В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (70h)

Шалом-бай! Колькі слоў пра выбары-дурыбары ў адной суседняй краіне, дарма што маё стаўленне да іх аптымальна перадае чыйсьці гумарны відэаролік…

Уразілі «скрэпненькія» лічбы – больш як 76% «за Пу» на фоне яўкі 67,5%… Сам Лукашэнка ў верасні 2001 г., калі ўжо кантраляваў усе рычагі ўлады, паводле афіцыйных звестак не набраў 76% (адно 75,65% :))

Слушна заўважыў Павел Севярынец, што яўка ў Расіі наганялася для таго, каб забяспечыць «галоўнаму кандыдату» галасы звыш паловы выбарцаў (усіх, а не толькі тых, хто памеціў участкі). У той жа час не блізкі мне фаталізм Анатоля Шумчанкі: «Крэмль зацікаўлены ў захаванні цяперашняй улады ў Беларусі і не дапусціць ніякіх перамен. Мы працягнем стагніраваць разам з нашым хаўруснікам і пажынаць усе прыгажосці яго процістаяння з цывілізаваным светам. “Віншую” ўсіх з тым, што як мінімум яшчэ 6 гадоў наша палітыка не зведае зменаў».

Гісторык Андрэй Кіштымаў яшчэ ў 1996 г. («Пісьмы рускага беларуса») мудра адзначаў: «Па-сапраўднаму незалежнай Беларусь стане тады, калі перастане мераць сябе расійскай лінейкай. Тады, калі я адкрыю любое беларускае выданне і там не будзе ні слова пра Расію: ні добрага, ні кепскага, а будзе адна Беларусь». Але ж, як і даўней, адныя захапляюцца, іншыя клянуць у сырыя камяні…

Адзін з рухавікоў будучага «Дня Волі» ў Мінску 25 сакавіка 2018 г. – якраз патрэба давесці «ім», што «мы» не лыкам шытыя. Нагадаю: частка альтэрнатыўных сіл гатовая задаволіцца «сініцай у руках» (дазволеным канцэртам ля Опернага тэатра), частка настойвае на тым, што шэсце па цэнтры горада – неад’емны атрыбут святкавання.

Афішка з сайта М. Статкевіча

Не буду зараз высвятляць, хто мае рацыю. Шкада, што «альтэрнатыўнікі» не пайшлі трэцім шляхам, яшчэ год таму апісаным у «Катлетах & мухах», – невялікія шэсці ў мікрараёнах сталіцы падкрэслілі б укаранёнасць свята, надалі б яму «хатняе» адценне.

Мікола Статкевіч, заклікаючы да маршу ад плошчы Якуба Коласа, спадзяецца на «прыніжаны і абражаны» люд паспаліты, у тым ліку на кіроўцаў маршрутак, якім стала цяжэй працаваць з канца лютага. Вячаслаў Сіўчык, паплечнік М. С. па «Беларускім нацыянальным кангрэсе», адзін з першых палітзняволеных РБ (увесну 1996 г. ён тры тыдні трымаў галадоўку за кратамі), як вынікае з яго відэазвароту, робіць стаўку на «беларускіх нацыяналістаў».

Паважаю В. Сіўчыка за тое, што ўвосень 2001 г. ён адзіны з беларускіх палітыкаў прыйшоў у суд Маскоўскага раёна на пасяджэнне, дзе разглядалася мая справа (скончылася арыштам). Праз некалькі гадоў ён – зноў жа адзіны з вядомых дзеячаў – асабіста пазваніў нам у дзверы і прапанаваў падпісацца за незалежнага кандыдата, у групе якога тады працаваў. Але зараз, баюся, В. С. трошкі «выпаў з кантэксту». Дзе тыя «нацыяналісты», здольныя выйсці на недазволенае шэсце? Нехта з’ехаў, іншыя адышлі ад палітыкі, а хтосьці ловіць вышэйзгаданую «сініцу»… Прынамсі «Малады фронт» («хросным бацькам» якога і быў В. Сіўчык) ды БНФ з яго маладзёжнай арганізацыяй у канцы лютага 2018 г. адмовіліся ад традыцыйнага шэсця 25 сакавіка на карысць «святочнай акцыі» з непазбежным міліцэйскім надглядам. «Пазнякоўцы» ж таксама не пойдуць за Сіўчыкам: у іх свая «дзвіжуха», 24.03.2018 ля кінатэатра «Кіеў». Месца сапраўды знакавае: 28 гадоў таму бачыў там самога Зянона Станіслававіча 🙂

Застаецца незарэгістраваны ў Беларусі рух салідарнасці «Разам», які да 2016 г. і ўзначальваў В. Сіўчык. Як відно нават з гэтага рэпартажа ды акаўнта «ВКонтакте», масавасцю рух не адрозніваецца. Ну, магчыма, возьмуць «не числом, а уменьем»…

На жаль ці на шчасце, зараз у беларускім палітыкуме (не блытаць з усёй Беларуссю) час не змагароў, а апартуністаў; больш канкрэтна, не Сіўчыка, а Зісера. Юрыя Анатольевіча запрасілі выступіць на «мерапрыемстве ў гонар БНР» ля Опернага, і ён паясніў «свайму» інтэрнэт-парталу, што «вырашыў згадзіцца». Прамаўляць будзе, калі верыць яго словам, па-руску і без воклічу «Жыве Беларусь!»

Мяркую, у прыняцці рашэння выступіць перад (шмат)тысячнай публікай асноўную ролю адыграла жаданне павялічыць сваю капіталізацыю, натуральнае для бізнэсмена. У тым, што Ю. З. прагне данесці да народных мас уласныя суперкаштоўныя думкі пра нацыянальную ідэнтычнасць, я сумняюся. Па адукацыі ён інжынер.

Арганізатары не пыталіся, каго запрасіць, і наогул не кантактавалі са мною. Тым не меней ахвярую ім бясплатную параду – запозненую, але гістарычна абгрунтаваную. Кандыдатка гістарычных навук Іна Герасімава, згаданая ў мінулым выпуску, разважаючы пра Першую і Другую ўстаўныя граматы БНР, падкрэслівала, што «тэксты гэтых фактычна канстытуцыйных актаў Беларусі друкаваліся не толькі на беларускай і польскай мовах, але і на ідышы».

Карацей, рабяты, калі ўжо «пайшлі насустрач» тутэйшым яўрэям, то запрасіце чалавека, здольнага прывітаць натоўп (або прачытаць верш, або праспяваць песню) на мове ідыш. Гэтак вы хаця б паспрабуеце аднавіць «сувязь часоў»… дый зробіце добрую справу для мовы, яшчэ больш уразлівай, чым беларуская.

Зразумела, хто там выступіць/не выступіць 25.03.2018 (шанаваны мною Аляксандр Кулінковіч адмовіўся не без скандалу), праблема даволі дробная. Куды больш непакоіць будаўніцтва Астравецкай АЭС, а ў звязку з ім – тлумачэнні намесніка міністра энергетыкі РБ. Ужо тое, як таварыш «супакойваў» літоўцаў: «Сёння ў свеце няма ніводнай [атамнай] станцыі, якая змагла б вытрымаць удар буйнога самалёта» (беларуская, маўляў, не выключэнне). Толькі вось чамусьці афіцыйны сайт БелАЭС у 2014 г. абяцаў, што «Двайная абалонка рэактарнай пабудовы… служыць фізічнай абаронай ад прыроднай і тэхнагенных знешніх уздзеянняў, уключаючы землятрус, ураганы, падзенне самалёта». Журналіст «Еўрарадыё» адшукаў і іншыя прыклады «абяцанак-цацанак». Хтосьці з адказных асоб зманіў, і гэта вымушае думаць, што падзенне корпусу рэактара ў ліпені 2016 г. не было «безадказнасцю аднаго чалавека», як настойвае намміністра.

У чынавенскіх колах небяспека ад АЭС недаацэньваецца. Яна відавочная яшчэ і таму, што этыка працы ў РБ, пра якую выпала пісаць у лютым 2017 г., дагэтуль кульгае на абедзве нагі. Толькі самыя гучныя эпізоды, адзначаныя ў СМІ за апошнія месяцы:

– на «мадэрнізаваным» «Пінскдрэве» не раз гінулі рабочыя: 19.01.2018, у пачатку сакавіка

– у студзені 2018 г. будаўнікі падалі і разбіваліся насмерць у Жабінцы і Мінску

– смяротныя траўмы ад абсталявання атрымлівалі працоўныя ў Бабруйскай бальніцы і на Радашковіцкім керамічным заводзе (адпаведна, у студзені і сакавіку 2018 г.)…

Адзін з найбольш трагічных выпадкаў здарыўся на «паспяховым» салігорскім «Беларуськаліі» 09.03.2018; дваіх шахцёраў заваліла ў эксперыментальнай ходцы. Іхнюю згубу цяжка цалкам спісаць на небяспекі прафесіі, бо і раней прадпрыемства не вылучалася павагай да аховы працы (казусы Праскаловіча, Грынюка).

Нехта заўсёды будзе дзяўбці: «тут не сістэма, а асобныя выпадкі». Аднак нежаданне чынавенства і няўменне люду паспалітага «бачыць лес за дрэвамі» не касуе таго факта, што цяперашні ўзровень вытворчай дысцыпліны робіць развіццё атамнай энергетыкі ў Беларусі надта рызыкоўным. Можа быць, не позна адмовіцца ад запуску першай чаргі АЭС, запланаванага на пачатак 2019 г. Тым болей што, як паказана тут, ніхто з суседзяў не становіцца ў чаргу па «танную электрычнасць», а для Беларусі энергія з АЭС будзе збыткоўнай.

Шчырае і ўчаснае прызнанне памылкі, праз якую была выкладзена безліч грошай, пэўна, падвысіла б аўтарытэт жыхароў Беларусі ў свеце. Так, аўтарытэт ды імідж на хлеб не намажаш, але без іх наўрад ці многае заробім… Вось і ў любімага дзецішча Лукашэнкі, аўтамабільнага завода «Белджы», назіраюцца «асобныя недахопы». А пачыналася ўсё таксама з дурнавата-аптымістычных заяў намесніка міністра (толькі не энергетыкі, а прамысловасці).

Выглядае, «элітам» РБ трэба ўжо адваёўваць павагу не тое што на «Захадзе», а і ў Кітаі. Штрышок: у лютым 2018 г. са скандальнай будоўлі завода пад Светлагорскам (выкіды з якога перад тым засмуродзілі ўсю акругу) кітайскія работнікі масава паехалі святкаваць «свой» Новы год на радзіму і… не паведамілі беларускім партнёрам, калі іх чакаць назад. Прэс-сакратарка канцэрна «Беллесбумпрам» тлумачыла так: «Яны ж людзі вольныя, мы не можам імі кіраваць. Выехалі – абяцалі вярнуцца». Тутэйшыя, атрымліваецца, паднявольныя 🙁 Хіба і таму з 2012 г. колькасць працоўнай сілы ў РБ, як сведчыць Белстат, павольна, але няўхільна змяншаецца?

Доўгі час змяншаліся тутака і даходы насельніцтва. Сёлета, здаецца, яны растуць, што цешыць. Праўда, і сумнавата ад таго, што рост выкліканы хутчэй знешнімі фактарамі (падаражэнне нафты ў свеце), чым унутранымі. І як тыя даходы размяркоўваюцца?..

Дальбог, цікава было б пачытаць даклад-расследаванне пра Сінявокую і яе кіраўнікоў, накшталт расійскага «Путин. Итоги. 2018». Асобныя каштоўныя звесткі можна знайсці ў справаздачах «Белорусского ежегодника» і на сайце «Ідэі», але стракатасць падыходаў, недакампетэнтнасць або звышасцярожнасць многіх аўтараў ускладняюць успрыманне пазіцыі «экспертнай супольнасці». Між тым даўно надышоў час, калі даклады пра падзеі/тэндэнцыі ў краіне за «справаздачны перыяд» мусяць адрасавацца не спонсарам, а шараговым грамадзянам РБ, якія не страцілі ахвоту да крытычнага мыслення. Тады, магчыма, і пачнецца грамадскі дыялог, дэклараваны «вялікімі дэмакратамі» з «Народнай волі» ды падобных пляцовак. Пакуль жа «Белгазета» трапна адзначае: «Беларусам прасцей размаўляць з катамі і сабакамі, чым паміж сабою». Ну і… «жыццё мінае, а шчасця няма»: у сусветным рэйтынгу «шчасця» (дабрабыту) Беларусь за 2015–2017 гг. апусцілася з 59-га месца на 73-е (са 156). Для параўнання – Ізраіль у 2016–2017 гг. замацаваўся на 11-й пазіцыі.

Адказным за сацыяльную рэкламу ў сталічным Фрунзенскім раёне, як і мне, хочацца харошага жыцця, таму, відаць, яны і не мяняюць білборд з педагогамі… Паглядзеў – быццам бы вярнуўся ў «шчасны» 2014-ы 🙂

На рагу вуліцы Альшэўскага і праспекта Пушкіна, 20.03.2018

А хтосьці, дзякуй Б-гу, жыве тут і цяпер, варушыцца, стварае смяхотныя белмоўныя песні… Не паспеў я падтрымаць Вольгу Нікалайчык у яе памкненні зрабіць «свой кліп», як высветлілася: «наша» альтэрнатыва Галыгіну & Шнуру ў сеціве ёсць! Можа, папса, а мо ў нечым і пародыя на папсу…

Мелодыя так сабе, але як «першы блін» – крэатыў вельмі годны. Падчас перапіскі аўтары паабяцалі, што наступны кліп акажацца яшчэ больш разняволены.

З іншых пазітыўчыкаў – завершаны новы пераклад на беларускую галоўнага рамана Мойшэ Кульбака «Zelmenyaner» (на днях), а Беларускі фонд культуры падтрымаў ідэю з дошкай у гонар мінскага ідышнага часопіса «Штэрн» (яшчэ ў лютым г. г.). Чакаецца «яўрэйскі» нумар выдання «ПрайдзіСвет». Сачыце за рэкламай!

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

20.03.2018

Апублiкавана 20.03.2018  18:35

Leave a Reply