Майсей Кульбак. ВЯЛІКІ ТЛУМ

М. Кульбак

Вялікі тлум

(трэцяя глава з рамана-паэмы “Зэлмэнавічы”)

Вокладка ідышнай кнігі, выдадзенай праз 33 гады пасля смерці Кульбака (Масква, 1971); ілюстрацыя з гэтай кнігі, аўтар – Л. І. Мароз.

*

Уранні стаяў вялікі тлум. Рэб-Зэлмэлэвы двор выглядаў, нібыта мурашнік. Бегалі скрозь мароз у голых хадаках з аднаго дома ў другі. Паўсюдна надараліся стаячыя “паседжанні”.

– Як жа так, гэткая подласць утворана была ў двары рэба Зэлмэлэ!

– Без вясельнага балдахіна-й-блаславення!

– Як жа так, як жа так, гэта ўсё мусіла здарыцца ў нас!

Старыя зэлмэнавічы кругаходзілі з выстаўленымі бародамі, пакрактваючы ды паціскаючы плячыма. Шалапуты паглядалі з-пад казыркоў, адчуваючы зараджаны настрой. А дзядзька Юда быў зусім не ў сабе, як знак таго – ён стаяў сярод пакоя і жаваў бародку. У другім пакоі ляжала Хайэлэ, чырвоная ад сораму, а ён, дзядзька, дзьмуў у гэбель, работаючы з жарам, ды з пылам утлумачваючы ўсё дошцы так, каб мусілі чуць і па гэны бок сцяны:

– Каза, што бяжыш ты? Што, колець гэтак табе авёс?

Да ўсяго дзядзька Юда быў дзіўным чалавекам. Ён быў філосаф і ўдавец. Раптам паклаў ён гэбель на варштат і прыстоіў добрую хвілю з тварам, раздражнёным на свет. Ён надумаў: мелася распіска рэб Зэлмэлэ, што вяселле павінны правіць з музыкам.

Скрыпачка вісела на сцяне, ён зняў яе, падышоў да драўлянай сценцы, дзе па другі бок ляжала Хайэлэ дзядзькі Юды, і пачаў рабіць прыгатаванне. Ён падагнуў бліскучую бародку, прыплюснуў вочы і зайграў.

Гэта, моў, патрабавала азначаць: музыка грае на Хайэлэвым вяселлі.

На пачатку прыйшоў такі напеў, рыхтык як у музыкі падчас захутвання нявесты вэлюмам, але ад яго ўжо пачуўся смяротны павеў, такі самы, як ад спеву на могілках. Шчыкала за сэрца. Затым, аднак, пачаў ён граць на матыў “памінальнай малітвы” напеў аб тым, што цётка Гэся заўчасна пайшла са свету і ня мела шчасця пабыць пры дачцэ пад вясельным балдахінам. Слёзы ліліся з яго вачэй, мокрыя вейкі міргалі па шкельцах акуляраў, і ён ужо ня бачыў анічога прад сабой, толькі прыслухоўваўся да цёмнага натхнення, што ўзыходзіла ўнутры; ён прыслухоўваўся да спеву аб непрыгожай смерці цёткі Гэсі.

Затым ён таксама заграў аб курыцы.

І хто ведае, як доўга дзядзька Юда мог стаяць там, ля драўлянай сценцы, калі раптам пачуліся няціхія хліпы ад гэнага боку, прыдушаны плач, што рабіўся ўсё грамчэй. І чулася, як Хайэлэ кідаецца на падушку і заходзіцца ад слёз.

Дзядзька схапіў конаўку вады і шмыгнуў туды. Хайэлэ лямантавала. Яна ўзнялася абамлелая, каўтанула вады і зноў прыпала да падушкі. Дзядзька Юда пагладзіў яе па галаве ў знак, што ён здаволены нявесцінымі слязьмі, і цішком выйшаў да варштата.

Ён стаў ізноў да сваёй работы з сякерай і гэблем, майстраваў моўчкі ўвесь дзень, і ўжо, здаецца, рашуча кінуў думаць пра няўдалы шлюб. Толькі ўвечару спахапіўся ён, што наўзамен шкапа-самотніка, які быў задумаў ён уранні, ўвечару атрымаўся зэдлік, просты зэдлік.

*

У Бэры назаўтра быў дзень адпачынку.

Адкуль, пытаецеся, ведаюць, калі ў Бэры быў дзень адпачынку? Маецца такі знак: калі Бэра здымае боты, дык гэта паказвае, што ён адпачывае. Тады абарачаецца ён добра тáкі адпачываючым чалавекам. Ён круціцца па дому, басанож, у вялікіх штанах галіфэ, і ласуе з гаршэчкаў, хапае ў цёткі Малкелэ латкі са скаварады, акунае іх у нешта і ўкідвае прост праз рот у чэрава. Газеты чытае ён стойма. Затым усаджваецца ён на тапчан, ногі пад сябе, і пачынае строіць балалаечку.

Бэра ўладае сабе парай грубых песень, якія прынёс з франтоў; яны ляжаць у ім, як у склепе, трапляецца толькі, што ён усё ж выпявае іх. Да пяяння мае ён цяжкі чэраўны голас, а як распяецца, то вочы ў яго вылазяць на лоб ад асалоды.

Пяе ён троху дзіўна.

Ня трэба думаць, аднак, што Бэра займаецца песнямі і забываецца на будзённае жыццё. Выпадае, што адціне ён раптам глыбокі, захапляльны спеў і скажа:

– Мама, у цэрабкопе (цэнтральны рабочы кааператыў – заўв. рэд.) сёння даюць масла!

І затым пяе ён далей з яшчэ большым захапленнем, захлынаючыся, а тая бедная балалаечка прысвіствае.

О, хвала зэлмэнавіцкаму ладу жыцця ў сусветнай гісторыі!

*

Бэра ўжо сядзіць добрых некалькі гадзін на тапчане, з басымі нагамі пад сябе, і грае. Азначае гэта, што жаніх весяліцца ў “сем дзён пасля вяселля”. Кашуля расшпілена, губы надзьмуты, і дубовы голас ідзе з чэрава:

Калі ехаў я ў Растоў-на-Доне,

Узяцьмеў бохан хлеба;

Калі ехаў я ў Растоў-на-Доне,

Зрабіцьмеў буржуям смерць.

А ўдвору кругаходзілі і гаварылі:

– Жонак ім трэба, шалапутам? Трасцы ім трэба.

– Як дайшлі яны, хамулы юрлівыя, да жонак?

І дзядзька Юда ўвайшоў да Хайэлэ ў камору:

– Чаго ты ляжыш? – сказаў ён. – Муж твой сядзіць жа там у коле вучоных мужоў і сыпе выняткамі з Торы!

Бэра тады напяяўшыся быў, як барабан, і пайшоў прэч. Ён не знайшоў нават за неабходнае кінуць слова, што ажаніўся.

*

Пазней увечары, пасля гарачых развагаў-паседжанняў, цётка Малкелэ пусцілася да Бэры ў міліцыю. Вядома тое, што цётцы Малкелэ заўжды добра ўпадае на розум, і цяпер гэта яе ініцыятывай было – пайсці запрасіць Бэру на “пернік-ды-гарэлку”.

– Хай няма яўрэйскага, але кавалачак чалавечага хаця ж мае, што – не?

Яна ішла праз халодны, цёмны калідор, пакуль не знайшла ягоны пакой. Там, паміж рассунутых сталоў, змяшчаўся жаніх – чырвоны, засоплы, і мыў падлогу.

– Як гэта табе пасуе, – раззлавалася яна, – можна ж папрасіць каго-небудзь?

Бэра локцем абцёр вусы і адказаў, што ён нішто сабе патрапіць сваім розумам. Ён адставіў шчотку і прыняў маці з зэлмэнаўскай сардэчнасцю.

Цётка Малкелэ ўселася цалкам паважна, няма чаго спяшацца. Нечага так узяла пяро са стала, паспрабавала на пазногці, і запытала:

– Бэрэ, пяро не дзярэ?

– Не, ну, а што чуваць у вас?

– Ведаеш жа, – яна адказала, – навучаюць троху яўрэйскай, троху рускай…

Так гаварылі кругом ды навокала.

І ня трэба думаць, што цётка Малкелэ забылася ў гэны вечар, па што яна прыйшла. Яна не забылася. Чалавеку трэба ўмець адно падыйсці да чалавека; і не дарма паслалі з даручэннем разумную цётку Малкелэ, хоч дзядзька Юдэ яшчэ ўдзень моцна парываўся, ды ўдзень як запэўніваў, што ён яго там, прыўкраснага зяця свайго, сатрэ ў попел. Цётка Малкелэ ўжо дакладна нічога не забыла, яна, да таго ж нават выказала дапушчэнне, што запісацца ў ЗАГСе неяк ня мае ў сабе моцы. Гэта неяк не да душы.

Бэра ўсміхнуўся.

О тады яна і запрасіла яго на “пернік-ды-гарэлку”. І цётка Малкелэ дадала:

– Зразумела, без цырымоніяў, чаго ж? Дык нешта і мы ёсць таксама шматочкам сённяшняга, камсамолу…

*

Удвору ўзяліся рыхтавацца да ціхага вяселля.

Дымы стаялі над комінамі. Пляцёнкі – раскладзены на сталах, як у былыя гады. Цётка Гіта ведала сакрэт асаблівага сорту мядовага перніка, якім ласаваліся яе далёкія рабіны, ахутаныя блакітнаю смугой. Водары курыцы і шафрану несліся па двары.

Толькі дзядзька Юда яшчэ паглядаў неяк раздражнёна, аднак ужо без злосці. Было ў яго нешта кшталту адзення пясочнага колеру, з карычневым аксамітным каўнерчыкам, як кавалачак рэменя – якое ён якраз вытрасаў на марозе.

Трэба, аднак, яшчэ падыйсці зазірнуць да дзядзькі Зішы ў акно: калі пакажацца ў акне чатырохвугольная барада, на якой ляжыць рука, што прытрымлівае яе моцна, і грэбнем яе, тую бараду, расчэсваюць знізу ўверх, – гэта паказвае, што будуць вялікія ўрачыстасці ў двары.

Так, барада тут!

Цалка прынёс пляшку віна. Такім чынам, у рэбзэвым двары дзеіліся падзеі. Дзядзька Iча ходзіць наўкола ад світання, нібы цішыня ў чалавечым вобразе, нібы глухаваты голуб, толькі падслухоўваючы, што гавораць, і пры тым хоча пазбегнуць цёткі-Малкелэвых позіркаў.

Чаму?

Дзядзька Іча мае звычку прыняць кроплю на гэткіх урачыстасцях, а затым ідзе ён цалавацца з жанкамі. Лічаць, што гэта паходзіць ад яго невялікай хітрамудрасці.

Ссунуўся дзень, зайшоў без захаду сонца. У дзядзькі Юды ўдому запалілі вялікую жалезную лакіраваную лямпу, што вісела ўверсе як цэлая машына. У доме было вельмі чыста. Пахла свежай сасновай дошкай. Толькі ў сенцах яшчэ несла пахам колішніх, пасаджаных на адкорм, гусей. У сенцах яшчэ аддавала смуродам.

Дзядзькі-Юдава бародка блішчэла ад халоднай вады. У сваім дапатопным, нягнуткім адзенні, быў ён падобны на вясковага папа, што заблукаў сюды, да зэлмэнавічаў. Пазней падвялі да сенцаў бабу Башу ў адзеннях старадаўняй каралевы. На ёй ззяла палярыначка з чорных пацерак у тысячы цёмных колераў. На галаве мела яна цэлы гародзік кветак. Дзядзька Іча ўсунуўся з памытай галавой, барада кругом троху адхапнута нажнічкамі. Затым праніклі дзядзька Зіша і цётка Гіта. Дзядзька Фоля, зразумела, быў непрыйшоўшы, бо яго ў маленстве пакрыўдзілі. Пазней за ўсіх прыйшоў Цалка дзядзькі Юды, злашчаснік, адукаваны, які заўсёды паглядае ў кніжкі. Ён той, што з новых вучоных, калі выкажа нехта слова, зараз жа ўскоча, здзіўлены:

– Як? Што вы сказалі?

І запіша ён адразу тое ў кніжачку. А злашча вадзіўся ён з бабай, што таксама ня ёсць прыкладам для моладзі. Яшчэ мае манеру ён: ён пазбаўляе сябе час ад часу жыцця, але гэта не належыць да спраў.

Паселі пры стале з зэлмэнаўскім спакоем і пачалі чакаць на жаніха.

*

Як толькі Бэра з’явіўся на парозе, сватоў апанаваў вялікі вусціш, бы не на вяселлі. Нават кідалі позіркі са страхам, з дрыжыкам у вейках. Святочная грамада выглядала надта падазрона, і праз тое Бэра на тым жа месцы сказаў:

– Як магчыма заўважыць па розных знаках, тут збіраюцца правіць прыгожае вяселле? – і ён паглядзеў на разадзетую Хайэлэ, што сядзела на падушках на самым пачэсным месцы ў куце, вышэй за ўсіх. – Так ці не?

– Нягож – не, – адказаў дзядзька Юда злосна, – малая радасць, га?

Дзядзька Юда адказаў з уколам, бо дагаджаць людзям ён ня ўмеў.

Тады Бэра выняў газеты, каб чытаць. Гэткім манерам зэлмэнавічы пачалі здагадвацца, што вяселле тое пойдзе ўжо не зусім мірна. Толькі разгарачаны дзядзька Іча, з падвязаным стужачкай каўнерам, яшчэ сядзеў, гатовы прыняць кроплю. Раптам атрымаў ён жончын шчык у калена: цётка Малкелэ гэтак пад сталом дала яму знаць аб сваёй роспачы, ён таксама пачаў аглядацца наўкола з падазрэннем.

Калі Бэра перачытаў газеты, выпусціў ён з вуснаў знаёмае іржанне і пачаў пазіраць на лямпу, гэта была ўжо вядомая яго манера ў такіх выпадках. Як мяркуюць, усеўся ён вымаўчаць вяселле.

Гэта не надта вялікая здольнасць, аднак і яе таксама трэба ўмець. Бэрэ гэтую справу праводзіў на такі манер:

Ён сядзіць спакойна, як сядзіць часам нехта на вакзале і чакае, калі яго цягнік мусіць ужо нарэшце прыйсці; гледзячы на лампу і прытым вымоўчваючы камяні-маўчуны гэткія, што клаліся на душы сватоў, нібы лямец. Па дзесяці хвілін моўчы ўва ўсіх зрабілася цёмна ў вачах.

Чалавек сядзеў і вадзіў людзям, паглядаючы і рэжучы халодна направа і налева, бы мароз.

Першым, хто не вытрымаў, быў дзядзька Юда. Ён перагнуўся праз стул, і ягоныя чорныя вострыя вочкі вылезлі поверх акуляраў:

– Можа, вымавіш ты калі слова, прыўкрасны зяць мой?

На дапамогу яму прыйшоў збляднелы дзядзька Іча:

– Вымаві слова, кажу я табе, боўдзіла, бо гэта ж твая радасць, тваё вяселле!

– І што тут табе такога зрабілі? – пачала прасіць цётка Малкелэ.

Тады Бэра адказаў памалу:

– Кіньце мне дурыць галаву, бо я сяджу і думаю аб нечым іншым.

– То дай жа і нам таксама ведаць, аб чым, напрыклад, чалавек думае? – дзядзька Юда не папускаў.

– Вось сяджу я, і я думаю, – сказаў Бэра, – якім чынам магчыма тут электрыфіцыраваць двор.

Зэлмэнавічы пераглянуліся. Зэлмэнавічы ня ведалі гэтага ані ў якіх злых снах. Здаецца, што аб двары няма чаго думаць, а калі мусяць-ткі ўжо дадаць – ага – рэбзэвы двор так і папусціцца абдумваць, дык цяпер таксама ня той час на гэта. Гэта дзядзька Юда тáкі растлумачыў яму, і прытым падаў ужо на далікатны манер, бо ён ня быў з тых людзей, якія ўмеюць замоўчваць справу.

Бэра ўзняўся, запрасіў Хайэлэ, яна мусіла апрануцца, і жаніх-нявеста пайшлі прэч.

Ганьба была вялікая. Сваты сядзелі вакол стала з доўгімі тварамі і глядзелі ў настольнік. Раптам на дзядзьку Юду найшло вар’яцтва. Ён схапіў пляшку віна і трахнуў вобземлю. Ён узяў сябе за ўласную бародку, быццам хочучы яе выдраць з усяе плошчы сяўбы.

У доме наступіў добры пярэпалах. Людзі пасунуліся да дзвярэй, толькі дзядзька Зіша стаяў спакойна, поўна заліты ўсмешкай, што аж пырскала з-пад вейкаў, і цягнуў волас з барады:

– Людскія дзеці!..

Тады дзядзька Юда ўпіўся ў яго, нібы шруб, і пачаў ківаць пальцам:

– Чакай, Зіша, не пабіла яшчэ цябе воспа і не шчасціла табе на адзёр, у цябе таксама яшчэ маюцца дачкі!..

На гэта дзядзька Зіша адказаў халодна і грунтоўна, хаця ў яго і пабялеў нос:

– То павінны тáкі ведаць, – сказаў ён, – што Зішы-зэгармайстаравы дачкі правіцьмуць вяселле ат якраз паводле запавету Майсея і яўрэйскага народу.

Пры ім ужо стаяла цётка Гіта і трымала за рукаў: дзядзька Зіша быў яўрэем хваравітым. Паколькі ён пачаў гаварыць, то ўжо толькі ён і гаварыў далей ды раіў, каб мусіў брат ягоны лепей дбаць аб уласнай дачцэ, Хайцы, яна павінна, нябога, не забыцца на маўленне ў кумпаніі са сваім дарагім “цудам”.

Аднак чаму ў дзядзькі Зішы збялеў нос?

Пераклад з ідыша: Андрэй Дубінін, 2018 (С)

* * *

Ад рэд. Знакамітая кніга Майсея Кульбака пад назвай “Зэлмэнавічы” (або ўсё ж “Зэлмэнянцы”?) рыхтуецца да друку ў выдавецтве Рамана Цымберава. Калі выйдзе – мы не ведаем. Вялікі тлум – вялікія загадкі…

А вось што ведаем: 07 кастрычніка 2018 г. а 19-й гадзіне ў Гродне (вул. Лялевеля, 46, творчая прастора “ДОМ46”) пачнецца лекцыя нашага аўтара, прысвечаная М. Кульбаку. Больш падрабязна аб праекце – тут. Прыходзьце.

Апублiкавана 01.10.2018  18:55

Leave a Reply