Tag Archives: Анна Костина

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (99)

Шалом у перадюбілейным выпуску! 2019-ы ў мяне пачаўся няблага, чаго і ўсім зычу. Удалося, напрыклад, прыцягнуць увагу да недакладнасці ў аўтаінфарматары 33-га сталічнага тралейбуса 🙂 Абвяшчалі «наступны прыпынак – “Альшанская”» замест «Альшэўскага». Вось вы смяецеся, а хтосьці мог і прапусціць момант выхаду. Цяпер усё выпраўлена. Курыце адказ гендырэктара «Мінсктранса»:

4 студзеня зайшоў на старонку Эдуарда Лімонава ў «Жывым журнале». Як бы ні ставіцца да поглядаў «Эдзічкі», пісьменнік ён моцны, таму пачытваю яго новыя запісы (папраўдзе, у іх ужо малавата новага, чалавеку 76-ы год, пачаў паўтарацца і паліць «з гарматы па вераб’ях», але ўсё ж). І вось на што наткнуўся:

«Памылка 451. На тэрыторыі вашай краіны прагляд гэтай старонкі забаронены органамі ўлады». Дарэчы, ацаніце нумар памылкі: адразу асацыяцыі з неўміручым творам Рэя Брэдберы…

У тую ж пятніцу напейсаў у мінінфарм РБ ліст з пытаннем: «Ваша справа?» У наступныя дні лімонаўская старонка то адкрывалася, то не. Сёння, 15.01.2019, першы намеснік міністра П. М. Лёгкі адгукнуўся на мой зварот: «…рашэння аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу https://limonov-eduard.livejournal.com/ не прымалася. Дадзены сайт знаходзіцца ў адкрытым доступе» (no explanation). Ну, дзякуй і за тое – магчыма, было нейкае непаразуменне, звязанае з перыядам святаў.

Партыя НГ (не блытаць з Новым годам) замяніла-такі ў статуце «лёсаванне» на слушнае «галасаванне». А вось адна маленькая, але гордая птушка федэрацыя выпраўляць свае касякі, так разумею, не збіраецца. Віктар Д. Купрэйчык, памерлы ў маі 2017 г., на сайце БФШ па-ранейшаму ў спісе тых, хто павінен заплаціць унёскі за 2018 і 2019 гады. Праўда, перанеслі яго прозвішча з 535-га месца на 541-е.

Рэха 2018-га: увосень была прызначана спецдакладчыца ААН па правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марын. З ейным жа ўдзелам у лістападзе 2018 г. пры падтрымцы NED выйшаў «аналітычны артыкул», даступны на сайце «Сhatham House». Гэты «дом» – інстытут міжнародных адносін, што з 1920 г. базуецца ў Лондане; «фабрыка думкі», да якой, апрыёры, прыслухоўваюцца еўрапейскія палітыкі.

Пачытаў частку, што тычыцца Сінявокай (с. 20-28). Пашкадаваў, што артыкул-рэкамендацыя слаба стасуецца з прыўкраснай місіяй інстытута: «Спрыяць пабудове ўстойліва-бяспечнага, квітнеючага і справядлівага свету шляхам інфарматыўных дэбатаў, незалежнага аналізу, новых ідэй адносна палітычных крокаў…» Дый з тым, што А. Марын казала ў 2013 г.: «Для новых ідэй неабходна задзейнічаць новыя мазгі з Беларусі».

Такое ўражанне часам, што ўплывовым заходнім людзям не проста ўсё роўна, што тут у нас дзеецца з абарыгенамі (гл. для ілюстрацыі «Барвовы востраў» Міхаіла Булгакава), што яны не толькі «здалі» краіну аднаму клану ў 1996 г. (версія 2016 г.), а і зацікаўлены ў палітычнай дэградацыі нашых палестын… Напрыклад, каб было чым палохаць свой электарат. Іначай цяжка зразумець, чаму «Захад» цягам гадоў ходзіць па коле (санкцыі – аслабленне санкцый – грантавая падтрымка «грамадзянскай супольнасці» і/або ўрадавых структур – тлумачэнні, чаму нічога не выйшла, нараканні на «нечаканую жорсткасць» рэжыму і пад.).

Пасля 2014 г., праўда, з’явілася новая цацка: барацьба з расійскім уплывам, дзеля гэтай мэты і падрыхтаваны тэкст А. Марын & Co. Канкрэтна, рэкамендуецца падтрымка Захадам «мяккай беларусізацыі» – розных вышываначных фэстаў, спеўных сходаў etc. Вядома, я не супраць падобных ініцыятыў, асабліва калі яны ідуць «знізу», але будзьма рэалістамі: усё гэта не тычыцца размеркавання ўладных рэсурсаў. Наадварот, альтэрнатыўныя сілы выціскаюцца ў сімвалічнае поле, а то і ў «гета», адкуль ім нялёгка выбрацца. Што характэрна, святкаванне дня Волі 25.03.2018, якое хваляць аўтары, аптымістычна ацэньваючы колькасць прысутных як «мінімум 30 тыс.», ладзілася пад жорсткім кантролем спецслужбаў – і, насуперак дакладу (с. 22), няможна было ў той дзень па вуліцах вольна хадзіць з бел-чырвонымі сцягамі. Чытаем: «На вуліцы Няміга ў цэнтры Менска людзі ў цывільным пачалі кропкава «адлоўліваць» мінакоў, якія трымаюць нацыянальную сімволіку — стужкі, сцяжкі, балонікі». Не кажучы пра такую «драбязу», як затрыманне каля 50 чалавек на пл. Я. Коласа…

Агулам, палітычнае вымярэнне ідэі «сёння мы вольныя на гэтым абмежаваным лапіку, а заўтра – у маштабе ўсёй краіны» ў Беларусі не працуе. Сам чуў, як гэткія лозунгі агучваў лідар БНФ Вінцук Вячорка яшчэ ўвосень 2000 г., калі ў сталічным парку Дружбы народаў ладзіліся пратэсты супраць выбараў у палату прадстаўнікоў, – ну і дзе цяпер той Вячорка? Або сёй-той разглядаў як «рэпетыцыю» жалюгодны захоп пратэстоўцамі часткі (нават не ўсёй) Кастрычніцкай плошчы ў сакавіку 2006 г. Колькі соцень чалавек дзяжурылі тамака некалькі дзён, ды пратэст на раз-два «садзьмуўся» пасля разгону. Было шмат гучных слоў кшталту «Мы ўзялі адказнасьць за Плошчу, мы гатовыя ўзяць адказнасьць за Краіну», а потым – як заўсёды.

Даследчыкі наіўна мяркуюць (хутчэй, імітуюць наіўнасць): «мяккая беларусізацыя» памысная ўжо праз тое, што дапаможа аддзяліць Беларусь ад недэмакратычнай Расіі… Не жадаючы прыкмячаць «даважку»: абуджэння этнанацыяналізму і схільнасці многіх «новых нацыяналістаў» да hate speech, ксенафобіі, гераізацыі сумнеўных гістарычных персанажаў… Усё гэта яскрава праявілася ў пачатку-сярэдзіне 2018 г., напярэдадні адзначэння «Дня Волі» і ў час «абароны Курапатаў», а першыя ластаўкі прыляцелі шчэ ў 2014 г. (выхад маладафронтаўцаў на публіку з партрэтамі Булак-Балаховіча і Шухевіча) і ў 2016 г. («раскрутка» Пальчыса з ягонай схільнасцю да гвалту, дэманізацыя «рэгнумаўцаў»).

Мне хацелася б верыць, што этнічны нацыяналізм здольны да самаабмежавання, што энергію можна скіраваць у мірнае рэчышча і ў «інфраструктуру» (long-term infrastructure), што ён перарасце ў грамадзянскі, аднак, трохі ведаючы ягоных фронтмэнаў, вельмі сумняюся. Дух парламентарызму і вольных дыскусій, прынцыпы прававой дзяржавы ім, як правіла, чужыя. Затое перабольшыць небяспеку з Усходу ды пераняць дэмагогію рэжыму наконт «еднасці» і «абароны незалежнасці» – гэта святое. У гэтым сэнсе – так, дыялог «грамадскай супольнасці» з уладамі ідзе.

Карацей, без энтузіязму ацэньваю перспектывы Анаіс Марын (на фота з n-europe.eu) у якасці праваабаронцы, дарма што яна шмат год «займаецца Беларуссю» і, кажуць, чытае па-беларуску. У лепшым выпадку будзе заступацца за тых тутэйшых «экспертаў», якія падкінулі ёй сыравіну для дакладу. Аднак, калі францужанку дагэтуль не пускаюць у краіну, гэта няправільна… Калі прыедзе хаця б на месяц, то ў яе будзе больш шансаў правесці ўласнае «сацыялагічнае даследаванне». Даведацца, што насамрэч важна для тутэйшых (пры ўсёй павазе да махальшчыкаў, гэта не маханне бел-чырвона-белымі сцягамі) і хто церпіць ад рэжыму больш за журналістаў.

* * *

Нядаўнiя сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным абсмактаны як мае быць. Нехта пісаў, што трэба рыхтавацца да аншлюсу, а мо і да адраджэння СССР (насмяшыў мяне аргумент пра год – «19 – гэта 91 наадварот», і таму, маўляў, небяспека рэстаўрацыі савецкага ладу ўзрастае). Я ж не такі разумны, каб кідацца ў нумаралогію. Зацягну лепей сюды карцінку… Успомніце, адкуль узяты подпіс, усміхніцеся ў вусы: Рыгорычу ж і праўда 64.

«Will you still need me, will you still feed me / When I’m sixty-four» (фота Reuters)

Iзноў куток самапіяру. Напісаў мне кандыдат гістарычных навук, дацэнт Ігар Пушкін (з Магілёва): «З цікавасцю, асалодай і задавальненнем некалькі разоў перачытаў кнігу пра выбраныя катлеты і мухі. Спачатку прачытаў і задумаўся, яшчэ раз прачытаў, як кнігу на яўрэйскія варыяцыі, затым як рэфлексію на палітычныя падзеі. Дзякуй за вельмі інфарматыўную кнігу і думкі!» (05.01.2019). Каму цікава замовіць, звяртайцеся. Вокладку зборніка «Выбраныя катлеты і мухі» (2018) можна паглядзець тут.

Пазнаёміўся з крэатывам ад вядомага ізраільскага журналіста Давіда Шэхтэра: «Ці ёсць у Беларусі яўрэі і што яны думаюць пра Ізраіль» (30.12.2018). Хто мне патлумачыць, што трэба зрабіць, каб у век інтэрнэту не задаваліся тупыя пытанні кшталту «Ці ёсць у Беларусі яўрэі»? Вядома, і самому крыўдна: колькі гадоў сігналізаваў urbi et orbi ў «Анахну кан» (газета), «Мы яшчэ тут!» (бюлетэнь), што мы тут ёсць, а камусьці ўсё адно выгадна рабіць выгляд, што нас няма. Хаця… можа, я занадта сур’ёзна стаўлюся да клікбэйтнага загалоўка? Што скажаш, чытач(-ка)?

* * *

Не забывайма пра юбілеі 2019 года. Напрыклад, 125 гадоў таму нарадзіўся мастак Ісак Мільчын (ён родам з Івенца, загінуў у Мінскім гета ў 1941 г.), 100 год таму – шахматны гросмайстар Ісак Баляслаўскі, які жыў у Мінску чвэрць стагоддзя (з 1951 г.). 75 гадоў у ліпені будзе іншаму шахматысту і трэнеру, Альберту Капенгуту (жыве ў Амерыцы), а 70 год нядаўна, 9 студзеня, споўнілася Людміле Цыфанскай. Некалі шахматыстка выступала за Беларусь, выйграла чэмпіянат БССР 1978 г. па шахматах. Цяпер – у Ізраілі.

Вось яшчэ цікавая персона: Павел Малянтовіч з Віцебска (1869–1940, расстраляны ў СССР), юрыст. Неяўрэй, але да рэвалюцыі, будучы адвакатам, абараняў яўрэяў. Заяўляў, напрыклад: «барацьба за яўрэйскае раўнапраўе – свая справа для рускага чалавека, сапраўдная нацыянальная справа першаснай важнасці». У 1917 г. даслужыўся да міністра юстыцыі Часовага ўраду – паспеў папрацаваць на пасадзе толькі месяц.

28 снежня памёр Амас Оз (1939–2018). Не дажыў да 80-годдзя… Шкада, добры быў пісьменнік, незалежна ад яго палітычных поглядаў. Між іншага, на наступным здымку выразам твару нечым нагадвае Васіля Быкава (1924–2003), якому сёлета ў чэрвені споўнілася б 95.

А. Оз і В. Быкаў. Здымкі з адкрытых крыніц

«Вольфаў цытатнік»

«Cпецыфікай інфармацыі (адрозна ад ведаў) ёсць яе збыткоўнасць і фрагментарнасць. Лішак інфармацыі непазбежна вядзе да павярхоўнасці — спярша ўспрымання, потым, магчыма, і мыслення. Усе гэтыя акалічнасці ўскладняюць выбудоўванне працэдур ідэнтыфікацыі і, адпаведна, вядуць да парушэння працэсаў сацыялізацыі… часта інфармацыя, што сыходзіць з тэле- або камп’ютaрнaй рэальнасці, якая пагружае спажыўца ў спецыфічныя станы і навязвае яму асаблівыя тыпы існавання, уяўляецца больш пераканаўчай, чым падзейнасць штодзённасці» (Ганна Косціна, 2009)

«Фантастыка – гэта навык пабудовы задачы ў максімальна вольных умовах. Калі вы не кажаце адразу самі сабе: Гэта не атрымаецца». «Людзі, якія ганарацца сваімі пакутамі, прымушаюць навакольных пакутаваць. Пакуты не з’яўляюцца школай думкі, яны дапамагаюць нешта зразумець. Але яны не з’яўляюцца крытэрыем ні дабра, ні досведу». «Калі вы хочаце сказаць слова на вякі – кажыце яго з гранічнай сумленнасцю. І пра сябе, а не пра кагосьці» (Дзмітрый Быкаў, 10.01.2019)

«Правільны індывід дазваляе сабе і нянавісць, і канфлікты, прычым, можа быць, нават нямала, але ён робіць гэта з розумам, з карысцю, а не паводле традыцыі, за кампанію або толькі з эмацыйнай патрэбнасці» (Аляксандр Бур’як, 12.01.2019)

«Непрымірымымі да нацыстаў трэба быць безагаворачна, але абавязкова верыць у магчымасць кожнага чалавека мяняцца і расці над сваімі перакананнямі» (Мікалай Алейнікаў, 14.01.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

15.01.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 15.01.2019  23:20