В. Рубінчык. Рэкапітуляцыя

У сучаснай беларускай мове «рэкапітуляцыя» – перадусім біялагічны тэрмінпаўтарэнне арганізмамі ў працэсе іх індывідуальнага развіцця прымет, якія былі ўласцівы іх далёкім продкам»). Воля ваша, чытацтва, а мне карціць, каб слоўца набыло дадатковае значэнне, якое існуе, напрыклад, у французскай (récapitulation – хуткi агляд пройдзенага матэрыялу).

Нашто патрэбны гэткі агляд? Усё проста. З сярэдзіны 2010-х досыць актыўна займаўся палітычнай публіцыстыкай – мяркую, некаторыя шчэ памятаюць серыял «Катлеты & мухі». А паралельна набірала вышыню экс-палачанка Наталля Качанава: служыла віцэ-прэм’ерам урада РБ (2014–2016), кіравала адміністрацыяй Лукашэнкі (2016–2019)… Зараз Н. К. – «сматрашчая» па Мінску і не толькі: дама даўно ўваходзіць у тузін (калі не ў пяцёрку) найбольш уплывовых чыноўнікаў. Яна маладзейшая за свайго боса і, што б ні казала, настроена захаваць пазіцыі ў «эліце» пасля яго сыходу. Таму да яе паводзін, да жалю, варта прыглядацца.

У прынцыпе, мне не цяжка: па-першае, я палітолаг, па-другое, цікаўны. Як пісаў Андрэй Сіняўскі, aka Тэрц: «Заўсёды цікава ведаць: што жарэ кракадзіл?» Качанава да таго ж выглядае шчырай у сваіх нядаўніх запытаннях-трэнасах да «актыву» Віцебшчыны: «І што было кепскага ў нашай краіне, што мы рабілі не так? Мы ўсё рабілі так» (гаворка, відочна, пра перыяд да збору подпісаў, г. зн. да мая 2020 г.). Мне застаецца зрабіць рэкапітуляцыю сваіх тэкстаў другой паловы 2010-х гадоў, далучыўшы сёе-тое з небескарыснага рэсурсу promise.by…

Факты з надзейных крыніц падказваюць, што «вы» – тут я звяртаюся не толькі, дый нават не столькі да Наталлі – рабілі «не так» ну вельмі шмат чаго… Усе вашы заслугі і «светлыя плямы», каторыя таксама былі (пісаў пра гэта тут і тут), блякнуць на фоне вашых жа пасрэднасці, безадказнасці, гарлахвацтва… Карацей, дзівіцца трэба не з цяперашняй калатнечы, а з таго, што яна не распачалася раней.

Вы будавалі жытло на месцы пахаванняў (або апраўдвалі такія будоўлі – што пнём аб саву, што савой аб пень), знішчалі зялёныя зоны і прыватныя будынкі, зносілі дарагія людзям крыжы ў Курапатах.

Вы гукалі пра тое, што эканоміка – гэта галоўнае, а тым часам плявалі на свае ж абяцанкі (дапамагчы) падвысіць даходы грамадзян. У сакавіку 2017 г. былі апублікаваны дадзеныя афіцыйнага даследавання (ад нацыянальнага статыстычнага камітэта). Пра зніжэнне даходаў у 2016 г. паведамілі прадстаўнікі 37,8% хатніх гаспадарак, пра рост – толькі 8,6%. Амаль 40% казалі, што не мелі «на чорны дзень» і эквіваленту 50$! Галоўны ж ваш у сакавіку 2008 г. вяшчаў, што «Рэспубліка Беларусь праз 10 год мала чым будзе адрознівацца ад Аўстрыі… І ў нашай краіне, больш нават чым у Аўстрыі, будзе камфорту для чалавека, які тут будзе жыць…» (цягне з’едліва дадаць: «Мы нават ведаем гэтага чалавека»).

Не далі вы рады – і тут вылучылася менавіта наша «гераіня» – нават з уласнай статыстыкай-казуістыкай, засяроджанай на «сярэдняй тэмпературы па бальніцы». У жніўні 2017 г. кіраўніца адміністрацыі прэзідэнта Качанава заявіла, што «перад кіраўніцтвам Мінска пастаўлена задача дасягнуць у снежні сярэдняга заробку ў 1385 рублёў… не проста дасягнуць, але і ўтрымаць». І не дасягнулі (намінальны налічаны заробак у снежні 2017 г. дасягнуў толькі 1360 р. 40 кап.), і не ўтрымалі (у студзені 2018 г. ён упаў да 1188,7 р.).

Рэсурсы ўсцяж марнаваліся на сумнеўныя праекты «мадэрнізацыі» безнадзейна адсталых прадпрыемстваў і на піяр-крокі, такія як «Усебеларускі народны сход» 2016 г. ды «Еўрапейскія гульні» 2019 г. Апошнія заміж дэклараваных 50 мільёнаў каштавалі некалькі соцень мільёнаў «зялёных». Найбуйнейшым марнатраўствам выявілася будоўля АЭС, якая ўнесла і жыцці некалькіх чалавек… Ну, ахова працы мала хвалявала вас і ў маштабе краіны, адсюль – шэраг аварый з летальнымі вынікамі.

Вы дзяўблі «дармаедаў», будучы, па вялікім рахунку, паразітычным класам, які самахоць паставіў сябе вышэй за звычайны суд… (Зрэшты, не вы найшлі новага: Джордж Оруэл яшчэ ў сярэдзіне 1940-х ведаў, што «ўсе роўныя, але некаторыя раўнейшыя», а Міхаіл Васленскі пісаў пра савецкую «наменклатуру»: «У партыйных органах, у процілегласць іншым ведамствам, няма юрысконсультаў: наменклатура стаіць па-над законам».) Вашыя вувузелы не саромеліся распавядаць, што дыктатура – гэта нармальна.

«Антыдармаедская» камісія, Рагачоў, люты 2017 г. Фота: tut.by

«Дзень Волі» ў Мінску-2017. Адсюль

Вы жорстка абыходзіліся з пратэстоўцамі, пад шумок падзарабляючы на пратэстах ды іншадумстве (плата за знаходжанне ў ізалятары-катавальні на зав. Акрэсціна, незлічоныя штрафы, пастанова ўрада ад 24.01.2019 аб дадатковых грашовых спагнаннях за масавыя мерапрыемствы). Па сумнеўных прычынах працягвалі кідаць за краты замежных грамадзян, не думаючы, як гэта стасуецца з лозунгамі пра «гасціннасць Беларусі». Вы замаўлялі спецыялістам прыгожыя праграмы аб развіцці турызму, але не здолелі нават ператварыць Браслаў у горад-курорт (што ў схеме, зацверджанай пастановай урада 15.12.2016, было прадугледжана зрабіць к 2020 году).

Вы вялі лалітыку, г. зн. цынічна прыкрываліся інтарэсамі дзяцей, у тым ліку і насаджаючы цэнзуру. Заводзілі крымінальныя справы за спрэчныя выказванні, трымаючы публіцыстаў за кратамі, быццам тых забойцаў.

У вас хранічна «не хапала» сродкаў на фінансаванне навукі, даследаванняў. Затое вы заахвочвалі парушэнні аўтарскіх правоў і наймалі псеўдаэкспертаў, якія дурылі галовы вам самім і маладому пакаленню. У выніку вашы прапагандысты, скончыўшы ВНУ, не ведалі нават пра венны пульс і чыталі мараль Віктару Цою (1962–1990): «Пульсацыі вен не бывае, пульсіруюць АРТЭРЫІ».

Ваш бос быў, як у старой показцы, «гаспадаром» сваіх прамоў – сам даваў слова, сам забіраў. Ён кляўся 4 жніўня 2015 г., што цягам пяці гадоў разлічыцца па пазыках і не будзе залазіць у новыя. Калі 01.08.2015 знешні дзяржаўны доўг РБ складаў 12,5 млрд $, на 01.08.2020 сума дасягнула 17,8 мільярда… «Усё так», пані Качанава – сайт міністэрства фінансаў не «фальшыўка, зробленая ў Польшчы»? 🙂

Пасля шматгадовага жавання сопляў так і не з’явіліся ў Беларусі ні омбудсмен (упаўнаважаны па правах чалавека), ні суд прысяжных. Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта, быццам той Юпітар, дазваляў сабе тое, што выкрываў у падначаленых – а многія з вас і не шманалі, бо то ж «Прэзідэнт»! Чым у параўнанні з яго воляй была нейкая там Канстытуцыя, не кажучы пра звычайныя законы… У 2019 г. вы праглынулі – а некаторыя жыва падтрымалі –  антыканстытуцыйнае скарачэнне тэрміну паўнамоцтваў палаты прадстаўнікоў на 10 месяцаў, г. зн. амаль на 25%.

Бадай, хопіць «лістападаўскіх тэзісаў» – і так прыкра, бо не заслугоўваюць тутэйшыя такога абыходжання, як у апошнія 25 гадоў. Вашы людзі нядаўна рэйдалі, што нехта там перайшоў «чырвоныя лініі» – па-мойму, гэты выраз дужа пасуе да трызненняў «галоўнага», а следам за ім і яго баявой памочніцы. Яны на розныя лады паўтаралі пра 31-гадовага хлопца-мастака, збітага ў маім раёне: «Ён быў п’яны. Вядома, яго ўзялі і павезлі ў гэты аддзел», «Сам жа выскачыў… Ён быў п’яны – 100 працэнтаў». А даведкі ад 12.11.2020 не чакалі?!

Этанол у крыві – 0%, у сліне – тое самае, ва ўрыне – idem

Вядома, вы пакуль яшчэ можаце заціснуць біёлагу Куравай пальцы ў дзвярах, і яна пагодзіцца, што дапусціла памылку (не пасаромеліся ж учора пасадзіць журналістку Барысевіч, якая гутарыла з урачом бальніцы хуткай дапамогі). Можаце наняць легіён уласных «біёлагаў», яны напішуць іншыя, зручныя для вас даведкі, i вам «будзе цікава». Ды пустое ўжо ўсё гэта…

Многія з вас – быццам тыя зомбі; не маюць спакою на зямлі, зайздросцяць і жывым, і памерлым. А як іначай вытлумачыць замалот ад Н. Качанавай? Ён раззлаваў мяне болей, чым хвала АМАПу і казкі пра тое, што «нас (г. зн. вас. – В. Р.) бальшыня… Улада нічога не зрабіла, каб ёй саромецца і баяцца народа». Во як баяла Н. К.:

Але каб вы разумелі, цягам гадзіны там [на «Плошчы перамен»] ужо было каля тысячы чалавек. І ўсе ўжо з кветкамі і лампадкамі! Як такое можа быць? Вось памёр чалавек, думаеш, дзе кветачку купіць – для гэтага патрэбны час. А тут – вельмі хутка… Сцэнарыі распрацоўваюць выдатныя!

Да ведама «упаўнаважанай» і яе слухачоў з Наваполацка: у адным чаце «плошчы Перамен» звыш тысячы ўдзельнікаў. Месца збіцця (фактычна забойства) знаходзіцца за 50 метраў ад некалькіх дваццаціпавярховікаў; агулам, у крокавай даступнасці жывуць дзясяткі тысяч мінчукоў. За 100 м, на вул. Чарвякова, 57, – гіпермаркет, дзе ў той вечар 12 лістапада, здаецца, раскупілі ўсе кветкі і свечкі (наша сям’я, прачытаўшы каля 8-й гадзіны вечара пра смерць Рамана Бандарэнкі, таксама выбралася туды па свечку, не ведаючы ні пра якія «сцэнарыі»). Дарэчы, з канца жніўня да пачатку лістапада г. г. я разоў 20 хадзіў на пл. Перамен, і не бачыў там ніводнага нецвярозага. Нават у халодныя вечары людзей грэла салідарнасць, ну яшчэ гарбата, кава. І, нярэдка, – музыка.

Від на дом з супермаркетам ад пл. Перамен. Фота з naviny.by

Як 15 лістапада баранілі народны мемарыял (там жа)

З 11.11.2020, дня атакі на Рамана, ваш гадзіннік рэальна пачаў зваротны адлік… Злітыя ў сеціва тэлефонныя размовы, звязаныя з бойкай і з сачэннем за роднымі загіблага – доказ, тысячы людзей, якія сёння прышлі развітацца са «звычайным п’яным», – новы доказ.

Рабіў і раблю ўсё, каб вас не кідалі ў бакі для смецця, як тое практыкавалася гадоў 6 таму ў нашых паўднёвых суседзяў… Але гарантаваць таго, што мае сціплыя намаганні скончацца поспехам, не магу. Мо’ вам лепей ногі ў рукі – і ў які Навасібірск?

* * *

Многіх заслужаных людзей не стала ў гэтым трывожным месяцы. Назаву Уладзіміра Карагіна (20.04.1952 – 02.11.2020), – прадпрымальніка, былога прэзідэнта Беларускай федэрацыі шахмат і афіцыйнага рэдактара мінскай газеты «Шахматный мир», што выдавалася з 1993 г. прыкладна да 1996 г. Каранавірус 🙁

Пайшлі з жыцця дырыжор, народны артыст Міхаіл Дрынеўскі (12.02.1941 – 09.11.2020); заслужаная артыстка Любоў Румянцава (18.04.1943 – 18.11.2020), мастак-пейзажыст Валерый Шкаруба (10.12.1957 – 19.11.2020; і тут «карона»!), знакаміты этнограф, доктар гістарычных навук Віктар Цітоў (15.11.1938 – 20.11.2020), кампазітар Алег Залётнеў (06.07.1947 – 20.11.2020, COVID). Сумую – без іх свет ужо не будзе ранейшым.

* * *

З розных краін і галактык працягваюць паступаць віншаванні з выхадам новай кнігі (навукова-папулярны зборнік «Іудзейнасць», 128 стар., 120 экз.). Вядома, я ўдзячны, але ад замоў і прачытання гэтай кнігі, не кажучы пра водгукі на яе, аўтару будзе яшчэ больш прыемнасці 🙂

Анатацыя; вокладку аформіў мастак А. Дубінін

Пісаць лепш на мэйл, каторы ніжэй.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

20.11.2020

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 20.11.2020  17:24