Tag Archives: гродненское гетто

Гродна – горад сінагог

Школьны двор: як выглядаў старадаўні квартал, які знішчылі пасля вайны

Школьны двор: як выглядаў старадаўні квартал, які знішчылі пасля вайны

Панарама Гродна. На першым плане шырока раскінуўся Школьны двор. Фота 1941 г.

 

Ад аднаго з самых шчыльных раёнаў старога Гродна сёння засталіся толькі чатыры будынкі. Астатнія былі зруйнаваныя ў мірны пасляваенны час. Паглядзіце, як выглядала некалі гэтая частка горада.

Гродна – горад сінагог

Усе мы ведаем Гродна як горад барочных касцёлаў. Аднак мала хто сёння ведае, што да Другой сусветнай вайны Гродна было горадам… сінагог. У 1895 г. у горадзе налічвалася ажно 35 яўрэйскіх бажніц! Амаль што ўсе яны, акрамя вялікай харальнай і занёманскай сінагог, уяўлялі сабой малітоўні або малітоўныя школы. Часцей за ўсё пад гэтай назвай разумеліся асобныя будынкі або памяшканні, дзе яўрэі адпраўлялі агульныя малітвы. У горадзе былі асобныя малітоўні для асобных прафесій: кучараў, мяснікоў, вадавозаў, краўцоў, шкляроў, пільшчыкаў, падмайстраў і нават адстаўных салдат.

Яўрэі ў Гродне на працягу апошніх пяці стагоддзяў былі адной з самых шматлікіх этнічных груп. У 1897 г., згодна з матэрыяламі першага ўсеагульнага перапісу Расійскай імперыі, іх было 22 384 чалавекі – 47,7% ад агульнай колькасці жыхароў горада.

Школьны двор: як выглядаў старадаўні квартал, які знішчылі пасля вайны
Школьны двор фарміраваўся паміж вуліцамі Крывой і Школьнай жыдоўскай. Фрагмент плана 1832 г

Квартал, дзе цягам стагоддзяў існавала найбольшая канцэнтрацыя яўрэйскага насельніцтва, называўся “Школьны двор”. Тут знаходзілася адразу некалькі малітоўных дамоў, або “школ”.

Школьны двор: як выглядаў старадаўні квартал, які знішчылі пасля вайны
Плошча Школьны двор на плане 1860 г.

Раён частых пажараў

Яўрэйскі квартал пачаў фарміравацца ў 16 ст. каля Вялікай сінагогі. Да першай паловы 19 ст. гэта быў раён хаатычнай драўлянай забудовы паміж вуліцамі Крывой і Школьнай жыдоўскай. З-за высокай шчыльнасці там часта здараліся пажары.

Найбольш моцны пажар адбыўся ў 1837 г.: згарэла некалькі дзясяткаў дамоў. На знішчаным пажарам месцы ў 1838 г. губернскія ўлады вырашылі зрабіць гандлёвую плошчу, якая цягам некалькіх дзесяцігоддзяў так і называлася – “Школьны двор”. Затым, прыкладна з 1880-х, яе называлі “Рыбная плошча”, а ў міжваенны час – “Мясны рынак”. Тут было шмат драўляных крамак, дзе звычайна гандлявалі прадуктамі жывёльнага паходжання і хлебам.

Школьны двор: як выглядаў старадаўні квартал, які знішчылі пасля вайны
Школьны двор на плане 1753 г. У цэнтры бачны мураваны будынак сінагогі, а ля яе – будучай школы Кляўз

Будаўнічы бум

Пасля з’яўлення плошчы горад працягваў цярпець ад пажараў, якія тут часта ўзнікалі. Прыкладам могуць быць вялікія пажары 1885 і 1899 гг. Пасля апошняга згарэла Вялікая харальная сінагога і амаль што ўсе малітоўні квартала. Як вынік, у пачатку 20 ст. гэты раён зведаў сапраўдны будаўнічы бум: замест драўляных будынкаў тут за некалькі гадоў з’явіліся дзясяткі камяніц.

Школьны двор: як выглядаў старадаўні квартал, які знішчылі пасля вайны
Фотаздымак наступстваў пажара 1899 г. Па цэнтру мы бачым будынак сінагогі. Перад ім – школа Кляўз, з правага боку – школа Хасідаў, з левага – яўрэйская багадзельня.

Найбольш старажытным культавым будынкам яўрэяў у гэтым раёне з’яўляецца Вялікая харальная сінагога. Сучасны будынак паўстаў прыкладна ў пачатку 17 ст. і да канца 19 ст. заставаўся амаль нязменным. Пачатковы выгляд нам вядомы дзякуючы малюнкам Напалеона Орды.

Школьны двор: як выглядаў старадаўні квартал, які знішчылі пасля вайны
Малюнак Напалеона Орды даліны Гараднічанкі. На пярэднім плане мы бачым грамадскую лазню. Уверсе злева бачна Вялікая харальная сінагога.

Пасля пажару 1899 г. сінагога была перабудавана, хутчэй за ўсё, паводле праекту землямера і таксатара М. Любіча. Яе выгляд з тых часоў заставаўся практычна нязменным.

Школы каля сінагогі

Сапраўдным сюрпрызам стала інфармацыя пра час узвядзення будынка па адрасе Вялікая Траецкая, 57. Згодна з дакументамі канца 19 ст., сучасны будынак з’явіўся ў 1781 г. Цалкам праўдападобна, што ён яшчэ старэйшы, бо на плане горада 1753 г. на гэтым месцы пазначана мураваная пабудова такой жа канфігурацыі. У 19 ст. у гэтым будынку, вядомым пад назвай «Бенсомедрэм-Агадэль», або «Кляўз» памяшчаліся тры малітоўныя школы: Хеўрэ-Цегілем, Кляўз і Хеўрэ-Мігіхает. Пасля пажару 1899 г. школа была перабудавана.

Школьны двор: як выглядаў старадаўні квартал, які знішчылі пасля вайны
Малітоўная школа Кляўз. Абмерны рысунак 1892 г.

Школьны двор: як выглядаў старадаўні квартал, які знішчылі пасля вайныСінагога. Злева ад яе – будынак школы Хеўрэ-Алшых, справа- Кляўз, за ёй – школа Хасідаў.

На некаторых фотаздымках к. 19 – пач. 20 ст. паміж Вялікай харальнай сінагогай і Гараднічанкай бачны будынак школы «Хеўра-Алшых». Яна паўстала ў 1901 г. на месцы згарэлай драўлянай. Яе спраектаваў землямер М. Любіч. Гэта быў аднапавярховы цагляны будынак, дэкор якога вельмі блізка паўтараў упрыгожванні з харальнай сінагогі. На завяршэнні фасада была вежачка, над якой віднелася шасціканцовая зорка Давіда. Нядаўна рабочыя падчас пракладкі камунікацый натыкнуліся на падмуркі гэтай пабудовы.

Школьны двор: як выглядаў старадаўні квартал, які знішчылі пасля вайныШкола Хеўрэ-Алшых. Праектны план 1900 г.

Насупраць паўночнага фасада харальнай сінагогі стаяў будынак школы хасідаў. Некалькі дзясяткаў метраў на поўнач на вуліцы Крывой над абрывам знаходзілася школа Хаядэм, адразу за ёй – школа мяснікоў. Мяснікі – распаўсюджаная прафесія ў горадзе. Тое, што іх малітоўная школа знаходзілася адразу ля рынка, дзе прадавалася мяса, падаецца вельмі заканамерным. На другім канцы вуліцы Крывой знаходзілася школа падмайстраў краўцоў, а амаль насупраць яе на вуліцы Школьнай жыдоўскай – школа адстаўных салдат.

Перажыў вайну, не перажыў міру

Квартал Школьнага двара працягваў забудоўвацца ў міжваенны час. У часы нямецка-фашысцкай акупацыі квартал апынуўся на тэрыторыі гета №1, дзе на невялікай тэрыторыі з лістапада 1941 г. па сакавік 1943 г. утрымлівалі каля 15 000 чалавек. Большасць вязняў гета загінула ў лагерах смерці.

Пасля вайны амаль што ўсе будынкі двара засталіся без гаспадароў. У 1950-х большасць дамоў і малітоўняў на тэрыторыі Школьнага двара захаваліся, але па невядомай прычыне цягам дзесяцігоддзя былі зруйнаваныя. Да нашага часу захаваліся толькі чатыры будынкі ад некалі густанаселенай часткі горада з багатай гісторыяй. Сёння паўстала пытанне аб рэнавацыі гэтага месца. Будзем спадзявацца, на мапе горада некалі адродзіцца яўрэйскі квартал, чые жыхары зрабілі велізарны ўнёсак у культурны і архітэктурны здабытак Гродна.

1915, від на Школьны дворGrodno. Polska do 1939. Dzis Bialorus.Widok z saolotu na miasto. 1915
Repr. T. Wisniewski / FORUM

Арыгінал

Тэма развіваецца тут

Апублiкавана 14.03.2019  20:49

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (100)

Шалом! Ну во, дажыліся – кшталт «вялікага юбілею»… Хацеў бы назваць тых, каторыя не адмаўляліся супрацоўнічаць з серыялам «Катлеты & мухі» (est. 2015). Гэтыя людзі давалі каментарыі, слалі водгукі і/або матэрыял для будучых серый, цытавалі асобныя выпускі, бывала, зацята спрачаліся з аўтарам: Маргарыта Акуліч, Уладзімір Бараніч, Сяргей Будкін, Інэса Ганкіна, Юрась Гарбінскі, Уладзімір Гінзбург, Якаў Гутман, Зміцер Дзядзенка, Андрэй Дубінін, Алена Ждановіч, Фёдар Жывалеўскі, Алег Зелянцоў, Ігаэль Іегудзі аka Косця Лук, Леў Казлоў & Галіна Кур’яновіч, Сяргей Каспараў, Павел Касцюкевіч, Уладзіслаў Каташук, Васіль Кісляк, Зміцер Левіт, Дзмітрый Лыбін, Антон Лявіцкі, Людміла Мірзаянава, Гена (Гдалія) Пекер, Ігар Пушкін, Аляксандр Розенблюм, Дзмітрый Рослаўцаў, Святлана Рубінчык, Уладзь Рымша, Пётр Рэзванаў, Алесь Рэзнікаў, Павел Севярынец, Анатоль Сідарэвіч, Іна Соркіна, Сяргей Спарыш, Анатоль Старкоў, Віктар Сяргейчык, Юрый Тэпер, Аліна Федарэнка, Васіль Фрэйдкін, Алекс Фурс, Фелікс Хаймовіч, Віталь Цыганкоў, Раман Цыперштэйн, Андрэй Шуман, Ганна Янкута… Усім і кожнаму – мех падзяк! І два мяхі – рэдактару belisrael.info Арону Шусціну, які звыш сарака месяцаў церпіць гэта во ўсё :-/

Былі поспехі, мільгалі няпоспехі – да прыкладу, няспраўджаныя прагнозы. Суцяшаю сябе трывіяльна: маўляў, з кожным здараецца (а як яшчэ?). «Жырыноўскі па ўсіх параметрах не дацягвае да палітычнага лідара. І таму ў яго няма будучыні», – казаў пасол Расіі ў Ізраілі Аляксандр Бовін у інтэрв’ю «Новостям недели» (красавік 1994). І ў сваім дзённіку 1993 г. «чалавекавед» Бовін (1930–2004) занатаваў пасля першых выбараў у Дзярждуму: «Упэўнены, што за межы ХХ стагоддзя ён не выйдзе. Як палітычны лідар, зразумела». «Несапраўднага пасла» няма, а палітык на літару «Жэ» ёсць – летась атрымаў на расійскіх прэзідэнцкіх выбарах мільёны галасоў, трапіўшы ў тройку, як тое ўжо здаралася ў 1991 і 2008 гадах… ЛДПР выглядае – не скажу, што стала – амаль рэспектабельнай партыяй, і сёлета Аляксей Навальны ўжо гатовы падтрымаць яе кандыдата ў Піцеры (кажа, абы не ад «Адзінай Расіі»).

Ва ўсіх сэнсах бліжэйшы да нас прыклад – з Вадзімам Іосубам, папулярным у СМІ аналітыкам нейкага фінансавага агенцтва. Будзе казаць 28.01.2019: «На тыдні, які пачаўся…, еўра можа патаннець, знізіцца да 2.42» А паглядзіце, як на тыдні мяняўся курс:

Інфа з https://myfin.by/currency/eur (28.01.2019 – 03.02.2019). Cіняя лінія – курсы куплі, чырвоная – продажу. Еўра з 2.45 падаражэў да 2.47 руб., г. зн. амаль на 1%.

«Геапалітычных» прагнозаў апошнім часам таксама ў нас робіцца – хоць экспартуй іх аўтараў, хоць мяняй на коз, як летась зрабілі ў Турцыі з футбалістамі… Адзін фацэт варожыць, што Расія наўрад ці праглыне Беларусь, другі – што пагроза рэальна існуе, і жаліцца, што ў яго магчымасці расплюшчыць людзям вочы на пагрозу ў 100 разоў меншыя, чым у першага. То звярнуўся б на belisrael.info, чо 🙂 А папраўдзе, усе гэтыя накіды – ва ўмовах высокай ступені нявызначанасці ды недахопу інсайдэрскай інфы – нагадваюць эпізод з бессмяротнага гогалеўскага твору («даедзе кола да Масквы альбо не»).

Карацей, няма чаго быць мудрацом у вачах сваіх. Я-то не толькі да псеўдаэкспертаў, я і да сябе з іроніяй стаўлюся; яны – не ведаю.

Наказы в. а. цара наконт чарговага «ператрахвання» школьных праграм – гэта чысты Фанвізін, «Недарасль». Да таго ж касец, жнец і на дудзе ігрэц папракае настаўнікаў высокімі заробкамі – «ужо за 900 рублёў у сярэднім». Добра, што я не ў сістэме ды не мушу падпарадкоўвацца дурным загадам; уціск, відаць, такі, што і зорка «Радыё Свабоды» Ганна С. вырашыла для сябе «ненавідзячы, падпарадкоўвацца».

З другога боку, амбіцыі грамадскіх дзеячаў – тых, якія заяўляюць пра прэтэнзіі на галоўны фатэль краіны – таксама вылазяць аднекуль з паралельнай рэальнасці. У пачатку 2019 г. «адзначыліся» Мікола Статкевіч, ягоны цёзка Казлоў (нават не старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а в. а.), Алена Анісім, якая замахнулася ажно на 40% галасоў выбарцаў… Пра ўсіх названых ужо разважаў: у прыватнасці, тут, тут і тут. Пільныя чытачы лёгка здагадаюцца, як я трактую шансы гэтых «кандыдатаў у кандыдаты» на наступных «выбарах». Ну, прынцып «не дагонім, дык хоць сагрэемся» ніхто не скасоўваў 🙂

Разумею тых, хто кажа, што выбараў няма. Дапраўды, апошні раз вылучэнне кандыдатаў мела нейкі сэнс у 2001 г., калі «вертыкаль» і Ліда Я. вырашалі меней (мелася больш-менш незалежная федэрацыя прафсаюзаў, не было амаль усёахопнай кантрактнай сістэмы, сеціва ідэолагаў; многія захоўвалі спадзевы на расійскіх дэмакратаў і Захад, на «еўрапейскія каштоўнасці» ўвогуле). І ўсё-такі… сітуацыя непрадказальная. Хто ў лютым 1989 г. прадбачыў, што ў сакавіку 1990 г. з Канстытуцыі СССР выкінуць артыкул пра «кіруючую ролю» КПСС, а ў ліпені кансерватыўны ў цэлым Вярхоўны Савет БССР заявіць пра суверэнітэт Беларусі? Цяжка мне пагадзіцца з Сяргеем Спарышам, які заранёў ацэньвае прэзідэнцкую кампанію у РБ-2020: «[Ігар] Барысаў або [Ганна] Канапацкая дакладна не будуць буяніць».

Дарэчы, канструктыўная ідэя (нават дзве), як папярэдне адбіраць кандыдатаў – і кандыдатак – на вышэйшую пасаду. Трэба, каб яны прачыталі Біблію, прынамсі Пяцікніжжа, і здалі іспыт на разуменне прачытанага. Вернікамі быць ніхто не прымушае, аднак Біблія – збор тэкстаў, на якія абапіраецца палова чалавецтва, дык трэба, каб тутэйшыя хоць бы збольшага сяклі паляну арыентаваліся, каб на самітах было пра што размаўляць…

Ну, асабіста я пускаў бы ў белпрэзідэнты толькі тых, каторыя чыталі мае кнігі і сёе-тое ў іх зразумелі 🙂 Дальбог, «Выйшла кніга» (2017) & «Выбраныя катлеты і мухі» (2018) таксама здольныя служыць «шыбалетам», гэткім пропускам у вялікую палітыку. Ведаю, што крыху перабольшваю, але з нагоды юбілейчыку – дапушчальна. Дый пісьменнік Максім Клімковіч зацікавіўся «Выбранымі катлетамі…», а чым ён горшы за палітыкаў? 😉

М. Клімковіч у час аўтограф-сесіі Андрэя Федарэнкі; сам А. Федарэнка. Фота В. Р. і racyja.com, Мінск, 31.01.2019

Усё яшчэ ёсць ахвотныя ўспомніць пра далукашэнкаўскую Рэспубліку Беларусь (гл. ранейшыя згадкі ад Ю. Тэпера, П. Рэзванава, А. Рэзнікава…). Зараз эстафетка перадаецца мінскаму мастаку.

Андрэй Дубінін (1963 г. нар.):

Асаблівых сігналаў са знешняга свету ў маім дзённіку не зафіксавана ў тыя гады. Я выкладаў у ліцэі, быў паглыблены ў працу… Да таго ж у 1992 годзе нарадзіўся першы сын, і часу было вобмаль. Але, мабыць, галоўная прычына апалітычнасці – мы (купа рэстаўратараў) свой пік прайшлі ў 1990 годзе, калі шчыльна ўлучыліся ў выбарчую кампанію ў Вярхоўны Савет па Фрунзенскім раёне Мінска, я стаў даверанай асобай работніцы Белрэстаўрацыі Элеаноры Вецер, мы ў майстэрні ўручную рабілі ўлёткі з анёлам і тэкстам «Будзе песьня – будзе і хлеб» (тады камуністыя ўсё казалі «будзе хлеб – будзе і песня»; маўляў, спачатку дайце кіўбасы людзём, а тады і мова падцягнецца). Штовечар абыходзілі кватэры па ўсім раёне, я асабіста амаль усе дамы абышоў і тлумачыў-усміхаўся-жартаваў-абаяў-агітаваў… Дамоў вярталіся апоўначы. Нашым праціўнікам быў Генадзь Карпенка, памятаю сходы па школах, асабліва запаў выступ Уладзіміра Папругі – таленавіты прамоўца быў. Мы крыху саступілі Карпенку, але з нашым рэсурсам – проста рамантычны палёт і ніякіх грошай, плюс мастацкае ўкладанне – гэта была перамога. Мы тады так улезлі з вушамі ў гэтую справу, што пасля ўжо, відаць, была адваротная рэакцыя – замкнуцца ў сваёй Вежы-Басталіі.

Толькі ўскосна на семінарах наш настаўнік Алег Хадыка часам чапляў актуаліі. Напрыклад, 5 лютага 1992 г. ён казаў: «Мы знявечаны тым, што не было сецэсіі, буржуазнага перыяду. Чурлёніс (у літоўцаў) а ў нас толькі Чуркін. І трэба ўзнавіць Міцкевіча, сентыменталізм, сентыментальны беларускі план. Данчык можа зрабіць больш за ўсіх. Самыя страшныя для беларускага народа беларускія прадаўшчыцы (гэта быў цэлы клас людзі пры размеркаванні ядомага). Пазняк хацеў беларусізаваць прадаўшчыц, а яны толькі вырваліся (з вёскі ў рускамоўную цывілізацыю)… Прадаўшчыц зараз можа адзін Данчык уработаць…»

* * *

Даволі годна прайшлі «міжнародныя дні Халакосту» ў Беларусі: традыцыйны канцэрт «Жоўтыя зоркі» ў дзяржфілармоніі, сюжэт на тэлебачанні з інтэрв’ю былых вязняў Мінскага гета Якава Краўчынскага і Фрыды Лосік (Рэйзман)… А найбольш крэатыўна, здаецца, павялі сябе актывісты ў Гродне – зладзілі «анімацыйную экскурсію» па тэрыторыі гета № 1.

Хто чытаў і канспектаваў «Катлеты з мухамі», той ведае: да тутэйшых сацыялагічных выбрыкаў я доўга ставіўся або скептычна, або… монапенісна. Але ж надоечы прачытаў інтэрв’ю дырэктара акадэмічнага інстытута сацыялогіі – прызначанага з паўгода таму – і нутром адчуў, што не ўсё яшчэ страчана. Кандыдат навук, якому ў сакавіку 2019 г. споўніцца 40 год, «шарыць» не толькі ў анкетах; яго не без падстаў раскручваюць як галоўнага драконазнаўцу Сінявокай. Агулам, чалавек, дарма што намагаецца «падфарбаваць» дзяржаўную ідэалогію (паклаўшы ў яе падмурак міфалогію беларусаў) транслюе разумныя думкі, напрыклад:

Беларусы глыбока ўсведамляюць сябе як асобную нацыю са старажытнай гісторыяй і самастойнай дзяржавай. Успрыманне сябе як малодшых братоў расійцаў або палякаў – чужы, навязаны звонку стэрэатып…

Ад навукоўцаў патрабуюць хуткага выніку. Усё гэта вельмі негатыўна адбіваецца на навуцы як на сферы прадукавання новых ведаў, таму што досвед паказвае: са 100 заяўленых даследаванняў толькі 10 даюць вынік. З гэтых 10 актуальную выгаду прыносіць толькі адно. Але, калі не фінансаваць усе 100, то і аднаго прарыву (у БССР 192030-х «прарывам», у адрозненне ад «пералому», называўся правал, у цяперашняй РБ – поспех; значэнне слоў з цягам часу мяняецца – В. Р.), здольнага акупіць усе выдаткі, не будзе.

Да таго ж новы дырэктар не без гумару: у сваім блогу посціў нямала «вясёлых карцінак», праўда, перад тым, як заняў адказную пасаду. Пра радыё і папоў – не новая, сустракаў яе гадоў трох таму ў Аляксея Вішні (між іншага заўважу: з такімі «сябрамі», як Вішня, Віктару Цою і ворагаў не трэ’ было мець). Тым не менш:

«Недзе на раёнчыку»; «Суб’ект-аб’ектная інверсія» (узята адсюль)

«Вольфаў цытатнік»

«Культура – гэта сістэма табу, а мастацтва – гэта сістэма пераадолення табу» (Міхаіл Швыдкой, 24.02.2018).

«Брак даверу да медыяў, спалучаны з пачуццём бездапаможнасці ў вырашэнні ўсё вастрэйшых эканамічных, сацыяльных і палітычных праблем, паспрыяў распаўсюду тэорый змовы па ўсім свеце» (Мана Неестані, iranwire.com, 27.11.2018)

«Дарога – гэта сіла, у якой няма канца» (БГ, песня пра «смарагдавыя дні», 2019)

«Агульны прынцып: у публічнай прасторы найбольш выгадныя актывы заўсёды маскіруюцца пад стратныя… Смецце — гэта рэсурс XXI стагоддзя» (Кацярына Шульман, 15.01.2019)

«Каб цешыцца з перамен, трэба, каб было нязменнае: велічэзная тоўшча жыцця, якая паўтараецца, рэпрадукуе сябе» (Уладас Павілайціс, 22.01.2019)

«Барацьба за падвышэнне зарплат — гэта барацьба з карупцыяй. Проста знізу» (Аляксей Навальны, 24.01.2019).

«Быць беларусам у Еўразвязе – гэта ўсё роўна што быць габрэйскім хлопчыкам у савецкай школе. Намагаешся быць лепшым, каб даказаць, што ты як усе» (Paval Kasciukevič, 24.01.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

03.02.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 03.02.2019  18:47

***

Поддержать сайт