Tag Archives: Иосиф Кобзон

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (92)

Усім прывітанне! Завуць не Юзік (і нават не Южык). Зрэшты, з мізантропствуюшчым літаратарам Міхасём Южыкам сёе-тое супольнае маю: ён не адзін год шпурляў у сеціва свае «ЛіМаразмы», я – «Катлеты & мухі»… Вынік даволі прадказальны.

Маральна цяжкі быў год, які да таго ж яшчэ і не скончыўся. Беларуская, расійская, ды што там – сусветная культура збяднела ад смерцяў Шарля Азнавура, Міхала Анемпадыстава, Уладзіслава Ахроменкі, Уладзіміра Вайновіча, Генадзя Гарбука, Іосіфа Кабзона, Мікалая Карачанцава, Рамана Карцава, Мікалая Кірычэнкі, Аляксандра Кулінковіча, Ігара Лучанка, Мар’яны Паплаўскай (Марыны Францаўны з украінскага «Дызель-шоў»), Арсеня Ліса, Эдуарда Успенскага, Давіда Чаркаскага… А хоць бы і спевака-папсавіка Яўгена Осіна. Адзін мой далёкі родзіч у канцы 1990-х гадоў быў ды-джэем на ізраільскіх дыскатэках і музычным прадзюсерам, дык ягоны гурт выконваў і «Плачет девушка в автомате…» – жаласлівую песню, раскручаную менавіта Осіным.

Пра Стэна Лі (1922–2018) мала што чуў да апошняга часу, але, відаць, чалавек быў годны. Нарадзіўся і вырас у Нью-Ёрку, у сям’і яўрэйскіх імігрантаў, «падняўся» на маляванні коміксаў… Давайце паслухаем, як ягоны Чалавек-павук натхніў нашую Беньку.

А насамрэч, на каго спадзявацца? На дзяржавы? У сучасным свеце яны часцяком не даюць рады са сваімі абавязкамі, што ўжо не вельмі прыхоўваецца… Дзіва што, напрыклад, усё менш беларусаў аддаюць перавагу працы на дзяржаўных прадпрыемствах. Калі верыць гэтаму апытанню, у 2008 г. «стабільнасць» такога працаўладкавання выбіралі 64,7% рэспандэнтаў, у 2012 г. – 47,6%, у 2018 г. – 21,3%.

Праўда, «праца на пана» мае ў «чырвонай» Беларусі свае падводныя камяні. Былы жыхар Ізраіля А-ч, мінскі бізнэсовец, 2 мес. таму змясціў у сябе аб’яўку (нат няма ахвоты перакладаць):

«В компанию, занимающуюся оптовой торговлей молочной продукцией на полный рабочий день требуется секретарь с навыками работы с бухгалтерской документацией… Работа с 9-30 до 18-00. Обед скользящий. Зарплата 500р… Женщинам с маленькими (до 6 лет) детьми и беременным, к сожалению, вынуждены будем отказать сразу. Нам нужен работник на каждый день, а дети имеют привычку часто болеть».

Калі яму зрабілі заўвагу з-за акіяна, дадаў: «считаю, что работодатель ВСЕГДА прав… у нас ещё, слава Б-гу не Америка. Я эту политкорректность искренне ненавижу. И дай Б-г, Трамп у вас с ней хоть немного покончит».

Ну, хоць бы не прыплятаў Б-га… Праз такіх «трампістаў» (дакладней, трэмпістаў, бо чэл проста ловіць трэмп на «новым курсе» ЗША) мне і не хочацца больш супрацоўнічаць з Іудзейскім рэлігійным аб’яднаннем. Дый з іншымі яўрэйскімі суполкамі РБ – прынамсі тымі, кіраўнікі якіх у акаўнце А-ча ціхамірна падтрымалі дыскрымінацыю цяжарных жанчын.

Яшчэ пару слоў пра дзяржавы ды «бяспеку», за якую яны цягнуць падаткі. ЗША не расчаравалі, таму што даўно не былі для мяне ўзорам… Усё ж скалануўся, калі прыйшла вестка пра тэракт у штаце Пенсільванія 27.10.2018. А неўзабаве наляцеў гіганцкі пажар у Каліфорніі, які ўнёс жыцці дзясяткаў, калі не соцень людзей.

Пасля Пітсбурга знайшліся тыя, хто кінуўся бараніць Трампа: маўляў, раз ён адкрыў пасольства ЗША ў Іерусаліме, то не мусіць несці адказнасць за антысемітызм ва ўласнай краіне… Некаторыя нават «спадчынай Абамы» тлумачылі амерыканскія злыбеды. Аднак прэзідэнт, які на пасадзе амаль два гады, не можа і не павінен валіць адказнасць за падзеі ў краіне на папярэднікаў. Па-мойму, шматлікія трампавы прамовы на грані hate speech (або за гранню – яго суайчыннікам відаць лепей) не маглі не пагоршыць атмасферу ў грамадстве; тут пішуць пра рост юдафобскіх актаў у ЗША на 57% за 2017 г. «Яўрэйскі зяць» і перанос пасольства – так сабе прыкрыццё.

Адваротны бок «спіхатэхнікі» – жаданне кантраляваць усё (так, яно сустракаецца не толькі ў Беларусі…) Канцэнтрацыя міністэрскіх партфеляў у руках блізкаўсходняга Бібі – чарговы сумнаваты доказ. Як быццам ад таго, што прэм’ер-міністр зрабіўся непасрэдным кіраўніком міністэрства абароны, ракеты з Газы перастануць далятаць да суседніх ізраільскіх паселішчаў?

На рубяжы 2008–2009 гг. напісаў быў для «Мы яшчэ тут!» нататку «Час працуе на “ХАМАС”». Спраўдзіўся як мінімум загаловак 🙁

Агульны трэнд на дэгуманізацыю набывае часам вычварныя формы: узяць шахматнае асяроддзе… Пісаў ужо, і не раз, пра «казус Каташука». Здавалася б, пасля выбараў новага кіраўніцтва ФІДЭ і заваёвы Беларуссю права на сусветную шахматную алімпіяду апальнаму трэнеру маглі б абвясціць «амністыю». Але ж не. Нядаўні «прэзідэнцкі савет ФІДЭ» ў Лондане (з удзелам старшынькі беларускай федэрацыі – гл. фота тут) пацвердзіў выключэнне брэсцкага шахматыста з рэйтынг-спіса ў Беларусі. Цяпер, праўда, майстар можа здаваць грошы за аблік ELO непасрэдна ў ФІДЭ, але гэта не выгадна (60 еўра за год супраць ранейшых 10).

Характэрна, што меркаваннем Уладзіслава Каташука ніхто не цікавіўся – рашэнне прынялі завочна. І гнілая вішанька на прагорклым торце: у рашэнні Q4PB-2018/12 напісалі пра «the exclusion of K. Uladzislau from the rating list under Belarus», хаця на радок вышэй у спісе рашэнняў фігуруе «the transfer of А. Shirov». Ёў, С. Анастасія забылася, як адрозніць імя ад прозвішча? 🙂 Ці мела месца дадатковая спроба прынізіць чалавека? А вы кажаце, «ліхія 90-я»…

Пацярпелы разважае ў слушным кірунку: «Пытанне, якое мяне даўно займае, цяпер яшчэ больш актуальнае: навошта плаціць грошы за магчымасць пагуляць у шахматы пасярэдніку, у гэтым выпадку – ФІДЭ, калі прасцей згуляць турнір без абліку [рэйтынга]?… Турніраў без абліку, на якія я ездзіў, хапае. І ўзровень барацьбы для аматараў там прыстойны» (17.11.2018). Калі б усе любіцелі шахмат і шашак у Беларусі гэтак мыслілі – адпаведныя федэрацыі разарыліся б… Мо’ і да лепшага – з’явілася б нешта альтэрнатыўнае, без таталітарных замашак.

Тым часам у Лондане доўжыцца матч за першынство свету Карлсен vs Каруана. На момант напісання гэтых радкоў адбылося восем нічыіх, і часам супергросы гулялі так невыразна, што зліваліся ў нейкага Карлсуану, аka «Смерць мухам»… Як і два гады таму, калі прэтэндэнтам быў Каракін, у публіцы чуліся заклікі пераходзіць на фішэрэндам («шахматы-960»), адно што гучнейшыя.

Трэба паглядзець, чым скончыцца матч. Не выключаны варыянт «12 нічыіх» (як у шашыстаў у 1972 г., праўда, там Куперман з Андрэйкам разыходзіліся мірна 20 разоў з 20!) У такім разе вангую, што правілы «класічных» шахмат будуць радыкальна зменены ў бліжэйшую пяцігодку… Калі ж Нічыйсен і Нічыяна возьмуцца за розум, то правілы ўсё адно прыйдзецца мяняць, але трохі пазней.

Дарэчы, нагадаю падзабытую ўжо гісторыю. У верасні адзін з галоўных сілавікоў Расіі праз відэазварот выклікаў на дуэль (!) к таму часу надоўга арыштаванага (!!) пуцінскага апанента. Калі ў кастрычніку Аляксей Навальны, у рэшце рэшт, выйшаў на «свабодку», то запісаў свой ролік, дзе прапанаваў браваму генералу дуэль на тэледэбатах. Той адмовіўся: маўляў, выклік быў на спартыўны двубой… Цяпер думаю – шкада, што Навальны не прапанаваў Золатаву матч па шахматах на нейтральнай тэрыторыі (каб пазбегнуць чытарства). На такое спаборніцтва можна было б і квіткі прадаваць, і выглядала б яно, пэўна, цікавейшым, чым у двух «К». А калі б яго правесці па шахбоксе – 100% 🙂

У гэтым месяцы – што не дзіўнa – адбыўся ў Мінску юбілейны, 25-ы кінафестываль «Лістапад». Я-то не хадзіў, а вось уедлівы наш чытач Пётр Рэзванаў тамака пабываў i піша:

Кінастужку «Я павінна расказаць» (2017) пра Машу Ральнiкайтэ ў межах «Лiстападу» паказвалi ў залi Музею гiсторыi кiно, таму там не магло быць шмат народу, але, горш за тое, там былi вольныя месцы… На «клезмеры» ў кастрычніку людзей было больш!.. Фільм карысны для тых, хто Ральнiкайтэ не чытаў. У канцы гучыць песня ў выкананнi Нехамы Лiфшыц[айтэ], пра якую я даведаўся з адной з Машыных кнiг. Фільм добры (не выдатны) – усе недахопы звязаны з тым, што ён карацейшы нават за адну кнiгу, а iх у Машы было больш… Пра перажытае вязнямі ён расказвае, ды ў 50 хвілін усё ўмясціць і немагчыма. Ці выконвае ён тую задачу, дзеля якой Маша пагадзілася на ўдзел у ім, я адказаць не ў стане, але ўсё ж здаецца, што адказ будзе станоўчы.

Падрыхтоўка да фестывалю, а бадай, і сама імпрэза была азмрочана тым, што міністэрства культуры РБ пастанавіла ўзмацніць кантроль над праграмай «Лістапада». На знак пратэсту двое (ці трое?) рэжысёраў адклікалі свае творы з «Лістападу». Была і адмысловая петыцыя пратэсту.

Адразу па заканчэнні «галоўнага кінематаграфічнага свята» з пасады першай намесніцы міністра культуры зляцела Ірына Дрыга… Насупор таму, што баяў адзін ёлуп не дужа разумны дзядзька, яна не засталася працаваць у міністэрстве. «Супадзенне? Не думаю». Дзяржава прагне «строіць» творчых асоб, але не любіць, калі факты цэнзуры вылазяць вонкі.

Цяпер на Дрыгу валяць усе грахі, а між тым яна – звычайная тутэйшая баба чыноўніца cярэдняга калібру; калі чапляцца, то да тых, хто яе прызначыў і яшчэ не зволены.

Асабіста я ад І. Д. шкоды не зазнаў – наадварот, яна, здаецца, шчыра старалася, каб у Мінску была павешана шыльда ў памяць пра ідышны часопіс «Штэрн». Год таму звярнулася па кансультацыю ў Акадэмію навук…

У чэрвені 2018 г. было прынята рашэнне Мінгарвыканкама аб тым, што дошка на вул. Рэвалюцыйнай патрэбная. Чаму яно дагэтуль не выканана – не зусім да І. Дрыгі пытанне.

Для параўнання: «свой у дошку» начальнік віцебскіх шахматыстаў, да якога 25.10.2018 звярнуўся з праблемай, абмаляванай тут, не адарыў адказам. Зразумела, на «адкрытае першынство Віцебшчыны» я не падпісаўся, затое паўдзельнічаў у традыцыйным восеньскім спаборніцтве ў (на?) мінскім офісе Саюза беларускіх пісьменнікаў. Першае месца, 6,5 з 7, якасцю сваёй гульні не здаволены. Лёгка мог астацца без 1,5-2 ачкоў…

Крыніца: lit-bel.org. Кур’ёзна, што за гэты здымак нехта назваў удзельнікаў турніру «патаемнымі сэксістамі», бо не выставілі ўперад балельшчыцу, паэтку Аксану Спрынчан (!)

* * *

На мінулым тыдні атрымаў-такі ад брытанскай гістарыцы Клер Ле Фоль ейную кнігу 2017 г. пра яўрэяў Беларусі (парыжскае выдавецтва надрукавала яе ў Швейцарыі). Праца глядзіцца больш самавіта, чым …, і нават аўтограф адшукаўся 🙂

Збор сродкаў на iніцыятыву «(Не)расстраляныя» паспяхова завершаны, сабрана 117%. Значыцца, кніга, дзе будуць і вершы Майсея Кульбака, Юлія Таўбіна, Ізі Харыка, выйдзе налета – мо’ i раней за кастрычнік 2019 года?

Яшчэ адна пазітыўная навіна: у Мінску абвешчана аб пачатку працы для ўсталявання помніка беларусам – Праведнікам народаў свету. Колькі суполак ужо далучыліся да аргкамітэта.

«Вольфаў цытатнік»

«Сучасная псіхалогія мае поўны набор прыёмаў для ператварэння людзей у аўтаматы або ў натоўп, які прагне знішчэння ўяўных ворагаў або нават самазнішчэння. Гэта стала звычайнай практыкай, да якой звяртаецца любы гандляр аўтамабілямі або рэкламіст на тэлебачанні» (Людвіг фон Берталанфі, «Робаты, людзі, розум», 1967)

«Інэрцыя мацнейшая за розум» (Эдуард Лімонаў, 1975)

«Чалавецтву вельмі важна заўсёды мець запасныя варыянты развіцця, таму што гісторыя можа павярнуцца зусім па-рознаму. І тое, што мы можам зараз ацэньваць як нейкую неажыццяўляльную ўтопію, можа аказацца запатрабаваным у новых умовах» (Павел Кудзюкін, 04.08.2009).

Вольф Рубінчык, г. Мінск

20.11.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 20.11.2018  16:33

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (87)

Шалом! І папярэджанне: гэта не самая змястоўная серыя, тут будзе больш маіх асабістых мух (а можа, тараканаў…), чым катлет. Не спалохаліся? Тады – наперад.

У нашу бліскучую эпоху многія займаюцца калі не рэканструкцыяй, то рэцыклізацыяй мінулага; усё б ім «асвоіць і ператравіць» (як зухаватым рэстаўратарам ашмянскай сінагогі). Адной з галоўных рэцыклізатарак была – і застаецца – Адзіная Нобелеўская, якая дасціпна назвала сваю кнігу 2013 г. «Час сэканд хэнд».

Я не тое каб супраць самога працэсу; падабаліся, напрыклад, перадачы Леаніда Парфёнава пра падзеі і цікавосткі таго ці іншага года савецкай улады. Але ж калі кніга С. А. пачынаецца з заявы «Мы узнали историю, которую от нас скрывали…», потым агаломшвае скажонымi cловамі Леніна («Повесить (непременно повесить, дабы народ видел) не меньше 1000 завзятых кулаков», 1918 – слушны варыянт гл. тут) і цытатай з Троцкага, які быццам бы адказаў у Маскве праф. Кузняцову («Вот когда я заставлю ваших матерей есть своих детей, тогда вы можете прийти и сказать: “Мы голодаем”», 1919), гэта крышачку не сведчыць пра павагу да мінуўшчыны & гістарыяграфіі. Не абяляю Троцкага; за масавы голад у Расіі 100 гадоў таму, за «харчовую дыктатуру» ён нясе адказнасць, як і ўся верхавіна бальшавікоў. Ды крыніца «яго» звышцынічных слоў больш чым ненадзейная: газета «Донские ведомости» № 268, 1919. Выдавалася ў горадзе Новачаркаску, падкантрольным белай гвардыі; ясна, ва ўмовах грамадзянскай вайны выданне служыла і прапагандным рупарам. Намёкі на канібалізм «таго боку» – нярэдкі прыём у контрпрапагандзе пачатку ХХ ст.

Зручным аб’ектам для маніпуляцыі зрабілася ў 2010-х памяць не толькі пра падзеі стогадовай даўніны, але і пра адносна блізкі гістарычны перыяд. Паказальны ў гэтым плане «фільм-сенсацыя» амерыканскай рэжысёркі беларускага паходжання Дар’і Жук, які сёлета мае намінавацца на «Оскара» ад нашай краіны. Гаворка, зразумела, пра «Хрусталь» (Crystal Swan), анансаваны так: «90-я гады. Беларусь. Час застою, працы няма». Ужо чым-чым, а «застоем» вірлівыя 1990-я гады не патыхалі.

Паглядзеў фільм 5 верасня ў суседнім кінатэатры «Аўрора», заплаціўшы 5 рублёў. Што сказаць на карысць аўтараў – знята жвава, дынамічненька… Вітальнасць кідаецца ў вочы. Першая палова («мінская») выглядае няблага; адчуваецца, што рэжысёрцы вядомае жыццё сталічнай багемы, што ў дэманстрацыю бар’ераў, з якімі сутыкнулася галоўная гераіня, укладзена шмат асабістага. Але прыгоды гераіні ў пасёлку Хрустальным – проста ўзлом мозга, хоць і прыпраўлены эстэцтвам ды жарцікамі-шмарцікамі.

Дэталі тыпу дываноў на сценах, соннага вахцёра ў правінцыйным гатэлі або савецкіх кніг у постсавецкай кватэры («Честь» лаўрэата Сталінскай прэміі Мядынскага сапраўды некалі тырчэла з усіх кутоў) перададзены праўдападобна, у цэлым жа мастацкі свет фільма не пераканаўчы… Назаву толькі асобныя нацяжкі.

Героі расплачваюцца ў Беларусі ці то расійскімі рублямі, ці то савецкімі, але дакладна не «зайчыкамі» – значыць, час дзеяння, хутчэй за ўсё, красавік 1993 года (чаму красавік? – у фінале поўнай версіі фільма, якую ў «Аўроры» не паказалі, гераіня праз акно аўтобуса глядзіць на «Чарнобыльскі шлях»). На дакуменце, які дастае Веля, увогуле мільгае 1992 год. Тады якім бокам рэйв-вечарына ў музеі Заіра Азгура? Скульптар памёр у 1995 г., музей быў створаны пазней… «Асучасніванне» ж у Беларусі падобных устаноў з савецкай сімволікай – увогуле тэндэнцыя ХХІ стагоддзя.

Дыпламаваная юрыстка з падвешаным языком і веданнем англійскай у першай палове 1990-х мела ў Мінску ўсе шансы знайсці добрую працу – «перавытворчасці» асоб з вышэйшай адукацыяй яшчэ не было, новыя фірмы раслі як грыбы, дый старым патрабаваліся спецыялісты… Але, дапусцім, яна «адкасіла» ад размеркавання і настолькі захапілася заходняй музыкай, што забыла, дзе ляжыць яе дыплом; так ці іначай, у першыя постсавецкія гады не прынята было, каб здаровая дзяўчына пасля ВНУ многа месяцаў «сядзела на шыі» ў маці. Абсурдныя і паводзіны дзяўчыны пасля згвалтавання ў пасёлку – нехта на яе месцы пайшоў бы ў міліцыю, нехта адпомсціў бы гвалтаўніку самастойна… Гераіня выбрала неверагодны, інфантыльны «трэці шлях», які не стыкуецца з яе характарам і ранейшымі паводзінамі.

Карацей, Беларусь пачатку 1990-х паказаная прыкладна з той жа доляй праўдзівасці, як Германія пачатку 1945 г. у «17 імгненнях вясны».

Што яшчэ дратуе? Фільм зроблены так, каб усім спадабацца. Лукашыстам – бо дэманструе «хаос» (нехлямяжыя гандлёвыя кропкі, выдача зарплаты прадукцыяй…), нароблены, як той казаў, «дзермакратамі». Апазіцыянерчыкам, зацыкленым на антыкамунізме – бо ёсць кадры, дзе спадчына СССР пададзена з іроніяй. Аматарам прыроды – бо ўключае ў сябе антыбраканьерскую рыторыку. Гараджанам – бо перыферыя малюецца амаль выключна як прастора дэградацыі. Вяскоўцам – таму што створаны вобраз мясцовага шэрыфа, строгага, але спагадлівага, дый паводзіны галоўнай гераіні як бы намякаюць, што «гарадскія» яшчэ горшыя. Ну і, вядома, экспертам на Захадзе мусіць спадабацца самаедства самакрытыка 38-гадовай рэжысёркі, якая да 16 год жыла тутака ды пазіцыянуе сябе як беларуска. Заходняму абывацелю таксама гарантаваныя моцныя эмоцыі ад сузірання those White Russians, у якіх «ніколі нічога не зменіцца» (С).

«Хрусталь», як той Шалтай-Балтай, сядзіць на сцяне паміж мастацтвам і агітпропам; тым не менш ягоныя рэйтынгі перавышаюць 7 з 10 (я паставіў бы 5), дый паважаная мною Таццяна Заміроўская станоўча ацаніла кінатвор. Журналістка-літаратарка слушна заўважыла, што «адстароненасць, бадай, галоўная эмоцыя Хрусталя», адзначыла сярод плюсоў рэжысёркі свайго пакалення яе «заходнюю, глабальную адукацыю». Аднак з наступным ужо ніяк не магу згадзіцца: «Дар’я, у адрозненне ад нас, не расла на рускім кіно, і таму змагла зняць добры, дакладны і сумленны беларускі фільм». «Маленькая Вера», «Аварыя – дачка мянта», «Брат», «Стылягі», «Левіяфан» – не сумняюся, што мінімум тры з пяці гэтых фільмаў Д. Жук бачыла. Прынамсі адсылкі да «перабудовачнага» і постсавецкага расійскага кіно раз-пораз свіцяцца скрозь «Хрусталь».

Афішкі фільмаў «Хрусталь» і «Лета»

А вось яшчэ адзін сёлетні фільм з аналагічным рэйтынгам – «Лета» Кірыла Сярэбранікава. Час дзеяння – 1981–82 гг., месца дзеяння – ленінградскі рок-клуб і наваколле. Таксама, на першы погляд, маніпуляцыя гістарычнай памяццю, бо «ўсё было не так» (С) – і Цой на сябе не падобны, і лідар «Заапарка» Майк Навуменка… Але – чапляе. Просценькі трохкутнік, дзе Майк увасабляе мінулае (мо нездарма яго, 26-27-гадовага, грае 40-гадовы Рома Звер), Віктар – будучыню, а Майкава жонка Наталля, увасабленне жаноцкасці, разрываецца паміж імі, пакуль Віктара не бярэ ў палон Марыяна. Love story аздобленa выдатнай музыкай; так, ва ўмовах, калі мала што дазволена, «музыка – усё», музыка па-над усім. Героі жывуць і рухаюцца, нібы ў зачараваным сне, што, магчыма, нават лепей ілюструе час «застою», чым спробы кіраўніцтва рок-клуба цэнзураваць тэксты Цоя. Цэнзуру, як выяўляецца, лёгка абысці, і неўзабаве пільная цётачка сама «тапырыцца» ад гурта «Кіно».

У цэлым атрымаўся мілы, палётны аповед пра «барацьбу добрага з лепшым», дзе верыш і ў вылазку Віктара на дах тралейбуса, каб спыніць яго для Наталлі, і ў боль мужа, які, стоячы пад дажджом, залівае перажыванні партвейнам, і ва ўменне эксцэнтрычнага панка праходзіць праз сцяну… І ў старую з «кватэрніка» (Лія Ахеджакава), якая схіляецца перад творчасцю маладых.

Сюжэт някідкі, дый развіваецца даволі марудна – але без лішніх слоў і жэстаў, на «японскі» манер. Назіраць за падзеямі цікава, адчування «цягучай безнадзёгі» або кан’юнктурнасці (вобраз і мелодыі Цоя пасля жніўня 1990 г. «юзаюць» усе, каму хочацца) у мяне не засталося. Пэўна, мая ацэнка сягала б 8-9 балаў з 10. Чаму не 10? Заўсёды ёсць да чаго імкнуцца.

Рэзюмуючы: і «Хрусталь», і «Лета» – фантазіі пра мінулае. Аднак «Хрусталь» – злая казка, «Лета» – добрая. Якую б я выбраў для перагляду – пытанне рытарычнае.

Яшчэ гадоў 8-12 таму я «наступаў на горла ўласнай песні» і часам падтрымліваў тых, каго не варта было – з той простай прычыны, што «свае». З узростам маю ўсё менш спадзеваў на тое, што тутэйшыя «гарбатыя» выправяцца самі. Усё больш ахвоты ацэньваць творы (ды іншыя ўчынкі) па «гамбургскім рахунку».

Меркаваў у верасні паглядзець яшчэ адзін нашумелы мастацкі фільм «Заўтра» (Next Day), зняты беларускай Юліяй Шатун за вельмі сціплыя грошы, але высока ацэнены экспертамі на кінафестывалях. Паехаў у кінатэатр «Піянер» на адзін з сеансаў (17:10), дык у 17:05 у касе ўжо не было квіткоў… Ну, хоць парадаваўся за маладую рэжысёрку, што ейны твор выклікаў такі ажыятаж 🙂 Цікава, што першую караткаметражку Ю. Шатун зняла для фестывалю яўрэйскага кіно ў 2011 г., ледзь навучыўшыся трымаць у руках камеру… Дзяўчына заінтрыгавала, дый тэма распаўсюджвання рэкламы па паштовых скрынях, закранутая ў «Заўтра», не чужая мне. Дальбог, пры першай магчымасці ліквідую прабел у сваёй кінаадукацыі.

І пра яўрэяў: яны (мы) паўсюль 🙂 50 год таму быў Іосіф Кабзон, пясняр камсамольцаў-дабравольцаў (1937–2018, хай спіць спакойна), але быў і Грынберг, інжынер па тэхніцы бяспекі перасоўнай механізаванай калоны № 1 Галоўнага ўпраўлення энергетыкі і электрыфікацыі пры Саўміне БССР, які з нагоды ўварвання ў Чэхаславакію выказаўся так: «Прыдумалі Леніна і моляцца на яго, як на д’ябла. Лезем, куды не трэба, а самі як жывем?» Смелае выказванне прыведзена ў артыкуле беларускага гісторыка Аляксандра Кур’яновіча – чытайце тут.

А вось як даказваецца на tut.by тэзіс аб тым, што ўтрыманне бардэляў – прыбытковая справа: «У 1904 г. утрымальніцы дома цярпімасці ў Гродна, Сара і Рэйза Глаз, нават здолелі за кошт уласных сродкаў пабудаваць для бардэля новую двухпавярховую камяніцу» (Таццяна Вароніч, 21.08.2018)…

Дарэчы, пра шахматную алімпіяду ў Батумі і маючы адбыцца 03.10.2018 кангрэс ФІДЭ. Мой прагноз – мужчынская зборная Беларусі апынецца ў другой дзясятцы (каля 14-га месца), жаночая стане крыху ніжэй. Права на правядзенне алімпіяды 2022 г. Мінск даб’ецца – на (сама)рэкламу беларусы не скупіліся, i нават пацярпелы ад БФШ Уладзіслаў Каташук у верасні падтрымаў амбітны праект федэрацыі. На выбарах прэзідэнта ФІДЭ пераможа «Макро», бо Аркадзь Дварковіч позна ўступіў у гульню, а пуцінская прамоцыя хутчэй яму шкодзіць, чым дапамагае. Дый не захочуць многія з дэлегатаў «трэцяга свету», асабліва мусульманскага, падпарадкоўвацца яўрэю, няхай і расійскаму… Хочаце – спрачайцеся.

І без алімпіяды Мінск – даволі шахматны горад 🙂 Здымкі са Старажоўскай і Нямігі, 2017-2018 (справа – рэклама з вітрыны)

«Вольфаў цытатнік»

«Рана ў сваім жыцці я заўважыў, што ніводная падзея ніколі ў газетах карэктна не асвятляецца, але ў Іспаніі [у час грамадзянскай вайны] я ўпершыню ўбачыў, што газетныя справаздачы не маюць аніякага дачынення да фактаў. Калі б яны проста хлусілі, то захоўвалася б прынамсі нейкая сувязь з фактамі…» (Джордж Оруэл, «Азіраючыся на вайну ў Іспаніі», 1943)

«Каму трэба дапамагаць? Дапамагаць трэба тым, хто ўносіць у публічную прастору разнастайнасць. Калі максімальна сцісла сфармуляваць тое, што ведае наша палітычная навука, яна ведае наступнае: канкурэнцыя – гэта жыццё і развіццё, манаполія – гэта інсульт і смерць» (Кацярына Шульман, 25.09.2018)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

28.09.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 28.09.2018  17:09