В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (17)

На мінулым тыдні пару слоў выціснуў з сябе пра візіт Софы Ландвер у Мінск, на «Усебеларускі народны сход»… Ужо тады мне кінулася ў вочы нават знешняе падабенства ізраільскай міністаркі з цынічнай дамай, якая ў беларускім урадзе служыць «тэрмінатарам»…

Sofa_Schotka

«Шэрачка з Машэрачкай»: С. Ландвер і М. Шчоткіна

Маю прызнаць, што выказаўся пра С. Л. не зусім дакладна: «На трыбуну сходу яе не пусцілі». Каб дыпламаванаму псіхолагу, экс-настаўніцы Шымона Пераса і дырэктарцы ў фірме Грышы Лернера, ды не далі слова! Паводле карэспандэнта «Нашай Нівы», 22 чэрвеня пад канец пасяджэння яна «ухваліла адкрыццё мемарыяла ў Трасцянцы і ўспомніла знакамітых дзеячаў Ізраіля родам з Беларусі». Зразумела, пра пенсіі для выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі на сходзе нічога сказаць не рызыкнула, хоць яе памочнікі баялі, што збіралася. Дый сама яна ў фэйсбуку

Так-так, я зазірнуў у фэйсбук Софы, думаў знайсці тлумачэнні «з першых вуснаў»… Аднак прачытаў толькі яе адказ 24.06.2016 нездаволенаму чытачу з Ізраіля (каменты якога хуценька выдалілі): «Мы знаем, есть еще семейки, что наше хают и бранят. И с увлечением глядят на заграничные наклейки, а сами здесь сидят????!!!!!» Тут і адзначаная раней саўковасць (С. Л. перафразавала вядомую байку Сяргея Міхалкова часоў барацьбы з касмапалітызмам, толькі там было «а сало русское едят!»), і блізкаўсходняе хамства… Карацей, Софа як міністр абсорбцыі – гэта дыягназ для Ізраіля; Іосіф Шагал на яе фоне – «плотник супротив столяра». Нават калі палова напісанага тут праўда – а выглядае, што праўды больш за палову! – ёй трэба назаўжды забараніць выступаць ад імя «яўрэйскай дзяржавы». Ды «хто ж яго пасадзіць, ён жа помнік… (С)».

Яўрэям Беларусі варта было б ігнараваць (калі не байкатаваць) такіх дзеячаў/дзеячак. Вядома, заўсёды знойдуцца штрэйкбрэхеры накшталт «галоўнага рабіна ўсея Беларусі», які ў тым жа фэйсбуку С. Л. сёлета напісаў «Удачы ва ўсім!», а пазалетась з ёй фоткаўся. На месцы Грышы А. я б памятаў, што сёння ў Ізраілі чалавек займае адказную пасаду, а заўтра ён пад следствам і, размазваючы слёзы, пакідае палітыку (як летась было з іншай памочніцай Лібермана Фаінай Кіршэнбаўм – у Мінск, дарэчы, яна таксама гойсаць любіла). Жадаць удачы асобам з падмоклай рэпутацыяй – апускацца да іх узроўню…

Успомнілася, што ў 1990-х С. Ландвер кіравала «Аб’яднаннем выхадцаў з СССР-СНД у Ізраілі» – арганізацыяй, з’езды якой адбываліся прыкладна так, як «усебеларускія народныя сходы». Традыцыя «кіраванай дэмакратыі», паводле сведчання пісьменніка Рыгора Свірскага, была закладзена ў аб’яднанні ад пачатку, з 1970-х гадоў. Працытую «Прорыв» (1979–1982), кнігу мастацкую, але ў многіх месцах блізкую да дакументальнасці:

«Маё прозвішча Мансекоўскі. Я – шавец з кібуца Гіват Ашлаша… Я сцвярджаю, што на з’ездзе ёсць многа людзей з фальшывымі мандатамі. Мяне ніхто не выбіраў… Прыбеглі да мяне, сунулі мандат, залазь, кажуць, у аўтобус, трэба ехаць. Навошта? – пытаюся. – “Трэба! – адказваюць. – Ты будзеш называцца дэлегатам з вырашальным голасам ад кібуца Гіват-Хаім”. – Яны толькі што прыгналі з кібуцаў два аўтобусы фальшывых дэлегатаў! – пракрычаў Доў Гур… Справаздача мандатнай камісіі ўжо не была сакрэтам для многіх. Пацвердзілася, што, прынамсі, каля ста “дэлегатаў” тэрмінова дастаўлены з кібуцаў і не маюць ніякага дачынення да імігрантаў з Савецкага Саюза».

Можна так далёка ў мінулае не зазіраць. Дзіўна і трохі вусцішна, што фільм «Гудбай, бацька», зняты мінскімі анархістамі пасля «усебеларускага сходу» 2006 г., дагэтуль актуальны. Так лёгка ўявіць сабе ідыёта-дэлегата, які жыве ў паралельнай рэальнасці і «слухае бацьку»… Зрэшты, 10 год таму, калі ўжо прайшоў рэферэндум аб падаўжэнні паўнамоцтваў Лукашэнкі (намер ператварыць іх у пажыццёвыя не хаваўся і ўвосень 2004 г.), у мяне было больш аптымізму. Я цягаў па Мінску кайстры з «першай беларускай газетай», выкінутай з сістэмы дзяржраспаўсюду за падтрымку Аляксандра Мілінкевіча, пісаў у яе пра шахматы і шашкі. Калега-культуролаг бойка сцвярджаў пра згаданы фільм: «Смеючыся, мы развіталіся са сваёй цяпершчынай». Тады, пасля Плошчы-2006, цяжка было сабе нават уявіць, што ў 2016 г. галоўная старонка сайта «Нашай Нівы» будзе выглядаць так (прынтскрын ад 27.05.2016: прозвішча «смешнага» персанажа пазначана белымі квадрацікамі):

NN27-05-16

Справа, падобна, і ў тым, што Мілінкевіч – «мужчына, якому прыемна падпарадкоўвацца» – к пачатку 2010-х гг. зусім «здзьмуўся», і хітрамудрыя рэдактары «НН» паступова пераарыентаваліся на мацнейшага… «Усё пра яго і крышачку пра надвор’е арыштаваных».

* * *

Адной нашай чытачцы падалося, што Бенька з яе развагамі, якія мы цытавалі ў 14-й серыі, згусціла фарбы. Баюся, не. Вось чарговы прыклад таго, як нам «забараняюць купляць цыбулю». У маі г. г. «парламент» прыняў закончык з бяскрыўднай на першы погляд назвай: «Пра ўнясенне зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь» На нядаўні «пакет Яравой», яшчэ не зацверджаны ў Расіі, беларускія СМІ адрэагавалі, а праблемы ў сябе пад носам не прыкмецілі… Між тым праблема ёсць, яна – у тым, што адыёзныя нормы прыкрываюцца «клопатам пра дзяцей». Для такіх уладных захадаў прыдумаў я тэрмін «лалітыка». Хаця… хто ведае – можа, у вялікай і магутнай рускай мове слова «лолитика» ўжо ёсць?

У законе № 362-З дэкларуецца: «Кожнае дзіця мае права на абарону ад інфармацыі, якая наносіць шкоду яго здароўю і развіццю». І спіс там – хавайся ў бульбу! Што, на думку заканадаўцаў, прычыняе шкоду? Тое, што «адлюстроўвае здзекі з чалавека або групы людзей або іх прыніжэння ў сувязі з этнічным паходжаннем, нацыянальнай, расавай, рэлігійнай, палавой прыналежнасцю, перакананнямі або поглядамі, сацыяльным паходжаннем, захворваннем», «заахвочвае звычкі, што супярэчаць фармаванню здаровага ладу жыцця», «дыскрэдытуе інстытут сям’і і шлюбна-сямейныя адносіны»… Пад артыкул можна падагнаць усё, што заўгодна: Калабок дыскрэдытуе сямейныя адносіны (сышоў ад бабулі з дзядулям), пра герояў Марка Твена і казаць няма чаго…

Карацей, калі строга выконваць закон, то «пад раздачу» патрапяць многія творцы, найперш сучасныя (тыя, хто даўно памёр, яшчэ могуць спадзявацца на тым свеце, што Грамадска-кансультатыўны савет па абароне дзяцей, зацверджаны Саветам міністраў РБ, убачыць у іхніх опусах «значную гістарычную, мастацкую і (або) іншую каштоўнасць для грамадства»).

Ясна, у творах для дзяцей заўсёды былі і мусяць быць канфлікты, якімі поўніцца рэальнае жыццё. Не дзяржава павінна кантраляваць інфармацыйныя плыні ў сям’і; стагоддзямі гэтым займаліся бацькі і апекуны, якія неяк давалі рады з выхаваннем дзяцей без цэтлікаў «0+», «6+», «12+» і г. д. (гэтыя цэтлікі праз год, з 1 ліпеня 2017 г., будуць абавязковымі на большасці кніг і іншых друкаваных выданняў).

Збыткоўная паліткарэктнасць, спалучаная з аўтарытарызмам, здольная адно выгадаваць пакаленне прыстасаванцаў і забіць ахвоту да творчасці ў дарослых. Слушна пісаў Ігар Аліневіч у сваёй кнізе «Еду ў Магадан», створанай за кратамі: «Дыктатура абыходзіцца з народам, як з дзіцём… Самакіраванне, сацыялізацыя, самаарганізацыя – вось прынцыпы прагрэсіўнага грамадскага ўладкавання». Але што змянілася за тыя 10 месяцаў, што ён знаходзіцца «на волі»?

Сітуацыя ў Беларусі ўсё больш нагадвае нават не Кафку (гэтае параўнанне банальнае і зацяганае ад шматкротнага ўжывання), а найбольш абсурдныя эпізоды з перабудовачных мастацкіх фільмаў (і хто скажа, што жыццё не імітуе мастацтва?) То людзі пасля закліку «правадыра» працуюць аголенымі, як сакратарка ў «Горадзе Зера» (1988)… То дробныя чыноўнікі настаўляюць артыстаў, як ім граць, спяваць і сябе паводзіць, як тое было ў фінале салаўёўскай «Ассы» (1987)… А натацыі навукоўцам ды дзеячам культуры на «ўсебеларускім сходзе» і не толькі – чым не выступ Шарыкава з балалайкай перад прафесурай у «Сабачым сэрцы» (1988)? Мадэрнізаванага Шарыкава, з двума дыпломамі…

Рэзюмаваў бы словамі Аляксея Рыбіна з яго аповесці-мемуараў «Кіно ад самага пачатку» (1991), дзе гаварылася пра гнілую атмасферу ў Ленінградзе на рубяжы 1970-80-х гг., у прыватнасці, на заводзе:

Гэта было проста брыдка. Не злавала, не выклікала жадання спрачацца, даказваць – проста было брыдка. Хаця хапала сярод рабочых і нармальных людзей, не пазбаўленых здаровага глузду, але ўсе яны неяк памоўквалі і не кідаліся ў вочы – напэўна, саромеліся выстаўляцца.

Той перыяд у пэўным сэнсе быў нават больш ліберальны: прынамсі ў нонканфармістаў мелася нямала шансаў на працаўладкаванне, чым не праміналі карыстацца і сам Рыбін, і яго прыяцель, нейкі Віктар Цой. Галоўнае, у «шырокіх колах насельніцтва» (а перадусім у недараструшчанай на той час інтэлігенцыі) цыркулявала вера, што вось дзе-та там, у нармальных краінах, ёсць нармальнае жыццё… «Не знают они, что есть Брежнев / И что мы куда-то идем», – развучвалі парадыйную песеньку Валодзі Захарава тыя ж Цой з Рыбіным. Адносную бяспеку і бурны эканамічны рост на Захадзе цяжка было адмаўляць… Святлана Алексіевіч са сваімі «брадвейскімі тэзісамі» не расплюхала, данесла святую веру да 2016 г.

Што ж у сярэдзіне 2010-х робіцца ў «цывілізаваных краінах»? Шматлікія тэракты, няўменне або нежаданне даць рады з хвалямі бежанцаў. Сёлета адзін рэферэндум (у Нідэрландах) валуном лёг на шляху еўрапейскага развіцця Украіны; другі, у Вялікабрытаніі, наогул ставіць пад сумнеў будучыню Еўрапейскага Саюза. Да ўсяго мы назіраем за істэрычным дзядзькам і хлуслівай цёткай у ролі кандыдатаў на прэзідэнта «самай свабоднай краіны». У дачыненні да Беларусі з Захаду ідзе паддобрыванне да важакоў рэжыму, вызначэнне ў якасці «лідэраў апазіцыі» тых, хто насамрэч імі ніколі не з’яўляўся…

Смешна назіраць, як некаторыя тутэйшыя актывісты ўпарта спрабуюць навярнуць жыхароў РБ у «еўрапейскую веру». Характэрнае чэрвеньскае інтэрв’ю паплечніка Мілінкевіча, палітолага Алеся Лагвінца, побач з якім я некалі вучыўся ў ЕГУ: «Велізарны аб’ём працы трэба зрабіць, каб пераканаць нашых людзей у тым, што максімальнае збліжэнне з ЕЗ… у нашых нацыянальных інтарэсах». Ну проста як у той показцы: «Мышы плакалі, калоліся, але працягвалі жэрці кактус».

Не, роспачы не маю, пагатоў ёсць жа і добрыя навіны: гастролі «Серебряной свадьбы» ў ЗША (цэлы амерыканскі тур), выстаўка «яўрэйскіх лялек» Валерыі Гайшун у Мінску, інаўгурацыя вуліцы Марка Шагала ў Віцебску, ды яшчэ з партрэтам майстра, з’яўленне памятнай дошкі ў гонар паэта Давіда Сімановіча ў тым жа горадзе. Паэта я памятаю з часоў яго выступаў у Мінску пад канец 1990-х: нягледзячы на паважны ўзрост, ён быў шумнавата-напорысты, пэўна, браў прыклад з Яўгена Еўтушэнкі, куміра сваёй маладосці… Заўсёды ў скураной куртцы – таксама знак мінулага. І нязменны верш-дэкларацыя «Имею честь принадлежать к тому гонимому народу…»

Gajshun

Фота з krynica.info

Між іншага, лялькападобныя танцоры на канцэрце для дэлегатаў праславутага сходу (арганізатар – тэлеканал АНТ) дэманстравалі ідэалагічна вытрыманы «Палёт Шагала і Бэлы над краінай». Мастак не вінаваты, што яго летуценні выкарысталі надзвычай прыземленыя людзі. Аднак асадачак астаўся.

Пацешыла, што альтэрнатыўныя кнігары, зведаўшы цяжкасці ў вядзенні бізнэсу па-беларуску, кінуліся… друкаваць і прадаваць індульгенцыі. Ну дык Касцюкевіч жа! 🙂

Вольф Рубінчык, г. Мінск

27.06.2016

wrubinchyk@gmail.com

Апублiкавана 30 чэрвеня 2016 10:16