Tag Archives: Объединенная гражданская партия

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (100)

Шалом! Ну во, дажыліся – кшталт «вялікага юбілею»… Хацеў бы назваць тых, каторыя не адмаўляліся супрацоўнічаць з серыялам «Катлеты & мухі» (est. 2015). Гэтыя людзі давалі каментарыі, слалі водгукі і/або матэрыял для будучых серый, цытавалі асобныя выпускі, бывала, зацята спрачаліся з аўтарам: Маргарыта Акуліч, Уладзімір Бараніч, Сяргей Будкін, Інэса Ганкіна, Юрась Гарбінскі, Уладзімір Гінзбург, Якаў Гутман, Зміцер Дзядзенка, Андрэй Дубінін, Алена Ждановіч, Фёдар Жывалеўскі, Алег Зелянцоў, Ігаэль Іегудзі аka Косця Лук, Леў Казлоў & Галіна Кур’яновіч, Сяргей Каспараў, Павел Касцюкевіч, Уладзіслаў Каташук, Васіль Кісляк, Зміцер Левіт, Дзмітрый Лыбін, Антон Лявіцкі, Людміла Мірзаянава, Гена (Гдалія) Пекер, Ігар Пушкін, Аляксандр Розенблюм, Дзмітрый Рослаўцаў, Святлана Рубінчык, Уладзь Рымша, Пётр Рэзванаў, Алесь Рэзнікаў, Павел Севярынец, Анатоль Сідарэвіч, Іна Соркіна, Сяргей Спарыш, Анатоль Старкоў, Віктар Сяргейчык, Юрый Тэпер, Аліна Федарэнка, Васіль Фрэйдкін, Алекс Фурс, Фелікс Хаймовіч, Віталь Цыганкоў, Раман Цыперштэйн, Андрэй Шуман, Ганна Янкута… Усім і кожнаму – мех падзяк! І два мяхі – рэдактару belisrael.info Арону Шусціну, які звыш сарака месяцаў церпіць гэта во ўсё :-/

Былі поспехі, мільгалі няпоспехі – да прыкладу, няспраўджаныя прагнозы. Суцяшаю сябе трывіяльна: маўляў, з кожным здараецца (а як яшчэ?). «Жырыноўскі па ўсіх параметрах не дацягвае да палітычнага лідара. І таму ў яго няма будучыні», – казаў пасол Расіі ў Ізраілі Аляксандр Бовін у інтэрв’ю «Новостям недели» (красавік 1994). І ў сваім дзённіку 1993 г. «чалавекавед» Бовін (1930–2004) занатаваў пасля першых выбараў у Дзярждуму: «Упэўнены, што за межы ХХ стагоддзя ён не выйдзе. Як палітычны лідар, зразумела». «Несапраўднага пасла» няма, а палітык на літару «Жэ» ёсць – летась атрымаў на расійскіх прэзідэнцкіх выбарах мільёны галасоў, трапіўшы ў тройку, як тое ўжо здаралася ў 1991 і 2008 гадах… ЛДПР выглядае – не скажу, што стала – амаль рэспектабельнай партыяй, і сёлета Аляксей Навальны ўжо гатовы падтрымаць яе кандыдата ў Піцеры (кажа, абы не ад «Адзінай Расіі»).

Ва ўсіх сэнсах бліжэйшы да нас прыклад – з Вадзімам Іосубам, папулярным у СМІ аналітыкам нейкага фінансавага агенцтва. Будзе казаць 28.01.2019: «На тыдні, які пачаўся…, еўра можа патаннець, знізіцца да 2.42» А паглядзіце, як на тыдні мяняўся курс:

Інфа з https://myfin.by/currency/eur (28.01.2019 – 03.02.2019). Cіняя лінія – курсы куплі, чырвоная – продажу. Еўра з 2.45 падаражэў да 2.47 руб., г. зн. амаль на 1%.

«Геапалітычных» прагнозаў апошнім часам таксама ў нас робіцца – хоць экспартуй іх аўтараў, хоць мяняй на коз, як летась зрабілі ў Турцыі з футбалістамі… Адзін фацэт варожыць, што Расія наўрад ці праглыне Беларусь, другі – што пагроза рэальна існуе, і жаліцца, што ў яго магчымасці расплюшчыць людзям вочы на пагрозу ў 100 разоў меншыя, чым у першага. То звярнуўся б на belisrael.info, чо 🙂 А папраўдзе, усе гэтыя накіды – ва ўмовах высокай ступені нявызначанасці ды недахопу інсайдэрскай інфы – нагадваюць эпізод з бессмяротнага гогалеўскага твору («даедзе кола да Масквы альбо не»).

Карацей, няма чаго быць мудрацом у вачах сваіх. Я-то не толькі да псеўдаэкспертаў, я і да сябе з іроніяй стаўлюся; яны – не ведаю.

Наказы в. а. цара наконт чарговага «ператрахвання» школьных праграм – гэта чысты Фанвізін, «Недарасль». Да таго ж касец, жнец і на дудзе ігрэц папракае настаўнікаў высокімі заробкамі – «ужо за 900 рублёў у сярэднім». Добра, што я не ў сістэме ды не мушу падпарадкоўвацца дурным загадам; уціск, відаць, такі, што і зорка «Радыё Свабоды» Ганна С. вырашыла для сябе «ненавідзячы, падпарадкоўвацца».

З другога боку, амбіцыі грамадскіх дзеячаў – тых, якія заяўляюць пра прэтэнзіі на галоўны фатэль краіны – таксама вылазяць аднекуль з паралельнай рэальнасці. У пачатку 2019 г. «адзначыліся» Мікола Статкевіч, ягоны цёзка Казлоў (нават не старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а в. а.), Алена Анісім, якая замахнулася ажно на 40% галасоў выбарцаў… Пра ўсіх названых ужо разважаў: у прыватнасці, тут, тут і тут. Пільныя чытачы лёгка здагадаюцца, як я трактую шансы гэтых «кандыдатаў у кандыдаты» на наступных «выбарах». Ну, прынцып «не дагонім, дык хоць сагрэемся» ніхто не скасоўваў 🙂

Разумею тых, хто кажа, што выбараў няма. Дапраўды, апошні раз вылучэнне кандыдатаў мела нейкі сэнс у 2001 г., калі «вертыкаль» і Ліда Я. вырашалі меней (мелася больш-менш незалежная федэрацыя прафсаюзаў, не было амаль усёахопнай кантрактнай сістэмы, сеціва ідэолагаў; многія захоўвалі спадзевы на расійскіх дэмакратаў і Захад, на «еўрапейскія каштоўнасці» ўвогуле). І ўсё-такі… сітуацыя непрадказальная. Хто ў лютым 1989 г. прадбачыў, што ў сакавіку 1990 г. з Канстытуцыі СССР выкінуць артыкул пра «кіруючую ролю» КПСС, а ў ліпені кансерватыўны ў цэлым Вярхоўны Савет БССР заявіць пра суверэнітэт Беларусі? Цяжка мне пагадзіцца з Сяргеем Спарышам, які заранёў ацэньвае прэзідэнцкую кампанію у РБ-2020: «[Ігар] Барысаў або [Ганна] Канапацкая дакладна не будуць буяніць».

Дарэчы, канструктыўная ідэя (нават дзве), як папярэдне адбіраць кандыдатаў – і кандыдатак – на вышэйшую пасаду. Трэба, каб яны прачыталі Біблію, прынамсі Пяцікніжжа, і здалі іспыт на разуменне прачытанага. Вернікамі быць ніхто не прымушае, аднак Біблія – збор тэкстаў, на якія абапіраецца палова чалавецтва, дык трэба, каб тутэйшыя хоць бы збольшага сяклі паляну арыентаваліся, каб на самітах было пра што размаўляць…

Ну, асабіста я пускаў бы ў белпрэзідэнты толькі тых, каторыя чыталі мае кнігі і сёе-тое ў іх зразумелі 🙂 Дальбог, «Выйшла кніга» (2017) & «Выбраныя катлеты і мухі» (2018) таксама здольныя служыць «шыбалетам», гэткім пропускам у вялікую палітыку. Ведаю, што крыху перабольшваю, але з нагоды юбілейчыку – дапушчальна. Дый пісьменнік Максім Клімковіч зацікавіўся «Выбранымі катлетамі…», а чым ён горшы за палітыкаў? 😉

М. Клімковіч у час аўтограф-сесіі Андрэя Федарэнкі; сам А. Федарэнка. Фота В. Р. і racyja.com, Мінск, 31.01.2019

Усё яшчэ ёсць ахвотныя ўспомніць пра далукашэнкаўскую Рэспубліку Беларусь (гл. ранейшыя згадкі ад Ю. Тэпера, П. Рэзванава, А. Рэзнікава…). Зараз эстафетка перадаецца мінскаму мастаку.

Андрэй Дубінін (1963 г. нар.):

Асаблівых сігналаў са знешняга свету ў маім дзённіку не зафіксавана ў тыя гады. Я выкладаў у ліцэі, быў паглыблены ў працу… Да таго ж у 1992 годзе нарадзіўся першы сын, і часу было вобмаль. Але, мабыць, галоўная прычына апалітычнасці – мы (купа рэстаўратараў) свой пік прайшлі ў 1990 годзе, калі шчыльна ўлучыліся ў выбарчую кампанію ў Вярхоўны Савет па Фрунзенскім раёне Мінска, я стаў даверанай асобай работніцы Белрэстаўрацыі Элеаноры Вецер, мы ў майстэрні ўручную рабілі ўлёткі з анёлам і тэкстам «Будзе песьня – будзе і хлеб» (тады камуністыя ўсё казалі «будзе хлеб – будзе і песня»; маўляў, спачатку дайце кіўбасы людзём, а тады і мова падцягнецца). Штовечар абыходзілі кватэры па ўсім раёне, я асабіста амаль усе дамы абышоў і тлумачыў-усміхаўся-жартаваў-абаяў-агітаваў… Дамоў вярталіся апоўначы. Нашым праціўнікам быў Генадзь Карпенка, памятаю сходы па школах, асабліва запаў выступ Уладзіміра Папругі – таленавіты прамоўца быў. Мы крыху саступілі Карпенку, але з нашым рэсурсам – проста рамантычны палёт і ніякіх грошай, плюс мастацкае ўкладанне – гэта была перамога. Мы тады так улезлі з вушамі ў гэтую справу, што пасля ўжо, відаць, была адваротная рэакцыя – замкнуцца ў сваёй Вежы-Басталіі.

Толькі ўскосна на семінарах наш настаўнік Алег Хадыка часам чапляў актуаліі. Напрыклад, 5 лютага 1992 г. ён казаў: «Мы знявечаны тым, што не было сецэсіі, буржуазнага перыяду. Чурлёніс (у літоўцаў) а ў нас толькі Чуркін. І трэба ўзнавіць Міцкевіча, сентыменталізм, сентыментальны беларускі план. Данчык можа зрабіць больш за ўсіх. Самыя страшныя для беларускага народа беларускія прадаўшчыцы (гэта быў цэлы клас людзі пры размеркаванні ядомага). Пазняк хацеў беларусізаваць прадаўшчыц, а яны толькі вырваліся (з вёскі ў рускамоўную цывілізацыю)… Прадаўшчыц зараз можа адзін Данчык уработаць…»

* * *

Даволі годна прайшлі «міжнародныя дні Халакосту» ў Беларусі: традыцыйны канцэрт «Жоўтыя зоркі» ў дзяржфілармоніі, сюжэт на тэлебачанні з інтэрв’ю былых вязняў Мінскага гета Якава Краўчынскага і Фрыды Лосік (Рэйзман)… А найбольш крэатыўна, здаецца, павялі сябе актывісты ў Гродне – зладзілі «анімацыйную экскурсію» па тэрыторыі гета № 1.

Хто чытаў і канспектаваў «Катлеты з мухамі», той ведае: да тутэйшых сацыялагічных выбрыкаў я доўга ставіўся або скептычна, або… монапенісна. Але ж надоечы прачытаў інтэрв’ю дырэктара акадэмічнага інстытута сацыялогіі – прызначанага з паўгода таму – і нутром адчуў, што не ўсё яшчэ страчана. Кандыдат навук, якому ў сакавіку 2019 г. споўніцца 40 год, «шарыць» не толькі ў анкетах; яго не без падстаў раскручваюць як галоўнага драконазнаўцу Сінявокай. Агулам, чалавек, дарма што намагаецца «падфарбаваць» дзяржаўную ідэалогію (паклаўшы ў яе падмурак міфалогію беларусаў) транслюе разумныя думкі, напрыклад:

Беларусы глыбока ўсведамляюць сябе як асобную нацыю са старажытнай гісторыяй і самастойнай дзяржавай. Успрыманне сябе як малодшых братоў расійцаў або палякаў – чужы, навязаны звонку стэрэатып…

Ад навукоўцаў патрабуюць хуткага выніку. Усё гэта вельмі негатыўна адбіваецца на навуцы як на сферы прадукавання новых ведаў, таму што досвед паказвае: са 100 заяўленых даследаванняў толькі 10 даюць вынік. З гэтых 10 актуальную выгаду прыносіць толькі адно. Але, калі не фінансаваць усе 100, то і аднаго прарыву (у БССР 192030-х «прарывам», у адрозненне ад «пералому», называўся правал, у цяперашняй РБ – поспех; значэнне слоў з цягам часу мяняецца – В. Р.), здольнага акупіць усе выдаткі, не будзе.

Да таго ж новы дырэктар не без гумару: у сваім блогу посціў нямала «вясёлых карцінак», праўда, перад тым, як заняў адказную пасаду. Пра радыё і папоў – не новая, сустракаў яе гадоў трох таму ў Аляксея Вішні (між іншага заўважу: з такімі «сябрамі», як Вішня, Віктару Цою і ворагаў не трэ’ было мець). Тым не менш:

«Недзе на раёнчыку»; «Суб’ект-аб’ектная інверсія» (узята адсюль)

«Вольфаў цытатнік»

«Культура – гэта сістэма табу, а мастацтва – гэта сістэма пераадолення табу» (Міхаіл Швыдкой, 24.02.2018).

«Брак даверу да медыяў, спалучаны з пачуццём бездапаможнасці ў вырашэнні ўсё вастрэйшых эканамічных, сацыяльных і палітычных праблем, паспрыяў распаўсюду тэорый змовы па ўсім свеце» (Мана Неестані, iranwire.com, 27.11.2018)

«Дарога – гэта сіла, у якой няма канца» (БГ, песня пра «смарагдавыя дні», 2019)

«Агульны прынцып: у публічнай прасторы найбольш выгадныя актывы заўсёды маскіруюцца пад стратныя… Смецце — гэта рэсурс XXI стагоддзя» (Кацярына Шульман, 15.01.2019)

«Каб цешыцца з перамен, трэба, каб было нязменнае: велічэзная тоўшча жыцця, якая паўтараецца, рэпрадукуе сябе» (Уладас Павілайціс, 22.01.2019)

«Барацьба за падвышэнне зарплат — гэта барацьба з карупцыяй. Проста знізу» (Аляксей Навальны, 24.01.2019).

«Быць беларусам у Еўразвязе – гэта ўсё роўна што быць габрэйскім хлопчыкам у савецкай школе. Намагаешся быць лепшым, каб даказаць, што ты як усе» (Paval Kasciukevič, 24.01.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

03.02.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 03.02.2019  18:47

***

Поддержать сайт 

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (77)

Шалом, ён жа мір! Тут за «прэзідэнцкі» шакалад з аўтографам-зычэннем бізнэсовец Аляксандр Машэнскі, «наш чалавек», выклаў 10 тыс. USD – хоць стой, хоць падай… Раней мне выпадала прасіць на друк ідышна-беларускіх кніг па 50-100 долараў, дык і тады калегі сп. Аляксандра круцілі носам. Калі хто раскашэльваўся, то «люд паспаліты».

А. Машэнскі (фота А. Несхадзімава для РБК) і яго прыз

Кажуць, грошы за супершакаладку пойдуць дзецям… Добра, калі так, дый увогуле не маю нічога супраць тутэйшага трэцяга прадпрымальніцкага саслоўя. Больш за тое, хацеў бы, каб яно, у рэшце рэшт, стварыла «сваю» палітычную партыю – дахадзяжная АГП з яе гумарным старшынёй на гэтую ролю не цягне 🙁 Пакуль жа, выглядае, гродзенская панчошная фірма фінансуе чужых палітыкаў – няйначай новы прэм’ер-міністр Італіі Джузэпе Контэ быў выбраны, каб прапіярыць вырабы «Conte» 😉

Попыт у Беларусі на партыйную сістэму, адрозна ад першых лукашэнскіх гадоў, цяпер ужо ёсць. У грамадстве па меры развіцця капіталізму – амаль паводле дзеда-Леніна – нарастаюць супярэчнасці і фармуюцца групы ціску. Аптымальнай сталася б двухпартыйная сістэма а-ля ЗША або Вялікабрытанія. Мазаіка а-ля цяперашні Ізраіль з яго крохкімі кааліцыямі, а пагатоў італьянская палітчахарда тут непамысныя, бо выдаткі на «згладжванне вуглоў» акажуцца завялікімі. У горшым выпадку зноў забуяе аднапартыйнасць з дэкарацыйнымі карлікавымі парцейкамі (зірнем на КНР).

Карацей, патрэбныя выбары ў «парламент» (зараз палата прадстаўнікоў – гэта квазіпарламент, але потым – хто ведае?) паводле прапарцыйнай сістэмы з досыць высокім прахадным бар’ерам, хіба 10%. Для ізраільскіх партый доўгі час ён сягаў 1% ад галасоў выбаршчыкаў, потым падвышаўся, але і цяпер, па-мойму, занадта нізкі (3,25%).

Cтратэгічная задача партый у РБ – пераключыць «знешні локус кантролю» на ўнутраны. Іначай кажучы, важна, каб грамадзяне (пераважная большасць…) паверылі ў свае сілы ды перасталі шукаць рашэнняў па-за межамі краіны. Як «правацэнтрысты» Губарэвіч, Лябедзька і Рымашэўскі з іх травеньскай выправай у ЗША. Ці як Лукашэнка ды яго паплечнікі, што занадта часта ківалі на сусветны эканамічны крызіс, злы Рассельгаснагляд etc.

«Аб’яднанне апазіцыі» ў адной суперпартыі – утопія; сёлета, у сувязі з адзначэннем 100-годдзя БНР і падзеямі вакол Курапатаў, гэта высветлілася канчаткова. Узбуйненне ж альтэрнатыўных сіл непазбежнае. Да 2020-га, году фармавання палаты прадстаўнікоў чарговага склікання, можна было б падрыхтавацца – зляпіць і раскруціць дзве магутныя партыі (два магутныя блокі?) «левых» і «правых», якія здолелі б правесці ў ПП НС па некалькі асобаў. Нават паводле мажарытарнай сістэмы і з улікам агульнавядомых «нюансаў» падліку.

Няхай бы левыя ў парламенце крытыкавалі Лукашэнку за адмену льгот і камерцыялізацыю сацыяльнай сферы, а правыя, са свайго боку, – за недастатковыя тэмпы прыватызацыі, паборы з прадпрымальнікаў і г. д. Спярша гэта можа выглядаць як гульня, пазней з лідараў блокаў вырастуць сапраўдныя палітыкі… I не прыйдзецца ўжо прыхільнікам перамен выбіраць паміж (Сірожам, Алегам – непатрэбнае закрэсліць) Гайдукевічам ды Таняй Караткевіч.

Ізноў жа, усё гэта падобна да ўтопіі, але праект хітры план ажыццяўляльны. Агулам, некаторыя ідэі з серыяла рэалізуюцца, хоць і ў скажоным выглядзе: расфармаваны Інстытут журналістыкі БДУ (дый інстытут псіхалогіі працуе з канца 2016 г. – у структуры педуніверсітэта; лепей бы самастойна ці пры тым жа БДУ), людзі ў Беларусі менш сталі бухаць, чым пазалетась. Пішуць, паводле ўжывання алкаголю краіна з 2-га месца пераехала на 27-е; з іншага боку, МУС РБ за першыя 5 месяцаў 2018 г. зафіксавала ажно 600 смяротных атручванняў, так што цешыцца ранавата.

А тут яшчэ адна песімістычная канстатацыя ад обер-кардыёлага: «Сярод жанчын за апошнія пяць год колькасць курчых павялічылася ў тры разы і складае 14%. Сярод мужчын [у Беларусі] паляць 46-52%». Паводле звестак 2016 г., Беларусь аказалася на 3-м месцы ў свеце па спажыванні цыгарэт (Ізраіль – у шостым дзясятку, і тым не менш каля 20 ізраільцаў паміраюць штодня ад хваробаў, звязаных з курэннем). Можа, хто і верыць, што курэнне памагае даць рады са стрэсам, а я не веру: паводле колькасці суіцыдаў Беларусь таксама ў 2016 г. была сярод першых у свеце (5-е месца, 26,2 выпадкі на 100 тыс. чал.; Ізраіль – у сярэдзіне, там 5,4 выпадкі). Анамія, выкрытая мудрым французам Эмілем Дзюркгеймам яшчэ пад канец ХІХ ст., – у рот ёй ногі…

За апошні месяц актывізаваліся «настаўнікі жыцця» для яўрэяў і беларусаў. Часткова гэта звязана з праблемай Курапатаў – у скандальную ўстанову харчавання «Поедем поедим» былі ўкладзены т. зв. «яўрэйскія грошы», што непакоіць не толькі Марата Гаравога, а і Зянона Пазняка. З. П. заявіў, што «ў Курапатах стаіць помнік габрэям, расстраляным энкавэдзістамі. Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ плянуе таксама паставіць там мэмарыяльны знак у памяць расстралянага менскага габрэйскага паэта Ізі Харыка».

У асяроддзі пратэстоўцаў загучала прапанова – запрасіць у Курапаты прэзідэнта Ізраіля Рэўвена Рыўліна (можа прыехаць у канцы верасня на адкрыццё трасцянецкага мемарыяла), падвесці да «народнага» помніка расстраляным яўрэям, каб госць пранікся… Асабіста я сумняюся, што з гэтага штось атрымаецца, але марыць не забаронена.

Перадача пра адносіны яўрэяў і беларусаў на «Белсаце» планавалася яшчэ ў красавіку… Выйшла ў эфір пару тыдняў таму ў рамках праграмы «Intermarium» пад шматабяцальнай назвай «Беларусы і габрэі: што насамрэч адбылося?» Нягледзячы на нелюбоў да польскага псеўдаліберальнага канала, мусіў паглядзець… На жаль, вядучы і рэдактары адпрацавалі на ўжо знаёмым узроўні. Чаго варты зачын: «Беларуская дзяржава… па-ранейшаму праводзіць гістарычную палітыку Савецкага Саюзу. Гісторыя габрэяў у Беларусі амаль не даследуецца». І што за трызненне далей? «Другая сусветная вайна цалкам справядліва прымусіла нас глядзець на масавыя забойствы ХХ ст. толькі як на трагедыю габрэйскага народу, толькі як на гісторыю габрэяў».

Абмеркаванне адразу ж скацілася ў заезджаную тэму, як нас называць: яўрэі, габрэі ці жыды. Мо’ каму гэта й цікава, мне – не (збольшага выказаўся на той конт у публікацыі яшчэ 2000 года). Ладна журналісты… Фальшывай выявілася і «арыя ізраільскага госця», што не дзіўна (пра «пана прафесара» гл. напрыклад, тут, тут і крыху тут). У яго яшчэ ўзялі асобнае інтэрв’ю: павярхоўшчына руліць. То слова «жыд» у БССР з афіцыйнай мовы выдалілі нібыта ў 1926 г. (насамрэч у 1925 г., і «БАН», г. зн. Беларускай акадэміі навук, тады не існавала, дзейнічаў Інбелкульт), то Лукашэнка апошні раз быў на «Яме» ў 2005 г. (насамрэч – у кастрычніку 2008 г.), то ў Лідзе – адзіная вуліца Шолам-Алейхема ў Беларусі (а як жа горад Рагачоў?) То кожны з былых прэзідэнтаў Ізраіля, народжаных тутака, называў сваю радзіму «не Беларуссю, а Усходняй Польшчай»… Шымон Перэс, які ў 1990-х двойчы наведаў нашу краіну, такі менаваў Беларусь сваёй малой Радзімай і ўласнаручна пазначыў на кнізе, што «Ізраіль нарадзіўся ў Беларусі», ды каго хвалююць факты?

Шыльда ў Вішневе, на месцы, дзе жыў Ш. Перэс. З’явілася ў 2013 г.

Парады адносна рэстытуцыі мелі б пад сабой грунт у пачатку 1990-х – там, здаецца, і «закансерваваўся» гісторык С-цкі. Пасля 20+ гадоў кіравання «адзінага палітыка» ясна, што маёмасць былых яўрэйскіх абшчын вяртаецца суполкам цяперашнім толькі ў выключных выпадках, калі ў дзяржавы не стае рэсурсаў юзаць будынкі старажытных сінагог… Нярэдка спаруды, вернутыя на перыферыі, «вылазяць бокам». Яскравы прыклад – Слонім, дзе амаль няма жыхароў-яўрэяў, але сінагогу ў 2000 г. перадалі на баланс Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання РБ. У выніку, звыш 10 год рамонту ў ёй фактычна не вялося.

Што да разваг пра тое, ці з’яўляецца гісторыя яўрэяў Беларусі неад’емнай часткай гісторыі Беларусі – тут ужо не рэкамендацыя разбіць мур ілбом, а спроба ўзламаць адчыненыя дзверы… Даўно ўсе адэкваты разумеюць, што з’яўляецца, і няма цяпер такога, што «яўрэі ў Беларусі – самі па сабе, беларусы – самі па сабе». Інтэракцыі ідуць пастаянна, на розных узроўнях – часам незалежна ад «Чырвонага дома», часам з яго санкцыі.

На лакальным узроўні ў многіх дзяржаўных музеях усталяваныя стэнды, дзе гаворыцца пра яўрэяў (Пінск, Магілёў…). У школах ладзяцца конкурсы краязнаўчага характару з выхадам на «яўрэйскі тэмат» (паказальна, што ў Навагрудку адзін з школьных класаў у 2010 г. узяў сабе імя Джэка Кагана)… Райвыканкамы найчасцей не замінаюць захаванню памяці пра яўрэяў, а бывае, і падтрымліваюць. Амаль ва ўсіх раённых «Кнігах памяці», выдадзеных у 1990-х–2000-х гадах згодна з пастановай ураду, ёсць звесткі пра ахвяраў адпаведных гетаў, нярэдка і пра партызанаў-яўрэяў.

На ўзроўні нацыянальным – Дні памяці ахвяр арганізоўваюцца больш-менш рэгулярна, пачынаючы з 1993 г. Нямала ў іх казёншчыны (вось і зварот пра конкурс 2018 г. пад эгідай мінінфармацыі насцярожвае бюракратычным слэнгам), але ёсць і нешта жывое. У 2008 г., напрыклад, дзяржава дапамагла паставіць рад помнікаў і зняць дакументальны фільм, узнагародзіла медалямі былых вязняў гета, падпольшчыкаў – чым кепска?

Даўно не вымагае празмерных высілкаў апублікаваць артыкул (ці некалькі), прысвечаны яўрэям, у навуковым/навукова-папулярным выданні. Нябожчык Рыгор Рэлес друкаваў матэрыялы пра яўрэйскіх пісьменнікаў у часопісе «Полымя» (1995–1996), я расказваў пра сінагогі Беларусі ды ідышных паэтаў у «Родным слове» (2005), Фелікс Баторын агледзеў яўрэйскую літаратуру Беларусі ў розных нумарах газеты «Літаратура і мастацтва» (2015)… «Яўрэйскі спецвыпуск» міністэрскага часопіса «Маладосць» (№ 4, 2016) таксама пра нешта сведчыць. Як і тое, што Нацыянальны мастацкі музей ахвотна ўключае мастакоў-яўрэяў (Якаў Кругер, Натан Воранаў…) у серыю «Славутыя мастакі з Беларусі».

Ясная рэч, праблем & шурпатасцей у становішчы яўрэяў Беларусі было і ёсць гарою, пра што безліч разоў пісаў (тут, тут, тут, тут…). Але за 40 з чымсьці мінут тэлепраграмы ўдзельнікі прымудрыліся не заглыбіцца ні ў адну з рэальных праблем. ¯\_(ツ)_/¯

Не хадзіце, дзеці, на ТV гуляць! 🙂 І яшчэ бачу, што беларусістыка ў Ізраілі па-ранейшаму мадзее. Канстатаваў гэта 7 год таму ў зборніку «На ізраільскія тэмы», паўтара года таму ў «Катлетах…» Мала што мяняецца. Перакананы, што ў кітайскіх універах даследуюць беларускую сітуацыю куды глыбей, чым у Тэль-Авіўскім, таму і поспехі на тутэйшым рынку ў выхадцаў з КНР значна большыя. Ізраільскі ж партнёр «Белсату» даводзіць, што «развіццё беларуска-ізраільскіх адносінаў вельмі тармозяць арабскія краіны». Тыповы казус знешняга локусу кантролю, ці, прасцей кажучы: «кепскаму танцору…»

Як пазначаецца «тэрыторыя ўплыву». Гродна, май 2018 г. На люку з гербам горада, вырабленым у дзясятках экземпляраў, – надпіс па-кітайску, але ні ідыша, ні іўрыта... Для даведкі: у 1816 г. у Гродне жылі 8422 яўрэі (85% насельнікаў), у 1859 г. — 10300 яўрэяў (53%), у 1887 г. — 27343 (68,7%), у 1897 г. — 22684 (48,4%), у 1910 г. — 31055. Нават 80 год таму яўрэяў сярод гараджанаў была амаль паловатрохі болей, чым кітайцаў.

«Вольфаў цытатнік»

«Людзі, на жаль, у нас як бы пазбаўлены памяці. Яны як бы згадзіліся з тым, што памятаць не трэба, і гэта ўсё роўна, што грузіць сябе… Гэта ўмова такога папулісцкага рэжыму, як наш. Усё спрашчаецца. І першы элемент спрашчэння – гэта страта памяці» (Глеб Паўлоўскі, 12.06.2018).

«Няма такога дыктатара, які б не гукаў пра асаблівы шлях краіны”, бо гэта галоўны довад для падтрымання веры ў рэжым… Ідэялагічныя локшыны маюць за мэтавую аўдыторыю толькі ўнутранага спажыўца… На самай справе ў Беларусі зусім не ўнікальная, а хрэстаматыйная дыктатура з заканамерным фіналам у перспектыве» (Андрэй Вардамацкі, dw.com)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

15.06.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 15.06.2018  13:21

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (72)

Другая серыя новага сезона… Нагадаю, цытатак у ім будзе болей, а ўласных мудраванняў – наадварот. Але сёння трохі памудрую…

Колькі дзён таму актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Уласевіч (на фота) распавёў журналістам пра сур’ёзны пажар на будоўлі Астравецкай АЭС у лютым 2018 г. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях ды адміністрацыя будоўлі кінуліся абвяргаць заяву аб тым, што выгарэла ўся электрашчытавая: аказваецца, у дзень, названы актывістам (17.02.2018) адбылося «ўсяго» кароткае замыканне сілавога кабеля.

Здымак з westki.info (via spring96.org)

Калі ўспомніць, што адміністрацыя ўжо была заўважана ў замоўчванні трагедый на будоўлі, у тым ліку са смяротнымі вынікамі, то пазіцыю сп. Уласевіча (які вырашыў «бухнуць у званы», не праверыўшы ўсе акалічнасці – дый як іх праверыш без уладных паўнамоцтваў?) можна зразумець.

Афіцыйная Літва ўручыла ноту беларускаму паслу з патрабаваннем даць поўную справаздачу пра інцыдэнт. Літоўскі ўрад – які засядае за 50 км ад яшчэ не запушчанага рэактара – занепакоіўся правільна. Дарэчы, у свеце рэкамендуюць будаваць атамныя электрастанцыі (калі ўжо выпадае іх будаваць) не менш чым за 100 км ад cталічных гарадоў. Але для тутэйшых чыноўнікаў, якія лёгка ігнаруюць Канстытуцыю і рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН, абмінуць рэкамендацыі – як два пальцы аб…

Супрацоўнікі ў беларускім міністэрстве замежных спраў бываюць ветлівыя, часам нават «блізкія да народу» (помню, як у 2012 г. мы з адным германістам латашылі закінутую яблыню недзе ў Вілейскім раёне :)) Аднак рэакцыю МЗС РБ на ноту Літвы іначай як «днішчам» не назавеш. Арыгінальная цытата: «…очевидно, что информация о неком „пожаре“ и сопровождающие ее домыслы были специально припасены к годовщине трагической катастрофы на ЧАЭС и используются в откровенно политических и пропагандистских целях». Так адрэагаваць мог толькі… не вельмі разумны чалавек.

Блізу такі самы «геніяльны» адказ я атрымаў у жніўні 2005 г. на форуме «беларускага зямляцтва ў Ізраілі», калі звярнуўся да прысутнага там супрацоўніка пасольства РБ. Прашу прабачэння за доўгае самацытатаванне, але тут яно патрэбна:

Экс-пасол Беларусі ў Ізраілі Г. Лавіцкі расказваў ізраільцянам, як ён ратаваў ад знішчэння домік Шагала ў Віцебску, а віцебскі краязнаўца А. Падліпскі потым даказаў, што планаў знішчыць гэты домік і не было. М. Бань, былы Часовы Павераны ў справах Беларусі ў Ізраілі, у 2004 г. апублікаваў у газеце «Новости недели» артыкул «Есть реакция», дзе многія факты, мякка кажучы, не адпавядалі рэчаіснасці. У 2005 г. М. Бань заявіў, што «з асаблівай нецярплівасцю 130 тысяч выхадцаў з Беларусі, якія жывуць у Ізраілі, чакаюць штомесяц выпуску рускамоўнага дадатку “Голасу Радзімы” – “Дыялога”, які дазваляе ім падтрымліваць непарыўную сувязь са сваёй Радзімай» («Голас Радзімы», № 13-14, 2005). Маё міні-апытанне паказала, што многія выхадцы з Беларусі і не чулі пра гэты “Дыялог”, не тое каб падтрымліваць праз яго “непарыўную сувязь са сваёй Радзімай”. Паўстаюць пытанні да работнікаў пасольства: па якіх якасцях вас туды падбіраюць? Чаму вашы калегі так часта хлусілі публічна? Хіба гэта ўваходзіла ў іх службовыя абавязкі?

Работнік пасольства адпавёў: «Што Ваша мэта, што мэта спадара Буша з парачкай-тройкай крыкуноў-палякаў, даўно вядомы нам, беларусам. І не дачакаецеся Вы аранжавых і іншых каляровых рэвалюцый» 🙂 Ну, ён хоць пасаромеўся адкрыць свой лычык сваё «лічыка», а ў 2018 г. Мірончык не сумеўся… Дадам, што высеры на тэму «наўкол ворагі» – заляжалы тавар, які прадаецца так сабе, а будзе прадавацца яшчэ горай…

Пад шумок некаторым карціць намоцна прывязаць тутэйшых яўрэяў да тутэйшага ўраду: маўляў, альтэрнатыва Лукашэнку ў Беларусі – толькі злыя нацыяналісты. Не паспеў гісторык Алесь Б. выступіць з памыснай ініцыятывай (вуліца Цыўі Любеткінай у Быцені), як ён жа распачаў малакарысную дыскусію – між іншага, у фэйсбучнай групе «Беларускія яўрэі». Нагодай стаў выступ Ніны Стужынскай у Гомелі, коратка пераказаны беларускай службай «Радыё С.» Стужынская нібыта (чаму «нібыта»? – бо летась гэтае радыё сказіла заяву Якава Гутмана, зробленую таксама ў Гомелі) мовіла так:

Удалося знайсьці дакумэнт пра габрэйскі пагром у Хойніках падчас паходу на Палесьсе Булак-Балаховіча. Балахоўцаў падчас пагрому было толькі васьмёра. Яны прыйшлі ў Хойнікі і пайшлі. Пагром і забойствы ўчынялі ў асноўным жыхары навакольных вёсак. Падавалі прыклад рабаўніцтва міліцыянты зь ліку былых чырвонаармейцаў ды розныя савецкія пасадоўцы. Нявінныя людзі цярпелі за тое, што ўлада ў Крамлі была, як казалі, габрэйская.

Яе апанент напісаў: «Нацыяналісты кажуць, што за Булак-Балаховіча быў усяго адзін пагром. Вашынгтонскі абкам прыкрывае гэтую хлусню сваім аўтарытэтам». І спаслаўся на кнігу «прафесара» Смілавіцкага «Евреи в Турове», дзе гаворыцца пра сотні забітых і сорак тысяч абрабаваных (аўтар кнігі, кандыдат навук, не мае тытулу прафесара).

Праблема з абяленнем Булак-Балаховіча ў інфармацыйнай прасторы Беларусі існуе – з 2000-х гадоў назіраю спробы прыменшыць яго лютасць у 1920–1921 гг., выдаць за «строгага, ды справядлівага» беларускага ваяра. Шматкроць пісаў пра гэта і спрачаўся з шанавальнікамі «бацькі». Разам з тым, прыпісваць прагу (ці апраўданне) пагромаў «уяўленай супольнасці» нацыяналістаў, ужываючы довады ў стылі «Белорусской военной газеты», я б не стаў.

Так, не ўсе тутэйшыя, у т. л. і яўрэі, бачаць за дрэвамі лес. Напрыклад, мінскі яўрэйскі актывіст Кірыл К., які прызнаўся, што кепска ставіцца да Булак-Балаховіча, рахмана заўважыў: «Камуністы столькі гадоў штурхалі ўперад Будзёнага, таму няхай нацдэмы каго-небудзь таксама паштурхаюць у аўдыторыі на 50-60 чалавек… лекцыі на 50-60 чалавек не маюць значэння». Але пераконваць у небяспечных тэндэнцыях трэба з фактамі ў руках, а не з камланнямі пра «вашынгтонскі абкам». Пакуль жа ў Алеся Б., які з канца 2000-х займаецца бізнэсам, заўважаю ахвоту папіярыцца і зарабіць… калі не грошы, дык лайкі-падабайкі. Мае права. Я ж лепей прывяду выказванні пра Булак-Балаховіча ягоных сучаснікаў, паводле «Пратаколу паседжаньняў Беларускай Нацыянальна-палітычнай нарады ў Празе, 26-30 верасьня 1921 г.» Можа, хоць гэты пратакол астудзіць «гарачыя голавы» маладафронтаўцаў, дый не толькі…

* * *

Старшыня адчыняе дыскусію па пытаньню аб адносінах да жыдоўскіх пагромаў, меўшых мейсца на Беларусі.

К[лаўдзій] Душэўскі, прадстаўнік Рады [Беларускай Народнай] Рэспублікі, кажа, што да самога пачатку вайны на Беларусі жылі мірна два народы беларускі i жыдоўскі, i ўся пагромная агітацыя, вёўшаяся i раней, была дарэмнай. Але бальшавіцкі пераварот пасунуў рожных авантурнікаў уступіць на шлях змаганьня з саветамі пад лёзунгам жыдоўскіх пагромаў. Створаныя гэтымі авантурнікамі, Савінкавым, Балаховічам i іншымі, банды, зложаныя з чужацкіх беларускаму народу элемэнтаў, прынясьлі з сабой на Беларусь жахі жыдоўскіх пагромаў i стараліся апаганіць беларускае імя, скінуўшы на яго абвінавачаньні ў гэтым. Але беларускія працоўныя масы, т.е. народ беларускі, векавое жыцьцё якога побач з народам жыдоўскім ніколі не ацемралася ніякімі эксцэсамі, у гэтых пагромах нявінны…

[Самуіл] Жытлоўскі. Я трэбую грамадзкага суду над Балаховічам, бо ён пагромшчык.

[Язэп] Мамонька. З Польшчай i балахоўшчынай нам не па дарозе.

* * *

Яшчэ прыклад таго, як «лес» раптам рассыпаецца на асобныя дрэвы: гэты выпадак нарабіў шуму на мінулым тыдні… Відэаролік 2013 г. аўтарства знанага фатографа і педагога Віктара Малышчыца «прысабечыла» Нацыянальнае агенцтва па турызму – і заняло з ім 2-е месца на кангрэсе «Індустрыя гасціннасці. Тэрытарыяльны маркетынг і брэндынг» у красавіку 2017 г. Пра ўзровень «кангрэса» сёе-тое кажа той факт, што на іхняй старонцы дасёння фігуруе «маркетиг» і няслушная атрыбуцыя роліка.

20.04.2018 фотамастак выплюхнуў у фэйсбук масу крыўдаў на агенцтва: выявілася, яго здымкі і раней выкарыстоўвалі без дазволу, на заўвагі рэагавалі неадэкватна… А «спачатку яны стварылі сайт belarus.travel за дзікія 28000 рублёў… Згодна з матэрыяламі тэндэра, павінен быў атрымацца партал на беларускай, рускай, англійскай, нямецкай і польскай мове. Можаце зайсці па гэтым адрасе і пераканацца, што гэта зусім невялікі сайцік на рускай і быццам бы англійскай мовах. Але большасць спасылак у англійскай версіі альбо бітыя, або вядуць не туды».

Ад сакавіка 2016-га да красавіка 2018-га дырэктаркай агенцтва працавала Вераніка Дарожка. Натуральна, сам В. Малышчыц і яго чытачы не ўтрымаліся ад крытыкі ў яе бок. На помач Вераніцы прыйшла «цяжкая артылерыя» ў асобе Юліі Чарняўскай: «Ведаю яе гадоў 15 – з яе студэнцтва, аспірантуры і г. д. Вельмі мяккі, карэктна-стрыманы чалавек… Адзінае, што магло быць – што Вераніцы проста падсунулі гэтыя здымкі… Упэўнена, што ў яе было шмат спраў і сайт – не яе епархія. Калі гэта начальнік займаецца сайтамі?»

Ці то гэтая «кругавая абарона», ці то стрыманае прызнанне віны цяперашнім кіраўніцтвам НАТ («ускоснай» – маўляў, проста недагледзелі, калі адпраўлялі файлы на конкурс) прывялі да таго, што ўжо 24.04.2018 сп. Малышчыц, які планаваў звяртацца ў суд, напісаў: «На гэты раз нам удалося нармальна паразмаўляць. І стала зразумела, што хоць парушэнняў было нават некалькі, усе яны адбыліся выпадкова, ненаўмысна. І самі яны вельмі шкадуюць, што так атрымалася. Дык мы ж не будзем лютаваць і патрабаваць кары за такое, праўда?»

У выпадковасць парушэнняў не дужа веру і заяву НАТ «Мы паважаем правы аўтараў» успрымаю з асцярогай. На В. Харужай, 28, дзе доўгі час шчыравала Вераніка, павага да аўтарскіх правоў была, скажам так, фрагментарная – што ў музеі, што ў левінскім саюзе, што ў газеце «Авив»… Дакладней, існавала селектыўная іх абарона; здабыткі «аўтсайдэраў» рэзідэнты Абшчыннага дома без залішніх згрызотаў сумлення падграбалі пад сябе. Адзін прыклад:

З кніг Гірша Рэлеса пра яўрэйскіх савецкіх пісьменнікаў – на ідышы (выдавецтва Логвінава, 2004) і рускай (выдавецтва Коласа, 2006). У першай прозвішча аўтара фота пазначана, у другой рэдактар – ён жа шматгадовы начальнік «Авива» – «забыўся».

Другі прыклад адносіцца да пачатку 2010-х, калі дзеяў сайт «галоўнай яўрэйскай арганізацыі» beljews.org. Адказвала за яго прэс-сакратарка Вераніка Дарожка (тады яшчэ Русакова). Быў на сайце хітра зроблены раздзел «Издания» з укладкамі «Газета “Авив”», «Газета “Карлин”», «Журнал Мишпоха”». Тое насамрэч выданні Саюза, а вось «Книги»… На гэтай старонцы аўтары сайта сабралі тое, да чаго іх арганізацыя часцяком (хіба ў палове выпадкаў) не мела датычнасці.

Выгляд старонкі beljews.org/articles352.html па стане на 2013 г.

Карацей, надзвычайнай далікатнасцю ў абыходжанні з чужым кантэнтам дама, якая два гады кіравала дзяржаўным агенцтвам, і раней не вылучалася. Нічога асабістага супраць Веранікі Леанідаўны – тут, хутчэй, сістэма («лес»)… Гл. па спасылцы перадапошні кейс.

Пад канец – пару абяцаных цытат. З «Рэха Масквы», у перакладзе з рускай. Пра Расію, але ці толькі пра яе?

«Людзі бываюць усялякія, у тым ліку зусім пазбаўленыя сумлення. Чаму ж так атрымалася, што іменна яны рэкрутуюцца ў нас ва ўладу і пішуць для нас законы?» (Леанід Гозман, 25.04.2018)

«Вулічныя акцыі будуць дарэчныя толькі тады, калі вялікая маса людзей адначасова востра адчуе сябе падманутай, абкрадзенай, абражанай, апляванай – адчуе сябе дыванком, аб які старанна выціраюць брудныя боты» (Антон Арэх, 27.04.2018).

Вольф Рубінчык, Мінск

29.04.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 29.04.2018  21:41

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (70f)

Шаломчыкі… Ніяк не развітаюся з 70-й серыяй – падзеі патрабуюць новага дадатку 🙂

Мінулы раз, паказваючы слабыя месцы Змітра Дашкевіча і Міколы Статкевіча, не чакаў, што неўзабаве першы агрэсіўна, з таннай дэмагогіяй, наваліцца на другога, дый на сам прынцып еднасці ў зносінах з уладамі. У чым сутнасць канфлікту? 15.01.2018 на пасяджэнні аргкамітэта (прадстаўнікі 13 «альтэрнатыўных» арганізацый, у тым ліку незарэгістраваных партый) было прынятае рашэнне – ладзіць у гонар юбілею шэсце і канцэрт у цэнтры Мінска. 25.01.2018 шэраг вядомых і менш вядомых у Беларусі людзей – cярод іх намстаршыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін – падалі заяўку ў Мінгарвыканкам. У канцы лютага гарадскія ўлады адмовілі заяўнікам і прапанавалі падрыхтаваць новую заяўку – на канцэрт, які мае працягнуцца 25.03.2018 з 14.00 да 19.00. Чатыры з трынаццаці арганізацый (і прымкнуўшы да іх Павел Белавус з «Арт-Сядзібы») вырашылі, што можна абысціся і без шэсця, ды згадзіліся на прапанову ўладаў. Праўда, ідзецца пра суполкі, якія на слыху, – тую самую АГП, плюс БНФ, рух «За свабоду», Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамаду). Такі крок «агаліў тыл» тых, хто застаўся, і, натуральна, выклікаў абурэнне іхняга лідэра Статкевіча. Аднак – увага! – ён выступіў як за канцэрт, няхай атрыманы праз сепаратныя перамовы, так і за мірнае шэсце.

Статкевіч з яго «Беларускім нацыянальным кангрэсам» (які за два гады так і не развіўся ў нешта самавітае) мне не сват і не брат, але можна зразумець ягоную горыч: «Калі шэсце дазваляе людзям прынесці туды свае лозунгі, то канцэрт за агароджай такога варыянту не дае. У тым годзе быў жорсткі разгон… Калі мы ў гэты дзень будзем толькі святкаваць і танчыць, то можам згубіць той аўтарытэт, які ў нас быў сярод гэтых людзей год таму… мы павінны, дзеля павагі да тых людзей, якія выйшлі летась 25 сакавіка, паказаць, што грамадства не ўдалося запалохаць». Так, ён прэтэндуе на лідэрства ў апазіцыі – і пасля некалькіх гадоў адседкі мае на гэтыя прэтэнзіі маральнае права. Прынамсі яго апанентам варта было ўстрымацца ад асабістых выпадаў і скажэння пазіцыі палітыка-ветэрана. Дашкевіч, на жаль, не ўстрымаўся – яшчэ і ў гэтым тэксціку

Ладна б адзін Зміцер нагнятаў – насупор заяўленаму тут, са снежня 2017 г. ён нават не сустаршыня «Маладога фронту»… Брыдкае апытанне замуціў праславуты «Белсат» 06.03.2018 у сваім фэйсбучным акаўнце: «Усе (! – В. Р.) ідуць на канцэрт, Статкевіч – ідзе на шэсце. А куды пойдзеце вы?» Той жа канал на ўласным сайце праз глупства або наўмысна сказіў сэнс словаў Сяргея Спарыша, памочніка Статкевіча (cлушна было б: «…немирное шествие – если прийти с “коктейлями Молотова”».

За тры дні так і не памянялі – выходзіць, што Спарыш за «кактэйлі Молатава» на мірнай акцыі…

Майстры інсінуацый дагэтуль працуюць і ў «НН», іначай не абзывалі б сяброў аргкамітэта «паўлінамі», не торгалі б цытаты з акаўнта ў фэйсбуку таго самага Спарыша, рэзюмуючы: «Намеснік (! – В. Р.) Статкевіча за тыдзень нагаварыў такога, што лепш бы маўчаў». Дзейнічалі метадамі Баранчыка і Со.; напрыклад, выкінулі смайлік з жартоўнай рэплікі… Той самы Дашкевіч абазваў Спарыша «апарышам»; потым, праўда, папрасіў прабачэння, але прагучала яно, быццам у старым яўрэйскім анекдоцеРабинович не вор и не мошенник? Я извиняюсь!»). У масавай «Народнай Волі» па Статкевічу ў лепшых традыцыях камсамольскай прэсы ад імя «новага пакалення» пальнуў Алекс Фядута, 1964 г. нар., у менш масавым «Новым часе» – экс-намеснік Дашкевіча Алекс Кіркевіч… Гэты важна заяўляе: «Час палітыканаў, якія бачылі сябе рэпрэзентантамі народнай думкі, немінуча сыйшоў. Надыходзіць час менеджэраў і блогераў, інжынераў грамадскай думкі». Далучыліся да антыстаткевіцкай кампаніі блогер-паганец Антон М. і акадэмічны дырэктар «прабеларускага» аналітычнага цэнтра ў Вільні – адстаўны манах, які лічыць сябе спецыялістам у палітычных працэсах.

Карацей, рэсурсаў у «сепаратыстаў», якія прыкрываюцца то «дзяўчынай з дзіцёнкам», то «інжынерамі грамадскай думкі» (пра ўзровень апошніх сёе-тое кажа, што выступіць на канцэрце быў запрошаны… Аляксандр Саладуха, кароль тутэйшай рускамоўнай папсы; чаму ўжо не Анатоль Ярмоленка з яго суперхітом «Слухай бацьку»?), нямала, і шэсце 25 сакавіка, хутчэй за ўсё, будзе нешматлікае. Магчыма – хочацца верыць, што не! – яго разгоняць, а Статкевіч каторы раз пападзе за краты. Тады «смелыя выкрывальнікі» застою і правакатарства ў «апазіцыі» зноў кінуцца бараніць палітвязня, напампоўваючы свой сімвалічны капітал. Гэтае кінцо я ўжо бачыў у 2006 г., толькі ў тым годзе ролю Міколы Статкевіча граў Аляксандр Казулін.

Кур’ёзна – і сумна – што цяпер дзяўбуць Статкевіча тыя ж людзі, што дзяўблі прафесара Казуліна. Добра памятаю, як у пачатку 2006 г. у метро спаткаў мяне мастацтвазнавец Сяргей Х. і «па сакрэце» расказаў, што Казулін, ідучы на прэзідэнцкія выбары на злосць Мілінкевічу, зарабляе сабе месца ў палаце прадстаўнікоў 2008 г. «Зарабіў» жа Казулін пяцігадовы тэрмін; ледзь не памёр, калі трымаў галадоўку; адседзеўшы амаль 30 месяцаў, быў памілаваны. «Кінуты» паплечнікамі (яго знялі з пасады старшыні партыі завочна, калі яшчэ сядзеў за кратамі) ад палітыкі адышоў. «Отряд не заметил потери бойца…» 🙁

Як бы ні было, 7 сакавіка пададзена заяўка на шэсце – «Марш годнасці і волі». Удзельнікі маюць пераадолець 2–3 км ад плошчы Якуба Коласа да Опернага тэатра. Ісці не заклікаю, аднак і адгаворваць нікога не стану.

Ізраільцам тэма стагоддзя Беларускай народнай рэспублікі (#БНР100), выглядае, таксама блізкая: 25.03.2018 плануецца збор ахвотных пасвяткаваць юбілей каля помніка Янку Купалу ў Ашдодзе. З 19-й гадзіны. Праўда, грамадзянам Беларусі трэба яшчэ дабрацца да таго помніка; дэпартацыі з «Бен-Гурыёна» не спыняюцца.

Нямала і такіх беларускіх яўрэяў, для каго стагоддзе БНР – пусты гук. Між тым згадкі пра ролю яўрэяў у заснаванні БНР ёсць у папулярнай бядулявай брашуры «Жыды на Беларусі»; роля тая не была нязначнай, хаця (лёса)вызначальнай яе назваць таксама цяжка. Мо ў наступным выпуску катлетна-мушынага серыялу вярнуся да тэмы.

Зараз – пра іншае. 8 сакавіка ў Мінску прайшоў (трэці год запар) жаночы забег «Beauty Run». Традыцыйна адказвае за імпрэзу Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі пры падтрымцы дзяржаўных і камерцыйных структур. Як муж адной з удзельніц, сёлета магу адзначыць прагрэс: прамова новапрызначанага міністра спорту & турызму была куды карацейшая, чым у яго папярэдніка ў 2017 г. – бягухі не паспелі замаркоціцца… Дый медаль стаў прыгажэйшы 🙂

Пасля забегу

Лыжкай дзёгцю было асвятленне ў некаторых СМІ – найперш маю на ўвазе колькасць удзельніц. Так, арганізатары напярэдадні старту дакляравалі 3000 або нават 3500, але ж ці тое прычына для буйнога дзяржагенцтва, каб постфактум бадзёра паведамляць «звыш трох тысяч прыгажунь прабеглі ў цэнтры горада»? Насамрэч іх – мо праз не самае прыемнае надвор’е – было меней за 2000, што відаць і з выніковай табліцы (644 прабеглі 5 км, 874 – 2 км). «Сацрэалізм» ад БелТЫ падхапілі анальнер анлайнерКаля 3500 жанчын узялі ўдзел…»), тутбай з сіцідогамТры тысячы дзяўчат…») і нават еўрарадыё з салідарнасцюкаля трох тысяч удзельніц»). Калі не ўмеюць – дакладней, не хочуць – праверыць гэткую драбязу, то і ў сур’ёзных пытаннях цяжкавата давяраць «лідарам медыярынку».

Як ні дзіўна, карэктна пра забег 08.03.2018 напісалі жоўтыя «Белновасці». Жоўтыя – і таму, што 5 сакавіка апублікавалі паскудны набор слоў пра Статкевіча, і таму, што гэты «палітычны» артыкул пра шкоду палітыка для Беларусі суседнічае ў іх з матэрыяламі тыпу «Анну Чапман пристыдили за фото в бикини» ды «Анастасия Волочкова испугала фанатов синими дряблыми ногами» (от ужо «белнавіны»!)

Зірнуў, хто кіруе сайтам; аказалася, дырэктар унітарнага прадпрыемства Віталь К., да 2014 г. – высокапастаўлены супрацоўнік МУС РБ. І падумаў пра цікавую тэндэнцыю, здаецца, яшчэ не адзначаную дамарослымі аналітыкамі – на пачатку 2010-х гг. «сілавікі» ламануліся ў палітбізнэс. Былы бабруйскі следчы Андрэй П. зрабіўся «незалежным аналітыкам», кіраўнік Фрунзенскага РАУС Алег Г. – намеснікам старшыні ў адной з псеўдаапазіцыйных партый… Падобна, цяперашні міністр замежных спраў, хітрун Макей (начальнік адміністрацыі Лукашэнкі ў 2008–2012 гг.), не дарма еў свой хлеб і даў адмашку на «ўгнаенне» палітычнага поля выпускнікамі акадэміі міліцыі. Тут толькі версія, але небеспадстаўная. Хапае ж Макею розуму сустракацца з прадстаўнікамі «Амерыканскага яўрэйскага камітэта» ды інфармаваць іх пра «становішча яўрэйскай абшчыны ў Беларусі» (02.03.2018). Відаць, Сямён Шапіра ды Павел Якубовіч ужо не тыя – задзейнічана цяжкая артылерыя 🙂

І пра блэк-джэк ды прасталытак пра авантурніцу Насцю Рыбку (aka Вашукевіч) з Бабруйска. Няблага пра яе напісала дасціпная «Белгазета», асабліва ж блізкая мне выснова: «Беларускім СМІ… без выспятка звонку не цікавы ні “чалавек простай працы”, ні мільярдэры і эскортныя прыгажуні…» Cапраўды, ігнаравалі тутэйшыя Рыбку з яе скандальнай кнігай, пакуль пра яе не расказалі расійцы, пачынаючы з Аляксея Навальнага, а між тым яна – Саламея Русецкая-Гальпір-Пільштынова нашых дзён (гэтай «белагаловай» сёлета споўнілася б 300)! Пажадаю Настассі хутчэй выбрацца з пераплёту, у які яна трапіла ў Тайландзе… Некалі і Рыбкавы запісы перакладуць на беларускую, вось тады зажывем 🙂

90 гадоў 8 сакавіка грукнула б Эфраіму Севелу (Яфіму Драбкіну), які, на жаль, памёр улетку 2010 г. Таксама быў той яшчэ авантурнік… Але ж яго кнігі чыталі мільёны – і будуць чытаць. Некалі пісаў па адной з іх школьнае сачыненне. Асабліва ж мяне пацешыла ў пачатку 1990-х, што галоўны герой сатырычнай аповесці «Спыніце самалёт – я злезу» носіць прозвішча Рубінчык. Сорак год таму ізраільскі паэт Барыс Камянаў нават напісаў яму (літаратурнаму персанажу!) адкрыты ліст з парадамі кшталту «Не ладзьце, укрывай Божа, дэманстрацый і галадовак, не пагражайце самаспаленнем вашых жонак, не смяшыце людзей! Пакіньце быць героямі вязням Сіёна. Не рыпайцеся!» Распісаўшыся і ў браку пачуцця гумару, і ў недаверы-непавазе да «простых яўрэяў»… (я б не згадваў гэты ліст, каб Барыс К. дагэтуль не выплюхваў у інфармацыйную прастору тэксты, поўныя жоўці). А Севела – што Севела? Дашчэнту наш, бабруйскі, хоць і паблукаў па свеце. У «горадзе баброў» яму пазалетась і помнік паставілі.

Пяцьдзесят гадоў у лютым святкаваў Юлій Абрамовіч – не апошні ў Іудзейскім рэлігійным аб’яднанні чалавек, які даказаў, што бізнэсмен здольны перакваліфікавацца ў журналіста (ну, міліцыянтам жа можна! – гл. вышэй). Газета «Берега» пад яго кіраўніцтвам горшай не стала; з іншага боку, падчас самапрэзентацыі новага кіраўніка (№ 1, 2018) можна было і падзякаваць папярэдняй рэдактарцы Любові Гаўрылюк, якая «цягнула» газету звыш 15 гадоў. Дый тое, што «Берега» засталіся «адзінай яўрэйскай газетай у Рэспубліцы Беларусь», не зусім слушна: калі-нікалі выходзіць і «Авив».

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

09.03.2018

Апублiкавана 09.03.2018  06:54

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (21)

Неадменны шалом.by усім прыхільнікам бульварна-кулінарнага серыялу! Калі пачынаў (страшна сказаць, 13 жніўня 2015 г.!), то меркаваў, што давядзецца больш пісаць «пра культуру», а выпадае – «пра палітыку». Праўда, сёлета і восень такая – то выбары-дурабары ў Беларусі ды Расіі, то мітынг(i) у сэрцы Мінска, у ЗША нешта булькаціць… Дый ніхто не абверг пастулата Анатоля Кузняцова з «Бабінага Яра»: «ГОРА СЁННЯ ТАМУ, ХТО ЗАБЫВАЕЦЦА НА ПАЛІТЫКУ».

Тым, каму не падабаецца форма або змест «палітінфармацый», задам простае пытаннечка: «а вам слабо?» Ну, прышліце свае думкі пра Беларусь і/або яўрэйства, няхай не адпаведныя маім, няхай з жорсткай крытыкай, няхай не на мой мэйл, а на мэйл рэдакцыі… Калі без абраз, то ўсё будзе апублікавана. Не так ужо шмат цяпер рэсурсаў, дзе можна вольна выказацца: у Беларусі іх – кот наплакаў… Адрасаваныя майму колу сайты друкуюць або нешта занадта мудрагелістае, або гоняць трэш, папулізм, маралізатарства і прымітыў (значна часцей…). Ва ўсіх выпадках рэдакцыі схільныя ганарыцца сваім кантэнтам і, як правіла, не зацікаўлены ў альтэрнатыўных поглядах. «Спявайце ў хоры або не спявайце ўвогуле» – прыкладна так, здаецца. Ну, часам яшчэ дазволена ставіць пад чужымі матэрыяламі лайк/дызлайк 🙂

Парадавала, што на сайце 1863x.com арыштаванага Эдуарда Пальчыса ёсць каму замяніць: сам сайт не дужа мяне ўражвае, аднак салідарнасць – вялікая справа. Ну, а я пакуль цягну лямку без асістэнтаў, бяруся за трэці дзясятак серый. Найперш – колькі слоў пра «парламенцкія выбары» 11 верасня.

У адрозненне ад некаторых гора-журналістаў і «палітолагаў», мы на belisrael.info за месяц да дня галасавання разумелі, што сітуацыя ў краіне сёлета не такая, як у 2008-м і 2012-м, і прадчувалі, што ў «палаце № 6» з’явіцца кволае прадстаўніцтва «альтэрнатыўных сіл». Прабіліся дзве дамы – Алена Анісім з Таварыства беларускай мовы і Ганна Канапацкая з Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Абедзьве дэпутаткі прадстаўляюць агульнанацыянальныя па ахопу, але другарадныя па сутнасці арганізацыі, да якіх дэ-факта належаць хіба па тысячы-дзве беларусаў, і граюць у іх не галоўныя ролі: Анісім – другі чалавек у ТБМ, Канапацкая ў АГП – пяты-дзясяты. Мяркую, чаканні фанатаў Алены і Ганны неўзабаве акажуцца завышанымі: наўрад ці новыя абранніцы лёсу здолеюць больш, чым у свой час здолелі Вольга Абрамава і Надзея Цыркун. Дарэчы, у 2002-2003 гг. дэпутатка-псіхолаг Цыркун слала звароты ў абарону помнікаў архітэктуры (у т. л. мінскіх сінагог) – ёй прыходзілі адпіскі ад высокіх чыноўнікаў.

alena_hanna

А. Анісім і Г. Канапацкая (фота: svaboda.org

Тым не менш пазбаўленне беларускага парламента стэрыльнасці – падзея для нашых палестын… Я б ставіў на Канапацкую як на прадстаўніцу нязводнага прыватнага сектара. Нічога асабістага супраць Анісім не маю, але 25 год у «мовазнаўчым» інстытуце Акадэміі навук здольныя адбіць ахвоту да ініцыятывы ў каго заўгодна. У першым жа інтэрв’ю пасля перамогі спадарыня вымавіла глупства: «Жанчыны ня больш лагодныя, а больш настойлівыя, больш перакананыя. Жанчыны не адступаюць. Яны заўжды дамагаюцца свайго». Калі б такое сказала феміністка, то я б зразумеў, але, паводле А. А., яна «ні ў якім разе не феміністка». Ладна, зробім скідку на час правядзення інтэрв’ю (другая гадзіна ночы…)

Цяжка назваць вялікім поспехам тое, што ТБМ выдае газету «Наша слова» (наклад 2000 ас.; нават не ўсе актывісты суполкі хочуць яе выпісваць, на што рэдакцыя, у якую ўваходзіць і А. Анісім, час ад часу наракае). «Пшыкам» абярнулася задума «Усебеларускага Кангрэса за незалежнасць», скліканага ў снежні 2014 г. пры чынным удзеле А. А., сабраць мільён подпісаў «у абарону беларускай дзяржаўнасці».

Калі капнуць крыху глыбей, то Алена Анісім разам са сваім шэфам па ТБМ нядаўна адзначылася ў распрацоўцы спрэчнай «Стратэгіі развіцця беларускай нацыі». Такія тэзісы, як «Нішто ў сучасных умовах не можа так спрыяць будаўніцтву дзяржавы як прыналежнасць большасці грамадзян да аднаго этнасу (83.7% насельніцтва краіны адчуваюць сябе беларусамі, 2009)» і скараспелы вывад «Сярод шэрагу мадэляў будаўніцтва дзяржавы (грамадзянская/цывільная, культурная, уяўная) выбар мадэлі этнанацыянальнай дзяржавы ў найбольшай ступені адпавядае рэальнай сітуацыі ў Беларусі» не з’яўляюцца навуковымі, і гэта шчэ лагодна сказана. У практычным вымярэнні яны могуць прывесці толькі да этнакратыі, падзелу грамадзян Беларусі на «першы гатунак» (этнічныя беларусы) і «другі/трэці гатункі» (астатнія…), дарма што аўтары абяцалі «роўныя правы грамадзянам меншасцяў».

Карацей, пакуль не ўважаю навуковую супрацоўніцу Акадэміі за сваю апору ў парламенце. Уласна ж на выбарчы ўчастак 11-га я схадзіў, бюлетэнь у празрыстую ўрну апусціў… Людзей было вобмаль – зважаючы на подпісы ў табліцах, прагаласавала ў той дзень хіба працэнтаў 20-25 (пра датэрміновае галасаванне не ведаю). Не парадавала сумная атмасфера ні на ўчастку, ні ў маёй «роднай» школе, дзе гэты ўчастак атабарыўся. Школу перарабілі ў гімназію, а казёншчына нікуды не падзелася. Са скрухай таропіўся я і ў «піянерскі» стэнд, і ў інструкцыю класным кіраўнікам – забяспечыць збор 20-25 працэнтаў мяхоў палай лістоты…

Пацешыла, што трохі актывізаваліся палітычныя партыі. На Дамброўскай акрузе балатаваліся 6 кандыдатаў, і ўсе ад розных партый, прычым прадстаўнік БНФ, прадпрымальнік Васіль Астроўскі, меў найбольшы гадавы даход: пад 400 мільёнаў рублёў. А яшчэ кажуць, што апазіцыю ў Беларусі прыціскаюць 🙂 Ды прайграў Васіль шэранькаму праўладнаму кандыдату…

У кастрычніку маюць адбыцца – хто б мог прадбачыць? – выбары новага Старшыні Руху «За свабоду»! Пэўна, «долгоиграющий проигрыватель» на чале суполкі ў рэшце рэшт надакучыў не толькі фундатарам, а і сам сабе. Нездарма ж надоечы ў «За свабоду» было прынята аж 87 новых членаў – камусьці на канферэнцыі патрэбна масоўка… Сярод актывістаў руху ёсць і мае знаёмыя, неблагія рабяты-дзяўчаты. З думкай пра іх далейшыя перспектывы і закранаю сюжэт канкурэнцыі між першым намеснікам Губарэвічам ды проста намеснікам Лагвінцом, а так бы прамаўчаў («што мне Гекуба?..»)

ales_juras

А. Лагвінец, Ю. Губарэвіч (фота: pyx.by)

Алеся Лагвінца я ведаю (дакладней – ведаў; даўненька не бачыліся) асабіста, Юрася Губарэвіча – не. Усё ж аддаў бы голас за другога, які валодае больш каштоўным бэкграўндам у палітыцы: у 2003 г. Юрась быў выбраны ў Белаазёрскі гарсавет Брэсцкай вобласці і, як ні дзіўна, некалькі месяцаў нат выконваў функцыі намесніка старшыні савета. За былым жа выкладчыкам ЕГУ цягнецца паласа няўдач… Успомніўся эпізод 9 мая 2007 г., калі Алесь разам з «босам» і сынам-школьнікам прыходзіў на мінскую «Яму» (яму трэ было зрабіць серыю здымкаў для «свабодаўскага» сайта, паказаць, як «прэзідэнт незалежнага грамадства» дбае пра яўрэяў). Лагвінец папрасіў мяне коратка расказаць сыну пра «Яму»; я выканаў яго просьбу, як умеў. Гаварыў па-беларуску, але тата «перакладаў» мае сентэнцыі на… беларускую мову. Мы з жонкай пераглянуліся, настолькі забаўна ўсё гучала. Рыхтык «пераклад з рускай на маскоўскую» пры сустрэчы пісьменніка ў Маскарэпе (Вайновіч, «Масква-2042»). Там персанаж паясняў: «Мы сапраўды карыстаемся прыкладна адным і тым жа слоўным складам, але кожная мова, як вядома (мне гэта якраз не было вядома), мае не толькі слоўны, але і ідэалагічны змест, і перакладчыца для таго і патрэбна, каб перакладаць размову з адной ідэалагічнай сістэмы ў другую».

Смех смехам, а насцярожыла мяне сёлета «паслядоўнасць» кандыдата ў кандыдаты. У пачатку жніўня ён пацвердзіў, што дарыў газеты тым, хто падпісваўся за яго. А ў канцы месяца ўжо казаў у інтэрв’ю, што «Народную волю» на яго пікеце «раздавала рэдакцыя дзеля рэкламы выдання». Нестыковачка, на якую акулы пяра не пажадалі звярнуць увагі… Мо зараз, пасля заяўкі прэтэндэнта на лідэрства («я шчыры і сумленны… гатовы быць кандыдатам нумар 1 ва ўсіх бліжэйшых выбарчых кампаніях»), правядуць-такі «допыт маладога Вертэра палітыка»? 🙂

УВАГА, канструктыўная ідэйка для Беларускай асацыяцыі журналістаў, да якой ніколі не меў гонару належаць, і ў бліжэйшы час наўрад ці. Прыняла БАЖ да сябе ў ганаровыя сябры С. А. Алексіевіч – не бачу праблем, хаця для нобелеўскай лаўрэаткі гэтага замала, для былой савецкай журналісткі, якая і ў 30 год (не ў 20…) «тапырылася» ад Фелікса Дзяржынскага – мо і замнога. А чаму б не прыняць таксама Віктара Купрэйчыка – міжнароднага гросмайстра па шахматах, адзінага беларуса ў «Зале славы» ФІДЭ, экс-рэдактара зборніка «Шахматы, шашки в БССР» і, апошняе па ліку, але не па важнасці, гадаванца журфака БДУ? Многія памятаюць і смелы ўчынак Віктара Давыдавіча; у 1997 г. ён (у кампаніі з гімнасткай Аленай Ваўчэцкай) галасаваў супраць зацвярджэння Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта, дарма што звыш сотні членаў НАК галасавалі «за». Не змяніў ён сваіх перакананняў і ў 2010-я гады.

Так, хочацца, каб ганаровым членам БАЖ быў і аўтар belisrael.info Дзмітрый Ной, які жыве ў ЗША, не парываючы сувязей з Беларуссю. Зразумела, ён не такі вядомы ў свеце, як Алексіевіч або Купрэйчык, аднак ужо тое, што сп. Дзмітрый, дыпламаваны ўрач, загружаны напоўніцу, у 1960-90-х вёў шахматныя аддзелы ў некалькіх выданнях (а ў «Физкультурнике Белоруссии» 50 год таму – цэлую старонку «64»), заслугоўвае ўвагі. Пачаў жа ён друкавацца яшчэ ў 1950-х гадах, таму зараз, пасля сыходу А. Я. Ройзмана, мае лічыцца найстарэйшым працаўніком беларускай шахматнай журналістыкі. Безумоўна, я не стану бегаць за кіраўнікамі БАЖ так, як яны бегалі за Алексіевіч. Упэўнены, калі cуполцы спатрэбіцца мая дапамога ў зносінах з Купрэйчыкам і Ноем, то мяне знойдуць… Дый яшчэ пытанне, ці захочуць набыць новае званне Віктар К. і Дзмітрый Н. – не пытаўся ў іх пра гэта 🙂

І пра культурку. Палюбляў і палюбляю творы як Ільфа і Пятрова, так і Міхаіла Булгакава. Наткнуўся колькі дзён таму на эсэ з працягам, дзе аўтар даводзіў, што «12 крэслаў», як і «Залатое цяля», напісаў Булгакаў, якому карцела падзарабіць і ўставіць «шпільку» савецкай уладзе. Прозвішча аўтара (Галкоўскі) я чуў з 1990-х, некалі зазіраў і ў яго «Бясконцы тупік». Во, думаю, свежыя думкі, дый падагнаныя дэталі не без досціпу… Пры другім прачытанні блога выявілася, што многае шыта белымі ніткамі, а Ільф і Пятроў – небязгрэшныя, хто б спрачаўся – занадта прыніжаны («рэдкія лайдакі»). Не помню, каб «яўрэйская нацыяналістычная прапаганда» надавала нейкую асаблівую важнасць запісным кніжкам Ільфа (мабыць, Галкоўскі паблытаў Ільфа з Герцлем або Жабацінскім?). На трэцім заходзе зрабілася проста брыдка, таму што дабрыў да запісу ад 14.03.2016, дзе Галкоўскі разважае следам за сваім кумірчыкам: «што б яўрэй ні рабіў, на ўсім ляжыць пячатка недарэчнасці, а любая яўрэйская “справа” няўхільна валіцца ў кепскі анекдот». Выходзіць, і літаратуразнаўчым аналізам з дамешкам псіхалогіі папулярны блогер заняўся, каб «ачысціць» Вялікую Рускую Літаратуру ад розных там Ільфаў-Файнзільбергаў… Такія цяпер у Расіі інтэлектуалы – не ўсе, але шмат іх. Зрэшты, невядома, хто горшы: русафіл-юдафоб ці «юдафіл-русафоб», які запрашаў нас захапляцца пагромшчыкам Булак-Балаховічам? Абодва горшыя, інфа 100%.

I показка пра шахматны «усенавуч» ды воз, пастаўлены перад канём (няшахматным). Брэсцкі трэнер Уладзіслаў Каташук сёння гукаў на сваім сайце: «узяў 2 гадзіны факультатыва ў суседняй школе (для інтарэсу і разумення тэмы), сёння мне давялося пісаць каляндарна-тэматычнае планаванне. Чарговае беларускае ноў-хаў: хады фігур у 1-м классе вывучаюць на 5-8 занятках, а тэмы «шах, мат, пат, вечны шах, ракіроўка, план у шахматнай партыі» і да т. п. – на 1-4 занятках. О, жах! Хто гэта складаў? Падкажыце мне прозвішча!»

Вольф Рубінчык, г. Мінск

13.09.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 14.09.2016  11:41