Tag Archives: Израиль Басов

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (82)

Самы літвацкі шалом! Няшмат прычын для радасці, але і сумаваць праз тры гады пасля выхаду першай серыі «Катлет & мух» не дужа сумую. Пакуль што «сябры ў цывільным» не замінаюць назіраць за падзеямі, дзякуй і за тое.

Масавыя затрыманні журналістаў на пачатку жніўня ўварваліся ў найноўшую гісторыю. Адмысловую пікантнасць надало ім тое, што ўсё адбылося пасля скаргі «тожа-журналісткі» – дырэктаркі дзяржаўнага інфармагенцтва Ірыны А., 1974 г. нар. Зрэшты, Ірына – толькі пешка ў гэтай камбінацыі-«шматхадовачцы», як пешкай выявілася экс-міністарка інфармацыі імем Лілія ў «справе рэгнумаўцаў» напрыканцы 2016 г.

Многа пра «наезды» на tut.by (адразу аднавіліся жарты пра «нармалізацыю» Зісера), «БелaПАН», офісы дзяржаўнай (!) газеты «Культура», падуладнага выдавецтва «Беларуская навука», etc., казаць не буду. Хіба тое, што вірус істэрычных празмерных рэакцый (ВІПР) па-ранейшаму гуляе ў грамадстве, асабліва ў асяроддзях ідэолагаў і «сілавікоў». З другога боку, дзеянні апошніх па-свойму лагічныя: cпецыяльна навучаныя следчыя з дробных памылак, якія здараюцца ў кожнага, здольныя раздзьмуць цэлую справу… Як мінімум на штраф для падследнага; штрафы ж, натуральна, папаўняюць не толькі дзяржбюджэт, а і прэміяльны фонд «асабовага складу» таксама.

Засмуціўся пасля смерці 46-гадовага музыкі Аляксандра Кулінковіча (не сустракаўся, але былі агульныя знаёмыя, дый які ўзрост!..). А яшчэ – пасля таго, як убачыў рэпліку, што пакінуў у пэйсбуку 1 жніўня Сяргейка Валенка. Прозвішча яго я крыху змяніў, бо раптам гэты чэл перадумае, ці перадумаў ужо?.. Раней-то ён лазіў са сцягам на дрэвы і лічыўся ледзь не тварам беларускага супраціву; у 2012 г. Павел Касцюкевіч, атрымаўшы літпрэмію, заявіў, што частку яе перадаe самаахвярнаму віцьбічу.

Папраўдзе, не здзіўлены (раней пісаў пра Дзяніса У. з Лагойска ды іншых). Тут яшчэ такое… У тутэйшай «апазіцыі» па-ранейшаму вядзе рэй «правіца», занадта залежная ад павеваў з Украіны і Польшчы. Краін, дзе аматары монаэтнічнасці любяць кідацца ксенафобскімі лозунгамі (у т. л. пра «жыдакамуну»), а часам пераходзяць ад слоў да справы.

Тым часам «сматрашчая» адміністрацыі прэзідэнта Наталля К. села на свайго ўлюбёнага коніка і зноў параўнала дзяржаву з сям’ёй (прыпамінаю гэтае ейнае параўнанне з 2017 г., калі набягалі пратэсты супраць «антыдармаедскага» дэкрэта № 3). Сям’я, маўляў, перажывае розныя перыяды, але ў выніку робіцца толькі мацнейшая.

Паралель няўдалая хаця б таму, што ў Беларусі палова шлюбаў распадаюцца… Дзяржава ж не можа сабе дазволіць рызыку існавання «фіфці-фіфці». Ну і «сямейная», патрыярхальная або матрыярхальная рыторыка, зараз выглядае як локшыны на вушы («трэба пацярпець», «сцярпіцца-злюбіцца», а там і да «б’е – значыць, любіць» недалёка), што цынічна вешаюцца носьбітам старамодных узораў палітычнай культуры. Але чаму «выглядае»? Так і ёсць.

Верхавіна чынавенства, да якой належыць сама Ната К., даўно будуе дзяржаву на манер карпарацыі з велізарнымі бонусамі «менеджменту» і бязлітаснай, як правіла, эксплуатацыяй нізавых работнікаў. «Сям’я» ў гэтым кантэксце шануецца толькі адна, і ўсе ведаюць яе прозвішча. Як слушна заўважаў Ігар Аліневіч гадоў 6 таму: «На чале карпарацыі стаіць савет дырэктароў з міністраў і кіраўнікоў камітэтаў пры Савеце міністраў. Яны – не гаспадары, а ўсяго толькі топ-менеджэры. Любы з іх заўтра можа апынуцца нікім… Людзі для карпарацыі – расходны матэрыял. Заўсёды знойдзецца патрэбная колькасць беспрынцыповых кар’ерыстаў, гатовых па касцях лезці ўверх і папоўніць кіруючы клас, атрымаўшы для гэтага неабходную адукацыю і адмовіўшыся ад сумлення. Астатнія хай дэградуюць, эмігруюць…».

Насамрэч, вядома, дзяржава мае быць не «сям’ёй» і не карпарацыяй, у якіх выбары – толькі фікцыя, а саюзам вольных аратых грамадзян. З іншага боку, дзе такіх набрацца пасля дзесяцігоддзяў дэкадансу? Шчэ ў 1990-х гадах Фелікс Баторын напісаў песімістычны вершык: «Мітусімся, а карысці / Бы камарык той натоўк / Мо хто кімсьці й быў калісьці / Ды сягоння мы натоўп». Канчаецца ж ён так: «Грамадзяне, грамадзяне, / Дзе знайсці нам грамадзян?»

Тэстам на грамадзянскую спеласць для членаў адной (але прыкметнай – у ёй амаль 2000 членаў) грамадскай арганізацыі можа стаць абуральная гісторыя з брэсцкім трэнерам Уладзіславам Каташуком. Маю на ўвазе Беларускую федэрацыю шахмат і рашэнне яе выканаўчага камітэта ад 30.07.2018 аб выключэнні Каташука з БФШ. У адрасе старонкі з рашэннем «1934», дык мне адразу падалося, што яно было прынятае ў сталінскім 1934 годзе… («няма чалавека – няма праблемы» (С))

Cп. Каташук, ураджэнец Лунінца, яшчэ ў юнацкія гады праславіўся як шахматны кампазітар, а цяпер – ужо звыш 20 гадоў, з падачы Уладзіміра Шапіры – паспяхова займаецца педагогікай. Быў лепшым трэнерам Беларусі 2009 г. паводле версіі сайта БФШ. Напэўна, адзіны ў краіне, хто пісаў сатырычныя казачкі пра людзей шахмат. Чалавек няпросты і канфліктны; тым не менш у 2017 г. «дружны калектыў» абраў яго старшынёй Брэсцкай гарадской шахматнай федэрацыі.

У сярэдзіне ліпеня актывіст на сваёй інтэрнэт-старонцы, што існуе з 2006 г., раскрытыкаваў сістэму адбору на дзіцячыя першынствы за мяжой. Крыху пазней зачапіў і старшыньку БФШ, выбраную летась не без удзелу высокіх чыноўнікаў. Рэакцыя была хуткая… Каташуку нават не далі магчымасці абараніць сябе на тым ганебным пасяджэнні выканкама.

Некалі я думаў, што лозунг ФІДЭ «Gens una sumus» перакладаецца як «Мы – адна сям’я». Толькі нядаўна даведаўся, што «gens» значыць хутчэй «племя» (!). Увосень будуць выбары ў ФІДЭ; трэба спадзявацца, што новы прэзідэнт памяняе дэвіз, бо «як карабель назавеш, так ён і паплыве». Апошнім часам у Сусветнай шахматнай федэрацыі і многіх нацыянальных норавы сапраўды характэрныя, хутчэй, для першабытнаабшчыннага ладу, і «непаліткарэктная» казачка пра неграў і белага па сутнасці дакладна перадае ўзровень каляшахматных дачыненняў.

Трохі крыўдна ад таго, што кіраўнічка БФШ (следам за кіраўніком ЗША, што так сабе апраўданне) блытае прыватнае і грамадскае… З уласнай школы шахмат яна магла б «папрасіць» трэнера, а з грамадскай суполкай не ўсё так проста. Адэкватным адказам было б не выбіраць Каташука ў выканкам і/або апублікаваць пра яго фельетон у сваіх «Адкрытых шахматах», тыпу гэтага (гл. рэпліку пра «жоўтую лавачку»). Але ВІПР – ён заразлівы. Да яго дадалася і лалітыка, прыкрыццё сваіх адыёзных крокаў інтарэсамі дзяцей.

Зараз найбольш цікавіць тое, які адпор свавольству выканкама дадуць аўтарытэтныя трэнеры і людзі шахмат (большасць іх, адрозна ад мяне, уваходзіць у федэрацыю). Cарокінская спроба маргіналізаваць аўтара «Брэсцкіх шахмат» («Гэта асабістае меркаванне аднаго канкрэтнага чалавека») «накрылася медным тазам»: Каташука ў той ці іншай ступені падтрымалі cтаршы трэнер Гродзенскай вобласці Раман Дабкус, яго вопытны калега з Пінска Валерый Мандроўскі, магілёўскі «грос» Сяргей Каспараў… А вось як выказаўся 09.08.2018 гросмайстар ІКЧФ, міжнародны арбітр, трэнер з мінскай СДЮШАР-11 Дзмітрый Лыбін: «Відавочны пераслед за крытыку. Я па тэлефоне сказаў Сарокінай, што калі так, то трэба выключаць і мяне, і ўсіх іншых незадаволеных дзейнасцю іх “Трэнерскага савета”, які ўсё часцей ігнаруе прынцыпы спартыўнага адбору. Гэта пачалося не сёння і не ўчора… На жаль, у БФШ ёсць шматгадовы галоўны прынцып – “Я Мачалаў, ты дурак”». Нагадаю, майстар Яўген Мачалаў, 1951 г. нар., былы дзяржтрэнер па шахматах, а цяпер старшыня трэнерскага савета БФШ – той чалавек, які настояў, каб у 2004 г. на сусветную Алімпіяду не ўзялі майстра Андрэя Малюша, дарма што Малюш меў права быць на спаборніцтвах як чэмпіён Беларусі. У 2008 г. сп. Яўген разам з іншымі чыноўнікамі ад спорту падпісаў адкрыты ліст да начальства супраць недзяржаўнай спартыўнай газеты «Прессбол» – на шчасце, праз гэтую цыдулу яе не закрылі.

 

На фота з twitter.com, шахматистам.рф і superproblem.ru: Н. Сарокіна, Я. Мачалаў, Ул. Каташук

Я распісаў «прыватны» выпадак таму, што ў ім, як у кроплі, адбіваецца стаўленне істэблішменту да тых, хто жадаў бы штосьці ўдасканаліць… Удасца адмяніць (або прынамсі змякчыць) рашэнне ад 30.07.2018 – значыць, з’явіцца шанс на лепшае ў спартовай галіне, дзе Нацыянальны алімпійскі камітэт ужо звыш 20 гадоў узначальвае чалавек, падобны да прэзідэнта. Вясна 2018 г., у прынцыпе, нават яго прыхільнікам паказала, што дакіраваўся, і ўсё ж на заржавелым маторы, з «выдатна» адрамантаваным у 2012–2018 гг. стадыёнам «Дынама», «мы едзем уперад», да Еўрапейскіх гульняў чэрвеня 2019 г.

Афіцыйная старонка ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама, 10.08.2018. Інфа пра шахматы састарэла на 5 гадоў; ніхто (!) з пералічаных асоб ужо не займае названыя пасады, а БФШ перабралася ў офіс «Школы шахмат».

Пакуль што, на жаль, «шэрыя пачынаюць і выйграюць» не толькі ў шахматах, футболе, хакеі… Напрыклад, як адбіраліся кандыдаты ад Беларусі на «Еўрабачанне» – асобная песня.

Няйначай чалавекі ў футаралах «папрасілі» выправіць кур’ёзны надпіс на роварнай краме («Велописеды»), адзначаны мной тут, – цяпер там, на вул. Дуніна-Марцінкевіча, 3, проста «Viva Rovar». Пару гадоў таму «чапляла» неардынарная выява на дзіцячай бібліятэцы № 12 – страшылкі з мультфільмаў вабілі: «Чытаеш? Тады ідзі да нас». Яна пратрымалася некалькі месяцаў; потым, пэўна, каб «дзеці не плакалі», смешных пачвар замянілі на хлопчыка і дзяўчынку ў знаёмым саладжавым стылі. Цяпер во дыскусійны мурал на Варанянскага знішчаны…

Кожны з эпізодаў паасобку – драбяза, а ў спалучэнні яны прыводзяць да таго, што маладыя-таленавітыя адсюль уцякаюць. Замест іх у Беларусь трапляюць тыя, чые поспехі, кажучы лагодна, засталіся ва ўспамінах. Дыега Марадона, толькі-толькі прызначаны ў брэсцкі футбольны клуб, ужо запляміўся мінімум двойчы: «тэндэнцыя, аднака».

Куток пазітываў. Адкрылася ў Мінску доўгачаканая выстава Меера Аксельрода, 15 жніўня ў Нацыянальным мастацкім музеі намячаецца вернісаж Ізраіля Басава. На «Славянскім базары» ў Віцебску, дзейкаюць, няблага выступілі ізраільцы з шоу-балета «Візаві», ансамбля саксафаністаў «Бэйт-Шэмеш» і гурта «Gefilte Drive». Шчыра кажучы, знаёмы толькі з творчасцю апошняга калектыва: такі ёсць там «амаль панкаўская адэская бесшабашнасць».

«Вольфаў цытатнік»

«Наша краіна – гэта краіна аксіём. Бескарысна даказваць, усё ўжо даказалі. А Украіна – вотчына тэарэм». «Мужчына абавязаны быць цвёрдым або павінен лячыцца. Каб не ганьбіць вечныя каштоўнасці, завешчаныя нам правадырамі і сняданкамі турыстаў». (Аляксандр Кулінковіч, 2007, 2008).

«Наша дзяржава не забойца. Як забойца наша дзяржава паводзіла сябе пры таварышу Сталіну. Зараз наша дзяржава – хуліган.

Як паводзяць сябе хуліганы? Паказальна па-хамску, іхнія паводзіны задзірліваабсурдныя. Яны могуць вас пабіць, абакрасці. Хуліганы часта бываюць насмешлівыя, ім важна не проста прычыніць вам боль – ім важна вас прынізіць…

Карная сістэма дакладна ўлавіла дух эпохі – дух хуліганства. Ім трэба здзеквацца з вас – таму ў любы момант да любога з вас могуць прыйсці і пасадзіць за якуюсьці карцінку, якую вы нават не помніце» (Антон Арэх, 09.08.2018).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

10.08.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 10.08.2018  19:04

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (80)

Ізноў-такі шалом! Час бяжыць, нештачкі мяняецца да лепшага, нешта – да горшага, нешта зусім не мяняецца. Вось і серыял у 2015–2018 гг. прэтэндаваў быў на тое, каб быць выспачкай стабільнасці. Удала ці не, вырашаць чытачам-гледачам.

Бянтэжыць апошнім часам раз… гільдзяйства па-ізраільску, калі левая рука не ведае, што робіць правая. У сакавіку свет абляцела навіна пра тое, што загадчыца гаспадаркі ізраільскага пасольства ў Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы пазбавілася ад металічнай скульптуры, якая каштавала мінімум 100 тыс. долараў, без згоды кіраўніцтва… Шмат у чым расчароўвае і якасць працы пасольства ў Мінску: Алон Шогам, які працуе тут паўтара года, наўрад ці горшы за свайго папярэдніка Шагала (цяжкавата быць горшым…), аднак і ён дапусціў нямала, мякка кажучы, спрэчнага.

Сёлета, дый летась, нямала беларусаў, ахвотных трапіць у Ізраіль, каб наведаць сваякоў ці проста пабачыць блізкаўсходнія цікавосткі, атрымалі «халодны душ». Некаторыя нават сядзелі ў «малпоўніку» аэрапорта Бен-Гурыёна не адны суткі, перш чым іх адправілі назад. Гэта ценявы бок бязвізавага рэжыму: зараз рашэнне, пускаць або не пускаць турыстаў у краіну, спехам прымаецца афіцэрамі пагранічнай службы.

У маі беларускія дыпламаты мелі, здаецца, сур’ёзную размову з ізраільскімі, нейкі пратэст быў заяўлены на ўзроўні віцэ-прэм’ера РБ… І вось надоечы пасол Ізраіля ў Мінску вымушаны быў даць тлумачэнне: «У Ізраіль едзе нямала людзей, зацікаўленых там працаваць. Таму ізраільская памежная служба часам забараняе ўезд. Нават, прызнаюся, памылкова, людзям, якія не хацелі туды ехаць працаваць. Але што рабіць… Падалося службоўцам, што так і было» (tut.by, 09.07.2018). Натуральна, такія меланхалічна-адстароненыя развагі не задаволілі ні дэпартаваных, ні большасць патэнцыйных турыстаў. Наведвальнікі пачалі кідаць кпіны кшталту: «Трэба і нам пры ўездзе кожнага другога яўрэя на Акрэсціна завозіць, правяраць на тэрарызм» (рэйтынг камента: +106-10), «Што значыць падалося? Калі падаецца – маліцца трэба. На такіх пасадах павінны працаваць прафесіяналы» (+74-1). Рэзюмаваў «Цар» з Беларусі: «Заўсёды лічыў Ізраіль разумнай дзяржавай, з развітай прававой сістэмай, а тут такое. Ну дык трэба туды і не ездзіць…» (+72-1).

Міжведамасныя канфлікты (у гэтым выпадку – паміж міністэрствамі замежных спраў і турызму, з аднаго боку, і ўнутраных спраў, з другога) – звычайная справа ў Ізраілі. І падобна, што нават прэм’ер-міністр не мае паўнамоцтваў, а мо жадання, каб іх развязаць. Свежая інфа пра кіраванасць краіны: 9 ліпеня Нетаньягу заяўляе, што разам з Ліберманам вырашыў неадкладна закрыць КПП «Керэм Шалом» (паміж Ізраілем і сектарам Газа); назаўтра пункт працуе, як нічога ніякага.

Няўзгодненасць дзеянняў, што вынікае з не(да)кампетэнтнасці службовых асоб, можа мець і трагічныя вынікі. Адна з трагедый адбылася не ў сутычках з палесцінцамі, а ў «мірнай» пустыні Арава. Нагадаю: інструктар курсаў перадармейскай падрыхтоўкі не меў ліцэнзіі, і кіраўніцтва пра гэта ведала. Старшакласнікаў, пераважна дзяўчат, не папярэдзілі пра рэальную небяспеку паходу па рэчышчы Нахаль-Цафіт і пра зменлівае надвор’е, 26.04.2018 яны трапілі ў пастку… Паводка ўнесла 10 маладых жыццяў.

17-гадовы Цур Альфі мог бы выбрацца са смяротнага рэчышча, аднак ратаваў іншых і спазніўся… Ён загінуў як герой; зрэшты, краіну, якая «на роўным месцы» мае патрэбу ў героях, шчаснай не назавеш.

Звонку выглядае, што Біньямін Нетаньягу, 1949 г. нар., пры ўсіх яго станоўчых якасцях, усё ж «заседзеўся» на сваёй пасадзе, якую займае з сакавіка 2009 г. Тое, што ён не толькі прэм’ер-міністр, а і міністр замежных спраў (з 2015 г.), наўрад ці ідзе на карысць тым самым справам. Гэтая георгіеўская стужка 9 мая, «вась-вась» з Пуціным… Ужо даўнавата, відаць, дзейнічае прынцып Пітэра.

Іншы палітычны доўгажыхар нядаўна адзначыў 24 гады ва ўладзе. Дакладней, «Рыгорыч» у ёй акурат чвэрць стагоддзя: калі дэпутата Лукашэнку з падачы старшыні Вярхоўнага Савета ў чэрвені 1993 г. выбралі старшынёй часовай камісіі, ён атрымаў рэальныя рычагі ўплыву на чыноўнікаў, да яго пацягнуліся актывісты з КДБ, МУС… Задачай той камісіі было змаганне з карупцыяй, пад гэтым жа сцягам яе старшыня выйграў выбары 1994 г. Наколькі паспяхова змаганне вялося ўвесь гэты час, можна скеміць нават з апошніх навін. Бяруцца пад варту кіраўнікі сярэдняга звяна і «крыху вышэйшага за сярэдняе» (дырэктар Палаца спорту, старшыня райвыканкама, намеснік міністра, а то і экс-міністр), не кажучы пра бізнэсоўцаў, і канца-краю гэтаму не відаць. Напрошваецца выснова – у Беларусі, нягледзячы на ўсе пагрозлівыя варушэнні вусамі, за 20 з гакам гадоў так і не створана сістэма эфектыўнага падбору кадраў ды іхняга стымулявання.

Рыба псуецца з галавы. Калі Канстытуцыя перапісваецца пад аднаго чалавека, калі дзеці адной службовай асобы заранёў маюць прывілеi ды лезуць шпунтамі пад усе бочкі, то цяжка чакаць самаадданасці ад падначаленых. Які сэнс потым жаліцца, што нават у адміністрацыі прэзідэнта нейкі начальнік аддзела «злоўжываў службовым становішчам»… У 2005 г. я атрымаў паперку аб заканчэнні першых «антыкарупцыйных» курсаў у Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы, так што ведаю, пра што разважаю 🙂

Калі сур’ёзна, то не пераацэньваю вартасці тых сумбурных курсаў. І без іх наступствы адмоўнага адбору ў дзяржаўнай сістэме – а таксама ў «трэцім сектары» – кідаліся б у вочы.

…Некаторыя будуць дзівіцца, адкуль «растуць ногі» ў падвышэння(ў) пенсійнага ўзросту і ў «антыдармаедскіх» дэкрэтаў. Ну, трэба ж кімсьці заткнуць дзіркі, якія вылазяць у бюджэтах, не? 🙁 Дапускаю, нехта даўмеўся ўжо і да хітрай схемы: падштурхнуць сотні тысяч беспрацоўных – пад пагрозай занясення ў спіс «дармаедаў» – да рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Потым можна паказаць графік з ростам долі малога бізнэсу ў Беларусі экспертам з МВФ і Сусветнага банка, дастаць новыя крэдыты… Няўжо забугорныя эксперты пойдуць правяраць, працуюць насамрэч тыя ІП або не? 😉

Нямала ў свеце й пазітываў. Кітайскія ўлады выпусцілі з-пад хатняга арышту ўдаву нобелеўскага лаўрэата Лю Сяабо, якую зваць Лю Ся, і дазволілі ёй выехаць за мяжу (у час арышту бедная Люся зарабіла сабе масу хваробаў). Яе вершы – «сумесь шоўка і жалеза» (С).

У Віцебску па вуліцы Шагала, 5а, адкрылі выставу «Осіп Цадкін. Вяртанне», якая прадоўжыцца да 18 ліпеня, у Барысаве, як нагадвае Аляксандр Розенблюм з Ізраіля, пяць год ужо дзейнічае экспазіцыя «Барысаў яўрэйскі» (арганізатар – мецэнат Уладзімір Слесараў). У Бабруйску пенсіянеры вывучаюць – або ўспамінаюць – ідыш, а рабін Шауль гатуе макарону і ратуе сцены старой сінагогі.

Памяркоўны гумар: «Пагонi» з макароны і бульбы, створаныя нейрасецівам. Фота адсюль.

Ёсць неблагія шансы на тое, што ў кастрычніку 2018 г. на будынку музея ў Мсціславе за кошт фундатараў будзе ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар земляка, мастака Ізраіля Басава (1918–1994). Калі за справу ўзяўся сам дырэктар Магілёўскага абласнога мастацкага музея Аляксандр Хахракоў, яна, дальбог, проста не можа не скончыцца поспехам!

Праславіліся і Калінкавічы – у горад на Гомельшчыне завітала група акцёраў з Купалаўскага тэатра, паказалі спектакль па кнізе «Радзіва “Прудок”» Андруся Горвата. Між іншага, у гэтай кнізе ёсць і «яўрэйскія» згадкі: «У 1920 годзе Прудок быў уцягнуты ў савецка-польскую вайну, і мой прадзед схаваў у пограбе сям’ю габрэяў… Каб даведацца, што габрэяў, якіх хаваў у пограбе мой прадзед, звалі Зэльдай і Ізыкам, мне давялося сёння выпіць сто грам самагонкі з інфарматарам», etc.

У Мінску Андрэй Хадановіч апублікаваў новы пераклад з Мойшэ Кульбака – гэты верш даступны ў «Нашай Ніве» (дадам, за саветамі яго перакладаў Генадзь Кляўко). Выдавец Раман Цымбераў задумаў «габрэйскую серыю», дзе першым пунктам – Кульбакавы «Зельманцы» ў новым, завершаным ужо перакладзе Андрэя Дубініна.

А вось мінская прэзентацыя кнігі французска-брытанскай даследчыцы Клер Ле Фоль у канцы чэрвеня 2018 г., лекцыя гэтай доктаркі навук пад эгідай пасольства Францыі, яе інтэрв’ю выклікаюць змяшаныя пачуцці. З аднаго боку, кажуць, кніга 2017 г. напісаная паводле дысертацыі, якую я чытаў у 2006 г. і збольшага ўпадабаў. З другога… бясспрэчна таленавітая аўтарка, нягледзячы на мае з ёй дыскусіі (напрыклад, тут), так і не пазбавілася ад фанабэрліва-паблажлівага стаўлення да калегаў, і гэта псуе ўвесь «кампот». У інтэрв’ю: «Беларусь проста ігнаруе праблему [датычнасці беларусаў да Катастрофы яўрэяў], нібыта яе няма. Гэта яшчэ савецкі падыход. Былі і праведнікі, якія ратавалі габрэяў падчас вайны, і былі калябаранты — і ў Беларусі, і ў Літве, і ў Польшчы. У Беларусі, напэўна, у меншай ступені, але ніхто гэтага не вывучаў». Так ужо і «ніхто»? Таксама не спецыяліст у гісторыі Другой сусветнай вайны, з ходу (à brûle-pourpoint) згадаю, аднак, тутэйшых гісторыкаў Аляксея Літвіна, Ігара Сервачынскага, Алеся Белага… Шчэ ў пачатку 1990-х гадоў падрабязна распавядаў пра юдафобію ў калабаранцкіх выданнях Сяргей Жумар.

Даволі павярхоўна трактуе даследчыца з Саўтгемптана і больш знаёмыя ёй праблемы: «Я вывучала спадчыну Зьмітрака Бядулі, гэта клясык, і гэта ён стварыў ідэю дружбы паміж габрэямі і беларусамі, міт аб талерантнасьці беларусаў». Можа быць, тут цяжкасці перакладу або наўмыснае спрашчэнне ад «Радыё Свабоды»… Насамрэч ідэя «дружбы народаў» закладвалася ў беларускіх нацыянальных колах перад першай расійскай рэвалюцыяй – сярод іншага, з мэтай больш эфектыўна процістаяць імперскаму ўціску. З першых выпускаў газета «Наша Ніва» (заснаваная ў 1906 г.) усцяж прапагандавала, калі ўжываць сучасную тэрміналогію, талерантнасць беларусаў да яўрэяў, пра што пісалі Іна Соркіна… і мая жонка Святлана Рубінчык. Змітрок Бядуля, пры ўсёй да яго павазе, пазнаёміўся з газетай толькі ў 1909 г., пачаў жа рэальна ўплываць на грамадскую думку прыкладна ў 1912 г. – так што не стварыў ён ідэю, а падтрымаў і зрабіўся ейным «жывым увасабленнем».

На жаль, для К. Ле Фоль, як і для многіх іншых замежных госцяў, сімвалы/жэсты часцяком апынаюцца важнейшымі за рэальнасць («грамадства спектаклю» руліць 🙁 ). Іначай мне цяжка сабе патлумачыць, чаму яна лічыць «самым высокім момантам у беларуска-габрэйскіх стасунках» пачатку ХХ ст. дэкларацыі Самуіла Жытлоўскага 1921 г. На той час міністр нацыянальных меншасцей Беларускай народнай рэспублікі прадстаўляў хіба купку сваіх знаёмцаў, дый сама БНР перайшла ў разрад эмігранцкіх летуценняў. Рэальна пік названых стасункаў выпаў на перыяд з лета 1917 г. да вясны 1918 г., калі яўрэі і беларусы стварылі адзін спіс перад выбарамі ў Менскую думу, калі ва Усебеларускім сходзе ўдзельнічалі і яўрэйскія дэлегаты, калі ў протаўрад БНР (Народны сакратарыят) увайшлі даволі ўплывовыя прадстаўнікі «абшчыны», Белкінд і Гутман, калі ўстаўныя граматы БНР рэдагаваліся і па-беларуску, і на ідышы…

Няма сувязі паміж малапаспяховымі міжнароднымі захадамі Жытлоўскага (1921–1923 гг.) і тым, што «ідыш быў прызнаны дзяржаўнай мовай у БССР». Калі каму і дзячыць за афіцыйнае прызнанне ідыша ў 1920–30-х гадах, дык падпісантам Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці ССРБ (31 ліпеня 1920 г.), дзе гаварылася пра роўнасць чатырох моў, – у прыватнасці, бундаўцу Арону Вайнштэйну, старшыні Менскай гарадской думы ў 1917–1918 гг.

«Вольфаў цытатнік»

«Гламурызацыя вайны часта правакуе яе пачатак, таму што людзі не вельмі разумеюць, што такое на самай справе вайна» (Ірына Прохарава, 11.04.2018)

«Бясконцая множнасць крыніц абясцэньвае інфармацыю як такую, а таксама абнуляе маральнае ўздзеянне любой падзеі». (Дзмітрый Быкаў, 10.07.2018)

 

Вольф Рубінчык, г. Мінск

11.07.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 11.07.2018  15:49

Водгук д-ра Ю. Гарбінскага (12.07.2018):
Чарговы выдатны тэкст. З глыбокай – і таму «жывой»  аналітыкай.