Tag Archives: Лев Козлов

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (100)

Шалом! Ну во, дажыліся – кшталт «вялікага юбілею»… Хацеў бы назваць тых, каторыя не адмаўляліся супрацоўнічаць з серыялам «Катлеты & мухі» (est. 2015). Гэтыя людзі давалі каментарыі, слалі водгукі і/або матэрыял для будучых серый, цытавалі асобныя выпускі, бывала, зацята спрачаліся з аўтарам: Маргарыта Акуліч, Уладзімір Бараніч, Сяргей Будкін, Інэса Ганкіна, Юрась Гарбінскі, Уладзімір Гінзбург, Якаў Гутман, Зміцер Дзядзенка, Андрэй Дубінін, Алена Ждановіч, Фёдар Жывалеўскі, Алег Зелянцоў, Ігаэль Іегудзі аka Косця Лук, Леў Казлоў & Галіна Кур’яновіч, Сяргей Каспараў, Павел Касцюкевіч, Уладзіслаў Каташук, Васіль Кісляк, Зміцер Левіт, Дзмітрый Лыбін, Антон Лявіцкі, Людміла Мірзаянава, Гена (Гдалія) Пекер, Ігар Пушкін, Аляксандр Розенблюм, Дзмітрый Рослаўцаў, Святлана Рубінчык, Уладзь Рымша, Пётр Рэзванаў, Алесь Рэзнікаў, Павел Севярынец, Анатоль Сідарэвіч, Іна Соркіна, Сяргей Спарыш, Анатоль Старкоў, Віктар Сяргейчык, Юрый Тэпер, Аліна Федарэнка, Васіль Фрэйдкін, Алекс Фурс, Фелікс Хаймовіч, Віталь Цыганкоў, Раман Цыперштэйн, Андрэй Шуман, Ганна Янкута… Усім і кожнаму – мех падзяк! І два мяхі – рэдактару belisrael.info Арону Шусціну, які звыш сарака месяцаў церпіць гэта во ўсё :-/

Былі поспехі, мільгалі няпоспехі – да прыкладу, няспраўджаныя прагнозы. Суцяшаю сябе трывіяльна: маўляў, з кожным здараецца (а як яшчэ?). «Жырыноўскі па ўсіх параметрах не дацягвае да палітычнага лідара. І таму ў яго няма будучыні», – казаў пасол Расіі ў Ізраілі Аляксандр Бовін у інтэрв’ю «Новостям недели» (красавік 1994). І ў сваім дзённіку 1993 г. «чалавекавед» Бовін (1930–2004) занатаваў пасля першых выбараў у Дзярждуму: «Упэўнены, што за межы ХХ стагоддзя ён не выйдзе. Як палітычны лідар, зразумела». «Несапраўднага пасла» няма, а палітык на літару «Жэ» ёсць – летась атрымаў на расійскіх прэзідэнцкіх выбарах мільёны галасоў, трапіўшы ў тройку, як тое ўжо здаралася ў 1991 і 2008 гадах… ЛДПР выглядае – не скажу, што стала – амаль рэспектабельнай партыяй, і сёлета Аляксей Навальны ўжо гатовы падтрымаць яе кандыдата ў Піцеры (кажа, абы не ад «Адзінай Расіі»).

Ва ўсіх сэнсах бліжэйшы да нас прыклад – з Вадзімам Іосубам, папулярным у СМІ аналітыкам нейкага фінансавага агенцтва. Будзе казаць 28.01.2019: «На тыдні, які пачаўся…, еўра можа патаннець, знізіцца да 2.42» А паглядзіце, як на тыдні мяняўся курс:

Інфа з https://myfin.by/currency/eur (28.01.2019 – 03.02.2019). Cіняя лінія – курсы куплі, чырвоная – продажу. Еўра з 2.45 падаражэў да 2.47 руб., г. зн. амаль на 1%.

«Геапалітычных» прагнозаў апошнім часам таксама ў нас робіцца – хоць экспартуй іх аўтараў, хоць мяняй на коз, як летась зрабілі ў Турцыі з футбалістамі… Адзін фацэт варожыць, што Расія наўрад ці праглыне Беларусь, другі – што пагроза рэальна існуе, і жаліцца, што ў яго магчымасці расплюшчыць людзям вочы на пагрозу ў 100 разоў меншыя, чым у першага. То звярнуўся б на belisrael.info, чо 🙂 А папраўдзе, усе гэтыя накіды – ва ўмовах высокай ступені нявызначанасці ды недахопу інсайдэрскай інфы – нагадваюць эпізод з бессмяротнага гогалеўскага твору («даедзе кола да Масквы альбо не»).

Карацей, няма чаго быць мудрацом у вачах сваіх. Я-то не толькі да псеўдаэкспертаў, я і да сябе з іроніяй стаўлюся; яны – не ведаю.

Наказы в. а. цара наконт чарговага «ператрахвання» школьных праграм – гэта чысты Фанвізін, «Недарасль». Да таго ж касец, жнец і на дудзе ігрэц папракае настаўнікаў высокімі заробкамі – «ужо за 900 рублёў у сярэднім». Добра, што я не ў сістэме ды не мушу падпарадкоўвацца дурным загадам; уціск, відаць, такі, што і зорка «Радыё Свабоды» Ганна С. вырашыла для сябе «ненавідзячы, падпарадкоўвацца».

З другога боку, амбіцыі грамадскіх дзеячаў – тых, якія заяўляюць пра прэтэнзіі на галоўны фатэль краіны – таксама вылазяць аднекуль з паралельнай рэальнасці. У пачатку 2019 г. «адзначыліся» Мікола Статкевіч, ягоны цёзка Казлоў (нават не старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а в. а.), Алена Анісім, якая замахнулася ажно на 40% галасоў выбарцаў… Пра ўсіх названых ужо разважаў: у прыватнасці, тут, тут і тут. Пільныя чытачы лёгка здагадаюцца, як я трактую шансы гэтых «кандыдатаў у кандыдаты» на наступных «выбарах». Ну, прынцып «не дагонім, дык хоць сагрэемся» ніхто не скасоўваў 🙂

Разумею тых, хто кажа, што выбараў няма. Дапраўды, апошні раз вылучэнне кандыдатаў мела нейкі сэнс у 2001 г., калі «вертыкаль» і Ліда Я. вырашалі меней (мелася больш-менш незалежная федэрацыя прафсаюзаў, не было амаль усёахопнай кантрактнай сістэмы, сеціва ідэолагаў; многія захоўвалі спадзевы на расійскіх дэмакратаў і Захад, на «еўрапейскія каштоўнасці» ўвогуле). І ўсё-такі… сітуацыя непрадказальная. Хто ў лютым 1989 г. прадбачыў, што ў сакавіку 1990 г. з Канстытуцыі СССР выкінуць артыкул пра «кіруючую ролю» КПСС, а ў ліпені кансерватыўны ў цэлым Вярхоўны Савет БССР заявіць пра суверэнітэт Беларусі? Цяжка мне пагадзіцца з Сяргеем Спарышам, які заранёў ацэньвае прэзідэнцкую кампанію у РБ-2020: «[Ігар] Барысаў або [Ганна] Канапацкая дакладна не будуць буяніць».

Дарэчы, канструктыўная ідэя (нават дзве), як папярэдне адбіраць кандыдатаў – і кандыдатак – на вышэйшую пасаду. Трэба, каб яны прачыталі Біблію, прынамсі Пяцікніжжа, і здалі іспыт на разуменне прачытанага. Вернікамі быць ніхто не прымушае, аднак Біблія – збор тэкстаў, на якія абапіраецца палова чалавецтва, дык трэба, каб тутэйшыя хоць бы збольшага сяклі паляну арыентаваліся, каб на самітах было пра што размаўляць…

Ну, асабіста я пускаў бы ў белпрэзідэнты толькі тых, каторыя чыталі мае кнігі і сёе-тое ў іх зразумелі 🙂 Дальбог, «Выйшла кніга» (2017) & «Выбраныя катлеты і мухі» (2018) таксама здольныя служыць «шыбалетам», гэткім пропускам у вялікую палітыку. Ведаю, што крыху перабольшваю, але з нагоды юбілейчыку – дапушчальна. Дый пісьменнік Максім Клімковіч зацікавіўся «Выбранымі катлетамі…», а чым ён горшы за палітыкаў? 😉

М. Клімковіч у час аўтограф-сесіі Андрэя Федарэнкі; сам А. Федарэнка. Фота В. Р. і racyja.com, Мінск, 31.01.2019

Усё яшчэ ёсць ахвотныя ўспомніць пра далукашэнкаўскую Рэспубліку Беларусь (гл. ранейшыя згадкі ад Ю. Тэпера, П. Рэзванава, А. Рэзнікава…). Зараз эстафетка перадаецца мінскаму мастаку.

Андрэй Дубінін (1963 г. нар.):

Асаблівых сігналаў са знешняга свету ў маім дзённіку не зафіксавана ў тыя гады. Я выкладаў у ліцэі, быў паглыблены ў працу… Да таго ж у 1992 годзе нарадзіўся першы сын, і часу было вобмаль. Але, мабыць, галоўная прычына апалітычнасці – мы (купа рэстаўратараў) свой пік прайшлі ў 1990 годзе, калі шчыльна ўлучыліся ў выбарчую кампанію ў Вярхоўны Савет па Фрунзенскім раёне Мінска, я стаў даверанай асобай работніцы Белрэстаўрацыі Элеаноры Вецер, мы ў майстэрні ўручную рабілі ўлёткі з анёлам і тэкстам «Будзе песьня – будзе і хлеб» (тады камуністыя ўсё казалі «будзе хлеб – будзе і песня»; маўляў, спачатку дайце кіўбасы людзём, а тады і мова падцягнецца). Штовечар абыходзілі кватэры па ўсім раёне, я асабіста амаль усе дамы абышоў і тлумачыў-усміхаўся-жартаваў-абаяў-агітаваў… Дамоў вярталіся апоўначы. Нашым праціўнікам быў Генадзь Карпенка, памятаю сходы па школах, асабліва запаў выступ Уладзіміра Папругі – таленавіты прамоўца быў. Мы крыху саступілі Карпенку, але з нашым рэсурсам – проста рамантычны палёт і ніякіх грошай, плюс мастацкае ўкладанне – гэта была перамога. Мы тады так улезлі з вушамі ў гэтую справу, што пасля ўжо, відаць, была адваротная рэакцыя – замкнуцца ў сваёй Вежы-Басталіі.

Толькі ўскосна на семінарах наш настаўнік Алег Хадыка часам чапляў актуаліі. Напрыклад, 5 лютага 1992 г. ён казаў: «Мы знявечаны тым, што не было сецэсіі, буржуазнага перыяду. Чурлёніс (у літоўцаў) а ў нас толькі Чуркін. І трэба ўзнавіць Міцкевіча, сентыменталізм, сентыментальны беларускі план. Данчык можа зрабіць больш за ўсіх. Самыя страшныя для беларускага народа беларускія прадаўшчыцы (гэта быў цэлы клас людзі пры размеркаванні ядомага). Пазняк хацеў беларусізаваць прадаўшчыц, а яны толькі вырваліся (з вёскі ў рускамоўную цывілізацыю)… Прадаўшчыц зараз можа адзін Данчык уработаць…»

* * *

Даволі годна прайшлі «міжнародныя дні Халакосту» ў Беларусі: традыцыйны канцэрт «Жоўтыя зоркі» ў дзяржфілармоніі, сюжэт на тэлебачанні з інтэрв’ю былых вязняў Мінскага гета Якава Краўчынскага і Фрыды Лосік (Рэйзман)… А найбольш крэатыўна, здаецца, павялі сябе актывісты ў Гродне – зладзілі «анімацыйную экскурсію» па тэрыторыі гета № 1.

Хто чытаў і канспектаваў «Катлеты з мухамі», той ведае: да тутэйшых сацыялагічных выбрыкаў я доўга ставіўся або скептычна, або… монапенісна. Але ж надоечы прачытаў інтэрв’ю дырэктара акадэмічнага інстытута сацыялогіі – прызначанага з паўгода таму – і нутром адчуў, што не ўсё яшчэ страчана. Кандыдат навук, якому ў сакавіку 2019 г. споўніцца 40 год, «шарыць» не толькі ў анкетах; яго не без падстаў раскручваюць як галоўнага драконазнаўцу Сінявокай. Агулам, чалавек, дарма што намагаецца «падфарбаваць» дзяржаўную ідэалогію (паклаўшы ў яе падмурак міфалогію беларусаў) транслюе разумныя думкі, напрыклад:

Беларусы глыбока ўсведамляюць сябе як асобную нацыю са старажытнай гісторыяй і самастойнай дзяржавай. Успрыманне сябе як малодшых братоў расійцаў або палякаў – чужы, навязаны звонку стэрэатып…

Ад навукоўцаў патрабуюць хуткага выніку. Усё гэта вельмі негатыўна адбіваецца на навуцы як на сферы прадукавання новых ведаў, таму што досвед паказвае: са 100 заяўленых даследаванняў толькі 10 даюць вынік. З гэтых 10 актуальную выгаду прыносіць толькі адно. Але, калі не фінансаваць усе 100, то і аднаго прарыву (у БССР 192030-х «прарывам», у адрозненне ад «пералому», называўся правал, у цяперашняй РБ – поспех; значэнне слоў з цягам часу мяняецца – В. Р.), здольнага акупіць усе выдаткі, не будзе.

Да таго ж новы дырэктар не без гумару: у сваім блогу посціў нямала «вясёлых карцінак», праўда, перад тым, як заняў адказную пасаду. Пра радыё і папоў – не новая, сустракаў яе гадоў трох таму ў Аляксея Вішні (між іншага заўважу: з такімі «сябрамі», як Вішня, Віктару Цою і ворагаў не трэ’ было мець). Тым не менш:

«Недзе на раёнчыку»; «Суб’ект-аб’ектная інверсія» (узята адсюль)

«Вольфаў цытатнік»

«Культура – гэта сістэма табу, а мастацтва – гэта сістэма пераадолення табу» (Міхаіл Швыдкой, 24.02.2018).

«Брак даверу да медыяў, спалучаны з пачуццём бездапаможнасці ў вырашэнні ўсё вастрэйшых эканамічных, сацыяльных і палітычных праблем, паспрыяў распаўсюду тэорый змовы па ўсім свеце» (Мана Неестані, iranwire.com, 27.11.2018)

«Дарога – гэта сіла, у якой няма канца» (БГ, песня пра «смарагдавыя дні», 2019)

«Агульны прынцып: у публічнай прасторы найбольш выгадныя актывы заўсёды маскіруюцца пад стратныя… Смецце — гэта рэсурс XXI стагоддзя» (Кацярына Шульман, 15.01.2019)

«Каб цешыцца з перамен, трэба, каб было нязменнае: велічэзная тоўшча жыцця, якая паўтараецца, рэпрадукуе сябе» (Уладас Павілайціс, 22.01.2019)

«Барацьба за падвышэнне зарплат — гэта барацьба з карупцыяй. Проста знізу» (Аляксей Навальны, 24.01.2019).

«Быць беларусам у Еўразвязе – гэта ўсё роўна што быць габрэйскім хлопчыкам у савецкай школе. Намагаешся быць лепшым, каб даказаць, што ты як усе» (Paval Kasciukevič, 24.01.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

03.02.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 03.02.2019  18:47

***

Поддержать сайт 

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (81)

Гіганцкі грыбны шалом! Ужо, бадай, дазволена «паглядам акінуць шлях» (С), зірнуць на вынікі месяца, а мо й не аднаго.

Канфлікт ля берага Курапатаў, дзе «найшла каса на камень», за два месяцы так і не завершаны – брава, айчынныя канфліктолагі ды ўсякія прочыя спін-дактары! Калі не памыляюся, то бакі ў апошнія тыдні адно радыкалізавалі свае пазіцыі, пачалі ўспрымаць процістаянне як «гульню з нулявой сумай». Зрэшты, ад пачатку года (гісторыя з падрыхтоўкай да святкавання Дня Волі) бачу, што рэпутацыі валяцца, бы тыя костачкі ў даміно.

Калі браць яўрэйскі аспект, тутэйшыя «юдафілы» спрэс намякаюць, што могуць і адключыць сваю талерантнасць да жыдоў яўрэяў… Гэткія сігналы пасылалі «палітыкіня» Таццяна С., якая ўгледзела ў сваёй ідэалагічнай апаненткі «зямліабетаваную знешнасць», «праваабаронца» Ганна Ш., якая, здаецца, не заўважыла кепскага ў наступнай рэпліцы свайго фрэнда пра М. Лісатовіч:

Яшчэ адзін выбітны (?) праваабаронца, экс-дэпутат ад БНФ Мікола А. прама напісаў, што антысемітызму ў вышэйпададзенай рэпліцы няма. Ну, калі сам А. так лічыць…

У прынцыпе, і публікацыя ў «першай беларускай газеце» інтэрв’ю з Рыгорам Абрамовічам належыць да гэтай катэгорыі. Матэрыял, па-першае, не высокапрафесійны, бо другасны адносна 79-й серыі «К&М». I калі ўжо «НН» зацікавілася меркаваннем «Грышы», то слушна было б апытаць таксама іншых, больш уплывовых людзей «зямліабетаванай знешнасці». Не адзін рабін у Мінску.

Па-другое, на nn.by была ўзнятая хваля, мякка кажучы, нелюбові да яўрэяў, асабліва ў каментах. Упэўнены, у рэдакцыі заранёў ведалі, куды ўсё паверне, але грошы/хайп руляць. Да канспіралогіі (версія пра загад «таварыша маёра») скочвацца не буду.

І яшчэ, як бы я ні ставіўся да плыні «прагрэсіўнага іудаізму» (а стаўлюся без энтузіязму), я ніколі не пайду шляхам ізраільца Барыса Д. Б., які на пацеху недасведчанай публіцы пасля публікацыі «НН» агулам абзываў прадстаўнікоў гэтай плыні «брахунамі, казламі, мярзотнікамі» і г. д. З такімі пяшчотнымі выразамі можна заваяваць хіба віртуальны, фэйсбучны аўтарытэт; мяне ж цікавіць рэальнасць, што не зводзіцца да балбатні ў піўнусе.

…Крыху шкада, што зусім адарваўся ад рэальнасці кандыдат на прэзідэнцкую пасаду 1994 г. Ён і раней часцяком лунаў у сваіх эмпірэях, але допіс ад 23.07.2018 – поўны фініш (маўляў, рэстаран служыць і расійскім дыверсантам, і сатаністам, і…). Дый як жа без рытарычных пытанняў ад эмігранта з 22-гадовым стажам: «Чаму Зайдэс [фронтмен рэстарана «Поедем поедим», грамадзянін РБ – В. Р.], прыехаўшы здалёк, не паважае нас? Чаму ён не назваў свой шынок скажам Пэйсаты-хол?»

Магу дапусціць, што спадар П. прэтэндуе на Шнобелеўскую прэмію, але – крыўдна, што ў тутэйшым палітыкуме доўжыцца гэткая гульня на паніжэнне. Нагадаю, летась з’явілася праграма пераўладкавання краіны «Вольная Беларусь». Пры ўсіх яго слабасцях, адзначаных і ў нашым серыяле, дакумент, у прынцыпе, мог бы стаць «пуцяводнай зоркай» для 5-10% грамадзян, пры дапамозе якіх пачаліся б рэальныя перамены. Але ўсё адбылося, як заўсёды: пасля колькіх прэзентацый праграму адкінулі ў архіў, дый народнага Руху «Вольная Беларусь», пра які ў сакавіку 2017 г. гучна заяўлялі не толькі Зянон Пазьняк, а і Юрась Беленькі з Сержам Папковым, не відно і не чутно. «Дэгрэсіямі аб таемнай дактрыне» З. П. і папулярнасць сваёй партыі заганяе ў межы статыстычнай хібнасці, і іншых апазіцыянераў апанентаў рэжыму цягне за сабою.

Маркотна стала і ад артыкула Таццяны Процькі на адну з маіх улюбёных тэм (тапаніміка Мінска) – гэткай ксенафобіяй ад яго тхне… Не падабаецца аўтарцы, што ў Мінску «Ёсць вуліцы Талстога (мяркую, што Льва, але не выключана таксама, што і ў гонар Аляксея), Тургенева, Дастаеўскага, Пушкіна, Лермантава, Някрасава, Чарнышэўскага, Ясеніна, Маякоўскага, а таксама Бялінскага, Грыбаедава, Кальцова, Караленкі, Нікіціна, Агарова, Адоеўскага, Серафімавіча, Майкова і іншых». Пра кароткую прывакзальную вуліцу Талстога, названую так у 1919 г. (вядома, у гонар Льва), інфа знаходзіцца ў сеціве за пару хвіляў – трэ’ было даўмецца прыпісаць яе існаванне злавеснаму «рускаму міру»!

Замінаюць спадарыні і вуліцы жывапісцаў «Айвазоўскага, Верашчагіна, Крамскога, Сурыкава, Фядотава, Шышкіна, Рэпіна». З яе артыкула вынікае, што зноўку «нашых крыўдзяць», бо ў Мінску нібыта няма вуліц імя тутэйшых мастакоў. Насамрэч не адзін год існуюць вуліцы Ваньковіча, Драздовіча, Орды, Рушчыца… Дый той жа Ілля Рэпін аб’ектыўна вельмі шмат зрабіў для беларускай культуры – напрыклад, у сваім Здраўнёве пад Віцебскам.

«Затое» Т. Процька заўважыла, што ў Мінску з’явілася «адмоўная» вуліца Гагарына («брудная, у прыватным сектары») – на Таццянін одум, так беларусы супраціўляюцца «рускаму свету» («Які свет, такое і ўшанаванне, такая і памяць»).

Замест дзелавой размовы – у Мінску сапраўды недастаткова ўшанаваныя некаторыя заслужаныя людзі, а многія тапонімы састарэлі – феерыя зласлівасці й дурноты… Нават не верыцца, што аўтарка мае званне кандыдата філасофскіх навук і шмат гадоў узначальвала беларускі Хельсінкскі камітэт. Хаця – у нашай пясочніцы ўсё магчыма.

Ілюстрацыя да матэрыяла Т. Процькі – амаль адзінае, што ў ім памыснага… На фота – шыльда ў Клецку.

Не дужа арыентуюцца ў тапаніміцы і «адказныя» супрацоўнікі гарадскіх службаў. Падзівіцеся хаця б на даведкі тутака, дзе «Их именам названы улицы» [sic]. Здаецца, у адміністрацыі Фрунзенскага раёна шчыра вераць, што вуліца Дамброўская на захадзе сталіцы названая ў гонар расійскага пісьменніка Юрыя Дамброўскага:

Пісьменнік-то выдатны, але тут ён ні пры чым… Вуліца атрымала імя ў гонар фальварка Дамброўка, тэрыторыя якога не так даўно ўвайшла ў межы Мінска. Гэтак жа называецца прылеглы жылы раён.

Адхланню для мяне ў гэтым мітуслівым месяцы (закон аб нацыянальным характары дзяржавы, прыняты ў Ізраілі 19.07.2018, падобна, толькі паглыбіў раскол у грамадстве, што б там ні вяшчаў Бібі) сталі гуманістычныя ідэі мастака Андрэя Дубініна наконт таго, як згадаць пра ахвяраў у Курапатах:

Калісьці мяне ўразілі сшыткі Сямёна Кірсанава, паэта, які як бы «дапісаў» паэтычныя зборы за сваіх (загінулых на вайне) сябраў, абапіраючыся на іх чарнавікі, тэмы і вобразы. Кожны «сшытак» так і азаглаўлены – прозвішчам забітага. Калі і прыдумана што зараз, то не мае значэння. Канцэпцыя для мяне была б такой – калі дажывем да архіваў НКУС, то там можна было б зрабіць кампазіцыйна – накшталт крамы ІКЭА, ты ідзеш праз макеты пакояў, дзе сапраўдныя, жывыя рэчы забітых, і калі там паэт – можаш хоць радком дапісаць яго магчымы верш, калі будаўнік – пагартаць яго кнігі і г.д. – каб супольна дажыць аднятае жыццё (мой дзед быў чыгуначнік, і я прыдумаў, што ў яго павінен быў быць гадзіннік – кішэнны, цыбуліна, каб ведаць дакладны час, і, здаецца, у архіве НКУС ён ляжыць). Узгадваецца яўрэйскі звычай – да хворага павінна (па чарзе і па магчымасці) прыйсці 120 чалавек, бо лічыцца, што адзін чалавек уносіць 1/120 частку хваробы.

Гэтыя адсечаныя памяць і жыццё ўвесь час шукаюць свайго ўвасаблення, гэта рэактар пагубленага часу…

Выдатны праект у бліжэйшыя месяцы не будзе рэалізаваны, і справа не толькі ў закрытасці архіваў 🙁 Летась «галоўны» сказаў паставіць сціплую каплічку, нешта такое і злепяць. Паведамлялася, што адзін варыянт з трох будзе выбраны 1 жніўня.

У ліпені пайшлі ў іншасвет дзве дамы, якія шмат гадоў уплывалі на яўрэйскае жыццё Мінска: канцэртмейстарка Лізавета Хаскіна, супрацоўніца «Хэсэда», былая вязніца гета Мая Крапіна… Барух даян а-эмет.

* * *

Канспектыўна пра пазітыўнае. К сярэдзіне ліпеня ў сеціве паказаўся доўгачаканы «габрэйскі» выпуск № 20 беларускага часопіса перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет». З тэкстаў можна дазнацца нямала новага і пра яўрэйскае жыццё, і пра аўтараў, і пра перакладчыкаў, хоць сёе-тое публікавалася раней (у тым ліку на belisrael.info). Асобна хацеў бы парэкамендаваць жывыя яўрэйскія народныя апавяданні і жарты са збору Вульфа Сосенскага.

Спрэчным у выпуску выглядае хіба пераклад «Запаленых свечак» Бэлы Шагал, зроблены не з ідыша, а з нямецкай («копія з копіі»). Да таго ж, калі рэдакцыя піша: «мы хочам, каб у беларускай літаратуры зноў з’явіўся няхай і не надта моцны, але ўсё ж адчувальны габрэйскі акцэнт», то, па-мойму, грукае ў адчыненыя дзверы… «Не надта моцны» акцэнт ніколі не знікаў, нат пасля масавага выезду яўрэяў з Беларусі ў 1990-х гадах. Між іншага, на гэтую тэмку (яўрэі ў белліце) у ліпені выйшла і кніга канадскай прафесаркі Зіны Гімпелевіч «Тhe Portrayal of Jews in Modern Bielarusian Literature». Аж на 500 старонак.

Праз тыдзень у Капылі намячаецца ўсталяванне мемарыяльнай дошкі ў гонар «дзядулі яўрэйскай літаратуры» Мендэле Мойхер-Сфорыма. Варта дадаць, што вуліца Мендэле (дакладней, Абрамовіча – гэта сапраўднае прозвішча класіка) існуе ў Капылі з савецкіх часоў.

Новая, і даволі цікавая кніга пра Максіма Гарэцкага выйшла на пачатку года ў жыхара Ізраіля Уладзіміра Ліўшыца (дапамагла Горацкая сельгасакадэмія, дзе сп. Ліўшыц шмат гадоў працаваў). Скапіяваў фрагменцік пра Ізраіля Гарфінкеля:

Знакамітаму паэту і гісторыку літаратуры (да таго ж аўтару belisrael.info :)) прысвечана іншая манаграфія, падрыхтаваная доктаркай філалагічных навук, прафесаркай Ірынай Скарапанавай:

Скора Віктару 40. А гісторыку Льву Казлову, які пазалетась прыходзіў на імпрэзу В. Жыбуля, – ужо 80! Яшчэ з дзяцінства цаню казлоўскі гумар, яго кніжныя «музеи остроумия». Нядаўна адкрыў для сябе, што Леў Раманавіч не толькі спецыяліст па геаграфічных картах і выдавец, а яшчэ і любіцель рыфмаў.

З (адносна) свежай кнігі Л. Казлова, ён жа Плат. Гудовіч

У адзін з даждлівых мінскіх дзён прыйшла ў галаву думка: во каб Уладзіміру Караткевічу стварыць помнік на беразе Свіслачы, дзе пісьменнік cядзеў бы за лоўляй рыбкі… Ён жа гэты занятак любіў – і жывыя рыбакі да яго б прымошчваліся, і турысты. Падзяліўся думкай у фондзе культуры – пасмяяліся. Аднак во дзе ісцінная праўда ад Герцля: «калі захочаце, гэта не будзе казкай». І аршанскі дом, у якім Караткевіч жыў у першыя пасляваенныя гады (а працаваў і пазней), выкупіць-уратаваць ад зносу пакуль што магчыма.

Між іншага, Караткевіч разумеў ідыш. Яго старэйшая сястра Наталля Кучкоўская ўспамінала пра даваенную Оршу: «Зрэдку ў наш горад прыязджаў яўрэйскі тэатр. Паколькі яўрэйская мова гучала на аршанскіх вуліцах штодня, мы без перакладчыка спакойна глядзелі ўвесь рэпертуар, які складаўся паводле вядомых твораў Шолам-Алейхема: “Блукаючыя зоркі”, “Тэўе-малочнік”, “Хлопчык Мотл”, – і атрымоўвалі вялікую асалоду». Калі пакорпацца ў газетах канца 1930-х – пачатку 1940-х, то высветляцца, пэўна, і даты гастроляў, і тое, які там быў яўрэйскі тэатр (мінскі, маскоўскі, а можа, кіеўскі?).

 «Вольфаў цытатнік»

«Мне даспадобы займець свабоду / Пакуль свабода мяне не паймела» (Фёдар Жывалеўскі)

«Калі не кормяць сваіх паэтаў, / Кормяць паэтаў чужых» (Платон Гудовіч)

«Я люблю сваю краіну, але не жадаю разумець тое, што адбываецца ў сістэме кіравання дзяржавай. Сістэма настолькі прагніла знутры, што першая неабходнасць для яе – рабы, людзі, якія маюць вузкія навыкі і не імкнуцца да развіцця, адукацыі, самавызначэння» (Дзмітрый Заплешнікаў, «Мая псіхушка», 2016)

«У 1920-30-я гады дзяржава паводзіла сябе па-злачыннаму ў адносінах да людзей. Хеўра злачынцаў мучыла народ. Карыстаючыся тым, што яна можа называць сябе дзяржавай. І вядома, мала што з таго часу ментальна ў галовах людзей змянілася, таму што ў нас жа ніякага суда над гэтай хеўрай не было. У нас жа Нюрнберга не было» (Мікалай Сванідзэ, 27.07.2018)

«Мы знаходзімся пад уладай глабальных працэсаў, і ўсе гэтыя працэсы – па-за нашым кантролем. Калісьці свет рухаўся праз ідэалогіі і рэлігіі – у гэтым было яшчэ нешта чалавечае. Сёння ён падпарадкоўваецца грошам і тэхналогіям – у гэтым ужо значна менш чалавечага» (Павел Гельман, 25.07.2018).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

29.07.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 29.07.2018  23:59

***

Нагадваю, што ў сваёй аўтарскай серыі В. Рубінчык выказвае сваё асабістае меркаванне, якое не абавязкова ва ўсім супадае з рэдактарскiм.

***

Кароткі змест папярэдніх дзесяці серый

№ 80 (11.07.2018). Разгільдзяйства па-ізраільску. Праблемы з допускам турыстаў у Ізраіль, рэакцыя беларускіх чыноўнікаў і чытачоў tut.by. Няўзгодненасць дзеянняў ізраільскіх службаў як адна з прычын трагедый у Нахаль-Цафіт. Доўгажыхарства Нетаньягу ва ўладзе, думка пра тое, што ён “заседзеўся”. Яшчэ адзін “доўгажыхар” у Беларусі, 25 гадоў барацьбы супраць карупцыі з сумнеўнымі вынікамі. “Антыкарупцыйныя” курсы 2005 г. і адмоўны адбор у дзяржсістэме. Хітрыкі антыдармаедскіх дэкрэтаў. Пазітывы ў Кітаі, Віцебску, Барысаве, Бабруйску. Планы павесіць дошку памяці Ізраіля Басава ў Мсціславе. Новыя пераклады вершаў і прозы Майсея Кульбака. Прэзентацыя кнігі Клер Ле Фоль у Мінску, крытыка некаторых выказванняў даследчыцы. Пра тое, што ідэю дружбы яўрэяў і беларусаў стварыў не Бядуля. Калі быў пік яўрэйска-беларускіх палітычных дачыненняў? Роля Арона Вайнштэйна ў чатырохмоўі БССР.

№ 79 (02.07.2018). “Курапацкі вузел”, зацятасць абодвух бакоў. Кампрамісныя прапановы Міколы Арцюхова. Эвалюцыя Змітра Дашкевіча. Млявасць “яўрэйскай абшчыны”, факты 2000-х гадоў. Спрэчныя заявы Р. Абрамовіча і яго жонкі. Нязгода з тым, што беларускія яўрэі заслужылі гнілаватую “абшчыну”. Пра тое, што часам варта выносіць смецце з хаты. Як пашырыць “яўрэйскую прысутнасць” у тапонімах. Яўрэі ў назвах віцебскіх вуліц. Пра японскае і яўрэйскае кінцугі. Адстаўка С. Шапіры з пасады старшыні федэрацыі хакея; пажаданне вышэйшым чыноўнікам пайсці Шапіравым шляхам. Чалавек без маральных тармазоў на дзяржслужбе (факт плагіяту). Выстаўка “Беларускія яўрэі” ў Іўі.

№ 78 (19.06.2018). Як канфлікт вакол Курапатаў набыў этнічнае адценне. Атамізаванасць “яўрэйскай абшчыны” ў Беларусі, яе няздольнасць адказваць за ўчынкі асобных яўрэяў або ціснуць на “сусветную дыяспару”. Збор подпісаў у Ізраілі супраць “шынка на костках”. Дээтнізацыя канфлікту як выйсце. Патрэба ў парламенцкім расследаванні абрэзкі ахоўнай зоны ля Курапатаў. Віна чыноўнікаў. Кампанія “прамога дзеяння” супраць наведвальнікаў рэстарацыі і яе выдаткі. Заява аднаго з пратэстоўцаў пра “жыдакамунізм”. Слабаватыя праекты мемарыяла ў Курапацкім лесе, альтэрнатыва ад Алеся Разанава. Заклік да інтэграцыі гістарычнай памяці, злучэння ў ёй і Курапатаў, і Трасцянца, і БНР, і БССР. Стаўленне яўрэяў да БНР паводле С. Рудовіча. І. Рэйнгольд і М. Калмановіч ля вытокаў БССР. Іх сумныя лёсы за Сталіным. Памяць пра Рэйнгольда на яго малой радзіме, у Грозаве.

№ 77 (15.06.2018). Як прадпрымальнік А. Машэнскі выклаў за шакаладку з аўтографам 10 тыс. долараў. Попыт на партыйную сістэму ў Беларусі. Аптымальнасць двухпартыйнай сістэмы з даволі высокім прахадным бар’ерам на выбарах у парламент. Стратэгічная задача – пераключыць “знешні локус кантролю” на ўнутраны. Заклік стварыць дзве суперпартыі да выбараў 2020 г. Пра тое, што асобныя ідэі з серыяла ажыццяўляюцца. Колькасць курцоў, п’янтосаў і суіцыднікаў у Беларусі і Ізраілі. Беларуская анамія. Планы З. Пазняка і пратэстоўцаў ля рэстарана адносна Курапатаў. Перадача пра адносіны яўрэяў і беларусаў на “Белсаце”. Павярхоўшчына ў інтэрв’ю “доктара гісторыі” з гэтай перадачы, яго парады разбіць мур ілбом і ўзламаць адчыненыя дзверы. Інтэракцыі паміж яўрэямі і беларусамі на розных узроўнях. Замоўчванне рэальных праблем. Як беларусістыка мадзее ў Ізраілі. Поспехі кітайцаў у РБ.

№ 76 (10.06.2018). Віншаванне з “Днём Волі” ад СБП. Падзеленасць беларускага грамадства. Патрэба ў шанаванні ўсіх дат, звязаных з “бацькамі-заснавальнікамі”, у паўнаце палітычнага спектру. Трыццаць год адкрыццю Курапат. Адыёзная версія ад адстаўнога афіцэра КДБ, яго інсінуацыі наконт яўрэяў. Недаацэнка ўплывовасці У. Бегуна і Э. Скобелева. Як у суполцы “Талака” 1980-х гг. ставіліся да яўрэйства. Небяспека этнізацыі канфліктаў. Развагі пра магчымы кампраміс. Ліст-ушчуванне ад М. Гаравога. Прапановы Я. Гутмана. Летуценні пра курапацкі “конкурс”. Выстаўка, прысвечаная Трасцянцу, у Нацыянальнай бібліятэцы. Вуліцы Дудара і Смоліча ў Мінску, Левіна ў Жлобіне. Няўменне яўрэйскіх суполак і гісторыка Б. наладзіць дыялог. 70 гадоў С. Алексіевіч. Фаліянт Л. Доўнар пра кніжную справу ў Мінску. Анатацыя кнігі на ідышы.

№ 75 (28.05.2018). Рэгістрацыя ўніверсітэта імя Гілевіча. Жарцікі пра тое, чаму яму варта атабарыцца ў Лідзе або Ельску. У. Бараніч і яго амаль сенсацыйны допіс пра маладога В. Івашкевіча і яго “жыдабойства”. Сведчанне ад С. Дубаўца пра З. Саўку. Успамін В. Вячоркі пра 1989 г., дзе замоўчваецца тагачасная юдафобія А. Пушкіна. Згадка Я. Гутмана пра першы з’езд БНФ і сыход з яго групы яўрэяў. Антыкамунізм і антылукашызм – яшчэ не прычына, каб падтрымліваць “жыдабойцаў”. Меркаванне З. Жабацінскага. Як у Кіеве гарсавет танчыць пад дудку партыі “Свабода”. Небяспека этнанацыяналізму. Немагчымасць вярнуцца ў мінулае, у т. л. і ў “штэтл”. Шматхадовачка беларускіх ідэолагаў з нагоды вывешвання вясёлкавага сцяга над пасольствам Вялікабрытаніі. Сумневы ў тым, што Макей – “трагічная постаць”.

№ 74 (22.05.2018). Перамога Ізраіля на “Еўрабачанні” і адсталасць у жаночых шахматах. Рост ВУП у Кітаі і Ізраілі. Як Кітай стаў больш перспектыўным партнёрам для Беларусі, хаця ў 1990-х было наадварот. Колькасць кітайцаў і яўрэяў у РБ. Занадта аптымістычнае выказванне Ю. Зісера і “халодны душ” ад У. Бараніча. Адток людзей з Беларусі ў Ізраіль. Пашырэнне неапаганства праз кітайшчыну. Супраца КНР і Ізраіля. Патрэба ў кансалідацыі ізраільцаў і беларусаў. Пра тое, чаму ні КНР, ні РБ не перанясуць свае пасольствы ў Іерусалім. Гастролі ізраільскага армейскага ансамблю ў Мінску-1998. Водгук на канцэрт з “Вечернего Минска”. Меркаванне П. Рэзванава пра музычны альбом “Толькі б яўрэі былі…” Запрашэнне да дыскусіі на тэму “перспектывы развіцця (каля)яўрэйскай культуры ў Беларусі”. Некалькі тэзісаў.

№ 73 (11.05.2018). Юбілей К. Маркса, розныя думкі пра яго, каштоўнасць некаторых яго ідэй. Актывізацыя правых радыкалаў у Беларусі. Патрэба ў беларускай левіцы, цікавасць да ідышу ў асобных левых. Віншаванне з Першамаем з газеты “Акцябер”, 1927 г. С. Спарыш і “наезды” на яго. Каментарый ад М. Статкевіча на затрыманне Спарыша. Жарты апошняга, расповед пра кантакты з пралетарыятам. Юбілей Ізраіля; параўнанне 1998 і 2018 гг. Актыўнасць і прагматычнасць Ізраіля на міжнароднай арэне. Поспехі ў гаспадарчых справах на тэрыторыі РБ. Жарцік ад “Бэсэдэра?” Альбом “Толькі б яўрэі былі…” ад А. Віслаўскага. Карта “Яўрэйская Гародня” ад А. Аснарэўскага. Цікавосткі, звязаныя з героем І. Эрэнбурга Лазікам Ройтшванцам, у Гомелі. Успаміны Л. Лыча пра дзяцінства ў мястэчку Магільным. Пра адзначэнне 9 мая на “Яме” ў Мінску, пра сустрэчу з Ш. Грынгаўзам у Красным.

№ 72 (29.04.2018). Расповед М. Уласевіча пра аварыю на Астравецкай АЭС і “абвяржэнне” ад адміністрацыі. Рэакцыя Літвы і адказ беларускага МЗС. Успамін пра адказ ад супрацоўніка пасольства РБ у Ізраілі (2005). Як некаторым карціць прывязаць яўрэяў да ўраду. Праблема з абяленнем С. Булак-Балаховіча і нежаданне прыпісваць прагу абялення ўсім нацыяналістам. Ахвота гісторыка Б. папіярыцца на тэме. Урывак з пратаколу 1921 г., дзе гаворыцца пра пагромы, учыненыя балахоўцамі. Казус В. Малышчыца, яго крыўда на Нацыянальнае агенцтва па турызме і “задні ход” праз некалькі дзён (парушэнні агенцтвам аўтарскіх правоў былі “выпадковыя”). Нявер’е ў выпадковасць парушэнняў праз тое, што і былая дырэктарка НАТ і ў пачатку 2010-х не адрознівалася павагай да аўтарскіх правоў, як і арганізацыі, дзе яна працавала. Цытаты з Л. Гозмана і А. Арэха.

№ 71 (20.04.2018). Перафарматаванне серыяла. Плён ад звароту ў адміністрацыю Фрунзенскага раёна. Прагулка па вул. Прытыцкага ў Мінску. Ідэя з перайменаваннем вуліцы “1-я Раённая магістраль”. Дэмагагічны, а мо правакацыйны артыкул У. Бейдэра. “Наезд” Бейдэра на І. Зісельса, развагі пра пазіцыю апошняга. Самасуд ад Шварцбарда мог выклікаць прагу помсты. Думка А. Розенблюма пра суд над Шварцбардам. Няўменне або нежаданне раскрыць забойствы А. Бузіны, П. Шарамета. Згода з М. Салоніным наконт некаторых асаблівасцей украінскай сітуацыі. Эпідэмія адру ва Украіне. Здаровы глузд у падачы Мінскам заяўкі на правядзенне Сусветнай шахматнай алімпіяды. Як ФІДЭ сябе дыскрэдытавала. Цытаты, інфармацыя пра ўдзел А. Дубініна ў выставе ў гонар БНР.

Змест ранейшых серый гл. у №№ 71, 70, 60, 50, 40, 30, 20, 10.

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (70с)

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (70с)

Снежнае шоу, снежная каза, снежны шалом! «И нет нам покоя ни ночью, ни днем» – гэтак хацелася падкласці свінчо аматарам пазітыву, пабурчаць, паскуголіць і пахныкаць… Але ж не, скулля – толькі насмешкі, толькі хардкор.

Светлая навіна – «Вожык», якому зрэзалі дзяржпадтрымку, будзе жыць. Прынамсі так сцвярджае вядомы карыкатурыст (і намеснік галоўнага рэдактара) Аляксандр Каршакевіч. Добра, як небяспекa мінула, то пасмяемся крыху і з самога «Вожыка», і з майстра «добрых жартаў». Такую во пярліну пра дарагое, але даступнае жыллё знайшоў у № 3, 2017.

Ну, пэўна, жыве ў выданні, заснаваным за Сталіным, невыкараняльная традыцыя – тлумачыць народу, як весела яму жывецца. Прыпамінаю выпуск напярэдадні выбараў 2006 г. са шчаслівымі тварамі беларусаў на фоне кагадзе пабудаванай Нацыянальнай бібліятэкі. Ці патрэбныя гэткія палітінфармацыі ў часопісе, які пазіцыянуе сябе як сатырычны? Мо лепей ангажаваць даследчыка Аляксандра Чубрыка, які, абмяркоўваючы «дэкрэт № 1 пра садзеянне занятасці», прыняты ў дадатак да «антыдармаедскага дэкрэта № 3», выявіўся не абы-якім дасціпнікам? Тут мяне штурхаюць пад руку… OK, начальства лепей ведае, каго кушаць што такое сатыра – куды нам, прафанам…

Калі пералічваў гумарныя СМІ, то ледзь не забыўся згадаць ліберальна-пастаральную «БелГазету» з яе зайцамі ды іншымі жывёламі ад Васіля Пачыцкага. Кампанія «Ўключы мазги» [sic] была задумана хораша, таму і прынесла тактычную перамогу. Трасянка ў назве – маркетынгавы ход накшталт «велописедов», якія вярнуліся ў Мінск пасля перыяду выгнання.

Фрунзенскі раён, 28.01.2018

Праз краўдфандынг рэдакцыя сабрала грошы на падпіску для бедных і няшчасных чыноўнікаў, і нават, кажуць, больш чым трэба. Радуе, што ёсць яшчэ порах фінансавыя рэсурсы ў краіне, ды ніхто не забароніць мне гукнуць: малая будзе аддача ад той падпіскі. Раздаючы бясплатныя асобнікі, я пачаў бы з моладзі, няхай нават «чэснай», БРСМаўскай…

Аднойчы гэтае выданнечка, тады яшчэ пад назвай «Белорусская газета», падшпіліла і нас з Якавам Гутманам. Хто не ў танку, тыя ведаюць пра гісторыю са зносам сінагогі ў Мінску (верасень 2001 г.); гэтую гісторыю ў 2013 г. нават ізраілец Барух Кра выдаў у эфір свайго каналу. Дык вось, у час зносу адбыліся: а) пратэст двух барбудас на Дзімітрава, а потым ля Мінгарвыканкама, на плошчы Незалежнасці; б) затрыманне пратэстоўцаў сіламі міміліцыі. Газета адрэагавала па-свойму – гл. апошнія два сказы:

ВЫРАШАЕМ КВАТЭРНАЕ ПЫТАННЕ

Раніцай 25 верасня рабочыя ЗАТ «Камкон» пры дапамозе тэхнікі пачалі бурыць сцены двухпавярховага цаглянага будынка, змешчанага па вуліцы Дзімітрава, 3 (пабудаваны ў 70-я гады XIX стагоддзя на сродкі яўрэйскай абшчыны Мінска пад бібліятэку, школу і сінагогу; у гады ВАВ у будынку, уключаным у тэрыторыю мінскага гета, знаходзіўся яўрэйскі дзіцячы дом). Ім паспрабавалі перашкодзіць прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі беларускіх яўрэяў Якаў Гутман і іншыя актывісты. Ахова гвалтоўна выціснула пратэстоўцаў за агароджу. Разбурэнню пабудовы не змог перашкодзіць нават старшыня Камітэта па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкультуры Дзмітрый Бубноўскі, які прывёз будаўнікам прадпісанне аб спыненні работ. Бубноўскі выклікаў нарад міліцыі, які прыпыніў знос будынка. Калі чыноўнік пакінуў аб’ект, то да будынка пад’ехала група афіцэраў міліцыі. Яны адмовіліся забяспечыць выкананне прадпісання Бубноўскага. Адзін з афіцэраў, старшы лейтэнант, заявіў: «Разбірайцеся праз суд. Гэта не наша справа. Мы падпарадкоўваемся не Міністэрству культуры, а МУС, і ловім бандытаў». Відаць, такімі і з’яўляюцца ўдзельнікі пікета, якія пратэставалі супраць зносу будынка былой сінагогі. Суд над імі назначаны на 2 кастрычніка.

Вельмі смешна – амаль як у таго Чубрыка, памножанага на «Вожык» з дамешкам тутэйшага КВЗ.

Першы месяц 2018-га адзначаны шэрагам буч вакол беларускай адукацыі. Адныя выступаюць за нацыянальны ўніверсітэт з выкладаннем на белмове, іншыя агітнулі супраць. Лёс Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні падвіс на валаску. У сеціве шырака абмяркоўваўся, мякка кажучы, неадэкватны адказ прэс-цэнтра мінадукацыі РБ на зварот Ганны Севярынец (а чаго дзівіцца – год таму папярэджвалі мы, што Андруша Л., які цяпер працуе ў прэс-цэнтры, далёка пойдзе…)

Зноў заўважу, я не супраць універа з беларускай мовай навучання – і як магу быць супраць, калі ў сярэдзіне 2000-х чытаў у адной сталічнай ВНУ па-беларуску курс «Асновы права». Аднак усё ж не варта рабіць фетыш з мовы, дый з тэрыторыі знаходжання ўстановы. Нават калі ўдасца сабраць прыстойны калектыў беларускамоўных выкладчыкаў (пазіраючы на завадатараў справы, сумняюся, што ўдасца – яны і з сайтам сваёй арганізацыі ледзь даюць рады), то пад прыглядам такога міністэрства ўніверсітэт рызыкуе неўзабаве паўтарыць лёс гуманітарнага ліцэя імя Я. Коласа (2003), мінскага ЕГУ (2004) або, да прыкладу, «Энвілы» (2011).

Адзін добры праект важыць больш, чым два пасрэдных. Памысна было б аб’яднаць высілкі выкладчыкаў ЕГУ, які пакуль не саўсім страціў давер Еўрапейскага Саюза, «ініцыятыўнай групы Трусава», шэрагу іншых энтузязістаў – ды стварыць за межамі РБ суперустанову з прыярытэтам беларускай мовы. Неабавязкова ў Літве, якая паказала сябе ў справе Алеся Бяляцкага, – ёсць менш залежныя ад тутэйшага ўраду краіны з даволі моцнай беларускай дыяспарай (Эстонія, Чэхія…) А ў сучаснай Беларусі, з яе адменай уступных іспытаў у гімназіі, «жэстачайшым размеркаваннем выпускнікоў» ды іншымі фокусамі, на кожнага Міколу Вавілава знойдуцца свой Трафім Лысенка і купка Прэзентаў (далёка не падарункаў).

Нягоднікі вакол быццам бы не пераважаюць, але чаму ж яны апаноўваюць камандныя вышыні?.. Адна істота ўзначаліла цэлы грамадскі рух, нават квазіпартыю – мала ёй было тэлебачання, дзе 22.01.2018 яшчэ не асуджаныя «рэгнумаўцы» атаясамліваліся з забойцамі, «чорнымі рыэлтарамі» (прысуд па справе Алімкіна, Паўлаўца і Шыптэнкі будзе агучвацца толькі 2 лютага)… А потым гэтая самая істота з падначаленага ёй экрана павучае «сваіх» гледачоў, што такое добра і што такое блага ў гісторыі з «Хартыяй-97». Было б смешна, каб не сумна.

Між іншага, мяркую, што не апошнім матывам у рашэнні аб блакіроўцы «Хартыі» была банальная зайздрасць. Які б ні быў рэсурс «жаўтаваты», а прыцягваў штодзённа дзясяткі тысяч наведвальнікаў; між тым «адзіны партал дзяржаўных інтэрнэт-СМІ» belsmi.by, на які ставіла міністэрства інфармацыі РБ у 2015 г., так і не ўзляцеў. Абысці блакіроўку няцяжка, тым не менш наведванне charter97.org за тыдзень абвалілася. І ўсё адно на гэты сайт заходзяць у сотні разоў часцей, чым на казённыя «СМІ Беларусі»… (Тут не будзе лішнім павіншаваць з вяртаннем у сеціва рэсурсы евреи.бел і berega.by, пажадаць ім «хартыйнай» папулярнасці :))

Пазіраючы на БТ, «СБ» і іншыя крыніцы (дэз)інфармацыі, почасту згадваю Уладзіміра Караткевіча з яго выслоўем, цытую з памяці: «хто ў царкве хрысціцца найбольш імпэтна, той і ёсць злодзей». Ну сапраўды, пра мараль у нас разважаюць, як правіла, тыя, у каго рыльца вядома ў чым… Узяць адміністрацыю Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, якая разрадзілася цэлым «кодэксам карпаратыўнай этыкі». Тое, што ён супярэчыць заканадаўству, напрыклад, тут – «любое супрацоўніцтва са СМІ, незалежна ад іх формы, павінна быць узгоднена з кіраўніком прэс-службы Універсітэта» – паўбяды: заўсёды можна адгаварыцца, што дакумент мае рэкамендацыйны характар (аднак у такім разе чаму «павінна»?) Бяда ў тым, што сама адміністрацыя ігнаруе заяўленыя нормы, прынамсі не кіравалася імі пазалетась.

Адкрываю «Вестник Полоцкого государственного университета», «серыю А», № 9, 2016 (гал. рэд. – рэктар ПДУ, доктар тэхнічных навук Лазоўскі), бачу артыкул Міхаіла Стральца, чытаю… Не, лепей самі пачытайце (с. 68, 70-71). Калі коратка, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта абвінавачвае мінскага выдаўца Льва Раманавіча Казлова ў цэнзураванні ды нявечанні манаграфіі ізраільскага гісторыка Леаніда Смілавіцкага, што выйшла на 17 год раней (!) Адкуль ён даведаўся пра «самоуправство» выдаўца, Стралец у артыкуле не кажа.

З гісторыкам, картографам Л. Р. Казловым я знаёмы шмат гадоў. 25.01.2018 адмыслова зайшоў на вул. Акадэмічную, 1, і пагутарыў з ім:

У якіх Вы адносінах з Леанідам Смілавіцкім?

– Па-мойму, у нармальных. Некалі даваў яму рэкамендацыю ў КПСС.

Прызнайцеся, цэнзуравалі яго кнігу «Евреи Беларуси. Из нашей общей истории, 1905–1953 гг.»?

– Не, мы нічога не выкрэслівалі. Ён каля месяца сядзеў тут у нас, у выдавецтве, сам праглядаў набор, рэдагаваў. Так, у ягоным рукапісе былі рэзкасці, а я лічу, што лепей трымацца «залатой сярэдзіны»… Параіў яму сёе-тое скараціць, ён згадзіўся.

У 2000, 2001 гадах ад Смілавіцкага не было прэтэнзій?

– Не было.

А Міхаіл Стралец перад сваёй публікацыяй да Вас звяртаўся, прасіў праясніць абстаноўку?

– Не звяртаўся (гутарка адбываецца ў прысутнасці намесніцы Л. Р. Казлова Галіны Аляксандраўны Кур’яновіч, яна пацвярджае: «Нічога не выкрэслівалі, прэтэнзій ад Смілавіцкага у 2000-х гадах не было, Стралец не звяртаўся»).

Даўно Вы займаецеся выдавецкай дзейнасцю?

– З канца 1980-х, а фірма існуе з 1993 г.

Хто-небудзь з аўтараў Вас папракаў за цэнзуру?

– Ніколі.

 

Выходныя звесткі той самай кнігі; Л. Казлоў і Г. Кур’яновіч, снежань 2016 (упершыню апублікавана тут).

Што казаць… Прафесійная этыка вымагае і ад масавых СМІ правяраць факты, а не тое што ад выданняў, якія прэтэндуюць на годнасць «навукова-тэарэтычных».

Брэсцкага прахвесара даймаць не збіраюся – як захоча, то сам патлумачыць свае паводзіны. Мне цікавей, ці прызнае рэктар ПДУ, што не варта было публікаваць галаслоўныя папрокі на адрас калегі, дацэнта Казлова… Калі публічна не прызнае, то шэлег цана «маральнаму кодэксу», які «улічвае як міжнародны вопыт, так і спецыфіку Універсітэта» (перакладаю праф. Лазоўскага з рускай, таму што белмоўнай версіі яго звароту не знайшоў).

Адзначу высілкі яшчэ адной «клапатлівай» публічнай асобы. Дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім І-ў (ён жа – нам. старшыні Цэнтрвыбаркама РБ) 25.01.2018 заявіў, што апошнім часам «адзначаецца рост колькасці скаргаў грамадзян па пытанні змяшчэння рэкламы ў паштовыя скрыні шматкватэрных жылых дамоў, што пагаршае санітарны стан пад’ездаў, а таксама ўскладняе выкананне аператарамі паштовай сувязі функцый па дастаўцы карэспандэнцыі». Як могуць паперкі (у сярэднім хіба 2-3 на скрыню ў дзень) пагаршаць «стан»? Дый наконт таго, што яны «ўскладняюць выкананне»… Два гады рабіў паштальёнам, падобных скаргаў не чуў – зараз звычайнай карэспандэнцыі дастаўляецца не так і шмат, і яна трапляе ў скрыню незалежна ад таго, ёсць там рэкламныя лісткі або не.

Але даслухаем І-ва: «мяркуецца, што будзе ўнесена дапаўненне ў Закон у частцы ўпарадкавання распаўсюду гэтай рэкламы». Геніяльна! Рэгламентаваць, колькі паштары ды кур’еры маюць класці паперак у скрыні (адну, відаць, яшчэ можна, а дзве-тры – ні-ні) – за такое і Шнобелеўскай прэміі не шкада. Хаця я б з большай асалодай прысуджаў такім чыноўнікам, якія праз мітульгу адводзяць увагу ад рэальных праблем краіны (гл. усе папярэднія серыі «Катлет & мух» 😉 – асабліва №№ 46, 48, 70…), прэмію Дарвіна.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

31.01.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 01.02.2018  01:06

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (46)

Вясна вярнулася ў цэнтральнаеўрапейскія прасторы, а паралельна прачнуліся хобіты і оркі грамадзяне і вышэйшае чынавенства. Дробнае чынавенства вагаецца, але ўсё часцей яно – з народам, бо не хоча быць крайнім пасля «сацыяльных экспэрыментаў», дый у любым разе яно часцей трапляе пад «ператрахванне», чым… Ладна, не будзем пакуль пра самых чэсных міністраў, шэфаў адміністрацыі, etc.

Не паспеў Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі распаўсюдзіць «шляхаводнік па Дэкрэце № 3» (ацаніце сумны гумар сітуацыі – у суседзяў выдаюцца шляхаводнікі па гарадах, крамлях і палацах, у нас – па бюракратычных пісульках), як усё нафіг састарэла. 9 cакавіка, пасля масавых пратэстаў – не толькі ў Мінску, а і ў абласных ды некаторых раённых цэнтрах – раптам выявіліся вапіюшчыя «перагіны на месцах» (С). Аказваецца, дзеянне «ідэалагічнага, маральнага дэкрэта» (прыметнікі ад таго, хто яго падпісаў) можна адтэрмінаваць на год, а спагнаныя «за дармаедства» грошы вярнуць тым, хто іх заплаціў. Праўда, не цяпер, калі-небудзь потым… У духу кінчаўскай песні: «Тоталитарный рэп – это абстрактный пряник / Или совершенно конкретный кулак».

Дзясяткі тысяч людзей да 20.02.2017 заплацілі дзяржаве грошы – ці то са страху, ці то з аблудна зразуметай законапаслухмянасці (а хтосьці так расхваляваўся ад ліста з падатковай, што звёў рахункі з жыццём)… Грошы, паводле афіцыёзнага тлумачэння на pravo.by, мусілі быць накіраваныя на «рашэнне задач па комплексным эканамічным і сацыяльным развіцці адпаведнай тэрыторыі, якія стаяць перад мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі». Але такое тлумачэнне не задаволіла пратэстоўцаў. Тады «галоўны» прапанаваў іншую версію: «Усе гэтыя грошы да капейкі павінны быць накіраваны на ўтрыманне дзяцей. Толькі дзецям!»

Калі нешта ідзе не так, то заўсёды можна прыкрыцца інтарэсамі дзяцей – лалітыка, у натуры… Ну і ёсць жа даўняя майса, прыведзеная (анты)савецкім сядзельцам Эдуардам Кузняцовым у кнізе «Шаг влево, шаг вправо…» (Іерусалім, 2000)

Заб’еш аднаго чалавека – атрымаеш працяглы тэрмін зняволення. На роўным месцы падпсуеш жыццё тысячам сваіх суграмадзян, забраўшы ў кожнага, магчыма, год-два жыцця – і нічога… Пакуль – нічога. Дэкрэт фармальна не адменены, так што рана баналізаваць падзеі, збліжаючы беларускія пратэсты з замежнымі «па матывах і дынаміцы», як гэта зрабіў адзін фацэт з «Радыё Свабода». Ён жа прыпісаў пратэстоўцам «савецкае» разуменне справядлівасці, што зусім абсурдна праз 25 гадоў пасля скону СССР. Можа, у каго са старэйшых работнікаў яно захавалася, але ж не яны зараз «робяць пагоду».

У чым я, выпускнік ЕГУ, згодзен з фізматаўцам Юрыем Дракахрустам, дык гэта ў тым, што «выкалупванне правакатараў» (завадатараў), як разынак з булкі, не дасць эфекту, пажаданага для ўладаў. Ну, пасадзілі на суткі Губарэвіча, Лябедзьку, Рымашэўскага і «прымкнуўшую да іх» Вольгу Кавалькову – на іх месца прыйдуць іншыя. Як той спяваў, «прежде путал народ, кто здесь друг, а кто враг, а теперь сам народ – “враг народа”!» Дый Сібіры ў нас няма, так што, «адкінуўшыся» з чарговага Акрэсціна, актывісты зноў зоймуцца сваёй справай, умела або няўмела.

На час падрыхтоўкі гэтай серыі ў бальніцах памерлі тры з пяці жанчын, якія атрымалі цяжкія апёкі (звыш 50% паверхні скуры) у час выбуху на Скідзельскім цукровым камбінаце. Недахоп грошай на прадпрыемствах – што звязана і з адметным інвестыцыйным кліматам, створаным за апошнія 15-20 гадоў – штурхае эканоміць на ахове працы.

Яшчэ ў маі 2004 г. аўтары даклада «Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года» з сумам канстатавалі: «Тэхнічная база прамысловасці састарэла… Знос актыўнай часткі асноўных прамыслова-вытворчых фондаў па прамысловасці ў цэлым дасягнуў 80,2%, то бок намнога перавысіў крытычна дапушчальны ўзровень» (гл. п. 3.6). Неяк сумнеўна, што былі зроблены слушныя высновы – адно супрацоўніца інстытута мінэканомікі Целеш Ірына Леанідаўна, 1969 г. нар., без аніякіх спасылак перапісала абзацы з даклада ў свой «артыкул». Цяпер яна – кандыдатка эканамічных навук і разважае на канферэнцыях пра «інавацыйную структуру беларускай прамысловасці». Не выключана, што такія «інаватаркі» і падалі ўраду «суперідэю», дазволіць прадпрыемствам не налічваць амартызацыю, г. зн. рабіць выгляд, што сродкі вытворчасці не старэюць…

Мушу прызнаць, сам у час працы на дзяржаўным прадпрыемстве (2009–2011 гг.) ішоў на рызыку, парушаў асобныя нормы, каб зрабіць усё хутчэй і не «адрывацца ад калектыву»… Зрэшты, інструктажы па тэхніцы бяспекі (і ўводны, і наступныя) мала што мянялі. Першы ўклаўся ў 5-10 мінут – пры норме, здаецца, 30-40 – іншыя зводзіліся да роспісу ў журнале. Добра, што вытворчасць была не самая апасная, РУП «Белпошта».

Цяпер я належу да іншай арганізацыі – Саюза беларускіх пісьменнікаў, СБП. Клікалі туды яшчэ пасля выхаду кніжкі «Жывуць вольныя шахматы» (2010), аднак падаць заяву я наважыўся толькі ў канцы 2014 г., калі выйшаў шосты па ліку аўтарскі зборнік – «Нарысы шахматнай мінуўшчыны і будучыні». Атрымаў тры рэкамендацыі, прайшоў прыёмную камісію, і 31.03.2015 на пасяджэнні Рады СБП заява была задаволена.

Чацвёртага сакавіка 2017 г. у мінскім Палацы мастацтваў здарыўся з’езд СБП. На ім я прысутнічаў упершыню… дакладней, упершыню ў якасці паўнапраўнага ўдзельніка, бо ў 2002 г. дзякуючы добрай Алене Кобец-Філімонавай гасцяваў на падобным сходзе ў Доме літаратара, а заадно збіраў подпісы за «Дзень праведнікаў».

Некаторых падпісантаў сустрэў у кулуарах праз 14 з паловай гадоў; напрыклад, Алесь Бяляцкі паспеў за гэты час «посидеть и поседеть». Пасядзець у турме і пасівець.

Постфактум сёй-той параўноўваў з’езд СБП з мерапрыемствам брэжнеўскіх часоў – маўляў, адзінай мэтай было перавыбраць старшыню (Барыса Пятровіча), у якога, да таго ж, не аказалася канкурэнтаў. Усёй перадз’ездаўскай «кухні» не ведаю, але, паводле маіх назіранняў і адчуванняў, з’езд прайшоў даволі дэмакратычна. Альтэрнатыўных кандыдатаў на пасаду старшыні можна было прапанаваць і 4 сакавіка – іншая справа, што ніхто не пажадаў лезці на ражон «даходнае месца». У канцы лютага стала вядома, што міністэрства культуры не ўключыла СБП у пералік творчых саюзаў Беларусі, а на саму імпрэзу ніводзін дзяржаўны орган не прыслаў сваіх прадстаўнікоў… Між іншага, «пастанову № 7», дзе зроблена спасылка на артыкул 58 Кодэкса аб культуры, міністр наогул 30.01.2017 не меў права падпісваць, бо арт. 58 уступіў у сілу толькі праз некалькі дзён – фальстарт-с 🙂

Адбыліся выбары не толькі старшыні, але і Рады – ключавога органа ў Саюзе паміж з’ездамі, яго «ЦК». У сувязі з колькасным ростам СБП (каля 470 чалавек, а ў зале прысутнічала дзве з паловай сотні) склад Рады быў павялічаны да 39 чалавек. Я адкрыта галасаваў супраць такога рашэння (па-мойму, хапіла б і 29), але застаўся ў яўнай меншасці. Затое, калі надышоў час вылучаць непасрэдна кандыдатаў, і на 39 месцаў вылучылі 43 чалавекі, то «мой» кандыдат якраз прайшоў сіта адбору.

Супраць Б. Пятровіча галасавалі 8 удзельнікаў, а былога старшыню рэвізійнай камісіі ўвогуле забалатавалі пры таемным галасаванні, і ён не стаў нават шараговым яе сябрам. Такім чынам, няма ў саюзе жэстачайшай стабільнасці аж да стагнацыі. Такі ёсць з чым параўноўваць: Леаніда Левіна ў 2000-х гадах кіраўніком «яўрэйскай абшчыны Беларусі», як правіла, выбіралі аднагалосна.

Арганізатары з’езда памыліліся, не адразу пусціўшы ў залу экс-намесніка старшыні СБП Эдуарда Акуліна, які, пасварыўшыся з Пятровічам, у 2012 г. падаў заяву аб «прыпыненні паўнамоцтваў»: такога паняцця няма ў статуце, г. зн. дэ-юрэ Акулін заставаўся паўнапраўным членам Саюза. Скандальчык раздзьмухала «жоўтая» газета, і тут кіраўніцтва СБП зноў дапусціла памылку: напісала ў камісію па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў скаргу на журналістку, якая «тэндэнцыйна асвятліла» і г. д. Аднак памылкі гэтыя не фатальныя: рэпутацыі суполкі яны істотна не шкодзяць.

Вядомы пісьменнік Б., які ў 2011 г. са скандалам пакінуў Саюз, у 2017-м кінуўся разважаць пра яго: «Ерархічны да непрыстойнасьці: аблізваць старых і падазрона ставіцца да любых праяваў іншадумства тут закон і норма», «Палітычна саюз белпісьменьнічкаў — выразна права-кансэрватыўны». Магчыма, у 1990-х гадах у гэткім апісанні мелася доля ісціны, зараз жа проста сумна чытаць, настолькі ўсё «міма». Няма ў СБП выразнай палітычнай лініі, дый ці павінен творчы саюз яе дэклараваць?.. Прапанову экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева далучыцца да яго малавядомага «руху за дзяржаўнасць і незалежнасць», які ствараецца з 2015 г., удзельнікі з’езда адкінулі. Ніхто ніколі не прымушаў мяне «аблізваць старых», і я не хаваў крытычнага стаўлення да некаторых знакавых асоб СБП (Святлана Алексіевіч, той жа Някляеў…). Наўрад ці Віктару Жыбулю – чалавеку майго пакалення, якога сёлета зноў выбралі ў Раду – нехта ў Саюзе рабіў вымовы за «хуліганскія» вершы. І г. д.

В. Жыбуль вядзе прэзентацыю белмоўнага выдання Л. Кэрала «Скрозь люстэрка, i што ўбачыла там Аліса». Справа – перакладчыца Вера Бурлак, злева – выдавец Зміцер Вішнёў. Мінск, Няміга-3, 12.03.2017.

У Палацы мастацтваў прадаваліся цікавыя кнігі, а сёе-тое раздавалася задарма, напрыклад, згаданы ў пазамінулай серыі фаліянт гісторыка-гумарыста «З дазволу караля і вялікага князя».

Як абяцаў, прывяду пару старадаўніх анекдотаў:

* * *

Блазан старога караля, назіраючы, як таму падчас хваробы ставілі п’яўкі, заўважыў: «Вось гэта сапраўдныя прыдворныя і прыяцелі яго вялікасці».

* * *

Караль Радзівіл растрачваў вялізныя сумы на сваё разгульнае жыццё і ўтрыманне шматлікай зграі дармаедаў, што складала яго пастаянную світу. З гэтай прычыны Шыдлоўскі, кашталян з Жарнова, заўважыў:

– Калі так пойдзе далей, то, Пане Каханку, страціць можна ўвесь маёнтак.

– А ты, пане каханку, не страціш нічога, бо нічога не маеш! – разгневаўся Радзівіл.

Шыдлоўскі працягваў сваё:

– Князю, жывеш па-каралеўску, а кароль, між тым, на ўсім эканоміць.

– Я жыву па-радзівілаўску, а кароль так, як можа… Кароль сапраўды эканоміць на ўсім, нават блазнаў не трымае пры двары, бо мае іх бясплатна ў сенаце.

* * *

Шкада, што вышэйшыя чыноўнікі не завіталі на з’езд – даведаліся б нямала карыснага, можа, абразнастаілі б сваё панылае існаванне… Дальбог, няпраўда тое, што «свет абыдзецца без літаратуры, ужо зусім хутка».

Тым часам ізраільцы не спяць у шапку. Прачытана ў фэйсбуку пасольства Ізраіля ў Мінску:

21 лютага 2017 г. у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь з удзелам кіраўнікоў і прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса адбылося ўрачыстае мерапрыемства «Я нясу вам дар», арганізаванае супольна з дзяржаўным літаратурным музеем.

Намесніца кіраўніка місіі Юлія Рачынскі-Співакоў прачытала верш Янкі Купалы “А хто там iдзе”, які адмыслова дзеля гэтай падзеі быў перакладзены на іўрыт дбаннем Шауля Рэзніка пры садзеянні Сяргея Шупы.

Той самы пераклад. Крыніца: https://www.facebook.com/siarhej.shupa/posts/10154484937368763?pnref=story

Чамусьці «роднае» радыё С. Шупы не адзначыла гэты, безумоўна, важны для культуры чын Ш. Рэзніка. Верш «А хто там ідзе?» часоў першай расійскай рэвалюцыі па-свойму класічны, ён пераствараўся на дзясятках моў (ёсць ідышная версія Зэліка Аксельрода). Хочацца, каб перакладаліся і больш сучасныя творы. Гадоў 10, напрыклад, мару, каб з’явіўся іўрыцкі варыянт верша Уладзіміра Караткевіча «Яўрэйцы», прасіў сяброў знайсці ў Ізраілі годнага перакладчыка, але… Ну, можа, зараз нешта зрушыцца з мёртвай кропкі.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

12.03.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 12.03.2017  17:50

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (43)

Добрага чаго-та там! «Что мы знаем о лисе? Ничего! И то не все» (С). Што я, просты смяротны, не дасведчаны ў іспанскай мове, знаў пра Уга Чавеса да XXIV Міжнароднай кніжнай выставы ў Мінску, дзе мне ля венесуэльска-кубінска-эквадорскага стэнду ўручылі пару кніг, брашурку і буклецік?! Здагадваўся, што карані гэтага дзядзькі – у Чавусах, што на Магілёўшчыне (Беларусь жа – радзіма сланоў і мамантаў, а таксама чылійскага героя Дамейкі, дык чаму ёй не даць свету і прэзідэнта Венесуэлы? :)) А калі больш сур’ёзна, то прыпамінаў, што У. Чавес на піку сваёй славы ў 2006 г. прыязджаў у Мінск, што пазней, пасля яго смерці, у «маім» Фрунзенскім раёне адкрылі парк яго імя… Пагартаў «раздатачныя матэрыялы» не без цікавасці.

 

Адразу насцярожылі некаторыя дэталі. Па-першае, у кнізе 2016 г., аўтарам якой пазначаны Хасэ Багіяна, яго «пяру» належыць хіба 10–15% тэксту. Асноўная частка – матэрыялы таго самага Педра Артэгі Дыяса, падрыхтаваныя ў мінулым стагоддзі. Ну, мне, дапусцім, падабаецца твор Майсея Кульбака «Зельманцы», у свой час я пару старонак накрэмзаў пра гэты раман і яго аўтара – стаў бы выдаваць фаліянт пад назовам «Актуальнасць “Зельманцаў”…», уціскаючы туды ўвесь тэкст Кульбака і ставячы на вокладку сваё прозвішча? Не, я б пасаромеўся.

«Сакрэт фірмы» аказаўся просты: Х. Б. – не нейкі там графаман, а «Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла, віцэ-адмірал флота». Напэўна, такому важнаму чалавеку – можна. Тут я знянацку ўспомніў, як цяперашняя міністарка інфармацыі РБ у 2003 г. «прыбудавалася» да кнігі кандыдата філалагічных навук 2002 г., зрабіўшыся яе фармальнай сааўтаркай.

 

Розніца паміж зместам першай кнігі і другой – у спісах беларускіх выдаўцоў, правайдэраў ды інш., узятых з даведніка (правайдэры тыпу ТДА «Айчына» названы… «інтэрнэт-рэсурсамі»). Творчай працы, укладзенай у другую кнігу, не прыкмеціў: мо камусьці пашанцуе болей? Здаецца, тагачасная намміністра таксама лоўка скарыстала сваё службовае становішча.

Венесуэльцы вабяць чорнай вокладкай і бел-чырвоным слоганам: «Смерць тыраніі! Жыве свабода!» Больш за тое, ад імя віцэ-адмірала чытачам у пачатку кнігі задаюцца пытанні, быццам у «Маскве-2042» Уладзіміра Вайновіча. Помніце плакат у маскарэпаўскай лазні: «Ты змарнаваў лішнюю ражку?» Вось і ў пасла на с. 13: «Хіба мексіканец – не амерыканец? Хіба венесуэлец – не амерыканец?.. Тады чаму ж ты, паважаны чытач, не называеш іх амерыканцамі?» Гэта хто на што вучыўся: у маёй школе № 79 заўсёды ведалі, што Мексіка і Венесуэла знаходзяцца ў Амерыцы, адна ў Паўночнай, другая ў Паўднёвай… Карацей, прэтэнзіі да «паважанага чытача» вычварныя ад слова «зусім»; яго правасхадзіцельства ў поўным сэнсе «адкрывае Амерыку». Імкнецца зрабіць беларускіх чытачоў без віны вінаватымі, каб ямчэй маніпуляваць?

Хацеў бы звярнуць увагу і на «пячатку» ў правым ніжнім куце апалагетычнай кнігі «Наш Чавес». Там напісана (па-руску): «Кніга задарма. Продаж гэтай кнігі з’яўляецца контррэвалюцыйным актам». Я аж спалохаўся – прадаваць намеру не меў, ды раптам кніга сапсуецца, як потым тлумачыць венесуэльскаму КДБ, што незнарок?.. Але потым падумаў: калі што якое, то нашы доблесныя спецслужбы абароняць ад «доўгіх рэвалюцыйных рук» з Каракаса.

Зусім збянтэжылі звесткі пра бітву пры Карабоба 1821 г., дзе нібыта «было разгромлена пераможнае войска Напалеона Банапарта». Ізноў жа, мяне вучылі, што пасля Ватэрлоа (1815 г.) Напалеон І ні ў якіх бітвах не ўдзельнічаў… Не кажучы пра тое, што да «каланіяльнага прыгнёту з боку Іспаніі», ад якога вызвалілася Венесуэла, Францыя мела дужа ўскоснае дачыненне: лацінаамерыканцаў прыгнятаў кароль Фердынанд VII, з якім Банапарт зусім не сябраваў… Ну, камусьці закарцела прыцягнуць за вушы «агульныя рысы» ў гісторыі беларусаў і венесуэльцаў: маўляў, і тыя, і другія гнілі ў адных акопах пакутавалі ад Напалеона.

Напэўна, у «чавізме» былі і ёсць здаровыя элементы, аднак, гледзячы на друкаваную прадукцыю пасольстваў Венесуэлы ў РБ і РФ, гэтага не скажаш. Ужо згадвалася, што ў лютым 2017 г. паўднёваамерыканскія агітатары пашыралі брашуры cямігадовай даўніны.

У ліпені 2006 г. кіраўнік Венесуэлы «падчапіў» першага прэзідэнта РБ, раўналетка, на чэгеварскую рамантыку іхняга юнацтва. Паміж імі адбыўся такі дыялог. У. Чавес: «Мы ў Гаване, калі сустрэнемся, падпішам афіцыйны дакумент аб стварэнні змяшанай камісіі. Я б хацеў, каб мы з табой такі дакумент стварылі, як ваенную дырэктыву – з чоткім вызначэннем адказных, графікаў, падкамісій… А ў канцы напішам: “Радзіма або смерць!”» А. Лукашэнка: «Згодзен!»

Так, у другой палове 2000-х гг., на фоне адноснай эканамічнай стабільнасці, Беларусь магла сабе дазволіць геапалітычныя эксперыменты – заваёўваць плацдарм у Лацінскай Амерыцы праз Венесуэлу і г. д. – але, здаецца, усё даўно атавізьмъ. Паводле «Еўрарадыё», к сярэдзіне 2010-х з распрацоўкай радовішчаў нафты, дый з тавараабаротам, меліся вялікія праблемы. Пры ўсёй павазе да «Баліварыянскай рэвалюцыі», лепей бы афіцыйная Беларусь 10 год таму гэтак жа імпэтна мацавала сяброўскія адносіны з суседнімі краінамі, а то і ў 2017-м адбывалася, между протчым, туруканне з Літвой («У вас засталося мала суверэнітэту!» – «Самі вы дурні!»). Суседзям, магчыма, бракуе лацінаамерыканскага тэмпераменту ды харызмы, якую цэніць «галоўны хакеіст», але ж прадказальнасць – яна даражэйшая.

Дзейкаюць, гісторыя не мае ўмоўнага ладу… І ўсё-такі: што замінала адкрыць бязвізавы ўезд для развітых краін свету не цяпер, а тады, у 2000-х? Баяліся варожага ўплыву на стэрыльна-чысты «цэнтр Еўропы»? Усё роўна ж цяпер ліхаманкава даводзіцца шукаць дадатковыя сродкі, «пераабуваючыся ў палёце». За студзень 2017 г. валавы ўнутраны прадукт Беларусі ўпаў на 0,5% (за 2016 г. – на 2,6%). Цешыцца няма з чаго; я і не цешуся. Заўважу толькі, што ва Украіне намячаецца рост ВУП, актывізуецца вытворчасць, так што на месцы калегі Прэйгермана я б не выказваўся гэтак катэгарычна: «Да саюза з Украінай у нас няма перадумоў».

Тут нядаўна намеснік з адміністрацыі (п)рэзідэнта не без гордасці адказваў на заклік дэпутаткі Ганны Канапацкай адмяніць «антыдармаедскі» дэкрэт 2015 г.: «На прадпрыемствах Беларусі запаволілася цякучасць кадраў, былі запоўнены многія незапатрабаваныя раней вакансіі». У перакладзе з бюракрацкай на чалавечую гэта значыць: цяпер наёмныя работнікі яшчэ больш баяцца запярэчыць начальству, ідуць, куды скажуць… Адпаведнай становіцца і прадукцыйнасць працы ў РБ.

Не ведаю, якія маніторынгі наконт «падтрымкі» дэкрэта № 3 прадстаўнікамі «рэальнага сектару» ладзілі ў адміністрацыі, дый ці ладзілі ўвогуле. Як па мне, то пра многае гаворыць масавае галасаванне (+319-2) на talks.by за камент чытача ад 06.02.2017: «Трэба з 8 да 17 адбыць на працы? Чалавек адбудзе гэты час. Іменна адбудзе, ну і, магчыма, адпрацуе тыя 200 рублёў, якія вы яму плаціце. А можа, і скрадзе на 300. Дачакаецеся, што ў маторы пачнуць пясок сыпаць, а піламі камяні рэзаць».

Многіх работнікаў дэмаралізуе і тое, што выхад на пенсію для іх адкладваецца згодна з панскім указам 2016 г. Да таго ж летась служкі таварыша Напалеона чыноўнічкі рабілі празрыстыя намёкі, што падвышэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі на тры гады – гэта толькі пачатак. Каму ахвота паўтараць лёс каня Баксёра з класічнай казкі-антыўтопіі Джорджа Оруэла?.. Мазахістаў/мазахістак у Беларусі хапае, але каб яны пераважалі – з гэтым, бадай, не згаджуся.

Тым часам асобным маладым паўсюль у нас дарога. Па-свойму бліскучую кар’ерку робіць Наталля Эйсмант, якая нядоўга працавала акцёркай у музычным тэатры, потым гадоў восем вяла перадачы на БТ… У канцы 2014 г. яе прызначылі прэс-сакратаркай Лукашэнкі, і во ў пачатку 2017 г. паўнамоцтвы істотна пашыраюцца; калі верыць указу № 40, то Наталля будзе не толькі «языком», а і «вачыма» ды «вушамі» Рыгоравіча. Прывабная 33-гадовая дама ўвойдзе, умоўна, у сямёрку самых уплывовых дзяржаўных службоўцаў, хоць дагэтуль наўрад ці трапляла ў дваццатку.

Місія «прахадной пешкі» – тлумачэнне і прапаганда асноўных кірункаў унутранай і знешняй палітыкі… Не, хутчэй, прапаганда – на першым месцы; нездарма ж адна з асноўных задач чыноўніцы фармулюецца так: «фармаванне праз СМІ грамадскай думкі пра дзейнасць прэзідэнта».

Сумняюся, што ў акадэміі мастацтваў і на тэлебачанні давалі глыбокія веды ў сферы ўнутранай і знешняй палітыкі, дый менеджменту («каардынацыя дзейнасці буйных дзяржаўных СМІ»). Калі Н. Э. сапраўды «чалавек адказны», то лепей бы ёй элегантна адмовіцца ад новых паўнамоцтваў, а мо ад працы ў адміністрацыі ўвогуле… Кепска выйшла ў Наталлі нават арганізацыя «Вялікай Размовы з Прэзідэнтам» 03.02.2017; ну, якую «аналітычную і іншую інфармацыю пра дзейнасць дзяржаўных органаў» яна зможа рыхтаваць? Прэс-сакратары Ельцына і Пуціна, як бы да іх ні ставіцца, былі дыпламатамі, спецыяльна абучанымі людзьмі; адна з папярэдніц Эйсмант – кандыдаткай юрыдычных навук (Пяткевіч).

Калі абстрагавацца ад канспіралагічнай версіі, паводле якой Наталлю ўзвышаюць, каб потым рэзка скінуць, і ад непазбежных думак «пра гэта», то сэнс указа чытаецца так. Па-першае, экс-супрацоўніца БТ умее маляваць начальству прыгожыя карцінкі так, што апошняе верыць, што і народ у іх верыць (піяр, яшчэ больш піяру і лалітыкі, з Колем ці без…) На фоне працяглага крызісу, калі маршы ў Мінску і абласных цэнтрах супраць «падатку на дармаедства» прадвяшчаюць перамены, так хочацца адгарадзіцца ад праМблем! Па-другое, недалёкасць падначаленай часам бывае перавагай, гл. «феномен Псакі»: «З дапамогай некампетэнтнай Дж. Псакі дзяржаўны дэпартамент ЗША выйграваў час для поўнага аналізу той ці іншай сітуацыі… яны прапаноўвалі свету слухаць Псакі, словы якой усур’ёз не ўспрымаліся».

На жаль, у доўгатэрміновым перыядзе і густы піяр, і праявы недакампетэнтнасці гуляюць «на паніжэнне» краіны. А можа, насамрэч усё не так, як на самай справе, і першай асобе проста маркотна? У такім разе не дапамогуць ні прэс-сакратары, ні аналітыкі: лепей наняць блазна. Мяркую, Яўген Крыжаноўскі, які ведае звыш 1000 показак, не адмовіўся б пайсці на такую пасаду. Ці кандыдат філасофскіх навук Уладзімір Падгол – чым ён тут не блазен са сваёй «анексией» [sic]?

Ад сябе рэкамендую пацыенту патэнцыйнаму кліенту пачытаць зборнікі кандыдата гістарычных навук Льва Раманавіча Казлова: «Большой музей остроумия» (Мінск: АРТИ-ФЕКС, 1999), «З дазволу караля і вялікага князя» (Мінск: Галіяфы, 2016). Смешна й павучальна; хіба ў наступных серыях нешта працытуем.

І па-добраму пра міністра МУС Украіны. Яго можна і трэба ганіць за нераскрытыя забойствы Алеся Бузіны, Паўла Шарамета, за смяротную перастрэлку падначаленых у Княжычах, многае іншае, але ў гісторыі з Аляксандрам Лапшыным ён павёў сябе годна: адмовіў афіцыйнаму Азербайджану ў выдачы. Ды потым Лапшын апынуўся ў Абсурдыстане, дзе адзін міністр («унутраных спраў») не ўмее адрозніваць мух ад катлет, аліеўскія «хацелкі» ад запыту Інтэрпола… А іншы міністр («культуры») лічыць, што сваёй пастановай здольны вызначыць, якая суполка творчая, якая не. Чаво, СБП, заснаваны ў 1934 г., куды ўваходзяць усе самыя вядомыя пісьменнікі краіны? Не, куды яму да саюзa журналістаў!

* * *

Сёння атрымаў пісульку з мінінфармацыі, дзе А. Карлюкевіч (паказаны ў мінулай серыі) фактычна пацвердзіў наяўнасць цэнзуры на Мінскай кніжнай выставе: «Мелі месца спробы асобных экспанентаў выставіць у першы дзень на паліцы кнігі няпэўнага зместу, якія былі адразу спынены арганізатарамі выставы». Тое, што «пад раздачу» трапілі творы А. Бузіны, намеснік міністра не прызнаў, але і не абверг. Свежае слова ў юрыспрудэнцыі: «кнігі няпэўнага зместу»…

Вольф Рубінчык, г. Мінск

21.02.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 21.02.2017  23:59

Паэт Жыбуль і «Галіяфы» (08.12.16)

Віктара і яго прыяцеляў прыйшлі паслухаць дзясяткі людзей, месцаў за столікамі ўсім не хапіла.

Яшчэ слухачы на Нямізе, 3 (дзяўчына з фіялетавымі валасамі, ты зрабіла мой дзень)

Прыкладна так звонку выглядае тое, што герой імпрэзы сабраў і выдаў гэтай восенню, а рыхтаваў, кажа, гадоў восем.

Памятны запіс на зборніку, які па сённяшнім курсе каштуе… каштуе… гэта ж шумашэдшыя дзеньгі!

Кнігу як твор мастацтва прадстаўляе «галоўны Галіяф» Зміцер Вішнёў. Паводле выдаўца, яму не сорамна за новае выданне.

Л. Р. Казлоў і Г. А. Кур’яновіч самі нямала чаго надрукавалі. У выдавецтве «Арты-фекс».

Віктар Жыбуль рэальна балдзее ад «Дзятла і дупла».

Вершы пра кантралёрства ў выкананні аўтара прымаліся «на ўра», як і мн. іншыя; шкада, аўдыёзапісу не маю.

Вера Бурлак, аka Джэці. Паэт(ка), жонка і маці паэтаў.

Творчы тандэм, від зверху.

Дзікія танцы.

Яшчэ адзін Віктар – Лупасін, ён жа Ываноў – дражніў публіку «Зялёнахвостай песняй» («Вазьмулапату вазьмулапату вазьмулапату» на розныя лады).

Андрэй Хадановіч агучыў пераклады вершаў В. Жыбуля на ўкраінскую і польскую…

…і праспяваў «I can’t forget» Леанарда Коэна – «канадскага яўрэя з беларускімі каранямі» – у сваім перастварэнні. (Гэты ды іншыя пераклады А. Хадановіча – тут).

Выступае панк-рок-музыка Фёдар Жывалеўскі.

Чарга па кнігі пасля імпрэзы.

Падрыхтаваў В. Р.

Артыкулы Віктара Жыбуля на belisrael.info:

«Бядуліха» (+пераклад на рускую)

«Пуцявіны і палотны Цфаніі Кіпніса»

«Княгіня Лэйзароўна – месяц у ваконцы…»

Апублiкавана 9.12.2016   7:58

***

Больш фотак з імпрэзы тут  і тут

Дапоўнена 14.12.2016  13:11