Tag Archives: фильм «Искатели счастья»

Рыгор Кобец. ПАЛЕСТЫНА

Перш чым пачнеце чытаць…

«Па просьбах працоўных» перанабраў з часопіса «Полымя рэволюцыі» (№ 6, 1935; с. 73–79) тэкст паэмы вядомага беларускага драматурга і кінасцэнарыста. Пазнака «Урывак з паэмы» не павінна ўводзіць у зман: працягу ў часопісе не знайшлося, верагодна, яго і не было.

У прынцыпе, ніжэйпададзены тэкст уяўляе з сябе самастойны, завершаны твор. Ахвотным пашукаць паўнейшую версію на рускай мове раю пагартаць падшыўкі газет «Биробиджанская звезда» і «Тихоокеанская звезда». З гэтымі выданнямі ў 1933–1934 гг. супрацоўнічаў Р. Кобец – чаму яму было не надрукаваць там і сваю паэму?.. Для мяне названыя газеты, як і архіўныя матэрыялы, зараз недаступныя, дый часу на пошукі бракуе.

Колькі заўваг да публікацыі:

  1. Цікава, што словы «парайхес» (дакладней на ідышы «паройхес», ад іўрыцкага парохет – заслона ў сінагагальным Каўчэгу Запавету), «шамес» (служка ў сінагозе) і «Ём-Кіпур» (восеньскае іудзейскае свята, Дзень выкуплення) падаюцца ў часопісе без тлумачэнняў. Падобна, мэтавая аўдыторыя выдання – беларускамоўныя, якія цікавіліся красным пісьменствам – і ў 1935 г., пасля кампаній па барацьбе з «яўрэйскімі клерыкаламі» ды закрыцця большасці сінагог у БССР, ведала, што значаць тыя словы.

Рыгора Кобеца перакладалі і на ідыш. Вокладка кніжкі з ягонай знакамітай п’есай «Гута» (пераклаў Даніэль Маршак)

  1. Аб’ектыўна паэма «Палестына» выглядае як накіды для сцэнарыя «Шукальнікаў шчасця», напісанага Рыгорам Кобецам (загадчыкам сцэнарнага аддзела кінафабрыкі «Савецкая Беларусь» у 1932–1937 гг.) з дапамогай Ёгана Зэльцара неўзабаве пасля 1933 г. Першы варыянт сцэнарыя славутага фільма з’явіўся ў 1934 г., фільм жа, нагадаю, выйшаў на экраны ў 1936 г.; у ім на Далёкі Ўсход перасяляецца ўжо не толькі «маладое пакаленне», а і старая Двойра. Відавочна, мелася на ўвазе, што ў Бірабіджане знойдзецца месца ўсім, за выняткам дармаедаў-«аднаасобнікаў» (увасабленнем якіх стаў Піня Копман).
  2. Тэма эміграцыі яўрэяў у раён Бірабіджана глыбока хвалявала Кобеца – перасяленца з Украіны, чалавека, лёгкага на пад’ём. Назва паэмы ўскосна сведчыць пра тое, што ён трактаваў той раён, дзе «працаваў на залатых капальнях на рацэ Сутары, лавіў рыбу на Амуры, а зімой хадзіў у тайгу з паляўнічымі за пушнінай» (з «Аўтабіяграфіі» 1967 г.), куды вяртаўся ў 1935-м і 1937-м гадах, як «новую Палесціну». Апісанне ж «старой» не з’яўляецца пераканаўчым; пры ўсіх цяжкасцях жыцця на Зямлі Ізраіля ў 1930-х гадах рэй там вялі не Ротшыльды, і той, хто хацеў працаваць на зямлі, далучаўся да кібуцаў, машаваў… Процістаўленне «іхніх» і «нашых» нораваў – улюбёны прыём савецкай прапаганды, але тут ягоны эфект быў зніжаны праз тое, што Р. Кобец ведаў пра падмандатную Палестыну з «трэціх вуснаў».

Р. Кобец (18981990) і С. Грахоўскі (19132002). Здымкі 1930 і 1933 гг.

  1. Кур’ёзна, што ў шасцітомным даведніку «Беларускія пісьменнікі» ў матэрыяле пра Р. Кобеца (т. 3, 1994) няма звестак пра паэму «Палестына», але яны ёсць у матэрыяле пра С. Грахоўскага (т. 2, 1993). Частка паэмы – на рускай – увайшла ў аўтабіяграфічны мастацкі твор Кобеца «Ноеў каўчэг» (1964; яе там чытае на памяць вязень ГУЛага, вяртанец з Палестыны Саламон Ізраілевіч, ён жа «Моня»). У каментарыях да «Выбраных твораў» Рыгора Кобеца (Мінск, 2009, с. 573) укладальніца, дачка літаратара А. Р. Кобец-Філімонава пазначыла: «У аповесці Кобец скарыстаў урывак з паэмы Письма из Палестины, напісанай у Бірабіджане 13 чэрвеня 1933 г.». Але з нейкай прычыны Алена Рыгораўна не пашырала «антысіянісцкі» твор свайго бацькі ў беларускай версіі – дапускаю, што праз напружаныя адносіны з Сяргеем Грахоўскім (гл.: Кобец-Філімонава А. Калі ўцякала сонца. Мінск: Кнігазбор, 2006. С. 362, 366–367).

Старонкі «Выбраных твораў» (2009)

  1. Выпадкова ці не, аднак і аўтар, і перакладчык былі арыштаваныя ў часіны сталінскага тэрору ды асуджаныя на 10 гадоў зняволення; Р. Я. Кобец – у 1941-м, С. І. Грахоўскі – у 1936-м. Iм «пашэнціла» ў тым сэнсе, што ў 1950-я гады яны вярнуліся з лагераў і дажылі да паважнага веку, пакінуўшы ўспаміны пра ГУЛаг. Юлію Таўбіну, аўтару паэмы «Таўрыда» (1930–1931) пра перасяленне яўрэяў у сельскагаспадарчыя калоніі савецкага Крыма, пашанцавала значна менш; пасля двух арыштаў ён быў расстраляны ў 1937-м… Відаць, небяспечная ўсё ж была за Сталіным тэма эміграцыі, нават «слушна» скіраванай.

В. Рубінчык

* * *

Рыгор Кобец

ПАЛЕСТЫНА

(Урывак з паэмы)

Чорным парайхесам

Ноч паўзе ўгары –

У змроку мястэчка

заснула даўно.

Плачам галодным

завылі вятры

І папаўзлі

з-пад вакна, пад вакно.

Бразгае вецер

у шыбы вакна,

ночы не відна

ні краю, ні дна, –

месяц захутаўся

ў хмары да дня.

Свечка гарыць

у мястэчку адна.

Вецер не спіць

і шамес не спіць.

Свечка да рання

бядою курыць.

Шамесу свет надакучыў,

абрыд –

Многа у шамеса суму

і крыўд…

Гора на плечы

уссела гарбом,

Гора сплялося

ў калтун барады –

хутка магіла –

заменіць дом –

пылам яго зарастуць

сляды…

Паранена старасць

ударам нажа –

Многа сагнулася спін…

Дачка паехала

ў Біра-Біджан,

у Палестыну – сын.

Голад,

і старасці горкай гады –

спраўляюць бязлітасны суд…

Дык няўжо

памыліўся і ты,

прадзедаў мудры талмуд?

Ці-ж я не маліўся?

Ці-ж я не паліў

свечак суботніх агні?

Ці я не казаў местачкоўцам:

“Прыйшлі

йом-кіпура шэрыя дні?”

Можа з малітваю на губах

не ведаў кудой ісці?

Можа ў тваіх

пажаўцелых лістах

ісціны мне не знайсці?

Дык раскажы, раскажы мне, чаго

стаў апусцелым мой дом?..

Крыва глядзіць праз вакно на яго

месяц сівым жабраком.

Старасць прыйшлося

адным дажываць:

голад у хаце

і гразь…

Лісты ад дзяцей

ён узяўся чытаць

мабыць у соты раз.

Дробненькі почырк –

гэта ад сына:

Польшча, мястэчка Смаргонь –

шамесу Ліўшыцу,

     з Палестыны…

І задрыжэла сухая далонь.

Ліст першы

Добры дзень!

Мой добры, слаўны, татка!

Гэты край –

велізарны вакзал!

У Палестыне –

дрэнныя парадкі,

што пра іх лістом

не расказаць.

Ты паслухай,

мой харошы татка…

(праўду ў вочы

я люблю казаць.)

Прадаем апошнія манаткі,

каб як-небудзь выбрацца назад.

Мы прыехалі спакойна,

дзякуй богу.

Толькі вецер дым слупамі

слаў…

Тыдзень мы хадзілі ў сінагогу,

а пасля…

паслухай, што пасля…

Аглядзелі (толькі паміж намі)

сцену плачу –

(мокрая ад слёз).

Акрапіў і я яе слязамі,

да яе сваё я гора нёс!

Не кляні,

што збіўся я з дарогі, –

Нас яны

здалелі ашукаць:

сінагог

тут дужа, дужа многа,

але фабрык штосьці

не відаць.

Без работы…

часта галадаем –

Край дзядоў

нялёгка йдзе к рукам!

Праўду мне

казаў наборшчык Хаім:

“Палестына – яйка без жаўтка,

Пустка тут,

нібы пасля пажару,

і суровы, як талмуд, закон…

Пра зямлю я з маладосці мару.

Дзе ж яна?”

І праўду кажа ён.

Памятаеш, татка мой харошы, –

Па зямлі

нудзіўся я і сам.

Ды зямлі не возьмеш тут без грошай,

а іх Ротшыльд

не пазычыць нам.

Грошы… грошы

трэба усёроўна,

болей грошай –

значыць шчасця больш.

Я хадзіў па Польшчы

беспрацоўным,

ну а тут, бадай,

што нават горш.

Тут ад гора

кожны дзень старэем.

Палестына –

Эт –

дзіравы мост.

Тут – магіла беднаму яўрэю,

багацеям шчасце

ўсюды ёсць.

Што прабуду шмат –

казаць баюся,

гэта ўсё

ты разумееш сам.

Толькі ты не дужа

там хвалюйся.

Ну бывай –

Цалую! Твой Абрам.

* * *

Чорным парайхесам

Ноч паўзе ўгары,

у змроку мястэчка

заснула даўно.

Плачам галодным завылі

вятры

І папаўзлі з-пад вакна

пад вакно.

Бразгае вецер

у шыбы вакна,

ночы не відна

ні краю, ні дна,

месяц захутаўся

ў хмары да дня –

шамесу – не да сна.

Старасць прыйшлося

адным дажываць:

голад у хаце

і гразь…

Лісты ад дзяцей

ён узяўся чытаць,

мабыць у соты раз.

Лiст другі

Добры дзень,

мой любы тата!

Я часам, бывае, сумую,

успамінаючы часта

дабрату тваіх шэрых вачэй.

Я, здаецца, здалёку твой голас

чую

І прыгадваю ціш

местачковых начэй.

Мы рассталіся,

мабыць, нядобра з табою,

ты гразіўся мне карай,

гаварыў аб грахах…

Ну, падумай

ці можна віно маладое

Утрымаць у збуцвелых

мяхах?

Шлях мой лёг

праз завеі і кручы,

а пад коламі толькі

трашчала іржа.

Я імчалася смела

завеям насустрач,

на радзіму шчаслівую

ў Біра-Біджан.

Край няветла сустрэў нас,

і нават сурова.

Нас сцяной непраходнай

тайга абняла.

Але, родны, павер мне

на чэснае слова –

утрымаць яна

нас не змагла.

Першы час начавалі

ў паходных палатках,

бараніліся дымам

ад ліхіх камароў:

Елі, як хто папала,

жылі без парадку:

“часам з квасам”,

а часам пяклі асятроў.

А начамі, калі

выпаўзаў з-за Амура

залаты маладзік

на шырокіх рагах,

нас палохала часта

стракатаю скурай

і рэвам галоднага тыгра тайга.

Мы адразу хапалі

аберуч вінтоўкі –

і тады адыходзіў

драпежніцкі гул.

Але мы не спыняліся.

Зноўку і зноўку

Наступалі люцей

на глухую тайгу.

А яна, мабыць, гэта

прымала за жарты

і шумела спакойна сабе

да пары,

рагатала савою

назойна і ўпарта,

ракатала халоднаю хваляй

Біры.

Але, мы дружна

рванулі з запалам,

Трактар урэзаўся

ў першыя га.

Раптам завыла

і грузна ўпала

зверам калматым

старая тайга.

Ды залілася

балотамі топкімі

і непраходнымі стромамі

круч.

Мы ж авалодвалі

новымі сопкамі –

к сэрцу тайгі

заваёўвалі ключ.

Яна-ж не здавалася:

хоць і дрыжала,

але ішла бараніцца парой:

то камарыным

назойлівым жалам,

то налятала

на нас машкарой.

Нямногія беглі,

як мышы з пажару –

ганьбу панеслі

яны за сабой…

Прыкладам нам

быў партыйны таварыш,

з ім мы ішлі

нестрымана ў бой.

Твары скусаныя

страшна распухлі.

Кожны ў рабоце дужэў

і крыяў.

І вось тады

ненадзейныя туфлі

змяніла на грубыя

чобаты я.

Тайга баранілася

цвёрдай пародай,

лютасцю выла

ў адвечнай глушы.

Кожны гектар

паліваецца потам

нашай работы

і нафтай машын.

Час быстракрылы

над намі імчыцца,

піша дзён летапісь

ён на ляту.

……………………………………

Тысячы га

залацістай пшаніцы

Радасцю нашай адвагі

цвітуць.

Біра-Біджан, 13-VI-33 г.

Пераклад з рускай мовы Сяргея ГРАХОЎСКАГА.

 

Апублiкавана 15.10.2018  22:53

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (86)

Шалом наноў! Некалькі слоў пра юбілеі гэтага года, расквечанага не толькі стагоддзем БНР.

Гадоў 25 цікаўлюся лёсам беларускага яўрэйства ўвогуле, дый асобных яўрэяў таксама. У 2000-х гадах – з пралазам у пачатак 2010-х – цікавіўся і шахматнай кампазіцыяй, сам сёе-тое складаў, браў удзел у конкурсах рашэнняў (праўда, без вялікіх поспехаў). Вынік – нешта ведаю пра кампазітараў, асабліва тых, каторыя былі да таго ж беларускімі яўрэямі 🙂

Сёлета дваім з іх споўнілася б 120. Гэта Майсей Нейман з Веткі і Ісак Кацэнеленбоген з Оршы. Абодва даволі рана пакінулі Беларусь, кінулі якар у Расіі; першага жыццё лупцавала менш. Майсей Барысавіч стаў доктарам навук – адным з найкруцейшых савецкіх фізікаў – і памёр сваёй смерцю ў 1967 г. Ісак Давідавіч, бухгалтар і таленавіты шахматны літаратар, загінуў на фронце ў фатальную восень 1941 г.

120 гадоў было б сёлета і пісьменніку Рыгору Кобецу (ураджэнец Украіны, частку жыцця правёў пад імем Міхаіл Сандыга). Ён вядомы найперш як асноўны сцэнарыст легендарнай стужкі кінафабрыкі «Савецкая Беларусь», а менавіта «Шукальнікаў шчасця», знятых у 1936 г. Аднак заслугоўваюць увагі і яго ранняя п’еса «Гута» (гэта не імя, а сінонім шклозавода), і адна з першых у беларускай літаратуры аповесць пра ГУЛаг «Ноеў каўчэг», напісаная ў 1960-х гадах. Пісьменнік блукаў па свеце, саветы яго арыштоўвалі і доўга трымалі ў Сібіры, але большую частку жыцця (1898–1990) яму выпала шукаць шчасця тут, у Беларусі.

Мы з жонкай былі добра знаёмыя з дачкой Р. К., пісьменніцай Аленай Кобец-Філімонавай (1932-2013), да ейнага ад’езду ў Расію пад канец 2011 г. не раз гасцявалі ў яе вялікай кватэры на Танка, 4. Апошнія гады яна змагалася за рэпутацыю свайго бацькі; на яе думку, тэатразнаўцы недаацэньвалі Кобеца, а літаратуразнаўцы скажалі факты ягонай біяграфіі. У 25-30 гадоў да ейных высілкаў я ставіўся не без іроніі (Алена Рыгораўна пісала ў розныя СМІ рэплікі і падрабязныя адказы з нагоды, як мне здавалася, малазначных публікацый), часам нават асцярожна з ёй спрачаўся. Зараз думаю – у прынцыпе, слушна сябе паводзіла, бацька ёсць бацька. Прыпамінаю, яна і з Заірам Азгурам не пабаялася судзіцца ў пачатку 1990-х за тое, што ён аднойчы далучыў Рыгора Кобеца да крымінальнага свету, мо і не наўмысна…

Аднойчы Алена Рыгораўна прачытала колькі радкоў з вершаванага беларускамоўнага твору свайго бацькі, прысвечанага эміграцыі еўрапейскіх яўрэяў у Зямлю Ізраіля. Я папрасіў урывак або ўсю паэму для публікацыі ў бюлетэні «Мы яшчэ тут!», але чамусьці не склалася. Потым я забыўся на гэты твор, і во надоечы знайшоў «Палестыну» ў даваенным часопісе «Полымя рэвалюцыі». Твор цікавы і сам па сабе, і таму, што адкрывае Кобеца з даволі нечаканага боку – як паэта (даведнік «Беларускія пісьменнікі» са спісам публікацый Р. К. нічога, аднак, не паведамляе пра «Палестыну»).

Мог бы перанабраць для belisrael.info тэкст з часопіса, калі будзе цікавасць чытачоў. А як яе змераць? Прачытаўшы гэтую серыю, напішыце мне ліст на e-mail з пазнакай «Кобец» або пакіньце адпаведны камент на FB-старонцы рэдактара сайта. Калі паступіць пяць запытаў цягам двух тыдняў – пайду насустрач, калі не – тады даруйце, шаноўныя, іншых спраў хапае.

Кніга Алены Рыгораўны пра Р. Кобеца (Мінск: Кнігазбор, 2006), якую часткова набіраў; здымкі з гэтай кнігі.

Цікавыя ўспаміны пра Кобеца пакінуў пісьменнік Гірш (Рыгор) Рэлес – аказваецца, ягоны калега-цёзка і ў рабіна служыў, і ідыш ведаў, і браў удзел у абароне яўрэйскага мястэчка ад пагрому… (праўда, наўрад ці ў 16-гадовым узросце, як пісаў Рэлес; хутчэй за ўсё, пад канец 1910-х гадоў).

Неяк сімвалічна, што ў газеце «Літаратура і мастацтва» на адной старонцы ў 1988 г. былі змешчаны паведамленні пра юбілей Кобеца і пра заснаванне Мінскага таварыства аматараў яўрэйскай культуры, пазней вядомага як МОЕК.

Знакам тым, скора МОЕКу – 30 гадоў, з чым я і віншую тых нямногіх пачынальнікаў таварыства, якія сярод нас засталіся. Якаў Гутман і Леанід Зубараў – у ЗША; у Беларусі жывуць Фелікс Хаймовіч (Баторын) і Юрый Хашчавацкі, а мастак Зіновій Марголін, здаецца, працуе ў Расіі. Усім, апрача Марголіна, за 70. Адышлі ў лепшы свет Заір Азгур, Юдзіф Арончык, Эстэр Блушчынская, Яўсей Вайнруб, Леў Гарэлік, Май Данцыг, Міхаіл Звераў, Міхась Клейнер, Абрам Жаніхоўскі, Леанід Левін, Гірш Рэлес, Майсей Свірноўскі, Арон Скір, Дзіна Харык… пра астатніх не ведаю. Дый пра сучасны МОЕК мала што ведаю, але добра, калі там збіраюцца ідышысты, калі кіраўніцтва шануе, напрыклад, творчасць Мендэле Мойхер-Сфорыма. У снежні 2017 г. на тэрыторыі мінскага яўрэйскага абшчыннага дома адбылася вечарына, прысвечаная «дзядулю» ідышнай літаратуры, з чынным удзелам Інэсы Ганкінай ды Алеся Астравуха. Актывісткі арганізацыі наведалі і Капыль, калі там 23.08.2018 адкрывалі дошку ў гонар Мендэле – на жаль, без тэксту на ідышы (рак беларусіт, іўрыт вэангліт).

Агулам, з «палітыкай памяці» не ўсё блага ў Беларусі – ёсць, ёсць станоўчыя зрухі параўнальна з пачаткам 2000-х гадоў. Вось і на Нямізе сёлета павесілі дошку з кароткім расповедам пра Халодную сінагогу ХVI cт., разбураную ў сярэдзіне 1960-х. Не прайшло і 18 гадоў з моманту абяцання… 🙂

З газеты «Авив», № 11-12, 2001; фота 20.09.2018

Можа, к 2035 г. і да вуліцы Валадарскага ва ўладаў рукі дойдуць? 🙂 🙂 Я пра Міхоэлса & БНР.

Мемарыялізацыя – справа карысная, але мяне абыходзіць тое, што можна было б і аднавіць гістарычна каштоўную сінагогу, а не проста павесіць шыльду (дарэчы, з розначытаннем у беларускай і англійскай версіях…). Зараз няма каму маліцца? Лухта; хапае ў Мінску іудзеяў; малельня на Даўмана напаўняецца і перапаўняецца, прынамсі на восеньскія святы, сам бачыў на Ём-Кіпур. А так… cтаўленне да спадчыны чымсьці нагадвае кітайшчыну. Прачытана ў артыкуле пра паўночна-заходні край Кітая, дзе пад наглядам КПК існуюць уйгуры: «Ля крамы… раней стаяў тандыр, дзе пяклі найсмачнейшыя ў горадзе праснакі. Я пазнаў месца – яго ўпрыгожылі масіўным бронзавым помнікам, які ў натуральную велічыню выяўляў і праснак, і пекара. Ля бронзавага тандыра фотаграфаваліся турысты».

* * *

Нарэшце атрымаў я з Канады фаліянт, які чакаў з ліпеня. Важыла адпраўленне амаль 1 кг, было ацэнена ў 100$, і на пошце выпала заплаціць немалы збор. Чаму так адбываецца (ганаровы член Саюза беларускіх пісьменнікаў плаціць, дасылае сваю кнігу з подпісам – не тавар! – проста члену СБП, дык атрымальнік мусіць яшчэ выкупіць сваё права культурна развівацца) – гэта пытанне не да «Белпошты», яна і так праз абсурдныя правілы за год страціла звыш 2 мільёнаў долараў. Хіба да тых, хто развёў у краіне тысячы ідэолагаў з добрым апетытам і ККД паравоза…

 

Аналізаваць твор З. Гімпелевіч тут не стану, скажу адно: прыемна, калі на цябе спасылаюцца. Гаворка пра артыкулы кшталту «Янка Купала і яўрэі» (1998–2001), «Яўрэйскія персанажы і матывы ў творчасці Уладзіміра Караткевіча» (2005).

Сёлета яшчэ адзін сюрпрыз паднёс орган адміністрацыі прэзідэнта РБ. У матэрыяле «да 100-годдзя пагранічнай службы Беларусі» ветлівы незнаёмец Сяргей Галоўка працытаваў маю кніжку 2012 г. «З гісторыі Беларусі шахматнай». Што ж, «алаверды», крыху папіяру ягоны матэрыял: ахвотныя здагадаюцца, адкуль ён узяты, і дачытаюць да канца.

Што збянтэжыла ў сеціве – допіс культуролага (культуралагіні?) Юліі Ч., пабудаваны на думцы Cяргея Даўлатава, узятай за эпіграф: маўляў, савецкія людзі за Сталіным напісалі чатыры мільёны даносаў, і праз гэта ўсе злыбеды… А цяпер у Беларусі «некаторыя вернікі», якія выступаюць супраць оперы «Саламея», крочаць шляхам тых даносчыкаў.

Я б мо і не звярнуў увагі на эмацыйны артыкул ад Ч., калі б: а) ён не быў змешчаны на «мегапапулярным» партале; б) аўтарка з навуковай ступенню ўпершыню тыражавала гістарычныя міфы. Але ж не ўпершыню… Не палюбляю, калі пафасам падмяняецца недахоп ведаў і крытычнага мыслення.

Пра маштаб і ўплыў даносаў. Летась мудра выказалася Кацярына Шульман: «пра чатыры мільёны даносаў Даўлатаў казаў на падставе невядома якіх звестак… Машына рэпрэсій у 30-я гады працавала зусім не на даносах. Больш за тое, гледзячы па архівах, іх выкарыстанне органамі НКУС не заахвочвалася, і зразумела чаму – гэта ж самадзейнасць. Машына рэпрэсій працавала паводле прынцыпу сеціва: бралі аднаго чалавека, з яго выбівалі паказанні на іншых, бралі іншых, з іх выбівалі – і г. д. Так шло пашырэнне гэтага кола, машына стварала ворагаў для самой сябе, а на наступным этапе знішчаліся ўжо арганізатары. Даносы былі, але значнай ролі не гралі». Сёлета – Ірына Прохарава: «Я ў свой час размаўляла з нябожчыкам Арсенем Рагінскім, адным са стваральнікаў “Мемарыяла”. Я яго спытала: ну вось уся краіна пісала даносы. Ён кажа: дзіўным чынам працэнт даносаў ад грамадзян быў нікчэмна малы. Таму што гэтыя пасадкі былі планавыя. Пісалі, вядома, але вось гэтыя мільёны даносаў – перабольшанне… Нават у самы страшны час уяўленні нейкія базавыя пра мараль у грамадстве былі». Каму верыць – рашайце самі. Я ў гэтым пытанні веру ўсё ж расійскім інтэлектуалкам… Тым болей што далей Ч. падганяе факты пад сваю «канцэпцыю»: «Усе пагромныя сталінскія і паслясталінскія кампаніі пачыналіся з лістоў працоўных: напіша якая-небудзь Лідзія Цімашук ліст пра дактароў-забойцаў – і пайшло-паехала. Напіша які-небудзь токар або пекар: Я Пастарнака не чытаў, але асуджаю – і пачалася вакханалія». Падобна да праўды, але зусім не праўда; каб даведацца пра прычынна-выніковыя сувязі ў 1952 і 1958 гг., курыце хаця б «вікі» (тут і тут).

Падтэкст у артыкуле Ч., на жаль, такі: вінаваты ў рэпрэсіях «народ», а не кіраўніцтва, і не варта ўвогуле «людзям нізкага звання» публічна выказваць свае несамавітыя думкі. Ясна, гэткі фанабэрлівы падыход дыскрэдытуе любую «вольную пляцоўку», на якой ужываецца. На розум адразу прыходзяць радкі стогадовай даўніны: «Поскребите либерала, / Перед вами – крепостник!»

І каб ганарліўцы/ганарліўкі псавалі жыццё толькі сабе… Дык жа самі ўсяго баяцца і іншых пужаюць: не даносчыкамі, дык інтэрнэт-тролямі. Адна такая пазбавіла работы на «Белсаце» Івана Шылу, калі ён 19.09.2018 змясціў у сваім FB-акаўнце фота з бяскрыўдным подпісам «Злева – прэзідэнт Польшчы».

На калажы справа – дасціпны адказ ад Алега Барцэвіча

Нязменная з 2009 г. дырэктарка «Белсата», перш чым выгнаць жартуна Шылу, прачытала яму проста феерычную натацыю:

Працяг тут. З іншага боку, навошта самастойны малады чалавек (валодае клінінгавай фірмай, адпачывае ў Францыі) 2 гады таму пацёгся на той тэлеканал, з якім ужо ў 2015 г. усё было зразумела?.. Увесну 2018 г. мяне запрашалі на адну белсатаўскую перадачу, абяцалі аплаціць дарогу да Вільні. Адмовіўся, і не шкадую.

«Вольфаў цытатнік»

«Асоб, зацікаўленых у захаванні “беларускай мадэлі”, многа, і супраціўляцца рэформам яны будуць апантана. Каму – крызіс, а каму “беларуская мадэль” – дойная корова… Аналаг нашай сітуацыі. На афрыканскую вёску насоўваецца ўраган. Шаман на вясковай плошчы мармыча заклёны, натоўп хорам яму падпявае. Самыя прасунутыя жыхары абмяркоўваюць, ці не варта змяніць шамана. А ўраган тым часам насоўваецца» (Аляксандр Абуховіч, 14.09.2018).

«Доўгае існаванне ў неканкурэтным асяроддзі забівае любога спецыяліста. Які б вы ні былі на ўваходзе разумны і кампетэнтны, і адукаваны, калі вы не будзеце знаходзіцца ў пастаянных канкурэтных зносінах са сваімі калегамі, то атупееце так, што вас родная мама не пазнае» (Кацярына Шульман, 18.09.2018).

«Вельмі часта сустракаецца ў свеце, што разумнікі аддаюць сябе ў рукі дурням і даюць ім сабою кіраваць» (Мендэле Мойхер-Сфорым, «Маленькі чалавечак, або Жыццяпіс багатыра Іцхака-Аўрома», 1863)

Вольф Рубінчык

wrubinchyk[at]gmail.com

21.09.2018

Апублiкавана 21.09.2018  20:25

***

Водгук
«Вылажыце Кобеца – буду ўдзячны. Але тут вось якая справа (яна не да Вас, а “ў паветра”). Неяк знайшоў на прасторах рунета цікавы сайт:  (ёсць там і сёе-тое пра шахматы: Виктор Корчной. Антишахматы, і ўспаміны пра ГУЛаг , і іўдаіка , і многае іншае). У байнэце нешта падобнае раскідана па http://knihi.com/http://kamunikat.org/ і шмат якім яшчэ сайтам. Было б добра, калі б усё было ў адным месцы (на жаль, сам гэтаму праекту нічым, акрамя голай ідэі, не дапамагу). Магло б там і з’яўляцца сёе-тое, што знікла з кнігарняў, але, ўлічваючы складанасці з аўтарскім правам, гэтая опцыя неабавязковая» (Пётр Рэзванаў, г. Мінск, 24.09.2018).
От администратора сайта. Можно много чего сделать, но все стоит денег. В последние дни получил письмо от хостинговой компании с предупреждением: Bandwidth usage reached 75% of hosting plan capabilities. Я уже как-то доплачивал, чтоб эта норма была увеличена в 2 раза, затем еще некоторую сумму. И получается, что чем популярнее сайт, тем больше за него надо платить. Не говоря о том, что в начале года надо будет выложить немалую сумму за продление хостинга. Но народ упорно ничего не хочет знать, при том, что есть масса пользователей, для которых оказать помощь, как раз плюнуть.  Я, конечно, не бедствую, хотя приходится дополнительно напрягаться, поскольку несу немалые расходы по жизни, да и вообще у меня было много тяжелых финансовых потерь, но придумав идею сайта, который начинал как хобби, и тогда особо не задумывался, что он превратится в огромное дело, отнимающее массу времени, усилий, нервов, да и своих финансов. И до меня абсолютно не доходит почему почти все решили, что это некая халява для них. Могли бы и посетители сайта, особо из Беларуси, кому он важен, но не могут помочь, написать на эту тему материал.   24.09.2018  16:27

Зяма Півавараў – кінакрытык

Як вынікае з біяграфічнага нарыса і бібліяграфіі, змешчаных у томе 5 слоўніка «Беларускія пісьменнікі» (Мінск: БелЭН, 1995; гл. ніжэй), ураджэнец Усходняй Беларусі Залман Рувімавіч Півавараў вядомы перадусім як паэт. М. Караткоў заўважыў, што З. Півавараў «выступаў у друку таксама як тэатральны рэцэнзент». Разам з тым, у час працы ў «Чырвонай змене» паэт адгукаўся і на некаторыя фільмы, г. зн., наколькі тое дазваляў газетны фармат, выступаў у якасці кінакрытыка.

Далей прапануюцца два выпадкова знойдзеныя артыкулы Зямы Піваварава, якія раней не фігуравалі ў яго бібліяграфічным спісе. З іх можна здагадацца, што чалавек ён быў добразычлівы, заўвагамі не злоўжываў… Праз маладосць паспеў выпусціць толькі адзін зборнік вершаў на беларускай мове (1934). Арыштаваны быў у лістападзе 1936 г., так што, магчыма, рэцэнзія на фільм «Дзяцей капітана Гранта» – апошняя публікацыя З. П. Хто ведае, якіх вышынь ён бы дасягнуў, калі б не быў расстраляны ва ўзросце 27 гадоў?

Шэраг цікавых вершаў Піваварава можна знайсці на прысвечанай яму старонцы ў фэйсбуку. У канцы кастрычніка 2017 г. паэт і даследчык літаратуры Віктар Жыбуль прачытае адкрытую лекцыю пра Піваварава ў мінскай кнігарні «Логвінаў» – праект «(Не)расстраляная паэзія» ўпэўнена рушыць уперад. Я пастараюся быць.

В. Рубінчык

* * *

«Шукальнікі шчасця»

Пра яўрэйскую совецкую аўтаномную рэспубліку Бірабіджан не было яшчэ дагэтуль значнага твору, асабліва ў кінематаграфіі.

Асобныя кінонарысы пра Бірабіджан не маглі задаволіць гледача. Хацелася большага, поўнакроўнага паказу гэтага цудоўнага краю і яго людзей.

Новы твор вытворчасці Белдзяржкіно «Шукальнікі шчасця» з’яўляеццца значным укладам у нашу кінематаграфію не толькі таму, што ён закранае амаль нікім дагэтуль яшчэ нераспрацаваную тэму пра совецкі Бірабіджан, а іменна таму, што фільм, не гледзячы на свой просты сюжэт, прымушае глядача хваляваацца, абурацца, радавацца.

Параход ідзе ў Бірабіджан. Пасажыры яго рознастайныя: тут і Піня з Польшчы, тут і яўрэі з Палестыны, тут і сям’я ўдавы, старой Двойры. Усе яны едуць у Бірабіджан. Кожнаму хочацца знайсці шчасця. Але кожны разумее гэта шчасце па-свойму. Яўрэй з Палестыны грае на кларнеце старую яўрэйскую клерыкальную мелодыю «Плач Ізраіля», нібы аплакваючы сваю адарванасць ад жыцця. Ён не ведае дзе можн знайсці сваё сапраўднае шчасце. І калі ён пачуў, што ў гэтым краі трэба карчаваць дрэвы, змагацца з тайгой – ён адмаўляецца ад Бірабіджана.

Піня з Польшчы (засл. арт. рэспублікі Зускін) пачуў з газет, што адзін калгаснік Бірабіджана недалёка ад свайго калгаса «Ройтэ фэлд» знайшоў вялікі самародак золата. А золата з’яўлялася ўсёй марай яго жыцця. Таму ён згаджаецца застацца ў Бірабіджане.

Вобраз Піні, чалавека, які ўсё вымярае на грошы, гатоў пайсці за іх на самае зверскае злачынства, паказан у фільме з усёй пераканаўчасцю.

У самым пачатку, па аднаму яркаму штрыху, адразу можна пазнаць гэтага чалавека. Ён задае наіўнае на першы погляд пытанне: «Колькі можа каштаваць гэты параход, на якім ён едзе». І далей гэты вобраз устае перад намі яшчэ ярчэй. Ён прыехаў у Бірабіджан не для таго, каб сумленна працаваць, перамагаць стыхію прыроды, карчаваць тайгу, як гэта робіць сям’я старой Двойры, як гэта робіць Карней. Піняй валодае дробна-буржуазная стыхія: «Навошта мне працаваць? – кажа ён, – у мяне ёсць розум». Ён не працуе, а вечна капаецца ў пясках, каб здзейсніць сваю заветную мару – знайсці золата.

Аднойчы сын Двойры – Лёва – знайшоў Піню з яго залатой здабычай і прапанаваў яму аддаць самародак (насамрэч намыты «залаты пясок», які потым выяўляецца падманкай – belisrael.info) праўленню калгаса, Піня не згаджаецца. Гэта-ж мара ўсяго яго жыцця – яго шчасце. Каб унікнуць непрыемнасцей, ён хоча падзяліць з Лёвай гэту каштоўную знаходку.

Лёва – сумленны, адданы член свайго калектыва. Ён не ідзе на такі кампраміс. У Піні хапае лютага зверства падняць лапату і ўдарыць Лёву па галаве. Гэта адзін з інтрыгуючых момантаў фільма. Глядач шкадуе забітага Лёву. Але ён не забіт, ён толькі цяжка ранен.

Піня шукае ратунку. Ён хоча прабрацца за граніцу, яго, гэтага подлага чалавека, выкрываюць.

Зусім асобнае месца займае ў фільме сям’я старой Двойры. Яе сын Лёва і дачка Роза – лепшыя людзі калгаса, закліканыя будаваць сваё сапраўднае шчасце. Двойра (народная артыстка Блюменталь-Тамарына) перанесла на сваіх плячах увесь цяжар капіталістычнай эксплоатацыі. Яна старая, жыць хоча па-новаму. Праўда, за яе плячыма – груз старых рэлігійных традыцый. Яна не хацела, каб яе дачка Роза вышла за рускага – Карнея. Але самыя абставіны, само жыццё падказвае старой Двойры, што ў гэтым нічога няма дрэннага. Яна нарэшце згаджаецца, каб Карней стаў мужам яе Розы.

Вяселле Карнея і Розы з’яўляецца фінальнай сцэнай у фільме.

Успаміны старой Двойры аб яе ранейшым, жабрацкім жыцці, аб тым, як яна рэзала селядцы на маленечкія кавалкі як сваё ўласнае сэрца, бо пад рукі ёй глядзелі яе галодныя дзеці; яе словы аб шчаслівым жыцці ў калгасе, – усё гэта напоўнена хвалюючай лірычнай сілай.

Праз паказ аднаго калгаса, нават адной сям’і, рэжысер Корш і аўтары сцэнарыя – заслужаны дзеяч мастацтва Рыгор Кобец і Іоган Зельцар – адлюстравалі новых людзей, якія будуюць шчаслівае жыццё ў Бірабіджане.

Фільм «Шукальнікі шчасця» гучыць як трыумф перамогі ленінска-сталінскай нацыянальнай палітыкі.

З. ПІВАВАРАЎ

(«Чырвоная змена», 21.05.1936)

«Дзеці капітана Гранта»

«Дзеці капітана Гранта» – мастацкі твор для дзяцей, які чытаюць і глядзяць на сцэне з вялікім задаваленнем не толькі дзеці, але і дарослыя.

Рэжысер Вайншток стварыў каштоўны фільм «Дзеці капітана Гранта» па раману Жуль Верна. Характэрнымі рысамі для творчасці Жуль Верна з’яўляецца паказ валявых людзей, якія заўсёды імкнуцца дасягнуць сваёй мэты, перамагаючы на сваім шляху перашкоды.

І нядарма наша дзетвара і зараз зачытваецца творамі гэтага пісьменніка. Яны будзяць у яе высокія пачуцці, загартоўваюць волю.

Фільм не перагружан прыгодніцкімі эпізодамі. Рэжысер і сцэнарыст імкнуліся абыйсці многія, нават вельмі яркія моманты, якія ёсць у рамане, каб не затармазіць дынаміку падзей, ярчэй паказаць імкненні герояў да іхняй мэты.

Нескладанасць сюжэту «Дзяцей капітана Гранта» дапаўняецца яркасцю паасобных эпізодаў і дэталей.

Экіпаж яхты «Дункан» ля берагоў Шатландыі даведаўся пра катастрофу карабля «Брытанія». Уладар яхты «Дункан» Эдуард Гленарван зацікавіўся тым, каб знайсці бясследна прапаўшага адважнага капітана Гранта. Ён звярнуўся ў адміралцейства за дапамогай. Але адміралцейства бяздушна аднеслася да просьбы і адмовіла ў дапамозе.

І Гленарван вымушан быў на сваёй яхце «Дункан» адправіцца на пошукі капітана. З ім адпраўляюцца дзеці капітана Гранта – Роберт і Меры, яго жонка Элен, яго прыяцель Мак-Наблс і выпадковы чалавек, які папаў на яхту, – географ Паганель. Гэта было небяспечнае і рызыкоўнае падарожжа, поўнае прыгод.

У фільме асабліва яркімі эпізодамі трэба лічыць наступнае: момант, калі арол схапіў Роберта і высока ўзняўся з ім; паказ манументальнай фігуры індыйца, які забіў арла.

Глядача абурае здрадніцтва Айрнтона, заядлага ворага капітана Гранта, які пад выглядам дапамогі экіпажу, перашкаджаў каравану прасоўвацца далей, атручваючы быкоў.

Цэнтральным месцам у фільме з’яўляецца адвага, спрытнасць сына капітана Гранта – Роберта.

Трэба зазначыць, што вучоны географ Паганель (артыст Чэркасаў) падан шаржыравана. Яго адважныя замыслы выклікаюць часамі проста смех, і глядач мала верыць у яго планы. Таму песня, якую ён спявае пасля вялікай катастрофы, проста навязваецца чытачу і з’яўляецца штучнай.

Каляровасць пейзажаў макетнага характару ўспрымаецца як нешта падменнае, а не як рэальнае і цікавае.

У вогуле фільм трэба лічыць добрым, не гледзячы на некаторыя недахопы, якія, безумоўна, ёсць у ім.

З. ПІВАВАРАЎ

(«Чырвоная змена», 21.10.1936)

P.S. З пачатку верасня 2017 г. у межах «(Не)расстралянай паэзіі» прачытаныя ўжо тры лекцыі: пра Юлія Таўбіна, Майсея Кульбака і Юрку Лявоннага (Леаніда Юркевіча). Наступная імпрэза пройдзе ў Мінску 22.09.2017 і будзе прысвечана Анатолю Вольнаму (Ажгірэю; 1902–1937).

Апублiкавана 16.09.2017  23:53