В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (30)

Напярэдадні ўрачыстага адкрыцця ў Мінску новага інтэлектуальнага клуба (запіс у яго пакуль не вядзецца, але рэгістрацыю дакляруюць распачаць у бліжэйшыя дні) раскідаю па маніторы жменьку згадак пра «далёкае-далёкае» мінулае.

У 1990-х гадах Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт не раз наведвалі з публічнымі лекцыямі асобы… ну, калі не сусветнага, то кантынентальнага маштабу. У старым будынку на праспекце Скарыны (ля Дома афіцэраў) акадэмік Міхаіл Гаспараў прачытаў нават не адну, а дзве лекцыі пра рускую паэзію – прыпамінаю, што светлай памяці Гаспараў аналізаваў вершы ХІХ ст. з фармальнага боку. Гэта было ў 1997 ці 1998-м, а ў 1996-м там жа выступаў дарадца прэм’ер-міністра Францыі Гі Сарман, з ім можна было і падыскутаваць… Сарман падпісаў мне сваю кнігу «La solution libérale», перакладзеную на рускую ў пачатку 1990-х (выйшла ў Маскве-1992). На падзею адгукнуўся, у прыватнасці, «Вечерний Минск».

sorman sorman2

Агулам шанцавала на сустрэчы з аўтарытэтнымі французамі. Адзін з іх, дырэктар інстытута палітычных даследаванняў у Страсбургу (Рэно Дарандо; цяпер выкладае ў Парыжы), ацэньваў маю дыпломную працу… Найбольш запомніўся Дамінік Кала – аўтар падручніка «Палітычная сацыялогія». Чытаў ён свае лекцыі студэнтам франка-беларускага факультэта ЕГУ – нас было чалавек 10 – але, па вялікім рахунку, быў даступны для ўсіх. Журналістка «БДГ» пыталася ў мяне, ці мог бы я перакласці некалькі пытанняў для гэтага прафесара (пазней, здаецца, вырашыла праблему сама).

dorandeu2013 colas2009

Р. Дарандо і Д. Кала. Фота з адкрытых крыніц.

Усё гэта адбывалася ўжо ў лукашэнкаўскі час. Могуць запярэчыць, што тады, у канцы ХХ ст., «правадыр» яшчэ не падгроб пад сябе ўсё і ўсіх, таму заходнія інтэлектуалы не баяліся прыязджаць, дый ЕГУ быў важнай «кропкай прыцягнення». У пэўнай ступені яно так – тым не менш «зоркі» актыўна гойсалі да нас і ў ХХІ ст. Чамусьці «Еўрарадыё» не прыгадала, што «абсалютна легендарны» французска-швейцарскі славіст Жорж Ніва, якога зараз нібыта мерацца запрасіць адным з першых, ужо наведваў Мінск у 2002 г. Тады ён даў змястоўнае інтэрв’ю газеце «Белорусский рынок» (некалі эканамічныя выданні не шкадавалі плошчы на развагі пра Пастарнака і Салжаніцына)… Ніва яшчэ казаў: «Вельмі цікавы новы празаік Андрэй Дзмітрыеў». Накаркаў 🙂

Шмат разоў бываў у «сінявокай» брытанскі прафесар, даследчык беларускай літаратуры Арнольд Макмілін. У маі 2010 г. завітаў ён на «яўрэйскую секцыю» кангрэса міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (на вул. Прытыцкага)… і пад псеўданімам «Макмілер» трапіў у гумарыстычна-фантастычнае апавяданне Паўла Касцюкевіча «Вайна з дзьмухаўцамі». Ізраілец Этгар Керэт – таксама той яшчэ знаны інтэлектуал, хоць і без навуковых ступеняў – сёлета выступаў у галерэі «Ў», лінгвістычным універсітэце і Нацыянальнай бібліятэцы. Па лініі Ізраільскага цэнтра некалі прыязджалі Фелікс Кандэль, Ігар Губерман, Міхаіл Хейфец – ніхто з іх не расчараваў публіку. Ну і г. д.

kandel

Аўтограф Ф. Кандэля на кнізе «Люди мимоезжие. Слово за слово»

Раз ужо памочніца С. Алексіевіч Юлія Ч. пералічвае прозвішчы кандыдатаў на выступленні ў новым клубе, дазволю сабе выказацца наконт кандыдатур і я (чыста як патэнцыйны слухач :)) Рэжысёр Сакураў, палітыкіня Хакамада, псіхалінгвістка Чарнігаўская, актрыса Ахеджакава, літаратуразнавец Ніва, пісьменніца Забужка… Няма сумневаў, што ўсе яны паважаныя людзі, але няможна не заўважыць у гэтым шэрагу элемент сумбуру. Пажадана, каб мелася канцэпцыя адбору, іначай будуць хадзіць не на лекцыі, а на саму Алексіевіч. Найперш аматарцы Герцэна і Дастаеўскага варта запрашаць або калег-літаратараў, або, умоўна кажучы, экс-дысідэнтаў – прынамсі тых, хто меў вопыт выжывання ў цяжкіх умовах і мог бы ім падзяліцца (напрыклад, вышэйзгаданыя Губерман, Кандэль, Хейфец так ці іначай дапасоўвалі, а пад канец 2002 г. выступаў у Абшчынным доме на вул. Веры Харужай, 28 і весялун Эдуард Кузняцоў, у 1970-м асуджаны да смяротнай кары…)

Калі ж пільна трэба запрашаць адмыслоўцаў з розных сфер, то не зашкодзіла б час ад часу даваць слова беларускім даследчыкам – у першую чаргу тым, каго выціснулі з універсітэтаў і навуковых устаноў па палітычных матывах (асобы прывет былому куратару Гродзенскага ўніверсітэта Сямёну Шапіру). Бальшыня з іх, наколькі ведаю, неяк адаптавалася, атрымала трыбуны і крыніцы даходаў у Літве або Польшчы, «маргіналамі» не з’яўляецца. Ды запросіны ў Мінск і ганарарчык наўрад ці калі будуць лішнімі.

Маралька. Не варта прыбядняцца, як гісторык Аляксей Братачкін, і абагульняць: «Крайне цяжка пераканаць каго-небудзь прыехаць сюды, з нашымі рэсурсамі і з адсутнасцю ў гасцей асабістай цікавасці да Беларусі… Беларусь дрэнна ўключаная ў інтэлектуальныя міжнародныя сеткі». Грошы і асабістая сувязь гасцей з краінай вырашаюць многае, аднак не ўсё, далёка не. Рыхтуйце глебу – штосьці вырасце.

Хітрымудрыя актывісты адной сямейна-клоўнскай палітычнай (?) партыі – той самай, што ў 2014 г. прапаноўвала назваць вуліцу ў Мінску імем тав. Левіна – глебу для сябе якраз рыхтуюць. Днямі закінулі ў СМІ ініцыятыўку: праз рэферэндум павялічыць тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта з 5 да 7 гадоў, а дэпутацікаў – з 4 да 5 гадоў. («Францыя, мы ўжо набліжаемся да цябе…» – праўда, там якраз на пачатку ХХІ ст. зменшылі прэзідэнцкі тэрмін з 7 да 5 гадоў :))

Новы рэферэндум праводзіць трэба, хто б спрачаўся, але першае пытанне ў ім павінна быць наконт будоўлі АЭС пад Астраўцом (замарозіць або не), другое – наконт судовай сістэмы. Нагадаю, што ў 2013 г. в. а. цара «імем рэвалюцыі» скасаваў гаспадарчыя суды, прадугледжаныя Канстытуцыяй, ды ўліў іх у агульныя. Да таго было паабяцана сфармаваць у Беларусі «суд прысяжных» – гл. перадвыбарную праграму гр-на Лукашэнкі А. Р. 2010 г. Не прайшло і пяці гадоў, як названы грамадзянін паабяцаў «падумаць» над пытаннем і прызнаўся, што не памятае сваёй абяцанкі… Можа, няхай бы крайняе слова сказаў-такі народ? Між іншага, цешу сябе спадзевам, што народ на рэферэндуме, нарэшце, адкіне прапановы-абяцанкі-цацанкі галоўнага чыноўніка, і той мужна падасць у адстаўку, як зрабіў Шарль дэ Голь у 1969 г., калі большасць французаў адкінула яго рэформы. І хто б мог падумаць? Францыя не развалілася, хаця так многа было ў яе гісторыі звязана з імпэтным генералам!

Пра матч на першынство свету Карлсен – Каракін, што адбываецца ў Нью-Ёрку з 11 лістапада. Абодва гульцы, народжаныя ў 1990 г., «машынападобныя»; поспех расійца тлумачыцца, сярод іншага, тым, што ён навучыўся «сушыць» пазіцыі лаўчэй за нарвежца… «Класічныя» шахматы хутчэй жывыя, чым наадварот, або, як дасціпна выказаўся народны каментатар з chessbomb.com, «If chess is dead, where is the body?» («Калі шахматы мёртвыя, то дзе ж труп?»). Аднак цягам матчу, які пачаўся з сямі (!) нічыіх, чуліся заклікі пераходзіць на фішэрэндам. Я б аддаў перавагу шахматам-5039, і ўсё ж за прыгожую канцоўку 8-й партыі, дзе чорныя фігуры дамінавалі на дошцы, гатовы многае дараваць… Эстэтычную асалоду атрымаў, бадай як ад «Балеро» Марыса Равеля. Няйначай у гонар гэтай перамогі магілёўскія прадпрымальнікі назвалі сваю прэмію, якую ўручаць 26.11.2016, «Неверагодны ферзь» 🙂 Паглядзеўшы на энтузіязм у рунэце, я не здзіўлюся, калі ў рускай мове з’явіцца новы сэнс у слова «закaрякать» – замучыць суперніка на роўным месцы… «Адказка» ад Карлсена ў 10-й партыі была куды менш відовішчная.

13 год таму я атрымаў па электроннай пошце артыкул М. Ковыцева (гэтае прозвішча мне нічога не казала), прысвечаны Сяргею Каракіну: «Шахматный Робертино Лоретти». Аўтар прапаноўваў апублікаваць артыкул у часопісе, аднак, параіўшыся з членам рэдкалегіі «Шахмат-плюс» Паўлам Макевічам, я вырашыў гэтага не рабіць, бо гутарка падалася мне занадта «газетнай» і далёкай ад беларускай праблематыкі. Трохі пазней тутэйшыя аматары ўсё адно даведаліся пра таленты юнага жыхара Украіны – інтэрв’ю падабраў часопіс «Шахматы» (гл. № 1, 2004). Ці шкадую пра «незабітага мядзведзя»? Не, не шкадую. Ці асуджаю пераезд Каракіна ў Расію 8 год таму і яго прапуцінскія погляды? Да гэтага я абыякавы, бо аддзяляю мух ад катлет. Пісаў пра тамтэйшых ігракоў, бываў «на ўсходзе», але жыву ў краіне, якая ўжо 25 год незалежная. На жаль, глебы пад нагамі так і не адчулі многія ўраджэнцы СССР, а сярод іх – і наша нобелеўская лаўрэатка. Іначай не падпісвала б зварот 18.11.2016 ад імя «расійскіх пісьменнікаў і журналістаў»…

А тут якраз і навіна культуркі падваліла. 8 снежня 2016 г. у мінскім клубе «Мулен Руж» плануецца рэдкі ў нашых краях спектакль-камедыя «Паліто з Бабруйска». Хачу спадзявацца, што не зусім папса, што выйдзе кранальна. Рэклама, па-мойму, вартая таго, каб прывесці яе цалкам – прама-такі бітлоўскі «бенефіс містэра Кайта»:

Упершыню ў Мінску! Адраджэнне жанру вадэвілю!!! Шмат гумару і песень па матывах яўрэйскага фальклору. А вы ведалі, што ўпершыню яўрэі з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі яшчэ ў часы вялікага Княства Літоўскага? Не? А што ім асаблівыя граматы з прывілеямі ахвяраваў вялікі князь Вітаўт? Таксама міма? Дык запомніце і іншым перадайце, што толькі ў Бабруйску да рэвалюцыі 72 працэнты насельніцтва складалі яўрэі! Так, і па часці гумару адэсіты ў бабруйчан «падлогі мылі». Мяркуйце самі: гораду Адэсе 200 з чымсьці гадоў, а яўрэйскай абшчыне Бабруйска 500. І хто не ведае за анекдот пра паліто: «Сустракаюцца на «Сацыялцы» два яўрэі. – Абрам, дзе ты шыў такое паліто? – У Парыжы. – А гэта далёка ад Бабруйска? – 2000 кіламетраў. – Слухай, такая глухмень, а шыюць прыстойна!»

Шмат іншых анекдотаў, рэальных смешных гісторый з жыцця бабруйскіх яўрэяў і папулярныя музычныя кампазіцыі 30-х – 50-х гадоў мінулага стагоддзя вы зможаце пачуць у выкананні лепшых артыстаў і кіно! Смяяцца і спяваць дазваляецца!!!

У пастаноўцы занятыя: Ігар Пятроў, Таццяна Ружаўская, Бэла Шпінер, Сяргей Навіцкі, Жора Волчак, Наталля Якаўлева, Маша Возба, Ягор Найдовіч, Таццяна Жданава і інш.

У чаканні «рэальных смешных гісторый» пацешыла «вайна правак» на Магілёўскай, 32. Нагадаю, у чэрвені 2016 г. пад уплывам расійска-беларускай лалітыкі з’явіліся выявы дзяцей, адразу ж раскрытыкаваныя людзьмі з мастацкім густам; у кастрычніку дзецям нехта падмаляваў калючы дрот, але скора гарадскія ўлады аддалі загад яго замазаць, што і было выканана 23.11.2016. На наступны дзень нават выставілі ахову, ды як бы пасля восеньска-зімовай слаты фарбы не змыліся, і дрот не вылез на паверхню зноў 🙂 Пакуль жа наша сціплая фотка выглядае «гістарычнай» – нечакана выявілася, што альтэрнатыўная версія мурала дажывала ўвечары 22 лістапада апошнія гадзіны… Трапную заўвагу зрабіў чытач tut.by: «Cамы задаволены ў гэтай гісторыі – кранаўшчык. І адныя заплацілі за пад’ём, і другія, потым трэція». Я ўжо нават захацеў быць качагарам кранаўшчыком, але потым прыгадаў, што ў нашай краіне вежавыя краны часам захопліваюць тэрарысты нармальныя пацаны, якім недаплачваюць заробленыя грошы, і адмовіўся ад гэтай перспектыўнай ідэйкі…

Вольф Рубінчык, г. Мінск

25.11.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Кароткі змест папярэдніх дзесяці серый:

№ 29 (22.11.2016). Прызначэнне пасла Ізраіля ў Мінску. Місія МВФ у Беларусі, запазычанасць краіны, рэкамендацыі. Няпрошаныя парады «старшыні цэнтрвыбаркама» і прэс-сакратаркі міністэрства адукацыі. Пагрозы прадстаўніцы Мінгарвыканкама ў адрас ананімнага мастака, які зрабіў праўкі ў графіці ля вакзала. Забарона канцэрта гурта «Дзецюкі» галоўным ідэолагам Мінска. Новыя публікацыі пра братоў Бельскіх і Хатынь. Спектакль пра Другую сусветную ў Купалаўскім тэатры і цэнзура на «Хартыі-97». Памылкі на сайце мінадукацыі. Новы інтэлектуальны клуб, планы запрасіць Вольгу Седакову. Бязглуздыя развагі тутэйшых экспертаў пра Трампа і Ле Пэна.

№ 28 (18.11.2016). Прэс-канферэнцыя «галоўнага чыноўніка». Заява пра 90% вышэйшай адукацыі за кошт бюджэту, якая не адпавядае сапраўднасці. Успамін пра зборнік габраўскіх анекдотаў і «вясёлы цынізм» Л. Левіна. Развагі пра сярэднюю і мінімальную зарплату ў розных краінах. Казка пра Лукашэнку 1994 г. Смерць Меіра Дагана (сакавік 2016 г.). Бурчэнне беларускай наменклатуры і прапанова вылучыць у прэзідэнты С. Сідорскага, а ў прэм’ер-міністры – М. Кадырава. Крытыка. Артыкул пра «словы-паразіты» як адцягванне ўвагі ад рэальных праблем, згадка пра аналагічны эпізод у рамане Вайновіча пра Чонкіна. Табурэткавы гумар «афіцыйнай прадстаўніцы РФ» і меркаванне Дзмітрыя Быкава. Ацэнка матчу Карлсен – Каракін.

№ 27 (16.11.2016). Закон пра «ўзроставую» маркіроўку інфапрадукцыі, скандал у мінскім кінатэатры. Меркаванне А. Кудзіненкі пра цэнзуру ў кіно і развагі Э. Лімонава пра «дысцыплінарны санаторый». Прапанова перакласці на беларускую асобныя творы Лімонава. Юбілей «Нашай Нівы», артыкул І. Соркінай пра «НН» і яўрэяў у пачатку ХХ ст. Урывак з кнігі С. Дубаўца пра яго стасункі з яўрэем-п’яніцам у 1990-х. Асабістыя згадкі пра супрацу з рэдакцыяй «НН», пачынаючы з 2000 г. Прычыны цяперашняй абыякавасці да гэтага выдання. Кур’ёзная гісторыя, звязаная з амерыканскім прафесарам геаграфіі ў Мінску. Іншыя замежныя аматары стабільнасці, прапанова плаціць ім столькі ж, колькі плацяць тутэйшым.

№ 26 (11.11.2016). Перамога Трампа, беларускія карані яго зяця. Я. Гутман і Г. Каспараў пра Трампа, кнігі з яго ўдзелам, выдадзеныя ў Мінску. Як можа адбіцца яго перамога на «беларускіх справах». Псеўдаэксперты, якія прадказвалі перамогу Клінтан. «Інавацыйная Беларусь» Ю. Зісера і яе крытыка, параўнанне з «Еду ў Магадан» І. Аліневіча (на карысць апошняга). Няспраўджаны прагноз ад Зісера ў лістападзе 2015 г.

№ 25 (06.11.2016). Напад на людзей з бензапілой у кастрычніку. Патрэба ў інстытуце псіхалогіі. Забойства ў Петрыкаўскім раёне, неабароненасць работнікаў пошты. Развагі пра затрымку з прызначэннем пасла Ізраіля ў Беларусі. Кніга пра цэнзуру ў СССР, выдадзеная ў Ізраілі. Крытычныя заўвагі. Як К. Чорны адгукаўся пра «галоўную цэнзарку БССР» Ф. Дадзіёмаву. Кніга Я. Шумскага пра саветызацыю Заходняй Беларусі, яе плюсы. Памылкі на шыльдах у публічных месцах. «Шучын» на мінскім вакзале.

№ 24 (19.10.2016). Мова нянавісці, яе крыніцы. Паводзіны А. Носіка і суд над нім. Падзеі вакол Э. Пальчыса. Развагі пра «віртуальнае змаганне». Абраза на адрас паэта Барадуліна, патрэба ў судовым пераследзе. Караткаватая памяць жыхароў Беларусі. Абсурдныя версіі мінулага ў РФ і ў ЮНЭСКА. Прысуджэнне Нобелеўскай прэміі Бобу Дылану і яго ўкраінскія (беларускія?) карані. Беларусізацыя культурных герояў. Дэ Голь у Шчучыне. Маляўнічыя запалкі ад «Барысаўдрэва».

№ 23 (07.10.2016). Спрэчкі вакол прамовы прэзідэнта Ізраіля ў Кіеве. Украінска-яўрэйскія адносіны вачыма Я. Сусленскага і З. Бен-Ар’е. Цытаты з Р. Рыўліна, палеміка з І. Зісельсам. Апаненты Рыўліна, іх несамавітасць. Разумнае меркаванне П. Зуб’юка. Кніга Л. Рэйна пра беларускіх калабарантаў, недахоп дыскусій вакол заяўленай у ёй тэмы. Пазіцыя А. Белага. Спектакль паводле вершаў М. Алейнікава «З жыцця насякомых» у Мінску.

№ 22 (27.09.2016). «Дзень яўрэйскай культуры» ў Мінску і спрэчкі вакол пляцоўкі. Як улады з дапамогай святаў адцягваюць увагу ад праблем. Як «старое» змагаецца з «новым». Шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц у Мінску. Памыснасць згадкі пра вул. Яўрэйскую. Сітуацыя з «домам Варбурга» ў Брэсце. Успамін пра разбурэнне мінскай сінагогі на Дзімітрава, 3 у 2001 г. Баязлівасць «прафесійных яўрэяў» пры наяўнасці ў іх арганізатарскіх жылак. «Адмазка» намесніка міністра пра слабасць інфраструктуры. Стан беларускай сацыялогіі, развагі пра А. Манаева і Д. Ротмана. «Ліцвінскі клуб» як навука іншым.

№ 21 (14.09.2016). Прапанова больш актыўна выказвацца на сайце і не забываць пра палітыку. Пра дам, якія прабіліся ў палату прадстаўнікоў. Крытыка выказванняў А. Анісім, ацэнка вагі Г. Канапацкай. Уласныя назіранні за ходам выбараў. Будучыя выбары старшыні руху «За свабоду», тлумачэнне, чаму Ю. Губарэвіч – больш прымальная кандыдатура. Зварот да Беларускай асацыяцыі журналістаў – зрабіць ганаровымі сябрамі арганізацыі В. Купрэйчыка і Д. Ноя. Эсэ Галкоўскага пра «12 крэслаў» і «Залатое цяля», расчараванне ў аўтары праз яго антыяўрэйскія забабоны. Шахматны «ўсенавуч» у беларускіх школах, яго ценявыя бакі.

№ 20 (05.09.2016). Вакантнасць пасады ізраільскага пасла ў Беларусі. Герантакратыя ў «яўрэйскім руху» Беларусі, прагноз 2015 г., які не збываецца. Дасціпнае асвятленне візіту соцень рабінаў у Беларусь на старонцы ІРА ў фэйсбуку. Памылачка з прозвішчам галоўнага рабіна. Пра баязліўцаў-перастрахоўшчыкаў і тых, хто не баіцца. Нявыкананая абяцанка прадстаўніка Рагачоўскага райвыканкама. Вынікі «Дня беларускага пісьменства» ў Рагачове. Карцінкі з фестывалю «Аўцюкі». Смяхоты перадвыбарнай кампаніі. Пра немагчымасць займацца сур’ёзным бізнэсам, ігнаруючы палітыку. Кпіны з парады масквіча выкарыстоўваць «яўрэйскі фактар», адрасаванай уладам РБ. Чалавечыя ахвяры на будоўлі беларускай АЭС.

Змест ранейшых серый гл. у № 20 🙂

Ад рэдакцыі. Мы не заўсёды згодныя з суб’ектыўнымі ацэнкамі нашых аўтараў, у тым ліку і В. Рубінчыка.

Апублiкавана 25.11.2016  19:00

Leave a Reply