Об истории женских шахмат Беларуси

В преддверии начинающихся на днях в Минске очередных чемпионатов Беларуси среди мужчин и женщин http://chess.by/news/1022.html , Вольф Рубинчик прислал статью об истории женских шахмат, опубликованную в его новой книге. По его мнению, летописцы ошибаются, и женский турнир не 59-й по счету, а, по меньшей мере, 70-й, поскольку не учтены ряд чемпионатов.

Ізноў пра жаночыя чэмпіянаты БССР

Нездарма Джон Ленан і Джэніс Джоплін спявалі пра тое, што «Women is the nigger of the world», «Women is losers». У 2009 г. мяне здзівіла тое, што тутэйшыя летапісцы ўпарта блыталі прозвішча першай шахчэмпіёнкі БССР ды ігнаравалі другі чэмпіянат БССР 1932 г., выйграны Меяровіч з Бабруйска[1]. Пазней, прыгледзеўшыся да агульнай карціны больш пільна, я заўважыў, што забытымі аказаліся таксама: чэмпіянат 1934 г., выйграны Гарб з Віцебска, чэмпіянат 1935 г. (пераможніца – Шафраноўская з Гомеля), чэмпіянат 1937 г. (пераможніца – студэнтка медыцынскага інстытута Тамара Някрасава з Мінска), усебеларускія жаночыя турніры 1936 (1-2. Сілінг і Шафраноўская) і 1938 гг. (1. Бяспалава). К 2012 г. я ўжо стаміўся здзіўляцца недаасвятленню жаночых спаборніцтваў у прэсе і даведачных выданнях[2] і не думаў, што пасля кнігі «З гісторыі Беларусі шахматнай» выпадзе вяртацца да гэтай тэмы. Аднак раптоўна выявілася, што забыліся не толькі даваенныя – што яшчэ больш-менш вытлумачальна – а і многія пасляваенныя чэмпіянаты!

Адзін паважаны аўтар пісаў у «Народнай волі» 17.02.2009: «У першыя пасляваенныя гады сітуацыя ў жаночых шахматах была цяжкай, таму першы пасляваенны чэмпіянат рэспублікі прайшоў толькі ў 1952 годзе. У лідэры на некалькі гадоў выйшла бухгалтар з Асіповіч Галіна Невядомская, якая выйграла чэмпіёнскі тытул у 1952, 1954 і 1957 гадах… Толькі ў 60-я гады сітуацыя стала мяняцца». А вось такі спіс першых чэмпіёнак яшчэ нядаўна красаваўся на сайце БФШ: «1. С. Дунер (1928), 2. Шамес (1939), 3. Г. Невядомская (1952), 4. Г. Невядомская (1954), 5. Някрасава (1955), 6. Алена Лычкоўская, Г. Невядомская (1957), 7. Л. Чувашова (1959), 8. Кіра Зварыкіна (1960)». Ён быў пераняты «Вікіпедыяй». Чаго тут больш – памылак ці недагаворак? Хапае і таго, і другога. Зрэшты, нават з гэтага куртатага пераліку відаць, што Галіна Невідомская[3] не была безагаворачнай лідаркай беларускіх шахматыстак 1950-х гг.

Нягледзячы на сітуацыю ў разбураным краі, якая сапраўды не спрыяла гадаванню шахматыстак майстарскага і нават першакатэгорнага ўзроўню, у снежні 1948 г. адбыўся жаночы чэмпіянат Мінска з дванаццаццю ўдзельніцамі. Лідзіравала ў ім трэццекатэгорніца Угалева, якая прадстаўляла таварыства «Тарфянік». Яшчэ раней адбыўся абласны турнір у Бабруйску, дзе сустрэліся «11 лепшых шахматыстаў вобласці» («Звязда», 30.05.1948). Калі першае месца заняў будучы міжнародны майстар, а ў той час вучань 3-й бабруйскай школы Ройзман, то другое – «работніца Асіповіцкай паліклінікі Невядомская». Шахматыстку ўключылі ў беларускую каманду, якая ў чэрвені 1948 г. выступіла ў мінскім паўфінале каманднага першынства СССР. Аднак у тым паўфінале на жаночай дошцы Невідомская набрала ўсяго 1,5 з 4.

У «Звяздзе» 11.02.1949 паведамлялася: «У жаночым шахматным чэмпіянаце рэспублікі лідэрствуюць Падорская (Пінск) і Угалева (Мінск), якія выйгралі па дзве партыі». Турнір адбыўся ў Ждановічах. Угалева добра праявіла сябе яшчэ да вайны, калі была жыхаркай Віцебска, – яна стала віцэ-чэмпіёнкай БССР 1939 г., крыху адстаўшы ад Шамес (гл.: «Звязда», 24.12.1939; «Віцебскі рабочы», 29.12.1939) Праўда, званне чэмпіёнкі БССР 1949 г. заваявала ўсё ж Невідомская, Угалева зноў фінішавала другой («Звязда», 23.02.1949). Гэты чэмпіянат і перамога Невідомскай згадваюцца, між іншага, у даволі змястоўнай кнізе Лізаветы Быкавай «Советские шахматистки» (Масква, 1951, с. 178). Угалева ж, як успамінаў А. Ройзман у жніўні 2012 г., працягвала выступаць у Мінску на аматарскім узроўні і ў канцы 1960-х.

У лютым 1951 г. чэмпіёнка рэспублікі Галіна Пятроўна Невідомская, 1910 г. нар. (з Асіповіч «Бабруйскай вобласці», як тады пісалі; прадстаўляла спартыўнае таварыства «Лакаматыў») для трэніроўкі выступіла ў паўфінале мужчынскага чэмпіянату БССР, праведзеным у Гродна. Беларуская паслядоўніца Веры Менчык дала шэраг някепскіх партый, дарма што не выйшла ў фінал. Туровае заканчэнне, у якім шахматыстка чорнымі дабілася нічыёй з чэмпіёнам Гродзеншчыны, моцным першаразраднікам Юліем Бацвіннікам, друкавалася ў «Звяздзе» 04.03.1951 і ў часопісе «Шахматы в СССР» № 7, 1951:

Белыя: Кре3, Тb6, пп: а5, f2, g3, h3

Чорныя: Крf6, Td6, пп: а6, е5, f5, h6.

43…Кре6 44.f4 ef+ 45.Kpf4 Tb6 46.ab Kpd7 47.Kpf5 a5 48.Kpe4 Kpc6 49.g4 Kpb6 50.h4 a4 51.Kpd4 a3 52.Kpc3 a2 53.Kpb2 Kpc6 54.h5 Kpd7 55.g5 Kpe8 56.g6 Kpf8 57.Kpa2 Kpe7 58.Kpb3 Kpf6 59.Kpc4 Kpe6 60.Kpc5 Kpe7 61.Kpd5 Kpf6 62.Kpd6 Kpg7 63.Kpe7 Kpg8. Ул. Сайгін і Я. Камянецкі дадалі: «Да гэтай пазіцыі і імкнуліся белыя, але толькі цяпер пераканаліся, што чорны кароль знаходзіць надзейны патавы прытулак».

Не маю звестак пра тое, што жаночы чэмпіянат рэспублікі па шахматах праводзіўся ў 1950 г.: не выключана, што адстойваць сваё званне чэмпіёнцы 1949 г. давялося толькі праз 2,5 гады. 21 верасня 1951 г. у гомельскім клубе імя Леніна «пачаўся розыгрыш пяршынства рэспублікі па шахматах і шашках сярод жанчын» («Звязда», 23.09.1951). На пачатку тры партыі, у тым ліку ў Невідомскай, выйграла мінчанка, урач Тамара Някрасава – нагадаю, у снежні 1937 г. яна была першай у чэмпіянаце БССР. У 1938 г., як адзначылі газета «64» (№ 48, 1938) і Л. Быкава ў сваёй згаданай кнізе (с. 65), Т. Някрасава выйграла яшчэ жаночы турнір ЦК Саюза медсанпрацы Беларусі – 9 з 10. У пачатку 1951 г. адзначалася, што гэтая трэццеразрадніца паказала «значны кваліфікацыйны рост, атрымаўшы пераканаўчыя перамогі над трыма другаразраднікамі» у рэспубліканскім першынстве таварыства «Медык» («Шахматы в СССР», № 5, 1951, с. 154). Пасля сямі тураў Т. Някрасава ішла ўперадзе, аднак пад канец Г. Невідомская паднапружылася і абараніла чэмпіёнскае званне, набраўшы ў выніку 8,5 з 10. У Т. Някрасавай было 8, на трэцім месцы апынулася настаўніца Таіса Падорская з Пінска (5,5 ачка) («Гомельская праўда», 30.09.1951). Галіна Пятроўна таксама гуляла ў шахматы да вайны – так, у 1936 г. у адной з адборачных груп усесаюзнага жаночага турніру яна ўзяла 4,5 з 9. У фінал не трапіла, але выступіла лепей за бабруйчанку Сілінг (1,5 з 9)[4].

Чэмпіянат БССР 1952 г. прайшоў у Брэсце. «Фізкультурнік Беларусі» 26.09.1952 ацаніў гэтае першынство як «непадрыхтаваныя спаборніцтвы» – выступілі толькі 6 шахматыстак. Затое, дадамо ад сябе, гулялі яны па дзве партыі. «Званне чэмпіёна БССР па шахматах сярод жанчын ізноў захавала Г. Невядомская (Бабруйская вобласць), якая набрала 8,5 ачка з 10 магчымых. На другім месцы В[ера] Ільіна (Гомель) – 7 ачкоў», – канстатавала газета.

Інфармацыі пра жаночы чэмпіянат 1953 г. не маю: верагодна, у сувязі з жалобай па «правадыру» ён увогуле не адбыўся[5]. У 1954 г. Г. Невідомская без асаблівых клопатаў (9,5 з 10) выйграла чэмпіянат БССР у Гродна. На другое месца выйшла віцэ-чэмпіёнка Мінска Т. Някрасава, на трэцяе – мінчанка Роза Быкава («Фізкультурнік Беларусі», 17.09.1954). Ужо ў тым годзе пачала праяўляцца «маладая змена». Так, першынство таварыства «Медык» у 1954 г. упершыню выйграла студэнтка медыцынскага інстытута Ала Элькінд («ФБ», 09.04.1954). У 1955 г. яна выйграе першынство Мінска і падзеліць з Г. Невідомскай 2-3-е месца ў чэмпіянаце БССР, а чэмпіёнскі тытул пасля 18-гадовага перапынку заваюе Тамара Някрасава, якая набярэ 8,5 з 10 («Фізкультурнік Беларусі», 14.06.1955, 09.08.1955).

У інтэрнэтаўскіх крыніцах пра жаночы чэмпіянат БССР 1956 г. нічога не сказана, нібыта яго і не было. Між тым ён прайшоў у Рэспубліканскім шахматна-шашачным клубе, з рэкорднай колькасцю ўдзельніц (14) і з новымi імёнамi. «Сярод удзельніц – лабарантка завода імя Варашылава першаразрадніца Скегіна, шахматысткі другога разраду галоўны бухгалтар Асіповіцкай чыгуначнай паліклінікі Невідомская, інжынер Белдзяржпраекта Угалева, выкладчыца Пінскай сярэдняй школы № 1 Падорская, медсястра паліклінікі Мінскага трактарнага завода Лычкоўская, работніца брэсцкай абласной газеты “Заря” Піцерскіх, урач Мінскай дэзінфекцыйнай станцыі Някрасава, швачка магілёўскай арцелі “Аб’яднанне” трэццеразрадніца Алесік і іншыя», – паведамляла агенцтва БелТА (інфармацыю падхапіў «ФБ» 26.10.1956). Пазней, 10.11.1956, газета напісала пра перамогу Клары Скегінай (11,5 ачка з 13): «Пераможніца вельмі роўна правяла турнір, не прайграўшы ніводнай партыі». На другім месцы з 10 ачкамі апынулася Невідомская, на 3-м – юная Галіна Арчакова (9 ачкоў).

Аднак неўзабаве К. Скегіна – адзіная па стане на восень 1956 г. першаразрадніца ў БССР – расчаравала спартыўныя ўлады. У матчы з польскай камандай, які адбыўся на мяжы 1956 і 1957 гг., яна звяла ўнічыю першую партыю супраць майстаркі Ганны Юрчынскай і прайграла другую. «Чэмпіёнка Беларусі іграла сумбурна», – заўважыў Якаў Камянецкі ў «ФБ», 08.01.1957, а Кіра Зварыкіна ў «Работніцы і сялянцы» № 2, 1957 «апраўдвала» сваю паплечніцу па камандзе так: «Скегіна, якая не мела вопыту міжнародных сустрэч, вельмі хвалявалася, што адбілася на яе ігры». Між тым гэтаму матчу надавалі, як вынікае з падрабязных справаздач у газетах і мемуараў Абрама Ройзмана, вялікае палітычнае значэнне. Пасля таго як у кастрычніку 1957 г. К. Скегіна прайграла дзве партыі ў матчы з Венгрыяй, яе паддалі яшчэ больш суворай крытыцы, пагатоў у чэмпіянаце рэспублікі (жнівень 1957 г.) яна фінішавала толькі трэцяй. Праўда, вынік быў добры, 8 з 11, але абедзве пераможніцы, Лычкоўская і Невідомская, якія таксама сталі першаразрадніцамі, выбілі тым разам па 10 ачкоў!

Клара Матвееўна Скегіна нарадзілася ў расійскай Туле ў 1937 г. Азы шахматнай навукі засвойвала ў гарадскім доме піянераў, у 1953 г. была ўжо чэмпіёнкай Тульскай вобласці, у 1954 г. заняла 4-е месца ў першынстве СССР сярод дзяўчат. За Беларусь яна выступала ў 1956–58 гг. і паказала сябе даволі ярка, так што не варта асацыяваць ейнае імя толькі з няўдачамі ў міжнародных матчах. У свярдлоўскім паўфінале чэмпіянату СССР сярод жанчын (1957 г.) Скегінай не хапіла толькі паўачка, каб выйсці ў фінал. 17.03.1958 «Звязда» пісала: «У Харкаве адбыўся ўсесаюзны розыгрыш каманднага першынства таварыства “Спартак” па шахматах… З выключным поспехам выступіла на жаночай дошцы мінская шахматыстка Клара Скегіна, якая набрала 6,5 ачка з 7. За гэты поспех ёй прысуджана два балы для прысваення звання кандыдата ў майстры». У ліпені 1958 г. «Звязда» і «Советская Белоруссия» адзначылі перамогу першаразрадніцы Скегінай над экс-чэмпіёнкай свету Людмілай Рудэнка (на камандным першынстве СССР у Вільнюсе). У 1959 г. Скегіна стала чэмпіёнкай Расіі (яна паўторыць гэтае дасягненне ў 1961 і 1963 гг.), а ў 1963 г. дабілася першага вялікага поспеху ў чэмпіянаце СССР (5-6-е месцы), апярэдзіўшы такіх славутых шахматыстак, як Л. Вольперт, В. Барысенка, К. Зварыкіна, Л. Быкава… Тады яна атрымала званне майстра спорту. Найвышэйшае дасягненне Скегінай – 2-4-е месцы ва ўсесаюзным чэмпіянаце 1967 г. Мінскі кандыдат у майстры Ісак Рабіновіч так успомніў пра яе ў жніўні 2014 г.: «Вельмі талковая, з вострым розумам… Часта бліцавала ў нашым клубе, у тым ліку з Верасавым, абыгрывала многіх мужчын, любіла “падколкі” у час гульні». Такім чынам, Беларусь у нейкім сэнсе была пляцоўкай для ўзлёту К. Скегінай (як і для ўзлёту Р. Холмава ў канцы 1940-х гг., яшчэ больш імклівага). Можна дапусціць, што Скегіна вярнулася ў Расію не для таго, каб «уцячы» ад недобразычліўцаў[6], а для дасканалення майстэрства – іначай увесну 1969 г. наўрад ці завітала б у Мінск дзеля кваліфікацыйнага матчу з Г. Арчаковай. Апошняя выйграла матч з лікам 8,5:5,5 і стала майстаркай: паводле слоў Г. Арчаковай (жнівень 2014 г.), перамога дасталася ёй без вялікіх цяжкасцей. У 1960-х і пазней жыла К. Скегіна пад Масквой; у Ізраіль перабралася прыблізна ў 1993 г. Памерла ў 2007 г.

Вяртаючыся да чэмпіянату БССР 1957 г., варта адзначыць, што ён стаўся «лебядзінай песняй» Г. П. Невідомскай. Далей ёй цяжка было стрымліваць напор маладых – надыходзіла «эра Арчаковай», маладзейшай амаль на 30 гадоў. Зрэшты, асіповіцкая першаразрадніца яшчэ раз уздымецца на п’едэстал у 1960 г., падзяліўшы 1-2-е месца іменна з Арчаковай («ФБ», 04.05.1960; яны набралі па 10 з 13[7]), але ў 1961 г. прапусціць уперад сябе сузор’е маладых вучаніц майстра Абы Шагаловіча: Г. Арчакову, Т. Галавей, Л. Чувашову… У канцы 1962 г. ветэранка беларускіх жаночых чэмпіянатаў Г. Невідомская пакінула гэты свет.

Упершыню лідэрства ў чэмпіянаце БССР Галіна Акімаўна Арчакова, 1939 г. нар., дабілася ў 1958 г., на роўных з Яўгеніяй Лычкоўскай[8] (яны набралі па 8 з 11; гл.: «Звязда», 19.11.1958). Гэты чэмпіянат чамусьці быў праведзены з вялікім спазненнем – не ў красавіку, як прадугледжваў спартовы каляндар, а ў кастрычніку-лістападзе. Пазней, у 1960-х, Г. Арчакова дамінавала ў беларускіх жаночых шахматах разам з крыху маладзейшай Тамарай Галавей, але ўвесну 1959 г. 1-е месца ў рэспубліцы дасталося чэмпіёнцы Мінска Ларысе Чувашовай – 23-гадовай супрацоўніцы «Белдзяржпраекта», якая паходзіла са Шклоўскага раёна. Л. Чувашова атрымала другі разрад толькі ў 1957 г., але, як пісаў аўтар «ФБ» (01.05.1959), «шмат гадзін праводзіла за гульнёй, знаёмілася з тэорыяй, сама складала задачы, удзельнічала ў конкурсах». Паводле І. Рабіновіча, які працаваў побач з ёй, Л. Чувашова пастаянна выступала за каманду будаўнікоў на рэспубліканскіх спаборніцтвах у 1960-я гг. Яна памерла ў 1990-х.

Кіра Аляксееўна Зварыкіна (1919–2014), якая пераехала ў Мінск разам з Аляксеем Суэціным у 1953 г., некалькі наступных гадоў, відаць, «адпрацоўвала» мадэль паводзінаў для Юдыт Полгар – гуляла ў мужчынскіх чэмпіянатах БССР. У жаночых, узровень якіх яе не задавальняў[9], яна пэўны час выступала толькі ў якасці арбітра, як гэта было ў сакавіку 1961 г. (гл.: «ФБ», 31.03.1961). Тым не менш, у верасні 1956 г. майстарка «змяніла гнеў на літасць» і напярэдадні чэмпіянату СССР паўдзельнічала ў першынстве Мінска сярод жанчын. Вынік быў прадказальны: 1-е месца, 8 з 9. У 1970-х гг. К. Зварыкіна, адмовіўшыся ад прэтэнзій на першынство ў свеце, дый у СССР, выйграла і некалькі жаночых чэмпіянатаў рэспублікі: у сакавіку 1970-га разам з Г. Арчаковай (але паводле дадатковых паказчыкаў была першай), у 1973 і 1975 г. – аднаасобна. Тое, што ў зборніку «Стратегия. Тактика. Стиль» (Мінск, 1979, с. 173) яе назвалі «чэмпіёнкай БССР 1960, 1963, 1968, 1969, 1973», лішні раз дэманструе нядбайнасць складальніка[10]. У спаборніцтвах пачатку 1960-х К. Зварыкіна не гуляла, у 1968 г. заняла 4-е месца («ФБ», 15.03.1968), у 1969 г. падзяліла 3-4-е з Галінай Ажыгінай («ФБ», 05.03.1969)[11].

Аглядаючы першыя пасляваенныя чэмпіянаты БССР, за аснову трэба ўзяць наступны спіс чэмпіёнак: 1949 – Галіна Невідомская; 1951, 1952, 1954 – яна ж, 1955 – Тамара Някрасава; 1956 – Клара Скегіна; 1957 – Яўгенія Лычкоўская, Г. Невідомская (званне прысуджана Лычкоўскай); 1958 – Галіна Арчакова, Я. Лычкоўская (званне прысуджана Арчаковай); 1959 – Ларыса Чувашова; 1960–1964 – Г. Арчакова; 1965 – Тамара Галавей; 1966 – Г. Арчакова, 1967 – Элеанора Ушакова[12], 1968 – Г. Арчакова, 1969 – Т. Галавей, 1970 – Кіра Зварыкіна, Г. Арчакова (званне прысуджана Зварыкінай), 1971 – Галіна Ажыгіна, 1972 – Г. Арчакова і г.д. У 1972 г. Я. Камянецкі пісаў пра «невялікі стэнд» у Рэспубліканскім шахматна-шашачным клубе, на якім знаходзіліся партрэты ўсіх чэмпіёнак: «і Тамара Някрасава, і Галіна Невідомская, і Кіра Зварыкіна, і Яўгенія Лычкоўская…» Нешта падобнае вісела на К. Маркса, 10 яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў – да «вялікага рамонту» у Палацы шахмат і шашак.

Ці разумна было ў студзені 2014 г. арганізатарам жаночага спаборніцтва ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках называць яго «58-м чэмпіянатам» (сhess.by/news/848.html), калі нават пасля вайны 194145 гг. к таму часу ўжо прайшлі мінімум 63 чэмпіянаты, а з даваеннымі атрымлівалася мінімум 70[13]? Бадай, спрацавала тая ж нелінейная логіка, як у казусе з днём вызвалення Мінска ад нацысцкіх акупантаў[14]. Фактар ляноты – нежадання вывучаць нават рускамоўныя крыніцы, не кажучы пра «складаныя для вывучэння» беларускамоўныя – я б таксама не скідваў з рахункаў.

Напэўна, трэба памятаць не толькі чэмпіёнак Беларусі, а і тых шахматыстак, якія вызначыліся ў чэмпіянатах Мінска і потым супердасягненняў не паказвалі. Напрыклад, Угалеву (1948 г.), Станькоўскую (1954 г.), Алу Элькінд (1955 г.), Таццяну Капейкіну (1970 г.)… Паводле пэўных звестак, існуе ў нас не толькі Беларуская, а і Мінская гарадская федэрацыя шахмат.

Пара назіранняў наастатак. Сярод першых пасляваенных чэмпіёнак вялікая доля мела дачыненне да медыцынскіх устаноў: Тамара Някрасава была ўрачом, Яўгенія Лычкоўская – медсястрой, Ала Элькінд вучылася ў медінстытуце, дый нават бухгалтарка Галіна Невядомская працавала ў бальніцы. Яшчэ цікава, што большасць беларускіх шахматыстак 1950-х гг. зусім не ўхіляліся ад удзелу ў мужчынскіх турнірах – магчыма, бралі прыклад з Кіры Зварыкінай. Між тым у Ленінградзе першы выпадак удзелу жанчыны (Ларысы Вольперт) у мужчынскім чэмпіянаце быў зафіксаваны толькі ў 1958 г. Летапісцы піцерскіх шахмат падкрэслівалі, што «ў тыя часы жанчыны пазбягалі сустрэч з прадстаўнікамі моцнага полу».

 

Крыніца: Рубінчык, Вольф. Нарысы шахматнай мінуўшчыны і будучыні. Мінск, 2014. С. 74-81.

[1] Верагодна, тая самая шахматыстка паспяхова выступіла ў жаночым чэмпіянаце Масквы 1935 г., заняўшы 4-е месца. Прынамсі ў беларускіх турнірах Меяровіч пасля 1932 г. не фігуруе. Ёсць версія («64», 25.03.1936, заметка Я. Камянецкага), што Мееровіч была трэцяй чэмпіёнкай, а другі чэмпіянат БССР прайшоў у 1930 г., і выйграла яго Гарб. Аднак ні ў водным з даступных мне выданняў 1930 г. («64. Шахматы и шашки в рабочем клубе», «Шахматный листок», «Чырвоная зьмена», «Віцебскі пралетары», «Беларуская работніца і сялянка»…) не знайшлося звестак пра гэты чэмпіянат і перамогу ў ім віцяблянкі. Мо камусьці пашанцуе больш?

[2] Гэта тычыцца і шашачных чэмпіянатаў. Ужо выпадала пісаць («Альбино плюс», № 48, 2012), што ў спісе Беларускай федэрацыі шашак прапушчаны чэмпіянат БССР 1939 г. і не пазначана яго пераможніца Бадылевіч. Паведаміў пра гэта на сайт федэрацыі belarus.fmjd.org – нуль рэакцыі. Дарэчы, і першынство 1952 г. выйграла не А. Валошына, як у А. Ракітніцкага («Дарагія аматары шашак», Мінск, 1993, с. 155), а Б. Баскіна – гл. «Фізкультурнік Беларусі», 26.09.1952.

[3] Прозвішча «Невидомская» перадавалася ў газетах і як «Невядомская», і як «Нявідомская», і нават як «Нівядомская». Я трымаюся найбольш імавернага варыянта.

[4] Вайнштейн С. Всесоюзный женский турнир // Шахматы в СССР. № 5, 1936. С. 139.

[5] У разгар чэмпіянату 1957 г. «ФБ» называў Галіну Невідомскую «дзевяціразовай чэмпіёнкай Беларусі», што адпавядала б сапраўднасці толькі ў тым разе, калі б чэмпіянаты сярод жанчын праводзіліся ў 1946–48, 1950 і 1953 гг. Між тым ніводная з даступных мне газет, што спачувальна ставіліся да шахмат, пра гэтыя чэмпіянаты не паведамляла. Відаць, «ФБ» дапусціў мастацкае перабольшанне, тыповае для СМІ. Л. Быкава пісала ў 2-м выданні кнігі «Советские шахматистки» пра 1954 г.: «У сёмы раз чэмпіёнкай Беларускай ССР стала Невідомская» (с. 198). Да гэтага сцвярджэння таксама варта ставіцца крытычна, але яно бліжэйшае да ісціны.

[6] У жніўні 2014 г. А. Ройзман успомніў, што ў 1958 г. у К. Скегінай быў востры канфлікт з А. Шагаловічам.

[7] Дадатковы матч Г. Невідомская прайграла з лікам 1:3. Гл.: «Шахматы за 1961 г.» М., 1963, с. 266.

[8] Інтэрнэт-рэсурсы менавалi неаднаразовую прызёрку чэмпіянатаў БССР Лычкоўскую «Аленай», але гэта памылка: гл. заметку Я. Камянецкага ў «ФБ» 21.03.1961, матэрыял «Превосходство Татьяны Копейкиной» у «ФБ» 17.02.1970 і інш.

[9] Характэрна, што ў сваёй кнізе «В рядах шахматной гвардии» (Мінск, 1984) К. Зварыкіна ні слова не напісала пра чэмпіянаты БССР сярод жанчын, не вылучыла ніводнай шахматысткі БССР, дарма што ў 1950–70-я гг. нярэдка давала ацэнку гульні маладзейшых каляжанак. Напрыклад: «Нашы беларускія шахматысткі кепска разыгрываюць заканчэнні партый» («ФБ», 07.09.1965). «Асноўны недахоп [Вольгі] Варонінай – няўмелае размеркаванне часу» («ФБ», 12.09.1965).

[10] Кур’ёзна, што ў тым жа зборніку на с. 95 Л. Бондар атэставаў К. Зварыкіну правільна: «3 разы станавілася чэмпіёнкай Беларусі». Але ў маскоўскім слоўніку «Шахматы» 1990 г. (артыкул пра БССР, с. 32), выпадкова ці не, зноў гаварылася пра пяціразовае чэмпіёнства Зварыкінай.

[11] Гэтыя адносна сціплыя вынікі заслужанай майстаркі часткова можна вытлумачыць яе занятасцю: якраз у 1968–1970 гг. К. Зварыкіна ўзначальвала федэрацыю шахмат БССР. Праўда, і ў 1972 г. яна падзяліла толькі 3-4-е месцы – тым разам з Таццянай Косцінай.

[12] «Масавы» чэмпіянат быў праведзены ў Гомелі ў кастрычніку. Э. У. Ушакова набрала 6,5 з 8, бліжэйшыя канкурэнткі – К. Зварыкіна, Г. Ажыгіна і Г. Хахлова – адсталі на цэлае ачко. У чэмпіянаце СССР таго ж года, таксама праведзеным паводле швейцарскай сістэмы, Э. Ушакова падзяліла 31-42-е месцы (у слоўніку «Шахматы» 1990 г. яе вынік прыпісаны іншай шахматыстцы, В. Ушаковай). Пазней светлагорская першаразрадніца, інжынерка 1937 г. нар., пераехала ў Расію. Дагэтуль выступае ў Разані – у аматарскіх турнірах.

[13] Няма падстаў не лічыць усебеларускае спаборніцтва ў снежні 1938 г. не чэмпіянатам. У «64» № 20, 1939 Я. Камянецкі бурчэў, маўляў, жаночы чэмпіянат Беларусі 1938 г. «быў скамячаны», у ім узялі ўдзел усяго 11 шахматыстак (ён марыў пра 30–50!). Само гэтае бурчэнне – доказ таго, што чэмпіянат адбыўся. Нагадаю, што ў першым чэмпіянаце БССР 1928 г. выступілі ўсяго 6 шахматыстак.

[14] У 1996 г. трэцяе ліпеня 1944 г. абвясцілі ажно Днём вызвалення Беларусі (і ў дадатак – Днём незалежнасці). Між тым сучасная тэрыторыя Беларусі была ачышчана ад нямецкіх захопнікаў у канцы ліпеня 1944 г.

Опубликовано 11 января 2015

 

Leave a Reply