Tag Archives: Ричард Лахман

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (104)

Шаломчыкі-вітанкі! Па шматлікіх просьбах нешматлікіх чытачоў – колькі слоў пра настойлівае прасоўванне «сапраўднага падпалкоўніка» ў прэзідэнты… А потым пра першасакавіцкае шоў у мінскім павільёне «Белэкспа».

На развагі з мінулай серыі адгукнуўся Сяргей Спарыш – генеральны сакратар партыі, якую ўзначальвае Мікалай Статкевіч. Сп. Сяргей настойвае, што артыкул у «БелГазете», дзе трохі пакпілі з А. Анісім і са сп. Міколы, – «пасквіль», бо «аўтар чамусьці забыў” пра буйныя акцыі, арганізатарам або адным з арганізатараў якіх быў М. Статкевіч».

Не думаю, што палітызаваная публіка забылася, напрыклад, на «Марш свабоды» 1999 г., калі на вуліцы Мінска выйшлі дзясяткі тысяч… (у выніку на М. Статкевіча была заведзена крымінальная справа). У 2004 г. палітыка, разам з Паўлам Севярынцам, судзілі і за арганізацыю масавых пратэстаў супраць вынікаў рэферэндуму, калі ў цэнтр сталіцы вырушылі тысячы людзей.

Ды ўсё ж многа вады сцякло з тае пары; снежаньскія падзеі 2010 г. таксама належаць гісторыі. У апошні час «адзіны кандыдат, хто можа» збавіў абароты. Напрыклад, колькасць удзельнікаў акцыі «За мірную Беларусь» у верасні 2017 г. (супраць вучэнняў расійскіх войскаў на тэрыторыі Сінявокай) не перавысіла 200, а летась на шэсце з нагоды Дня волі – афіша, калі помніце, была рэпрадукавана тут – М. Статкевіч не сабраў і сотні. Так, напярэдадні 25.03.2018 яго партыйных нукераў ды паплечнікаў па «Беларускім нацыянальным кангрэсе» затрымалі, але тэарэтычна гэта магло, наадварот, узмацніць пратэст… Не ўзмацніла.

Усё гэта наводзіць на думку, што рэальны ўплыў М. С. і яго партыі на грамадства, нягледзячы на працяглыя адседкі мужнага лідара, досыць абмежаваны. Ніхто не забараняе прасіць: “Не кажыце “Анісім, Статкевіч, Лябедзька, Пцібурдзюкаў і інш.” Ёсць Статкевіч і ёсць усе астатнія, якіх няма». Аднак я пакуль што не бачу карціны з палітычным Гуліверам на фоне квазіапазіцыйных ліліпутаў, чаго не хаваў і ў снежні 2018 г. Ну, можа, яшчэ ўбачу.

А што з віртуальным уплывам? «Паглядзіце статыстыку наведванняў сайта М. Статкевіча», – параіў С. Спарыш 27.02.2019. Што ж, на наступны дзень паглядзеў, і статыстыку рэсурса «Народнай грамады» таксама:

Гэтыя паказнікі ўражвалі б гадоў 15 таму, але не цяпер, калі мільёны беларусаў карыстаюцца нэтам. Кур’ёзна, што на самім statkevich.org віселі «крыху» іншыя лічбы наведвання 😉

Я, бадай, аддам перавагу незалежным падлікам. Пагатоў каментаў на рэсурсе М. Статкевіча вобмаль: у лепшым выпадку па 1-2 на матэрыял. А загалоўкі баявітыя: «Ламаем сцэнар рэжыма», etc.

І другі раз (пасля лютага 2017 г.) – пра «Вялікую Размову». Нават не хочацца ўстаўляць карыкатуркі… Прадублюю абзац з даўняй 40-й серыі:

Якой бы «адкрытай і чэснай» ні была размова з публікай, няможна зацягваць яе на 7 гадзін 20 мінут. Гэта парушэнне як агульнапрынятых санітарных норм, так і Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а менавіта арт. 134: «Работнікам выдзяляецца на працягу працоўнага дня перапынак для адпачынку і харчавання даўжынёй не менш за 20 мінут і не больш за дзве гадзіны, які выкарыстоўваецца работнікам паводле яго меркавання». Фактычна журналістам і прэс-службе навязалі цэлы працоўны дзень без перапынку: à la guerre comme à la guerre, аднак іх «мабілізавалі» ў мірны час, у мірнай, здавалася б, краіне.

Дарэчы, калі пазаўчора блізу 9:25 ехаў па вул. Арлоўскай паўз «Белэкспа», то заўважыў, як туды заязджала «хуткая», і не абы-якая, а рэанімабіль. Яшчэ падзівіўся: што фатальнага можа здарыцца з удзельнікамі за 4,5 гадзіны (менавіта столькі адводзіла на перадачу з імпрэзы афіцыйнае тэлебачанне: 10:30 – 15.00)? Аднак арганізатары яўна лепей ведалі свайго боса: імпрэза цягнулася, як пазалетась, амаль 7 з паловай гадзін. За гэты час, вядома, кагосьці мог схапіць які-небудзь гіпертанічны крыз… Сядзелі ж вакол стала дыяметрам 12 метраў (прадмет гонару тэлежурналістаў) не толькі маладыя лука-рыцары, а і ветэраны.

Няблага, што сёлета даўмеліся зрабіць «санітарны» перапынак на 10 мінут, хоць гэта ўсё адно не адпавядае працоўнаму заканадаўству (гл. вышэй). Ну, калі-небудзь і на 20 раздобрацца; секчы котцы хвост па частках – «фішка» тутэйшага чынавенства… Праўда, баюся, к таму часу ніхто ўжо не патэпае на гэткія сустрэчы, беручы пад увагу іх саматужна-рэкламна-піярны змест.

За відэатрансляцыяй сачыў мінут 45, потым абрыдла. Наўрад ці нават самы сервільны сацыёлаг у Беларусі пацвердзіць, што акурат 98% жыхароў краіны настолькі шануюць суверэнітэт, што прагаласуюць супраць далучэння РБ да Расіі. Мяркую, такіх аказалася б усяго ад 65 да 75 працэнтаў – у залежнасці ад фармулёўкі пытання. Нямала ўсё ж у нас і «запуцінцаў», якія прагнуць паўтарыць крымскі сцэнарый, і проста абыякавых.

Яшчэ адна аблудная прапорцыя – «50 на 50», скарыстаная ў звароце да «насельніцтва»: «За 50 працэнтаў вашага дабрабыту адказваю я, за 50 – вы самі». На практыцы гэта выяўляецца ў наступным: за васьмігадзінны працоўны дзень, яшчэ захаваны ў заканадаўстве, у дзяржаўных і кантраляваных дзяржавай арганізацыях пераважнай большасці работнікаў плацяць палову ад таго, што трэба для дастойнага ўзроўню жыцця, гарантаванага Канстытуцыяй РБ (арт. 21). Далей – круціцеся як знаеце: працуйце на 2 стаўкі, афармляйце статус рамесніка/індывідуальнага прадпрымальніка… У кароткатэрміновым перыядзе (in the short run) нейкі плён ад такога «варушэння» ёсць: растуць ВУП, сярэдняя зарплата. У перспектыве яно разбуральнае і для чалавечага капіталу, і для «народнай гаспадаркі», бо якасць зробленага, зразумела, зніжаецца. Што не менш істотна, лезе ўгару напружанне ў калектывах, дзе даходзіць да «грызні» за дадатковыя гадзіны (напрыклад, сярод універсітэцкіх выкладчыкаў). Дзіва што кадры вымываюцца з краіны… Але прынцып адміністрацыі «нам бы дзень прастаяць» дзейнічае надалей; дэ-факта ён ухвалены «наверсе».

Гэтым разам в. а. цара не самасцвярджаўся за кошт яўрэяў і Ізраіля, пахваліў і літасціва паслухаў бізнэсоўца Машэнскага – o, дзякуй у шапку!.. Затое паспрабаваў дакалупацца да беларускага журналіста Змітра Лукашука, які працуе на радыёстанцыю з галоўным офісам у Варшаве – маўляў, той мае адказваць за летуценні польскіх шавіністаў аб уз’яднанні «крэсаў усходніх».

Cхільны згадзіцца з тымі, хто кажа, што «піяр-акцыя» гр-на Лукашэнкі праляцела міма касы. Дапраўды, за чвэрць стагоддзя ўсё ўжо гаворана-перагаворана, і адчувалася, што прамоўца захрас у 1990-х. Падобна, ён хацеў вярнуцца ў тую эпоху, калі бойка граміў карупцыянераў, «нячэсных журналістаў», «апазіцыю»… У 2019 г. нават хлопчыкаў для біцця спарынг-партнёраў падабраў са сваёй палітычнай маладосці. Першага сакавіка імі выявіліся Валянцін Голубеў, Іосіф Сярэдзіч, Алег Трусаў… і прымкнуўшы да іх Яраслаў, выкрывальнік беспарадкаў.

Маё пытанне да прамоўцы, адпраўленае 27.02.2019 («Чаму б Вам добраахвотна не сысці ў адстаўку з пасады прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта?»), агучана не было, хоць я ведаю, што ў агенцтве БелТА, якое збірала «галасы народныя», яго атрымалі. Пытанне менш наіўнае, чым выглядае; калі «першая асоба» дэманструе кепскі прыклад сумяшчэння дзвюх адказных пасад, кожная з якіх вымагае пастаяннай працы, то іншым чыноўнікам таксама карціць… У выніку «сумяшчальнікі», як правіла, нідзе не працуюць з поўнай самааддачай, да таго ж губляецца сам сэнс грамадскай дзейнасці (калі яна – «даважак» да пасады, то пры чым тут грамадскасць?)

Я спаслаўся на абяцанку Рыгорыча штоквартальна кіраваць пасяджэннямі выканкама НАК, дадзеную 30.05.2017 і згаданую тут, а потым і тут. Не прамінуў падкалупнуць: «Колькі разоў правялі “пашыраны выканкам пад кіраўніцтвам Прэзідэнта” за мінулыя паўтара года, г. зн. шэсць кварталаў? Адзін раз? Два?» Пакуль што ведаю пра адзін выпадак – 07.09.2017. Абяшчаліся і штогадовыя «выніковыя сходы Нацыянальнага алімпійскага камітэта» з удзелам Прэзідэнта ды вырашэннем «самых праблемных пытанняў» – гэй, хто-небудзь, пераканайце мяне, што такія сходы прайшлі ў 2017 і ў 2018 гг. 🙂

Працяглая ІБД непазбежна вымотвае як самога імітатара, так і яго каманду. Таму я аптымістычна веру, што першы прэзідэнт не быў бы супраць элегантна «закругліцца». Пры цяперашнім стане палітыкуму цалкам імаверна, што ён выйграе «выбары» 2020 г., аднак болей не захоча рызыкоўных кампаній (ужо і цяпер сістэма працуе больш па інэрцыі, на «пердячем пару») і сыдзе ва ўзросце каля 70 – магчыма, на манер Ельцына, знайшоўшы пераемніка. Не выключаю, што пошук вядзецца, і дапускаю, што ім будзе… Ну, хто б вы думалі? Прысылайце свае варыянты, а я потым напішу, хто, як мне здаецца, мае найвялікшыя шансы.

У заклад ісці не планую: па-першае, выбар канкрэтнай асобы ўвогуле цяжка прадказаць, па-другое, леташняя прапанова закладу была стрымана ўспрынята чытачамі «Катлет & мух». Прасцей кажучы, не азваліся.

К сярэдзіне 2020-х гг. выйдзе з няпоўналецця Мікалай Лукашэнка. Ён больш зразумее ў жыцці і наўрад ці будзе ў захапленні, што тата шмат гадоў ім прыкрываўся… Значыць, у Лукашэнкі-старэйшага прыбавіцца клопатаў: Коля – не «народзец», ад яго высокім плотам і калючым дротам сябе не аддзеліш.

З боку не адно клеркаў, а і буйных урадоўцаў усё часцей назіраю імкненне трымаць дыстанцыю ад найбольш адыёзных праяў рэжыму. Так, першы намеснік прэм’ер-міністра днямі раскрытыкаваў сістэму, у якой для выкупу сталоўцы ў Нясвіжскім раёне спатрэбілася яго, турчынская санкцыя. Наступным крокам можа стаць прызнанне, што дырэктывы Лукашэнкі пра дэбюракратызацыю (2006) і пра стымуляванне прадпрымальніцкай актыўнасці (2010) за столькі гадоў, незважаючы на «жэстачайшую вертыкаль», не дайшлі нават да чынавенства прылеглай вобласці. Тады які быў сэнс?! Лагічна дапусціць, што і з падпісантам было «не ўсё так» яшчэ ў 2000-х гадах.

Ну і, нарэшце, у 2024 г. чакаецца змена ўлады ў Крамлі, што таксама адкрывае «акно магчымасцей».

PS. Мае развагі не варта ўспрымаць як параду альтэрнатыўным сілам «склеіць ласты» і пасіўна чакаць перамен да 2024–2025 гг. Калі нехта адчувае, што здатны перамагчы «Лукашэску» налета – на здароўе.

* * *

Пад канец лютага нейкія вандалы сапсавалі ў Віцебску мурал з выявай Марка Шагала, раней паказаны тут сярод дасягненняў краіны. Спецыяліст казаў 26.02.2019: «Не ведаю, ці можна паправіць». Аднак ужо 28-га твор быў адноўлены дзякуючы Глебу Каштанаву (разам з Янам Кузьміным – сааўтар многіх віцебскіх муралаў, у т. л. шагалаўскага) і Юрыю Дубоўскаму. Тым часам іншы мастак, Андрэй Дубінін з Мінска, чытач і аўтар belisrael.info, скончыў іншую важную работу – намаляваў новы герб для Вялікага магістра Мальтыйскага ордэна (!) Не ўсё страчана ў Беларусі 😉

 

Я. Кузьмін (справа) і Г. Каштанаў; рэстаўраваны партрэт па стане на 27.02.2019. Фота з tut.by

«Вольфаў цытатнік»

«Доказы не могуць быць ані старымі, ані маладымі; яны або важкія, або недастатковыя, вось і ўсё» (Эрыка Малатэста, пачатак ХХ ст.)

«Большасць страйкаў капіталу эфектыўныя. Урады адступаюць і робяць усё, што капіталісты патрабуюць у абмен на аднаўленне інвестыцый» (Рычард Лахман, 20.02.2019)

«Машына ўлады, людзі, якія ўнутры яе знаходзяцца, жывуць увогуле ў сваім свеце шмат у чым. У іх там свае СМІ, свая сістэма прыярытэтаў, свой парадак навін, які абсалютна адрозніваецца ад таго, што вам здаецца агульнавядомым, агульнапрызнаным… Ваша прызнанае прызнана толькі вамі. Каб гэта прызналі тыя, хто прымае рашэнні, трэба зусім асаблівым чынам да іх неяк дагруквацца» (Кацярына Шульман, 26.02.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

03.03.2019

Апублiкавана 03.03.2019  21:34