Tag Archives: матч Карлсен-Карякин

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (31)

Вітанні прыхільнікам (і прыхільніцам) серыялу! Сёння пагутарым пра дэмагогію як стыль жыцця, пра Украіну і Беларусь, пра тутэйшых нацыянал-патрыётаў і лібералаў у двукоссі і без, і г. д., і г. д.

На мінулым тыдні памёр адзін з абсалютных чэмпіёнаў свету па дэмагогіі, які ўмеў прамаўляць па сем гадзін запар. Хлеба на «востраве Свабоды» заўсёды бракавала, наконт відовішчаў таксама ёсць сумневы (відовішча = змена карцінак, а якая змена ва ўмовах ідэйнай самаізаляцыі, калі адна сям’я больш як паўстагоддзя кіруе?), затое па колькасці слоў і метафар, абрынутых на «душу насельніцтва», Куба дзесяцігоддзямі знаходзілася ў сусветнай «вышэйшай лізе». Хто яшчэ ў гэтай лізе? Некаторыя мяркуюць – КНДР, хтосьці пакажа на Ватыкан з яго энцыклікамі, ну, а мне ўяўляецца, што Беларусь, Расія ды Украіна зоймуць далёка не апошнія месцы. Вонкава краіны ў нас розныя, аднак усе тры моцна выдаюць на лабараторыі дэмагогіі, і паўсюль гучыць «добрае, ціхае слова» (сарказм). У выніку нават слушныя рэчы, тыпу «2Х2=4», ужо не ўспрымаюцца з вуснаў начальнікаў… Што ўражвае, трапляюцца індывіды, якія вышукваюць у лагарэйных прамовах рацыянальнае зерне, абапіраюцца на цытаты, каб дасягнуць нейкіх сваіх мэт… Далёка хадзіць не трэба – у 23-й серыі «Катлет & мух» я сам спасылаўся на «Пораха» 🙂 Асобныя людаеды нават помняць, што перад абраннем у маі 2014 г. Пётр П. прагназаваў пад сваім кіраўніцтвам курс долара ніжэй за 11 грывень (у красавіку 2014 г. курс сягаў 12 гр. за USD, зараз перавышае 25). Плюс абяцаў прадаць фірму «Рашэн» і перакрыць усе афшоры, скончыць антытэрарыстычную аперацыю «за лічаныя гадзіны»… Бязвізавы рэжым з Еўрапейскім Саюзам абяцаўся шматкроць: апошні (здаецца) раз называлася дата 24.11.2016. У ЕС пачухалі патыліцу… і перанеслі разгляд пытання на 2017 г.

«Альтэрнатыўна адораны» аматар шахмат з Каліфорніі ў 2015 г. паглядзеў на тое, як прымаў Парашэнка чэмпіёнку свету Марыю Музычук (на жаль, і гэтая прыгажуня не дала рады кітаянцы Хоў Іфань – менш як праз год страціла тытул), і замілавана вымавіў: «Прэзідэнт, за якога не сорамна». Забыўся бядак, што папярэдніку Парашэнкі, «крымінальніку ў наколках», таксама хапіла інтэлекту ўзнагародзіць ордэнам шахматную чэмпіёнку з Украіны (Ганну Ушэніну) – і папіярыцца на яе фоне. Ну дык… «у іх шпіёны, у нас разведчыкі».

На сем бед у кіраўнікоў нашай суседкі адзін адказ: «расійская агрэсія вінавата». Днямі П. П. назваў гэтую агрэсію ліхам, горшым за Чарнобыль. Праўда, не патлумачыў, чаму ў такім разе Расіі не абвясцілі вайну, чаму краіна не пераведзена на ваеннае становішча… Афіцыйныя асобы Украіны тлумачылі, што ў такім разе «можна будзе забыць пра замежныя крэдыты». Што выглядае «размовамі на карысць бедных»; напрыклад, Ізраіль і арабскія краіны знаходзіліся ў стане вайны ад 1948 г., аднак крэдыты спраўна атрымлівалі (Ізраіль – з Захаду, Егіпет і Сірыя – з СССР).

«Чаму мы купляем расійскае мыла, расійскі шампунь, бытавую хімію, прадукты сельскай гаспадаркі?» – задаў надоечы рытарычнае пытанне ўкраінскі эканаміст Аляксандр Саўчанка. Вядома, гэта справа грамадзян іншай краіны, як сябе паводзіць, вядома, жыць у міры лепей, але, мажліва, яднанне «для фронту і перамогі» дазволіла б ім лягчэй перажыць цяжкія часіны?.. У 2014 г. валавы ўнутраны прадукт, падзелены на лік насельніцтва, быў роўны 2924$ за год, у 2015-м – 2004$, у 2016 г. прагназуецца 1854 (падзенне за 2 гады – звыш 35%). Раней жартавалі: «Не тую краіну назвалі Гандурасам…» Жарт перестаў быць актуальным: Гандурас летась абагнаў Украіну паводле названага паказчыка, дый Папуа-Новая Гвінея апярэдзіла (!)

Наўрад ці таварышаў з Поўдня суцяшае той факт, што намінальны ВУП на душу насельніцтва ў Беларусі падаў яшчэ хутчэй: у 2014 г. быў 8041$, у 2015-м – 5749, сёлета прагназуецца 4855 (мінус 38%!) Давяраць гэтым лічбам МВФ ці не – выбар кожнага, аднак у мінскім «Чырвоным доме» зачухалі патыліцу: аказваецца, за правал у беларускім машынабудаванні «нехта павінен адказаць». У лік самых папулярных каментаў мінулага тыдня ўвайшлі наступныя: «Застаецца знайсці чыноўніка па прозвішчы Нехта – і жорстка пакараць». «Нехта павінен адказаць! І гэты «нехта» павінен адказаць не толькі за машынабудаванне, а за ўсё, што ён нарабіў за 22 гады ва ўладзе!» Падрабязны ж дыягназ беларускай прамысловасці 2010-х гг. паставіў тут малады інсайдэр – тры гады назад…

Тым часам у Мінск прыязджаюць прапагандысты «рускага свету», у Маскве крытыкуюць беларускіх гісторыкаў, тыя адбрэхваюцца… Усё як звычайна: тэлевізар ваюе з халадзільнікам. Руціну парушыла хіба тое, што адзін з тэлегерояў, а менавіта старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў, заявіў пра сваю скорую адстаўку. І пахваліў Лукашэнку, які летась хваліў яго.

Экс-дэпутат Вярхоўнага Савета А. Трусаў узначальвае ТБМ з 1999 года. Мне выпадала некалькі разоў перасякацца з гэтым супярэчлівым дзеячам, мог бы ўспомніць нямала камічнага, апрача «хітраватай усмешкі», ды навошта: у «палатку № 6» А. Т. сёлета не прайшоў, начальствуе на маленькім лапіку (Мінск, вул. Румянцава, 13). Трэба адзначыць, што пры Трусаве, які ў 1990-х даследаваў тэму беларускіх сінагог, суполка худа-бедна павярнулася «тварам да яўрэяў». Некалі А. Т. прапаноўваў адкрыць у таварыстве курсы ідыша, у 2006 г. казаў, што трэба прыняць новы Закон аб мовах, дзе беларуская будзе дэкларавацца адзінай дзяржаўнай, але прапаноўваў «не забыць пра польскую, пра ідыш — помнік беларускай культуры». Наўрад ці выпадкова тое, што менавіта на сядзібе ТБМ у верасні 2008 г. адбылася прэзентацыя вялікага ідыш-беларускага слоўніка. Таксама гадоў восем таму Трусаў публічна прасіў пасла Бен-Ар’е выдаць па-беларуску кнігу па гісторыі Ізраіля, а Зэеў скардзіўся на недахоп грошай… Такой кнігі, калі не памыляюся, няма дагэтуль, затое просты складаны ізраільскі беларус Павел Касцюкевіч падрадзіўся пераказваць біблійныя падзеі (напрыклад, тут і тут).

aleg_pasha

А. Трусаў і разбуджаны ім Павел К. Выявы з svaboda.org.

Штотыднёвая газета «Наша слова» час ад часу дае матэрыялы кшталту «Яўрэі Шчучына», а іншае тэбээмаўскае дацзыбао, «Новы час», – такія артыкулы, як «Габрэі і беларусы». Потым сайту belisrael.info ёсць што публікаваць 🙂

Парадавалі мяне ў свой час і аб’явы, ласкава змешчаныя на сайце ТБМ. У 2014 г. анансаваўся конкурс «Якаву Камянецкаму – 100», у 2016 г. – сустрэча да 120-годдзя Майсея Кульбака ў кнігарні «Галіяфы». Карацей, у «сухой рэшце» ад зносін з трусаўскай арганізацыяй, заснаванай аж у 1989 г., застаецца пазітыў. Не выключаю, што і таблічкі са звесткамі пра мінуўшчыну, развешаныя ў цэнтры сталіцы (легенды для турыстаў на беларускай і англійскай, слова «Мінск» на розных мовах, у т. л. на іўрыце/ідышы), – ініцыятыва актывістаў суполкі. A гарвыканкам толькі зацвердзіў.

masony

На пл. Свабоды, лістапад 2016 г.

Да яўрэйства ў 1990-х неабыякава ставіліся як «нацыянал-патрыёты» (БНФ, ТБМ…), так і «лібералы-касмапаліты», якія гуртаваліся пераважна вакол Аб’яднанай дэмакратычнай партыі, Беларускага фонду Сораса, Беларускага Хельсінкскага камітэта… Многія з іх працавалі ў ЕГУ – неслі студэнтам (у тым ліку і мне) «еўрапейскія каштоўнасці».

Ужо на пачатку 1990-х «патрыёты» і «касмапаліты» не палюблялі адно аднаго, тым болей што канкуравалі за людскія і матэрыяльныя рэсурсы. Прыход Лукашэнкі да ўлады нe спыніў іхняга суперніцтва. Толькі ў пачатку 2000-х часова замірыліся, і тое пад націскам замежніка (эмісара АБСЕ, немца Ханса-Георга Віка), і тое коштам расколу БНФ на памяркоўных вячоркаўцаў ды імпэтных пазнякоўцаў…

Вядома, «лібералы» – сярод якіх было нямала асіміляваных яўрэяў – асуджалі антысемітызм. З іншага боку, выказванні іх яркага прадстаўніка Алега Манаева (які пару гадоў кіраваў мясцовым фондам Сораса) дэманструюць плыткасць, павярхоўнасць іхняй юдафіліі. Ніжэй – фрагменты з інтэрв’ю д-ра Манаева 2000 г. пра паваенную БССР. Толькі адна заўвага: велізарнай нацяжкай выглядае апісанне савецкіх яўрэяў як аплоту «еўрапейскай цывілізацыі»…

Галоўнае, большасць прыезджых прыўносілі не еўрапейскую, а еўразійскую сістэму каштоўнасцей і лад жыцця. Да таго ж значную ролю ў «вымыванні» лепшых прадстаўнікоў нашай краіны адыграла гісторыя беларускіх яўрэяў, якіх да другой сусветнай вайны налічвалася тут звыш мільёна. Многія з іх былі знішчаны ў час вайны, але многія і з’ехалі ўжо ў 1970-80-х, пасля папраўкі Вэніка-Джэксана, прынятай у свой час амерыканскім кангрэсам… Цяпер у РБ, паводле даных апошняга перапісу, засталося менш 30000 яўрэяў… Яўрэі, і гэта агульнапрынята, зрабілі значны ўклад у навукова-тэхнічны і культурны прагрэс у Беларусі. Высокі ўзровень нацыянальнай самаідэнтыфікацыі яўрэяў дазволіў ім увайсці ў нацыянальную беларускую эліту, з якой яны дзякуючы мэтаскіраванай палітыцы антысемітызму былі выбіты. Іх месца таксама занялі зусім не самыя лепшыя людзі, якія прадстаўлялі традыцыі і каштоўнасці, далёкія ад традыцый і каштоўнасцей еўрапейскай цывілізацыі.

Далей прафесар дзейкае пра «плебс», які лічыць Лукашэнку сваім прэзідэнтам…

Працытаваў Манаева, каб паказаць, адкуль «растуць ногі» сёлетніх рэфлексій Святланы Алексіевіч у Вашынгтоне:

«У Беларусі гэтая праблема [эліт] абсалютна відавочная. З аднаго боку эліту нашай краіны знішчыў Сталін, з другога боку Гітлер падчас вайны знішчыў яўрэяў. Гэта была галоўная культурная праслойка ў нашай краіне. На гэтым стаяла культурная стабільнасць і трываласць. Зараз гэтае сялянскае насельніцтва без эліты і, канечне, веды толькі адныя — сялянскія. Вось старшыня калгаса — вось гэта правадыр, вось гэта лідар».

Калі пагартаць выданні пачатку ХХ стагоддзя, хаця б тую ж «Нашу Ніву», то відаць, што нават тады, у пераважна аграрнай Беларусі, веды і інтарэсы беларусаў мелі не толькі «сялянскі» характар. Цяпер жа гараджан – тры чвэрці, і многія (большасць?) нарадзіліся-павырасталі ў гарадах… Пісьменніца ж, падобна, загрузла нават не ў 1990-х, а ў 1970-х гадах, калі праблема «сена на асфальце» была насамрэч актуальная.

Пра штучнасць процістаўлення тутэйшых гараджан і вяскоўцаў, яўрэяў і беларусаў я задумаўся, калі чытаў тэкст свайго даўняга знаёмца, германіста Андрэя Лаўрухіна (былы выкладчык ЕГУ, у 1990-х пэўны час наведваў ідыш-курсы пры Мінскім аб’яднанні яўрэйскай культуры імя Ізі Харыка, зараз, здаецца, робіць у адным з піцерскіх універсітэтаў). Нечакана А. Л. узяўся аналізаваць… змест расійскага ток-шоў пра Беларусь 24.11.2016, і пашкадаваў – вы не паверыце! – пра аднабаковасць тэлежурналістаў.

moek96

Заняткі ў МОЕКу на Інтэрнацыянальнай, 6. Год 1996-ы. На фота М. Мінковіча А. Лаўрухін справа (у акулярах).

Вобраз жыхароў Беларусі на тэлебачанні РФ мала мяне абыходзіць, але ж аўтар задаў даволі важнае пытанне: чаму «ў найбольшай ступені маргіналізавана якраз тая група грамадзян, якая больш за ўсіх “сябруе з розумам”, не ўпісваецца ў сканструяваны ўладай і нацыянал-патрыятычнай апазіцыяй шаблон і не ідэнтыфікуе сябе з крайнімі, відовішчнымі, эпатуючымі публіку пазіцыямі: ні з кандовай афіцыйнай, ні з крайняй нацыянал-патрыятычнай»? Па-мойму, у пытанні часткова змяшчаецца адказ: ТV і здаровы глузд прымірыць няпроста. Тым не менш было б карысна пакорпацца і ў суб’ектыўных прычынах недастатковай публічнасці «Беларусі без крайнасцей». Яшчэ 20 год таму «лібералы-касмапаліты» інтрыгавалі грамадства ды валодалі значнымі рэсурсамі. Апроч вышэйназваных арганізацый, яны кантралявалі, напрыклад, «Белорусскую деловую газету», шэраг аналітычных цэнтраў… Потым уплыў паступова зніжаўся; на «БДГ» пасыпаліся папярэджанні, ЕГУ і НІСЭПД былі выціснуты з Беларусі. Дык чаму ўсё пайшло коса-крыва – адзін Лукашэнка вінаваты? А мо ФСБ? Ці адказныя зноў яўрэі, каторыя не абаранілі? 🙂 Тут ёсць аб чым дыскутаваць, хіба што ў іншай серыі.

…Калі б вароны ўмелі гуляць у шахматы, якую асалоду яны атрымалі б ад толькі што скончанага матчу на першынство свету! (КАРлсен адолеў КАРакіна на тай-брэйку: 3:1). А ў сусветнай эліце ж ёсць і КАРуана, дый КАРпаў дагэтуль cядае за дошку… Праўда, усё часцей яго супернікамі стаюцца малыя карапузы 🙂

Вольф Рубінчык, г. Мінск

01.12.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 1.12.2016  14:30

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (30)

Напярэдадні ўрачыстага адкрыцця ў Мінску новага інтэлектуальнага клуба (запіс у яго пакуль не вядзецца, але рэгістрацыю дакляруюць распачаць у бліжэйшыя дні) раскідаю па маніторы жменьку згадак пра «далёкае-далёкае» мінулае.

У 1990-х гадах Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт не раз наведвалі з публічнымі лекцыямі асобы… ну, калі не сусветнага, то кантынентальнага маштабу. У старым будынку на праспекце Скарыны (ля Дома афіцэраў) акадэмік Міхаіл Гаспараў прачытаў нават не адну, а дзве лекцыі пра рускую паэзію – прыпамінаю, што светлай памяці Гаспараў аналізаваў вершы ХІХ ст. з фармальнага боку. Гэта было ў 1997 ці 1998-м, а ў 1996-м там жа выступаў дарадца прэм’ер-міністра Францыі Гі Сарман, з ім можна было і падыскутаваць… Сарман падпісаў мне сваю кнігу «La solution libérale», перакладзеную на рускую ў пачатку 1990-х (выйшла ў Маскве-1992). На падзею адгукнуўся, у прыватнасці, «Вечерний Минск».

sorman sorman2

Агулам шанцавала на сустрэчы з аўтарытэтнымі французамі. Адзін з іх, дырэктар інстытута палітычных даследаванняў у Страсбургу (Рэно Дарандо; цяпер выкладае ў Парыжы), ацэньваў маю дыпломную працу… Найбольш запомніўся Дамінік Кала – аўтар падручніка «Палітычная сацыялогія». Чытаў ён свае лекцыі студэнтам франка-беларускага факультэта ЕГУ – нас было чалавек 10 – але, па вялікім рахунку, быў даступны для ўсіх. Журналістка «БДГ» пыталася ў мяне, ці мог бы я перакласці некалькі пытанняў для гэтага прафесара (пазней, здаецца, вырашыла праблему сама).

dorandeu2013 colas2009

Р. Дарандо і Д. Кала. Фота з адкрытых крыніц.

Усё гэта адбывалася ўжо ў лукашэнкаўскі час. Могуць запярэчыць, што тады, у канцы ХХ ст., «правадыр» яшчэ не падгроб пад сябе ўсё і ўсіх, таму заходнія інтэлектуалы не баяліся прыязджаць, дый ЕГУ быў важнай «кропкай прыцягнення». У пэўнай ступені яно так – тым не менш «зоркі» актыўна гойсалі да нас і ў ХХІ ст. Чамусьці «Еўрарадыё» не прыгадала, што «абсалютна легендарны» французска-швейцарскі славіст Жорж Ніва, якога зараз нібыта мерацца запрасіць адным з першых, ужо наведваў Мінск у 2002 г. Тады ён даў змястоўнае інтэрв’ю газеце «Белорусский рынок» (некалі эканамічныя выданні не шкадавалі плошчы на развагі пра Пастарнака і Салжаніцына)… Ніва яшчэ казаў: «Вельмі цікавы новы празаік Андрэй Дзмітрыеў». Накаркаў 🙂

Шмат разоў бываў у «сінявокай» брытанскі прафесар, даследчык беларускай літаратуры Арнольд Макмілін. У маі 2010 г. завітаў ён на «яўрэйскую секцыю» кангрэса міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (на вул. Прытыцкага)… і пад псеўданімам «Макмілер» трапіў у гумарыстычна-фантастычнае апавяданне Паўла Касцюкевіча «Вайна з дзьмухаўцамі». Ізраілец Этгар Керэт – таксама той яшчэ знаны інтэлектуал, хоць і без навуковых ступеняў – сёлета выступаў у галерэі «Ў», лінгвістычным універсітэце і Нацыянальнай бібліятэцы. Па лініі Ізраільскага цэнтра некалі прыязджалі Фелікс Кандэль, Ігар Губерман, Міхаіл Хейфец – ніхто з іх не расчараваў публіку. Ну і г. д.

kandel

Аўтограф Ф. Кандэля на кнізе «Люди мимоезжие. Слово за слово»

Раз ужо памочніца С. Алексіевіч Юлія Ч. пералічвае прозвішчы кандыдатаў на выступленні ў новым клубе, дазволю сабе выказацца наконт кандыдатур і я (чыста як патэнцыйны слухач :)) Рэжысёр Сакураў, палітыкіня Хакамада, псіхалінгвістка Чарнігаўская, актрыса Ахеджакава, літаратуразнавец Ніва, пісьменніца Забужка… Няма сумневаў, што ўсе яны паважаныя людзі, але няможна не заўважыць у гэтым шэрагу элемент сумбуру. Пажадана, каб мелася канцэпцыя адбору, іначай будуць хадзіць не на лекцыі, а на саму Алексіевіч. Найперш аматарцы Герцэна і Дастаеўскага варта запрашаць або калег-літаратараў, або, умоўна кажучы, экс-дысідэнтаў – прынамсі тых, хто меў вопыт выжывання ў цяжкіх умовах і мог бы ім падзяліцца (напрыклад, вышэйзгаданыя Губерман, Кандэль, Хейфец так ці іначай дапасоўвалі, а пад канец 2002 г. выступаў у Абшчынным доме на вул. Веры Харужай, 28 і весялун Эдуард Кузняцоў, у 1970-м асуджаны да смяротнай кары…)

Калі ж пільна трэба запрашаць адмыслоўцаў з розных сфер, то не зашкодзіла б час ад часу даваць слова беларускім даследчыкам – у першую чаргу тым, каго выціснулі з універсітэтаў і навуковых устаноў па палітычных матывах (асобы прывет былому куратару Гродзенскага ўніверсітэта Сямёну Шапіру). Бальшыня з іх, наколькі ведаю, неяк адаптавалася, атрымала трыбуны і крыніцы даходаў у Літве або Польшчы, «маргіналамі» не з’яўляецца. Ды запросіны ў Мінск і ганарарчык наўрад ці калі будуць лішнімі.

Маралька. Не варта прыбядняцца, як гісторык Аляксей Братачкін, і абагульняць: «Крайне цяжка пераканаць каго-небудзь прыехаць сюды, з нашымі рэсурсамі і з адсутнасцю ў гасцей асабістай цікавасці да Беларусі… Беларусь дрэнна ўключаная ў інтэлектуальныя міжнародныя сеткі». Грошы і асабістая сувязь гасцей з краінай вырашаюць многае, аднак не ўсё, далёка не. Рыхтуйце глебу – штосьці вырасце.

Хітрымудрыя актывісты адной сямейна-клоўнскай палітычнай (?) партыі – той самай, што ў 2014 г. прапаноўвала назваць вуліцу ў Мінску імем тав. Левіна – глебу для сябе якраз рыхтуюць. Днямі закінулі ў СМІ ініцыятыўку: праз рэферэндум павялічыць тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта з 5 да 7 гадоў, а дэпутацікаў – з 4 да 5 гадоў. («Францыя, мы ўжо набліжаемся да цябе…» – праўда, там якраз на пачатку ХХІ ст. зменшылі прэзідэнцкі тэрмін з 7 да 5 гадоў :))

Новы рэферэндум праводзіць трэба, хто б спрачаўся, але першае пытанне ў ім павінна быць наконт будоўлі АЭС пад Астраўцом (замарозіць або не), другое – наконт судовай сістэмы. Нагадаю, што ў 2013 г. в. а. цара «імем рэвалюцыі» скасаваў гаспадарчыя суды, прадугледжаныя Канстытуцыяй, ды ўліў іх у агульныя. Да таго было паабяцана сфармаваць у Беларусі «суд прысяжных» – гл. перадвыбарную праграму гр-на Лукашэнкі А. Р. 2010 г. Не прайшло і пяці гадоў, як названы грамадзянін паабяцаў «падумаць» над пытаннем і прызнаўся, што не памятае сваёй абяцанкі… Можа, няхай бы крайняе слова сказаў-такі народ? Між іншага, цешу сябе спадзевам, што народ на рэферэндуме, нарэшце, адкіне прапановы-абяцанкі-цацанкі галоўнага чыноўніка, і той мужна падасць у адстаўку, як зрабіў Шарль дэ Голь у 1969 г., калі большасць французаў адкінула яго рэформы. І хто б мог падумаць? Францыя не развалілася, хаця так многа было ў яе гісторыі звязана з імпэтным генералам!

Пра матч на першынство свету Карлсен – Каракін, што адбываецца ў Нью-Ёрку з 11 лістапада. Абодва гульцы, народжаныя ў 1990 г., «машынападобныя»; поспех расійца тлумачыцца, сярод іншага, тым, што ён навучыўся «сушыць» пазіцыі лаўчэй за нарвежца… «Класічныя» шахматы хутчэй жывыя, чым наадварот, або, як дасціпна выказаўся народны каментатар з chessbomb.com, «If chess is dead, where is the body?» («Калі шахматы мёртвыя, то дзе ж труп?»). Аднак цягам матчу, які пачаўся з сямі (!) нічыіх, чуліся заклікі пераходзіць на фішэрэндам. Я б аддаў перавагу шахматам-5039, і ўсё ж за прыгожую канцоўку 8-й партыі, дзе чорныя фігуры дамінавалі на дошцы, гатовы многае дараваць… Эстэтычную асалоду атрымаў, бадай як ад «Балеро» Марыса Равеля. Няйначай у гонар гэтай перамогі магілёўскія прадпрымальнікі назвалі сваю прэмію, якую ўручаць 26.11.2016, «Неверагодны ферзь» 🙂 Паглядзеўшы на энтузіязм у рунэце, я не здзіўлюся, калі ў рускай мове з’явіцца новы сэнс у слова «закaрякать» – замучыць суперніка на роўным месцы… «Адказка» ад Карлсена ў 10-й партыі была куды менш відовішчная.

13 год таму я атрымаў па электроннай пошце артыкул М. Ковыцева (гэтае прозвішча мне нічога не казала), прысвечаны Сяргею Каракіну: «Шахматный Робертино Лоретти». Аўтар прапаноўваў апублікаваць артыкул у часопісе, аднак, параіўшыся з членам рэдкалегіі «Шахмат-плюс» Паўлам Макевічам, я вырашыў гэтага не рабіць, бо гутарка падалася мне занадта «газетнай» і далёкай ад беларускай праблематыкі. Трохі пазней тутэйшыя аматары ўсё адно даведаліся пра таленты юнага жыхара Украіны – інтэрв’ю падабраў часопіс «Шахматы» (гл. № 1, 2004). Ці шкадую пра «незабітага мядзведзя»? Не, не шкадую. Ці асуджаю пераезд Каракіна ў Расію 8 год таму і яго прапуцінскія погляды? Да гэтага я абыякавы, бо аддзяляю мух ад катлет. Пісаў пра тамтэйшых ігракоў, бываў «на ўсходзе», але жыву ў краіне, якая ўжо 25 год незалежная. На жаль, глебы пад нагамі так і не адчулі многія ўраджэнцы СССР, а сярод іх – і наша нобелеўская лаўрэатка. Іначай не падпісвала б зварот 18.11.2016 ад імя «расійскіх пісьменнікаў і журналістаў»…

А тут якраз і навіна культуркі падваліла. 8 снежня 2016 г. у мінскім клубе «Мулен Руж» плануецца рэдкі ў нашых краях спектакль-камедыя «Паліто з Бабруйска». Хачу спадзявацца, што не зусім папса, што выйдзе кранальна. Рэклама, па-мойму, вартая таго, каб прывесці яе цалкам – прама-такі бітлоўскі «бенефіс містэра Кайта»:

Упершыню ў Мінску! Адраджэнне жанру вадэвілю!!! Шмат гумару і песень па матывах яўрэйскага фальклору. А вы ведалі, што ўпершыню яўрэі з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі яшчэ ў часы вялікага Княства Літоўскага? Не? А што ім асаблівыя граматы з прывілеямі ахвяраваў вялікі князь Вітаўт? Таксама міма? Дык запомніце і іншым перадайце, што толькі ў Бабруйску да рэвалюцыі 72 працэнты насельніцтва складалі яўрэі! Так, і па часці гумару адэсіты ў бабруйчан «падлогі мылі». Мяркуйце самі: гораду Адэсе 200 з чымсьці гадоў, а яўрэйскай абшчыне Бабруйска 500. І хто не ведае за анекдот пра паліто: «Сустракаюцца на «Сацыялцы» два яўрэі. – Абрам, дзе ты шыў такое паліто? – У Парыжы. – А гэта далёка ад Бабруйска? – 2000 кіламетраў. – Слухай, такая глухмень, а шыюць прыстойна!»

Шмат іншых анекдотаў, рэальных смешных гісторый з жыцця бабруйскіх яўрэяў і папулярныя музычныя кампазіцыі 30-х – 50-х гадоў мінулага стагоддзя вы зможаце пачуць у выкананні лепшых артыстаў і кіно! Смяяцца і спяваць дазваляецца!!!

У пастаноўцы занятыя: Ігар Пятроў, Таццяна Ружаўская, Бэла Шпінер, Сяргей Навіцкі, Жора Волчак, Наталля Якаўлева, Маша Возба, Ягор Найдовіч, Таццяна Жданава і інш.

У чаканні «рэальных смешных гісторый» пацешыла «вайна правак» на Магілёўскай, 32. Нагадаю, у чэрвені 2016 г. пад уплывам расійска-беларускай лалітыкі з’явіліся выявы дзяцей, адразу ж раскрытыкаваныя людзьмі з мастацкім густам; у кастрычніку дзецям нехта падмаляваў калючы дрот, але скора гарадскія ўлады аддалі загад яго замазаць, што і было выканана 23.11.2016. На наступны дзень нават выставілі ахову, ды як бы пасля восеньска-зімовай слаты фарбы не змыліся, і дрот не вылез на паверхню зноў 🙂 Пакуль жа наша сціплая фотка выглядае «гістарычнай» – нечакана выявілася, што альтэрнатыўная версія мурала дажывала ўвечары 22 лістапада апошнія гадзіны… Трапную заўвагу зрабіў чытач tut.by: «Cамы задаволены ў гэтай гісторыі – кранаўшчык. І адныя заплацілі за пад’ём, і другія, потым трэція». Я ўжо нават захацеў быць качагарам кранаўшчыком, але потым прыгадаў, што ў нашай краіне вежавыя краны часам захопліваюць тэрарысты нармальныя пацаны, якім недаплачваюць заробленыя грошы, і адмовіўся ад гэтай перспектыўнай ідэйкі…

Вольф Рубінчык, г. Мінск

25.11.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Кароткі змест папярэдніх дзесяці серый:

№ 29 (22.11.2016). Прызначэнне пасла Ізраіля ў Мінску. Місія МВФ у Беларусі, запазычанасць краіны, рэкамендацыі. Няпрошаныя парады «старшыні цэнтрвыбаркама» і прэс-сакратаркі міністэрства адукацыі. Пагрозы прадстаўніцы Мінгарвыканкама ў адрас ананімнага мастака, які зрабіў праўкі ў графіці ля вакзала. Забарона канцэрта гурта «Дзецюкі» галоўным ідэолагам Мінска. Новыя публікацыі пра братоў Бельскіх і Хатынь. Спектакль пра Другую сусветную ў Купалаўскім тэатры і цэнзура на «Хартыі-97». Памылкі на сайце мінадукацыі. Новы інтэлектуальны клуб, планы запрасіць Вольгу Седакову. Бязглуздыя развагі тутэйшых экспертаў пра Трампа і Ле Пэна.

№ 28 (18.11.2016). Прэс-канферэнцыя «галоўнага чыноўніка». Заява пра 90% вышэйшай адукацыі за кошт бюджэту, якая не адпавядае сапраўднасці. Успамін пра зборнік габраўскіх анекдотаў і «вясёлы цынізм» Л. Левіна. Развагі пра сярэднюю і мінімальную зарплату ў розных краінах. Казка пра Лукашэнку 1994 г. Смерць Меіра Дагана (сакавік 2016 г.). Бурчэнне беларускай наменклатуры і прапанова вылучыць у прэзідэнты С. Сідорскага, а ў прэм’ер-міністры – М. Кадырава. Крытыка. Артыкул пра «словы-паразіты» як адцягванне ўвагі ад рэальных праблем, згадка пра аналагічны эпізод у рамане Вайновіча пра Чонкіна. Табурэткавы гумар «афіцыйнай прадстаўніцы РФ» і меркаванне Дзмітрыя Быкава. Ацэнка матчу Карлсен – Каракін.

№ 27 (16.11.2016). Закон пра «ўзроставую» маркіроўку інфапрадукцыі, скандал у мінскім кінатэатры. Меркаванне А. Кудзіненкі пра цэнзуру ў кіно і развагі Э. Лімонава пра «дысцыплінарны санаторый». Прапанова перакласці на беларускую асобныя творы Лімонава. Юбілей «Нашай Нівы», артыкул І. Соркінай пра «НН» і яўрэяў у пачатку ХХ ст. Урывак з кнігі С. Дубаўца пра яго стасункі з яўрэем-п’яніцам у 1990-х. Асабістыя згадкі пра супрацу з рэдакцыяй «НН», пачынаючы з 2000 г. Прычыны цяперашняй абыякавасці да гэтага выдання. Кур’ёзная гісторыя, звязаная з амерыканскім прафесарам геаграфіі ў Мінску. Іншыя замежныя аматары стабільнасці, прапанова плаціць ім столькі ж, колькі плацяць тутэйшым.

№ 26 (11.11.2016). Перамога Трампа, беларускія карані яго зяця. Я. Гутман і Г. Каспараў пра Трампа, кнігі з яго ўдзелам, выдадзеныя ў Мінску. Як можа адбіцца яго перамога на «беларускіх справах». Псеўдаэксперты, якія прадказвалі перамогу Клінтан. «Інавацыйная Беларусь» Ю. Зісера і яе крытыка, параўнанне з «Еду ў Магадан» І. Аліневіча (на карысць апошняга). Няспраўджаны прагноз ад Зісера ў лістападзе 2015 г.

№ 25 (06.11.2016). Напад на людзей з бензапілой у кастрычніку. Патрэба ў інстытуце псіхалогіі. Забойства ў Петрыкаўскім раёне, неабароненасць работнікаў пошты. Развагі пра затрымку з прызначэннем пасла Ізраіля ў Беларусі. Кніга пра цэнзуру ў СССР, выдадзеная ў Ізраілі. Крытычныя заўвагі. Як К. Чорны адгукаўся пра «галоўную цэнзарку БССР» Ф. Дадзіёмаву. Кніга Я. Шумскага пра саветызацыю Заходняй Беларусі, яе плюсы. Памылкі на шыльдах у публічных месцах. «Шучын» на мінскім вакзале.

№ 24 (19.10.2016). Мова нянавісці, яе крыніцы. Паводзіны А. Носіка і суд над нім. Падзеі вакол Э. Пальчыса. Развагі пра «віртуальнае змаганне». Абраза на адрас паэта Барадуліна, патрэба ў судовым пераследзе. Караткаватая памяць жыхароў Беларусі. Абсурдныя версіі мінулага ў РФ і ў ЮНЭСКА. Прысуджэнне Нобелеўскай прэміі Бобу Дылану і яго ўкраінскія (беларускія?) карані. Беларусізацыя культурных герояў. Дэ Голь у Шчучыне. Маляўнічыя запалкі ад «Барысаўдрэва».

№ 23 (07.10.2016). Спрэчкі вакол прамовы прэзідэнта Ізраіля ў Кіеве. Украінска-яўрэйскія адносіны вачыма Я. Сусленскага і З. Бен-Ар’е. Цытаты з Р. Рыўліна, палеміка з І. Зісельсам. Апаненты Рыўліна, іх несамавітасць. Разумнае меркаванне П. Зуб’юка. Кніга Л. Рэйна пра беларускіх калабарантаў, недахоп дыскусій вакол заяўленай у ёй тэмы. Пазіцыя А. Белага. Спектакль паводле вершаў М. Алейнікава «З жыцця насякомых» у Мінску.

№ 22 (27.09.2016). «Дзень яўрэйскай культуры» ў Мінску і спрэчкі вакол пляцоўкі. Як улады з дапамогай святаў адцягваюць увагу ад праблем. Як «старое» змагаецца з «новым». Шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц у Мінску. Памыснасць згадкі пра вул. Яўрэйскую. Сітуацыя з «домам Варбурга» ў Брэсце. Успамін пра разбурэнне мінскай сінагогі на Дзімітрава, 3 у 2001 г. Баязлівасць «прафесійных яўрэяў» пры наяўнасці ў іх арганізатарскіх жылак. «Адмазка» намесніка міністра пра слабасць інфраструктуры. Стан беларускай сацыялогіі, развагі пра А. Манаева і Д. Ротмана. «Ліцвінскі клуб» як навука іншым.

№ 21 (14.09.2016). Прапанова больш актыўна выказвацца на сайце і не забываць пра палітыку. Пра дам, якія прабіліся ў палату прадстаўнікоў. Крытыка выказванняў А. Анісім, ацэнка вагі Г. Канапацкай. Уласныя назіранні за ходам выбараў. Будучыя выбары старшыні руху «За свабоду», тлумачэнне, чаму Ю. Губарэвіч – больш прымальная кандыдатура. Зварот да Беларускай асацыяцыі журналістаў – зрабіць ганаровымі сябрамі арганізацыі В. Купрэйчыка і Д. Ноя. Эсэ Галкоўскага пра «12 крэслаў» і «Залатое цяля», расчараванне ў аўтары праз яго антыяўрэйскія забабоны. Шахматны «ўсенавуч» у беларускіх школах, яго ценявыя бакі.

№ 20 (05.09.2016). Вакантнасць пасады ізраільскага пасла ў Беларусі. Герантакратыя ў «яўрэйскім руху» Беларусі, прагноз 2015 г., які не збываецца. Дасціпнае асвятленне візіту соцень рабінаў у Беларусь на старонцы ІРА ў фэйсбуку. Памылачка з прозвішчам галоўнага рабіна. Пра баязліўцаў-перастрахоўшчыкаў і тых, хто не баіцца. Нявыкананая абяцанка прадстаўніка Рагачоўскага райвыканкама. Вынікі «Дня беларускага пісьменства» ў Рагачове. Карцінкі з фестывалю «Аўцюкі». Смяхоты перадвыбарнай кампаніі. Пра немагчымасць займацца сур’ёзным бізнэсам, ігнаруючы палітыку. Кпіны з парады масквіча выкарыстоўваць «яўрэйскі фактар», адрасаванай уладам РБ. Чалавечыя ахвяры на будоўлі беларускай АЭС.

Змест ранейшых серый гл. у № 20 🙂

Ад рэдакцыі. Мы не заўсёды згодныя з суб’ектыўнымі ацэнкамі нашых аўтараў, у тым ліку і В. Рубінчыка.

Апублiкавана 25.11.2016  19:00

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (28)

Аказваецца, нас чытаюць у самых высокіх інстанцыях, «крыху вышэй за Госпада» (С) 🙂 Варта было канстатаваць у папярэдняй серыі, што заробкі ў Беларусі нізкія, што ў 2016 г. яны ў сярэднім ні разу не перавышалі 500$ за месяц, як начальнік краіны ў той жа дзень, 17.11.2016, даў прэс-канферэнцыю, дзе ўсцяж апраўдваўся: «Не хлебам адзіным жыве чалавек… У нас з часоў СССР засталася бясплатная адукацыя. 90% атрымліваюць вышэйшую адукацыю за кошт бюджэту».

Паслухаюць такія трызненні журналісты cуседняй краіны, панапісваюць баек у сваіх «баявых лістках», а потым нас з жонкай даймаюць масквічы, як было сёлета: «А праўда, што ў вас там сацыялізм?» Можна шмат разважаць пра якасць навучання, якое, нягледзячы на асобныя светлыя плямы, паступова дэградуе, пра тое, што пасля «бясплатнага» сыру студэнты вымушаны ісці на размеркаванне (як правіла, за ламаны шэлег) або вярнуць грошы, але справа нават не ў гэтым. Вышэйшая адукацыя ў Беларусі даўно платная куды больш, чым на 10%. Ну вось зусім афіцыйнае і з усіх бакоў афіцыйнае агенцтва, інфа ад 11.05.2016:

У ВНУ Беларусі (новая бюракратычная абрэвіятура «УВА» –  установы вышэйшай адукацыі – як бачым, слаба прыжываецца – В. Р.) у 2016 г. плануецца прыняць звыш 63,7 тыс. абітурыентаў… Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш… На дзённую форму плануецца залічыць 38,5 тыс. чалавек (у тым ліку на бюджэт – 22,6 тыс.), на завочную – 24,7 тыс. (на бюджэт – 5,3 тыс.).

Іншая афіцыйная крыніца паведаміла, што бюджэтных месцаў у параўнанні з 2014 г. стала на тысячу менш. Дакладна не ведаю, колькі рэальна залічана і колькі зараз вучыцца «бясплатна», але ясна, што далё-ё-ка не 90%, нават калі абмежавацца толькі дзённай формай, дзе «бюджэтнікаў» пакуль яшчэ, здаецца, крыху больш за палову (60%?). А можа, усё як у той габраўскай показцы (перакладаю паводле зборнічка, які выйшаў у Мінску-1981; склаў жа «Улыбки друзей» светлай памяці Ванкарэм Нікіфаровіч):

Селянін звярнуўся да габраўца з просьбай даць пазыку 100 леваў. Той згадзіўся, але з умовай, што пазыка павінна быць вернута з надбаўкай у 9 працэнтаў.

– Але гэта нечуваныя працэнты! Пабойся Бога!

– Бог глядзіць на нас зверху, і дзявятка здаецца яму шасцёркай, – адказаў габравец.

Дарэчы ўспомнілася, што такі «вясёлы цынізм» быў уласцівы «галоўнаму яўрэю краіны», які сышоў у 2014 г. («Дедушка умер, а дело живёт – лучше бы было наоборот»; як перакласці ў рыфму, не знаю). Гісторыйкай падзяліўся адзін мінскі музыка-педагог яшчэ ў пачатку стагоддзя, я нават не напрошваўся на тую размову. Са сваім гуртом ён адыграў у 1990-х на нейкай імпрэзе левінскай суполкі… Леанід Мендэлевіч абяцаў перадаць грошы для гурта, але потым зрабіў, як сказала б цяпер моладзеж, «тролфэйс». На пытанне:«Як жа я буду глядзець у вочы сваім музыкам?» паступіў геніяльны адказ: «А Вы не глядзіце». Таму мне заўсёды смешна, калі сучасныя дзеячы, якія пнуцца выступаць ад імя беларускіх яўрэяў, ледзь не б’юць сябе ў грудзі, што наследуюць «Вялікаму Чалавеку». Так-так, «прагрэсіўны рабін усяе Беларусі», і вас тычыцца…

Вяртаючыся да тэмы «сярэдняя зарплата папіццот долараў» (між іншага, цікава, чаму асоба, якая не раз прадказвала абвал амерыканскай валюты, упарта вылічвае заробак беларусаў у доларах?): калі за такія грошы прыйдзецца «араць» па 14 гадзін 6 дзён на тыдзень («памерці, але выйсці на 500»), то не, дзякуй, і нікому не раю. Не таму, што гультай, а таму, што без свабоды «вялікая пайка рот дзярэ».

Увогуле, тутэйшым працоўным трэба ўжо адмовіцца ад арыентацыі на сярэднемесячныя паказчыкі, а дабівацца падвышэння мінімальнага заробку за гадзіну працы. Цікавыя звесткі пра пагадзінны заробак у розных краінах прыведзены тут: Ізраіль – амаль 6.5$, ЗША – больш за 7… Беларусь жа ў гэтым плане можна параўнаць хіба з Калумбіяй (1$ за гадзіну), якая «вылучаецца скрайне нізкім узроўнем мінімальнай зарплаты, што ў цэлым адпавядае яе становішчу дастаткова беднай краіны, шмат у чым завязанай на аграрны сектар». Не забываймася віншаваць тых, хто 22 гады «ля стырна»! Можа быць, яны былі падтрыманы не ФСБ, а лацінаамерыканскімі спецслужбамі – адсюль і шматгадовае сяброўства з Уга Чавесам? 🙂

У 1994 г. «Наша Ніва» надрукавала казкі пра кандыдатаў на прэзідэнцкі пасад. Калектыўны твор Глобуса-Клімковіча-Сцяпана называўся «Лукашэнка і самбрэра» (яны яўна што-та ведалі):

Вельмi ўжо да твару Алесю Рыгоравiчу Лукашэнку звычайнае мексiканскае самбрэра. Надта ж зручная рэч, нашмат лепшая за цюбяцейку цi генэральскую папаху. I ў сьпёку заўсёды цень знойдзеш, i ў дождж не замокнуць дэпутацкiя плечы. Насiў бы i насiў Алесь Рыгоравiч сваё самбрэра, у якiм так хораша гойсаць на саўгасным «козьлiку»…, але закiнуў лёс Лукашэнку ды ў сталiцу. Змог бы i ў горадзе Алесь Рыгоравiч насiць любы сялянскаму сэрцу галаўны ўбор, каб была ў яго службовая машына з адкрытым верхам. Але не такi ён чалавек, каб перарабляць машыну пад сябе i кiдаць на вецер народныя грошы. I паспрабаваў Лукашэнка езьдзiць у грамадскiм транспарце… Але як ты ўваб’есься-ушчэмiсься ў лацiнаамэрыканскай шапцы ды ў менскi тралейбус?! Раз пакамечылi, другi пакамечылi, i давялося Алесю Рыгоравiчу Лукашэнку павесiць сваё самбрэра на цьвiк. Але ня трацiць надзеi Лукашэнка, што надыйдзе час, калi будзе ў яго машына з адкрытым верхам.

В. а. цара дагэтуль ганарыцца ліверам, які ў Мінску чатыры гады таму перасадзілі экс-кіраўніку «Масада» Меіру Дагану: «Жывы ён ці не?» За восем месяцаў не далажылі бедаку, што памёр… 🙁

Глухое бурчэнне пару год чуецца з нетраў тутэйшага апарату (не самагоннага), і вось «апазіцыйны-апазіцыйны» доктар юрыдычных навук 14.11.2016 варожыць, хто б мог замяніць Лукашэнку-старэйшага. Прыйшоў да высновы, што… Сідорскі, прэм’ер-міністр у 2003-2010 гг., доктар навук тэхнічных:

Міхаіл Кадыраў у сваім артыкуле «Накануне…» правільна кажа, што для ратавання краіны ад эканамічнай катастрофы патрэбны адукаваныя, інтэлігентныя і духоўна прасунутыя людзі, пажадана да 50 гадоў. Паводле яго меркавання, «трэба прыкідваць кандыдатуры, пісаць пра іх». Вось я і вырашыў гэта зрабіць. Хто яны, ратавальнікі? Гэта – Сяргей Сідорскі, які можа стаць на «капітанскі мосцік», Міхаіл Кадыраў, які можа падабраць каманду талковых кіраўнікоў. І магу прапанаваць сябе на пасаду галоўнага юрыста (міністра юстыцыі? Старшыні Вярхоўнага ці Канстытуцыйнага суда? – В. Р.), які навядзе парадак у заканадаўстве. Сідорскі… мог бы, з аднаго боку, задаволіць цяперашнюю наменклатуру, даўшы ёй гарантыі бяспекі, а з другога боку, яго б з радасцю падтрымала расійскае кіраўніцтва, якое ўбачыла б у ім надзейнага прадаўжальніка расійска-беларускіх адносін.

Меркаванне народа «сустаршыню Ўсебеларускага кангрэса за незалежнасць», відаць, мала цікавіць; ну што ж, выкажу хоць сваё, «экспертнае» суб’ектыўнае. У «эпоху Сідорскага» працягваўся гвалт і здзек з прынцыпаў прававой дзяржавы, такой любай (? – В. Р.) былому суддзі Канстытуцыйнага суда. Усе факты няма сэнсу выгружаць; згадаю толькі антыканстытуцыйны рэферэндум 17.10.2004, што зняў абмежаванне на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў. Прэм’ер-міністр, які не сышоў у адстаўку (Міхаіл Чыгір, многім абавязаны Лукашэнку, увосень 1996 г. перад рэферэндумам наважыўся-такі сысці), зрабіўся саўдзельнікам… Ну, тое, што пры Сідорскім жорстка разганяліся пратэстоўцы ў сакавіку 2006 г. і снежні 2010 г. – гэта ўжо «вішанька на торце». За перыяд яго «бліскучага» прэм’ерства насельніцтва Беларусі зменшылася тысяч на 300 (эміграцыя, выміранне). Затое знешні доўг вырас з 4 млрд $ да 28…

Who is Міхаіл Кадыраў? Доктар сельскагаспадарчых навук з Ельска (яму 65), у 2000-2004 гг. быў членам беларускага «сената» – Савета Рэспублікі, створанага ў тым самым 1996-м праз ліквідацыю законнага парламента. Тады ўсё яго цешыла, а сёлета, пасля адпраўкі на пенсію з аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта, «стаў відушчым»: «20 год жылі пры тыраніі і працавалі паводле прынцыпу: “дасканалім тое, што маем, і так, як умеем!”» У галаве заслужанага аграрыя – катлеты і мухі мяшанка з Івана Ільіна, «гісторыка» Анатоля Тараса, Канфуцыя і Паўла Севярынца. Паказала сябе «Хартыя-97»: параўнала Кадырава з Інай Соркінай, ды яшчэ назвала даследчыцу, зволеную з Гродзенскага ўніверсітэта ў 2014 г., «Сорокиной»…

try_volaty

Магутная тройка інтэлектуалаў – хоць у клуб Алексіевіч запрашай: М. Кадыраў, М. Пастухоў, С. Сідорскі.

Усё ж М. Пастухову, відаць, было няёмка за свае прапановы – выдаліў ён тэкст «Сидорского – в президенты» з «Бел. партызана», і тут я цытую яго паводле гугл-кэша. Лячыць сістэму трэба, але не з такімі ж дахтурамі…

А тым часам іншая вучоная аўтарка на «партале № 1» усё гукае пра «словы-паразіты» ў рускай мове жыхароў Беларусі – о так, усе іншыя праблемы краю ды яго культуркі ў асноўным вырашаны! Не мог не ўспомніць Уладзіміра Вайновіча з яго «Жыццём і незвычайнымі прыгодамі салдата Івана Чонкіна». Нагадаю, там ішлося пра тылавы раён СССР 1941 г.:

Каб неяк нейтралізаваць злавесныя чуткі, мясцовая газета «Бальшавіцкія тэмпы» ў раздзеле «Займальная інфармацыя» змясціла шэраг цікавых звестак. Было расказана, напрыклад, пра трытона, які праляжаў пяць тысяч год у замарожаным выглядзе і ажыў пасля таго, як яго адагрэлі; пра тое, што нейкі народны ўмелец, слесар з горада Чабаксары, выдрапаў на пшанічным каліўцы поўны тэкст артыкула Горкага «З кім вы, майстры культуры?» Але чуткі надалей пашыраліся, і газета, імкнучыся скіраваць розумы ў іншае рэчышча, адкрыла на сваіх старонках дыскусію: «Правілы добрага тону – ці патрэбныя яны?»… Старая настаўніца ў палемічнай нататцы «А чаму б і не?», аддаючы належнае класаваму падыходу, сцвярджала тым не менш, што цалаваць рукі дамам не толькі можна, але і трэба. Гэта, пісала яна, прыгожа, элегантна, па-рыцарску… З рэзкай водпаведззю ў заметцы «Яшчэ чаго захацелі!» выступіў знатны забойшчык быдла Цярэнцій Кныш. Для чаго ж, пісаў ён, рабочаму чалавеку цалаваць рукі нейкай там даме? А што, калі ў яе рукі не памытыя, або, яшчэ горш, кароста? Не, даруйце, – пісаў Кныш, – скажу вам з рабочай праматой: калі ў вас няма даведкі ад доктара, я цалаваць вам рукі не буду…

Пакуль газета адцягвала ўвагу насельніцтва, кіраўнікі раёна, перабраўшы ўсе магчымыя версіі, прыйшлі да высновы, што Чонкін, хутчэй за ўсё, камандзір нямецкіх парашутыстаў…

Дзіўлюся з тых, хто войкае ў адказ на задорнаўскапетрасянскі табурэткавы гумар афіцыйнай прадстаўніцы РФ, прадэманстраваны ў час ток-шоў 13.11.2016. Імітацыя яўрэйскага акцэнту, баечкі пра тое, што на выбарах ЗША ўсё вырашаюць грошы «нашых людзей», яўрэяў… У Беларусі падобныя, нават больш адыёзныя, «жарцікі» адпускала першая асоба ў дзяржаве, а не дваццаць пятая, і нічога, перажылі неяк; няхай «Марачка» (Марыйка? Марычка?) пацешыцца. Дзмітрый Быкаў умела «злавіў хвалю» і паказаў, што лучыць многіх яго суграмадзян: «Гэта такое своеасаблівае пачуццё гумару, гатоўнасць смяяцца над нясмешным… “Аншлаг” перамясціўся ў органы ўлады».

dvoe

Карыкатура з chess.com

Расійцу Каракіну ўдалося ўтрымацца ў першай палове матчу на першынство свету па шахматах з дзейным чэмпіёнам, нарвежцам Карлсенам. Праўда, праз тое, што ўсе 6 партый скончыліся мірна, англамоўныя гледачы далі ўдзельнікам забаўныя мянушкі: «Drawlsen» i «Drawjakin», то бок «Нічыйсен» і «Нічыякін». Як бы ні скончыўся матч (а псіхалагічная перавага цяпер на баку прэтэндэнта), відавочна, што амерыканскі «эксперт» паспяшаўся на рубяжы 2013/14 са сваім прагнозам: «Дамінаванне Карлсена ў верхніх эшэлонах шахмат абяцае аказацца доўгім».

Вольф Рубінчык, г. Мінск

18.11.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

 

Апублiкавана 19.11.2016  22:31