Чаму Беларусі варта ўвекавечыць памяць Міхоэлса

Вольф Рубінчык

МІХОЭЛС (сапр. прозвішча Воўсі) Саламон Міхайлавіч (1890–1948), расійскі акцёр, рэжысёр, педагог, народны артыст СССР (1939). На сцэне з 1919. Працаваў у Маскоўскім дзяржаўным яўрэйскім тэатры (з 1929 мастацкі кіраўнік). Сцэнічныя стварэнні Міхоэлса вылучаліся філасофскай глыбінёй, тэмпераментам, вастрынёй і манументальнасцю формы. Сярод роляў: Лір («Кароль Лір» Шэкспіра), Тэўе-малочнік («Тэўе-малочнік» па Шолам-Алэйхему). Паставіў «Фрэйлэхс» (1945) і інш. Дзяржаўная прэмія СССР (1946). Забойства Міхоэлса было арганізаванае Міністэрствам дзяржаўнай бяспекі (МГБ).

(энцыклапедыя «Кірыла і Мяфодзія»)

Многія небеспадстаўна лічаць: Рэспубліка Беларусь мусіць узяць на сябе пэўную адказнасць за тое, што яе папярэдніца, БССР, не зберагла вялікага артыста (а міністр дзяржбяспекі БССР Цанава спрычыніўся да «ліквідацыі» Міхоэлса і Голубава). Так, ізраілец Аляксандр Розенблюм пісаў: «Чаму нельга устанавіць дошку там, дзе злачынства адбылося? Зразумела, і надпіс на дошцы павінен быць адпаведным: “Тут 13 студзеня 1948 года сталінскія бандыты забілі Народнага артыста СССР Саламона Міхоэлса”» («Мы яшчэ тут!», № 7, май 2005). Яшчэ раней да абмеркавання тэмы далучыўся мінчук Анатоль Сідарэвіч: «Беларусі трэба ўшанаваць памяць Міхоэлса. Гэта было б знакам удзячнасці за тое, што ён зрабіў дзеля перамогі над гітлерызмам. Гэта было б і актам пакаяння за тое, што дапусцілі забойства актора на сваёй зямлі» («Наша Ніва», 10.01.2003).

Штогод у студзені ў беларускай прэсе з’яўляюцца артыкулы пра забойства (асабліва шчыраваў Ігар Кузняцоў), аднак колькасць не пераходзіць у якасць. Нядаўна Алесь Матафонаў зняў «дакументальны фільм» пра апошнія дні акцёра. Адзін з кіраўнікоў Саюза бел. яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын надае забойству Міхоэлса ледзь не касмічнае значэнне – маўляў, пасродкам гэтага злачынства Сталін жадаў справакаваць Трэцюю сусветную вайну… У выніку запанаваў погляд на Міхоэлса выключна як на ахвяру. Забыўся ўнёсак С. Міхоэлса ў беларускую культуру, навязваецца пункт гледжання, паводле якога акцёра з Беларуссю лучыць толькі месца гібелі – Мінск (ну і таварыскія дачыненні з некаторымі калегамі ў Беларускім дзяржаўным яўрэйскім тэатры). Артыкул «Міхоэлс» у «Беларускай энцыклапедыі» (т. 10, Мінск, 2000. С. 487) адпавядае гэтай канцэпцыі. Дарэчы, у энцыклапедыі памылка: Міхоэлс быў старшынёй «яўр. антыфаш. камітэта» не ў 1941–1945, а ў 1942–1948 гг.

У канцы 1990-х беларускі ўрад да 50-годдзя гібелі Міхоэлса кінуў яўрэям «костку» – пастанову № 322 ад 3 сакавіка 1998 г.: «1. Міністэрству культуры, Мінскаму гарвыканкому ў 1998 годзе ўстанавіць мемарыяльную дошку С. М. Міхоэлсу на будынку Дзяржаўнага акадэмічнага рускага драматычнага тэатра імя М. Горкага. 2. Аплату расходаў на праектаванне і стварэнне скульптурнай часткі мемарыяльнай дошкі ажыццявіць са сродкаў Міністэрства культуры, на ўстаноўку дошкі – са сродкаў Мінскага гарвыканкома. Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь С. Лінг.» (фотакопія была змешчана ў газеце «Авив» за сакавік 1999 г. – без каментарыяў). Відавочна, гэтая пастанова была своеасаблівай кампенсацыяй за адмову вярнуць яўрэйскім суполкам будынак тэатра – былую Харальную сінагогу. Аднак чыноўнікі ніжэйшага рангу вырашылі спусціць справу на тармазах, што ім удалося…

Пазіцыя тых, каму не патрэбная дошка, сцісла выкладзеная ў лісце дэпутаткі Мінгарсавета Ірыны Яўгенаўны Родзік ад 31.05.2007 (цытую ў перакладзе з рускай): «Паводле супрацоўнікаў літаратурнага аддзела Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, Саламон Міхоэлс, вялікі яўрэйскі акцёр і рэжысёр, з’яўляецца адным з заснавальнікаў (1925 г.) і з 1929 г. мастацкім кіраўніком Маскоўскага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра.

Заснавальнікам і да 1939 г. нязменным кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага з’яўляўся Уладзімір Уладзіміравіч Кумельскі, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР.

У 1948 годзе С. Міхоэлс прыехаў у Мінск ад камітэта па Сталінскіх прэміях для прагляду прапанаваных на прэмію спектакляў, загінуў у студзені 1948 г. пад Мінскам.

Такім чынам, памятная дошка С. Міхоэлсу на будынку Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага не можа быць усталяваная».

Значыць, «вялікі»-то «вялікі», але для яўрэяў і маскоўцаў, не для «нашых людзей».

Зрушыць справу з мёртвай кропкі магла б дапамагчы іншая аргументацыя. Галоўным у хадайніцтвах мусіць стацца не тое, што Міхоэлс тут загінуў, а тое, што ён тут нямала папрацаваў. Яго праца была прызнана і высока ацэнена беларускімі ўладамі ўжо ў 1920-я гг.

У ліпені 1923 г. у Менску гастраляваў маскоўскі Дзяржаўны яўрэйскі камерны тэатр са спектаклямі «Агенты», «Вядзьмарка», «Мазель тоў» і інш. Выступы спадабаліся публіцы і крытыкам: прынамсі гэта вынікае з рэцэнзій у «Звезде». «Нельга не адзначыць яркі сакавіты талент Міхоэлса», – пісалі, напрыклад, пра выкананне ім ролі Гоцмаха («Звезда», 14.07.1923). Больш за тое, на развітанне тав. Баліцкі (намеснік народнага камісара асветы) прачытаў «пастанову ЦВК [БССР] пра наданне яўрэйскаму дзяржаўнаму камернаму тэатру звання секцыі Беларускага акадэмічнага тэатра» («Звезда», 09.08.1923). То бок дэ-юрэ Міхоэлс зрабіўся беларускім артыстам! У 1930-х ён граў ролю ў фільме «Вяртанне Нейтана Бэйкера» вытворчасці кінастудыі «Савецкая Беларусь», выступаў кансультантам аднаго з найвядомейшых беларускіх фільмаў «Шукальнікі шчасця»…

З улікам усіх гэтых звестак, важна, каб шыльда вісела іменна ў (на) будынку былога яўрэйскага, а цяперака рускага тэатра ў Мінску па вул. Валадарскага, 5. Магчыма, гэтаму паспрыяе М. Мясніковіч, у канцы 2010 г. прызначаны прэм’ер-міністрам РБ. У 1998 г. ён кіраваў адміністрацыяй прэзідэнта і яўна быў у курсе гісторыі з паперай Лінга: яму не выпадае «адкруціцца» («я чалавек новы», «дайце разабрацца…»). Да таго ж хочацца верыць, што доўгія гады сядзення ў прэзідыуме Акадэміі навук неяк наблізілі обер-чыноўніка да навукі і культуры.

Дошка на месцы забойства – утопія, бо ніхто дакладна не ведае таго месца (дача Цанавы?). Трупы Міхоэлса і ягонага спадарожніка Голубава-Патапава 13 студзеня 1948 г. былі знойдзены на рагу Ульянаўскай і Беларускай. Напэўна, усталяванне там памятнага знака з надпісам, падобным да таго, што прапанаваў быў А. Розенблюм, мела б сэнс, але – толькі як сведчанне добрай волі беларускай дзяржавы. Гэтак урад сімвалічна падвёў бы рысу пад палітыкай дзяржаўнага тэрарызму.

(Паводле кнігі «На яўрэйскія тэмы», Мінск, 2011).

Пасляслоўе ад 05.11.2014. З моманту выхаду маёй кнігі прайшло больш за тры гады – за гэты час урад ніякай дошкі так і не павесіў. І вось у кастрычніку 2014 г. я выпадкова даведаўся, што група яўрэяў з Мінска хоча зноў «узняць гэтае пытанне» у Мінгарвыканкаме. Дзе была надрукавана пастанова Савета міністраў, яны не ведалі, – ну вядома ж, навукова-папулярныя кніжкі чытаць неабавязкова! Калі я параіў пашукаць газету «Авив» за сакавік 1999 г., яны пайшлі ў бібліятэку «Хэсэда», пакорпаліся ў падшыўцы, але пастанову не знайшлі, бо яна была надрукавана на 2-й старонцы газеты, а зірнулі толькі на 1-ю… Такія вось «актывісты», і вынік іхняга паходу да «мэра» Мінска даволі прадказальны.

Нядаўна, як ужо ведаюць чытачы belisrael.info, я пабываў у Кіеве. Што сказаць? Пры падабенстве стартавых пазіцый на пачатку 1990-х кіеўскія яўрэі к 2014 г. дабіліся значна большага, чым мінскія. У сталіцы Украіны дзейнічаюць выдатна адрамантаваныя сінагогі, пры іх – ешывы, кашэрныя крамы… Уражвае яўрэйскі абшчынны цэнтр імя Ларысы Раднянскай, адкрыты ў 2012 г., на тэрыторыі якога і праходзіў семінар ідышыстаў. Лічу важным тое, што пры цэнтры працуе гасцініца, дзе задавальняюцца патрэбы рэлігійных яўрэяў (напрыклад, ёсць спецыяльныя награвальныя прыборы для Шабесу, а вось ліфт на суботу адключаецца). У горадзе ёсць і яўрэйскія рэстараны, асабіста я заходзіў у «Такі да» на Шчакавіцкай, 29 і «Цымес» на Сагайдачнага, 5/10. У 1997 г. быў адкрыты помнік Шолам-Алэйхему (мінчукі, дзе ў нас помнік Майсею Кульбаку, ці хоць дошка ў яго гонар?), у 2009 г. – дзяржаўны музей Шолам-Алэйхема. А пры Кіева-Магілянскай акадэміі існуе Цэнтр даследаванняў гісторыі і культуры ўсходнееўрапейскага яўрэйства, куды мы, удзельнікі семінара, хадзілі на экскурсію – і атрымалі ад дырэктара ў падарунак дыхтоўныя выданні. І кнігам суполкі «Шах-плюс», і прадукцыі тав. Шульмана з Віцебска да іх далекавата.

Безумоўна, на Украіне хапае антысемітаў і праяваў антысемітызму, але ў яўрэяў не заўважаў я панурасці, характэрнай для многіх тутэйшых… Украінскія яўрэі – прынамсі «актывісты» – не чакаюць, што нехта прыйдзе і падкажа ім, што трэба рабіць. Думаю, многае тлумачыць выказванне кіраўніка Ваада Украіны Іосіфа Зісельса ў газеце «Хадашот» за чэрвень-ліпень 2014 г.: «Я хорошо помню дискуссию на втором съезде Ваада СССР в январе 1991 года… когда часть делегатов (в первую очередь, российские) видели Ваад исключительно всесоюзной унитарной структурой с элементами «вертикального» управления, мы же – «украинцы», «прибалты», «молдаване» выступали за создание Ваадов своих республик и координацию деятельности между ними. «Беларусы» и «казахи» поддержали тогда россиян…». Дадам, што «беларус», які ў 1991 г. падтрымаў расіян, вызначаў ідэалогію «яўрэйскага руху» ў нашым краі аж да пачатку 2010-х гг.

А вось i фотакопія пастановы 1998 г., а то некаторыя дагэтуль не вераць у яе існаванне.

В. Р.

5 ноября 2014

 

Leave a Reply