Tag Archives: Екатерина Шульман

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (114)

Усім і кожнаму – шалому! Мадам, якую мы абсмяялі ў той серыі, ужо, здаецца, сцеле сабе прафілактычную саломку. Прызнала, што парламенцкія выбары ў лістападзе будуць (калі будуць…) датэрміновымі, але яна «ні пры чым»: «Я б, можа быць, і апасалася рэакцыі, калі б гэта было рашэнне ЦВК. У дадзены момант мы з’яўляемся выканаўцам, тэхнічным органам». Тут напрошваецца пытанне, ці не замнога ў такім разе брала на сябе прадстаўніца тэхнічнага органа, калі разважала, напрыклад, пра «выхаванне выбаршчыкаў» праз адміністратыўны рэсурс? Але пры цяперашнім раскладзе яно будзе рытарычным. Зрэшты, сістэма крышыцца на вачах: нават Павел Ізотавіч ад яе адгроб, прынамсі ў курапацкім разрэзе… Мо і Лідзія-як-яе-там скора дасць інтэрв’ю, у якім раскрытыкуе «генштаб»?

Калі затрымліваюцца па падазрэнні ў хабарніцтве экс-начальнік службы аховы прэзідэнта, ён жа – нам. старшыні Савета бяспекі, і гендырэктар «Белтэлекама», гэта значыць, што ключавыя пасады праз 24 гады пасля «вялікай перамогі Лукашэнкі» (і праз 16 гадоў пасля «канцэптуальнага павароту» – дэкларацый пра існаванне дзяржаўнай ідэалогіі) займаюць, мякка кажучы, не зусім тыя… На іх накінуліся несправядліва? Лішні доказ таго, што цвіль яшчэ вышэй. Чакаць паляпшэнняў пасля пятых «перавыбараў» палітыка, якому к таму часу грукне 66? Пазбаўце.

Міжволі тут задумаешся, хто прыйдзе на змену. Чытачы серыяла ведаюць, які я пераборлівы: звяртаў увагу на заганы як сацыял-дэмакратаў, так і правацэнтрыстаў (АГП, рух «За свабоду»). Зараз – колькі слоў пра яшчэ адзін элемент «правацэнтрысцкага блоку», Беларускую хрысціянскую дэмакратыю; дакладней, пра яе лідараў.

Паводзіны сустаршыні БХД Вольгі Кавальковай у сувязі з «Чарнобыльскім шляхам» (месяц таму разам з іншымі актывістамі падрыхтавала ў Мінгарвыканкам заяўку на шэсце 26 красавіка ў Мінску; калі «раптоўна» высветлілася, што трэба плаціць за паслугі міліцыі, еtc., аргкамітэт 25.04.2019 адклікаў заяўку, а Вольга распавяла: «Цяперашні фармат “Чарнобыльскага шляху” зжыў сябе») дужа нагадваюць пра лісу і вінаград з вядомай байкі Крылова. Але, можа быць, нейкі патаемны сэнс ва ўсіх гэтых кроках быў? Як той казаў: «Вайна – фігня, галоўнае – манёўры».

З Вольгай К. асабіста не знаёмы, а вось прэтэнзіі Паўла Севярынца – яшчэ аднаго сустаршыні БХД, якога цаню як пісьменніка – да Беларускага ПЭН-цэнтра, зачапілі болей. Нагадаю: нервовы эмацыйны пост П. С. з’явіўся ў фэйсбуку 22.04.2019 і ўзняў хвалю каментароў – і спачувальных, і не.

Я ніколі не імкнуўся далучыцца да ПЭН-цэнтра (хапае Саюза беларускіх пісьменнікаў). Тым не менш сёе-тое карыснае ў дзейнасці ПЭНа не мог не прыкмеціць: хаця б арганізацыю конкурсу «Кніга году». Летась на раздачу прэмій мы з жонкай завіталі, заспеўшы там і Паўла.

Як вынікае з вышэйзгаданага допісу П. Севярынца, з 2014 г. ён «прынцыпова» не плаціў узносы ў ПЭН-цэнтр «пасьля выставы камінг-аўтаў у офісе ПЭНу і мерапрыемстваў, зьвязаных з прапагандай гамасэксуальнага ладу жыцьця пад эгідай арганізацыі». Але ў Статуце ПЭНа (так, часам пачытваю статуты) чорным па белым сказана: «3.8. Кожны член РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” абавязаны: а) плаціць штогадовыя ўзносы ў памеры, які вызначаецца Радай, на фінансаванне дзейнасці РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”»

Ёсць у Радзе ПЭН-цэнтра «гей-лобі» ці не (4 чалавекі з 7, паводле П. С.), а калі ёсць, то хто ў яго ўваходзіць – гэтыя пытанні ніколі мяне не займалі. Пры вялікім жаданні «прапаганду» ЛГБТ-каштоўнасцей можна закінуць і СБП. Бачыў на сайце арганізацыі: «11 снежня 2018 г. інтэрнэт-часопіс ПрайдзіСвет і Саюз беларускіх пісьменнікаў зладзілі сумесны круглы стол, прысвечаны пытанню рэпрэзентацыі негетэранарматыўнай сексуальнасці…» Але – сэнс прыпадабняцца да персанажа барадатай показкі, які залазіў на шафу, каб убачыць голыя целы ў лазні насупраць і паскардзіцца на распусту? Я к таму, што на падобныя імпрэзы гвалтоўна не цягнуць: і ў СБП, і ў ПЭНе ёсць з чаго выбраць…

Не маралізую, але… Той, хто добраахвотна ўступіў у суполку, мусіць выконваць яе асноватворныя дакументы – pacta sunt servanda. Мне цяжка сабе ўявіць, што заставаўся б у суполцы, да якой дабраахвотна далучыўся (тым жа СБП), і цягам некалькіх гадоў не ўносіў бы грошы на яе дзейнасць. Агулам, каб у Беларусі існавала аўтаномія «трэцяга сектару», пажадана, каб асноўныя крыніцы фінансавання грамадскіх аб’яднанняў знаходзіліся ўнутры краіны, і членскія ўзносы маюць быць адной з найважнейшых крыніц. Не даспадобы мне залежнасць нізавых ініцыятыў ні ад дзяржавы, ні ад буйных карпарацый (фондаў).

Павел-палітык, на жаль, проста сячэ сук, на якім сядзіць, яшчэ да заваёвы ўлады пераймаючы несамавітую пазіцыю: «Усе роўныя, але некаторыя раўнейшыя». Наўрад ці з такім падыходам можна перамагчы «рэжым», дый нават скінуць кіраўніцтва ПЭН-цэнтра на чарговым Агульным сходзе ўвосень г. г. Лёгка спрагназаваць, што намер вызваліць «добрых людзей» (П. С.: «у ПЭНе ж большасць добрыя людзі. І гэта ня дзейнасьць ПЭНу, а дзейнасьць пэўнай групы, якая ўзяла на сябе права “караць і мілаваць”. Варта мяняць Раду. ПЭН не заслужыў такога кіраўніцтва») скончыцца пшыкам, бо: а) Павел ужо прысутнічаў на сходзе 2017 г., а змены Рады не дабіўся; б) мала шансаў, што пэнаўцы сёлета прыслухаюцца да бунтара, няхай аўтарытэтнага пісьменніка ды экс-палітвязня, які доўга і ўпарта ігнараваў статут.

За ўсімі мітрэнгамі апошніх тыдняў неяк у цень адышоў праект бізнэсоўца Пракапені & Co., а менавіта «міністэрства лічбавай эканомікі» (35-40 супрацоўнікаў, якія маюць курыраваць Акадэмію навук, дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, а нават і міністэрства транспарту). Паведамлялі, што «новае міністэрства прапануюць абараніць ад уздзеяння сілавых структур» – пэўна, ініцыятары ўлічваюць досвед ураджэнца Мінска Міхаіла Абызава, які даслужыўся ў Маскве да «міністра па каардынацыі дзейнасці “Адкрытага ўраду”» (2012-2018), але ў сакавіку 2019 г. быў арыштаваны па падазрэнні ў крадзяжы нейкіх дзікіх мільярдаў.

Гаворка пра новы ўрадавы орган – прычым фінансаваць яго плануюць за кошт ІТ-фірм, што адразу выклікае сумневы – вядзецца ўжо больш за год. У гэтым квартале рашэнне, відаць, будзе прынятае, і два супраць аднаго, што яно акажацца станоўчым… Але я не бачу патрэбы ў такім органе, з некалькіх прычын. Па-першае, дзяржаўны апарат і без яго перагружаны – 24 міністры, агулам чатыры дзясяткі членаў ураду (пяць намеснікаў прэм’ер-міністра, адзін з іх першы), а існуюць жа паралельна адміністрацыя прэзідэнта ды розныя саветы бяспекі, куды трапляюць яшчэ тыя прыгажуны (гл. вышэй). Па-другое, не формы зараз хвалююць найперш, а змест грамадска-палітычнага жыцця; між тым «электронны ўрад» – форма, якая прыхоўвае той факт, што рэальны ўрад падкантрольны вузкаму колу, блізкаму да сям’і «самі-ведаеце-каго». Па-трэцяе, як бы новае міністэрства не выявілася «траянскім канём», што надалей абмяжуе свабоды грамадзян.

Наіўна cпадзявацца, што ўсе рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій маюць піетэт да правоў чалавека. Прынамсі частка з іх у спрыяльных для сябе ўмовах будзе паводзіцца так, як «Сфера» ў аднайменнай кнізе Дэйва Эгерса (рэкамендую). Уласна, той факт, што ў снежні 2018 г. фонд тав. Пракапені зрабіў «падарунак» школьнікам Аршанскага – планшэты з убудаванай праграмай, якая мнагавата фіксіруе вакол сябе (напрыклад, міміку карыстальнікаў), як бы намякае… Дзіва што некаторыя бацькі адмовіліся браць «данайскі дар».

Проста пакіну ўзор дакумента аб згодзе на апрацоўку асабовых звестак для цьмянай фірмы «Фэйсметрыкс» тут, бо такія паперкі, бывае, знікаюць з агульнага доступу:

Часам бачу, што «ў інтэрнэце хто-та няпраў»; і хацелася б прамаўчаць, але… Вось паважаны ізраільскі калумніст Пётр Межурыцкі на kasparov.ru праводзіць аналогіі паміж абраннем ва Украіне-2019 Уладзіміра Зяленскага і ў Ізраілі-1999 – Эгуда Барака: маўляў, абодва эпізоды – задавальненне народнага попыту на «добрага цара», але чароўная казка хутка развейваецца… Усё б нічога, ды П. М. занадта ўжо драматызуе: «Такога жаху, які неўзабаве пасля абрання Барака абрынуўся на Ізраіль, не чакаў ніхто. Літаральна дня не праходзіла, каб не адбылося тэракту са шматлікімі чалавечымі ахвярамі ў розных грамадскіх месцах: у кафэ, на дыскатэках, у крамах, у транспарце. Вуліцы ізраільскіх гарадоў апусцелі». Э. Барак быў прэм’ер-міністрам з сярэдзіны 1999 г. да пачатку 2001 г. Улетку 2000 г. я гасцяваў у Ізраілі 6 тыдняў (Іерусалім, Цфат, Нетанія…) – істотных адрозненняў у параўнанні з 1996 і 1998 гадамі не заўважыў, вуліцы не пусцелі. Табліца «Спіс тэрактаў супраць ізраільцаў і яўрэяў» таксама не пацвярджае, што пры новым кіраўніку ўрада яны адбываліся ў Ізраілі штодня і «са шматлікімі чалавечымі ахвярамі». Хвалі тэрактаў уздымаліся і да «летуценніка» Барака, і пасля яго 🙁

Калі каспараўцы хацелі кагосьці напужаць, параўнаўшы Зяленскага з ізраільскім «прэм’ер-міністрам для ўсі-і-іх», то не выйшла (рабяты, паспрабуйце яшчэ). Ну, а шоўмэну – «цёмнаму коніку» – можна толькі пазычыць поспеху на новым шляху, і каб яго 73% праз год не ператварыліся ў 7,3…

Кур’ёзнае супадзенне: варта было напісаць пра ІІ Еўрапейскія гульні (Мінск, чэрвень 2019), як мяне запрасілі на адкрыццё выставы «Спорт у жыцці пісьменніка» (29.04.2019) у музей гісторыі беларускай літаратуры. Сёе-тое распавёў прысутным – не пра ўвесь «спорт», дык пра шахматы ў жыццях Зэліка Аксельрода, Якуба Коласа, Кандрата Крапівы, Янкі Купалы і іншых. Выказаў спадзеў, што да традыцыйных турніраў, што ладзяцца ў СБП, далучацца і прадстаўнікі іншага пісьменніцкага саюза (СПБ). А прамова паэта Васіля Жуковіча будавалася вакол яго вершаў, прысвечаных спартсменам.

Шахматы-«матрошкі», якія належалі К. Крапіве; выступае ўнучка байкара Алена Атраховіч

*

Аліна Федарэнка пераслала прэс-рэліз. Што пішуць: «3 мая 2019 г. у 11.00 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца прэзентацыя выставы “Іцхак Шамір”, прысвечанай жыццю і дзейнасці сёмага прэм’ер-міністра Дзяржавы Ізраіль, ураджэнца Беларусі…» Выстава ладзіцца ў рамках «Міжнароднай канферэнцыі “Лімуд Беларусь 2019”, якая пройдзе ў Мінску з 3 па 5 мая 2019 года і збярэ звыш 500 удзельнікаў з 12 краін свету». І шо на гэта скажаш? «У полі трактар дыр-дыр-дыр, / Хай жыве Іцхак Шамір!» Але, бядак, памёр выхадзец з Ружан у чэрвені 2012 г. Усяго 23 гады і 3,5 месяцы не дажыў да 120.

*

Здаецца, я раскрыў таямніцу капелюша Кім Чэн Ына. Модны карэец проста нагледзеўся (а можа, абгледзеўся) нугманаўскага фільма «Ігла», і ў яго падсвядомасць увайшоў вобраз аднаго з негалоўных персанажаў.

Кадр з «Іглы» (1988); Кім у Расіі (2019)

«Вольфаў цытатнік»

«Можна сцвярджаць: пачатак 2000-х гадоў будзе адзначаны прыкметным паляпшэннем кліматычных умоў. Не выключана, што ўжо ў ХХІ стагоддзі Арктычны басейн упершыню з часоў вікінгаў вызваліцца з лядовага палону» (Леанід Булыгін, зб. «Фантастыка-77», 1977)

«Ромы жывуць у Беларусі. Але ў той жа час іх тут быццам бы няма. У нас афіцыйныя ўлады робяць выгляд, што няма такога народа» (Мікалай Калінін, газета «Згода», красавік 2005).

«Калі для кіруючага класа залежнае становішча краіны ў цэлым не з’яўляецца перашкодай у справе атрымання прыбытку, то шараговаму насельніцтву яно пагражае загранічна нізкім узроўнем жыцця і адсутнасцю перспектыў для развіцця» (Ціхан Закаменеў, 2019)

«Палітыка, якую зусім выгналі былі з рэальнасці, вяртаецца праз мастацтва… Цяпер зразумела, што галоўным пастаўшчыком новых палітычных фігур стане менавіта шоўбізнэс: не толькі таму, што людзям патрэбнае шоў, але найперш таму, што гэта справа адносна сумленная» (Дзмітрый Быкаў, 30.04.2019)

«Мясцовыя ідэнтычнасці надзвычай жывучыя. Яны могуць спаць доўга, і здаецца, што іх ужо зусім няма, але калі надыходзіць патрэбны палітычны момант, яны вельмі хутка і лёгка прачынаюцца і аб’ядноўваюць людзей» (Кацярына Шульман, 30.04.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

02.05.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 02.05.2019  14:21

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (109)

Шалом у гонар праўдзівай вясны! Сёння першае слова – чытачам.

Піша Алесь Рэзнікаў: «Мяне ўразіў 19 сакавіка выступ клейзмерскай (калі так можна назваць) дзявочай капэлы з Барысава Жыдовачка ў кавярні Гудвін у Менску. Выступ і танцы былі вельмі захапляльнымі і эмацыйнымі, быў таксама паказаны анонс бязгукавага чорна-белага фільма Чароўныя нажнічкі, прычым музыкі падчас фільмы гралі як тапёры. Фільм аздоблены прыкольнымі тытрамі… Было крууута!» Сам я фільму і танцаў не бачыў, але веру. І незнаёмыя мне «жыдовачкі» хаця б спрабуюць нешта зрабіць для рэканструкцыі яўрэйскай мінуўшчыны… Яны больш сімпатычныя, чым журналіст-краязнавец Кастусь Ш., які знайшоў у сеціве сканы даваенных яўрэйскіх газет (газеты выходзілі ў яго родным Глыбоцкім краі) ды «ўключыў іронію»: «Хоць ты ідзіш цяпер вучы». І потым у фэйсбучнай дыскусіі: «А нашто беларусу ідыш ведаць?» ¯\_(ツ)_/¯

Анатоль Сідарэвіч, гісторык & юдафіл, які займае ў беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі якраз тую ж пасаду, што І. В. Каламойскі – ва ўкраінскім «УКРОПе», яшчэ ў 2016 г. тлумачыў, навошта беларусам ідыш. Сёлета ж ён – Сідарэвіч, а не Каламойскі – падзяліўся сваім запісам з дзённіка (22 сакавіка 2019 г.):

Учора вярнуўся з Вільні. Чатыры дні працаваў у бібліятэцы імя Ўрублеўскіх. «Гоман» (тыя нумары, якіх няма ў Менску), «Przegląd Wileński», рукапісы…

Іду па Вялікай у бок вакзала і чую ці то барабан, ці то іншы ўдарны інструмент, а потым – пяянне. Галасы маладыя, бадзёрыя, спяваюць хораша. Нарэшце бачу, што на другім баку вуліцы насустрач рухаецца невялікая калона.

Людзі спыняюцца, узіраюцца. Хто і з якой нагоды гэтак пяе? Мне стукнула ў галаву, што гэта ж Пурым… На літоўска-беларуска-польскай трасянцы тлумачу людзям, што гэта židai святкуюць вялікае і вясёлае свята, свята выратавання.

Шкада, не ведаю слоў тае песні. Пра што яна – пра смерць Амана, пра Эсфір? Шкада, што не малады і часу да адпраўлення цягніка ў абрэз, а то і далучыўся б да вясёлага натоўпу, які святкуе Пурым радаснымі спевамі.

У жыцці сустракаў толькі адну жанчыну з імем Эсфір (Эстэр).

Мне было 16. Я прыехаў з Заходняй Беларусі ў Слуцак. У Слуцку на макароннай фабрыцы, дзе працавала мая цётка Валя, я ўбачыў, як робяць цеста для джэмаў і павідла. Яблыкі, шмат яблыкаў ашпарваюць з вялікага шланга, а потым гэтую масу перапрацоўвае машына…

Я ўражаны. Побач са мною стаяць мая цётка і Эсфір Ізраілеўна, з якою цётка мяне пазнаёміла. Эсфір Ізраілеўна жыве ў доме цётчынага свёкра… Я кажу:

– Гэта ж і гніль, і чэрві ў цеста ідуць…

І чую голас Эсфіры Ізраілеўны:

– Мальчик, не то черви, что мы едим, а то, что нас ест.

Колькі год прайшло, а помніцца. На ўсё жыццё ўрэзалася ў памяць. Як і вочы Эсфіры Ізраілеўны. Поўныя смутку вочы дачкі свайго народа. І зноў успомніў. Габрэйская дзяўчынка, якая з яблыкам у руцэ сядзіць у хаце ля акна і глядзіць на вуліцу. Маладзенькая, прыгожая «дщерь Иерусалимская», а вочы ўжо поўныя смутку. Гэта кадр з фільма Валерыя Рыбарава «Чужая бацькаўшчына» паводле аднайменнага рамана Вячаслава Адамчыка. Я кансультаваў той фільм. Аператарам фільма быў Фелікс Кучар. Яго бацька – Алесь (для мяне – Айзік Евелевіч) Кучар.

А. Рэзнікаў (фота В. Р., верасень 2018) і А. Сідарэвіч, фота адсюль

Ізноў пра «раскол» (матэрыял А. Багуслаўскай быў падрыхтаваны для «Дойчэ веле» і з тыдзень таму растыражаваны тутэйшымі як вялікая мудрасць). Паўтаруся, пакуль што няма ў Беларусі глыбокіх расшчылін, прынамсі глыбейшых, чым у суседніх краінах. Калі «расколы» ёсць, то лакалізаваныя, на маргінэсе, і палохаць грамадства жудкай фрагментацыяй не выпадае. Наадварот, часцяком яно занадта аднароднае і прадказальнае: ёсць «галоўны», і ёсць тыя, хто ідуць у ягоным фарватэры, нягледзячы на дэкларацыі аб нязгодзе. «Прэзідэнцкія выбары» 2015 г. прадэманстравалі, як гэта бывае, дый «Вялікія размовы» 2017 і 2019 гг…

Між тым пра раскол гукаюць ужо і тыя, каторым муляе незалежнасць Беларусі. Для такіх аўтараў ён – сінонім (або эўфемізм) хаосу, што вымагае знешняга ўмяшання. Дальбог, як-небудзь разбярэмся без парадаў расійскага Eadaily… хаця, вядома, тое, што ад аўтарытарнага рэжыму ў рамках так званай справы «рэгнумаўцаў» пацярпелі карэспандэнты гэтага агенцтва, ніяк не цешыць.

Прайшоў Дзень Волі, да якога былі прымеркаваныя не толькі два канцэрты, у гродзенскім Каложскім парку ды мінскім Кіеўскім скверы, але і шахматны турнір у Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Спробу даць міні-канцэрт на свежым паветры пад вечар 25.03.2019 зрабілі таксама чацвёра музыкаў: Павел Аракелян, Зміцер Вайцюшкевіч, Ігар Варашкевіч і Лявон Вольскі. Яны прыйшлі на рог мінскіх вуліц Рэвалюцыйнай і Камсамольскай, пачалі расчахляць свае інструменты… Тут-то іх і падграбла доблесная міліцыя, на што гродзенскі партал з’едліва заўважыў: «Гэта вам не Гродна». Пасля пары гадзін у пастарунку музыкаў адпусцілі.

Шчыра паважаю ўдзельнікаў згаданай чацвёркі (каго больш, каго менш), аднак ад гісторыі – прысмак фальшу, як быццам некаму выгадна было выставіць іх у ролі «хлопчыкаў для біцця». У выніку «СБ» гэтак іх і абмалявала

Калі планавалася «апалітычная» творчая сустрэча ў цэнтры Мінска, то можна было паспрабаваць заранёў дамовіцца з органамі ўлады (і забарона падмачыла б рэпутацыю чыноўнікаў: чаму, напрыклад, джазістам можна музіцыраваць на плошчы Свабоды, а рокерам – не, дый Аракелян таксама «дае джазу»?). Калі пратэстная акцыя – мо ўсё ж не варта было паведамляць месца і час у сеціве, а паклікаць з сабою адно давераных людзей? Ну, зразумела было, што cход за пару кварталаў ад КДБ і міністэрства ўнутраных спраў будзе ўспрыняты як выклік, асабліва 25-га… Пасля сеціўных абвестак да затрымання музыкаў яўна рыхтаваліся, а на нестандартную сітуацыю спецслужбоўцы адрэагавалі б не адразу, мінут праз 10… За гэты час рокеры шмат чаго паспелі б выканаць.

Калі ўсё ж хацелася сумясціць прыемнае з карысным – максімальна паказаць сваё майстэрства і адзначыць Дзень Волі без санкцыі начальства – то можна было выбраць варыянт з іншай «кропкай» у цэнтры Мінска, сярод дамоў, дзе рэальна жывуць людзі. На Рэвалюцыйнай цяпер пераважна офісы, а ў двор, дапусцім, на Нямізе-8 або Старажоўскай-8 спусціліся б «народныя масы». Дый міліцыя не адразу б даехала туды (калі б увогуле вырашыла звязвацца), і меўся б шанс, што пасля кароткай гутаркі творцаў бы пакінулі ў спакоі, далі адыграць свае сеты. Лёгка даваць парады «заднім чыслом»? Ну, проста я стараюся разлічваць не на адзін ход уперад, а хаця б на 2-3…

Паколькі набліжаецца Першае красавіка, скапіраваў заметку з выдатным загалоўкам (газета «Свободные новости плюс» жжот):

Bravo, галоўны рэд. Васіль Уладзіміравіч Зданюк! Смяшнейшы хіба Аляксандр Рыгоравіч з набегам на Шклоўшчыну і абвяшчэннем «ваеннага становішча» ў сельскай гаспадарцы. А яшчэ – з заявай 22.03.2019 пра тое, што Сінявокая стала эпіцэнтрам нашага рэгіёна. Стары жарт гэта ўсё нагадала – «Ядзерная бомба заўсёды трапляе ў эпіцэнтр». Слушна заўважыў К. Жываловіч: «У нашай краіне ўсё настолькі цыклічна, што час ад часу былую папулярнасць набываюць показкі з барадой даўжэйшай, чым у старога Хатабыча».

Неўзабаве лета, і няхай бы «сонцападобны» даводзіў сваю дзеяздольнасць у іншыя спосабы, чым «чыжыкаў есці». Напрыклад, узяў бы прыклад з Маа, які ў 1966 г. фарсіраваў Янцзы, і ў чэрвені, як зусім пацяплее, пераплыў бы цераз Камсамольскае возера ў самым шырокім месцы, балазе новая рэзідэнцыя па суседстве. Каб Рыгорыч не засумаваў, гатовы плысці побач і распавядаць усялякія майсы пра ўсенародную любоў. Гэй, там, у адміністрацыі – падумайце! Другі раз магу і не прапанаваць 🙂

* * *

Блізу Дня Волі дзеля чарговага эксперыменту даў бясплатныя (але небескаштоўныя) парады рэдакцыям двух сайтаў: дзяржаўнага government.by i прыватнага tut.by. Вынік не на карысць прыватніка… Сайт Савета міністраў РБ цягам аднаго дня паправіў шэраг памылак (напрыклад, намеснік прэм’ер-міністра ў беларускай версіі стаў не «Васілявіч», а «Васільевіч», хоць і пакінулі «Ляшенка» замест правільнага «Ляшэнка»; у англамоўнай частцы пазначана цяпер, хто ў нас міністры прамысловасці, сувязі, etc). Ну, а сайт, які чамусьці лічыцца вотчынай М. Золатавай – насамрэч за яго адказвае гендырэктарка Людміла Чэкіна, якая дэ-юрэ і з’яўляецца адзінай галоўнай рэдактаркай tut.by – цягам некалькіх дзён не знайшоў часу актуалізаваць інфармацыю. Ён па-ранейшаму адпраўляе чытачоў у «блогі tut.by»… ліквідаваныя звыш трох гадоў таму.

Тутбаеўцы – як Бурбоны; тых нічога не навучыла французская рэвалюцыя, гэтых – «справа “БелТА”»… На каліва не здзівіўся, калі заўважыў у матэрыяле 27.03.2019, прысвечаным адноўленаму «інтэлектуальнаму клубу Святланы Алексіевіч», кідкае парушэнне журналісцкай этыкі:

З. Пазняк адмаўляе, што ўвогуле размаўляў з Алексіевіч, адхрышчваецца ад прапаноў «не пускаць у краіну ніводнай таблеткі». У той жа дзень, 27 сакавіка, пісьменніца прызнала, што не размаўляла з палітыкам на гэтую тэму, а пераказала словы нейкіх «заходніх журналістаў»… (зноў напрошваецца стары анекдот, ужо пра Каруза – «Рабіновіч напяяў»). За 4 дні супермегапартал не зрабіў апдэйт і не падрыхтаваў новы матэрыял, дзе даў бы слова другому боку. Падобна, тутбаеўскія спадарыні, апекшыся на адносінах з уладамі, вырашылі канвертаваць свае пакуты… не ў свабоду, а ў Пафігізмъ Самы Настаяшчы. Ну ОК; буду ведаць, каму (не) давяраць.

І яшчэ раз пра «Beauty Run», дакладней, пра «5000 жанчын», якія «прабеглі па цэнтры Мінска» 08.03.2019 (а таксама пра «5 тысяч чалавек» у Кіеўскім скверы 24.03.2019 – на пятачку ля мінскага кінатэатра «Кіеў» і 2500 святкуюшчых не змясцілася б). Вось так выглядала адзіная трыбуна cалігорскага стадыёна «Будаўнік» 30.03.2019 на футбольным матчы «Шахцёр» (Cалігорск) – «Тарпеда» (Мінск), які, паводле пратаколу, наведала 3600 гледачоў. Усяго cтадыён здольны прытуліць 4200 балельшчыкаў.

Фота з pressball.by

Найлепшы камент да гэтага здымка зафігачыў bion86: «Так у іх ёсць падземная трыбуна, там шахцёры матч глядзяць! 🙂 🙂 :)». Няблага адзначыўся і Georg: «Пачалі ўжо трэніравацца ў падліках, скора выбары 🙂»

А зараз хвіля сур’ёзнасці! «Радыё Рацыя» паведаміла, што ўбачыў свет сакавіцкі выпуск «Слонімскага краю». Краязнавец Міхась Шуляк апісаў у ім жыццё даваеннай вёскі Азярніца, насельніцтва якой было часткова яўрэйскім: «матэрыял аздоблены рэдкімі здымкамі азярніцкіх і слонімскіх яўрэяў».

«Вольфаў цытатнік»

«Жыццёвы досвед вучыць нас, / Што дармавое пастаянна / Нам абыходзіцца не танна / І даражэе з разу ў раз» (Фелікс Баторын, 2015)

«Па дзіўным супадзенні часцей за ўсё мяняюцца якраз тыя прававыя акты, якія непасрэдна тычацца жыцця грамадзян. Як мы разумеем, нестабільнасць права ў гэтай сферы – у інтарэсах дзяржавы і не ў інтарэсах грамадзяніна. Чаму? Таму што грамадзянін застаецца вечна вінаватым, ён не можа ўсачыць за хаатычнымі непрадказальнымі зменамі» (Кацярына Шульман, 26.03.2019)

«Я не люблю сацыяльных феноменаў. Я не сутыкаюся з соцыўмам – я бачу людзей» (Барыс Грабеншчыкоў, 28.03.2019)

«Сярод асноўных проблем постсавецкай публікі хачу вылучыць абсалютнае неразуменне або скажонае ўспрыняцце элітарнасці. Максімум, каго тут лічаць элітай — тых, хто паспеў завалодаць большым рэсурсам, не маючы пры гэтым неабходных інтэлектуальных здольнасцей да яго захавання, прымнажэння, як і да далейшага асабовага росту» (Аліна Вітухноўская, 29.03.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

31.03.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

***

Рэдакцыя belisrael.info не заўсёды падзяляе погляды аўтараў

Апублiкавана 31.03.2019  23:37

Водгукі

* * *

«Хоць ты ідзіш цяпер вучы». Як на мяне – гэта не іронія, а сумная зацемка. Я сам, як тыповы беларус, ведаю пару словаў з ідышу, а вучыць лянуюся, але купіў фаліянт – слоўнік Астравуха і часам зазіраю, каб чарговы раз упэўніцца, што во, і гэтае дзіўнае неславянскае слова таксама ў беларускую прыйшло з ідыша, альбо праз яго.

Віктар Сяргейчык, г. Мінск

* * *

Пра падзел у грамадстве. Нягледзячы на тое, што рэгулярна пачытваю «Нямецкую хвалю», ад згаданых Вамі артыкулаў бачыў толькі загалоўкі, далей глядзець было нецікава. Вось на пачатку 1990-х падзел быў! І мы з сястрой час ад часу рабілі «пэрформансы»: у грамадскім транспарце адзін размаўляў на рускай, другі – на беларускай мове (аднойчы нам за гэта рэдактарка часопіса каляндар падарыла). Так, людзі чакалі бойкі, а зараз што… Ну, хіба што дзякуючы расійскаму тэлебачанню яшчэ магчымы сваркі на тэму «Крым чый?», а па«ўнутранай палітыцы» збольшага пануе згода (не, колькі разоў быў сведкам палітычных спрэчак у электрычках, але «няма таго, што раньш было!»).

Пётр Рэзванаў, г. Мінск

Дадана 01.04.2019  19:08

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (104)

Шаломчыкі-вітанкі! Па шматлікіх просьбах нешматлікіх чытачоў – колькі слоў пра настойлівае прасоўванне «сапраўднага падпалкоўніка» ў прэзідэнты… А потым пра першасакавіцкае шоў у мінскім павільёне «Белэкспа».

На развагі з мінулай серыі адгукнуўся Сяргей Спарыш – генеральны сакратар партыі, якую ўзначальвае Мікалай Статкевіч. Сп. Сяргей настойвае, што артыкул у «БелГазете», дзе трохі пакпілі з А. Анісім і са сп. Міколы, – «пасквіль», бо «аўтар чамусьці забыў” пра буйныя акцыі, арганізатарам або адным з арганізатараў якіх быў М. Статкевіч».

Не думаю, што палітызаваная публіка забылася, напрыклад, на «Марш свабоды» 1999 г., калі на вуліцы Мінска выйшлі дзясяткі тысяч… (у выніку на М. Статкевіча была заведзена крымінальная справа). У 2004 г. палітыка, разам з Паўлам Севярынцам, судзілі і за арганізацыю масавых пратэстаў супраць вынікаў рэферэндуму, калі ў цэнтр сталіцы вырушылі тысячы людзей.

Ды ўсё ж многа вады сцякло з тае пары; снежаньскія падзеі 2010 г. таксама належаць гісторыі. У апошні час «адзіны кандыдат, хто можа» збавіў абароты. Напрыклад, колькасць удзельнікаў акцыі «За мірную Беларусь» у верасні 2017 г. (супраць вучэнняў расійскіх войскаў на тэрыторыі Сінявокай) не перавысіла 200, а летась на шэсце з нагоды Дня волі – афіша, калі помніце, была рэпрадукавана тут – М. Статкевіч не сабраў і сотні. Так, напярэдадні 25.03.2018 яго партыйных нукераў ды паплечнікаў па «Беларускім нацыянальным кангрэсе» затрымалі, але тэарэтычна гэта магло, наадварот, узмацніць пратэст… Не ўзмацніла.

Усё гэта наводзіць на думку, што рэальны ўплыў М. С. і яго партыі на грамадства, нягледзячы на працяглыя адседкі мужнага лідара, досыць абмежаваны. Ніхто не забараняе прасіць: “Не кажыце “Анісім, Статкевіч, Лябедзька, Пцібурдзюкаў і інш.” Ёсць Статкевіч і ёсць усе астатнія, якіх няма». Аднак я пакуль што не бачу карціны з палітычным Гуліверам на фоне квазіапазіцыйных ліліпутаў, чаго не хаваў і ў снежні 2018 г. Ну, можа, яшчэ ўбачу.

А што з віртуальным уплывам? «Паглядзіце статыстыку наведванняў сайта М. Статкевіча», – параіў С. Спарыш 27.02.2019. Што ж, на наступны дзень паглядзеў, і статыстыку рэсурса «Народнай грамады» таксама:

Гэтыя паказнікі ўражвалі б гадоў 15 таму, але не цяпер, калі мільёны беларусаў карыстаюцца нэтам. Кур’ёзна, што на самім statkevich.org віселі «крыху» іншыя лічбы наведвання 😉

Я, бадай, аддам перавагу незалежным падлікам. Пагатоў каментаў на рэсурсе М. Статкевіча вобмаль: у лепшым выпадку па 1-2 на матэрыял. А загалоўкі баявітыя: «Ламаем сцэнар рэжыма», etc.

І другі раз (пасля лютага 2017 г.) – пра «Вялікую Размову». Нават не хочацца ўстаўляць карыкатуркі… Прадублюю абзац з даўняй 40-й серыі:

Якой бы «адкрытай і чэснай» ні была размова з публікай, няможна зацягваць яе на 7 гадзін 20 мінут. Гэта парушэнне як агульнапрынятых санітарных норм, так і Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а менавіта арт. 134: «Работнікам выдзяляецца на працягу працоўнага дня перапынак для адпачынку і харчавання даўжынёй не менш за 20 мінут і не больш за дзве гадзіны, які выкарыстоўваецца работнікам паводле яго меркавання». Фактычна журналістам і прэс-службе навязалі цэлы працоўны дзень без перапынку: à la guerre comme à la guerre, аднак іх «мабілізавалі» ў мірны час, у мірнай, здавалася б, краіне.

Дарэчы, калі пазаўчора блізу 9:25 ехаў па вул. Арлоўскай паўз «Белэкспа», то заўважыў, як туды заязджала «хуткая», і не абы-якая, а рэанімабіль. Яшчэ падзівіўся: што фатальнага можа здарыцца з удзельнікамі за 4,5 гадзіны (менавіта столькі адводзіла на перадачу з імпрэзы афіцыйнае тэлебачанне: 10:30 – 15.00)? Аднак арганізатары яўна лепей ведалі свайго боса: імпрэза цягнулася, як пазалетась, амаль 7 з паловай гадзін. За гэты час, вядома, кагосьці мог схапіць які-небудзь гіпертанічны крыз… Сядзелі ж вакол стала дыяметрам 12 метраў (прадмет гонару тэлежурналістаў) не толькі маладыя лука-рыцары, а і ветэраны.

Няблага, што сёлета даўмеліся зрабіць «санітарны» перапынак на 10 мінут, хоць гэта ўсё адно не адпавядае працоўнаму заканадаўству (гл. вышэй). Ну, калі-небудзь і на 20 раздобрацца; секчы котцы хвост па частках – «фішка» тутэйшага чынавенства… Праўда, баюся, к таму часу ніхто ўжо не патэпае на гэткія сустрэчы, беручы пад увагу іх саматужна-рэкламна-піярны змест.

За відэатрансляцыяй сачыў мінут 45, потым абрыдла. Наўрад ці нават самы сервільны сацыёлаг у Беларусі пацвердзіць, што акурат 98% жыхароў краіны настолькі шануюць суверэнітэт, што прагаласуюць супраць далучэння РБ да Расіі. Мяркую, такіх аказалася б усяго ад 65 да 75 працэнтаў – у залежнасці ад фармулёўкі пытання. Нямала ўсё ж у нас і «запуцінцаў», якія прагнуць паўтарыць крымскі сцэнарый, і проста абыякавых.

Яшчэ адна аблудная прапорцыя – «50 на 50», скарыстаная ў звароце да «насельніцтва»: «За 50 працэнтаў вашага дабрабыту адказваю я, за 50 – вы самі». На практыцы гэта выяўляецца ў наступным: за васьмігадзінны працоўны дзень, яшчэ захаваны ў заканадаўстве, у дзяржаўных і кантраляваных дзяржавай арганізацыях пераважнай большасці работнікаў плацяць палову ад таго, што трэба для дастойнага ўзроўню жыцця, гарантаванага Канстытуцыяй РБ (арт. 21). Далей – круціцеся як знаеце: працуйце на 2 стаўкі, афармляйце статус рамесніка/індывідуальнага прадпрымальніка… У кароткатэрміновым перыядзе (in the short run) нейкі плён ад такога «варушэння» ёсць: растуць ВУП, сярэдняя зарплата. У перспектыве яно разбуральнае і для чалавечага капіталу, і для «народнай гаспадаркі», бо якасць зробленага, зразумела, зніжаецца. Што не менш істотна, лезе ўгару напружанне ў калектывах, дзе даходзіць да «грызні» за дадатковыя гадзіны (напрыклад, сярод універсітэцкіх выкладчыкаў). Дзіва што кадры вымываюцца з краіны… Але прынцып адміністрацыі «нам бы дзень прастаяць» дзейнічае надалей; дэ-факта ён ухвалены «наверсе».

Гэтым разам в. а. цара не самасцвярджаўся за кошт яўрэяў і Ізраіля, пахваліў і літасціва паслухаў бізнэсоўца Машэнскага – o, дзякуй у шапку!.. Затое паспрабаваў дакалупацца да беларускага журналіста Змітра Лукашука, які працуе на радыёстанцыю з галоўным офісам у Варшаве – маўляў, той мае адказваць за летуценні польскіх шавіністаў аб уз’яднанні «крэсаў усходніх».

Cхільны згадзіцца з тымі, хто кажа, што «піяр-акцыя» гр-на Лукашэнкі праляцела міма касы. Дапраўды, за чвэрць стагоддзя ўсё ўжо гаворана-перагаворана, і адчувалася, што прамоўца захрас у 1990-х. Падобна, ён хацеў вярнуцца ў тую эпоху, калі бойка граміў карупцыянераў, «нячэсных журналістаў», «апазіцыю»… У 2019 г. нават хлопчыкаў для біцця спарынг-партнёраў падабраў са сваёй палітычнай маладосці. Першага сакавіка імі выявіліся Валянцін Голубеў, Іосіф Сярэдзіч, Алег Трусаў… і прымкнуўшы да іх Яраслаў, выкрывальнік беспарадкаў.

Маё пытанне да прамоўцы, адпраўленае 27.02.2019 («Чаму б Вам добраахвотна не сысці ў адстаўку з пасады прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта?»), агучана не было, хоць я ведаю, што ў агенцтве БелТА, якое збірала «галасы народныя», яго атрымалі. Пытанне менш наіўнае, чым выглядае; калі «першая асоба» дэманструе кепскі прыклад сумяшчэння дзвюх адказных пасад, кожная з якіх вымагае пастаяннай працы, то іншым чыноўнікам таксама карціць… У выніку «сумяшчальнікі», як правіла, нідзе не працуюць з поўнай самааддачай, да таго ж губляецца сам сэнс грамадскай дзейнасці (калі яна – «даважак» да пасады, то пры чым тут грамадскасць?)

Я спаслаўся на абяцанку Рыгорыча штоквартальна кіраваць пасяджэннямі выканкама НАК, дадзеную 30.05.2017 і згаданую тут, а потым і тут. Не прамінуў падкалупнуць: «Колькі разоў правялі “пашыраны выканкам пад кіраўніцтвам Прэзідэнта” за мінулыя паўтара года, г. зн. шэсць кварталаў? Адзін раз? Два?» Пакуль што ведаю пра адзін выпадак – 07.09.2017. Абяшчаліся і штогадовыя «выніковыя сходы Нацыянальнага алімпійскага камітэта» з удзелам Прэзідэнта ды вырашэннем «самых праблемных пытанняў» – гэй, хто-небудзь, пераканайце мяне, што такія сходы прайшлі ў 2017 і ў 2018 гг. 🙂

Працяглая ІБД непазбежна вымотвае як самога імітатара, так і яго каманду. Таму я аптымістычна веру, што першы прэзідэнт не быў бы супраць элегантна «закругліцца». Пры цяперашнім стане палітыкуму цалкам імаверна, што ён выйграе «выбары» 2020 г., аднак болей не захоча рызыкоўных кампаній (ужо і цяпер сістэма працуе больш па інэрцыі, на «пердячем пару») і сыдзе ва ўзросце каля 70 – магчыма, на манер Ельцына, знайшоўшы пераемніка. Не выключаю, што пошук вядзецца, і дапускаю, што ім будзе… Ну, хто б вы думалі? Прысылайце свае варыянты, а я потым напішу, хто, як мне здаецца, мае найвялікшыя шансы.

У заклад ісці не планую: па-першае, выбар канкрэтнай асобы ўвогуле цяжка прадказаць, па-другое, леташняя прапанова закладу была стрымана ўспрынята чытачамі «Катлет & мух». Прасцей кажучы, не азваліся.

К сярэдзіне 2020-х гг. выйдзе з няпоўналецця Мікалай Лукашэнка. Ён больш зразумее ў жыцці і наўрад ці будзе ў захапленні, што тата шмат гадоў ім прыкрываўся… Значыць, у Лукашэнкі-старэйшага прыбавіцца клопатаў: Коля – не «народзец», ад яго высокім плотам і калючым дротам сябе не аддзеліш.

З боку не адно клеркаў, а і буйных урадоўцаў усё часцей назіраю імкненне трымаць дыстанцыю ад найбольш адыёзных праяў рэжыму. Так, першы намеснік прэм’ер-міністра днямі раскрытыкаваў сістэму, у якой для выкупу сталоўцы ў Нясвіжскім раёне спатрэбілася яго, турчынская санкцыя. Наступным крокам можа стаць прызнанне, што дырэктывы Лукашэнкі пра дэбюракратызацыю (2006) і пра стымуляванне прадпрымальніцкай актыўнасці (2010) за столькі гадоў, незважаючы на «жэстачайшую вертыкаль», не дайшлі нават да чынавенства прылеглай вобласці. Тады які быў сэнс?! Лагічна дапусціць, што і з падпісантам было «не ўсё так» яшчэ ў 2000-х гадах.

Ну і, нарэшце, у 2024 г. чакаецца змена ўлады ў Крамлі, што таксама адкрывае «акно магчымасцей».

PS. Мае развагі не варта ўспрымаць як параду альтэрнатыўным сілам «склеіць ласты» і пасіўна чакаць перамен да 2024–2025 гг. Калі нехта адчувае, што здатны перамагчы «Лукашэску» налета – на здароўе.

* * *

Пад канец лютага нейкія вандалы сапсавалі ў Віцебску мурал з выявай Марка Шагала, раней паказаны тут сярод дасягненняў краіны. Спецыяліст казаў 26.02.2019: «Не ведаю, ці можна паправіць». Аднак ужо 28-га твор быў адноўлены дзякуючы Глебу Каштанаву (разам з Янам Кузьміным – сааўтар многіх віцебскіх муралаў, у т. л. шагалаўскага) і Юрыю Дубоўскаму. Тым часам іншы мастак, Андрэй Дубінін з Мінска, чытач і аўтар belisrael.info, скончыў іншую важную работу – намаляваў новы герб для Вялікага магістра Мальтыйскага ордэна (!) Не ўсё страчана ў Беларусі 😉

 

Я. Кузьмін (справа) і Г. Каштанаў; рэстаўраваны партрэт па стане на 27.02.2019. Фота з tut.by

«Вольфаў цытатнік»

«Доказы не могуць быць ані старымі, ані маладымі; яны або важкія, або недастатковыя, вось і ўсё» (Эрыка Малатэста, пачатак ХХ ст.)

«Большасць страйкаў капіталу эфектыўныя. Урады адступаюць і робяць усё, што капіталісты патрабуюць у абмен на аднаўленне інвестыцый» (Рычард Лахман, 20.02.2019)

«Машына ўлады, людзі, якія ўнутры яе знаходзяцца, жывуць увогуле ў сваім свеце шмат у чым. У іх там свае СМІ, свая сістэма прыярытэтаў, свой парадак навін, які абсалютна адрозніваецца ад таго, што вам здаецца агульнавядомым, агульнапрызнаным… Ваша прызнанае прызнана толькі вамі. Каб гэта прызналі тыя, хто прымае рашэнні, трэба зусім асаблівым чынам да іх неяк дагруквацца» (Кацярына Шульман, 26.02.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

03.03.2019

Апублiкавана 03.03.2019  21:34

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (100)

Шалом! Ну во, дажыліся – кшталт «вялікага юбілею»… Хацеў бы назваць тых, каторыя не адмаўляліся супрацоўнічаць з серыялам «Катлеты & мухі» (est. 2015). Гэтыя людзі давалі каментарыі, слалі водгукі і/або матэрыял для будучых серый, цытавалі асобныя выпускі, бывала, зацята спрачаліся з аўтарам: Маргарыта Акуліч, Уладзімір Бараніч, Сяргей Будкін, Інэса Ганкіна, Юрась Гарбінскі, Уладзімір Гінзбург, Якаў Гутман, Зміцер Дзядзенка, Андрэй Дубінін, Алена Ждановіч, Фёдар Жывалеўскі, Алег Зелянцоў, Ігаэль Іегудзі аka Косця Лук, Леў Казлоў & Галіна Кур’яновіч, Сяргей Каспараў, Павел Касцюкевіч, Уладзіслаў Каташук, Васіль Кісляк, Зміцер Левіт, Дзмітрый Лыбін, Антон Лявіцкі, Людміла Мірзаянава, Гена (Гдалія) Пекер, Ігар Пушкін, Аляксандр Розенблюм, Дзмітрый Рослаўцаў, Святлана Рубінчык, Уладзь Рымша, Пётр Рэзванаў, Алесь Рэзнікаў, Павел Севярынец, Анатоль Сідарэвіч, Іна Соркіна, Сяргей Спарыш, Анатоль Старкоў, Віктар Сяргейчык, Юрый Тэпер, Аліна Федарэнка, Васіль Фрэйдкін, Алекс Фурс, Фелікс Хаймовіч, Віталь Цыганкоў, Раман Цыперштэйн, Андрэй Шуман, Ганна Янкута… Усім і кожнаму – мех падзяк! І два мяхі – рэдактару belisrael.info Арону Шусціну, які звыш сарака месяцаў церпіць гэта во ўсё :-/

Былі поспехі, мільгалі няпоспехі – да прыкладу, няспраўджаныя прагнозы. Суцяшаю сябе трывіяльна: маўляў, з кожным здараецца (а як яшчэ?). «Жырыноўскі па ўсіх параметрах не дацягвае да палітычнага лідара. І таму ў яго няма будучыні», – казаў пасол Расіі ў Ізраілі Аляксандр Бовін у інтэрв’ю «Новостям недели» (красавік 1994). І ў сваім дзённіку 1993 г. «чалавекавед» Бовін (1930–2004) занатаваў пасля першых выбараў у Дзярждуму: «Упэўнены, што за межы ХХ стагоддзя ён не выйдзе. Як палітычны лідар, зразумела». «Несапраўднага пасла» няма, а палітык на літару «Жэ» ёсць – летась атрымаў на расійскіх прэзідэнцкіх выбарах мільёны галасоў, трапіўшы ў тройку, як тое ўжо здаралася ў 1991 і 2008 гадах… ЛДПР выглядае – не скажу, што стала – амаль рэспектабельнай партыяй, і сёлета Аляксей Навальны ўжо гатовы падтрымаць яе кандыдата ў Піцеры (кажа, абы не ад «Адзінай Расіі»).

Ва ўсіх сэнсах бліжэйшы да нас прыклад – з Вадзімам Іосубам, папулярным у СМІ аналітыкам нейкага фінансавага агенцтва. Будзе казаць 28.01.2019: «На тыдні, які пачаўся…, еўра можа патаннець, знізіцца да 2.42» А паглядзіце, як на тыдні мяняўся курс:

Інфа з https://myfin.by/currency/eur (28.01.2019 – 03.02.2019). Cіняя лінія – курсы куплі, чырвоная – продажу. Еўра з 2.45 падаражэў да 2.47 руб., г. зн. амаль на 1%.

«Геапалітычных» прагнозаў апошнім часам таксама ў нас робіцца – хоць экспартуй іх аўтараў, хоць мяняй на коз, як летась зрабілі ў Турцыі з футбалістамі… Адзін фацэт варожыць, што Расія наўрад ці праглыне Беларусь, другі – што пагроза рэальна існуе, і жаліцца, што ў яго магчымасці расплюшчыць людзям вочы на пагрозу ў 100 разоў меншыя, чым у першага. То звярнуўся б на belisrael.info, чо 🙂 А папраўдзе, усе гэтыя накіды – ва ўмовах высокай ступені нявызначанасці ды недахопу інсайдэрскай інфы – нагадваюць эпізод з бессмяротнага гогалеўскага твору («даедзе кола да Масквы альбо не»).

Карацей, няма чаго быць мудрацом у вачах сваіх. Я-то не толькі да псеўдаэкспертаў, я і да сябе з іроніяй стаўлюся; яны – не ведаю.

Наказы в. а. цара наконт чарговага «ператрахвання» школьных праграм – гэта чысты Фанвізін, «Недарасль». Да таго ж касец, жнец і на дудзе ігрэц папракае настаўнікаў высокімі заробкамі – «ужо за 900 рублёў у сярэднім». Добра, што я не ў сістэме ды не мушу падпарадкоўвацца дурным загадам; уціск, відаць, такі, што і зорка «Радыё Свабоды» Ганна С. вырашыла для сябе «ненавідзячы, падпарадкоўвацца».

З другога боку, амбіцыі грамадскіх дзеячаў – тых, якія заяўляюць пра прэтэнзіі на галоўны фатэль краіны – таксама вылазяць аднекуль з паралельнай рэальнасці. У пачатку 2019 г. «адзначыліся» Мікола Статкевіч, ягоны цёзка Казлоў (нават не старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а в. а.), Алена Анісім, якая замахнулася ажно на 40% галасоў выбарцаў… Пра ўсіх названых ужо разважаў: у прыватнасці, тут, тут і тут. Пільныя чытачы лёгка здагадаюцца, як я трактую шансы гэтых «кандыдатаў у кандыдаты» на наступных «выбарах». Ну, прынцып «не дагонім, дык хоць сагрэемся» ніхто не скасоўваў 🙂

Разумею тых, хто кажа, што выбараў няма. Дапраўды, апошні раз вылучэнне кандыдатаў мела нейкі сэнс у 2001 г., калі «вертыкаль» і Ліда Я. вырашалі меней (мелася больш-менш незалежная федэрацыя прафсаюзаў, не было амаль усёахопнай кантрактнай сістэмы, сеціва ідэолагаў; многія захоўвалі спадзевы на расійскіх дэмакратаў і Захад, на «еўрапейскія каштоўнасці» ўвогуле). І ўсё-такі… сітуацыя непрадказальная. Хто ў лютым 1989 г. прадбачыў, што ў сакавіку 1990 г. з Канстытуцыі СССР выкінуць артыкул пра «кіруючую ролю» КПСС, а ў ліпені кансерватыўны ў цэлым Вярхоўны Савет БССР заявіць пра суверэнітэт Беларусі? Цяжка мне пагадзіцца з Сяргеем Спарышам, які заранёў ацэньвае прэзідэнцкую кампанію у РБ-2020: «[Ігар] Барысаў або [Ганна] Канапацкая дакладна не будуць буяніць».

Дарэчы, канструктыўная ідэя (нават дзве), як папярэдне адбіраць кандыдатаў – і кандыдатак – на вышэйшую пасаду. Трэба, каб яны прачыталі Біблію, прынамсі Пяцікніжжа, і здалі іспыт на разуменне прачытанага. Вернікамі быць ніхто не прымушае, аднак Біблія – збор тэкстаў, на якія абапіраецца палова чалавецтва, дык трэба, каб тутэйшыя хоць бы збольшага сяклі паляну арыентаваліся, каб на самітах было пра што размаўляць…

Ну, асабіста я пускаў бы ў белпрэзідэнты толькі тых, каторыя чыталі мае кнігі і сёе-тое ў іх зразумелі 🙂 Дальбог, «Выйшла кніга» (2017) & «Выбраныя катлеты і мухі» (2018) таксама здольныя служыць «шыбалетам», гэткім пропускам у вялікую палітыку. Ведаю, што крыху перабольшваю, але з нагоды юбілейчыку – дапушчальна. Дый пісьменнік Максім Клімковіч зацікавіўся «Выбранымі катлетамі…», а чым ён горшы за палітыкаў? 😉

М. Клімковіч у час аўтограф-сесіі Андрэя Федарэнкі; сам А. Федарэнка. Фота В. Р. і racyja.com, Мінск, 31.01.2019

Усё яшчэ ёсць ахвотныя ўспомніць пра далукашэнкаўскую Рэспубліку Беларусь (гл. ранейшыя згадкі ад Ю. Тэпера, П. Рэзванава, А. Рэзнікава…). Зараз эстафетка перадаецца мінскаму мастаку.

Андрэй Дубінін (1963 г. нар.):

Асаблівых сігналаў са знешняга свету ў маім дзённіку не зафіксавана ў тыя гады. Я выкладаў у ліцэі, быў паглыблены ў працу… Да таго ж у 1992 годзе нарадзіўся першы сын, і часу было вобмаль. Але, мабыць, галоўная прычына апалітычнасці – мы (купа рэстаўратараў) свой пік прайшлі ў 1990 годзе, калі шчыльна ўлучыліся ў выбарчую кампанію ў Вярхоўны Савет па Фрунзенскім раёне Мінска, я стаў даверанай асобай работніцы Белрэстаўрацыі Элеаноры Вецер, мы ў майстэрні ўручную рабілі ўлёткі з анёлам і тэкстам «Будзе песьня – будзе і хлеб» (тады камуністыя ўсё казалі «будзе хлеб – будзе і песня»; маўляў, спачатку дайце кіўбасы людзём, а тады і мова падцягнецца). Штовечар абыходзілі кватэры па ўсім раёне, я асабіста амаль усе дамы абышоў і тлумачыў-усміхаўся-жартаваў-абаяў-агітаваў… Дамоў вярталіся апоўначы. Нашым праціўнікам быў Генадзь Карпенка, памятаю сходы па школах, асабліва запаў выступ Уладзіміра Папругі – таленавіты прамоўца быў. Мы крыху саступілі Карпенку, але з нашым рэсурсам – проста рамантычны палёт і ніякіх грошай, плюс мастацкае ўкладанне – гэта была перамога. Мы тады так улезлі з вушамі ў гэтую справу, што пасля ўжо, відаць, была адваротная рэакцыя – замкнуцца ў сваёй Вежы-Басталіі.

Толькі ўскосна на семінарах наш настаўнік Алег Хадыка часам чапляў актуаліі. Напрыклад, 5 лютага 1992 г. ён казаў: «Мы знявечаны тым, што не было сецэсіі, буржуазнага перыяду. Чурлёніс (у літоўцаў) а ў нас толькі Чуркін. І трэба ўзнавіць Міцкевіча, сентыменталізм, сентыментальны беларускі план. Данчык можа зрабіць больш за ўсіх. Самыя страшныя для беларускага народа беларускія прадаўшчыцы (гэта быў цэлы клас людзі пры размеркаванні ядомага). Пазняк хацеў беларусізаваць прадаўшчыц, а яны толькі вырваліся (з вёскі ў рускамоўную цывілізацыю)… Прадаўшчыц зараз можа адзін Данчык уработаць…»

* * *

Даволі годна прайшлі «міжнародныя дні Халакосту» ў Беларусі: традыцыйны канцэрт «Жоўтыя зоркі» ў дзяржфілармоніі, сюжэт на тэлебачанні з інтэрв’ю былых вязняў Мінскага гета Якава Краўчынскага і Фрыды Лосік (Рэйзман)… А найбольш крэатыўна, здаецца, павялі сябе актывісты ў Гродне – зладзілі «анімацыйную экскурсію» па тэрыторыі гета № 1.

Хто чытаў і канспектаваў «Катлеты з мухамі», той ведае: да тутэйшых сацыялагічных выбрыкаў я доўга ставіўся або скептычна, або… монапенісна. Але ж надоечы прачытаў інтэрв’ю дырэктара акадэмічнага інстытута сацыялогіі – прызначанага з паўгода таму – і нутром адчуў, што не ўсё яшчэ страчана. Кандыдат навук, якому ў сакавіку 2019 г. споўніцца 40 год, «шарыць» не толькі ў анкетах; яго не без падстаў раскручваюць як галоўнага драконазнаўцу Сінявокай. Агулам, чалавек, дарма што намагаецца «падфарбаваць» дзяржаўную ідэалогію (паклаўшы ў яе падмурак міфалогію беларусаў) транслюе разумныя думкі, напрыклад:

Беларусы глыбока ўсведамляюць сябе як асобную нацыю са старажытнай гісторыяй і самастойнай дзяржавай. Успрыманне сябе як малодшых братоў расійцаў або палякаў – чужы, навязаны звонку стэрэатып…

Ад навукоўцаў патрабуюць хуткага выніку. Усё гэта вельмі негатыўна адбіваецца на навуцы як на сферы прадукавання новых ведаў, таму што досвед паказвае: са 100 заяўленых даследаванняў толькі 10 даюць вынік. З гэтых 10 актуальную выгаду прыносіць толькі адно. Але, калі не фінансаваць усе 100, то і аднаго прарыву (у БССР 192030-х «прарывам», у адрозненне ад «пералому», называўся правал, у цяперашняй РБ – поспех; значэнне слоў з цягам часу мяняецца – В. Р.), здольнага акупіць усе выдаткі, не будзе.

Да таго ж новы дырэктар не без гумару: у сваім блогу посціў нямала «вясёлых карцінак», праўда, перад тым, як заняў адказную пасаду. Пра радыё і папоў – не новая, сустракаў яе гадоў трох таму ў Аляксея Вішні (між іншага заўважу: з такімі «сябрамі», як Вішня, Віктару Цою і ворагаў не трэ’ было мець). Тым не менш:

«Недзе на раёнчыку»; «Суб’ект-аб’ектная інверсія» (узята адсюль)

«Вольфаў цытатнік»

«Культура – гэта сістэма табу, а мастацтва – гэта сістэма пераадолення табу» (Міхаіл Швыдкой, 24.02.2018).

«Брак даверу да медыяў, спалучаны з пачуццём бездапаможнасці ў вырашэнні ўсё вастрэйшых эканамічных, сацыяльных і палітычных праблем, паспрыяў распаўсюду тэорый змовы па ўсім свеце» (Мана Неестані, iranwire.com, 27.11.2018)

«Дарога – гэта сіла, у якой няма канца» (БГ, песня пра «смарагдавыя дні», 2019)

«Агульны прынцып: у публічнай прасторы найбольш выгадныя актывы заўсёды маскіруюцца пад стратныя… Смецце — гэта рэсурс XXI стагоддзя» (Кацярына Шульман, 15.01.2019)

«Каб цешыцца з перамен, трэба, каб было нязменнае: велічэзная тоўшча жыцця, якая паўтараецца, рэпрадукуе сябе» (Уладас Павілайціс, 22.01.2019)

«Барацьба за падвышэнне зарплат — гэта барацьба з карупцыяй. Проста знізу» (Аляксей Навальны, 24.01.2019).

«Быць беларусам у Еўразвязе – гэта ўсё роўна што быць габрэйскім хлопчыкам у савецкай школе. Намагаешся быць лепшым, каб даказаць, што ты як усе» (Paval Kasciukevič, 24.01.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

03.02.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 03.02.2019  18:47

***

Поддержать сайт 

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (97)

Гэта апошняя серыя 2018 года. Энергіі на пісаніну засталося няшмат, і тым не меней – шалом!

На belisrael.info тут спаслалася «Народная грамада» (НГ), што падштурхнула больш пільна прыгледзецца да гэтай незарэгістраванай партыі. Не тое каб раней я не пісаў пра яе лідэраў М. Статкевіча і С. Спарыша, аднак арганізацыя да іх не зводзіцца. Паводле пэўных звестак, у 2002 г. партыя – тады яшчэ прызнаная міністэрствам юстыцыі РБ – налічвала звыш 4000 чалавек (цяпер, відавочна, менш). У НГ, паважанай Сацыялістычным інтэрнацыяналам, ёсць шматскладаны статут, а нядаўна паказаўся праект новай праграмы.

І ўсё-такі спачатку пра глаўнюка лідэра. 62-гадовы Cтаткевіч – амаль раўналетак Лукашэнкі (на пару год маладзейшы). Перабудова шпурнула абодвух у палітыку, аднак Мікалай Віктаравіч, з яго багатай біяграфіяй, так і не трапіў нават у дэпутаты якога-небудзь райсавета, не тое што ў прэзідэнцкі фатэль. А хацелася…

Кпіць з былога палітвязня не збіраюся, ды варта прызнаць, што, выпушчаны ў жніўні 2015 г. пасля шматгадовай адседкі (Лукашэнка «расшчодрыўся» – памілаваў некалькі апанентаў перад выбарамі), Статкевіч не здолеў ані «паяднаць апазіцыю», ані падмяць яе пад сябе, ані хаця б зрабіцца для альтэрнатыўных сіл Беларусі «мадэратарам», маральным аўтарытэтам. У 2015–2016 гг. шансы меліся, але, падобна, не былі скарыстаны напоўніцу.

Зараз М. С. узначальвае партыю, як і …ццаць гадоў таму. Пра папулярнасць НГ сёе-тое кажа той факт, што афіцыйны яе сайт наведваецца ў 2 з нечым разы радзей, чым напаўаматарскі belisrael (тут я не ўсхваляю рэсурс, з якім супрацоўнічаю… проста канстатую). Не абыходзіцца ў некаторых тэкстах на hramada.org & statkevich.org без алармізму, дарма што хапае на гэтых пляцоўках пазнавальных, а нават і дасціпных матэрыялаў. Мне сімпатычна тое, што нядаўна НГ адкрыла раздзел «Агара» (не 1/100 шэкеля, а плошча для старажытных грэкаў – і сучасных беларусаў, тых, каму ёсць што сказаць «на добрай рускай ці беларускай мове»). Але напружвае вонкавая неахайнасць, характэрная, праўда, амаль для ўсіх тутэйшых палітычных сіл.

Я не Grammar-Nazi, а мізантроп-пачатковец з дыпломам… Ну так, ухіляўся ўсё жыццё ад набыцця прадукцыі фірмаў «Abibas» i «Sqny» – не бачу прычын, каб мяняць свае звычкі. Калі Вялікі Антылюмпен на сваім сайце піша: «Хай вее вецер, які разьвівае сьцяг!», то ў мяне няма ахвоты пытацца, да якой ступені мусіць расці той штандар у сваім развіцці. (Ваапшчэ-та слушна пісаць тарашкевіцай «разьвявае», а наркамаўкай «развявае», калі хто не скеміў. :)) Адпужвае сваёй крываватай мовай і зварот сямі суполак – прымушае ўспомніць прыказку пра сем нянек…

Вось і НГ «хараша»: мала таго, што ў белмоўнай версіі Кароткага Статута змяшаныя тарашкевіца з наркамаўкай, мне кінуліся ў вочы звыш 30 памылак (паводле абедзвюх версій правапісу). Некаторыя абмылы істотна ўплываюць на сэнс: так, заміж «галасавання» спрэс ужываецца «лёсаванне», г. зн. жараб’ёўка 🙂

Наконт праекта праграмы НГ… Паўтару тое, што 23.04.2017 пісаў пра пазнякоўскую «Вольную Беларусь»: «задума сама па сабе мне падабаецца. Грамадства дагэтуль жыве збольшага ад авансу да палучкі або ад пенсіі да пенсіі, і важна, каб яно хоць калі-некалі зазірала за далягляд. Cапраўды, жыхары краіны заслугоўваюць лепшай долі; нават утапічныя праекты, якія падштурхоўваюць да роздумаў, памысныя ў гэтым плане». За паўтара года «Вольная Беларусь» не ўкаранілася на нашай грэшнай зямлі, ейны асноўны аўтар па-ранейшаму жыве ў эміграцыі, таму наспелі новыя спробы.

Аўтары праекта для НГ імкнуліся ахапіць усе сферы жыцця Сінявокай, спалучыўшы лозунгі, аксіёмы і тэарэмы, «каб беларускі народ ведаў, якой мы бачым будучыню нашай краіны». Адылі сумняюся, што ў эпоху кліпавага мыслення сярэднеадукаваны прадстаўнік народу агорае тэкст на 92 тыс. знакаў (з дадаткамі – 120 тыс.), поўны даволі абстрактных паняццяў. Гатовыя ж прачытаць «во гэта во ўсё» – тыя, хто апрыёры ўжо «з’агітаваныя», г. зн. знаёмыя з ідэямі партыі людзі… Для такой аўдыторыі многае будзе збыткоўным.

Ва ўводзінах насцярожылі 2 рэчы: дэклараванае жаданне зрабіць жыццё «кожнага чалавека, які жыве на нашай зямлі, лепшым і больш шчаслівым». Любыя маштабныя перамены – а праграма яўна разлічана на пострэвалюцыйны час – паляпшаюць жыццё адным, пагаршаюць іншым. Палітыкі не здольныя дагадзіць усім і кожнаму, дык лепей, можа, і не спрабаваць.

Другое. Заява пра тое, што НГ, былая БСДП (НГ) – партыя «сапраўдных беларускіх сацыял-дэмакратаў», але, «каб перашкодзіць нашай барацьбе, кіруючы рэжым паспрыяў стварэнню некалькіх партый з падобнымі назвамі. Каб пазбавіцца ад наўмысна створанай блытаніны, мы скарацілі сваю назву».

Хто сочыць за тутэйшай палітычнай сцэнай, той у курсе, што насамрэч існуюць суполкі пад назовамі «Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)» і проста БСДГ (без «П» – «партыі» у абрэвіятуры). Але… навошта было намякаць, што яны створаны пры дапамозе «рэжыму» і спрыяюць блытаніне? Дальбог, так НГ сячэ сук, на якім сядзіць. Па-першае, ліміт паранаідальнасці ў беларускім палітыкуме вычарпаны, перадусім Зянонам & Co., на шмат гадоў уперад. Па-другое, у 2016 г. пан Статкевіч запрасіў у Раду Беларускага нацыянальнага кангрэса тагачаснага кіраўніка БСДГ Станіслава Шушкевіча (увосень 2018 г. падпісант Белавежскіх пагадненняў сышоў у адстаўку з пасады старшыні партыі) – выходзіць, давяраў яму, і ў ліпені 2018 г. таксама. Па-трэцяе… партыі-канкурэнткі носяць падобныя назвы здаўна: адна з 2005 г., другая – ажно з 1998 г. Чаму ж БСДП (НГ) заварушылася толькі сёлета? 🙂

Заглыбляючыся ў прыватнасці, праграма не адказвае на рад кардынальных пытанняў. Напрыклад, згодна з якой канстытуцыяй будзе жыць рэспубліка пасля змены ўлады? Аўтары не раз спасылаюцца на аўтарытэт Канстытуцыі (трэба меркаваць, дзейнай у 1994–1996 гг., бо падзеі восені 1996 г. трактуюцца як «дзяржаўны пераварот»), аднак ідэі, закладзеныя ў тэкст праграмы – пераход да парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі, змена адміністратыўна-тэрытарыяльнага падзелу Беларусі, выбары членаў Канстытуцыйнага суда нейкім «Рэспубліканскім З’ездам Суддзяў»… – вымагаюць зусім іншага «асноўнага закона». Вось жа, пра тое, хто і калі яго будзе прымаць, ані слова: грамадзяне праз рэферэндум? Адмысловы Канстытуцыйны сход? Цяперашні квазіпарламент? А як доўга працягнецца пераходны перыяд?

Занадта агульна – каб не сказаць наіўна – гучыць абяцанне «знізіць падатковую нагрузку, спрасціць падатковую сістэму». Наколькі ведаю, прадпрымальнікі стогнуць не так праз падаткі, як праз узносы за работнікаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Тут напрошваецца канкрэтыка – што рабіць з памерам і крыніцамі гэтых узносаў… І ці захоўваць пляскатасць шкалы падаходнага падатку (13%, амаль заўсёды незалежна ад даходаў)? Ад сацдэмаў лагічна было б чакаць прапаноў аб вяртанні прагрэсіўнай шкалы, прынятай у аўтарытэтных для НГ краінах Скандынавіі.

Сёе-тое ў тэксце – surprise! – аказалася мне да душы. Між іншым, лірычная самапрэзентацыя: «Сацыял-дэмакратыя – гэта ідэалогія моцных і чалавечных. Таму што толькі моцныя і чалавечныя здольныя клапаціцца не толькі пра сябе і сваіх родзічаў, але і пра іншых людзей». Прапісаны прынцып разумнай дастатковасці – «мінімум дзяржаўнага ўмяшання ў жыццё грамадства». Ну і дэвіз у НГ прыгожы: «Свабода, салідарнасць, справядлівасць».

Назіраючы звонку, цяжка рабіць катэгарычныя вывады, але выглядае, што ў партыі такі ёсць творчы патэнцыял. Зрэшты, калі НГ і наканавана аднойчы перамагчы (на выбарах або іначай), то, напэўна, пад кіраўніцтвам новых людзей, у якіх не будзе грузу няўдач за плячыма. Гэты прагноз тычыцца і іншых мясцовых палітсуполак.

…Пасля вераснёўскай заўвагі ў «К&M», дзе гаварылася пра «даўгабуд» блізу сталічнага гатэля «Арбіта», праца над той гаргарай актывізавалася. Супадзенне? «Не думаю» (С) Мо і партыйнае будаўніцтва ў Беларусі актывізуецца ў бліжэйшы год, на фоне «перадвыбарнай вакханаліі» 🙂

Тым часам у Брэсце на будынку сінагогі XIX cт. (цяпер – кінатэатр «Беларусь) з’явілася мемарыяльная дошка з кароткім расповедам пра будынак… Адкрыццё адбылося 18.12.2018.

Фота: Tour Guide in Brest

Брэсцкія ўлады ўцерлі нос мінскім, якія за 20 год так і не павесілі аналагічнай шыльды на «Рускім тэатры» – ні ў памяць пра Саламона Міхоэлса, ні з інфой пра першаснае прызначэнне будынка.

Год забраў многіх людзей, якія ў свой час на мяне паўплывалі. Да пералічаных раней дадаюцца яшчэ тры прозвішчы: Гладзілін, Грушэўскі, Сцёпін.

Анатоль Гладзілін (21.03.1935 – 24.10.2018) – расійскі пісьменнік, доўгі час жыў у Францыі. Нядаўна перачытваў тры яго кнігі: «Евангелле ад Рабесп’ера» (пра французскую рэвалюцыю – спроба выявіць матывы яе ўдзельнікаў і ахвяр), «Французская ССР» (антыўтопія, выдадзеная ў сярэдзіне 1980-х, а некаторыя ейныя рысы праяўляюцца ў цяперашняй Францыі), «Мяне забіў скаціна Пел» (жорсткі аповед пра жыццё эмігрантаў і «кухню» «Радыё Свабоды»).

З майстрам і міжнародным арбітрам па шашачнай кампазіцыі Міколам Грушэўскім (16.05.1940 – 03.12.2018) мы перазвоньваліся і перапісваліся ў 2006–2015 гг. Мінчанін вёў шашачна-шахматныя аддзелы ў газетах «Труд в Беларуси», «Спорт-курьер» (пакуль гэтыя дзве не закрыліся), «Настаўніцкая газета», а чыста шашачны – у «Народнай волi». Ва ўсіх выданнях ствараў чытацкія «клубы», у якія спрабаваў зацягнуць і мяне. Цікавы быў чалавек – шчыры і напорысты; бывала, аж занадта… Адчуваўся гарт былога следчага пракуратуры. Як бы ні было, я ўдзячны яму за публікацыі пра мае кнігі і прыдумкі, у тым ліку пра новыя шахматныя фігуры («поні», «каза» etc.).

Вячаслаў Сцёпін (19.08.1934 – 14.12.2018). Філосаф і арганізатар навукі; думаю, найперш арганізатар, бо ў ягоных працах – прынамсі ў тых, што я чытаў – больш сістэматызацыі, чым палёту думкі. У Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы, дзе мне выпала шчасце праходзіць курсы на рубяжы стагоддзяў, яго цанілі. Агулам, многія тутэйшыя дзеячы шкадавалі, што ў 1987 г. Сцёпін перабраўся з Мінска ў Маскву. Гучалі меркаванні, што тут яму, загадчыку кафедры філасофіі БДУ (1981–1987), не давалі разгарнуцца, што ён быў «занадта самастойны», бадай як Алесь Адамовіч на літфронце. Можа, і так…

Каб скончыць серыю на весялейшай ноце, узгадаю «прыкол месяца»: расійская тэлекампанія выдала за аднаго з самых сучасных робатаў, made in Russia, чалавека ў робатападобным касцюме. Калі фэйк ускрыўся, гледачы абрагаталіся, а нехта ўсур’ёз абурыўся праз тое, што дзяржканал трымае сваю аўдыторыю за дурняў. Тлумачэнні ад самой тэлекампаніі: гледачы, маўляў, «не зразумелі задумку», карэспандэнт ужыў «не самы ўдалы мастацкі прыём», а крытыкам толькі дай паглуміцца. Успомнілася, як Павел Якубовіч «адмазваў» Лукашэнку ў 2007 г., пасля спічу апошняга пра бабруйскі «свінушнік»… Таксама разважаў пра не самы ўдалы жарт аратара і тое, што крытыкі не любяць Беларусь тэндэнцыйна настроеныя 🙂

Дарэчы, П. Я., калі верыць «галоўнаму яўрэйскаму сайту», дагэтуль засядае ў «Савеце абшчыны». Каштоўны кадр, незаменны 🙂 На іншым флангу ў яго знайшоўся «годны апанент» – старшынёй «Маладога фронту» 15.12.2018 выбралі Дзяніса У., які яшчэ ў чэрвені 2018 г. змагаўся з «жыдакамунізмам». Праўда, 12.07.2018 гэты 29-гадовы пратэжэ Змітра Дашкевіча разам з іншымі публічнымі асобамі ўхваліў «Рэзалюцыю круглага стала ў справе абароны Курапатаў», дзе было заяўлена: «Мы асуджаем бальшавізм, нацызм і антысемітызм, патрабуем публічнага, на дзяржаўным узроўні, асуджэння гэтых злачынных ідэалогіяў». Шчыра? Не? Пажывём-пабачым.

«Вольфаў цытатнік»

«Той, хто рана ўстае – жаўрук. Той, хто позна кладзецца — сава. Той, хто рана ўстае і позна кладзецца – Angry Bird» (skarnik.by).

«Трэба абараняць тых, каго пераследуе і рэпрэсуе ўлада. І ў той жа час, не ставіцца з пагардай да тых, хто займаецца толькі “сваім агародам”, і робіць гэта добра. Не пагарджаць! Яны выбралі іншы шлях… Нонканфармізму можна патрабаваць ад сябе, але не ад іншых» (Адам Міхнік, 17.12.2018).

«Гуляючы з дзяржаўнай машынай, выйгравайце час. Там паглядзім: ішак памрэ, эмір памрэ…» (Кацярына Шульман, 18.12.2018)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

19.12.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 19.12.2018  21:01

Отзывы:

Siarhei Sparysh  22:02 Попрошу перечитать бел.текст устава. Непорядок, если там есть ошибки. На днях должны окончательно утвердить.

Что касается текста программы, он ещё может измениться. Принимаем замечания и правки.

Siarhei Sparysh 22:05 Что касается посещаемости сайта – он недавно был создан. Месяца два, наверное, работает. Надеюсь, со временем раскрутится. Ресурсов маловато – всё-таки подпольщики)

Siarhei Sparysh 23:52 Что касается нашего отношения к зарегистрированным соц-демам. Я думаю, достаточно проакцентировать то, что мы не зарегистрированы. Почему – пусть остаётся недомолвкой))

Почему только сейчас начали про это говорить? Ну, у нас вообще было много недоработок по линии пиара. Это объясняется разными причинами, в том числе более-менее уважительными. Не буду вдаваться в подробности, это прошлое. Понемногу исправляемся.

Siarhei Sparysh 20.12.2018 00:23 Можно ещё добавить, что БСДГ С. Шушкевича с нами в одной коалиции. Как будет после смены руководства в их партии – увидим. Но пока мы союзники, несмотря на некоторые разногласия.

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (96)

Cёмы месяц доўжыцца актыўная фаза канфлікту паміж пратэстоўцамі з розных мясцін Беларусі і адміністрацыяй рэстарана «Поедем поедим», што стаіць недалёка ад Курапацкага лесу. Баюся, што і ў Новы год мы адчайна ўварвемся пяройдзем з гэтай мітрэнгай.

12.12.2018 Паўла Севярынца і Cяргея Анянкова затрымалі, калі яны спрабавалі перашкодзіць уезду аўтамабіля на тэрыторыю рэстарацыі, адправілі на ноч за краты. Назаўтра адбыўся адміністратыўны працэс – першаму прысудзілі штраф, блізкі ў эквіваленце да 600$, другому прыйдзецца выплаціць каля 440$.

Неўзабаве мае адбыцца яшчэ адно судовае пасяджэнне – па грамадзянскаму іску гаспадара ядальні да журналіста «Новага часу» і рэдакцыі газеты. Паводле версіі Леаніда Зайдэса, журналісцкае расследаванне псуе ягоныя гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Л. З. патрабуе 8000 рублёў – г. зн. амаль 3800$ – кампенсацыі за маральную шкоду. Столькі ён, вядома, не атрымае, але часткова іск, хутчэй за ўсё, задаволяць. Зайдэс – не імпульсіўны Ізраілевіч, якому ўласныя фантазіі ды піяр былі даражэйшыя за факты (прынамсі да колькідзённай адседкі ў пачатку лістапада – мо’ цяпер паразумнеў).

Цешыць мяне тое, што не залежу ні ад ураду, ні ад «грамадскіх актывістаў», што нясуць вахту каля брамы рэстарана, ні нават ад таварыства аховы помнікаў, якое пікетоўцы дзяўбуць за «апартунізм» (таварыства мерылася ўзяць у Зайдэса 20000 р. на ўладкаванне Курапат). Яшчэ больш цешуся з таго, што не працую на «Народную волю», газету, калумністы якой не ўмеюць нават уважліва чытаць тэксты, не кажучы пра пошук імі ісціны.

«НВ» у Беларусі не адна такая, ды ад гэтага не лягчэй. Пра Сямёна Б. з яго панегірыкамі для Руты Ванагайтэ і недарэчнай шпількай у бок Ландсбергіса пісалася тут. Яшчэ адзін знаны філолаг, Алекс Ф., 13.11.2018 выступіў у ролі «міратворцы» – маўляў, паводзіны Ізраілевіча яму не падабаюцца, але ж неэтычна атакаваць жонку Аркадзя Маргарыту і яўрэяў увогуле. Усё б нічога, але пан Ф. угледзеў у інтэрв’ю Ізраілевіча «салідарнасць з тымі, хто ў Курапатах расстрэльваў бязвінных людзей». Чаму раптам? Хіба таму, што ў нашумелай гутарцы (верасень 2018 г.) бізнэсмен, між іншага, выказаўся пра Курапаты так: «можа быць, там былі тыя, каго і трэба было расстраляць?»

Невукаваты каблан-забудоўшчык – помнім-помнім, шмат год Аркадзь жыў побач з урочышчам і нічога пра яго не ведаў – мімаволі закрануў сур’ёзную праблему, сацыяльны профіль ахвяр сталінскага тэрору. «Не будзем ідэалізаваць тых, хто трапіў у лагеры і ссылкі, быў расстраляны і закатаваны. Былі сярод іх і даносчыкі на калегаў…», – трапна адзначаў у прадмове да зборніка «Расстраляная літаратура» (2008) гісторык Анатоль Сідарэвіч. Нельга выключаць, што пэўная доля курапацкіх ахвяр перад арыштам проста служыла ў карных органах. Магчыма, прысуды гэтым былым карнікам былі аформлены цапу-лапу, але ж па сутнасці яны атрымалі тое, што заслужылі (як і ўяўны «англійскі шпіён» Берыя ў 1953 г.).

Падкрэслю: доля мярзотнікаў сярод ахвяр тэрору невялікая, і падзел костак на «нашы/не нашы» перспектыў не мае. Праз тое, што на палігоне «Камунарка» пад Масквой «размянялі», напрыклад, экс-наркомаў унутраных спраў БССР Ляплеўскага і Бермана, ён не перастае быць месцам журбы ды памяці. Тым не менш затыкаць Ізраілевічу рот і прыпісваць салідарнасць з расстрэльшчыкамі 1937–1941 гг. было… ну, няхай неразумна.

У нумары за 11.12.2018 на 1-й паласе назіраў у Святланы К. чыстую істэрыку з нагоды таго, што некалькі больш-менш вядомых беларусаў (напрыклад, дырыжор Бабарыкін) удзельнічалі ў тэлездымках расійскага музычнага канала на тэрыторыі «Поедем поедим». На думку С. К., здымкі – «здзек з соцень тысяч беларусаў, якія назіраюць за гэтай сітуацыяй праз СМІ і ўсім сэрцам на баку тых, хто дабіваецца закрыцця скандальнага піцейнага дома…» Няйначай дама падсумавала аўдыторыі ўсіх недзяржаўных СМІ і аўтаматычна прыпісала ўсім іх чытачам-гледачам прагу зачыніць рэстаран…

Усё гэта «лірыка», а ў юрыдычным плане казыроў пратэстоўцам бракуе. Многія з іх апелююць да прадстаўлення, якое пракуратура выпісала 27.11.2012 аблвыканкаму – там гаварылася пра знаходжанне часткі пабудоў у ахоўнай зоне. Аднак прадстаўленні і пратэсты пракуратуры – не тыя паперы, што ўладаюць законнай сілай; параўнальна з рашэннямі судоў гэта, хутчэй, міжведамасныя рэкамендацыі. Дарэчы, і суддзі не заўжды ўлічваюць меркаванні пракурораў.

У 2014 г. пытанне ахоўнай зоны было вырашана… шляхам яе скарачэння да 50 метраў ад ускрайку лесу, г. зн. рэстаран з яе вывелі. Калі за столькі гадоў пратэстоўцы не змаглі выкрыць карупцыйную падкладку ў прынятых пастановах Мінскага аблвыканкама ды міністэрства культуры, то, напэўна, ужо і не выкрыюць. Цяпер дзяржава ў асобе пракуратуры настойвае на тым, што рэстаран можа працаваць, аднак з усходняга боку выключаюцца «ўсе віды гучных мерапрыемстваў». Пасля атрымання гэткага адказу (ліпень 2018 г.) не на закрыцці-пераносе «шынка» варта было б настойваць, а на ўзвядзенні плоту з узмоцненай гукаізаляцыяй…

Курапацкі лес і рэстаран «Поедем поедим» (за плотам). Фота адсюль.

Актывісты зноў і зноў паўтараюць, што Курапаты – нацыянальны некропаль, значыць, заслугоўваюць больш далікатнага абыходжання, чым звычайныя могілкі. Зноў жа, «лірыка»… А чаму б на фоне падвышэння цікавасці дзяржавы да мемарыялізацыі не дабівацца для месца масавых расстрэлаў пад Мінскам статусу асобай, аўтаномнай адзінкі? Каб руліў там, пры ўсёй павазе да органаў «мясцовага самакіравання», не так Бараўлянскі сельсавет, як міністэрства культуры або ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей. У апараце апошняга або пры мінкультуры варта было б стварыць кампактны пададдзел са стабільным фінансаваннем, а пры аддзеле – грамадскую раду з даволі шырокімі паўнамоцтвамі, куды ўваходзілі б (паводле прынцыпу ратацыі) усе абаронцы i рупліўцы ўрочышча. Яна дэ-факта і пераняла б адказнасць за «закон і парадак» у Курапатах.

Адной з задач рады, санкцыянаванай дзяржавай, мусіла б стаць удакладненне граніц пахаванняў у Курапацкім лесе. Па-мойму, месцы расстрэлаў варта абгарадзіць (прынамсі абкласці камянямі), каб ніхто па іх лішні раз не таптаўся. Як накрэсліць граніцы без маштабных раскопак? Мяркую, урад мог бы на час пошукаў выдзеліць магутную апаратуру, недаступную актывістам-аўтсайдэрам. Чытаю паведамленне 2016 г.: «Навукоўцы будуць шукаць магілы воінаў на Куліковым полі пры дапамозе цеплавізараў». Калі сучасныя прыборы здольныя зафіксаваць парэшткі ваяроў XIV стагоддзя (спадзяюся, у гэтым выпадку інфармагенцтва суседняй краіны не хлусіць), то вызначыць, дзе ляжаць ахвяры ХХ ст., і пагатоў.

Ёсць яшчэ метад біялакацыі… Так, яго рэпутацыя неадназначная, але я на свае вочы бачыў, як яўрэйскі дзеяч Г. у 2002 г. пры дапамозе пруткоў шукаў – і знаходзіў – пахаванні ахвяр Катастрофы ў Мазыры. У месцах расстрэлаў пруткі пачыналі шалёна круціцца. Калі запрасіць у Курапаты 5-10 дасведчаных «лазаходцаў», калі іхнія звесткі наконт пахаванняў супадуць, то мажліва будзе абысціся і без цеплавізараў.

* * *

У кастрычніку г. г. прасіў наведвальнікаў belisrael.info паўспамінаць пра пачатак 1990-х – час станаўлення дзяржаўнасці РБ, якая пачалася, вядома, не з ліпеня 1994 г. Тут можна знайсці згадкі Ю. Тэпера, П. Рэзванава і нейкага Рубінчыка. Сёння – яшчэ адзін успамін ад пастаяннага чытача «К&М», дасланы з некаторым спазненнем:

Алесь Рэзнікаў (інжынер з Мінска, 1967 г. нар.):

Чым мне найбольш запомніліся 1992–93 гады ў Беларусі? Для мяне гэта найцудоўнейшы перыяд свабоды і надзеяў. Канцэрты ў Доме літаратара. Газеты «Свабода» і «Наша Ніва» на тарашкевіцы. Нават дзяржаўныя газеты «ЛіМ» і «Культура» зачытваліся да дзірак. Вандроўкі па Беларусі і ў Польшчу за ваўчары без візы. Для кагосьці, канешне, быў шок і «ліхія 90-я», але не для мяне. Выступы бардаў Віктара Шалкевіча, Андрэя Мельнікава, Змітра Бартосіка, пісьменніка Уладзіміра Арлова… Рэнесанс быў ва ўсіх канфесіях, праваслаўныя разам з баптыстамі і каталікамі раздавалі Евангеллі. Адраджэнне было і ў габрэйскай культуры – вярталася імя Марка Шагала ў Віцебск і Беларусь, людзі даведваліся пра Ізі Харыка і Зэліка Аксельрода, Гірша Рэлеса… Людзі перасталі саромецца называць сябе габрэямі (некаторыя нават па-старажытнаму сталі звацца «жыдамі», у добрым сэнсе)… Нават крышнаіты хадзілі і спявалі па Камароўцы і праспекце Скарыны. Прыязджалі «месіянскія габрэі», ім давалі Палац спорту…

І ў Ізраілі 1992–1993 гады былі часам вялікіх спадзяванняў, кульмінацыяй якіх стала падпісанне «дэкларацый Осла» (верасень 1993 г.). З другога боку, гэта перыяд, калі дзясяткі тысяч імігрантаў востра адчувалі брак працоўных месцаў і жытла – што, у прынцыпе, можна сказаць і пра 1990–1991 гг. Пасля парламенцкіх выбараў 1992 г. «рускамоўная абшчына» палітызавалася; якраз на 1993 г. (4 мая) прыпала беспрэцэдэнтна вялікая дэманстрацыя «аліі» ў Іерусаліме, калі з падачы Шчаранскага & Co. пад Кнэсет прыйшлі да 15 тысяч чалавек. Натан тады дэманстратыўна кінуў у сметніцу перадвыбарныя абяцанкі партыі «Авада», якая прыйшла да ўлады ўлетку 1992 г. У сваім артыкуле для расійскага часопіса «Дыяспары» (2002) я акурат заўважыў, што 1993-і быў годам пераходу ад спантанных пратэстаў да «сістэмных».

Як успамінаў Эфраім Меламед у газеце «Наша страна» (19.08.1999): «Пасля паражэння ўсіх рускіх спісаў на выбарах у кнэсет 1992 года («ДА», «ТАЛІ», «Яд бэ-яд») стала відавочнай неабходнасць кансалідацыі сіл абшчыны… 25 лістапада 1993 г. пад вялікім сакрэтам адбылася першая нарада амаль усіх вядомых у краіне рускамоўных старажылаў Ізраіля… Каб сабраць за адным сталом гэтых людзей, мне давялося амаль паўгода весці перамовы з кожным з іх… Тады і на ўсіх наступных сустрэчах аж да перамогі на выбарах 1996 г. (партыі Ісраэль ба-алія – В. Р.) адзінай тэмай заставаліся інтарэсы нашай абшчыны». Па-мойму, неблагі ўрок для беларускай «апазіцыі».

Э. Меламед з Кір’ят-Яма – «каталізатар» палітычнага самавызначэння рускамоўных у Ізраілі 1990-х гадоў. Фота адсюль.

«Вольфаў цытатнік»

«Бо мы падобны да дрэва / што расце праз шчыліну ў бетоне / Яго ствол захавае форму шчыліны / Не нам / разбіваць бетонныя сцены / наша справа расці», «галоўнае, каб час ішоў» (Іван Ахмецьеў, 1980-я гг.)

«Нешта ў цяперашнім дзяржаўным ладзе выпадае пакуль што прыняць проста таму, што яно ўжо існуе. Вядома, паступова мы будзем пераўладкоўваць дзяржаўны арганізм» (Аляксандр Салжаніцын, 1990)

«Унікальнасць 1960-х гадоў – у тым, што яны сталі часам вельмі пераканаўчай, вельмі натуральнай і вельмі моцна перажытай ілюзіі канца ілюзій… Людзі хацелі “праўды” – прычым па змоўчанні мелася на ўвазе, што праўда не зможа не ўкладвацца ў нашыя чаканні, не зможа не адпавядаць вымогам, напрыклад, гармоніі, асэнсаванасці, справядлівасці свету» (Вольга Бала, 27.03.2010)

«Шаламаў, напэўна, быў злейшы, больш сацыялагічны і літаратурны, чым Салжаніцын. А многія іншыя – больш дакладныя і гістарычныя. Але толькі Салжаніцыну нейкім дзівам удалося ператварыць сваю творчасць у акцыю перадача «Архіпелага ГУЛАГ» на Захад і ў тэатр трыумфальнае выданне “Архіпелага” па ўсім свеце». (Сяргей Мітрафанаў, 12.10.2016)

«Дзеці гэта святое. Пад сцягам дзяцей любыя заканадаўчыя ідыятызмы вельмі добра прымаюцца». (Кацярына Шульман, 04.12.2018). Апошні сказ добра перадае сутнасць паняцця «лалітыка» – В. Р.

«Час – ён бязлітасны, ён як ваўчыца / Вось мы сядзім тут, а ён імчыцца» (БГ, з альбома «Час N», 2018)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

14.12.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

От редактора belisrael

Материал нашего постоянного автора должен вызвать спор.

Я, живущий в Израиле уже 28 лет, не мог не обратить внимание на 2 последних абзаца.

На ословский договор можно смотреть по разному в зависимости от политических взглядов, но большинство израильтян скажут, что он принес огромные проблемы.

Пример партии “Исраэль ба-алия”, конечно, интересен, но к следующим выборам  в 1999 она разочаровала многих, на чем и сыграл Либерман, основавший НДИ, которая пусть и держится долго, уже давно у многих вызывает раздражение своим цинизмом, демагогией, пустыми обещаниями. К этому еще можно добавить ставшие близкими отношения Либермана с Путиным и Лукашенко, даже если в последние годы это не так незаметно. Еще недавно бывшая израильским министром Софа Ландвер, не раз во время поездок в Беларусь, отмечалась восхвалением режима, израильские ее выкрутасы и, мягко говоря, прегрешения это особая песня, заслуживающие отдельного большого разбора. Леонид Литинецкий стал проводником “русского мира” в Израиль. И нельзя не отметить, что партия оказалась настолько коррумпированной, что ряд ее высокопоставленных деятелей и их приближенных уже сидят, др., таких как Фаина Киршенбаум, вполне вероятно ожидает большой срок.

Опубликовано 14.12.2018  22:44

Водгук

Сітуацыя з «Курапатамі» сапраўды неяк выбіваецца з агульнага трэнду. Я ўжо не кажу пра мемарыялізацыю Трасцянца, але і спыненне прац па пашырэнню вуліцы Карла Лібкнехта, калі ў скверы на Купрыянава «раптоўна» адкрыліся парэшткі (нават мой бацька, якога толькі нарадзілі ў Мінску, і бабуля з дзядулям зусім не мінчане, і потым ён да 8-га класа жыў у Германіі, з савецкай групай войск, ведаў, што там – былыя лютэранскія могілкі), і нешта кшталту могілак загінулых у Першай сусветнай паміж Старавіленскім трактам і вуліцай Чарвякова, – усё паказвае, што да парэшткаў нашы ўлады спрабуюць ставіцца з пашанай. Хутчэй за ўсё, справа ў палітызацыі менавіта гэтага месца, з-за якой абодва «бакі барыкады» «ўпёрліся рогам». Што мусіць адбыцца, каб яны разышліся мірам, я не ведаю, але адносна мірнае святкаванне 100-годдзя БНР дазваляе спадзявацца на лепшае.

Пётр Рэзванаў, г. Мінск  

17.12.2018  13:15

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (95)

Алэйхем-шолэм! Тут расіец Дзмітрый Быкаў, які скора завітае ў Сінявокую, нахвальвае пэўны сегмент чалавецтва: «Мне здаецца, што выхаваны і ветлівы мізантроп – гэта практычна ідэал чалавека. Таму што ён няшмат вымагае ад чалавечай прыроды». Значна раней адзін мінскі блохер блогер-мадэраліст настойваў, што «мізантропія – гэта прыўкрасна», а яшчэ раней Эдуард Кузняцоў казаў у інтэрв’ю Паліне Капшэевай, што ён чалавек «положительный» – у тым сэнсе, што «ложил» на ўсіх… Я сур’ёзна задумаўся – «а можа, так трэба», і мне абвясціць сябе мізантропам, хаця б «за кумпанію»?

Хто на гэты конт якія думкі мае, выказвайцеся. Адразу папярэджу: як мізантропусу-пачаткоўцу, мне, па вялікім рахунку, на іх ужо начхаць. Ці часта вы мяне слухалі на працягу трох з нечым гадоў? 😉

Тое, што на прапанову з 93-й і 94-й серый – бясплатна змясціць у сеціве твор Тодара Кляшторнага «У дарозе» (1927, пачатак тут) – прыйшло ўсяго 2 заяўкі з 3 чаканых, аптымізму не дадае. Усё ж неўзабаве перанабяру паэму – пакуль што пабуду мізантропам толькі на палову… Магло быць і горш – на маю новую кніжку «Выбраныя катлеты і мухі», паказаную тут, паквапіўся 1 (адзін) чалавек. А яна мне дарагая, магчыма, не меней, чым поўны збор твораў Тодара Тодаравіча, забітага сталінцамі.

Не хлусіць народная мудрасць – свая кашуля бліжэй да цела (пагатоў калі сам яе пашыў). Таму цяжка мне прыняць гіпотэзу ад юбіляра-2018 Рыгора Бярозкіна, з ягонай кніжкі «Чалавек напрадвесні». Р. Б. «дадумаў» за Максіма Багдановіча, які напісаў у перадсмяротным вершы «Я не самотны, я кнігу маю…»: «Багдановіч мог сказаць тыя ж самыя альбо падобныя па сэнсу і інтанацыі словы, калі б меў ён тады нават і не Вянок”, а іншую кнігу, дый наогул хоць якую кнігу на беларускай мове».

Побач з М. Багдановічам у Ялце ўвесну 1917 г. нас, вядома, не стаяла. Аднак уявіце сабе: нежанаты й бяздзетны паэт сыходзіць, у яго – адзін зборнік вершаў, і Максім-«Страцім-лебедзь» памяняў бы яго на нейкую іншую кнігу толькі дзеля ейнай мовы? Напрыклад, на «Як ратаваць уздутую жывёлу» К. Дулембы? Анягож! Перамудрыў тут Рыгор Саламонавіч…

* * *

Дзяржчыноўнікі, быццам бы адгукнуўшыся на папярэднюю серыю, дзе гаварылася пра недасканаласць спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў», вырашылі актывізаваць барацьбу (або яе імітацыю?) з праявамі неанацызму ў Беларусі. «Галоўны міліцыянт» заявіў 6 снежня, што ў Беларусі – звыш 3000 прыхільнікаў нацызму. Ён нават паказаў у «парламенце» іхні фотаробат тыповы партрэт – маўляў, у асноўным гэта выхадцы з неўладкаваных сем’яў і г. д.

Тое, што дзяржава прызнала наяўнасць хваробы – ужо крок наперад, бо раней праблема неанацызму ў Беларусі адмаўлялася (шмат гадоў, асабліва ў 2000-х, ідэолагі дзяўблі, што ў Сінявокай адсутнічаюць праявы міжнацыянальнай варожасці). Аднак многа хто ў грамадстве сумняецца, што новы закон і міліцэйскія захады вырашаць праблему…

Сацыял-дэмакрат Сяргей Спарыш з «Народнай Грамады» (кіраўнік – Мікалай Статкевіч) пракаментаваў намеры ўрадоўцаў так:

Міністр унутраных спраў вырашыў пачаць барацьбу супраць неанацыстаў. Ініцыятыва пахвальная. Быць нацыстам – нядобра, апраўдваць (і тым болей гларыфікаваць) нацысцкіх калабарантаў – нядобра.

Я нават магу падказаць, з якога неанацыста варта было б пачаць. З грамадзяніна, які ў 1995 г. даў інтэрв’ю нямецкай газеце «Handelsblatt», дзе, у прыватнасці, казаў: «Нямецкі парадак фармаваўся стагоддзямі, пры Гітлеру гэтае фармаванне дасягнула найвышэйшай кропкі. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменню прэзідэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзідэнта… Гітлер сфармаваў магутную Германію дзякуючы моцнай прэзідэнцкай уладзе…»

З таго часу гэты грамадзянін стараецца не хваліць свайго куміра публічна. Толькі часам зрываецца наконт «яўрэйскіх свінушнікаў». Але на практыцы нічога не змянілася. «Наша разуменне прэзідэнцкай рэспублікі» паводле сваёй сутнасці так і засталося фашысцкім.

Здавалася б, вось яно, дзяржаўны чыноўнік прапагандуе нацызм. Шукаць не трэба, бяры і арыштоўвай. Замест гэтага ўзбуджана адміністратыўная справа супраць антыфашыста Міколы Дзядка – за «дэманстрацыю нацысцкай сімволікі».

Барацьба з неанацызмам – занятак правільны. Але хіба можна даручаць яго самім неанацыстам?

C. Cпарыш (справа) разам з анархістам В. Касінеравым прынёс пахавальны вянок да статуі гарадавога, Мінск, 02.12.2018. Фота перформанса адсюль.

Павел Севярынец, сустаршыня іншай незарэгістраванай партыі (БХД), трактуе сітуацыю крыху іначай, але ж і ён не верыць у шчырасць урадавых намераў:

Беларусі патрэбны закон аб забароне прапаганды нацызму і камунізму. Для мяне гэта дзьве чумы, карычневая і чырвоная. І нацызм, і камунізм забралі мільёны жыццяў – з іх сотні тысячаў у Беларусі. 15 лідэраў хрысціянскіх дэмакратаў ХХ стагоддзя прайшлі засценкі гестапа ці былі забітыя нацыстамі, 32 – прайшлі ГУЛАГ альбо былі знішчаныя камуністамі. Дэнацыфікацыя была праведзеная пасля вайны, дэкамунізацыя не ажыццёўленая дагэтуль. І ў гэтым я бачу карані праблемы для Беларусі. Камунізм як злачынная ідэалогія павінны быць асуджаны нароўні з нацызмам.

На жаль, некаторыя сённяшнія беларусы, найперш маладыя, у сваім юнацкім максімалізме шукаюць радыкальных адказаў на пытанні жыцця – і «знаходзяць» іх у нацызме ды камунізме. Колькі такіх людзей – не бяруся меркаваць, але досвед падказвае, што лік і адных, і другіх ідзе на тысячы. Гэтыя маладыя людзі павінныя атрымаць дружнае і адназначнае пасланне ад грамадства і дзяржавы: прапаганда чалавеканенавісніцкай ідэалогіі «зігаў», чырвоных зорак, свастыкаў, сярпоў і молатаў гэта абсалютнае табу, і яна мусіць цягнуць за сабой непазбежнае пакаранне.

Разам з тым не магу падзяліць пафас міністра ўнутраных спраў РБ. Чалавек, які апранае на парады форму НКВД СССР і камандуе карнымі аперацыямі супраць мірных маніфестацыяў на беларускіх вуліцах, на мой погляд, заслугоўвае крымінальнай справы, і, магчыма, не адной. Ягоныя выказванні расцэньваю як спробу пераключыць увагу з уласных дзеянняў, блізкіх па духу і нацызму, і камунізму.

Сённяшнія ўлады паказваюць сваю пераемнасць не з тымі, каго расстрэльвалі ў Курапатах, Трасцянцы і ў Менскім гета а з тымі, хто страляў. Нягледзячы на мемарыяльныя знакі на могілках, мы добра памятаем пра «не всё плохое, связанное с Гитлером» і пра «Лінію Сталіна». Думаю, рэальнае змаганне з прапагандай нацызму і камунізму пачнецца толькі тады, калі гэты рэжым сыдзе.

П. Севярынец са сваёй кнігай «Беларусалім». Мінск, лістапад 2017 г. Фота В. Р.

Разумею боль актывістаў, якія шматкроць арыштоўваліся за пратэстную чыннасць, аднак не ва ўсім падзяляю іхнія меркаванні. Насамрэч, аўтарытарнае кіраўніцтва РБ мала цэніць жыцці суграмадзян, часам не грэбуючы спадчынай нацыстаў ды камуністаў. З другога боку, існы рэжым не ўсталяваў чалавеканенавісніцкую ідэалогію ды не ўтрымлівае канцлагероў для прадстаўнікоў «няправільных» класаў, нацый або рас. І – можа быць, галоўнае – за чвэрць стагоддзя не ўцягнуў краіну ў вайну. Між тым не так добра з мірам, як пагана без яго…

Калі ў Беларусі к часу сыходу Лукашэнкі не будзе вайны, «жалезнай заслоны», канцлагероў і маштабных тэхнагенных катастроф (а яны даволі верагодныя – зважаючы на дэградацыю навукі, прававы нігілізм, уцёкі кваліфікаваных кадраў…), то яму, дапускаю, многае даруюць як замежнікі, так і ўласныя грамадзяне. Хапае на планеце куды больш крыважэрных рэжымаў, на што намякае двайная карыкатура Маны Неестані (Mana Neyestani):

Крыніца: iranwire.com Іранскі ўрад, лагодна кажучы, не палюбляе прыхільнікаў веры бахаі. Год таму генасамблея ААН 30-ы раз асудзіла яго паводзіны (Беларусь разам з Расіяй галасавала супраць, Ізраіль побач з Саўдаўскай Аравіяй (!) – за).

* * *

Агулам, у апошнія дзесяцігоддзі назіраецца выразны каштоўнасны паварот: асабістыя свабоды не так цэняцца ў свеце, як у перыяд фукуямаўскага «канца гісторыі» (рубеж 1980-х–1990-х гадоў), і 70-годдзе Дэкларацыі правоў чалавека (сёння, 10 снежня 2018 г.) я ўспрымаю, хутчэй, як сумны юбілей. Кіраўнікі многіх краін, буйнейшых і больш уплывовых за Беларусь (Бразілія, Кітай, Філіпіны…), адкрыта плююць на заяўленае ў дэкларацыі. Практыка правапрымянення ў Францыі, «цытадэлі еўрапейскай дэмакратыі», таксама наводзіць на сумныя думкі.

Не апраўдваючы Лукашэнку, Шуневіча ды іншых тутэйшых «прыгажуноў», не хацеў бы і ўзрушэнняў любым коштам, такіх, калі мэта апраўдвае сродкі… Хутчэй за ўсё, гэта прывяло б да мены шыла на мыла. Пра тое, што гэтага «мыла» мнагавата сярод апанентаў рэжыму і ў трэцім сектары, не раз гаварылася ў «Катлетах & мухах». Вось яшчэ прыклад – дробны, ды куслівы.

На мінулым тыдні ў Мінску адбылася паэтычная вечарына «І жук, і жаба». Анонс на сайце Таварыства беларускай мовы выглядаў так: «Смелая назва для смелых аўтараў». З шасці меркаваных аўтараў сакратарка ТБМ, якая рыхтавала матэрыял, прадставіла дваіх, у тым ліку Ганну Д. (паэтку, журналістку і прафсаюзную дзяячку). «Для большага падагрэву інтарэсу» Юлія Бажок выбрала з твораў Ганны адзін, напісаны шмат гадоў таму, дзе ёсць такія словы: «Я не хачу вычварэнства і помсты, змовы вузкага літаратурнага кола няздатных габрэйскіх кацаў». Зміцер Дзядзенка 07.12.2018 зазначыў у fb: «“Антысемітызм — гэта нармальна! Асабліва калі ён у вершах”, — нібыта запэўнівае нас афіцыйны сайт арганізацыі, якая абвясціла сваёй мэтай абарону беларускай мовы».

Найчасцей я пагаджаюся з паліталагіняй Кацярынай Шульман – дарма што яна аналізуе найперш расійскія рэаліі, многія высновы прыдаюцца для нашых краёў… Але нядаўнія яе развагі (04.12.2018) напрошваюцца на дыскусію: «Павінны пераследавацца заклікі да гвалту. То бок няможна пераследаваць за выказванні тыпу Не люблю яўрэяў, вось проста ненавіджу, кушаць не магу”. Але павінны пераследавацца і спыняцца выказванні тыпу “А пойдзем і падпалім сінагогу” або “ўзарвем школу” – заклікі да гвалту, прычыненне шкоды канкрэтным людзям, грамадскім месцам і г. д. Усё астатняе – выражэнне меркавання, адмаўленне халакоста, а таксама перамогі Савецкага Саюза ў Другой сусветнай вайне — няхай адмаўляюць, няхай кажуць, што на самай справе Гітлер перамог... Гэта нікому не прычыняе ніякай шкоды».

Перакананы, шкода ад hate speech (мовы нянавісці) ды наўмыснага скажэння гістарычных фактаў існуе – іншая рэч, што пакаранне мае адэкватна суадносіцца з учынкам. Кідаць за краты, пазбаўляць права на прафесію за думкі і словы, вешаць на кожнага зласліўца ярлык «экстрэміста» – перабор, у т. л. і з прычыны, згаданай мінулы раз (сярод масы патэнцыйных «злачынцаў» схаваюцца сапраўдныя экстрэмісты). Мажліва, у пераважнай большасці выпадкаў дастаткова «грамадскага ганьбавання» або, на крайняк, штрафу ў адміністратыўным парадку.

«Вольфаў цытатнік»

«Ісціна – таямніца, заўсёды таямніца. Відавочных ісцін няма»; «Калі ён застаўся жыць і не звар’яцеў, то гэта – раскоша» (Андрэй Платонаў, канец 1920-х – пач. 1930-х).

«Свет даўно ўжо пераўтварыўся ў адну вялікую сметніцу, у якой ніхто нікому не цікавы, у якой няма аніякіх асобных мейсцаў» (Ігар Бабкоў, 2018).

«Куды б мы ні прыйшлі, нават пачынаючы з нашай доблеснай інтэлігенцыі, мы тут жа будуем вертыкалі. Адзін начальнік, усе астатнія павінны кланяцца і дзякаваць… Канстытуцыя працуе толькі тады, калі грамадства стаіць на варце і пастаянна прымушае яе выконваць». (Сяргей Цыпляеў, 07.12.2018).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

10.12.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 10.12.2018  20:35

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (87)

Шалом! І папярэджанне: гэта не самая змястоўная серыя, тут будзе больш маіх асабістых мух (а можа, тараканаў…), чым катлет. Не спалохаліся? Тады – наперад.

У нашу бліскучую эпоху многія займаюцца калі не рэканструкцыяй, то рэцыклізацыяй мінулага; усё б ім «асвоіць і ператравіць» (як зухаватым рэстаўратарам ашмянскай сінагогі). Адной з галоўных рэцыклізатарак была – і застаецца – Адзіная Нобелеўская, якая дасціпна назвала сваю кнігу 2013 г. «Час сэканд хэнд».

Я не тое каб супраць самога працэсу; падабаліся, напрыклад, перадачы Леаніда Парфёнава пра падзеі і цікавосткі таго ці іншага года савецкай улады. Але ж калі кніга С. А. пачынаецца з заявы «Мы узнали историю, которую от нас скрывали…», потым агаломшвае скажонымi cловамі Леніна («Повесить (непременно повесить, дабы народ видел) не меньше 1000 завзятых кулаков», 1918 – слушны варыянт гл. тут) і цытатай з Троцкага, які быццам бы адказаў у Маскве праф. Кузняцову («Вот когда я заставлю ваших матерей есть своих детей, тогда вы можете прийти и сказать: “Мы голодаем”», 1919), гэта крышачку не сведчыць пра павагу да мінуўшчыны & гістарыяграфіі. Не абяляю Троцкага; за масавы голад у Расіі 100 гадоў таму, за «харчовую дыктатуру» ён нясе адказнасць, як і ўся верхавіна бальшавікоў. Ды крыніца «яго» звышцынічных слоў больш чым ненадзейная: газета «Донские ведомости» № 268, 1919. Выдавалася ў горадзе Новачаркаску, падкантрольным белай гвардыі; ясна, ва ўмовах грамадзянскай вайны выданне служыла і прапагандным рупарам. Намёкі на канібалізм «таго боку» – нярэдкі прыём у контрпрапагандзе пачатку ХХ ст.

Зручным аб’ектам для маніпуляцыі зрабілася ў 2010-х памяць не толькі пра падзеі стогадовай даўніны, але і пра адносна блізкі гістарычны перыяд. Паказальны ў гэтым плане «фільм-сенсацыя» амерыканскай рэжысёркі беларускага паходжання Дар’і Жук, які сёлета мае намінавацца на «Оскара» ад нашай краіны. Гаворка, зразумела, пра «Хрусталь» (Crystal Swan), анансаваны так: «90-я гады. Беларусь. Час застою, працы няма». Ужо чым-чым, а «застоем» вірлівыя 1990-я гады не патыхалі.

Паглядзеў фільм 5 верасня ў суседнім кінатэатры «Аўрора», заплаціўшы 5 рублёў. Што сказаць на карысць аўтараў – знята жвава, дынамічненька… Вітальнасць кідаецца ў вочы. Першая палова («мінская») выглядае няблага; адчуваецца, што рэжысёрцы вядомае жыццё сталічнай багемы, што ў дэманстрацыю бар’ераў, з якімі сутыкнулася галоўная гераіня, укладзена шмат асабістага. Але прыгоды гераіні ў пасёлку Хрустальным – проста ўзлом мозга, хоць і прыпраўлены эстэцтвам ды жарцікамі-шмарцікамі.

Дэталі тыпу дываноў на сценах, соннага вахцёра ў правінцыйным гатэлі або савецкіх кніг у постсавецкай кватэры («Честь» лаўрэата Сталінскай прэміі Мядынскага сапраўды некалі тырчэла з усіх кутоў) перададзены праўдападобна, у цэлым жа мастацкі свет фільма не пераканаўчы… Назаву толькі асобныя нацяжкі.

Героі расплачваюцца ў Беларусі ці то расійскімі рублямі, ці то савецкімі, але дакладна не «зайчыкамі» – значыць, час дзеяння, хутчэй за ўсё, красавік 1993 года (чаму красавік? – у фінале поўнай версіі фільма, якую ў «Аўроры» не паказалі, гераіня праз акно аўтобуса глядзіць на «Чарнобыльскі шлях»). На дакуменце, які дастае Веля, увогуле мільгае 1992 год. Тады якім бокам рэйв-вечарына ў музеі Заіра Азгура? Скульптар памёр у 1995 г., музей быў створаны пазней… «Асучасніванне» ж у Беларусі падобных устаноў з савецкай сімволікай – увогуле тэндэнцыя ХХІ стагоддзя.

Дыпламаваная юрыстка з падвешаным языком і веданнем англійскай у першай палове 1990-х мела ў Мінску ўсе шансы знайсці добрую працу – «перавытворчасці» асоб з вышэйшай адукацыяй яшчэ не было, новыя фірмы раслі як грыбы, дый старым патрабаваліся спецыялісты… Але, дапусцім, яна «адкасіла» ад размеркавання і настолькі захапілася заходняй музыкай, што забыла, дзе ляжыць яе дыплом; так ці іначай, у першыя постсавецкія гады не прынята было, каб здаровая дзяўчына пасля ВНУ многа месяцаў «сядзела на шыі» ў маці. Абсурдныя і паводзіны дзяўчыны пасля згвалтавання ў пасёлку – нехта на яе месцы пайшоў бы ў міліцыю, нехта адпомсціў бы гвалтаўніку самастойна… Гераіня выбрала неверагодны, інфантыльны «трэці шлях», які не стыкуецца з яе характарам і ранейшымі паводзінамі.

Карацей, Беларусь пачатку 1990-х паказаная прыкладна з той жа доляй праўдзівасці, як Германія пачатку 1945 г. у «17 імгненнях вясны».

Што яшчэ дратуе? Фільм зроблены так, каб усім спадабацца. Лукашыстам – бо дэманструе «хаос» (нехлямяжыя гандлёвыя кропкі, выдача зарплаты прадукцыяй…), нароблены, як той казаў, «дзермакратамі». Апазіцыянерчыкам, зацыкленым на антыкамунізме – бо ёсць кадры, дзе спадчына СССР пададзена з іроніяй. Аматарам прыроды – бо ўключае ў сябе антыбраканьерскую рыторыку. Гараджанам – бо перыферыя малюецца амаль выключна як прастора дэградацыі. Вяскоўцам – таму што створаны вобраз мясцовага шэрыфа, строгага, але спагадлівага, дый паводзіны галоўнай гераіні як бы намякаюць, што «гарадскія» яшчэ горшыя. Ну і, вядома, экспертам на Захадзе мусіць спадабацца самаедства самакрытыка 38-гадовай рэжысёркі, якая да 16 год жыла тутака ды пазіцыянуе сябе як беларуска. Заходняму абывацелю таксама гарантаваныя моцныя эмоцыі ад сузірання those White Russians, у якіх «ніколі нічога не зменіцца» (С).

«Хрусталь», як той Шалтай-Балтай, сядзіць на сцяне паміж мастацтвам і агітпропам; тым не менш ягоныя рэйтынгі перавышаюць 7 з 10 (я паставіў бы 5), дый паважаная мною Таццяна Заміроўская станоўча ацаніла кінатвор. Журналістка-літаратарка слушна заўважыла, што «адстароненасць, бадай, галоўная эмоцыя Хрусталя», адзначыла сярод плюсоў рэжысёркі свайго пакалення яе «заходнюю, глабальную адукацыю». Аднак з наступным ужо ніяк не магу згадзіцца: «Дар’я, у адрозненне ад нас, не расла на рускім кіно, і таму змагла зняць добры, дакладны і сумленны беларускі фільм». «Маленькая Вера», «Аварыя – дачка мянта», «Брат», «Стылягі», «Левіяфан» – не сумняюся, што мінімум тры з пяці гэтых фільмаў Д. Жук бачыла. Прынамсі адсылкі да «перабудовачнага» і постсавецкага расійскага кіно раз-пораз свіцяцца скрозь «Хрусталь».

Афішкі фільмаў «Хрусталь» і «Лета»

А вось яшчэ адзін сёлетні фільм з аналагічным рэйтынгам – «Лета» Кірыла Сярэбранікава. Час дзеяння – 1981–82 гг., месца дзеяння – ленінградскі рок-клуб і наваколле. Таксама, на першы погляд, маніпуляцыя гістарычнай памяццю, бо «ўсё было не так» (С) – і Цой на сябе не падобны, і лідар «Заапарка» Майк Навуменка… Але – чапляе. Просценькі трохкутнік, дзе Майк увасабляе мінулае (мо нездарма яго, 26-27-гадовага, грае 40-гадовы Рома Звер), Віктар – будучыню, а Майкава жонка Наталля, увасабленне жаноцкасці, разрываецца паміж імі, пакуль Віктара не бярэ ў палон Марыяна. Love story аздобленa выдатнай музыкай; так, ва ўмовах, калі мала што дазволена, «музыка – усё», музыка па-над усім. Героі жывуць і рухаюцца, нібы ў зачараваным сне, што, магчыма, нават лепей ілюструе час «застою», чым спробы кіраўніцтва рок-клуба цэнзураваць тэксты Цоя. Цэнзуру, як выяўляецца, лёгка абысці, і неўзабаве пільная цётачка сама «тапырыцца» ад гурта «Кіно».

У цэлым атрымаўся мілы, палётны аповед пра «барацьбу добрага з лепшым», дзе верыш і ў вылазку Віктара на дах тралейбуса, каб спыніць яго для Наталлі, і ў боль мужа, які, стоячы пад дажджом, залівае перажыванні партвейнам, і ва ўменне эксцэнтрычнага панка праходзіць праз сцяну… І ў старую з «кватэрніка» (Лія Ахеджакава), якая схіляецца перад творчасцю маладых.

Сюжэт някідкі, дый развіваецца даволі марудна – але без лішніх слоў і жэстаў, на «японскі» манер. Назіраць за падзеямі цікава, адчування «цягучай безнадзёгі» або кан’юнктурнасці (вобраз і мелодыі Цоя пасля жніўня 1990 г. «юзаюць» усе, каму хочацца) у мяне не засталося. Пэўна, мая ацэнка сягала б 8-9 балаў з 10. Чаму не 10? Заўсёды ёсць да чаго імкнуцца.

Рэзюмуючы: і «Хрусталь», і «Лета» – фантазіі пра мінулае. Аднак «Хрусталь» – злая казка, «Лета» – добрая. Якую б я выбраў для перагляду – пытанне рытарычнае.

Яшчэ гадоў 8-12 таму я «наступаў на горла ўласнай песні» і часам падтрымліваў тых, каго не варта было – з той простай прычыны, што «свае». З узростам маю ўсё менш спадзеваў на тое, што тутэйшыя «гарбатыя» выправяцца самі. Усё больш ахвоты ацэньваць творы (ды іншыя ўчынкі) па «гамбургскім рахунку».

Меркаваў у верасні паглядзець яшчэ адзін нашумелы мастацкі фільм «Заўтра» (Next Day), зняты беларускай Юліяй Шатун за вельмі сціплыя грошы, але высока ацэнены экспертамі на кінафестывалях. Паехаў у кінатэатр «Піянер» на адзін з сеансаў (17:10), дык у 17:05 у касе ўжо не было квіткоў… Ну, хоць парадаваўся за маладую рэжысёрку, што ейны твор выклікаў такі ажыятаж 🙂 Цікава, што першую караткаметражку Ю. Шатун зняла для фестывалю яўрэйскага кіно ў 2011 г., ледзь навучыўшыся трымаць у руках камеру… Дзяўчына заінтрыгавала, дый тэма распаўсюджвання рэкламы па паштовых скрынях, закранутая ў «Заўтра», не чужая мне. Дальбог, пры першай магчымасці ліквідую прабел у сваёй кінаадукацыі.

І пра яўрэяў: яны (мы) паўсюль 🙂 50 год таму быў Іосіф Кабзон, пясняр камсамольцаў-дабравольцаў (1937–2018, хай спіць спакойна), але быў і Грынберг, інжынер па тэхніцы бяспекі перасоўнай механізаванай калоны № 1 Галоўнага ўпраўлення энергетыкі і электрыфікацыі пры Саўміне БССР, які з нагоды ўварвання ў Чэхаславакію выказаўся так: «Прыдумалі Леніна і моляцца на яго, як на д’ябла. Лезем, куды не трэба, а самі як жывем?» Смелае выказванне прыведзена ў артыкуле беларускага гісторыка Аляксандра Кур’яновіча – чытайце тут.

А вось як даказваецца на tut.by тэзіс аб тым, што ўтрыманне бардэляў – прыбытковая справа: «У 1904 г. утрымальніцы дома цярпімасці ў Гродна, Сара і Рэйза Глаз, нават здолелі за кошт уласных сродкаў пабудаваць для бардэля новую двухпавярховую камяніцу» (Таццяна Вароніч, 21.08.2018)…

Дарэчы, пра шахматную алімпіяду ў Батумі і маючы адбыцца 03.10.2018 кангрэс ФІДЭ. Мой прагноз – мужчынская зборная Беларусі апынецца ў другой дзясятцы (каля 14-га месца), жаночая стане крыху ніжэй. Права на правядзенне алімпіяды 2022 г. Мінск даб’ецца – на (сама)рэкламу беларусы не скупіліся, i нават пацярпелы ад БФШ Уладзіслаў Каташук у верасні падтрымаў амбітны праект федэрацыі. На выбарах прэзідэнта ФІДЭ пераможа «Макро», бо Аркадзь Дварковіч позна ўступіў у гульню, а пуцінская прамоцыя хутчэй яму шкодзіць, чым дапамагае. Дый не захочуць многія з дэлегатаў «трэцяга свету», асабліва мусульманскага, падпарадкоўвацца яўрэю, няхай і расійскаму… Хочаце – спрачайцеся.

І без алімпіяды Мінск – даволі шахматны горад 🙂 Здымкі са Старажоўскай і Нямігі, 2017-2018 (справа – рэклама з вітрыны)

«Вольфаў цытатнік»

«Рана ў сваім жыцці я заўважыў, што ніводная падзея ніколі ў газетах карэктна не асвятляецца, але ў Іспаніі [у час грамадзянскай вайны] я ўпершыню ўбачыў, што газетныя справаздачы не маюць аніякага дачынення да фактаў. Калі б яны проста хлусілі, то захоўвалася б прынамсі нейкая сувязь з фактамі…» (Джордж Оруэл, «Азіраючыся на вайну ў Іспаніі», 1943)

«Каму трэба дапамагаць? Дапамагаць трэба тым, хто ўносіць у публічную прастору разнастайнасць. Калі максімальна сцісла сфармуляваць тое, што ведае наша палітычная навука, яна ведае наступнае: канкурэнцыя – гэта жыццё і развіццё, манаполія – гэта інсульт і смерць» (Кацярына Шульман, 25.09.2018)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

28.09.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 28.09.2018  17:09

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (86)

Шалом наноў! Некалькі слоў пра юбілеі гэтага года, расквечанага не толькі стагоддзем БНР.

Гадоў 25 цікаўлюся лёсам беларускага яўрэйства ўвогуле, дый асобных яўрэяў таксама. У 2000-х гадах – з пралазам у пачатак 2010-х – цікавіўся і шахматнай кампазіцыяй, сам сёе-тое складаў, браў удзел у конкурсах рашэнняў (праўда, без вялікіх поспехаў). Вынік – нешта ведаю пра кампазітараў, асабліва тых, каторыя былі да таго ж беларускімі яўрэямі 🙂

Сёлета дваім з іх споўнілася б 120. Гэта Майсей Нейман з Веткі і Ісак Кацэнеленбоген з Оршы. Абодва даволі рана пакінулі Беларусь, кінулі якар у Расіі; першага жыццё лупцавала менш. Майсей Барысавіч стаў доктарам навук – адным з найкруцейшых савецкіх фізікаў – і памёр сваёй смерцю ў 1967 г. Ісак Давідавіч, бухгалтар і таленавіты шахматны літаратар, загінуў на фронце ў фатальную восень 1941 г.

120 гадоў было б сёлета і пісьменніку Рыгору Кобецу (ураджэнец Украіны, частку жыцця правёў пад імем Міхаіл Сандыга). Ён вядомы найперш як асноўны сцэнарыст легендарнай стужкі кінафабрыкі «Савецкая Беларусь», а менавіта «Шукальнікаў шчасця», знятых у 1936 г. Аднак заслугоўваюць увагі і яго ранняя п’еса «Гута» (гэта не імя, а сінонім шклозавода), і адна з першых у беларускай літаратуры аповесць пра ГУЛаг «Ноеў каўчэг», напісаная ў 1960-х гадах. Пісьменнік блукаў па свеце, саветы яго арыштоўвалі і доўга трымалі ў Сібіры, але большую частку жыцця (1898–1990) яму выпала шукаць шчасця тут, у Беларусі.

Мы з жонкай былі добра знаёмыя з дачкой Р. К., пісьменніцай Аленай Кобец-Філімонавай (1932-2013), да ейнага ад’езду ў Расію пад канец 2011 г. не раз гасцявалі ў яе вялікай кватэры на Танка, 4. Апошнія гады яна змагалася за рэпутацыю свайго бацькі; на яе думку, тэатразнаўцы недаацэньвалі Кобеца, а літаратуразнаўцы скажалі факты ягонай біяграфіі. У 25-30 гадоў да ейных высілкаў я ставіўся не без іроніі (Алена Рыгораўна пісала ў розныя СМІ рэплікі і падрабязныя адказы з нагоды, як мне здавалася, малазначных публікацый), часам нават асцярожна з ёй спрачаўся. Зараз думаю – у прынцыпе, слушна сябе паводзіла, бацька ёсць бацька. Прыпамінаю, яна і з Заірам Азгурам не пабаялася судзіцца ў пачатку 1990-х за тое, што ён аднойчы далучыў Рыгора Кобеца да крымінальнага свету, мо і не наўмысна…

Аднойчы Алена Рыгораўна прачытала колькі радкоў з вершаванага беларускамоўнага твору свайго бацькі, прысвечанага эміграцыі еўрапейскіх яўрэяў у Зямлю Ізраіля. Я папрасіў урывак або ўсю паэму для публікацыі ў бюлетэні «Мы яшчэ тут!», але чамусьці не склалася. Потым я забыўся на гэты твор, і во надоечы знайшоў «Палестыну» ў даваенным часопісе «Полымя рэвалюцыі». Твор цікавы і сам па сабе, і таму, што адкрывае Кобеца з даволі нечаканага боку – як паэта (даведнік «Беларускія пісьменнікі» са спісам публікацый Р. К. нічога, аднак, не паведамляе пра «Палестыну»).

Мог бы перанабраць для belisrael.info тэкст з часопіса, калі будзе цікавасць чытачоў. А як яе змераць? Прачытаўшы гэтую серыю, напішыце мне ліст на e-mail з пазнакай «Кобец» або пакіньце адпаведны камент на FB-старонцы рэдактара сайта. Калі паступіць пяць запытаў цягам двух тыдняў – пайду насустрач, калі не – тады даруйце, шаноўныя, іншых спраў хапае.

Кніга Алены Рыгораўны пра Р. Кобеца (Мінск: Кнігазбор, 2006), якую часткова набіраў; здымкі з гэтай кнігі.

Цікавыя ўспаміны пра Кобеца пакінуў пісьменнік Гірш (Рыгор) Рэлес – аказваецца, ягоны калега-цёзка і ў рабіна служыў, і ідыш ведаў, і браў удзел у абароне яўрэйскага мястэчка ад пагрому… (праўда, наўрад ці ў 16-гадовым узросце, як пісаў Рэлес; хутчэй за ўсё, пад канец 1910-х гадоў).

Неяк сімвалічна, што ў газеце «Літаратура і мастацтва» на адной старонцы ў 1988 г. былі змешчаны паведамленні пра юбілей Кобеца і пра заснаванне Мінскага таварыства аматараў яўрэйскай культуры, пазней вядомага як МОЕК.

Знакам тым, скора МОЕКу – 30 гадоў, з чым я і віншую тых нямногіх пачынальнікаў таварыства, якія сярод нас засталіся. Якаў Гутман і Леанід Зубараў – у ЗША; у Беларусі жывуць Фелікс Хаймовіч (Баторын) і Юрый Хашчавацкі, а мастак Зіновій Марголін, здаецца, працуе ў Расіі. Усім, апрача Марголіна, за 70. Адышлі ў лепшы свет Заір Азгур, Юдзіф Арончык, Эстэр Блушчынская, Яўсей Вайнруб, Леў Гарэлік, Май Данцыг, Міхаіл Звераў, Міхась Клейнер, Абрам Жаніхоўскі, Леанід Левін, Гірш Рэлес, Майсей Свірноўскі, Арон Скір, Дзіна Харык… пра астатніх не ведаю. Дый пра сучасны МОЕК мала што ведаю, але добра, калі там збіраюцца ідышысты, калі кіраўніцтва шануе, напрыклад, творчасць Мендэле Мойхер-Сфорыма. У снежні 2017 г. на тэрыторыі мінскага яўрэйскага абшчыннага дома адбылася вечарына, прысвечаная «дзядулю» ідышнай літаратуры, з чынным удзелам Інэсы Ганкінай ды Алеся Астравуха. Актывісткі арганізацыі наведалі і Капыль, калі там 23.08.2018 адкрывалі дошку ў гонар Мендэле – на жаль, без тэксту на ідышы (рак беларусіт, іўрыт вэангліт).

Агулам, з «палітыкай памяці» не ўсё блага ў Беларусі – ёсць, ёсць станоўчыя зрухі параўнальна з пачаткам 2000-х гадоў. Вось і на Нямізе сёлета павесілі дошку з кароткім расповедам пра Халодную сінагогу ХVI cт., разбураную ў сярэдзіне 1960-х. Не прайшло і 18 гадоў з моманту абяцання… 🙂

З газеты «Авив», № 11-12, 2001; фота 20.09.2018

Можа, к 2035 г. і да вуліцы Валадарскага ва ўладаў рукі дойдуць? 🙂 🙂 Я пра Міхоэлса & БНР.

Мемарыялізацыя – справа карысная, але мяне абыходзіць тое, што можна было б і аднавіць гістарычна каштоўную сінагогу, а не проста павесіць шыльду (дарэчы, з розначытаннем у беларускай і англійскай версіях…). Зараз няма каму маліцца? Лухта; хапае ў Мінску іудзеяў; малельня на Даўмана напаўняецца і перапаўняецца, прынамсі на восеньскія святы, сам бачыў на Ём-Кіпур. А так… cтаўленне да спадчыны чымсьці нагадвае кітайшчыну. Прачытана ў артыкуле пра паўночна-заходні край Кітая, дзе пад наглядам КПК існуюць уйгуры: «Ля крамы… раней стаяў тандыр, дзе пяклі найсмачнейшыя ў горадзе праснакі. Я пазнаў месца – яго ўпрыгожылі масіўным бронзавым помнікам, які ў натуральную велічыню выяўляў і праснак, і пекара. Ля бронзавага тандыра фотаграфаваліся турысты».

* * *

Нарэшце атрымаў я з Канады фаліянт, які чакаў з ліпеня. Важыла адпраўленне амаль 1 кг, было ацэнена ў 100$, і на пошце выпала заплаціць немалы збор. Чаму так адбываецца (ганаровы член Саюза беларускіх пісьменнікаў плаціць, дасылае сваю кнігу з подпісам – не тавар! – проста члену СБП, дык атрымальнік мусіць яшчэ выкупіць сваё права культурна развівацца) – гэта пытанне не да «Белпошты», яна і так праз абсурдныя правілы за год страціла звыш 2 мільёнаў долараў. Хіба да тых, хто развёў у краіне тысячы ідэолагаў з добрым апетытам і ККД паравоза…

 

Аналізаваць твор З. Гімпелевіч тут не стану, скажу адно: прыемна, калі на цябе спасылаюцца. Гаворка пра артыкулы кшталту «Янка Купала і яўрэі» (1998–2001), «Яўрэйскія персанажы і матывы ў творчасці Уладзіміра Караткевіча» (2005).

Сёлета яшчэ адзін сюрпрыз паднёс орган адміністрацыі прэзідэнта РБ. У матэрыяле «да 100-годдзя пагранічнай службы Беларусі» ветлівы незнаёмец Сяргей Галоўка працытаваў маю кніжку 2012 г. «З гісторыі Беларусі шахматнай». Што ж, «алаверды», крыху папіяру ягоны матэрыял: ахвотныя здагадаюцца, адкуль ён узяты, і дачытаюць да канца.

Што збянтэжыла ў сеціве – допіс культуролага (культуралагіні?) Юліі Ч., пабудаваны на думцы Cяргея Даўлатава, узятай за эпіграф: маўляў, савецкія людзі за Сталіным напісалі чатыры мільёны даносаў, і праз гэта ўсе злыбеды… А цяпер у Беларусі «некаторыя вернікі», якія выступаюць супраць оперы «Саламея», крочаць шляхам тых даносчыкаў.

Я б мо і не звярнуў увагі на эмацыйны артыкул ад Ч., калі б: а) ён не быў змешчаны на «мегапапулярным» партале; б) аўтарка з навуковай ступенню ўпершыню тыражавала гістарычныя міфы. Але ж не ўпершыню… Не палюбляю, калі пафасам падмяняецца недахоп ведаў і крытычнага мыслення.

Пра маштаб і ўплыў даносаў. Летась мудра выказалася Кацярына Шульман: «пра чатыры мільёны даносаў Даўлатаў казаў на падставе невядома якіх звестак… Машына рэпрэсій у 30-я гады працавала зусім не на даносах. Больш за тое, гледзячы па архівах, іх выкарыстанне органамі НКУС не заахвочвалася, і зразумела чаму – гэта ж самадзейнасць. Машына рэпрэсій працавала паводле прынцыпу сеціва: бралі аднаго чалавека, з яго выбівалі паказанні на іншых, бралі іншых, з іх выбівалі – і г. д. Так шло пашырэнне гэтага кола, машына стварала ворагаў для самой сябе, а на наступным этапе знішчаліся ўжо арганізатары. Даносы былі, але значнай ролі не гралі». Сёлета – Ірына Прохарава: «Я ў свой час размаўляла з нябожчыкам Арсенем Рагінскім, адным са стваральнікаў “Мемарыяла”. Я яго спытала: ну вось уся краіна пісала даносы. Ён кажа: дзіўным чынам працэнт даносаў ад грамадзян быў нікчэмна малы. Таму што гэтыя пасадкі былі планавыя. Пісалі, вядома, але вось гэтыя мільёны даносаў – перабольшанне… Нават у самы страшны час уяўленні нейкія базавыя пра мараль у грамадстве былі». Каму верыць – рашайце самі. Я ў гэтым пытанні веру ўсё ж расійскім інтэлектуалкам… Тым болей што далей Ч. падганяе факты пад сваю «канцэпцыю»: «Усе пагромныя сталінскія і паслясталінскія кампаніі пачыналіся з лістоў працоўных: напіша якая-небудзь Лідзія Цімашук ліст пра дактароў-забойцаў – і пайшло-паехала. Напіша які-небудзь токар або пекар: Я Пастарнака не чытаў, але асуджаю – і пачалася вакханалія». Падобна да праўды, але зусім не праўда; каб даведацца пра прычынна-выніковыя сувязі ў 1952 і 1958 гг., курыце хаця б «вікі» (тут і тут).

Падтэкст у артыкуле Ч., на жаль, такі: вінаваты ў рэпрэсіях «народ», а не кіраўніцтва, і не варта ўвогуле «людзям нізкага звання» публічна выказваць свае несамавітыя думкі. Ясна, гэткі фанабэрлівы падыход дыскрэдытуе любую «вольную пляцоўку», на якой ужываецца. На розум адразу прыходзяць радкі стогадовай даўніны: «Поскребите либерала, / Перед вами – крепостник!»

І каб ганарліўцы/ганарліўкі псавалі жыццё толькі сабе… Дык жа самі ўсяго баяцца і іншых пужаюць: не даносчыкамі, дык інтэрнэт-тролямі. Адна такая пазбавіла работы на «Белсаце» Івана Шылу, калі ён 19.09.2018 змясціў у сваім FB-акаўнце фота з бяскрыўдным подпісам «Злева – прэзідэнт Польшчы».

На калажы справа – дасціпны адказ ад Алега Барцэвіча

Нязменная з 2009 г. дырэктарка «Белсата», перш чым выгнаць жартуна Шылу, прачытала яму проста феерычную натацыю:

Працяг тут. З іншага боку, навошта самастойны малады чалавек (валодае клінінгавай фірмай, адпачывае ў Францыі) 2 гады таму пацёгся на той тэлеканал, з якім ужо ў 2015 г. усё было зразумела?.. Увесну 2018 г. мяне запрашалі на адну белсатаўскую перадачу, абяцалі аплаціць дарогу да Вільні. Адмовіўся, і не шкадую.

«Вольфаў цытатнік»

«Асоб, зацікаўленых у захаванні “беларускай мадэлі”, многа, і супраціўляцца рэформам яны будуць апантана. Каму – крызіс, а каму “беларуская мадэль” – дойная корова… Аналаг нашай сітуацыі. На афрыканскую вёску насоўваецца ўраган. Шаман на вясковай плошчы мармыча заклёны, натоўп хорам яму падпявае. Самыя прасунутыя жыхары абмяркоўваюць, ці не варта змяніць шамана. А ўраган тым часам насоўваецца» (Аляксандр Абуховіч, 14.09.2018).

«Доўгае існаванне ў неканкурэтным асяроддзі забівае любога спецыяліста. Які б вы ні былі на ўваходзе разумны і кампетэнтны, і адукаваны, калі вы не будзеце знаходзіцца ў пастаянных канкурэтных зносінах са сваімі калегамі, то атупееце так, што вас родная мама не пазнае» (Кацярына Шульман, 18.09.2018).

«Вельмі часта сустракаецца ў свеце, што разумнікі аддаюць сябе ў рукі дурням і даюць ім сабою кіраваць» (Мендэле Мойхер-Сфорым, «Маленькі чалавечак, або Жыццяпіс багатыра Іцхака-Аўрома», 1863)

Вольф Рубінчык

wrubinchyk[at]gmail.com

21.09.2018

Апублiкавана 21.09.2018  20:25

***

Водгук
«Вылажыце Кобеца – буду ўдзячны. Але тут вось якая справа (яна не да Вас, а “ў паветра”). Неяк знайшоў на прасторах рунета цікавы сайт:  (ёсць там і сёе-тое пра шахматы: Виктор Корчной. Антишахматы, і ўспаміны пра ГУЛаг , і іўдаіка , і многае іншае). У байнэце нешта падобнае раскідана па http://knihi.com/http://kamunikat.org/ і шмат якім яшчэ сайтам. Было б добра, калі б усё было ў адным месцы (на жаль, сам гэтаму праекту нічым, акрамя голай ідэі, не дапамагу). Магло б там і з’яўляцца сёе-тое, што знікла з кнігарняў, але, ўлічваючы складанасці з аўтарскім правам, гэтая опцыя неабавязковая» (Пётр Рэзванаў, г. Мінск, 24.09.2018).
От администратора сайта. Можно много чего сделать, но все стоит денег. В последние дни получил письмо от хостинговой компании с предупреждением: Bandwidth usage reached 75% of hosting plan capabilities. Я уже как-то доплачивал, чтоб эта норма была увеличена в 2 раза, затем еще некоторую сумму. И получается, что чем популярнее сайт, тем больше за него надо платить. Не говоря о том, что в начале года надо будет выложить немалую сумму за продление хостинга. Но народ упорно ничего не хочет знать, при том, что есть масса пользователей, для которых оказать помощь, как раз плюнуть.  Я, конечно, не бедствую, хотя приходится дополнительно напрягаться, поскольку несу немалые расходы по жизни, да и вообще у меня было много тяжелых финансовых потерь, но придумав идею сайта, который начинал как хобби, и тогда особо не задумывался, что он превратится в огромное дело, отнимающее массу времени, усилий, нервов, да и своих финансов. И до меня абсолютно не доходит почему почти все решили, что это некая халява для них. Могли бы и посетители сайта, особо из Беларуси, кому он важен, но не могут помочь, написать на эту тему материал.   24.09.2018  16:27

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (75)

Шалом папросту! Сёння – пра поспехі й небяспекі.

Несумненны поспех для арганізатараў беларускамоўнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча – атрыманне пасведчання аб рэгістрацыі (праўда, на рускай мове, але дэпутатцы Алене Анісім напяялі, што «такі парадак»). Зараз арганізатары шукаюць «дах»… Бясплатная парада – чаму б не атабарыцца ў Лідзе Гродзенскай вобласці або Ельску Гомельскай? Тады Лідскі ўніверсітэт патэнцыйныя абітурыенты паблыталі б з тым, што ў Брытаніі (University of Leeds), а Ельскі – з тым, што ў ЗША (Yale University). I ўсе ламануліся б да Алега Трусава і кампаніі… Не паверыце, але сп. Алег спадзяецца, што ў наступным месяцы «пачнуць працаваць і сайт, і электронная пошта ўніверсітэта»! І «прэзідэнт дэмакратычнай часткі грамадства» Аляксандр Мілінкевіч, 1947 г. нар., – у спісе выкладчыкаў; пэўна, вернецца да выкладання фізікі пасля 30 год у «палітыкуме».

Вось жа, экс-журналіст «Белорусского рынка» ды «Радыё Свабоды» Уладзімір Бараніч ужо мае свой не задужа папулярны сайт (resurs.by) i летась праславіўся тым, што справакаваў «Пракапенягейт», разбудзіўшы мляўкую Беларускую асацыяцыю журналістаў. А 17.05.2018 апублікаваў на сваёй старонцы ў FB амаль сенсацыйны допіс пра аднаго з вядомых беларускіх палітыкаў, сакратара ўправы БНФ у 1990-х і намесніка старшыні БНФ у 2000-х. Ідзецца, як лёгка зразумець, пра сярэдзіну 1980-х; «Талака» існавала ў 1985–1990 гг.:

У маіх плянаваных мэмуарах пра Талаку (тую першую, ня клюб-гаварыльню) згадаю, як мы зь цяпер ужо нябожчыкам Віктарам Івашкевічам ды яго братам Яўгенам хадзілі рабаваць нэграў (чорных) дзеля папаўненьня парцейнае касы ды расавае нянавісьці (Віктар прыйшоў у нацыянальны рух з нацыкаў, а я быў проста адмарозкам, на чым мы і сышліся)… Ну і пра жыдабойскія (С) тэрмін ВІ) рэчы распавяду. Напрыклад, як яго малы сын вешаў лялек, называючы іх жыдамі. Натуральна, у Талацэ мы ўсе захапляліся – во якое правільнае выхаваньне.

Ул. Бараніч і В. Івашкевіч. Фота з primus.by i palitviazni.info.

Спадару Баранічу яшчэ не споўнілася 55, на маразм ён яўна не пакутуе. Аўтарытэтна названы адным з людзей, што стаялі ля вытокаў «Талакі», і я не адчуваю хлусні ў ягоным сведчанні пра суполку… Да таго «жыдаедства» многіх нацыяналістаў 1980-х гадоў засведчана іншым тагачасным энэрджайзерам, Сяргеем Дубаўцом, які на развітанне з мовазнаўцам Змітром Саўкам (1965–2016; Зміцер, «яўрэй на чвэрць», меў семіцкія рысы твару) напісаў наступнае:

Сам памятаю… на нацыянальных тусоўках нехта старэйшы ў вышыванцы запраста казаў яму, бліскаючы дзіўным радасным шалам уваччу: ой, а ты што тут робіш, ідзі ты, братка, адсюль, ня псуй карціну… Чаму і ён размаўляе па-беларуску? Ён дыскрэдытуе наш рух!.. І ён – таксама – беларус?..

Вось яшчэ гаваркі эпізод. Інтэрв’ю ў сакавіку 2018 г. дае гуманіст, лінгвіст і «з усіх бакоў белы і пухнаты» Вінцук В., старшыня БНФ у 1999–2007 гг. Распавядае пра БНР: «Першыя святкаванні на вуліцах пачаліся ў 1989 годзе. Асноўным рухавіком быў Алесь Пушкін, які зладзіў прыгожы рамантычны перформанс». Усё б нічога, але ў час таго шумлівага несанкцыянаванага перформансу мастак Пушкін заявіў, што марыць пра Беларусь «без жыдоў і камуністаў»… Быў асуджаны, але без сур’ёзных наступстваў. І неўзабаве ахвяраваў свае работы першаму з’езду БНФ (Вільня, чэрвень 1989 г.), якія і былі ўрачыста паказаны ў вестыбюлі. Як на тое адрэагавалі некаторыя госці з’езда, 26.05.2018 для belisrael.info ўспомніў Якаў Гутман, прэзідэнт Сусветнага згуртавання беларускіх яўрэяў, а ў канцы 1980-х – член праўлення Мінскага аб’яднання яўрэйскай культуры:

У фае віселі карціны Пушкіна. Мы – Юра Хашчавацкі, Май Данцыг, я, яшчэ нехта – напісалі ў прэзідыум з’езда, што карціны Пушкіна не могуць быць выстаўлены. Калі Пазняк паведамляў пра наш зварот, ён сказаў нешта накшталт таго, што паступіла цыдула пра Пушкіна, але не варта займацца гэтым пытаннем. Я адразу сказаў, што трэба сыходзіць са з’езда. Юра сказаў, што Пазняк не разумее, што робіць, і пайшоў з ім дамаўляцца. Калі вярнуўся, то сказаў прыблізна наступнае: «У Пазняка алавяныя вочы, ён не разумее, што ён робіць». Яны кепска пачыналі і кепска скончылі… Нябожчык Аркадзь Рудэрман папрасіў нас прайсці так, каб было відаць спіны, і мы сышлі.

Карацей, «прыгожы рамантычны перформанс» пасварыў вялікую частку яўрэяў з беларусамі. Не думаю, што разумнік Вінцук таго не ведае… Значыцца, па сутнасці не заўважае ў міжэтнічных сварках нічога страшнага.

А. Пушкіну на момант «перформансу» ішоў 24-ы год, ён адслужыў сваё ў арміі, г. зн. з’яўляўся ўжо сфармаванай асобай. У 1992 г., праўда, удакладніў: «Сёння я інакш пазіраю на гэта. Ад сказанага не адмаўляюся. Але цяпер многае змянілася…»

Дзякуй Б-гу, падчас супрацы з «Нашай Нівай» (2001–2007) ад мяне не патрабавалі рэпартажаў пра дзейнасць Віктара Івашкевіча (1959–2013; хай спіць спакойна, мо пад канец жыцця ён змяніў свае погляды), Славаміра Адамовіча ці таго ж Алеся Пушкіна. Як умеў, распавядаў я пазаштатна пра яўрэйскія, шахматныя і шашачныя справы. Пару крыжаванак склаў. Ну, аднойчы паспрабаваў дапамагчы бізнэсоўцам-галадоўшчыкам, што не дужа спадабалася рэдактару…

Давайце, шаноўныя мае чытачы, асабліва яўрэі, беларускія і не, больш пільна прыглядацца да асоб, якія тусуюцца ў тутэйшым палітыкуме-2018. Антыкамунізм і антылукашызм актывістаў – яшчэ не прычына, каб іх усхваляць-падтрымліваць. Мудра ў 1924 г. адзначаў Зэеў Жабацінскі: «Палітычная наіўнасць яўрэя нечуваная і неверагодная: ён не разумее таго простага правіла, што ніколі няможна “ісці насустрач” таму, хто не хоча ісці насустрач табе… Мы ўвогуле, як я пісаў ужо… лічым сваім абавязкам, як толькі пачуем “Марсельезу”, застыць навыцяжку і гукаць “ура” – няхай нават гэтую мелодыю грае сам Гаман і ў яго катрынцы трашчаць яўрэйскія косткі. Гэта мы лічым палітычнай маральнасцю…»

З улікам даволі пашыранай тут юдафобіі, няма ніякай ахвоты спрыяць таму, каб ва ўладу ў Беларусі пралез мясцовы аналаг украінскай партыі «Свабода» або «Правага сектару». Нават у Кіеве гарсавет, выглядае, танчыць пад свабодаўскую дудку, пастанавіўшы ўрачыста адсвяткаваць 250-годдзе гайдамацкага паўстання – «Каліеўшчыны» з яе антыпольскімі ды антыяўрэйскімі пагромамі…

Этнанацыяналізм (этнізм) тут і цяпер уважаю за даволі небяспечную з’яву, хоць некаторым «экспертам» ён не замінае. Адзін «акадэмічны дырэктар» надоечы выступіў у духу ці то Міхаіла Задорнава, ці булгакаўскага Шарыкава: маўляў, «не разумее» тэарэтыкаў, якія «ўзяліся за пабудову дзіўнай і непрактычнай канструкцыі ў выглядзе “грамадзянскага нацыяналізму” (нібыта лепшая альтэрнатыва для “этна-нацыяналізму”)». І дадаў: «Сам падзел на два нацыяналізмы – штучны і непрыдатны». Як па мне, то прыдатны… Калі этнанацыяналізм зацыклены на мінулым і перавазе пэўнага («тытульнага») этнасу над іншымі, то грамадзянскі імплікуе прынамсі фармальную роўнасць у дзяржаве грамадзян рознага паходжання, дый робіць акцэнт на будучыні.

Стрымана стаўлюся да гаспадара tut.by Юрыя Зісера (перафразуючы вядомае выслоўе пра Міхаіла Батвінніка, Ю. Зісер – чэмпіён па раскрутцы сайта, а думае, што чэмпіён па ўсім на свеце). Але ягоны пасыл тутНацыянальная ідэя ня можа быць скіраванай на мінулае. Яна ня можа быць рэканструкцыяй чагосьці мінулага, яна скіраваная на будучыню») у прынцыпе слушны. Вышэйзгаданы эксперт пакпіў: «гэта ўсё роўна што сказаць: “Дарога Масква – Брэст павінна весці ўперад, а не назад”». Між тым рэканструкцыі на самай справе лепей пакінуць гісторыкам, мастакам, паэтам і экскурсаводам. Так, яны граюць важную ролю ў нашым жыцці, але жыццё ў цэлым – не дарога на два напрамкі…

Хапае і ў яўрэйскім асяроддзі аматараў развярнуць час ды адрадзіць «штэтл» з яго духам салідарнасці. Не цямяць бядулі-гараджане з ХХІ стагоддзя, што самі б, хутчэй за ўсё, на другі дзень уцяклі з мястэчка, якім яно было ў час свайго «росквіту» (канец ХІХ – пачатак ХХ стст.). Была там салідарнасць, але нярэдка назіраўся эканамічны ды культурны застой, з такім імпэтам выкрыты ў Мендэле, Шолам-Алейхема і – асабліва – у Іцхака-Лейбуша Пераца.

Трохі пра іншае. Забаўную шматхадовачку арганізавалі беларускія ідэолагі з нагоды таго, што брытанскае пасольства на 17 мая вывесіла вясёлкавы сцяг на сваім будынку ў цэнтры Мінска. Спярша міністэрства ўнутраных спраў у выхадны дзень, 20.05.2018, выказалася груба-груба, акурат «кепскі следчы»: «Мы – за сапраўднае, яны (ЛГБТ – В. Р.) не пройдуць!» Калі ўсчаўся шум, і за мяжой таксама, то журналістам «выпадкова» падвярнуўся «добры следчы», міністр замежных спраў РБ тав. Макей… Ён «адмовіўся каментаваць» заяву калегі з МУС, але падзяліўся «меркаваннем»: «любая структура, робячы тыя ці іншыя заявы, павінна думаць пра ўсе наступствы». За гэтае марнаслоўе яго запісалі ледзь не ў сябры ЛГБТ, а разам з тым – і Еўрапейскага Саюза 🙂 Яму ж і адзіная «нобелеўская» ў красавіку выказала давер ды спачуванне: «Макей, можа быць, і гаворыць шчыра… Але, думаю, ён таксама не вельмі трывала сябе адчувае… гляджу на Макея як на трагічную постаць…»

З майго гледзішча і Шуневіч, і Макей – шрубкі аднаго амаральнага механізма (другі нават больш небяспечны, бо лепш адукаваны). Трагічныя постаці ў сучаснай Беларусі – тыя, каго кладуць на асфальт, садзяць за краты, выганяюць з працы, душаць штрафамі… Ды насамрэч, калі падумаць, то куды ім у плане трагічнасці да былога кіраўніка лукашэнкаўскай адміністрацыі! ¯\_(ツ)_/¯

«Цытатнік ад Вольфа»

«— Таварыш, – паляпала па плячу доктарка. – Што з вамі?

Я ўздрыгануўся.

— Памажыце правесці яго ў мой кабінет, — распарадзілася доктарка. — Калі ж побач са школамі псіхбальніцы пачнуць будаваць!» (Яўген Кароткіх, «Чорны тэатр ліліпутаў», 1986)

«Адна з галоўных праблем сучаснай школы якраз і палягае ў тым, што дзяцей вучаць жыццю людзі, якія самі-то не ўмеюць жыць, і якім не зашкодзіў бы доўгі курс рэабілітацыі ў добрага псіхатэрапеўта» (блогер fritzmorgen, 25.05.2018)

«Ёсць дапушчэнне, што ў інфармацыйным грамадстве традыцыйныя классы, звязаныя ўласнасцю і сродкамі вытворчасці, замяняюцца нейкімі інфармацыйнымі супольнасцямі, г. зн. супольнасцю паводле доступу да падобных крыніц інфармацыі, паводле падабенства поглядаў, па прыналежнасці да аднаго, як гэта цяпер называецца, інфармацыйнага пухіра» (Кацярына Шульман, 17.04.2018)

«Калі дзяржава не можа прапанаваць праект будучыні, яе ясныя чарцяжы – яна бяздарна і шумна ператрэсвае труны» (Аляксей Белякоў, 25.05.2018)

«Жаба скокнула ў вогнішча. Усе ў захапленні: “Саламандра!..”», «Узбагаціўся сам – узбагаці ўран!», «Разынкі й курага – біч айчыннага хлебапячэння», «Адна галава – добра, калі яна сырная», «Акцыя: кожнай белай вароне – па чорным варанку!», «Калісьці быў перыяд ВКЛ, а хутка надыйдзе перыяд ВЫКЛ…» (Paul Dorokhin, 201?)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

28.05.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 28.05.2018  20:40

***

водгукi:

Ганкина Инесса 28 мая в 23:15

Так, памятаю гэты з’езд, таксама планую пра гэта написаць падрабязна! Зараз пишу трэцю частку сваей прозы, пачала з 80-х, скончу прыблизна 2000.

Andrei Dubinin  29 мая в 17:51

адзін з лепшых матэрыялаў В.Рубінчыка, у яго “рэтраспекцыях” заўсёды прысутнічае праекцыя ў будучыню: быццам пішучы пра мінулыя падзеі, напісанае заўсёды ўтрымлівае ў сабе “вобраз будучага”, гэта каштоўная якасць. Шкада, што маштаб Вольфа не запатрабаваны шырока((

Siarhiej Sparyš что-то похожее было у Галко
https://budimir.livejournal.com/49477.html

Siarhiej Sparyš   30 мая в 08:48

“Тогда я теоретически готов был как умирать, так и убивать во имя утверждения «белорусской идеи». Но – только теоретически. Потому что когда мне было сделано неожиданное предложение поучаствовать в этнической чистке – уничтожении цыганской слободки в Минске, я был ошарашен. Мне стало тошно. Пожалуй, именно этому случаю я обязан последующим «левым поворотом».

Человек, который предлагал «зьнiшчыць вылюдкаў» («уничтожить выродков»), начинал так же, как и я. Как культурный националист. Образованный, начитанный и с обострённым чувством справедливости. У меня есть основания полагать, что он всего лишь честно дошёл в развитии своего национализма до логического конца”

***

Алесь Рэзнiкаў па мэйлу:

Выпуск моцна ўразіў. Я раней цешыўся, што наш беларускі нацыяналізм ледзь не самы юдафільскі ў свеце, але ж не ўсё так гладка. Вялікі дзякуй за артыкул, бо старыя гнайнікі трэба ўскрываць і старыя міны размініраваць.

Дадана 5 чэрвеня  08:27

Водгук Анатоля Сідарэвіча (13.06.2018):

Макей – гэбіст, і крывавую нядзелю 19 снежня 2010 г. арганізоўваў ён — як кіраўнік адміністрацыі. Пра гэта мне казалі дасведчаныя людзі. Пра гэта я кажу замежным эсдэкам.

Бараніча першы раз бачу. Ва ўсякім разе не чуў такое прозвішча. Вячорку ведаю, братоў Івашкевічаў ведаю. Дубаўца з тае групы ведаю лепш за ўсіх, бо прыяў яму ў ЛіМе. Ніякіх антысеміцкіх і юдафобскіх выказванняў ад іх не чуў і не помню.

Пасля аднаго святкавання 25 Сакавіка да Віктара Івашкевіча займеў недавер. Калі было тое святкаванне — не памятаю, бо я не раз быў сузаяўнікам. І вось, аднаго разу пераканаўся, што Івашкевіч наўмысна ўчыніў правакацыю, каб атрымаць карцінку з брутальнымі мянтамі. Я ж у прынцыпе супраць таго, каб правакаваць бойкі, разглядаць людзей як гарматнае мяса… Гэта сацыял-дэмакратычны прынцып. І на гэтым пункце ў мяне быў канфлікт са Статкевічам. Я публічна, у «Народнай Волі», назваў яго правакатарам.

Са з’езду БНФ я памятаю, як Пушкін гарлаў пра жыдоў. Нешта ў сэнсе «далоў». І як зала няўхвальна прыняла яго. А сядзеў я побач з паўжыдкам Лявонам Луцкевічам і Сцяпанам Дуж-Душэўскім, чыйго бацьку Клаўдзія немцы кінулі за дрот за спрыянне ковенскім габрэям.

Я быў ля вытокаў БНФ, быў сведкам яго нараджэння. Ідэю нацыянальнага фронту я выказаў яшчэ ў 1987-м у лісце да Ігара Дзядкова. Але, пабачыўшы Пазняка і прысных, трымаўся на дыстанцыі, у структуры БНФ не ўваходзіў, хоць яны мяне запрашалі і я выступаў. Але быў вольны казак. Пра што яны вялі размовы ў сваім цесным коле — не ведаю. Не бываў у ім.

З’езд БНФ адбыўся ў чэрвені 1989 г. Пра год, у ліпені 1990-га, па дарозе на Грунвальд пра ідэю сацыял-дэмакратычнай партыі са мною загаманіў Міхась Ткачоў. Урэзалася ў памяць, як ужо ў дні заснавання партыі мы дружна прагаласавалі за тое, каб у анкеце не было графы «нацыянальнасць». І памятаю, як у Міхася Ткачова адзін чалавек, пра антысемітызм якога я ведаў, спытаўся, ці хрышчаны ён. Я крыкнуў: «Міхась Аляксандравіч, не адказвайце, гэта правакатар». Але Ткачоў адказаў. Аказваецца, яго хрысцілі двойчы.

13.06.2018  10:13

З адказу Уладзіміра Бараніча на resurs.by:

Сідарэвіч мяне ня можа ведаць. Я зь ім ніколі ніякіх справаў ня меў, і да Талакі з маім удзелам ён не мае ніякіх адносінаў. Хаця й асабіста сустракаўся зь ім на паседжаньнях тады яшчэ трусаўскай Грамады, зь якой я выйшаў, калі яе ачоліў Статкевіч…

Натуральна, што пра тыя далёкія часы любое маё слова будзе супраць нечага іншага. Апроч мяне, тое (пра жыдабойства), пэўна, ніхто ніколі не прызнАе. Але што мне да таго?.. Сваё былое юдафобства я прыводжу ў якасьці сьведчаньня цуду навяртаньня жыдабойцы-агностыка да габрэйскага Бога. Палітыка, гісторыя, літаратура ды іншыя чалавечыя жарсьці мяне цікавяць выключна ў гэтым ключы.
13 чэрвеня  16:56
От редактора. Напоминаю о необходимости и важности финансовой поддержки сайта.
Текст на русском и как это сделать, читайте внизу этой публикации