В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (89)

Чарговы шалом (прахадны, калі хочаце)! Падвесці б рысу пад тэмай шахматных Алімпіяд, бо, як адчуваю, развагі пра гулі вакол 64-х клетак не блізкія чытачам… Але яна звязана з іншымі, больш «сацыяльна значнымі», у тым ліку з тэмай маніпулявання гістарычнай памяццю.

У мінулай серыі згадвалася пра апытанне, паводле якога большая частка наведвальнікаў pressball.by не разумела, навошта Беларусі шахалімпіяда 2022 г. Высветлілася, што кіраўнічка Беларускай федэрацыі шахмат таксама бачыла тую апытанку. Адрэагавала тыдзень таму: «Усё лагічна, людзі вельмі мала ведаюць пра шахматы, іх папулярызацыя пакідала жадаць лепшага. Хаця беларуская зямля была вядомая моцнымі шахматнымі традыцыямі, былі ў нас моцныя ігракі, асабліва ў 80-я гады. Аматары шахмат прыходзілі глядзець матчы, як зараз балельшчыкі ходзяць на футбол. Але потым прыйшлі ліхія 90-я, такія часы былі, што было не да шахмат дакладна. Наш старажытны спорт заняпаў».

Цяжка сказаць, матчы якіх беларускіх ігракоў так ужо наведвалі аматары?! Агулам, уяўленне пра 1980-я гады як пра «залаты век» беларускіх шахмат перабольшана: ззялі асобныя «зоркі» (як і цяпер), а сярэдні ўзровень і папулярызацыя іменна што пакідалі жадаць лепшага. Прыпамінаю, шахматная перадача на беларускім тэлебачанні, пры ўсіх яе станоўчых якасцях, была нуднаватая нават для тых часоў, калі багатага выбару не было; маскоўская «Шахматная школа» з’яўлялася куды больш імпэтнай. Гаваркое і зніжэнне накладу «Шахмат, шашек в БССР»: ад 10000 экз. у першы год выдання (1980) да 2000 у 1986 г. і 1000 экз. у апошнім 1990-м. Не радуюся знікненню таго зборніка-бюлетэня, там-такі было што пачытаць, але, па вялікім рахунку, «отряд не заметил потери бойца». Дый у 1990-х яго змянілі ў Мінску спярша часопіс «Игротека», потым газета «Шахматный мир»… Па-ранейшаму выходзілі публікацыі пра шахматыстаў і ў газетах «Физкультурник Беларуси», «Звязда», шмат дзе яшчэ.

У Беларусі «ліхіх 90-х» працягваў дзейнасць Палац шахмат і шашак, не зачыняліся спартшколы з шахматнымі аддзяленнямі. З 1993 г. у Мінску ці не штогод – дзякуючы Уладзіміру Палею – ладзіліся міжнародныя оўпэн-турніры, даступныя і для аматараў («гуляў калісьці там і я», запомнілася партыя з чэмпіёнам свету сярод невідушчых, міжнародным майстрам Міколам Рудзенскім, якую я прайграў белымі ў дэбюце Сакольскага; «сляпы» заўважаў усе мае памылкі!). Карацей, познесавецкі і ранні постсавецкі перыяд у цэлым не быў фатальным для шахматыстаў Беларусі, асабліва юных. Апошнія атрымалі магчымасць удзельнічаць у чэмпіянатах Еўропы і свету «напрасткі», без пакутлівага адбору на ўсесаюзных турнірах, і ўжо ўлетку 1992 г. мінчук Юрый Ціханаў заваяваў у Германіі першынство свету сярод падлеткаў U-14 (да 14 гадоў). Нямала гойсала па свеце ў 1990-я і чэмпіёнка Беларусі сярод дзяўчат Наста Сарокіна, закладваючы падмурак для свайго цяперашняга віцэ-прэзідэнцтва ў ФІДЭ 🙂

Адзіны факап пачатку 1990-х, які прыгадваю, – зрыў выправы беларускай зборнай на шахматную Алімпіяду ў 1992 г. І тое, здаецца, асноўнай прычынай сталіся памылкі дзяржтрэнера ды іншых дробных чыноў, а не ўсеагульны развал. Грошай на «іміджавыя» паездкі, як правіла, не бракавала: нездарма ж прэзідэнтам тутэйшай шахфедэрацыі ў першай палове 1990-х быў уплывовы бізнэсовец Уладзімір Карагін.

Аўтограф, узяты ў гросмайстра Марка Тайманава падчас міжнароднага турніру. Мінск, 02.03.1995.

Паводле маіх адчуванняў, «заняпад» у сэнсе недафінансавання надышоў у самым канцы 1990-х, пасля таго (можа, і ў выніку таго), як Віктар Купрэйчык прагаласаваў супраць кандыдатуры Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта НАК РБ, а Кірсан Ілюмжынаў стаў ладзіць фэйкавыя трэшавыя чэмпіянаты ФІДЭ. У 2003 г. я спрабаваў прыслаць падмацаванне, ініцыяваўшы выпуск двух шахматных часопісаў, але «на ўшчэрбе» многага чакаць ад гэтых выданняў не выпадала. I ўсё ж…

Ланіта Сцяцко на вокладцы № 1 часопіса «Шахматы» 2003 г.; яна ж – лідэр(ка) беларускай каманды ў Батумі-2018 (справа на фота з twitter.com)

З аднаго боку, прыемна, што ў 2010-х гадах, асабліва з 2017 г., дзяржава зноў цікавіцца шахматамі як чыннікам адукацыйнага працэсу і відам спорту. З другога, залішняе «адзяржаўліванне» нам таксама ні к чаму, яно вядзе да марнаслоўя накшталт: «Толькі ўявіце сабе збор у Мінску ўсёй планетарнай інтэлектуальнай эліты!» (і гросмайстры далёка не заўсёды належаць да «інтэлектуальнай эліты»; што казаць пра гульцоў з рэйтынгам Elo блізу 2000, касцяк большасці зборных), «У маім разуменні ў Мінску і беларусы, і беларускі павінны змагацца за прызавую тройку» (рэальна толькі ў тым выпадку, калі на Алімпіяду не трапяць каманды КНР, Расіі, Украіны, ЗША, Польшчы, Арменіі, Грузіі…). «Будзем працаваць» – файная абяцанка, але за 4 гады наўрад ці мажліва падрыхтаваць зборную экстра-класа, пагатоў што, напрыклад, перспектыўны майстар Міхаіл Нікіценка 2000 г. нар., знаходка сярэдзіны 2010-х гг., прытармазіў свой рост, а 12-гадовыя чэмпіёны (Дзяніс Лазавік, Максім Іваннікаў…) яшчэ не «разагналіся» для Алімпіяды. Няўжо амбразуру закрыюць «супергросы» ва ўзросце пад 50? ¯\_(ツ)_/¯

Калі настроіцца на больш сур’ёзны лад, то Беларусі (у тым ліку і шахматнай) не варта спаборнічаць з усходняй суседкай у амбітнасці ды марнаваць рэсурсы на мэты «планетарнага» маштабу. Найперш вырашыць бы ўнутраныя праблемы: нецярпімасць да іншадумства & прававы нігілізм, няўвага/непавага да ўласнай мінуўшчыны, дакучлівае памкненне ўсё кантраляваць… Так, правілы выканання разрадаў, зацверджаныя пастановай мінспорту РБ 31.08.2018 пры ўдзеле БФШ, яўна шкодзяць развіццю масавых шахмат, перадусім на перыферыі. Вось урывачак з захаваннем арфаграфіі арыгіналу:

«Лбюые шахматные разряды, включая IV, могут выполняться только в турнирах по классическим шахматам с контролем времени не менее 60 минут на партию каждому сопернику (или в предоставленное время плюс дополнительное время, умноженное на 60, составляющее не менее 60 минут). При этом в турнире должны быть сыграны не менее 9 партий (в день играется не более 2-х партий)».

Адзін з найлепшых сродкаў адпужаць навічкоў – прымусіць іх гуляць на вынік не менш за 9 партый з кантролем звыш гадзіны кожнаму… Чаго-чаго, а гэткіх правілаў у 1980-х не існавала: сур’ёзная барацьба за выкананне пачыналася хіба з 2-га разраду, а чацвёрты прысуджаўся ў гуртках ледзь не аўтаматычна кожнаму, хто ўмеў соваць фігуры 😉 І гэта вабіла пачаткоўцаў.

З падобнымі нормамі верхавіна белшахмат у перспектыве рызыкуе застацца «генштабам без войска». Баюся дапускаць, што ўсё так і задумана, – але ж дапушчэнне напрошваецца… 🙁

Каментарый ад шахматысткі з беларускага Светлагорска, якая цяпер жыве ў ЗША (пачатак жніўня 2018 г., FB-акаўнт Уладзіслава Каташука). Падтрымалi некаторыя вядомыя шахдзеячы РБ.

“РЦОП” – гэта Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі (па шахматах і шашках)

Калі б мне зараз было 11-12 гадоў, то, напэўна, будаваў бы жыццё не «па Гельфанду», а «па Бадзякоўскаму», які своечасова перайшоў з шахмат на прафесійную гульню ў покер… Мікіта з Мазыра без усялякіх федэрацый і мінспорту зарабіў не адзін мільён зялёных.

* * *

Запрашаю наведваць сустрэчы з цыклу «(Не)расстраляныя», у якіх сцвярджаецца перамога жывога над мёртвым. Не толькі таму, што «я там быў»: праект насамрэч каштоўны, хоць і не ахапіў ён «масы». Я назваў бы працу Сяргея Будкіна «камернай», ды слоўца гэтае ў кантэксце расповеду пра забітых пісьменнікаў адгукаецца двухсэнсоўна.

Выдатна прайшла, напрыклад, 16 кастрычніка лекцыя Віктара Жыбуля пра забытага паэта Сяргея Мурзо (1912–1937); трансляцыя ў сеціве не дае поўнага эфекту прысутнасці 🙁 Пасля лекцыі і прыгожых спеваў Веры Бурлак, якая ні на хвілю не расставалася з малым сынком, Віктар па просьбе госця з Украіны прачытаў колькі сваіх вершаў. Слухачы не хацелі адпускаць аўтара…

Вера з сынам Эрыкам (ззаду – клавішніца Вольга Падгайская) і Віктар

А вось Сяргея Румаса, хоць дэпутацікі і зацвердзілі яго прэм’ер-міністрам (05.10.2018, лік 105:1 на яго карысць, супраць галасавала Ганна Канапацкая), слухаць аніяк няма ахвоты. Обер-чыноўнік са сваёй заявай пра інфляцыю, якая ў 2018 г. «захаваецца ў калідоры да 6%» і пра тое, што налета «ў нашых прагнозных дакументах зніжэнне інфляцыі да 5%», – першы (зразумела, пасля каго ;)) кандыдат на высмейванне тут. Паводле маіх назіранняў, ад студзеня 2018 г. цэны ў Мінску на асноўныя харчы/тавары выраслі працэнтаў на 10-15. Але несуцяшальную статыстыку заўсёды можна разбавіць, умоўна кажучы, хамутамі і церассядзёлкамі, цэны на якія стабілізаваліся ў мінулым стагоддзі… PROFIT.

Пакуль Першая Нобелеўская не можа вызначыцца, працягваць працу інтэлектуальнага клуба ці не («З верасня, спадзяюся, пачнем зноў», – праказала яна ў красавіку 2018 г., але мудра не ўдакладніла, з верасня якога года :)), разумныя людзі прыязджаюць у Беларусь без запрашэння пісьменніцы. Ірына Хакамада наведае Мінск у лістападзе г. г., Дзмітрый Быкаў – у снежні. А ўжо саўсім скора, 25.10.2018, у канцэртнай зале «Мінск», – творчая сустрэча з Віктарам Шэндэровічам. Перад гэтым ён плануе наведаць і Гомель, дзе некалі жылі яго «бабулі-дзядулі».

Да 21 кастрычніка не позна наведаць «біблійную» выставу ў Нацыянальнай бібліятэцы. Нават скапірую двухбаковы флаер:

Рэклама – бы ў той песеньцы: «Завтра вы увидите / То, что никогда не видели» 🙂

Напэўна, меламанам быў бы сэнс 27.10.2018 наведаць шоу-канцэрт «Сімфанічнае КІНО» з удзелам Юрыя Каспарана (я хадзіў на аналагічную імпрэзу ў кастрычніку 2014 г., спадабалася). Але не магу сцяміць, нашто ў 2018-м прымяркоўваць шоу да 55-годдзя Віктара Цоя? В. Ц. нарадзіўся ў чэрвені 1962 г., значыць, яму ўжо за 56…

Афішка з tut.by, такія вісяць і ў горадзе; аўтар гэтых радкоў «пад Віктарам» у Піцеры (чэрвень 2014 г.)

Ахвотных афіцыйна адзначыць 75-годдзе знішчэння мінскага гета запрашаю на гэтую старонку. Дарэчы, успомніў-такі, што ўвосень 1993 г., падчас юбілейна-жалобных мерапрыемстваў, хадзіў на «Памінальную малітву» ў Купалаўскі тэатр. Уразіў не сам спектакль – я бачыў яго раней – як тое, што сярод гледачоў, недалёка ад мяне, сядзеў тагачасны кіраўнік дзяржавы Станіслаў Шушкевіч, практычна без аховы. На ўваходзе ў залу нікога не «шманалі». Праўда, к таму часу да Шушкевіча ўжо мала хто ставіўся ўсур’ёз – апупея з (не)падпісаннем дамовы аб калектыўнай бяспецы ў СНД падарвала яго пазіцыі, што адчуваў і я, 16-гадовы школьнік.

«Вольфаў цытатнік»

«Калі беларусы апусціліся на самае дно, зверху скінулі каменне» (skarnik.by)

«Я лічу, што вершы 1920–1930-х гг. не састараваюць: так, яны адбітак свайго часу, але актуальнасці не страчваюць... Досвед імкнення да ўласнай ініцыятыўнасці, свабоды, адказнасці за будучыню надзённы і сёння» (Вера Бурлак (Жыбуль), 14.10.2018).

«Там добра, дзе нас няма: у мінулым нас ужо няма, і яно здаецца прыўкрасным» (Антон Палыч Чэхаў, «однажды заметил»)

«Мы прадаўжаем спяваць, / Хоць нас ужо і няма» (БГ)

Вольф Рубінчык,

17.10.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 17.10.2018  23:08

Leave a Reply