Tag Archives: Владимир Гинзбург

Quo vadis, федэрацыя шахмат?

Калі ў выніку папярэдняй публікацыі атрымаў электроннае пісьмо, адрасаванае «пану Рубінчыку», з радкамі: «У святле работы па стабілізацыі сітуацыі ў ГА “БФШ”, што вядзецца кіраўніцтвам, у выпадку Вашай зацікаўленасці, былі б удзячны за магчымыя прапановы і Ваша бачанне далейшай работы федэрацыі. З павагай і ўдзячнасцю, ГА “Беларуская федэрацыя шахмат”» (18.10.2021, пер. з рус.), я трохі здзівіўся, але толькі трохі. Кансультаваў жа даследчыкаў з розных кантынентаў, Нацыянальную бібліятэку, «цэлае» міністэрства культуры… Ну, і становішча ў федэрацыі не першы месяц дапраўды няпростае: ранейшага кіраўніка (дакладней, кіраўнічкі) фактычна ўжо няма, новага — яшчэ няма. Старажылам гэтая сітуацыя нагадала 2009-ы год, калі, зазнаўшы паражэнне на парламенцкіх квазівыбарах-2008, «дэзерціраваў» Канстанцін Іваноў, які зараз робіць добрую міну пасля кепскай гульні. Але з Настай Сарокінай, аднагалосна перавыбранай у 2019-м на тэрмін да 2023 г., усё выглядае больш драматычна: спярша яна з’ехала з Беларусі, потым заявіла, што за мяжой паступіла ў магістратуру (а-ля Неўзлін-2003 — той пакінуў РФ для «працы над дысертацыяй»). А тады Сарокіну «часова адхілілі» ад пасады старшыні БФШ на грунце Пастановы ад 14.07.2021, вынесенай следчым па асабліва важных справах Савецкага (г. Мінска) раённага аддзела Следчага камітэта…

Рэдактар сайта БФШ вырашыў расказаць urbi et orbi аб прэтэнзіях «сілавікоў» да старшыні

«Да кучы» падкасіўся дабрабыт дзяржпрадпрыемства «Белаэранавігацыя». Яно фундавала праекты БФШ у 2010-х гадах (дырэктар прадпрыемства займаў пасаду старшыні федэрацыі са снежня 2009 г. да мая 2017 г., а папячыцельскім саветам БФШ кіруе дагэтуль; у названы савет з сямі чалавек, апрача Леаніда Чуро, уваходзяць і двое яго падначаленых з «Белаэранавігацыі»). Праз COVID-19 i заходнія санкцыі, прынятыя па інцыдэнце з самалётам «Ryanair» 23.05.2021, даходы фундатара знізіліся, і мяркую, што прадпрыемству робіцца ўсё болей не да шахмат. А калі топішся, дык і за брытву ўхопішся — за прапановы «дысідэнта» ў нашым выпадку. Між іншага, я нават не член БФШ, дый ніколі ім не быў. Усяго-та кандыдат у майстры (з 1993 г.), рэдактар часопісаў «Шахматы» & «Шахматы-плюс» (у 2000-х), аўтар самвыдатаўскіх кніжак…

Перапіску ад імя федэрацыі вёў са мною Павел Смялянскі. Выявілася, у снежні 2020 г. гэты ўсмешлівы малады чалавек загадваў у міністэрстве спорту і турызму РБ аддзелам міжнародных сувязей, а паралельна курыраваў працу Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках:

Фота з chesscenter.by. П. С. злева, справа дырэктар РЦАП Сяргей Карчынскі

Цяпер на сайце мінспорту Смялянскага няма, яго былая пасада пазначана як вакантная. Пра сябе Павел Ігаравіч 20.10.2021 напісаў так: «Я на некаторы час запрошаны ў ГА “БФШ” яе кіраўніцтвам для садзейнічання ў рабоце». Склалася ўражанне, што ён выконвае функцыі прэс-сакратара, тым не менш ласкава дазволіў сябе называць «памочнікам першага намесніка старшыні БФШ». 🙂 Дарэчы, калі хтось дагэтуль не ў курсе, каму пан дапамагае: першым намеснікам у БФШ служыць Аляксандр Шамко, экс-міністр спорту і турызму… Cфоткаўся ён учора ў Маскве з камплектам шахмат і з Аркадзем Дварковічам няйначай шукае падтрымкі перад выбарамі?!

Фота з openchess.by, 21.10.2021. А. Шамко злева, шахматы у цэнтры

Пакуль я ліставаўся з мінскім функцыянерам, гродзенскі прадстаўнік федэрацыі, чэмпіён Беларусі-2004 Андрэй Малюш упарта збіраў подпісы за найхутчэйшае скліканне пазачарговай канферэнцыі БФШ. Перад гэтым (08.10.2021) ён роспачна паведаміў: «звестак пра дату Канферэнцыі ў мяне няма, афіцыйныя асобы мне патлумачыць нічога не могуць… ужо дастаткова доўгі час структурныя падраздзяленні федэрацыі, якія маюць права прыняць рашэнне пра скліканне Канферэнцыі, не плануюць гэтага рабіць». Супадзенне ці не, але праз некалькі дзён банер школы шахмат «Ферзь», якой руліць Андрэй, знік з сайта БФШ.

Цяпер на «казырным» месцы openchess.by – банеры, што адсылаюць да малашахматных устаноў

А. М. паставіў сабе задачу сабраць 500 подпісаў, як ён выразіўся, «афіцыйных членаў ГА БФШ”» (г.зн. тых, каторыя сплацілі ўнёскі за 2021 г.), але цягам 1121 кастрычніка, нягледзячы на агрэсіўны піяр з боку сайта «Брэсцкія шахматы» і асабіста Уладзіслава Каташука, было сабрана ўсяго 244. Ва ўмовах, калі грамадская актыўнасць у краіне прыдушана, не так яно і мала, але асноўная частка (звыш 150) прыйшла ў першыя тры дні, потым працэс яўна запаволіўся. Таму сумнеўна, што к лістападу 2021 г. колькасць подпісаў падвоіцца, наблізіўшыся да запаветнай лічбы «500».

Майстар Малюш (фота адсюль)

16 кастрычніка ад імя федэрацыі было заяўлена, што «ідзе падрыхтоўка да канферэнцыі, абвешчанай Папячыцельскім саветам ГА БФШ». Дату на сёння так і не ўдакладнілі, але тут я схільны зразумець кунктатараў… Чатыры месяцы таму, калі яны ўпершыню публічна загаварылі пра канферэнцыю, у Беларусі афіцыйна было менш як 4500 заражаных каранавірусам, цяпер значна больш за 20000. Зараз небяспечна збіраць у адным памяшканні дзясяткі дэлегатаў, сярод якіх, скарэй за ўсё, будуць і людцы з груп рызыкі (немаладыя, з хранічнымі захворваннямі…). На месцы арганізатараў я пачакаў бы серыі паведамленняў аб тым, што ў РБ колькасць носьбітаў каранавіруса не перавышае 2000, і толькі тады запрашаў бы ў Мінск ахвотных патузаць выканкам. Дарэчы, за ініцыятыву Малюша падпісаліся трое дзейных членаў выканкама БФШ – Уладзімір Гінзбург, Мікалай Зарубіцкі, Cямён (Сімяон) Мерыбанаў.

Асабіста мне хацелася б не проста ратацыі «гаваркіх галоваў», а пераўладкавання сістэмы. З тэхнічных прычын устрымаюся ад зусім канкрэтных прапаноў па рэфармаванні суполкі, бо такія прапановы мелі б на ўвазе кадравыя перастаноўкі. A вось пра тое, як магла б выглядаць «далейшая работа федэрацыі», колькі абзацаў такі нашрайбаю:

– перш за ўсё ў арганізацыі мае быць стратэгія (нават болей – Стратэгія!), абмеркаваная заранёў і зацверджаная на канферэнцыі. Як вяшчаў мудры старажытны кітаец, «тактыка без стратэгіі мітусня перад паражэннем»;

– менавіта пад рэалізацыю мэтаў і задач, прадугледжаных Стратэгіяй, мусяць падбірацца кадры, і вельмі пажадана, каб кожная адказная асоба ў БФШ ведала, чым яна будзе займацца ў бліжэйшы год (агульны адказ «развіццё беларускіх шахмат» не з’яўляецца дастатковым);

– трэба, нарэшце, шчыра прызнаць, што Беларусь — не Расія і не Нарвегія, што ўваходжанне ў пяцёрку на Сусветнай шахматнай алімпіядзе або падрыхтоўка тутэйшага Магнуса Карлсена нам (пакуль што) не свецяць, ды суцішыць свае амбіцыі на міжнароднай арэне, пераарыентаваўшы дзейнасць федэрацыі на т.зв. масавыя шахматы;

– адначасна варта памяншаць залежнасць БФШ ад дзяржавы, у ідэале «адвязаўшы» федэрацыю ад мінспорту. Разумеючы, што цалкам незалежным ад дзяржорганаў грамадскае аб’яднанне нацыянальнага маштабу не будзе, я аддаў бы перавагу больш імпэтнай супрацы з мясцовымі адміністрацыямі — без іх няможна пашыраць сеціва «народных» гурткоў і клубаў, пра якое гаварылася тутака ў 2013 годзе;

– бадай, мэтазгодна падрыхтаваць карпаратыўнае пагадненне аб адмове ад публічнага навешвання цэтлікаў на законна выбраных дзеячаў БФШ і арганізацыю ў цэлым. Так, абстрагуючыся ад зместу канфлікту, сумнавата было назіраць, як старшыня судзейскай калегіі дэмагагічна лупцаваў у маі 2021 г. сваіх калегаў па суполцы («прамое шкодніцтва ў рабоце», «ацэнка і меркаванне пра работу БФШ за апошні перыяд з боку шахматыстаў краіны носіць толькі негатыўны характар»), што і адзначалася ў тым жа маі. Пры недахопу сродкаў — а грошай «на шахматы» ў краіне будзе бракаваць доўга — салідарнасць людзей шахмат неабходная не тое што для развіцця, а для самога існавання суполкі;

– падкрэслю, аднак, што найлепшы сродак ад крытыканства — даручэнне ключавых пасад у федэрацыі насамрэч аўтарытэтным асобам, шанаваным пераважнай большасцю. Да таго ж памыснымі здаюцца рэгулярныя ўнутраныя апытанні («міні-рэферэндумы») сярод членаў БФШ для выпраўлення непазбежных памылак, «карэкціроўкі курсу»;

– агулам, у БФШ трэба мацаваць і заахвочваць зваротную сувязь усімі даступнымі шляхамі. Тут ізноў пра салідарнасць: кожны аматар шахмат, якому патрэбна дапамога, мусіць яе атрымаць, хаця б у форме парады ці добрага слова.

Зразумела, што ідэі мусяць ажыццяўляцца ў комплексе (любяць у нас асобныя энтузіясты выхопліваць тэзісы з кантэксту…) І хуткага поспеху так ці іначай не гарантаваў бы — надта ўсё запушчана.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

22.10.2021

w2rubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 22.10.2021  13:33

* * *

На сайце школы «Ферзь» вывешана паведамленне «Канферэнцыя будзе» (23.10.2021). Калі аўтар, А. Малюш, не жартуе, то напярэдадні ён даведаўся, што канферэнцыя БФШ пройдзе 30.10.2021. Лагодна кажучы, спрэчны ход арганізатараў: па-першае, за тыдзень нерэальна вызначыць Стратэгію ды абмеркаваць яе. Па-другое, Статут (п.5.1.2) вымагае, каб пра дату публічна паведамлялася мінімум за месяц, але ж інтэрнэт-рэсурс БФШ нават сёння не цешыў анонсам. Па-трэцяе — што, бадай, галоўнае — чацвёртая хваля COVID-19 у Беларусі, набраўшы сілу ў верасні г. г., не збіраецца саступаць. Ці будзе бяспечна дэлегатам з розных гарадоў ехаць 30 кастрычніка ў сталічны РЦАП, дыскутаваць тамака? Cпадзяюся, пад сход прынамсі выдзеляць вялікую залу, дзе можна разгрупавацца, а не малую.

Рэдактар мінскай «Краязнаўчай газеты» Уладзімір Пучынскі памёр ад каранавіруса на мінулым тыдні. У 51 год

Год таму ўлады настойліва рэкамендавалі жыхарам РБ нашэнне масак у публічных месцах. Зараз штодня выяўляецца ў 2 разы больш інфікаваных, чым у пачатку лістапада 2020 г., памірае з кавідам у 3-4 разы болей, чым тады. Між тым «галоўны лекар» надоечы распавёў пра свой «асцярожны аптымізм» ды заклікаў скараціць сферу выкарыстання масак у Беларусі, што і рэалізуецца, пачынаючы з 22.10.2021. Дзе логіка? Няма яе тут. Але традыцыйна лічылася, што людзі шахмат умеюць разлічваць наперад… і думаць галавой, не тэлевізарам.

В. Р.

Дададзена 23.10.2021  22:56

***
Нарэшце пра канферэнцыю БФШ хоць нейкая афіцыйная інфа. Усё ж мерапрыемства перанеслі на 30.11.2021, што здымае шэраг пытанняў… магчыма, выклікаючы новыя.
28.10.2021  23:47

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (100)

Шалом! Ну во, дажыліся – кшталт «вялікага юбілею»… Хацеў бы назваць тых, каторыя не адмаўляліся супрацоўнічаць з серыялам «Катлеты & мухі» (est. 2015). Гэтыя людзі давалі каментарыі, слалі водгукі і/або матэрыял для будучых серый, цытавалі асобныя выпускі, бывала, зацята спрачаліся з аўтарам: Маргарыта Акуліч, Уладзімір Бараніч, Сяргей Будкін, Інэса Ганкіна, Юрась Гарбінскі, Уладзімір Гінзбург, Якаў Гутман, Зміцер Дзядзенка, Андрэй Дубінін, Алена Ждановіч, Фёдар Жывалеўскі, Алег Зелянцоў, Ігаэль Іегудзі аka Косця Лук, Леў Казлоў & Галіна Кур’яновіч, Сяргей Каспараў, Павел Касцюкевіч, Уладзіслаў Каташук, Васіль Кісляк, Зміцер Левіт, Дзмітрый Лыбін, Антон Лявіцкі, Людміла Мірзаянава, Гена (Гдалія) Пекер, Ігар Пушкін, Аляксандр Розенблюм, Дзмітрый Рослаўцаў, Святлана Рубінчык, Уладзь Рымша, Пётр Рэзванаў, Алесь Рэзнікаў, Павел Севярынец, Анатоль Сідарэвіч, Іна Соркіна, Сяргей Спарыш, Анатоль Старкоў, Віктар Сяргейчык, Юрый Тэпер, Аліна Федарэнка, Васіль Фрэйдкін, Алекс Фурс, Фелікс Хаймовіч, Віталь Цыганкоў, Раман Цыперштэйн, Андрэй Шуман, Ганна Янкута… Усім і кожнаму – мех падзяк! І два мяхі – рэдактару belisrael.info Арону Шусціну, які звыш сарака месяцаў церпіць гэта во ўсё :-/

Былі поспехі, мільгалі няпоспехі – да прыкладу, няспраўджаныя прагнозы. Суцяшаю сябе трывіяльна: маўляў, з кожным здараецца (а як яшчэ?). «Жырыноўскі па ўсіх параметрах не дацягвае да палітычнага лідара. І таму ў яго няма будучыні», – казаў пасол Расіі ў Ізраілі Аляксандр Бовін у інтэрв’ю «Новостям недели» (красавік 1994). І ў сваім дзённіку 1993 г. «чалавекавед» Бовін (1930–2004) занатаваў пасля першых выбараў у Дзярждуму: «Упэўнены, што за межы ХХ стагоддзя ён не выйдзе. Як палітычны лідар, зразумела». «Несапраўднага пасла» няма, а палітык на літару «Жэ» ёсць – летась атрымаў на расійскіх прэзідэнцкіх выбарах мільёны галасоў, трапіўшы ў тройку, як тое ўжо здаралася ў 1991 і 2008 гадах… ЛДПР выглядае – не скажу, што стала – амаль рэспектабельнай партыяй, і сёлета Аляксей Навальны ўжо гатовы падтрымаць яе кандыдата ў Піцеры (кажа, абы не ад «Адзінай Расіі»).

Ва ўсіх сэнсах бліжэйшы да нас прыклад – з Вадзімам Іосубам, папулярным у СМІ аналітыкам нейкага фінансавага агенцтва. Будзе казаць 28.01.2019: «На тыдні, які пачаўся…, еўра можа патаннець, знізіцца да 2.42» А паглядзіце, як на тыдні мяняўся курс:

Інфа з https://myfin.by/currency/eur (28.01.2019 – 03.02.2019). Cіняя лінія – курсы куплі, чырвоная – продажу. Еўра з 2.45 падаражэў да 2.47 руб., г. зн. амаль на 1%.

«Геапалітычных» прагнозаў апошнім часам таксама ў нас робіцца – хоць экспартуй іх аўтараў, хоць мяняй на коз, як летась зрабілі ў Турцыі з футбалістамі… Адзін фацэт варожыць, што Расія наўрад ці праглыне Беларусь, другі – што пагроза рэальна існуе, і жаліцца, што ў яго магчымасці расплюшчыць людзям вочы на пагрозу ў 100 разоў меншыя, чым у першага. То звярнуўся б на belisrael.info, чо 🙂 А папраўдзе, усе гэтыя накіды – ва ўмовах высокай ступені нявызначанасці ды недахопу інсайдэрскай інфы – нагадваюць эпізод з бессмяротнага гогалеўскага твору («даедзе кола да Масквы альбо не»).

Карацей, няма чаго быць мудрацом у вачах сваіх. Я-то не толькі да псеўдаэкспертаў, я і да сябе з іроніяй стаўлюся; яны – не ведаю.

Наказы в. а. цара наконт чарговага «ператрахвання» школьных праграм – гэта чысты Фанвізін, «Недарасль». Да таго ж касец, жнец і на дудзе ігрэц папракае настаўнікаў высокімі заробкамі – «ужо за 900 рублёў у сярэднім». Добра, што я не ў сістэме ды не мушу падпарадкоўвацца дурным загадам; уціск, відаць, такі, што і зорка «Радыё Свабоды» Ганна С. вырашыла для сябе «ненавідзячы, падпарадкоўвацца».

З другога боку, амбіцыі грамадскіх дзеячаў – тых, якія заяўляюць пра прэтэнзіі на галоўны фатэль краіны – таксама вылазяць аднекуль з паралельнай рэальнасці. У пачатку 2019 г. «адзначыліся» Мікола Статкевіч, ягоны цёзка Казлоў (нават не старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а в. а.), Алена Анісім, якая замахнулася ажно на 40% галасоў выбарцаў… Пра ўсіх названых ужо разважаў: у прыватнасці, тут, тут і тут. Пільныя чытачы лёгка здагадаюцца, як я трактую шансы гэтых «кандыдатаў у кандыдаты» на наступных «выбарах». Ну, прынцып «не дагонім, дык хоць сагрэемся» ніхто не скасоўваў 🙂

Разумею тых, хто кажа, што выбараў няма. Дапраўды, апошні раз вылучэнне кандыдатаў мела нейкі сэнс у 2001 г., калі «вертыкаль» і Ліда Я. вырашалі меней (мелася больш-менш незалежная федэрацыя прафсаюзаў, не было амаль усёахопнай кантрактнай сістэмы, сеціва ідэолагаў; многія захоўвалі спадзевы на расійскіх дэмакратаў і Захад, на «еўрапейскія каштоўнасці» ўвогуле). І ўсё-такі… сітуацыя непрадказальная. Хто ў лютым 1989 г. прадбачыў, што ў сакавіку 1990 г. з Канстытуцыі СССР выкінуць артыкул пра «кіруючую ролю» КПСС, а ў ліпені кансерватыўны ў цэлым Вярхоўны Савет БССР заявіць пра суверэнітэт Беларусі? Цяжка мне пагадзіцца з Сяргеем Спарышам, які заранёў ацэньвае прэзідэнцкую кампанію у РБ-2020: «[Ігар] Барысаў або [Ганна] Канапацкая дакладна не будуць буяніць».

Дарэчы, канструктыўная ідэя (нават дзве), як папярэдне адбіраць кандыдатаў – і кандыдатак – на вышэйшую пасаду. Трэба, каб яны прачыталі Біблію, прынамсі Пяцікніжжа, і здалі іспыт на разуменне прачытанага. Вернікамі быць ніхто не прымушае, аднак Біблія – збор тэкстаў, на якія абапіраецца палова чалавецтва, дык трэба, каб тутэйшыя хоць бы збольшага сяклі паляну арыентаваліся, каб на самітах было пра што размаўляць…

Ну, асабіста я пускаў бы ў белпрэзідэнты толькі тых, каторыя чыталі мае кнігі і сёе-тое ў іх зразумелі 🙂 Дальбог, «Выйшла кніга» (2017) & «Выбраныя катлеты і мухі» (2018) таксама здольныя служыць «шыбалетам», гэткім пропускам у вялікую палітыку. Ведаю, што крыху перабольшваю, але з нагоды юбілейчыку – дапушчальна. Дый пісьменнік Максім Клімковіч зацікавіўся «Выбранымі катлетамі…», а чым ён горшы за палітыкаў? 😉

М. Клімковіч у час аўтограф-сесіі Андрэя Федарэнкі; сам А. Федарэнка. Фота В. Р. і racyja.com, Мінск, 31.01.2019

Усё яшчэ ёсць ахвотныя ўспомніць пра далукашэнкаўскую Рэспубліку Беларусь (гл. ранейшыя згадкі ад Ю. Тэпера, П. Рэзванава, А. Рэзнікава…). Зараз эстафетка перадаецца мінскаму мастаку.

Андрэй Дубінін (1963 г. нар.):

Асаблівых сігналаў са знешняга свету ў маім дзённіку не зафіксавана ў тыя гады. Я выкладаў у ліцэі, быў паглыблены ў працу… Да таго ж у 1992 годзе нарадзіўся першы сын, і часу было вобмаль. Але, мабыць, галоўная прычына апалітычнасці – мы (купа рэстаўратараў) свой пік прайшлі ў 1990 годзе, калі шчыльна ўлучыліся ў выбарчую кампанію ў Вярхоўны Савет па Фрунзенскім раёне Мінска, я стаў даверанай асобай работніцы Белрэстаўрацыі Элеаноры Вецер, мы ў майстэрні ўручную рабілі ўлёткі з анёлам і тэкстам «Будзе песьня – будзе і хлеб» (тады камуністыя ўсё казалі «будзе хлеб – будзе і песня»; маўляў, спачатку дайце кіўбасы людзём, а тады і мова падцягнецца). Штовечар абыходзілі кватэры па ўсім раёне, я асабіста амаль усе дамы абышоў і тлумачыў-усміхаўся-жартаваў-абаяў-агітаваў… Дамоў вярталіся апоўначы. Нашым праціўнікам быў Генадзь Карпенка, памятаю сходы па школах, асабліва запаў выступ Уладзіміра Папругі – таленавіты прамоўца быў. Мы крыху саступілі Карпенку, але з нашым рэсурсам – проста рамантычны палёт і ніякіх грошай, плюс мастацкае ўкладанне – гэта была перамога. Мы тады так улезлі з вушамі ў гэтую справу, што пасля ўжо, відаць, была адваротная рэакцыя – замкнуцца ў сваёй Вежы-Басталіі.

Толькі ўскосна на семінарах наш настаўнік Алег Хадыка часам чапляў актуаліі. Напрыклад, 5 лютага 1992 г. ён казаў: «Мы знявечаны тым, што не было сецэсіі, буржуазнага перыяду. Чурлёніс (у літоўцаў) а ў нас толькі Чуркін. І трэба ўзнавіць Міцкевіча, сентыменталізм, сентыментальны беларускі план. Данчык можа зрабіць больш за ўсіх. Самыя страшныя для беларускага народа беларускія прадаўшчыцы (гэта быў цэлы клас людзі пры размеркаванні ядомага). Пазняк хацеў беларусізаваць прадаўшчыц, а яны толькі вырваліся (з вёскі ў рускамоўную цывілізацыю)… Прадаўшчыц зараз можа адзін Данчык уработаць…»

* * *

Даволі годна прайшлі «міжнародныя дні Халакосту» ў Беларусі: традыцыйны канцэрт «Жоўтыя зоркі» ў дзяржфілармоніі, сюжэт на тэлебачанні з інтэрв’ю былых вязняў Мінскага гета Якава Краўчынскага і Фрыды Лосік (Рэйзман)… А найбольш крэатыўна, здаецца, павялі сябе актывісты ў Гродне – зладзілі «анімацыйную экскурсію» па тэрыторыі гета № 1.

Хто чытаў і канспектаваў «Катлеты з мухамі», той ведае: да тутэйшых сацыялагічных выбрыкаў я доўга ставіўся або скептычна, або… монапенісна. Але ж надоечы прачытаў інтэрв’ю дырэктара акадэмічнага інстытута сацыялогіі – прызначанага з паўгода таму – і нутром адчуў, што не ўсё яшчэ страчана. Кандыдат навук, якому ў сакавіку 2019 г. споўніцца 40 год, «шарыць» не толькі ў анкетах; яго не без падстаў раскручваюць як галоўнага драконазнаўцу Сінявокай. Агулам, чалавек, дарма што намагаецца «падфарбаваць» дзяржаўную ідэалогію (паклаўшы ў яе падмурак міфалогію беларусаў) транслюе разумныя думкі, напрыклад:

Беларусы глыбока ўсведамляюць сябе як асобную нацыю са старажытнай гісторыяй і самастойнай дзяржавай. Успрыманне сябе як малодшых братоў расійцаў або палякаў – чужы, навязаны звонку стэрэатып…

Ад навукоўцаў патрабуюць хуткага выніку. Усё гэта вельмі негатыўна адбіваецца на навуцы як на сферы прадукавання новых ведаў, таму што досвед паказвае: са 100 заяўленых даследаванняў толькі 10 даюць вынік. З гэтых 10 актуальную выгаду прыносіць толькі адно. Але, калі не фінансаваць усе 100, то і аднаго прарыву (у БССР 192030-х «прарывам», у адрозненне ад «пералому», называўся правал, у цяперашняй РБ – поспех; значэнне слоў з цягам часу мяняецца – В. Р.), здольнага акупіць усе выдаткі, не будзе.

Да таго ж новы дырэктар не без гумару: у сваім блогу посціў нямала «вясёлых карцінак», праўда, перад тым, як заняў адказную пасаду. Пра радыё і папоў – не новая, сустракаў яе гадоў трох таму ў Аляксея Вішні (між іншага заўважу: з такімі «сябрамі», як Вішня, Віктару Цою і ворагаў не трэ’ было мець). Тым не менш:

«Недзе на раёнчыку»; «Суб’ект-аб’ектная інверсія» (узята адсюль)

«Вольфаў цытатнік»

«Культура – гэта сістэма табу, а мастацтва – гэта сістэма пераадолення табу» (Міхаіл Швыдкой, 24.02.2018).

«Брак даверу да медыяў, спалучаны з пачуццём бездапаможнасці ў вырашэнні ўсё вастрэйшых эканамічных, сацыяльных і палітычных праблем, паспрыяў распаўсюду тэорый змовы па ўсім свеце» (Мана Неестані, iranwire.com, 27.11.2018)

«Дарога – гэта сіла, у якой няма канца» (БГ, песня пра «смарагдавыя дні», 2019)

«Агульны прынцып: у публічнай прасторы найбольш выгадныя актывы заўсёды маскіруюцца пад стратныя… Смецце — гэта рэсурс XXI стагоддзя» (Кацярына Шульман, 15.01.2019)

«Каб цешыцца з перамен, трэба, каб было нязменнае: велічэзная тоўшча жыцця, якая паўтараецца, рэпрадукуе сябе» (Уладас Павілайціс, 22.01.2019)

«Барацьба за падвышэнне зарплат — гэта барацьба з карупцыяй. Проста знізу» (Аляксей Навальны, 24.01.2019).

«Быць беларусам у Еўразвязе – гэта ўсё роўна што быць габрэйскім хлопчыкам у савецкай школе. Намагаешся быць лепшым, каб даказаць, што ты як усе» (Paval Kasciukevič, 24.01.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

03.02.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 03.02.2019  18:47

***

Поддержать сайт 

Еще о Викторе Купрейчике / More on Viktor Kupreichik

(Ниже на русском)

Яшчэ пра Віктара Купрэйчыка / More on Viktor Kupreichik

Каля ста чалавек прыйшлі сёння, 23 траўня, у вялікую залу Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках, каб развітацца з Віктарам Давыдавічам Купрэйчыкам. На экране злева ад труны пад запіс песні Уладзіміра Высоцкага «Кони привередливые» чаргаваліся фатаграфіі і відэаролікі, якія адлюстроўвалі розныя эпізоды біяграфіі выбітнага беларускага шахматыста. Труна была ўсыпана веснавымі кветкамі.

Вынас цела на вул. К. Маркса. Прыкладна 15.30.

У кулуарах дзеячы шахмат падзяліліся з карэспандэнтам belisrael.info сваімі думкамі і ўспамінамі, звязанымі з В. Д. Купрэйчыкам.

Юрый Муйвід, трэнер РЦАП:

– Я ведаў Віктара з тых часоў, калі яму было 11 год, калі ён быў моцным першаразраднікам, гуляў у паўфінале першынства Мінска сярод дарослых. Вельмі шмат ахвяроўваў, гуляў у востракамбінацыйным стылі, падобным да талеўскага – вядома, і выйграваў, і прайграваў.

Заметка А. Ройзмана пра юнага Купрэйчыка ў «Фізкультурніку Беларусі». Фота В. Каблюка.

Быў сведкам, як Віктар выступаў за зборную Мінска на спартакіядзе школьнікаў Беларусі ў сярэдзіне 1960-х гг. (ладзілася ў Гомелі). Ад Мінска тады прыслалі дзве каманды, і за першую гулялі Купрэйчык, ДыдышкаАба Шагаловіч папрасіў, каб я паехаў з мінчанамі замест трэнера Вадзіма Місніка. У першы дзень хлопчыкі і дзяўчаты пачалі гарэзаваць, збягаць з горкі ў парку, а яна была дужа крутая… Вячаслаў Дыдышка выляцеў прама на парапет, урэзаўся ў застыглы цэмент – добра яшчэ, што паспеў згрупіравацца. Віктару пашанцавала больш, ён схапіўся за нейкі куст, прытармазіў. Шагаловіч быў у шоку!

Уладзімір Гінзбург, намеснік старшыні Беларускай федэрацыі шахмат:

– Да таго, як Віктар Давыдавіч некалькі дзён таму няўдала ўдарыўся галавой і злёг, ён рыхтаваўся да чэмпіянату Еўропы ў Мінску, а ўлетку плануецца яшчэ шахматны матч ветэранаў на тэрыторыі пасольства Беларусі ў Расіі, на 10 дошках… Купрэйчык мусіў быў гуляць на 1-й дошцы. Мы даўно рыхтавалі гэты беларуска-расійскі матч, і вось толькі сёлета знайшлі грошы. Нават не ведаю, ці варта цяпер яго праводзіць. Дыдышка кажа: «Няма Віктара – няма сэнсу».

Юрый Балашоў, міжнародны гросмайстар (Расія, разам з міжнародным майстрам Сяргеем Юферавым спецыяльна прыехаў на пахаванне):

– Смерць Віктара – вялікая страта, сышоў яркі, творчы шахматыст. Магчыма, спартыўныя яго вынікі не так уражвалі, як творчыя. У 1979 годзе, калі ў Мінску праходзіў чэмпіянат СССР, людзі пыталіся лішні квіток, ішлі на Купрэйчыка… Мы сябравалі, дапамагалі адно аднаму, разам ездзілі на спаборніцтвы, агулам, былі ў «адной звязцы». Віктар да апошніх дзён захоўваў прыстойную шахматную сілу. Ён валодаў высокімі чалавечымі якасцямі – надзейнасць, сумленнасць, смеласць. Мне ўчора тэлефанавалі з розных гарадоў Расіі – з Пярмі (Анатоль Цярохін), з Тамбова, адусюль, дзе бываў Віктар… Прасілі перадаць спачуванне родным і сябрам. Яшчэ, помню, у 1982 годзе мне пазваніў Васіль Васільевіч Смыслоў, спытаўся, як я пастаўлюся да таго, што ён запросіць у групу сваіх памочнікаў Віктара Купрэйчыка. Вядома, я згадзіўся. І сапраўды, Віктар вельмі дапамог Смыслову, які на сёмым дзясятку гадоў дайшоў у прэтэндэнцкім цыкле да матчу з Каспаравым (1984 г.).

Ю. Балашоў (злева) і У. Гінзбург

Леанід Шацько, шахматыст-завочнік, распаўсюднік шахматнай літаратуры, вядучы шахаддзела ў «Народнай газеце»:

– Дзякуючы Віктару Давыдавічу я, можна сказаць, і прыйшоў у шахматы. У 1972-1974 гг., у старшых класах школы, я ўдзельнічаў у шахматных конкурсах газеты «Знамя юности», якія арганізоўваліся аддзелам пад рэдакцыяй майстра спорту В. Купрэйчыка. У гэтых конкурсах я паступова выканаў 4-ы і 3-і разрады, а ў апошнім, дзе ўдзельнічала звыш 600 (!!!) чалавек, увайшоў у тройку пераможцаў. Так што штуршок да заняткаў шахматамі Віктар Давыдавіч даў многім у нашай краіне. Ён прысылаў мне лісты, якія захоўваю дагэтуль. Што цікава, ў конкурсе 1973 г., дзе я выканаў норму 3-га разраду, адным з пераможцаў стаў Уладзімір Барташ – цяпер вядомы трэнер, які працуе ва Уруччы, у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Арт». Яго вучні становяцца пераможцамі многіх рэспубліканскіх турніраў.

Даведка пра выкананне разраду, падпісаная В. Купрэйчыкам. Архіў Л. Шацько.

Апошні час Віктар Давыдавіч моцна хварэў, у яго былі праблемы з ныркамі: ведаю, што, калі ён ездзіў на турнір у Дрэздэн, то кожны дзень яму рабілі гемадыяліз. Ён атрымаў групу інваліднасці; магчыма, праз гэта быў вымушаны пару гадоў таму зволіцца з СДЮШАР-11. Тым не менш не губляў бадзёрасці: цікавіўся кнігамі, звяртаўся да мяне наконт навінак, набыў нават «Энцыклапедыю шахматных дэбютаў» (між тым большасці людзей «ва ўзросце» ўжо не да літаратуры па шахматах). У СДЮШАР-11 ён займаўся з некалькімі перспектыўнымі рабятамі, як мінімум адзін з іх – Уладзімір Раманенка, які пераехаў у ЗША – стаў гросмайстрам. Сярод яго вучняў таксама міжнародны майстар Міхаіл Нікіценка. Дзеля заняткаў хлопцы ездзілі да Купрэйчыка і на кватэру.

Далей – фрагмент з тэксту Уладзіміра Някляева, учора апублікаванага тут (паэт Някляеў таксама прыходзіў у РЦАП).

«Не стала Віктара Купрэйчыка. Міжнароднага грасмайстра, найбліскучага беларускага шахматыста, унесенага ў Сусветную залу шахматнай славы.

Мы сябравалі. Ён адзін з самых даўніх маіх сяброў. Таму цяжка. Вельмі.

Апошнімі гадамі ён невылечна хварэў. Але памёр не праз хваробу. Праз выпадак. Спраўдзілася ягонае: «Мы паміраем выпадкова».

Ён любіў не толькі шахматы. Шмат што яшчэ. У тым ліку музыку, літаратуру. За грошы, выйграныя на адным з апошніх (ветэранскіх) турніраў, выдаў па-беларуску кнігу Івана Буніна. Калі спыталі, навошта яму гэта, адказаў: «Хачу, каб любілі Буніна па-беларуску».

Грошы, якія перакладчыкі бунінскай кнігі не ўзялі ў яго як ганарар, ён перадаў на помнік Рыгору Барадуліну».

Падрыхтаваў В. Р.

Гл. таксама: Виктор Купрейчик (03.07.1949 – 22.05.2017) / Viktor Kupreichik

***

Около ста человек пришли сегодня, 23 мая, в большой зал Республиканского центра олимпийской подготовки по шахматам и шашкам, чтобы попрощаться с Виктором Давыдовичем Купрейчиком. На экране слева от гроба под запись песни Владимира Высоцкого «Кони привередливые» сменялись фотографии и видеоролики, отражавшие разные эпизоды биографии замечательного белорусского шахматиста. Гроб был усыпан цветами.

Вынос тела на ул. К. Маркса. Примерно 15:30.

В кулуарах деятели шахмат поделились с корреспондентом belisrael.info своими мыслями и воспоминаниями, связанными с В. Д. Купрейчиком.

Юрий Муйвид, тренер РЦОП:

– Я знал Виктора с 11-летнего возраста, когда он был сильным перворазрядником, играл в полуфинале первенства Минска среди взрослых. Очень много жертвовал, играл в острокомбинационном стиле – конечно, и выигрывал, и проигрывал.

Заметка А. Ройзмана о юном Купрейчике в «Физкультурнике Беларуси». Фото В. Каблюка.

Был свидетелем, как Виктор выступал за сборную Минска на спартакиаде школьников Беларуси в середине 1960-х (проводилась в Гомеле). От Минска тогда прислали две команды, и за первую играли Купрейчик, ДыдышкоАбо Шагалович попросил, чтобы я поехал с минчанами вместо тренера Вадима Мисника. В первый день мальчики и девочки стали резвиться, сбегать с горки в парке, а она крутая… Вячеслав Дыдышко вылетел прямо на парапет, врезался в цемент – хорошо, что успел сгруппироваться. Виктору повезло больше, он ухватился за какой-то куст, притормозил. Шагалович был в шоке!

Владимир Гинзбург, зам. председателя Белорусской федерации шахмат:

– До того, как Виктор Давыдович несколько дней назад неудачно ударился головой и слёг, он готовился к чемпионату Европы, а летом планируется ещё матч ветеранов по шахматам на территории посольства Беларуси в России, на 10 досках… Купрейчик должен был играть на 1-й доске. Мы давно готовили этот российско-белорусский матч, и вот только в этом году нашли деньги. Даже не знаю, стоит ли теперь его проводить, Дыдышко говорит: «Нет Виктора – нет смысла».

Юрий Балашов, международный гроссмейстер (Россия, вместе с международным мастером Сергеем Юферовым специально приехал на похороны):

– Смерть Виктора – большая потеря, ушёл яркий, творческий шахматист. Возможно, спортивные его результаты не были такими впечатляющими, как творческие. В 1979 году, когда в Минске проводился чемпионат СССР, люди спрашивали лишний билетик и шли на Купрейчика… Мы дружили, помогали друг другу, вместе ездили на соревнования, в общем, были «в одной связке». Виктор до последних дней сохранял приличную шахматную силу. Он обладал высокими человеческими качествами – надёжность, честность, смелость. Мне вчера звонили из разных городов России – из Перми Анатолий Терёхин, из Тамбова, отовсюду, где бывал Виктор… Просили передать соболезнование родным и друзьям. Ещё, помню, в 1982 году мне позвонил Василий Васильевич Смыслов, спросил, как я отнесусь к тому, что он пригласит в группу своих помощников Виктора Купрейчика. Конечно, я согласился. И действительно, Виктор очень помог Смыслову, который на седьмом десятке лет дошёл в претендентском цикле до матча с Каспаровым.

Ю. Балашов (слева) и В. Гинзбург

Леонид Шетько, шахматист-заочник, распространитель шахматной литературы, ведущий шахотдела в «Народной газете»:

– Благодаря Виктору Давыдовичу я, можно сказать, и пришёл в шахматы. В 1972-1974 гг., учась в старших классах школы, я участвовал в шахматных конкурсах газеты «Знамя юности», которые проводились отделом под редакцией мастера спорта В. Купрейчика. В этих конкурсах я постепенно выполнил 4-й и 3-й разряды, а в последнем, где участвовало более 600 (!!!) человек, вошёл в тройку победителей. Так что толчок к занятиям шахматами Виктор Давыдович дал многим в нашей стране. Он присылал мне письма, которые храню до сих пор. Что интересно, в конкурсе 1973 г., где я выполнил норму 3-го разряда, одним из победителей стал Владимир Бартош – известный ныне тренер, который работает в Уручье, в центре дополнительного образования детей и молодёжи «Арт». Его ученики становятся победителями многих республиканских турниров.

Справка о выполнении разряда, подписанная В. Купрейчиком. Архив Л. Шетько.

В последнее время Виктор Давыдович сильно болел, у него были проблемы с почками: знаю, что, когда он ездил на турнир в Дрезден, то каждый день проходил гемодиализ. Получил первую группу инвалидности, из-за этого был вынужден уволиться из СДЮШОР-11. Тем не менее бодрости не терял: интересовался книгами, обращался ко мне, приобрёл даже «Энциклопедию шахматных дебютов» (а ведь большинству людей в возрасте уже не до литературы по шахматам). В СДЮШОР-11 он занимался с несколькими перспективными ребятами, как минимум один из них – Владимир Романенко, который переехал в США – стал гроссмейстером. Среди его учеников также международный мастер Михаил Никитенко. Ради занятий ребята ездили к Купрейчику и на квартиру.

Далее – фрагмент из текста Владимира Некляева, вчера опубликованного здесь (поэт Некляев тоже приходил в РЦОП). Перевод с белорусского:

«Не стало Виктора Купрейчика. Международного гроссмейстера, самого блестящего белорусского шахматиста, внесенного во Всемирный зал шахматной славы.

Мы дружили. Он один из старейших моих друзей. Поэтому тяжело. Очень.

В последние годы он неизлечимо болел, но умер не из-за болезни. Из-за случая. Подтвердились его слова: «Мы умираем случайно».

Он любил не только шахматы. Многое другое. В том числе музыку, литературу. За деньги, выигранные на одном из последних (ветеранских) турниров, издал по-белорусски книгу Ивана Бунина. Когда спросили, зачем ему это, ответил: «Хочу, чтобы любили Бунина по-белорусски».

Деньги, которые переводчики бунинской книги не взяли у него как гонорар, он передал на памятник Рыгору Бородулину».

Подготовил В. Р.

См. также: Виктор Купрейчик (03.07.1949 – 22.05.2017) / Viktor Kupreichik

Опубликовано 23.05.2017  23:29

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (33)

Снежаньскі мінскі шаломчык!

У 31-й серыі, калі помніце, мы задаліся пытаннечкам, чаму ў беларускіх лібералаў з канца 1990-х гадоў усё многае ідзе коса-крыва і хто тут вінаваты: Лукашэнка? ФСБ? Самі дзеючыя асобы і выканаўцы? Лібераламі ў 1990-х называлі багата каго, але ў рамках нашага серыялу гэта – палітызаваныя асобы, якія выступалі не за камуністаў, не за рэстаўрацыю імперыі і не за «нацыянал-патрыётаў», а, умоўна кажучы, за «рынак» 🙂 Калі не ўнесці долю ўмоўнасці, то давядзецца бясконца высвятляць, хто быў сапраўдным аматарам свабоды, а хто пагуляць выйшаў…

Пачаць з таго, што без падтрымкі «лібералаў» 39-гадовы Аляксандр Лукашэнка (які абапіраўся, зразумела, і на былых партакратаў тыпу Сініцына і Ціцянкова, а таксама на «сілавікоў» ды землякоў) у ліпені 1994 г. не прыйшоў бы да ўлады. Булахаў, Ганчар, Лябедзька, Майсеня, Нісцюк, Фядута, Чыгір – усе яны «дзеці перабудовы», якія верылі ў гарбачоўскую галоснасць і вертыкальную мабільнасць, прынамсі для сябе і сваіх паплечнікаў. Ніхто з іх, адрозна ад Кебіча і яго каманды, не займаў высокіх пасад ні ў познесавецкі, ні ў «шушкевіцкі» час.

Згадзіліся працаваць з Лукашэнкам і тыя, хто перад выбарамі не ўваходзіў у яго каманду, а менавіта, Станіслаў Багданкевіч (старшыня Нацбанка да верасня 1995 г.), Аляксандр Сасноў (міністр працы і сацыяльнай абароны да лістапада 1996 г.). Не кажучы пра масу іншых, менш прыкметных чыноўнікаў. Апрача папулізму («Запусціць заводы», «вярнуць народу тое, што ў яго забралі», «пасадзіць карупцыянераў»), былі ж у маладога кандыдата і абяцанкі падтрымліваць прадпрымальніцтва, гарантаваць свабоду СМІ – гэта ён гуляў на кантрасце з Кебічам, які закрыў радыёстанцыю «Беларуская маладзёжная»… Гаварылася і пра тое, што трэба, замест каб даць людзям «рыбу», навучыць іх «лавіць рыбу» – у інтэрв’ю мінскай яўрэйскай газетцы «Мабат» (цяпер ужо і забыліся, што такая выходзіла).

Што кур’ёзна, Лукашэнка ўлетку 1994 г. адмовіўся ад сацыяльнай кампенсацыі «на хлеб і малако» для сваіх дзяцей (абы папоўніць бюджэт) і абяцаў таксама ахвяраваць частку зарплаты – рыхтык Дональд Трамп 🙂 Заява «нашага» настолькі расчуліла літаратара Уладзіміра Максімава, што той напісаў аж у «Правду»: «прэзідэнтам стаў сумленны чалавек… і вось Вам мая рука». Бокам многім з жыхароў Беларусі вылезлі тыя хлеб і малачко… Чаго не разумеў вядомы пісьменнік-антыкамуніст 22 гады таму, сцяміў адстаўны санітар Уладзімір Рабіновіч у лістападзе 2016 г. Амерыканскі пенсіянер, выхадзец з Мінска, разважаў пра Трампа так: «Ён паспеў толькі адмовіцца ад сваёй прэзідэнцкай зарплаты на карысць дзяржавы, 400 тысяч долараў за год. Гэта папулісцкі жэст…»

Будзьма шчырымі, першыя пару год у лібералаў да Лукашэнкі асаблівых прэтэнзій не было. Той іх рэцыклізаваў, як пазней Пуцін скарыстаў Касьянава і Кудрына, а зусім нядаўна – Бялых і Улюкаева. Сцярпелі і «прэзідэнцкую вертыкаль» увосень 1994 г., і «белыя плямы» ў газетах у снежні 1994 г. (праўда, Фядута падаў-такі ў адстаўку, cышоў у студзені 1995 г.), і збіццё дэпутатаў з «нацыянальна-патрыятычнага» лагеру ў сценах Вярхоўнага Савета ў красавіку 1995 г., і рэферэндум з «Дзецьмі хлусні» ў маі 1995-га… Адносіны разладзіліся ў кагосьці (Лябедзька) к восені 1995 г., а ў большасці – толькі ў 1996-м, тады, калі Лукашэнка з таварышамі вырашылі замацаваць самаўладдзе прэзідэнта юрыдычна. Мабыць, камусьці стала няёмка перад сваім сумленнем… або перад Захадам. Найбольш шчырым, відаць, быў Віктар Ганчар, які сышоў з пасады віцэ-прэм’ера, грукнуўшы дзвярыма, яшчэ на пачатку снежня 1994 г.

Тыповы прыклад доўгацярплівага беларускага ліберала – Андрэй Саннікаў. Пра 1994-1996 гг. ён успамінаў у 2010-х так: «Фармаванне лукашэнкаўскай улады завяршылася разгонам апошняга выбранага парламента і поўнай перамогай люмпена над партнаменклатурай. Нейкі час МЗС, у якім я працаваў, заставаўся ў баку ад гэтай барацьбы… Вельмі хацелася грукнуць дзвярыма пасля фальшывага рэферэндуму [май 1995], пасля якога з’явіліся ў Беларусі гэтыя несамавітыя савецкія герб і сцяг. Але ўжо было вельмі многа пачата ў разных сферах і трэба было завяршыць пачатае. Сябры таксама раілі яшчэ пацярпець. Але ў прынцыпе, сваё рашэнне (сысці з пасады намесніка міністра замежных спраў – В. Р.) я прыняў іменна тады, пасля “рэферэндуму” 1995 года». Ды працаваў ён на пасадзе яшчэ ажно паўтара года, да лістапада 1996 г. Цікава, як А. С. разжоўваў замежнікам выказванні свайго «шэфа» пра Гітлера ў лістападзе 1995 г., але хто ж нам праўду скажа?.. Да восені 1996 г. дацягнуў на пасадзе намесніка старшыні Гродзенскага гарвыканкама і Аляксандр Мілінкевіч, якому наканавана было стаць «аплотам беларускай дэмакратыі» ў другой палове 2000-х. Быў яшчэ Міхаіл Марыніч (1940-2014), міністр і пасол, – той увогуле трымаўся за партфель да 2001 г.

Ні Мілінкевіч, ні Саннікаў, ні нябожчык Марыніч не мае героі – думаю, чытачы здагадаліся, чаму, а хто не здагадаўся, тым доўга прыйдзецца тлумачыць… І фраза «за што змагаліся, на тым і падарваліся», дарма што не пазбаўлена здаровага глузду, не зусім выражае маё стаўленне да многіх з пералічаных асоб: усё ж лібералам, шукальнікам кампрамісаў я спачуваю, а найперш тым, хто адседзеў. Вінаваты ў іх няўдачах, вядома, не толькі яны самі…

Трэба прызнаць, што таму ж Лябедзьку не бракавала зацятасці: пасля чарады паражэнняў (2004, 2008, 2012…), праз 16 год пасля таго, як ён узначаліў Аб’яднаную грамадзянскую партыю, удалося прапхнуць у палату прадстаўнікоў адну кандыдатку ад АГП. Пакуль дачка мільянера Канапацкая не робіць відавочных глупстваў. Чытаю ў газеце «Крыніца» за снежань 2016 г.: «Па выніках круглага стала [17.11.2016] было дамоўлена, што… Ганна Канапацкая ініцыюе змяненне заканадаўства дзеля дэалкагалізацыі насельніцтва Беларусі і вынесе адпаведныя прапановы на вясновую сесію парламенту». Пажадаем ёй поспеху: паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Беларусь – адна з самых пітушчых краін… Агульнае спажыванне алкаголю перавышае ізраільскае ў 5-6 разоў.

Як для каго, а для мяне параўнанне дзвюх краін пры Лукашэнку і Нетаньягу, распачатае ў мінулай серыі, – захапляльны занятак. Паглядзім, як мяняўся валавы ўнутраны прадукт у разліку на сярэдняга жыхара за 2010-2015 гг.

ВУП на жыхара па парытэту пакупніцкай здольнасці, USD Прырост
Гады 2010 2011 2012 2013 2014 2015 2010-2015
Беларусь 15703 16603 16906 17085 17348 16621 +5,85%
Ізраіль 29653 30574 30873 31318 31521 31671 +6,8%

Здавалася б, нічога страшнага: у Ізраілі ВУП вырас, нягледзячы на байкоты і абстрэлы, – і ў нас падрос на 918$ (праўда, у 2016-м, скарэй за ўсё, упадзе да ўзроўню 2010 г.)… Ды зноў жа, якім коштам?

Золатавалютныя рэзервы, у мільярдах USD Прырост
Гады 2010 2011 2012 2013 2014 2015 2010-2015
Беларусь 5,03 7,86 8,09 6,66 5,07 4,17 -17,1%
Ізраіль 70,91 74,87 75,91 81,79 86,1 90,58 +27,7%

Лічбы гавораць самі за сябе: адны праядалі, другія… Магчыма, за назапашанае золата, або за што іншае, нейкія энтузіясты 06.12.2016 паставілі «Бібіку» прыжыццёвы помнік у Тэль-Авіве. Праўда, у той жа аўторак скульптуру прыбралі па распараджэнні мэрыі – і дарэмна, маглі б вынайсці нешта больш крэатыўнае. Напрыклад, прычапіць статуі вусы або перарабіць у Дарта Вейдэра, як тое летась учынілі ў Адэсе з помнікам Леніна 🙂

* * *

10 гадоў як няма з намі Давіда Ёнавіча Бранштэйна, славутага шахматнага гросмайстра і літаратара. У 2004 г. ён пераехаў жыць у Беларусь хворы і расчараваны («дарэмна я займаўся шахматамі, лепей бы сельскай гаспадаркай»); здаецца, і вестка пра дадатковую пенсію ад ФІДЭ яго не пацешыла. Сустрэча з Бранштэйнам у «Вяснянцы» (прасп. Пераможцаў, 83; там жа, дарэчы, праходзілі першыя шахчэмпіянаты Саюза беларускіх пісьменнікаў) пакінула ў мяне гаркавы прысмак; тым не менш я рады, што абмяняўся некалькімі сказамі з вялікім шахматыстам, і нават захавалася калектыўная фотка з ім…

Пасля традыцыйнага навагодняга бліцтурніру ў клубе «Вяснянка» (снежань 2005 г.). Мэтр – крайні злева, у турніры не гуляў, а мне ўдалося выйграць чайнік.

Бранштэйн быў адным з рэдкіх дзеячаў, на смерць якога (05.12.2006) адгукнуліся такія розныя выданні («малашахматныя»), як «Наша Ніва», «Советская Белоруссия» і «New York Times». У «НН» № 46, 2006 успомніў я «Вяснянку»: «Ён моўчкі хадзіў між столікамі, аб нечым разважаў. Сваю кнігу “Міжнародны турнір гросмайстраў” падпісаць адмовіўся: “Ат, сярэдненькая кніга…”».

У лепшыя часы: Д. Бранштэйн (справа) гуляе ў Мінску матч у «рапід» з майстрам А. Любошыцам. Красавік 1987 г. Фота з «Шахмат, шашек в БССР».

Раз пайшлі згадкі пра шахматы і шахматыстаў, то звярну ўвагу на тое, што дзеецца на Карла Маркса, 10. Файная ёсць прымаўка: «Калі сабаку няма чаго рабіць, ён… будку фарбуе». Усе праблемы галіны па стане на 24.11.2016, відаць, самаліквідаваліся, і начальства Беларускай федэрацыі шахмат з палёгкай абрынулася на расійскага майстра Ціхана Кошыля, 1939 г. нар. Ён у 2014-2016 гг. прыязджаў на тутэйшыя турніры і «дастаў» некаторых так, што яны размазалі яго грахі на дзве старонкі.

Пачытайце самі і вырашыце, заслугоўваў Ц. С. Кошыль пажыццёвай дыскваліфікацыі або не. Як на мой одум, рашэнне выканкама БФШ юрыдычна не абгрунтаванае, выканана ў найгоршым стылі постсавецкіх судоў. Ціхана Сцяпанавіча двойчы назвалі «Сяргеевічам», ды тое паўбяды. Галоўнае – «шматлікія парушэнні рэгламентаў спаборніцтваў», «неадэкватныя і агрэсіўныя паводзіны» павінны былі фіксавацца на паперы адразу пасля парушэнняў, у прысутнасці абвінавачанага, а не постфактум, калі ён ужо з’ехаў на радзіму ў Разань. На крайняк можна было і відэа зняць, хаця б на мабільны, а «выключна негатыўнае ўражанне» – не юрыдычны факт. О, гэта ж трэба – асобе, якая падпісвае такія паперкі (Л. Чуро), даверана не толькі грамадскае аб’яднанне, а і аэранавігацыя ў цэлай краіне!..

Уражвае, што старшыня судзейскай камісіі БФШ Васіль Якушаў у лістападзе 2016 г. паскардзіўся сваёй кумпаніі на «неадэкватнасць паводзін» Кошыля… падчас «Grodno Open 2014». Праз 2 з чвэрцю гады! Стары майстар быццам бы «літаральна тэрарызаваў арганізатараў і ўдзельнікаў спаборніцтваў, абражаў і прыніжаў іх». Без заяў ад пацярпелых – не пераконвае… Пагатове сайт БФШ у жніўні 2014 г. з піянерскім задорам распавёў пра міжнародны фестываль у Гродна, ні слова не выціснуўшы пра «нервозную абстаноўку» і тое, што «турнір як свята шахмат» быў фактычна сарваны. «Хто-та ўрот» (С): або В. Якушаў, або А. Арцёмава, «ААА» (аўтарка аптымістычных аглядаў).

Калі да гора-суддзяў дойдуць базавыя паняцці юрыспрудэнцыі, не ведаю. Упэўнены, штучнае раздзіманне канфлікта з пенсіянерам патрэбнае камусьці, каб прыхаваць рэальныя правалы – і на лакальным, і на глабальным узроўнях. У першым выпадку я маю на ўвазе нездаровую сітуацыю ў Бабруйску, якую кіраўнікі федэрацыі/спартовыя ўлады не змаглі/не пажадалі выправіць. У другім – маючы адбыцца ў лютым 2017 г. жаночы чэмпіянат свету ў Іране, дзе ўдзельніцам, насупор міжнародна-прававым нормам, прыйдзецца насіць хіджаб. Як вядома, дэлегат БФШ на асамблеі ФІДЭ ў Баку падтрымаў рашэнне даверыць Ірану арганізацыю чэмпіянату; у лістападзе 2016 г. праблема ў Мінску нат не абмяркоўвалася, хаця ў кастрычніку 2016 г. намеснік старшыні БФШ Уладзімір Гінзбург следам за чэмпіёнкай ЗША Назі Паікідзэ выказаў нязгоду з прымусовай «хіджабізацыяй» шахматыстак. «Наша хата з краю…»

Вольф Рубінчык, г. Мінск

09.12.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 10.12.2016  15:32