёзныя крокі ні рабіў Чаргінец у 1990–2000-х гадах, у 1980-х яны з В. Б. калі не сябравалі, то былі ў добрых адносінах.

Тыповы адмоўны водгук (ад Ліліі Кобзік) змясціла інтэрнэт-газета «Салідарнасць» 24.11.2015. Даю фрагменты без перакладу, пакідаючы напісанне прозвішча архітэктара з малой літары на сумленні аўтаркі і рэдакцыі: «…этот памятник не только тонкое изощренное издевательство над памятью Быкова, кроме прочего, он добавит Минску в карму еще одну каплю сумрачной безысходности… Хочется сказать сардаровым и всем остальным: не делайте этого»

Мая рэпліка ў адказ, адпраўленая назаўтра, не зацікавіла выданне – такая во «Салідарнасць» 🙁 Што ж, апублікую хаця б тут і цяпер:

Я не заўважыў у праекце ні здзеку з памяці пісьменніка, ні «змрочнай безвыходнасці»: выраз твару і пастава адпавядаюць таму, што бачыў на прыжыццёвых здымках. На фота ў «Звяздзе» хутчэй відаць сум, а не змрочнасць. Наогул Васіль Быкаў не быў аптымістам, у многіх яго інтэрв’ю і творах, не толькі перад самай смерцю, праводзілася думка, што «нам тут шчасця не будзе». У Мінску нямала «вясёлых» помнікаў і скульптур (перад Камароўкай, у раёне плошчы Свабоды, у Міхайлаўскім скверы…), так што адзін сумны не сапсуе «карму».

Помнік народнаму пісьменніку патрэбен, зорка не замінае – хаця б таму, што В. Быкаў меў баявы ордэн Чырвонай Зоркі. Калі ў Беларусі робіцца нешта карыснае, няхай нават па ініцыятыве «рэжыму», то не варта гэтым грэбаваць.

…Помніка дзядзьку Васілю ў Мінску няма і праз тры гады. Адной з прычын гэтага, пэўна, сталася зацятая бескампраміснасць (або бескампрамісная зацятасць) часткі «быкаўцаў».

З улікам гэтай – дый не толькі гэтай – гісторыі я пайшоў на кампраміс у пытанні з дошкай у гонар часопіса «Штэрн» па вул. Рэвалюцыйнай, 2 у Мінску. У чэрвені Мінгарвыканкам вырашыў павесіць яе без прозвішчаў знакамітых пісьменнікаў, якія працавалі ў часопісе (а між тым можна было пералічыць Зэліка Аксельрода, Майсея Кульбака, Ізі Харыка).

Куртатая прапанова не тое каб усцешыла, аднак let it be – хто захоча, той знойдзе пра супрацоўнікаў «Штэрна» дадатковыя звесткі. Прынцыпова тое, каб на дошцы з’явіліся ідышныя літары. Зараз ідзе абмеркаванне праекта ў мастацкай радзе.

На маю думку, шансы годна ўвекавечыць памяць пра сусветна вядомы часопіс даволі вялікія. Так, у жніўні 2018 г. шыльды, прысвечаныя мірскай ешыве i Мендэле Мойхер-Сфорыму, з’явіліся, адпаведна, у Міры i Капылі.

Справа – стоп-кадр з ont.by. Надпісы на шыльдзе – на беларускай, іўрыце і англійскай

А ў ліпені пачалося ажыўленне ў Слоніме, канкрэтна, у старажытнай сінагозе:

Публікацыя з бюлетэня «Слонімскі край», № 7 (29), ліпень 2018

Чым горшы Мінск – незразумела. «Яўрэйскія» цікавосткі, без сумневу, прыцягнуць турыстаў; асабіста мяне вабіў у Кіеў, сярод іншага, і помнік Шолам-Алейхему.

Ініцыятыву са «Штэрнам», як паведамлялася, падтрымаў Беларускі фонд культуры. А вось міністэрства інфармацыі і Нацыянальнае агенцтва па турызму ад справы «самаўхіліліся». Увогуле, Вераніка Д., начальніца агенцтва ў 2016–2018 гг., якая прэзентавала сябе як культуролаг і спецыяліст па яўрэйскай гісторыі, займалася больш самапіярам, чым рэальнымі справамі 🙁 Чамусьці я не здзівіўся, калі ўбачыў яе, «члена праўлення Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын», у складзе «Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы». Забаўна: саюзнай дзяржавы няма, а «палата № 6», невядома кім фундаваная, існуе 🙂 Насельнікі ейныя, таварышы альтэрнатыўна адоранага папа Чапліна (не кінаакцёра), cур’ёзна заяўляюць, што яна стала «дзейным інструментам падтрымкі расійска-беларускай інтэграцыі…»

Насамрэч, тут кроку не ступіш – плюхнешся ў абсурд. Як вам «пушкінскі» камень, на пачатку верасня адкрыты ў Фрунзенскім раёне горада Мінска?

Здымкі 13.09.2018

Калі гэта й кампраміс паміж пажаданым і магчымым, то не вельмі ўдалы. Слушна адзначылі чытачы tut.by – больш нагадвае надмагілле, ніж ілюстрацыю да казак Аляксандра Сяргеевіча. Карацей, хацелі як лепей…

Дарэчы, паспяшаўся ініцыятар манумента (бізнэсмен Сяргей Наско) казаць у жніўні, што «на праспекце Пушкіна няма нічога, звязанага з Пушкіным». Станцыя метро «Пушкінская» не лічыцца? Дый шмат гадоў на доме № 41 вісіць такі барэльеф:

Фота 13.09.2018

Хто-хто, а расійскі класік у сталіцы Беларусі ніколі не быў забыты, пакрыўджаны. Помнік з капелюшом у сэрцы Мінска, абласная бібліятэка імя Пушкіна на іншым лапіку «сэрца», і г. д.

А гэта – «даўгабуд», незавершаны гандлёва-сэрвісны цэнтр на рагу прасп. Пушкіна і вул. Прытыцкага, акурат пад шматпавярховым гатэлем «Арбіта»:

Здымкі 13.09.2018

Зараз яго спрабуюць давесці да ладу… хіба к Еўрапейскім гульням (чэрвень 2019 г.) і завершаць. Аднак нашто было абяцаць, што рамонт скончыцца ў верасні 2017 г., нават з дакладнай датай – 30.09.2017? Тэндэнцыя такая: чым менш у Беларусі людзей, тым болей марнаслоўя.

Паглядзеўшы на рухі новага першага намесніка прэм’ер-міністра РБ Аляксандра Т-на (раней кіраваў апаратам савета міністраў), няцяжка сцяміць, што «бег на месцы» прадоўжыцца. То чалавеку патрэбен «стратэгічны штаб па развіцці лічбавай эканомікі» і «электронная медыцына» (робаты замест участковых дактароў і вузкіх спецыялістаў, якіх фатальна не хапае ў паліклініках?), то ён на днях прыкляпаўся да паштальёнаў – яны быццам бы павінны стаць «універсальнымі работнікамі, якія могуць праз гаджэты і выхад у Сеціва дапамагчы грамадзянам, у тым ліку і з замовай-дастаўкай тавараў інтэрнэт-крам». Па-першае, занадта дробна для аднаго з вышэйшых чыноўнікаў краіны ставіць задачы работнікам у асобнай галіне – на тое ёсць адміністрацыя прадпрыемства «Белпошта», у крайнім выпадку, намеснік міністра сувязі. Па-другое… дзядзечка, адчапіцеся вы ад маіх былых калег. Дарэмна хтосьці думае, што паштары абмяжоўваюцца «дастаўкай пошты і пенсій»: ёсць яшчэ такая хітрая штука, як планы па продажы маркіраванай і немаркіраванай прадукцыі, распаўсюд кілаграмаў рэкламы, многае іншае… За плату, якая ледзь перасягае пражытковы мінімум. А цяпер, выглядае, на паштальёнаў (пераважна паштальёнак, многія – перадпенсійнага ўзросту) навесяць яшчэ абавязкі кансультантаў інтэрнэт-крамаў. Але ж тыя, хто ўмее гандляваць, на «Белпошце» не затрымліваліся, і наўрад ці затрымаюцца.

У прынцыпе, пасля падхалімскай заявы Т-на «вы ведаеце, што словы кіраўніка дзяржавы ніколі не разыходзяцца са справай» (ага, ведаем па казусах з омбудсменам, судом прысяжных, дый нават са «штоквартальнымі» пашыранымі сходамі выканкама НАК) з новым урадам усё ясна. Пачакаем, вядома, 100 дзён з моманту прызначэння верхавіны – да канца лістапада 2018 г. – тады можна будзе крытыкаваць больш «субстантыўна». І саміх міністраў, і таго, хто іх прызначыў, і тых, хто гэтага «лідара» усхваляе. Праўда, сістэма настолькі разбэсцілася, што яе прадстаўнікам ужо можна пляваць у вочы – яны скажуць, што дождж ідзе.

Даволі характэрны адказ «па-беларуску» здабылі сёлета грамадскія актывісткі ў час суда з упраўленнем юстыцыі Мінгарвыканкама – дзясяткі памылак (і суд прыняў!)… «М1гарвьнсанкама», «Рэспублт Беларусь» – шэдэўральна.

У 2001 г. і я дастаў падобны дакумент у судзе Маскоўскага раёна горада-героя Мінска… Праўда, суддзя «па выканаучым вырабам» («по исполнительным изделиям»?) Антаневіч выявіўся крыху больш пісьменным. Ну дык і 17 гадоў не прайшлі марна!

Але на сёння досыць пра сумнае. 11.09.2018 прыйшла адхлань – прэзентацыя «яўрэйскага» нумару часопіса «ПрайдзіСвет» (таго самага № 20, дзе на карцінцы-заманусе – дзяўчына з казіным тварыкам). Павел Касцюкевіч, параіўшыся на месцы, пастанавіў вынесці пасяджэнне на ганак кнігарні Логвінава, бо ўнутры было б занадта горача. Сказаў – зрабіў… Выступоўцы чыталі свае творы і пераклады з ганка. Побач гойсалі машыны, але асноўнае было чутно.

П. Касцюкевіч (без кепкі) і Я. Ліпковіч; аўтарка belisrael.info i «ПрайдзіСвета» І. Ганкіна з мужам Дзмітрыем

Вёў вечарыну Альгерд Бахарэвіч (на здымку з fb – злева), які шчэ год таму меркаваў, што са мною не варта мець справы. Перадумаў – і нічога, свет не перакуліўся 🙂

Г. Янкута чытала ў сваім перакладзе з ідыша верш Ганны Марголін; А. Хадановіч – Мойшэ Кульбака

Арганізатары падрыхтавалі для гасцей пачастункі, адэкватныя Рош а-Шонэ, – прынамсі яблыкі на стале я бачыў сам.

«Вольфаў цытатнік»

«Іронія спараджаецца толькі болем»; «Перамены толькі тады добрыя, калі ёсць рэчы, якім не здраджваеш і на якія сам можаш пакласціся»; «Тое, пра што хочаш сказаць – не заўсёды тое, што гаворыш. І дакладней – заўсёды не тое» (Рашыд Нугманаў, yahha.com).

«Калі чалавек выклікае любоў адных і нянавісць іншых – гэта сведчыць толькі пра яго значнасць. Калі ён выклікае ўсеагульную любоў – ён, хутчэй за ўсё, неяк таемна падлізваецца да чалавецтва і кажа нешта занадта бясспрэчнае. Усё значнае – спрэчна, палемічна» (Дзмітрый Быкаў, 31.08.2018).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

13.09.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 14.09.2018  00:19