Мойшэ Кульбак. Гэтая баба Баша

Ад belisrael.info. У 2017 і 2018 гг. мы публікавалі ўрыўкі з пачатку славутага “рамана-паэмы” Майсея Кульбака “Зэлмэнавічы” (у новым перакладзе Андрэя Дубініна). Зараз прапануем глаўку з канца першай кнігі рамана  – разам з каментарыямі перакладчыка ды ілюстрацыямі, зробленымі ім жа.

* * *

  1. Гэтая баба Баша

Маразы. Точаныя дні, нібы месячныя ночы. Двор той як у халоднай парцаляне. Захутаныя зэлмэнавічы збіраюцца ўдвору і сакрэтнічаюць. А што? Урэшце мелася баба Баша злегчы ў ложак. Мяркуюць, што напэўна, бо яна ўжо ад харчы адбілася [1].

Цётка Гіта выйшла з бабчынага дома са сваім заўжды маўклівым рабінскім тварам, кінула шматзначны позірк да двара, і засталася ўжо так стаяць на парозе. Цётка Гіта знаецца на такіх справах, яе абкружылі з усіх бакоў.

– Як я прадбачу, – спрабуе яна пераймаць свайго тату, Солерскага рабіна, хай будзе блаславёна яго праведнікава памяць, – аддаць духі [2] прыпадзе ніяк не іначай, як апоўначы…

– Нашто тое трэба, каб цягнулася так доўга? – былі злаваліся зэлмэнавічы.

Яна тарганула плячыма, як той казаў: я за нічога не адказная [3].

*

Стаўпоў тых не стае сям’і. Нямашака дзядзькоў тых дваіх, тых спрактыкаваных правадыроў [4], што на працягу гадоў круціцьмелі кола зэлмэнаўскай гісторыі; нямашака іх, тых вялікіх зэлмэнавічаў, што адным позіркам паказвалі кожнаму яго месца. Цяпер калавароцяць шумліва ўпоцемку. Ляжыць баба Баша за печчу, як абскубеная гуска, і нешта не відаць, каб хоць хтосьці кіраваў той справай. Нават ведаць не будуць, з пашанай да вас гаворачы, калі пусціць слязу.

– Ой, дык жа мы самотныя, самотныя, як камяні!

От гэта сказаў чалавек з абліччам дзядзькі Ічы, толькі без барады, і дзве буйныя слязы выкаціліся з яго засмучаных вачэй. Ён узняў рукаў і абцёр не слёзы, але нос, нагэтулькі ён быў усхваляваны!

*

Раніцой прыйшлі да цёткі Гіты з прэтэнзіямі:

– Як жа так?

Баба Баша жыве і пачуваецца якраз лепей. Тады ўсе пайшлі да яе, да бабы, расставіліся наўкруг ложка. Цётка Гіта доўга асочвала яе, выведвала сваім знахарскім позіркам, і ўрэшце сказала:

– Яна – людская [5], гэтакія паміраюць цяжка, але часу тое не зойме.

Баба ціха ляжала з абстрыжанай галоўкай на бруднай падушцы, – маленькая грудка костак, абгрызеных часам, якая, аднак, дыхала [6]. Прыкрасць была на яе да нязмогі. Дзядзьку Ічу зашчаміла ў сэрцы, ён пяшчотна схіліўся над падушкай:

– Мама, ці табе дрэнна?

Яна расплюшчыла два маленькія мутныя вочкі, як у птушачкі, і больш нічога.

*

Вечарам былі прыйшоўшы Бэра і Фоля. Цяпер ужо хадзілі скрозь разам па клубах, па паседжаннях і сходах. Распарадзіўся Бэра – справіць ложак у вялікім пакоі. Затым яны вынялі бабу з-за печы, перанеслі на свежую пасцелю, ажна ад аднаго гэтага яна троху ачухалася. Яна нават пачала крахтаць, адкрыла шчылінкі вачэй, поўныя горкага разумення, блукаючы позіркам і аглядаючы кругом ўсё, як поўная разумніца.

Жанчыны толькі цяпер разгледзелі, якім спагадлівым ўнукам гэты Бэра ёсць, ім таксама хацелася нечым дагадзіць яму, і яны сказалі:

– Патрэбна варэнне!

– Глядзіцё, патрэбна троху варэння, таму што яна асмяглая!

Баба да ўсяго прыслухоўвалася. Было відаць, як яна збірае апошнюю дробку дыхання і хоча нешта сказаць. Дзядзька Іча адразу стаў пры ложку. Яна тады сабрала апошнюю дробку дыхання і папрасіла аб паслузе – хай выкруцяць электрычнасць, таму што пры такім агні, – яна сказала, – яна не ўмее памерці.

Дзядзька Іча агледзеўся з сумневам (пытанне было прынцыповым), але Бэра кіўнуў да яго:

– Не ўсчынай з ёй, выкруці!

Запалілі газніцу. Зэлмэнавічы маўкліва расселіся наўкруг ложка, ахоўваючы адданне духі, бо аніякіх старонніх перашкодаў не было ўжо, здаецца, гэтак добра, як і не было. Яна-такі хутка пачала канаць, выцягнула ножкі пад коўдрай, і тварык стаўся попелам.

– Сумленная габрэйка была, не ўзяла чужога, што і воласа варта!

Газніца курылася. Рэдкі мёртвы агеньчык падаў толькі на ложак і на касцістыя зэлмэнаўскія твары. Увесь пакой ляжаў у цемры. Раптам баба моцна страсянулася і закінула галаву. Усе асталіся зарумзанымі. Ці жыве яна яшчэ? Тут яна, аднак, адкрыла вочы і сказала, здаецца, цалкам выразна:

– Я самлею есці!

Ёй закарцела хоч яшчэ адзін раз пад’есці перад смерцю. Дзядзька Фоля, далікатны чалавек, тады ўстаў дужа азвярэлы, выплюнуў і выйшаў з дому, грукнуўшы дзвярыма. Запахла сваркай.

Разумная цётка Малкелэ ведала, аднак, што рабіць; яна схапіла нож, адрэзала кавалак хлеба і паднесла бабе. Памерлая крыху адкрыла да хлеба рот, паспрабавала нават жаваць, толькі зглынуць – ужо не прымела.

Так яна запазнілася з апошнім полуднем.

*

Праз нейкую часінку яна-такі памёрла.

Цётка Гітa дала ёй парадак [7], закрыла вочы і хутка вынула кавалак хлеба спаміж дзяснаў, каб не дайшло да ніякага чалавечага смеху. Рабілі ўсё, як мае быць. І затым, калі Бэра пайшоў спаць, жанчыны нават спехам паплакалі таксама, каб не сараміць тае нябожчыцы; яны выпусцілі некалькі спакойных слёз, без сардэчнага болю, так, як цячэ па шыбе.

Між іншым, плачуць зэлмэнавічы заўжды гэтак.

Пераклад з ідыша Андрэя Дубініна (г. Мінск)

Каментар

  1. бо яна ўжо ад харчы адбілася”. У Кульбака ўжыты перакручаны фразеалагізм, заместа “у рот не браць чаго-небудзь” [nit nemen epes in mojl arajn] ён ставіць “бо яна ўжо не бярэ нічога есці” [vajl zi nemt šojn nit cu kejn esn]. Такой жывой заўвазе добра адпавядае народны фразеалагізм “адбіцца ад харчы”:

Адбіцца (адбівацца) ад харчы. Страціць апетыт. Некая няг’ег’лая зрабілася, адбілася ад харчы. Спрагу (спяку) яечка – і есці ні хачу. Ліцвінавічы, Кармянскі раён. Чылавек зношываецца ад году г’ году, ад нядзелі к нядзелі, усё слабей становіцца, адбіваецца ад харчы, хліпаець, хліпаець і канец. Там жа. (“Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі”, Е. С. Мяцельская, Я. М. Камароўскі, Мінск: БДУ, 1972. С. 15).

  1. “аддаць духі”, літаральна – “выйсце душы”[jeciesnešome]. Гэты фразеалагізм звязаны праз “выхад” з другім фразеалагізмам – “выхад яўрэяў з Егіпту” [jeciesmicraim], і дапаўняе кампазіцыю з інверсіраваных падзей Пэсаха.

Аддаць духі. Памерці. Забалеў грыпам, кроў лінул ротам і носам – і аддаў духі. Ці ж гэта я думала яго хараніць? Ульянавічы, Сенненскі раён. Наша Аньця, бедная, мучылася, мучылася і недзя пад восянь і духе аддала. Савоні, Стаўбцоўскі раён. (“Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі”. С. 16).

  1. Тэма главы задаецца перакручаным з гарачкі цёткай Гітэ фразеалагізмам “я за нішто не адказная” [ix bin far gorništ nit farantvortlex], гэта літаральны пераклад сказанага “па простаму” экспрэсіўнага адмаўлення. У фразеалагізме “быць адказным за нешта” [zajn farantvortlex far epes] замест “нешта, штосьці”, што дапускае нейкую наяўнасць, субстанцыянальнасць, Кульбак устаўляе не проста “нішто” [ništ], а “поўнае нішто” [gorništ]. Гумар у тым, што ўстойлівы выраз, накшталт “я не адказны за нешта” ([ix bin ništ farantvortlex far epes]) пераўтвораны ў “я за нішто не адказны” ([ix bin far gorništ nit farantvortlex]). Невыпадкова Кульбак перакруціў фразеалагізм на гэты манер, бо цётка Гіта абмовілася вельмі дарэчы; баба Баша ўжо пераўтварылася амаль у “нішто”. Узор канкрэтнага зэлмэнавіцкага мыслення – “за нішто – у дадзеным выпадку за бабу Башу — немагчыма адказваць, бо немагчыма быць адказным за тое, чаго няма або не існуе”. Гэтае “нішто” тут якраз матэрыяльнае, існае, экспрэсіўная адмоўная наяўнасць. У гэтае “нішто” збіраецца, нібы ў жменьку, увесь вобраз главы “Гэтая баба Баша”, з дамешкам біблейскага маштабу.
  2. “тых спрактыкаваных правадыроў” [di genite firer] – гэты выраз у кантэксце мог нагадаць чалавеку, знаёмаму з жыццём кагала (яўрэйскай рэлігійнай абшчыны) роднаснае паняцце “кіраўнік (літаральна правадыр, вож) кагалу” [kehileonfirer]. Калі прыгаданы правадыры – дык мае быць і тое, што яны “вялі”, тут – супольная зэлмэнаўская гісторыя.
  3. “людская” [ljudske] – вельмі цікавая беларуская лексема, якая адсутнічае ў ідышы. Раней Кульбак звычайна ужываў другую лексему “людскія” у звязцы з “дзеці” [lajtiše kinder] як улюбёны выраз дзядзькі Фолі. Дзядзькі Фолевы “людскія” [lajtiše] – з ідыша, у дачыненні да бабы Башы ўжыта беларуская лексема “людская” [ljudske]. Вось некаторыя значэнні гэтага слова: “чалавечая, пачцівая, прыстойная, якая мае адносіны да людзей, уласцівая людзям”. Як так, калі баба Баша “чалавечая”, дык астатнія тады “не маюць адносін да людзей”? Смех скрозь слёзы, ведама, цётка Гіта наводзіць значнасць праз іншамоўнае слова, ужытае да канаючай бабы Башы, аднак выяўляецца другі, камічны план падзеі. Працуе такі ж механізм, як у выпадку простай заўвагі як бы вачыма Соні дзядзькі Зішы: “Павел Альшэўскі еў з закрытым ротам”. Калі гэта заўважана – значыць, яно выпадае са звычайнага ходу рэчаў, гэтай фразай акрэслены праз адасабленне звычай зэлмэнавічаў есці з адкрытым ротам. Калі аўтарытэтна канстатавана, што баба Баша – людская, дык гэта можна разумець як пачуццё пэўнай нялюдскасці зэлмэнавічаў з боку цёткі Гіты, што была прыйшла ў сям’ю рэб Зэлмэлчыка з сям’і Солерскіх рабінаў. У канцы главы з’яўляецца адпаведнік “людскаму” з ідыша “каб не дайшло да ніякага чалавечага (людскага) смеху” (каб іх развесці, ужыты сінонім “чалавечы”) [es zol nit kumen cu kejn lajtiš gelexter].
  4. Праз палову старонкі падаецца такі вобраз бабы Башы: “маленькая грудка костак, абгрызеных часам, якая, аднак, дыхала”. Слова “грудка” [hajfl] на ідышы нагадвае па гучанні “глупства, ніякавасць, нікчэмнасць” [hevl] і далей прыгадваецца шырокавядомае біблійнае “суета сует” – “усё марнасць” [hevl/havejl havolim].

Звернемся да перакладаў гэтага месца “я за нішто не адказная” [ix bin far gorništ nit farantvortlex] па-руску і па-беларуску: Р. Баўмволь: “Как бы говоря: “я за это не отвечаю”, В. Вольскі: “як той кажа: я тут не пры чым”. Мы бачым, што перакладчыкі ўспрынялі ўжыты Кульбакам перакручаны фразеалагізм як не нарматыўны, які быў напісаны троху крывавата ці неахайна, і выправілі фразеалагізм, згубіўшы вастрыню сітуацыі.

Кульбак арганізуе матэрыял главы, надаючы яму форму затухаючай амплітуды, сыходу на нішто і самога аповеда (апошняя глава першай кнігі, яе “скон”), і таго, аб кім гэты аповед вядзецца (скон бабы Башы). Барацьба, перапляценне двух планаў – канання і пробліскаў жыцця – гэта і цьмеючы агеньчык, і паўтор у розных варыяцыях тэмы “нішто” – “кучка костак”, “прах”, “ачухалася” — “асмяглая”, “попел”, “адрэзаны кавалак”. Тут цікава паслуга разумнай цёткі Гіты, якая праз “адразанне кавалка” (апрадмечванне метафары) выступае як бы “родадапаможніцай наадварот” — “смерцедапаможніцай”. Гэта адбылася адразу пасля адзінай фразы паміраючай – “Я самлею есці!”, дзе сутыкнуліся дзве лініі – смерці (“канаю…”) і жыцця (“…есці”) у своеасаблівым фразеалагічным аксюмаране (дзе і сама першая кніга канае-канчаецца). Гэта цэнтральная кропка главы, падзел між жыццём і смерцю, а цётка Гіта простым рухам (таму і разумная!) развязала-разрэзала зацягнутае кананне. Электрычнае святло змяняецца на цьмеючы агеньчык газоўкі, а той сыходзіць “слязой… як цячэ па шыбе”. Жыццё сышло, сцякло на нішто.

  1. “Цётка Гіта дала ёй парадак, закрыла вочы…” (“Di mume Gite hot ir geton dos rext, cugemaxt di ojgn”) – па той жа нагодзе Міхась Лынькоў ужывае такі эўфемізм, адпаведны Кульбакаву: “Што ж рабіць? Трэба ж даць парадак чалавеку, зямлёй вочы прыкрыць” М. Лынькоў, “Слова беларускае”, с. 164). Гэта фразема дакладна паўтараецца пры канцы другой кнігі на пахаванні Цалкі, гэткім чынам праз паралелізм прыпадабняючы дзве лініі кнігі (A por šikere jidn hobn noxdem opgeton Calen dos rext “Пара п’яных яўрэяў па тым далі парадак Цалелу”). Гэты фразеалагізм сустракаецца яшчэ два разы…

Апублiкавана 27.10.2019  18:22