Tag Archives: Шарль де Голль

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (115)

Дзень добры – калі добры! Зноў адказам на мае прапановы, шпурнутыя ў сеціва тры тыдні таму, служыць жалезабетоннае маўчанне. Я ж яшчэ асобна тром дэпутаткам напісаў, каб супраціўляліся датэрміноваму роспуску парламента, – нуль рэакцыі. «Затое» знаны палітаглядальнік не знайшоў лепшага, чым запэўніць публіку, што «Парламенцкія выбары ў лістападзе зручныя і для ўладаў, і для апазіцыі. Верагодны каляндарны план гэтай кампаніі на рэдкасць камфортны… і збор подпісаў, і агітацыя прыпадаюць не на марозныя і апалітычныя калядныя канікулы, не на спякотнае лета, а на яшчэ цёплую і сытую восень» (12.05.2019).

Пакіну за дужкамі рэмарку пра цёплую і сытую восень (адкуль П. Быкоўскаму вядома, што чакае Беларусь праз паўгода?) Проста зафіксую: пасля пары сутак на Акрэсціна ў жніўні 2018 г. П. Б. разважае ў катэгорыях «камфорту» там, дзе гэта гучыць дужа фальшыва… Ну, выкацім гіпербалу: чарговую партыю іншадумцаў вязуць у канцлагер – а тут «альтэрнатыўны» журналіст пачынае радавацца таму, што крэслы ў вагонах гэтым разам мякчэйшыя і туалеты чысцейшыя.

Яшчэ раз і марудна: у цяперашніх умовах роспуск палаты прадстаўнікоў на 10 месяцаў раней за вызначаны Канстытуцыяй тэрмін будзе межаваць з дзяржаўным пераваротам. Намеры & дэкларацыі Лукашэнкі, Ярмошынай ды іншых «зацікаўленых» мусяць турбаваць «грамадзянскую супольнасць» хіба ў апошнюю чаргу: найперш трэба думаць пра тое, як сабраць сілы й даць адпор, зрабіць усё, каб парламент перастаў быць «спячым інстытутам». А навінам-бай кіну адно: калі вас дагэтуль я..ць пасля «белтаўскай справы», то хоць не падмахвайце…

Пра тое, чым ёсць сучасная «незалежная» журналістыка ў РБ, сказана так многа, што няма сэнсу паўтарацца. «Проста пакіну гэта тут» (С):

На хвілінку, ад Салігорска Мінскай вобласці да Светлагорска Гомельскай – мінімум 150 км.

Не без маркоты чарговы раз вярнуўся я з Гарадзеншчыны. І могілкі за Шчучынам, дзе гарою – нябожчыкаў з майго пакалення, і сам Шчучын, фактычна горад удоў… 44 месяцы таму захоўваўся далікатны спадзеў на тое, што Дзень беларускага пісьменства штось пераломіць у лёсе райцэнтра і акругі, але ж не. За гэты час насельніцтва Шчучынскага раёна скарацілася яшчэ на 2,5 тыс. чалавек, г. зн. звыш 5%. Прыкладна такія ж тэмпы скарачэння – у суседніх раёнах: Воранаўскім, Дзятлаўскім, Іўеўскім… Агулам жа на Шчучыншчыне за апошнія два дзесяцігоддзі «Вялікага Беларускага Шчасця» насельніцтва зменшылася на 23 тысячы чалавек, або на 37,3%. Для параўнання, у Калінкавіцкім раёне (недалёка Чарнобыль, экалогія так сабе…) – «толькі» на 13,4 тыс., альбо на 18,6%.

У 2017 г. у пераліку на 10 тыс. чал. колькасць дактароў у Шчучынскім раёне была 33,5, а па Гродзенскай вобласці – 48,6; колькасць бальнічных коек на 10 тыс. чал. – 74,9, а па Гродзеншчыне – 81,5… І вось што пісаў галоўны санітарны ўрач раёна: «Смяротнасць у працаздольным узросце склала ў 2017 годзе 686,69 на 100 тыс. насельніцтва, што вышэй за сярэднеабласны паказчык у 1,7 разы і вышэй за паказнік мінулага года на 11,5%». Bravo, шматгадовыя кіраўнікі Шчучраёна – Казяк, Ушкевіч, Ложачнік! Накіравалі…

Відаць, каб зберагчы раён ад ліквідацыі (чуткі пра ўзбуйненне даўно ходзяць), начальства дабілася, каб райцэнтр выглядаў больш самавіта: летась да яго далучылі тры суседнія вёскі. Цяпер можна ўводзіць у англійскую мову новы дзеяслоў: «to schuch in», г. зн. пашырацца як г. Шчучын, на роўным месцы. Ну і ў беларускай не будзе збыткоўным тэрмін «шчучынг» (займацца шчучынгам = падграбаць пад сябе тое, што «кепска ляжыць» ;))

Прадукцыя мясцовага масласырзавода раз-пораз блакуецца на расійскім рынку… Мо ў блакіроўцы i было палітычнае адценне, але насамрэч сыр і твораг, лагодна кажучы, не зусім тыя, што ў сярэдзіне 2000-х, калі я адмыслова шукаў іх у мінскіх крамах. І хто б уклаў у галаву менеджэрам, што кан’юнктурная налепка «75 год вызвалення Беларусі» на пакунку з творагам – абы-што? Лепшай прыкметай вызвалення быў бы выпуск харчоў, ад якіх не хочацца плявацца… Хоць бы як у Тураве, не?..

Прыватная кнігарня ў цэнтры Шчучына, пра якую пісаў у 2015 г., зачынілася; там аптэка цяпер. А во рэкламуе сябе вандроўны цырк – маўляў, «сайдзёт для сельскай местнасці»:

Вядома, цыркачы не абавязаны быць дактарамі філалогіі. Аднак інстынктыўны недавер правакуюць у мяне абяцанкі тыпу «самые присамые».

Так і не знайшлі за тры гады мясцовыя ўлады рэсурсаў і часу, каб павесіць дошку ў гонар Шарля дэ Голя, які, палонны, утрымліваўся ўлетку 1916 г. у Шчучыне-беларускім. Знаёмае развіццё падзей: спачатку «так-так», што значыць «можа быць», потым «можа быць», якое значыць «не». Тым часам накрыўся «медным тазам» адзін з буйных працадаўцаў – МПМК-166, дзясяткі работнікаў апынуліся на вуліцы. Карацей, сыплецца амаль усё: дэмаграфія, «культурка», медыцына, прадпрыемствы. Толькі ў блогу намесніцы рэдактара мясцовай раёнкі (11.05.2019; за двое сутак – ажно 12 праглядаў) усё вясёлкава: «Які яшчэ горад можа пахваліцца сучасным заводам для перапрацоўкі малочнай сыроваткі, фабрыкай для вырошчвання шампіньёнаў, сонечнымі электрастанцыяй, мотатрасай, стадыёнам для пляжных відаў спорту, школай веславання, школай пілотаў?»

Ачарненне – гэта не мая стратэгія, нямала добрага і ў Шчучыне. Вунь 9 мая гараджане, у т. л. юныя, «усклалі кветкі на брацкай магіле на тэрыторыі былога аэрадрома». Там, дзе 77 гадоў таму загінулі ад рук лап нацыстаў і іх памагатых 2060 яўрэяў.

А каля мінскага вакзала нешта сыпалася ўжо ў простым сэнсе. Не рызыкнуў бы я прайсці пад гэтымі балконамі на вул. Бабруйскай, 7…

Фота 09.05.2019

Публікую гэтыя здымкі, ведаючы, што некаторыя чыноўнікі пачытваюць «Катлеты & мухі». Глядзіш, аператыўна паправяць перад Еўрапейскімі гульнямі, бо сорамна ўсё-ткі. (NB: Аргумент пра гульні ды «прэстыж краіны» можа спрацаваць, а довады наконт (не)бяспекі ўласных грамадзян тут мала каго хвалююць.)

Нашумела – і, пэўна, яшчэ не скончылася – гісторыя з cотнямі тысяч (3-5 мільёнаў?) тон забруджанай расійскай нафты, дастаўленымі ў Беларусь. Нагадаю «вехі вялікага шляху»:

19.04.2019 дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім» абвясціў аб тым, што ўжо некалькі дзён з Расіі паступае нафта з перавышэннем канцэнтрацыі хлорарганічных рэчываў у дзясяткі разоў. Расійская кампанія «Транснефть» прызнала наяўнасць праблемы.

22.04.2019 гукалі, што 20 красавіка праз няякасную нафту на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе зламалася частка абсталявання.

23.04.2019 прадстаўнік «Белнафтахіма» заявіў, што няякасная нафта дасягнула тэрыторыі Еўрапейскага Саюза. Афіцыйнае агенцтва БелТА, спасылаючыся на спецыялістаў, паведаміла, што паляпшэння якасці нафты (на тэрыторыі Беларусі) не назіраецца.

24.04.2019 Польшча спыніла прыём нафты з газаправода «Дружба» (пракладзенага па Беларусі). Прэс-сакратарка «Белнафтахіма» сказала, што яе арганізацыя «ўжо на працягу тыдня б’е трывогу ў сувязі з пастаўкамі няякаснай нафты, якая паступае з расійскага боку, цярпліва вядзе перамовы з «Транснефтью»… Нашы суседзі не сталі чакаць».

Скокнем на паўмесяца ўперад, і – вуаля! 11 мая робіцца вядома, што каля мільёна тон забруджанай нафты знаходзіцца ў Беларусі, яшчэ толькі «мае адбыцца вялікая тэхналагічная работа па выцісканні нафты, не адпаведнай ДАСТу». В. а. цара каментаваў падзеі так: «Расхлябанасць і бязладнасць на тэрыторыі Расіі… – і вялізная труба была забруджана атрутнай нафтай… Мы недаатрымалі пэўны прыбытак – мы вялізныя грошы страцілі. Гэта сотні мільёнаў долараў… Але я чарговы раз, калі бруд гэты пайшоў, пайшла атрутная нафта, забараніў спыняць участкі нафтаправоду, каб яшчэ большай шкоды Расіі не нанесці».

Няўжо месяц таму не было магчымасці паставіць заслон на шляху дзярма – тутэйшыя ж умеюць «ставіць заслоны» (ідэолагі, здаецца, адно гэта і ўмеюць)? Польшча здолела, а беларусы зноў апынуліся ў ролі мазахістаў, як у тым анекдоце пра цвік у крэсле… І што замінала за тры тыдні адпампаваць разбадзяжаную нафту назад? Ну так, «галоўны» ўжо даў адказ: ён «забараніў», хоць я ўпэўнены, што ў «Белнафтахіме» і ва ўрадзе многія схіляліся да жорсткага варыянту ў стасунках з расійскай фірмай. Матывіроўка забароны – «каб яшчэ большай шкоды Расіі не нанесці» – наводзіць на думку пра тое, што чалавек блытае нацыянальныя інтарэсы Беларусі і суседняй краіны… Чаго тады вартыя «грозныя» словы пра «расхлябанасць» у Расіі? 🙁

Калі ж гэта не чыста балбатня, то задумайся, чалавеча: як краіна з гэткай расхлябанасцю (нядаўная катастрофа суперджэта ў Шарамеццеве, ранейшы пажар у Кемераве, еtc, etc…) можа будаваць у нас атамную электрастанцыю? Так, будоўля амаль завершана, укладзена безліч грошай, але ці не пара спыніцца? Як найменш – правесці там незалежную праверку-рэвізію, у ідэале – арганізаваць усебеларускі рэферэндум наконт таго, ці патрэбная нам агулам тая Астравецкая АЭС?

I – cумна ад таго, што адна асоба зноў усё вырашае сама, а між тым прыпыняць пастаўкі ці не, вяртаць брудную нафту ці не, падаваць у суд на пастаўшчыкоў ці не – усе гэтыя пытанні ўваходзяць у кампетэнцыю ўрада (Савета міністраў), якому А. Лукашэнка летась абяцаў даць больш паўнамоцтваў. Сёлета ў красавіку-маі зноў высветлілася, што нічога не каштуюць у яго вачах ні парламент, ні ўрад… Што казаць пра нас, «простых смяротных», на якіх, скарэй за ўсё, і плануюць у адміністрацыі раскідаць выдаткі ад нафтавага інцыдэнту (як без судовага разбору з усімі экспертызамі, то добра, калі расійскі бок кампенсуе 10-20%).

*

На Дзень Перамогі ў Маскве пайшоў з жыцця 59-гадовы «тэлекілер». Сяргей Дарэнка быў адным з тых, дзякуючы каму я практычна перастаў глядзець ТV – пасля восені 1999 г. з яго вядомымі «наездамі» на Лужкова і Прымакова. Сумна, што чэл памёр; дзівіць толькі, што праз гэта столькі шуму, у тым ліку ў беларускіх выданнях. 19 красавіка памёр выдатны паэт, ганаровы грамадзянін Смаргоні Мар’ян Дукса (1943-2019), і? Многа распавядалі тутэйшыя пра яго і яго даробак?.. Усё па завядзёнцы, як у В. Гафта: «И пусть по радио твердят, что умер Джо Дассен / И пусть молчат, что умер наш Высоцкий…»

  

Гэты верш са зборніка «Горн прымірэння» (1993) – праўдзівы і для мяне самы важны; М. Дукса на фота з shliah.by

*

У сувязі з майсай, распаведзенай у мінулай серыі «К&М», ад старшыні Бел. ПЭН-цэнтра паступіла ведамка (02.05.2019): «Шаноўны Вольф, Паўла Севярынца выключылі на радзе 15 студзеня. Паведаміць пра выключэнне збіралася яму і іншым выключаным пасля чарговай рады 30 красавіка, але ў выніку паведаміла яму 22 красавіка, бо ён спытаўся ў мяне пра гэта ў месэнджэры. Ад жніўня мінулага году мы напісалі Паўлу некалькі лістоў з просьбай заплаціць складкі і папярэджвалі, што ў адваротным выніку мы будзем вымушаныя выключыць яго з ПЭНу. Павел адказаў толькі на адзін ліст і ў ім адмовіўся плаціць складкі праз нязгоду з “гейпрапагандай”, якой нібыта “займаецца ПЭН”». М-да, а Павел-то даводзіў у fb 22 красавіка: «Прычакалі Курапатаў, Вялікадню і, значыць, усмажылі» 🙁 З іншага боку, чаму кіраўніцтва ПЭНа не паведаміла яму пра выключэнне 16 або 17 студзеня?

Цытатнік

«Для лоўкага палеміста папросту не існуе рысаў, пунктаў гледжання і душэўных станаў, на якія няможна было б наляпіць цэтлік, які б самой назвай выкрываў пустэчу, тупасць і нікчэмнасць гнанага праціўніка» (Карал Чапек, 1931?)

«Жыццёвы досвед вучыць нас, / Што дармавое пастаянна / Нам абыходзіцца не танна / І даражэе з разу ў раз» (Фелікс Баторын, 2015)

«Нішто не заганяе ў дэпрэсію так, як Тут няма пра што размаўляць, зверху ўсё даўно вырашана» (Рыгор Юдзін, 12.05.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

13.05.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 13.05.2019  18:11

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (30)

Напярэдадні ўрачыстага адкрыцця ў Мінску новага інтэлектуальнага клуба (запіс у яго пакуль не вядзецца, але рэгістрацыю дакляруюць распачаць у бліжэйшыя дні) раскідаю па маніторы жменьку згадак пра «далёкае-далёкае» мінулае.

У 1990-х гадах Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт не раз наведвалі з публічнымі лекцыямі асобы… ну, калі не сусветнага, то кантынентальнага маштабу. У старым будынку на праспекце Скарыны (ля Дома афіцэраў) акадэмік Міхаіл Гаспараў прачытаў нават не адну, а дзве лекцыі пра рускую паэзію – прыпамінаю, што светлай памяці Гаспараў аналізаваў вершы ХІХ ст. з фармальнага боку. Гэта было ў 1997 ці 1998-м, а ў 1996-м там жа выступаў дарадца прэм’ер-міністра Францыі Гі Сарман, з ім можна было і падыскутаваць… Сарман падпісаў мне сваю кнігу «La solution libérale», перакладзеную на рускую ў пачатку 1990-х (выйшла ў Маскве-1992). На падзею адгукнуўся, у прыватнасці, «Вечерний Минск».

sorman sorman2

Агулам шанцавала на сустрэчы з аўтарытэтнымі французамі. Адзін з іх, дырэктар інстытута палітычных даследаванняў у Страсбургу (Рэно Дарандо; цяпер выкладае ў Парыжы), ацэньваў маю дыпломную працу… Найбольш запомніўся Дамінік Кала – аўтар падручніка «Палітычная сацыялогія». Чытаў ён свае лекцыі студэнтам франка-беларускага факультэта ЕГУ – нас было чалавек 10 – але, па вялікім рахунку, быў даступны для ўсіх. Журналістка «БДГ» пыталася ў мяне, ці мог бы я перакласці некалькі пытанняў для гэтага прафесара (пазней, здаецца, вырашыла праблему сама).

dorandeu2013 colas2009

Р. Дарандо і Д. Кала. Фота з адкрытых крыніц.

Усё гэта адбывалася ўжо ў лукашэнкаўскі час. Могуць запярэчыць, што тады, у канцы ХХ ст., «правадыр» яшчэ не падгроб пад сябе ўсё і ўсіх, таму заходнія інтэлектуалы не баяліся прыязджаць, дый ЕГУ быў важнай «кропкай прыцягнення». У пэўнай ступені яно так – тым не менш «зоркі» актыўна гойсалі да нас і ў ХХІ ст. Чамусьці «Еўрарадыё» не прыгадала, што «абсалютна легендарны» французска-швейцарскі славіст Жорж Ніва, якога зараз нібыта мерацца запрасіць адным з першых, ужо наведваў Мінск у 2002 г. Тады ён даў змястоўнае інтэрв’ю газеце «Белорусский рынок» (некалі эканамічныя выданні не шкадавалі плошчы на развагі пра Пастарнака і Салжаніцына)… Ніва яшчэ казаў: «Вельмі цікавы новы празаік Андрэй Дзмітрыеў». Накаркаў 🙂

Шмат разоў бываў у «сінявокай» брытанскі прафесар, даследчык беларускай літаратуры Арнольд Макмілін. У маі 2010 г. завітаў ён на «яўрэйскую секцыю» кангрэса міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (на вул. Прытыцкага)… і пад псеўданімам «Макмілер» трапіў у гумарыстычна-фантастычнае апавяданне Паўла Касцюкевіча «Вайна з дзьмухаўцамі». Ізраілец Этгар Керэт – таксама той яшчэ знаны інтэлектуал, хоць і без навуковых ступеняў – сёлета выступаў у галерэі «Ў», лінгвістычным універсітэце і Нацыянальнай бібліятэцы. Па лініі Ізраільскага цэнтра некалі прыязджалі Фелікс Кандэль, Ігар Губерман, Міхаіл Хейфец – ніхто з іх не расчараваў публіку. Ну і г. д.

kandel

Аўтограф Ф. Кандэля на кнізе «Люди мимоезжие. Слово за слово»

Раз ужо памочніца С. Алексіевіч Юлія Ч. пералічвае прозвішчы кандыдатаў на выступленні ў новым клубе, дазволю сабе выказацца наконт кандыдатур і я (чыста як патэнцыйны слухач :)) Рэжысёр Сакураў, палітыкіня Хакамада, псіхалінгвістка Чарнігаўская, актрыса Ахеджакава, літаратуразнавец Ніва, пісьменніца Забужка… Няма сумневаў, што ўсе яны паважаныя людзі, але няможна не заўважыць у гэтым шэрагу элемент сумбуру. Пажадана, каб мелася канцэпцыя адбору, іначай будуць хадзіць не на лекцыі, а на саму Алексіевіч. Найперш аматарцы Герцэна і Дастаеўскага варта запрашаць або калег-літаратараў, або, умоўна кажучы, экс-дысідэнтаў – прынамсі тых, хто меў вопыт выжывання ў цяжкіх умовах і мог бы ім падзяліцца (напрыклад, вышэйзгаданыя Губерман, Кандэль, Хейфец так ці іначай дапасоўвалі, а пад канец 2002 г. выступаў у Абшчынным доме на вул. Веры Харужай, 28 і весялун Эдуард Кузняцоў, у 1970-м асуджаны да смяротнай кары…)

Калі ж пільна трэба запрашаць адмыслоўцаў з розных сфер, то не зашкодзіла б час ад часу даваць слова беларускім даследчыкам – у першую чаргу тым, каго выціснулі з універсітэтаў і навуковых устаноў па палітычных матывах (асобы прывет былому куратару Гродзенскага ўніверсітэта Сямёну Шапіру). Бальшыня з іх, наколькі ведаю, неяк адаптавалася, атрымала трыбуны і крыніцы даходаў у Літве або Польшчы, «маргіналамі» не з’яўляецца. Ды запросіны ў Мінск і ганарарчык наўрад ці калі будуць лішнімі.

Маралька. Не варта прыбядняцца, як гісторык Аляксей Братачкін, і абагульняць: «Крайне цяжка пераканаць каго-небудзь прыехаць сюды, з нашымі рэсурсамі і з адсутнасцю ў гасцей асабістай цікавасці да Беларусі… Беларусь дрэнна ўключаная ў інтэлектуальныя міжнародныя сеткі». Грошы і асабістая сувязь гасцей з краінай вырашаюць многае, аднак не ўсё, далёка не. Рыхтуйце глебу – штосьці вырасце.

Хітрымудрыя актывісты адной сямейна-клоўнскай палітычнай (?) партыі – той самай, што ў 2014 г. прапаноўвала назваць вуліцу ў Мінску імем тав. Левіна – глебу для сябе якраз рыхтуюць. Днямі закінулі ў СМІ ініцыятыўку: праз рэферэндум павялічыць тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта з 5 да 7 гадоў, а дэпутацікаў – з 4 да 5 гадоў. («Францыя, мы ўжо набліжаемся да цябе…» – праўда, там якраз на пачатку ХХІ ст. зменшылі прэзідэнцкі тэрмін з 7 да 5 гадоў :))

Новы рэферэндум праводзіць трэба, хто б спрачаўся, але першае пытанне ў ім павінна быць наконт будоўлі АЭС пад Астраўцом (замарозіць або не), другое – наконт судовай сістэмы. Нагадаю, што ў 2013 г. в. а. цара «імем рэвалюцыі» скасаваў гаспадарчыя суды, прадугледжаныя Канстытуцыяй, ды ўліў іх у агульныя. Да таго было паабяцана сфармаваць у Беларусі «суд прысяжных» – гл. перадвыбарную праграму гр-на Лукашэнкі А. Р. 2010 г. Не прайшло і пяці гадоў, як названы грамадзянін паабяцаў «падумаць» над пытаннем і прызнаўся, што не памятае сваёй абяцанкі… Можа, няхай бы крайняе слова сказаў-такі народ? Між іншага, цешу сябе спадзевам, што народ на рэферэндуме, нарэшце, адкіне прапановы-абяцанкі-цацанкі галоўнага чыноўніка, і той мужна падасць у адстаўку, як зрабіў Шарль дэ Голь у 1969 г., калі большасць французаў адкінула яго рэформы. І хто б мог падумаць? Францыя не развалілася, хаця так многа было ў яе гісторыі звязана з імпэтным генералам!

Пра матч на першынство свету Карлсен – Каракін, што адбываецца ў Нью-Ёрку з 11 лістапада. Абодва гульцы, народжаныя ў 1990 г., «машынападобныя»; поспех расійца тлумачыцца, сярод іншага, тым, што ён навучыўся «сушыць» пазіцыі лаўчэй за нарвежца… «Класічныя» шахматы хутчэй жывыя, чым наадварот, або, як дасціпна выказаўся народны каментатар з chessbomb.com, «If chess is dead, where is the body?» («Калі шахматы мёртвыя, то дзе ж труп?»). Аднак цягам матчу, які пачаўся з сямі (!) нічыіх, чуліся заклікі пераходзіць на фішэрэндам. Я б аддаў перавагу шахматам-5039, і ўсё ж за прыгожую канцоўку 8-й партыі, дзе чорныя фігуры дамінавалі на дошцы, гатовы многае дараваць… Эстэтычную асалоду атрымаў, бадай як ад «Балеро» Марыса Равеля. Няйначай у гонар гэтай перамогі магілёўскія прадпрымальнікі назвалі сваю прэмію, якую ўручаць 26.11.2016, «Неверагодны ферзь» 🙂 Паглядзеўшы на энтузіязм у рунэце, я не здзіўлюся, калі ў рускай мове з’явіцца новы сэнс у слова «закaрякать» – замучыць суперніка на роўным месцы… «Адказка» ад Карлсена ў 10-й партыі была куды менш відовішчная.

13 год таму я атрымаў па электроннай пошце артыкул М. Ковыцева (гэтае прозвішча мне нічога не казала), прысвечаны Сяргею Каракіну: «Шахматный Робертино Лоретти». Аўтар прапаноўваў апублікаваць артыкул у часопісе, аднак, параіўшыся з членам рэдкалегіі «Шахмат-плюс» Паўлам Макевічам, я вырашыў гэтага не рабіць, бо гутарка падалася мне занадта «газетнай» і далёкай ад беларускай праблематыкі. Трохі пазней тутэйшыя аматары ўсё адно даведаліся пра таленты юнага жыхара Украіны – інтэрв’ю падабраў часопіс «Шахматы» (гл. № 1, 2004). Ці шкадую пра «незабітага мядзведзя»? Не, не шкадую. Ці асуджаю пераезд Каракіна ў Расію 8 год таму і яго прапуцінскія погляды? Да гэтага я абыякавы, бо аддзяляю мух ад катлет. Пісаў пра тамтэйшых ігракоў, бываў «на ўсходзе», але жыву ў краіне, якая ўжо 25 год незалежная. На жаль, глебы пад нагамі так і не адчулі многія ўраджэнцы СССР, а сярод іх – і наша нобелеўская лаўрэатка. Іначай не падпісвала б зварот 18.11.2016 ад імя «расійскіх пісьменнікаў і журналістаў»…

А тут якраз і навіна культуркі падваліла. 8 снежня 2016 г. у мінскім клубе «Мулен Руж» плануецца рэдкі ў нашых краях спектакль-камедыя «Паліто з Бабруйска». Хачу спадзявацца, што не зусім папса, што выйдзе кранальна. Рэклама, па-мойму, вартая таго, каб прывесці яе цалкам – прама-такі бітлоўскі «бенефіс містэра Кайта»:

Упершыню ў Мінску! Адраджэнне жанру вадэвілю!!! Шмат гумару і песень па матывах яўрэйскага фальклору. А вы ведалі, што ўпершыню яўрэі з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі яшчэ ў часы вялікага Княства Літоўскага? Не? А што ім асаблівыя граматы з прывілеямі ахвяраваў вялікі князь Вітаўт? Таксама міма? Дык запомніце і іншым перадайце, што толькі ў Бабруйску да рэвалюцыі 72 працэнты насельніцтва складалі яўрэі! Так, і па часці гумару адэсіты ў бабруйчан «падлогі мылі». Мяркуйце самі: гораду Адэсе 200 з чымсьці гадоў, а яўрэйскай абшчыне Бабруйска 500. І хто не ведае за анекдот пра паліто: «Сустракаюцца на «Сацыялцы» два яўрэі. – Абрам, дзе ты шыў такое паліто? – У Парыжы. – А гэта далёка ад Бабруйска? – 2000 кіламетраў. – Слухай, такая глухмень, а шыюць прыстойна!»

Шмат іншых анекдотаў, рэальных смешных гісторый з жыцця бабруйскіх яўрэяў і папулярныя музычныя кампазіцыі 30-х – 50-х гадоў мінулага стагоддзя вы зможаце пачуць у выкананні лепшых артыстаў і кіно! Смяяцца і спяваць дазваляецца!!!

У пастаноўцы занятыя: Ігар Пятроў, Таццяна Ружаўская, Бэла Шпінер, Сяргей Навіцкі, Жора Волчак, Наталля Якаўлева, Маша Возба, Ягор Найдовіч, Таццяна Жданава і інш.

У чаканні «рэальных смешных гісторый» пацешыла «вайна правак» на Магілёўскай, 32. Нагадаю, у чэрвені 2016 г. пад уплывам расійска-беларускай лалітыкі з’явіліся выявы дзяцей, адразу ж раскрытыкаваныя людзьмі з мастацкім густам; у кастрычніку дзецям нехта падмаляваў калючы дрот, але скора гарадскія ўлады аддалі загад яго замазаць, што і было выканана 23.11.2016. На наступны дзень нават выставілі ахову, ды як бы пасля восеньска-зімовай слаты фарбы не змыліся, і дрот не вылез на паверхню зноў 🙂 Пакуль жа наша сціплая фотка выглядае «гістарычнай» – нечакана выявілася, што альтэрнатыўная версія мурала дажывала ўвечары 22 лістапада апошнія гадзіны… Трапную заўвагу зрабіў чытач tut.by: «Cамы задаволены ў гэтай гісторыі – кранаўшчык. І адныя заплацілі за пад’ём, і другія, потым трэція». Я ўжо нават захацеў быць качагарам кранаўшчыком, але потым прыгадаў, што ў нашай краіне вежавыя краны часам захопліваюць тэрарысты нармальныя пацаны, якім недаплачваюць заробленыя грошы, і адмовіўся ад гэтай перспектыўнай ідэйкі…

Вольф Рубінчык, г. Мінск

25.11.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Кароткі змест папярэдніх дзесяці серый:

№ 29 (22.11.2016). Прызначэнне пасла Ізраіля ў Мінску. Місія МВФ у Беларусі, запазычанасць краіны, рэкамендацыі. Няпрошаныя парады «старшыні цэнтрвыбаркама» і прэс-сакратаркі міністэрства адукацыі. Пагрозы прадстаўніцы Мінгарвыканкама ў адрас ананімнага мастака, які зрабіў праўкі ў графіці ля вакзала. Забарона канцэрта гурта «Дзецюкі» галоўным ідэолагам Мінска. Новыя публікацыі пра братоў Бельскіх і Хатынь. Спектакль пра Другую сусветную ў Купалаўскім тэатры і цэнзура на «Хартыі-97». Памылкі на сайце мінадукацыі. Новы інтэлектуальны клуб, планы запрасіць Вольгу Седакову. Бязглуздыя развагі тутэйшых экспертаў пра Трампа і Ле Пэна.

№ 28 (18.11.2016). Прэс-канферэнцыя «галоўнага чыноўніка». Заява пра 90% вышэйшай адукацыі за кошт бюджэту, якая не адпавядае сапраўднасці. Успамін пра зборнік габраўскіх анекдотаў і «вясёлы цынізм» Л. Левіна. Развагі пра сярэднюю і мінімальную зарплату ў розных краінах. Казка пра Лукашэнку 1994 г. Смерць Меіра Дагана (сакавік 2016 г.). Бурчэнне беларускай наменклатуры і прапанова вылучыць у прэзідэнты С. Сідорскага, а ў прэм’ер-міністры – М. Кадырава. Крытыка. Артыкул пра «словы-паразіты» як адцягванне ўвагі ад рэальных праблем, згадка пра аналагічны эпізод у рамане Вайновіча пра Чонкіна. Табурэткавы гумар «афіцыйнай прадстаўніцы РФ» і меркаванне Дзмітрыя Быкава. Ацэнка матчу Карлсен – Каракін.

№ 27 (16.11.2016). Закон пра «ўзроставую» маркіроўку інфапрадукцыі, скандал у мінскім кінатэатры. Меркаванне А. Кудзіненкі пра цэнзуру ў кіно і развагі Э. Лімонава пра «дысцыплінарны санаторый». Прапанова перакласці на беларускую асобныя творы Лімонава. Юбілей «Нашай Нівы», артыкул І. Соркінай пра «НН» і яўрэяў у пачатку ХХ ст. Урывак з кнігі С. Дубаўца пра яго стасункі з яўрэем-п’яніцам у 1990-х. Асабістыя згадкі пра супрацу з рэдакцыяй «НН», пачынаючы з 2000 г. Прычыны цяперашняй абыякавасці да гэтага выдання. Кур’ёзная гісторыя, звязаная з амерыканскім прафесарам геаграфіі ў Мінску. Іншыя замежныя аматары стабільнасці, прапанова плаціць ім столькі ж, колькі плацяць тутэйшым.

№ 26 (11.11.2016). Перамога Трампа, беларускія карані яго зяця. Я. Гутман і Г. Каспараў пра Трампа, кнігі з яго ўдзелам, выдадзеныя ў Мінску. Як можа адбіцца яго перамога на «беларускіх справах». Псеўдаэксперты, якія прадказвалі перамогу Клінтан. «Інавацыйная Беларусь» Ю. Зісера і яе крытыка, параўнанне з «Еду ў Магадан» І. Аліневіча (на карысць апошняга). Няспраўджаны прагноз ад Зісера ў лістападзе 2015 г.

№ 25 (06.11.2016). Напад на людзей з бензапілой у кастрычніку. Патрэба ў інстытуце псіхалогіі. Забойства ў Петрыкаўскім раёне, неабароненасць работнікаў пошты. Развагі пра затрымку з прызначэннем пасла Ізраіля ў Беларусі. Кніга пра цэнзуру ў СССР, выдадзеная ў Ізраілі. Крытычныя заўвагі. Як К. Чорны адгукаўся пра «галоўную цэнзарку БССР» Ф. Дадзіёмаву. Кніга Я. Шумскага пра саветызацыю Заходняй Беларусі, яе плюсы. Памылкі на шыльдах у публічных месцах. «Шучын» на мінскім вакзале.

№ 24 (19.10.2016). Мова нянавісці, яе крыніцы. Паводзіны А. Носіка і суд над нім. Падзеі вакол Э. Пальчыса. Развагі пра «віртуальнае змаганне». Абраза на адрас паэта Барадуліна, патрэба ў судовым пераследзе. Караткаватая памяць жыхароў Беларусі. Абсурдныя версіі мінулага ў РФ і ў ЮНЭСКА. Прысуджэнне Нобелеўскай прэміі Бобу Дылану і яго ўкраінскія (беларускія?) карані. Беларусізацыя культурных герояў. Дэ Голь у Шчучыне. Маляўнічыя запалкі ад «Барысаўдрэва».

№ 23 (07.10.2016). Спрэчкі вакол прамовы прэзідэнта Ізраіля ў Кіеве. Украінска-яўрэйскія адносіны вачыма Я. Сусленскага і З. Бен-Ар’е. Цытаты з Р. Рыўліна, палеміка з І. Зісельсам. Апаненты Рыўліна, іх несамавітасць. Разумнае меркаванне П. Зуб’юка. Кніга Л. Рэйна пра беларускіх калабарантаў, недахоп дыскусій вакол заяўленай у ёй тэмы. Пазіцыя А. Белага. Спектакль паводле вершаў М. Алейнікава «З жыцця насякомых» у Мінску.

№ 22 (27.09.2016). «Дзень яўрэйскай культуры» ў Мінску і спрэчкі вакол пляцоўкі. Як улады з дапамогай святаў адцягваюць увагу ад праблем. Як «старое» змагаецца з «новым». Шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц у Мінску. Памыснасць згадкі пра вул. Яўрэйскую. Сітуацыя з «домам Варбурга» ў Брэсце. Успамін пра разбурэнне мінскай сінагогі на Дзімітрава, 3 у 2001 г. Баязлівасць «прафесійных яўрэяў» пры наяўнасці ў іх арганізатарскіх жылак. «Адмазка» намесніка міністра пра слабасць інфраструктуры. Стан беларускай сацыялогіі, развагі пра А. Манаева і Д. Ротмана. «Ліцвінскі клуб» як навука іншым.

№ 21 (14.09.2016). Прапанова больш актыўна выказвацца на сайце і не забываць пра палітыку. Пра дам, якія прабіліся ў палату прадстаўнікоў. Крытыка выказванняў А. Анісім, ацэнка вагі Г. Канапацкай. Уласныя назіранні за ходам выбараў. Будучыя выбары старшыні руху «За свабоду», тлумачэнне, чаму Ю. Губарэвіч – больш прымальная кандыдатура. Зварот да Беларускай асацыяцыі журналістаў – зрабіць ганаровымі сябрамі арганізацыі В. Купрэйчыка і Д. Ноя. Эсэ Галкоўскага пра «12 крэслаў» і «Залатое цяля», расчараванне ў аўтары праз яго антыяўрэйскія забабоны. Шахматны «ўсенавуч» у беларускіх школах, яго ценявыя бакі.

№ 20 (05.09.2016). Вакантнасць пасады ізраільскага пасла ў Беларусі. Герантакратыя ў «яўрэйскім руху» Беларусі, прагноз 2015 г., які не збываецца. Дасціпнае асвятленне візіту соцень рабінаў у Беларусь на старонцы ІРА ў фэйсбуку. Памылачка з прозвішчам галоўнага рабіна. Пра баязліўцаў-перастрахоўшчыкаў і тых, хто не баіцца. Нявыкананая абяцанка прадстаўніка Рагачоўскага райвыканкама. Вынікі «Дня беларускага пісьменства» ў Рагачове. Карцінкі з фестывалю «Аўцюкі». Смяхоты перадвыбарнай кампаніі. Пра немагчымасць займацца сур’ёзным бізнэсам, ігнаруючы палітыку. Кпіны з парады масквіча выкарыстоўваць «яўрэйскі фактар», адрасаванай уладам РБ. Чалавечыя ахвяры на будоўлі беларускай АЭС.

Змест ранейшых серый гл. у № 20 🙂

Ад рэдакцыі. Мы не заўсёды згодныя з суб’ектыўнымі ацэнкамі нашых аўтараў, у тым ліку і В. Рубінчыка.

Апублiкавана 25.11.2016  19:00

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (24)

Добры вечар прыхільнікам кулінарна-бульварна-нямарнага серыялу! Спачатку пагаворым пра «hate speech», мову (ці то нават цэлы «дыскурс») нянавісці, балазе апошні месяц даў для гэтага шматлікія нагоды. Днямі я зрабіў для сябе адкрыццё: у Беларусі ўжо летась дзейнічала ініцыятыва «Журналісты за талерантнасць» на чале з Алегам Ражковым! Паводле сп. Ражкова (больш пра яго нічога не знаю, і не пытайцеся), «мову варожасці» ў Беларусі прадукуюць перадусім журналісты, а не палітыкі і не культурныя дзеячы. Па-мойму, гэта надзвычай павярхоўны падыход… Як крыніцай улады з’яўляецца народ, так і крыніцай варожасці да «іншых» з’яўляецца ўсімі любімае грамадства. Калі б з боку апошняга не было запыту на «hate speech», то мова нянавісці і не вылазіла б на публіку. Што не здымае адказнасці з канкрэтных «-фобаў» (ксена-, гома-, гетэра-…). Асабліва брыдка яны выглядаюць, калі належаць да «эліты». Ці мяркуюць, што належаць.

Канкрэтна, у Расіі з пастом супраць сірыйцаў выступіў небезвядомы інтэрнэт-прадпрымальнік, досыць папулярны маскоўскі блогер Антон Носік. У яго, здаецца, захаваўся ізраільскі пашпарт з 1990-х гадоў (помню ягоныя інтэрв’ю ў рускамоўных газетах Блізкага Усходу…), і ў кастрычніку 2015 г. ён запрасіў Пуціна бамбаваць варожую Ізраілю краіну, забіваючы ўсіх запар – Б-г, маўляў, разбярэцца, хто вінаваты, хто не. Чалавек, на мінутачку, адносіць сябе да рэлігійных яўрэяў і прапануе Пуціну пераходзіць у іудаізм 🙂

Сёлета расійцы ўзялі Носіка за носік за каўнер і прысудзілі яму штраф. З фармальнага пункту гледжання суд спрацаваў кепска (паблытаў ініцыял падсуднага, не ўлічыў, які памер штрафу можна было выпісаць паводле заканадаўства, дзейнага на момант правапарушэння…), і я не здзіўлюся, калі вышэйшая інстанцыя скасуе вырак. Па сутнасці ж цяжка не ўгледзець у пісаніне «dolboeb’a» (самахарактарыстыка блогера) складу злачынства, прадугледжанага… ну і г. д. Заклік да масавых забойстваў мусіць карацца незалежна ад рэжыму ў краіне, дзе жыве носьбіт нянавісці. Калі ты такі «смелы», як табе карціць паваяваць, то ідзі на поле бою сам, а не кліч іншых з тылу – мараль, асабліва даступная пасля «На Заходнім фронце без перамен» Эрыха-Марыі Рэмарка.

Чаму так шмат месца аддаю расійска-сірыйскім справам? Хіба таму, што ў Беларусі прарэзаўся свой Носік, толькі без ізраільскага пашпарту, – Эдуард Пальчыс са слаўнага горада Ліды. Ён таксама быў не супраць чужымі рукамі жар паграбаць: асабліва паказальны артыкул пра рускага нацыяналіста «П-н павінен памерці» (у арыгінале прозвішча напісана поўнасцю). Там П-с у 2015 г. віційстваваў: «Наш сайт заклікае КДБ і іншыя спецслужбы выслаць спецыяльную групу для ліквідацыі Ягора П., а таксама арышту яго вернага сабачкі Кірыла А.-М. Сілы і магчымасці ў вас для гэтага ёсць… Калі КДБ лянуецца, заклікаем усіх беларусаў, якія жывуць у Расіі, паспрабаваць вывесці са строю нашых ворагаў. Можна падаваць у суд, можна наймаць кілераў, можна дубасіць іх бітамі ў пад’ездзе». Іначай, як дыскурс нянавісці (які, бадай, толькі падкормлівае ўпёртыхъ расійскіхъ імперцаў), кваліфікаваць падобныя заклікі надзвычай цяжка.

Улетку раённы суд прад’явіў Пальчысу 9 «экстрэмісцкіх» артыкулаў з яго сайта, цяпер справа разглядаецца ў мінскім гарадскім. Cудовы пераслед блогера сам па сабе мяне не радуе; напэўна, не варта было трымаць чалавека ў СІЗА так доўга (яго словы не перараслі ва ўчынкі), дый пасяджэнні лепей бы зрабіць адкрытымі. Выклікае павагу, што абаронцы Пальчыса не баяцца затрыманняў, штодня стаяць ля будынку «на такой халадэчы». З іншага боку, непрыемна ўражваюць спробы зляпіць з падсуднага героя, палітвязня (да гонару Пальчыса, сам ён сябе «палітычным» не абвяшчаў), змагара за свабоду слова. I не, я не падпішуся ў рамках «кампаніі па абароне Джона Сільвера» пад ягоным артыкулам-улёткай 2015 г. з камланнямі тыпу: «Расія… жыве толькі прапагандай і смагай крыві. Рашка напала на Украіну ў самы цяжкі момант…» – хаця б таму, што не меў і не маю страху перад Расійскай Федэрацыяй. Яшчэ раз і марудна: тым грамадзянам Беларусі, якія рэальна прагнуць пазмагацца за Украіну/супраць Расіі (на Данбасе ці недзе яшчэ), ніякі КДБ не перашкодзіць, а віртуальнае «кіданне какахамі» – хутчэй дэманстрацыя нягегласці. Яно можа мець адно адваротны эфект, збіваючы з тропу моладзь і пагражаючы паглыбленнем медыяфрэніі… І так, ва ўзросце пад 40 мне бліжэй не заклёны-праклёны, а арганічная праца – удзел у паступовай адбудове такой Беларусі, у якую не сунуцца захопнікі ні з Усходу, ні з Захаду. Моцнай, а ўвадначас дэмакратычнай ды ліберальнай: як тыя казалі, «Беларусі без крайнасцей».

Адпаведна, не патрэбен самасуд над мінчанінам Г., які летась абразіў народнага паэта Рыгора Барадуліна (я не адзін год ведаў і паважаў дзядзьку Рыгора), памерлага ў 2014 г., дый на Васіля Быкава наехаў за іхняе членства ў БНФ. Нядаўна Г. папрасіў прабачэння ў родзічаў паэта – з майго пункту гледжання, у стылі заезджанай показкі «Рабіновіч – не злодзей? Я ізвіняюсь!» – баязліва пачысціў свой фэйсбук і заявіў, маўляў, калі яго хочуць дастаць праз праваахоўныя органы, то ён гатовы. Я перакананы, што суд РБ на цяперашнім этапе – адзінае месца, каб даць чосу такім «героям». Другая паводле значнасці мера – байкот фірмы… Будзе дужа крыўдна, калі пара грамадскага абурэння сыйдзе ў свісток, як сышла ў выпадку з іншым бізнэсоўцам, Дзянісам Б. Нагадаю, гэты дзеяч у ходзе канфлікта з журналістам публічна паслаў усіх «змагароў» на х.. (у арыгінале слова было напісана без кропак). Потым таксама перапрашаў, ды асадачак-та застаўся. Гэта здарылася ў 2013-м, а ў 2016-м пра хуліганскі ўчынак мала хто помніць, і Б. па-ранейшаму лічыцца аўтарытэтам у медыясферы. Яго барадаты твар красуецца на сацыяльна-рэкламных шчытах горада Мінска – юнакам ёсць з каго браць прыклад 🙁

Увогуле, памяць у многіх жыхароў Беларусі, у тым ліку яўрэяў, дужа кароткая (засілле гаджэтаў? кліпавае мысленне?), што і дазваляе адносна лёгка імі маніпуляваць. Ну вось як можна пасля вынікаў галасавання 11.10.2016 за кандыдатуру спікера палаты прадстаўнікоў, навязаную адміністрацыяй Лукашэнкі (109 «за», 1 «супраць») працягваць рабіць выгляд, што ў «палаце № 6» дзве апазіцыянеркі? Чаму за паўмесяца журналісты не прыпомнілі, што Вялікая Лаўрэатка абяцала адкрыць у Мінску інтэлектуальны клуб у верасні 2016 г., ды так і не адкрыла, не папрасілі ў Алексіевіч тлумачэнняў? Эх, рытарычныя запыты…

Падобна, ва ўсходняй суседцы ўжо адкрыта, «зверху» навязваюць абсурдныя версіі мінулага: акурат паводле старых жартаў «калі тэорыя не адпавядае фактам, тым горш для фактаў» і «няважна, што гэта не працуе – магчыма, гэта добра выглядае…» Казус міністра культуры з яго высокаразумнай дысертацыяй не намякае, а проста крычыць. Дзіва што губернатар Арлоўшчыны днямі вёрз такое: «Іван Жахлівы своечасова не аддаў свайго сына лекарам, калі той захварэў у дарозе, яны ехалі з Масквы ў Пецярбург» (ехалі няйначай да Францыска Скарыны; праўда, у апошнія гады Лукашэнка ўжо не «ляпаў» пра Скарыну Піцерскага)… Далучыўся рэктар Маскоўскага дзяржуніверсітэта: «У гісторыі дзяржавы Расійскай іменна Іван IV з’яўляецца адным з сімвалаў расійскай дзяржаўнасці, а час яго кіравання ўпісаны залатымі старонкамі ў гісторыю нашай Радзімы». Дзякуй гэтаму былому актывісту КПСС, акадэміку-мехматаўцу (яму пад 80) за тое, што расплюшчыў некаторым «тутэйшым» вочы на аксіёму: дзяржаўнасць у нас з ім розная. Народная памяць і ў пачатку мінулага стагоддзя захоўвала звесткі пра жудкі пагром пасля захопу царом І. Жахлівым беларускага Полацка (1563 г.).

Эпідэмія падпарадкавання гістарычных фактаў палітычнай мэтазгоднасці перакінулася на ЮНЭСКА, якое 13.10.2016 аддзяліла мух ад катлет яўрэйскую гісторыю ад Храмавай гары – нават не хочацца нешта абвяргаць следам за «самім» Нетаньягу (хіба прэм’ерская тое справа?). Былі шанцы, што здаровы глузд возьме рэванш, тым болей што генеральная сакратарка арганізацыі не адобрыла рэзалюцыю, але – не. Што ж, не будучы прыхільнікам ізраільскага ўраду з яго Софамі ды Эвікамі, мяркую, што ў Іерусаліме правільна зрабілі, прыпыніўшы супрацу з юнэскай.

Ну, а зараз пра добрае і светлае. Прысуджэнне Нобелеўскай прэміі па літаратуры барду Бобу Дылану (не блытаць з Дзімам Біланам) ускалыхнула масы ўдзячных слухачоў; увішныя журналісты адразу ж выявілі ў амерыканскага песняра яўрэйскія карані. Мне ж імпануе, што да Боба – ён мянуе сябе «паштальён, які дастаўляе песні» – цягам некалькіх дзён не маглі дазваніцца прадстаўнікі Нобелеўскага камітэта (і нават перасталі спрабаваць)… Усё правільна, паштальёнаў у час працы лепей не турбаваць, інфа 100%! А можа, Дылан – насамрэч нашчадак Рыгора Скаварады, украінца, які праславіўся фразай «Свет лавіў мяне, ды не спаймаў»? Ці нават… баюся вымавіць… беларуса Язэпа Драздовіча з яго крэда «Мяне яшчэ пашукаюць»?

Беларусізацыя культурных герояў – шлях не тое каб шматабяцальны, аднак заканамерны. Культурка, яна такая: лепей крочыць у няясным напрамку, чым стаяць на месцы. М. Шагала амаль прысабечылі ўжо журналісты і педагогі – цяпер ён «беларускі мастак» самы настаяшчы!.. У Малдове дадумаліся ўшанаваць на адной вечарыне Марка Шагала і Міхаіла Савіцкага, якія на адным полі с..ць бы не селі. Што тут скажаш, апрача класічнага: «А можа, так і трэба»? Калі нават бойкая гросмайстарка Наста Зязюлькіна дала слабіну і заявіла, што надзела б хіджаб дзеля ўдзелу ў чэмпіянаце свету па шахматах на тэрыторыі Ірана (плануецца ў лютым 2017 г.), то што замінае нам прызнаць унёсак юдафоба Савіцкага ў сусветнае мастацтва і папулярызацыю творчасці віцебскага яўрэя?..

Тым часам улады Шчучына і раёна робяць усё, каб беларусізаваць Шарля дэ Голя, каб на пытанне «Дзе Голь?» кожны гараджанін здолеў бы адказаць: «А фіг яго ведае» «Ля палаца Друцкіх-Любецкіх!» Вось-вось маюць павесіць мемарыяльную шыльду там, дзе 100 гадоў таму немцы жэстачайшэ трымалі будучага кіраўніка «Вольнай Францыі» ў палоне. Трэба на вырабе шыльды не спыняцца, а пусціць чуткі пра тое, што ўночы па тэрыторыі завода «Аўтапровад» блукае прывід генерала і блытае дрот… Ваба для турыстаў і някепская «адмазка» для кліентаў завода, калі яны раптам пажадаюць паскардзіцца на якасць прадукцыі.

Да кучы, парадавала прадпрыемства «Барысаўдрэў». Як можна пабачыць тут, каробкі з барысаўскімі запалкамі выглядалі зухавата і ў дарэвалюцыйныя, і ў савецкія часіны. У 1990-2000-х гадах на афармленні эканомілі: абмяжоўваліся то прымітыўным арнаментам, то несамавітым сілуэтам спрадвечна беларускага звера – вярблюда… Сёлета сітуацыя змянілася да лепшага.

zapalki1 zapalki2

Сярэдняя колькасць запалак у каробцы яўна ўпала ў параўнанні з познесавецкім часам, затое выпускаюцца пазнавальныя мастацкія серыі з беларускай геральдыкай і помнікамі архітэктуры. Хто ведае, можа, новае пакаленне хітра «падсаджваюць» на калекцыянерства, абараняючы ад бязбожнай лоўлі пакемонаў? 🙂 Так ці іначай, за выявы гербаў і замкаў – рэспект!

Вольф Рубінчык, г. Мінск

19.10.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 19.10.2016  22:02

***

119 из 149 членов нижней палаты депутатов Чешской Республики осудили резолюцию UNESCO, проголосовав за документ, в котором говорится, что принятая UNESCO резолюция, отрицающая связь еврейского народа с Иерусалимом и Стеной плача, подпитывает антисемитизм в мире и дискредитирует эту международную организацию.

“Палата депутатов Чешской Республики отвергает резолюцию, которая пропитана духом антисемитизма и игнорирует не только связь евреев, но и христиан со святыми местами в Иерусалиме. Формулировки резолюции противоречат мирному характеру Организации Объединенных Наций, которую дискредитирует UNESCO, и, в конечном счете, подпитывает антисемитские тенденции на международном уровне”.

Как известно, Мексика настаивала на повторном голосовании, однако эта просьба была проигнорирована и 18 октября Совет UNESCO одобрил резолюцию исполкома о статусе святых мест.

Напомню, что в исполнительный комитет UNESCO входят представители 58 стран, однако лишь шесть из них проголосовали против резолюции – США, Великобритания, Литва, Нидерланды, Эстония и Германия. Еще 26 государств воздержались и 24, включая Россию, поддержали резолюцию в редакции, предложенной рядом арабских стран и ПНА. Представители 2-х стран вышли из зала во время голосования.

Добавлено 20 окт, 8:34

***

Премьер-министр Италии Маттео Ренци резко осудил резолюцию UNESCO о иерусалимских святынях и заявил, что в следующий раз итальянский представитель будет голосовать против подобного предложения.

Маттео Ренци вызвал к себе министра иностранных дел Италии Джентильони и потребовал от него объяснить причины, по которым Рим воздержался при голосовании, а не выступил против.

По словам итальянского премьера, заявить, что евреи не имеют отношения к Иерусалиму – это все равно, что сказать, будто солнце излучает темноту. Ренци сказал, что Италия теперь будет голосовать против таких инициатив, даже если остальные европейские государства предпочтут занять иную позицию.

Ренци добавил, что желающие критиковать Израиль имеют на это полное право, но не должны использовать UNESCO в своих целях, пишет Барак Равид в “Гаарец”.

Перед Италией об изменении своей позиции заявили Мексика и Бразилия, первоначально поддержавшие антиизраильскую резолюцию, но затем выразившие сожаление в связи с этим.

***

19 представителей парламентов 17 государств подписали декларацию с призывом признать Иерусалим столицей государства Израиль, сообщает NRG. Декларация осуждает резолюцию исполкома UNESCO о святынях Иерусалима.

Декларацию подписали представители международных парламентских лобби в поддержку Израиля, включая депутатов из Италии, Нидерландов, ЮАР и других государств Европы, Африки и Америки.

Они передали подписанную декларацию замминистру Майклу Орену, а он вручил ее премьер-министру Биньямину Нетаниягу.

Добавлено 21 окт. 14:17

***

Петиция с требованием отменить чемпионат мира по шахматам среди женщин в Иране набрала более 15 тысяч голосов. В поддержку этой петиции выступили некоторые известные шахматисты мира.

Петицию подала Нази Паикидзе, чемпионка США. Причиной стало требование иранских властей по поводу обязательного ношения хиджабов участницами турнира. Она заявила, что не собирается участвовать в чемпионате мира в стране, где женщины лишены основных прав и считаются гражданами второго сорта.

Ее позицию поддержал бывший чемпион мира Гарри Каспаров, написавший в своем Twitter, что “даже для такой коррумпированной администрации, как ФИДЕ”, решение проводить чемпионат в теократическом Иране выглядит чрезмерным.

Каролина Лухан, гроссмейстер из Аргентины, тоже выразила недоумение в связи с проведением женского чемпионата в Иране, стране, где часто нарушаются права человека, особенно права женщин. Лухан сказал, что не хочет бойкотировать чемпионат, но считает для себя небезопасным ехать в Иран, и написала письмо в ФИДЕ, выразив свои опасения, передает CNS.

Иранские шахматистки, напротив, резко осудили призывы бойкотировать чемпионат мира, и заявили, что ношение хиджабов не является угнетением и нарушением прав женщин.

11.10.2016

Мнение Владимира Гинзбурга (член исполкома Белорусской федерации шахмат), 23.10.2016:

“Хиджабы не увязываются с античитерскими мероприятиями (в сентябре на шахматной олимпиаде в Баку при входе в игровой зал отбирали ручки, зажигалки и даже механические часы). Если кто-нибудь из женщин откажется одеть хиджаб, а организаторы не пустят в игровой зал и засчитают поражение, может быть скандал. Не завидую членам апелляционного комитета, если игрок подаст протест.

Я тоже подписал петицию. Возможно, тот, кто давал деньги на этот турнир, поставил условие, и кто не хочет, не обязан участвовать. Не удивлюсь, если какой-нибудь чудик даст денег для проведения чемпионата на космодроме может заставить всех играть в скафандрах.”

Добавлено 23 окт. 22:54