Tag Archives: Михаил Мясникович

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (70j)

Шалом ці не шалом? Шалом!

Яшчэ раз – каторы ўжо? – пра Беларускую народную рэспубліку. Тут некаторыя альтэрнатыўна адораныя гісторыкі даводзілі, што пра яе стварэнне трэба ведаць, але не трэба ганарыцца, а мінскі яўрэйскі актывіст Ю-н ім падтакваў. Дык вось, я з тых, хто ганарыцца, хоць і не скача да столі. Малавопытныя палітыкі, у тым ліку і яўрэі, прадчуваючы контррэакцыю на свае ініцыятывы, амаль не маючы грошай, у 1918 г. не збаяліся супердзяржаў і голасна заявілі пра палітычныя прэтэнзіі беларускага народу. Далей касякамі пайшлі памылкі (тая ж тэлеграма кайзеру), але прынамсі зачын заслугоўвае павагі.

Флаер мінскай крамы – наіўная камерцыялізацыя БНР (прад’яўніку зніжка 15% :))

На пачатку красавіка «грымнула» (а папраўдзе, не – апублікавалі і забыліся) даследаванне амерыканскага Цэнтра П’ю аб антысемітызме ва ўсходняй і паўднёвай Еўропе. Згодна з гэтай картай, 13% беларусаў у 2015-2016 гг. не хацелі бачыць яўрэяў грамадзянамі сваёй краіны.

Не вывучыўшы метадалогію даследавання, цяжка ўзяць і цалкам згадзіцца з гэтымі звесткамі. Але ж мой досвед – і досвед майго кола – збольшага пацвярджае вынікі. Вядома, калі cлухаць заявы афіцыйных асоб, чытаць тутэйшыя газеты або проста хадзіць па вуліцах, то можна нічога не заўважыць… Насамрэч апошнім часам бадай у кожным калектыве мінімум кожны дзясяты (або дзясятая) будзе балбатаць пра шкоднасць яўрэяў, іхняе засілле ў органах улады. Большасць калегаў не пажадаюць з ім (ёй) спрачацца – ці то праз частковую згоду, ці то праз нежаданне «пэцкацца».

Здавалася б, 10% або нават 13% – не так многа; вунь колькі юдафобаў даследчыкі налічылі ў Польшчы і Літве… Ды жывучы тут і цяпер, не надта зважаеш на становішча ў суседніх краінах – баліць найперш сваё. Мільён антысемітаў на краіну, а сярод іх, напэўна, кожны дзясяты не супраць перайсці ад слоў да справы?! Пачынаеш лепей разумець яўрэяў-кансерватараў, якім хоць які, абы «парадак у краіне»: умоўна, 100 тыс. патэнцыйных агрэсараў на 10 тыс. яўрэяў заўсёды будуць адчувацца як пагроза.

Нехта скажа, што вірус латэнтнай юдафобіі блукае ў краіне праз асаблівасці цяперашняга рэжыму – прававы нігілізм, нягегласць ідэалогаў… Часткова, можа, i так, але даўно назіраю таксама схільнасць да перакладвання адказнасці на яўрэяў (то мясцовых, то расійскіх, а то на «сусветнае яўрэйства») у асяродках апанентаў рэжыму.

На казусе з «Белсатам» 2015 года не карціць ужо спыняцца. На жаль, ён вырас не на пустым месцы, як і сайт аднаго прафесара медыцыны, некалі – прыкметнага дзеяча БНФ, а цяпер шчырага змагара з «сацыяльнымі паразітамі». Вось праглядаю акаўнт «ВКонтакте» нейкага А. Літвінскага… Віншаванні са стагоддзем БНР, антыпуцінскія і антылукашэнскія пасты – і побач з імі паганства, узоры самай брыдкай юдафобіі. За месяц такіх набраўся хіба дзясятак.

Подпісы да калажу: «Дэмакратыя = яўрэйская дыктатура. Берлін-45. Перамога дэмакратыі». Гэта яшчэ не самы паскудны пост; бачыў таксама карыкатуры пра рытуальнае забойства на Песах і заклік распраўляцца з жыдамі за пажар у Кемерава.

Ізноў жа, хтосьці скажа: «Ну, правакатар або маргінал гэты А. Л…» Магчыма, але я не паленаваўся і праверыў, хто лайкае яго брыдоту – дзясяткі рэальных людзей з Беларусі, як мужчыны, так і жанчыны (ад 19 і да 50+). Сацыяльна адаптаваныя – сярод іх выпускнікі БДУ, універсітэта культуры, педунівера, тэхналагічнага ўніверсітэта, інстытута правазнаўства… Геаграфія: Барысаў, Брэст, Гомель, Гродна, Ліда, Магілёў, Мазыр, Мінск, Рагачоў, Стоўбцы… Некаторыя беларускамоўныя, а сёй-той лічыць сябе лібералам і мае (або меў) дачыненне да руху «Разам» ці АГП. Такая вось «вяршыня айсбергу» 🙁

Што з гэтым рабіць, пакуль не надта ведаю. Скардзіцца ў дзяржаўныя органы? Дык яны ўмеюць толькі ствараць пакараным «арэол пакутнікаў». Перавыхоўваць шляхам асветы? Па-першае, перавыхаванне дарослых рэдка працуе, а па-другое, асветай займаюся з пачатку 2000-х, шмат гадоў спрабаваў наладзіць дачыненні паміж яўрэямі і беларусамі; прызнацца, плён ад маёй дзейнасці даволі сціплы. Лакальныя поспехі – так, здараліся.

Мяркую, «халодная вайна» паміж Расіяй і «Захадам» не ідзе на карысць ані грамадству ў цэлым, ані беларускім яўрэям у прыватнасці. Пашыраецца тутака дыскурс варожасці/нянавісці, зашмат становіцца асоб, якія навязваюць свой «марсіянскі гуманізм» (чытайце пра яго ў Анатоля Кузняцова). Яшчэ пяць год таму я глядзеў на многае больш аптымістычна, хоць і тады адзначаў высокі ўзровень ксенафобіі ў РБ.

Эканоміка ў першым квартале 2018 г. быццам бы выйшла з піке, а між тым сістэма кіравання надалей дэградуе… Не так ужо памыляюцца тыя, хто прагназуе росквіт нацыяналізму пасля Лукашэнкі, прычым не ў грамадзянскай, а ў этнічнай версіі – з падзелам на «карэнных» і «некарэнных», «нашых» і «нянашых». Праўда, з новабудоўлямі тыпу Астравецкай АЭС усё можа скончыцца іначай і яшчэ больш сумна, колькі б не трындзеў адзін вядомы персанаж пра «дыктатуру тэхналогій».

 

«Хутка…» i беларускі Тытанік. Пазычана з акаўнта «Беларускія рагатулькі & коміксы»

Тутэйшая тэхналагічная дысцыпліна, пра якую не раз пісалася ў «Катлетах…», яскрава паказала сябе і на прадпрыемстве ў Белаазёрску. У свой час яно расхвальвалася як супольны ізраільска-беларускі праект, а скончылася ўсё тым, што крэдытор (дзяржаўны, па сутнасці, «Белаграпромбанк») страціў не адзін мільён долараў.

«Усіх вас у чувства прывяду!..»

Ды што мільёны! Тут і грамадскіх мільярдаў не шкадуюць. Калі верыць кіраўнікам саюзаў прадпрымальнікаў (у гэтым выпадку не бачу падстаў ім не верыць), «эканамічна правальнай аказалася мадэрнізацыя цэментнай галіны, што каштавала краіне 1,2 млрд дол.» Як грамадзяніна & пастаяннага жыхара Беларусі неяк мала суцяшае тое, што крывагаловыя чыноўнікі і гора-спецыялісты не скідваюць усё на яўрэяў… Пакуль?

* * *

Мінулым разам я разважаў пра магчымае аднаўленне манархіі ў Беларусі. Цалкам верагодна, што стомленаму жыццём неаманарху зусім не патрэбная адказнасць за ўсялякія там Белаазёрскі і Крычавы. Што ж, ахвярую ідэю: абвясціць сябе самадзержцам толькі на тэрыторыі, якая не будзе перавышаць па плошчы Ліхтэнштэйн (у Еўропе з яе карлікавымі дзяржавамі гэта прымуць на ўра). Напрыклад, праз рэферэндум можна было б вылучыць таварышу і яго прыдворным частку Мінска – паўночна-заходнюю, з Драздамі, «Белэкспа» і рэзідэнцыяй ля Камсамольскага возера. Назваць прапаную «Бацікан»; «крэпкія хазяйсцвеннікі» тыпу Мішы Мясніковіча замуцяць там і афшорную зону, і майнінгавыя фермы, і турысцкія цэнтры, і блэкджэк са шлюхамі… «Цывілізаваны свет» крыху афігее, а потым панясе ў дзяржаву-анклаў свае нячэсныя капіталы. Ну, а астатняя частка Мінска будзе цешыцца самакіраваннем – Рым жа даўно не залежыць ад Ватыкана. Больш за тое, і астатняя частка Беларусі адпачне ад…

Тым часам кіраўніцтва Беларускай федэрацыі шахмат не парылася над «пабочнымі» пытаннямі, а ініцыявала падачу заяўкі на правядзенне ў Мінску Сусветнай шахматнай алімпіяды 2022 года, балазе ў нашым горадзе прайшоў і прэзідэнцкі савет ФІДЭ (7-8 красавіка). Па-добраму зайздрошчу тым, хто плануе сваё жыццё на 4 гады ўперад. Праўда, на тое, што к 2022 году ў Беларусі не будзе радыкальных змен (гл. вышэй), я б шмат не паставіў. Мясцовы «куратар» федэрацыі Максім Рыжанкоў можа страціць ключавую пасаду ў адміністрацыі Лукашэнкі ды зноў з’ехаць за мяжу, забугорны куратар імем Кірсан сваё месца ўжо фактычна страціў… І наўрад ці тыя, хто ідзе яму на замену (Макропулас, Азмайпарашвілі…), істотна лепшыя. Адылі візіт шахфункцыянераў пацешыў ужо тым, што паказаліся загалоўкі кшталту: «На пасяджэнні ў Мінску запатрабавалі неадкладнай адстаўкі прэзідэнта». Сёння – Ілюмжынава, а заўтра – хто ведае? 🙂

Федэрацыя адным разам запрасіла і Барыса Гельфанда, ізраільскага супергроса, які хуценька падтрымаў ейную заяўку на Алімпіяду… Зараз Барыс Абрамавіч трэніруецца з беларускімі гросмайстрамі, 14 красавіка мусіць адбыцца «музейны» сеанс адначасовай гульні, які ўжо анансаваўся, а 15 красавіка «вельмі светлы і шалёна цікавы чалавек» правядзе «творчую сустрэчу» з усімі ахвотнымі (уваход – 10 рублёў). «Ізраіль становіцца бліжэй» 🙂

А вось і яшчэ добрая навіна: Рыгор Васілевіч, былы старшыня канстытуцыйнага суда (да 2008 г.) і генеральны пракурор (2008–2011), а цяпер сціплы загадчык кафедры ў БДУ, на «круглым стале» ў палаце прадстаўнікоў выказаўся за тое, каб сесіі «парламента» часам вяліся па-беларуску, каб суддзі і пракуроры былі абавязаны ведаць беларускую мову. Не прайшло і 15 гадоў, як спахапіўся «заслужаны юрыст»: ну, лепей позна…

З газеты «Новы час», люты 2004

Нагадаю: колькі год таму д-р Васілевіч гучна выступіў за ўвядзенне ў Беларусі пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека (омбудсмена), напісаў канцэпцыю з 27 старонак, прадстаўніцтва ААН гэта ўсё ўхваліла… І цішыня. У прынцыпе, загадзя было ясна, што «першая асоба» не захоча дзяліцца паўнамоцтвамі з нейкім там омбудсменам нават пасля вернападданай прапановы адстаўнога чыноўніка. Карацей, калі б Гогаль пісаў свае «Мёртвыя душы» ў сучаснай РБ, я здагадваюся, хто стаў бы прататыпам Манілава 🙂 Горш тое, што замежныя ды міжнародныя арганізацыі – не толькі ААН – упарта заахвочваюць манілаўшчыну па-беларуску.

Маё адчуванне такое: валтузня з «беларусізацыяй заканадаўства», рэгістрацыяй-ліцэнзаваннем «нацыянальнага ўніверсітэта» скарыстоўваецца збольшага для таго, каб інфармацыйны шум у краіне забіваў больш важныя праблемы. Той жа наезд на «дармаедаў», з якіх чыноўнікі зноў спрабуюць стрэсці ламаныя грошы (гл. пастанову ўрада № 239 ад 31.03.2018). Ірына Халіп небеспадстаўна лічыць, што збор інфармацыі пра грамадзян у працэсе рэалізацыі «дэкрэта № 1» – чарговы наступ на таямніцу прыватнага жыцця.

Калі ўжо займацца «малымі справамі», то без лішняга шуму… Ідэя (пера)назваць адну з вуліц аграгарадка Быцень Івацэвіцкага раёна ў гонар ураджэнкі мястэчка Быцень Цыўі Любеткінай, гераіні паўстання ў Варшаўскім гета, мне сімпатычная. Пад такім зваротам я б падпісаўся незалежна ад рознагалоссяў з ягоным ініцыятарам – гісторыкам Алесем Белым – аднак мой асобна ўзяты подпіс зараз не мае вагі, яго і не просяць.

Ц. Любеткін (1914–1976) у розныя гады. Па вайне яна жыла ў Ізраілі, засноўвала кібуц «Лахамей а-Гетаот».

Напэўна, Белы мае рацыю, турбуючы яўрэйскія суполкі, каб яны зацікавіліся справай; людзі ва ўладзе больш лічацца з петыцыямі ад «грамадскасці». Ды ўвогуле… «Калі ў вас ёсць якая-небудзь мэта і які-небудзь інтарэс, стварыце арганізацыю. Арганізацыя перажыве вас, палітычную фармацыю, змену сезонаў…», – раіць расійская паліталагіня Кацярына Шульман. Парада небясспрэчная, бо замнога фармальнасцей вымагае ўтрыманне грамадскіх арганізацый у Беларусі і Расіі (падазраю, што і ў Ізраілі), але тое, што змагацца лепей не самотна, а гуртом, тое зразумела.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

10.04.2018

***

Рэд.: Мяркую, спадабалася? Жадаеце і далей атрымлiваць праўдзiвую iнфармацыю? Тады падтрымайце незалежны сайт.

Апублiкавана 10.04.2018  21:09

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (41)

Пяты дзясятак аўтару яшчэ не пайшоў, а серыям – пайшоў… Чаму б і не пісаць, што думаеш, калі ёсць маральная падтрымка? 🙂

Здарылася падзейка: у Мінску пажылы рэдактар недзяржаўнай газеты сам-насам сустрэўся з Лукашэнкам і згуляў з ім у «абдымашкі», а заадно падзяліўся набалелым, бы з тым псіхатэрапеўтам. Штопраўда, злыя, няветлыя людзі заўважылі, што не варта было абдымацца з чалавекам, які цябе незаконна зволіў: Вольга Седакова з яе паняццямі пра «зло» не адабрае. Яшчэ злейшыя ўспомнілі, што ў 1995 г. Іосіф С. доўга без працы не сядзеў: змяніў «Народную газету» на «Народную волю» і неўзабаве пабудаваў сабе з «апазіцыйнасці» дом пад Мінскам. Прайграныя на роўных месцах суды з выплатай вялізных штрафаў, страта даверу палітыкаў і экспертаў, падзенне тыражу – усё гэта не збянтэжыла былога камсамольскага сакратара і слухача Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. Не, зразумела, і такое «жаўтаватае» выданне, як «Народная воля», мае сваю аўдыторыю – наклад 25 тыс. таксама не жарт. Але прыпамінаю: калі ў 2009–2011 гг. я рабіў на пошце, жыхары Мінска падпісваліся на «НВ» даволі вяла, куды радзей, чым на «АиФ» ды «КП».

Пасля таго, як І. Сярэдзіч агучыў прапанову да А. Лукашэнкі «стаць другім Ярузэльскім» і сесці за круглы стол, пачаліся кпіны. Даследчык Павел Усаў мяркуе: «Зыходзячы з асаблівасцей функцыянавання беларускай палітычнай сістэмы, месца апазіцыі ЗАЎСЁДЫ будзе ПАД СТАЛОМ, а не за ім». Мяне нудзіць ад такой катэгарычнасці: людзі, якіх залічваюць у апазіцыю (лепей бы называць іх альтэрнатыўнымі або дэмакратычнымі сіламі), не настолькі бязглуздыя, як часам выглядае. Адсотак «разумнікаў» сярод іх не меншы, а нават большы, чым сярод чыноўнікаў; ну, запрашаў жа Міхась Мясніковіч Стася Багданкевіча ў 2011 г. для кансультацыі ў цяжкі час, і не пад стол садзіў, а за стол… Уражвае, як аналітык У. адмаўляецца прызнаваць змены апошніх гадоў: «Беларускае грамадства не мяняецца, як не мяняецца сутнасць самой палітычнай сістэмы, у якой няма нічога беларускага. За ўсімі палітычнымі дэкарацыямі (часткай якіх можа стаць «круглы стол») зеўрае агромністая цывілізацыйная пустэча». Грамадства мяняецца, разумнее, няхай і марудна; іншая рэч, што мы не ў Польшчы, і Лукашэнку няма сэнсу апранаць на сябе мундзір Ярузэльскага. Хутчэй гаворка можа ісці пра лібералізацыю паводле пярсідскага іспанскага ўзору.

Прачытана ў першым-лепшым рэфераце: «Іспанія ў 1959 прыняла «План эканамічнай стабілізацыі», які аслабіў адміністрацыйны кантроль над эканомікай. Быў адкрыты шырокі доступ замежнаму капіталу… Ф. Франка пільна сачыў, каб лібералізацыя адносілася толькі да сферы эканомікі і адпрэчваў дэмакратызацыю палітычнага і сацыяльнага жыцця». І тым не менш: «Лібералізацыя эканомікі і эканамічны рост у 1960-я гады суправаджаліся некаторымі палітычнымі саступкамі. У 1966 быў прыняты Арганічны закон, які ўнес рад ліберальных паправак да канстытуцыі».

Відавочна, логікай «спачатку эканоміка, а калі-небудзь, праз гады – правы чалавека і палітыка» кіруюцца і заходнія дабрадзеі, нават тыя, хто яшчэ не зусім загруз у цынізме. «Круглы стол» такі мажлівы, аднак, вядома, у бліжэйшы час ён прывядзе толькі да касметычных змен у сістэме. Напрыклад, за «грандыёзную саступку» патэнцыйным інвестарам і крэдыторам з ЕС можна выдаць увядзенне ў Беларусі суда прысяжных (нагадаю, паабяцанага Лукашэнкам яшчэ ў 2010 г.) або пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека, «омбудсмена». Пра патрэбу ў гэтай пасадзе таксама гаварылася шмат гадоў таму, але і ў 2001 г., абяцаючы стварыць «інстытут упаўнаважанага», кандыдат мянціў так: «Але прэзідэнт не можа перакласці свой канстытуцыйны абавязак быць гарантам правоў чалавека на якім б там ні было інстытут. Толькі галава дзяржавы, валодаючы паводле Канстытуцыі шырокімі паўнамоцтвамі, зможа забяспечыць гарантыю правоў і свабод грамадзян». Амаль тое самае чаўпе апошні год. Ну, гэта вядомая ў палітыцы з’ява: «речка движется и не движется» (С), упаўнаважаны патрэбен і непатрэбен…

На добры лад, што варта было зрабіць з судамі ў рамках канстытуцыйнай рэформы (рэферэндум жа ўсё адно мае адбыцца): адмяніць або абмежаваць прызначэнне суддзяў прэзідэнтам, а дэ-факта міністэрствам юстыцыі і клеркамі з адміністрацыі Лукашэнкі, перадаць гэтае права парламенту. Ліквідаваць верхнюю палату цяперашняга «нацыянальнага сходу», што дазволіць зэканоміць кучу грошай (тожа мне англійскія лорды – «Савет рэспублікі»…). Правесці новыя выбары паводле такой сістэмы, якая дазволіла б трапіць у парламент альтэрнатыўна мыслячым людзям, і не 1%, а хаця б 15-25%. У Бібі Нетаньягу апазіцыя ў Кнэсеце больш самавітая, кантралюе да 40-45% месцаў – і нічога, з 2009 г. прэм’ер-міністр неяк дае рады, жывіцца ад сваіх супернікаў «непрычасанымі» ідэямі.

Чаму я раптам пра Ізраіль? Па-першае, сайт ізраільска-беларускі… Па-другое – тутэйшыя чыноўнікі, дый іхнія апаненты, любяць спасылацца на досвед блізкаўсходняй дзяржавы. От доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк, калі быў членам «сената» Савета рэспублікі, каментаваў прыняцце ўказа пра нелегальныя археалагічныя пошукі ў Беларусі: «Жорсткае да вандалаў заканадаўства, напрыклад, у Ізраілі, дзе за вольныя раскопкі адразу прадугледжваюцца тэрміны зняволення ад 5 гадоў» (сумняваюся, што так «адразу»; артыкул пра закон 1978 г. не пацвярджае…). Цяпер, перабраўшыся ў «ніжнюю палату», доктар заклікае пры забеспячэнні правоў беларускамоўных грамадзян дзейнічаць «роўна і спакойна», «на першы план ставіць свабоду выбару чалавека». У прынцыпе-та ніхто не за «гвалт», але ж довады ў гісторыка… «Напрыклад, іўрыт быў мёртвай мовай, мовай Торы, але жаданне ў сэрцах мільёнаў яўрэяў зрабіла яго жывой мовай, адрадзіла гэтую мову. Усё залежыць ад жадання, самае важнае – гэта мова сэрца». Мне аднаму здаецца, што мову Торы, а дакладней, ТАНАХу, які ў ХІХ ст. штодня чыталі тыя самыя мільёны, некарэктна называць «мёртвай»? Дый энтузіясты адраджэння іўрыта як гутарковай мовы не чакалі, пакуль мільёны прачнуцца… І адбывалася адраджэнне не толькі «па жаданні сэрца» тых адраджэнцаў, а і з ужываннем адміністратыўных вагароў. У Палестыне пачатку ХХ ст. вяліся несупынныя «моўныя войны», ахвярай якіх стаў, у прыватнасці, ідыш: «без гвалту і прымусу» не абышлося. Думаю, прафесар пра ўсё гэта ведае, аднак хітруе, прапануючы ісці «мірным яўрэйскім шляхам».

«Заляпіў» і Зянон Пазняк у канцы снежня 2016 г. – у духу савецкай песні «и вновь продолжается бой, и сердцу тревожно в груди»: «Барацьба за Беларусь-ВКЛ ня скончана… Яна будзе працягвацца ўвесь час, пакуль будзе існаваць маскоўская імпэрыя і яе палітыка Арды. Наша становішча можна дакладна параўнаць са становішчам дзяржавы Ізраіль у арабскім сьвеце. І дакладна гэтак, як Ізраіль, мы мусім дзейнічаць, каб быць і адстойваць сваё існаваньне, а ў канцовым варыянце – перамагаць. Дзяржаўнымі прыярытэтамі мусяць быць – Беларуская мова, высокатэхналягічная эканоміка, рынкавая нацыянальна абумоўленая вытворчасьць, адукацыя, моцная сучасная армія і тэрытарыяльная абарона». Як Беларусь у Еўропе можа дзейнічаць «дакладна гэтак», як Ізраіль у Азіі? Аб’явіць Расіі вайну (зрэшты, Зянон лічыць, што вайна і так ужо ідзе)? Пачаць прызываць дзяўчат у войска? Зноў завезці на тэрыторыю краіны ядзерную зброю? Ад 90 да 99% беларусаў не прымуць такія ідэі ні оптам, ні ў розніцу; відаць, адчуваючы гэта, Зянон Станіслававіч і не едзе да нас ужо 21-ы год.

Гэты ж «антылюмпенскі» палітык пару тыдняў таму аж у трох месцах бухнуў дыялогамі з нядаўна памерлым Антонам Шукелойцем: тут, тут, тут. Адначасна З. П. кінуўся крытыкаваць амерыканскую даследчыцу Катастрофы Аніку Вальке, інтэрв’ю з якой змяшчалася і на belisrael.info: яна, маўляў, спрабуе пашырыць адказнасць за масавае знішчэнне яўрэяў на ўсе нацыі, акупаваныя немцамі, у тым ліку і на беларусаў. Пазняк, таксама гісторык з адукацыі, безапеляцыйна сцвярджае: «Поўны правал адбыўся ў Беларусі. Фактаў не знайшлося. Тым больш, што дасьледчыца выявіла ў нямецкіх архівах данясеньні нямецкага акупацыйнага камандаваньня ў Бэрлін аб тым, што спробы немцаў уцягнуць беларусаў у пацыфікацыю жыдоў праваліліся. Немцы не змаглі тут гэтага арганізаваць. Беларусы ня ўдзельнічалі ў гітлераўскай палітыцы Галакосту».

Вядома, я не стану сцвярджаць следам за амерыканскім юрыстам Джонам Лофтусам (і праф. Іофе з Мінска, які некрытычна яго цытаваў), што «яўрэяў выяўлялі калабаранты і заганялі іх у гета… Людзі Радаслава Астроўскага (прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады – В. Р.) усё рабілі за немцаў… Ні ў якой іншай краіне мясцовыя жыхары так бесчалавечна не цкавалі сваіх суседзяў». Аднак фактаў удзелу беларусаў у «гітлераўскай палітыцы Галакосту» багата, іх не абавязкова вышукваць у «нямецкіх архівах». Сам бачыў украй юдафобскія артыкулы ў «Беларускай газэце» за 1942–43 гг., рэдагаванай у Мінску Ул. Казлоўскім, у 1930-х – знаным дзеячам беларускага студэнцкага (і не толькі) руху. Ю. Віцьбіч, «культавая постаць» пасляваеннай беларускай эміграцыі, пад акупацыяй таксама займаўся «жыдаедствам». Тут можна прачытаць яго адпаведныя опусы, перадусім «Народ золотого тельца» (1942). Калі гэта не заклік да знішчэння яўрэяў, то апраўданка дакладна. Былі аналагічныя артыкулы і ў паліцэйскім часопісе «Беларус на варце», які ў 1943–44 гг. выдаваўся з удзелам яшчэ адной «культавай асобы», Ф. Кушаля (рэдактарам быў іншы «свядомы беларус» Ул. Дудзіцкі).

Гадоў трох таму мне давялося перакласці кнігу ізраільскага гісторыка Леаніда Рэйна «Каралі і пешкі. Калабарацыя ў Беларусі ў час Другой сусветнай вайны», я ўжо згадваў гэтую працу. Нягледзячы на недахопы кнігі (пэўная неахайнасць і казуістычнасць, няўменне або нежаданне раскрыць тэму яўрэйскай калабарацыі), аўтар здолеў агаліць стан беларускага грамадства ў 1941–44 гг.: так, у Барысаве «дапаможныя паліцыянты (з мясцовай паліцыі, набранай улетку 1941 г.) кантралявалі выкананне загадаў аб “жоўтай лаце” і назіралі за засяленнем яўрэяў у гета. Падчас т. зв. акцый менавіта мясцовыя паліцыянты выганялі яўрэяў з хат… Насамрэч цяжка назваць органы («мясцовага самакіравання» – В. Р.), якія так ці інакш не скарысталіся б з вынішчэння яўрэяў. Выбітнае месца сярод галоўных атрымальнікаў маёмасці [яўрэяў] займала “Беларуская народная самапомач”» і г. д., і г. д.

Падобна, заангажаванасць беларусаў у працэс знішчэння яўрэяў была меншай, чым заангажаванасць украінцаў і літоўцаў, але як гэта – саўсім адмаўляць «беларускі след», ды цяпер, калі яшчэ жывыя некаторыя сведкі той вайны?.. Палітык, ужо злоўлены на непраўдзівым «выкрыцці» Дзмітрыя Булахава, канчаткова выйшаў у мяне з даверу. Відаць, яго захапленне Змітраком Бядулям («наш выбітны пісьменьнік, габрэй і беларус») нагэтулькі ж шчырае, як майса Лукашэнкі-старэйшага пра Аляксандра Лапшына 3 лютага: «Мы згодна з рашэннем Інтэрпола яго затрымалі». Пазней, калі Лапшына ўжо выслалі ў Азербайджан (07.02.2017, адразу пасля пасяджэння Вярхоўнага суда Беларусі, парушыўшы права арыштаванага на зварот у міжнародныя інстанцыі і на дадатковую юрыдычную дапамогу), высветлілася, што не было такога рашэння Інтэрпола… «Д’ябал у дэталях».

Вольф Рубінчык, г. Мінск

15.02.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 15.02.2017  20:27

КНІЖНАЯ ВЫСТАЎКА, МІНСК (фоты) / BOOK EXHIBITION IN MINSK (photos)

Паводле афіцыйнай справаздачы, прыкладна 55 тыс. гасцей наведалі XXIV Міжнародную кніжную выставу-кірмаш у Мінску (8-12 лютага 2017 г.). Прадстаўнікі амаль 30 краін узялі ўдзел у 300 імпрэзах.

Ассording to an official statement, about 55,000 guests visited XXIV International Book Exhibition in Minsk (February 8-12, 2017). Representatives from almost 30 countries took part in 300 events.

Дзе адбывалася / Where it happened

Беларусы прапануюць пайсці шляхам Скарыны – папрацаваць на “ягоным” варштаце, як 500 год таму

У рускіх – свая праўда?

Ізраіль напіраў на юбілей усталявання дыпадносін з Беларуссю

Ізраільскі культурны цэнтр вабіў вісячымі садамі Семіраміды яўрэйскімі літарамі i экранам

Адна з гаспадынь ізраільскага стэнда Святлана Паперная. Наракала на стому, але ўсё расказала-паказала 🙂

І Бялік, і героі Сабібора, і “жывая азбука”… Вось новай кнігі мінчука Фелікса Хаймовіча (вершы на ідышы, выйшлі ў Ізраілі летась), на жаль, не было.

Купіў за 8 р. зборнічак смяхотных вершаў Рэнаты Мухі (Мінск: МЕТ, 2014)

Намалюй балярыну – адчуй сябе юнай ізраільцянкай 🙂

“Ізраільская літаратура па-беларуску”: “Ідыш-беларускі слоўнік” А. Астравуха (Мінск, 2008), “Зельманцы” М. Кульбака (Мінск, 2015)… Здавалася б, пры чым тут Дзяржава Ізраіль?..

Квазідзяржавы таксама мелі права голасу – як жа не распавесці urbi et orbi пра “дзядзю Яшу” і сіянісцкія хітрыкі!

Дзве дзяўчыны ля экспазіцыі пасольства Ірана – адна ў хіджабе, другая без. Значыць, можна!?

Азербайджан самаўхіліўся, дарэмна туды Лапшына выдаліУкраінцы, дарэчы, таксама 11.02.2017 закрылі свой павільён – на знак пратэсту супраць рашэння аб дэпартацыі з Мінска пісьменніка Сяргея Жадана (зрэшты, адмененага ў той жа дзень)

Прадстаўнік Венесуэлы (ці Кубы?) выбраў стыль “мілітары”

Коміксы з брашуры 2010 г. пра поспехі Венесуэльскай рэвалюцыі. 10.02.2017 раздавалася задарма

Выдавец Зміцер Колас “забівае цвікі мікраскопам”: на рэалізацыі ў яго сядзіць Лявон Баршчэўскі, экс-дэпутат Вярхоўнага Савета, кандыдат філалагічных навук

Выдавецтва Андрэя Янушкевіча агітуе набываць “зомбі-хорар” пра Міхала Клеафаса Агінскага і новы твор Людмілы Рублеўскай

Уласна Людміла Рублеўская, вялікая пісьменніца зямлі беларускай (у цэнтры)

Міхаіл Мясніковіч (у цэнтры) ля італьянскага стэнда вяшчаў пра добрыя адносіны Беларусі і Італіі. Побач – Лілія Ананіч, “ганаровая цэнзарка” выставы краіны

Яшчэ адзін Міша, нават больш сімпатычны

Да гледачоў крадзецца паэт Навум Гальпяровіч. Далей на здымку – Алена Масла і маладая пісьменніца Ксенія Шт.

 

Аўтограф ад Ксеніі

І яшчэ адзін аўтограф – ад палітызаванага гумарыста Яўгена Крыжаноўскага. Сфоткаў бы яго самога, ды агонь патух батарэйка разрадзілася…

Падрыхтаваў В. Р.

Апублiкавана 12.02.2017  21:06