Tag Archives: Мана Нейестани

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (100)

Шалом! Ну во, дажыліся – кшталт «вялікага юбілею»… Хацеў бы назваць тых, каторыя не адмаўляліся супрацоўнічаць з серыялам «Катлеты & мухі» (est. 2015). Гэтыя людзі давалі каментарыі, слалі водгукі і/або матэрыял для будучых серый, цытавалі асобныя выпускі, бывала, зацята спрачаліся з аўтарам: Маргарыта Акуліч, Уладзімір Бараніч, Сяргей Будкін, Інэса Ганкіна, Юрась Гарбінскі, Уладзімір Гінзбург, Якаў Гутман, Зміцер Дзядзенка, Андрэй Дубінін, Алена Ждановіч, Фёдар Жывалеўскі, Алег Зелянцоў, Ігаэль Іегудзі аka Косця Лук, Леў Казлоў & Галіна Кур’яновіч, Сяргей Каспараў, Павел Касцюкевіч, Уладзіслаў Каташук, Васіль Кісляк, Зміцер Левіт, Дзмітрый Лыбін, Антон Лявіцкі, Людміла Мірзаянава, Гена (Гдалія) Пекер, Ігар Пушкін, Аляксандр Розенблюм, Дзмітрый Рослаўцаў, Святлана Рубінчык, Уладзь Рымша, Пётр Рэзванаў, Алесь Рэзнікаў, Павел Севярынец, Анатоль Сідарэвіч, Іна Соркіна, Сяргей Спарыш, Анатоль Старкоў, Віктар Сяргейчык, Юрый Тэпер, Аліна Федарэнка, Васіль Фрэйдкін, Алекс Фурс, Фелікс Хаймовіч, Віталь Цыганкоў, Раман Цыперштэйн, Андрэй Шуман, Ганна Янкута… Усім і кожнаму – мех падзяк! І два мяхі – рэдактару belisrael.info Арону Шусціну, які звыш сарака месяцаў церпіць гэта во ўсё :-/

Былі поспехі, мільгалі няпоспехі – да прыкладу, няспраўджаныя прагнозы. Суцяшаю сябе трывіяльна: маўляў, з кожным здараецца (а як яшчэ?). «Жырыноўскі па ўсіх параметрах не дацягвае да палітычнага лідара. І таму ў яго няма будучыні», – казаў пасол Расіі ў Ізраілі Аляксандр Бовін у інтэрв’ю «Новостям недели» (красавік 1994). І ў сваім дзённіку 1993 г. «чалавекавед» Бовін (1930–2004) занатаваў пасля першых выбараў у Дзярждуму: «Упэўнены, што за межы ХХ стагоддзя ён не выйдзе. Як палітычны лідар, зразумела». «Несапраўднага пасла» няма, а палітык на літару «Жэ» ёсць – летась атрымаў на расійскіх прэзідэнцкіх выбарах мільёны галасоў, трапіўшы ў тройку, як тое ўжо здаралася ў 1991 і 2008 гадах… ЛДПР выглядае – не скажу, што стала – амаль рэспектабельнай партыяй, і сёлета Аляксей Навальны ўжо гатовы падтрымаць яе кандыдата ў Піцеры (кажа, абы не ад «Адзінай Расіі»).

Ва ўсіх сэнсах бліжэйшы да нас прыклад – з Вадзімам Іосубам, папулярным у СМІ аналітыкам нейкага фінансавага агенцтва. Будзе казаць 28.01.2019: «На тыдні, які пачаўся…, еўра можа патаннець, знізіцца да 2.42» А паглядзіце, як на тыдні мяняўся курс:

Інфа з https://myfin.by/currency/eur (28.01.2019 – 03.02.2019). Cіняя лінія – курсы куплі, чырвоная – продажу. Еўра з 2.45 падаражэў да 2.47 руб., г. зн. амаль на 1%.

«Геапалітычных» прагнозаў апошнім часам таксама ў нас робіцца – хоць экспартуй іх аўтараў, хоць мяняй на коз, як летась зрабілі ў Турцыі з футбалістамі… Адзін фацэт варожыць, што Расія наўрад ці праглыне Беларусь, другі – што пагроза рэальна існуе, і жаліцца, што ў яго магчымасці расплюшчыць людзям вочы на пагрозу ў 100 разоў меншыя, чым у першага. То звярнуўся б на belisrael.info, чо 🙂 А папраўдзе, усе гэтыя накіды – ва ўмовах высокай ступені нявызначанасці ды недахопу інсайдэрскай інфы – нагадваюць эпізод з бессмяротнага гогалеўскага твору («даедзе кола да Масквы альбо не»).

Карацей, няма чаго быць мудрацом у вачах сваіх. Я-то не толькі да псеўдаэкспертаў, я і да сябе з іроніяй стаўлюся; яны – не ведаю.

Наказы в. а. цара наконт чарговага «ператрахвання» школьных праграм – гэта чысты Фанвізін, «Недарасль». Да таго ж касец, жнец і на дудзе ігрэц папракае настаўнікаў высокімі заробкамі – «ужо за 900 рублёў у сярэднім». Добра, што я не ў сістэме ды не мушу падпарадкоўвацца дурным загадам; уціск, відаць, такі, што і зорка «Радыё Свабоды» Ганна С. вырашыла для сябе «ненавідзячы, падпарадкоўвацца».

З другога боку, амбіцыі грамадскіх дзеячаў – тых, якія заяўляюць пра прэтэнзіі на галоўны фатэль краіны – таксама вылазяць аднекуль з паралельнай рэальнасці. У пачатку 2019 г. «адзначыліся» Мікола Статкевіч, ягоны цёзка Казлоў (нават не старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а в. а.), Алена Анісім, якая замахнулася ажно на 40% галасоў выбарцаў… Пра ўсіх названых ужо разважаў: у прыватнасці, тут, тут і тут. Пільныя чытачы лёгка здагадаюцца, як я трактую шансы гэтых «кандыдатаў у кандыдаты» на наступных «выбарах». Ну, прынцып «не дагонім, дык хоць сагрэемся» ніхто не скасоўваў 🙂

Разумею тых, хто кажа, што выбараў няма. Дапраўды, апошні раз вылучэнне кандыдатаў мела нейкі сэнс у 2001 г., калі «вертыкаль» і Ліда Я. вырашалі меней (мелася больш-менш незалежная федэрацыя прафсаюзаў, не было амаль усёахопнай кантрактнай сістэмы, сеціва ідэолагаў; многія захоўвалі спадзевы на расійскіх дэмакратаў і Захад, на «еўрапейскія каштоўнасці» ўвогуле). І ўсё-такі… сітуацыя непрадказальная. Хто ў лютым 1989 г. прадбачыў, што ў сакавіку 1990 г. з Канстытуцыі СССР выкінуць артыкул пра «кіруючую ролю» КПСС, а ў ліпені кансерватыўны ў цэлым Вярхоўны Савет БССР заявіць пра суверэнітэт Беларусі? Цяжка мне пагадзіцца з Сяргеем Спарышам, які заранёў ацэньвае прэзідэнцкую кампанію у РБ-2020: «[Ігар] Барысаў або [Ганна] Канапацкая дакладна не будуць буяніць».

Дарэчы, канструктыўная ідэя (нават дзве), як папярэдне адбіраць кандыдатаў – і кандыдатак – на вышэйшую пасаду. Трэба, каб яны прачыталі Біблію, прынамсі Пяцікніжжа, і здалі іспыт на разуменне прачытанага. Вернікамі быць ніхто не прымушае, аднак Біблія – збор тэкстаў, на якія абапіраецца палова чалавецтва, дык трэба, каб тутэйшыя хоць бы збольшага сяклі паляну арыентаваліся, каб на самітах было пра што размаўляць…

Ну, асабіста я пускаў бы ў белпрэзідэнты толькі тых, каторыя чыталі мае кнігі і сёе-тое ў іх зразумелі 🙂 Дальбог, «Выйшла кніга» (2017) & «Выбраныя катлеты і мухі» (2018) таксама здольныя служыць «шыбалетам», гэткім пропускам у вялікую палітыку. Ведаю, што крыху перабольшваю, але з нагоды юбілейчыку – дапушчальна. Дый пісьменнік Максім Клімковіч зацікавіўся «Выбранымі катлетамі…», а чым ён горшы за палітыкаў? 😉

М. Клімковіч у час аўтограф-сесіі Андрэя Федарэнкі; сам А. Федарэнка. Фота В. Р. і racyja.com, Мінск, 31.01.2019

Усё яшчэ ёсць ахвотныя ўспомніць пра далукашэнкаўскую Рэспубліку Беларусь (гл. ранейшыя згадкі ад Ю. Тэпера, П. Рэзванава, А. Рэзнікава…). Зараз эстафетка перадаецца мінскаму мастаку.

Андрэй Дубінін (1963 г. нар.):

Асаблівых сігналаў са знешняга свету ў маім дзённіку не зафіксавана ў тыя гады. Я выкладаў у ліцэі, быў паглыблены ў працу… Да таго ж у 1992 годзе нарадзіўся першы сын, і часу было вобмаль. Але, мабыць, галоўная прычына апалітычнасці – мы (купа рэстаўратараў) свой пік прайшлі ў 1990 годзе, калі шчыльна ўлучыліся ў выбарчую кампанію ў Вярхоўны Савет па Фрунзенскім раёне Мінска, я стаў даверанай асобай работніцы Белрэстаўрацыі Элеаноры Вецер, мы ў майстэрні ўручную рабілі ўлёткі з анёлам і тэкстам «Будзе песьня – будзе і хлеб» (тады камуністыя ўсё казалі «будзе хлеб – будзе і песня»; маўляў, спачатку дайце кіўбасы людзём, а тады і мова падцягнецца). Штовечар абыходзілі кватэры па ўсім раёне, я асабіста амаль усе дамы абышоў і тлумачыў-усміхаўся-жартаваў-абаяў-агітаваў… Дамоў вярталіся апоўначы. Нашым праціўнікам быў Генадзь Карпенка, памятаю сходы па школах, асабліва запаў выступ Уладзіміра Папругі – таленавіты прамоўца быў. Мы крыху саступілі Карпенку, але з нашым рэсурсам – проста рамантычны палёт і ніякіх грошай, плюс мастацкае ўкладанне – гэта была перамога. Мы тады так улезлі з вушамі ў гэтую справу, што пасля ўжо, відаць, была адваротная рэакцыя – замкнуцца ў сваёй Вежы-Басталіі.

Толькі ўскосна на семінарах наш настаўнік Алег Хадыка часам чапляў актуаліі. Напрыклад, 5 лютага 1992 г. ён казаў: «Мы знявечаны тым, што не было сецэсіі, буржуазнага перыяду. Чурлёніс (у літоўцаў) а ў нас толькі Чуркін. І трэба ўзнавіць Міцкевіча, сентыменталізм, сентыментальны беларускі план. Данчык можа зрабіць больш за ўсіх. Самыя страшныя для беларускага народа беларускія прадаўшчыцы (гэта быў цэлы клас людзі пры размеркаванні ядомага). Пазняк хацеў беларусізаваць прадаўшчыц, а яны толькі вырваліся (з вёскі ў рускамоўную цывілізацыю)… Прадаўшчыц зараз можа адзін Данчык уработаць…»

* * *

Даволі годна прайшлі «міжнародныя дні Халакосту» ў Беларусі: традыцыйны канцэрт «Жоўтыя зоркі» ў дзяржфілармоніі, сюжэт на тэлебачанні з інтэрв’ю былых вязняў Мінскага гета Якава Краўчынскага і Фрыды Лосік (Рэйзман)… А найбольш крэатыўна, здаецца, павялі сябе актывісты ў Гродне – зладзілі «анімацыйную экскурсію» па тэрыторыі гета № 1.

Хто чытаў і канспектаваў «Катлеты з мухамі», той ведае: да тутэйшых сацыялагічных выбрыкаў я доўга ставіўся або скептычна, або… монапенісна. Але ж надоечы прачытаў інтэрв’ю дырэктара акадэмічнага інстытута сацыялогіі – прызначанага з паўгода таму – і нутром адчуў, што не ўсё яшчэ страчана. Кандыдат навук, якому ў сакавіку 2019 г. споўніцца 40 год, «шарыць» не толькі ў анкетах; яго не без падстаў раскручваюць як галоўнага драконазнаўцу Сінявокай. Агулам, чалавек, дарма што намагаецца «падфарбаваць» дзяржаўную ідэалогію (паклаўшы ў яе падмурак міфалогію беларусаў) транслюе разумныя думкі, напрыклад:

Беларусы глыбока ўсведамляюць сябе як асобную нацыю са старажытнай гісторыяй і самастойнай дзяржавай. Успрыманне сябе як малодшых братоў расійцаў або палякаў – чужы, навязаны звонку стэрэатып…

Ад навукоўцаў патрабуюць хуткага выніку. Усё гэта вельмі негатыўна адбіваецца на навуцы як на сферы прадукавання новых ведаў, таму што досвед паказвае: са 100 заяўленых даследаванняў толькі 10 даюць вынік. З гэтых 10 актуальную выгаду прыносіць толькі адно. Але, калі не фінансаваць усе 100, то і аднаго прарыву (у БССР 192030-х «прарывам», у адрозненне ад «пералому», называўся правал, у цяперашняй РБ – поспех; значэнне слоў з цягам часу мяняецца – В. Р.), здольнага акупіць усе выдаткі, не будзе.

Да таго ж новы дырэктар не без гумару: у сваім блогу посціў нямала «вясёлых карцінак», праўда, перад тым, як заняў адказную пасаду. Пра радыё і папоў – не новая, сустракаў яе гадоў трох таму ў Аляксея Вішні (між іншага заўважу: з такімі «сябрамі», як Вішня, Віктару Цою і ворагаў не трэ’ было мець). Тым не менш:

«Недзе на раёнчыку»; «Суб’ект-аб’ектная інверсія» (узята адсюль)

«Вольфаў цытатнік»

«Культура – гэта сістэма табу, а мастацтва – гэта сістэма пераадолення табу» (Міхаіл Швыдкой, 24.02.2018).

«Брак даверу да медыяў, спалучаны з пачуццём бездапаможнасці ў вырашэнні ўсё вастрэйшых эканамічных, сацыяльных і палітычных праблем, паспрыяў распаўсюду тэорый змовы па ўсім свеце» (Мана Неестані, iranwire.com, 27.11.2018)

«Дарога – гэта сіла, у якой няма канца» (БГ, песня пра «смарагдавыя дні», 2019)

«Агульны прынцып: у публічнай прасторы найбольш выгадныя актывы заўсёды маскіруюцца пад стратныя… Смецце — гэта рэсурс XXI стагоддзя» (Кацярына Шульман, 15.01.2019)

«Каб цешыцца з перамен, трэба, каб было нязменнае: велічэзная тоўшча жыцця, якая паўтараецца, рэпрадукуе сябе» (Уладас Павілайціс, 22.01.2019)

«Барацьба за падвышэнне зарплат — гэта барацьба з карупцыяй. Проста знізу» (Аляксей Навальны, 24.01.2019).

«Быць беларусам у Еўразвязе – гэта ўсё роўна што быць габрэйскім хлопчыкам у савецкай школе. Намагаешся быць лепшым, каб даказаць, што ты як усе» (Paval Kasciukevič, 24.01.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

03.02.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 03.02.2019  18:47

***

Поддержать сайт 

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (95)

Алэйхем-шолэм! Тут расіец Дзмітрый Быкаў, які скора завітае ў Сінявокую, нахвальвае пэўны сегмент чалавецтва: «Мне здаецца, што выхаваны і ветлівы мізантроп – гэта практычна ідэал чалавека. Таму што ён няшмат вымагае ад чалавечай прыроды». Значна раней адзін мінскі блохер блогер-мадэраліст настойваў, што «мізантропія – гэта прыўкрасна», а яшчэ раней Эдуард Кузняцоў казаў у інтэрв’ю Паліне Капшэевай, што ён чалавек «положительный» – у тым сэнсе, што «ложил» на ўсіх… Я сур’ёзна задумаўся – «а можа, так трэба», і мне абвясціць сябе мізантропам, хаця б «за кумпанію»?

Хто на гэты конт якія думкі мае, выказвайцеся. Адразу папярэджу: як мізантропусу-пачаткоўцу, мне, па вялікім рахунку, на іх ужо начхаць. Ці часта вы мяне слухалі на працягу трох з нечым гадоў? 😉

Тое, што на прапанову з 93-й і 94-й серый – бясплатна змясціць у сеціве твор Тодара Кляшторнага «У дарозе» (1927, пачатак тут) – прыйшло ўсяго 2 заяўкі з 3 чаканых, аптымізму не дадае. Усё ж неўзабаве перанабяру паэму – пакуль што пабуду мізантропам толькі на палову… Магло быць і горш – на маю новую кніжку «Выбраныя катлеты і мухі», паказаную тут, паквапіўся 1 (адзін) чалавек. А яна мне дарагая, магчыма, не меней, чым поўны збор твораў Тодара Тодаравіча, забітага сталінцамі.

Не хлусіць народная мудрасць – свая кашуля бліжэй да цела (пагатоў калі сам яе пашыў). Таму цяжка мне прыняць гіпотэзу ад юбіляра-2018 Рыгора Бярозкіна, з ягонай кніжкі «Чалавек напрадвесні». Р. Б. «дадумаў» за Максіма Багдановіча, які напісаў у перадсмяротным вершы «Я не самотны, я кнігу маю…»: «Багдановіч мог сказаць тыя ж самыя альбо падобныя па сэнсу і інтанацыі словы, калі б меў ён тады нават і не Вянок”, а іншую кнігу, дый наогул хоць якую кнігу на беларускай мове».

Побач з М. Багдановічам у Ялце ўвесну 1917 г. нас, вядома, не стаяла. Аднак уявіце сабе: нежанаты й бяздзетны паэт сыходзіць, у яго – адзін зборнік вершаў, і Максім-«Страцім-лебедзь» памяняў бы яго на нейкую іншую кнігу толькі дзеля ейнай мовы? Напрыклад, на «Як ратаваць уздутую жывёлу» К. Дулембы? Анягож! Перамудрыў тут Рыгор Саламонавіч…

* * *

Дзяржчыноўнікі, быццам бы адгукнуўшыся на папярэднюю серыю, дзе гаварылася пра недасканаласць спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў», вырашылі актывізаваць барацьбу (або яе імітацыю?) з праявамі неанацызму ў Беларусі. «Галоўны міліцыянт» заявіў 6 снежня, што ў Беларусі – звыш 3000 прыхільнікаў нацызму. Ён нават паказаў у «парламенце» іхні фотаробат тыповы партрэт – маўляў, у асноўным гэта выхадцы з неўладкаваных сем’яў і г. д.

Тое, што дзяржава прызнала наяўнасць хваробы – ужо крок наперад, бо раней праблема неанацызму ў Беларусі адмаўлялася (шмат гадоў, асабліва ў 2000-х, ідэолагі дзяўблі, што ў Сінявокай адсутнічаюць праявы міжнацыянальнай варожасці). Аднак многа хто ў грамадстве сумняецца, што новы закон і міліцэйскія захады вырашаць праблему…

Сацыял-дэмакрат Сяргей Спарыш з «Народнай Грамады» (кіраўнік – Мікалай Статкевіч) пракаментаваў намеры ўрадоўцаў так:

Міністр унутраных спраў вырашыў пачаць барацьбу супраць неанацыстаў. Ініцыятыва пахвальная. Быць нацыстам – нядобра, апраўдваць (і тым болей гларыфікаваць) нацысцкіх калабарантаў – нядобра.

Я нават магу падказаць, з якога неанацыста варта было б пачаць. З грамадзяніна, які ў 1995 г. даў інтэрв’ю нямецкай газеце «Handelsblatt», дзе, у прыватнасці, казаў: «Нямецкі парадак фармаваўся стагоддзямі, пры Гітлеру гэтае фармаванне дасягнула найвышэйшай кропкі. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменню прэзідэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзідэнта… Гітлер сфармаваў магутную Германію дзякуючы моцнай прэзідэнцкай уладзе…»

З таго часу гэты грамадзянін стараецца не хваліць свайго куміра публічна. Толькі часам зрываецца наконт «яўрэйскіх свінушнікаў». Але на практыцы нічога не змянілася. «Наша разуменне прэзідэнцкай рэспублікі» паводле сваёй сутнасці так і засталося фашысцкім.

Здавалася б, вось яно, дзяржаўны чыноўнік прапагандуе нацызм. Шукаць не трэба, бяры і арыштоўвай. Замест гэтага ўзбуджана адміністратыўная справа супраць антыфашыста Міколы Дзядка – за «дэманстрацыю нацысцкай сімволікі».

Барацьба з неанацызмам – занятак правільны. Але хіба можна даручаць яго самім неанацыстам?

C. Cпарыш (справа) разам з анархістам В. Касінеравым прынёс пахавальны вянок да статуі гарадавога, Мінск, 02.12.2018. Фота перформанса адсюль.

Павел Севярынец, сустаршыня іншай незарэгістраванай партыі (БХД), трактуе сітуацыю крыху іначай, але ж і ён не верыць у шчырасць урадавых намераў:

Беларусі патрэбны закон аб забароне прапаганды нацызму і камунізму. Для мяне гэта дзьве чумы, карычневая і чырвоная. І нацызм, і камунізм забралі мільёны жыццяў – з іх сотні тысячаў у Беларусі. 15 лідэраў хрысціянскіх дэмакратаў ХХ стагоддзя прайшлі засценкі гестапа ці былі забітыя нацыстамі, 32 – прайшлі ГУЛАГ альбо былі знішчаныя камуністамі. Дэнацыфікацыя была праведзеная пасля вайны, дэкамунізацыя не ажыццёўленая дагэтуль. І ў гэтым я бачу карані праблемы для Беларусі. Камунізм як злачынная ідэалогія павінны быць асуджаны нароўні з нацызмам.

На жаль, некаторыя сённяшнія беларусы, найперш маладыя, у сваім юнацкім максімалізме шукаюць радыкальных адказаў на пытанні жыцця – і «знаходзяць» іх у нацызме ды камунізме. Колькі такіх людзей – не бяруся меркаваць, але досвед падказвае, што лік і адных, і другіх ідзе на тысячы. Гэтыя маладыя людзі павінныя атрымаць дружнае і адназначнае пасланне ад грамадства і дзяржавы: прапаганда чалавеканенавісніцкай ідэалогіі «зігаў», чырвоных зорак, свастыкаў, сярпоў і молатаў гэта абсалютнае табу, і яна мусіць цягнуць за сабой непазбежнае пакаранне.

Разам з тым не магу падзяліць пафас міністра ўнутраных спраў РБ. Чалавек, які апранае на парады форму НКВД СССР і камандуе карнымі аперацыямі супраць мірных маніфестацыяў на беларускіх вуліцах, на мой погляд, заслугоўвае крымінальнай справы, і, магчыма, не адной. Ягоныя выказванні расцэньваю як спробу пераключыць увагу з уласных дзеянняў, блізкіх па духу і нацызму, і камунізму.

Сённяшнія ўлады паказваюць сваю пераемнасць не з тымі, каго расстрэльвалі ў Курапатах, Трасцянцы і ў Менскім гета а з тымі, хто страляў. Нягледзячы на мемарыяльныя знакі на могілках, мы добра памятаем пра «не всё плохое, связанное с Гитлером» і пра «Лінію Сталіна». Думаю, рэальнае змаганне з прапагандай нацызму і камунізму пачнецца толькі тады, калі гэты рэжым сыдзе.

П. Севярынец са сваёй кнігай «Беларусалім». Мінск, лістапад 2017 г. Фота В. Р.

Разумею боль актывістаў, якія шматкроць арыштоўваліся за пратэстную чыннасць, аднак не ва ўсім падзяляю іхнія меркаванні. Насамрэч, аўтарытарнае кіраўніцтва РБ мала цэніць жыцці суграмадзян, часам не грэбуючы спадчынай нацыстаў ды камуністаў. З другога боку, існы рэжым не ўсталяваў чалавеканенавісніцкую ідэалогію ды не ўтрымлівае канцлагероў для прадстаўнікоў «няправільных» класаў, нацый або рас. І – можа быць, галоўнае – за чвэрць стагоддзя не ўцягнуў краіну ў вайну. Між тым не так добра з мірам, як пагана без яго…

Калі ў Беларусі к часу сыходу Лукашэнкі не будзе вайны, «жалезнай заслоны», канцлагероў і маштабных тэхнагенных катастроф (а яны даволі верагодныя – зважаючы на дэградацыю навукі, прававы нігілізм, уцёкі кваліфікаваных кадраў…), то яму, дапускаю, многае даруюць як замежнікі, так і ўласныя грамадзяне. Хапае на планеце куды больш крыважэрных рэжымаў, на што намякае двайная карыкатура Маны Неестані (Mana Neyestani):

Крыніца: iranwire.com Іранскі ўрад, лагодна кажучы, не палюбляе прыхільнікаў веры бахаі. Год таму генасамблея ААН 30-ы раз асудзіла яго паводзіны (Беларусь разам з Расіяй галасавала супраць, Ізраіль побач з Саўдаўскай Аравіяй (!) – за).

* * *

Агулам, у апошнія дзесяцігоддзі назіраецца выразны каштоўнасны паварот: асабістыя свабоды не так цэняцца ў свеце, як у перыяд фукуямаўскага «канца гісторыі» (рубеж 1980-х–1990-х гадоў), і 70-годдзе Дэкларацыі правоў чалавека (сёння, 10 снежня 2018 г.) я ўспрымаю, хутчэй, як сумны юбілей. Кіраўнікі многіх краін, буйнейшых і больш уплывовых за Беларусь (Бразілія, Кітай, Філіпіны…), адкрыта плююць на заяўленае ў дэкларацыі. Практыка правапрымянення ў Францыі, «цытадэлі еўрапейскай дэмакратыі», таксама наводзіць на сумныя думкі.

Не апраўдваючы Лукашэнку, Шуневіча ды іншых тутэйшых «прыгажуноў», не хацеў бы і ўзрушэнняў любым коштам, такіх, калі мэта апраўдвае сродкі… Хутчэй за ўсё, гэта прывяло б да мены шыла на мыла. Пра тое, што гэтага «мыла» мнагавата сярод апанентаў рэжыму і ў трэцім сектары, не раз гаварылася ў «Катлетах & мухах». Вось яшчэ прыклад – дробны, ды куслівы.

На мінулым тыдні ў Мінску адбылася паэтычная вечарына «І жук, і жаба». Анонс на сайце Таварыства беларускай мовы выглядаў так: «Смелая назва для смелых аўтараў». З шасці меркаваных аўтараў сакратарка ТБМ, якая рыхтавала матэрыял, прадставіла дваіх, у тым ліку Ганну Д. (паэтку, журналістку і прафсаюзную дзяячку). «Для большага падагрэву інтарэсу» Юлія Бажок выбрала з твораў Ганны адзін, напісаны шмат гадоў таму, дзе ёсць такія словы: «Я не хачу вычварэнства і помсты, змовы вузкага літаратурнага кола няздатных габрэйскіх кацаў». Зміцер Дзядзенка 07.12.2018 зазначыў у fb: «“Антысемітызм — гэта нармальна! Асабліва калі ён у вершах”, — нібыта запэўнівае нас афіцыйны сайт арганізацыі, якая абвясціла сваёй мэтай абарону беларускай мовы».

Найчасцей я пагаджаюся з паліталагіняй Кацярынай Шульман – дарма што яна аналізуе найперш расійскія рэаліі, многія высновы прыдаюцца для нашых краёў… Але нядаўнія яе развагі (04.12.2018) напрошваюцца на дыскусію: «Павінны пераследавацца заклікі да гвалту. То бок няможна пераследаваць за выказванні тыпу Не люблю яўрэяў, вось проста ненавіджу, кушаць не магу”. Але павінны пераследавацца і спыняцца выказванні тыпу “А пойдзем і падпалім сінагогу” або “ўзарвем школу” – заклікі да гвалту, прычыненне шкоды канкрэтным людзям, грамадскім месцам і г. д. Усё астатняе – выражэнне меркавання, адмаўленне халакоста, а таксама перамогі Савецкага Саюза ў Другой сусветнай вайне — няхай адмаўляюць, няхай кажуць, што на самай справе Гітлер перамог... Гэта нікому не прычыняе ніякай шкоды».

Перакананы, шкода ад hate speech (мовы нянавісці) ды наўмыснага скажэння гістарычных фактаў існуе – іншая рэч, што пакаранне мае адэкватна суадносіцца з учынкам. Кідаць за краты, пазбаўляць права на прафесію за думкі і словы, вешаць на кожнага зласліўца ярлык «экстрэміста» – перабор, у т. л. і з прычыны, згаданай мінулы раз (сярод масы патэнцыйных «злачынцаў» схаваюцца сапраўдныя экстрэмісты). Мажліва, у пераважнай большасці выпадкаў дастаткова «грамадскага ганьбавання» або, на крайняк, штрафу ў адміністратыўным парадку.

«Вольфаў цытатнік»

«Ісціна – таямніца, заўсёды таямніца. Відавочных ісцін няма»; «Калі ён застаўся жыць і не звар’яцеў, то гэта – раскоша» (Андрэй Платонаў, канец 1920-х – пач. 1930-х).

«Свет даўно ўжо пераўтварыўся ў адну вялікую сметніцу, у якой ніхто нікому не цікавы, у якой няма аніякіх асобных мейсцаў» (Ігар Бабкоў, 2018).

«Куды б мы ні прыйшлі, нават пачынаючы з нашай доблеснай інтэлігенцыі, мы тут жа будуем вертыкалі. Адзін начальнік, усе астатнія павінны кланяцца і дзякаваць… Канстытуцыя працуе толькі тады, калі грамадства стаіць на варце і пастаянна прымушае яе выконваць». (Сяргей Цыпляеў, 07.12.2018).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

10.12.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 10.12.2018  20:35