Tag Archives: лолитика

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (104)

Шаломчыкі-вітанкі! Па шматлікіх просьбах нешматлікіх чытачоў – колькі слоў пра настойлівае прасоўванне «сапраўднага падпалкоўніка» ў прэзідэнты… А потым пра першасакавіцкае шоў у мінскім павільёне «Белэкспа».

На развагі з мінулай серыі адгукнуўся Сяргей Спарыш – генеральны сакратар партыі, якую ўзначальвае Мікалай Статкевіч. Сп. Сяргей настойвае, што артыкул у «БелГазете», дзе трохі пакпілі з А. Анісім і са сп. Міколы, – «пасквіль», бо «аўтар чамусьці забыў” пра буйныя акцыі, арганізатарам або адным з арганізатараў якіх быў М. Статкевіч».

Не думаю, што палітызаваная публіка забылася, напрыклад, на «Марш свабоды» 1999 г., калі на вуліцы Мінска выйшлі дзясяткі тысяч… (у выніку на М. Статкевіча была заведзена крымінальная справа). У 2004 г. палітыка, разам з Паўлам Севярынцам, судзілі і за арганізацыю масавых пратэстаў супраць вынікаў рэферэндуму, калі ў цэнтр сталіцы вырушылі тысячы людзей.

Ды ўсё ж многа вады сцякло з тае пары; снежаньскія падзеі 2010 г. таксама належаць гісторыі. У апошні час «адзіны кандыдат, хто можа» збавіў абароты. Напрыклад, колькасць удзельнікаў акцыі «За мірную Беларусь» у верасні 2017 г. (супраць вучэнняў расійскіх войскаў на тэрыторыі Сінявокай) не перавысіла 200, а летась на шэсце з нагоды Дня волі – афіша, калі помніце, была рэпрадукавана тут – М. Статкевіч не сабраў і сотні. Так, напярэдадні 25.03.2018 яго партыйных нукераў ды паплечнікаў па «Беларускім нацыянальным кангрэсе» затрымалі, але тэарэтычна гэта магло, наадварот, узмацніць пратэст… Не ўзмацніла.

Усё гэта наводзіць на думку, што рэальны ўплыў М. С. і яго партыі на грамадства, нягледзячы на працяглыя адседкі мужнага лідара, досыць абмежаваны. Ніхто не забараняе прасіць: “Не кажыце “Анісім, Статкевіч, Лябедзька, Пцібурдзюкаў і інш.” Ёсць Статкевіч і ёсць усе астатнія, якіх няма». Аднак я пакуль што не бачу карціны з палітычным Гуліверам на фоне квазіапазіцыйных ліліпутаў, чаго не хаваў і ў снежні 2018 г. Ну, можа, яшчэ ўбачу.

А што з віртуальным уплывам? «Паглядзіце статыстыку наведванняў сайта М. Статкевіча», – параіў С. Спарыш 27.02.2019. Што ж, на наступны дзень паглядзеў, і статыстыку рэсурса «Народнай грамады» таксама:

Гэтыя паказнікі ўражвалі б гадоў 15 таму, але не цяпер, калі мільёны беларусаў карыстаюцца нэтам. Кур’ёзна, што на самім statkevich.org віселі «крыху» іншыя лічбы наведвання 😉

Я, бадай, аддам перавагу незалежным падлікам. Пагатоў каментаў на рэсурсе М. Статкевіча вобмаль: у лепшым выпадку па 1-2 на матэрыял. А загалоўкі баявітыя: «Ламаем сцэнар рэжыма», etc.

І другі раз (пасля лютага 2017 г.) – пра «Вялікую Размову». Нават не хочацца ўстаўляць карыкатуркі… Прадублюю абзац з даўняй 40-й серыі:

Якой бы «адкрытай і чэснай» ні была размова з публікай, няможна зацягваць яе на 7 гадзін 20 мінут. Гэта парушэнне як агульнапрынятых санітарных норм, так і Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а менавіта арт. 134: «Работнікам выдзяляецца на працягу працоўнага дня перапынак для адпачынку і харчавання даўжынёй не менш за 20 мінут і не больш за дзве гадзіны, які выкарыстоўваецца работнікам паводле яго меркавання». Фактычна журналістам і прэс-службе навязалі цэлы працоўны дзень без перапынку: à la guerre comme à la guerre, аднак іх «мабілізавалі» ў мірны час, у мірнай, здавалася б, краіне.

Дарэчы, калі пазаўчора блізу 9:25 ехаў па вул. Арлоўскай паўз «Белэкспа», то заўважыў, як туды заязджала «хуткая», і не абы-якая, а рэанімабіль. Яшчэ падзівіўся: што фатальнага можа здарыцца з удзельнікамі за 4,5 гадзіны (менавіта столькі адводзіла на перадачу з імпрэзы афіцыйнае тэлебачанне: 10:30 – 15.00)? Аднак арганізатары яўна лепей ведалі свайго боса: імпрэза цягнулася, як пазалетась, амаль 7 з паловай гадзін. За гэты час, вядома, кагосьці мог схапіць які-небудзь гіпертанічны крыз… Сядзелі ж вакол стала дыяметрам 12 метраў (прадмет гонару тэлежурналістаў) не толькі маладыя лука-рыцары, а і ветэраны.

Няблага, што сёлета даўмеліся зрабіць «санітарны» перапынак на 10 мінут, хоць гэта ўсё адно не адпавядае працоўнаму заканадаўству (гл. вышэй). Ну, калі-небудзь і на 20 раздобрацца; секчы котцы хвост па частках – «фішка» тутэйшага чынавенства… Праўда, баюся, к таму часу ніхто ўжо не патэпае на гэткія сустрэчы, беручы пад увагу іх саматужна-рэкламна-піярны змест.

За відэатрансляцыяй сачыў мінут 45, потым абрыдла. Наўрад ці нават самы сервільны сацыёлаг у Беларусі пацвердзіць, што акурат 98% жыхароў краіны настолькі шануюць суверэнітэт, што прагаласуюць супраць далучэння РБ да Расіі. Мяркую, такіх аказалася б усяго ад 65 да 75 працэнтаў – у залежнасці ад фармулёўкі пытання. Нямала ўсё ж у нас і «запуцінцаў», якія прагнуць паўтарыць крымскі сцэнарый, і проста абыякавых.

Яшчэ адна аблудная прапорцыя – «50 на 50», скарыстаная ў звароце да «насельніцтва»: «За 50 працэнтаў вашага дабрабыту адказваю я, за 50 – вы самі». На практыцы гэта выяўляецца ў наступным: за васьмігадзінны працоўны дзень, яшчэ захаваны ў заканадаўстве, у дзяржаўных і кантраляваных дзяржавай арганізацыях пераважнай большасці работнікаў плацяць палову ад таго, што трэба для дастойнага ўзроўню жыцця, гарантаванага Канстытуцыяй РБ (арт. 21). Далей – круціцеся як знаеце: працуйце на 2 стаўкі, афармляйце статус рамесніка/індывідуальнага прадпрымальніка… У кароткатэрміновым перыядзе (in the short run) нейкі плён ад такога «варушэння» ёсць: растуць ВУП, сярэдняя зарплата. У перспектыве яно разбуральнае і для чалавечага капіталу, і для «народнай гаспадаркі», бо якасць зробленага, зразумела, зніжаецца. Што не менш істотна, лезе ўгару напружанне ў калектывах, дзе даходзіць да «грызні» за дадатковыя гадзіны (напрыклад, сярод універсітэцкіх выкладчыкаў). Дзіва што кадры вымываюцца з краіны… Але прынцып адміністрацыі «нам бы дзень прастаяць» дзейнічае надалей; дэ-факта ён ухвалены «наверсе».

Гэтым разам в. а. цара не самасцвярджаўся за кошт яўрэяў і Ізраіля, пахваліў і літасціва паслухаў бізнэсоўца Машэнскага – o, дзякуй у шапку!.. Затое паспрабаваў дакалупацца да беларускага журналіста Змітра Лукашука, які працуе на радыёстанцыю з галоўным офісам у Варшаве – маўляў, той мае адказваць за летуценні польскіх шавіністаў аб уз’яднанні «крэсаў усходніх».

Cхільны згадзіцца з тымі, хто кажа, што «піяр-акцыя» гр-на Лукашэнкі праляцела міма касы. Дапраўды, за чвэрць стагоддзя ўсё ўжо гаворана-перагаворана, і адчувалася, што прамоўца захрас у 1990-х. Падобна, ён хацеў вярнуцца ў тую эпоху, калі бойка граміў карупцыянераў, «нячэсных журналістаў», «апазіцыю»… У 2019 г. нават хлопчыкаў для біцця спарынг-партнёраў падабраў са сваёй палітычнай маладосці. Першага сакавіка імі выявіліся Валянцін Голубеў, Іосіф Сярэдзіч, Алег Трусаў… і прымкнуўшы да іх Яраслаў, выкрывальнік беспарадкаў.

Маё пытанне да прамоўцы, адпраўленае 27.02.2019 («Чаму б Вам добраахвотна не сысці ў адстаўку з пасады прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта?»), агучана не было, хоць я ведаю, што ў агенцтве БелТА, якое збірала «галасы народныя», яго атрымалі. Пытанне менш наіўнае, чым выглядае; калі «першая асоба» дэманструе кепскі прыклад сумяшчэння дзвюх адказных пасад, кожная з якіх вымагае пастаяннай працы, то іншым чыноўнікам таксама карціць… У выніку «сумяшчальнікі», як правіла, нідзе не працуюць з поўнай самааддачай, да таго ж губляецца сам сэнс грамадскай дзейнасці (калі яна – «даважак» да пасады, то пры чым тут грамадскасць?)

Я спаслаўся на абяцанку Рыгорыча штоквартальна кіраваць пасяджэннямі выканкама НАК, дадзеную 30.05.2017 і згаданую тут, а потым і тут. Не прамінуў падкалупнуць: «Колькі разоў правялі “пашыраны выканкам пад кіраўніцтвам Прэзідэнта” за мінулыя паўтара года, г. зн. шэсць кварталаў? Адзін раз? Два?» Пакуль што ведаю пра адзін выпадак – 07.09.2017. Абяшчаліся і штогадовыя «выніковыя сходы Нацыянальнага алімпійскага камітэта» з удзелам Прэзідэнта ды вырашэннем «самых праблемных пытанняў» – гэй, хто-небудзь, пераканайце мяне, што такія сходы прайшлі ў 2017 і ў 2018 гг. 🙂

Працяглая ІБД непазбежна вымотвае як самога імітатара, так і яго каманду. Таму я аптымістычна веру, што першы прэзідэнт не быў бы супраць элегантна «закругліцца». Пры цяперашнім стане палітыкуму цалкам імаверна, што ён выйграе «выбары» 2020 г., аднак болей не захоча рызыкоўных кампаній (ужо і цяпер сістэма працуе больш па інэрцыі, на «пердячем пару») і сыдзе ва ўзросце каля 70 – магчыма, на манер Ельцына, знайшоўшы пераемніка. Не выключаю, што пошук вядзецца, і дапускаю, што ім будзе… Ну, хто б вы думалі? Прысылайце свае варыянты, а я потым напішу, хто, як мне здаецца, мае найвялікшыя шансы.

У заклад ісці не планую: па-першае, выбар канкрэтнай асобы ўвогуле цяжка прадказаць, па-другое, леташняя прапанова закладу была стрымана ўспрынята чытачамі «Катлет & мух». Прасцей кажучы, не азваліся.

К сярэдзіне 2020-х гг. выйдзе з няпоўналецця Мікалай Лукашэнка. Ён больш зразумее ў жыцці і наўрад ці будзе ў захапленні, што тата шмат гадоў ім прыкрываўся… Значыць, у Лукашэнкі-старэйшага прыбавіцца клопатаў: Коля – не «народзец», ад яго высокім плотам і калючым дротам сябе не аддзеліш.

З боку не адно клеркаў, а і буйных урадоўцаў усё часцей назіраю імкненне трымаць дыстанцыю ад найбольш адыёзных праяў рэжыму. Так, першы намеснік прэм’ер-міністра днямі раскрытыкаваў сістэму, у якой для выкупу сталоўцы ў Нясвіжскім раёне спатрэбілася яго, турчынская санкцыя. Наступным крокам можа стаць прызнанне, што дырэктывы Лукашэнкі пра дэбюракратызацыю (2006) і пра стымуляванне прадпрымальніцкай актыўнасці (2010) за столькі гадоў, незважаючы на «жэстачайшую вертыкаль», не дайшлі нават да чынавенства прылеглай вобласці. Тады які быў сэнс?! Лагічна дапусціць, што і з падпісантам было «не ўсё так» яшчэ ў 2000-х гадах.

Ну і, нарэшце, у 2024 г. чакаецца змена ўлады ў Крамлі, што таксама адкрывае «акно магчымасцей».

PS. Мае развагі не варта ўспрымаць як параду альтэрнатыўным сілам «склеіць ласты» і пасіўна чакаць перамен да 2024–2025 гг. Калі нехта адчувае, што здатны перамагчы «Лукашэску» налета – на здароўе.

* * *

Пад канец лютага нейкія вандалы сапсавалі ў Віцебску мурал з выявай Марка Шагала, раней паказаны тут сярод дасягненняў краіны. Спецыяліст казаў 26.02.2019: «Не ведаю, ці можна паправіць». Аднак ужо 28-га твор быў адноўлены дзякуючы Глебу Каштанаву (разам з Янам Кузьміным – сааўтар многіх віцебскіх муралаў, у т. л. шагалаўскага) і Юрыю Дубоўскаму. Тым часам іншы мастак, Андрэй Дубінін з Мінска, чытач і аўтар belisrael.info, скончыў іншую важную работу – намаляваў новы герб для Вялікага магістра Мальтыйскага ордэна (!) Не ўсё страчана ў Беларусі 😉

 

Я. Кузьмін (справа) і Г. Каштанаў; рэстаўраваны партрэт па стане на 27.02.2019. Фота з tut.by

«Вольфаў цытатнік»

«Доказы не могуць быць ані старымі, ані маладымі; яны або важкія, або недастатковыя, вось і ўсё» (Эрыка Малатэста, пачатак ХХ ст.)

«Большасць страйкаў капіталу эфектыўныя. Урады адступаюць і робяць усё, што капіталісты патрабуюць у абмен на аднаўленне інвестыцый» (Рычард Лахман, 20.02.2019)

«Машына ўлады, людзі, якія ўнутры яе знаходзяцца, жывуць увогуле ў сваім свеце шмат у чым. У іх там свае СМІ, свая сістэма прыярытэтаў, свой парадак навін, які абсалютна адрозніваецца ад таго, што вам здаецца агульнавядомым, агульнапрызнаным… Ваша прызнанае прызнана толькі вамі. Каб гэта прызналі тыя, хто прымае рашэнні, трэба зусім асаблівым чынам да іх неяк дагруквацца» (Кацярына Шульман, 26.02.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

03.03.2019

Апублiкавана 03.03.2019  21:34

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (96)

Cёмы месяц доўжыцца актыўная фаза канфлікту паміж пратэстоўцамі з розных мясцін Беларусі і адміністрацыяй рэстарана «Поедем поедим», што стаіць недалёка ад Курапацкага лесу. Баюся, што і ў Новы год мы адчайна ўварвемся пяройдзем з гэтай мітрэнгай.

12.12.2018 Паўла Севярынца і Cяргея Анянкова затрымалі, калі яны спрабавалі перашкодзіць уезду аўтамабіля на тэрыторыю рэстарацыі, адправілі на ноч за краты. Назаўтра адбыўся адміністратыўны працэс – першаму прысудзілі штраф, блізкі ў эквіваленце да 600$, другому прыйдзецца выплаціць каля 440$.

Неўзабаве мае адбыцца яшчэ адно судовае пасяджэнне – па грамадзянскаму іску гаспадара ядальні да журналіста «Новага часу» і рэдакцыі газеты. Паводле версіі Леаніда Зайдэса, журналісцкае расследаванне псуе ягоныя гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Л. З. патрабуе 8000 рублёў – г. зн. амаль 3800$ – кампенсацыі за маральную шкоду. Столькі ён, вядома, не атрымае, але часткова іск, хутчэй за ўсё, задаволяць. Зайдэс – не імпульсіўны Ізраілевіч, якому ўласныя фантазіі ды піяр былі даражэйшыя за факты (прынамсі да колькідзённай адседкі ў пачатку лістапада – мо’ цяпер паразумнеў).

Цешыць мяне тое, што не залежу ні ад ураду, ні ад «грамадскіх актывістаў», што нясуць вахту каля брамы рэстарана, ні нават ад таварыства аховы помнікаў, якое пікетоўцы дзяўбуць за «апартунізм» (таварыства мерылася ўзяць у Зайдэса 20000 р. на ўладкаванне Курапат). Яшчэ больш цешуся з таго, што не працую на «Народную волю», газету, калумністы якой не ўмеюць нават уважліва чытаць тэксты, не кажучы пра пошук імі ісціны.

«НВ» у Беларусі не адна такая, ды ад гэтага не лягчэй. Пра Сямёна Б. з яго панегірыкамі для Руты Ванагайтэ і недарэчнай шпількай у бок Ландсбергіса пісалася тут. Яшчэ адзін знаны філолаг, Алекс Ф., 13.11.2018 выступіў у ролі «міратворцы» – маўляў, паводзіны Ізраілевіча яму не падабаюцца, але ж неэтычна атакаваць жонку Аркадзя Маргарыту і яўрэяў увогуле. Усё б нічога, але пан Ф. угледзеў у інтэрв’ю Ізраілевіча «салідарнасць з тымі, хто ў Курапатах расстрэльваў бязвінных людзей». Чаму раптам? Хіба таму, што ў нашумелай гутарцы (верасень 2018 г.) бізнэсмен, між іншага, выказаўся пра Курапаты так: «можа быць, там былі тыя, каго і трэба было расстраляць?»

Невукаваты каблан-забудоўшчык – помнім-помнім, шмат год Аркадзь жыў побач з урочышчам і нічога пра яго не ведаў – мімаволі закрануў сур’ёзную праблему, сацыяльны профіль ахвяр сталінскага тэрору. «Не будзем ідэалізаваць тых, хто трапіў у лагеры і ссылкі, быў расстраляны і закатаваны. Былі сярод іх і даносчыкі на калегаў…», – трапна адзначаў у прадмове да зборніка «Расстраляная літаратура» (2008) гісторык Анатоль Сідарэвіч. Нельга выключаць, што пэўная доля курапацкіх ахвяр перад арыштам проста служыла ў карных органах. Магчыма, прысуды гэтым былым карнікам былі аформлены цапу-лапу, але ж па сутнасці яны атрымалі тое, што заслужылі (як і ўяўны «англійскі шпіён» Берыя ў 1953 г.).

Падкрэслю: доля мярзотнікаў сярод ахвяр тэрору невялікая, і падзел костак на «нашы/не нашы» перспектыў не мае. Праз тое, што на палігоне «Камунарка» пад Масквой «размянялі», напрыклад, экс-наркомаў унутраных спраў БССР Ляплеўскага і Бермана, ён не перастае быць месцам журбы ды памяці. Тым не менш затыкаць Ізраілевічу рот і прыпісваць салідарнасць з расстрэльшчыкамі 1937–1941 гг. было… ну, няхай неразумна.

У нумары за 11.12.2018 на 1-й паласе назіраў у Святланы К. чыстую істэрыку з нагоды таго, што некалькі больш-менш вядомых беларусаў (напрыклад, дырыжор Бабарыкін) удзельнічалі ў тэлездымках расійскага музычнага канала на тэрыторыі «Поедем поедим». На думку С. К., здымкі – «здзек з соцень тысяч беларусаў, якія назіраюць за гэтай сітуацыяй праз СМІ і ўсім сэрцам на баку тых, хто дабіваецца закрыцця скандальнага піцейнага дома…» Няйначай дама падсумавала аўдыторыі ўсіх недзяржаўных СМІ і аўтаматычна прыпісала ўсім іх чытачам-гледачам прагу зачыніць рэстаран…

Усё гэта «лірыка», а ў юрыдычным плане казыроў пратэстоўцам бракуе. Многія з іх апелююць да прадстаўлення, якое пракуратура выпісала 27.11.2012 аблвыканкаму – там гаварылася пра знаходжанне часткі пабудоў у ахоўнай зоне. Аднак прадстаўленні і пратэсты пракуратуры – не тыя паперы, што ўладаюць законнай сілай; параўнальна з рашэннямі судоў гэта, хутчэй, міжведамасныя рэкамендацыі. Дарэчы, і суддзі не заўжды ўлічваюць меркаванні пракурораў.

У 2014 г. пытанне ахоўнай зоны было вырашана… шляхам яе скарачэння да 50 метраў ад ускрайку лесу, г. зн. рэстаран з яе вывелі. Калі за столькі гадоў пратэстоўцы не змаглі выкрыць карупцыйную падкладку ў прынятых пастановах Мінскага аблвыканкама ды міністэрства культуры, то, напэўна, ужо і не выкрыюць. Цяпер дзяржава ў асобе пракуратуры настойвае на тым, што рэстаран можа працаваць, аднак з усходняга боку выключаюцца «ўсе віды гучных мерапрыемстваў». Пасля атрымання гэткага адказу (ліпень 2018 г.) не на закрыцці-пераносе «шынка» варта было б настойваць, а на ўзвядзенні плоту з узмоцненай гукаізаляцыяй…

Курапацкі лес і рэстаран «Поедем поедим» (за плотам). Фота адсюль.

Актывісты зноў і зноў паўтараюць, што Курапаты – нацыянальны некропаль, значыць, заслугоўваюць больш далікатнага абыходжання, чым звычайныя могілкі. Зноў жа, «лірыка»… А чаму б на фоне падвышэння цікавасці дзяржавы да мемарыялізацыі не дабівацца для месца масавых расстрэлаў пад Мінскам статусу асобай, аўтаномнай адзінкі? Каб руліў там, пры ўсёй павазе да органаў «мясцовага самакіравання», не так Бараўлянскі сельсавет, як міністэрства культуры або ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей. У апараце апошняга або пры мінкультуры варта было б стварыць кампактны пададдзел са стабільным фінансаваннем, а пры аддзеле – грамадскую раду з даволі шырокімі паўнамоцтвамі, куды ўваходзілі б (паводле прынцыпу ратацыі) усе абаронцы i рупліўцы ўрочышча. Яна дэ-факта і пераняла б адказнасць за «закон і парадак» у Курапатах.

Адной з задач рады, санкцыянаванай дзяржавай, мусіла б стаць удакладненне граніц пахаванняў у Курапацкім лесе. Па-мойму, месцы расстрэлаў варта абгарадзіць (прынамсі абкласці камянямі), каб ніхто па іх лішні раз не таптаўся. Як накрэсліць граніцы без маштабных раскопак? Мяркую, урад мог бы на час пошукаў выдзеліць магутную апаратуру, недаступную актывістам-аўтсайдэрам. Чытаю паведамленне 2016 г.: «Навукоўцы будуць шукаць магілы воінаў на Куліковым полі пры дапамозе цеплавізараў». Калі сучасныя прыборы здольныя зафіксаваць парэшткі ваяроў XIV стагоддзя (спадзяюся, у гэтым выпадку інфармагенцтва суседняй краіны не хлусіць), то вызначыць, дзе ляжаць ахвяры ХХ ст., і пагатоў.

Ёсць яшчэ метад біялакацыі… Так, яго рэпутацыя неадназначная, але я на свае вочы бачыў, як яўрэйскі дзеяч Г. у 2002 г. пры дапамозе пруткоў шукаў – і знаходзіў – пахаванні ахвяр Катастрофы ў Мазыры. У месцах расстрэлаў пруткі пачыналі шалёна круціцца. Калі запрасіць у Курапаты 5-10 дасведчаных «лазаходцаў», калі іхнія звесткі наконт пахаванняў супадуць, то мажліва будзе абысціся і без цеплавізараў.

* * *

У кастрычніку г. г. прасіў наведвальнікаў belisrael.info паўспамінаць пра пачатак 1990-х – час станаўлення дзяржаўнасці РБ, якая пачалася, вядома, не з ліпеня 1994 г. Тут можна знайсці згадкі Ю. Тэпера, П. Рэзванава і нейкага Рубінчыка. Сёння – яшчэ адзін успамін ад пастаяннага чытача «К&М», дасланы з некаторым спазненнем:

Алесь Рэзнікаў (інжынер з Мінска, 1967 г. нар.):

Чым мне найбольш запомніліся 1992–93 гады ў Беларусі? Для мяне гэта найцудоўнейшы перыяд свабоды і надзеяў. Канцэрты ў Доме літаратара. Газеты «Свабода» і «Наша Ніва» на тарашкевіцы. Нават дзяржаўныя газеты «ЛіМ» і «Культура» зачытваліся да дзірак. Вандроўкі па Беларусі і ў Польшчу за ваўчары без візы. Для кагосьці, канешне, быў шок і «ліхія 90-я», але не для мяне. Выступы бардаў Віктара Шалкевіча, Андрэя Мельнікава, Змітра Бартосіка, пісьменніка Уладзіміра Арлова… Рэнесанс быў ва ўсіх канфесіях, праваслаўныя разам з баптыстамі і каталікамі раздавалі Евангеллі. Адраджэнне было і ў габрэйскай культуры – вярталася імя Марка Шагала ў Віцебск і Беларусь, людзі даведваліся пра Ізі Харыка і Зэліка Аксельрода, Гірша Рэлеса… Людзі перасталі саромецца называць сябе габрэямі (некаторыя нават па-старажытнаму сталі звацца «жыдамі», у добрым сэнсе)… Нават крышнаіты хадзілі і спявалі па Камароўцы і праспекце Скарыны. Прыязджалі «месіянскія габрэі», ім давалі Палац спорту…

І ў Ізраілі 1992–1993 гады былі часам вялікіх спадзяванняў, кульмінацыяй якіх стала падпісанне «дэкларацый Осла» (верасень 1993 г.). З другога боку, гэта перыяд, калі дзясяткі тысяч імігрантаў востра адчувалі брак працоўных месцаў і жытла – што, у прынцыпе, можна сказаць і пра 1990–1991 гг. Пасля парламенцкіх выбараў 1992 г. «рускамоўная абшчына» палітызавалася; якраз на 1993 г. (4 мая) прыпала беспрэцэдэнтна вялікая дэманстрацыя «аліі» ў Іерусаліме, калі з падачы Шчаранскага & Co. пад Кнэсет прыйшлі да 15 тысяч чалавек. Натан тады дэманстратыўна кінуў у сметніцу перадвыбарныя абяцанкі партыі «Авада», якая прыйшла да ўлады ўлетку 1992 г. У сваім артыкуле для расійскага часопіса «Дыяспары» (2002) я акурат заўважыў, што 1993-і быў годам пераходу ад спантанных пратэстаў да «сістэмных».

Як успамінаў Эфраім Меламед у газеце «Наша страна» (19.08.1999): «Пасля паражэння ўсіх рускіх спісаў на выбарах у кнэсет 1992 года («ДА», «ТАЛІ», «Яд бэ-яд») стала відавочнай неабходнасць кансалідацыі сіл абшчыны… 25 лістапада 1993 г. пад вялікім сакрэтам адбылася першая нарада амаль усіх вядомых у краіне рускамоўных старажылаў Ізраіля… Каб сабраць за адным сталом гэтых людзей, мне давялося амаль паўгода весці перамовы з кожным з іх… Тады і на ўсіх наступных сустрэчах аж да перамогі на выбарах 1996 г. (партыі Ісраэль ба-алія – В. Р.) адзінай тэмай заставаліся інтарэсы нашай абшчыны». Па-мойму, неблагі ўрок для беларускай «апазіцыі».

Э. Меламед з Кір’ят-Яма – «каталізатар» палітычнага самавызначэння рускамоўных у Ізраілі 1990-х гадоў. Фота адсюль.

«Вольфаў цытатнік»

«Бо мы падобны да дрэва / што расце праз шчыліну ў бетоне / Яго ствол захавае форму шчыліны / Не нам / разбіваць бетонныя сцены / наша справа расці», «галоўнае, каб час ішоў» (Іван Ахмецьеў, 1980-я гг.)

«Нешта ў цяперашнім дзяржаўным ладзе выпадае пакуль што прыняць проста таму, што яно ўжо існуе. Вядома, паступова мы будзем пераўладкоўваць дзяржаўны арганізм» (Аляксандр Салжаніцын, 1990)

«Унікальнасць 1960-х гадоў – у тым, што яны сталі часам вельмі пераканаўчай, вельмі натуральнай і вельмі моцна перажытай ілюзіі канца ілюзій… Людзі хацелі “праўды” – прычым па змоўчанні мелася на ўвазе, што праўда не зможа не ўкладвацца ў нашыя чаканні, не зможа не адпавядаць вымогам, напрыклад, гармоніі, асэнсаванасці, справядлівасці свету» (Вольга Бала, 27.03.2010)

«Шаламаў, напэўна, быў злейшы, больш сацыялагічны і літаратурны, чым Салжаніцын. А многія іншыя – больш дакладныя і гістарычныя. Але толькі Салжаніцыну нейкім дзівам удалося ператварыць сваю творчасць у акцыю перадача «Архіпелага ГУЛАГ» на Захад і ў тэатр трыумфальнае выданне “Архіпелага” па ўсім свеце». (Сяргей Мітрафанаў, 12.10.2016)

«Дзеці гэта святое. Пад сцягам дзяцей любыя заканадаўчыя ідыятызмы вельмі добра прымаюцца». (Кацярына Шульман, 04.12.2018). Апошні сказ добра перадае сутнасць паняцця «лалітыка» – В. Р.

«Час – ён бязлітасны, ён як ваўчыца / Вось мы сядзім тут, а ён імчыцца» (БГ, з альбома «Час N», 2018)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

14.12.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

От редактора belisrael

Материал нашего постоянного автора должен вызвать спор.

Я, живущий в Израиле уже 28 лет, не мог не обратить внимание на 2 последних абзаца.

На ословский договор можно смотреть по разному в зависимости от политических взглядов, но большинство израильтян скажут, что он принес огромные проблемы.

Пример партии “Исраэль ба-алия”, конечно, интересен, но к следующим выборам  в 1999 она разочаровала многих, на чем и сыграл Либерман, основавший НДИ, которая пусть и держится долго, уже давно у многих вызывает раздражение своим цинизмом, демагогией, пустыми обещаниями. К этому еще можно добавить ставшие близкими отношения Либермана с Путиным и Лукашенко, даже если в последние годы это не так незаметно. Еще недавно бывшая израильским министром Софа Ландвер, не раз во время поездок в Беларусь, отмечалась восхвалением режима, израильские ее выкрутасы и, мягко говоря, прегрешения это особая песня, заслуживающие отдельного большого разбора. Леонид Литинецкий стал проводником “русского мира” в Израиль. И нельзя не отметить, что партия оказалась настолько коррумпированной, что ряд ее высокопоставленных деятелей и их приближенных уже сидят, др., таких как Фаина Киршенбаум, вполне вероятно ожидает большой срок.

Опубликовано 14.12.2018  22:44

Водгук

Сітуацыя з «Курапатамі» сапраўды неяк выбіваецца з агульнага трэнду. Я ўжо не кажу пра мемарыялізацыю Трасцянца, але і спыненне прац па пашырэнню вуліцы Карла Лібкнехта, калі ў скверы на Купрыянава «раптоўна» адкрыліся парэшткі (нават мой бацька, якога толькі нарадзілі ў Мінску, і бабуля з дзядулям зусім не мінчане, і потым ён да 8-га класа жыў у Германіі, з савецкай групай войск, ведаў, што там – былыя лютэранскія могілкі), і нешта кшталту могілак загінулых у Першай сусветнай паміж Старавіленскім трактам і вуліцай Чарвякова, – усё паказвае, што да парэшткаў нашы ўлады спрабуюць ставіцца з пашанай. Хутчэй за ўсё, справа ў палітызацыі менавіта гэтага месца, з-за якой абодва «бакі барыкады» «ўпёрліся рогам». Што мусіць адбыцца, каб яны разышліся мірам, я не ведаю, але адносна мірнае святкаванне 100-годдзя БНР дазваляе спадзявацца на лепшае.

Пётр Рэзванаў, г. Мінск  

17.12.2018  13:15

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (82)

Самы літвацкі шалом! Няшмат прычын для радасці, але і сумаваць праз тры гады пасля выхаду першай серыі «Катлет & мух» не дужа сумую. Пакуль што «сябры ў цывільным» не замінаюць назіраць за падзеямі, дзякуй і за тое.

Масавыя затрыманні журналістаў на пачатку жніўня ўварваліся ў найноўшую гісторыю. Адмысловую пікантнасць надало ім тое, што ўсё адбылося пасля скаргі «тожа-журналісткі» – дырэктаркі дзяржаўнага інфармагенцтва Ірыны А., 1974 г. нар. Зрэшты, Ірына – толькі пешка ў гэтай камбінацыі-«шматхадовачцы», як пешкай выявілася экс-міністарка інфармацыі імем Лілія ў «справе рэгнумаўцаў» напрыканцы 2016 г.

Многа пра «наезды» на tut.by (адразу аднавіліся жарты пра «нармалізацыю» Зісера), «БелaПАН», офісы дзяржаўнай (!) газеты «Культура», падуладнага выдавецтва «Беларуская навука», etc., казаць не буду. Хіба тое, што вірус істэрычных празмерных рэакцый (ВІПР) па-ранейшаму гуляе ў грамадстве, асабліва ў асяроддзях ідэолагаў і «сілавікоў». З другога боку, дзеянні апошніх па-свойму лагічныя: cпецыяльна навучаныя следчыя з дробных памылак, якія здараюцца ў кожнага, здольныя раздзьмуць цэлую справу… Як мінімум на штраф для падследнага; штрафы ж, натуральна, папаўняюць не толькі дзяржбюджэт, а і прэміяльны фонд «асабовага складу» таксама.

Засмуціўся пасля смерці 46-гадовага музыкі Аляксандра Кулінковіча (не сустракаўся, але былі агульныя знаёмыя, дый які ўзрост!..). А яшчэ – пасля таго, як убачыў рэпліку, што пакінуў у пэйсбуку 1 жніўня Сяргейка Валенка. Прозвішча яго я крыху змяніў, бо раптам гэты чэл перадумае, ці перадумаў ужо?.. Раней-то ён лазіў са сцягам на дрэвы і лічыўся ледзь не тварам беларускага супраціву; у 2012 г. Павел Касцюкевіч, атрымаўшы літпрэмію, заявіў, што частку яе перадаe самаахвярнаму віцьбічу.

Папраўдзе, не здзіўлены (раней пісаў пра Дзяніса У. з Лагойска ды іншых). Тут яшчэ такое… У тутэйшай «апазіцыі» па-ранейшаму вядзе рэй «правіца», занадта залежная ад павеваў з Украіны і Польшчы. Краін, дзе аматары монаэтнічнасці любяць кідацца ксенафобскімі лозунгамі (у т. л. пра «жыдакамуну»), а часам пераходзяць ад слоў да справы.

Тым часам «сматрашчая» адміністрацыі прэзідэнта Наталля К. села на свайго ўлюбёнага коніка і зноў параўнала дзяржаву з сям’ёй (прыпамінаю гэтае ейнае параўнанне з 2017 г., калі набягалі пратэсты супраць «антыдармаедскага» дэкрэта № 3). Сям’я, маўляў, перажывае розныя перыяды, але ў выніку робіцца толькі мацнейшая.

Паралель няўдалая хаця б таму, што ў Беларусі палова шлюбаў распадаюцца… Дзяржава ж не можа сабе дазволіць рызыку існавання «фіфці-фіфці». Ну і «сямейная», патрыярхальная або матрыярхальная рыторыка, зараз выглядае як локшыны на вушы («трэба пацярпець», «сцярпіцца-злюбіцца», а там і да «б’е – значыць, любіць» недалёка), што цынічна вешаюцца носьбітам старамодных узораў палітычнай культуры. Але чаму «выглядае»? Так і ёсць.

Верхавіна чынавенства, да якой належыць сама Ната К., даўно будуе дзяржаву на манер карпарацыі з велізарнымі бонусамі «менеджменту» і бязлітаснай, як правіла, эксплуатацыяй нізавых работнікаў. «Сям’я» ў гэтым кантэксце шануецца толькі адна, і ўсе ведаюць яе прозвішча. Як слушна заўважаў Ігар Аліневіч гадоў 6 таму: «На чале карпарацыі стаіць савет дырэктароў з міністраў і кіраўнікоў камітэтаў пры Савеце міністраў. Яны – не гаспадары, а ўсяго толькі топ-менеджэры. Любы з іх заўтра можа апынуцца нікім… Людзі для карпарацыі – расходны матэрыял. Заўсёды знойдзецца патрэбная колькасць беспрынцыповых кар’ерыстаў, гатовых па касцях лезці ўверх і папоўніць кіруючы клас, атрымаўшы для гэтага неабходную адукацыю і адмовіўшыся ад сумлення. Астатнія хай дэградуюць, эмігруюць…».

Насамрэч, вядома, дзяржава мае быць не «сям’ёй» і не карпарацыяй, у якіх выбары – толькі фікцыя, а саюзам вольных аратых грамадзян. З іншага боку, дзе такіх набрацца пасля дзесяцігоддзяў дэкадансу? Шчэ ў 1990-х гадах Фелікс Баторын напісаў песімістычны вершык: «Мітусімся, а карысці / Бы камарык той натоўк / Мо хто кімсьці й быў калісьці / Ды сягоння мы натоўп». Канчаецца ж ён так: «Грамадзяне, грамадзяне, / Дзе знайсці нам грамадзян?»

Тэстам на грамадзянскую спеласць для членаў адной (але прыкметнай – у ёй амаль 2000 членаў) грамадскай арганізацыі можа стаць абуральная гісторыя з брэсцкім трэнерам Уладзіславам Каташуком. Маю на ўвазе Беларускую федэрацыю шахмат і рашэнне яе выканаўчага камітэта ад 30.07.2018 аб выключэнні Каташука з БФШ. У адрасе старонкі з рашэннем «1934», дык мне адразу падалося, што яно было прынятае ў сталінскім 1934 годзе… («няма чалавека – няма праблемы» (С))

Cп. Каташук, ураджэнец Лунінца, яшчэ ў юнацкія гады праславіўся як шахматны кампазітар, а цяпер – ужо звыш 20 гадоў, з падачы Уладзіміра Шапіры – паспяхова займаецца педагогікай. Быў лепшым трэнерам Беларусі 2009 г. паводле версіі сайта БФШ. Напэўна, адзіны ў краіне, хто пісаў сатырычныя казачкі пра людзей шахмат. Чалавек няпросты і канфліктны; тым не менш у 2017 г. «дружны калектыў» абраў яго старшынёй Брэсцкай гарадской шахматнай федэрацыі.

У сярэдзіне ліпеня актывіст на сваёй інтэрнэт-старонцы, што існуе з 2006 г., раскрытыкаваў сістэму адбору на дзіцячыя першынствы за мяжой. Крыху пазней зачапіў і старшыньку БФШ, выбраную летась не без удзелу высокіх чыноўнікаў. Рэакцыя была хуткая… Каташуку нават не далі магчымасці абараніць сябе на тым ганебным пасяджэнні выканкама.

Некалі я думаў, што лозунг ФІДЭ «Gens una sumus» перакладаецца як «Мы – адна сям’я». Толькі нядаўна даведаўся, што «gens» значыць хутчэй «племя» (!). Увосень будуць выбары ў ФІДЭ; трэба спадзявацца, што новы прэзідэнт памяняе дэвіз, бо «як карабель назавеш, так ён і паплыве». Апошнім часам у Сусветнай шахматнай федэрацыі і многіх нацыянальных норавы сапраўды характэрныя, хутчэй, для першабытнаабшчыннага ладу, і «непаліткарэктная» казачка пра неграў і белага па сутнасці дакладна перадае ўзровень каляшахматных дачыненняў.

Трохі крыўдна ад таго, што кіраўнічка БФШ (следам за кіраўніком ЗША, што так сабе апраўданне) блытае прыватнае і грамадскае… З уласнай школы шахмат яна магла б «папрасіць» трэнера, а з грамадскай суполкай не ўсё так проста. Адэкватным адказам было б не выбіраць Каташука ў выканкам і/або апублікаваць пра яго фельетон у сваіх «Адкрытых шахматах», тыпу гэтага (гл. рэпліку пра «жоўтую лавачку»). Але ВІПР – ён заразлівы. Да яго дадалася і лалітыка, прыкрыццё сваіх адыёзных крокаў інтарэсамі дзяцей.

Зараз найбольш цікавіць тое, які адпор свавольству выканкама дадуць аўтарытэтныя трэнеры і людзі шахмат (большасць іх, адрозна ад мяне, уваходзіць у федэрацыю). Cарокінская спроба маргіналізаваць аўтара «Брэсцкіх шахмат» («Гэта асабістае меркаванне аднаго канкрэтнага чалавека») «накрылася медным тазам»: Каташука ў той ці іншай ступені падтрымалі cтаршы трэнер Гродзенскай вобласці Раман Дабкус, яго вопытны калега з Пінска Валерый Мандроўскі, магілёўскі «грос» Сяргей Каспараў… А вось як выказаўся 09.08.2018 гросмайстар ІКЧФ, міжнародны арбітр, трэнер з мінскай СДЮШАР-11 Дзмітрый Лыбін: «Відавочны пераслед за крытыку. Я па тэлефоне сказаў Сарокінай, што калі так, то трэба выключаць і мяне, і ўсіх іншых незадаволеных дзейнасцю іх “Трэнерскага савета”, які ўсё часцей ігнаруе прынцыпы спартыўнага адбору. Гэта пачалося не сёння і не ўчора… На жаль, у БФШ ёсць шматгадовы галоўны прынцып – “Я Мачалаў, ты дурак”». Нагадаю, майстар Яўген Мачалаў, 1951 г. нар., былы дзяржтрэнер па шахматах, а цяпер старшыня трэнерскага савета БФШ – той чалавек, які настояў, каб у 2004 г. на сусветную Алімпіяду не ўзялі майстра Андрэя Малюша, дарма што Малюш меў права быць на спаборніцтвах як чэмпіён Беларусі. У 2008 г. сп. Яўген разам з іншымі чыноўнікамі ад спорту падпісаў адкрыты ліст да начальства супраць недзяржаўнай спартыўнай газеты «Прессбол» – на шчасце, праз гэтую цыдулу яе не закрылі.

 

На фота з twitter.com, шахматистам.рф і superproblem.ru: Н. Сарокіна, Я. Мачалаў, Ул. Каташук

Я распісаў «прыватны» выпадак таму, што ў ім, як у кроплі, адбіваецца стаўленне істэблішменту да тых, хто жадаў бы штосьці ўдасканаліць… Удасца адмяніць (або прынамсі змякчыць) рашэнне ад 30.07.2018 – значыць, з’явіцца шанс на лепшае ў спартовай галіне, дзе Нацыянальны алімпійскі камітэт ужо звыш 20 гадоў узначальвае чалавек, падобны да прэзідэнта. Вясна 2018 г., у прынцыпе, нават яго прыхільнікам паказала, што дакіраваўся, і ўсё ж на заржавелым маторы, з «выдатна» адрамантаваным у 2012–2018 гг. стадыёнам «Дынама», «мы едзем уперад», да Еўрапейскіх гульняў чэрвеня 2019 г.

Афіцыйная старонка ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама, 10.08.2018. Інфа пра шахматы састарэла на 5 гадоў; ніхто (!) з пералічаных асоб ужо не займае названыя пасады, а БФШ перабралася ў офіс «Школы шахмат».

Пакуль што, на жаль, «шэрыя пачынаюць і выйграюць» не толькі ў шахматах, футболе, хакеі… Напрыклад, як адбіраліся кандыдаты ад Беларусі на «Еўрабачанне» – асобная песня.

Няйначай чалавекі ў футаралах «папрасілі» выправіць кур’ёзны надпіс на роварнай краме («Велописеды»), адзначаны мной тут, – цяпер там, на вул. Дуніна-Марцінкевіча, 3, проста «Viva Rovar». Пару гадоў таму «чапляла» неардынарная выява на дзіцячай бібліятэцы № 12 – страшылкі з мультфільмаў вабілі: «Чытаеш? Тады ідзі да нас». Яна пратрымалася некалькі месяцаў; потым, пэўна, каб «дзеці не плакалі», смешных пачвар замянілі на хлопчыка і дзяўчынку ў знаёмым саладжавым стылі. Цяпер во дыскусійны мурал на Варанянскага знішчаны…

Кожны з эпізодаў паасобку – драбяза, а ў спалучэнні яны прыводзяць да таго, што маладыя-таленавітыя адсюль уцякаюць. Замест іх у Беларусь трапляюць тыя, чые поспехі, кажучы лагодна, засталіся ва ўспамінах. Дыега Марадона, толькі-толькі прызначаны ў брэсцкі футбольны клуб, ужо запляміўся мінімум двойчы: «тэндэнцыя, аднака».

Куток пазітываў. Адкрылася ў Мінску доўгачаканая выстава Меера Аксельрода, 15 жніўня ў Нацыянальным мастацкім музеі намячаецца вернісаж Ізраіля Басава. На «Славянскім базары» ў Віцебску, дзейкаюць, няблага выступілі ізраільцы з шоу-балета «Візаві», ансамбля саксафаністаў «Бэйт-Шэмеш» і гурта «Gefilte Drive». Шчыра кажучы, знаёмы толькі з творчасцю апошняга калектыва: такі ёсць там «амаль панкаўская адэская бесшабашнасць».

«Вольфаў цытатнік»

«Наша краіна – гэта краіна аксіём. Бескарысна даказваць, усё ўжо даказалі. А Украіна – вотчына тэарэм». «Мужчына абавязаны быць цвёрдым або павінен лячыцца. Каб не ганьбіць вечныя каштоўнасці, завешчаныя нам правадырамі і сняданкамі турыстаў». (Аляксандр Кулінковіч, 2007, 2008).

«Наша дзяржава не забойца. Як забойца наша дзяржава паводзіла сябе пры таварышу Сталіну. Зараз наша дзяржава – хуліган.

Як паводзяць сябе хуліганы? Паказальна па-хамску, іхнія паводзіны задзірліваабсурдныя. Яны могуць вас пабіць, абакрасці. Хуліганы часта бываюць насмешлівыя, ім важна не проста прычыніць вам боль – ім важна вас прынізіць…

Карная сістэма дакладна ўлавіла дух эпохі – дух хуліганства. Ім трэба здзеквацца з вас – таму ў любы момант да любога з вас могуць прыйсці і пасадзіць за якуюсьці карцінку, якую вы нават не помніце» (Антон Арэх, 09.08.2018).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

10.08.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 10.08.2018  19:04

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (70b)

Белы дзень! Ахвоты працягваць ненавукова-фантастычны серыял бракуе як ніколі (абленаваўся?), але ж за некалькі дзён падсабралася кур’ёзаў ды смяхотаў, таму вырашыў урэзаць дадаткова-пабочны выпуск… А дарэчы, у «калегаў» з evrei.by з’явіўся анонс, які лічу патрэбным перакласці на белмову і прапанаваць нашай публіцы:

* * *

Мерапрыемства да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакоста

Перад Міжнародным днём памяці ахвяр Халакоста ў вёсцы Парэчча пройдзе мерапрыемства, прысвечанае вязням гета і Праведнікаў свету.

У гады Другой сусветнай вайны 40 яўрэйскіх дзяцей уцяклі з Мінскага гета. Уратавалі дзяцей жыхары вёскі Парэчча. На знак падзякі за гэты подзвіг былыя малалетнія вязні гета Мая Крапіна і Фрыда Рэйзман у 2000 годзе ўсталявалі помнік Праведнікам Свету – усім тым, хто ўратаваў яўрэйскіх дзяцей у перыяд Халакоста.

Мая Левіна (Крапіна) і яе ратавальніца Настасся Хурс; Фрыда Рэйзман

24 студзеня мы разам ушануем памяць ахвяр Халакоста і Праведнікаў Свету – жыхароў вёскі Парэчча, якія здзейснілі сапраўдны подзвіг.

ПРАГРАМА СУСТРЭЧЫ:

12-30, помнік Праведнікаў Свету, в. Парэчча:

– Мітынг з удзелам дыпламатычных прадстаўнікоў, супрацоўнікаў дзяржаўных і грамадскіх арганізацый і СМІ.

– Памінальная малітва (кадыш).

14-00, Раённы краязнаўчы музей, г. Мар’іна Горка:

– «Урок памяці» – сустрэча былых вязняў гета і Праведнікаў Свету з навучэнцамі школ.

– Адкрыццё экспазіцыі, прысвечанай Міжнароднаму днём памяці ахвяр Халакоста.

– Урачыстае запальванне свечак у памяць пра шэсць мільёнаў бязвінных ахвяр.

Мерапрыемства падрыхтаванае Мінскім дабрачынным грамадскім аб’яднаннем «Гілф», Іудзейскай рэлігійнай абшчынай г. Мінска «Бэйс Ісроэль», МДГА «Дыялог», «The Together Plan» (Беларусь-Вялікабрытанія).

Падрабязнасці ў каардынатара праекта МДГА «Гілф» Курдадзэ Тамары Сямёнаўны. Маб. тэл. +375293646019.

* * *

Нягледзячы на казённае слоўца «мерапрыемства», можа атрымацца штосьці кранальнае… Выпадак з «вёскай Праведнікаў» не адзінкавы ў гісторыі Другой сусветнай, ды не ў кожную такую вёску праз 75 гадоў завітваюць уратаваныя.

Пра абяцаныя цікавосткі. Як выявілася, «першы беларускі партал» не здольны карэктна прадказаць надвор’е нават на колькі гадзін уперад. Прагноз ад 16.01.2018, 11:29 (і як было насамрэч):

Памыліцца на 4-6 градусаў па Цэльсію трэба ўмець… І не першы раз падобнае. Калі плануеце наведаць якое мерапрыемства на адкрытым паветры, раю аддаць перавагу хоць бы сайту openweathermap.org – там 16 студзеня амаль не памыліліся 🙂

Крыху перабольшыць будучы мароз усё ж лепей, чым прыменшыць.

Амаль гэткі ж паводле важнасці кур’ёз – ліст ад нейкай Рэгіны Л., няюнай настаўніцы з Паставаў, якая «на 100% супраць» заснавання ў РБ універсітэта з адной беларускай мовай навучання. Допіс, адрасаваны «паважанаму Паўлу Ізотавічу» і змешчаны на сайце «ягонай» газеты, настолькі бязглузды і паранаідальны, што не варты абмеркавання па сутнасці. Тым не менш яго кінуліся абмяркоўваць «вялікія палітыкі», у тым ліку экс-старшыня БНФ. Адна мілая спадарыня даслала адказ у рэдакцыю аж на дэпутацкім бланку. Як на мой одум – чарговая праява ВІПР

Кур’ёзна, што імя Якубовіча ўжо другі раз асацыюецца з лістом «не для публікацыі», які ў рэшце рэшт фігуруе на старонках газеты. Першы быў у 2011 г., калі ў «СБ» «усплыў» зварот тагачаснага галоўнага рабіна Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання РБ, грамадзяніна ЗША Аўраама Бенянсона («Не нужна нам, евреям, другая власть»). Выявілася, рэбэ пісаў не Якубовічу, а свайму прэзідэнту Абаму – нехта перадаў цыдулу ў рэдакцыю без ведама Бенянсона… Тым не менш р. Аўром не стаў публічна пратэставаць, калі ўбачыў сваё прозвішча, памножанае на 400 тысяч.

Дагэтуль не цямлю, што выйграў «галоўны яўрэйскі саюз» ад пралазу П. І. Якубовіча ў праўленне (або як яно ў іх завецца – каардынацыйная рада?) Сімвалічны капітал? Ды ён спрэс таксічны. Грошы? Дык непадобна, каб іх дадалося; газета «Авив» летась ажно двойчы выйшла накладам па 200 ас., і з афіцыйным сайтам саюза праблемка…

Звышкаштоўнае інтэрв’ю з прэзідэнтам Шымонам Перэсам, быццам бы ўзятае Ізотавічам у 2007 г., не дайшло да чытачоў і праз дзесяцігоддзе. Год таму я быў заўзятым аптымістам 🙂

Вяртаючыся да тэмы «нацыянальнага ўніверсітэта»: у колах, блізкіх да Таварыства беларускай мовы, ідэя мусоліцца бадай 20 гадоў. На сайце таварыства доўга вісела (дый сёння вісіць :)) інфа пра тое, што «створана і працуе ініцыятыўная група па арганізацыі Беларускага нацыянальнага універсітэта, у склад якой уваходзяць 68 найаўтарытэтнейшых дзеячоў беларускай навукі і культуры». Група з 68 асоб – калі, вядома, яна хоць раз рэальна збіралася – была б знаходкай для брытанца Сірыла Паркінсана, які паўжартоўна разважаў: «Трэба высветліць аптымальную колькасць членаў камітэта. Шуканая велічыня ляжыць недзе паміж 3 (калі немагчыма сабраць кворум) і 21 (калі арганізм пачынае гінуць)».

Летась кіраўнік суполкі Алег Трусаў усё ж дамогся рэгістрацыі т. зв. універсітэта «Альбарутэнія», але неспадзяванка ў тым, што назва была ўжо занятая фірмай, якая вырабляе… надмагільныя помнікі. Чакаюцца новыя сюрпрызы і выдаткі; іх арганізатары спадзяюцца пакрыць за кошт спонсараў, цана пытання – 7-8 мільёнаў долараў на год. Будучыя студэнты таксама мусяць плаціць.

Тым часам з афіцыйнага сайта ТБМ нямала цікавага можна даведацца. Напрыклад, пра тое, што сп. Трусаў, які, паводле пэўных крыніц, пакінуў капітанскі мосцік 29.10.2017 на карысць Алены Анісім, – старшыня «па сённяшні дзень», што распрацавана «Стратэгія развіцця беларускай мовы ў ХХ [sic] стагоддзі» 🙂

Ніхто, здаецца, i не сумняваўся, што спн. Алена працуе ў «парламенце» дужа-дужа плённа 🙂 🙂

Не, я не супраць універсітэта з беларускай мовай навучання. Адно сумняюся, што зараз яго ствараюць «апантаныя і прабіўныя» ((C) З. Бандарэнка) людзі, для якіх вынік больш істотны, чым працэс. Ужо ж «сабралі» мільён подпісаў пад маніфестам 2014 г. у абарону незалежнасці…

Яшчэ міні-прыкол. Пастаянны аўтар газеты ТБМ «Наша слова», мовазнавец Павел Сцяцко ўнёс у спіс «Прозвішчы Беларусі» пад п. 1035 такую інфу (№ 1 «НС» за 2018 г.): «Рубінчык (Вольф) – вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Рубін і значэннем “нашчадак названай асобы”: Рубін-чык. ФП: рубін (апелятыў з двума значэннямі 1) “каштоўны камень чырвонага колеру”; 2) “рабін” (духоўны кіраўнік вернікаў у яўрэйскай рэлігійнай грамадзе) – Рубін (мянушка, потым прозвішча) – Рубінчык».

Усе іншыя даступныя мне даведнікі па антрапаніміцы сцвярджаюць чамусьці, што прозвішча наша паходзіць ад біблійнага імя Рэувен (Рувен, Рубін) 🙂

Тым часам не спяць у шапку ідэйныя (?!) апаненты БНФ і ТБМ… Працуе сайт «Тэлескоп», дзе на мінулым тыдні з’явілася карцінка:

Тыповы прыклад «чорнага піяру»: змяшаць апанентаў Лукашэнкі з тымі, хто пад акупацыяй менаваў Гітлера «асвабадзіцелем». На 120% упэўнены, што пахмурныя людзі са здымка не маюць дачынення і да Беларускай Народнай Рэспублікі, якой у сакавіку споўніцца 100 гадоў. І – так, без яе не было б савецкай Беларусі ў 1919 г., а хутчэй за ўсё, і сучаснай беларускай дзяржавы.

Напэўна, за такую падачу матэрыялаў, як на «Тэлескопе», не судзяць, але руку рэдактару я б не паціснуў і ў разведку з ім не пайшоў. Як ні дзіўна (насамрэч не дзіўна), Леў К. – і доктар філасофскіх навук, і начальнік навукова-даследчага аддзела ў дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Ён перакананы, што без агульнарускай свядомасці беларусам будзе кірдык. Усё б нічога, але «даследчык» паклёпнічае на ахвяр бальшавісцкай улады, во як 19.01.2018: «Язэп Лесик охотно включал в белорусский литературный язык всевозможные полонизмы, а также навязывал нашему народу несвойственное для белорусского языка произношение, употреблявшееся только в среде ополяченной шляхты в Белоруссии». NB: сталіноідны міф пра Я. Лёсіка (1883–1940) як паланізатара беларускай мовы абверглі звыш 25 гадоў таму – у прыватнасці, мовазнавец Сяргей Запрудскі ў часопісе «Нёман», № 6, 1991 (а потым ён жа ў зборніку «З гісторыяй на “Вы”» – вып. 2, 1994).

Дзівакі з «першай беларускай газеты» ваююць то з прыватным барбершопам «Чэкіст» (акурат як у старой показцы – «чаму перарабляць сістэму трэба, пачынаючы з цырульні?»; Шэндэровіч згадаў тут), то з «чарнасоценскім» расійскім інфармагенцтвам (насамрэч «Рэгнум» далёкі ад «веры і цара»; гэта хутчэй лявацкі сайт, не ультраправы). Без меры цешацца з вышыванак, etc. Тым часам «філосафы» тыпу К. спакойна рыхтуюць сабе змену за кошт грамадства… «А можа, так і трэба?»

Яшчэ адзін уладальнік доктарскай ступені, гісторык Алесь Б., вычварыў нешта больш канструктыўнае: павесіў шчыт з даведкай пра Валожынскую ешыву (і рэкламай сваёй аграсядзібы, як жа без яе!) там, дзе яму дазволілі.

Пазнавальна… Дарма што сказ «Учитывая многочисленность важных религиозных и светских деятелей, происходящих из Воложинского района (из Вишнева, Ракова, Ивенца) и близость Налибокской пущи, давшей спасение от нацистов тысячам евреев-партизан 2-й мировой войны, Воложин и район, еврейская община которых в 1941-43 гг. потеряла около 6.000 человек и прекратила свое существование являются важным местом национальной памяти евреев Беларуси и всего мира» дачытае да канца не кожны. Агулам, турыстычна-палітычныя праекты Алеся – не для слабых на нервы. За тое яго і любяць 🙂

А гэта – новаствораны мінскі «Мур лямантаў» для індывідуальных прадпрымальнікаў. «Кажуць, у шчыліны паміж блокамі можа ўмясціцца ваша дэкларацыя», – дасціпнічае гарадскі інтэрнэт-партал. Адзіная нестыковачка: на іўрыце напісана «Hakotel hamaaravi», г. зн. «Заходні мур», а Уручча – на ўсходзе Мінска…

Міністр замежных спраў РБ з яго заявайПерамовы па Украіне можна перанесці хоць у Антарктыду») – той яшчэ «гукапераймальнік». Пэўна, чытаў мой даўні артыкул пра сёгі… («Японія ды Кітай ад Беларусі далёка, але ж сапраўдны homo ludens хоць у Антарктыду паедзе, каб знайсьці годнага партнэра»). Так трымаць, Валодзя 🙂

Яшчэ запрашаю пасміхнуцца над тым, як расшыфравалі запіс размовы з Уладзімірам Вайновічам вузкія спецыялісты з расійскай радыёстанцыі «Эхо Москвы». Аказваецца, апавяданне Вайновіча пачатку 1960-х гадоў «Хочу быть честным» – не аб прарабе, а «про рабби» 🙂 🙂

* * *

Працэс «рэгнумаўцаў» у Мінгарсудзе, які цягнецца другі месяц, – ужо не кур’ёз, а дзікая сумесь спраў Дрэйфуса (французскі афіцэр, як і беларускія публіцысты, быў не самай прыемнай асобай у сваёй краіне) і Сіняўскага & Даніэля. Паводзіны ж «экспертак» прымушаюць згадаць Свіфта з яго лапуцянскай акадэміяй, дзе сляпым даручалася змешваць фарбы для жывапісцаў: «Праўда, на маё няшчасце, яны не вельмі ўдала давалі рады, дый сам прафесар пастаянна рабіў памылкі. Навуковец гэты карыстаецца вялікай падтрымкай і павагай з боку сваіх сабратоў».

Cправа налева: Д. Алімкін, Ю. Паўлавец, С. Шыптэнка. Снежань 2017 г.

Зычу падсудным скарэй выйсці на свабодку. Яны вольныя «тапіць» за еўразійскую інтэграцыю і весці прарасійскую прапаганду; мы не ў стане вайны з Расіяй, дзеянне артыкула 33 Канстытуцыі ніхто не прыпыняў. Зміцер Левіт, чытач belisrael.info з Нью-Ёрка, дзён 10 таму даводзіў, што апраўдальны вырак дасць сігнал тутэйшым бюракратам, якія адмовяцца ад «мяккай беларусізацыі»… Магчыма-то наадварот: наяўнасць зацятых ідэалагічных канкурэнтаў раскатурхае чыноўнічкаў, і «мяккая», лалітычная беларусізацыя (тыпу білбордаў на вуліцах: «Ма-ма = мо-ва. Любіш маму?») стане больш «зубастай». А ў прынцыпе, я ніколі не падпарадкоўваў сваё жаданне размаўляць і пісаць па-беларуску волі нейкіх «слуг народу», прызначаных або самазваных. Дый мала хто падпарадкоўвае.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

21.01.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 21.01.2018  20:20

***

Ад Вiктара Жыбуля: “Добры дзень, шаноўны Вольф! З цікаўнасцю прачытаў “Катлеты і мухі”. Вёска Парэчча, у якой усталяваны помнік Праведнікам свету, – гэта, можна сказаць, мае родныя мясціны. Недалёка адтуль – вёска Міжылішча, дзе стаіць хата маіх продкаў і куды я звычайна езджу на летні адпачынак. А ў Парэччы ў мяне пахаваныя дзед, бабуля, прадзед, прабабуля і нават прапрадзед і прапрабабуля“.  23.01.2018  19:11

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (59)

З надыходам лета «народ» у краіне крыху расперазаўся дэпалітызаваўся. Як і было прадказана, пра «народную праграму» «Вольная Беларусь» пагаварылі-пагаварылі (не толькі ў Беларусі, а і ў Польшчы, Літве…) – і адправілі яе ў віртуальную шуфляду. Хто і як будзе ажыццяўляць мудрыя планы – няясна; сіл адных «пазнякоўцаў» заведама не хопіць, а практычна з усімі іншымі мясцовымі «аўтарытэтамі» галоўны распрацоўшчык рассварыўся разышоўся. Карэспандэнтцы «Белпартызана», на жаль, толькі здалося, што суразмоўца мае адказ на «любое нязручнае пытанне». Манах-аналітык Пётр Р. стаў бліжэй да ісціны, дасціпна зазначыўшы: «Дзе закончыцца ідэя Пазьняка – гадоў праз 50 пабачым».

Па-мойму, нядаўні заклік да «каталікоў і праваслаўных» падаваць у суд на Святлану Алексіевіч за яе крывое выказванне, каб пісьменніцу адлупцавалі «па артыкалу 130 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь. – Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці альбо розьні», дэвальвуе ўплыў Зянона П. і як эксперта. Верагоднасць падачы такога іску ў сучаснай РБ – бадай, 10% (калі працэс усё ж распачнецца, то 99% шансаў за тое, што рашэнне будзе на карысць Алексіевіч, бо яна апісвала гіпатэтычную сітуацыю, а за лухту не судзяць). Калі ж справа не будзе ініцыявана, то ўсе (добра, хай пераважная большасць) канчаткова ўгледзяць, што чалавек, які займаецца «арганізацыйнай работай», жывіцца пустэчай…

Бяда ў тым, што бальшыня жыхароў Беларусі сярэдняга і старэйшага пакалення блукае паміж трох соснаў – Пазняк (этнанацыяналізм), Алексіевіч (мяшанка заходняга лібералізму і сацыялізму) і Лукашэнка (тут усё зразумела без «ізмаў»). Альтэрнатывы запальваюцца і гаснуць, нібыта знічкі… Дэпутатка палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая летась пачынала няблага, ды цяпер выглядае, што і яна марна траціць сілы, кідаючыся на ўсе бакі. Напрыклад, ці варта было ўжо гэтак гучна абурацца тым, што Нацсход уручыў грамату міністру ўнутраных спраў за «дзейнасць па ўмацаванні правоў і свабод грамадзян» – «Як дэпутат Нацыянальнага сходу заяўляю: сваёй згоды на гэтае ўзнагароджанне я не давала, магчыма, не давалі і іншыя дэпутаты»? Размеркаваннем грамат займаецца кіраўніцтва дзвюх палат парламента без кансультацый з «шарагоўцамі». У палітычным плане ўзнагароджанне міністра, які выдатна паразумеўся б з гогалеўскім Ухавёртавым – звычайны, дробны акт чынавенскага цынізму, якіх безліч было ў апошнія гады. Іншымі словамі, пакуль спадарыня лупіць з гарматы па вераб’ях.

Найважнейшыя праблемы на парадку дня, якія заслугоўваюць таго, каб пра іх штодня гукалі ў парламенце, – будоўля АЭС і карная скіраванасць судовай сістэмы (праўда, здараюцца ў гэтай сістэме «збоі» – некаторыя адзначаліся раней, магчыма, будзе спынена і адміністратыўная справа супраць гомельскага відэаблогера Максіма Філіповіча). Распрацоўваць кожны месяц новую тэму, як тое планаваў партыйны шэф Канапацкай, няма сэнсу – гэта ж не журналістыка… Цяжка не згадзіцца з актывістам Паўлам Курскім, што істотнай праблемай з’яўляецца і паўсюднае ўжыванне алкагольных напояў; калі ў допісе ад 22.11.2016 ён не маніць, то Ганна К. абяцала ініцыяваць «змену заканадаўства дзеля дэалкагалізацыі насельніцтва Беларусі» і вынесці адпаведныя прапановы на вясеннюю сесію парламента» (пра тое самае пісала ў снежні 2016 г. газета «Крыніца»). Раз ужо абяцанка агучана, то варта было б паспяшацца; праз пару тыдняў сесія закрыецца, а рэальна ў актыве Ганны пакуль толькі праца над саўмінаўскім законапраектам, датычным дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

Што да міліцэйскіх начальнікаў – няхай цешацца граматамі, ордэнамі і пагонамі: можа стацца так, што неўзабаве іх заменяць робаты. Прэцэдэнт ужо маем; у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах узялі на службу гуманоіднага робата-паліцэйскага (а не скрыню для смецця, як у Кітаі) і збіраюцца вызваліць для яго «сабратоў» чвэрць месцаў у паліцыі. Чарговы доказ таго, што добрая літаратура прадбачыць і праграмуе будучыню – я пра апавяданне амерыканца Гары Гарысана «Рука закона» (1958 г.).

Вось ён, электронны зух (злева)

К 2021 году, калі ў Мінску і Рызе пройдзе чэмпіянат свету па хакеі, варта было б такіх закупіць. Абавязкова з веданнем замежных моў, каб мінская міліцыя не перанапружвалася, мучаючы спецыяльна выпушчаныя размоўнікі.

Новы скандальчык: 30.05.2017 дзяржаўнае прадпрыемства «Белсаюздрук» узяло на сябе функцыі цэнзара і не пажадала распаўсюджваць нумар штотыднёвіка «Белгазета» са спрэчным, на думку кіраўніцы прадпрыемства, здымкам (бык рыхтуецца залезці на карову). Яно прапанавала рэдакцыі «звярнуцца па афіцыйнае заключэнне адносна выявы на першай паласе ў незалежны кампетэнтны орган». Маралізатараў і перастрахоўшчыкаў у нас сапраўды вагон – часцяком яны прыкрываюцца інтарэсамі дзяцей. Лалітыка

«Белгазета» адпавяла: «Грамадства само вырашыць, што маральна, што не, а для прадпрыемства, якое заключыла дамову з выданнем, галоўная мараль – выконваць гэтую дамову… калі б замест таго, каб выконваць дамовы, усе кінуліся даваць свае ацэнкі, у грамадстве наступіў бы хаос». У той жа час рэдакцыя таксама падстрахавалася і дастала на дзіва разважлівае, як для рэспубліканскай камісіі, экспертнае заключэнне ад 09.06.2017, падпісанае прафесаркай Фральцовай (якая летась «зарубіла» кінанавелу «Яечня па-беларуску»). Маўляў, няма ў газетнай выяве з быком парнаграфіі… Але наўрад ці «Белсаюздрук» кампенсуе «Белгазеце» выдаткі, панесеныя ад падзення продажу ў канцы мая – пачатку чэрвеня. Дзяржструктуры РБ, як вядома, у фінансавых пытаннях памыляцца не ўмеюць: яны могуць мець рацыю і яшчэ большую рацыю.

Крыўдна, што Вышэйшы адміністратыўны суд Украіны 14.06.2017 не адмяніў рашэнне прэзідэнта пра блакіроўку расійскіх сайтаў… Але добра, што ў суседзяў студэнты наважваюцца судзіцца з вышэйшымі чыноўнікамі (студэнт Кіеўска-Магілянскай акадэміі Еўсціфееў выставіў іск супраць Парашэнкі яшчэ ў маі). Выносяць жа ўкраінскія суды і карысныя пастановы: напрыклад, 12.06.2017 Акружны адміністратыўны суд г. Кіева прыпыніў ганебнае рашэнне дэпутатаў гарсавета аб перайменаванні праспекта Ватуціна ў праспект Шухевіча. Пастараліся «Антыфашысцкая праваабарончая ліга» і «Яўрэйская праваабарончая група»; апрача таго, супраць перайменавання падпісала маса грамадзян Украіны. Калі б я меў адпаведны пашпарт, то таксама падпісаўся б.

Гераізацыя «обер-бандэраўцаў» (асабліва Рамана Шухевіча, які ў 1942 г. каля 9 месяцаў служыў на афіцэрскай пасадзе ў гітлераўскай ахоўнай паліцыі паміж Мінскам і Віцебскам; не могуць яго рукі не быць па локаць у крыві беларускіх партызан, а хутчэй за ўсё, і мірных жыхароў) раскалола ўкраінскае грамадства ў другой палове 2000-х. У 2011 г. Вышэйшы адміністратыўны суд пазбавіў Шухевіча звання «Героя Украіны», скасаваўшы ўказ прэзідэнта Юшчанкі (2007). Асобныя актывісты ў Беларусі не шманаюць; Ш. дарагі ім ужо таму, што біў бальшавікоў. Яны лічаць, што маладой нацыі патрэбныя міфы, і лепяць падобных «герояў» з мясцовых авантурыстаў і калабарантаў, абы насаліць Расіі: Булак-Балаховіч, Кушаль, Астроўскі, браты Шчорсы (праўда, пасля маёй рэплікі сайт naviny.by памяняў загаловак у артыкуле пра братоў: было «Пантэон герояў Беларусі», стала «Пантэон Беларусі»). Не разумеючы – а мо разумеючы? – што дыскрэдытуюць прыхільнікаў нелукашэнкаўскага шляху развіцця.

Трэба прызнаць, што за Лукашэнкам рабіліся небеспаспяховыя спробы «даць па руках» радыкалам розных кірункаў, і ў гэтым плане яго спецслужбы досыць эфектыўныя. Аднак са «стабільнасцю» ўсё адно вялізныя праблемы, бо яна грунтуецца збольшага на волі аднаго чалавека, а не на ўзаемапавазе грамадзян. Дый трапляюць «пад раздачу» ўсе, не толькі радыкалы… Рыхтык па-сталінску: «лес рубяць – шчэпкі ляцяць».

Ва Украіне часам гучаць папрокі на адрас ізраільцаў: замінаеце нам называць праспекты, а ў саміх вуліцы носяць імёны тэрарыстаў, у прыватнасці, Аўраама Штэрна (Яіра)?

За Ізраіль казаць не буду, аднак лепей бы сапраўды вуліц Штэрна не было… Аднагодак украінца, паэт і змагар супраць брытанскай улады ў падмандатнай Палесціне не грэбаваў забойствамі (праўда, невялікая «хеўра Штэрна» здзейсніла іх куды менш, чым УПА Шухевіча), сімпатызаваў дыктатарам і спрабаваў у пачатку 1940-х дамовіцца з Гітлерам (праўда, Штэрн, адрозна ад Шухевіча, не мог мець дакладных звестак пра жахі ў Еўропе, і ў вермахце ды шуцманшафце не служыў). Узвялічылі яго ў Ізраілі, хутчэй за ўсё, на эмоцыях, каб дадзець «леваму лагеру»; не варта Украіне паўтараць чужыя памылкі.

А тым часам у Бабруйску актыўна юзаюць назву горада і гістарычную спадчыну. Днямі да раней усталяваных скульптур далучылі двухмятровую жывёліну ў генеральскім мундзіры: Аляксандр Паўлікаў і Васіль Вайтовіч ашчаслівілі турыстаў драўляным «прыгажуном».

Тры бабры, тры бабры… Чорна-бела-рыжай масці…

Cхільны згадзіцца з аўтаркай belvisit.com, якая летась пісала: «Пасля ўстаноўкі помніка бабру [першага, у 2006 г.] у нас у Бабруйску пачалася сапраўдная “бабраманія” – у дварах сталі рабіць прымітыўныя фігуркі гэтых жывёл для дзіцячых пляцовак, на пакетах з малаком друкавалі баброў, зрабілі яшчэ некалькі аналагічных скульптур і паставілі іх у разных раёнах горада… Асабіста мяне гэтая бабрыная задума пачала крыху раздражняць: адзін – гэта крута, а бабры паўсюль – неяк не».

Незважаючы на «хапуны» ў канцы сакавіка, з «горада баброў» паступаюць і светлыя навіны. Так, 11 мая адкрылася і цэлы месяц працавала выстава Іосіфа Капеляна, заснавальніка Аб’яднання прафесійных мастакоў Ізраіля, пад назвай «Нетанія – Бабруйск. Сустрэча праз 40 гадоў».

Творца (на фота) на адкрыцці падарыў роднаму гораду – дакладней, музею – сем дзясяткаў сваіх работ. «Ізраіль становіцца бліжэй»… 🙂

Увесну памёр, не пра вас будзе сказана, іншы знаны мастак, мінчанін Май Вольфавіч Данцыг (1930–2017). Праз пару месяцаў пасля яго смерці некаторыя пачынаюць ствараць «міні-культ» Данцыга як грамадскага дзеяча, першага кіраўніка Мінскага аб’яднання яўрэйскай культуры (МОЕК). Я быў валанцёрам гэтага аб’яднання ў 1993–2001 гг., бачыў і добрае, і кепскае. Ніколі не падпішуся пад тым, што «такому чалавеку… сам Бог наказаў узначаліць у Мінску адраджэнне яўрэйскай культуры». Ну, калі «Бог» – псеўданім гаркама партыі, то так, канешне…

Леанід Зубараў пісаў у 2013 г.: «Данцыг, хаця і адпрацоўваў нешта абяцанае, можа быць, кватэру або майстэрню, але стараўся сумленна». Гэта адзін з поглядаў на ранні этап існавання суполкі, а, напрыклад, іншы былы член праўлення МОЕКа Якаў Гутман у 2017 г. разважае так: «Я не магу даць высокую ацэнку вынікам работы Данцыга. Ён працаваў паводле прынцыпу – ты, работа, нас не бойся, мы цябе не кранем. Калі выдзелілі будынак на Інтэрнацыянальнай, я быў катэгарычна супраць таго, каб мы яго бралі. Я казаў, што нам не трэба чужога, аддайце нам наша. Чым гэта скончылася, вядома…» Насамрэч, двухпавярховік, атрыманы ў шматгадовую арэнду ў 1991 г., давялося вярнуць уладам у 2001 г.; на нейкі час МОЕК застаўся «бесхацінцам», і М. Данцыг няслаўна сышоў у адстаўку.

Мо калі-небудзь напішу больш падрабязна пра гэтую па-свойму каларытную асобу. Да наступнай серыі!

Вольф Рубінчык, г. Мінск

15.06.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 15.06.2017  22:05

Дискуссия о Шухевиче и Штерне продолжилась на просторах фейсбука…
Stanislav Malyshev Да, Шухевич был лидером ОУН/УПА, и даже командиром (позднее). Да, часть ОУН/УПА (до сих пор разбираются, какая именно) принимала участие в погромах – и еврейских, и польских. А вот вопрос того, ответственен ли Шухевич лично – это значительно сложнее вопрос. По документам он был против, насколько он контролировал людей на местах, особенно в условиях оккупации – неизвестно. Он, конечно, совсем не белый и пушистый, но вопрос о его личном участии совсем не однозначен, и сводить его к формуле “он помогал УПА, УПА замешаны в погромах – значит, он лично виноват” – это довольно сильное упрощение ситуации.
Скажем, несёт ли Ицхак Рабин ответственность за происшедшее в Дир Ясин или Кфар Касем? Прилично ли называть улицу в его честь?

Emil Sutovsky Удивительно безграмотное сравнение. Даже не сравнивая масштабы. Израильское правительство (правительство Ишува) сразу же извинилось за содеянное.

9 июля в 22:56

Stanislav Malyshev Ну, не сразу, но извинилось, да. И украинцам тоже надо было бы извиниться, вполне с этим согласен. Но вопрос не об извинениях, а о персональной ответственности за деятельность организации, в создании которой участвовал. Я не скажу, что ответ всегда и однозначно “нет”, но и “да” он далеко не всегда – дьявол в деталях.

9 июля в 23:12

Stanislav Malyshev Но если не нравится сравнение с Рабином – как насчёт Лехи? В истории этой организации есть немало, скажем прямо, не очень приятных страниц. Включая, кстати да, попытки “сотрудничества с нацистами”, сталинизм, и множество других вещей. Что теперь делать с улицей Авраама Штерна?

Emil Sutovsky Опять-таки, начнём со сравнения масштабов. Продолжим тем, что уже много лет никто не называет улицы его именем. То, что полвека назад считалось приемлимым, сейчас расценивается иначе. Обществу никто не навязывает мнение, что он – герой. Кто такой Авраам Штерн не знают ни мои дети, учащиеся в израильской системе образования, ни толком я сам. Разницу чувствуете?

Виктор Савинов Маштабы чего вы сравниваете?

Emil Sutovsky Предполагаемых злодеяний

Stanislav Malyshev Ну, с масштабами у Лехи просто возможностей не было. Но неужели весь вопрос только в масштабах и арифметических подсчётах, у кого на счету больше? 

“Кто такой Авраам Штерн не знают ни мои дети, учащиеся” – и плохо, что не знают. Должны знать – и плохое, и хорошее. Ну хорошо. Штерна, несмотря на улицы, не считаем – а как насчёт Ицхака Шамира?
Но если вы думаете, что в Украине все знают, кто такой Шухевич – то вы сильно ошибаетесь. На Бандеру многие годы советский агитпроп работал (не это имея в виду, конечно), а про Шухевича никто (включая, кстати, и меня) до начала всех этих тёрок и не знал. Ну то есть историки и т.п. знали, а в остальном нет.
Что касается “много лет” – украинская государственность сейчас только-только из подросткового возраста выходит. Рано ещё требовать критического отношения к национальным мифам. Вот когда им будет 60 – тогда можно и к этому подойти. Или по крайней мере когда война окончится…

Emil Sutovsky Так не знали Шухевича толком в Украине, а сейчас все узнают – дескать, вот он настоящий герой. А я и спрашиваю, он герой? В чём геройство-то? И что Шамир, простите? Против британских военных, контролировавших Палестину, устраивал операции (сегодня классифицировали бы как терроризм), а разве было что-то против гражданских?

Дапоўнена 11.07.2017  08:05

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (46)

Вясна вярнулася ў цэнтральнаеўрапейскія прасторы, а паралельна прачнуліся хобіты і оркі грамадзяне і вышэйшае чынавенства. Дробнае чынавенства вагаецца, але ўсё часцей яно – з народам, бо не хоча быць крайнім пасля «сацыяльных экспэрыментаў», дый у любым разе яно часцей трапляе пад «ператрахванне», чым… Ладна, не будзем пакуль пра самых чэсных міністраў, шэфаў адміністрацыі, etc.

Не паспеў Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі распаўсюдзіць «шляхаводнік па Дэкрэце № 3» (ацаніце сумны гумар сітуацыі – у суседзяў выдаюцца шляхаводнікі па гарадах, крамлях і палацах, у нас – па бюракратычных пісульках), як усё нафіг састарэла. 9 cакавіка, пасля масавых пратэстаў – не толькі ў Мінску, а і ў абласных ды некаторых раённых цэнтрах – раптам выявіліся вапіюшчыя «перагіны на месцах» (С). Аказваецца, дзеянне «ідэалагічнага, маральнага дэкрэта» (прыметнікі ад таго, хто яго падпісаў) можна адтэрмінаваць на год, а спагнаныя «за дармаедства» грошы вярнуць тым, хто іх заплаціў. Праўда, не цяпер, калі-небудзь потым… У духу кінчаўскай песні: «Тоталитарный рэп – это абстрактный пряник / Или совершенно конкретный кулак».

Дзясяткі тысяч людзей да 20.02.2017 заплацілі дзяржаве грошы – ці то са страху, ці то з аблудна зразуметай законапаслухмянасці (а хтосьці так расхваляваўся ад ліста з падатковай, што звёў рахункі з жыццём)… Грошы, паводле афіцыёзнага тлумачэння на pravo.by, мусілі быць накіраваныя на «рашэнне задач па комплексным эканамічным і сацыяльным развіцці адпаведнай тэрыторыі, якія стаяць перад мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі». Але такое тлумачэнне не задаволіла пратэстоўцаў. Тады «галоўны» прапанаваў іншую версію: «Усе гэтыя грошы да капейкі павінны быць накіраваны на ўтрыманне дзяцей. Толькі дзецям!»

Калі нешта ідзе не так, то заўсёды можна прыкрыцца інтарэсамі дзяцей – лалітыка, у натуры… Ну і ёсць жа даўняя майса, прыведзеная (анты)савецкім сядзельцам Эдуардам Кузняцовым у кнізе «Шаг влево, шаг вправо…» (Іерусалім, 2000)

Заб’еш аднаго чалавека – атрымаеш працяглы тэрмін зняволення. На роўным месцы падпсуеш жыццё тысячам сваіх суграмадзян, забраўшы ў кожнага, магчыма, год-два жыцця – і нічога… Пакуль – нічога. Дэкрэт фармальна не адменены, так што рана баналізаваць падзеі, збліжаючы беларускія пратэсты з замежнымі «па матывах і дынаміцы», як гэта зрабіў адзін фацэт з «Радыё Свабода». Ён жа прыпісаў пратэстоўцам «савецкае» разуменне справядлівасці, што зусім абсурдна праз 25 гадоў пасля скону СССР. Можа, у каго са старэйшых работнікаў яно захавалася, але ж не яны зараз «робяць пагоду».

У чым я, выпускнік ЕГУ, згодзен з фізматаўцам Юрыем Дракахрустам, дык гэта ў тым, што «выкалупванне правакатараў» (завадатараў), як разынак з булкі, не дасць эфекту, пажаданага для ўладаў. Ну, пасадзілі на суткі Губарэвіча, Лябедзьку, Рымашэўскага і «прымкнуўшую да іх» Вольгу Кавалькову – на іх месца прыйдуць іншыя. Як той спяваў, «прежде путал народ, кто здесь друг, а кто враг, а теперь сам народ – “враг народа”!» Дый Сібіры ў нас няма, так што, «адкінуўшыся» з чарговага Акрэсціна, актывісты зноў зоймуцца сваёй справай, умела або няўмела.

На час падрыхтоўкі гэтай серыі ў бальніцах памерлі тры з пяці жанчын, якія атрымалі цяжкія апёкі (звыш 50% паверхні скуры) у час выбуху на Скідзельскім цукровым камбінаце. Недахоп грошай на прадпрыемствах – што звязана і з адметным інвестыцыйным кліматам, створаным за апошнія 15-20 гадоў – штурхае эканоміць на ахове працы.

Яшчэ ў маі 2004 г. аўтары даклада «Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года» з сумам канстатавалі: «Тэхнічная база прамысловасці састарэла… Знос актыўнай часткі асноўных прамыслова-вытворчых фондаў па прамысловасці ў цэлым дасягнуў 80,2%, то бок намнога перавысіў крытычна дапушчальны ўзровень» (гл. п. 3.6). Неяк сумнеўна, што былі зроблены слушныя высновы – адно супрацоўніца інстытута мінэканомікі Целеш Ірына Леанідаўна, 1969 г. нар., без аніякіх спасылак перапісала абзацы з даклада ў свой «артыкул». Цяпер яна – кандыдатка эканамічных навук і разважае на канферэнцыях пра «інавацыйную структуру беларускай прамысловасці». Не выключана, што такія «інаватаркі» і падалі ўраду «суперідэю», дазволіць прадпрыемствам не налічваць амартызацыю, г. зн. рабіць выгляд, што сродкі вытворчасці не старэюць…

Мушу прызнаць, сам у час працы на дзяржаўным прадпрыемстве (2009–2011 гг.) ішоў на рызыку, парушаў асобныя нормы, каб зрабіць усё хутчэй і не «адрывацца ад калектыву»… Зрэшты, інструктажы па тэхніцы бяспекі (і ўводны, і наступныя) мала што мянялі. Першы ўклаўся ў 5-10 мінут – пры норме, здаецца, 30-40 – іншыя зводзіліся да роспісу ў журнале. Добра, што вытворчасць была не самая апасная, РУП «Белпошта».

Цяпер я належу да іншай арганізацыі – Саюза беларускіх пісьменнікаў, СБП. Клікалі туды яшчэ пасля выхаду кніжкі «Жывуць вольныя шахматы» (2010), аднак падаць заяву я наважыўся толькі ў канцы 2014 г., калі выйшаў шосты па ліку аўтарскі зборнік – «Нарысы шахматнай мінуўшчыны і будучыні». Атрымаў тры рэкамендацыі, прайшоў прыёмную камісію, і 31.03.2015 на пасяджэнні Рады СБП заява была задаволена.

Чацвёртага сакавіка 2017 г. у мінскім Палацы мастацтваў здарыўся з’езд СБП. На ім я прысутнічаў упершыню… дакладней, упершыню ў якасці паўнапраўнага ўдзельніка, бо ў 2002 г. дзякуючы добрай Алене Кобец-Філімонавай гасцяваў на падобным сходзе ў Доме літаратара, а заадно збіраў подпісы за «Дзень праведнікаў».

Некаторых падпісантаў сустрэў у кулуарах праз 14 з паловай гадоў; напрыклад, Алесь Бяляцкі паспеў за гэты час «посидеть и поседеть». Пасядзець у турме і пасівець.

Постфактум сёй-той параўноўваў з’езд СБП з мерапрыемствам брэжнеўскіх часоў – маўляў, адзінай мэтай было перавыбраць старшыню (Барыса Пятровіча), у якога, да таго ж, не аказалася канкурэнтаў. Усёй перадз’ездаўскай «кухні» не ведаю, але, паводле маіх назіранняў і адчуванняў, з’езд прайшоў даволі дэмакратычна. Альтэрнатыўных кандыдатаў на пасаду старшыні можна было прапанаваць і 4 сакавіка – іншая справа, што ніхто не пажадаў лезці на ражон «даходнае месца». У канцы лютага стала вядома, што міністэрства культуры не ўключыла СБП у пералік творчых саюзаў Беларусі, а на саму імпрэзу ніводзін дзяржаўны орган не прыслаў сваіх прадстаўнікоў… Між іншага, «пастанову № 7», дзе зроблена спасылка на артыкул 58 Кодэкса аб культуры, міністр наогул 30.01.2017 не меў права падпісваць, бо арт. 58 уступіў у сілу толькі праз некалькі дзён – фальстарт-с 🙂

Адбыліся выбары не толькі старшыні, але і Рады – ключавога органа ў Саюзе паміж з’ездамі, яго «ЦК». У сувязі з колькасным ростам СБП (каля 470 чалавек, а ў зале прысутнічала дзве з паловай сотні) склад Рады быў павялічаны да 39 чалавек. Я адкрыта галасаваў супраць такога рашэння (па-мойму, хапіла б і 29), але застаўся ў яўнай меншасці. Затое, калі надышоў час вылучаць непасрэдна кандыдатаў, і на 39 месцаў вылучылі 43 чалавекі, то «мой» кандыдат якраз прайшоў сіта адбору.

Супраць Б. Пятровіча галасавалі 8 удзельнікаў, а былога старшыню рэвізійнай камісіі ўвогуле забалатавалі пры таемным галасаванні, і ён не стаў нават шараговым яе сябрам. Такім чынам, няма ў саюзе жэстачайшай стабільнасці аж да стагнацыі. Такі ёсць з чым параўноўваць: Леаніда Левіна ў 2000-х гадах кіраўніком «яўрэйскай абшчыны Беларусі», як правіла, выбіралі аднагалосна.

Арганізатары з’езда памыліліся, не адразу пусціўшы ў залу экс-намесніка старшыні СБП Эдуарда Акуліна, які, пасварыўшыся з Пятровічам, у 2012 г. падаў заяву аб «прыпыненні паўнамоцтваў»: такога паняцця няма ў статуце, г. зн. дэ-юрэ Акулін заставаўся паўнапраўным членам Саюза. Скандальчык раздзьмухала «жоўтая» газета, і тут кіраўніцтва СБП зноў дапусціла памылку: напісала ў камісію па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў скаргу на журналістку, якая «тэндэнцыйна асвятліла» і г. д. Аднак памылкі гэтыя не фатальныя: рэпутацыі суполкі яны істотна не шкодзяць.

Вядомы пісьменнік Б., які ў 2011 г. са скандалам пакінуў Саюз, у 2017-м кінуўся разважаць пра яго: «Ерархічны да непрыстойнасьці: аблізваць старых і падазрона ставіцца да любых праяваў іншадумства тут закон і норма», «Палітычна саюз белпісьменьнічкаў — выразна права-кансэрватыўны». Магчыма, у 1990-х гадах у гэткім апісанні мелася доля ісціны, зараз жа проста сумна чытаць, настолькі ўсё «міма». Няма ў СБП выразнай палітычнай лініі, дый ці павінен творчы саюз яе дэклараваць?.. Прапанову экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева далучыцца да яго малавядомага «руху за дзяржаўнасць і незалежнасць», які ствараецца з 2015 г., удзельнікі з’езда адкінулі. Ніхто ніколі не прымушаў мяне «аблізваць старых», і я не хаваў крытычнага стаўлення да некаторых знакавых асоб СБП (Святлана Алексіевіч, той жа Някляеў…). Наўрад ці Віктару Жыбулю – чалавеку майго пакалення, якога сёлета зноў выбралі ў Раду – нехта ў Саюзе рабіў вымовы за «хуліганскія» вершы. І г. д.

В. Жыбуль вядзе прэзентацыю белмоўнага выдання Л. Кэрала «Скрозь люстэрка, i што ўбачыла там Аліса». Справа – перакладчыца Вера Бурлак, злева – выдавец Зміцер Вішнёў. Мінск, Няміга-3, 12.03.2017.

У Палацы мастацтваў прадаваліся цікавыя кнігі, а сёе-тое раздавалася задарма, напрыклад, згаданы ў пазамінулай серыі фаліянт гісторыка-гумарыста «З дазволу караля і вялікага князя».

Як абяцаў, прывяду пару старадаўніх анекдотаў:

* * *

Блазан старога караля, назіраючы, як таму падчас хваробы ставілі п’яўкі, заўважыў: «Вось гэта сапраўдныя прыдворныя і прыяцелі яго вялікасці».

* * *

Караль Радзівіл растрачваў вялізныя сумы на сваё разгульнае жыццё і ўтрыманне шматлікай зграі дармаедаў, што складала яго пастаянную світу. З гэтай прычыны Шыдлоўскі, кашталян з Жарнова, заўважыў:

– Калі так пойдзе далей, то, Пане Каханку, страціць можна ўвесь маёнтак.

– А ты, пане каханку, не страціш нічога, бо нічога не маеш! – разгневаўся Радзівіл.

Шыдлоўскі працягваў сваё:

– Князю, жывеш па-каралеўску, а кароль, між тым, на ўсім эканоміць.

– Я жыву па-радзівілаўску, а кароль так, як можа… Кароль сапраўды эканоміць на ўсім, нават блазнаў не трымае пры двары, бо мае іх бясплатна ў сенаце.

* * *

Шкада, што вышэйшыя чыноўнікі не завіталі на з’езд – даведаліся б нямала карыснага, можа, абразнастаілі б сваё панылае існаванне… Дальбог, няпраўда тое, што «свет абыдзецца без літаратуры, ужо зусім хутка».

Тым часам ізраільцы не спяць у шапку. Прачытана ў фэйсбуку пасольства Ізраіля ў Мінску:

21 лютага 2017 г. у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь з удзелам кіраўнікоў і прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса адбылося ўрачыстае мерапрыемства «Я нясу вам дар», арганізаванае супольна з дзяржаўным літаратурным музеем.

Намесніца кіраўніка місіі Юлія Рачынскі-Співакоў прачытала верш Янкі Купалы “А хто там iдзе”, які адмыслова дзеля гэтай падзеі быў перакладзены на іўрыт дбаннем Шауля Рэзніка пры садзеянні Сяргея Шупы.

Той самы пераклад. Крыніца: https://www.facebook.com/siarhej.shupa/posts/10154484937368763?pnref=story

Чамусьці «роднае» радыё С. Шупы не адзначыла гэты, безумоўна, важны для культуры чын Ш. Рэзніка. Верш «А хто там ідзе?» часоў першай расійскай рэвалюцыі па-свойму класічны, ён пераствараўся на дзясятках моў (ёсць ідышная версія Зэліка Аксельрода). Хочацца, каб перакладаліся і больш сучасныя творы. Гадоў 10, напрыклад, мару, каб з’явіўся іўрыцкі варыянт верша Уладзіміра Караткевіча «Яўрэйцы», прасіў сяброў знайсці ў Ізраілі годнага перакладчыка, але… Ну, можа, зараз нешта зрушыцца з мёртвай кропкі.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

12.03.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 12.03.2017  17:50

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (43)

Добрага чаго-та там! «Что мы знаем о лисе? Ничего! И то не все» (С). Што я, просты смяротны, не дасведчаны ў іспанскай мове, знаў пра Уга Чавеса да XXIV Міжнароднай кніжнай выставы ў Мінску, дзе мне ля венесуэльска-кубінска-эквадорскага стэнду ўручылі пару кніг, брашурку і буклецік?! Здагадваўся, што карані гэтага дзядзькі – у Чавусах, што на Магілёўшчыне (Беларусь жа – радзіма сланоў і мамантаў, а таксама чылійскага героя Дамейкі, дык чаму ёй не даць свету і прэзідэнта Венесуэлы? :)) А калі больш сур’ёзна, то прыпамінаў, што У. Чавес на піку сваёй славы ў 2006 г. прыязджаў у Мінск, што пазней, пасля яго смерці, у «маім» Фрунзенскім раёне адкрылі парк яго імя… Пагартаў «раздатачныя матэрыялы» не без цікавасці.

 

Адразу насцярожылі некаторыя дэталі. Па-першае, у кнізе 2016 г., аўтарам якой пазначаны Хасэ Багіяна, яго «пяру» належыць хіба 10–15% тэксту. Асноўная частка – матэрыялы таго самага Педра Артэгі Дыяса, падрыхтаваныя ў мінулым стагоддзі. Ну, мне, дапусцім, падабаецца твор Майсея Кульбака «Зельманцы», у свой час я пару старонак накрэмзаў пра гэты раман і яго аўтара – стаў бы выдаваць фаліянт пад назовам «Актуальнасць “Зельманцаў”…», уціскаючы туды ўвесь тэкст Кульбака і ставячы на вокладку сваё прозвішча? Не, я б пасаромеўся.

«Сакрэт фірмы» аказаўся просты: Х. Б. – не нейкі там графаман, а «Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла, віцэ-адмірал флота». Напэўна, такому важнаму чалавеку – можна. Тут я знянацку ўспомніў, як цяперашняя міністарка інфармацыі РБ у 2003 г. «прыбудавалася» да кнігі кандыдата філалагічных навук 2002 г., зрабіўшыся яе фармальнай сааўтаркай.

 

Розніца паміж зместам першай кнігі і другой – у спісах беларускіх выдаўцоў, правайдэраў ды інш., узятых з даведніка (правайдэры тыпу ТДА «Айчына» названы… «інтэрнэт-рэсурсамі»). Творчай працы, укладзенай у другую кнігу, не прыкмеціў: мо камусьці пашанцуе болей? Здаецца, тагачасная намміністра таксама лоўка скарыстала сваё службовае становішча.

Венесуэльцы вабяць чорнай вокладкай і бел-чырвоным слоганам: «Смерць тыраніі! Жыве свабода!» Больш за тое, ад імя віцэ-адмірала чытачам у пачатку кнігі задаюцца пытанні, быццам у «Маскве-2042» Уладзіміра Вайновіча. Помніце плакат у маскарэпаўскай лазні: «Ты змарнаваў лішнюю ражку?» Вось і ў пасла на с. 13: «Хіба мексіканец – не амерыканец? Хіба венесуэлец – не амерыканец?.. Тады чаму ж ты, паважаны чытач, не называеш іх амерыканцамі?» Гэта хто на што вучыўся: у маёй школе № 79 заўсёды ведалі, што Мексіка і Венесуэла знаходзяцца ў Амерыцы, адна ў Паўночнай, другая ў Паўднёвай… Карацей, прэтэнзіі да «паважанага чытача» вычварныя ад слова «зусім»; яго правасхадзіцельства ў поўным сэнсе «адкрывае Амерыку». Імкнецца зрабіць беларускіх чытачоў без віны вінаватымі, каб ямчэй маніпуляваць?

Хацеў бы звярнуць увагу і на «пячатку» ў правым ніжнім куце апалагетычнай кнігі «Наш Чавес». Там напісана (па-руску): «Кніга задарма. Продаж гэтай кнігі з’яўляецца контррэвалюцыйным актам». Я аж спалохаўся – прадаваць намеру не меў, ды раптам кніга сапсуецца, як потым тлумачыць венесуэльскаму КДБ, што незнарок?.. Але потым падумаў: калі што якое, то нашы доблесныя спецслужбы абароняць ад «доўгіх рэвалюцыйных рук» з Каракаса.

Зусім збянтэжылі звесткі пра бітву пры Карабоба 1821 г., дзе нібыта «было разгромлена пераможнае войска Напалеона Банапарта». Ізноў жа, мяне вучылі, што пасля Ватэрлоа (1815 г.) Напалеон І ні ў якіх бітвах не ўдзельнічаў… Не кажучы пра тое, што да «каланіяльнага прыгнёту з боку Іспаніі», ад якога вызвалілася Венесуэла, Францыя мела дужа ўскоснае дачыненне: лацінаамерыканцаў прыгнятаў кароль Фердынанд VII, з якім Банапарт зусім не сябраваў… Ну, камусьці закарцела прыцягнуць за вушы «агульныя рысы» ў гісторыі беларусаў і венесуэльцаў: маўляў, і тыя, і другія гнілі ў адных акопах пакутавалі ад Напалеона.

Напэўна, у «чавізме» былі і ёсць здаровыя элементы, аднак, гледзячы на друкаваную прадукцыю пасольстваў Венесуэлы ў РБ і РФ, гэтага не скажаш. Ужо згадвалася, што ў лютым 2017 г. паўднёваамерыканскія агітатары пашыралі брашуры cямігадовай даўніны.

У ліпені 2006 г. кіраўнік Венесуэлы «падчапіў» першага прэзідэнта РБ, раўналетка, на чэгеварскую рамантыку іхняга юнацтва. Паміж імі адбыўся такі дыялог. У. Чавес: «Мы ў Гаване, калі сустрэнемся, падпішам афіцыйны дакумент аб стварэнні змяшанай камісіі. Я б хацеў, каб мы з табой такі дакумент стварылі, як ваенную дырэктыву – з чоткім вызначэннем адказных, графікаў, падкамісій… А ў канцы напішам: “Радзіма або смерць!”» А. Лукашэнка: «Згодзен!»

Так, у другой палове 2000-х гг., на фоне адноснай эканамічнай стабільнасці, Беларусь магла сабе дазволіць геапалітычныя эксперыменты – заваёўваць плацдарм у Лацінскай Амерыцы праз Венесуэлу і г. д. – але, здаецца, усё даўно атавізьмъ. Паводле «Еўрарадыё», к сярэдзіне 2010-х з распрацоўкай радовішчаў нафты, дый з тавараабаротам, меліся вялікія праблемы. Пры ўсёй павазе да «Баліварыянскай рэвалюцыі», лепей бы афіцыйная Беларусь 10 год таму гэтак жа імпэтна мацавала сяброўскія адносіны з суседнімі краінамі, а то і ў 2017-м адбывалася, между протчым, туруканне з Літвой («У вас засталося мала суверэнітэту!» – «Самі вы дурні!»). Суседзям, магчыма, бракуе лацінаамерыканскага тэмпераменту ды харызмы, якую цэніць «галоўны хакеіст», але ж прадказальнасць – яна даражэйшая.

Дзейкаюць, гісторыя не мае ўмоўнага ладу… І ўсё-такі: што замінала адкрыць бязвізавы ўезд для развітых краін свету не цяпер, а тады, у 2000-х? Баяліся варожага ўплыву на стэрыльна-чысты «цэнтр Еўропы»? Усё роўна ж цяпер ліхаманкава даводзіцца шукаць дадатковыя сродкі, «пераабуваючыся ў палёце». За студзень 2017 г. валавы ўнутраны прадукт Беларусі ўпаў на 0,5% (за 2016 г. – на 2,6%). Цешыцца няма з чаго; я і не цешуся. Заўважу толькі, што ва Украіне намячаецца рост ВУП, актывізуецца вытворчасць, так што на месцы калегі Прэйгермана я б не выказваўся гэтак катэгарычна: «Да саюза з Украінай у нас няма перадумоў».

Тут нядаўна намеснік з адміністрацыі (п)рэзідэнта не без гордасці адказваў на заклік дэпутаткі Ганны Канапацкай адмяніць «антыдармаедскі» дэкрэт 2015 г.: «На прадпрыемствах Беларусі запаволілася цякучасць кадраў, былі запоўнены многія незапатрабаваныя раней вакансіі». У перакладзе з бюракрацкай на чалавечую гэта значыць: цяпер наёмныя работнікі яшчэ больш баяцца запярэчыць начальству, ідуць, куды скажуць… Адпаведнай становіцца і прадукцыйнасць працы ў РБ.

Не ведаю, якія маніторынгі наконт «падтрымкі» дэкрэта № 3 прадстаўнікамі «рэальнага сектару» ладзілі ў адміністрацыі, дый ці ладзілі ўвогуле. Як па мне, то пра многае гаворыць масавае галасаванне (+319-2) на talks.by за камент чытача ад 06.02.2017: «Трэба з 8 да 17 адбыць на працы? Чалавек адбудзе гэты час. Іменна адбудзе, ну і, магчыма, адпрацуе тыя 200 рублёў, якія вы яму плаціце. А можа, і скрадзе на 300. Дачакаецеся, што ў маторы пачнуць пясок сыпаць, а піламі камяні рэзаць».

Многіх работнікаў дэмаралізуе і тое, што выхад на пенсію для іх адкладваецца згодна з панскім указам 2016 г. Да таго ж летась служкі таварыша Напалеона чыноўнічкі рабілі празрыстыя намёкі, што падвышэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі на тры гады – гэта толькі пачатак. Каму ахвота паўтараць лёс каня Баксёра з класічнай казкі-антыўтопіі Джорджа Оруэла?.. Мазахістаў/мазахістак у Беларусі хапае, але каб яны пераважалі – з гэтым, бадай, не згаджуся.

Тым часам асобным маладым паўсюль у нас дарога. Па-свойму бліскучую кар’ерку робіць Наталля Эйсмант, якая нядоўга працавала акцёркай у музычным тэатры, потым гадоў восем вяла перадачы на БТ… У канцы 2014 г. яе прызначылі прэс-сакратаркай Лукашэнкі, і во ў пачатку 2017 г. паўнамоцтвы істотна пашыраюцца; калі верыць указу № 40, то Наталля будзе не толькі «языком», а і «вачыма» ды «вушамі» Рыгоравіча. Прывабная 33-гадовая дама ўвойдзе, умоўна, у сямёрку самых уплывовых дзяржаўных службоўцаў, хоць дагэтуль наўрад ці трапляла ў дваццатку.

Місія «прахадной пешкі» – тлумачэнне і прапаганда асноўных кірункаў унутранай і знешняй палітыкі… Не, хутчэй, прапаганда – на першым месцы; нездарма ж адна з асноўных задач чыноўніцы фармулюецца так: «фармаванне праз СМІ грамадскай думкі пра дзейнасць прэзідэнта».

Сумняюся, што ў акадэміі мастацтваў і на тэлебачанні давалі глыбокія веды ў сферы ўнутранай і знешняй палітыкі, дый менеджменту («каардынацыя дзейнасці буйных дзяржаўных СМІ»). Калі Н. Э. сапраўды «чалавек адказны», то лепей бы ёй элегантна адмовіцца ад новых паўнамоцтваў, а мо ад працы ў адміністрацыі ўвогуле… Кепска выйшла ў Наталлі нават арганізацыя «Вялікай Размовы з Прэзідэнтам» 03.02.2017; ну, якую «аналітычную і іншую інфармацыю пра дзейнасць дзяржаўных органаў» яна зможа рыхтаваць? Прэс-сакратары Ельцына і Пуціна, як бы да іх ні ставіцца, былі дыпламатамі, спецыяльна абучанымі людзьмі; адна з папярэдніц Эйсмант – кандыдаткай юрыдычных навук (Пяткевіч).

Калі абстрагавацца ад канспіралагічнай версіі, паводле якой Наталлю ўзвышаюць, каб потым рэзка скінуць, і ад непазбежных думак «пра гэта», то сэнс указа чытаецца так. Па-першае, экс-супрацоўніца БТ умее маляваць начальству прыгожыя карцінкі так, што апошняе верыць, што і народ у іх верыць (піяр, яшчэ больш піяру і лалітыкі, з Колем ці без…) На фоне працяглага крызісу, калі маршы ў Мінску і абласных цэнтрах супраць «падатку на дармаедства» прадвяшчаюць перамены, так хочацца адгарадзіцца ад праМблем! Па-другое, недалёкасць падначаленай часам бывае перавагай, гл. «феномен Псакі»: «З дапамогай некампетэнтнай Дж. Псакі дзяржаўны дэпартамент ЗША выйграваў час для поўнага аналізу той ці іншай сітуацыі… яны прапаноўвалі свету слухаць Псакі, словы якой усур’ёз не ўспрымаліся».

На жаль, у доўгатэрміновым перыядзе і густы піяр, і праявы недакампетэнтнасці гуляюць «на паніжэнне» краіны. А можа, насамрэч усё не так, як на самай справе, і першай асобе проста маркотна? У такім разе не дапамогуць ні прэс-сакратары, ні аналітыкі: лепей наняць блазна. Мяркую, Яўген Крыжаноўскі, які ведае звыш 1000 показак, не адмовіўся б пайсці на такую пасаду. Ці кандыдат філасофскіх навук Уладзімір Падгол – чым ён тут не блазен са сваёй «анексией» [sic]?

Ад сябе рэкамендую пацыенту патэнцыйнаму кліенту пачытаць зборнікі кандыдата гістарычных навук Льва Раманавіча Казлова: «Большой музей остроумия» (Мінск: АРТИ-ФЕКС, 1999), «З дазволу караля і вялікага князя» (Мінск: Галіяфы, 2016). Смешна й павучальна; хіба ў наступных серыях нешта працытуем.

І па-добраму пра міністра МУС Украіны. Яго можна і трэба ганіць за нераскрытыя забойствы Алеся Бузіны, Паўла Шарамета, за смяротную перастрэлку падначаленых у Княжычах, многае іншае, але ў гісторыі з Аляксандрам Лапшыным ён павёў сябе годна: адмовіў афіцыйнаму Азербайджану ў выдачы. Ды потым Лапшын апынуўся ў Абсурдыстане, дзе адзін міністр («унутраных спраў») не ўмее адрозніваць мух ад катлет, аліеўскія «хацелкі» ад запыту Інтэрпола… А іншы міністр («культуры») лічыць, што сваёй пастановай здольны вызначыць, якая суполка творчая, якая не. Чаво, СБП, заснаваны ў 1934 г., куды ўваходзяць усе самыя вядомыя пісьменнікі краіны? Не, куды яму да саюзa журналістаў!

* * *

Сёння атрымаў пісульку з мінінфармацыі, дзе А. Карлюкевіч (паказаны ў мінулай серыі) фактычна пацвердзіў наяўнасць цэнзуры на Мінскай кніжнай выставе: «Мелі месца спробы асобных экспанентаў выставіць у першы дзень на паліцы кнігі няпэўнага зместу, якія былі адразу спынены арганізатарамі выставы». Тое, што «пад раздачу» трапілі творы А. Бузіны, намеснік міністра не прызнаў, але і не абверг. Свежае слова ў юрыспрудэнцыі: «кнігі няпэўнага зместу»…

Вольф Рубінчык, г. Мінск

21.02.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 21.02.2017  23:59

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (42)

Усім шалому з алэйхемам! Зласлівасць ды ідыятызм крочаць па Расіі, даючы метастазы ў заканадаўчых органах. Не паспеў сціхнуць скандал з Пятром Т., як вылез яшчэ адзін «прыгажун», дэпутат Віталь М. (у 1990-х памочнік разважлівай даследчыцы-палітыкіні Галіны Старавойтавай, якая заўжды агітавала за мірнае вырашэнне міжэтнічных канфліктаў; на жаль, сваё атачэнне пераканаць не здолела). М. выказаўся ў тым сэнсе, што актывісты (для ілюстрацыі выбраў акурат яўрэяў Барыса Вішнеўскага і Максіма Рэзніка), якія выступаюць супраць перадачы Ісакіеўскага сабора праваслаўнай царкве, – нашчадкі тых, хто варыў у катлах і аддаваў на ежу звярам першых хрысціян, etc. Потым, як і Т., прынёс прабачэнне, ухілістае і непераканаўчае.

У 2004 г., паназіраўшы за тым, як разгортваўся суд па справе «Обозревателя» (раённы суддзя пастанавіў, што гэтая мінская газета не абразіла дэпутата Валерыя Фралова, беспадстаўна запісаўшы яго ў антысеміты; здаецца, Фралоў, цяпер ужо нябожчык, не аспрэчыў рашэнне ў вышэйшых інстанцыях), я пакпіў у артыкуле для амерыканскага выдання: маўляў, быць антысемітам у Беларусі не ганебна. І меў падставы: на пачатку 2000-х нямала такога дабра, як Віталь М., сядзела сярод «лепшых людзей краіны». Найчасцей выступаў Сяргей К. з палаты прадстаўнікоў, чаго вартыя яго словы 2002 г.: «у нас славянская страна, а не еврейская и жидомасонская. Америка полностью сионо-фашистское государство, теперь это надо сделать с Беларусью?.. Поэтому плевал я на все эти синагоги…».

Аднак трэба прызнаць, што шчырых юдафобаў хітруны з адміністрацыі прэзідэнта паступова павыціскалі з першых пазіцый, пазамянялі на «пластылін», людзей, гатовых сябраваць хоць з Ізраілем, хоць з Іранам, хоць з Суданам, абы грошы капалі. У Расіі ж, выглядае, тэндэнцыя процілеглая… Напэўна, у ліпені 2016 г. пераацаніў я памяркоўнасць расійцаў, калі пісаў пра «нястрашную Маскву». У 2017 г. нешта мнагавата сярод іх прыхільнікаў Сталіна, Івана Жахлівага, увогуле такіх, што кладуцца ў характарыстыку Леаніда Філатава з казкі пра Фядота-стральца: «Может, он и безопасный, но пущай за ним следят!». Калі верыць Аляксею Навальнаму – а ў гэтым выпадку яму няма прычын не верыць – то і хлуслівая лалітыка на ўсходзе квітнее.

Расійцам расійскае, а мне тут дагэтуль брыдка ад паводзін калісьці рэспектабельнай «Нашай Нівы» на фоне міжнароднага кніжнага кірмашу. Газетчыкі ўбачылі кнігі са «страшнымі» назвамі («Шырока прадстаўленыя кнігі ўжо нябожчыка Алеся Бузіны – «Вурдалак Тарас Шаўчэнка», «Саюз плуга і трызуба: як прыдумалі Украіну». Назвы гавораць самі за сябе»), прычапілі ім цэтлік «антыўкраінская літаратура», паскардзіліся… Гледзячы па ўсім, на наступны дзень, 09.02.2017, арганізатары кірмашу націснулі на прадаўцоў, каб тыя знялі «кніжкі сумнеўнага зместу», бо, маўляў, «у Беларусі ёсць спіс экстрэмісцкай літаратуры, забароненай» (якім бокам ён, напрыклад, да твораў Бузіны?) Аўтары «НН» яшчэ і пахваліліся, што пасля іх публікацыі кнігі прыбралі са стэндаў.

   

«Экстрэмісцкія» кнігі А. Бузіны (19692015). Забойцы аўтара дагэтуль не знойдзены.

У заметцы для ўкраінскага сайта я «па гарачых слядах» адзначыў, што ў Беларусі прыярытэт усё ж павінна мець Канстытуцыя, дзе ў арт. 33 сказана ясна: «Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца». Абзываць тое, што не падабаецца, «антылітаратурай», цешыцца з пазасудовай забароны – прамы шлях у 1937-ы, або, прынамсі, у 1958-ы, калі Пастарнака не чыталі, але асуджалі. Трэба сказаць, што ў апошнія дні выставы здаровыя глузды, здаецца, перамаглі, творы Бузіны вольна прадаваліся… Праўда, 12.02.2017 я не знайшоў яго кніг на «Белэкспа»; не падказала, дзе іх знайсці, і Іна Ч., намесніца гендырэктара фірмы-арганізатаркі, якая ўзяла 3 р. 50 к. за зборнік показак ад Крыжаноўскага.

Зразумела, «НН», дзе адны адчуваюць сябе на інфармацыйнай вайне, а другія імі маніпулююць, не змяніла сваёй пазіцыі, і ўжо праз дзень зноў стала ў позу «грамадскага абвінаваўцы»: «Антыбеларускім аўтарам “Рэгнума” выстаўлена мякчэйшае абвінавачанне». Нагадаю, Алімкін, Паўлавец, Шыптэнка сядзяць за свае публікацыі трэці месяц; суда, які прызнаў бы іх вінаватымі ў распальванні і г. д., не было. Некаторыя альтэрнатыўна адораныя «патрыёты» самасцвярджаліся за кошт вязняў у снежні 2016 г.; відаць, і ў лютым 2017 г. няма спакою ***банутым. Сітуацыя ўскладняецца тым, што амаль ніхто не ведае, якія менавіта публікацыі ставяцца ў віну кожнаму з падазраваных, але, напрыклад, артыкул эканаміста Сяргея Шыптэнкі ад 02.11.2016 змяшчаў тэзісы, у якіх нямала слушнага (перакладу з рускай):

Цягам 25 год незалежнасці ў Беларусі папросту праядалі савецкую спадчыну, пачынаючы з прамысловасці і сельскай гаспадаркі, канчаючы медыцынай і адукацыяй. Сёння настаў момант, калі ўжо немагчыма схаваць фатальнае адрахленне беларускай прамысловасці… Вядомыя ва ўсіх краінах былога СССР маркі тэлевізараў, грузавых аўтамабіляў, матацыклаў, веласіпедаў і іншых вырабаў, якія, здавалася б, лёгка можна было ператварыць у абноўленыя брэнды запатрабаваных сучасных тавараў, бясслаўна зыходзяць у мінулае.

Я не адвакат грамадзяніна Шыптэнкі, дый далёка не з усімі яго выказваннямі згодны (не думаю, што варта паглыбляць саюз з Расіяй дзеля «ўз’яднання штучна падзеленага народа» – хутчэй патрэбен хаўрус Беларусі з Літвой і Украінай), але адчуў у аналітыка боль за беларускую прамысловасць, за краіну ўвогуле… Дакажыце, што гэтага ў яго тэксце няма, «незалежнікі», ахвочыя да бюджэтных датацый.

Катэгарычна сцвярджаць, што А., П. і Ш. ні ў чым не вінаватыя, я на сёння не маю права, аднак вельмі верагодна, што іх справа высмактана з пальца. А што, калі «рэгнумаўцаў» апраўдаюць па ўсіх пунктах, і нехта з іх у сваю чаргу падасць у суд на зласціўцаў, якія віртуальна «білі нагамі» ляжачых вязняў? Так, «антыбеларускі аўтар» – дэ-юрэ, можа, і не абраза, але замах на дзелавую рэпутацыю, кажу як былы выкладчык курсу «Асновы права».

Перастаў пісаць у «Нашу Ніву» ў 2007 г., але яшчэ гадоў сем таму ў вольны час падказваў, як пазбегнуць непрыемнасцей. Пару разоў рэдакцыя прыслухоўвалася і мяняла зусім ужо скандальныя загалоўкі, за якія яе элементарна маглі прыцягнуць да адказнасці (у адным выпадку – БРСМ, у другім – не-помню-хто). Больш раіць гэтым людзям нічога не стану; хочацца камусьці быць «вершнікамі без галавы» – на здароўе.

Праблема яшчэ ў тым, што адна з канстант беларускага жыцця – мазахізм, які ў побыце выражаецца формуламі «чым горш, тым лепш», «мышы плакалі, калоліся, але працягвалі жэрці кактус». Хто слухаў гурт «Аліса», успомніць і трапнае: «Моё поколение чувствует боль, но снова ставит себя под плеть». Ад спаткання Сярэдзіча з Лукашэнкам, згаданага ў мінулай серыі, акурат мазахізмам і патыхае; не кажу нават пра асобныя ўчынкі нобелеўскай лаўрэаткі. З апошніх забаўных казусаў – абяцанка зноў запрасіць у свой інтэлектуальны клуб «філосафа» М., які ў снежні і студзені дэманстратыўна сыходзіў.

Пашыранасць з’явы і яе аднаўляльнасць, напэўна, звязана з наяўнасцю ў сем’ях мноства «хатніх тыранаў», асабліва п’яніц, і сузалежных ад іх партнёраў. Мяркую, аналагічная песня ў Расіі (дзе, кажуць, зроблены рашучыя захады па легалізацыі сямейнага гвалту), і нездарма ж Алесь Бузіна пісаў, што «Расія – гэта краіна садамазахізму». Калі заглыбіцца ў этымалогію, то граф Захер-Мазох – ён родам з Усходняй Еўропы, са Львова… Ды мне бліжэй тое, што адбываецца ў краіне Тутэйшыі.

Лішне казаць, што ахвяра мазахізму, якая імкнецца вылезці з яго цянётаў, часцяком кідаецца ў садызм. Ці не тут крыніца паводзін хлопца з сякерай і бензапілой, якога вось-вось асудзяць у Мінску? Паводле маіх суб’ектыўных уражанняў, нармальныя чалавечыя адносіны, пабудаваныя на эмпатыі, даверы, узаемапавазе, сустракаюцца ўсё радзей. Гэта, дарэчы, адна з прычын, чаму ў мяне знікла ахвота займацца грамадскай дзейнасцю: інтарэсанты ў Беларусі або займаліся самапрыніжэннем («разжуй нам усё і вядзі, а мы мала што разумеем»), або імкнуліся падпарадкаваць і прынізіць («прыйдзі-папрацуй, а навошта – не твая справа»).

Не бяруся казаць, што ўсе ўдзельніцы скандальнага чэмпіянату свету сярод жанчын у Іране (пачаўся 10.02.2017) паехалі туды праз мазахісцкія схільнасці – заўсёды хапала і цалкам цынічных дам, якім абы грошы – аднак доля віктымнасці ў тых, хто згадзіўся гуляць у шахматы ў хіджабах, безумоўна, прысутнічае. Наколькі ведаю, толькі амерыканка Назі Паікідзэ і ўкраінка Марыя Музычук (экс-чэмпіёнка свету) рашуча адмовіліся выступаць у хустах мусульманскага стылю, а дзясяткі шахматыстак з усіх кантынентаў плюс суддзя з Беларусі паддаліся на прынаду. Калі б гэта было таварыскае спаборніцтва – справа іншая, асабістая, а тут жа афіцыйны чэмпіянат пад эгідай сусветнай федэрацыі, якая быццам бы «адпрэчвае дыскрымінацыю па нацыянальных, палітычных, расавых, сацыяльных або рэлігійных прычынах»… 17 тыс. подпісаў пад пратэстам не змусілі ФІДЭ адмовіцца ад ганебнай імпрэзы.

М. Музычук (злева) і чэмпіёнка ЗША Н. Паікідзэ-Барнс.

У шахматы даўно вырашыў гуляць толькі як аматар, і сёлета яшчэ раз пераканаўся ў слушнасці свайго шляху: сёння прымушаюць жанчын закрываць валасы ў турнірнай зале (не ў мячэці!), заўтра прапануюць мужчынам замацаваць у носе кальцо, бо ў якой-небудзь афрыканскай краіне так прынята… Нават таталітарны Савецкі Саюз у 1930-х гадах, ладзячы міжнародныя турніры за свае грошы, не патрабаваў ад замежнікаў, каб яны надзявалі ў час гульні будзёнаўкі або махалі сцяжкамі з сярпом і молатам.

* * *

Апошнія два месяцы ў адміністрацыі Лукашэнкі спрэс перастаноўкі: замянілі медыка Косінца на інжынерку-вадаправодчыцу Качанаву, першым яе намеснікам паставілі Рыжанкова-малодшага, каторы ў канцы 1990-х служыў у пасольстве Беларусі ў Ізраілі, аднак мала чым запомніўся, зволілі намесніка Бузоўскага («мудры эксперт» Раман Я. за пару дзён да звальнення Б. прадказваў рост палітычнай вагі «маладога ідэолага рэжыму»…) Усё гэта cамо па сабе мяне турбуе; ліхаманкавыя, cупярэчлівыя крокі ўрадоўцаў – 11.02.2017 спярша абвясцілі пра высылку з Беларусі ўкраінскага літаратара Сяргея Жадана, праз некалькі гадзін скасавалі сваё рашэнне – пацвярджаюць, што давяраць «новым тварам» няма падстаў. Адбываецца соўганне напарсткамі перад вачыма наіўных, якія і на 23-м годзе кіравання вераць у «добрых чыноўнікаў»… Хіба для таго кіраўнікам адміністрацыі і «дэкрэт № 3», каб паказаць сваю «дабрыню» – узяць спраўкі ды вызваліць бедакоў ад збору на «дармаедства»?! (Амаль паводле Някрасава: «И – недоимку дарю!..»)

Злева направа: Р. Барадулін, Г. Рэлес, А. Карлюкевіч.

Тым не менш пабуду на хвілю наіўным і я. У снежні 2016 г. хваля вынесла наверх краязнаўцу, літаратара Алеся Карлюкевіча, экс-рэдактара «Чырвонай змены» і «Звязды» – ён стаў намеснікам міністра інфармацыі. У 2003 г. Рыгор Барадулін, светлая яму памяць, нахвальваў мне Карлюкевіча. Зважаючы на яго ранейшыя публікацыі, А. К. мае пэўны сантымент да яўрэйскага пісьменства (браў інтэрв’ю ў Гірша Рэлеса) і моваў. Не пацярпела б дзяржава сінявокая, калі б пры падтрымцы міністэрства ў ёй выйшаў, напрыклад, зборнік ідышных вершаў аўтарства кагосьці з ураджэнцаў Беларусі, таго ж Фелікса Баторына, які ў інтэрв’ю А. К. чамусь ператварыўся ў іўрытамоўнага паэта. Паведамляюць, што «ідыш вяртаецца ва Украіну», а мінкультуры колькі год таму падтрымала выхад вялікага ідыш-украінскага слоўніка. Чым Беларусь горшая? 🙂

Вольф Рубінчык, г. Мінск

17.02.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 17.02.2017  22:39

 

Рубiнчык. Катлеты & Мухi (40)

(Перевод на русский ниже)

Шалом.by, don’t worry, be happy! Меркаваў адправіць «Вялікую сустрэчу» ад 3 лютага г. г. у ігнор – мне ж не плацілі за яе асвятленне, і я не з тых увішных журналістаў, якія высмоктваюць з адной шараговай падзеі па дзясятку матэрыялаў. Але інфармацыйныя хвалі данеслі згадкі пра яўрэяў, судовую сістэму, таму крыху і зацікавіўся. Дый «сем гадзін харызмы» заслугоўваюць-такі сямі… не артыкулаў, дык абзацаў.

Па-першае, якой бы «адкрытай і чэснай» ні была размова з публікай, няможна зацягваць яе на 7 гадзін 20 мінут. Гэта парушэнне як агульнапрынятых санітарных норм, так і Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а менавіта арт. 134: «Работнікам выдзяляецца на працягу працоўнага дня перапынак для адпачынку і харчавання даўжынёй не менш за 20 мінут і не больш за дзве гадзіны, які выкарыстоўваецца работнікам паводле яго меркавання». Фактычна журналістам і прэс-службе навязалі цэлы працоўны дзень без перапынку: à la guerre comme à la guerre, аднак іх «мабілізавалі» ў мірны час, у мірнай, здавалася б, краіне.

Карыкатура паводле demotos.ru

Па-другое, навошта было клікаць гасцей на сустрэчу, калі многія з іх апрыёры былі пазбаўлены права задаць пытанні – напрыклад, пра тое, чаму не праведзены рэферэндум наконт будоўлі АЭС пад Астраўцом? Не, паліттэхналагічную задумку я разумею: камусьці трэба, каб нехта лішні раз самасцвярдзіўся за кошт і на фоне «журналістаў беларускіх і замежных мас-медыя, экспертаў… прадстаўнікоў партый, грамадскіх аб’яднанняў…» А заадно ўнесці разлад у стан альтэрнатыўных сіл: «“Пятай калоны” тут няма… Тут ёсць людзі, якія мысляць апазіцыйна, не галасавалі за прэзідэнта, але гэта людзі, якія любяць сваю краіну». Цябе не запрасілі да Лукашэнкі, як Р-ка, экс-намесніка старшыні АГП, і П-ца, зіцрэдактара «першай беларускай газеты з рысункамі»? Ага, напэўна, ты кандыдат у «пятую калону», і родную краіну не любіш… З іншага боку, народ з пачатку 2010-х рэзка паразумнеў і на такія дзяшовыя трукі ў масе ўжо не вядзецца: занадта прымітыўны «падзел і панаванне».

Па-трэцяе, больш-менш нязручныя пытанні (пра «дармаедаў», зніклых Ганчара, Захаранку, Красоўскага) задавалі гэтым разам лукашэнкаўскія «шасцёркі». Тут мы назіраем адносна новую тактыку нейтралізацыі апанентаў у Беларусі – перахапіць іхнія «козыры», зрабіць выгляд, што і ў рамках сістэмы буяе плюралізьмъ. Насамрэч-та «смелыя» пытанні – блізу тое самае, што антысавецкія анекдоты, якімі грузіў кадэбіст падследнага Сусленскага ў 1970-х гг. Цытую па кнізе Я. Сусленскага «Перо мое – враг мой» (1999): «Не пойдзеце ж вы даносіць на мяне. І куды? У КДБ? Тут усе ведаюць гэтыя анекдоты і яшчэ мацнейшыя. У нашай адданасці савецкай уладзе ніхто не сумняваецца».

Па-чацвёртае, галоўны персанаж за «круглым сталом» агучыў тры пасланні: 1) усё ў яго схоплена «пад кантролем»; 2) калі што не так, вінаваты іншыя; 3) яго ўжо не пераробіш. У прынцыпе, тое, што гэтыя пасланні ў той ці іншай форме прагучаць, ясна было задоўга да сустрэчы, таму я і не бачыў у ёй вялікага сэнсу, і адмовіўся б прыйсці, нават калі б запрасілі. Аднойчы (у кастрычніку 2008 г.) слухаў Лукашэнку-старэйшага на «Яме», хапіла з каптуром.

Па-пятае, высветлілася, што нацыянальную ідэю «наверсе» сфармуляваць не ўмеюць (штатныя ідэолагі з 2003 г. дарэмна елі свой хлеб), а «беларуская мара», як яна бачыцца вышэйшым чыноўнікам, даволі прымітыўная: «Я быў бы рад, калі б у беларуса заўсёды ў кішэні былі грошы, каб ён мог задаволіць свае патрэбы. Што тычыць дзяржавы, я б вельмі хацеў, каб мая дзяржава, мая краіна… была ціхай, спакойнай і вельмі зручнай для жыцця людзей». Нешта накшталт дзіцячага садка ці «дысцыплінарнага санаторыя» для прыхільнікаў «чаркі, шкваркі, іншамаркі»… Або, магчыма, утульнага дома састарэлых.

Па-шостае (што вынікае з пятага), ніхто ў бліжэйшы час не будзе тут адмаўляцца ад лалітыкі, маніпулявання свядомасцю дарослых грамадзян у імя абстрактных дзяцей. Таварыш і сам сябе ў 38 гадоў, высвятляецца, лічыў «дзіцём». Пару цытат ад паслядоўніка Астапа Бендэра з яго прамовай перад «Саюзам мяча і арала»: «Было прынятае рашэнне: праграмы змяніць, а таксама прымусіць настаўніка працаваць у школе… Сёння даўбень жэніцца, ён жа не тое што карову ад казы не можа адрозніць, ён малаток ад сякеры не можа адрозніць». «Я хачу, каб мае дзеці, а іх мільёны, умелі трымаць клюшку, бегаць на каньках і катацца на лыжах хаця б з маленькай горкі». «Рабяты, хопіць дурэць» (рэпліка на адрас рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій).

Па-сёмае, яўрэі ў элітах замежных дзяржаў па-ранейшаму не даюць спакою выхадцу з усходнебеларускай вёскі: «Трамп што, таксама кепскі?.. Не такі ён дурны, як некаторыя думаюць!.. Там жа [вакол яго] многа разумных людзей! 80 працэнтаў яўрэяў, і не скажаш, што гэта дурныя людзі. Нацыя далёка не дурная!» І не прычэпішся, і адразу не сцяміш: або спадар зайздросціць, або выкрывае сіянісцкі ўплыў у духу дасведчанага лектара таварыства «Веды».

Лейтматыў – або нават рэзюмэ – усёй імпрэзы? «Злая куля, вучы мяне жыць… Агітатар, вучы мяне думаць» (С). Можна прагназаваць, што з такім начальнікам на чале Беларусь па-ранейшаму будзе матляхацца паміж Захадам і Усходам, не знаходзячы сябе ў працэсе «мяккай беларусізацыі», слухаючы то МВФ, то расійскіх мудрацоў, абы сваіх не гадаваць… Прадоўжыцца гульня ў «добрага цара» і «кепскіх баяр», у «незалежны» суд, якi на кожным кроку сутыкаецца з заявамі тыпу: «Я ж вам даручыў – аддайце яго [Лапшына] па закону… Паводле ўсіх пагадненняў мы яго павінны перадаць Азербайджану. Ну вось там кажуцьабскардзіў” і іншае, я ўпэўнены, што суд усё адно падтрымае наша рашэнне» (о, вядома, ніякага ціску!)

Аляксандру Лапшыну не пазайздросціш – ён-такі зрабіўся прадметам гандлю для аматара «сусветнай справядлівасці»: «Таму што трэба быць сумленным – ёсць у вышуку чалавек, мы яго затрымалі, мы павінны аддаць. Але, улічваючы тое, што там не такое ўжо страшнае злачынства – я б думаў». З намёкаў на «няясную» пазіцыю Ізраіля («Ізраільцяне яго хочуць забраць? Быццам бы не») і на тое, што, «калі Ізраіль захоча – у гэтага чалавека з галавы ніводзін волас не ўпадзе» я зразумеў, што шансы на станоўчае рашэнне Вярхоўнага суда РБ яшчэ ёсць. Адчуваецца, што яны б істотна падвысіліся, калі б ізраільскія «аматары лапшы» замест Эліэзера Фішмана перавялі колькі дзясяткаў мільёнаў на рахункі «чэсных» беларускіх кампаній… Мільёнаў чаго? Як у Аверчанкі, няважна чаго, абы скарэй; тады забудзецца вышук блогера праз Інтэрпол, якога (вышуку), можа, і не існавала ў прыродзе.

Увогуле, затрымліваць турыстаў за нейкія іх даўнія правапарушэнні, якія не нясуць рэальнай пагрозы Беларусі, – усё адно што патрабаваць ад укладчыка ў банку даведкі аб тым, што ён сумленна зарабіў прынесеныя грошы. Калі Лапшына так не жадалі бачыць у «сінявокай», не трэба яго было пушчаць праз мяжу (нагадаю, Аляксандр уехаў да нас з Літвы 14.12.2016; не мінула і сутак, як ён быў затрыманы ў мінскай гасцініцы і адпраўлены ў СІЗА на вул. Валадарскага, дзе сядзіць дагэтуль).

I ўсё ж аптымістам быць хочацца, аж карціць… Суддзяў у Беларусі прызначае прэзідэнт (сам гулец, сам рэвізор), і дзейнічаюць яны адпаведна, аднак часам абсурд сітуацыі настолькі відавочны, што закрываюцца нават палітызаваныя справы. З нядаўніх цікавостак – «казус Губарэвіча». Юрась Г. 9 снежня 2016 г. чытаў вершы Максіма Багдановіча перад помнікам паэту ў кумпаніі іншых актывістаў. Іх затрымалі са складаннем пратаколаў, і многія (у т. л. сам аматар паэзіі) меркавалі, што прыйдзецца заплаціць чарговы штраф, але ж не… 28 снежня, пасля двух дзён «разбору палётаў», суддзя Вікторыя Шабуня вызваліла мінчаніна ад адказнасці, а ён падкрэсліў, што «ў Беларусі скрайне нізкі працэнт апраўдальных рашэнняў суда».

Гэта праўда, што ў пачатку 2010-х доля апраўдальных прысудаў у Беларусі складала 0,33%, а цяпер яна яшчэ знізілася (апраўдваюць толькі кожнага пяцісотага!). Праца адваката ў крымінальных справах фактычна абясцэнена. Але мудрыя голавы ў Ізраілі маглі б прыдумаць «абмен» Лапшына… на што-небудзь або каго-небудзь. Цікава, ці даўмеліся яны ціснуць на тое, што беларускія ўлады самі не без грахоў, калі ідзецца пра строгае выкананне прававых норм? Я пра выбар ганаровым консулам Беларусі ў Ізраілі Габрыэля (Габі) Магнезі, будаўніка з сумнеўнай рэпутацыяй. 29 лістапада 2016 г. яму ўрачыста выдалі консульскі патэнт, і без Софы Ландвер на пярэднім плане не абышлося… Пасол Беларусі не паглядзеў, што ў снежні 2015 г. Габі Магнезі затрымліваўся па падазрэнні ў махлярстве і подкупе муніцыпальных службоўцаў.. з мэтай атрымання будаўнічых падрадаў. У сакавіку 2016 г. ізраільская паліцыя арыштавала яго банкаўскія рахункі і маёмасць. Напэўна, больш важкім для дыпламатаў з’яўлялася тое, што бізнэсовец разам з Анатолем Моткіным падкінуў нейкія грошы на памятны знак Янку Купалу ў Ашдодзе (адкрыты 29.12.2015).

Магнезі (злева) і пасол Беларусі ў Ізраілі Скварцоў. Фота з vitebskcity.info

Па стане на 5 лютага 2017 г. на сайце пасольства РБ у Ізраілі (раздзел «Ганаровыя консулы») прозвішча Магнезі няма, ёсць толькі Моткін, што як бы намякае на прызнанне урадам Беларусі сваёй памылкі. 21.12.2016 прэс-служба паліцыі Ізраіля паведамляла, што доказаў для абвінавачання бізнэсоўца і яго браціі дастаткова. Схема «сваім – усё, чужым – закон» можа спрацаваць як бумеранг, і чыноўнікам розных рангаў варта часцей пра гэта нагадваць. А то Данкверт, Данкверт

* * *

Пасля выхаду мінулай серыі «Катлет…» сёй-той палічыў, што не варта было мне крытыкаваць афіцыйны ролік Нацыянальнага агенцтва па турызму: «Спярша дабіцеся» і г. д. Ну, для пачатку, заказ (як і недароблены «афіцыйны турыстычны партал Беларусі») быў выкананы за дзяржаўны кошт, выстаўлены на ўсеагульны прагляд, і крытыкаваць мае права кожны тутэйшы. Да таго ж мяркую, што сёе-тое зрабіў для развіцця падарожжаў па Беларусі, мо нават болей, чым некаторыя чыноўнічкі. І нарэшце, ёсць жа істотна лепшыя працы для турыстаў – хаця б аналагічны паводле задумы ролік Дзмітрыя Ласько «На дроне па Беларусі»… Падабаюцца і польскамоўны крэатыў «20 фактаў пра Беларусь» (на пяць з мінусам), і здымкі прыроды ад студыі «Аves».

Праўду кажучы, завабліваць на пяць дзён у Беларусь лепей бы не толькі і не столькі ролікамі, а нiзкiмі цэнамі на жытло. Заможныя асобы да нас ездзяць рэдка, і кошты ў гасцініцах у спалучэнні з ненавязлівым сэрвісам іх не заўжды задавальняюць. Хостэлаў жа ў Мінску мала, асабліва калі параўноўваць з Кіевам, Піцерам, Масквой… Былі б радыкальныя падатковыя паслабленні для гаспадароў хостэлаў (на рад гадоў) – павялічылася б колькасць, упалі б цэны, завіталі б з-за мяжы новыя госці. Але ўрад слаба зацікаўлены стымуляваць дробны бізнэс, будуючы доўгатэрміновыя планы: большасць у міністэрыях дрыжыць за свае фатэлі. Як той казаў, «ільготамі забяспечваць будзем толькі тое, што заўтра дасць вынік». Заўтра, Карлы! Успамінаецца показка: «Мы садзім бульбу 15 чэрвеня, а збіраем ураджай 16 чэрвеня» – «Чаму так рана?» – «Очань кушаць хочацца!».

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

05.02.2017

Кароткі змест папярэдніх дзесяці серый:

№ 39 (29.01.2017). Пра ксенафобію ў свеце, Расіі і Беларусі. Загадкавае інтэрв’ю П. Якубовіча з Ш. Перэсам (2007 г.). Спробы маладога ідэолага абвінаваціць яўрэяў у падтрымцы нацысцкіх калабарантаў. Рэакцыя чытачоў на артыкул А. Шрайбмана і арышт А. Лапшына. Папулярнасць ідэі “Балта-Чарнаморскага калектара”. Намёкі на датычнасць А. Кучара да забойства Янкі Купалы, іх бяздоказнасць. Праблемы навуковай сферы, параўнанне навукаёмістасці ВУП у Беларусі і Ізраілі. Навука як апора ідэалогіі. Другое пасяджэнне клуба С. Алексіевіч (з С. Бялкоўскім). Памылка газеты “Голас Радзімы” і канферэнцыя, прысвечаная М. Багдановічу. Як акадэміка Жэбрака перарабілі ў “Жабрака”. Ролікі Нацыянальнага агенцтва па турызму, іх слабыя бакі.

№ 38 (22.01.2017). Думкі пра інаўгурацыю Д. Трампа. Магчымыя праблемы для беларусаў і ізраільцаў. Прапановы стварыць федэрацыю Беларусі, Украіны і Літвы, выбраць у якасці афіцыйнай мовы англійскую, рускую, эсперанта або ідыш, назваць федэрацыю “Вялікім княствам” і г. д. Сітуацыя А. Лапшына. Ацэнка рашэння пра бязвізавы рэжым на 5 дзён з 80 краінамі. Няўдалая перапіска з В. Дарожка. Прапанова падправіць знак на вул. Прытыцкага, думкі пра перайменаванне вуліц у Беларусі і Украіне.

№ 37 (14.01.2017). Празмерная рэакцыя, абстрэл міліцыянтам жыхара Мінска 1 студзеня. Знерваванасць жыхароў Беларусі. Перайманне яўрэямі чужых ідэй. Крытычны погляд на інтэрв’ю віцэ-прэзідэнта Расійскага ПЭН-цэнтра А. Гарадніцкага. Рэакцыя на авіякатастрофу ў Расіі 25.12.2016 Я. Шыфрына і П. Шэхтмана, амаральная зласлівасць некаторых жыхароў Украіны. Цынізм “Шарлі Эбдо” і празмерны адказ расійскіх афіцыйных асоб. Арышт у Мінску чатырох блогераў, абарона іх замежнікамі. Неадэкватнае пакаранне жыхаркі Гродна за ўяўны распаўсюд парнаграфіі. Прага цэнзуры ва Украіне, закрыццё канала “Дождж” і інш. Зварот Г. Канапацкай супраць “антыдармаедскага” дэкрэта. Золатавалютныя рэзервы і аптымізм беларусаў. Забаўная рэклама цукру. М. Шаляговіч і яго згадкі пра ідыш у ваколіцах Кёнігсберга.

№ 36 (19.12.2016). Гадавіна “прэзідэнцкіх выбараў” 2010 г. Няясная ідэя “мірных пратэстаў” 19.12.2010. Беларусь як “жандар” (арышты Э. Зельцара, У. Баўмгертнера, А. Лапшына і інш.). Як Захад не пажадаў стаць на шляху спаўзання РБ у аўтарытарызм. Робленае здзіўленне заходніх палітыкаў у адказ на рэпрэсіі. Ідэя агульнай альтэрнатыўнай партыі ў Беларусі – “саюз дробнай буржуазіі з рабочым класам”. Кароткія ўспаміны пра П. Шарамета. Хамства міністра на адрас М. Статкевіча. Спадзеў на моладзь. “Сіці Ханука” ў Мінску (18.12.2016). Смерць Л. Маракова. Каляндар, выдадзены ў Слоніме. Абнаўленні “Інтэрактыўнай мапы Беларусі”. Нежаданне рэдакцыі актуалізаваць “беларускія” артыкулы “Электронной еврейской энциклопедии”.

№ 35 (16.12.2016). Звальненне міністра адукацыі – “два міністры ў адной лодцы” на афіцыйным сайце. Спыненне дзейнасці сайта “Навінкі сёння”. Крытычная рэцэнзія М. Хведаровіча (1958 г.) на першы зборнік У. Караткевіча. Што сказаў бы Хведаровіч на выхад кнігі В. Жыбуля “Дзяцел і дупло”? Пра тое, што ахвяры не заўсёды становяцца героямі. Удзел М. Хведаровіча і У. Дубоўкі ў цкаванні Б. Пастарнака. Спрэчка з Г. Севярынец. Кніга былога палітвязня М. Кукабакі і яго лёс. Кніга А. Саннікава “Белорусская американка”, паводзіны бацькі А. Саннікава ў сталінскі і паслясталінскі час. Стан “Гадзінніка Суднага дня”. Змаганне за адстаўку міністра ўнутраных спраў Беларусі. Стрыманая ацэнка новага міністра адукацыі РБ.

№ 34 (13.12.2016). Арышт траіх “праімперскіх” публіцыстаў у Беларусі. Маральныя, юрыдычныя і палітычныя довады супраць знаходжання іх пад вартай. Заява міністаркі інфармацыі РБ і “адлуп”. Непамысная зласлівасць некаторых прадстаўнікоў “дэмакратычнага лагеру”. Развагі пра першае пасяджэнне клуба С. Алексіевіч. Змаганне міністэрства аховы здароўя РБ за дрэс-код медработнікаў. Выдаткі на ахову здароўя ў Беларусі і Ізраілі, параўнанне колькасці хворых на сухоты ў дзвюх краінах. Шахматны турнір у Гродна, беларускамоўная афіша.

№ 33 (09.12.2016). Роля лібералаў у прыходзе А. Лукашэнкі да ўлады. Інтэрв’ю А. Лукашэнкі 1994 г. яўрэйскай газеце “Мабат”. Адмова ад ільгот і часткі заробку, параўнанне 1994 г. з 2016 г. Казусы А. Саннікава, А. Мілінкевіча, М. Марыніча. Зацятасць А. Лябедзькі і перамога 2016 г.: правядзенне ў дэпутаты ад АГП Г. Канапацкай. Дынаміка ВУП у Беларусі і Ізраілі, паралельнае павелічэнне золатавалютных рэзерваў у Ізраілі і змяншэнне ў Беларусі. Помнік Б. Нетаньягу ў Тэль-Авіве (знесены). Успамін пра Д. Бранштэйна да 10-годдзя яго смерці. Крытычная ацэнка рашэння Беларускай федэрацыі шахмат (лістапад 2016 г.) аб пажыццёвай дыскваліфікацыі расійскага майстра, заўвага пра ігнараванне “праблемы хіджабаў” для замежных шахматыстак у Іране.

№ 32 (04.12.2016). Канферэнцыя ў Мінску з удзелам Я. Прэйгермана. Юбілейныя даты 2017 г.: М. Іліер, Н. Берлін, А. Бразер, С. Галкін… Згадка пра чарнавы фрагмент з рамана “12 крэслаў”. Нізкі ўзровень падрыхтоўкі цяперашніх школьнікаў i студэнтаў, адзначэнне памылак нават на сайце міністэрства адукацыі РБ. Пранікненне культа крымінальнікаў у яўрэйскае асяроддзе. Пахаванне Ф. Кастра, спрэчная ацэнка, якую даў яго кіраванню Я. Кедмі. Памылкі ў ацэнцы асобы і перспектыў Б. Нетаньягу, якога ахоўваў П. Касцюкевіч. Параўнанне Беларусі за Лукашэнкам і Ізраіля за Нетаньягу. Зычэнне А. Лукашэнку – пацярпець паразу на рэферэндуме.

№ 31 (01.12.2016). Смерць Ф. Кастра – аднаго з чэмпіёнаў па дэмагогіі. Дэмагогія ў Беларусі, Расіі ды Украіне. Абяцанні і заявы П. Парашэнкі. Зніжэнне ВУП ва Украіне і Беларусі. “Вайна тэлевізара з халадзільнікам”. Погляд на А. Трусава і ўзначаленае ім Таварыства беларускай мовы. “Гістарычныя” таблічкі ў цэнтры Мінска. Канкурэнцыя “патрыётаў” і “касмапалітаў” у 1990-х гг. Павярхоўнае асуджэнне антысемітызму “касмапалітамі” на прыкладзе заяў А. Манаева і С. Алексіевіч. Штучнасць процістаўлення гараджан і вяскоўцаў, яўрэяў і беларусаў. Успамін пра цікавасць А. Лаўрухіна да ідыша, яго заклапочанасць вобразам Беларусі на расійскім тэлебачанні. Роздум пра зніжэнне вагі “лібералаў-касмапалітаў” у ХХІ ст. Коратка пра ход матчу Карлсена з Каракіным.

№ 30 (25.11.2016). Успамін пра візіты замежных інтэлектуалаў у Беларусь (1990-я гады і пачатак 2000-х): М. Гаспараў, Г. Сарман, Д. Кала, Р. Дарандо, Ж. Ніва… Вылучэнне ізраільскіх візіцёраў: Ф. Кандэль, І. Губерман, М. Хейфец. Думкі пра тое, каго варта было б запрашаць у інтэлектуальны клуб С. Алексіевіч. Развагі пра неабходнасць рэферэндуму ў Беларусі, вырашэнне праблемы АЭС. Назіранні за матчам на першынство свету паміж М. Карлсенам і С. Каракіным. Згадкі пра спробу распіярыць С. Каракіна ў Беларусі (2003 г.). Анонс спектакля “Паліто з Бабруйска” (Мінск, 08.12.2016). “Вайна правак” на Магілёўскай, 32 у Мінску – замазванне калючага дроту на графіці.

Змест ранейшых серый гл. у №№ 30, 20, 10 🙂

Апублiкавана 06.02.2017  22:30

***

В. Рубинчик. КОТЛЕТЫ & МУХИ (40)

Шалом.by, don’t worry, be happy! Собирался было отправить «Большую встречу» от 3 февраля с.г. в игнор – мне же не платили за её освещение, и я не из тех резвых журналистов, которые высасывают из одного рядового события по десятку материалов. Но информационные волны донесли упоминания о евреях, судебной системе, потому немного и заинтересовался. Да и «семь часов харизмы» заслуживают-таки семи… если не статей, то абзацев.

Во-первых, каким бы «открытым и честным» ни был разговор с публикой, нельзя затягивать его на 7 часов 20 минут. Это нарушение как общепринятых санитарных норм, так и Трудового кодекса Республики Беларусь, а именно ст. 134: «Работникам предоставляется в течение рабочего дня перерыв для отдыха и питания продолжительностью не менее 20 минут и не более двух часов, который используется работником по своему усмотрению». Фактически журналистам и пресс-службе навязали целый рабочий день без перерыва: à la guerre comme à la guerre, однако их «мобилизовали» в мирное время, в мирной, казалось бы, стране.

Карикатура с demotos.ru

Во-вторых, зачем было звать гостей на встречу, когда многие из них априори были лишены права задать вопросы – например, о том, почему не проведен референдум по поводу строительства АЭС под Островцом? Нет, политтехнологический замысел мне понятен: кому-то нужно, чтобы кое-кто лишний раз самоутвердился за счет и на фоне «журналистов белорусских и зарубежных масс-медиа, экспертов… представителей партий, общественных объединений…» А заодно внести разлад в альтернативные силы: «”Пятой колонны” тут нет… здесь есть люди, оппозиционно мыслящие, не голосовавшие за президента, но это люди, которые любят свою страну». Тебя не пригласили к Лукашенко, как Р-ка, экс-зампреда ОГП, и П-ца, зицредактора «первой белорусской газеты с рисунками»? Ага, наверное, ты кандидат в «пятую колонну», и родную страну не любишь… С другой стороны, народ с начала 2010-х резко поумнел и на такие дешёвые трюки в массе уже не ведется: слишком примитивная реализация принципа «разделяй и властвуй».

В-третьих, более-менее неудобные вопросы (о «тунеядцах», исчезнувших Гончаре, Захаренко, Красовском) задавали на этот раз лукашенковские «шестёрки». Здесь мы наблюдаем относительно новую тактику нейтрализации оппонентов в Беларуси – перехватить их «козыри», сделать вид, что и в рамках системы цветёт плюрализьмъ. На самом-то деле «смелые» вопросы – примерно то же самое, что антисоветские анекдоты, которыми грузил гебист подследственного Сусленского в 1970-х гг. Цитирую по книге Я. Сусленского «Перо моё – враг мой» (1999): «Не пойдете же вы доносить на меня. И куда? В КГБ? Здесь все знают эти анекдоты и ещё похлеще. В нашей преданности советской власти никто не сомневается».

В-четвертых, главный персонаж за «круглым столом» озвучил три послания: 1) всё у него схвачено «под контролем»; 2) если что не так, виноваты другие; 3) его уже не переделаешь. В принципе, то, что эти послания в той или иной форме прозвучат, ясно было задолго до встречи, поэтому я и не видел в ней большого смысла, и отказался бы прийти, даже если бы пригласили. Однажды (в октябре 2008 г.) слушал Лукашенко-старшего на «Яме», хватило с головой.

В-пятых, выяснилось, что национальную идею «наверху» сформулировать не умеют (штатные идеологи с 2003 г. зря ели свой хлеб), а «белорусская мечта», как она видится высшим чиновникам, довольно примитивна: «Я был бы рад, если бы у белоруса всегда в кармане были деньги, чтобы он мог удовлетворить свои потребности. Что касается государства, я бы очень хотел, чтобы мое государство, моя страна, была тихой, спокойной и очень удобной для жизни людей». Что-то вроде детского сада или «дисциплинарного санатория» для поклонников «чарки, шкварки, иномарки»… Или, возможно, уютного дома престарелых.

В-шестых (что следует из пятого), никто в ближайшее время не будет здесь отказываться от лолитики – манипулирования сознанием взрослых граждан во имя абстрактных детей. Товарищ и сам себя в 38 лет, выясняется, считал «ребёнком». Пару цитат от последователя Остапа Бендера с его речью перед «Союзом меча и орала»: «Было принято решение: программы изменить, а также заставить учителя работать в школе… Сегодня долбень женится, он же не может не только корову от козы отличить, он не может отличить молоток от топора». «Я хочу, чтобы мои дети, а их миллионы, умели держать клюшку, бегать на коньках и хотя бы с маленькой горки кататься на лыжах». «Ребята, прекратите шалить» (реплика в адрес резидентов Парка высоких технологий).

В-седьмых, евреи в элитах иностранных государств по-прежнему не дают покоя выходцу из восточнобелорусской деревни: «Трамп что, тоже плохой? … Он не так глуп, как многие думают!.. Там же [вокруг него] много умных людей! 80 процентов евреев, и не скажешь, что это глупые люди. Нация далеко не глупая И не придерешься, и сразу не сообразить: то ли господин завидует, то ли вскрывает сионистское влияние в духе опытного лектора общества «Знание».

Лейтмотив – или даже резюме – всего мероприятия? «Злая пуля, учи меня жить… агитатор, учи меня думать» (С). Можно прогнозировать, что с таким начальником Беларусь по-прежнему будет болтаться между Западом и Востоком, не находя себя в процессе «мягкой белорусизации», слушая то МВФ, то российских мудрецов, лишь бы своих не кормить… Продолжится игра в «доброго царя» и «плохих бояр», в «независимый» суд, на каждом шагу сталкивающийся с заявлениями типа: «Я же вам поручил отдайте его [Лапшина] по закону… по всем соглашениям мы его должны передать Азербайджану. Ну вот там говорят “обжаловал” и прочее, я уверен, что суд всё равно поддержит наше решение» (о, конечно, никакого давления!)

Александру Лапшину не позавидуешь – он-таки стал предметом торговли для любителя «всемирной справедливости»: «Потому что надо быть честным есть в розыске человек, мы его задержали, мы должны отдать. Но, учитывая то, что там не такое уж страшное преступление я бы думал». Из намеков на «неясную» позицию Израиля («Израильтяне его хотят забрать? Вроде нет») и на то, что, «если Израиль захочет у этого человека из головы ни один волос не упадет», я понял, что шансы на положительное решение Верховного суда РБ ещё есть. Чувствуется, что они бы существенно повысились, если бы израильские «любители лапши» вместо Элиэзера Фишмана перевели несколько десятков миллионов на счета «чэсных» белорусских компаний… Миллионов чего? Как у Аверченко, неважно чего, лишь бы скорее; тогда забудется розыск блогера через Интерпол, которого (розыска), может, и не существовало в природе.

Вообще же, задерживать туристов за какие-то их давние правонарушения, которые не несут реальной угрозы Беларуси, – всё равно что требовать от вкладчика в банке справки о том, что он честно заработал принесённые деньги. Если Лапшина так не хотели видеть в «синеокой», не надо его было пускать через границу (напомню, Александр въехал к нам из Литвы 14.12.2016; не прошло и суток, как он был задержан в минской гостинице и отправлен в СИЗО на ул. Володарского, где сидит до сих пор).

И всё же оптимистом быть хочется, аж свербит… Судей в Беларуси назначает президент (сам игрок, сам ревизор), и действуют они соответственно, однако иногда абсурд ситуации настолько очевиден, что закрываются даже политизированные дела. Из недавних любопытных случаев – «казус Губаревича». Юрась Г. 9 декабря 2016 г. читал стихи Максима Богдановича перед памятником поэту в компании других активистов. Их задержали с составлением протоколов, и многие (в т. ч. сам любитель поэзии) предполагали, что придётся заплатить очередной штраф, но нет… 28 декабря, после двух дней «разбора полетов», судья Виктория Шабуня освободила минчанина от ответственности, а он подчеркнул, что «в Беларуси крайне низкий процент оправдательных решений суда».

Это правда, что в начале 2010-х доля оправдательных приговоров в Беларуси составляла 0,33%, а сейчас она еще снизилась (оправдывают только каждого пятисотого!). Работа адвоката в уголовных делах фактически обесценена. Но мудрые головы в Израиле могли бы придумать «обмен» Лапшина… на что-либо или кого-либо. Интересно, додумались ли они давить на то, что белорусские власти сами не без грехов, когда речь идет о строгом соблюдении правовых норм? Я о выборе почётным консулом Беларуси в Израиле Габриэля (Габи) Магнези, строителя с сомнительной репутацией. 29 ноября 2016 г. ему торжественно выдали консульский патент, и без Софы Ландвер на переднем плане не обошлось… Посол Беларуси не посмотрел, что в декабре 2015 г. Габи Магнези задерживался по подозрению в мошенничестве и подкупе муниципальных служащих с целью получения строительных подрядов. В марте 2016 г. израильская полиция арестовала его банковские счета и имущество. Наверное, более весомым для дипломатов являлось то, что бизнесмен вместе с Анатолием Моткиным подкинул какую-то сумму на памятный знак Янке Купале в Ашдоде (открытый 29.12.2015).

Магнези (слева) и посол Беларуси Скворцов. Фото с vitebskcity.info

По состоянию на 5 февраля 2017 г. на сайте посольства РБ в Израиле (раздел «Почетные консулы») фамилии Магнези нет, есть только Моткин, что как бы намекает на признание правительством Беларуси своей ошибки. 21.12.2016 пресс-служба полиции Израиля сообщала, что доказательств для обвинения бизнесмена и его братии достаточно. Схема «своим – всё, чужим – закон» может сработать как бумеранг, и чиновникам разных рангов следует чаще об этом напоминать. А то Данкверт, Данкверт

* * *

После выхода прошлой серии «Котлет…» кое-кто посчитал, что не стоило мне критиковать официальный ролик Национального агентства по туризму: «Сперва добейтесь» и т.д. Ну, для начала, заказ (как и недоделанный «официальный туристический портал Беларуси») был выполнен за государственный счет, выставлен на всеобщий просмотр, и критиковать имеет право каждый местный. К тому же считаю, что кое-что сделал для развития путешествий по Беларуси, может, даже больше, чем некоторые чиновнички. И наконец, есть же существенно лучшие работы для потенциальных туристов – хотя бы аналогичный по замыслу ролик Дмитрия Ласько «На дроне по Беларуси»… Нравятся и польскоязычный креатив «20 фактов о Беларуси» (на пять с минусом), и съёмки природы от студии «Аves».

Откровенно говоря, заманивать на пять дней в Беларусь лучше бы не только и не столько роликами, а низкими ценами на жилье. Состоятельные лица к нам ездят редко, и цены в гостиницах в сочетании с ненавязчивым сервисом их не всегда устраивают. Хостелей же в Минске мало, особенно если сравнивать с Киевом, Питером, Москвой… Были бы радикальные налоговые послабления для хозяев хостелей (на ряд лет) – выросло бы количество, упали бы цены, заглянули б из-за рубежа новые гости. Но правительство слабо заинтересовано стимулировать мелкий бизнес, строя долгосрочные планы: большинство в министерствах дрожит за свои кресла. Как сказал кое-кто, «льготировать будем только то, что завтра даст результат». Завтра, Карлы! Вспоминается анекдот: «Мы сажаем картошку 15 июня, а собираем урожай 16 июня» – «Почему так рано?» – «Очень кушать хочется!».

Вольф Рубинчик, г. Минск

05.02.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Опубликовано 06.02.2017  22:30

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (30)

Напярэдадні ўрачыстага адкрыцця ў Мінску новага інтэлектуальнага клуба (запіс у яго пакуль не вядзецца, але рэгістрацыю дакляруюць распачаць у бліжэйшыя дні) раскідаю па маніторы жменьку згадак пра «далёкае-далёкае» мінулае.

У 1990-х гадах Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт не раз наведвалі з публічнымі лекцыямі асобы… ну, калі не сусветнага, то кантынентальнага маштабу. У старым будынку на праспекце Скарыны (ля Дома афіцэраў) акадэмік Міхаіл Гаспараў прачытаў нават не адну, а дзве лекцыі пра рускую паэзію – прыпамінаю, што светлай памяці Гаспараў аналізаваў вершы ХІХ ст. з фармальнага боку. Гэта было ў 1997 ці 1998-м, а ў 1996-м там жа выступаў дарадца прэм’ер-міністра Францыі Гі Сарман, з ім можна было і падыскутаваць… Сарман падпісаў мне сваю кнігу «La solution libérale», перакладзеную на рускую ў пачатку 1990-х (выйшла ў Маскве-1992). На падзею адгукнуўся, у прыватнасці, «Вечерний Минск».

sorman sorman2

Агулам шанцавала на сустрэчы з аўтарытэтнымі французамі. Адзін з іх, дырэктар інстытута палітычных даследаванняў у Страсбургу (Рэно Дарандо; цяпер выкладае ў Парыжы), ацэньваў маю дыпломную працу… Найбольш запомніўся Дамінік Кала – аўтар падручніка «Палітычная сацыялогія». Чытаў ён свае лекцыі студэнтам франка-беларускага факультэта ЕГУ – нас было чалавек 10 – але, па вялікім рахунку, быў даступны для ўсіх. Журналістка «БДГ» пыталася ў мяне, ці мог бы я перакласці некалькі пытанняў для гэтага прафесара (пазней, здаецца, вырашыла праблему сама).

dorandeu2013 colas2009

Р. Дарандо і Д. Кала. Фота з адкрытых крыніц.

Усё гэта адбывалася ўжо ў лукашэнкаўскі час. Могуць запярэчыць, што тады, у канцы ХХ ст., «правадыр» яшчэ не падгроб пад сябе ўсё і ўсіх, таму заходнія інтэлектуалы не баяліся прыязджаць, дый ЕГУ быў важнай «кропкай прыцягнення». У пэўнай ступені яно так – тым не менш «зоркі» актыўна гойсалі да нас і ў ХХІ ст. Чамусьці «Еўрарадыё» не прыгадала, што «абсалютна легендарны» французска-швейцарскі славіст Жорж Ніва, якога зараз нібыта мерацца запрасіць адным з першых, ужо наведваў Мінск у 2002 г. Тады ён даў змястоўнае інтэрв’ю газеце «Белорусский рынок» (некалі эканамічныя выданні не шкадавалі плошчы на развагі пра Пастарнака і Салжаніцына)… Ніва яшчэ казаў: «Вельмі цікавы новы празаік Андрэй Дзмітрыеў». Накаркаў 🙂

Шмат разоў бываў у «сінявокай» брытанскі прафесар, даследчык беларускай літаратуры Арнольд Макмілін. У маі 2010 г. завітаў ён на «яўрэйскую секцыю» кангрэса міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (на вул. Прытыцкага)… і пад псеўданімам «Макмілер» трапіў у гумарыстычна-фантастычнае апавяданне Паўла Касцюкевіча «Вайна з дзьмухаўцамі». Ізраілец Этгар Керэт – таксама той яшчэ знаны інтэлектуал, хоць і без навуковых ступеняў – сёлета выступаў у галерэі «Ў», лінгвістычным універсітэце і Нацыянальнай бібліятэцы. Па лініі Ізраільскага цэнтра некалі прыязджалі Фелікс Кандэль, Ігар Губерман, Міхаіл Хейфец – ніхто з іх не расчараваў публіку. Ну і г. д.

kandel

Аўтограф Ф. Кандэля на кнізе «Люди мимоезжие. Слово за слово»

Раз ужо памочніца С. Алексіевіч Юлія Ч. пералічвае прозвішчы кандыдатаў на выступленні ў новым клубе, дазволю сабе выказацца наконт кандыдатур і я (чыста як патэнцыйны слухач :)) Рэжысёр Сакураў, палітыкіня Хакамада, псіхалінгвістка Чарнігаўская, актрыса Ахеджакава, літаратуразнавец Ніва, пісьменніца Забужка… Няма сумневаў, што ўсе яны паважаныя людзі, але няможна не заўважыць у гэтым шэрагу элемент сумбуру. Пажадана, каб мелася канцэпцыя адбору, іначай будуць хадзіць не на лекцыі, а на саму Алексіевіч. Найперш аматарцы Герцэна і Дастаеўскага варта запрашаць або калег-літаратараў, або, умоўна кажучы, экс-дысідэнтаў – прынамсі тых, хто меў вопыт выжывання ў цяжкіх умовах і мог бы ім падзяліцца (напрыклад, вышэйзгаданыя Губерман, Кандэль, Хейфец так ці іначай дапасоўвалі, а пад канец 2002 г. выступаў у Абшчынным доме на вул. Веры Харужай, 28 і весялун Эдуард Кузняцоў, у 1970-м асуджаны да смяротнай кары…)

Калі ж пільна трэба запрашаць адмыслоўцаў з розных сфер, то не зашкодзіла б час ад часу даваць слова беларускім даследчыкам – у першую чаргу тым, каго выціснулі з універсітэтаў і навуковых устаноў па палітычных матывах (асобы прывет былому куратару Гродзенскага ўніверсітэта Сямёну Шапіру). Бальшыня з іх, наколькі ведаю, неяк адаптавалася, атрымала трыбуны і крыніцы даходаў у Літве або Польшчы, «маргіналамі» не з’яўляецца. Ды запросіны ў Мінск і ганарарчык наўрад ці калі будуць лішнімі.

Маралька. Не варта прыбядняцца, як гісторык Аляксей Братачкін, і абагульняць: «Крайне цяжка пераканаць каго-небудзь прыехаць сюды, з нашымі рэсурсамі і з адсутнасцю ў гасцей асабістай цікавасці да Беларусі… Беларусь дрэнна ўключаная ў інтэлектуальныя міжнародныя сеткі». Грошы і асабістая сувязь гасцей з краінай вырашаюць многае, аднак не ўсё, далёка не. Рыхтуйце глебу – штосьці вырасце.

Хітрымудрыя актывісты адной сямейна-клоўнскай палітычнай (?) партыі – той самай, што ў 2014 г. прапаноўвала назваць вуліцу ў Мінску імем тав. Левіна – глебу для сябе якраз рыхтуюць. Днямі закінулі ў СМІ ініцыятыўку: праз рэферэндум павялічыць тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта з 5 да 7 гадоў, а дэпутацікаў – з 4 да 5 гадоў. («Францыя, мы ўжо набліжаемся да цябе…» – праўда, там якраз на пачатку ХХІ ст. зменшылі прэзідэнцкі тэрмін з 7 да 5 гадоў :))

Новы рэферэндум праводзіць трэба, хто б спрачаўся, але першае пытанне ў ім павінна быць наконт будоўлі АЭС пад Астраўцом (замарозіць або не), другое – наконт судовай сістэмы. Нагадаю, што ў 2013 г. в. а. цара «імем рэвалюцыі» скасаваў гаспадарчыя суды, прадугледжаныя Канстытуцыяй, ды ўліў іх у агульныя. Да таго было паабяцана сфармаваць у Беларусі «суд прысяжных» – гл. перадвыбарную праграму гр-на Лукашэнкі А. Р. 2010 г. Не прайшло і пяці гадоў, як названы грамадзянін паабяцаў «падумаць» над пытаннем і прызнаўся, што не памятае сваёй абяцанкі… Можа, няхай бы крайняе слова сказаў-такі народ? Між іншага, цешу сябе спадзевам, што народ на рэферэндуме, нарэшце, адкіне прапановы-абяцанкі-цацанкі галоўнага чыноўніка, і той мужна падасць у адстаўку, як зрабіў Шарль дэ Голь у 1969 г., калі большасць французаў адкінула яго рэформы. І хто б мог падумаць? Францыя не развалілася, хаця так многа было ў яе гісторыі звязана з імпэтным генералам!

Пра матч на першынство свету Карлсен – Каракін, што адбываецца ў Нью-Ёрку з 11 лістапада. Абодва гульцы, народжаныя ў 1990 г., «машынападобныя»; поспех расійца тлумачыцца, сярод іншага, тым, што ён навучыўся «сушыць» пазіцыі лаўчэй за нарвежца… «Класічныя» шахматы хутчэй жывыя, чым наадварот, або, як дасціпна выказаўся народны каментатар з chessbomb.com, «If chess is dead, where is the body?» («Калі шахматы мёртвыя, то дзе ж труп?»). Аднак цягам матчу, які пачаўся з сямі (!) нічыіх, чуліся заклікі пераходзіць на фішэрэндам. Я б аддаў перавагу шахматам-5039, і ўсё ж за прыгожую канцоўку 8-й партыі, дзе чорныя фігуры дамінавалі на дошцы, гатовы многае дараваць… Эстэтычную асалоду атрымаў, бадай як ад «Балеро» Марыса Равеля. Няйначай у гонар гэтай перамогі магілёўскія прадпрымальнікі назвалі сваю прэмію, якую ўручаць 26.11.2016, «Неверагодны ферзь» 🙂 Паглядзеўшы на энтузіязм у рунэце, я не здзіўлюся, калі ў рускай мове з’явіцца новы сэнс у слова «закaрякать» – замучыць суперніка на роўным месцы… «Адказка» ад Карлсена ў 10-й партыі была куды менш відовішчная.

13 год таму я атрымаў па электроннай пошце артыкул М. Ковыцева (гэтае прозвішча мне нічога не казала), прысвечаны Сяргею Каракіну: «Шахматный Робертино Лоретти». Аўтар прапаноўваў апублікаваць артыкул у часопісе, аднак, параіўшыся з членам рэдкалегіі «Шахмат-плюс» Паўлам Макевічам, я вырашыў гэтага не рабіць, бо гутарка падалася мне занадта «газетнай» і далёкай ад беларускай праблематыкі. Трохі пазней тутэйшыя аматары ўсё адно даведаліся пра таленты юнага жыхара Украіны – інтэрв’ю падабраў часопіс «Шахматы» (гл. № 1, 2004). Ці шкадую пра «незабітага мядзведзя»? Не, не шкадую. Ці асуджаю пераезд Каракіна ў Расію 8 год таму і яго прапуцінскія погляды? Да гэтага я абыякавы, бо аддзяляю мух ад катлет. Пісаў пра тамтэйшых ігракоў, бываў «на ўсходзе», але жыву ў краіне, якая ўжо 25 год незалежная. На жаль, глебы пад нагамі так і не адчулі многія ўраджэнцы СССР, а сярод іх – і наша нобелеўская лаўрэатка. Іначай не падпісвала б зварот 18.11.2016 ад імя «расійскіх пісьменнікаў і журналістаў»…

А тут якраз і навіна культуркі падваліла. 8 снежня 2016 г. у мінскім клубе «Мулен Руж» плануецца рэдкі ў нашых краях спектакль-камедыя «Паліто з Бабруйска». Хачу спадзявацца, што не зусім папса, што выйдзе кранальна. Рэклама, па-мойму, вартая таго, каб прывесці яе цалкам – прама-такі бітлоўскі «бенефіс містэра Кайта»:

Упершыню ў Мінску! Адраджэнне жанру вадэвілю!!! Шмат гумару і песень па матывах яўрэйскага фальклору. А вы ведалі, што ўпершыню яўрэі з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі яшчэ ў часы вялікага Княства Літоўскага? Не? А што ім асаблівыя граматы з прывілеямі ахвяраваў вялікі князь Вітаўт? Таксама міма? Дык запомніце і іншым перадайце, што толькі ў Бабруйску да рэвалюцыі 72 працэнты насельніцтва складалі яўрэі! Так, і па часці гумару адэсіты ў бабруйчан «падлогі мылі». Мяркуйце самі: гораду Адэсе 200 з чымсьці гадоў, а яўрэйскай абшчыне Бабруйска 500. І хто не ведае за анекдот пра паліто: «Сустракаюцца на «Сацыялцы» два яўрэі. – Абрам, дзе ты шыў такое паліто? – У Парыжы. – А гэта далёка ад Бабруйска? – 2000 кіламетраў. – Слухай, такая глухмень, а шыюць прыстойна!»

Шмат іншых анекдотаў, рэальных смешных гісторый з жыцця бабруйскіх яўрэяў і папулярныя музычныя кампазіцыі 30-х – 50-х гадоў мінулага стагоддзя вы зможаце пачуць у выкананні лепшых артыстаў і кіно! Смяяцца і спяваць дазваляецца!!!

У пастаноўцы занятыя: Ігар Пятроў, Таццяна Ружаўская, Бэла Шпінер, Сяргей Навіцкі, Жора Волчак, Наталля Якаўлева, Маша Возба, Ягор Найдовіч, Таццяна Жданава і інш.

У чаканні «рэальных смешных гісторый» пацешыла «вайна правак» на Магілёўскай, 32. Нагадаю, у чэрвені 2016 г. пад уплывам расійска-беларускай лалітыкі з’явіліся выявы дзяцей, адразу ж раскрытыкаваныя людзьмі з мастацкім густам; у кастрычніку дзецям нехта падмаляваў калючы дрот, але скора гарадскія ўлады аддалі загад яго замазаць, што і было выканана 23.11.2016. На наступны дзень нават выставілі ахову, ды як бы пасля восеньска-зімовай слаты фарбы не змыліся, і дрот не вылез на паверхню зноў 🙂 Пакуль жа наша сціплая фотка выглядае «гістарычнай» – нечакана выявілася, што альтэрнатыўная версія мурала дажывала ўвечары 22 лістапада апошнія гадзіны… Трапную заўвагу зрабіў чытач tut.by: «Cамы задаволены ў гэтай гісторыі – кранаўшчык. І адныя заплацілі за пад’ём, і другія, потым трэція». Я ўжо нават захацеў быць качагарам кранаўшчыком, але потым прыгадаў, што ў нашай краіне вежавыя краны часам захопліваюць тэрарысты нармальныя пацаны, якім недаплачваюць заробленыя грошы, і адмовіўся ад гэтай перспектыўнай ідэйкі…

Вольф Рубінчык, г. Мінск

25.11.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Кароткі змест папярэдніх дзесяці серый:

№ 29 (22.11.2016). Прызначэнне пасла Ізраіля ў Мінску. Місія МВФ у Беларусі, запазычанасць краіны, рэкамендацыі. Няпрошаныя парады «старшыні цэнтрвыбаркама» і прэс-сакратаркі міністэрства адукацыі. Пагрозы прадстаўніцы Мінгарвыканкама ў адрас ананімнага мастака, які зрабіў праўкі ў графіці ля вакзала. Забарона канцэрта гурта «Дзецюкі» галоўным ідэолагам Мінска. Новыя публікацыі пра братоў Бельскіх і Хатынь. Спектакль пра Другую сусветную ў Купалаўскім тэатры і цэнзура на «Хартыі-97». Памылкі на сайце мінадукацыі. Новы інтэлектуальны клуб, планы запрасіць Вольгу Седакову. Бязглуздыя развагі тутэйшых экспертаў пра Трампа і Ле Пэна.

№ 28 (18.11.2016). Прэс-канферэнцыя «галоўнага чыноўніка». Заява пра 90% вышэйшай адукацыі за кошт бюджэту, якая не адпавядае сапраўднасці. Успамін пра зборнік габраўскіх анекдотаў і «вясёлы цынізм» Л. Левіна. Развагі пра сярэднюю і мінімальную зарплату ў розных краінах. Казка пра Лукашэнку 1994 г. Смерць Меіра Дагана (сакавік 2016 г.). Бурчэнне беларускай наменклатуры і прапанова вылучыць у прэзідэнты С. Сідорскага, а ў прэм’ер-міністры – М. Кадырава. Крытыка. Артыкул пра «словы-паразіты» як адцягванне ўвагі ад рэальных праблем, згадка пра аналагічны эпізод у рамане Вайновіча пра Чонкіна. Табурэткавы гумар «афіцыйнай прадстаўніцы РФ» і меркаванне Дзмітрыя Быкава. Ацэнка матчу Карлсен – Каракін.

№ 27 (16.11.2016). Закон пра «ўзроставую» маркіроўку інфапрадукцыі, скандал у мінскім кінатэатры. Меркаванне А. Кудзіненкі пра цэнзуру ў кіно і развагі Э. Лімонава пра «дысцыплінарны санаторый». Прапанова перакласці на беларускую асобныя творы Лімонава. Юбілей «Нашай Нівы», артыкул І. Соркінай пра «НН» і яўрэяў у пачатку ХХ ст. Урывак з кнігі С. Дубаўца пра яго стасункі з яўрэем-п’яніцам у 1990-х. Асабістыя згадкі пра супрацу з рэдакцыяй «НН», пачынаючы з 2000 г. Прычыны цяперашняй абыякавасці да гэтага выдання. Кур’ёзная гісторыя, звязаная з амерыканскім прафесарам геаграфіі ў Мінску. Іншыя замежныя аматары стабільнасці, прапанова плаціць ім столькі ж, колькі плацяць тутэйшым.

№ 26 (11.11.2016). Перамога Трампа, беларускія карані яго зяця. Я. Гутман і Г. Каспараў пра Трампа, кнігі з яго ўдзелам, выдадзеныя ў Мінску. Як можа адбіцца яго перамога на «беларускіх справах». Псеўдаэксперты, якія прадказвалі перамогу Клінтан. «Інавацыйная Беларусь» Ю. Зісера і яе крытыка, параўнанне з «Еду ў Магадан» І. Аліневіча (на карысць апошняга). Няспраўджаны прагноз ад Зісера ў лістападзе 2015 г.

№ 25 (06.11.2016). Напад на людзей з бензапілой у кастрычніку. Патрэба ў інстытуце псіхалогіі. Забойства ў Петрыкаўскім раёне, неабароненасць работнікаў пошты. Развагі пра затрымку з прызначэннем пасла Ізраіля ў Беларусі. Кніга пра цэнзуру ў СССР, выдадзеная ў Ізраілі. Крытычныя заўвагі. Як К. Чорны адгукаўся пра «галоўную цэнзарку БССР» Ф. Дадзіёмаву. Кніга Я. Шумскага пра саветызацыю Заходняй Беларусі, яе плюсы. Памылкі на шыльдах у публічных месцах. «Шучын» на мінскім вакзале.

№ 24 (19.10.2016). Мова нянавісці, яе крыніцы. Паводзіны А. Носіка і суд над нім. Падзеі вакол Э. Пальчыса. Развагі пра «віртуальнае змаганне». Абраза на адрас паэта Барадуліна, патрэба ў судовым пераследзе. Караткаватая памяць жыхароў Беларусі. Абсурдныя версіі мінулага ў РФ і ў ЮНЭСКА. Прысуджэнне Нобелеўскай прэміі Бобу Дылану і яго ўкраінскія (беларускія?) карані. Беларусізацыя культурных герояў. Дэ Голь у Шчучыне. Маляўнічыя запалкі ад «Барысаўдрэва».

№ 23 (07.10.2016). Спрэчкі вакол прамовы прэзідэнта Ізраіля ў Кіеве. Украінска-яўрэйскія адносіны вачыма Я. Сусленскага і З. Бен-Ар’е. Цытаты з Р. Рыўліна, палеміка з І. Зісельсам. Апаненты Рыўліна, іх несамавітасць. Разумнае меркаванне П. Зуб’юка. Кніга Л. Рэйна пра беларускіх калабарантаў, недахоп дыскусій вакол заяўленай у ёй тэмы. Пазіцыя А. Белага. Спектакль паводле вершаў М. Алейнікава «З жыцця насякомых» у Мінску.

№ 22 (27.09.2016). «Дзень яўрэйскай культуры» ў Мінску і спрэчкі вакол пляцоўкі. Як улады з дапамогай святаў адцягваюць увагу ад праблем. Як «старое» змагаецца з «новым». Шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц у Мінску. Памыснасць згадкі пра вул. Яўрэйскую. Сітуацыя з «домам Варбурга» ў Брэсце. Успамін пра разбурэнне мінскай сінагогі на Дзімітрава, 3 у 2001 г. Баязлівасць «прафесійных яўрэяў» пры наяўнасці ў іх арганізатарскіх жылак. «Адмазка» намесніка міністра пра слабасць інфраструктуры. Стан беларускай сацыялогіі, развагі пра А. Манаева і Д. Ротмана. «Ліцвінскі клуб» як навука іншым.

№ 21 (14.09.2016). Прапанова больш актыўна выказвацца на сайце і не забываць пра палітыку. Пра дам, якія прабіліся ў палату прадстаўнікоў. Крытыка выказванняў А. Анісім, ацэнка вагі Г. Канапацкай. Уласныя назіранні за ходам выбараў. Будучыя выбары старшыні руху «За свабоду», тлумачэнне, чаму Ю. Губарэвіч – больш прымальная кандыдатура. Зварот да Беларускай асацыяцыі журналістаў – зрабіць ганаровымі сябрамі арганізацыі В. Купрэйчыка і Д. Ноя. Эсэ Галкоўскага пра «12 крэслаў» і «Залатое цяля», расчараванне ў аўтары праз яго антыяўрэйскія забабоны. Шахматны «ўсенавуч» у беларускіх школах, яго ценявыя бакі.

№ 20 (05.09.2016). Вакантнасць пасады ізраільскага пасла ў Беларусі. Герантакратыя ў «яўрэйскім руху» Беларусі, прагноз 2015 г., які не збываецца. Дасціпнае асвятленне візіту соцень рабінаў у Беларусь на старонцы ІРА ў фэйсбуку. Памылачка з прозвішчам галоўнага рабіна. Пра баязліўцаў-перастрахоўшчыкаў і тых, хто не баіцца. Нявыкананая абяцанка прадстаўніка Рагачоўскага райвыканкама. Вынікі «Дня беларускага пісьменства» ў Рагачове. Карцінкі з фестывалю «Аўцюкі». Смяхоты перадвыбарнай кампаніі. Пра немагчымасць займацца сур’ёзным бізнэсам, ігнаруючы палітыку. Кпіны з парады масквіча выкарыстоўваць «яўрэйскі фактар», адрасаванай уладам РБ. Чалавечыя ахвяры на будоўлі беларускай АЭС.

Змест ранейшых серый гл. у № 20 🙂

Ад рэдакцыі. Мы не заўсёды згодныя з суб’ектыўнымі ацэнкамі нашых аўтараў, у тым ліку і В. Рубінчыка.

Апублiкавана 25.11.2016  19:00