Як «асвоіць» ашмянскую сінагогу?

Іменна «асвоіць» будынак хоча група беларусаў, звязаных з ICOMOS – Беларускім камітэтам Міжнароднай Рады па помніках і мясцінах. Іхні спікер ужыў яшчэ слова «ператравіць» («переварить»). Пастараюся выкласці ўсё па парадку.

Яўрэі, як нагадана ў сеціўным даведніку пра штэтлы, атабарыліся ў Ашмянах (зараз – райцэнтр Гродзенскай вобласці, амаль на мяжы з Літвой, каля 17 тыс. жыхароў) у XVIII стагоддзі. Цяпер яўрэяў там можна пералічыць на пальцах, а калісьці жылі ў мястэчку як іудзеі, так і караімы. Сінагога, пра якую ідзе гаворка, фармальна адносіцца да XIX ст., але была дабудавана ў пачатку ХХ ст.; яна, паводле таго ж даведніка, уяўляе з сябе «ўзор рэдкага спалучэння мясцовай архітэктурнай традыцыі з захаваннем нацыянальнага яўрэйскага каларыту і духу Ўсходу».

25 верасня 2018 г. у зале № 14 Нацыянальнага гістарычнага музея ў Мінску адбылася цікавая імпрэза – прэзентацыя «канцэпцыі аднаўлення будынка былой ашмянскай сінагогі». Зараз камяніца належыць раённай уладзе, знаходзіцца ў аператыўным кіраванні краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча. Мы з жонкай наведалі Ашмяны ў маі 2014 г. дзякуючы Сяргею Верамейчыку і Анатолю Янецу. Заходзілі ў той краязнаўчы музей, лазілі і ў будынак сінагогі, балазе шукаць яго ў горадзе не трэба (стаіць у самым цэнтры – што характэрна, на вул. Савецкай), бачылі на сценах мудрагелістыя арнаменты… Таму, калі 20.09.2018 я атрымаў запрашэнне на мінскую прэзентацыю ад Сцяпана Стурэйкі, быў заінтрыгаваны.

Так будынак выглядаў звонку і знутры 18.05.2014

Сабралося нас, больш ці менш заінтрыгаваных, чалавек 25 – пераважна грамадскія актывісты, журналісты і музейшчыкі. С. Стурэйка запрашаў прадстаўнікоў ізраільскага пасольства – тыя не прыйшлі праз Сукот. Зразумела, «мерапрыемства» абышлося таксама без кіраўнікоў іудзейскіх рэлігійных суполак. Не было і адказных супрацоўнікаў міністэрства культуры РБ, ад якіх многае залежыць у справе рэстаўрацыі помнікаў. Вядучыя не раз шкадавалі пра адсутнасць чыноўнікаў.

На сценах залы можна было бачыць ілюстраваны расповед аб тым, што паспеў ужо зрабіць ICOMOS за апошнія паўгода. Пры дапамозе Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (дзе выкладае С. Стурэйка) і міністэрства замежных спраў Літвы зроблена, дапраўды, нямала. Найперш ідзецца аб адукацыйных семінарах: беларусы ездзілі ў Вільню, літоўцы прыязджалі ў Ашмяны і распавядалі, як яны працуюць са спадчынай – у прыватнасці, з сінагогамі – у сваёй краіне. За апошнія гады ў Літве іх адрэстаўравана пяць. У жніўні актывісты правялі сустрэчу з неабыякавымі ашмянцамі, апошнія адказвалі на пытанні: «Якіх культурных падзей не хапае гораду?», «Чаму важная яўрэйская спадчына?», «Якой вы бачыце сінагогу праз 15-20 гадоў?» Як не без гонару заўважыў сп. Стурэйка: «Мы знайшлі адказы на гэтыя пытанні».

Меркаванне мясцовых жыхароў было істотнае таму, што заяўленая мэта праекта – «прынесці ў Ашмяны літоўскі досвед захавання культурнай спадчыны з арыентацыяй на інтарэсы мясцовай супольнасці». Апытаць усю супольнасць не выпадала, але нейкую «раду» (або «кансіліум») сабралі. Арыентаваліся на такіх асоб, як Сяргей Жылік, вядучы метадыст па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела метадычнай работы дзяржаўнай установы культуры «Ашмянскі раённы цэнтр культуры». Ён выступіў адразу пасля прэзентацыі і шмат казаў пра ўнікальнасць горада з яго перапляценнем культур і канфесій, пра тое, што ідэю з аднаўленнем трэба рэалізоўваць – яна дазволіць удыхнуць у будынак «другое жыццё».

«Пэўныя захады былі зроблены і раней, – казаў С. Жылік, – што мы маглі зрабіць сваімі сіламі, зрабілі. Быў праведзены суботнік па добраўпарадкаванні галоўнай залы сінагогі. Ужо на гэтым этапе мы атрымалі сінагогу як аб’ект паказу, мемарыяльнага турызму. Іудзейская абшчына на дадзены момант не захавалася, але сінагога працягвае жыць як гісторыка-культурны аб’ект. Асноўную залу можна было б выкарыстоўваць як выставачную, у тым ліку для сучаснага жывапісу. Там павінны дэманстравацца і рэчы мемарыяльнага кшталту, звязаныя з яўрэйскай культурай».

Паводле С. Жыліка, некалькі год таму раённыя ўлады рамантавалі дах на спонсарскія сродкі, бо дах – гэта аснова захаванасці будынка. Вучні Кальчунскай школы (з-пад Ашмянаў) цягам двух тыдняў малявалі сінагогу ў рамках традыцыйных пленэраў «Малюем гісторыю разам».

Дзеці ды іхнія малюнкі

Такім чынам, нешта рабілася і раней, але ў ІCOMOS лічаць, што патрэбны «пералом», каб перанесці ашмянскі будынак з катэгорыі яўрэйскай спадчыны ў катэгорыю «сваёй». С. Стурэйка разважаў прыкладна так: «Наша пазіцыя была – не рабіць яшчэ адзін музей, або, дакладней, рабіць не толькі музей. Думалі і пра акупляльнасць будынка за кошт продажу рамесных вырабаў – каб цэнтр традыцыйных рамёстваў працаваў у гэтым жа будынку. Зрабілі ацэнку акустычных якасцей прасторы – якасць добрая, у тым ліку для правядзення канцэртаў. Можна было б адкрыць і кавярню».

Гэткія «напалеонаўскія» планы, натуральна, абудзілі сумневы ў некаторых слухачоў. Паступіла пытанне з залы: «Як мінскія яўрэйскія суполкі ставяцца да вашых праектаў?» На яго досыць эмацыйна адрэагаваў Антон Астаповіч, начальнік Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, датычны да справы аднаўлення будынка: «А пры чым тут мінскія? Сінагога не мае такіх маральных перашкод, як хрысціянскія храмы; яна была не толькі месцам для малітваў, у ёй часам вяліся дзелавыя перамовы, ладзіліся ўрачыстасці… Таму адноўлены будынак можа быць шматфункцыянальны». Сп. Астаповіч адказаў заадно і на пытанне аб магчымай перадачы будынка на баланс яўрэйскай арганізацыі: «Што мы бачым у Івянцы? [Улады] перадалі былую сінагогу, а рэлігійнае аб’яднанне здало яе ў арэнду пад краму будматэрыялаў. Перадалі будынак ешывы ў Валожыне – і ён амаль увесь час стаіць зачынены».

«Асобныя чальцы яўрэйскай абшчыны нас падтрымліваюць, асобныя – не вельмі, – заявіў С. Стурэйка. – Мы адкрытыя, наколькі можам. Ніхто не супраць таго, каб у будынку гучала яўрэйская музыка, гатаваліся яўрэйскія стравы. Але носьбітаў гэтай культуры ў Ашмянах, на жаль, няма. Займацца тэатралізацыяй? Ізноў жа, я не супраць, але тады гэта павінна быць якасная тэатралізацыя». Гэты дыпламаваны менеджар у сферы культуры хоча ажыццявіць у Ашмянах «узорны праект», каб яго можна было «мультыплікаваць», то бок распаўсюдзіць на іншыя 30 занядбаных будынкаў беларускіх сінагог (у Слоніме, Бабруйску, Ізабеліне…)

Зрэшты, усё пералічанае накрэслена «віламі па вадзе»: міністэрства культуры пакуль што не зацвердзіла нават план работ у Ашмянах. Каменем спатыкнення сталася… лесвіца. Чыноўнікі з міністэрства лічаць, што ўваходзіць наведвальнікі павінны праз першы паверх, Ігар Раханскі, кіраўнік праектнага бюро пры ICOMOS, мяркуе іначай. Ён хоча, каб госці крочылі звонку на другі ярус, дзе было жаночае аддзяленне сінагогі, так званы «бабінец». Тым часам на першым, аварыйным паверсе будуць працаваць рэстаўратары. Праём, праз які цяпер заходзяць турысты ў сінагогу, сп. Раханскі прапануе закласці, бо ён выводзіць на былы «арон-койдэш», а гэта непрымальна для вернікаў. Архітэктар падкрэслівае: «Пакуль што ўсё робіцца за мой кошт; добра, што Сцяпан дапамог, прыцягнуў грошы з Еўропы. Калі не рабіць лесвіцу на другі паверх, мне не цікава».

С. Стурэйка (злева) і І. Раханскі

Зараз А. Астаповіч распрацоўвае для міністэрства абгрунтаванне, каб давесці, што лесвіца ў ашмянскай сінагозе была і да Другой сусветнай вайны, што падобным чынам выглядалі і іншыя ўсходнееўрапейскія сінагогі…

Адмысловец даводзіць сваю рацыю на прыкладзе сінагогі Белза

Падобна, справа-то не так у лесвіцы, як у тым, што міністэрства – за «суцэльную рэстаўрацыю», калі рамантуецца ўсё і адразу. На думку некаторых спецыялістаў, гэта доўга і дорага; у ІCOMOS лічаць, што будынак можна і трэба ўводзіць у эксплуатацыю паэтапна, шляхам «народнай рэстаўрацыі». Праўда, на думку І. Раханскага, ні адзін прыватнік не пацягне рэстаўрацыю ўнікальнага жывапісу малельнай залы: «тут нам не абысціся без дапамогі дзяржавы». У той жа час ён канстатаваў: «мы разумеем, што знайсці грошы на ўсё немагчыма, дзяржаўнага фінансавання няма».

Як бы ні было, С. Стурэйка настроены аптымістычна: «Прынамсі дзве задачы праекта выкананы. Па-першае, лёс сінагогі абмяркоўваецца шырока, у нацыянальным маштабе. Па-другое, удалося сабраць уплывовых ашмянцаў, неабыякавых грамадзян. І па вялікім рахунку, усё мы робім правільна».

Пад канец прэзентацыі выступіў паважаны госць – былы намеснік міністра культуры, галоўны рэдактар «Краязнаўчай газеты» Уладзімір Гілеп: «Мы практычна адсябечылі яўрэйскую культуру. Адштурхоўванне ішло на працягу многіх дзесяцігоддзяў. А між тым гэта наша гісторыя, беларуская спадчына». Сп. Гілеп узгадаў думкі гісторыка Леаніда Лыча наконт музея ідыша ў Беларусі, якія абмяркоўваліся і ў «Краязнаўчай», і на belisrael.info. Паводле Уладзіміра Аляксандравіча, у мурах ашмянскай сінагогі можа быць музей («не трэба баяцца гэтага слова»), але сучасны, многафункцыянальны; няхай там ладзяцца канцэрты яўрэйскай, беларускай музыкі, ды хоць бы і Штраўса. Аднак найперш трэба зрабіць так, каб «радавы чын міністэрства культуры сказаў: я – за!». «Гэта самае цяжкае», – дадаў Ул. Гілеп.

На пярэднім плане Уладзімір Гілеп; побач з ім – пісьменнік, экс-міністр культуры і друку Анатоль Бутэвіч

Я выйшаў з музея на вуліцу Карла Маркса са змяшанымі пачуццямі. З аднаго боку, даволі крыўдна, што яўрэйскія арганізацыі трымаюцца – або ўтрымліваюцца – на дыстанцыі ад ашмянскай сінагогі. З другога – крытычныя выказванні А. Астаповіча ў гэтым выпадку мелі пад сабой пэўны грунт… І, мабыць, добра, што будынак хоць неяк служыць – ды яшчэ паслужыць – «мясцовым супольнасцям», што б гэта ні значыла.

А вось з рэплікамі на адрас пацярпелага ад кіраўніцтва «Белсату» (кшталту «Звольнілі – значыць, было за што») згадзіцца ніяк не магу

Тэхналагічна прэзентацыя была выканана на высокім узроўні, дый у кампетэнтнасці адмыслоўцаў я не сумняюся. Але… што будзе, калі міністэрства заўпарціцца? Уся падрыхтоўчая праца пойдзе ў глум? А можа быць, працэс у гэтай справе важнейшы за вынік? Карацей, пакуль канчаткова не вырашыў, як ставіцца да ўбачанага і пачутага 25 верасня. Хіба што вы, шаноўныя чытачы, падкажаце?

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

26.09.2018

Апублiкавана 26.09.2018  22:23

***

Водгук
Аліна Федарэнка (г. Мінск). Дабротны будынак! Лічу, што калі там не будзе хоць чаго-небудзь — прападзе. А шкада — спадчына…  (05.10.2018  14:36)