Tag Archives: БСДГ

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (107)

Добры дзень, ён жа шалом. І – з месца ў кар’ер.

На ідэі наконт удасканалення Канстытуцыі ўхвальна адгукнуліся некалькі вядомых у Беларусі людзей (напрыклад, Кастусь Жукоўскі, Вольга Маёрава, Анатоль Сідарэвіч). Таццяна Севярынец – не апошняя ў «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» персона – 12.03.2019 напісала: «Я зацікавілася прапановай. Ау, кіраўнікі партый!»

Ніхто з адрасатаў Т. Севярынец на сувязь не выйшаў. І праўда, чаго мяне слухаць у справе паляпшэння тутэйшай сістэмы? Усяго-та 8 год вучыўся паліталогіі, 8 кніг выдаў (а іншыя ж выдаюць і па 28). ОК, гатовы лічыць «Катлеты & мухі»-106 эксперыментам, дзе адмоўны вынік – таксама вынік. З другога боку, за навуковыя доследы мне не плоцяць, таму я магу дазволіць сабе ўсялякія фокусы – напрыклад, пакпіць з паддоследных… Пастараюся быць лагодным, бы той дзед з анекдота, які, убачыўшы надпіс «Курыць сувора забараняецца!», закурыў мякка, па-добраму 😉

Сваё стаўленне да «Народнай грамады» Міколы Статкевіча і ацэнку перспектыў НГ выказваў у снежні 2018 г. Магчымасцей «зламаць сцэнар рэжыма» у кандыдата тэхнічных навук вобмаль, а шансаў наступіць на ранейшыя граблі – трохі болей. На міг засумняваўшыся (раптам усё ж я недаацэньваў патэнцыял экс-палітвязня?), 03.03.2019 адправіў «генсеку» ягонай партыі запыт – колькі нефармальных ячэек НГ з’явілася на буйных прадпрыемствах за апошні год, ці ва ўсіх раённых цэнтрах яна прадстаўлена…

З адказу Сяргея Спарыша, 18.03.2019: «Ячэйкі на дзяржпрадпрыемствах – добры жарт. Іх няма нават у прафсаюзаў, а вы патрабуеце, каб іх мела незарэгістраваная партыяСпісаў мы не вядзем. Магу толькі сказаць, што людзей у нас не менш, чым у іншых. Напрыклад, на з’ездах НГ і БСДП(Г), якія прайшлі амаль адначасова, была прыкладна аднолькавая колькасць удзельнікаў. Усе партыі перажываюць крызіс, таму што займацца палітыкай небяспечна, а фарбаваннем платоў – бессэнсоўна. Але ў нас ёсць Статкевіч, а ў іх няма».

Ды я не патрабую… Але без пярвічных суполак, створаных людзьмі, якія штодня бачаць працу адно аднаго, партыя рызыкуе прыпадобніцца да пятлюраўскага ўраду, калі «ў вагоне дырэкторыя, пад вагонам тэрыторыя». Пачынальнікі сацыял-дэмакратыі ў Расіі 1890-х, якія б ні былі, не грэбавалі чарнавой працай; той жа Ульянаў-будучы-Ленін пісаў лістоўкі для рабочых і каардынаваў страйкі, не ківаючы на прафсаюзы.

Мікола-палітык насцярожвае і тым, што ўсцяж крыўдуе на СМІ. Так, бываюць падставы, але вось як гэта прагучала тры месяцы таму на сайце НГ:

19 снежня 2010 году – гэта быў дзень годнасці, калі пад 100 тысяч беларусаў паказалі, што прагнуць свабоды, – кажа Мікалай Статкевіч. – Што датычыцца колькасці ўдзельнікаў пасля шэсця [ў цэнтры Мінска], то восем гадоў таму ў СМІ мінімальная ацэнка называлася ў раёне 85 тысяч чалавек. Але з кожным годам гэтая лічба ўсё больш і больш зніжалася ў так званай незалежнай прэсе. Навошта? Чаму?

Што 19.12.2010 паведамляла «Хартыя»: «21:39. Плошча Незалежнасці цалкам запоўнена людзьмі. Паводле розных ацэнак, тут ад 30 да 40 тысяч чалавек». «Радыё Свабода», 20.12.2010: «Каля 15-20 тысячаў чалавек (па іншых дадзеных да 40 тысяч) узялі ўдзел у акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасьці ў Менску». Тутбай, 20.12.2010: «Увечары 19 снежня, пасля завяршэння галасавання на выбарах прэзідэнта Беларусі, у Мінску прайшла акцыя пратэсту прыхільнікаў апазіцыі, у якой узялі ўдзел каля 15 тысяч чалавек». Не помню СМІ, дзе «мінімальная ацэнка называлася ў раёне 85 тысяч». Калі ведаеце, дзе ў снежні 2010 г. публікаваўся такі лік, падзяліцеся 🙂

Іншы эпізод — пра (ня)ўменне расстаўляць прыярытэты. У студзені-лютым г. г. многія вадзіцелі мінскіх тралейбусаў публічна заяўлялі пра незадаволенасць умовамі працы; да сеціўнай петыцыі далучыліся і сотні пасажыраў. Свой тэрмін, кажа начальнік з Мінгарвыканкама, па стане на восень 2018 г. адпрацавалі 59% аўтобусаў і 43,5% тралейбусаў, што як бы намякае на абгрунтаванасць прэтэнзій… Нядаўняя, сакавіцкая навіна: «Кіраўніцтва “Мінсктранса” настойліва заклікае кіроўцаў тралейбусаў адклікаць свае подпісы пад калектыўнай петыцыяй са скаргай на ўмовы працы».

Здавалася б, каму, як не сацыял-дэмакратам, падтрымаць самаарганізацыю работнікаў? Але для М. Статкевіча 16.03.2019 важнейшым было распавесці, як яму дадзяваюць несамастойныя «лідары», і выпісаць агульныя рэцэпты: «Нам трэба быць больш актыўнымі, не глядзець на забароны, а крытыкаваць уладу, адкрыта змагацца супраць яе за правы людзей».

«Харашы» і канкурэнты НГ – Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя Ігара Барысава. Абаронай вадзіцеляў, калі меркаваць паводле «сайта прыхільнікаў БСДП», тожа не зацікавіліся, затое ў партыі працуе цэлая «канстытуцыйная камісія»! Апошняе можна было б і вітаць, каб не ўзровень… Чытайма «Зварот БСДП да грамадзян краіны з нагоды 25-й гадавіны Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь»: партыйныя мудрацы лічаць, што праўкі былі ўнесены ў Канстытуцыю тройчы, у 1995, 1996 і 2004 гг. (насамрэч двойчы; у 1995 г. – не).

«БСДП зыходзіць з таго, што Канстытуцыя 1994 года была і застаецца легітымным Асноўным Законам краіны, а папраўкі, якія былі ўнесеныя ў яе на рэферэндумах 1995, 1996 і 2004 гадоў, не маюць юрыдычных [sic] моцы ў сувязі з незаконнасцю згаданых рэферэндумаў…» Тут партыя трапляе ў пастку, якую я прыкмеціў яшчэ ўлетку 2001 г. Тады разаслаў усім патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты (за выняткам А. Лукашэнкі) электронны запыт наступнага зместу: «Ці прызнаяце Вы вынікі рэферэндуму 1996 г.? Калі не, то чаму ідзяце на гэтыя выбары?» Большасць адгукнулася, ніхто не сумеўся. Помню, М. Чыгір даў хітрамудры адказ тыпу: «Прызнаю на наступны дзень пасля Зянона». Нябожчык С. Домаш адрэагаваў так: «Не прызнаю, але ж дзеля перамен у краіне мушу ўдзельнічаць у гэтых выбарах – можаце прапанаваць нешта лепшае?» Кур’ёзна, але ў гэткім духу адказаў і С. Гайдукевіч.

Магчыма, дружная адмова палітыкаў ад удзелу ў «выбарчых кампаніях» і прывяла б на пачатку ХХІ ст. да ўнясення ў Канстытуцыю часткі тых карэктываў, якіх цяпер прагнуць БСДП і д-р М. Пастухоў… Але ж гульня паводле правілаў улады (у прыватнасці, масавы ўдзел «апазіцыянераў» у прэзідэнцкіх выбарах 2001 г., мясцовых 2003 г., парламенцкіх 2004 г.) легітымізавала версію, прынятую на рэферэндуме ў лістападзе 1996 г., ператварыўшы развагі пра незаконнасць таго рэферэндуму ў чыста інтэлектуальнае практыкаванне.

Перафразую тое, што пісаў 11.03.2019, нават падкрэслю: зараз трэба думаць пра тое, як захаваць лепшае з тэксту, прызнанага Лукашэнкам, дый пра тое, як перамагчы аўтакратаў на іхняй пляцоўцы. Марыць жа пра вяртанне на 25 год назад, як мінімум, бескарысна. Кажучы словамі Алеся Чобата, гэта «спроба вярнуць час, якога даўно няма, які страчаны бяздарна і па-пустому. Нібы ў дзіцячай гульні ў шахматы: “Дай мне перахадзіць, бо я ня так падумаў!”»

…Але зноў пра сацыял-дэмакратаў. Калі хто не ведаў, ёсць жа ў Беларусі і трэцяя «іхняя» партыя! У ёй (паводле партыйнага сайта) амаль 3000 членаў.

Летась БСДГ стварала інфармацыйныя нагоды дзякуючы свайму кіраўніку Станіславу Шушкевічу, 1934 г. нар., які то сыходзіў з пасады, то не сыходзіў. У лістападзе 2018 г. С. Ш. такі ператварыўся ў «ганаровага старшыню», а яго месца заняў бізнэсовец Сяргей Чэрачэнь, 1985 г. нар., які будзе казаць, што «многія выдаткі, якія нясе партыя – гэта траты з майго асабістага бюджэту». Мінула звыш 100 дзён з яго абрання; рэальнай актывізацыі БСДГ не заўважана. Праўда, у студзені партыйцы пастанавілі ўдзельнічаць у кампаніі па запаўненні палаты прадстаўнікоў, бо, як сцвярджае лідар, «калі мы не ўдзельнічаем у гэтых выбарах – нас проста няма». Відавочна, і гэтай групоўцы не да мінскіх вадзіцеляў… Навіна на сайце ад 16.02.2019: «Літва ўзнагародзіла Станіслава Шушкевіча медалём». Потым больш за месяц нічога не было.

Выявілася, што ў Цэнтральную раду БСДГ уваходзяць мой даўні знаёмец, аматар шахаў Міхась Булавацкі, і вядомы паэт Сяргей Законнікаў. Яго свежы артыкул з газеты «Свободные новости плюс» сёе-тое гаворыць пра стан суполкі.

С. Законнікаў крытыкуе інтэрв’ю Н. Эйсмант на АНТ (07.03.2019):

Прэс-сакратар заявіла: «Диктатура – наш бренд!»… У нармальнай краіне пасля такой правакацыі на вуліцу выйшлі б сотні тысяч грамадзян, а на службовую асобу, якая агучвае замах на Канстытуцыю, была б заведзена крымінальная справа.

Як быццам развагі (тут з 18:00 – «мне здаецца, мы так часта вымаўляем гэтае слова, што дыктатура – гэта ўжо наш брэнд!») страшнейшыя за саму дыктатуру… Не бачу прычын для крымінальнага пераследу за меркаванне, і чым болей будзе падобных прапаноў – заводзіць справы за выказванні, хай неразумныя і брыдкія – тым далей мы апынемся ад «нармальнай краіны», што б гэта ні значыла…

С. З.: «Магчымасць пратэставаць супраць здзеку над галоўным артыкулам Канстытуцыі, над незалежнасцю краіны, нашай нацыянальнай і чалавечай годнасцю ёсць. Скажам, не пашкадаваць грошай на канверт і выказаць сваю пазіцыю. Хай дыктатура захлынаецца ў папяровым віры так, як людзі ў несвабодзе і нястачы!»

Пераход, вядома, рэзкаваты: ад крымінальнай справы да пратэсту ў канверце. Няўжо за столькі гадоў не ўсе высветлілі, што эмацыйныя звароты ў «Чырвоны дом» не даюць плёну аўтарам (іх проста футболяць), затое адміністрацыя потым хваліцца зваротнай сувяззю як знакам даверу да «вышэйшай улады»? Апрача таго, з’яўляюцца падставы наймаць дадатковых клеркаў для апрацоўкі карэспандэнцыі – здагадайцеся з аднаго разу, за чый кошт.

Характэрна, што член Цэнтральнай рады не дабіўся ад сваёй партыі, каб тая асудзіла заявы Н. Эйсмант, не прапанаваў чытачам газеты, якім дадзявае дыктатура, мацаваць салідарнасць на мікраўзроўні… А мо спадзеў на «папяровы вір» – усё, на што здольная БСДГ тут і цяпер? 🙁

О так, ёсць у Сінявокай істотны запыт на сацыял-дэмакратычныя ідэі – ды цяперашнія партыі наўрад ці яго задаволяць. Каб жа ўсё жывое з трох названых арганізацый сабралося ў адну суперсуполку? Не выключаю і таго, што на грунце нізавых ініцыятыў паўстане новая палітгрупоўка – з частковым дубляваннем прафсаюзных функцый (як некалі Беларуская партыя працы).

Ні разу не блізкая мне пазіцыя «аналітыка» Валера К., якому не верыцца, што Рыгорыч сыйдзе ў 2025 г.: «Баюся, ня з нашым шчасьцем». Казаць так = недаацэньваць суайчыннікаў ды ігнараваць логіку падзей. Капіталізм у РБ напірае; многім бізнэсоўцам абрыдлі «кропкавыя пасадкі», і яны фінансуюць (пара)палітычныя «мерапрыемствы» ў большай ступені, чым у 2000-х. У 2020-х іх палітызацыя праявіцца яшчэ больш выразна.

Апрача паўналецця «нашчадка Туцці», у наступную пяцігодку сістэму чакае яшчэ адно выпрабаванне – адыход ад спраў вернай Ярмошынай. Гэтая дама апошнім часам брала на сябе мнагавата (выказванні тут і тут) – так бывае напярэдадні адстаўкі. У любым разе, як бы яна ні казырылася, гады-гады бяруць сваё, і ў 70 Лідзія Міхайлаўна не здолее выконваць сваю… ну, не зусім чыстую работу з такім жа імпэтам, як у 50.

* * *

Віктар Клімчук такі паставіў спектакль пра Шагала (Марка, а не экс-пасла Ізраіля) ў віцебскім лялечным тэатры. Назва – «Мастак. Вяртанне ў Віцебск», падзагаловак: «Рэмінісцэнцыі pro domo sua». Мудрагеліста…

Скрын з megavenue.by

Крыху болей пра задуму рэжысёра + эпізоды з пастаноўкі – на сайце «Радыё Рацыя».

«Вольфаў цытатнік»

«Рок-музыка ў Беларусі, дый у прынцыпе музыка ў гэтай краіне – гэта разменная манета. Ты часта не можаш проста пісаць і спяваць. Усім з усіх бакоў здаецца, што ты нешта павінен менавіта ім. Прытым што звычайна сітуацыя якраз адваротная» (Аляксандр Памідораў, 09.03.2019).

«Беларусы ні за якія тульскія пернікі не адмовяцца ад сваіх родных дранікаў» (Аляксандр Лукашок, 14.03.2019).

«Пра любы досвед улязання ў чужую скуру забываеш праз пяць мінут, калі жывеш у свеце, які перажывае крызіс чалавечнасці, у свеце, дзе кожны другі не хоча зразумець кожнага першага» (Марына Ярдаева, 16.03.2019).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

19.03.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 19.03.2019  20:06