Каму – дзень добры, а каму і шалом! Спярша – дапаўненне да запісу Анатоля Сідарэвіча пра Пурым і слуцкую Эстэр, дачку Ізраіля (запіс быў апублікаваны 31.03.2019). А. С., 2 красавіка: «Ужо праз пару дзён згадаў, што ведаў і другую Эсфір – Эсфір Саламонаўну Гурэвіч з Інстытута літаратуры. Яна была маёй аўтаркай у газеце “Літаратура і мастацтва”. Шкада, мала кантактавалі. Паспрабую рэабілітавацца, бо ё такая задумка – напісаць рэдактарскія ўспаміны».
Ад Пурыма недалёка мы адышлі, і вось вам, чытацтва, фотка, вылаўленая ў сеціве. Подпіс я крыху дапілаваў – саўсім крыху 🙂
Дарэчы, 202 гады таму Дзяржаўны савет Расійскай імперыі дазволіў яўрэям, якія жылі ў Сібіры, «купляць або выменьваць жанчын калмыцкага роду нехрысціянскай веры, якія прывозяцца з-за мяжы, і, навяртаючы іх у яўрэйскі закон, уступаць з імі ў шлюб». Яўрэек-то ў Сібіры не хапала… 🙁
Будзеце смяяцца, але не я адзін бачу аналогію паміж сучаснасцю і канцом 1980-х у СССР. Расійскі калега Валер Салавей кажа, што «за апошні месяц чатыры разы выступаў перад бізнэсменамі… І параўнанне эпох – закату СССР і цяперашняй – сустракала ў іх поўную згоду, нават захапленне». Падабенства, паводле В. С., у тым, што існуе адчуванне «поўнай вычарпанасці і тупіковасці палітычнай і эканамічнай мадэлі».
Адносна «поўнай вычарпанасці» я б паспрачаўся – што ў Расіі, што ў Беларусі рэшткі веры ў «светлую будучыню» яшчэ захоўваюцца ў часткі чыноўнікаў (і бізнэсоўцаў, у якіх усё добра з GR). Але насамрэч, постсавецкая прастора ўступае ў паласу крызісаў і новай палітычнай мабілізацыі. У тым ліку і з названай прычыны мне не суздром абыякавыя выбары ва Украіне (хаця, здавалася б, якая мінчуку розніца, хто там пераможа – Парашэнскі альбо Зяленка?)
Вынікі працы «інкумбента», то бок дзеючага прэзідэнта, даволі сумныя: адзін усплёск захворвальнасці на адзёр чаго варты. Пачынаючы з 2014 г. менш за палову ўкраінскіх дзяцей былі прышчэплены ад адру, і па стане на 2018 г. краіна лідзіравала ў Еўропе па ліку хворых (23 тыс. з агульнай колькасці 41 тыс.). «Галоўны чыноўнік» зашмат увагі надаваў сімвалічным крокам, такім як здабыццё томасу для «нацыянальнай» праваслаўнай царквы, і ўзрасціў сабе цэлую сціжму непадкантрольных канкурэнтаў. Аналітык Ігар Тышкевіч небеспадстаўна сцвярджае: «Каманда Зяленскага магла дасягнуць куды большага. Яна проста шмат дзе яшчэ не дапрацавала».
Самазаспакоенасць Парашэнкі нагадвае паводзіны Вячаслава Кебіча перад беларускімі выбарамі 1994 г. Яго каманда, якая, выглядае, атабарылася ў сваёй рэальнасці, няслушна выбрала напрамак для асноўнага ўдару – «мачыла» найперш Юлю Цімашэнка. Прычым быў скарыстаны той жа смярдзючы трук, як у 2015 г., падчас давыбараў у Вярхоўную Раду ў Чарнігаве, – зарэгістравалі кандыдата-спойлера, Юрыя Цімашэнку, каб заблытаць выбарцаў, асабліва пажылых. Улетку 2015 г., каб забраць галасы ў Генадзя Корбана і прасунуць у Раду свайго стаўленіка Беразенку, рабяты з адміністрацыі прэзідэнта завабілі ў кандыдаты нейкага іншага Корбана (або Кірбана)… Сам бачыў яго ў спісе, вывешаным каля аднаго з участкаў.
Чарнігаў, ліпень 2015 г. Тады балатаваўся 91 чэл…
Калі дапусціць, што Уладзімір Зяленскі – крэатура Каламойскага, то трэба прызнаць, што «Беня» шмат чаго навучыўся пасля чарнігаўскай (ды кіеўскай) пстрычак па носе ў ліпені і кастрычніку 2015 г. У 2019 г. быў выстаўлены куды больш прахадны кандыдат, чым палітык-недарэка, які ў тым жа 2015 г. трапіў пад крымінальны пераслед. У Зяленскага нямала станоўчых рысаў, ён адносна малады, абаяльны… Відаць, «ужыўся» ў вобраз прэзідэнта, якога ствараў у серыяле пра «слугу народа», што ва ўмовах віртуалізацыі палітычнай прасторы, калі сціраецца мяжа паміж рэальнасцю і медыямі, толькі плюс.
Гладыятарскія дэбаты на стадыёне, якія плануюцца паміж кандыдатамі, – якраз тое, што трэба «медыясапіенсу»… Шансаў на тое, што акцёр пасля 21.04.2019 стане прэзікам, бадай, 60:40. Здавалася б, я мушу жадаць перамогі «Зя» – гэта была б і аплявуха юдафобам, і шпілька нашаму «Лу», каторы спрагназаваў, што ў другім туры Парашэнка адолее Зяленскага. Але… Усю «маліну» псуе некампетэнтнасць лідэра прэзідэнцкай гонкі ў эканоміцы (прадэманстраваная, у прыватнасці, тут) ды адсутнасць у яго дасведчанай каманды патэнцыйных чыноўнікаў вышэйшага і сярэдняга звенняў. Без гэтых перадумоў добрыя намеры будуць разбівацца ўшчэнт: або старая бюракратычная гвардыя падпарадкуе прэзідэнта, як у бессмяротным творы двух брытанцаў «Так, пан міністр», або пачнецца сабатаж, а потым розныя «шатдаўны». Тое, што здольныя перажыць ЗША, дзе стан грамадства і бяспека дзяржавы мала залежаць ад урадавых пертурбацый, будзе балючым – і як бы не фатальным – для Украіны.
Спрабую ўявіць сябе ў ролі грамадзяніна Украіны, які стаіць перад «лёсаносным» выбарам… Напэўна, сапсаваў бы бюлетэнь, упісаўшы ў яго, напрыклад, забітага ў красавіку 2015 г. пісьменніка Алеся Бузіну, нагадаўшы аб тым, што забойства дагэтуль не раскрытае. Агулам жа ад cітуацыі ў нашых паўднёвых суседзяў галава кругам… Як у таго вожыка ў тумане.
Кіеў, ліпень 2015 г.
Перамога Зяленскага станоўча паўплывала б на беларускі палітыкум у тым сэнсе, што заахвоціла б да перамен маладую тутэйшую публіку («комік здолеў, значыць, і мы здолеем…»). Аднак гэты эфект быў бы, хутчэй за ўсё, кароткатэрміновым. І непазбежныя факапы «Зя» багата каго дэмаралізуюць, адкінуць на зыходныя пазіцыі.
Так ці іначай, суцяшэнне будзе: адзін з самых адыёзных «стаўпоў стабільнасці», Ліда Я., што вяшчае, бы ў лужыну п… (ну, хай «плюе»), збіраецца сысці. З інтэрв’ю 02.04.2019: «У 2025 годзе я не буду працаваць старшынёй Цэнтрвыбаркама, я перакананая ў гэтым». Усё, як было прадказана ў сакавіку… А мо «дзе трэба» прачыталі тую серыю «Катлет…» і прыслухаліся? 🙂
Cайт Савета міністраў РБ – той прыслухоўваецца, другі раз ужо сёе-тое выправіў:
Як было 01.04.2019 і як стала ў той жа дзень, праз некалькі гадзін. Міністр – такі Крутой!
А «вядучы інтэрнэт-партал», з якога выпала пакпіць мінулым разам, так нічога й не пачуў… 🙁 Была ў 2000-х такая папулярная ў пэўных колах газетка – «Обозреватель»; таксама для зарабляння грошай ішла на многае, не рэагавала на заўвагі. Дзе яна цяпер? 🙂
Ёсць яшчэ адна арганізацыя, што прыкідваецца глухой, – о, вы здагадаліся, Бел. федэрацыя шахмат (гл. тут, тут…) Віктар Купрэйчык, памерлы ў маі 2017 г., у яе «вечна жывы» – не раўнуючы, як Ленін.
Скрыншот 04.04.2019
Камусьці няўцям, што так нябожчыка толькі прыніжаюць, выстаўляючы ў ролі неплацельшчыка ўзносаў… Праўда, надоечы сайт БФШ паведаміў, што В. К. яшчэ і ганаровы член федэрацыі – мабыць, у такім разе прадугледжана вызваленне ад платы?
Фішка ў тым, што, паводле Статута (п. 4.3.4), у ганаровыя члены прымае вышэйшы орган – Канферэнцыя. Апошняя ладзілася 07.07.2017 і прыняла толькі М. Рыжанкова – ні пра Гельфанда, ні пра Купрэйчыка гаворкі не было. Віктару Давыдавічу з пэўных прычын мо і ўсё роўна, дый жывы Барыс Абрамавіч наўрад ці ўчытваўся ў дакументы суполкі… А я адчуваю «іспанскі сорам». Пасля гісторыі з выгнаннем брэсцкага трэнера – бач ты, крытыкаваў рашэнні выканкама! – канчаткова пераканаўся, што ў БФШ пануе дух ільфа-пятроўскай «Варонінай слабодкі» («Как пожелаем, так и сделаем!»)
Дадатковае сведчанне таго, як у федэрацыі ставяцца да «сваіх», – адсутнасць у спісе «ганаровых» трэнера Леаніда Суднікава, ушанаванага яшчэ ў сярэдзіне 2000-х…
З часопіса «Шахматы» (Мінск), № 2, 2006
Пра знанага трэнера ці то забыліся, ці свядома не ўключылі праз тое, што яго погляды на педагогіку не ўпісаліся ў «бізнэс-трэнд» кіраўніцтва БФШ. У 2014 г. ён рэкамендаваў заняткі шахматамі з 6-7 гадоў, бо «малодшыя дзеці не валодаюць ні належнай увагай, ні працаздольнасцю, ні дысцыплінаванасцю».
Між іншым, не ўсё ў інтэрв’ю Л. Суднікава часопісу «Шахматы» варта браць на веру. Во лухта: «На жаль, усё прыйшлося пачынаць з нуля на новым месцы – у Мінскім гарадскім палацы дзяцей і моладзі. Хутка стварыў невялікі, але дружны трэнерскі калектыў, і пачалі працаваць». Запісаўшыся ў новаствораны шахматны клуб «Стратэг» пры згаданым Палацы (пачатак 1987 г.), я не бачыў там Суднікава, ён тады вучыўся ў Маскве. Пачыналі справу іншыя – напрыклад, Эдуард Мікалаевіч Андрэеў. Дый калі я першы і адзіны раз стаў чэмпіёнам Палаца па шахматах (1988), у турніры не гулялі суднікаўскія вучні.
Э. М. Андрэеў, фота 2017 г.
Трохі пра іншую «хведэрацыю». Месяц таму я разважаў пра тое, што М. Рыжанкоў, былы памочнік Лукашэнкі па спартовых пытаннях, можа стаць наступным прэзідэнтам Беларусі… ну а пакуль ён кіруе толькі Беларускай федэрацыяй баскетбола. Дакладней, праз яго «звышзанятасць» у адміністрацыі, у БФБ руліць генеральная сакратарка & выканаўчая дырэктарка Анастасія Марыніна (ой-вэй, зноў Анастасія…). Дакіравалася да таго, што большасць суддзяў міжнароднага роўню доўгі час не мелі магчымасці зарабляць у краіне, а ў сакавіку 2019 г. і ўвогуле падалі ў суд на Марыніну.
Рызыкну дапусціць, што ад выніку гэтага працэсу шмат у чым залежыць палітычная будучыня Рыжанкова. Прайграе ягоная пратэжэ – ён акажацца зломкам у вачах «зграі таварышаў», і яго паступова адціснуць ад рычагоў улады. Пераможа, нават коштам развалу баскетбола ў краіне – значыць, малойца, круты кіраўнік, які ўмее ставіць на месца розных там прафесіяналаў, прызнаных «за пагоркам»… «Чырвоны дом» на К. Маркса, 38 – у нейкім сэнсе Залюстроўе, дзе «вайна гэта мір», а «свабода гэта рабства». Зрэшты, на сваёй хвалі існуе пераважная большасць вышэйшых чыноўнікаў. Ці не найперш гэта датычыцца міліцэйскіх, якія скачуць вакол свайго ідала-гарадавога на вул. Гарадскі Вал (нядаўна за «непаважлівае» да яго стаўленне зноў пратрымалі чалавека за кратамі)…
Калі не Рыжанкоў, то хто?.. Мажліва, Заяц! Так-так, нядаўні міністр сельскай гаспадаркі, якога Лукашэнка аблаяў і выгнаў, а цяпер паставіў кіраваць Магілёўскай губерняй вобласцю. Зайцаў у Беларусі любяць, і цёзка сучаснага чыноўніка (Лявон Заяц) у 1918 г. служыў дзяржаўным кантралёрам БНР. А былі ж яшчэ ў нашай гісторыі старшыня КДБ Беларусі (2008–2012) Вадзім Зайцаў, міністр эканомікі Мікалай Зайчанка (2003–2009)… Віталь М. Воўк, праўда, міністрам таксама быў (2014–2018; ураджэнец Калінкавічаў), але ўсё ж Воўкі і Ваўковічы так густа ў палітычным лесе не пладзіліся.
Не выключана, што ўратаванне сіламі мінскіх Дзедаў Мазаяў ратавальнікаў зайца з Лошыцкага водасховішча 02.04.2019 – першы крок у будучай перадвыбарнай кампаніі Леаніда Канстанцінавіча! 🙂
Ілюстрацыя з акаўнта «Парціі памяркоўных цэнтрыстаў», 03.04.2019 (камент: «Во папёрла»); карыкатура Васіля Пачыцкага з «БелГазеты»
«Вольфаў цытатнік»
«Адзін садаміт узбуджаўся пры праглядзе падручніка заалогіі. Ці не трэба прызнаць тую кніжку парнаграфічным выданнем?». «Аднойчы я паглыбіўся ў аптымізм. Ледзьве мяне ўратавалі» (Cтаніслаў Ежы Лец у перакладзе з польскай М. Мірановіча; «Дзеяслоў», № 1, 2019)
«Наступаць на граблі – наш нацыянальны ўкраінскі спорт… Нашы палітыкі недаацэньваюць выбаршчыкаў, калі абяцаюць невыканальнае, не тлумачаць тое, што можна растлумачыць, і малююць пагрозы там, дзе іх няма. Людзі гатовыя многае зразумець і дараваць, калі гаворыш з імі сумленна. І гэта праблема не толькі дзеючага прэзідэнта, але і ўсёй украінскай палітыкі» (Юрый Хрыстэнзен, 02.04.2019)
«Гэта не варыянт – чыноўнік сказаў глупства, і ўсе на яго накінуліся. Як быццам ён Сакрат, ад якога чакаюць інтэлектуальнага прарыву» (Дзмітрый Быкаў, 03.04.2019)
Вольф Рубінчык, г. Мінск
04.04.2019
wrubinchyk[at]gmail.com
Апублiкавана 04.04.2019 19:53