Tag Archives: Юрий Гарбинский

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (111)

Дабрыдзень! «А што там на/ва Украіне?» – цікавяцца многія з нас/вас. Доктар гістарычных навук Юрась Гарбінскі, які цяпер выкладае паліталогію ў Люблінскім універсітэце, нават пайшоў у міні-заклад (на кубачак кавы), што выйграе П.А.П. Шчыра кажучы, зараз і мне інкумбент – сітуацыйна згаджаюся з «сонцападобным»! – здаецца крыху меншым ліхам. Асабліва пасля таго, як «слугу народа» падтрымалі такія вялікія чалавеказнаўцы, як выпускніцы журфаку БДУ Г. Айзенштадт, С. Алексіевіч. Дый «двойчы адстаўнік» С. С. Шушкевіч, каторы ў чэрвені 1993 г. ужо даў быў шанс «маладому і перспектыўнаму» дырэктару саўгаса: «Зяленскі ні ў якім разе не прарасейскі тып... Калі ўкраінцы яму давераць свае галасы, то, мяркую, разбярэцца з часам ён і з унутранай палітыкай, і са знешняй» (03.04.2019). Як там нехта казаў: «калі яны супраць, то я за…»? 🙂

З другога боку, нават пройгрыш Парашэнкі дзяржаву наўрад ці разваліць. Усё-такі за пяць постмайданных гадоў у палітыкуме нашых паўднёвых суседзяў коса-крыва, але пачала вымалёўвацца парадыгма з убудаванай «абаронай ад дурня». Прадстаўнік «Руху Салідарнасці “Разам”» Вячаслаў Сіўчык, які доўга жыў ва Украіне, песімістычна глядзіць на яе будучыню ў выпадку абрання шоўмена… Але во як на развагі з папярэдняй серыі «Катлет…» адгукнуўся няўтомны сацыял-дэмакрат Анатоль Сідарэвіч (допіс ад 06.04.2019).

Ва Украіне парламенцка-прэзідэнцкая сістэма. Абранне Зяленскага не азначае адстаўку Гройсмана і яго кабінета. Зяленскаму давядзецца ісці ў Раду, каб прызначыць міністраў абароны і замежных спраў (абарона, замежныя справы і нацыянальная бяспека – прэрагатывы прэзідэнта). А ў Радзе – блок Парашэнкі і яго саюзнікі. Вынікам можа стаць тое, што ва Украіне і міністр замежных спраў, і міністр абароны будуць з прыстаўкай “в. а.”. На прыкладзе в. а. міністра аховы здароўя Украіны мы бачым, да якіх скандалаў гэта прыводзіць. Далей: в. а. могуць стаць і шэф Службы бяспекі, і, здаецца, начальнік генштаба ды і сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны.

Не выключаныя канфлікты паміж кабінетам міністраў, на баку якога большасць Рады, і прэзідэнтам. Так, сапраўды пахне “шатдаўнам”.

Сабатаж таксама не выключаны. Каманды ў Зяленскага няма. Пасадзіць кампетэнтных людзей на ключавыя пасады нават Каламойскі з яго сувязямі не зможа. Ды калі адны людзі Каламойскага пачнуць тыя пасады займаць, гэта выкліча скандал і на рэпутацыю Зяленскага не спрацуе.

Не забывайма: наперадзе – выбары ў Раду. Інтэрвал паміж прэзідэнцкімі выбарамі і выбарамі ў Раду апаненты Зяленскага-прэзідэнта выкарыстаюць на ўсю катушку, каб паказаць яго некампетэнтнасць, каб атрымаць у Радзе большасць і звязаць яго па руках і нагах. Гройсман – граматны менеджар, гаспадарнік – можа выставіць Зяленскага дурнем. І яму дапамогуць дасведчаныя ў пытаннях эканомікі і фінансаў Парашэнка ды іншыя. Зняцце Турчынава з пасады сакратара РНБіА таксама не пойдзе Зяленскаму на карысць. Не ведаю, што з аўтарытэтнасцю ў арміі генерала Палтарака, але такое адчуванне, што Палтарак пад Зяленскім скакаць не будзе. І шэф МЗС Украіны Клімкін таксама. Усё-ткі прафесіяналы…

Таму будзем спадзявацца, што Зяленскі на пасадзе прэзідэнта Украіны не наламае дроў, што яму не дадуць гэта зрабіць. А калі пачне ламаць дровы, не выключаны трэці майдан. Зяленскі павінен узяць гэта пад увагу. Вядомы публіцыст Віталій Портнікаў нагадаў нядаўна: прэзідэнт Украіны, які не ішоў кампрамісы, на саступкі, апынуўся ў Растове.

Іншы наш паважаны аўтар у апошнія дні 2018 г. выпусціў кніжачку-білінгву… (Мінск, выд-ва Сіўчыкава, 99 экз.)

Не так маркотна ад выбару паміж Хлестаковым і Гараднічым, які маюць ажыццявіць украінцы 21.04.2019, як ад таго, што ў першым туры, 31.03.2019, ім выпала сартаваць ажно 39 кандыдатаў. Цікава, што і да ізраільскіх парламенцкіх выбарах 9 красавіка дайшлі 39 перадвыбарчых спісаў. «Супадзенне? Не думаю» (С). Нешта супольнае ў палітычнай культуры Украіны і Ізраіля такі ёсць, і вышэйпададзеныя лічбы гавораць, па сутнасці, пра няўменне кандыдатаў цвяроза ацэньваць свае магчымасці і/або пра нежаданне дамаўляцца, ісці на кампрамісы, каб стаць мацнейшымі. Так, адзін кандыдат & адна партыя – блага, але 39, калі балатуюцца «і жук, і жаба», не намнога лепей. Зразумела ж было заранёў, што на нешта ўплываць здатныя толькі сілы з першага тузіну… Зняверанне выбарцаў, якія, падтрымаўшы аўтсайдэраў, змарнавалі свае галасы, шкодзіць, урэшце, усёй сістэме.

Многія скажуць: «замежнікі самі разбяруцца, трэба думаць пра Беларусь». Дык я і думаю… Нават цяпер, у «замарожаным» грамадстве, калі быццам бы ёсць адзіная мэта (скінуць «самі-ведаеце-каго»), тузін тутэйшых партый & палітызаваных суполак не шукаюць паразумення, што чарговы раз засведчылі як адсутнасць уцямнай рэакцыі на мае «сакавіцкія тэзісы», так і разборкі вакол святкавання Дня Волі. Што ж будзе пасля «перамогі», калі, нібы тыя грыбы пасля дажджу, вылезуць новыя партыі й партыйкі?

Пётр Рэзванаў з Мінска скептычна паставіўся да аналогіі паміж «перабудовай» і цяперашняй эпохай у Беларусі і Расіі: «Як на мой густ, ёсць асноўная розніца (не толькі для ўсходняй суседкі, але для ўсяго СНД). У познім СССР, паводле Уладзіміра Мілова, можна было сустрэць мноства людзей, шчыра перакананых, што калі нешта паправіць і вярнуцца да ленінскіх каранёў, то сістэма можа выплыць. Зараз такіх людзей няма. Перабудова і тое, што было за ёй – унікальная гістарычная з’ява, і я не ведаю, ці паўторыцца яна калі-небудзь і дзе-небудзь».

Не адмаўляю таго, што «вяртацца да ленінскіх каранёў», як пры Гарбачову, зараз ніхто не плануе, але ж поўнай тоеснасці двух перыядаў у гісторыі не здараецца ніколі. Перабудову ў СССР канца 1980-х дапушчальна трактаваць і як змаганне кагорты «камсамольцаў» (умоўна – маладых цынікаў, якія ставілі на бізнэс, падтрымку «інтэлектуалаў», нацыяналістычных рухаў) з пакаленнем «ідэйных». У гэтым сэнсе «перабудова» ў Сінявокай не за гарамі: заўзятых лукашыстаў усё менш, і іх няўклюдныя крокі, здаецца, ужо замінаюць патэнцыйным наступнікам дзяліць/захоўваць/памнажаць маёмасць. Будуць, відавочна, і спробы падлабуніцца да тутэйшай (шм)інтэлігенцыі – дый ужо назіраюцца гэткія спробы, напрыклад, у форме «мяккай беларусізацыі».

Па-мойму, курапацкі выпадак упісваецца ў гэтую няхітрую схему. Калі прыняць яе, то выходзіць, што «новая хваля» чынавенства ішла на саступкі, ухваліла помнік, усталяваны ў лістападзе 2018 г., etc. «Старая» вырашыла адыграцца на шэрагу крыжоў вакол Курапацкага лесу – 04.04.2019 іх было дэмантавана сем дзясяткаў.

Cакратарыят арганізацыі, да якой належу (СБП), у той жа дзень прыняў заяву, дзе «выказвае абурэнне з прычыны зносу крыжоў на тэрыторыі народнага мемарыялу “Курапаты”. Замест належнага ўшанавання месца масавых расстрэлаў улада працягвае барацьбу з нацыянальнай памяццю і стварае глебу для канфрантацыі». З духам гэтай заявы я згодзен, а з літарай… не так усё проста. Па-першае, як няма іншых казыроў, апрача абурэння, то і яго, мабыць, лепей прыхаваць да лепшых часоў (небеспадстаўна заўважыла Наталля Сівіцкая ў фэйсбучных каментах: «Толку з вашага абурэння»). Падобна, пры зносе быў парушаны закон, дык няхай бы загаварылі найперш адвакаты. Па-другое… «улада» бывае розная, і мы дажылі да часу, калі міністэрскія чыноўнікі маюць адну пазіцыю, а група дэпутатаў парламента – іншую.

Пры ўсёй павазе да часткі пратэстоўцаў (перапрашаю, цяжкавата паважаць людзей, якія лепяць герояў з С. Булак-Балаховіча й Р. Шухевіча), не думаю, што 4 красавіка стане пераломнай датай у адносінах «грамадзянскай супольнасці» і дзяржавы. З паводзінамі ўладных органаў у Курапатах прыйдзецца лічыцца надалей, хоць асобныя гарачыя голавы ў час прыкрых падзей заявілі, што «гэтай уладзе няма месца на зямлі!» Усё ж летась шыльда з надпісам «Рэспубліка Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць. Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій. 30-40-я гады ХХ ст. Прычыненне шкоды караецца па закону» з’явілася ва ўрочышчы, як і «міністэрскі» помнік (гл. здымкі тут).

Уваходы ў Курапаты з боку Мінскай кальцавой дарогі, 09.04.2019

Эмігрант Зянон 04.04.2019 выдаў наступны прагноз: «Наступны этап вайны варвараў – агараджэньне сеткай тэрыторыі магільніка, забарона доступу людзям на тэрыторыю Мэмарыяла і поўнае зьнішчэньне ўсіх памятных крыжоў над магіламі расстраляных. Чарговы этап – зьнішчэньне ўсіх масавых магіл…». Але тут непрыхаваны гандаль страхамі; прынамсі на сёння доступ у Курапацкі лес не закрыты, і сотні крыжоў «народнага мемарыяла» стаяць, дзе стаялі. Тым часам мінчукі Павел Севярынец, Мікалай Статкевіч і Макс Вінярскі зноў селі «на суткі» 🙁

На «Галгофе» (у цэнтры ўрочышча); адмыты ад свастыкі помнік з надпісам на ідышы. Здымкі 09.04.2019, 13:45.

Агароджа… а ці так гэта шкодна, (паспрабаваць) вызначыць дакладныя межы тэрыторыі? Яшчэ ў пачатку 2002 г. Марат Гаравы прапаноўваў: «Курапаты трэба агародзіць. Вакол брамы маглі б з’явіцца памятныя знакі розных канфесій, у тым ліку іудзейскай, а недалёка ад лесу – музей трагедыі беларускага народу ў ХХ стагоддзі».

Усё яшчэ – як і ў снежні 2018 г. – спадзяюся на тое, што кампрамісы магчымыя, і ўрад рана ці позна выдзеліць магутную апаратуру (цеплавізары?) для пошуку парэшткаў у Курапатах. Трэба ўсё ж даць рады з несамавітай «вілкай» у колькасці ахвяр – ад сямі тысяч да ста і болей. Пошукавая група, аснашчаная сучаснымі сродкамі, якіх не мелі даследчыкі 1980–90-х гадоў, магла б атрымаць наступнае заданне: устанавіць лік расстраляных з дакладнасцю +/-10–20%.

Ніна Багінская і Вячаслаў Сіўчык дзяжураць ля ўезду ў рэстаран «Поедем поедим», 09.04.2019, 14:20

Увосень 2018 г. парадыйная «Парція памяркоўных цэнтрыстаў» (нехта скажа, што яна створана true-змагарамі для «палявання» на апалітычнае насельніцтва, ды верыць не абавязкова) выступіла з ініцыятывай правесці рэферэндум дзеля выхаду Беларусі з «Саюзнай дзяржавы». Не прайшло і паўгода, як паліттусоўка «Уперад, Беларусь!», кіраваная памочнікам дэпутаткі Ганны Канапацкай, таксама прапанавала нешта падобнае… Па-дзеля мяне, не так памысна было б выйсці з той «СД», запачаткаванай у снежні 1999 г., як уступіць у саюз з морскімі суседзямі – Украінай, Літвой. Тым не менш я падпісаўся пад зваротам. Карысці ад «СД» ніколі не адчуваў; кажуць, пад ейным дахам раздаюцца літаратурныя прэміі, але ніхто з маіх таварышаў іх не атрымліваў. Празрыстая мяжа з Расіяй? Дык я і да снежня 1999 г. без праблем выбіраўся ў Маскву (восень 1995 г.) і Вяліж (лета 1999 г.)…

Ясна, з такімі тэмпамі, як тут, нерэальна набраць 450 тыс. подпісаў, нават віртуальных. Між тым арганізацыя «народнага рэферэндуму» вымагае адпаведнай колькасці аўтографаў на паперы… Лепей бы Канапацкая & Со. звярнулі ўвагу на план удасканалення канстытуцыі РБ, для рэалізацыі якога трэба ўтрая менш подпісаў. Аднак хто я такі, каб настойваць? Хай робяць хоць нешта – «не дагоняць, дык сагрэюцца».

* * *

Надышоў красавік, а з ім і традыцыйны для Беларусі «Фэст экскурсаводаў». Сёлета ён юбілейны = Х. Не магу не адзначыць тэматычныя экскурсіі, што мусяць адбыцца ў бліжэйшыя дні для шырокай публікі: 13.04.2019 – «Гісторыя вёскі Ленін» (збор каля мемарыяльнага комплекса «Ахвярам Ленінскага гета» апоўдні); 14.04 – «Стаўбцоўскае яўрэйства» (пл. Леніна ў Стоўбцах, з 11.00); «Як вучыліся яўрэйскія дзеці колькі стагоддзяў таму ў Мінску» (ст. метро «Няміга», з 12.00), «Халакост і яўрэйскае супраціўленне на Навагрудчыне» (Навагрудак, пл. Леніна, тадысама); «Гісторыя яўрэяў горада Гродна» (Вялікая Харальная сінагога, з 13.00), «Яўрэйская спадчына Віцебска» (тэатр «Лялька», з 15.00). Многа дзе нават рэгістрацыі не патрабуецца…

Дзіўна ці не, але нацыянальны прававы партал pravo.by выправіў памылкі ў тэксце Канстытуцыі РБ, адзначаныя ў «Катлетах & мухах» 11.03.2019. Рэспектую! 😉

«Вольфаў цытатнік»

«Такі праект, як каланізацыя Марса, найперш патрабуе вырашэння палітычных і эканамічных праблем на Зямлі» (Станіслаў Лем, 2004)

«У пачатку 1990-х адбылася рэстаўрацыя чынавенства старога рэжыму. Былыя партыйныя бонзы прыйшлі…» (Юрый Мамін, 06.04.2019)

«Палітычны працэс – не адладжаны будзільнік» (Павел Катаржэўскі, 08.04.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

09.04.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 09.04.2019  23:41

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (102)

Шараговы шалом ад дзяжурнага мізантраполага! Працягваем размову пра дасягненні краіны ў эпоху незалежнасці (з канца 1991 г.). Як я мог забыцца, што Беларусь зрабілася касмічнай дзяржавай? 🙂 Штопраўда, энтузіязм улетку 2012 г., калі з Байканура стартаваў беларускі спадарожнік «БелКА», не параўнаць ні з 1957 г., ні з 1961 г. Мабыць, таму, што цяпер нікога не здзівіш і запускам на арбіту жывых чалавекаў… І ўсё ж – прыемна, хоць даходы ад нацыянальнага касмічнага праекта даволі сціплыя.

Папярэдняя серыя «Катлет…» заахвоціла жыхара Мінска, кіна- і меламана Пятра Рэзванава ўспомніць нешта сваё, дапоўніць мае развагі пра эрозію правінцыйнасці ў Беларусі, паспрачацца… Далей прывяду колькі ўрыўкаў з яго лістоў і свае каменты (курсівам):

П. Р.: У чым я адчуваў правінцыйнасць Мінску «за саветамі»? Глядзіш навіны («Время» – іншых не было) – і там час ад часу паведамлялася пра гастролі «буржуйскіх зорак». І дзе гэтыя гастролі адбываліся?.. Масква-Ленінград-Кіеў-Тбілісі. Мінск быў «як выкляты Богам» (што праўда, маці ўспамінала, як у 1960-я выступаў у Палацы спорту нехта з сусветна вядомых джазменаў, але гэта – выключэнне, якое толькі пацвярджала правіла). Так, за гады незалежнасці Мінск стаў наведвацца больш актыўна, але ж… У 2008 г. Паці Сміт даехала да Казані, але да Мінска – не. Так што па гэтай прыкмеце Мінск – большая правінцыя, чым Казань (і гэта пры тым, што ў тыя гады іх чыгуначны вакзал не працаваў у рэжыме 24/7, а закрываўся на ноч).

Тут я дадаў бы, што насамрэч у Беларусь часоў незалежнасці прыязджала мноства замежных «зорак». Узяць хаця б Мансерат Кабалье, якая ўвесну 1996 г. дала канцэрт у Мінску; у 2010 і 2017 гг. былі тут «Smokie», у 2011 г. – «Roxette», у 2012-2013 і 2015 гг. – «Scorpions» («Мінск-Арэна» агулам не пустуе), любіць завітваць да нас «мадмуазэль-блюз» Патрысія Каас, etc. Выглядае, аматараў джазу ў нас таксама не крыўдзяць.

П. Р.: Агулам, правінцыйнасць і поспехі – рэчы, якія не выключаюць адна адну (калі даць веры Музею гісторыі беларускага кіно, у савецкі час «Беларусьфільм» атрымліваў больш кінапрэмій, чым зараз). Тыя, хто ведаюць пра «World of Tanks» (не толькі тыя, хто ў яе гуляюць), ведаюць, што яна зроблена ў Беларусі, але ці дастаткова гэта, каб пазбавіцца адчування правінцыйнасці?

Так, асобны поспех – нават гучны, як «World of Tanks» – мала ўплывае на рэпутацыю краіны, але здольнасць мультыплікаваць удалыя праекты ўжо пра нешта гаворыць… І прымушае верыць у тое, што Беларусь – не на задворках цывілізацыі.

З іншага боку, той жа Парк высокіх тэхналогій з усімі яго суперідэямі і «раскруткай» у медыяпрасторы, у т. л. замежнай, застаецца ў падважаным стане, калі ў РБ няма павагі да прынцыпаў прававой дзяржавы. Пісаў пра гэта крыху больш за год таму – што ж, не грэх і паўтарыць.

П. Р. За гады незалежнасці шмат было чаго, што з’яўлялася, потым знікала альбо псавалася (была газета «Навінкі» знікла; былі кінапаказы, якія рабілі пасольствы спіс пасольстваў амаль цалкам змяніўся, дый інтэнсіўнасць паменела; была «Наша ніва» сапсавалася; быў «Рок па вакацыях» спачатку стаў платным, зараз, здаецца, знік; магу і ваш «МЯТ!» у гэтым шэрагу ўзгадаць).

А па-мойму, спыненне культурніцкіх ініцыятыў, як бы яно ні пякло аўтарам & аўдыторыі ў канкрэтны момант – нармальная з’ява, яно якраз можа сведчыць, што «культурка» развіваецца. Пра гурт «Серебряная свадьба», які трансфармаваўся ў «мікракабарэ», гаварылася ў 101-й серыі. Тыя ж «Навінкі» пасля калапсу 2003 г. не ўмёрлі, а перайшлі ў іншую форму – сябры рэдакцыі ўзяліся здымаць і агучваць кіно, прасоўваць свае ідэі ў іншых перыёдыках… Бюлетэнь «МЯТ!» («Мы яшчэ тут!») спыніў выхад у 2009 г., але праз шэсць год з’явілася яго «рэінкарнацыя» – не менш разняволеныя «Катлеты & мухі». Ну і г. д. Галоўнае, творцаў у нас не адстрэльваюць, даволі рэдка садзяць за краты – дзякуй і за тое :))

П. Р.: У менчукоў цягам 1990–2010-х гадоў, напэўна, паменела правінцыйнасці ў галовах. Але што тычыцца «правінцыі правінцыі», якая адначасова «цэнтр Еўропы»… Калі ў 2013 г. я заблукаў і ў палескіх балотах мяне здымалі з дрэва, размаўляў са столінскім міліцыянтам. Ён у мяне пытае: чаго я на Століншчыне шукаў? Я яму адказваю, што вырашыў паглядзець на помнікі гісторыі і культуры. Ён: «І якія ж у нас помнікі?..» Я яму пералічваю тое, што засталося, у тым ліку і сінагогу. – «Так! Яна ў нас знаная! Толькі недзе ў Штатах ёсць яшчэ адна такая ж!..» Ці трэба ўдакладняць, што гонар жыхароў за ўнікальнасць сінагогі ніяк не перашкаджае ёй разбурацца…

Мажліва, тут не ў правінцыйнасці справа, а ў недасканаласці законаў (напрыклад, тых, дзе гаворыцца пра вяртанне маёмасці ды пра спонсарскую дапамогу) і ў няўменні дамаўляцца, характэрным таксама для многіх жыхароў сталіцы. Іначай кажучы, атамізацыя грамадства не прыяе выбудове адносін на гарызантальным узроўні… Разам з тым і на перыферыі Беларусі ёсць месцы, дзе ў той ці іншай ступені дбаюць пра яўрэйскую спадчыну. Часам гэта тлумачыцца палітычнай падкладкай (Вішнева – радзіма Шымона Пераса, Моталь з мітуснёй вакол дома Вейцманаў), часам – наяўнасцю «крытычнай масы» мясцовых энтузіястаў (Наваградак з яго музейшчыкамі, якія «раскручвалі» гісторыю гета задоўга да таго, як нашчадак мясцовых яўрэяў Джарэд Кушнер стаў зяцем Дональда Трампа; Камаі, дзе ксёндз Яцак у пачатку 2010-х пры ўдзеле нашага пільнага чытача д-ра Юрася Гарбінскага намовіў сваіх парафіян і райвыканкам упарадкаваць яўрэйскія могілкі, Краснае на Маладзечаншчыне, дзе рупліва збіраюць звесткі пра Катастрофу і гераізм мясцовых яўрэяў)…

П. Рэзванаў (фота з brestnet.com) i рэшткі столінскай сінагогі (vetliva.ru)

П. Р.: Метро я па савецкай звычцы амаль не карыстаюся, але ёсць шмат кропак у горадзе, між якімі раней можна было ездзіць без перасадак, а цяпер – не. Так што мінскі гарадскі транспарт для мяне ў поспехі не ўваходзіць.

Вядома, транспартнае сеціва не ідэальнае ні ў Мінску, ні ў Беларусі ўвогуле, i тым не меней… Развіццё метро і сістэмы маршрутак, пры ўсіх недахопах, па-мойму, значна палепшыла зносіны паміж перыферыйнымі раёнамі сталіцы (напрыклад, Кунцаўшчынай на Захадзе і Уруччам на Усходзе). Адносным поспехам лічу і тое, што на многіх прыпынках Мінска ў апошнія гады з’явіліся электронныя табло, якія паказваюць, колькі мінут засталося да прыезду наступнага аўтобуса/тралейбуса.

* * *

Расказанае ў гэтай і папярэдняй серыях не стыкуецца з тэзісам аднэй нобелеўскай лаўрэаткі аб тым, што Беларусь-2018 (у параўнанні з Расіяй) – «увогуле музей мінулага». Як мінімум у нас тут некалькі музеяў, дзе не толькі пра мінуўшчыну 🙂 І барацьба з камунізмам, якую па-ранейшаму прапагандуе пісьменніца, выглядае ў 2019 г… несамавіта. Ужо тры гады таму сумняваўся ў памыснасці гэткай «барацьбы».

«Жалезнай заслоны» даўно няма. Не адно дзесяцігоддзе беларусы маюць доступ да велізарнага аб’ёму інфармацыі ды адносна вольна перасякаюць межы Беларусі ў розных напрамках. Аднак палітычны лад астаецца аўтарытарным, і маральны клімат у нас пакідае жадаць лепшага. Парадокс? Напэўна, не, калі ведаць, што дэмакратыя і «еўрапейскія каштоўнасці» з канца 1990-х губляюць свой уплыў у свеце, а кітайская мадэль («эканоміка і тэхналогіі найперш, правы чалавека – хімера») усё часцей лічыцца легітымнай. Нават паўночнакарэйскага лідэра прэзідэнт «галоўнай дэмакратычнай краіны сусвету» пахваліў надоечы. Таму не будзе плёну ад пафасных зваротаў кшталту гэтага, складзенага ў студзені Бернарам-Анры Леві і падпісанага Святланай Алексіевіч, Давідам Гросманам, інш. Папулісты атакуюць «дух Еўропы»? Такой бяды: галоўнае – самім не быць папулістамі й дэмагогамі. Баюся, з развагамі пра белграмадства («з намі можна зрабіць усё») і пра леташняе святкаванне юбілею БНР («Які сэнс, як Статкевіч, выбегчы, пагукаць “далоў Лукашэнку”, яго схапілі, і ўсё. А маладыя рабяты арганізавалі, людзі выйшлі, слухалі беларускія песні, куплялі беларускія кнігі») тэст на антыпапулізм быў бы завалены…

Зрэшты, аднаўленне працы ў Мінску інтэлектуальнага клуба (апошні раз збіраўся ў канцы 2017 г.), калі яно ўсё ж адбудзецца ў сакавіку 2019 г., – справа памысная. Святлана Аляксандраўна анансавала прыезд «іншапланетніка» Тымаці Снайдэра… ну, яго хоць на беларускую мову перакладалі, ахвотным будзе аб чым паспрачацца.

Даступнасць кніг, сярод іншага – пра яўрэяў і Ізраіль, напэўна, хутчэй дасягненне, чым не. Чытаць можна хоць «Шолахава-Алейхема», хоць Хаіма Нахмана Бяліка, хоць Керэта нашага Этгара – і па-руску, і па-беларуску… Іншая справа, што попыт на секулярныя «яўрэйскія» тэксты ў параўнанні з 1980-мі (і нават 1990-мі) падупаў.

Ізраільскі павільён на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, 07.02.2019.

Няпроста цяпер залічыць беларускіх яўрэяў у «народ Кнігі». Затое можам лётаць у Ізраіль без візы, як і іншыя грамадзяне РБ, дый родзічам-сябрам, якія наведваюцца ў Беларусь, з канца 2015 г. віза не патрэбна. Няма гарантыі, што брамы «Бен-Гурыёна» і аэрапорта «Мінск» будуць гасцінна расчынены, але ў Ізраіля з Украінай, пішуць, узаемаабмен турыстамі яшчэ больш рызыкоўны…

* * *

У краіне – чарговая разня, гэтым разам у стаўбцоўскай школе № 2. Нічога лепшага зараз не прыдумаю, чым спаслацца на свой тэкст 2016 г., напісаны пасля нападу хлопца з бензапілой на жанчын у гандлёвым цэнтры: «Да сучаснага свету многім насамрэч цяжка адаптавацца, і ў раннім папярэджанні ўнутраных збояў маглі б дапамагчы ўмелыя псіхолагі, а іх заўсягды не хапала… Беларусі нагвалт патрэбен самавіты Інстытут псіхалогіі». Хіба дадам: такі інстытут, супрацоўнікі якога ўмелі б давесці urbi et orbi, што кансультацыя – гэта не страшна, пасля яе не адправяць у спецустанову. А наводзіць у школах «жалезную дысцыпліну», як прапануе «галоўны педагог усёй Беларусі», – не выйсце. І без панукванняў навучальныя ўстановы за металічнымі плотамі ўжо гадоў 5-6 таму пачалі нагадваць казармы, дый выклікі міліцыі ў школы – даўнавата не рэдкасць.

12.02.2019, назаўтра пасля трагедыі ў Стоўбцах (у Жабінцы, выяўляецца, школьнік таксама махаў нажом), прэс-сакратарка мінадукацыі заявіла, што «ва ўстановах адукацыі будзе ўзмоцнена работа школьных псіхолагаў». Цікава, а якой часткай цела цягам двух гадоў думаў міністр, якога прызначылі ў снежні 2016 г.? Даўмеўся ж узяць у штат Андрушу Л. – прапагандыста, схільнага да плагіяту

9 лютага памёр Сямён Домаш (1950–2019), які ў 2001 г. прэтэндаваў на пасаду прэзідэнта Беларусі. Шансаў у адстаўнога гродзенскага чыноўніка і дэпутата Вярхоўнага Савета, насупор таму, што цяпер пішуць, практычна не было – хаця б таму, што вакол яго сабралося замала прафесіяналаў, але замнога маніпулятараў, якія палітыку ператваралі ў дробны «бізнэс». Зараз гэта бачыцца ясна: куды можна было прыйсці з такім начальнікам штаба, як Аляксандр М., з такімі «іміджмэйкерамі», як Юрый Х. і нашанівіцы начальнік… Дзіва што пасля 2002 г. Домаш адышоў быў ад «апазіцыі», дый нават ад грамадскай дзейнасці, а ў пачатку 2006 г. яго паставілі загадваць дзяржаўным заводам. R. I. P.

«Вольфаў цытатнік»

«Мы ведаем, што асобныя людзі паддаюцца выхаванню, але чалавецтва ў цэлым – не. Чароўны парадокс існавання заключаецца ў тым, што мы, ведаючы, што чалавецтва не паддаецца выхаванню, павінны жыць так, як быццам яно паддаецца. Іначай надыдзе хаос». (Фазіль Іскандэр, 2011)

«Прынцыпы — часцяком толькі спосаб эканоміць разумовую энэргію» (Віктар Голышаў, 26.04.2017)

«Калі ты становішся папулярным, то пачынаеш трансляваць штосьці публіцы, падстройваючыся пад яе. Даеш тое, чаго ад цябе чакаюць, а не тое, што ты хочаш сказаць» (Ганна Жданава, 11.02.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

14.02.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 14.02.2019  20:40

***

Пiша Валерыя Папова:

Сення абмяркоўваюць жудаснае здарэнне ў Стоўбцах : у СШ №2 11 лютага 8.00 10-класнік забіў насмерць нажом настаўніцу гісторыі і вучня старэйшага класа — абое хутка сцяклі крывею і памерлі. Пацярпелі ад яго яшчэ два вучні — ў цяжкім стане канаюць ў шпіталі. Пакуль усе абставіны высвятляецца і апытваюцца сведкі. Мае меркаванне як настаўніцы і  педагога : як кірауніцтва сш загадзя не высветліла і ” не заўважыла ” такога навучэнца , холаднакроўнага забойцу, які амаль прафесійна заперыраваў нажом і смеючыся збег ? Педкалектыў мусілі заўважыць па паводзінах і учынках заўважыць і адлучыць з дзіцячага калектыва, бо такіх заўседы бачна , нават калі салідна апрануты. Як так ? Хто павінен?

Загінуў такі прыгожы хлопец , прыемны і разумны твар, патрыет, добра вучыўся, А настаўніца гісторыі была ведала свой прадмет , чуллівая. У яе засталася адна дачка Насця Сем”ям пацярпеўшых адкрыт лік , арганізавана дапамога. Я лічу : вінавата дырэктарка сш №2 , бо не магло быць без скаргаў на такога вучня ад аднакласнікаў ці ад тех.персанала. Напэўна звярталіся і да псіхолага і сац.педагога, кл.кіраўніка, але ж калі дырэктар адказала калегам : ен усе роўна будзе вучыцца , што бы ні здарылася. Вось і дагуляліся. Пішуць, крымінальным доследам па справе заняты прававеды, прыложаць намаганні каб адвярнуць ад версіі ” беларусафобіі” і палітычных матыаў, таму што загінуўшы добра размаўляў па- беларуску і насіў адзежу с сімволікай “Пагоня”. Так , вядома намагаюцца замяць справу. Але ж каму выгодна, хто павінен ? Мяркую: следы злачынства прывядуць у адміністрацыю сп А Лукашэнка, які чыніць крымінальны пераслед усім , хто на баку незалежнай Беларусі. Час збіраць подпісы супраць дыктатарскага рэжыму і выказаць недавер урадцам, пазбавіць недакранальнасці. Бо шмат нераскрытых крымінальных спраў аб забойствах , а злодзеі разгульваюць на волі і пры грошах !

15.02.2019  17:40

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (101)

Шалом-беларускі! «Эх, скручу я дудку…» Постюбілейны выпуск закарцела насыціць пазітывам – між іншага і таму, што летась некаторыя чытачы закідалі мне «ачарненне рэчаіснасці». На самай справе яны блыталі крытыку/сатыру з ачарненнем, аднак асадак застаўся, хочацца змыць… І тут падвярнуўся блог Галіны Айзенштадт, выпускніцы журфаку БДУ 1964 г., адстаўной супрацоўніцы белслужбы «Радыё Свабода» (у 1990-х; з пачатку 2000-х жыве ў ізраільскай Тверыі). Разважаючы на тэмы правінцыйнасці, Г. А. 04.02.2019 напісала пра Сінявокую: маўляў, «як частка СССР яна падсілкоўвалася Масквой, а галоўнае – рускай культурай». Цяпер жа «нікому гэтая краіна ў Еўропе не патрэбна і нецікава, дый нечага значнага яна так і не здзейсніла... Паводле знешніх атрыбутаў Беларусь – сучасная дзяржава, а паводле ўнутраных, на жаль, глухая правінцыя». Думаю, ніхто не закіне мне залішнюю філантропію, пагатоў шушкевічафілію ды лукашэнкафілію, але гэткія развагі – занадта і для мяне. Не адчуваю сябе ў Мінску жыхаром правінцыі, а вось у познім СССР – такi адчуваў.

Але, можа, я адзін такі? Вось і чалавек з іншым бэкграўндам, чым Галіна А. – доктар гістэрычных гістарычных навук Леанід Лыч, якому 8 лютага споўнілася 90, – сцвярджае: «Дзяржаўная суверэннасць нічога нам не дадала ў нашай этнакультурнай самабытнасці. Больш за тое, яна забрала ў нас тое, што захоўвалася пры савецкай уладзе. Я лічу апошнія 25 гадоў самымі хмарнымі, бо тых этнакультурных стратаў, якія мы панеслі за гэты час, мы не ведалі за ўсю нашу гісторыю». Прафесар, чый праект беларускамоўнай рэзервацыі сур’ёзна абмяркоўваўся два гады таму, відаць, не давярае «сваім»: «цяпер у нашага народа такое ўражанне, што ў нас няма нічога свайго, што беларуская мова і культура — гэта выдумка, што мы — рускія. Не дай Божа, калі сюды прыйдуць рускія войскі. Хоць Лукашэнка і кажа, што кожнаму беларусу дадуць па аўтамату — кожны беларус выкіне яго і скажа: Дык ідуць да нас нашыя людзі!»

Далёкі ад падобных заяў, праз FB-акаўнт Арона Шусціна я звярнуўся да чытачоў незалежнага ізраільскага сайта, сярод якіх нямала маіх суграмадзян. Папрасіў іх адказаць на досыць наіўнае пытанне: «Што добрага вам помніцца за 27 гадоў існавання Рэспублікі Беларусь; чым, створаным у Сінявокай за гэты час, рэальна можна ганарыцца? Называйце што заўгодна: творы мастацтва, літаратуры, навуковыя адкрыцці, паспяховыя бізнэс-праекты…» Спадзяваўся, што з адказаў складзецца пазл, і будзе рэальная карціна дасягненняў Беларусі, убачаная не праз ідэалагічныя акуляры. У нейкай ступені так і выйшла.

Дзякуй чытачам за адказы кшталту «Людзі ёсць добрыя [ў Беларусі]», але мелася на ўвазе крыху іншае, на што намякае слова «створаным» у пытанні 🙂 Добрыя людзі былі і «за саветамі», мо’ нават у большай колькасці…

Піша Уладзь Рымша: «Сумнае і радаснае дасягненьне: за 27 год Беларусі беларуская мова робіцца ўжытковай і ў бізнэсе, і ў вытворчасьці, і на вуліцах гарадоў». Вось ужо нешта… Да таго ж мінчук Рымша сам займаецца бізнэсам і вытворчасцю, таму ведае, што кажа. Дадам, што чыноўнікі ды іншыя адказныя асобы ўсё часцей адказваюць па-беларуску на белмоўныя звароты; сем год таму гэта ўвайшло ў закон, і норма больш-менш дзейнічае.

Даўняя аўтарка сайта Інэса Ганкіна, таксама з Мінска: «Новы будынак бібліятэкі. Магчыма, можна было лепей, але ў гэтай бібліятэцы рэальна можна працаваць. (Хуткасць доступу да фондаў і г. д.). Нармальны сучасны вакзал, хаця б не сорамна сустракаць гасцей, культурныя музычныя праекты каля ратушы. Вось тры першых рэчы, якія прыходзяць у галаву і якімі актыўна рэгулярна карыстаюся. Яшчэ помнікі на месцах знішчэння ахвяр Халакосту з нармальнымі надпісамі і догляд за імі дбаннем мясцовых школьнікаў. Такіх месцаў многа...».

Вольга Маёрава (грамадская актывістка, Мінск): «З’яўленне аўтарскіх скульптур і муралаў у гарадах. Гэта гаворыць пра тое, што чалавечае вымярэнне становіцца важным, нягледзячы ні на што». Дапраўды, шмат чаго карыснага ў сучаснай Беларусі робіцца не «дзякуючы» (уладам, грамадскай думцы), а «насуперак»… Але ж робіцца.

Партрэт М. Шагала на віцебскай трансфарматарнай будцы – з’явіўся ў 2015 г., да 100-годдзя шлюбу Марка і Бэлы (фота адсюль); «Дзяўчына ў вышыванцы» ад брытанца Гвіда ван Хелтэна, каля мінскага ўніверсітэта культуры (2015, адсюль)

Cцвярджэнне яшчэ адной актывісткі Таццяны Севярынец, экс-настаўніцы з Віцебска, маці траіх вядомых у Беларусі людзей – «я ўсвядоміла сябе беларускай і прыйшла да Госпада» – быццам бы чыста асабістае. Аднак і яно паказвае, што не ўсё так пагана ў нас, як малююць некаторыя…

Устаўлю сваю грыўню. Калі пад канец існавання СССР большасць жыхароў Беларусі атаясамлівала сябе з Саюзам, дый першы час пасля снежня 1991 г. захоўваўся «фантомны боль», і «савецкіх» людзей было тут больш, чым беларусацэнтрычных (помню, якую рэакцыю ў Мінску выклікала процістаянне Ельцына ды Вярхоўнага Савета Расіі ў 1993 г. – за ім напружана сачылі, быццам бы яно ішло ва ўласнай краіне, і нават Васіль Быкаў, на той час – актывіст «незалежніцкага» БНФ, падпісаў ад імя расійскай інтэлігенцыі несамавіты «ліст 42-х»), то цяпер, у 2010-х, прапорцыя памянялася. Падрасло новае пакаленне, для якога Масква ніяк не бліжэйшая за, дапусцім, Варшаву або Вільнюс. Мяне, калі браць сталіцы постсавецкай прасторы, у 2013–2014 гг. найбольш грэў Кіеў… Пасля забойстваў Алеся Бузіны і Паўла Шарамета, нераскрытых, адпаведна, з красавіка 2015 г. і ліпеня 2016 г., цягацца туды няма ахвоты, але і Крэмль з Маўзалеем мала вабяць.

Карацей, за 27 гадоў незалежнасці грамадства ў Беларусі набыло адпаведную ідэнтычнасць, няхай недасканалую. І пацаватыя спробы шукаць у нас «цэнтр Еўропы», папулярныя тутака ў 1990–2000-х гадах, свой станоўчы ўплыў, пэўна, мелі.

Яшчэ адзін «цэнтр» – знак «Пачатак дарог» на Кастрычніцкай плошчы Мінска. Пастаўлены ў 1998 г.

У свеце Беларусь заявіла пра сябе тысячамі (калі не мільёнамі) галасоў, у тым ліку маім 🙂 Сціпла выкананыя кнігі мінскай выдавецкай суполкі «Шах-плюс», пераважна беларуска- ды ідышамоўныя, захоўваюцца ў бібліятэках ЗША, Ізраіля, Нідэрландаў, Расіі; прадаюцца, як мінімум, праз два расійскіх і адзін чэшскі сайт. (Спецыяльна для ахвотных дакалупацца да «Шах-плюс» пасродкам падатковай службы; на жаль ці на шчасце, не ведаю, хто выставіў на продаж тыя выданні, і «навару» ад гэтай рэалізацыі не маю.)

Беларускія пісьменнікі здабылі безліч міжнародных прэмій – варта згадаць і Нобелеўскую 2015 г., як бы я ні ставіўся да поглядаў лаўрэаткі. Што паробіш, не ўсе еўрапейцы ў курсе, што «гэтая краіна» нікому не патрэбная, не цікавая… Але эмігрантцы з берагу Кінэрэта (гл. пачатак серыі), вядома, відаць лепей. ¯\_(ツ)_/¯

Комплекс правінцыйнасці – калі ён у іх і быў – пераадолелі многія беларускія музыкі, запатрабаваныя на Захадзе і Ўсходзе, Поўначы і Поўдні. Адразу назаву этна-трыа «Троіца» і кабарэ-бэнд «Серебряная свадьба». Апошні, праўда, з 2016 г. ужо не грае, аднак 10 год ён «руліў»! Дый пазнейшыя праекты экс-удзельнікаў цікавыя людзям (пра гастролі «мікракабарэ» ў Ізраілі гл. тут).

Важным праектам у 1990-х быў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Мінску, заснаваны ў 1992 г. – не адно месца навучання, а і агмень для інтэлектуалаў з розных краін. Так, у 2004 г. ЕГУ выселілі з Беларусі, i ў Вільні ён ужо «не торт», але закладзенае ў пачатку працягвае турбаваць розумы. Напрыклад, уладальнік культавай кнігарні «Логвінаў» наўрад ці здолеў бы «раскруціцца» без папярэдняй працы ў ЕГУ (начальнікам рэдакцыйна-выдавецкага аддзела).

Згодзен з Інэсай Ганкінай у тым, што Нацыянальная бібліятэка – хутчэй у плюс незалежнай Беларусі, колькі б ні гучала кпінаў з гэтага «чупа-чупса». Доўгі час я не наведваў новы будынак праз незадаволенасць «кампанейшчынай» з яго стварэннем – дый тое, што на будоўлю 500 тыс. долараў ахвяраваў быў Садам Хусейн, энтузіязму не абуджала… А потым я вырашыў, што мухі асобна, катлеты асобна. З канца 2000-х час ад часу заязджаю ў НБ – і ў цэлым не шкадую, дарма што недахопаў у працы тамтэйшай адміністрацыі нямала (прыклад; праблема не вырашана дагэтуль).

Новы чыгуначны вакзал у Мінску, адкрыты гадоў на пяць раней за бібліятэку (у самым канцы 2000 г.), не здаецца мне такім ужо цудоўным, але я гатовы згадзіцца, што яго дызайн – крок уперад у параўнанні з ранейшым. Калі ўжо казаць пра навабуды, то больш цешыць метро, якое ў час незалежнасці вырасла прыкладна ўдвая – як паводле колькасці станцый, так і водле працягласці ліній.

Увекавечанне памяці загінулых пад акупацыяй 1941–44 гг. – тое, што дазвалялася і віталася ў незалежнай Беларусі з першых дзён яе існавання (гэта не ліпеньскія дні 1994 г.). Усталяванне помнікаў яўрэям, ахвярам гетаў і канцлагероў, актывізавалася ў 2000-х гадах – шмат у чым дзякуючы замежным фундатарам. Галоўнае, за 30 гадоў зменшыўся побытавы антысемітызм. Калі верыць адчуванням, то цяпер «дэманізуе» яўрэяў/Ізраіль куды меншая частка жыхароў Беларусі, чым на рубяжы 1990-х гадоў. Людзі зрабіліся больш прагматычныя, а праз тое талерантныя… ці проста абыякавыя да этнічных пытанняў. Хаця, вядома, выняткаў хапае, і ксенафобія не прыдушана ў краіне.

Я не супраць прадоўжыць тэму «пазітываў» у наступнай серыі «Катлет…». Шаноўныя, а раскажыце пра вашы ўласныя грамадска значныя дасягненні ў 1992–2019 гг.! Калі не мы, то хто? 🙂

«Вольфаў цытатнік»

«Ёсць шмат прыкмет таго, што ў найшырэйшых пластах народу, перадусім у рабочым асяроддзі, адчуваецца патрэба ў ідэалогіі, на якую магло б абаперціся негатыўнае стаўленне да рэжыму і яго афіцыйнай дактрыны… Навукоўцы паводле свайго складу працы, становішча ў нашым грамадстве і ладу мыслення ўяўляюцца мне найменш здольнымі да актыўнага дзеяння. Яны ахвотна будуць “разважаць”, але вельмі нерашуча дзейнічаць» (Андрэй Амальрык, «Ці праіснуе Савецкі Саюз да 1984 года?», 1969)

«Дамінаванне запыту на сацыяльную справядлівасць [у Расіі] пакуль што не дазваляе казаць пра левы паварот, левую альтэрнатыву. Для гэтага трэба зафіксаваць, прынамсі, запыт на салідарнасць гатоўнасць да калектыўных дзеянняў у адстойванні права на працу і годнае ўзнагароджанне за працу. Гэткі запыт мае перадумовай актывісцкую ўстаноўку імпэт, які шукае выйсця ў калектыўных пратэстных дзеяннях. І не проста імпэт, а спантанную арганізацыю ў форме прафсаюзаў і камітэтаў прамога дзеяння.

Цяперашні запыт суправаджаецца пасіўнай устаноўкай хтосьці, а не сам суб’ект, павінен прыйсці і выправіць непрыемную сітуацыю. Хтосьці, не сам суб’ект, павінен узяць на сябе адказнасць за дзеянні па выпраўленні становішча. Слабасць масавых калектыўных дзеянняў…, кажа аб тым, што атамізацыя выбаршчыкаў зусім не пераадолена, а хутчэй наадварот іменна атамізацыя вызначае логіку паводзін. І яна ж вызначае вобраз агульнай будучыні, дакладней яго адсутнасць». (Лявонцій Бызаў, 19.01.2019).

«Грамадскае меркаванне, даследаванае ў ходзе апытанняў, і рэальныя грамадскія паводзіны ніколі не супадаюць». (Аксана Шэлест, 21.01.2019)

«У нас шмат мудрацоў, якія ведаюць, чаму мы кепска жывём, але вельмі мала з іх здольных быць шчырымі і нястомнымі Майсеямі. У гэтым, мяркую, на сёння наша галоўная праблема» (Мікалай Анісавец, 05.02.2019)

«Мы з вамі не павінны быць ні залатымі рыбкамі, у якіх памяць захоўваецца паўтары хвілі, ні шчанюкамі, якія кожныя паўтары хвілі адхіляюцца на новы раздражняльнік». (Аляксей Навальны, 05.02.2019)

«Ідэя “прымусовага шчасця” ўсё больш авалодвае масамі» (Ілья Канстанцінаў, 05.02.2019)

Вольф Рубінчык,

г. Мінск 09.02.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 09.02.2019  21:04

Водгук ад д-ра Ю. Гарбінскага (11.02.2019):
“Правінцыяльнасць” мыслення тых, хто думае і піша пра Менск і Беларусь як “правінцыю” (у розных семантычных канфігурацыях) сведчыць як мінімум пра комплекс постсавецкасці. Хвароба сур’ёзная. Але, на шчасце, – не смяротная… :))) Важна, хто, чым і як хутка будзе яе лячыць.

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (100)

Шалом! Ну во, дажыліся – кшталт «вялікага юбілею»… Хацеў бы назваць тых, каторыя не адмаўляліся супрацоўнічаць з серыялам «Катлеты & мухі» (est. 2015). Гэтыя людзі давалі каментарыі, слалі водгукі і/або матэрыял для будучых серый, цытавалі асобныя выпускі, бывала, зацята спрачаліся з аўтарам: Маргарыта Акуліч, Уладзімір Бараніч, Сяргей Будкін, Інэса Ганкіна, Юрась Гарбінскі, Уладзімір Гінзбург, Якаў Гутман, Зміцер Дзядзенка, Андрэй Дубінін, Алена Ждановіч, Фёдар Жывалеўскі, Алег Зелянцоў, Ігаэль Іегудзі аka Косця Лук, Леў Казлоў & Галіна Кур’яновіч, Сяргей Каспараў, Павел Касцюкевіч, Уладзіслаў Каташук, Васіль Кісляк, Зміцер Левіт, Дзмітрый Лыбін, Антон Лявіцкі, Людміла Мірзаянава, Гена (Гдалія) Пекер, Ігар Пушкін, Аляксандр Розенблюм, Дзмітрый Рослаўцаў, Святлана Рубінчык, Уладзь Рымша, Пётр Рэзванаў, Алесь Рэзнікаў, Павел Севярынец, Анатоль Сідарэвіч, Іна Соркіна, Сяргей Спарыш, Анатоль Старкоў, Віктар Сяргейчык, Юрый Тэпер, Аліна Федарэнка, Васіль Фрэйдкін, Алекс Фурс, Фелікс Хаймовіч, Віталь Цыганкоў, Раман Цыперштэйн, Андрэй Шуман, Ганна Янкута… Усім і кожнаму – мех падзяк! І два мяхі – рэдактару belisrael.info Арону Шусціну, які звыш сарака месяцаў церпіць гэта во ўсё :-/

Былі поспехі, мільгалі няпоспехі – да прыкладу, няспраўджаныя прагнозы. Суцяшаю сябе трывіяльна: маўляў, з кожным здараецца (а як яшчэ?). «Жырыноўскі па ўсіх параметрах не дацягвае да палітычнага лідара. І таму ў яго няма будучыні», – казаў пасол Расіі ў Ізраілі Аляксандр Бовін у інтэрв’ю «Новостям недели» (красавік 1994). І ў сваім дзённіку 1993 г. «чалавекавед» Бовін (1930–2004) занатаваў пасля першых выбараў у Дзярждуму: «Упэўнены, што за межы ХХ стагоддзя ён не выйдзе. Як палітычны лідар, зразумела». «Несапраўднага пасла» няма, а палітык на літару «Жэ» ёсць – летась атрымаў на расійскіх прэзідэнцкіх выбарах мільёны галасоў, трапіўшы ў тройку, як тое ўжо здаралася ў 1991 і 2008 гадах… ЛДПР выглядае – не скажу, што стала – амаль рэспектабельнай партыяй, і сёлета Аляксей Навальны ўжо гатовы падтрымаць яе кандыдата ў Піцеры (кажа, абы не ад «Адзінай Расіі»).

Ва ўсіх сэнсах бліжэйшы да нас прыклад – з Вадзімам Іосубам, папулярным у СМІ аналітыкам нейкага фінансавага агенцтва. Будзе казаць 28.01.2019: «На тыдні, які пачаўся…, еўра можа патаннець, знізіцца да 2.42» А паглядзіце, як на тыдні мяняўся курс:

Інфа з https://myfin.by/currency/eur (28.01.2019 – 03.02.2019). Cіняя лінія – курсы куплі, чырвоная – продажу. Еўра з 2.45 падаражэў да 2.47 руб., г. зн. амаль на 1%.

«Геапалітычных» прагнозаў апошнім часам таксама ў нас робіцца – хоць экспартуй іх аўтараў, хоць мяняй на коз, як летась зрабілі ў Турцыі з футбалістамі… Адзін фацэт варожыць, што Расія наўрад ці праглыне Беларусь, другі – што пагроза рэальна існуе, і жаліцца, што ў яго магчымасці расплюшчыць людзям вочы на пагрозу ў 100 разоў меншыя, чым у першага. То звярнуўся б на belisrael.info, чо 🙂 А папраўдзе, усе гэтыя накіды – ва ўмовах высокай ступені нявызначанасці ды недахопу інсайдэрскай інфы – нагадваюць эпізод з бессмяротнага гогалеўскага твору («даедзе кола да Масквы альбо не»).

Карацей, няма чаго быць мудрацом у вачах сваіх. Я-то не толькі да псеўдаэкспертаў, я і да сябе з іроніяй стаўлюся; яны – не ведаю.

Наказы в. а. цара наконт чарговага «ператрахвання» школьных праграм – гэта чысты Фанвізін, «Недарасль». Да таго ж касец, жнец і на дудзе ігрэц папракае настаўнікаў высокімі заробкамі – «ужо за 900 рублёў у сярэднім». Добра, што я не ў сістэме ды не мушу падпарадкоўвацца дурным загадам; уціск, відаць, такі, што і зорка «Радыё Свабоды» Ганна С. вырашыла для сябе «ненавідзячы, падпарадкоўвацца».

З другога боку, амбіцыі грамадскіх дзеячаў – тых, якія заяўляюць пра прэтэнзіі на галоўны фатэль краіны – таксама вылазяць аднекуль з паралельнай рэальнасці. У пачатку 2019 г. «адзначыліся» Мікола Статкевіч, ягоны цёзка Казлоў (нават не старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а в. а.), Алена Анісім, якая замахнулася ажно на 40% галасоў выбарцаў… Пра ўсіх названых ужо разважаў: у прыватнасці, тут, тут і тут. Пільныя чытачы лёгка здагадаюцца, як я трактую шансы гэтых «кандыдатаў у кандыдаты» на наступных «выбарах». Ну, прынцып «не дагонім, дык хоць сагрэемся» ніхто не скасоўваў 🙂

Разумею тых, хто кажа, што выбараў няма. Дапраўды, апошні раз вылучэнне кандыдатаў мела нейкі сэнс у 2001 г., калі «вертыкаль» і Ліда Я. вырашалі меней (мелася больш-менш незалежная федэрацыя прафсаюзаў, не было амаль усёахопнай кантрактнай сістэмы, сеціва ідэолагаў; многія захоўвалі спадзевы на расійскіх дэмакратаў і Захад, на «еўрапейскія каштоўнасці» ўвогуле). І ўсё-такі… сітуацыя непрадказальная. Хто ў лютым 1989 г. прадбачыў, што ў сакавіку 1990 г. з Канстытуцыі СССР выкінуць артыкул пра «кіруючую ролю» КПСС, а ў ліпені кансерватыўны ў цэлым Вярхоўны Савет БССР заявіць пра суверэнітэт Беларусі? Цяжка мне пагадзіцца з Сяргеем Спарышам, які заранёў ацэньвае прэзідэнцкую кампанію у РБ-2020: «[Ігар] Барысаў або [Ганна] Канапацкая дакладна не будуць буяніць».

Дарэчы, канструктыўная ідэя (нават дзве), як папярэдне адбіраць кандыдатаў – і кандыдатак – на вышэйшую пасаду. Трэба, каб яны прачыталі Біблію, прынамсі Пяцікніжжа, і здалі іспыт на разуменне прачытанага. Вернікамі быць ніхто не прымушае, аднак Біблія – збор тэкстаў, на якія абапіраецца палова чалавецтва, дык трэба, каб тутэйшыя хоць бы збольшага сяклі паляну арыентаваліся, каб на самітах было пра што размаўляць…

Ну, асабіста я пускаў бы ў белпрэзідэнты толькі тых, каторыя чыталі мае кнігі і сёе-тое ў іх зразумелі 🙂 Дальбог, «Выйшла кніга» (2017) & «Выбраныя катлеты і мухі» (2018) таксама здольныя служыць «шыбалетам», гэткім пропускам у вялікую палітыку. Ведаю, што крыху перабольшваю, але з нагоды юбілейчыку – дапушчальна. Дый пісьменнік Максім Клімковіч зацікавіўся «Выбранымі катлетамі…», а чым ён горшы за палітыкаў? 😉

М. Клімковіч у час аўтограф-сесіі Андрэя Федарэнкі; сам А. Федарэнка. Фота В. Р. і racyja.com, Мінск, 31.01.2019

Усё яшчэ ёсць ахвотныя ўспомніць пра далукашэнкаўскую Рэспубліку Беларусь (гл. ранейшыя згадкі ад Ю. Тэпера, П. Рэзванава, А. Рэзнікава…). Зараз эстафетка перадаецца мінскаму мастаку.

Андрэй Дубінін (1963 г. нар.):

Асаблівых сігналаў са знешняга свету ў маім дзённіку не зафіксавана ў тыя гады. Я выкладаў у ліцэі, быў паглыблены ў працу… Да таго ж у 1992 годзе нарадзіўся першы сын, і часу было вобмаль. Але, мабыць, галоўная прычына апалітычнасці – мы (купа рэстаўратараў) свой пік прайшлі ў 1990 годзе, калі шчыльна ўлучыліся ў выбарчую кампанію ў Вярхоўны Савет па Фрунзенскім раёне Мінска, я стаў даверанай асобай работніцы Белрэстаўрацыі Элеаноры Вецер, мы ў майстэрні ўручную рабілі ўлёткі з анёлам і тэкстам «Будзе песьня – будзе і хлеб» (тады камуністыя ўсё казалі «будзе хлеб – будзе і песня»; маўляў, спачатку дайце кіўбасы людзём, а тады і мова падцягнецца). Штовечар абыходзілі кватэры па ўсім раёне, я асабіста амаль усе дамы абышоў і тлумачыў-усміхаўся-жартаваў-абаяў-агітаваў… Дамоў вярталіся апоўначы. Нашым праціўнікам быў Генадзь Карпенка, памятаю сходы па школах, асабліва запаў выступ Уладзіміра Папругі – таленавіты прамоўца быў. Мы крыху саступілі Карпенку, але з нашым рэсурсам – проста рамантычны палёт і ніякіх грошай, плюс мастацкае ўкладанне – гэта была перамога. Мы тады так улезлі з вушамі ў гэтую справу, што пасля ўжо, відаць, была адваротная рэакцыя – замкнуцца ў сваёй Вежы-Басталіі.

Толькі ўскосна на семінарах наш настаўнік Алег Хадыка часам чапляў актуаліі. Напрыклад, 5 лютага 1992 г. ён казаў: «Мы знявечаны тым, што не было сецэсіі, буржуазнага перыяду. Чурлёніс (у літоўцаў) а ў нас толькі Чуркін. І трэба ўзнавіць Міцкевіча, сентыменталізм, сентыментальны беларускі план. Данчык можа зрабіць больш за ўсіх. Самыя страшныя для беларускага народа беларускія прадаўшчыцы (гэта быў цэлы клас людзі пры размеркаванні ядомага). Пазняк хацеў беларусізаваць прадаўшчыц, а яны толькі вырваліся (з вёскі ў рускамоўную цывілізацыю)… Прадаўшчыц зараз можа адзін Данчык уработаць…»

* * *

Даволі годна прайшлі «міжнародныя дні Халакосту» ў Беларусі: традыцыйны канцэрт «Жоўтыя зоркі» ў дзяржфілармоніі, сюжэт на тэлебачанні з інтэрв’ю былых вязняў Мінскага гета Якава Краўчынскага і Фрыды Лосік (Рэйзман)… А найбольш крэатыўна, здаецца, павялі сябе актывісты ў Гродне – зладзілі «анімацыйную экскурсію» па тэрыторыі гета № 1.

Хто чытаў і канспектаваў «Катлеты з мухамі», той ведае: да тутэйшых сацыялагічных выбрыкаў я доўга ставіўся або скептычна, або… монапенісна. Але ж надоечы прачытаў інтэрв’ю дырэктара акадэмічнага інстытута сацыялогіі – прызначанага з паўгода таму – і нутром адчуў, што не ўсё яшчэ страчана. Кандыдат навук, якому ў сакавіку 2019 г. споўніцца 40 год, «шарыць» не толькі ў анкетах; яго не без падстаў раскручваюць як галоўнага драконазнаўцу Сінявокай. Агулам, чалавек, дарма што намагаецца «падфарбаваць» дзяржаўную ідэалогію (паклаўшы ў яе падмурак міфалогію беларусаў) транслюе разумныя думкі, напрыклад:

Беларусы глыбока ўсведамляюць сябе як асобную нацыю са старажытнай гісторыяй і самастойнай дзяржавай. Успрыманне сябе як малодшых братоў расійцаў або палякаў – чужы, навязаны звонку стэрэатып…

Ад навукоўцаў патрабуюць хуткага выніку. Усё гэта вельмі негатыўна адбіваецца на навуцы як на сферы прадукавання новых ведаў, таму што досвед паказвае: са 100 заяўленых даследаванняў толькі 10 даюць вынік. З гэтых 10 актуальную выгаду прыносіць толькі адно. Але, калі не фінансаваць усе 100, то і аднаго прарыву (у БССР 192030-х «прарывам», у адрозненне ад «пералому», называўся правал, у цяперашняй РБ – поспех; значэнне слоў з цягам часу мяняецца – В. Р.), здольнага акупіць усе выдаткі, не будзе.

Да таго ж новы дырэктар не без гумару: у сваім блогу посціў нямала «вясёлых карцінак», праўда, перад тым, як заняў адказную пасаду. Пра радыё і папоў – не новая, сустракаў яе гадоў трох таму ў Аляксея Вішні (між іншага заўважу: з такімі «сябрамі», як Вішня, Віктару Цою і ворагаў не трэ’ было мець). Тым не менш:

«Недзе на раёнчыку»; «Суб’ект-аб’ектная інверсія» (узята адсюль)

«Вольфаў цытатнік»

«Культура – гэта сістэма табу, а мастацтва – гэта сістэма пераадолення табу» (Міхаіл Швыдкой, 24.02.2018).

«Брак даверу да медыяў, спалучаны з пачуццём бездапаможнасці ў вырашэнні ўсё вастрэйшых эканамічных, сацыяльных і палітычных праблем, паспрыяў распаўсюду тэорый змовы па ўсім свеце» (Мана Неестані, iranwire.com, 27.11.2018)

«Дарога – гэта сіла, у якой няма канца» (БГ, песня пра «смарагдавыя дні», 2019)

«Агульны прынцып: у публічнай прасторы найбольш выгадныя актывы заўсёды маскіруюцца пад стратныя… Смецце — гэта рэсурс XXI стагоддзя» (Кацярына Шульман, 15.01.2019)

«Каб цешыцца з перамен, трэба, каб было нязменнае: велічэзная тоўшча жыцця, якая паўтараецца, рэпрадукуе сябе» (Уладас Павілайціс, 22.01.2019)

«Барацьба за падвышэнне зарплат — гэта барацьба з карупцыяй. Проста знізу» (Аляксей Навальны, 24.01.2019).

«Быць беларусам у Еўразвязе – гэта ўсё роўна што быць габрэйскім хлопчыкам у савецкай школе. Намагаешся быць лепшым, каб даказаць, што ты як усе» (Paval Kasciukevič, 24.01.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

03.02.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 03.02.2019  18:47

***

Поддержать сайт 

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (80)

Ізноў-такі шалом! Час бяжыць, нештачкі мяняецца да лепшага, нешта – да горшага, нешта зусім не мяняецца. Вось і серыял у 2015–2018 гг. прэтэндаваў быў на тое, каб быць выспачкай стабільнасці. Удала ці не, вырашаць чытачам-гледачам.

Бянтэжыць апошнім часам раз… гільдзяйства па-ізраільску, калі левая рука не ведае, што робіць правая. У сакавіку свет абляцела навіна пра тое, што загадчыца гаспадаркі ізраільскага пасольства ў Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы пазбавілася ад металічнай скульптуры, якая каштавала мінімум 100 тыс. долараў, без згоды кіраўніцтва… Шмат у чым расчароўвае і якасць працы пасольства ў Мінску: Алон Шогам, які працуе тут паўтара года, наўрад ці горшы за свайго папярэдніка Шагала (цяжкавата быць горшым…), аднак і ён дапусціў нямала, мякка кажучы, спрэчнага.

Сёлета, дый летась, нямала беларусаў, ахвотных трапіць у Ізраіль, каб наведаць сваякоў ці проста пабачыць блізкаўсходнія цікавосткі, атрымалі «халодны душ». Некаторыя нават сядзелі ў «малпоўніку» аэрапорта Бен-Гурыёна не адны суткі, перш чым іх адправілі назад. Гэта ценявы бок бязвізавага рэжыму: зараз рашэнне, пускаць або не пускаць турыстаў у краіну, спехам прымаецца афіцэрамі пагранічнай службы.

У маі беларускія дыпламаты мелі, здаецца, сур’ёзную размову з ізраільскімі, нейкі пратэст быў заяўлены на ўзроўні віцэ-прэм’ера РБ… І вось надоечы пасол Ізраіля ў Мінску вымушаны быў даць тлумачэнне: «У Ізраіль едзе нямала людзей, зацікаўленых там працаваць. Таму ізраільская памежная служба часам забараняе ўезд. Нават, прызнаюся, памылкова, людзям, якія не хацелі туды ехаць працаваць. Але што рабіць… Падалося службоўцам, што так і было» (tut.by, 09.07.2018). Натуральна, такія меланхалічна-адстароненыя развагі не задаволілі ні дэпартаваных, ні большасць патэнцыйных турыстаў. Наведвальнікі пачалі кідаць кпіны кшталту: «Трэба і нам пры ўездзе кожнага другога яўрэя на Акрэсціна завозіць, правяраць на тэрарызм» (рэйтынг камента: +106-10), «Што значыць падалося? Калі падаецца – маліцца трэба. На такіх пасадах павінны працаваць прафесіяналы» (+74-1). Рэзюмаваў «Цар» з Беларусі: «Заўсёды лічыў Ізраіль разумнай дзяржавай, з развітай прававой сістэмай, а тут такое. Ну дык трэба туды і не ездзіць…» (+72-1).

Міжведамасныя канфлікты (у гэтым выпадку – паміж міністэрствамі замежных спраў і турызму, з аднаго боку, і ўнутраных спраў, з другога) – звычайная справа ў Ізраілі. І падобна, што нават прэм’ер-міністр не мае паўнамоцтваў, а мо жадання, каб іх развязаць. Свежая інфа пра кіраванасць краіны: 9 ліпеня Нетаньягу заяўляе, што разам з Ліберманам вырашыў неадкладна закрыць КПП «Керэм Шалом» (паміж Ізраілем і сектарам Газа); назаўтра пункт працуе, як нічога ніякага.

Няўзгодненасць дзеянняў, што вынікае з не(да)кампетэнтнасці службовых асоб, можа мець і трагічныя вынікі. Адна з трагедый адбылася не ў сутычках з палесцінцамі, а ў «мірнай» пустыні Арава. Нагадаю: інструктар курсаў перадармейскай падрыхтоўкі не меў ліцэнзіі, і кіраўніцтва пра гэта ведала. Старшакласнікаў, пераважна дзяўчат, не папярэдзілі пра рэальную небяспеку паходу па рэчышчы Нахаль-Цафіт і пра зменлівае надвор’е, 26.04.2018 яны трапілі ў пастку… Паводка ўнесла 10 маладых жыццяў.

17-гадовы Цур Альфі мог бы выбрацца са смяротнага рэчышча, аднак ратаваў іншых і спазніўся… Ён загінуў як герой; зрэшты, краіну, якая «на роўным месцы» мае патрэбу ў героях, шчаснай не назавеш.

Звонку выглядае, што Біньямін Нетаньягу, 1949 г. нар., пры ўсіх яго станоўчых якасцях, усё ж «заседзеўся» на сваёй пасадзе, якую займае з сакавіка 2009 г. Тое, што ён не толькі прэм’ер-міністр, а і міністр замежных спраў (з 2015 г.), наўрад ці ідзе на карысць тым самым справам. Гэтая георгіеўская стужка 9 мая, «вась-вась» з Пуціным… Ужо даўнавата, відаць, дзейнічае прынцып Пітэра.

Іншы палітычны доўгажыхар нядаўна адзначыў 24 гады ва ўладзе. Дакладней, «Рыгорыч» у ёй акурат чвэрць стагоддзя: калі дэпутата Лукашэнку з падачы старшыні Вярхоўнага Савета ў чэрвені 1993 г. выбралі старшынёй часовай камісіі, ён атрымаў рэальныя рычагі ўплыву на чыноўнікаў, да яго пацягнуліся актывісты з КДБ, МУС… Задачай той камісіі было змаганне з карупцыяй, пад гэтым жа сцягам яе старшыня выйграў выбары 1994 г. Наколькі паспяхова змаганне вялося ўвесь гэты час, можна скеміць нават з апошніх навін. Бяруцца пад варту кіраўнікі сярэдняга звяна і «крыху вышэйшага за сярэдняе» (дырэктар Палаца спорту, старшыня райвыканкама, намеснік міністра, а то і экс-міністр), не кажучы пра бізнэсоўцаў, і канца-краю гэтаму не відаць. Напрошваецца выснова – у Беларусі, нягледзячы на ўсе пагрозлівыя варушэнні вусамі, за 20 з гакам гадоў так і не створана сістэма эфектыўнага падбору кадраў ды іхняга стымулявання.

Рыба псуецца з галавы. Калі Канстытуцыя перапісваецца пад аднаго чалавека, калі дзеці адной службовай асобы заранёў маюць прывілеi ды лезуць шпунтамі пад усе бочкі, то цяжка чакаць самаадданасці ад падначаленых. Які сэнс потым жаліцца, што нават у адміністрацыі прэзідэнта нейкі начальнік аддзела «злоўжываў службовым становішчам»… У 2005 г. я атрымаў паперку аб заканчэнні першых «антыкарупцыйных» курсаў у Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы, так што ведаю, пра што разважаю 🙂

Калі сур’ёзна, то не пераацэньваю вартасці тых сумбурных курсаў. І без іх наступствы адмоўнага адбору ў дзяржаўнай сістэме – а таксама ў «трэцім сектары» – кідаліся б у вочы.

…Некаторыя будуць дзівіцца, адкуль «растуць ногі» ў падвышэння(ў) пенсійнага ўзросту і ў «антыдармаедскіх» дэкрэтаў. Ну, трэба ж кімсьці заткнуць дзіркі, якія вылазяць у бюджэтах, не? 🙁 Дапускаю, нехта даўмеўся ўжо і да хітрай схемы: падштурхнуць сотні тысяч беспрацоўных – пад пагрозай занясення ў спіс «дармаедаў» – да рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Потым можна паказаць графік з ростам долі малога бізнэсу ў Беларусі экспертам з МВФ і Сусветнага банка, дастаць новыя крэдыты… Няўжо забугорныя эксперты пойдуць правяраць, працуюць насамрэч тыя ІП або не? 😉

Нямала ў свеце й пазітываў. Кітайскія ўлады выпусцілі з-пад хатняга арышту ўдаву нобелеўскага лаўрэата Лю Сяабо, якую зваць Лю Ся, і дазволілі ёй выехаць за мяжу (у час арышту бедная Люся зарабіла сабе масу хваробаў). Яе вершы – «сумесь шоўка і жалеза» (С).

У Віцебску па вуліцы Шагала, 5а, адкрылі выставу «Осіп Цадкін. Вяртанне», якая прадоўжыцца да 18 ліпеня, у Барысаве, як нагадвае Аляксандр Розенблюм з Ізраіля, пяць год ужо дзейнічае экспазіцыя «Барысаў яўрэйскі» (арганізатар – мецэнат Уладзімір Слесараў). У Бабруйску пенсіянеры вывучаюць – або ўспамінаюць – ідыш, а рабін Шауль гатуе макарону і ратуе сцены старой сінагогі.

Памяркоўны гумар: «Пагонi» з макароны і бульбы, створаныя нейрасецівам. Фота адсюль.

Ёсць неблагія шансы на тое, што ў кастрычніку 2018 г. на будынку музея ў Мсціславе за кошт фундатараў будзе ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар земляка, мастака Ізраіля Басава (1918–1994). Калі за справу ўзяўся сам дырэктар Магілёўскага абласнога мастацкага музея Аляксандр Хахракоў, яна, дальбог, проста не можа не скончыцца поспехам!

Праславіліся і Калінкавічы – у горад на Гомельшчыне завітала група акцёраў з Купалаўскага тэатра, паказалі спектакль па кнізе «Радзіва “Прудок”» Андруся Горвата. Між іншага, у гэтай кнізе ёсць і «яўрэйскія» згадкі: «У 1920 годзе Прудок быў уцягнуты ў савецка-польскую вайну, і мой прадзед схаваў у пограбе сям’ю габрэяў… Каб даведацца, што габрэяў, якіх хаваў у пограбе мой прадзед, звалі Зэльдай і Ізыкам, мне давялося сёння выпіць сто грам самагонкі з інфарматарам», etc.

У Мінску Андрэй Хадановіч апублікаваў новы пераклад з Мойшэ Кульбака – гэты верш даступны ў «Нашай Ніве» (дадам, за саветамі яго перакладаў Генадзь Кляўко). Выдавец Раман Цымбераў задумаў «габрэйскую серыю», дзе першым пунктам – Кульбакавы «Зельманцы» ў новым, завершаным ужо перакладзе Андрэя Дубініна.

А вось мінская прэзентацыя кнігі французска-брытанскай даследчыцы Клер Ле Фоль у канцы чэрвеня 2018 г., лекцыя гэтай доктаркі навук пад эгідай пасольства Францыі, яе інтэрв’ю выклікаюць змяшаныя пачуцці. З аднаго боку, кажуць, кніга 2017 г. напісаная паводле дысертацыі, якую я чытаў у 2006 г. і збольшага ўпадабаў. З другога… бясспрэчна таленавітая аўтарка, нягледзячы на мае з ёй дыскусіі (напрыклад, тут), так і не пазбавілася ад фанабэрліва-паблажлівага стаўлення да калегаў, і гэта псуе ўвесь «кампот». У інтэрв’ю: «Беларусь проста ігнаруе праблему [датычнасці беларусаў да Катастрофы яўрэяў], нібыта яе няма. Гэта яшчэ савецкі падыход. Былі і праведнікі, якія ратавалі габрэяў падчас вайны, і былі калябаранты — і ў Беларусі, і ў Літве, і ў Польшчы. У Беларусі, напэўна, у меншай ступені, але ніхто гэтага не вывучаў». Так ужо і «ніхто»? Таксама не спецыяліст у гісторыі Другой сусветнай вайны, з ходу (à brûle-pourpoint) згадаю, аднак, тутэйшых гісторыкаў Аляксея Літвіна, Ігара Сервачынскага, Алеся Белага… Шчэ ў пачатку 1990-х гадоў падрабязна распавядаў пра юдафобію ў калабаранцкіх выданнях Сяргей Жумар.

Даволі павярхоўна трактуе даследчыца з Саўтгемптана і больш знаёмыя ёй праблемы: «Я вывучала спадчыну Зьмітрака Бядулі, гэта клясык, і гэта ён стварыў ідэю дружбы паміж габрэямі і беларусамі, міт аб талерантнасьці беларусаў». Можа быць, тут цяжкасці перакладу або наўмыснае спрашчэнне ад «Радыё Свабоды»… Насамрэч ідэя «дружбы народаў» закладвалася ў беларускіх нацыянальных колах перад першай расійскай рэвалюцыяй – сярод іншага, з мэтай больш эфектыўна процістаяць імперскаму ўціску. З першых выпускаў газета «Наша Ніва» (заснаваная ў 1906 г.) усцяж прапагандавала, калі ўжываць сучасную тэрміналогію, талерантнасць беларусаў да яўрэяў, пра што пісалі Іна Соркіна… і мая жонка Святлана Рубінчык. Змітрок Бядуля, пры ўсёй да яго павазе, пазнаёміўся з газетай толькі ў 1909 г., пачаў жа рэальна ўплываць на грамадскую думку прыкладна ў 1912 г. – так што не стварыў ён ідэю, а падтрымаў і зрабіўся ейным «жывым увасабленнем».

На жаль, для К. Ле Фоль, як і для многіх іншых замежных госцяў, сімвалы/жэсты часцяком апынаюцца важнейшымі за рэальнасць («грамадства спектаклю» руліць 🙁 ). Іначай мне цяжка сабе патлумачыць, чаму яна лічыць «самым высокім момантам у беларуска-габрэйскіх стасунках» пачатку ХХ ст. дэкларацыі Самуіла Жытлоўскага 1921 г. На той час міністр нацыянальных меншасцей Беларускай народнай рэспублікі прадстаўляў хіба купку сваіх знаёмцаў, дый сама БНР перайшла ў разрад эмігранцкіх летуценняў. Рэальна пік названых стасункаў выпаў на перыяд з лета 1917 г. да вясны 1918 г., калі яўрэі і беларусы стварылі адзін спіс перад выбарамі ў Менскую думу, калі ва Усебеларускім сходзе ўдзельнічалі і яўрэйскія дэлегаты, калі ў протаўрад БНР (Народны сакратарыят) увайшлі даволі ўплывовыя прадстаўнікі «абшчыны», Белкінд і Гутман, калі ўстаўныя граматы БНР рэдагаваліся і па-беларуску, і на ідышы…

Няма сувязі паміж малапаспяховымі міжнароднымі захадамі Жытлоўскага (1921–1923 гг.) і тым, што «ідыш быў прызнаны дзяржаўнай мовай у БССР». Калі каму і дзячыць за афіцыйнае прызнанне ідыша ў 1920–30-х гадах, дык падпісантам Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці ССРБ (31 ліпеня 1920 г.), дзе гаварылася пра роўнасць чатырох моў, – у прыватнасці, бундаўцу Арону Вайнштэйну, старшыні Менскай гарадской думы ў 1917–1918 гг.

«Вольфаў цытатнік»

«Гламурызацыя вайны часта правакуе яе пачатак, таму што людзі не вельмі разумеюць, што такое на самай справе вайна» (Ірына Прохарава, 11.04.2018)

«Бясконцая множнасць крыніц абясцэньвае інфармацыю як такую, а таксама абнуляе маральнае ўздзеянне любой падзеі». (Дзмітрый Быкаў, 10.07.2018)

 

Вольф Рубінчык, г. Мінск

11.07.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 11.07.2018  15:49

Водгук д-ра Ю. Гарбінскага (12.07.2018):
Чарговы выдатны тэкст. З глыбокай – і таму «жывой»  аналітыкай. 

 

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (61)

Быў перапынак. Часу не марнаваў – лётаў у адну маленькую, але гордую краіну, потым з тыдзень раздаваў кухталі прэзенты і прыходзіў у сябе. Прыйшоў. Зноў пагрузіўся ў справункі, пра якія ні разу не хацелася думаць у моры, дзе злева – Іярданія, справа – Егіпет, ззаду – «мы».

Невыпадкова пісьменнік Эдуард Топаль 40 гадоў думаў-думаў – і перасяліўся-такі ў Ізраіль. Цёпла, старым прынята дапамагаць. А яшчэ ж і культурку ізраільцы любяць (у сваёй справаздачцы ўсяго я не здолеў ахапіць, і нават забыўся, што наведаў горад Рышан з яго прыгожым паркам). Месяц таму назвалі пятачок у цэнтры Іерусаліма «Плошчай Шагала». Паводле прыкладу Беларусі (?) збіраюцца будаваць новую Нацыянальную бібліятэку – акурат насупраць Кнэсэта, відаць, для таго, каб народныя абраннікі прывучаліся да чытання. Кнігі на рускай прадаюцца…

Чароўныя графіці, зноў жа, скрозь і ўсюды.

 

Усё гэта на фоне спарадычных тэрактаў, ад якіх ізраільцы нярэдка «ўцякаюць» у прыватнае жыццё і прыватныя, нярэдка высмактаныя з пальца праблемы. Пясняр і сонца такіх новых грамадзян – вядома, не палітык там нейкі, а Этгар наш Керэт з яго міні-расказамі… Рэінкарнацыя расійца Аркадзя Аверчанкі.

Спахапіўся, што не толькі многія мае ўяўленні пра Ізраіль больш не спрацуюць, а і напісанае іншымі аўтарамі ў 1990-х гадах… Уладзімір Мехаў: «Салдат Арміі абароны Ізраіля – так тут войска называецца – вызначаецца годнасцю, патрыятычнасцю, усведамленнем, як ён патрэбен радзіме і як яна ім ганарыцца». Не ў крыўду нядаўна памерламу Мехаву, чытаў і пра тых, хто ўхіляецца ад службыВайсковая паліцыя рэгулярна праводзіць аблавы на ўхілістаў і дэзерціраў… У ходзе такой аблавы, якая ладзілася сёлета [артыкул 2012 г.], вайсковая паліцыя затрымала 474 чалавекі»), і пра тых, хто адмаўляўся выконваць загады, асабліва ў «працэсе размежавання» з Газай, – такіх былі тузіны…

Насцярожыла, але не здзівіла гісторыя з успышкай скураной хваробы на базе ЦАХАЛа «Шызафон» у чэрвені 2017 г. Дзясяткі салдат сапраўды захварэлі, а амаль столькі ж – 46, калі дакладней – сімулявалі хваробу, каб пазбегнуць удзелу ў навучаннях. Нагадала эпізод з кнігі Эфраіма Севелы «Моня Цацкес – сцяганосец», дзе навабранцы перадавалі адно аднаму вошку, каб «пакантавацца» ў казарме… Гісторыя як бы намякае, што ў ЦАХАЛе пасля прыходу на пасаду міністра абароны ўраджэнца былога СССР (год таму) райскага жыцця няма і не будзе ёсць што мяняць да лепшага.

Былы пасол Ізраіля ў Беларусі прачытаў байцам натацыю ў сваім блогу на «Рэхе Масквы»: «Няхораша і нехарактэрна для ізраільскай арміі. У рэшце рэшт, тыя, хто захварэў, вылечаны, тыя, хто сімуляваў, пакараны». Адчуваецца віртуозны стыль палеміста… Калі б не ведаць, што сам Зэеў Бен-Ар’е быў у 2012 г. пакараны ізраільскім судом і з ганьбай выгнаны з міністэрства замежных спраў (але з усяго відаць, хоча вярнуцца – ну, вярнуўся ж ва ўрад Ар’е Дэр’і, у 1999 г. прызнаны крымінальным злачынцам…), то яго натацыю на «маякоўскую» тэму «што такое добра і што такое блага» можна было б і прыняць.

Юрый Анатольевіч Зісер – не Зэеў Львовіч Бен-Ар’е, але таксама любіць паразважаць на тэмы маралі. Гучна выбухнуў яго пост у фэйсбуку, дзе Ю. А. паскардзіўся на сцюардэсу кампаніі «Белавія» (не дала яму і жонцы паспяваць украінскія песні ў самалёце…). Кампанія даволі годна адказала, што «Вас могуць папрасіць перастаць спяваць на борце, калі вы знаходзіцеся на «крытычным этапе палёта» (у час узлёту і пасадкі…), таму што ў гэты час важна быць максімальна ўважлівымі, як бортправаднікам, так і пасажырам». Медыямагнат застаўся пры сваім меркаванні – і спяваў ён ціха, і сцюардэса, аказваецца, не прасіла, а настойвала, «бы лейтэнант міліцыі»: «Вы парушаеце грамадскі парадак!»

Сам я не вялікі аматар нацыянальнай авіякампаніі – перш за ўсё праз цэны, якія яна традыцыйна запрошвае за свае паслугі (за рэйс з Беларусі ў Ізраіль і назад заплацілі значна больш, чым калі б ляцелі з Масквы або Вільнюса, а меню было… мякка кажучы, беднаватае). Крыху напружылі таксама памылачкі на абгортцы шакаладкі.

By the way: «яічных» – яечных, «меньш» – менш, «сухоа» – сухога, «кантоўнасці» – каштоўнасці, «энергітычная» – энергетычная, «ненасыччаных» – ненасычаных, «месацаў» – месяцаў. Хто чытаў ранейшыя серыі «КіМ» – напрыклад, 39-ю, 53-ю – той ведае, што да непісьменнасці ў публічных месцах я стаўлюся без энтузіязму. Праўда, і ў Ізраілі хапае «альтэрнатыўна адораных»: у Петах-Тыкве пішуць на шыльдах вуліцы Дубнава (наш зямляк, гісторык і грамадскі дзеяч з Мсціслава, 1860-1941) то «Dubnov», то «Dovnov». І, між іншага, афіцыйны часопіс «Белавія» «OnAir» з яго расказамі пра падарожжы ды перакладамі навел Міхаіла Зошчанкі на беларускую мне спадабаўся.

Вяртаючыся да тэмы спеваў: можа, сцюардэса і занадта рэзка «папрасіла» Зісера & Со. сціхнуць, мяне там не было. Але ж рабіць з гэтага далёкасяжныя высновы… «Падпсавалі настрой і нікому не зрабілі лепей, затое ПАРАДАК (у рускамоўным арыгінале гэтае слова напісана па-беларуску, а мо на трасянцы? – В. Р.). Ordnung. Будзь рэйс украінскі, упэўнены, нас бы не перапынялі». Яго aбараняла жонка, небезвядомая культуралагіня, аднак лепей бы не: «Карацей, я зразумела. Забаронена не толькі тое, што забаронена (і пра гэта сказана або напісана). Забаронена можа быць усё заўсёды – і ўсім, кім заўгодна… Не бывае паўсвабоды. Каб усё было дазволена, але пры гэтым усё можна было ў любы момант забараніць…». Так я даведаўся, што палёт – гэта не рызыкоўная, а «заўсёдная» сітуацыя, а бортправадніцы адносяцца да катэгорыі «хто заўгодна». Што не бывае паўсвабоды – ёлупы, знача, заканадаўцы розных кантынентаў, якія спрэс уводзяць у канстытуцыі ды іншыя важныя дакументы агаворкі пра «дзяржаўны інтарэс», магчымасць абмежавання правоў чалавека.

Яшчэ Ю. З. кінуўся вешаць цэтлікі тым, хто з ім не згаджаўся: «Сапраўдныя беларусы!», «Браво! Вы – сапраўдны беларус!». І далей: «…Маса асабістых абраз, хамства і выпадаў з боку ахоўнай часткі беларусаў – іншага я і не чакаў… Беларусы ў масе (нават тыя, хто лічыць сябе сур’ёзнымі) зусім нецярпімыя да альтэрнатыўных пунктаў гледжання, нават не спрабуюць разумець іншых і ўважаюць сваё асабістае меркаванне за меркаванне ўсяго або амаль усяго народа. Больш за тое, яны абажаюць ordnung, ён вышэй за асабістую свабоду» (нагадала слоўцы Лукашэнкі пра «народзец» і Алексіевіч пра «народнае цела»). Уразіла і тое, што Зісер лічыць: «парадак і свабода – узаемна процілеглыя рэчы». Іначай кажучы, для нас або казарма, або хаос – трэцяга не дадзена…

Нават няма ахвоты каментаваць, папярэджваць пра небяспеку гульні з этнічнымі стэрэатыпамі НЕ ў літаратурных творах або гумарыстычных газетках, асабліва калі гуляецца чалавек з яўрэйскім прозвішчам – настолькі ўсё далёка зайшло. Прагназую, што, калі пойдзе далей, то даволі скора Ю. З. пазбавіцца сваіх актываў на тэрыторыі Беларусі – на жаль, унутрана ён гатовы да гэтага.

Прызнаюся, і сам гадоў 10 таму напейсаў іранічнае двухрадкоўе пра беларусаў, звыклых да прымусу (не без уплыву Ігара Губермана з яго канстатацыяй «еврей, который всем доволен – покойник или инвалид»). Аднак яно фігуравала толькі ў самвыдатаўскім бюлетэні з тыражом 100 асобнікаў. Дый не стаў бы я адзін «жарт» паўтараць двойчы: тролінг тролінгам, але меру знаць неабходна.

* * *

Апошні месяц быў цяжкі. 3 ліпеня памёр беларускі яўрэй Міхаіл (Іехіэль) Звераў, якога я добра ведаў, 13 ліпеня – кітаец Лю Сяабо, якога асабіста ведаць не давялося…

Міхаіл Ісакавіч Звераў пару гадоў не дажыў да 90. Ён родам з Парыч пад Бабруйскам. Любіў ідыш, успомніў для маёй газеты «Анахну кан» колькі гумарных дрындушак даваеннага часу. Любіў шахматы і асабліва шашкі – да пачатку 2010-х гадоў кіраваў клубам «Белыя і чорныя» пры мінскім «Хэсэдзе». Прыводзіў у клуб экс-чэмпіёна свету па шашках Аркадзя Плакхіна, прывёў бы і гросмайстра па шахматах Давіда Бранштэйна, ды той у апошні момант адмовіўся.

У яго было няпростае маленства – як кажуць у падобных выпадках, апаленае вайной. У эвакуацыі трапіў у дзіцячы дом, уцёк адтуль, пасвіў калгасныя статкі. Потым вярнуўся ў Беларусь, служыў у войску, вывучыўся на інжынера, працаваў на трактарным заводзе. У 1990-х актыўна заняўся грамадскімі справамі – нейкі час уваходзіў у праўленне Мінскага аб’яднання яўрэйскай культуры. На Інтэрнацыянальнай, 6 мы з ім і пазнаёміліся (у 1994 г.).

 

М. Звераў (у белым) сярод актывістаў «Белых і чорных», злева ад яго А. Плакхін і І. Генадзіннік, справа Ю. Тэпер і Э. Рабіновіч; Лю Сяабо абдымае жонку.

Што да нобелеўскага лаўрэата Лю – літаратурнага крытыка, паэта, праваабаронцы – то ў 2010 г. я падпісваўся за яго вызваленне і за тое, каб кітайскія ўлады знялі хатні арышт з яго жонкі. «Спадзяюся, што буду апошняй ахвярай бясконцага пераследу літаратараў у Кітаі, і зараз ніхто ўжо не будзе асуджаны за слова. Свабода самавыяўлення – аснова чалавечых правоў, крыніца чалавечнасці, маці ісціны. Душыць свабоду слова значыць таптаць правы чалавека, нішчыць чалавечнасць, забараняць ісціну», – пісаў ён. Я цалкам згодзен з ім, калі свабодай не злоўжываюць, заклікаючы да гвалту і падобнага. Аднак у тых тэкстах Лю, што я бачыў, «экстрэмісцкіх заклікаў» няма. Адбрэхваючыся («гэта наша ўнутраная справа», «ён крымінальнік»), чыноўнікі КНР так і не змаглі даказаць, што Лю, з яго ідэямі негвалтоўнага супраціву, нанёс рэальную шкоду краіне. Як і чыноўнікі РБ не давялі, што аўтары «Рэгнума», пасаджаныя звыш сямі месяцаў таму, дапраўды «распальвалі».

Зараз у мяне няма ніякай ахвоты ехаць у Кітай – ні турыстам, ні па справах (лепей ужо ў Ізраіль з усімі яго тараканамі). Можа, калі рэабілітуюць дысідэнта, памерлага ў 61 год пасля дзесяці гадоў турмы і трох гадоў лагера, тады…

Харош і Азербайджан, які ўпаяў падарожніку-блогеру Аляксандру Лапшыну тры гады калоніі фактычна за наведванне Карабаха і расказ пра гэтую тэрыторыю як пра армянскую. Яшчэ Лапшын высмейваў чыноўнікаў розных краін і ўвогуле «вёў сябе вызываюшча», дзіва што Лукашэнка яго выдаў з Мінска, спаслаўшыся на фіктыўны «запыт Інтэрпола». Нават Эдуард Лімонаў, які чалавечае жыццё агулам у грош не ставіць, абурыўся.

На маю думку – не толькі на маю – варта было абмежавацца штрафам або ўмоўным тэрмінам. Блогерам апошнім часам увогуле цяжка жывецца, вось і Антон Носік памёр… Зрэшты, не магу згадзіцца з інтэрнэт-абаронцам Лапшына, што рашэнне Баку – гэта «канец»: прысуд можна абскардзіць, магчымая амністыя. Неяк усё ж не верыцца, што Ізраіль пакіне свайго ў нядолі.

Ёсць і добрыя навіны. Як і было прадказана, спынена справа супраць беларускага відэаблогера Максіма Філіповіча, які, паводле міліцыі, «падмяняў сабою СМІ» пры дапамозе канала ў ютубе. Кіеўскі апеляцыйны суд не развітаўся са здаровым глуздам і днямі пастанавіў, што гарсавет мусіць перагледзець сваё рашэнне ад 01.06.2017 аб наданні імя Рамана Шухевіча кіеўскаму праспекту Мікалая Ватуціна. Да таго ж за гэты перагляд было аператыўна сабрана звыш 10000 подпісаў грамадзян (не без удзелу яўрэйскіх арганізацый).

Гісторык Юрась Гарбінскі паведамляе: «У Польшчы на факультэце паліталогіі ўнівэрсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне 26.06.2017 Ганна Бартнік паспяхова абараніла доктарскую дысертацыю “Яўрэйская нацыянальная меншасць у Беларусі пасля 1991 года” (”Mniejszość żydowska w Republice Bialoruś po 1991 roku”). Навуковы кіраўнік – прафесар Конрад Зялінскі». Парадуемся за Ганну: цікава было б пачытаць яе дысер.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

23.07.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 23.07.2017  01:20

ДОПОЛНЕНИЕ (вспоминает Юрий Тепер):

М. И. Зверев старался делать для любителей интеллектуальных игр как можно больше – и когда мы собирались у станции метро «Восток», и на В. Хоружей, 28. Чтобы доказать, что шахматно-шашечный клуб организации «Хэсэд-Рахамим» лучше всех, в конце 1990-х он заявлял нашу команду на городcкие фестивали, ходил к начальству, добился, чтобы за нас заплатили турнирный взнос. Гордился, когда команда заняла 3-е место – попросил меня написать об этом статью в газету «Хэсэда» (я написал). Собирал фотографии.

Михаил Исаакович хотел, чтобы клуб «Белые и черные» имел свой гимн, однако большинство активистов воспринимало это скептически. Я нашел в советском журнале 1930-х годов стихи, которые редакция журнала раскритиковала. Cлова звучали примерно так: «Кто бы ты ни был, маэстро или пижон, надейся на первое место, пой песню и при на рожон». Я спросил (не без доли иронии): «Ну что, это подойдет?» Зверев подумал и говорит: «Вообще интересно, но, наверное, не подойдет».

Илья Генадинник вспоминал, как лежал в одном отделении больницы со Зверевым – Михаилу Исааковичу было много передач, он делился с Генадинником, жена Зверева это поощряла. Одно время я читал лекции о шахматах и шахматистах в клубе «Хэсэда», М. И. обещал найти деньги на «гонорар». Я сказал: «Если начальство Вам не платит, то мне не заплатит тем более». Когда я занял 2-е место в личном чемпионате Минска 2001 г., то Зверев очень гордился, говорил, что это успех всего «Рахамима»…

Добавлено 23.07.2017  23:18