Tag Archives: Леонид Рейн

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (41)

Пяты дзясятак аўтару яшчэ не пайшоў, а серыям – пайшоў… Чаму б і не пісаць, што думаеш, калі ёсць маральная падтрымка? 🙂

Здарылася падзейка: у Мінску пажылы рэдактар недзяржаўнай газеты сам-насам сустрэўся з Лукашэнкам і згуляў з ім у «абдымашкі», а заадно падзяліўся набалелым, бы з тым псіхатэрапеўтам. Штопраўда, злыя, няветлыя людзі заўважылі, што не варта было абдымацца з чалавекам, які цябе незаконна зволіў: Вольга Седакова з яе паняццямі пра «зло» не адабрае. Яшчэ злейшыя ўспомнілі, што ў 1995 г. Іосіф С. доўга без працы не сядзеў: змяніў «Народную газету» на «Народную волю» і неўзабаве пабудаваў сабе з «апазіцыйнасці» дом пад Мінскам. Прайграныя на роўных месцах суды з выплатай вялізных штрафаў, страта даверу палітыкаў і экспертаў, падзенне тыражу – усё гэта не збянтэжыла былога камсамольскага сакратара і слухача Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. Не, зразумела, і такое «жаўтаватае» выданне, як «Народная воля», мае сваю аўдыторыю – наклад 25 тыс. таксама не жарт. Але прыпамінаю: калі ў 2009–2011 гг. я рабіў на пошце, жыхары Мінска падпісваліся на «НВ» даволі вяла, куды радзей, чым на «АиФ» ды «КП».

Пасля таго, як І. Сярэдзіч агучыў прапанову да А. Лукашэнкі «стаць другім Ярузэльскім» і сесці за круглы стол, пачаліся кпіны. Даследчык Павел Усаў мяркуе: «Зыходзячы з асаблівасцей функцыянавання беларускай палітычнай сістэмы, месца апазіцыі ЗАЎСЁДЫ будзе ПАД СТАЛОМ, а не за ім». Мяне нудзіць ад такой катэгарычнасці: людзі, якіх залічваюць у апазіцыю (лепей бы называць іх альтэрнатыўнымі або дэмакратычнымі сіламі), не настолькі бязглуздыя, як часам выглядае. Адсотак «разумнікаў» сярод іх не меншы, а нават большы, чым сярод чыноўнікаў; ну, запрашаў жа Міхась Мясніковіч Стася Багданкевіча ў 2011 г. для кансультацыі ў цяжкі час, і не пад стол садзіў, а за стол… Уражвае, як аналітык У. адмаўляецца прызнаваць змены апошніх гадоў: «Беларускае грамадства не мяняецца, як не мяняецца сутнасць самой палітычнай сістэмы, у якой няма нічога беларускага. За ўсімі палітычнымі дэкарацыямі (часткай якіх можа стаць «круглы стол») зеўрае агромністая цывілізацыйная пустэча». Грамадства мяняецца, разумнее, няхай і марудна; іншая рэч, што мы не ў Польшчы, і Лукашэнку няма сэнсу апранаць на сябе мундзір Ярузэльскага. Хутчэй гаворка можа ісці пра лібералізацыю паводле пярсідскага іспанскага ўзору.

Прачытана ў першым-лепшым рэфераце: «Іспанія ў 1959 прыняла «План эканамічнай стабілізацыі», які аслабіў адміністрацыйны кантроль над эканомікай. Быў адкрыты шырокі доступ замежнаму капіталу… Ф. Франка пільна сачыў, каб лібералізацыя адносілася толькі да сферы эканомікі і адпрэчваў дэмакратызацыю палітычнага і сацыяльнага жыцця». І тым не менш: «Лібералізацыя эканомікі і эканамічны рост у 1960-я гады суправаджаліся некаторымі палітычнымі саступкамі. У 1966 быў прыняты Арганічны закон, які ўнес рад ліберальных паправак да канстытуцыі».

Відавочна, логікай «спачатку эканоміка, а калі-небудзь, праз гады – правы чалавека і палітыка» кіруюцца і заходнія дабрадзеі, нават тыя, хто яшчэ не зусім загруз у цынізме. «Круглы стол» такі мажлівы, аднак, вядома, у бліжэйшы час ён прывядзе толькі да касметычных змен у сістэме. Напрыклад, за «грандыёзную саступку» патэнцыйным інвестарам і крэдыторам з ЕС можна выдаць увядзенне ў Беларусі суда прысяжных (нагадаю, паабяцанага Лукашэнкам яшчэ ў 2010 г.) або пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека, «омбудсмена». Пра патрэбу ў гэтай пасадзе таксама гаварылася шмат гадоў таму, але і ў 2001 г., абяцаючы стварыць «інстытут упаўнаважанага», кандыдат мянціў так: «Але прэзідэнт не можа перакласці свой канстытуцыйны абавязак быць гарантам правоў чалавека на якім б там ні было інстытут. Толькі галава дзяржавы, валодаючы паводле Канстытуцыі шырокімі паўнамоцтвамі, зможа забяспечыць гарантыю правоў і свабод грамадзян». Амаль тое самае чаўпе апошні год. Ну, гэта вядомая ў палітыцы з’ява: «речка движется и не движется» (С), упаўнаважаны патрэбен і непатрэбен…

На добры лад, што варта было зрабіць з судамі ў рамках канстытуцыйнай рэформы (рэферэндум жа ўсё адно мае адбыцца): адмяніць або абмежаваць прызначэнне суддзяў прэзідэнтам, а дэ-факта міністэрствам юстыцыі і клеркамі з адміністрацыі Лукашэнкі, перадаць гэтае права парламенту. Ліквідаваць верхнюю палату цяперашняга «нацыянальнага сходу», што дазволіць зэканоміць кучу грошай (тожа мне англійскія лорды – «Савет рэспублікі»…). Правесці новыя выбары паводле такой сістэмы, якая дазволіла б трапіць у парламент альтэрнатыўна мыслячым людзям, і не 1%, а хаця б 15-25%. У Бібі Нетаньягу апазіцыя ў Кнэсеце больш самавітая, кантралюе да 40-45% месцаў – і нічога, з 2009 г. прэм’ер-міністр неяк дае рады, жывіцца ад сваіх супернікаў «непрычасанымі» ідэямі.

Чаму я раптам пра Ізраіль? Па-першае, сайт ізраільска-беларускі… Па-другое – тутэйшыя чыноўнікі, дый іхнія апаненты, любяць спасылацца на досвед блізкаўсходняй дзяржавы. От доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк, калі быў членам «сената» Савета рэспублікі, каментаваў прыняцце ўказа пра нелегальныя археалагічныя пошукі ў Беларусі: «Жорсткае да вандалаў заканадаўства, напрыклад, у Ізраілі, дзе за вольныя раскопкі адразу прадугледжваюцца тэрміны зняволення ад 5 гадоў» (сумняваюся, што так «адразу»; артыкул пра закон 1978 г. не пацвярджае…). Цяпер, перабраўшыся ў «ніжнюю палату», доктар заклікае пры забеспячэнні правоў беларускамоўных грамадзян дзейнічаць «роўна і спакойна», «на першы план ставіць свабоду выбару чалавека». У прынцыпе-та ніхто не за «гвалт», але ж довады ў гісторыка… «Напрыклад, іўрыт быў мёртвай мовай, мовай Торы, але жаданне ў сэрцах мільёнаў яўрэяў зрабіла яго жывой мовай, адрадзіла гэтую мову. Усё залежыць ад жадання, самае важнае – гэта мова сэрца». Мне аднаму здаецца, што мову Торы, а дакладней, ТАНАХу, які ў ХІХ ст. штодня чыталі тыя самыя мільёны, некарэктна называць «мёртвай»? Дый энтузіясты адраджэння іўрыта як гутарковай мовы не чакалі, пакуль мільёны прачнуцца… І адбывалася адраджэнне не толькі «па жаданні сэрца» тых адраджэнцаў, а і з ужываннем адміністратыўных вагароў. У Палестыне пачатку ХХ ст. вяліся несупынныя «моўныя войны», ахвярай якіх стаў, у прыватнасці, ідыш: «без гвалту і прымусу» не абышлося. Думаю, прафесар пра ўсё гэта ведае, аднак хітруе, прапануючы ісці «мірным яўрэйскім шляхам».

«Заляпіў» і Зянон Пазняк у канцы снежня 2016 г. – у духу савецкай песні «и вновь продолжается бой, и сердцу тревожно в груди»: «Барацьба за Беларусь-ВКЛ ня скончана… Яна будзе працягвацца ўвесь час, пакуль будзе існаваць маскоўская імпэрыя і яе палітыка Арды. Наша становішча можна дакладна параўнаць са становішчам дзяржавы Ізраіль у арабскім сьвеце. І дакладна гэтак, як Ізраіль, мы мусім дзейнічаць, каб быць і адстойваць сваё існаваньне, а ў канцовым варыянце – перамагаць. Дзяржаўнымі прыярытэтамі мусяць быць – Беларуская мова, высокатэхналягічная эканоміка, рынкавая нацыянальна абумоўленая вытворчасьць, адукацыя, моцная сучасная армія і тэрытарыяльная абарона». Як Беларусь у Еўропе можа дзейнічаць «дакладна гэтак», як Ізраіль у Азіі? Аб’явіць Расіі вайну (зрэшты, Зянон лічыць, што вайна і так ужо ідзе)? Пачаць прызываць дзяўчат у войска? Зноў завезці на тэрыторыю краіны ядзерную зброю? Ад 90 да 99% беларусаў не прымуць такія ідэі ні оптам, ні ў розніцу; відаць, адчуваючы гэта, Зянон Станіслававіч і не едзе да нас ужо 21-ы год.

Гэты ж «антылюмпенскі» палітык пару тыдняў таму аж у трох месцах бухнуў дыялогамі з нядаўна памерлым Антонам Шукелойцем: тут, тут, тут. Адначасна З. П. кінуўся крытыкаваць амерыканскую даследчыцу Катастрофы Аніку Вальке, інтэрв’ю з якой змяшчалася і на belisrael.info: яна, маўляў, спрабуе пашырыць адказнасць за масавае знішчэнне яўрэяў на ўсе нацыі, акупаваныя немцамі, у тым ліку і на беларусаў. Пазняк, таксама гісторык з адукацыі, безапеляцыйна сцвярджае: «Поўны правал адбыўся ў Беларусі. Фактаў не знайшлося. Тым больш, што дасьледчыца выявіла ў нямецкіх архівах данясеньні нямецкага акупацыйнага камандаваньня ў Бэрлін аб тым, што спробы немцаў уцягнуць беларусаў у пацыфікацыю жыдоў праваліліся. Немцы не змаглі тут гэтага арганізаваць. Беларусы ня ўдзельнічалі ў гітлераўскай палітыцы Галакосту».

Вядома, я не стану сцвярджаць следам за амерыканскім юрыстам Джонам Лофтусам (і праф. Іофе з Мінска, які некрытычна яго цытаваў), што «яўрэяў выяўлялі калабаранты і заганялі іх у гета… Людзі Радаслава Астроўскага (прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады – В. Р.) усё рабілі за немцаў… Ні ў якой іншай краіне мясцовыя жыхары так бесчалавечна не цкавалі сваіх суседзяў». Аднак фактаў удзелу беларусаў у «гітлераўскай палітыцы Галакосту» багата, іх не абавязкова вышукваць у «нямецкіх архівах». Сам бачыў украй юдафобскія артыкулы ў «Беларускай газэце» за 1942–43 гг., рэдагаванай у Мінску Ул. Казлоўскім, у 1930-х – знаным дзеячам беларускага студэнцкага (і не толькі) руху. Ю. Віцьбіч, «культавая постаць» пасляваеннай беларускай эміграцыі, пад акупацыяй таксама займаўся «жыдаедствам». Тут можна прачытаць яго адпаведныя опусы, перадусім «Народ золотого тельца» (1942). Калі гэта не заклік да знішчэння яўрэяў, то апраўданка дакладна. Былі аналагічныя артыкулы і ў паліцэйскім часопісе «Беларус на варце», які ў 1943–44 гг. выдаваўся з удзелам яшчэ адной «культавай асобы», Ф. Кушаля (рэдактарам быў іншы «свядомы беларус» Ул. Дудзіцкі).

Гадоў трох таму мне давялося перакласці кнігу ізраільскага гісторыка Леаніда Рэйна «Каралі і пешкі. Калабарацыя ў Беларусі ў час Другой сусветнай вайны», я ўжо згадваў гэтую працу. Нягледзячы на недахопы кнігі (пэўная неахайнасць і казуістычнасць, няўменне або нежаданне раскрыць тэму яўрэйскай калабарацыі), аўтар здолеў агаліць стан беларускага грамадства ў 1941–44 гг.: так, у Барысаве «дапаможныя паліцыянты (з мясцовай паліцыі, набранай улетку 1941 г.) кантралявалі выкананне загадаў аб “жоўтай лаце” і назіралі за засяленнем яўрэяў у гета. Падчас т. зв. акцый менавіта мясцовыя паліцыянты выганялі яўрэяў з хат… Насамрэч цяжка назваць органы («мясцовага самакіравання» – В. Р.), якія так ці інакш не скарысталіся б з вынішчэння яўрэяў. Выбітнае месца сярод галоўных атрымальнікаў маёмасці [яўрэяў] займала “Беларуская народная самапомач”» і г. д., і г. д.

Падобна, заангажаванасць беларусаў у працэс знішчэння яўрэяў была меншай, чым заангажаванасць украінцаў і літоўцаў, але як гэта – саўсім адмаўляць «беларускі след», ды цяпер, калі яшчэ жывыя некаторыя сведкі той вайны?.. Палітык, ужо злоўлены на непраўдзівым «выкрыцці» Дзмітрыя Булахава, канчаткова выйшаў у мяне з даверу. Відаць, яго захапленне Змітраком Бядулям («наш выбітны пісьменьнік, габрэй і беларус») нагэтулькі ж шчырае, як майса Лукашэнкі-старэйшага пра Аляксандра Лапшына 3 лютага: «Мы згодна з рашэннем Інтэрпола яго затрымалі». Пазней, калі Лапшына ўжо выслалі ў Азербайджан (07.02.2017, адразу пасля пасяджэння Вярхоўнага суда Беларусі, парушыўшы права арыштаванага на зварот у міжнародныя інстанцыі і на дадатковую юрыдычную дапамогу), высветлілася, што не было такога рашэння Інтэрпола… «Д’ябал у дэталях».

Вольф Рубінчык, г. Мінск

15.02.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 15.02.2017  20:27

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (23)

Другі тыдзень не сціхае кіпеш вакол ізраільскай прамовы ў Вярхоўнай Радзе Украіны. Ён быццам бы і глабальны (дзіды ламаюцца на розных кантынентах, фэйсбукі закіпаюць у тон мазгам), але ў той жа час не топавы, прынамсі ў Беларусі за ім мала хто сачыў. Таму – устаўлю свае дзве капейкі, балазе цяпер ёсць у нас такая манетка са сталі, пакрытай меддзю.

maneta1 maneta2

Украінска-яўрэйскія і, шырэй, украінска-ізраільскія адносіны заўсёды былі… не тое што канфліктнымі, а непрадказальнымі. Можа, справа ў тэмпераменце двух народаў. Як успамінаў энтузіяст «навядзення мастоў» Якаў Сусленскі пра сядзенне ў пермскім лагеры 1970-х: «З украінцамі мяне збліжала агульная рыса – эмацыйнасць. Дакладны разлік… мне зусім не ўласцівы. Помню, як бліскучы майстар складання скаргаў і заяў Міхаіл Макаранка (ён жа Гершковіч) абураўся, чытаючы заявы ўкраінцаў – “адны эмоцыі!” –а я “лавіў кайф”»

Кіно з узаемнымі папрокамі, груканнем у грудзі і размазваннем сопляў мы бачылі 30 год таму, калі ў Ізраілі судзілі Івана Дзем’янюка. Адны – найперш прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары ў Амерыцы – на ўвесь свет гукалі «жыды нашых б’юць», другія (у тым ліку віцэ-спікер Кнесета) дзейкалі пра «спрадвечны антысемітызм» украінцаў.

Далей – болей. Анекдатычную гісторыю, якая сведчыць пра нягегласць многіх ізраільскіх чамаданаў дыпламатаў у канцы ХХ ст., расказаў былы пасол Ізраіля ў Беларусі Зэеў Бен-Ар’е:

У той час [пачатак 1990-х]… іменна да мяне звярнуліся з просьбай перакласці тэкст выступлення Вайса на ўкраінскую мову для распаўсюду сярод дэпутатаў, калі старшыня Кнэсета будзе прамаўляць да іх з трыбуны Рады. У прамове было месца, дзе пасля згадкі супольнай гісторыі ўкраінскага народу і вялізнай яўрэйскай абшчыны Украіны, а таксама падзякі ўкраінцам – Праведнікам народаў свету, гаварылася: “Разам з тым няможна забываць, што ўкраінскі народ у пэўнай частцы пайшоў за нацыстамі ў масавых забойствах яўрэяў”… Асобнік перакладу па дыппошце прыйшоў у маленькае ў той час ізраільскае прадстаўніцтва ў Кіеве ў вельмі памятым выглядзе, непрыдатным для ксеракапіявання. Кіраўнік прадстаўніцтва папрасіў мясцовую супрацоўніцу тэкст перадрукаваць. Яна не вельмі разбіралася ў палітычных нюансах, але змагалася за чысціню ўкраінскай мовы. Слова “частково”, ужытае мною, падалося ёй не вельмі мілагучным, і яна яго проста выкінула. Галава прадстаўніцтва ўкраінскай мовы не ведаў, тэкст не праверыў, у выніку ён быў памножаны. Як жа было ўкраінскім парламентарыям, слухаючы цурчэнне незнаёмага ім іўрыта з вуснаў высокага ізраільскага госця, чытаць у брашуры перад сабой, што ўкраінскі народ (выглядае, увесь) пайшоў за нацыстамі!

Зараз «цяжкасці перакладу» аднавіліся на новым узроўні. Чыноўнічкам, якія рыхтавалі прамову прэзідэнта Ізраіля Рубі Рыўліна 27.09.2016, цяжка было, відаць, праверыць, што Мар’іна Горка ў цэнтральнай Беларусі ніколі не адносілася да Украіны…

Але геаграфія тут усё ж не галоўнае. Вось асноўныя тэзісы, якія раскалолі аўдыторыю (найбольш алею ў агонь «падліў» першы):

  1. Блізу паўтара мільёна яўрэяў былі забіты на тэрыторыі сучаснай Украіны ў час Другой сусветнай вайны ў Бабіным Яры і ў многіх іншых месцах. Іх расстрэльвалі ў лясах, каля яроў і равоў, скідвалі ў братэрскія магілы. Многія з памагатых злачынцаў былі ўкраінцамі, і сярод іх асабліва вылучаліся байцы АУН, якія здзекваліся з яўрэяў, забівалі іх, у многіх выпадках выдавалі немцам.
  2. Нельга рэабілітаваць і ўслаўляць антысемітаў, ніякімі палітычнымі інтарэсамі не апраўдаць абыякавае маўчанне або няўцямнае мармытанне, калі ідзецца пра антысеміцкія структуры. Лідары краін, якія падзяляюць антысеміцкія, расісцкія і неанацысцкія погляды, ніколі не стануць жаданымі і паўнапраўнымі членамі сям’і народаў свету.
  3. Сёння Украіна паказвае свету новы твар. Украіна даказвае на справах, а не на словах сваё глыбокае імкненне да змен і дасканалення. Я захапляюся Украінай і яе дэмакратычным ладам, які яна ўвасабляе з гонарам, нягледзячы на выклік, што стаіць перад ёй у сферы бяспекі і эканомікі.

Дзе ж «крыўда для ўкраінскага народа», навошта крэслы ламаць? Пры ўсёй павазе да аднаго з кіраўнікоў Ваада Украіны і Еўраазіяцкага яўрэйскага кангрэса Іосіфа Зісельса, не разумею, чаму ён прасіў прабачэння за Рыўліна, ды яшчэ аргументуючы дзіўна: «Ніводзін суд у свеце не прызнаваў АУН або УПА арганізацыямі, якія здзяйснялі злачынствы». Па-першае, пра УПА – Украінскую паўстанцкую армію, сфармаваную пад канец 1942 г. – гаворкі ўвогуле не ішло (паглядзеў пераклад на англійскую, там таксама няма). Па-другое, i АУН – Арганізацыю ўкраінскіх нацыяналістаў – Рыўлін агулам не абвінавачваў, а казаў пра асобных яе прадстаўнікоў-«байцоў» (магчыма, лепей было ўжыць слова «актывістаў», бо да цкавання яўрэяў Украіны ў 1941 г. далучыліся цывільныя асобы, напрыклад, газетчыкі з «мельнікаўскага» крыла АУН). Па-трэцяе, юрыдычна-фармальны падыход (няма прысуду – няма абвінавачвання) не заўсёды спрацоўвае. На славутым працэсе ў Нюрнбергу не толькі АУН, а і вермахт не быў прызнаны злачыннай арганізацыяй – але хто зараз будзе адмаўляць, што нямецкія жаўнеры і афіцэры спрычыніліся да Шоа?

Прэзідэнта краіны, дзе цяпер жыве большасць яўрэяў свету, нехта ўспрымае як іхні «твар» – або нашага «спікера». У прынцыпе-та не зусім так (асабіста я не ўпаўнаважваў Рыўліна ехаць у Кіеў :)), але гэтым разам няма нічога страшнага, калі ён будзе так успрымацца. Наіўна выглядаюць спробы давесці, што Рыўлін выказаў «сваё прыватнае меркаванне». Пагатоў афіцыйныя асобы Украіны не раз прызнавалі саўдзел некаторых украінцаў (ясная рэч, не ўсяго народа) у знішчэнні яўрэяў. Годна выступіў, напрыклад, Пётр Парашэнка у Кнэсеце (снежань 2015 г.): «Як толькі з’явілася незалежная Україна, яе кіраўніцтва прынесла прабачэнні за злачынствы, здзейсненыя асобнымі ўкраінцамі ў гады Халакосту. Я, вядома ж, падзяляю пазіцыю першага Прэзідэнта Украіны Леаніда Краўчука. І раблю гэта ў парламенце яўрэйскай дзяржавы, перад дзяцьмі і ўнукамі ахвяр Халакоста».

Раней ва ўкраінскім палітыкуме крыўдавалі, што ізраільцы выпукляюць жахі і забываюцца на тых, хто ратаваў яўрэяў. Небеспадстаўна крыўдавалі… Дарэчы, прыблізна так, як некаторыя яўрэі 30-40-50 год таму трактавалі ўкраінцаў, беларуская лаўрэатка сёлета «абагульніла» палякаў, дый родную Украіну не пакінула ў спакоі. Але ў гэтым плане да прамовы Рыўліна не прычапіцца, ён казаў: «Слушна і тое, што [ва Украіне] было больш 2,5 тыс. праведнікаў народаў свету».

Крыху смешна, аднак і сумна было глядзець на апанентаў Рыўліна. Хіба самы «тытулаваны» з іх – Багдан Чэрвак, правадыр цяперашняй АУН, «па сумяшчальніцтве» – першы намеснік кіраўніка Дзяржаўнага камітэта тэлебачання і радыёвяшчання Украіны. Ён назваў прамову прэзідэнта Ізраіля «пляўком у душу ўкраінцам» і дадаў: «Звінаваціць АУН у Халакосце, ды яшчэ падчас парламенцкіх слуханняў з нагоды 75-годдзя трагедыі Бабінага Яру – значыць зняважыць украінскую нацыю… Просьба да ўкраінскіх яўрэяў. Пераканайце пана прэзідэнта, што чытаць маскоўскія газеты і глядзець расійскае тэлебачанне не толькі шкодна, але і непрыстойна». Няўжо ўкраінцам можна «прадаць» ідэю аб тым, што Рыўліну мала матэр’ялаў з «Яд ва-Шэма» (хоць бы гэтай кніжкі – стар. 36 і далей)? Пасля гэтай «парады» мой давер да дзяржаўных каналаў, кантраляваных Б. Ч., мякка кажучы, не вырас. Дарэчы, летась сфоткаў на будынку яго ведамства ў Кіеве шыльду з лозунгам «баронім інфармацыйную прастору»:

shylda2015

Па-мойму, журналістам увогуле і тэлевізійным у прыватнасці не варта займацца контрпрапагандай, бясконца пераводзіць стрэлкі на «пуйло Хуціна». Калі б Украіна аб’явіла Расіі поўнамаштабную вайну – іншая справа; ва ўмовах жа адносна мірнага Кіева лепей датрымлівацца прафесійных норм, даваць праўду, толькі праўду, нічога, акрамя… Каб служыць узорам для тых самых маскоўцаў. Зрэшты, як тая казала, «калі трэба тлумачыць, то не трэба тлумачыць».

Разумна адпісаўся ўкраінскі публіцыст/грамадскі дзеяч Павел Зуб’юк (02.10.2016): «Можна, вядома, спрачацца, ці члены арганізацыі, якая выдавала інструкцыі пра «прыязныя» і «варожыя» меншасці (прычым «варожыя» падлягалі вынішчэнню ў ходзе барацьбы за ўкраінскую дзяржаўнасць) сапраўды «асабліва вылучаліся» сярод іншых. Але тое, што АУН нават у 1942 г. прадаўжала настойваць на сваім «негатыўным стаўленні да жыдоў», сведчыць само за сябе». Неблагі і каментар аўтара часопіса «Foreign Policy» Бенджаміна Коэна (30.09.2016): «Словы Рыўліна маглі зачапіць або падацца бестактоўнымі тым, хто зацыклены на паказе толькі станоўчых вобразаў украінскай гісторыі, асабліва ў час, калі Украіна так шмат робіць для ганаравання ахвяр вайны. Аднак, калі Украіне выпала змагацца за ператварэнне ў дэмакратычнае грамадства, то яна мусіць сутыкацца з усімі бакамі сваёй гісторыі: станоўчымі, адмоўнымі і тымі, што паміж».

Пры ўсіх глупствах і пераходах на асобы добра тое, што дыскусія па гістарычных пытаннях у нашай паўднёвай суседцы cяк-так вядзецца… У Беларусі ж, выглядае, не так многа людзей, якіх цікавіць мінулае… Год таму выйшла кніга ізраільскага гісторыка Леаніда Рэйна «Каралі і пешкі» (мне выпала перакладаць яе з англійскай), дзе нямала гаворыцца пра ролю беларускіх калабарантаў у генацыдзе яўрэяў, але розгаласу яе з’яўленне амаль не выклікала. Названая кніга, выдадзеная ў арыгінале на пачатку 2010-х, далёкая ад дасканаласці: хапала ў ёй памылак і недагаворанасцей… Але, па-мойму, опус Рэйна мог бы даць штуршок шчыраму абмеркаванню агульнага мінулага.

rein bely

Вокладка кнігі Л. Рэйна; А. Белы рыхтуецца загнаць кол у магілу бел. нацызму

Прыпамінаецца дыскусія (?) пасля яшчэ больш спрэчнага артыкула беларускага «ліцвінскага» даследчыка і бізнэсоўца Алеся Белага, апублікаванага ў ізраільскай газеце «Мост» пад канец 2008 г. Алармізм аўтара («успышка нацызму ў Беларусі магчымая ў найбліжэйшы час») не выклікаў у мяне сімпатый тады, не выклікае і цяпер, аднак праблемы закраналіся важныя. Якая ж была рэакцыя ў тутэйшым сеціве? Прадказальная – збольшага абвінавачвалі А. Б. у супрацы з КДБ…

Магчыма, яшчэ вярнуся да тэмы дыялога пра падзеі даўніх гадоў, а зараз колькі словаў пра «культурку». Парадаваў тэатральны фестываль у Мінску «ТЭАРТ», хоць і выбраўся я толькі на адзін спектакль – «З жыцця насякомых» у памяшканні Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Пачалося ўсё з таго, што ў касе не ўзяў білет, таптаўся ля ўваходу. Выйшла намесніца дырэктара Святлана К. і запрасіла сесці на прыстаўное крэсла – усяго за 8 BYN! Абяцала непаўторную энэргетыку ад яе цёзкі Бенькі – і дапраўды, энергетыкі ў вершах расійца Алейнікава пра мух, конікаў ды іншых кузурак было аж з каптуром. Гучалі раяль (Дар’я Мароз), скрыпка, тэрменвокс (Марыя Васільеўская) – нарэшце пачуў яго ўжывую. Спявала С. Бень, здаецца, не ў поўную сілу, але хапала гэгаў і забаўнай мультыплікацыі.

Мікалая Алейнікава чытаў у 90-х (нехта з аднакласнікаў прыносіў кніжку). Ды толькі цяпер, пасля ўмелай дэкламацыі «Жук-буржуй и жук рабочий гибнут в классовой борьбе!» я ўцяміў, што перажыць Сталіна ў паэта-абсурдыста шансаў было малавата. «Макар Свірэпы» – гэта вам не «Макар Друкар», эпігон Ведзьмака Лысагорскага. Пагартаўшы віртуальны зборнік, знайшоў у Алейнікава і цыкл «Жук-антисемит», які ў праграму не трапіў…

У цэлым спектакль – на вялікага аматара («канкрэтнай гісторыі няма, ёсць агульны стан, які працягваецца праз 14 нумароў, вершаў Мікалая Алейнікава»), ды галоўнае, што акцёрцы падабаецца, а гледачы на Беньку пойдуць 🙂

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

07.10.2016

Апублiкавана 8.10.2016  21:16