Tag Archives: «Beauty Run»

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (109)

Шалом у гонар праўдзівай вясны! Сёння першае слова – чытачам.

Піша Алесь Рэзнікаў: «Мяне ўразіў 19 сакавіка выступ клейзмерскай (калі так можна назваць) дзявочай капэлы з Барысава Жыдовачка ў кавярні Гудвін у Менску. Выступ і танцы былі вельмі захапляльнымі і эмацыйнымі, быў таксама паказаны анонс бязгукавага чорна-белага фільма Чароўныя нажнічкі, прычым музыкі падчас фільмы гралі як тапёры. Фільм аздоблены прыкольнымі тытрамі… Было крууута!» Сам я фільму і танцаў не бачыў, але веру. І незнаёмыя мне «жыдовачкі» хаця б спрабуюць нешта зрабіць для рэканструкцыі яўрэйскай мінуўшчыны… Яны больш сімпатычныя, чым журналіст-краязнавец Кастусь Ш., які знайшоў у сеціве сканы даваенных яўрэйскіх газет (газеты выходзілі ў яго родным Глыбоцкім краі) ды «ўключыў іронію»: «Хоць ты ідзіш цяпер вучы». І потым у фэйсбучнай дыскусіі: «А нашто беларусу ідыш ведаць?» ¯\_(ツ)_/¯

Анатоль Сідарэвіч, гісторык & юдафіл, які займае ў беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі якраз тую ж пасаду, што І. В. Каламойскі – ва ўкраінскім «УКРОПе», яшчэ ў 2016 г. тлумачыў, навошта беларусам ідыш. Сёлета ж ён – Сідарэвіч, а не Каламойскі – падзяліўся сваім запісам з дзённіка (22 сакавіка 2019 г.):

Учора вярнуўся з Вільні. Чатыры дні працаваў у бібліятэцы імя Ўрублеўскіх. «Гоман» (тыя нумары, якіх няма ў Менску), «Przegląd Wileński», рукапісы…

Іду па Вялікай у бок вакзала і чую ці то барабан, ці то іншы ўдарны інструмент, а потым – пяянне. Галасы маладыя, бадзёрыя, спяваюць хораша. Нарэшце бачу, што на другім баку вуліцы насустрач рухаецца невялікая калона.

Людзі спыняюцца, узіраюцца. Хто і з якой нагоды гэтак пяе? Мне стукнула ў галаву, што гэта ж Пурым… На літоўска-беларуска-польскай трасянцы тлумачу людзям, што гэта židai святкуюць вялікае і вясёлае свята, свята выратавання.

Шкада, не ведаю слоў тае песні. Пра што яна – пра смерць Амана, пра Эсфір? Шкада, што не малады і часу да адпраўлення цягніка ў абрэз, а то і далучыўся б да вясёлага натоўпу, які святкуе Пурым радаснымі спевамі.

У жыцці сустракаў толькі адну жанчыну з імем Эсфір (Эстэр).

Мне было 16. Я прыехаў з Заходняй Беларусі ў Слуцак. У Слуцку на макароннай фабрыцы, дзе працавала мая цётка Валя, я ўбачыў, як робяць цеста для джэмаў і павідла. Яблыкі, шмат яблыкаў ашпарваюць з вялікага шланга, а потым гэтую масу перапрацоўвае машына…

Я ўражаны. Побач са мною стаяць мая цётка і Эсфір Ізраілеўна, з якою цётка мяне пазнаёміла. Эсфір Ізраілеўна жыве ў доме цётчынага свёкра… Я кажу:

– Гэта ж і гніль, і чэрві ў цеста ідуць…

І чую голас Эсфіры Ізраілеўны:

– Мальчик, не то черви, что мы едим, а то, что нас ест.

Колькі год прайшло, а помніцца. На ўсё жыццё ўрэзалася ў памяць. Як і вочы Эсфіры Ізраілеўны. Поўныя смутку вочы дачкі свайго народа. І зноў успомніў. Габрэйская дзяўчынка, якая з яблыкам у руцэ сядзіць у хаце ля акна і глядзіць на вуліцу. Маладзенькая, прыгожая «дщерь Иерусалимская», а вочы ўжо поўныя смутку. Гэта кадр з фільма Валерыя Рыбарава «Чужая бацькаўшчына» паводле аднайменнага рамана Вячаслава Адамчыка. Я кансультаваў той фільм. Аператарам фільма быў Фелікс Кучар. Яго бацька – Алесь (для мяне – Айзік Евелевіч) Кучар.

А. Рэзнікаў (фота В. Р., верасень 2018) і А. Сідарэвіч, фота адсюль

Ізноў пра «раскол» (матэрыял А. Багуслаўскай быў падрыхтаваны для «Дойчэ веле» і з тыдзень таму растыражаваны тутэйшымі як вялікая мудрасць). Паўтаруся, пакуль што няма ў Беларусі глыбокіх расшчылін, прынамсі глыбейшых, чым у суседніх краінах. Калі «расколы» ёсць, то лакалізаваныя, на маргінэсе, і палохаць грамадства жудкай фрагментацыяй не выпадае. Наадварот, часцяком яно занадта аднароднае і прадказальнае: ёсць «галоўны», і ёсць тыя, хто ідуць у ягоным фарватэры, нягледзячы на дэкларацыі аб нязгодзе. «Прэзідэнцкія выбары» 2015 г. прадэманстравалі, як гэта бывае, дый «Вялікія размовы» 2017 і 2019 гг…

Між тым пра раскол гукаюць ужо і тыя, каторым муляе незалежнасць Беларусі. Для такіх аўтараў ён – сінонім (або эўфемізм) хаосу, што вымагае знешняга ўмяшання. Дальбог, як-небудзь разбярэмся без парадаў расійскага Eadaily… хаця, вядома, тое, што ад аўтарытарнага рэжыму ў рамках так званай справы «рэгнумаўцаў» пацярпелі карэспандэнты гэтага агенцтва, ніяк не цешыць.

Прайшоў Дзень Волі, да якога былі прымеркаваныя не толькі два канцэрты, у гродзенскім Каложскім парку ды мінскім Кіеўскім скверы, але і шахматны турнір у Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Спробу даць міні-канцэрт на свежым паветры пад вечар 25.03.2019 зрабілі таксама чацвёра музыкаў: Павел Аракелян, Зміцер Вайцюшкевіч, Ігар Варашкевіч і Лявон Вольскі. Яны прыйшлі на рог мінскіх вуліц Рэвалюцыйнай і Камсамольскай, пачалі расчахляць свае інструменты… Тут-то іх і падграбла доблесная міліцыя, на што гродзенскі партал з’едліва заўважыў: «Гэта вам не Гродна». Пасля пары гадзін у пастарунку музыкаў адпусцілі.

Шчыра паважаю ўдзельнікаў згаданай чацвёркі (каго больш, каго менш), аднак ад гісторыі – прысмак фальшу, як быццам некаму выгадна было выставіць іх у ролі «хлопчыкаў для біцця». У выніку «СБ» гэтак іх і абмалявала

Калі планавалася «апалітычная» творчая сустрэча ў цэнтры Мінска, то можна было паспрабаваць заранёў дамовіцца з органамі ўлады (і забарона падмачыла б рэпутацыю чыноўнікаў: чаму, напрыклад, джазістам можна музіцыраваць на плошчы Свабоды, а рокерам – не, дый Аракелян таксама «дае джазу»?). Калі пратэстная акцыя – мо ўсё ж не варта было паведамляць месца і час у сеціве, а паклікаць з сабою адно давераных людзей? Ну, зразумела было, што cход за пару кварталаў ад КДБ і міністэрства ўнутраных спраў будзе ўспрыняты як выклік, асабліва 25-га… Пасля сеціўных абвестак да затрымання музыкаў яўна рыхтаваліся, а на нестандартную сітуацыю спецслужбоўцы адрэагавалі б не адразу, мінут праз 10… За гэты час рокеры шмат чаго паспелі б выканаць.

Калі ўсё ж хацелася сумясціць прыемнае з карысным – максімальна паказаць сваё майстэрства і адзначыць Дзень Волі без санкцыі начальства – то можна было выбраць варыянт з іншай «кропкай» у цэнтры Мінска, сярод дамоў, дзе рэальна жывуць людзі. На Рэвалюцыйнай цяпер пераважна офісы, а ў двор, дапусцім, на Нямізе-8 або Старажоўскай-8 спусціліся б «народныя масы». Дый міліцыя не адразу б даехала туды (калі б увогуле вырашыла звязвацца), і меўся б шанс, што пасля кароткай гутаркі творцаў бы пакінулі ў спакоі, далі адыграць свае сеты. Лёгка даваць парады «заднім чыслом»? Ну, проста я стараюся разлічваць не на адзін ход уперад, а хаця б на 2-3…

Паколькі набліжаецца Першае красавіка, скапіраваў заметку з выдатным загалоўкам (газета «Свободные новости плюс» жжот):

Bravo, галоўны рэд. Васіль Уладзіміравіч Зданюк! Смяшнейшы хіба Аляксандр Рыгоравіч з набегам на Шклоўшчыну і абвяшчэннем «ваеннага становішча» ў сельскай гаспадарцы. А яшчэ – з заявай 22.03.2019 пра тое, што Сінявокая стала эпіцэнтрам нашага рэгіёна. Стары жарт гэта ўсё нагадала – «Ядзерная бомба заўсёды трапляе ў эпіцэнтр». Слушна заўважыў К. Жываловіч: «У нашай краіне ўсё настолькі цыклічна, што час ад часу былую папулярнасць набываюць показкі з барадой даўжэйшай, чым у старога Хатабыча».

Неўзабаве лета, і няхай бы «сонцападобны» даводзіў сваю дзеяздольнасць у іншыя спосабы, чым «чыжыкаў есці». Напрыклад, узяў бы прыклад з Маа, які ў 1966 г. фарсіраваў Янцзы, і ў чэрвені, як зусім пацяплее, пераплыў бы цераз Камсамольскае возера ў самым шырокім месцы, балазе новая рэзідэнцыя па суседстве. Каб Рыгорыч не засумаваў, гатовы плысці побач і распавядаць усялякія майсы пра ўсенародную любоў. Гэй, там, у адміністрацыі – падумайце! Другі раз магу і не прапанаваць 🙂

* * *

Блізу Дня Волі дзеля чарговага эксперыменту даў бясплатныя (але небескаштоўныя) парады рэдакцыям двух сайтаў: дзяржаўнага government.by i прыватнага tut.by. Вынік не на карысць прыватніка… Сайт Савета міністраў РБ цягам аднаго дня паправіў шэраг памылак (напрыклад, намеснік прэм’ер-міністра ў беларускай версіі стаў не «Васілявіч», а «Васільевіч», хоць і пакінулі «Ляшенка» замест правільнага «Ляшэнка»; у англамоўнай частцы пазначана цяпер, хто ў нас міністры прамысловасці, сувязі, etc). Ну, а сайт, які чамусьці лічыцца вотчынай М. Золатавай – насамрэч за яго адказвае гендырэктарка Людміла Чэкіна, якая дэ-юрэ і з’яўляецца адзінай галоўнай рэдактаркай tut.by – цягам некалькіх дзён не знайшоў часу актуалізаваць інфармацыю. Ён па-ранейшаму адпраўляе чытачоў у «блогі tut.by»… ліквідаваныя звыш трох гадоў таму.

Тутбаеўцы – як Бурбоны; тых нічога не навучыла французская рэвалюцыя, гэтых – «справа “БелТА”»… На каліва не здзівіўся, калі заўважыў у матэрыяле 27.03.2019, прысвечаным адноўленаму «інтэлектуальнаму клубу Святланы Алексіевіч», кідкае парушэнне журналісцкай этыкі:

З. Пазняк адмаўляе, што ўвогуле размаўляў з Алексіевіч, адхрышчваецца ад прапаноў «не пускаць у краіну ніводнай таблеткі». У той жа дзень, 27 сакавіка, пісьменніца прызнала, што не размаўляла з палітыкам на гэтую тэму, а пераказала словы нейкіх «заходніх журналістаў»… (зноў напрошваецца стары анекдот, ужо пра Каруза – «Рабіновіч напяяў»). За 4 дні супермегапартал не зрабіў апдэйт і не падрыхтаваў новы матэрыял, дзе даў бы слова другому боку. Падобна, тутбаеўскія спадарыні, апекшыся на адносінах з уладамі, вырашылі канвертаваць свае пакуты… не ў свабоду, а ў Пафігізмъ Самы Настаяшчы. Ну ОК; буду ведаць, каму (не) давяраць.

І яшчэ раз пра «Beauty Run», дакладней, пра «5000 жанчын», якія «прабеглі па цэнтры Мінска» 08.03.2019 (а таксама пра «5 тысяч чалавек» у Кіеўскім скверы 24.03.2019 – на пятачку ля мінскага кінатэатра «Кіеў» і 2500 святкуюшчых не змясцілася б). Вось так выглядала адзіная трыбуна cалігорскага стадыёна «Будаўнік» 30.03.2019 на футбольным матчы «Шахцёр» (Cалігорск) – «Тарпеда» (Мінск), які, паводле пратаколу, наведала 3600 гледачоў. Усяго cтадыён здольны прытуліць 4200 балельшчыкаў.

Фота з pressball.by

Найлепшы камент да гэтага здымка зафігачыў bion86: «Так у іх ёсць падземная трыбуна, там шахцёры матч глядзяць! 🙂 🙂 :)». Няблага адзначыўся і Georg: «Пачалі ўжо трэніравацца ў падліках, скора выбары 🙂»

А зараз хвіля сур’ёзнасці! «Радыё Рацыя» паведаміла, што ўбачыў свет сакавіцкі выпуск «Слонімскага краю». Краязнавец Міхась Шуляк апісаў у ім жыццё даваеннай вёскі Азярніца, насельніцтва якой было часткова яўрэйскім: «матэрыял аздоблены рэдкімі здымкамі азярніцкіх і слонімскіх яўрэяў».

«Вольфаў цытатнік»

«Жыццёвы досвед вучыць нас, / Што дармавое пастаянна / Нам абыходзіцца не танна / І даражэе з разу ў раз» (Фелікс Баторын, 2015)

«Па дзіўным супадзенні часцей за ўсё мяняюцца якраз тыя прававыя акты, якія непасрэдна тычацца жыцця грамадзян. Як мы разумеем, нестабільнасць права ў гэтай сферы – у інтарэсах дзяржавы і не ў інтарэсах грамадзяніна. Чаму? Таму што грамадзянін застаецца вечна вінаватым, ён не можа ўсачыць за хаатычнымі непрадказальнымі зменамі» (Кацярына Шульман, 26.03.2019)

«Я не люблю сацыяльных феноменаў. Я не сутыкаюся з соцыўмам – я бачу людзей» (Барыс Грабеншчыкоў, 28.03.2019)

«Сярод асноўных проблем постсавецкай публікі хачу вылучыць абсалютнае неразуменне або скажонае ўспрыняцце элітарнасці. Максімум, каго тут лічаць элітай — тых, хто паспеў завалодаць большым рэсурсам, не маючы пры гэтым неабходных інтэлектуальных здольнасцей да яго захавання, прымнажэння, як і да далейшага асабовага росту» (Аліна Вітухноўская, 29.03.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

31.03.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

***

Рэдакцыя belisrael.info не заўсёды падзяляе погляды аўтараў

Апублiкавана 31.03.2019  23:37

Водгукі

* * *

«Хоць ты ідзіш цяпер вучы». Як на мяне – гэта не іронія, а сумная зацемка. Я сам, як тыповы беларус, ведаю пару словаў з ідышу, а вучыць лянуюся, але купіў фаліянт – слоўнік Астравуха і часам зазіраю, каб чарговы раз упэўніцца, што во, і гэтае дзіўнае неславянскае слова таксама ў беларускую прыйшло з ідыша, альбо праз яго.

Віктар Сяргейчык, г. Мінск

* * *

Пра падзел у грамадстве. Нягледзячы на тое, што рэгулярна пачытваю «Нямецкую хвалю», ад згаданых Вамі артыкулаў бачыў толькі загалоўкі, далей глядзець было нецікава. Вось на пачатку 1990-х падзел быў! І мы з сястрой час ад часу рабілі «пэрформансы»: у грамадскім транспарце адзін размаўляў на рускай, другі – на беларускай мове (аднойчы нам за гэта рэдактарка часопіса каляндар падарыла). Так, людзі чакалі бойкі, а зараз што… Ну, хіба што дзякуючы расійскаму тэлебачанню яшчэ магчымы сваркі на тэму «Крым чый?», а па«ўнутранай палітыцы» збольшага пануе згода (не, колькі разоў быў сведкам палітычных спрэчак у электрычках, але «няма таго, што раньш было!»).

Пётр Рэзванаў, г. Мінск

Дадана 01.04.2019  19:08

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (106)

Хочацца, не хочацца, а шалом! Вось і юбілей Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь падкраўся – Вярхоўны Савет яе зацвердзіў 25 год таму. Старшыня Грыб М. І. падпісаў амбівалентны тэкст, дзе адпачатку ўсё ж не было такіх перлаў, як «У вьшадку», «сазеты», «Вярхоўны Савег», «Рэспубліісі Беларусь», «Кантродьная палата», «Каыстытуцыйны Суд» («дзякуй» за іх парталу pravo.by). У сакавіку 1994 г. не абы-якія паўнамоцтвы гарантаваліся будучаму прэзідэнту (баялі, праз сваіх міньёнаў пашчыраваў тагачасны прэм’ер-міністр Кебіч, які мерыўся заняць прэзідэнцкі фатэль), але ж ладны кавалак улады дэпутаты пакінулі сабе. Праз гэтую дваістасць потым як заіскрыла!..

Версія Канстытуцыі 1996 г., падрыхтаваная ў нетрах лукашэнкаўскай адміністрацыі, раскалола Вярхоўны Савет у простым і пераносным сэнсах. Другі раз Канстытуцыя мянялася дзеля «стабільнасці» канкрэтнай асобы, і той асобе ўвосень 2004 г. быццам бы дазволілі балатавацца на трэці ды наступныя тэрміны прэзідэнцтва. Кажу «быццам бы», таму што з юрыдычнага пункту гледжання рэферэндум 17.10.2004 выявіўся, мякка кажучы, сумнеўным мерапрыемствам – нават вікіпедыя пацвярджае.

Так ці іначай, народ не здолеў абараніць першую Канстытуцыю сваёй суверэннай дзяржавы ад ператварэння ў закладніцу абставінаў. Дзіва што: бальшыня жыхароў Беларусі за гэтыя 25 гадоў наўрад ці ўспамінала пра існаванне «асноўнага закона» часцей, як 25 разоў. Так, увосень 1996 г. ішлі бурныя дыскусіі вакол двух праектаў, вынесеных на рэферэндум, – ну і рытуальна СМІ кожны год нагадваюць, што 15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі. Пазіцыю «люду паспалітага» даволі добра адлюстроўвае даўні казьма-пруткоўскі афарызм: «При виде исправной амуниции / Как презренны все конституции!» Багема ж магла працытаваць наступнае, блокаўскае: «Ты будешь доволен собой и женой, / Своей конституцией куцой, / А вот у поэта – всемирный запой, / И мало ему конституций!»

Зварот да паштовага начальства, прыпраўлены спасылкай на Канстытуцыю. Пасля гэтага ўлетку 2010 г. прыйшла нарміроўка, і аклады паштальёнаў 104-га аддзялення былі падвышаны ў сярэднім на 10%.

Двойчы Канстытуцыя перапісвалася па ініцыятыве А. Лукашэнкі. Цяпер ён загаманіў пра новую рэдакцыю, што мае быць прынята ў пачатку 2020-х гадоў… Нібыта Канстытуцыйны суд ужо над ёй працуе.

З улікам «модных» антыліберальных трэндаў (прэс-сакратарка Лукашэнкі лічыць, што дыктатура – «брэнд» Сінявокай, не баг, а фіча; акурат як у КНР, адкуль, відаць, вецер і дзьме) прагноз неспрыяльны… Мяркую, у новай версіі будзе знішчана ўсё прыстойнае, што яшчэ захавалася ў тэксце. Палітычным сілам, якія арыентуюцца на здаровыя глузды, варта быць напагатове. Але мала проста даць адлуп ініцыятыве з «Чырвонага дома».

Самі па сабе карэктывы тэксту дапраўды наспелі, не раз пісаў пра гэта. Важна перахапіць ініцыятыву – і «знізу» дабіцца ўдасканалення Канстытуцыі. Вядома, фундаментальныя артыкулы, асабліва тыя, дзе сказана пра паўнамоцтвы прэзідэнта, урада і парламента, дый пра няісны з 2013 г. Вышэйшы гаспадарчы суд, змяніць гэтак немажліва: значыць, трэба патрэніравацца на кошках на іншых раздзелах. Балазе трэці («Выбарчая сістэма. Рэферэндум»), пяты («Мясцовае кіраванне і самакіраванне»), шосты («Пракуратура. Камітэт дзяржаўнага кантролю»), сёмы («Фінансава-крэдытная сістэма Рэспублікі Беларусь»), тэарэтычна, паддаюцца ўдасканаленню і без рэферэндуму (гл. арт. 140).

Вось арт. 74, дзе гаворыцца пра рэспубліканскія рэферэндумы, гучыць так: «назначаюцца… па прапанове Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, якая прымаецца на іх раздзельных пасяджэннях большасцю галасоў ад устаноўленага Канстытуцыяй складу (поўнага складу) кожнай з палат, або па прапанове не менш як 450 тысяч грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у тым ліку не менш як 30 тысяч грамадзян ад кожнай з абласцей і горада Мінска». А чаму б не зменшыць колькасць подпісаў, патрэбных для арганізацыі рэферэндуму ў РБ? Каб замест 450 тысяч было напісана «300 тысяч», замест 30 тыс. – 20 тысяч. Зараз 450 тыс. аўтографаў сабраць амаль не рэальна, а вось зніжэнне бар’еру ў паўтара разы магло б і падштурхнуць мясцовыя палітычныя сілы да «працы з насельніцтвам»… Знізіць бар’ер варта яшчэ і таму, што жыхароў у Беларусі за 1996–2019 гг. значна паменела – бадай на 700 тысяч.

Паводле арт. 121, да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў належыць назначэнне мясцовых рэферэндумаў. Я б дадаў пасля «назначэнне» – «і арганізацыя». Выбарны орган, якім з’яўляецца савет дэпутатаў, не павінен у такой справе, як выяўленне народнай волі, залежаць у арганізацыйных пытаннях ад «вертыкалі» з прызначэнцамі на чале (выканкам або мясцовая адміністрацыя).

У арт. 126 пра генпракурора чаму б не дапісаць: «Генеральны пракурор назначаецца з ліку асоб, якія маюць вышэйшую юрыдычную адукацыю». І, па аналогіі з членамі Канстытуцыйнага суда: «Гранічны ўзрост – 70 гадоў». І ў арт. 131: «Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю назначаецца прэзідэнтам» дадаць: «…з ліку асоб, якія маюць вышэйшую юрыдычную або эканамічную адукацыю», зноў жа, пазначыўшы гранічны ўзрост (70). Сэнс правак – у тым, каб не прапускаць дылетантаў на ключавыя кантрольныя пасады, а таксама не рабіць з гэтых пасад сінекуры для пенсіянераў. Аналагічны даважак напрошваецца ў арт. 136, дзе гаворыцца пра Нацыянальны банк: «Члены праўлення Нацыянальнага банка прызначаюцца з ліку асоб, якія маюць вышэйшую эканамічную або фінансавую адукацыю і вопыт адпаведнай працы не меншы за 10 гадоў». Зразумела, так сабе абарона ад Чэ Гевараў і Пятроў Пятровічаў з інжынерна-будаўнічым бэкграўндам, аднак лепшая, чым нічога.

У арт. 135 ёсць куртатая норма: «Справаздачы аб выкананні рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў публікуюцца». Калі, дзе? Прапаную дапоўніць: «не пазней шасці месяцаў з дня заканчэння справаздачнага фінансавага года, у тым ліку на агульнадаступных электронных рэсурсах». Калі ўсе справаздачы будуць вывешвацца ў інтэрнэце – а не толькі друкавацца ў «раёнках» – гэта шмат каму дапаможа, напрыклад, даследчыкам, інвестарам. І мясцовыя ўлады, апрыёры, пачнуць абыходзіцца з бюджэтам больш адказна.

Такім чынам, можна было б удасканаліць 6 артыкулаў Канстытуцыі са 146. Усе прапановы ў плане прымальнасці адносяцца, падобна, да «шэрай зоны», г. зн. Лукашэнка і яго атачэнне (адміністрацыя, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў) па ўласнай ініцыятыве іх прасоўваць не будуць, але ж і блакіраваць важкіх падстаў няма. Таму нават праз такую «дрыгву», як цяперашні квазіпарламент (Нацыянальны сход), праўкі маглі б прайсці.

Што застаецца? Сабраць за іх 150 тыс. подпісаў грамадзян у адпаведнасці з арт. 138 Канстытуцыі. Наколькі гэта рэальна, пытанне складанае, але дапусцім, што ў Беларусі ёсць 10 дзеяздольных суполак «альтэрнатыўных сіл», і ў кожнай з іх – па 1000 «штыхоў»… Тады кожнаму актывісту досыць будзе сабраць 15 подпісаў – справа аднаго-двух дзён. Асабіста я, дарма што беспартыйны, гатовы размахнуцца на збор дваццаці, мо нават дваццаці пяці 🙂

«Дзвіжуху» я б назваў (умоўна) «За Канстытуцыю для народу». З аднаго боку, арганізатары паспрабавалі б хоць на каліва пашырыць народаўладдзе, з другога – спраўдзілі б уласныя сілы перад парламенцкімі і прэзідэнцкімі «выбарамі». Толькі рабіць усё трэба хутка, каб пралезці ў «акно магчымасцей» – паспець да восеньскай сесіі палаты прадстаўнікоў (змяненні і дапаўненні Канстытуцыі не праводзяцца ў апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў палаты – арт. 138).

Ці здольныя ўмоўныя 10 суполак дамовіцца міжсобку, часова адкінуць рознагалоссі дзеля карыснай справы? Пажывем-пабачым, наступны месяц усё вырашыць – а што тут яшчэ скажаш…

Для разрадкі – навіна, якая звыш 24 гадзін красавалася на галоўнай старонцы папулярнага беларускага сайта:

Бедны Тэль-Авіў – і Зена, і «оправится»! Ды перажываў «белы горад» і не такое 😉

А цэнтр Мінска 8 сакавіка перажыў новы масавы жаночы набег забег «Beauty Run». Арганізатары & журналісты заяўлялі, што пабіты мінулагодні рэкорд (3-3,5 тыс. удзельніц; насамрэч у 2018 г. іх было пад 2000, фінішавалі 1519) – маўляў, імпрэза прыцягнула звыш 5 тыс. жанчын. Што на плошчы Незалежнасці бягух сабралося багата, няма cумневу; мо сёлета «планка» ў 3000 і была ўзятая… Тым не менш даруйце, федэрацыя лёгкай атлетыкі, tut.by ды іншыя; пяць тысяч удзельніц – гэта пакуль што wishful thinking. Нямала тых жанчын, якія папярэдне запісаліся ў масавы забег, фактычна не выйшлі на старт. Ну, у сяброўскім Кітаі прыпіскі робяцца на ўзроўні правінцый або нават краіны, ёсць каго імітаваць 🙂

 

Медаль (разам з ружай выдаваўся кожнай з фінішорак) быў традыцыйна харошы. Пацешыла таксама тое, што імпрэза натхніла Сяргея Варыводу на гумарны рэпартаж. Самаіронія – тое, чаго звычайна бракуе беларускім журналістам, а тэкст Варыводы ўсцяж на ёй трымаецца. Дарэчы, шкада яго тутбаеўскага калегу Арцёма Ш., вымушанага весці праект «Разжавана» з «тлумачэннямі» складаных тэм за 3 мінуты – сама назва праекта выклікае сумныя думкі 🙁

…Пакуль таптаўся па плошчы ў чаканні жонкі пасля «Прыгожага забегу», прыкмеціў шыльду з памылкай. Гэтых шыльдаў з «Minicipal» замест «Municipal» нават дзве – з «усходняга» і «заходняга» бакоў спуску ў гандлёвы цэнтр «Сталіца».

«Кампетэнтныя органы», выправіце? 🙂 Прэцэдэнты апошнім часам здараліся

* * *

На жаль, вышэйзгаданая «галоўная прэс-сакратарка РБ», хоць і недалёка адышла ад Віскуна з оруэлаўскай «Фермы», у чымсьці мае рацыю, разважаючы аб тым, што ў свеце ёсць (або можа з’явіцца) попыт на дыктатуру. Узяць адно радыё, што вяшчае з суседняй краіны, дзе, кажуць, пасля 1989 г. усталявалася «кансалідаваная дэмакратыя», – яно не грэбуе нейтральна-пазітыўнай трактоўкай нацыста 1930–40-х гадоў. «У Вільні… быў адным з арганізатараў Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі. Падчас Другой сусветнай вайны рэдагаваў у Менску Беларускую газету», – пішуць гэтак жа рахмана, як пра атрыманне «героем» пачатковай і сярэдняй адукацыі.

«Мода» на Казлоўшчыка (у «Новым часе» быў пра яго спачувальны артыкул яшчэ ў 2016 г.) рыфмуецца з прагай «парадку» і «моцнай рукі», што існуе не толькі сярод лукашэнкаўцаў. І справа не так у папулізме, як у скочванні ў палітычную архаіку.

«Вольфаў цытатнік»

«У журналістыцы скандалы – сігналы, якія спаборнічаюць за прыцягненне ўвагі чытачоў у моры інфармацыі. Людзі настолькі распешчаны моцнай інфармацыйнай плынню, што для стварэння рэзанансу неабходна даводзіць нейкія рэчы да абсурду» (Нэлі Гуціна, 1995)

«Прыхільнікі эканамічнай правіцы могуць ставіцца да багацця з рэлігійным піетэтам, але мы не абавязаны паважаць іхнія погляды ў гэткай жа ступені, як паважаем чужую рэлігію і веру» (Джонатан Чэйт, 2009)

«Людзі ненавідзяць сваіх герояў / Болей, чым любяць уласных дзяцей» (Фёдар Жывалеўскі, 201?)

«Хіба не даводзілася нам бачыць тысячу разоў, як выходзіць на трыбуну чыноўнік і пачынае скардзіцца нам на праблемы ў яго ведамстве або галіне? Як быццам мы самі пра гэтыя праблемы не ведаем! Як быццам мы павінны гэтыя праблемы вырашаць, а не ён» (Антон Арэхъ, 06.03.2019).

«Наш чалавек прызвычаіўся, што паміж словамі і справамі – бездань. Ён прызвычаены не словы слухаць, а між радкоў чытаць. Рэальная палітыка, у нашым разуменні, ад пабочных вачэй схавана, а тое, што гаворыцца на публіцы – толькі для маскіроўкі… Каб табе паверылі, аднаго або двух выступаў мала. Давер або недавер да цябе будзе назапашвацца доўга, паводле сукупнасці крокаў…» (Абас Галямаў, 10.03.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

11.03.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 11.03.2019  22:11

Водгук

Перачытаў некалькі разоў. Вельмі цікавыя прапановы, асабліва па змяншэнні падпіснога бар’ера. Тут сапраўды трэба кожную кропку і коску прасоўваць, якая хоць трохі аблегчыць жыццё і далейшае змаганне.

Алесь Рэзнікаў, г. Мінск   (27.03.2019  14:08)