Tag Archives: шахматная олимпиада в Минске

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (98)

Шаломчык марозны! На пачатку года новага ўсё яшчэ цягне падводзіць рысу пад мінулым…

2018-ы быў год як год, для мізантропа самае тое – з баранамі, авечкамі, ваўкамі і ваўчыхамі, ды вельмі тонкай праслойкай людзей. Насельніцтва краіны зменшылася на яшчэ адзін раённы цэнтр («РАЙцэнтр» у гэтым кантэксце гучала б цынічна нават для мяне) – нічога дзіўнага. Здаецца, да нас ужо не так ахвотна едуць з Украіны, як тое было ў 2014–2016 гг.

Машыях не прыйшоў. Праўда, убачылі свет «Выбраныя катлеты і мухі» (36 серый), змяніліся прэм’ер-міністр, некалькі віцэ-прэм’ераў, міністры фінансаў, эканомікі, архітэктуры і будаўніцтва, etc., начальнік Мінска… Крутых перамен аз грэшны пакуль што не адчуў; хутчэй выглядае на тое, што нарыў унутры дзяржсістэмы спее і вось-вось прарвецца. Калі на сайце government.by не ўмеюць прозвішчы-імёны-па-бацьку міністраў акуратна пісаць, то куды ўжэ.

Год таму, у студзені 2018 г., байкар ад культуралогіі Віктар М. каторы раз вырашыў самасцвярдзіцца, гукнуўшы: «Дзве Беларусі робяцца адной». Гэтак ён прадоўжыў-утылізаваў думку Святланы Алексіевіч, выказаную ў канцы снежня 2010 г.: «Ужо няма адной, ужо дзве Беларусі». М. даводзіў, што ў 2017 г. пачаўся працэс збліжэння афіцыйнай, «датацыйнай» Беларусі, і «андэграўнду»: «Мы ўсе мусім навучыцца з’ядноўвацца… Бо, ведаеце, дзве краіны для дзесяцімільённага народа — гэта зашмат». Што й казаць, думка глыбокая, вартая Ксеніі Сітнік з дзіцячага еўрабачання-2005: «О-а-о, только вместе мы большая сила»… Пастка, аднак, у тым, што саступкі альтэрнатыўнікам рабіліся ў драбніцах, на маргінэсе, а ў галоўных сферах, як паказаў 2018-ы год, ніхто і не збіраўся «злівацца ў экстазе».

Сярод прыкмет збліжэння аўтар называў «Кангрэс даследчыкаў, які рыхтуюцца правесці [Андрэй Казакевіч і кампанія] ў Беларусі ў супрацы з Акадэміяй навук». Пра супрацу «незалежных» і «залежных» беларусістаў было абвешчана ў снежні 2017 г., cем месяцаў нібыта вялася падрыхтоўка, але раптам выявіліся «арганізацыйныя складанасці»… У выніку Кангрэса-2018 не адбылося ні ў Мінску, ні ў іншым месцы, а сёлета яго, як і ў першай палове 2010-х, плануюць правесці «на выгнанні» – у Літве.

Летась аматараў Беларускай народнай рэспублікі пусцілі на юбілейны канцэрт, арганізаваны за накраўдфаўнджаныя грошы, у «загон» каля Опернага тэатра, але шыльду на будынку, дзе ў 1918 г. была прынята Трэцяя ўстаўная грамата (Мінск, Валадарскага, 9), так і не дазволілі павесіць. Не дапамаглі і звыш 3 тысяч подпісаў, адпраўленых у Мінгарвыканкам у кастрычніку.

Карацей, «пакуль сонца ўзыдзе, раса выесць вочы». Ці не адзінае дасягненне «дзяржаўна-недзяржаўнага партнёрства» 2018 г. – памятны знак у Курапатах, адкрыты з санкцыі міністэрства культуры ў лістападзе. Аднак месца згубы тысяч людзей і з гэтым знакам, на жаль, не зрабілася ўсеагульнай святыняй. І ўжо ў сярэдзіне снежня якісьці вандал надрапаў на ім зорку Давіда.

Існуе меркаванне, што ўсіх яднаюць шахі… Што выйгранае ў Батумі права на шахматную Алімпіяду ў Мінску (2022) здольнае мабілізаваць і «левых», і «правых», і лукашыстаў, і антылукашыстаў. Адылі сумняюся: ну, хаця б таму, што звычайныя («класічныя») шахматы перасталі быць гульнёй, якая дапраўды інтрыгуе. Намаганні дамы, што пазалетась ачоліла Беларускую шахматную федэрацыю, давесці свае тэзісы да самых розных аўдыторый («Беларусь сегодня», «Народная воля», «Звязда», «Прессбол», «Радыё Свабода»…), самі па сабе заслугоўваюць ухвалы. З другога боку, БФШ летась нарабіла глупстваў і апрача сумнавядомага канфлікту, раздзьмутага на роўным месцы. Пра нешта-нейкае чытайце тут, хоць я б і не падпісаўся пад усімі каташукоўскімі «вынікамі года». І ёсць што дадаць:

Нябожчык года – Віктар Давыдавіч Купрэйчык, 03.07.1949 – 22.05.2017. Дагэтуль лічыцца членам БФШ пад № 535 і, гледзячы па ўсім, ад яго чакаюць унёскаў за 2018–2019 гг. (!)

Дапускаю, што, калі грунтоўна папаварочаць спіс членаў федэрацыі (1994 прозвішчы), знойдзецца шчэ не адна «мёртвая душа»… У прынцыпе, лагічна, што чычыкаўшчына руліць і ў інтэрв’ю фронтвумен БФШ вышэйзгаданым СМІ. Напрыклад, Наста-віцэ-прэзідэнтка гутарыла з карэспандэнтам «РС» (11.10.2018): «Мы выхаваем добрых шахматыстаў, каб у нас зьявіўся свой Магнус Карлсэн. Нарвэгія 20 гадоў таму наогул да шахматаў ня мела ніякага дачыненьня. А цяпер у іх там бум, кожнае дзіця гуляе ў шахматы. А Беларусь жа мае традыцыі».

Па-першае, пра Нарвегію, якая да шахмат «не мела ніякага дачынення»… Пад канец 1990-х шахматныя традыцыі ў гэтай невялікай краіне былі крыху багацейшыя, чым у Беларусі: прынамсі чэмпіянаты Нарвегіі пачалі ладзіцца з 1918 г., БССР – з 1924 г. У 1970–1990-х гадах, г. зн. да выхаду М. Карлсена ў эліту, і нават да яго нараджэння (30.11.1990), усенарвежскія турніры – разам з адборачнымі – штогод прываблівалі сотні шахматыстаў. У сусветных шахматных алімпіядах зборная Нарвегіі ўдзельнічае з 1930 г., Беларусь (не блытаць з асобнымі яе прадстаўнікамі) – з 1994 г. Добра, калі актывісты Нарвежскага шахматнага саюза «ліхіх 1990-х гадоў» не прачытаюць інтэрв’ю функцыянеркі ФІДЭ і не затояць крыўды на ўсіх нас…

Па-другое, перш чым «Сінявокай» спаборнічаць з радзімай Фрыт’ёфа Нансена ды Рагнара Фрыша ў выхаванні шахчэмпіёнаў, варта падумаць пра тое, як дапяць хоць бы да паловы сярэднедушавога ВУП Нарвегіі-1998 (34788$). На хвілінку, у РБ ён, паводле звестак Сусветнага банка, складаў у 2017 г. 5726$.

Легенду пра тое, што шахматы – танны від спорту, лепей адкінуць: перспектыўным гульцам трэба частыя выезды за мяжу, паслугі трэнераў, кансультантаў… Карлсен – і яго супернік па матчы 2016 г. Сяргей Каракін – дасягнулі гросмайстарскага рэйтынгу 2500 у 13 гадоў. Напрошваецца вывад (аптымістычны, бо параўнальна з сярэдзінай 2000-х гадоў канкурэнцыя на вышэйшым узроўні абвастрылася), што, каб рэальна змагацца за сусветную карону, неабходна мець к 13 гадам 2420-2440 пунктаў Elo. Некаторыя шансы заняць «стартавую пляцоўку» для змагання ёсць хіба ў пары хлопцаў з гэтага беларускага спісу. Ну, спадзяваймася на цуд… і на тое, што дажджу стыпендый ад «прэзідэнцкага клуба» хопіць усім.

Па-дзеля мяне, «жэстачайшая шахматная вертыкаль» агулам састарэла – гадоў шэсць таму, як пачалі зачыняць шахаддзяленні ў рэгіянальных спартшколах, тое зрабілася відавочным. У 2013 г. я прапаноўваў ставіць у Беларусі не так на ілюзорныя спартыўныя перамогі, як на «гарызанталь», г. зн. на «сеціва народных гурткоў і клубаў інтэлектуальных гульняў». Але адміністрацыя прадказальна праігнаравала ідэю, і з 2015 г. фарсіруе ў Мінску «Нью-Васюкі».

Уразіла тое, што ў квазіэкспертным «Белорусском ежегоднике 2018», прысвечаным падзеям 2017 г., Барыс Т., аглядальнік з «Прессбола», пішучы пра спорт, не заўважыў ані змены кіраўніцтва ў БФШ, ані тэндэнцыі ператварэння шахмат у ідэалагічна важны, «іміджавы» від з гледзішча адміністрацыі прэзідэнта (дый увогуле пра іх не ўспомніў :)). Колішні вядучы шахаддзела ў «БДГ»…

Па-мойму, паводзіны большасці нашых «экспертаў» – а таксама палітыкаў і журналістаў – укладваюцца ў дзве вядомыя показкі: або яны шукаюць не там, дзе згубілі, а там, дзе відно (ігнаруюць небяспечныя праблемы), або прагнуць змяніць свет, пачынаючы з цырульні (перабольшваюць значэнне праблем адносна дробных). Зразумела, першы і другі тыпы паводзінаў лёгка спалучаюцца.

Вунь 27.12.2018 прэзентавалі даследаванне, прысвечанае плагіяту ў пісьмовых работах беларускіх студэнтаў. Так, студыёзусы перапісвалі чужыя работы (або фрагменты з іх), перапісваюць і, пэўна, яшчэ доўга будуць перапісваць. Мой досвед выкладання курсу «Асновы права» ў Акадэміі музыкі (2004-2005) пацвярджае, што «Многія выкладчыкі стараюцца не бачыць некаторыя формы плагіяту і вельмі паблажлівыя ў справе пакарання за плагіят». Але, магчыма, не дарма яны «паблажлівыя»? Мо цямяць, што пачынаць выпраўленне гэтага свету трэба не з цырульні студэнтаў, а з прафесароў і чыноўнікаў, якія дзесяцігоддзямі не саромеюцца прысабечваць плады інтэлектуальнай працы?

Да разбэшчанай моладзі дакляпацца няцяжка, і ў многіх ВНУ Беларусі дзейнічае праграма «Антыплагіят», якую «незалежныя даследчыкі» яшчэ толькі прапануюць увесці 😉 Не ведаю, якія могуць быць іншыя «рэформы вышэйшай адукацыі» пры цяперашняй сістэме ўлады і кіраўніках адпаведнага міністэрства, якія амаль не хаваюць, што «сваім – усё, чужым – закон». Тут я ўжо адзначаў, што супрацоўнік прэс-службы мінадукацыі РБ для «імхаклуба» капіпасціў фрагменты з інтэрнэт-энцыклапедыі «Луркамор’е» – тэму за паўгода хто-небудзь падхапіў? Трымайце працяг ад таго ж Андрушы Л.:

 

Крэатыў lurkmore.to (2013-2015 гг.) і высер на «імхаклубе» ад 24.12.2018. Сцеражыцеся падробак.

Пра тое, што не Л. пісаў пра «Шушку» ў Луркамор’і, ведаю хаця б таму, што часткова сам рабіў тамака падборку «Главнюки» 😉

Я супраць плагіяту ў любых формах, дый сам ад яго цярпеў. Але мне здаецца, што пара б ужо перастаць «змагацца за чысціню», заміж каб падмятаць (ізноў здароў, Ільф & Пятроў). І нагадаю, што пісаў у снежні 2017 г.: «Няма ў сінявокай свайго Дысернета, а варта было б стварыць: дальбог, беларускай навуцы хоць трохі палягчэла б. Падобныя задачы ставіў перад сабой мінскі часопіс Аrche ў 2000-х гадах, асабліва ў «скарынаўскіх» выпусках, але ніасіліў. Замежныя навукоўцы, патрыёты Беларусі, маглі б асіліць пры падтрымцы мясцовых кадраў…» Ніхто з прапановамі не звярнуўся – ОК, хлопцы-дзеўкі, рабіце без мяне, толькі не лямантуйце, калі сутыкнецеся з «мафіяй». Гэта вам не «долю пашкоджанасці плагіятам» беларускага студэнцтва падлічваць 😉

Дарэчы, на месцы тутэйшых інтэлектуалаў я б суцішыў хор захаплення Кімам Хадзеевым, якому сёлета споўнілася б 90 год (памёр у 2001 г.). Так, пакручасты лёс, нетрывіяльнае для БССР мысленне… Здолеў выйсці з «псіхушкі», напісаўшы кандыдацкую дысертацыю для загадчыка аддзялення – малойца. Аднак тое, што К. Х. на волі гандляваў дысертацыямі, гэта ўжо крыху занадта. Колькі ёлупаў праз яго незаслужана выбіліся ў кандыдаты й дактары, атрымаўшы вагары ўплыву на грамадства?!

У тым жа 2001 г., калі я быў аспірантам, паўдзельнічаць у monkey business мне прапаноўваў іншы неардынарны жыхар Мінска, Леў К. (к таму часу ён пісаў дысертацыі на замову не адзін год). Я адмовіўся – і не шкадую.

І пра добрае. У мінскага пісьменніка, чые карані пад Мазыром, пад канец года выйшла новая кніга, амаль такая ж харошая, як мая 🙂 🙂 🙂

Андрэй Федарэнка са сваім «Сузіральнікам». Д-р Ганна Кісліцына адгукнулася на гэты невялікі зборнік тут. Толькі чаму аўтар у яе «Федоренко», калі ён (у рускім варыянце) ФедАренко?

Яшчэ навіна. Ідышна-беларускую кніжку «Eybik/Вечна» (Мінск: Шах-плюс, 2016) летась выкарыстоўвалі для знаёмства з творамі Мойшэ Кульбака аж у Варшаве. I тэрпенцін самвыдат для чагосьці карысны 🙂

«Вольфаў цытатнік»

«Кідаючы словы на вецер, не спадзявайся, што яны стануць крылатымі» (Юрый Кувалдзін, 2003)

«Ніхто з вялікіх не быў канфармістам, усе яны былі крытычнымі асобамі, таму што фармаваліся ў процістаянні: спрачаліся, лаяліся, абаранялі сваю пазіцыю. Дайце нашым дзецям права на памылку, на ўласнае меркаванне, якое можа не супадаць з меркаваннем настаўніка або падручніка… Ёсць такія настаўнікі, але іх пакуль што вельмі мала» (Наталля Вінаградава, 20.12.2018)

«Грамадства не можа без масы прафесій, якімі грамадства само і пагарджае. У гэтым сэнсе грамадства само па сабе штука ўкрай несправядлівая» (Дзяніс Драгунскі, 07.01.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

08.01.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 08.01.2019  22:27

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (88)

Шалом бабіналетні! За гэтыя цёплыя дзянькі набралося думак; хочацца, як таму дзядзьку Юду ў кульбакаўскіх «Зельманцах», зайграць аб усім на свеце, і аб людзях, і аб курыцы…

Найперш – пра няспраўджаны(я) прагноз(ы). У мінулай серыі прадказваў, што мужчынская зборная РБ на сусветнай шахматнай Алімпіядзе зойме месца, блізкае да 14-га (г. зн. адпаведнае рэйтынгу). Не меў ілюзій адносна дзяржпадтрымкі шахматыстаў у Сінявокай, аднак пераацаніў якасць падрыхтоўкі, дый згуртаванасць нашай «эліты». Насамрэч гросмайстры падзялілі месцы з 25-га па 38-е, а дакладней, трапілі акурат у трыццатку. Някепскі вынік з улікам таго, што ў Батумі прыехалі амаль 200 каманд, але ж многія, нават шахблогеры, незалежныя ад тутэйшай федэрацыі, чакалі большага. Напрыклад, гросмайстар Cяргей Каспараў: «Хлопцы трапяць у дзясятку». Майстар ФІДЭ Уладзіслаў Каташук: «Прагнозы: мужчыны – 6-е месца, дамы – 5-е ў сваёй рэйтынгавай групе». Беларускі, дарэчы, не расчаравалі; «перавыканалі» каташукоўскі план, у апошнім туры вырваўшы перамогу ў ізраільцянак. Можна доўга разважаць пра тое, што і моцны пол даў бы рады, калі б у зборную запрасілі «дысідэнта» Сяргея Азарава, а не …, ды навошта пасля бойкі махаць кулакамі.

Меркаваў, што Мінск даб’ецца права на правядзенне шахалімпіяды 2022 г. – так і здарылася. Іншая рэч, ці так ужо патрэбная ў РБ тая алімпіяда, калі братання гасцей з мясцовымі аматарамі шахаў апошнім часам не бывае (у залы для гульні пускаюць толькі «сваіх», etc.). Апытанка наведвальнікаў буйнога спартыўнага сайта сведчыць пра тое, што «народ» скептычна пазірае на ператварэнне Мінска ў Нью-Васюкі; скептыкаў (50,4%, 1331 голас) амаль у 2 разы болей за тых, хто выбраў варыянт «Выдатна!» (26,9%, 709 галасоў). Ну, турбізнэс праз 4 гады заробіць сваю капейчыну, чыноўнікі & кіраўніцтва БФШ папіяраць сябе – мо і шараговым гульцам нешта перападзе. ¯\_(ツ)_/¯

А вось упартасць Расіі ў прасоўванні на пасаду прэзідэнта ФІДЭ свайго кандыдата я недаацаніў (04.10.2018 Аркадзь Дварковіч адолеў-такі Георгіуса Макропуласа з лікам 103:78). Сяргей Каракін не стаў чэмпіёнам свету, з «ПятроваБашыравым» аблажаліся, дык хоць тут узялі рэванш… 🙂

Як бы я ні ставіўся да кіраўніцтва РФ, трэба прызнаць, што ў суседняй краіне мядзведзі не блукаюць па вуліцах, а інтэлектуалам дагэтуль ёсць дзе выказацца (і дзе зарабіць – прынамсі ў буйных гарадах). Паяданне бліноў з лапаты і сумнавядомы «Баярышнік» цікавяць далёка не ўсіх. Таму, калі допіс пра калекцыю футраў з «турэмнымі татуіроўкамі», выпушчаную нейкімі расійскімі дызайнерамі, падаецца ў беларускім выданні пад загалоўкам «Іх норавы», гэта выглядае… кантраверсійна.

Фрыкаў і/або аматараў «блатной музыкі» хапае ва ўсіх краінах постсавецкай прасторы, у тым ліку ў РБ. Прыпісванне агульных балячак выключна суседзям – у лепшым выпадку, інфантыльнасць, у горшым – прапаганда. Якая таксама бывае інфантыльнай.

Некалі часцей даваў парады жыхарам Расіі, Украіны, Ізраіля, зараз – адно ў выключных выпадках. Тут бы самім пазбавіцца правінцыйнасці й хабёльства. Узяць «прасунуты» мінскі рэсурс, з якім у 2016–2017 гг. супрацоўнічаў ізраільска-беларускі сайт (гл. тут, тут…). На жаль, к лету 2018 г. «сіцідог» сапсаваўся; пачаў гнаць фуфло паражняк і захоўваць абразлівыя каменты пад матэрыяламі. Між тым у чэрвені рэдакцыя «прагнулася» перад важнай заходняй дамай і пацерла мноства каментаў з асцярожнай крытыкай на адрас В., начальніцы прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі. Натуральна, цяпер іх не відаць, але паверце, нічога там страшнага не было.

Вас задавальняе такая селектыўная цэнзурка ў стылі пані Рамашэўскай? Мяне – не. Як і тупая «прамакееўская» шпілька ў новым тэлешоў Яўгена Перліна; маўляў, «пісьменніку-пачаткоўцу» Франсуа Аланду не спадабалася ў Мінску, а ў Напалеона было яшчэ больш прэтэнзій да Беларусі… Паслухаць можна тут на 37:34–38:34, але я б не раіў; беражыце вушы. Узровень Тарапунькі & Штэпселя ўзору 1970 года, і гэта не камплімент 😉

Агулам, паглядзеўшы сёлетнія фільмы «Лета» і «Хрусталь» (пераклад назвы намінанта ад Беларусі на «Оскара» як «Крышталь» лічу няўдалым хаця б таму, што ў такім разе ўзнікаюць асацыяцыі з аднайменным віна-гарэлачным заводам), неяк востра адчуў: няма новага пад Сонцам. І забываюцца падзеі мінуўшчыны – ужо і 1990-я, нягледзячы на прысвечаны ім пышны інтэрнэт-рэсурс, робяцца ў Беларусі легендай. Таму папрасіў чытачоў «Катлет…» узгадаць што-небудзь пра той час, асабліва пра 1992–93 гг., калі Рэспубліка Беларусь ужо была, а прэзідэнта ў ёй – surprise! – не існавала.

Слова Юрыю Тэперу (1958 г. нар.):

Некаторыя ганяць той час, а я стаўлюся да яго спакойна. Так, была інфляцыя, але і зарплаты раслі… Уклады ў ашчадкасах абясцэніліся, незразумела было, што рабіць з грашыма. Многія імкнуліся патраціць заробак адразу.

Цікава было глядзець тэлевізар – і расійскія, і беларускія каналы.

У Мінску па тэлефоне можна было званіць бясплатна, не было жэтонаў і картак.

У педінстытуце была добрая шахматная каманда. Якраз паступілі ўвосень 1993 г. Сяргей Карчыцкі, Сяргей Багдановіч, Наталля Папова, Алена Цатуран (яны ўцяклі з мамай з Баку), Валодя Нікіцінскі, Лена Шынкарэнка. Я б сказаў пра тую каманду, дый усю моладзь таго часу, словамі Маргарыты Алігер: «Поколенье взросших на свободе / в молодом отечестве своём». Была вясёлая абстаноўка, адсутнасць страху.

Нехта вырашыў, што мы не секцыя, а клуб (больш самастойнае ўтварэнне). Мы склалі статут на рускай мове, але рэктар не стаў чытаць, сказаў, што дзяржаўная мова ў нас беларуская. Прыйшлося думаць, як перакласці… Пераклалі «для птушачкі» – мо недзе ў архіве і захаваўся тэкст.

Ладзілася шмат турніраў у Палацы шахмат на К. Маркса, 10. Я ўзяў 6-е месца ў «народным турніры»; далі прыз 400 рублёў, а праязны білет каштаваў 380.

Казалі, што паўсюль быў рэкет, прадпрымальнікі баяліся нешта рабіць. Мо таму і выбралі Лукашэнку ў 1994 г. – народ спадзяваўся, што «бязмежжа» не будзе.

У 1993-м я пачаў весці заняткі па шахматах у яўрэйскіх класах школы № 132 (вёў 2 гады). З рэкетам не сутыкаўся.

Пётр Рэзванаў (1974 г. нар.):

У 1992 г. на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ я ўжо год як паступіў, палітыкай яшчэ не цікавіўся. У галоўным корпусе БДУ быў адзін афіцыйны кніжны шапік і адзін неафіцыйны, у будынку хімфака – хутчэй, паўафіцыйны, з наменклатурай, блізкай да рэрыхаўскай бібліятэкі. Падобныя на хімфакаўскі шапікі (ці сталы) былі ў бібліятэцы імя Л. Талстога і ў інтэрнаце Інстытута культуры. Было каля БДУ яшчэ некалькі шапікаў: ва двары, уздоўж праходу, што міма ЗАГСа ідзе ад Ленінградскай да лесвіцы на праспект; адзін з іх кніжны). У квартале дзейнічаў кабельны канал «Семіраміс» з фільмамі з бліжэйшага відэапракату.

Жыццёвыя складанасці неяк мяне не чапалі: ці то дзякаваць таму бацькам, ці то таму, што познесавецкая прапаганда мяне пераканала: быць Дыягенам і жыць у бочцы – гэта крута!..

Рабіў для маці праграму, якая друкавала плацёжкі; яшчэ «банкаўскія цагліны» з «зайцоў» і нават «вавёрак» памятаю.

Зараз паўспамінаю сам (1977 г. нар.):

У пачатку 1992 г. маці на заводзе Арджанікідзэ скарацілі, яна доўгі час не працавала, але галодныя мы не сядзелі, бо айчым няблага зарабляў на мясакамбінаце і меў досыць «талонаў», без якіх мала што прадавалася ў крамах. Я ціхамірна вучыўся ў 9-м класе. У жніўні з маці на тыдзень ездзілі адпачываць у Літву (спыніліся ў Паланзе на кватэры, выбіраліся і ў Клайпеду). Межы заставаліся адкрытыя, літоўцы прымалі cавецкія рублі і даволі ахвотна размаўлялі па-руску. Тыя рублі хадзілі і ў Беларусі як паралельная валюта; «зайчыкі» з’явіліся ў канцы мая, і мы, школьнікі, з гонарам паказвалі адно аднаму новыя купюры.

У 1992–1993 гг. кнігарні, звычайныя і букіністычныя, поўніліся таннымі кнігамі – цэны на іх у параўнанні з 1990–1991 гг. не скокнулі, асабліва на перыферыі. Многа цікавага купіў у Барысаве, куды мы з маці на пару дзён ездзілі да родзічаў, у Шклове, куды мяне ўвосень 1992 г. узялі як трэнера каманды юных шахматыстаў, слабых на зрок… Апрача кніг, з паездак прывозіў плыткі; зрэшты, хапала іх тады і ў мінскіх музычных крамах. Нядорага ў той час каштавалі білеты ў тэатры; я перагледзеў амаль увесь рэпертуар «музкамедыі».

У Палацы дзяцей і моладзі, куды хадзіў «на шахматы» з 1988 г., паціху перапрадаваў тое, што знаходзіў у букіністычных, альбо мяняў на старыя манеты. Зарабляў на гэтым капейкі – вабіў сам працэс. Трэнеры глядзелі скрозь пальцы, а то і самі ўдзельнічалі. Праўда, балгарскі госць аднойчы (улетку 1992 г.) расхваляваўся, не атрымаўшы кнігу па «сваёй» цане, шпурнуў яе ў кут, а мяне абазваў, здаецца, барыгам… Тутэйшы «аўтарытэт» С. нечакана яго падтрымаў – з таго часу я згарнуў «бізнэс». Засталася толькі прыгожая купюра як напамін пра тыя гешэфты.

Цікавасць да палітыкі, моцная на рубяжы 19911992 гг., паступова згасала. Усё менш людзей выходзіла на вуліцы, і постаці зборшчыкаў подпісаў на вуліцах, гэтаксама як палкія прамовы дэпутатаў, ужо неяк не выклікалі даверу.

Трывала вера ў Захад, які нам дапаможа… Сярод таварышаў па школе і шахклубу многа было размоў пра паездкі за мяжу па лініі «дзяцей Чарнобыля», расповедаў пра замежныя дзівосы. Штогод у нашай школе № 79 раздавалі гуманітарную дапамогу – хіба ад немцаў. Аднойчы я нешта ўзяў, другі раз – не (гонар пераважыў).

У верасні 1993 г. пачаў вучыць іўрыт, неўзабаве стаў валанцёрам МОЕКа. І ў «Сахнуце», і ў МОЕКу шчэ адчуваўся энтузіязм ранейшых гадоў.

50-годдзе з дзён ліквідацыі мінскага гета (у кастрычніку 1993 г.) амаль не запомнілася. Прачытаў пра Дні памяці постфактум у газеце «Авив», якая тады прадавалася і ў кіёсках – з лета 1993 г. купляў яе ля Камароўкі. Агулам, набываў шмат газет – беларускіх і расійскіх. Давяраў ім, вядома, куды больш, чым цяпер 🙂 Версію пра перамогу дэмакратыі над чырвона-карычневымі ў кастрычніку збольшага прыняў, як і многія мае аднакласнікі. Праўда, наш ваенрук Генадзь досыць мудра спрачаўся з той версіяй – ды я і сам адчуваў, што ў Маскве нешта пайшло не так… Без радасці пазіраў у тэлевізар на кадры абстрэлу «Белага дома»; эйфарыі, як 21-22 жніўня 1991 г., не было і блізка.

Запрашаю чытачоў прадоўжыць «вечар успамінаў» 🙂 А я адсправаздачуся пра выправу ў Гродна, арганізаваную прадзюсерам Сяргеем Будкіным 7 кастрычніка г. г.

Першая прэзентацыя праекта «(Не)расстраляныя» па-за межамі Мінска прайшла не без шурпатасцей, але ў цэлым годна. Агучыў лекцыю пра Майсея Кульбака – па завядзёнцы, сёе-тое выкінуў, каліва дадаў.

Кіраўнік праекта С. Будкін і аўтар гэтых радкоў (здымкі адсюль)

Акцёрка і танцорка Яўгенія Рамановіч, адказная за «Дом46», павадзіла па пешаходнай вуліцы Савецкай. Узрадавала мяне, што дух выдатнага ідышнага паэта Лейба Найдуса (1890–1918) прысутны ў Гародні…

 

Вуліца Найдуса ў самым цэнтры горада (фота Я. Рамановіч); меню адной з рэстарацый.

 

Гаспадыня «Дома46»; танк ля царквы

* * *

Абяцаў падрыхтаваць да публікацыі на belisrael.info «Палестыну» Рыгора Кобеца, калі будзе 5 заявак. Іх паступіла ўсяго 3, ды што паробіш – не друкаваць жа палову паэмы?.. Let it be, неўзабаве перанабяру яе цалкам.

«Вольфаў цытатнік»

«На любы пункт гледжання кожны мае права. Толькі з гэтага, на жаль, плаўна выцякае права на хлусню» (Марына Ляско)

«Агулам, паўсюль, дзе ёсць выбар з двух, трэба выбіраць трэцяе» (Дзмітрый Быкаў, 28.09.2018)

«Абслугоўваеш людзей творчых. Гэта зона практычнай канфлікталогіі, зона павышанай небяспекі… Там усе гатовыя ў любы момант узарвацца, і ўсе, наогул, перакананыя, што яны – цэнтр сусвету. І гэта правільна. Напэўна, некаторы эгацэнтрызм – гэта ўмова таленту, умова творчай прафесіі. Таму добры прадзюсер мусіць быць яшчэ ў нейкім сэнсе псіхатэрапеўтам» (Аляксей Малабродскі, 02.10.2018).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

11.10.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 11.10.2018  19:38