В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (41)

Пяты дзясятак аўтару яшчэ не пайшоў, а серыям – пайшоў… Чаму б і не пісаць, што думаеш, калі ёсць маральная падтрымка? 🙂

Здарылася падзейка: у Мінску пажылы рэдактар недзяржаўнай газеты сам-насам сустрэўся з Лукашэнкам і згуляў з ім у «абдымашкі», а заадно падзяліўся набалелым, бы з тым псіхатэрапеўтам. Штопраўда, злыя, няветлыя людзі заўважылі, што не варта было абдымацца з чалавекам, які цябе незаконна зволіў: Вольга Седакова з яе паняццямі пра «зло» не адабрае. Яшчэ злейшыя ўспомнілі, што ў 1995 г. Іосіф С. доўга без працы не сядзеў: змяніў «Народную газету» на «Народную волю» і неўзабаве пабудаваў сабе з «апазіцыйнасці» дом пад Мінскам. Прайграныя на роўных месцах суды з выплатай вялізных штрафаў, страта даверу палітыкаў і экспертаў, падзенне тыражу – усё гэта не збянтэжыла былога камсамольскага сакратара і слухача Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. Не, зразумела, і такое «жаўтаватае» выданне, як «Народная воля», мае сваю аўдыторыю – наклад 25 тыс. таксама не жарт. Але прыпамінаю: калі ў 2009–2011 гг. я рабіў на пошце, жыхары Мінска падпісваліся на «НВ» даволі вяла, куды радзей, чым на «АиФ» ды «КП».

Пасля таго, як І. Сярэдзіч агучыў прапанову да А. Лукашэнкі «стаць другім Ярузэльскім» і сесці за круглы стол, пачаліся кпіны. Даследчык Павел Усаў мяркуе: «Зыходзячы з асаблівасцей функцыянавання беларускай палітычнай сістэмы, месца апазіцыі ЗАЎСЁДЫ будзе ПАД СТАЛОМ, а не за ім». Мяне нудзіць ад такой катэгарычнасці: людзі, якіх залічваюць у апазіцыю (лепей бы называць іх альтэрнатыўнымі або дэмакратычнымі сіламі), не настолькі бязглуздыя, як часам выглядае. Адсотак «разумнікаў» сярод іх не меншы, а нават большы, чым сярод чыноўнікаў; ну, запрашаў жа Міхась Мясніковіч Стася Багданкевіча ў 2011 г. для кансультацыі ў цяжкі час, і не пад стол садзіў, а за стол… Уражвае, як аналітык У. адмаўляецца прызнаваць змены апошніх гадоў: «Беларускае грамадства не мяняецца, як не мяняецца сутнасць самой палітычнай сістэмы, у якой няма нічога беларускага. За ўсімі палітычнымі дэкарацыямі (часткай якіх можа стаць «круглы стол») зеўрае агромністая цывілізацыйная пустэча». Грамадства мяняецца, разумнее, няхай і марудна; іншая рэч, што мы не ў Польшчы, і Лукашэнку няма сэнсу апранаць на сябе мундзір Ярузэльскага. Хутчэй гаворка можа ісці пра лібералізацыю паводле пярсідскага іспанскага ўзору.

Прачытана ў першым-лепшым рэфераце: «Іспанія ў 1959 прыняла «План эканамічнай стабілізацыі», які аслабіў адміністрацыйны кантроль над эканомікай. Быў адкрыты шырокі доступ замежнаму капіталу… Ф. Франка пільна сачыў, каб лібералізацыя адносілася толькі да сферы эканомікі і адпрэчваў дэмакратызацыю палітычнага і сацыяльнага жыцця». І тым не менш: «Лібералізацыя эканомікі і эканамічны рост у 1960-я гады суправаджаліся некаторымі палітычнымі саступкамі. У 1966 быў прыняты Арганічны закон, які ўнес рад ліберальных паправак да канстытуцыі».

Відавочна, логікай «спачатку эканоміка, а калі-небудзь, праз гады – правы чалавека і палітыка» кіруюцца і заходнія дабрадзеі, нават тыя, хто яшчэ не зусім загруз у цынізме. «Круглы стол» такі мажлівы, аднак, вядома, у бліжэйшы час ён прывядзе толькі да касметычных змен у сістэме. Напрыклад, за «грандыёзную саступку» патэнцыйным інвестарам і крэдыторам з ЕС можна выдаць увядзенне ў Беларусі суда прысяжных (нагадаю, паабяцанага Лукашэнкам яшчэ ў 2010 г.) або пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека, «омбудсмена». Пра патрэбу ў гэтай пасадзе таксама гаварылася шмат гадоў таму, але і ў 2001 г., абяцаючы стварыць «інстытут упаўнаважанага», кандыдат мянціў так: «Але прэзідэнт не можа перакласці свой канстытуцыйны абавязак быць гарантам правоў чалавека на якім б там ні было інстытут. Толькі галава дзяржавы, валодаючы паводле Канстытуцыі шырокімі паўнамоцтвамі, зможа забяспечыць гарантыю правоў і свабод грамадзян». Амаль тое самае чаўпе апошні год. Ну, гэта вядомая ў палітыцы з’ява: «речка движется и не движется» (С), упаўнаважаны патрэбен і непатрэбен…

На добры лад, што варта было зрабіць з судамі ў рамках канстытуцыйнай рэформы (рэферэндум жа ўсё адно мае адбыцца): адмяніць або абмежаваць прызначэнне суддзяў прэзідэнтам, а дэ-факта міністэрствам юстыцыі і клеркамі з адміністрацыі Лукашэнкі, перадаць гэтае права парламенту. Ліквідаваць верхнюю палату цяперашняга «нацыянальнага сходу», што дазволіць зэканоміць кучу грошай (тожа мне англійскія лорды – «Савет рэспублікі»…). Правесці новыя выбары паводле такой сістэмы, якая дазволіла б трапіць у парламент альтэрнатыўна мыслячым людзям, і не 1%, а хаця б 15-25%. У Бібі Нетаньягу апазіцыя ў Кнэсеце больш самавітая, кантралюе да 40-45% месцаў – і нічога, з 2009 г. прэм’ер-міністр неяк дае рады, жывіцца ад сваіх супернікаў «непрычасанымі» ідэямі.

Чаму я раптам пра Ізраіль? Па-першае, сайт ізраільска-беларускі… Па-другое – тутэйшыя чыноўнікі, дый іхнія апаненты, любяць спасылацца на досвед блізкаўсходняй дзяржавы. От доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк, калі быў членам «сената» Савета рэспублікі, каментаваў прыняцце ўказа пра нелегальныя археалагічныя пошукі ў Беларусі: «Жорсткае да вандалаў заканадаўства, напрыклад, у Ізраілі, дзе за вольныя раскопкі адразу прадугледжваюцца тэрміны зняволення ад 5 гадоў» (сумняваюся, што так «адразу»; артыкул пра закон 1978 г. не пацвярджае…). Цяпер, перабраўшыся ў «ніжнюю палату», доктар заклікае пры забеспячэнні правоў беларускамоўных грамадзян дзейнічаць «роўна і спакойна», «на першы план ставіць свабоду выбару чалавека». У прынцыпе-та ніхто не за «гвалт», але ж довады ў гісторыка… «Напрыклад, іўрыт быў мёртвай мовай, мовай Торы, але жаданне ў сэрцах мільёнаў яўрэяў зрабіла яго жывой мовай, адрадзіла гэтую мову. Усё залежыць ад жадання, самае важнае – гэта мова сэрца». Мне аднаму здаецца, што мову Торы, а дакладней, ТАНАХу, які ў ХІХ ст. штодня чыталі тыя самыя мільёны, некарэктна называць «мёртвай»? Дый энтузіясты адраджэння іўрыта як гутарковай мовы не чакалі, пакуль мільёны прачнуцца… І адбывалася адраджэнне не толькі «па жаданні сэрца» тых адраджэнцаў, а і з ужываннем адміністратыўных вагароў. У Палестыне пачатку ХХ ст. вяліся несупынныя «моўныя войны», ахвярай якіх стаў, у прыватнасці, ідыш: «без гвалту і прымусу» не абышлося. Думаю, прафесар пра ўсё гэта ведае, аднак хітруе, прапануючы ісці «мірным яўрэйскім шляхам».

«Заляпіў» і Зянон Пазняк у канцы снежня 2016 г. – у духу савецкай песні «и вновь продолжается бой, и сердцу тревожно в груди»: «Барацьба за Беларусь-ВКЛ ня скончана… Яна будзе працягвацца ўвесь час, пакуль будзе існаваць маскоўская імпэрыя і яе палітыка Арды. Наша становішча можна дакладна параўнаць са становішчам дзяржавы Ізраіль у арабскім сьвеце. І дакладна гэтак, як Ізраіль, мы мусім дзейнічаць, каб быць і адстойваць сваё існаваньне, а ў канцовым варыянце – перамагаць. Дзяржаўнымі прыярытэтамі мусяць быць – Беларуская мова, высокатэхналягічная эканоміка, рынкавая нацыянальна абумоўленая вытворчасьць, адукацыя, моцная сучасная армія і тэрытарыяльная абарона». Як Беларусь у Еўропе можа дзейнічаць «дакладна гэтак», як Ізраіль у Азіі? Аб’явіць Расіі вайну (зрэшты, Зянон лічыць, што вайна і так ужо ідзе)? Пачаць прызываць дзяўчат у войска? Зноў завезці на тэрыторыю краіны ядзерную зброю? Ад 90 да 99% беларусаў не прымуць такія ідэі ні оптам, ні ў розніцу; відаць, адчуваючы гэта, Зянон Станіслававіч і не едзе да нас ужо 21-ы год.

Гэты ж «антылюмпенскі» палітык пару тыдняў таму аж у трох месцах бухнуў дыялогамі з нядаўна памерлым Антонам Шукелойцем: тут, тут, тут. Адначасна З. П. кінуўся крытыкаваць амерыканскую даследчыцу Катастрофы Аніку Вальке, інтэрв’ю з якой змяшчалася і на belisrael.info: яна, маўляў, спрабуе пашырыць адказнасць за масавае знішчэнне яўрэяў на ўсе нацыі, акупаваныя немцамі, у тым ліку і на беларусаў. Пазняк, таксама гісторык з адукацыі, безапеляцыйна сцвярджае: «Поўны правал адбыўся ў Беларусі. Фактаў не знайшлося. Тым больш, што дасьледчыца выявіла ў нямецкіх архівах данясеньні нямецкага акупацыйнага камандаваньня ў Бэрлін аб тым, што спробы немцаў уцягнуць беларусаў у пацыфікацыю жыдоў праваліліся. Немцы не змаглі тут гэтага арганізаваць. Беларусы ня ўдзельнічалі ў гітлераўскай палітыцы Галакосту».

Вядома, я не стану сцвярджаць следам за амерыканскім юрыстам Джонам Лофтусам (і праф. Іофе з Мінска, які некрытычна яго цытаваў), што «яўрэяў выяўлялі калабаранты і заганялі іх у гета… Людзі Радаслава Астроўскага (прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады – В. Р.) усё рабілі за немцаў… Ні ў якой іншай краіне мясцовыя жыхары так бесчалавечна не цкавалі сваіх суседзяў». Аднак фактаў удзелу беларусаў у «гітлераўскай палітыцы Галакосту» багата, іх не абавязкова вышукваць у «нямецкіх архівах». Сам бачыў украй юдафобскія артыкулы ў «Беларускай газэце» за 1942–43 гг., рэдагаванай у Мінску Ул. Казлоўскім, у 1930-х – знаным дзеячам беларускага студэнцкага (і не толькі) руху. Ю. Віцьбіч, «культавая постаць» пасляваеннай беларускай эміграцыі, пад акупацыяй таксама займаўся «жыдаедствам». Тут можна прачытаць яго адпаведныя опусы, перадусім «Народ золотого тельца» (1942). Калі гэта не заклік да знішчэння яўрэяў, то апраўданка дакладна. Былі аналагічныя артыкулы і ў паліцэйскім часопісе «Беларус на варце», які ў 1943–44 гг. выдаваўся з удзелам яшчэ адной «культавай асобы», Ф. Кушаля (рэдактарам быў іншы «свядомы беларус» Ул. Дудзіцкі).

Гадоў трох таму мне давялося перакласці кнігу ізраільскага гісторыка Леаніда Рэйна «Каралі і пешкі. Калабарацыя ў Беларусі ў час Другой сусветнай вайны», я ўжо згадваў гэтую працу. Нягледзячы на недахопы кнігі (пэўная неахайнасць і казуістычнасць, няўменне або нежаданне раскрыць тэму яўрэйскай калабарацыі), аўтар здолеў агаліць стан беларускага грамадства ў 1941–44 гг.: так, у Барысаве «дапаможныя паліцыянты (з мясцовай паліцыі, набранай улетку 1941 г.) кантралявалі выкананне загадаў аб “жоўтай лаце” і назіралі за засяленнем яўрэяў у гета. Падчас т. зв. акцый менавіта мясцовыя паліцыянты выганялі яўрэяў з хат… Насамрэч цяжка назваць органы («мясцовага самакіравання» – В. Р.), якія так ці інакш не скарысталіся б з вынішчэння яўрэяў. Выбітнае месца сярод галоўных атрымальнікаў маёмасці [яўрэяў] займала “Беларуская народная самапомач”» і г. д., і г. д.

Падобна, заангажаванасць беларусаў у працэс знішчэння яўрэяў была меншай, чым заангажаванасць украінцаў і літоўцаў, але як гэта – саўсім адмаўляць «беларускі след», ды цяпер, калі яшчэ жывыя некаторыя сведкі той вайны?.. Палітык, ужо злоўлены на непраўдзівым «выкрыцці» Дзмітрыя Булахава, канчаткова выйшаў у мяне з даверу. Відаць, яго захапленне Змітраком Бядулям («наш выбітны пісьменьнік, габрэй і беларус») нагэтулькі ж шчырае, як майса Лукашэнкі-старэйшага пра Аляксандра Лапшына 3 лютага: «Мы згодна з рашэннем Інтэрпола яго затрымалі». Пазней, калі Лапшына ўжо выслалі ў Азербайджан (07.02.2017, адразу пасля пасяджэння Вярхоўнага суда Беларусі, парушыўшы права арыштаванага на зварот у міжнародныя інстанцыі і на дадатковую юрыдычную дапамогу), высветлілася, што не было такога рашэння Інтэрпола… «Д’ябал у дэталях».

Вольф Рубінчык, г. Мінск

15.02.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 15.02.2017  20:27

Leave a Reply