Алэйхем-шолэм! Тут расіец Дзмітрый Быкаў, які скора завітае ў Сінявокую, нахвальвае пэўны сегмент чалавецтва: «Мне здаецца, што выхаваны і ветлівы мізантроп – гэта практычна ідэал чалавека. Таму што ён няшмат вымагае ад чалавечай прыроды». Значна раней адзін мінскі блохер блогер-мадэраліст настойваў, што «мізантропія – гэта прыўкрасна», а яшчэ раней Эдуард Кузняцоў казаў у інтэрв’ю Паліне Капшэевай, што ён чалавек «положительный» – у тым сэнсе, што «ложил» на ўсіх… Я сур’ёзна задумаўся – «а можа, так трэба», і мне абвясціць сябе мізантропам, хаця б «за кумпанію»?
Хто на гэты конт якія думкі мае, выказвайцеся. Адразу папярэджу: як мізантропусу-пачаткоўцу, мне, па вялікім рахунку, на іх ужо начхаць. Ці часта вы мяне слухалі на працягу трох з нечым гадоў? 😉
Тое, што на прапанову з 93-й і 94-й серый – бясплатна змясціць у сеціве твор Тодара Кляшторнага «У дарозе» (1927, пачатак тут) – прыйшло ўсяго 2 заяўкі з 3 чаканых, аптымізму не дадае. Усё ж неўзабаве перанабяру паэму – пакуль што пабуду мізантропам толькі на палову… Магло быць і горш – на маю новую кніжку «Выбраныя катлеты і мухі», паказаную тут, паквапіўся 1 (адзін) чалавек. А яна мне дарагая, магчыма, не меней, чым поўны збор твораў Тодара Тодаравіча, забітага сталінцамі.
Не хлусіць народная мудрасць – свая кашуля бліжэй да цела (пагатоў калі сам яе пашыў). Таму цяжка мне прыняць гіпотэзу ад юбіляра-2018 Рыгора Бярозкіна, з ягонай кніжкі «Чалавек напрадвесні». Р. Б. «дадумаў» за Максіма Багдановіча, які напісаў у перадсмяротным вершы «Я не самотны, я кнігу маю…»: «Багдановіч мог сказаць тыя ж самыя альбо падобныя па сэнсу і інтанацыі словы, калі б меў ён тады нават і не “Вянок”, а іншую кнігу, дый наогул хоць якую кнігу на беларускай мове».
Побач з М. Багдановічам у Ялце ўвесну 1917 г. нас, вядома, не стаяла. Аднак уявіце сабе: нежанаты й бяздзетны паэт сыходзіць, у яго – адзін зборнік вершаў, і Максім-«Страцім-лебедзь» памяняў бы яго на нейкую іншую кнігу толькі дзеля ейнай мовы? Напрыклад, на «Як ратаваць уздутую жывёлу» К. Дулембы? Анягож! Перамудрыў тут Рыгор Саламонавіч…
* * *
Дзяржчыноўнікі, быццам бы адгукнуўшыся на папярэднюю серыю, дзе гаварылася пра недасканаласць спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў», вырашылі актывізаваць барацьбу (або яе імітацыю?) з праявамі неанацызму ў Беларусі. «Галоўны міліцыянт» заявіў 6 снежня, што ў Беларусі – звыш 3000 прыхільнікаў нацызму. Ён нават паказаў у «парламенце» іхні фотаробат тыповы партрэт – маўляў, у асноўным гэта выхадцы з неўладкаваных сем’яў і г. д.
Тое, што дзяржава прызнала наяўнасць хваробы – ужо крок наперад, бо раней праблема неанацызму ў Беларусі адмаўлялася (шмат гадоў, асабліва ў 2000-х, ідэолагі дзяўблі, што ў Сінявокай адсутнічаюць праявы міжнацыянальнай варожасці). Аднак многа хто ў грамадстве сумняецца, што новы закон і міліцэйскія захады вырашаць праблему…
Сацыял-дэмакрат Сяргей Спарыш з «Народнай Грамады» (кіраўнік – Мікалай Статкевіч) пракаментаваў намеры ўрадоўцаў так:
Міністр унутраных спраў вырашыў пачаць барацьбу супраць неанацыстаў. Ініцыятыва пахвальная. Быць нацыстам – нядобра, апраўдваць (і тым болей гларыфікаваць) нацысцкіх калабарантаў – нядобра.
Я нават магу падказаць, з якога неанацыста варта было б пачаць. З грамадзяніна, які ў 1995 г. даў інтэрв’ю нямецкай газеце «Handelsblatt», дзе, у прыватнасці, казаў: «Нямецкі парадак фармаваўся стагоддзямі, пры Гітлеру гэтае фармаванне дасягнула найвышэйшай кропкі. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменню прэзідэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзідэнта… Гітлер сфармаваў магутную Германію дзякуючы моцнай прэзідэнцкай уладзе…»
З таго часу гэты грамадзянін стараецца не хваліць свайго куміра публічна. Толькі часам зрываецца наконт «яўрэйскіх свінушнікаў». Але на практыцы нічога не змянілася. «Наша разуменне прэзідэнцкай рэспублікі» паводле сваёй сутнасці так і засталося фашысцкім.
Здавалася б, вось яно, дзяржаўны чыноўнік прапагандуе нацызм. Шукаць не трэба, бяры і арыштоўвай. Замест гэтага ўзбуджана адміністратыўная справа супраць антыфашыста Міколы Дзядка – за «дэманстрацыю нацысцкай сімволікі».
Барацьба з неанацызмам – занятак правільны. Але хіба можна даручаць яго самім неанацыстам?
C. Cпарыш (справа) разам з анархістам В. Касінеравым прынёс пахавальны вянок да статуі гарадавога, Мінск, 02.12.2018. Фота перформанса адсюль.
Павел Севярынец, сустаршыня іншай незарэгістраванай партыі (БХД), трактуе сітуацыю крыху іначай, але ж і ён не верыць у шчырасць урадавых намераў:
Беларусі патрэбны закон аб забароне прапаганды нацызму і камунізму. Для мяне гэта дзьве чумы, карычневая і чырвоная. І нацызм, і камунізм забралі мільёны жыццяў – з іх сотні тысячаў у Беларусі. 15 лідэраў хрысціянскіх дэмакратаў ХХ стагоддзя прайшлі засценкі гестапа ці былі забітыя нацыстамі, 32 – прайшлі ГУЛАГ альбо былі знішчаныя камуністамі. Дэнацыфікацыя была праведзеная пасля вайны, дэкамунізацыя не ажыццёўленая дагэтуль. І ў гэтым я бачу карані праблемы для Беларусі. Камунізм як злачынная ідэалогія павінны быць асуджаны нароўні з нацызмам.
На жаль, некаторыя сённяшнія беларусы, найперш маладыя, у сваім юнацкім максімалізме шукаюць радыкальных адказаў на пытанні жыцця – і «знаходзяць» іх у нацызме ды камунізме. Колькі такіх людзей – не бяруся меркаваць, але досвед падказвае, што лік і адных, і другіх ідзе на тысячы. Гэтыя маладыя людзі павінныя атрымаць дружнае і адназначнае пасланне ад грамадства і дзяржавы: прапаганда чалавеканенавісніцкай ідэалогіі «зігаў», чырвоных зорак, свастыкаў, сярпоў і молатаў – гэта абсалютнае табу, і яна мусіць цягнуць за сабой непазбежнае пакаранне.
Разам з тым не магу падзяліць пафас міністра ўнутраных спраў РБ. Чалавек, які апранае на парады форму НКВД СССР і камандуе карнымі аперацыямі супраць мірных маніфестацыяў на беларускіх вуліцах, на мой погляд, заслугоўвае крымінальнай справы, і, магчыма, не адной. Ягоныя выказванні расцэньваю як спробу пераключыць увагу з уласных дзеянняў, блізкіх па духу і нацызму, і камунізму.
Сённяшнія ўлады паказваюць сваю пераемнасць не з тымі, каго расстрэльвалі ў Курапатах, Трасцянцы і ў Менскім гета – а з тымі, хто страляў. Нягледзячы на мемарыяльныя знакі на могілках, мы добра памятаем пра «не всё плохое, связанное с Гитлером» і пра «Лінію Сталіна». Думаю, рэальнае змаганне з прапагандай нацызму і камунізму пачнецца толькі тады, калі гэты рэжым сыдзе.
П. Севярынец са сваёй кнігай «Беларусалім». Мінск, лістапад 2017 г. Фота В. Р.
Разумею боль актывістаў, якія шматкроць арыштоўваліся за пратэстную чыннасць, аднак не ва ўсім падзяляю іхнія меркаванні. Насамрэч, аўтарытарнае кіраўніцтва РБ мала цэніць жыцці суграмадзян, часам не грэбуючы спадчынай нацыстаў ды камуністаў. З другога боку, існы рэжым не ўсталяваў чалавеканенавісніцкую ідэалогію ды не ўтрымлівае канцлагероў для прадстаўнікоў «няправільных» класаў, нацый або рас. І – можа быць, галоўнае – за чвэрць стагоддзя не ўцягнуў краіну ў вайну. Між тым не так добра з мірам, як пагана без яго…
Калі ў Беларусі к часу сыходу Лукашэнкі не будзе вайны, «жалезнай заслоны», канцлагероў і маштабных тэхнагенных катастроф (а яны даволі верагодныя – зважаючы на дэградацыю навукі, прававы нігілізм, уцёкі кваліфікаваных кадраў…), то яму, дапускаю, многае даруюць як замежнікі, так і ўласныя грамадзяне. Хапае на планеце куды больш крыважэрных рэжымаў, на што намякае двайная карыкатура Маны Неестані (Mana Neyestani):
Крыніца: iranwire.com Іранскі ўрад, лагодна кажучы, не палюбляе прыхільнікаў веры бахаі. Год таму генасамблея ААН 30-ы раз асудзіла яго паводзіны (Беларусь разам з Расіяй галасавала супраць, Ізраіль побач з Саўдаўскай Аравіяй (!) – за).
* * *
Агулам, у апошнія дзесяцігоддзі назіраецца выразны каштоўнасны паварот: асабістыя свабоды не так цэняцца ў свеце, як у перыяд фукуямаўскага «канца гісторыі» (рубеж 1980-х–1990-х гадоў), і 70-годдзе Дэкларацыі правоў чалавека (сёння, 10 снежня 2018 г.) я ўспрымаю, хутчэй, як сумны юбілей. Кіраўнікі многіх краін, буйнейшых і больш уплывовых за Беларусь (Бразілія, Кітай, Філіпіны…), адкрыта плююць на заяўленае ў дэкларацыі. Практыка правапрымянення ў Францыі, «цытадэлі еўрапейскай дэмакратыі», таксама наводзіць на сумныя думкі.
Не апраўдваючы Лукашэнку, Шуневіча ды іншых тутэйшых «прыгажуноў», не хацеў бы і ўзрушэнняў любым коштам, такіх, калі мэта апраўдвае сродкі… Хутчэй за ўсё, гэта прывяло б да мены шыла на мыла. Пра тое, што гэтага «мыла» мнагавата сярод апанентаў рэжыму і ў трэцім сектары, не раз гаварылася ў «Катлетах & мухах». Вось яшчэ прыклад – дробны, ды куслівы.
На мінулым тыдні ў Мінску адбылася паэтычная вечарына «І жук, і жаба». Анонс на сайце Таварыства беларускай мовы выглядаў так: «Смелая назва для смелых аўтараў». З шасці меркаваных аўтараў сакратарка ТБМ, якая рыхтавала матэрыял, прадставіла дваіх, у тым ліку Ганну Д. (паэтку, журналістку і прафсаюзную дзяячку). «Для большага падагрэву інтарэсу» Юлія Бажок выбрала з твораў Ганны адзін, напісаны шмат гадоў таму, дзе ёсць такія словы: «Я не хачу вычварэнства і помсты, змовы вузкага літаратурнага кола няздатных габрэйскіх кацаў». Зміцер Дзядзенка 07.12.2018 зазначыў у fb: «“Антысемітызм — гэта нармальна! Асабліва калі ён у вершах”, — нібыта запэўнівае нас афіцыйны сайт арганізацыі, якая абвясціла сваёй мэтай абарону беларускай мовы».
Найчасцей я пагаджаюся з паліталагіняй Кацярынай Шульман – дарма што яна аналізуе найперш расійскія рэаліі, многія высновы прыдаюцца для нашых краёў… Але нядаўнія яе развагі (04.12.2018) напрошваюцца на дыскусію: «Павінны пераследавацца заклікі да гвалту. То бок няможна пераследаваць за выказванні тыпу “Не люблю яўрэяў, вось проста ненавіджу, кушаць не магу”. Але павінны пераследавацца і спыняцца выказванні тыпу “А пойдзем і падпалім сінагогу” або “ўзарвем школу” – заклікі да гвалту, прычыненне шкоды канкрэтным людзям, грамадскім месцам і г. д. Усё астатняе – выражэнне меркавання, адмаўленне халакоста, а таксама перамогі Савецкага Саюза ў Другой сусветнай вайне — няхай адмаўляюць, няхай кажуць, што на самай справе Гітлер перамог... Гэта нікому не прычыняе ніякай шкоды».
Перакананы, шкода ад hate speech (мовы нянавісці) ды наўмыснага скажэння гістарычных фактаў існуе – іншая рэч, што пакаранне мае адэкватна суадносіцца з учынкам. Кідаць за краты, пазбаўляць права на прафесію за думкі і словы, вешаць на кожнага зласліўца ярлык «экстрэміста» – перабор, у т. л. і з прычыны, згаданай мінулы раз (сярод масы патэнцыйных «злачынцаў» схаваюцца сапраўдныя экстрэмісты). Мажліва, у пераважнай большасці выпадкаў дастаткова «грамадскага ганьбавання» або, на крайняк, штрафу ў адміністратыўным парадку.
«Вольфаў цытатнік»
«Ісціна – таямніца, заўсёды таямніца. Відавочных ісцін няма»; «Калі ён застаўся жыць і не звар’яцеў, то гэта – раскоша» (Андрэй Платонаў, канец 1920-х – пач. 1930-х).
«Свет даўно ўжо пераўтварыўся ў адну вялікую сметніцу, у якой ніхто нікому не цікавы, у якой няма аніякіх асобных мейсцаў» (Ігар Бабкоў, 2018).
«Куды б мы ні прыйшлі, нават пачынаючы з нашай доблеснай інтэлігенцыі, мы тут жа будуем вертыкалі. Адзін начальнік, усе астатнія павінны кланяцца і дзякаваць… Канстытуцыя працуе толькі тады, калі грамадства стаіць на варце і пастаянна прымушае яе выконваць». (Сяргей Цыпляеў, 07.12.2018).
Вольф Рубінчык, г. Мінск
10.12.2018
wrubinchyk[at]gmail.com
Апублiкавана 10.12.2018 20:35