Tag Archives: Станислав Богданкевич

В. Рубінчык. GAUDEAMUS?

Ізноў здароў! Другі свой тэкст у гэтым годзе пастараюся зрабіць як мага больш аптымістычным – таму і загаловак, які, паводле пэўных звестак, заклікае радавацца. Анягож: кнігі пішуцца, друкуюцца, некаторыя нават даходзяць да публікі (маю на ўвазе «Іудзейнасць» i не толькі). З асобнымі тэкстамі пазнаёміліся ў «цэлай Амерыцы» 😉

Урывак з матэрыяла М. Бароўскага, апублікаванага ў часопісе «Sovа» (май-чэрвень 2020), што выдаецца на Атлантшчыне, у штаце Джорджыя

Падобна, мы з Міхаілам Бароўскім разыходзімся ў поглядах на асобу паэта і рэдактара Арона Вяргеліса (1918–1999). Асабіста мне Арон Алтэравіч нічога кепскага не зрабіў, а наадварот, у 1995 г. стараўся дапамагчы, дый з Дзінай Харык шляхетна абыходзіўся… Ну, і я да яго стаўлюся больш спагадліва, чым «таямнічы незнаёмец» (які, безумоўна, мае права на ўласныя ацэнкі, пагатоў падмацаваныя аўтарытэтам ідышыста Гірша-Довіда Каца).

Чаму пан Бароўскі вылучыў слова «идишист», я не здукрыў: звыклая лексема, якая гучыць і ў рускай мове, і ў самім ідышы. У Шолам-Алейхема было сатырычнае апавяданнечка «Yidishistn un hebraistn», г. зн. «Ідышысты і гебраісты». Але, мабыць, аўтару кнігі «Адшчапенцы» (з выкрыццём не аднаго Вяргеліса, а і многіх іншых членаў «Антысіянісцкага камітэта савецкай грамадскасці», што дзейнічаў у 1980-х гг.), пачулася нешта дзіўнае… Пра зрухі ва ўспрыманні элементаў мовы сёння шчэ пойдзе гаворка.

Мінулым разам прагназаваў змену твараў на самым версе ў 2023 г. або нават у другой палове 2022 г. Прыемна было ўбачыць, што блогер Сяргей Лаўрыненка (мала пра яго ведаю, але, відаць, чалавек аўтарытэтны, раз цэлая «Салідарнасць» бярэ ў яго інтэрв’ю) 06.01.2021 выказаўся ў падобным ключы: 2021-ы – для адстаўкі ранавата, аднак і ўсю пяцігодку выседзець у «прэзідэнта» наўрад ці атрымаецца.

Між тым д-р Станіслаў Багданкевіч, былы старшыня Нацбанка і Аб’яднанай грамадзянскай партыі, чакае, што Лукашэнка сёлета ўцячэ з Беларусі (гл. udf.by, 01.01.2021). Па-мойму, заслужаны прафесар акунуўся ў бяскрайнее мора wishful thinking… А, напрыклад, «адзіны» кандыдат на выбарах-2001, партыйна-прафсаюзны дзеяч Уладзімір Ганчарык даўно ў тым моры плавае (29.10.2020 казаў «К Новаму году з’явяцца перадумовы, каб Лукашэнка пакінуў уладу»; ну, «Белсат» ведае, каго запрашаць :))

Калумніст «Новага часу» Сяргей Нікалюк – пра «пытанне пытанняў» (05.01.2021):

Што гэта было? Аптымісты сцвярджаюць, што ўсе мы сталі сведкамі, а многія і ўдзельнікамі, РЭ-ВА-ЛЮ-ЦЫІ. Для аптымістаў жа ў квадраце мінулы час у пытанні недарэчны. Чаму было? Рэвалюцыя працягваецца, бо яна — не падзея, а працэс, старт якому быў дадзены летам 2020 года.

Прыемна, канешне, звычайнаму грамадзяніну адчуць сябе сведкам (а месцамі нават удзельнікам :)) чагосьці вялікага і светлага. «Дойліды перабудовы і галоснасці» ў сярэдзіне 1980-х таксама гэта ведалі, таму на 70-годдзе кастрычніцкага перавароту 1917 г. запускалі ў інфапрастору жвавыя лозунгі кшталту «Перабудова: рэвалюцыя працягваецца!» Але застаюся пры сваіх думках: ні ў СССР-1987/88, ні ў Беларусі-2020 рэвалюцыі не адбылося.

У тым жа артыкуле С. Нікалюк суцяшае чытачоў (і сябе?):

Беларуская рэвалюцыя… не стала інструментам барацьбы за ўладу ў рэжыме «тут і цяпер». Аднак, у поўнай адпаведнасці з Вікіпедыяй, яе можна лічыць радыкальным, карэнным, глыбокім, якасным змяненнем, скачком у развіцці грамадства.

І тут жа фактычна абвяргае свой тэзіс:

Працэс пайшоў — працэс змены грамадства. Але не трэба цешыць сябе. Так званая «большасць», па замове якой вось ужо 26 гадоў будуецца беларуская мадэль, нікуды не знікла. Яна стаілася, яна сцішылася, але не больш за тое… Ні летам, ні восенню, ні ў пачатку зімы сур’ёзнай дэфармацыі беларускай дзяржавы не назіралася. Яна яшчэ не выпрацавала свой рэсурс — і таму выстаяла.

Дзе ж «радыкальнае, карэннае» і г. д. змяненне? Дзяржава (дакладней, адміністрацыя, што выступае ад яе імя) выстаяла, грамадства ўзбудзілася, але не ўсталявала новыя «правілы гульні», прынамсі ў жыццёва важных сферах. І не дало рады з абаронай сваіх заступнікаў… 🙁

Ну, хоць адвакатка Наталля Мацкевіч днямі прабілася да палітвязня Міколы Дзядка – упершыню з 18.12.2020. Кажа: «Стан здароўя ў яго нармальны, настрой бадзёры. За апошні тыдзень яму аддалі больш за 100 лістоў» (tut.by, 04.01.2021).

Адно з уразлівых месцаў «рэвалюцыі» намацаў Мікалай Халезін: «Калі ў бліжэйшы час вядучыя гульцы і іх структуры не пяройдуць у рэжым пошуку кансалідуючых крокаў і максімальнай прафесіяналізацыі дзейнасці, нас чакае радыкальны адток прафесіяналаў з пратэстнага руху, якіх у ім і так скрайне мала» (udf.by, 06.01.2021).

Кур’ёзны прыклад таго, як наватвор, што ўлетку здаваўся лозунгам бунтарак і бунтароў («У сацсетках беларусы запусцілі новы флэшмоб – пад эгідай хэштэга #евалюция. Так карыстальнікі выказваюць нездаволенасць тым, што адбываецца вакол Белгазпрамбанка і тым, як людзі ў пагонах пазбаўляюць нас мастацтва», kyky.org, 16.06.2020), «страціў імпэт» і ператварыўся ў нешта бяскрыўднае…

Рэкламу гэткай «Евалюцыі» бачыў і ў пераходзе пад пл. Прытыцкага – на самым пачатку 2021 г.

Семантычныя зрухі – паступовыя або раптоўныя змены значэння слоў – заўжды мяне інтрыгавалі. Да прыкладу, цяпер пра нейкае дасягненне почасту кажуць «прарыў», а 90 год таму ў беларускай мове «прарыў» значыў зусім адваротнае – няпоспех, правал (асабліва ў вытворчай ці навуковай сферах)… Дасягненні ж менаваліся «пераломамі» 😉

Выглядае, што мова ўсё болей становіцца інструментам улады; моўныя спрэчкі ўсё часцей набываюць палітычны характар… Ва ўмовах дыктатуры або гіпертрафаванай паліткарэктнасці «не так» вымаўленае/напісанае слова можа цягнуць за сабой сур’ёзныя санкцыі. Во прачытаў на «Трыбуне» (01.01.2021):

Нападаючы «Манчэстар Юнайтэд» Эдынсан Кавані адрэагаваў на рашэнне Футбольнай асацыяцыі (FA) дыскваліфікаваць і аштрафаваць яго за выкарыстанне слова «негрыта» ў працэсе зносін у інстаграме: «Усім прывітанне… Хачу данесці да вас, што я прымаю да ведама дысцыплінарныя захады, усведамляючы, што я чужы ў пытаннях размоўнай англійскай мовы, але не падзяляю такога пункту гледжання», – напісаў форвард зборнай Уругвая.

Слова «негрыта» ўжываецца ў іспанамоўных краінах Амерыкі ў значэнні «сябрук, прыяцель, дарагі чалавек».

Э. Кавані

Бадай што гісторыя з барысаўскай «Жыдовачкай»… Быў і працяг. Асацыяцыя футбола Уругвая падтрымала гульца, якога за «негрыта» дыскваліфікавалі на тры матчы. Уругвайцы, сярод іншага, заявілі наступнае:

У нашай іспанскай мове, што моцна адрозніваецца ад іспанскай, якой гавораць у іншых рэгіёнах свету, мянушкі negro/a або negrito/a («чорны») рэгулярна выкарыстоўваюцца як праява дружбы, сімпатыі, блізіні й даверу і не маюць ніякага дачынення да ўніжальнага або дыскрымінацыйнага ўспрымання расы або колеру скуры таго, пра каго вядзецца гаворка.

У тым жа духу мовіла Канфедэрацыя футбола Паўднёвай Амерыкі. Дапаможа гэта або не, не ведаю, і не абяцаю, што буду сачыць за ўсімі акалічнасцямі справы… Але ўразіла, што брытанская футбольная асацыяцыя пайшла тым самым шляхам «абароны меншасці без уліку меркавання меншасці», якім 70 год таму заклікаў ісці савецкі шахматны кампазітар Аляксандр Арэшын (1913–1978). У часопісе «Шахматы в СССР» № 8, 1951 таварыш з Рузаеўкі пісаў:

Варта спыніцца на тэрміне «піканіні» (негрыцяня). Так амерыканец Ф. Джэнет мянуе камбінацыю, у якой чорная пешка, што стаіць на сёмай гарызанталі, гуляе ў чатырох варыянтах на ўсе даступныя ёй палі.

Калі для праславутага амерыканскага ладу жыцця выкарыстанне гэтага тэрміна асвячона расісцкімі законамі, то для савецкіх шахматыстаў гэты тэрмін з’яўляецца абразай народу, які жорстка эксплуатуецца так званай «цывілізаванай» нацыяй.

«Pickaninny theme» дагэтуль існуе ў шахматнай кампазіцыі, аднак у нейкім сэнсе Арэшын апярэдзіў сваю эпоху. На гэта паказвае і папярэдні прыклад з negrito, і той факт, што нейкі англамоўны аматар шахаў гадоў 5 таму задаўся пытаннем: «Як можна замяніць “пікеніні”?» Падкрэсліўшы: «У сучасным свеце важна быць адчувальным да людзей, якіх можа абразіць гэткі тэрмін». Пільнаму чытачу шахматнага форуму параілі звярнуцца апеляваць да 59-га Сусветнага кангрэса шахматнай кампазіцыі (прайшоў улетку 2016 г.). Пакуль што высокі арэапаг з удзелам прадстаўнікоў трох дзясяткаў краін не адмовіўся ад «крамольнага» тэрміна, які Фрэнк Джэнет увёў ажно ў 1914 г., але як будзе далей?.. Пры цяперашніх трэндах-брэндах усё можа здарыцца. ¯\_(ツ)_/¯

* * *

Калі верыць тутэйшым СМІ, будынак старажытнай сінагогі ў Слоніме нарэшце прададзены (цана за паўгода знізілася ў некалькі разоў, і ў канцы снежня ледзь перавысіла 10 тыс. USD). Гаспадыняй масіўнай спаруды мае зрабіцца Ілона Караваева, мінчанка, якая піша казкі пад псеўданімам Іаана Рыўз.

І. Караваева, фота адсюль

З аднаго боку – добрая навіна; з другога – ёсць пэўныя сумневы, што малавядомая (будзьма шчырымі) пісьменніца «арганізуе» мільёны долараў, патрэбныя для паўнавартаснай рэстаўрацыі. Куды, між іншага, падзеўся лонданскі фонд яўрэйскай спадчыны, які доўгі час прэтэндаваў на будынак?.. Мажліва, Ілона будзе працаваць поруч з Фондам, а мо’ стане другім Сяргеем М-кам (той у 2008 г. выкупіў «дом Хаіма Вейцмана» на Піншчыне, як пазней выявілася, пераважна для ўласнага піяру). Паглядзім, сказаў сляпы…

Адназначны пазітыўчык: мастачка-блогерка Ніка Сандрас намалявала, а кампанія мабільнай сувязі выдала і распаўсюдзіла каляровыя паштоўкі з цытатамі ад Уладзіміра Караткевіча (1930–1984).

Узоры «караткевіцкіх» паштовак. Крыніца

Як убачыў, нарадзілася ідэйка: чаму б не выпусціць аналагічны набор да 125-годдзя Мойшэ Кульбака (1896–1937)? Юбілей слыннага яўрэйскага пісьменніка, ураджэнца Смаргоні, будзе адзначацца ў другой палове сакавіка 2021 г. – час яшчэ ёсць. І малюнкі-ілюстрацыі да «Зельманцаў», зробленыя Андрэем Дубініным, існуюць ужо даўно…

«Афіцыйна» пакуль што нічога не прапаную, бо крыху стаміўся ад прадонняў абыякавасці. Напрыклад, мінсувязі РБ праігнаравала прапановы 2019 г. ды не ўключыла канверт або марку з партрэтам Кульбака ў план выпуску паштовай прадукцыі гэтага года 🙁

Так, завяршыць тэкст выпадае на сумных нотах. Памёр адзін з тутэйшых «магікан» ідыш-культуры, ураджэнец Рагачова Анатоль Наліваеў, крыху не дажыўшы да 90… Апошнім часам ён любіў менаваць сябе Абрам Налівай. Цікавіўся незалежнай газетай «Анахну кан», і ў № 11, 2002 з’явіўся яго допіс, на які тут жа адрэагаваў «Авив», закінуўшы артысту несамастойнасць, удзел у «чорным піяры», etc. Ну, Б-г суддзя тым «разумнікам», а Наліваеву – светлая памяць. Тут (артыкул 2018 г.) ён распавёў пра сваё складанае, поўнае дзівосаў і парадоксаў жыццё…

Вольф Рубінчык, г. Мінск

07.01.2021

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 07.01.2021  16:42

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (41)

Пяты дзясятак аўтару яшчэ не пайшоў, а серыям – пайшоў… Чаму б і не пісаць, што думаеш, калі ёсць маральная падтрымка? 🙂

Здарылася падзейка: у Мінску пажылы рэдактар недзяржаўнай газеты сам-насам сустрэўся з Лукашэнкам і згуляў з ім у «абдымашкі», а заадно падзяліўся набалелым, бы з тым псіхатэрапеўтам. Штопраўда, злыя, няветлыя людзі заўважылі, што не варта было абдымацца з чалавекам, які цябе незаконна зволіў: Вольга Седакова з яе паняццямі пра «зло» не адабрае. Яшчэ злейшыя ўспомнілі, што ў 1995 г. Іосіф С. доўга без працы не сядзеў: змяніў «Народную газету» на «Народную волю» і неўзабаве пабудаваў сабе з «апазіцыйнасці» дом пад Мінскам. Прайграныя на роўных месцах суды з выплатай вялізных штрафаў, страта даверу палітыкаў і экспертаў, падзенне тыражу – усё гэта не збянтэжыла былога камсамольскага сакратара і слухача Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. Не, зразумела, і такое «жаўтаватае» выданне, як «Народная воля», мае сваю аўдыторыю – наклад 25 тыс. таксама не жарт. Але прыпамінаю: калі ў 2009–2011 гг. я рабіў на пошце, жыхары Мінска падпісваліся на «НВ» даволі вяла, куды радзей, чым на «АиФ» ды «КП».

Пасля таго, як І. Сярэдзіч агучыў прапанову да А. Лукашэнкі «стаць другім Ярузэльскім» і сесці за круглы стол, пачаліся кпіны. Даследчык Павел Усаў мяркуе: «Зыходзячы з асаблівасцей функцыянавання беларускай палітычнай сістэмы, месца апазіцыі ЗАЎСЁДЫ будзе ПАД СТАЛОМ, а не за ім». Мяне нудзіць ад такой катэгарычнасці: людзі, якіх залічваюць у апазіцыю (лепей бы называць іх альтэрнатыўнымі або дэмакратычнымі сіламі), не настолькі бязглуздыя, як часам выглядае. Адсотак «разумнікаў» сярод іх не меншы, а нават большы, чым сярод чыноўнікаў; ну, запрашаў жа Міхась Мясніковіч Стася Багданкевіча ў 2011 г. для кансультацыі ў цяжкі час, і не пад стол садзіў, а за стол… Уражвае, як аналітык У. адмаўляецца прызнаваць змены апошніх гадоў: «Беларускае грамадства не мяняецца, як не мяняецца сутнасць самой палітычнай сістэмы, у якой няма нічога беларускага. За ўсімі палітычнымі дэкарацыямі (часткай якіх можа стаць «круглы стол») зеўрае агромністая цывілізацыйная пустэча». Грамадства мяняецца, разумнее, няхай і марудна; іншая рэч, што мы не ў Польшчы, і Лукашэнку няма сэнсу апранаць на сябе мундзір Ярузэльскага. Хутчэй гаворка можа ісці пра лібералізацыю паводле пярсідскага іспанскага ўзору.

Прачытана ў першым-лепшым рэфераце: «Іспанія ў 1959 прыняла «План эканамічнай стабілізацыі», які аслабіў адміністрацыйны кантроль над эканомікай. Быў адкрыты шырокі доступ замежнаму капіталу… Ф. Франка пільна сачыў, каб лібералізацыя адносілася толькі да сферы эканомікі і адпрэчваў дэмакратызацыю палітычнага і сацыяльнага жыцця». І тым не менш: «Лібералізацыя эканомікі і эканамічны рост у 1960-я гады суправаджаліся некаторымі палітычнымі саступкамі. У 1966 быў прыняты Арганічны закон, які ўнес рад ліберальных паправак да канстытуцыі».

Відавочна, логікай «спачатку эканоміка, а калі-небудзь, праз гады – правы чалавека і палітыка» кіруюцца і заходнія дабрадзеі, нават тыя, хто яшчэ не зусім загруз у цынізме. «Круглы стол» такі мажлівы, аднак, вядома, у бліжэйшы час ён прывядзе толькі да касметычных змен у сістэме. Напрыклад, за «грандыёзную саступку» патэнцыйным інвестарам і крэдыторам з ЕС можна выдаць увядзенне ў Беларусі суда прысяжных (нагадаю, паабяцанага Лукашэнкам яшчэ ў 2010 г.) або пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека, «омбудсмена». Пра патрэбу ў гэтай пасадзе таксама гаварылася шмат гадоў таму, але і ў 2001 г., абяцаючы стварыць «інстытут упаўнаважанага», кандыдат мянціў так: «Але прэзідэнт не можа перакласці свой канстытуцыйны абавязак быць гарантам правоў чалавека на якім б там ні было інстытут. Толькі галава дзяржавы, валодаючы паводле Канстытуцыі шырокімі паўнамоцтвамі, зможа забяспечыць гарантыю правоў і свабод грамадзян». Амаль тое самае чаўпе апошні год. Ну, гэта вядомая ў палітыцы з’ява: «речка движется и не движется» (С), упаўнаважаны патрэбен і непатрэбен…

На добры лад, што варта было зрабіць з судамі ў рамках канстытуцыйнай рэформы (рэферэндум жа ўсё адно мае адбыцца): адмяніць або абмежаваць прызначэнне суддзяў прэзідэнтам, а дэ-факта міністэрствам юстыцыі і клеркамі з адміністрацыі Лукашэнкі, перадаць гэтае права парламенту. Ліквідаваць верхнюю палату цяперашняга «нацыянальнага сходу», што дазволіць зэканоміць кучу грошай (тожа мне англійскія лорды – «Савет рэспублікі»…). Правесці новыя выбары паводле такой сістэмы, якая дазволіла б трапіць у парламент альтэрнатыўна мыслячым людзям, і не 1%, а хаця б 15-25%. У Бібі Нетаньягу апазіцыя ў Кнэсеце больш самавітая, кантралюе да 40-45% месцаў – і нічога, з 2009 г. прэм’ер-міністр неяк дае рады, жывіцца ад сваіх супернікаў «непрычасанымі» ідэямі.

Чаму я раптам пра Ізраіль? Па-першае, сайт ізраільска-беларускі… Па-другое – тутэйшыя чыноўнікі, дый іхнія апаненты, любяць спасылацца на досвед блізкаўсходняй дзяржавы. От доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк, калі быў членам «сената» Савета рэспублікі, каментаваў прыняцце ўказа пра нелегальныя археалагічныя пошукі ў Беларусі: «Жорсткае да вандалаў заканадаўства, напрыклад, у Ізраілі, дзе за вольныя раскопкі адразу прадугледжваюцца тэрміны зняволення ад 5 гадоў» (сумняваюся, што так «адразу»; артыкул пра закон 1978 г. не пацвярджае…). Цяпер, перабраўшыся ў «ніжнюю палату», доктар заклікае пры забеспячэнні правоў беларускамоўных грамадзян дзейнічаць «роўна і спакойна», «на першы план ставіць свабоду выбару чалавека». У прынцыпе-та ніхто не за «гвалт», але ж довады ў гісторыка… «Напрыклад, іўрыт быў мёртвай мовай, мовай Торы, але жаданне ў сэрцах мільёнаў яўрэяў зрабіла яго жывой мовай, адрадзіла гэтую мову. Усё залежыць ад жадання, самае важнае – гэта мова сэрца». Мне аднаму здаецца, што мову Торы, а дакладней, ТАНАХу, які ў ХІХ ст. штодня чыталі тыя самыя мільёны, некарэктна называць «мёртвай»? Дый энтузіясты адраджэння іўрыта як гутарковай мовы не чакалі, пакуль мільёны прачнуцца… І адбывалася адраджэнне не толькі «па жаданні сэрца» тых адраджэнцаў, а і з ужываннем адміністратыўных вагароў. У Палестыне пачатку ХХ ст. вяліся несупынныя «моўныя войны», ахвярай якіх стаў, у прыватнасці, ідыш: «без гвалту і прымусу» не абышлося. Думаю, прафесар пра ўсё гэта ведае, аднак хітруе, прапануючы ісці «мірным яўрэйскім шляхам».

«Заляпіў» і Зянон Пазняк у канцы снежня 2016 г. – у духу савецкай песні «и вновь продолжается бой, и сердцу тревожно в груди»: «Барацьба за Беларусь-ВКЛ ня скончана… Яна будзе працягвацца ўвесь час, пакуль будзе існаваць маскоўская імпэрыя і яе палітыка Арды. Наша становішча можна дакладна параўнаць са становішчам дзяржавы Ізраіль у арабскім сьвеце. І дакладна гэтак, як Ізраіль, мы мусім дзейнічаць, каб быць і адстойваць сваё існаваньне, а ў канцовым варыянце – перамагаць. Дзяржаўнымі прыярытэтамі мусяць быць – Беларуская мова, высокатэхналягічная эканоміка, рынкавая нацыянальна абумоўленая вытворчасьць, адукацыя, моцная сучасная армія і тэрытарыяльная абарона». Як Беларусь у Еўропе можа дзейнічаць «дакладна гэтак», як Ізраіль у Азіі? Аб’явіць Расіі вайну (зрэшты, Зянон лічыць, што вайна і так ужо ідзе)? Пачаць прызываць дзяўчат у войска? Зноў завезці на тэрыторыю краіны ядзерную зброю? Ад 90 да 99% беларусаў не прымуць такія ідэі ні оптам, ні ў розніцу; відаць, адчуваючы гэта, Зянон Станіслававіч і не едзе да нас ужо 21-ы год.

Гэты ж «антылюмпенскі» палітык пару тыдняў таму аж у трох месцах бухнуў дыялогамі з нядаўна памерлым Антонам Шукелойцем: тут, тут, тут. Адначасна З. П. кінуўся крытыкаваць амерыканскую даследчыцу Катастрофы Аніку Вальке, інтэрв’ю з якой змяшчалася і на belisrael.info: яна, маўляў, спрабуе пашырыць адказнасць за масавае знішчэнне яўрэяў на ўсе нацыі, акупаваныя немцамі, у тым ліку і на беларусаў. Пазняк, таксама гісторык з адукацыі, безапеляцыйна сцвярджае: «Поўны правал адбыўся ў Беларусі. Фактаў не знайшлося. Тым больш, што дасьледчыца выявіла ў нямецкіх архівах данясеньні нямецкага акупацыйнага камандаваньня ў Бэрлін аб тым, што спробы немцаў уцягнуць беларусаў у пацыфікацыю жыдоў праваліліся. Немцы не змаглі тут гэтага арганізаваць. Беларусы ня ўдзельнічалі ў гітлераўскай палітыцы Галакосту».

Вядома, я не стану сцвярджаць следам за амерыканскім юрыстам Джонам Лофтусам (і праф. Іофе з Мінска, які некрытычна яго цытаваў), што «яўрэяў выяўлялі калабаранты і заганялі іх у гета… Людзі Радаслава Астроўскага (прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады – В. Р.) усё рабілі за немцаў… Ні ў якой іншай краіне мясцовыя жыхары так бесчалавечна не цкавалі сваіх суседзяў». Аднак фактаў удзелу беларусаў у «гітлераўскай палітыцы Галакосту» багата, іх не абавязкова вышукваць у «нямецкіх архівах». Сам бачыў украй юдафобскія артыкулы ў «Беларускай газэце» за 1942–43 гг., рэдагаванай у Мінску Ул. Казлоўскім, у 1930-х – знаным дзеячам беларускага студэнцкага (і не толькі) руху. Ю. Віцьбіч, «культавая постаць» пасляваеннай беларускай эміграцыі, пад акупацыяй таксама займаўся «жыдаедствам». Тут можна прачытаць яго адпаведныя опусы, перадусім «Народ золотого тельца» (1942). Калі гэта не заклік да знішчэння яўрэяў, то апраўданка дакладна. Былі аналагічныя артыкулы і ў паліцэйскім часопісе «Беларус на варце», які ў 1943–44 гг. выдаваўся з удзелам яшчэ адной «культавай асобы», Ф. Кушаля (рэдактарам быў іншы «свядомы беларус» Ул. Дудзіцкі).

Гадоў трох таму мне давялося перакласці кнігу ізраільскага гісторыка Леаніда Рэйна «Каралі і пешкі. Калабарацыя ў Беларусі ў час Другой сусветнай вайны», я ўжо згадваў гэтую працу. Нягледзячы на недахопы кнігі (пэўная неахайнасць і казуістычнасць, няўменне або нежаданне раскрыць тэму яўрэйскай калабарацыі), аўтар здолеў агаліць стан беларускага грамадства ў 1941–44 гг.: так, у Барысаве «дапаможныя паліцыянты (з мясцовай паліцыі, набранай улетку 1941 г.) кантралявалі выкананне загадаў аб “жоўтай лаце” і назіралі за засяленнем яўрэяў у гета. Падчас т. зв. акцый менавіта мясцовыя паліцыянты выганялі яўрэяў з хат… Насамрэч цяжка назваць органы («мясцовага самакіравання» – В. Р.), якія так ці інакш не скарысталіся б з вынішчэння яўрэяў. Выбітнае месца сярод галоўных атрымальнікаў маёмасці [яўрэяў] займала “Беларуская народная самапомач”» і г. д., і г. д.

Падобна, заангажаванасць беларусаў у працэс знішчэння яўрэяў была меншай, чым заангажаванасць украінцаў і літоўцаў, але як гэта – саўсім адмаўляць «беларускі след», ды цяпер, калі яшчэ жывыя некаторыя сведкі той вайны?.. Палітык, ужо злоўлены на непраўдзівым «выкрыцці» Дзмітрыя Булахава, канчаткова выйшаў у мяне з даверу. Відаць, яго захапленне Змітраком Бядулям («наш выбітны пісьменьнік, габрэй і беларус») нагэтулькі ж шчырае, як майса Лукашэнкі-старэйшага пра Аляксандра Лапшына 3 лютага: «Мы згодна з рашэннем Інтэрпола яго затрымалі». Пазней, калі Лапшына ўжо выслалі ў Азербайджан (07.02.2017, адразу пасля пасяджэння Вярхоўнага суда Беларусі, парушыўшы права арыштаванага на зварот у міжнародныя інстанцыі і на дадатковую юрыдычную дапамогу), высветлілася, што не было такога рашэння Інтэрпола… «Д’ябал у дэталях».

Вольф Рубінчык, г. Мінск

15.02.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 15.02.2017  20:27