Tag Archives: Сергей Носко

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (85)

Навагодні шалом! Віншую ўсіх, каторыя ловяць кайф ад 5779 года паводле яўрэйскага календара.

Засмучае тое, што з кожным годам галасы розуму ў віртуальнай прасторы, дый у свеце, гучаць усё больш прыглушана. Мо справа ў тым, што розум на планеце – велічыня пастаянная, а насельніцтва павялічваецца (аксіёма Коўла)? Дык у Беларусі яно, наадварот, змяншаецца. Дзякуючы мудрай дэмаграфічнай, эканамічнай і палітычнай палітыцы за 2017 год жыхароў стала меней на 12,8 тыс., хаця ёсць дзіўнаватая статыстыка, згодна з якой, наадварот, нас стала болей «прыблізна на 760 чалавек». Як сказаў бы вялікі рэжысёр: «Не веру». Узяць афіцыйны даведнік Белстату – там пазначана змяншэнне з 9504,7 тыс. чалавек да 9491,8 тыс.

За І квартал 2018 г. выявілася падзенне яшчэ на 7,5 тыс., за ІІ квартал – на 6 з нечым тысяч. Карацей, к ліпеню паказчык апусціўся ніжэй за стан 2011 г. (тады было 9481,2 тыс.), і нават іміграцыя ў Сінявокую і Працвятаюшчую ўжо не дапамагае. Што характэрна, падае нават колькасць насельнікаў Мінска: у ліпені 2018 г. было 1981,7 тыс., а ў студзені – на 800 чалавек болей.

Дапускаю, у прызначэнні С. Румаса «прэм’ер-міністрам» (насамрэч ён атрымае права на гэтую пасаду толькі пасля згоды палаты прадстаўнікоў, гл. Канстытуцыю і папярэдні выпуск «К&М») не апошнюю ролю адыграў той факт, што ён – шматдзетны бацька. Хіба мае навучыць беларусаў размнажацца 🙂

Тым часам тутэйшыя, дарма што лічацца адным з самых неэмацыйных народаў, ахвотна «ядуць» адно аднаго. Гісторыя з упёртым процістаяннем ля Курапатаў «пратэстоўцы – уладальнікі рэстарана і прымкнуўшы да іх Ізраілевіч» нагадвае казку пра мядзведзікаў, якія дзялілі галоўку сыру… (хто ў гэтай гісторыі ліса-«памочніца», здагадайцеся самі).

Няўменне шукаць і знаходзіць кампрамісы, дальбог, вылазіць бокам. Успомнілася гісторыя 2015 года… У лістападзе ўрадавая газета «Звязда» абвясціла: «У Мінску хутка можа з’явіцца помнік Васілю Быкаву», прадэманстравала макет помніка аўтарства Аляксандра Батвінёнка і Армена Сардарава. Які ўсчаўся вэрхал! І зорка, на якую абапіраўся пісьменнік, не падабалася, і тое, што ініцыятарам праекта быў названы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец – маўляў, якое ён мае дачыненне да «нашага Быкава»? Між тым… якія б адыёзныя крокі ні рабіў Чаргінец у 1990–2000-х гадах, у 1980-х яны з В. Б. калі не сябравалі, то былі ў добрых адносінах.

Тыповы адмоўны водгук (ад Ліліі Кобзік) змясціла інтэрнэт-газета «Салідарнасць» 24.11.2015. Даю фрагменты без перакладу, пакідаючы напісанне прозвішча архітэктара з малой літары на сумленні аўтаркі і рэдакцыі: «…этот памятник не только тонкое изощренное издевательство над памятью Быкова, кроме прочего, он добавит Минску в карму еще одну каплю сумрачной безысходности… Хочется сказать сардаровым и всем остальным: не делайте этого»

Мая рэпліка ў адказ, адпраўленая назаўтра, не зацікавіла выданне – такая во «Салідарнасць» 🙁 Што ж, апублікую хаця б тут і цяпер:

Я не заўважыў у праекце ні здзеку з памяці пісьменніка, ні «змрочнай безвыходнасці»: выраз твару і пастава адпавядаюць таму, што бачыў на прыжыццёвых здымках. На фота ў «Звяздзе» хутчэй відаць сум, а не змрочнасць. Наогул Васіль Быкаў не быў аптымістам, у многіх яго інтэрв’ю і творах, не толькі перад самай смерцю, праводзілася думка, што «нам тут шчасця не будзе». У Мінску нямала «вясёлых» помнікаў і скульптур (перад Камароўкай, у раёне плошчы Свабоды, у Міхайлаўскім скверы…), так што адзін сумны не сапсуе «карму».

Помнік народнаму пісьменніку патрэбен, зорка не замінае – хаця б таму, што В. Быкаў меў баявы ордэн Чырвонай Зоркі. Калі ў Беларусі робіцца нешта карыснае, няхай нават па ініцыятыве «рэжыму», то не варта гэтым грэбаваць.

…Помніка дзядзьку Васілю ў Мінску няма і праз тры гады. Адной з прычын гэтага, пэўна, сталася зацятая бескампраміснасць (або бескампрамісная зацятасць) часткі «быкаўцаў».

З улікам гэтай – дый не толькі гэтай – гісторыі я пайшоў на кампраміс у пытанні з дошкай у гонар часопіса «Штэрн» па вул. Рэвалюцыйнай, 2 у Мінску. У чэрвені Мінгарвыканкам вырашыў павесіць яе без прозвішчаў знакамітых пісьменнікаў, якія працавалі ў часопісе (а між тым можна было пералічыць Зэліка Аксельрода, Майсея Кульбака, Ізі Харыка).

Куртатая прапанова не тое каб усцешыла, аднак let it be – хто захоча, той знойдзе пра супрацоўнікаў «Штэрна» дадатковыя звесткі. Прынцыпова тое, каб на дошцы з’явіліся ідышныя літары. Зараз ідзе абмеркаванне праекта ў мастацкай радзе.

На маю думку, шансы годна ўвекавечыць памяць пра сусветна вядомы часопіс даволі вялікія. Так, у жніўні 2018 г. шыльды, прысвечаныя мірскай ешыве i Мендэле Мойхер-Сфорыму, з’явіліся, адпаведна, у Міры i Капылі.

Справа – стоп-кадр з ont.by. Надпісы на шыльдзе – на беларускай, іўрыце і англійскай

А ў ліпені пачалося ажыўленне ў Слоніме, канкрэтна, у старажытнай сінагозе:

Публікацыя з бюлетэня «Слонімскі край», № 7 (29), ліпень 2018

Чым горшы Мінск – незразумела. «Яўрэйскія» цікавосткі, без сумневу, прыцягнуць турыстаў; асабіста мяне вабіў у Кіеў, сярод іншага, і помнік Шолам-Алейхему.

Ініцыятыву са «Штэрнам», як паведамлялася, падтрымаў Беларускі фонд культуры. А вось міністэрства інфармацыі і Нацыянальнае агенцтва па турызму ад справы «самаўхіліліся». Увогуле, Вераніка Д., начальніца агенцтва ў 2016–2018 гг., якая прэзентавала сябе як культуролаг і спецыяліст па яўрэйскай гісторыі, займалася больш самапіярам, чым рэальнымі справамі 🙁 Чамусьці я не здзівіўся, калі ўбачыў яе, «члена праўлення Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын», у складзе «Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы». Забаўна: саюзнай дзяржавы няма, а «палата № 6», невядома кім фундаваная, існуе 🙂 Насельнікі ейныя, таварышы альтэрнатыўна адоранага папа Чапліна (не кінаакцёра), cур’ёзна заяўляюць, што яна стала «дзейным інструментам падтрымкі расійска-беларускай інтэграцыі…»

Насамрэч, тут кроку не ступіш – плюхнешся ў абсурд. Як вам «пушкінскі» камень, на пачатку верасня адкрыты ў Фрунзенскім раёне горада Мінска?

Здымкі 13.09.2018

Калі гэта й кампраміс паміж пажаданым і магчымым, то не вельмі ўдалы. Слушна адзначылі чытачы tut.by – больш нагадвае надмагілле, ніж ілюстрацыю да казак Аляксандра Сяргеевіча. Карацей, хацелі як лепей…

Дарэчы, паспяшаўся ініцыятар манумента (бізнэсмен Сяргей Наско) казаць у жніўні, што «на праспекце Пушкіна няма нічога, звязанага з Пушкіным». Станцыя метро «Пушкінская» не лічыцца? Дый шмат гадоў на доме № 41 вісіць такі барэльеф:

Фота 13.09.2018

Хто-хто, а расійскі класік у сталіцы Беларусі ніколі не быў забыты, пакрыўджаны. Помнік з капелюшом у сэрцы Мінска, абласная бібліятэка імя Пушкіна на іншым лапіку «сэрца», і г. д.

А гэта – «даўгабуд», незавершаны гандлёва-сэрвісны цэнтр на рагу прасп. Пушкіна і вул. Прытыцкага, акурат пад шматпавярховым гатэлем «Арбіта»:

Здымкі 13.09.2018

Зараз яго спрабуюць давесці да ладу… хіба к Еўрапейскім гульням (чэрвень 2019 г.) і завершаць. Аднак нашто было абяцаць, што рамонт скончыцца ў верасні 2017 г., нават з дакладнай датай – 30.09.2017? Тэндэнцыя такая: чым менш у Беларусі людзей, тым болей марнаслоўя.

Паглядзеўшы на рухі новага першага намесніка прэм’ер-міністра РБ Аляксандра Т-на (раней кіраваў апаратам савета міністраў), няцяжка сцяміць, што «бег на месцы» прадоўжыцца. То чалавеку патрэбен «стратэгічны штаб па развіцці лічбавай эканомікі» і «электронная медыцына» (робаты замест участковых дактароў і вузкіх спецыялістаў, якіх фатальна не хапае ў паліклініках?), то ён на днях прыкляпаўся да паштальёнаў – яны быццам бы павінны стаць «універсальнымі работнікамі, якія могуць праз гаджэты і выхад у Сеціва дапамагчы грамадзянам, у тым ліку і з замовай-дастаўкай тавараў інтэрнэт-крам». Па-першае, занадта дробна для аднаго з вышэйшых чыноўнікаў краіны ставіць задачы работнікам у асобнай галіне – на тое ёсць адміністрацыя прадпрыемства «Белпошта», у крайнім выпадку, намеснік міністра сувязі. Па-другое… дзядзечка, адчапіцеся вы ад маіх былых калег. Дарэмна хтосьці думае, што паштары абмяжоўваюцца «дастаўкай пошты і пенсій»: ёсць яшчэ такая хітрая штука, як планы па продажы маркіраванай і немаркіраванай прадукцыі, распаўсюд кілаграмаў рэкламы, многае іншае… За плату, якая ледзь перасягае пражытковы мінімум. А цяпер, выглядае, на паштальёнаў (пераважна паштальёнак, многія – перадпенсійнага ўзросту) навесяць яшчэ абавязкі кансультантаў інтэрнэт-крамаў. Але ж тыя, хто ўмее гандляваць, на «Белпошце» не затрымліваліся, і наўрад ці затрымаюцца.

У прынцыпе, пасля падхалімскай заявы Т-на «вы ведаеце, што словы кіраўніка дзяржавы ніколі не разыходзяцца са справай» (ага, ведаем па казусах з омбудсменам, судом прысяжных, дый нават са «штоквартальнымі» пашыранымі сходамі выканкама НАК) з новым урадам усё ясна. Пачакаем, вядома, 100 дзён з моманту прызначэння верхавіны – да канца лістапада 2018 г. – тады можна будзе крытыкаваць больш «субстантыўна». І саміх міністраў, і таго, хто іх прызначыў, і тых, хто гэтага «лідара» усхваляе. Праўда, сістэма настолькі разбэсцілася, што яе прадстаўнікам ужо можна пляваць у вочы – яны скажуць, што дождж ідзе.

Даволі характэрны адказ «па-беларуску» здабылі сёлета грамадскія актывісткі ў час суда з упраўленнем юстыцыі Мінгарвыканкама – дзясяткі памылак (і суд прыняў!)… «М1гарвьнсанкама», «Рэспублт Беларусь» – шэдэўральна.

У 2001 г. і я дастаў падобны дакумент у судзе Маскоўскага раёна горада-героя Мінска… Праўда, суддзя «па выканаучым вырабам» («по исполнительным изделиям»?) Антаневіч выявіўся крыху больш пісьменным. Ну дык і 17 гадоў не прайшлі марна!

Але на сёння досыць пра сумнае. 11.09.2018 прыйшла адхлань – прэзентацыя «яўрэйскага» нумару часопіса «ПрайдзіСвет» (таго самага № 20, дзе на карцінцы-заманусе – дзяўчына з казіным тварыкам). Павел Касцюкевіч, параіўшыся на месцы, пастанавіў вынесці пасяджэнне на ганак кнігарні Логвінава, бо ўнутры было б занадта горача. Сказаў – зрабіў… Выступоўцы чыталі свае творы і пераклады з ганка. Побач гойсалі машыны, але асноўнае было чутно.

П. Касцюкевіч (без кепкі) і Я. Ліпковіч; аўтарка belisrael.info i «ПрайдзіСвета» І. Ганкіна з мужам Дзмітрыем

Вёў вечарыну Альгерд Бахарэвіч (на здымку з fb – злева), які шчэ год таму меркаваў, што са мною не варта мець справы. Перадумаў – і нічога, свет не перакуліўся 🙂

Г. Янкута чытала ў сваім перакладзе з ідыша верш Ганны Марголін; А. Хадановіч – Мойшэ Кульбака

Арганізатары падрыхтавалі для гасцей пачастункі, адэкватныя Рош а-Шонэ, – прынамсі яблыкі на стале я бачыў сам.

«Вольфаў цытатнік»

«Іронія спараджаецца толькі болем»; «Перамены толькі тады добрыя, калі ёсць рэчы, якім не здраджваеш і на якія сам можаш пакласціся»; «Тое, пра што хочаш сказаць – не заўсёды тое, што гаворыш. І дакладней – заўсёды не тое» (Рашыд Нугманаў, yahha.com).

«Калі чалавек выклікае любоў адных і нянавісць іншых – гэта сведчыць толькі пра яго значнасць. Калі ён выклікае ўсеагульную любоў – ён, хутчэй за ўсё, неяк таемна падлізваецца да чалавецтва і кажа нешта занадта бясспрэчнае. Усё значнае – спрэчна, палемічна» (Дзмітрый Быкаў, 31.08.2018).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

13.09.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 14.09.2018  00:19