Ад перакладчыка. Андрэй Дзмітрыевіч Сахараў – адна з найбольш яскравых асоб ХХ стагоддзя. Яго памятаюць і беларусы, і яўрэі: так, у Мінску працуе экалагічны інстытут імя Сахарава пры Беларускім дзяржаўным універсітэце, у Іерусаліме з 1990 года існуюць «Сады Сахарава». Да стагадовага юбілею знакамітага фізіка і праваабаронцы (нар. 21.05.1921) закарцела перакласці яго нобелеўскую лекцыю 1975 года, змест якой шмат у чым актуальны і для Беларусі-2021.
А. Д. Сахараў
Нобелеўская лекцыя «Мір. Прагрэс. Правы чалавека»
Глыбокапаважаныя члены Нобелеўскага камітэта!
Глыбокапаважаныя дамы і панове!
Мір, прагрэс, правы чалавека – гэтыя тры мэты непарыўна звязаныя, нельга дасягнуць якой-небудзь адной з іх, ігнаруючы іншыя. Вось тая галоўная думка, якую я хачу выказаць у гэтай лекцыі.
Я глыбока ўдзячны за прысуджэнне мне высокай, хвалюючай узнагароды – Нобелеўскай прэміі міру – і за дадзеную магчымасць выступіць сёння перад вамі. Я з асаблівым здавальненнем успрыняў фармулёўку Камітэта, у якой падкрэслена роля абароны правоў чалавека як адзінага трывалага падмурку для сапраўднага і даўгавечнага міжнароднага супрацоўніцтва. Гэтая думка здаецца мне вельмі важнай. Я ўпэўнены, што міжнародны давер, узаемаразуменне, раззбраенне і міжнародная бяспека неймаверныя без адкрытасці грамадства, свабоды інфармацыі, свабоды перакананняў, без галоснасці, свабоды паездак і выбару краіны жыхарства. Я ўпэўнены таксама, што свабода перакананняў, разам з іншымі грамадзянскімі свабодамі, з’яўляецца асновай навукова-тэхнічнага прагрэсу і гарантыяй ад выкарыстання яго дасягненняў на шкоду чалавецтву, і, значыць, ёсць асновай эканамічнага і сацыяльнага прагрэсу, а таксама з’яўляецца палітычнай гарантыяй магчымасці эфектыўнай абароны сацыяльных правоў. Такім чынам, я абараняю тэзіс пра першаснае, вырашальнае значэнне грамадзянскіх і палітычных правоў у фармаванні лёсаў чалавецтва. Гэты пункт погляду істотна адрозніваецца ад шырока распаўсюджаных марксісцкіх, а таксама тэхнакратычных канцэпцый, згодна з якімі вызначальную ролю граюць менавіта матэрыяльныя фактары, сацыяльныя і эканамічныя правы. (Сказанае не значыць, вядома, што я ў якой бы ні было ступені адмаўляю важнасць матэрыяльных умоў жыцця людзей.)
Усе гэтыя тэзісы я збіраюся адлюстраваць у лекцыі, асобна спыніўшыся на некаторых канкрэтных праблемах парушэння правоў чалавека, развязанне якіх уяўляецца мне неабходным і тэрміновым.
У адпаведнасці з гэтым планам выбрана назва лекцыі: «Мір, прагрэс, правы чалавека». Гэта, вядома, наўмысная паралель да назвы майго артыкула 1968 года «Развагі аб прагрэсе, мірным суіснаванні і інтэлектуальнай свабодзе», шмат у чым блізкай па сваёй накіраванасці, па змешчаных у ёй перасцярогах.
Ёсць багата прыкмет таго, што, пачынаючы з другой паловы ХХ стагоддзя, чалавецтва ўступіла ў асабліва адказны, крытычны перыяд сваёй гісторыі.
Створана ракетна-тэрмаядзерная зброя, здольная ў прынцыпе знішчыць усё чалавецтва, – гэта найвялікшая небяспека сучаснасці. Дзякуючы эканамічным, прамысловым і навуковым дасягненням непараўнальна больш небяспечнымі сталі таксама так званыя «звычайныя» віды ўзбраення, не кажучы ўжо пра хімічную і бактэрыялагічную зброю.
Без сумневу, поспехі прамысловага і тэхналагічнага прагрэсу з’яўляюцца галоўным фактарам пераадолення галечы, голаду і хвароб; але яны адначасова прыводзяць да пагрозлівых змяненняў у навакольным асяроддзі, да вычарпання рэсурсаў. Чалавецтва, такім чынам, сутыкнулася з грознай экалагічнай небяспекай.
Хуткія змяненні традыцыйных форм жыцця прывялі да некіраванага дэмаграфічнага выбуху, асабліва магутнаму ў краінах «трэцяга свету», якія знаходзяцца на стадыі развіцця. Рост насельніцтва стварае незвычайна цяжкія эканамічныя, сацыяльныя і псіхалагічныя праблемы ўжо зараз, і немінуча пагражае куды больш сур’ёзнымі небяспекамі ў будучыні. У многіх краінах, асабліва ў Азіі, Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, недахоп харчоў застаецца пастаянным фактарам жыцця соцень мільёнаў людзей, вырачаных з моманту народзінаў на жабрацкае паўгалоднае існаванне. Пры гэтым прагнозы на будучыню, нягледзячы на бясспрэчныя поспехі «зялёнай рэвалюцыі», з’яўляюцца трывожнымі, а на думку многіх адмыслоўцаў – трагічнымі.
Аднак і ў развітых краінах людзі сутыкаюцца з вельмі сур’ёзнымі праблемамі. Сярод іх – цяжкія наступствы празмернай урбанізацыі, страта сацыяльнай і псіхалагічнай устойлівасці грамадства, бесперапынная дакучлівая гонка моды і звышвытворчасці, шалёны, вар’яцкі тэмп жыцця і жыццёвых змяненняў, рост колькасці нервовых і псіхічных захворванняў, адрыў усё большай колькасці людзей ад прыроды і нармальнага, традыцыйнага чалавечага жыцця, разбурэнне сям’і ды простых чалавечых радасцей, заняпад маральна-этычных апор грамадства і аслабленне пачуцця мэты, асэнсаванасці жыцця. На гэтым фоне паўстаюць шматлікія пачварныя з’явы – рост злачыннасці, алкагалізму, наркаманіі, тэрарызму і да т. п. Вычарпанне рэсурсаў Зямлі, якое набліжаецца, пагроза перанасялення, шматкроць узмоцненыя міжнароднымі палітычнымі і сацыяльнымі праблемамі, пачынаюць усё мацней ціснуць на жыццё таксама і ў развітых краінах, пазбаўляючы (або пагражаючы пазбавіць) многіх людзей дастатку, утульнасці і камфорту, да якіх гэтыя людзі паспелі прызвычаіцца.
Аднак найбольш істотную, вызначальную ролю ў праблематыцы сучаснага свету адыгрывае глабальная палітычная палярызацыя чалавецтва, якая падзяліла яго на так званы першы свет (умоўна назавем яго «заходні»), другі (сацыялістычны), трэці (краіны на стадыі развіцця). Дзве найбуйнейшыя сацыялістычныя дзяржавы фактычна зрабіліся варагуючымі таталітарнымі імперыямі з празмернай уладай адзінай партыі і дзяржавы, з велізарным экспансіянісцкім патэнцыялам, які імкнецца падпарадкаваць свайму ўплыву вялікія абшары зямнога шара. Прычым адна з гэтых дзяржаў – КНР – знаходзіцца пакуль што на адносна нізкім узроўні эканамічнага развіцця, а другая – СССР – выкарыстоўваючы ўнікальныя прыродныя рэсурсы, прайшоўшы праз дзесяцігоддзі нечуваных бедстваў і перанапружання ўсіх сіл народа, дасягнула цяпер вялізнай ваеннай магутнасці і адносна высокага (дарма што аднабаковага) эканамічнага развіцця. Але і ў СССР узровень матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва нізкі, а ўзровень грамадзянскіх свабод ніжэйшы нават, чым у сацыялістычных краінах. Вельмі складаныя праблемы звязаны таксама з «трэцім светам», з яго адноснай эканамічнай пасіўнасцю, спалучанай з растучай міжнароднай палітычнай актыўнасцю.
Гэтая палярызацыя шматкроць узмацняе і без таго вельмі сур’ёзныя небяспекі, што навіслі над светам, – небяспекі тэрмаядзернай гібелі, голаду, атручвання асяроддзя, вычарпання рэсурсаў, перанасялення, дэгуманізацыі.
Абмяркоўваючы ўвесь гэты комплекс неадкладных праблем і супярэчнасцей, варта найперш сказаць, што, паводле майго пераканання, любыя спробы запаволіць тэмп навукова-тэхнічнага прагрэсу, павярнуць назад урбанізацыю, заклікі да ізаляцыянізму, патрыярхальнасці, да адраджэння на грунце звароту да здаровых нацыянальных традыцый мінулых стагоддзяў – нерэалістычныя. Прагрэс непазбежны, яго спыненне значыла б гібель цывілізацыі.
Яшчэ не так даўно людзі не ведалі мінеральных угнаенняў, машыннай апрацоўкі зямлі, ядахімікатаў, інтэнсіўных метадаў земляробства. Ёсць галасы, якія клічуць вярнуцца да больш традыцыйных і, магчыма, больш бяспечных форм земляробства. Але ці магчыма ажыццявіць гэта ў свеце, дзе і цяпер сотні мільёнаў людзей пакутуюць ад голаду? Без сумневу, наадварот, патрэбна далейшая інтэнсіфікацыя і распаўсюд яе на ўвесь свет, на ўсе краіны, якія развіваюцца. Няможна адмовіцца ад усё шырэйшага ўжывання дасягненняў медыцыны і ад пашырэння доследаў ва ўсіх яе галінах, у тым ліку і такіх, як бактэрыялогія і вірусалогія, нейрафізіялогія, генетыка чалавека і генахірургія, нягледзячы на патэнцыйныя небяспекі злоўжывання і непажаданых сацыяльных наступстваў некаторых з гэтых доследаў. Тое ж датычыцца доследаў у галіне стварэння сістэм імітацыі інтэлекту, доследаў у галіне кіравання масавымі паводзінамі людзей, стварэння адзіных агульнасусветных сістэм сувязі, сістэм збору і захоўвання інфармацыі, і да т. п. Зусім відавочна, што ў руках безадказных, дзеючых пад покрывам сакрэтнасці ўстаноў, усе гэтыя доследы могуць выявіцца надзвычай небяспечнымі, але ў той жа час яны могуць стаць крайне важнымі і неабходнымі для чалавецтва, калі ажыццяўляць іх пад кантролем галоснасці, абмеркавання, навуковага сацыяльнага аналізу. Няможна адмовіцца ад усё шырэйшага выкарыстання штучных матэрыялаў, сінтэтычнай ежы, ад мадэрнізацыі ўсіх бакоў побыту людзей. Няможна адмовіцца ад растучай аўтаматызацыі ўзбуйнення прамысловай вытворчасці, нягледзячы на звязаныя з гэтым сацыяльныя праблемы.
Няможна адмовіцца ад будаўніцтва ўсё больш магутных цеплавых і атамных электрастанцый, ад доследаў у галіне кіраванай тэрмаядзернай рэакцыі, бо энергетыка – адна з асноў цывілізацыі. Я дазволю сабе ўзгадаць у гэтай сувязі, што 25 год таму мне, разам з маім настаўнікам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па фізіцы Ігарам Яўгенавічам Тамам, выпала стаяць ля вытокаў доследаў кіраванай тэрмаядзернай рэакцыі ў нашай краіне. Цяпер гэтыя работы набылі велізарны размах, даследуюцца самыя розныя напрамкі, ад класічных схем магнітнай тэрмаізаляцыі да метадаў з ужываннем лазераў.
Няможна адмовіцца ад пашырэння работ па засваенні каляземнага космасу і па даследаванні далёкага космасу, у тым ліку ад спробаў прыёму сігналаў ад пазазямных цывілізацый – шансы на поспех у такіх спробаў, верагодна, малыя, але затое наступствы поспеху могуць быць грандыёзныя.
Я назваў толькі некаторыя прыклады, іх можна множыць. Насампраўдзе ўсе галоўныя бакі прагрэсу шчыльна звязаныя міжсобку, ніводзін з іх нельга скасаваць, не рызыкуючы разбурыць усю пабудову цывілізацыі; прагрэс непадзельны. Але асаблівую ролю ў механізме прагрэсу граюць інтэлектуальныя, духоўныя фактары. Недаацэнка гэтых фактараў, асабліва пашыраная ў сацыялістычных краінах – магчыма, пад уплывам вульгарных ідэалагічных догм афіцыйнай філасофіі – можа прывесці да скрыўлення шляхоў прагрэсу або нават да яго спынення, да застою. Прагрэс магчымы і бяспечны толькі пад кантролем Розуму. Найважнейшая праблема аховы асяроддзя – адзін з прыкладаў, дзе асабліва ясная роля галоснасці, адкрытасці грамадства, свабоды перакананняў. Толькі частковая лібералізацыя, што надышла ў нашай краіне пасля смерці Сталіна, умагчыміла памятныя для ўсіх нас публічныя дыскусіі першай паловы 60-х гадоў па гэтай праблеме, але эфектыўнае яе развязанне вымагае далейшага ўзмацнення грамадскага і міжнароднага кантролю. Ваенныя прыстасаванні дасягненняў навукі, раззбраенне і кантроль над ім – іншая гэткая ж крытычная галіна, дзе міжнародны давер залежыць ад галоснасці і адкрытасці грамадства. Згаданы прыклад кіравання масавымі паводзінамі людзей, пры ўсёй сваёй вонкавай экзатычнасці, таксама цалкам актуальны ўжо зараз.
Свабода перакананняў, наяўнасць асвечанай грамадскай думкі, плюралістычны характар сістэмы адукацыі, свабода друку і іншых сродкаў інфармацыі – усяго гэтага моцна не хапае ў сацыялістычных краінах праз уласцівы ім эканамічны, палітычны і ідэалагічны манізм. Між тым, гэтыя ўмовы жыццёва неабходныя не толькі для таго, каб пазбегнуць злоўжыванняў прагрэсам, свядомых і несвядомых, але і для яго падтрымання. Асабліва важна тое, што толькі ў атмасферы інтэлектуальнай свабоды з’яўляецца магчымай эфектыўная сістэма адукацыі і творчай пераемнасці пакаленняў. Наадварот, інтэлектуальная несвабода, улада панылай бюракратыі, канфармізм, разбураючы спачатку гуманітарныя сферы ведаў, літаратуру і мастацтва, непазбежна прыводзяць потым да агульнага інтэлектуальнага заняпаду, бюракратызацыі і фармалізацыі ўсёй сістэмы адукацыі, да заняпаду навуковых доследаў, знікнення атмасферы творчага пошуку, да застою і распаду.
Цяпер у палярызаваным свеце таталітарныя краіны дзякуючы дэтанту набылі магчымасць своеасаблівага інтэлектуальнага паразітызму. І падобна, калі не адбудзецца тых унутраных зрухаў, пра неабходнасць якіх усе мы думаем, неўзабаве ім прыйдзецца стаць на гэты шлях. Адзін з магчымых вынікаў дэтанту менавіта такі. Калі гэта адбудзецца, выбухованебяспечнасць сітуацыі можа толькі вырасці. Cвету жыццёва неабходнае ўсебаковае супрацоўніцтва паміж краінамі Захаду, сацыялістычнымі краінамі і тымі, якія развіваюцца, уключаючы абмен ведамі, тэхналогіяй, гандаль, эканамічную, у прыватнасці харчовую ўзаемадапамогу. Але гэтае супрацоўніцтва павінна адбывацца на грунце даверу адкрытых грамадстваў, як кажуць, з адкрытай душой, з апорай на сапраўднае раўнапраўе, а не на грунце страху дэмакратычных краін перад іх таталітарнымі суседзямі. Супрацоўніцтва ў гэтым апошнім выпадку значыла б проста спробу задарыць, задобрыць вусцішнага суседа. Але падобная палітыка – гэта заўсёды толькі адтэрміноўка бяды, якая неўзабаве вяртаецца ў іншыя дзверы з удзесяцяронымі сіламі, гэта папросту новы варыянт мюнхенскай палітыкі. Устойлівы поспех дэтанту магчымы, толькі калі дэтант ад самага пачатку суправаджаецца несупынным клопатам аб адкрытасці ўсіх краін, аб павелічэнні ўзроўню галоснасці, аб свабодным абмене інфармацыяй, аб неадменным выкананні ва ўсіх краінах грамадзянскіх і палітычных правоў – карацей кажучы, пры дапаўненні разрадкі ў матэрыяльнай сферы раззбраення і гандлю разрадкай у духоўнай, ідэалагічнай сферы. Пра гэта выдатна сказаў прэзідэнт Францыі Жыскар д’Эстэн у час свайго візіту ў Маскву. Далібог, варта было зазнаць папрокі ад некаторых недальнабачных прагматыкаў з ліку яго суайчыннікаў дзеля таго, каб падтрымаць найважнейшы прынцып!
Перш чым перайсці да абмеркавання праблем раззбраення, я хачу скарыстацца магчымасцю і яшчэ раз нагадаць пра некаторыя свае прапановы агульнага характару. Гэта перш за ўсё ідэя стварэння пад эгідай ААН Міжнароднага кансультатыўнага камітэта па пытаннях раззбраення, правоў чалавека і аховы асяроддзя. Камітэту, паводле маёй думкі, павінна быць нададзена права атрымання абавязковых адказаў ад усіх урадаў на яго запыты і рэкамендацыі. Такі Камітэт з’явіўся б важным працоўным органам для забеспячэння агульнасусветных дыскусій і галоснасці па найважнейшых праблемах, ад якіх залежыць будучыня чалавецтва. Я чакаю падтрымкі і абмеркавання гэтай ідэі.
Я таксама хачу падкрэсліць, што я лічу асабліва важным шырэйшае выкарыстанне войскаў ААН для купіравання міжнародных і міжнацыянальных узброеных канфліктаў. Я вельмі высока ацэньваю магчымую і неабходную ролю ААН, лічачы яе адным з галоўных спадзеваў чалавецтва на лепшую будучыню. Апошнія гады – цяжкія, крытычныя для гэтай арганізацыі. Я пісаў пра гэта ў кнізе «Пра краіну і свет», і ўжо пасля яе выхаду ў свет здарылася жалю вартая падзея – прыняцце Генеральнай Асамблеяй (прычым амаль без абмеркавання па сутнасці) рэзалюцыі, што абвясціла сіянізм формай расізму і расавай дыскрымінацыі. Усе непрадузятыя людзі ведаюць, што сіянізм – гэта ідэалогія нацыянальнага адраджэння яўрэйскага народа пасля дзвюх тысяч гадоў рассеяння, і што гэтая ідэалогія не скіравана супроць іншых народаў. Прыняцце гэткай рэзалюцыі, на маю думку, нанесла ўдар па прэстыжы ААН. Нягледзячы на падобныя факты, якія часта спараджаюцца адсутнасцю пачуцця адказнасці перад чалавецтвам у кіраўнікоў некаторых маладзейшых членаў ААН, я ўсё ж веру, што рана ці позна ААН здолее граць у жыцці чалавецтва дастойную ролю ў адпаведнасці з мэтамі Статута.
«Сады Сахарава» на заходнім уездзе ў Іерусалім. Фота адсюль
Пераходжу да адной з цэнтральных праблем сучаснасці – да раззбраення. Я падрабязна выклаў сваю пазіцыю ў кнізе «Пра краіну і свет». Неабходна ўмацаванне міжнароднага даверу, дасканалы кантроль на месцах сіламі міжнародных інспекцыйных груп. Усё гэта немажліва без распаўсюду разрадкі на сферу ідэалогіі, без павелічэння адкрытасці грамадства. У той жа кнізе я падкрэсліў неабходнасць міжнародных пагадненняў пра абмежаванне паставак зброі іншым дзяржавам, спыненне новых распрацовак сістэм зброі паводле спецыяльных пагадненняў, пагадненне аб забароне сакрэтных работ, ліквідацыя фактараў стратэгічнай няўстойлівасці, у прыватнасці, забарона боегаловак, якія раздзяляюцца.
Як жа я ўяўляю сабе ў тэхнічным плане ідэальнае агульнасусветнае пагадненне пра раззбраенне?
Я думаю, што такому пагадненню павінна папярэднічаць афіцыйная (неабавязкова адразу адкрытая) заява пра аб’ём усіх відаў ваеннага патэнцыялу (ад запасаў тэрмаядзерных зарадаў да прагнозаў кантынгентаў ваеннаабавязаных), з пазначэннем прыкладнай умоўнай разбіўкі па раёнах «патэнцыйнай канфрантацыі». Пагадненне мае прадугледжваць у якасці першага этапа ліквідацыю пераваг аднаго боку перад другім асобна для кожнага стратэгічнага раёна і для кожнага віду ваеннага патэнцыялу (вядома, гэта толькі схема, ад якой непазбежныя некаторыя адхіленні). Такім чынам, будзе выключана, па-першае, што пагадненне ў адным стратэгічным раёне (скажам, у Еўропе) будзе скарыстана для ўзмацнення ваенных пазіцый у іншым раёне (скажам, на савецка-кітайскай мяжы). Па-другое, выключаюцца магчымыя несправядлівасці з-за таго, што цяжка колькасна супаставіць значнасць розных відаў патэнцыялу (напрыклад, цяжка сказаць, колькі зенітных установак ПРА з’яўляюцца эквівалентам аднаго крэйсера, і да т.п.). Наступным этапам скарачэння ўзбраенняў мае стаць прапарцыйнае скарачэнне адначасова для ўсіх краін і ўсіх стратэгічных раёнаў. Такая формула «збалансаванага» двухэтапнага скарачэння ўзбраенняў дасць бесперапынную бяспеку кожнай краіны, непарыўную раўнавагу сіл у кожным раёне патэнцыйнай канфрантацыі, і адначасова – радыкальнае рашэнне эканамічных і сацыяльных праблем, якія спараджаюцца мілітарызацыяй. Цягам многіх дзесяцігоддзяў варыянты падобнага падыходу высоўваюцца многімі экспертамі і дзяржаўнымі дзеячамі, аднак дагэтуль поспех вельмі нязначны. Але я спадзяюся, што цяпер, калі чалавецтву рэальна пагражае пагібель у агні тэрмаядзерных выбухаў, розум людзей не дапусціць гэтага выніку. Радыкальнае збалансаванае раззбраенне дапраўды неабходнае і магчымае як частка шматбаковага і складанага працэсу развязання грозных, неадкладных сусветных праблем. Тая новая фаза міждзяржаўных адносін, якая атрымала назву разрадкі, або дэтанту, і, верагодна, мае за свой кульмінацыйны пункт нараду ў Хельсінкі, у прынцыпе адкрывае пэўныя магчымасці для руху ў гэтым кірунку.
Заключны акт нарады ў Хельсінкі асабліва прыцягвае нашу ўвагу тым, што ў ім упершыню афіцыйна адлюстраваны той комплексны падыход да развязання праблем міжнароднай бяспекі, які ўяўляецца адзіна магчымым; у акце змяшчаюцца глыбокія фармулёўкі пра сувязь міжнароднай бяспекі з абаронай правоў чалавека, свабоды інфармацыі і свабоды перамяшчэння, а таксама важныя абавязацельствы краін-удзельніц, якія забяспечваюць названыя правы. Відавочна, вядома, што гаворка ідзе не пра гарантаваны вынік, а менавіта пра новыя магчымасці, якія могуць быць рэалізаваны толькі праз доўгую планамерную працу, з адзінай і паслядоўнай пазіцыяй усіх краін-удзельніц, асабліва дэмакратычных краін.
Гэта адносіцца, у прыватнасці, да праблемы правоў чалавека, якой прысвечана апошняя частка лекцыі. У нашай краіне, пра якую я зараз пераважна буду казаць, за месяцы, што мінулі пасля нарады ў Хельсінкі, увогуле не адбылося якога-небудзь істотнага паляпшэння ў гэтым кірунку; у асобных жа пытаннях заўважаюцца нават спробы прыхільнікаў жорсткага курсу «закруціць» гайкі.
У ранейшым стане знаходзяцца важныя праблемы міжнароднага інфармацыйнага абмену, свабоды выбару краіны пражывання, паездак для навучання, работы, лячэння, проста турызму. Каб канкрэтызаваць гэтае сцвярджэнне, я зараз прывяду некаторыя прыклады – не ў парадку іх важнасці і без імкнення да паўнаты.
Вы ўсе ведаеце лепш за мяне, што дзеці, скажам, з Даніі, могуць сесці на ровары і весела даехаць да Адрыятыкі. Ніхто не ўбачыць у іх «непаўналетніх шпіёнаў». Але савецкія дзеці гэтага не могуць! Вы самі можаце ў думках развіць гэты прыклад (і ўсе, што ідуць далей) на мноства аналагічных сітуацый.
Вы ведаеце, што Генеральная Асамблея пад ціскам сацыялістычных краін прыняла рашэнне, якое абмяжоўвае свабоду тэлевізійнага вяшчання са спадарожнікаў. Я думаю, што зараз, пасля Хельсінкі, ёсць усе падставы,каб яго перагледзець. Для мільёнаў савецкіх грамадзян гэта вельмі важна і цікава.
У СССР якасць пратэзаў для інвалідаў крайне нізкая. Але ніводзін савецкі інвалід, нават маючы выклік ад замежнай фірмы, не можа выехаць па гэтым выкліку за мяжу.
У савецкіх газетных кіёсках нельга купіць некамуністычныя замежныя газеты, дый камуністычных прадаецца далёка не кожны нумар. Нават такія інфармацыйныя часопісы, як «Америка», надта дэфіцытныя і прадаюцца ў мізэрнай колькасці кіёскаў, разыходзяцца ж імгненна і звычайна з «нагрузкай» нехадавых выданняў.
Кожны ахвотны эміграваць з СССР павінен мець выклік ад блізкіх родзічаў. Для многіх гэта невырашальная праблема, напрыклад для 300 тыс. немцаў, ахвотных выехаць у ФРГ (да таго ж квота на выезд складае для немцаў толькі 5 тыс. чалавек на год, гэта значыць выезд распланаваны на 60 гадоў!). За гэтым – вялізная трагедыя. Асабліва трагічнае становішча асоб, якія жадаюць уз’яднацца з родзічамі ў сацыялістычных краінах, – за іх няма каму заступіцца, і свавольства ўладаў не мае межаў.
Свабода перамяшчэння, выбару месца работы і жыхарства, працягвае парушацца для мільёнаў калгаснікаў, працягвае парушацца для соцень тысяч крымскіх татар, 30 год таму з велізарнымі жорсткасцямі выселенымі з Крыма і дагэтуль пазбаўленых права вярнуцца на родную зямлю.
Заключны акт нарады ў Хельсінкі зноў пацвердзіў прынцыпы свабоды перакананняў. Але патрабуецца вялікая і ўпартая барацьба, каб гэтыя палажэнні акта мелі не толькі дэкларатыўнае значэнне. У СССР за перакананні многія тысячы людзей пераследуюцца сёння ў судовым і пазасудовым парадку – за рэлігійныя вераванні і жаданне выхоўваць сваіх дзяцей у рэлігійным духу; за чытанне і распаўсюд (часта простае азнаямленне 1-2 чалавек) непажаданай для ўладаў літаратуры, зазвычай абсалютна легальнай паводле дэмакратычных нормаў, напрыклад рэлігійнай; за спробу пакінуць краіну; асабліва важнай у маральным плане з’яўляецца праблема пераследу асоб, якія пакутуюць праз абарону іншых ахвяр несправядлівасці, праз імкненне да галоснасці, у прыватнасці, праз пашырэнне інфармацыі пра суды, пераследы за перакананні, умовы месцаў зняволення.
Невыносная думка аб тым, што зараз, калі мы сабраліся для святочнай цырымоніі ў гэтай зале, сотні і тысячы вязняў сумлення пакутуюць ад цяжкага шматгадовага голаду, ад амаль поўнай адсутнасці ў ежы бялкоў і вітамінаў, ад адсутнасці лекаў (вітаміны і лекі забаронена перасылаць у месцы зняволення), ад непасільнай працы, дрыжаць ад холаду, вільгаці і знясілення ў паўцёмных карцарах, вымушаны весці бесперастанную барацьбу за сваю чалавечую годнасць, за перакананні, супроць машыны «перавыхавання», а фактычна злому іх душы. Асаблівасці сістэмы месцаў зняволення старанна прыхоўваюцца, дзясяткі людзей церпяць за яе выкрыццё – гэта найлепшы доказ грунтоўнасці абвінавачванняў на яе адрас. Наша пачуццё чалавечай годнасці патрабуе неадкладнага змянення гэтай сістэмы для ўсіх зняволеных, як бы яны ні былі вінаватыя. Але што сказаць пра пакуты бязвінных? Самае ж страшнае – пекла спецпсіхбальніц Днепрапятроўска, Сычоўкі, Благавешчанска, Казані, Чарняхоўска, Арла, Ленінграда, Ташкента…
Я не магу сёння расказваць пра канкрэтныя судовыя справы, канкрэтныя лёсы. Ёсць вялікая літаратура (я звяртаю тут вашу ўвагу на публікацыі выдавецтва «Хроника-пресс» у Нью-Ёрку, якое перадрукоўвае, у прыватнасці, савецкі самвыдатаўскі часопіс «Хроника текущих событий» і выдае аналагічны інфармацыйны бюлетэнь). Я проста назаву тут, у гэтай зале, імёны некаторых вядомых мне вязняў. Як вы ўжо чулі ўчора, я прашу вас лічыць, што ўсе вязні сумлення, усе палітзняволеныя маёй краіны падзяляюць са мной гонар Нобелеўскай прэміі міру.
Вось некаторыя вядомыя мне імёны: Плюшч, Букоўскі, Глузман, Мароз, Марыя Сямёнава, Надзея Святлічная, Стэфанія Шабатура, Ірына Калінец-Стасіў, Ірына Сенік, Ніёле Садунайце, Анаіт Карапецян, Осіпаў, Кранід Любарскі, Шумук, Віне, Румачык, Хаустаў, Суперфін, Паулайціс, Симуціс, Караванскі, Валерый Марчанка, Шухевіч, Паўлянкоў, Чарнаглаз, Абанькін, Сусленскі, Мешэнер, Святлічны, Сафронаў, Родэ, Шакіраў, Хейфец, Афанасьеў, Ма-Хун, Бутман, Лук’яненкa, Aгурцоў, Сергіенка, Антанюк, Лупынос, Рубан, Плахатнюк, Коўгар, Бялоў, Ігруноў, Салдатаў, Мяцік, Юшкевіч, Кійрэнд, Здаровы, Таўмасян, Шахвердзян, Заграбян, Айрыкян, Маркысян, Аршакян, Міраўскас, Стус, Свярсцюк, Кандыба, Убожка, Раманюк, Вараб’ёў, Гель, Пранюк, Гладко, Мальчэўскі, Гражыс, Прышляк, Сапеляк, Калінец, Супрэй, Вальдман, Дзямідаў, Бернічук, Шаўковы, Гарбачоў, Вярхоў, Турык, Жукаўскас, Сянькіў, Грынькіў, Навасардзян, Саартс, Юрый Вудка, Пуце, Давыдаў, Балонкін, Лісавой, Пятроў, Чакалін, Гарадзецкі, Чарнавол, Балахонаў, Бондар, Калінічэнка, Каламін, Плумпа, Яўгяліс, Федасееў, Асадчы, Будулак-Шарыгін, Макаранка, Малкін, Штэрн, Лазар Любарскі, Фельдман, Ройтбурт, Школьнік, Муржэнка, Фёдараў, Дымшыц, Кузняцоў, Мендэлевіч, Альтман, Пэнсон, Хнох, Вульф Залмансон, Ізраіль Залмансон і многія, многія іншыя. У несправядлівай ссылцы — Анатоль Марчанка, Нашпіц, Цытленок. Чакаюць суда — Мустафа Джамілеў, Кавалёў, Цвердахлебаў. Я не мог назваць усіх вядомых мне вязняў з-за недахопу месца, яшчэ больш я не ведаю або не маю пад рукой даведкі. Але я ўсіх падразумяваю ў думках і ўсіх не названых яўна прашу дараваць мне. За кожным названым і не названым імем — цяжкі і гераічны чалавечы лёс, гады пакут, гады барацьбы за чалавечую годнасць.
Кардынальнае рашэнне праблемы пераследу за перакананні — вызваленне на грунце міжнароднага пагаднення, магчыма, рашэння Генеральнай Асамблеі ААН, усіх палітзняволеных, усіх вязняў сумлення ў турмах, лагерах і псіхіятрычных бальніцах. У гэтай прапанове няма ніякага ўмяшання ва ўнутраныя справы якой бы ні было краіны, бо яна ў роўнай меры распаўсюджваецца на ўсе краіны, на СССР, Інданезію, Чылі, ПАР, Іспанію, Бразілію, на ўсе іншыя краіны, і таму, што абарона правоў чалавека абвешчана Усеагульнай дэкларацыяй ААН міжнароднай, а не ўнутранай справай. Дзеля гэтай вялікай мэты нельга шкадаваць сіл, якім бы доўгім ні быў шлях, — а што ён доўгі, гэта мы бачылі ў час апошняй сесіі ААН. ЗША на гэтай сесіі ўнеслі прапанову аб палітычнай амністыі, але потым знялі яе пасля спробы шэрагу краін занадта (на думку дэлегацыі ЗША) расшырыць рамкі амністыі. Я шкадую пра тое, што адбылося. Але зняць праблему нельга. І я глыбока перакананы, што лепей вызваліць пэўную колькасць людзей у нечым вінаватых, чым трымаць у зняволенні і катаваць тысячы бязвінных.
Не адмаўляючыся ад кардынальнага рашэння, сёння мы мусім змагацца за кожнага чалавека паасобку, супраць кожнага выпадку несправядлівасці, парушэння правоў чалавека – ад гэтага занадта многае залежыць у нашай прышласці.
Імкнучыся да абароны правоў людзей, мы мусім выступаць, паводле майго пераканання, у першую чаргу як абаронцы бязвінных ахвяр рэжымаў, існуючых у розных краінах, без патрабавання знішчэння і татальнага асуджэння гэтых рэжымаў. Патрэбны рэформы, а не рэвалюцыі. Патрэбна гнуткае, плюралістычнае і цярпімае грамадства, якое ўвасобіла б у сабе дух пошуку, абмеркавання і свабоднага, недагматычнага выкарыстання дасягненняў усіх сацыяльных сістэм. Што гэта — разрадка? канвергенцыя? — справа не ў словах, а ў нашай рашучасці стварыць лепшае, дабрэйшае грамадства, лепшы сусветны парадак.
Алена Бонэр і Андрэй Сахараў, 1975 г.
Тысячагоддзі таму чалавечыя плямёны праходзілі суворы адбор на выжывальнасць; і ў гэтай барацьбе было важна не толькі ўменне валодаць дубінкай, але і здольнасць да розуму, да захавання традыцый, здольнасць да альтруістычнай узаемадапамогі членаў племені. Сёння ўсё чалавецтва ў цэлым трымае падобны іспыт. У бясконцай прасторы павінны існаваць многія цывілізацыі, у тым ліку разумнейшыя, больш «удачныя», чым наша. Я абараняю таксама касмалагічную гіпотэзу, паводле якой касмалагічнае развіццё Сусвету паўтараецца ў асноўных сваіх рысах бясконцую колькасць разоў. Пры гэтым іншыя цывілізацыі, у тым ліку больш «удачныя», павінны існаваць бясконцую колькасць разоў на «папярэдніх» і «наступных» адносна нашага свету аркушах кнігі Сусвету. Але ўсё гэта не павінна прынізіць нашага свяшчэннага памкнення менавіта ў гэтым свеце, дзе мы, як успышка ў цемры, паўсталі на адно імгненне з чорнага небыцця несвядомага існавання матэрыі, ажыццявіць вымогі Розуму і стварыць жыццё, вартае нас саміх і Мэты, якую мы цьмяна ўгадваем.
1 снежня 1975 г.
© The Nobel Foundation (Oslo), 1975.
Пераклад з рускай В. Рубінчыка. Арыгінал узяты адсюль
Апублiкавана 18.05.2021 03:33