…Здаля, з навакольных палёў і дарог, было відаць знакамітую, пекную, выбеленую Халодную сінагогу. Гэтая камяніца з пакатым, пафарбаваным у зялёны колер бляшаным дахам узвышалася над горадам, быццам вежа.
Сінагога, пабудаваная ў гатычным стылі, была сіметрычным будынкам – з дакладнымі, збалансаванымі архітэктурнымі лініямі, гзымсамі. Мела доўгія і шырокія вокны з каляровымі шыбамі (блакітнымі, зялёнымі, чырвонымі…). Унутры будынка дах падпіралі круглявыя дыхтоўныя калоны. Здавалася, што аб’ёмныя слупы сімвалізуюць слуцкую абшчыну, якая таксама абапіралася на старажытнае знатнае паходжанне.
Апранутыя ў футры або ў тоўстыя цёплыя палітоны, людзі, здаралася нават у марозныя зімы прыходзілі маліцца ў Халодную сінагогу. Зуб не трапляў на зуб, аднак ні люд паспаліты, ні «вяршкі грамадства» не шманалі. Калі голас хазана (кантара) мудрагеліста ўздымаўся, а потым зрываўся ў крык, людзі адчувалі яго паспех і разумелі, што скора ўсё скончыцца. Але прыхаджанам цяжка было стаяць на месцы праз холад, і яны падскоквалі. Па сутнасці, удзел у малітве ўяўляў з сябе бязладнае мітусенне ў вялізнай залі. Ніхто не стаяў на месцы, усе віхрам насіліся ў сваіх талесах зверху палітонаў, мармыталі нешта сабе пад нос, гутарылі ды маліліся.
У 1908 годзе громам грымнула навіна, што Халодная сінагога дабудоўваецца, і з абодвух бакоў будзе жаночая малельня. З гэтай нагоды кпілі: «Цяпер і жанчыны даведаюцца, што такое мароз». Аднак улетку прыхаджане аджывалі ды цешыліся з прахалоды, адчуваючы сябе нібыта ў раі. Тады яны маліліся зусім па-іншаму. На малітвы вялікіх хазанаў у Халоднай сінагозе прадаваліся квіткі. Гершон Сірата, Меер Лідзер, Лейба Уздзер ды іншыя знакамітасці былі ўлюбёнцамі гараджан. Пра іх выказваліся з веданнем справы, атрымлівалі асалоду ад асабліва прыгожых пасажаў з іхніх спеваў. Многія яўрэі стаялі пад сінагогай і захоплена прыслухоўваліся: «Ай, вось гэта ён вывеў!» Хазаны прыносілі людзям такую радасць, што іх літаральна асыпалі пацалункамі.
У летнія месяцы да Халоднай сінагогі прыходзілі на рэпетыцыі слуцкія пажарныя. Амаль кожны чацвер пажарны, апрануты ў мундзір і ў раскошным шаломе, ехаў на дрожках і дзьмуў у трубу, паведамляючы сваім таварышам, што ўвечары будзе сход, вулічная рэпетыцыя.
Рэпетыцыі адбываліся спачатку на вялікай пустой плошчы ля рынка, дзе знаходзіліся гаражы з пажарнымі машынамі, помпы з бочкамі, канюшня, а таксама памяшканне для дзяжурных, якія неслі вахту ўдзень і ўночы, заўжды гатовы ўзняць трывогу.
На чале слуцкіх пажарных стаялі Ісроэл Барон, энергічны яўрэй, і памешчык Курацэвіч, які жыў у канцы бульвара ў пышнай, прыгожай сядзібе.
Пажарныя былі апрануты ў ладна падагнаныя мундзіры і маршыравалі ў суправаджэнні аркестра стройнымі радамі, быццам атрад вайскоўцаў. Гукі маршу прыцягвалі хлапчукоў з хедэра, дый проста вясёлыя кумпаніі, а таксама асобных мінакоў, для якіх гэта быў добры спектакль і прыемнае баўленне часу.
На сінагагальным двары, каля лазні, пажарныя ставілі лесвіцы, прыпіралі іх да муроў Халоднай сінагогі і залазілі на пакаты дах. Паміж хлопцамі ладзілася спаборніцтва, хто хутчэй здолее гэта зрабіць. Грала музыка, а з пажарных шлангаў, уткнутых у бочкі, вада лілася ўгору і далёка навокал. Дзеці дапамагалі пажарным чэрпаць ваду з найбліжэйшых студняў.
Потым пажарныя бавілі час у харчэўнях, дзе смакавалі слуцкія стравы: рыбу, гусінае мясо і тлушчы, блінцы, пірагі з начыннем, торты – і ўсё гэта залівалі акавітай.
У дні дзяржаўных святаў навучэнцы гімназіі і камерцыйнай вучэльні, быццам вымуштраваныя жаўнеры, заходзілі ў Халодную сінагогу строем, у поўнай форме. Яны сядалі на лавы вакол бімы ў цэнтры сінагогі, і казённы рабін Эшман, апрануты ў чорны сурдут, на рускай мове трымаў перад імі патрыятычную прамову пра важнасць свята. Ён прымяркоўваў свае выступы да тэмы святкавання: напрыклад, да дня нараджэння цара, іншых тытулаваных асоб з дынастыі Раманавых.
Пасля цырымоніі чытаўся раздзел з псалмаў. Завяршаўся выступ казённага рабіна патрабаваннем быць добрымі, набожнымі і лаяльнымі да цара.
У Халоднай сінагозе прыводзілі да прысягі маладых яўрэйскіх хлопцаў, прызваных у войска. Ускудлачаныя, разгубленыя, яны праз зубы паўтаралі клятву, якую Эшман вымаўляў па-руску, дэкларуючы вернасць і адданасць расійскаму цару. Словы Эшмана набывалі іранічнае і нават дзікае гучанне ў сінагозе без прыхаджанаў, у прысутнасці вайскоўцаў і цывільных службоўцаў.
Тут жа часам з’яўляўся спраўнік Штрыкер, тоўсты бландзін. Пад яго ўладай знаходзіліся дваццаць пяць паліцыянтаў і рота жаўнераў, якія змяшчаліся ў бараках. Пляц для трэніровак быў у іх побач з касцёлам.
У Халоднай сінагозе, як і ў іншых, былі сярод прыхаджанаў таемныя агенты. Штрыкер быў някепскім чалавеком. Яго ведалі дзеці і жанчыны, ён гуляў па вуліцах у сваім шэрым мундзіры з эпалетамі, усміхаючыся мінакам. Але да моладзі, замяшанай у занадта вольных учынках, спраўнік быў бязлітасны.
У сакавіку 1905 года яго сын, пятнаццацігадовы гімназіст, пасля спрэчак з бацькам схапіў ягоны рэвальвер і застрэліў яго. Падлетак захапляўся ідэямі левых і не мог вынесці таго, як бацька з ім абыходзіўся. У Слуцку тады ўсчаўся вялікі шум, усё здарылася якраз за тыдзень да Пэйсаха. Паніхіда прайшла ў лютэранскай царкве на бульвары.
Вакол сінагагальнага двара было пяць сінагог: Халодная на ўсходнім баку, дом навучання на заходнім, «Клойз» і Рагавая сінагога на паўночным, а на паўднёвым — сінагога краўцоў. На прасторным двары, што ўмяшчаў сотні людзей, ладзілі вяселлі, тут гралi клезмеры — капела Айзла-клезмера або музыкі Шымена-Лейба. Калі ж яны гралі на вуліцы, тое быў знак, што вясельная працэсія рухаецца да сінагагальнага двара.
М. Філіповіч, «Сінагога ў Слуцку» (акварэль 1925 г.)
Побач з «Клойзам» арганізоўваліся жалобныя цырымоніі: калі паміралі важныя персоны, труну ўзнімалі на стол, што стаяў на ўзвышшы. З гэтага ж узвышша слова пра нябожчыка прамаўляў рабін або даян рэб Лейб Неймарк; яны распавядалі пра дабрадзейнасць памерлага, пра тое, які ён быў цудоўны яўрэй. Прысутныя мужчыны і жанчыны праходзілі міма нябожчыка, аплакваючы яго. Хлопчыкі з хедэра і талмуд-торы крочылі за труной і спявалі псалом «Цэдэк ле-фаноў еѓалех, вэ-ёсем ле-дэрэх пэамоў»*. Шамес рэб Файвл трэс каробкай для цдокі (ахвяраванняў) і звяртаўся да людзей са словамі мудраца: «Цдоке тацыл мі-мавет»**.
Так і цягнулася жалобная працэсія: улетку – па спёцы, увосень – па раздарожжы, узімку – па снезе. Людзі ішлі і неслі труну на плячах. Яўрэі мерна крочылі ў пачцівай цішыні, якую парушаў толькі звон манет у каробцы для цдокі, і даходзілі так да абнесеных каменным плотам могілак ля ракі, у канцы Зарэчнай вуліцы.
Пераклаў з ідыша В. Р.
* «Справядлівасць перад Ім пойдзе, і накіруе Ён яе па шляху ступакоў Сваіх» («Тэгілім», 85:14)
** «Дабрадзейнасць ратуе ад смерці» («Мішлей», 10:2)
***
Паводле «Кнігі памяці яўрэяў Слуцка і наваколля» (Нью-Ёрк, 1962; іўрыт, ідыш, англійская). Гэты фрагмент – у перакладзе з ідыша на рускую мову – увайшоў у кнігу «Еврейский Слуцк – земной и небесный», што надоечы выйшла ў Маскве. Прэзентацыя выдання мае адбыцца ў Слуцку 9 верасня, у раённай бібліятэцы, пачынаючы з 14.00.
Апублiкавана 05.09.2022 23:29
***