Tag Archives: иудаика в Беларуси

Іудзейская эсхаталогія (Я. Руцкі)

Cтанаўленне рэпрэзентацыі эсхаталагічнага міфа ў кантэксце іудзейскай традыцыі

Традыцыя, якая ўзыходзіць да патрыярха семіцкіх плямёнаў Аўраама, заклала дактрынальную аснову манатэістычных рэлігій адкрыцця – іудаізму, хрысціянства і ісламу. Найбольш старажытнай з іх з’яўляецца іудзейская сістэма ўяўленняў, якая часткова асімілявала міфалагічныя элементы іншых культур рэгіёну (шумерскай, асіра-вавілонскай, егіпецкай). Базавая крыніца іудзейскай карціны свету – Танах, або Стары Запавет. Ён уяўляе з сябе збор старажытных тэкстаў, што ў большасці складваліся прыблізна з сярэдзіны XV па II ст. да н. э.

Рэпрэзентацыя эсхаталагічнага міфа ў рамках іудзейскай традыцыі доўгі час эвалюцыянавала і генеравала разнастайнасць ацэнак і ідэй. Ужо ў псалмах Давіда (Х ст. да н. э.) прасочваюцца тыповыя эсхаталагічныя матывы пакарання і ўратавання. Дзеля таго, што міф пра канец часоў звычайна ўключае абодва гэтыя матывы, узнікае дваістая сістэма ацэнкі: калі акцэнт робіцца на пакаранні, то эсхаталогія ўспрымаецца негатыўна, а калі на ўратаванні – то пазітыўна. Напрыклад, у Кнізе прарока Ісаі пазітыўна ацэньваецца эсхаталагічны вобраз новага свету, а ў Кнізе прарока Амоса бачанне канца часоў адзначана выключна горам. Апрача таго, іудзейскія эсхаталагічныя ідэі вылучаюцца вялікай арыгінальнасцю для свайго часу: у кнігах Ісаі і Езэкііля з’яўляецца канцэпцыя ўваскрашэння мёртвых у канцы дзён; у кнігах Міхея, Захарыі і Данііла распавядаецца пра будучага месію. Па-за рамкамі аўраамічнай парадыгмы згаданыя ідэі малазнаёмыя і амаль не распаўсюджаныя.

Аналіз генезісу іудзейскай эсхаталогіі ўскладнёны тым, што многія крыніцы датуюцца адно прыблізна. Апрача таго, старажытныя тэксты першапачаткова не былі кананічнымі, а таму яны маглі дапаўняцца і змяняцца ў пазнейшыя часы. Мы пастараемся як найлепей улічваць гэтыя акалічнасці і паказаць карціну развіцця іудзейскай эсхаталогіі ў гістарычна-эвалюцыйнай плоскасці.

Рэпрэзентацыя іудзейскага эсхаталагічнага міфа складаецца з шэрагу расповедаў рознага часу. Самая старажытная іх частка змешчана ў Кнізе Быцця, што датуецца прыкладна XV стагоддзем да н. э. Эсхаталагічныя сюжэты гэтай кнігі зводзяцца да наступных:

  1. Грэхападзенне.

Яно адносіцца да мадальнасці мінулага ды звязанае з забаронай Бога есці плод з дрэва пазнання дабра і зла, што цягне за сабою смерць (Быццё 2:17). Гэтая сітуацыя мае некалькі важных наступстваў для разумення наступнай спецыфікі іудзейскай эсхаталогіі:

1) парушэнне першаснай забароны зрабіла ўсіх людзей смяротнымі і вінаватымі, што мае дачыненне да індывідуальнай размернасці эсхаталагічнага міфа;

2) катастрафічныя наступствы выклікаюцца непасрэдна ўчынкамі чалавека;

3) разуменне Бога як крыніцы катастрафічнай пагрозы абумоўлівае неабходнасць «клічу» боскай прыхільнасці для здабыцця дабрабыту.

  1. Патоп.

Адлюстроўвае ўжо адбытую эсхаталагічную катастрофу, інтэрпрэтаваную як боскае пакаранне за людскую распусту (Быццё 6:5-7).

  1. Садом і Гамора.

Гісторыя знішчэння гэтых гарадоў знамянальная праз тое, што:

1) эсхаталагічны сцэнарый можа праяўляцца лакальна (Быццё 19:24-25);

2) наяўнасць пэўнай колькасці праведнікаў у гарадах, ахопленых грахом, можа служыць фактарам, дзеля якога тыя гарады могуць пазбегнуць вынішчэння (Быццё 18:23-33).

Іншай важнай крыніцай для рэпрэзентацыі эсхаталагічнага міфа з’яўляецца Кніга Ёва. Час яе напісання невядомы, але найбольш рэалістычныя датаванні (Bratcher, D. The Book of Job) адносяць яе да VIII-VI стст. да н. э.

Да «Кнігі Ёва» праведны лад жыцця ўспрымаўся як зарука дабрабыту: за набожнасць Бог надзяляе чалавека дажджамі, ураджаем, харчамі, бяспечным жыццём, абараняе ад звяроў і ворагаў (Лявіт 26:3-7), за парушэнне забарон – насылае жудасць, чэзласць і гарачку, няўрод і нашэсце звяроў, што знішчаюць дзяцей і быдла, а таксама голад, канібалізм, паражэнне ад ворагаў, рабства, спусташэнне гарадоў і свяцілішчаў, рассеянне між народамі, узмацненне кары за грахі, пагібель (Лявіт 26:14-38).

Гісторыя Ёва кладзе пачатак зусім іншым уяўленням, у адпаведнасці з якімі Бог здольны нават на выключных праведнікаў насылаць самыя вусцішныя бедствы і няшчасці, каб выпрабаваць і спраўдзіць іх сілу веры, шчырасць і адданасць. Калі чалавек вытрымлівае гэтыя выпрабаванні, Бог узнагароджвае яго яшчэ болей (Ёў, 1:1-22; 42:11-16). Гісторыя Ёва, які пазбаўляецца ўсяго найдаражэйшага, але захоўвае веру, дае ключ да разумення пазітыўнай ацэнкі катастрафічных сцэнарыяў, бо яны пачынаюць уяўляцца як выпрабаванні, праз якія Бог узнагароджвае чалавека яшчэ болей.

Нарэшце, найважнейшым зводам крыніц, што рэпрэзентуюць іудзейскі эсхаталагічны міф, з’яўляюцца старазапаветныя прароцтвы. Усе яны змястоўна адрозныя, таму вымагаюць ідэаграфічнага падыходу.

  1. Кніга Ісаі (VIII ст. да н. э.) прарочыць катастрафічнае набліжэнне «Дня Госпада», які мае «зрабіць зямлю пустыняю і вынішчыць з яе грэшнікаў яе» (Ісая 13:5-11), што цягне за сабою пагібель заганнай Іудзеі, а таксама народаў свету. Уратавання шляхам правасуддзя прывядзе да аднаўлення народа Ізраіля ў ідэальным царстве, у якім няма войнаў і агрэсіі. На іудзеяў будзе пралівацца дабраславенне Бога, іх грахі будуць выкупленыя, а выпадкі беззаконнасці згладжаныя (Ісая 43:21; 44:3, 22; 60:21). Разам з тым у прароцтве выразна размяжоўваюцца іудзеі і іншыя народы: цемра і змрок пакрыюць зямлю і народы (Ісая 60:1-5); над імі будзе суд, яны «перакуюць мячы свае на плугі», ідалы зусім знікнуць і інш. (Ісая 1:13; 16, 17, 27-28; 2:2-4, 12, 18). Iудзеі будуць звацца «святарамі Госпада», карыстацца «здабыткамі народаў і славіцца славаю іхняю» (Icая 61:6). У той жа час вобраз свету пасля катастрофы Ісая малюе як стварэнне Богам «новага неба» і «новай зямлі», у якой людзі будуць дасягаць паўнаты дзён сваіх, а «воўк і ягня будуць пасвіцца разам, і леў, як вол, будзе есці салому» (Ісая 65:13-25). Апрача таго, у прароцтве паведамляецца, што ажывуць праведныя мерцвякі (Ісая 26:19), аднак гэтая тэма не развіваецца. Фактычна, прароцтва Ісаі дэманструе ўжо развітую версію іудзейскага эсхаталагічнага міфа, што змяшчае элементы катастрафізму і месіянізму.
  2. Эсхаталагічная карціна, прадстаўленая ў Кнізе Ёіля (ІХ-V стст. да н. э.), верагодна, апісвае беспрэцэдэнтную страту ўраджаю і голад: «пазасталае ад вусеня ела саранча, пазасталае ад саранчы елі чэрві, а пазасталае ад чарвей даелі жукі», спынілася хлебнае прынашэнне і паліванне ў доме Гасподнім; плачуць святары, служкі Гасподнія, спустошана поле, наракае зямля; бо знішчаны хлеб, высах вінаградны сок, звяла масліна (Ёіль 1:4-10). У такой сітуацыі прарок заклікае назначыць пост і звярнуцца да Госпада, таму што дзень Яго блізкі (Ёіль 1:14-15). Каб вытрымаць гэты дзень, неабходна звярнуцца да Бога ўсім сэрцам у посце, плачы і галашэнні, бо ўратуецца кожны, хто пакліча імя Гасподняе (Ёіль 2:1-32). Тады Бог злітуецца і больш не аддасць іудзеяў на знявагу народам.

Згодна з прароцтвам Ёіля, дабрабыт вернецца, таму варта не баяцца канца дзён, а радавацца велічы Бога. Дзень Бога ўспрымаецца як вялікі і страшны, гэта дзень цемры і змроку, «перад ім зямля як сад Эдэмскі, а за ім будзе спустошаны стэп, і нікому не будзе ратунку ад яго». У дзень Бога будзе суд, ворагі Ізраіля будуць пакараныя, а Іуда будзе жыць вечна; горы будуць капаць віном і пагоркі пацякуць малаком (Ёіль, 3:1-21).

Прароцтва Ёіля абвяшчае: 1) неабходнасць рэлігійнай практыкі для паратунку (пост, плач, галашэнне, заклік да Бога); 2) знішчэнне ворагаў, уратаванне і шчаснае існаванне іудзеяў пасля катастрофы.

  1. Паводле эсхаталогіі кнігі Амоса (VIII ст. да н. э.), жыць застанецца толькі дзясятая частка людзей, а для захавання жыцця трэба «знайсці» Бога (Амос 5:1-6). Сам апошні дзень уяўляецца выключна негатыўна: «Гора тым, якія жадаюць дня Гасподняга! Навошта вам гэты дзень Гасподні? ён – цемра, а не святло» (Амос 5:18). У апошні дзень будзе многа трупаў, адбудзецца заход сонца апоўдні, святкаванні ператворацца ў бедаванні, з’явіцца смага чуцця слоў Гасподніх. Тым не менш, пасля ўсяго гэтага іудзеі будуць вернутыя з палону, забудуюць апусцелыя гарады, насадзяць вінаграднікі і будуць піць віно, развядуць сады і г. д. (Амос 9:14). Як Кніга прарока Ёіля, так і Кніга прарока Амоса сведчаць пра асаблівую цікавасць да пытання пра тое, як уратавацца (паклікаць і знайсці Бога). Эсхаталагічны міф стаецца больш рэалістычным, аднак гэта не адмяняе ў прарокаў пераканання ў спрыяльным зыходзе катастрофы для іудзеяў.
  2. Эсхаталагічная карціна, выкладзеная ў Кнізе прарока Міхея (VIII ст. да н. э.), паведамляе, што да гары дома Гасподняга пацякуць народы, і Ён будзе іх судзіць, навучыць шляхам Сваім, спыняцца войны (Міхей 4:1-4). З Віфлеема пойдзе будучы валадар Ізраіля (Міхей 5:2), будуць знішчаны непрыяцелі іудзеяў, гарады, варажбіты, ідалы, куміры і непаслухмяныя народы (Міхей 5:9-15). У якасці пакаранняў за грахі чалавек будзе сеяць, але не будзе жаць, будзе есці, але не будзе сыты (Міхей 6:14-15), разладзяцца сямейныя адносіны – сын будзе ганьбіць бацьку, а дачка паўставаць супраць маці (Міхей 7:6). Пасля гэтых мітрэнгаў Бог зноў змілажаліцца і загладзіць беззаконні (Міхей 7:19). Калі ў Кнізе прарока Ісаі гаворка ідзе аб асаблівым статусе іудзеяў у вачах іншых народаў, то Кніга прарока Міхея ілюструе іншы тып рэакцыі, звязаны з разуменнем астатніх дзён як падзеі, якая даруе іудзеям паратунак і ачышчэнне, а іх ворагам нясе пагібель. Умовы рэгулярных войнаў дазваляюць звязаць такое змяшчэнне акцэнтаў з непрызнаннем іншымі народамі асаблівага статусу іудзеяў і іх Бога.
  3. Кніга прарока Сафона (VII cт. да н. э.) абвяшчае блізіню дня Бога, у які Ён усё знішчыць з аблічча зямлі. У той дзень будуць лямант і галашэнне, знікне ўвесь гандлёвы люд (Сафон 1:2, 7, 10-11). Сафон апісвае дзень гневу Госпада як «дзень скрухі і ўціску, дзень спусташэння і плягі, дзень цемры і змроку, дзень воблака і мглы, дзень трубы і ваяўнічага крыку супроць умацаваных гарадоў і высокіх вежаў» (Сафон 1:15-16). Cхавацца ў гэты дзень могуць толькі пакорлівыя, тыя, хто выконвае законы Бога і шукае Яго (Сафон 2:3). Кніга абвяшчае, што будуць вынішчаныя ўсе багі зямлі, і ўсе народы будуць пакланяцца аднаму Богу (Сафон 2:11). Пасля вынішчэння Бог дасць народам вусны чыстыя, каб усе заклікалі імя Госпада і служылі Яму; застанецца народ пакорлівы і просты, які будзе спадзявацца на імя Гасподняе (Сафон 3:9, 12). Рэшта Ізраіля не будзе рабіць няпраўды і гаварыць маны, Бог адменіць прысуд сынам Ізраіля і прагоніць ворага, што будзе прычынай для весялосці, радасці, урачыстасцей (Сафон 3:13-17).
  4. Эсхаталагічная карціна ў Кнізе прарока Ераміі (VII-VI стст. да н. э.) наступная: Бог накліча меч на ўсіх жыхароў зямлі, бязбожных аддасць мечу. Бедства пойдзе ад народа да народа, пабітыя не будуць аплаканыя, прыбраныя і пахаваныя (Ерамія 25:29-33). Ізраіль уратуецца, будучы ў меру пакараным; усталююцца асаблівыя стасункі Бога і іудзеяў – паміж імі будзе заключаны новы запавет, які ўкладзе закон у нутрыну і будзе запісаны на сэрцах (Ерамія 30:10-11, 22; 31:31-33). Такія ўяўленні дэманструюць усё большы пераход ад знешняй набожнасці да неабходнасці ўнутраных узаемаадносін з Богам.
  5. Эсхаталагічная карціна, прадстаўленая ў Кнізе прарока Езэкііля (VII-VI стст. да н. э.), наступная: іудзеі памножылі свае правіны, і Бог чыніць над імі суд за ўсе гідоты, асноўнымі з якіх з’яўляюцца ідалапаклонства і распуста. Езэкііль паведамляе пра вусцішныя падрабязнасці гэтага пакарання: бацькі ядуць дзяцей, а дзеці – бацькоў; на людзей сыходзіць пошасць, голад, меч і лютыя звяры; землі ператвараюцца ў пустыню; іудзеі становяцца пасмешышчам і ганьбаю, прыкладам і жахам у народаў; язычніцкія ахвярнікі спусташаюцца, разбіваюцца слупы ў гонар сонца, і перад імі кідаюцца забітыя з ліку сыноў Ізраіля; на людзей ускладаюцца ўсе іх гідоты, тыя, хто ацалее, будуць стагнаць і дрыжэць, ва ўсіх на тварах будзе сорам, а на галовах – плешына; не дапаможа вучэнне і парады; на іудзеяў нападуць найзлоснейшыя з народаў, і г. д. (Езэкііль 5:7-17; 6:4-7; 7:8, 17-24). Катастрафічны сцэнарый пашыраецца таксама на ўсе суседнія народы рэгіёну. Напрыклад, да фараона Егіпта адносіцца такі фрагмент відзежу: «Я ўкладу крук у сківіцы твае і да лускі тваёй прыляплю рыб з тваіх рэк, і выцягну цябе з тваіх рэк з усёю рыбаю рэк тваіх, прыляплю да тваёй лускі; і кіну цябе ў пустыні, цябе і ўсю рыбу з тваіх рэк, ты ўпадзеш на адкрытае поле, не прыбяруць і не прымуць цябе; аддам цябе на поед звярам зямным і птушкам нябесным. І ўведаюць усе насельнікі Егіпта, што Я – Гасподзь; бо яны дому Ізраілеваму былі падпораю трысняговаю» (Езэкііль 29:4-6). Катастрофа змяняецца відзежамі, у якіх іудзеі сабраныя з іншых земляў і вернутыя, іх гідоты і гнюсоты адкінутыя, і Бог надзяляе іх адзіным сэрцам, кладзе ў іх новы дух, пасля чаго яны ходзяць паводле Яго запаведзяў (Езэкііль 11:17-20, 14:23, 36:23-28); горы Ізраілевыя распускаюць сваё голле і даюць плады, людзі і быдла памнажаюцца, землі засяляюцца, гарады адбудоўваюцца (Езэкііль 36:8-11). Гэтая карціна дабрабыту дапаўняецца сюжэтам уваскрашэння полчышча мёртвых, косці якіх ажываюць, абкладваюцца жыламі, плоццю, і ў іх уваходзіць дух (Езэкііль 37:1-14). У выніку сыны Ізраіля гуртуюцца ў адзін народ, над імі ўсталёўваецца вечная ўлада цара Давіда, з імі заключаецца вечны запавет (Езэкііль 37:21-28). На гэтым, аднак, эсхаталагічны расповед Езэкііля не спыняецца – выпраўлены Богам народ прымае на сябе нашэсце дэманізаваных полчышчаў Гога і Магога з зямлі Магог. На гэтыя полчышчы абрынаецца абурэнне Бога, ад якога трымцяць рыбы і птушкі. Абвальваюцца горы, адбываецца праліццё крыві, ідзе ўсепатопны дождж і каменны град, насылаецца агонь і серка. Бог так дае знаць, што ён Гасподзь, Святы ў Ізраілі. Жыхары гарадоў Ізраілевых адолеюць тыя полчышчы, і тады Бог, які раней хаваў сваё аблічча, адкрые яго свайму народу і праліе свой дух на дом Ізраілеў (Езэкііль 38:1-23; 39:1-29). Эсхаталагічная канцэпцыя Езэкііля не толькі развівае тэму ўваскрашэння мёртвых, але і прыўносіць у іудзейскую эсхаталогію адну істотную дэталь; калі ўсе папярэднія версіі эсхаталагічнага міфа зводзіліся да пакарання за грахі, ачышчэння і ўратавання іудзеяў, то Езэкііль дапаўняе агульную карціну сюжэтам фінальнай бітвы ўжо ачышчаных, уратаваных, праведных іудзеяў з сіламі зла ў сусветным маштабе.
  6. Кніга прарока Захарыі (VI cт. да н. э.) малюе наступную карціну: у дзень гнева многія народы прыбягуць да Госпада, Які зноў выбера Іерусалім (Захарыя 2:11-12); Бог згладзіць грэх зямлі за адзін дзень (Захарыя 3:9); будуць знішчаны злодзеі і тыя, хто прысягае ілжыва (Захарыя 5:3-4), а таксама тыя, хто не хацеў чуць Бога (Захарыя 7:11-12); іудзеі дадуць рады з навакольнымі народамі (Захарыя 12:6), будуць знішчаны імёны ідалаў, ілжэпрарокаў і нячыстага духа (Захарыя 13:2). Дзве часткі насельніцтва зямлі загінуць, а трэцяя застанецца на ёй і будзе ачышчана (Захарыя 13:8-9). У той дзень не стане святла, свяцілы аддаляцца, а Бог будзе панаваць над усёй зямлёй (Захарыя 14:6-9). Дом Іуды і дом Ізраіля, якія былі пракляццем у народаў, будуць уратаваныя і стануць дабраславеннем (Захарыя 8:13). Іерусалім стане горадам ісціны, гара Госпада Саваофа – гарою святыні (Захарыя 8:3). Сыны Ізраіля вернуцца (Захарыя 10:10), людзі будуць запрашаць адно аднаго пад вінаград і пад смакоўніцу (Захарыя 3:10). Прыйдзе цар праведны і ратавальны, лагодны, седзячы на асліцы і маладым асле (Захарыя 9:9). Ён абвесціць мір народам, і валадарства яго будзе ад мора да мора і ад ракі да краёў зямлі (Захарыя 9:10).

Нягледзячы на тое, што яшчэ Міхей прарочыў пра будучага валадара Ізраіля з Віфлеема, з’яўленне прароцтва Захарыі пра цара на асліцы дазваляе казаць аб станаўленні міфа пра прышэсце месіі. Разам з тым такая канцэпцыя латэнтна існавала доўгі час, бо лічылася, што ў крызісныя для народа перыяды, асацыяваныя з канцом дзён, Бог дасылае збавіцеляў (Майсей, Ісус Навін, Давід і інш.).

  1. Кніга прарока Малахіі (V cт. да н. э.) таксама не абмінае эсхаталагічную праблематыку. Малахія дакарае народ (на самай справе святароў – belisrael) тым, што ён крывадушнічае ў справах закону і тым, што кепска ўзносіць славу Госпаду, а гэта цягне за сабой праклёны, пагарду, прыніжанасць і знішчэнне (Малахія 2:2, 9-12). У гэтай кнізе паведамляецца, што Бог пасылае свайго анёла, каб той падрыхтаваў Яму шлях; анёл мусіць прыйсці раптоўна, каб ачысціць людзей і зрабіць іх шчаснымі, выкрыўшы чарадзеяў і пералюбцаў, тых, якія прысягаюць ілжыва і г. д. (Малахія 3:1-12). Дзень гневу бачыцца палкім, як печ; усе пагардлівыя і бязбожначынцы будуць у гэты дзень папалены, як салома. А для любабаязных перад імем Госпада ўзыдзе сонца праўды, і будзе ацаленне ў промнях яго, і людзі выйдуць і забушуюць, як цяляты ўкормленыя, і будуць таптаць бязбожных, бо яны будуць пылам пад ступакамі. Перад наступленнем дня Гасподняга з’явіцца прарок Ілля, які паверне сэрцы бацькоў да дзяцей і сэрцы дзяцей да бацькоў іхніх (Малахія 4:1-6). У гэтым прароцтве акцэнт з месіі-цара змяшчаецца на анёла, што яшчэ болей замацоўвае разуменне эсхаталогіі як кульмінацыі боскага наканавання.
  2. Праблематыка астатніх дзён закранаецца ў відзежах Кнігі прарока Данііла (ІІ ст. да н. э.). У ёй гісторыя змешваецца з прароцтвамі – адкрыцці пра лёс Іудзеі і язычніцкіх царстваў, што змагаюцца за ўладу і персаніфікуюцца ў відзежы як жывёлы, паслядоўна перацякаюць у падзеі астатніх дзён і зацвярджэнне боскага царства. Яму папярэднічае чацвёртае царства, адрознае ад усіх іншых, якое будзе «пажыраць усю зямлю, таптаць і трушчыць яе» (Данііл 7:23). Потым Бог «паставіць царства, якое вавек не зруйнуецца, і царства гэтае не будзе перададзена другому народу; яно струшчыць і разбурыць усе царствы, а самое будзе стаяць вечна» (Данііл 2:44). У адрозненне ад таго, што ёсць у іншых прарокаў, відзежы Данііла паведамляюць пра месію: «з аблокамі нябеснымі ішоў як бы сын чалавечы, дайшоў да Спрадвечнага днямі і падведзены быў да Яго»; «Яму дадзена ўлада, слава і царства, каб усе народы, плямёны і роды служылі яму; валадарства ягонае – валадарства вечнае, яно не мінецца, і царства ягонае не разбурыцца» (Данііл 7:13-14). Апрача таго, у Кнізе прарока Данііла апісваецца ўваскрашэнне мёртвых, якое мае адбыцца ў канцы дзён: «Многія, якія спяць у пыле зямлі, прачнуцца, адны на жыццё вечнае, другія на вечнае паганьбенне і пасарамленне» (Данііл 12:2).

На падставе выкладзенага можна зрабіць выснову, што станаўленне рэпрэзентацыі іудзейскага эсхаталагічнага міфа паходзіць з веры ў боскае пакаранне за грахі, вынікам якой з’яўляецца ўяўленне пра неабходнасць асаблівых заслуг перад Богам. Апошнія забяспечваюць дабрабыт, заступніцтва і ўратаванне. Гэтая сітуацыя разгортваецца ў двух напрамках:

1) Паколькі пэўныя ўчынкі і тыпы людскіх паводзін трапляюць у катэгорыю нялюбых Богам, катастрафічныя падзеі адбываюцца і ў мінулым, і ў будучым. Найбольш фундаментальным і глабальным з іх з’явіцца канец часоў – асаблівы дзень пакарання грэшнікаў.

2) Паколькі магчыма заслужыць не толькі пакаранне, але і літасць Бога, іудзеі на працягу гісторыі спрабуюць гэта рабіць пасродкам рытуалаў, ахвярапрынашэнняў, рэлігійнай набожнасці і інш. З гэтай практыкі ўтвараецца вера ў асаблівыя стасункі Бога з іудзеямі, развіваюцца ўяўленні пра іх святарскі статус.

Спалучэннем гэтых двух напрамкаў ёсць вера ў асаблівы лёс іудзеяў у канцы часоў, абумоўлены іх узаемаадносінамі з Богам. Калі ў мінулым эсхаталогія адбылася як пакаранне, то ў будучым яна ўжо ўспрымаецца як рэалізацыя месіянскага наканавання, г. зн. асаблівай ролі супольнасці. Менавіта ў гэтым сэнс выканання рэлігійных правілаў – яны забяспечваюць станоўчую эсхаталагічную карціну будучыні, дзеля якой можна ісці на сур’ёзныя ахвяры.

Збіральны вобраз канца часоў у іудзейскім эсхаталагічным міфе адлюстроўвае наступную карціну. Бог судзіць, карае і вынішчае грэшнікаў. Калі ўсе іншыя народы практычна цалкам знішчаюцца, то іудзеі захоўваюць перавагу, бо канец часоў чыніць іх Бог. Больш за тое, Бог іудзеяў паказвае астатнім народам, што Ён з’яўляецца ісцінным і адзіным Богам, а іншыя культы – падманлівыя. Паколькі Бог прыяе іудзеям асаблівым чынам, сярод іх ратуюцца не толькі праведнікі, але нават некаторая частка грэшнікаў. Яны ачышчаюцца ад грахоў, выкупляюць іх шляхам прымання ад Бога памяркоўнага пакарання, Бог згладжвае іх правіны. Напярэдадні канца часоў паратунак можна таксама здабыць пасродкам поста, плачу, галашэння, заклікаў да Бога або знаходжання Яго ў сэрцы. Каб правесці людзей праз канец часоў да ідэальнага свету, прыйдзе анёл запавету або месія-цар, які падпарадкуе зямлю сваёй уладзе і ўсталюе вечнае царства. Апрача таго, у канцы часоў уваскрэснуць мёртвыя, якія абудзяцца для вечнага жыцця або вечнага пакарання. Ачысціўшыся ад грахоў, атрымаўшы новае сэрца і дух, іудзейскі народ на баку дабра дасць вырашальны бой сусветным сілам зла, якія будуць пераможаны. Войны скончацца, жывёлы страцяць сваю агрэсіўнасць, людзі пачнуць жыць поўным жыццём. Выгнаныя ў іншыя землі іудзеі вернуцца, будзе адноўлены ў сваёй славе Іерусалім. Да гары Бога пацягнуцца іншыя народы і стануць Яму пакланяцца.

Гэтая рэпрэзентацыя ілюструе тое, што іудзейскі эсхаталагічны міф трансфармаваў гістарычны вопыт катастроф, а таксама пачуццё граху і віны, у фундаментальную амбіцыю ўніверсальнага парадку, якая цягам тысячагоддзяў задае экзістэнцыйна-рэлігійную і палітыка-сацыяльную скіраванасць старажытнага народа.

Зразумела, сістэма эсхаталагічных уяўленняў іудзейскай традыцыі цалкам не вычэрпваецца разгледжанымі крыніцамі, паколькі ёсць яшчэ апакрыфічная літаратура Кумрана, кадыфікаванае рабіністычнае заканадаўства (Галаха), біблейскія каментарыі (Агада). Асобна варта згадаць тэксты рабіністычных традыцый, такія як «Мішна» рабі Іегуды (ІІ-ІІІ ст.) і «Гемара» (IV ст.), якія ўтварылі Талмуд, а таксама кабалістычную кнігу «Зогар» (XIII ст.). Разам з тым, пазнейшыя эсхаталагічныя ўяўленні будаваліся на аснове разгледжаных намі тэкстаў, таму прынцыпова яны агульнай карціны не мяняюць.

Пераклаў Вольф Рубінчык паводле: Руцкий, Евгений. Эсхатологический миф и его репрезентации в авраамических традициях. – Вильнюс, 2013. Скарыстаны пераклад Бібліі на беларускую, выкананы Васілём Сёмухам.

* * *

Ад перакладчыка. Бачанне іудзейскай традыцыі выпускніком ЕГУ, беларускім культуролагам і філосафам Я. Руцкім (які, насупор універсітэцкай старонцы, ужо даўно не выкладае ў БДУ, разважаючы: «добрая была праца, але несумяшчальны з жыццём заробак»), у чымсьці слушнае, а ў нечым спрэчнае. Асабліва спрэчным – і, бадай, паспешлівым – выглядае апошні абзац, дзе пра Талмуд і Зогар…

Зрэшты, я для таго і пераклаў ладны кавалак з кнігі пана Руцкага, каб можна было падыскутаваць – а яшчэ для таго, каб тутэйшая біблеістыка ды іудаіка часцей прэзентаваліся па-беларуску. Сумна, да прыкладу, ад таго, што вялікая «яўрэйская» навуковая канферэнцыя ў Мінску, якая мае адбыцца ў чэрвені 2020 г., можа прайсці без беларускай мовы (у якасці працоўных моў заяўлены толькі англійская і руская; во тут ужо афіцыйна).

З другога боку, цешыць, што летась «Аўтабіяграфія» Саламона Маймана выйшла ў Мінску менавіта ў перакладзе на мову Купалы і Караткевіча… Сёлета споўнілася 25 год, як у сталіцы Беларусі адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя «Яўрэйская культура і яе ўзаемадзеянне з беларускай і іншымі культурамі» (май 1994 г.). У 1995 г. матэрыялы былі надрукаваны па-беларуску; здаецца, ніхто не скардзіўся.

В. Р.

Апублiкавана 01.12.2019  20:25

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (128)

Шалом! Ну, паехалі… Як ні круці, а зноў даводзіцца разграбаць бруд, бо «калі не я, то хто»? 🙂

Спыніўшы выданне бюлетэня «Мы яшчэ тут!» (2009), у пачатку 2010-х амаль не прыглядаўся да суплётаў у «яўрэйскай абшчыне»: раз на год хадзіў да «Ямы», а так займаўся перакладамі, выпускаў кніжкі, удзельнічаў у навуковых сходах, etc. Пасля выправы на ідышны семінар у Кіеў (верасень 2014 г.) зноў пачаў прыглядацца – мо і дарэмна, бо многія карцінкі наганялі сум, а важкай альтэрнатывы «левіншчыне» не вырысавалася.

Не хачу казаць, што з яўрэямі Беларусі нічога не будзе – хутчэй, будзе нічога, як у «Дні апрычніка» Уладзіміра Сарокіна. Гэта, па вялікім рахунку, і шлях Сінявокай – таптанне на месцы, вечнае захапленне міражамі. Аднак ва ўладных колах Беларусі ўсё ж часам заўважнаe разуменне таго, што варта спадзявацца перадусім на сваіх суайчыннікаў, прыслухоўвацца ў тым ліку і да «дысідэнцкіх» думак… На «яўрэйскай вуліцы» такое разуменне практычна адсутнічае – як адсутнічае самастойная ды самавітая супольнасць беларускіх яўрэяў, пра якую летуценіў у пачатку 2000-х гг. Cурагатная ж «абшчына» часцяком паводзіла сябе, бы той сабака на сене, таму пайшлі ў глум і мае мары 2016 г.: няма ні беларускай іудаікі як грамадска-запатрабаванай з’явы, ні «прасунутых» курсаў мовы ідыш. У верасні пайшоў у лепшы свет прафесар псіхалогіі, заслужаны дзеяч навукі Якаў Каламінскі (1934–2019), аўтар звыш 30 кніг. Днямі памерла адна з найбуйнейшых спецыялістак у гісторыі беларускіх яўрэяў, кандыдатка культуралогіі Вольга Сабалеўская (1974–2019), колькі год таму выціснутая з Гродзенскага дзяржуніверсітэта… Цяпер шанцаў на развой іудаікі будзе яшчэ меней.

 

Св. памяці В. A. Сабалеўская (фота з ok.ru) і Я. Л. Каламінскі (фота з koob.ru)

Яўрэйскі «афіцыёз» не падтрымаў (прынамсі пра чынную падтрымку ніц не ведаю) і сціплыя прапановы 2017–2019 гг.: усталяванне дошкі ў памяць пра часопіс «Штэрн» на вул. Рэвалюцыйнай, 2 у Мінску; выпуск канверта з выявай Мойшэ Кульбака да 125-гадовага юбілею пісьменніка ў 2021 г. Дзякуй асобным актывістам, такім як мінчукі Інэса Ганкіна і Алекс Фурс – хоць яны й не выходзілі са мной на сувязь у гэтых справах, але пашыралі згаданыя ідэі ў публічнай прасторы.

Затое ў «лідараў» сёлета хапіла імпэту на вэрхал вакол барысаўскага гурта «Жыдовачка»… Зрэшты, на гэтую тэму выйшла пара іранічных матэрыялаў, праз якія дастаў новую жменю цэтлікаў ад людзей з паралельнай рэальнасці (напрыклад, выхваляюцца сваім веданнем белгісторыі – і тут жа пішуць аб працы ў 1926 г. Беларускай акадэміі навук, утворанай на 2 гады пазней). Акей, хлопцы-дзеўкі; калі б вы мяне хвалілі, я б насцярожыўся і падумаў, што нешта рабіў не так.

Верасень 2019 г., fb-старонка галоўнага рабіна Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання ў РБ. На месцы нашчадкаў Самуіла Плаўніка (Змітрака Бядулі) запхаў бы армяна-яўрэйскаму маргіналу абразу ў глотку…

В. А., знаны таксама цэнзураваннем «вікіпедыі», што зачапіла Алеся Астравуха, – дагэтуль не абы-хто, а трэцяя асоба ў «Саюзе бел. яўр. абшчын» (як мінімум, лічыцца такім на сайце арганізацыі).

 

Цікава, што ў сярэдзіне 2000-х «Саюз» падтрымаў выданне зборніка твораў Бядулі, дзе быў і «нехарошы» нарыс «Жыды на Беларусі» (гл. фотку справа). Дэлегацыя «чэсных яўрэяў» у 2006 г. ездзіла святкаваць 120-годдзе пісьменніка на яго радзіму ў Пасадзец.

Усё-такі ў часы кіравання Леаніда Левіна рабілася нешта карыснае – вунь у 2004 г. дапамаглі выдаць кнігу Гірша Рэлеса ў арыгінале, аф ідыш. Офісы на В. Харужай, 28 – агмень адмоўнага адбору? 🙁

Дарэчы, у верасні 2019 г. у музеі гісторыі беларускай літаратуры была адкрыта выстава, прысвечаная Л. М. Левіну, – даведаўся пра яе з той самай fb-старонкі рава Мардэхая Райхінштэйна.

Чаму на выстаўцы паказалі зборнік 2011 г. Рыгора Барадуліна з чыімсьці надпісам, не саўсім ясна. У народнага паэта Беларусі почырк быў крыху іншы (гл. справа).

Але пару слоў пра Змітрака Бядулю, які цяпер успрымаецца як адзін з першых пасярэднікаў паміж беларускай і яўрэйскай культурамі (без яго, магчыма, не было б і мінскага музея, каторым у 2012–2019 гг. кіраваў «удзячны» абаронца «рускага свету»). У 1918 г. Бядуля насамрэч пісаў у сваім нарысе: «Наш народ нічога кепскага не рабіў жыдом», як бы аддзяляючы сябе ад яўрэяў (гэта, відаць, тлумачыцца яго палітычнай пазіцыяй – падтрымкай нованароджанай БНР, якая абапіралася найперш на беларусаў – і жаданнем прадухіліць пагромы, магчыма, неўсвядомленым). Тым не меней Бядуля не выракаўся яўрэйства, не хрысціўся, дарма што ў рэдакцыі «Нашай Нівы» 1910-х гг. яму паступалі прапановы.

Наведаўшы ў Іерусаліме паэтку Рахіль Баўмволь (1914-2000; яна ведала Бядулю, калі жыла ў Менску да вайны), у верасні 1998 г. я чуў ад яе такія словы: «Он был очень добрый, еврейственный…» Сябравалі з Бядулем ідышныя пісьменнікі, той жа Ізі Харык. Самуіл Плаўнік паўдзельнічаў у складанні першага ідыш-беларускага слоўніка (1932), перакладаў Шолам-Алейхема ды шмат каго яшчэ.

Так, Бядуля/Плаўнік (1886–1941) з 80-90-гадовай адлегласці можа выглядаць як слабы і грэшны чалавек: паддаўся бальшавікам, у 1930-х падпісваў звароты супраць ахвяраў сталінскага тэрору… Аднак ён пакінуў пасля сябе выдатныя творы, з якіх можна даведацца пра быт беларуска-яўрэйскіх мястэчак на рубяжы ХIХ-ХX cт. («У дрымучых лясах»), становішча яўрэяў на пачатку Першай сусветнай вайны («Жыды», «Набліжэнне») і ў Беларусі 1920-х гадоў («Язэп Крушынскі», т. 1). Што застанецца ад яго цяперашніх «крыўдзіцеляў»? Пытанне рытарычнае.

Няйначай у выніку працы такіх «адукатараў», як пан Акапян і яго калегі па «Саюзу», Жанна-«Авіталь», яшчэ не старая жыхарка другога па памерах горада Беларусі, пасля 20-гадовага наведвання «абшчыны» і паездак на розныя «Лімуды» не здольная прачытаць элементарны тэкст на ідышы (дый увогуле паблытала ідыш з іўрытам). Затое ў ліпені 2019 г. гомельская медсястра была ўпэўнена, што ў славян «генетычна закладзена нянавісць да яўрэйскага народу». Пасмешышча і фэйспалмішча.

Не ўсе тут падобныя да Ж. П., але такіх шмат, і яны «выносяць мозг» цягам усіх 30 гадоў «адраджэння яўрэйскага жыцця» ў краіне. Дзіва што няма абяцанай у 1998 г. мемарыяльнай пазнакі на «Рускім тэатры», а пахаванні на зараўнаваных яўрэйскіх могілках у раёне мінскай вул. Калектарнай рэгулярна ўскрываюцца з 2000-х гг. Штораз рэакцыя «прафесійных яўрэяў» рэзюмуецца словамі: «Ніколі не было, і вось ізноў». Цяпер во пасла Алона Шогама падцягнулі; у прынцыпе, яго слова магло б нешта значыць, але не на фоне дыпламатычнага канфлікту ў сувязі з масавым нядопускам беларусаў у Ізраіль.

Планы 2000 г., ад якіх застаўся толькі буклет. І Шыцік (aka Данькоў), і Дорн потым сядзелі за кратамі.

Больш-менш эфектыўна тутака працуе хіба служба дагляду старых і нямоглых – «Хэсэды» & «Рахамімы». Настолькі эфектыўна, што адна сацыяльная работніца з Бабруйска, беспартыйная Таццяна Гутарава, 1965 г. нар., сёлета пажадала стаць дэпутаткай «парламента» – і, што цікава, яе зарэгістравалі ў акрузе № 78 (разам з васьмю іншымі кандыдатамі).

Але, на РБ няўхільна падаюць імклівым дамкратам «парламенцкія выбары» 17.11.2019. Алену Анісім і Ганну Канапацкую 17.10.2019 не зарэгістравалі ў якасці кандыдатак у «палатку»: быццам бы подпісы выбарцаў «не тыя». Без аніякай злараднасці заўважу: лепей бы шаноўныя дамы ў свой час паслухалі мяне і паспрабавалі скасаваць указ аб прызначэнні «выбараў» на лістапад 2019 г. (замест жніўня-верасня 2020 г.). Нагадаю, што ўвосень 2002 г. Якаву Гутману за колькі тыдняў удалося сабраць подпісы канстытуцыйнай большасці дэпутатаў (75) пад петыцыяй у абарону гісторыка-культурнай спадчыны. Як выяўляецца, ад тактыкі «гучныя словы, мінімум рэальных крокаў», прынятай працягнутай увесну-улетку 2019 г., «альтэрнатыўныя» дэпутаткі мала што выйгралі.

Можа, у Мінгарвыканкаме прыслухаліся акурат да мяне, дый ліквідавалі «даўгабуд» на вуліцы Прытыцкага, а мо проста прыемнае супадзенне… Так ці іначай, гектар зямлі вярнуўся мінчукам.

Было ў красавіку 2018 г. і стала ў кастрычніку 2019 г.

Нейкія палавінчатыя крокі ў слушны бок зрабіла таксама міністэрства спорту і турызму РБ. У жніўні 2018 г. Уладзіслаў Каташук – вопытны трэнер з Брэста, 30.07.2018 па надуманых прычынах выключаны з Беларускай федэрацыі шахмат – атрымаў права на вышэйшую катэгорыю (бо яго вучаніца Аляксандра Тарасенка заняла 3-е месца на чэмпіянаце Еўропы). БФШ тармазіла працэс прысваення, што, безумоўна, біла па кішэні педагога… Але праз год (!) Каташук усё ж зрабіўся трэнерам вышэйшай катэгорыі.

Праўда, вельмі па-казённаму піша той намміністра – ні «дабрыдзень», ні «паважаны». І так, рашэнне было прынятае 02.09.2019, паведаміць пра яго кваліфікаванаму шахтрэнеру (якіх у Беларусі адзінкі) расчухаліся толькі 04.10.2019, а ў абласное ўпраўленне спорту і турызму загад паступіць пазней… Маўляў, цярпеў год, пацярпі яшчэ месяц-паўтара? Не ведаю, як у вас, шаноўныя, а ў мяне пасля гэтай гісторыі не пабольшала жадання звязвацца з тутэйшым мінспорту. Зрэшты, маё нежаданне многіх тутэйшых дзяржаўных (дый недзяржаўных) устаноў датычыцца. Найперш тых, якія, нібыта робячы вялікую ласку, аддаюць табе тваё ж.

Жэстачайшэ жартаваў сайт адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Мінска яшчэ 10 дзён таму (цяпер гэтая старонка выдалена, што нагадала гісторыю з «Авивам»):

Загаловак пра «лішкі свабоды» – 2013 года, але ж і сёлета мог бы служыць цынічненькім дэвізам для ўсёй дзяржавы. Нават і для адной суседняй.

Збольшага парадавала новая кніга Алеся Карлюкевіча, якога лічу нягеглым чыноўнікам (як міністр інфармацыі РБ ён «вагаецца з лініяй партыі», дый карысць ад існавання яго міністэрства ўвогуле невідавочная), але неблагім краязнаўцам. У сваёй новай кнізе («Роднымі сцяжынкамі», 2019) піша і пра яўрэяў, у тым ліку пра вялікага акцёра. Цытуе майго старога знаёмца Іллю Рэзніка: «На мінскай маставой… паміраў кароль Лір – Міхоэлс».

Ды з якога перапуду Мацвей Гейзер са сваёй «шчымлівай кнігай пра Міхоэлса» стаў у Карлюкевіча «Глейзерам»? 🙂

Здаецца, дзяржава ўсё ж істотна абмяжуе распаўсюд рэкламных улётак па паштовых скрынях у пад’ездах (намер, з якога я кпіў год таму). «Наверсе» – свавольствы аж да сістэматычных парушэнняў Канстытуцыі, «унізе» – навязванне тупых дробязных правілаў, рэгламенцёж… Усё заканамерна.

Мінабароны РБ вучыцца піярыць сябе… Пры дапамозе бландзінкі-маёра, праз «незалежныя» СМІ.

Фота з nn.by

Можа, і чаго іншага міністэрыя навучыцца – каб не здаралася такіх трагедый, як крывавы салют 03.07.2019 і cмерць салдата 2 гады таму. Праўда, меў тады рацыю Мікола Дзядок: «змяніць войска як інстытуцыю немагчыма, не змяніўшы ўсё грамадства, яго маральныя ўстаноўкі і схемы функцыянавання».

Мінскія навіны. 23.10.2019 ахвотныя пойдуць у «Jewish Museum» на дыскусію «Якая яўрэйская кніга патрэбна Беларусі?» (мяне там не будзе; анансую толькі дзеля сябра, каторы мае выступіць). 27 кастрычніка – вечарына ў кафэ «Грай», прысвечаная забітым у 1930-я гады беларускім літаратарам, у тым ліку і яўрэям. 11 лістапада ў Палацы мастацтва (17:00) адчыніцца ІІІ выстава «Праўда пра Курапаты». Адзін з арганізатараў, Марат Гаравы, паведамляе, што выстава будзе працаваць да 22.11.2019.

(27.10.2019 М. Гаравы ўдакладніў, што адкрыццё выставы “Праўда пра Курапаты” перанесена на 13 лістапада 2019 г., 17:00. Адрас той жа: Мінск, вул. Казлова, 3. – belisrael)

Уваход паўсюль больш-менш вольны.

Гэта апошняя серыя «Катлет & мух» – серыяла, які існаваў больш за 4 гады, з лета 2015 г. Дзякуй усім, хто быў побач.

Цытатнік

«Позна стукаць па стале, калі ты ўжо з’яўляешся толькі стравай»; «Трэба мець вялікую цярплівасць, каб ёй навучыцца»; «Я трапіў не ў мішэнь? Менавіта туды і цэліўся» (з «Непрычасаных думак» Станіслава Ежы Леца ў перакладзе Міхася Мірановіча, «Дзеяслоў», № 101).

«Свет, верагодна, выратаваць ужо не ўдасца, але асобнага чалавека — заўсёды можна» (Іосіф Бродскі, 1987)

«Ультраправыя погляды многіх выхадцаў з былога СССР у Ізраілі, ЗША і Германіі – не вынік абставінаў або цяжкасцей інтэграцыі ў новае грамадства, а яўны вынік постсавецкага канцэптуальнага і культурнага багажа, які яны прывозяць з сабой і які працягвае вызначаць іх стаўленне да грамадзянскіх і нацыянальных пытанняў» (Дзмітрый Шумскі, кастрычнік 2019)

«Бадай, не будзе залішнім прызнаць, што, як усе людзі падзяляюцца на мужчын і жанчын, гэтак яны падзяляюцца ў адносінах да свабоды: на людзей свабоды і людзей несвабоды. Першыя адрозніваюцца ад другіх тым, што для іх існуе само паняцце свабоды. Для другіх не: для іх гэта абстрактная, мутная, збыткоўная ідэя». (Алег Дорман, 17.10.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

21.10.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

 

Апублiкавана 21.10.2019  13:55

От редактора belisrael

Не со всем, о чем  писал в длиннющей авторской серии В. Рубинчик, можно соглашаться, но каждый материал затрагивал важные темы и  был интересен.

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (120)

Ізноў здароў kinda юбілейны выпуск, радуе гэта Вас або не! Канец чэрвеня – пачатак ліпеня былі багатыя на падзеі, але спярша – колькі слоў на вечную тэму: беларуская іудаіка, чым яна ёсць па сутнасці, як выглядае звонку.

Падштурхнула мяне да рэфлексій публікацыя кандыдата гістарычных навук, дацэнта БДУ, etc, з якім ужо асцярожна спрачаўся тут. Ага, таго самога Дзмітрыя Ш., які ў пачатку 2010-х ачоліў «цэнтр яўрэйскіх даследаванняў» у ЕГУ і ўзяўся рэдагаваць часопіс «Цайтшрыфт». У канцы 2018 г. ён жа (з)ацаніў стан іудаікі ў Беларусі, дый стан яўрэяў увогуле… Слушна канстатаваў, што нас тут нямнога, і звесткі Зэліка Пінхасіка (згодна з якімі пад закон аб вяртанні трапляе звыш 100 тыс. жыхароў РБ) «уяўляюцца неабгрунтаванымі». Праўда, нешта падобнае я ўжо чытаў, больш за тое – пісаў 🙂

Пан Ш. згадвае некаторыя арганізацыі, леташнія падзеі – усё гэта няблага, хоць і «без прэтэнзій». Ды раптам – гаркавы песімізм: «іудаікі як асобнай сферы даследавання і выкладання ў Беларусі больш не існуе (напрыклад, у параўнанні з перыядам 2000-х гг.); вядомых даследчыкаў, якія даўно займаюцца іудаікай, адзінкі; узровень работ, якія з’яўляюцца ў навуковай перыёдыцы і ў якасці дысертацый, што прадстаўляюцца да абароны, даволі слабы; сустракаецца і непрыхаваная прафанацыя».

Ніхто не будзе ўсур’ёз даводзіць, што цяперашняя РБ – міжгалактычны агмень яўрэйскіх даследаванняў. Але суцэльнага заняпаду ў параўнанні з пазначаным перыядам усё ж не прасочваецца. Дальбог, у 2000-х, асабліва ў першай палове, «яўрэйскія тэмы» не дужа былі папулярныя. Малатыражны – і, папраўдзе, не бліскучы – зборнік «Евреи Беларуси. История и культура» накрыўся вядомай пасудзінай у 2001 г., а ў іншых выданнях ахвотным не так часта выпадала публікавацца. Калі ж выпадала, то ў друк нярэдка праточвалася менавіта «непрыхаваная прафанацыя» (шматлікія артыкулы Эмануіла І. ды пад.).

Прыпамінаю, што на канферэнцыях у Брэсце, Гродна, нават у Мінску, я бываў ледзь не адзіным, хто нешта распавядаў пра яўрэяў Беларусі.

Абяцанкі-цацанкі ад газеты «Авив» (чэрвень-ліпень 2003)

У 2010-х гадах якраз назіраўся пэўны «рэнесанс», звязаны, відаць, з тым, што многа дзе распрацоўваліся экскурсіі па «яўрэйскіх мясцінах», і мелася патрэба ў навуковым абгрунтаванні. На мой одум, адна кніга Іны Соркінай «Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст.» (выд-ва ЕГУ, 2010) апраўдала існаванне беларускай іудаікі на 10 гадоў наперад.

Так, даводзілася чытаць нямала «папсы» (гл., напрыклад, тут водгук на крэатыў Г. Левінай; лёгка знайсці ў сеціве шматлікія кампіляцыі М. Акуліч ды інш.), але ж яна ніколі не падмяняла і не падмяняе навуковую літаратуру… Таму тэзіс Дзмітрыя («Характэрнай рысай дыскурсу пра яўрэяў Беларусі сталася замена сур’ёзнай літаратуры на масавую папулярную з адпаведным наборам скрыўленняў») гучыць надта неяк па-алармісцку.

У апошнія гады не маю магчымасці прафесійна займацца іудаікай. Выпусціў пару кніжак, дзе «яўрэйскае» прысутнічае, але не дамінуе:

Водгукі ад «Кніганошы» (№ 45, 2017) і «Дзеяслова» (№ 99, 2019). ¯\_(ツ)_/¯

Усё ж часам адпраўляю матэрыялы на канферэнцыі, па меры сіл сачу за тым, што публікуецца, адзначаю для сябе старыя і новыя імёны. Нават на belisrael.info, які не прэтэндуе на званне акадэмічнага сайта, іх цэлае суквецце. Па-свойму цікавымі мне падаліся, напрыклад, работы Цімоха Акудовіча, Інэсы Ганкінай, Інэсы Двужыльнай, Дзмітрыя Дзятко, Маргарыты Кажанеўскай, Уладзіслава Карчміта, Алы Кожынавай – і, безумоўна, Віктара Жыбуля, даследчыка спадчыны Цфаніі Кіпніса, Вульфа Сосенскага, Юлія Таўбіна, іншых знакамітых яўрэяў. А ёсць жа яшчэ, напрыклад, Канстанцін Карпекін, архівіст 1985 г. нар., зацікаўлены тэмай іудзейскіх абшчын пачатку ХХ ст… Уладзімір Ляхоўскі і Андрэй Унучак апошнім часам досыць паспяхова асвятлялі ўзаемадзеянне яўрэйскага і беларускага нацыянальных рухаў, Вольга Бабкова на падставе архіўных дакументаў распавядала пра стасункі іудзеяў з хрысціянамі ў часы сівой даўніны, Вадзім Зелянкоў падрыхтаваў грунтоўны артыкул пра мінскага доктара Лунца і яго нашчадкаў, закрануўшы тэму «яўрэйскай абшчыны». Ларыса Доўнар займалася тутэйшай ідышнай ды іўрыцкай бібліяграфіяй. Працягвае валтузіцца са справамі «нацменаў», у тым ліку яўрэяў, магілёўскі гісторык, дацэнт Ігар Пушкін. Не закінуў іудаіку яго мінскі калега Андрэй Кіштымаў.

Сяргей Старыкевіч шмат пісаў пра яўрэяў Маладзечаншчыны, Ігар Ціткоўскі – пра слуцкіх яўрэяў (ды іх сінагогі), Таццяна Вяршыцкая – пра наваградскіх, Эдуард Злобін – пра пінскіх, Леанід Лаўрэш – пра лідскіх. Наконт апошніх пяцярых не ведаю, гісторыкі яны, краязнаўцы або «проста» музейшчыкі, але планку трымаюць. Іх тэксты ў цэлым не горшыя за тое, што падаецца пра Беларусь і Мінск у ізраільскай «Электроннай яўрэйскай энцыклапедыі».

Мабыць, не ўсе з пералічаных звярталіся ў віленскі «Цайтшрыфт» і супрацоўнічаюць з расійскай суполкай «Сэфэр», але тое не значыць, што гэтых людзей не існуе, што ім няма куды расці. Упэўнены, грамадскі попыт на яўрэйскую тэматыку ў Беларусі ёсць і будзе, пра што сведчыць, між іншым, і выхад «Аўтабіяграфіі» філосафа Саламона Маймана (Мінск, 2018) у перакладзе на беларускую.

Карацей, трохі шкада, што ў «гісторыка-міжнародніка» атрымаўся занадта суб’ектыўны «агульны агляд» для «інстытута Еўра-Азіяцкіх яўрэйскіх даследаванняў». Ды такая, відаць, установа… Камусьці ў яе кіраўніцтве карцела паказаць тутэйшых яўрэяў «беднымі й няшчаснымі», і ў гэткім вобразе ёсць доля праўды, але ж канструктыўнага выйсця не было прапанавана. 🙁 Так, «маштабнае сацыялагічнае даследаванне» – лепей, чым нічога (сам адказваў на пытанні ў лютым г. г.), аднак, па-мойму, скіравана яно найперш на вывучэнне эміграцыйнага патэнцыялу яўрэйства СНД, а не на развіццё тутака «абшчын» і яўрэйскіх штудый. Пажывем-пабачым – магу і памыляцца.

Смешна, калі чалавек з’яўляецца «мудрацом у вачах сваіх»…

Зараз пра тое, што дзеецца вакол. «Галоўнакамандуючы» (па-французску «généralissime», амаль генералісімус :)) кур’ёзна бараніў практычна ўжо прыняты законапраект міністэрства абароны аб «удасканаленні» сістэмы прызыву: «Служыць павінны ўсе, а не толькі дзеці рабочых і сялян, іначай мы трапім у залежнасць ад Расіі або НАТА» (каму трэба, знайдзіце дакладныя цытаты). Гэх… па-першае, прызыў усё адно застанецца «не для ўсіх»; «хлопчыкі-мажоры» так ці іначай з’едуць за мяжу паводле адмысловых накіраванняў. Па-другое, прыпусцім, што ваенкаматам удасца дадаткова «падгрэсці» пару-тройку тысяч прызыўнікоў за год. Праблему баяздольнасці тутэйшых узброеных сіл гэта не вырашыць, што прызнавалі і самі вышэйшыя афіцэры. Па-трэцяе, довад «ад праціўнага»: нават з адтэрміноўкамі для студэнтаў/магістрантаў/аспірантаў за 27 год незалежнасці Сінявокая ўмудрылася не стаць ахвярай суседзяў; ёсць «смутныя сумневы», што ім увогуле не да нас. Калі ж «кампетэнтныя органы» (у адносінах да адміністрацыі РБ гэтае спалучэнне выпадае ўжываць хіба з іроніяй) маюць іншыя звесткі, дык трэба крычаць каравул тэрмінова мацаваць войска ў іншыя спосабы, чым лоўля моладзі, прагнай да навучання. Што, калі пачаць з таго, каб адмовіцца ад пагоні за пышнасцю, праз якую церпяць людзі? Маю на ўвазе мінскую трагедыю 03.07.2019 (загінула жанчына, некалькі беларусаў паранены ў мірны час), але не толькі; «святочныя» інцыдэнты здараліся і раней.

Недарэчнасць законапраекта пад хітрай назвай «Пра змяненне законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы» відавочная ўжо і для часткі дэпутацікаў з палаты прадстаўнікоў. Ніколі ж не было ў гісторыі ПП, каб у другім чытанні прагаласавала «супраць» болей, чым у першым (9 і 6) – звычайна спрэчныя моманты залагоджваюцца паміж галасаваннямі. Няўжо «палатка» ператвараецца-такі ў сапраўдны парламент? Хацелася б верыць; мо нават дойдзе да таго, што ўвосень цяперашнія «кнопкадавы» не дадуць распусціць сябе датэрмінова. Да чаго не раз заклікаў.

Уразіла, якая публіка сабралася ва ўрадзе. Міністарка працы, у адказ на прапанову ўлучаць тэрмін службы ў войску ў стаж для налічэння пенсіі: «У 20 гадоў яны” не будуць думаць пра пенсію» (няхай прызыўнікі дабіраюць стаж потым). Нагадала эпізод з пачатку 1990-х: у Палацы шахмат і шашак планаваўся дзіцячы турнір, і нехта прапанаваў праветрыць памяшканне. Заслужаная трэнерка гмыкнула: «“Iм” усё роўна – пачнуць гуляць, дык забудуць пра ўсё на свеце». Чым скончылася справа, не ведаю; спадзяюся, трэнерцы зараз добра дыхаецца ў чужой краіне. Во каб і гора-міністарку туды адправіць, пажадана – разам з яе «шэфамі»…

*

Гульні з мінімум трохразовым (!) перарасходам сродкаў – і гэта называецца «ў межах запланаванага» – падзеяй для ўсёй краіны не сталі, што падкрэслівалі многія каментатары, у т. л. добразычлівыя (напрыклад). Няхай заява прэзідэнта Міжнароднага алімпійскага камітэта, маўляў, цешыцца «ўся Беларусь», застанецца на яго сумленні… Але ж трэба прызнаць, што Лукашэнкі, Рыжанкоў & Co. намацалі-такі слабое звяно ў масавай свядомасці – як тутэйшай, так і заходняй. Сам факт арганізацыі масавых гуляў уплывае на спажыўцоў, быццам наркотык, і адцягвае ўвагу ад рэальных праблем. А сярэдняму замежніку няма розніцы, куды ехаць… У краіну, дзе масава парушаюцца грамадзянскія правы, нават цікавей, бо па вяртанні будзе падстава пахваліцца сваёй смеласцю.

Рэзюмую: своеасаблівая логіка ў правядзенні Еўрапейскіх гульняў у Азербайджане-2015 і Беларусі-2019 была. Зразумела, што дзеля «іміджу» (які не прыяе ўзаемавыгадным стасункам з аўтарытэтнымі контрагентамі, але дапамагае ўтрымаць уладу ў кароткатэрміновым перыядзе) верхавіна можа ахвяраваць эканамічнай мэтазгоднасцю, парастрэсці гаманец – пагатоў, як правіла, не ўласны.

Не хачу пакрыўдзіць спартоўцаў і валанцёраў, многія з якіх насамрэч стараліся. Ва Ўруччы, напрыклад, праходзілі спаборніцтвы па боксе. Мая жонка, ні разу не аматарка гэтага віду спорту, схадзіла «за кампанію», і ёй спадабалася. Якраз у той дзень, 29.06.2019, беларускі баксёр Дзмітрый Асанаў заваяваў «золата»… Але лыжкай дзёгцю стала тое, што ахоўнік не даў чэмпіёну прабегчыся са сцягам перад усімі трыбунамі (дзе, безумоўна, хапала асанаўскіх балельшчыкаў).

Здымкі С. Рубінчык

Гэты факт, разам з іншымі, лішні раз сведчыць пра казённасць, неразняволенасць гульняў. Пра стаўленне да рабочых у «алімпійскай вёсцы» можна пачытаць тут.

*

Аналізаваць дзейнасць новага прэзідэнта Украіны ранавата – не мінула нават ста дзён з яго «інтранізацыі». Як бы скептычна я ні ставіўся да «Зелі», нейкія пазітыўныя сігналы наша паўднёвая суседка пасылае. Напрыклад, у чэрвені ўлады Палтавы вырашылі не пачынаць будоўлю на месцы забойства яўрэяў у Пушкароўскім Яры (як было ў беларускім Брэсце, гл. у мінулай серыі). Суд прызнаў незаконным перайменаванне кіеўскіх праспектаў у гонар Бандэры і Шухевіча, здзейсненае ў 2016-2017 гг. аматарамі «насілля і бяссілля». Так, глядзіш, і заказчыкаў забойстваў Алеся Бузіны ды Паўла Шарамета прыцягнуць да адказнасці?..

Цытатнік

«Кожная новая заява павінна яўным чынам абапірацца на аргументы, выказаныя табою раней. Калі гэтага няма, то аўдыторыя проста лічыць цябе вар’ятам. Такое здараецца таксама, калі аўдыторыі здаецца, што ты надаеш таму ці іншаму аргументу больш вагі, чым апраўдана на тым этапе» (Эліэзер Юдкоўскі, 2007)

«У сталасці хлусіць – як багатаму красці: і сорамна, і няма патрэбы» (Андрэй Федарэнка, «Народная воля», 02.02.2018)

«Вялікае не абавязана быць добрым» (Дзмітрый Быкаў, 05.07.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

07.07.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 07.07.2019  22:13

Водгукi
“У многім падзяляю выкладзеныя тут развагі. Асабліва ўдзячны за належную апінію нашай Іны [Соркінай] і яе выдатнай працы пра штэтлы” (д-р Юрась Гарбінскі, Польшча) 08.07.2019
“Тое, што тычыць маёй працы як гісторыка, кладу ў папкі. Цікава было пра іудаіку. Зацікавілі кнігі Маймана і Соркінай” (Анатоль Сідарэвіч, Мінск), 10.07.2019.

Ц. Акудовіч. ПРАЕКТ БУТРЫМОВІЧА

«Яўрэйскі праект» пінскага мечніка Мацея Бутрымовіча: спробы сацыялізацыі яўрэяў на Чатырохгадовым Сойме 1788-1792 гг.

У 1788 годзе ў Варшаве распачаў працу чарговы Сойм. Дзякуючы таму, што пасольствы Кароны і ВКЛ “завязаліся” ў дзве асобныя канфедэрацыі, права liberum veto губляла сваю сілу. Гэта адкрыла для шляхты магчымасць прасоўваць і прымаць смелыя рэформы ў любых сферах грамадскага, палітычнага і эканамічнага жыцця краіны. У выніку Сойм зацягнуўся і атрымаў у гісторыі назву Вялікі, ці Чатырохгадовы.

Прадказальна, што шляхту Рэчы Паспалітай найбольш турбавалі пытанні войска, спадчыннасці каралеўскага трона, падаткаў і іншыя глабальныя рэформы. Сацыяльная праблематыка, у тым ліку праблемы яўрэйскага насельніцтва[1], заставалася на другім плане.

На папярэдніх Соймах пра яўрэяў гаварылі толькі ў сувязі з павелічэннем падаткаў. Так было на пасяджэннях 1768 і 1775 гг., хоць “яўрэйскай праблемы” цяжка было не заўважыць. Яўрэі ў Рэчы Паспалітай жылі па асобных законах, падпарадкоўваліся кагальнай сістэме, насілі іншую вопратку. Існавала пастаянная напружанасць як паміж хрысціянамі і яўрэямі (апошнія абвінавачваліся ў захопе гандлю, нежаданні працаваць на зямлі, ліхвярстве і антыхрысціянскіх акцыях), так і ўнутры самой яўрэйскай супольнасці, дзе цягам XVIII ст. нарастала размежаванне паміж багатымі і беднымі[2].

Упершыню комплексна да праблемы яўрэйскага насельніцтва падышлі менавіта на Чатырохгадовым Сойме. І зрабіў гэта 30 лістапада 1789 г. пінскі пасол Мацей Бутрымовіч, калі прачытаў на паседжанні пасольскай ізбы (ніжняй палаты Сойма) свой праект “Рэформа яўрэяў”[3].

Мацей Бутрымовіч – прадстаўнік старадаўняга роду Бутрымовічаў гербу “Тапор”, у 1788 годзе ён быў пінскім мечнікам і падстарастам. У канцы XVIII ст. у Пінску пражывала каля 2000 яўрэяў, г. зн. прыблізна палова ад агульнай колькасці жыхароў горада. Амаль усе яўрэі кампактна сяліліся ў прадмесці Каралін, ізалявана ад астатняй часткі насельніцтва горада. Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці і запазычанасці пінскага кагала, яўрэйская супольнасць грала значную ролю ў эканамічных справах горада, бо канцэнтравала ў сябе вялікую частку тавара-грашовага абароту Пінска. Падобная сітуацыя мела месца ў шмат якіх іншых гарадах Вялікага Княства Літоўскага. У 1780-х гадах Бутрымовіч узяўся за правядзенне актыўных эканамічных пераўтварэнняў на Піншчыне (арганізоўваў будаўніцтва канала Агінскага, пракладку грэблі з Пінска на Валынь, у сваім маёнтку Крысцінава пад Пінскам стварыў узорную гаспадарку)[4]. Ясна, яму часта даводзілася сутыкацца з яўрэямі ў час сваёй дзейнасці, што, магчыма, і падштурхнула пінскага мечніка больш актыўна ўзяцца за пераадоленне яўрэйскай ізаляцыі ў ВКЛ. Праект “Рэформа яўрэяў” быў, хутчэй за ўсё, асабістай ініцыятывай пінскага пасла, а не патрабаваннем мясцовай шляхты, бо ў пінскай інструкцыі 1788 г. пра яўрэяў не было ні слова.

М. Бутрымовіч

Праект, прачытаны 30 лістапада, складаўся з 12 пунктаў. Па некаторых ускосных дадзеных (у праекце ўзгадваюцца ваяводскія камісіі, а яны былі створаны 17 лістапада) мяркуецца, што ён быў напісаны незадоўга да прачытання ў Сойме[5].

У прадмове да гэтых пунктаў ад імя караля зазначалася, што яўрэі “хоць і не маюць да гэтага часу прызначанага спецыяльна для іх класа грамадзянства, праз правы і прывілеі розных часоў… для сябе атрымалі… свабоду гандлю і пражывання ў гарадах, а таксама трымання зямлі”[6]. Аднак пры гэтым, адзначаецца ў прадмове, яўрэі працягваюць падпарадкоўвацца кагальнай сістэме, насіць асобную вопратку і прытрымлівацца сваіх старадаўніх звычаяў.

Адной з галоўных мэтаў Бутрымовіча было знішчэнне ізаляцыі яўрэйскага насельніцтва, таму у першым жа пункце праекта ён абвяшчае яўрэяў людзьмі вольнымі, абароненымі ўсімі правамі і заканадаўствам, як і іншыя абывацелі. Паводле праекта, яўрэі атрымлівалі права абараняць сваю годнасць у судзе, як і мяшчане, і не плаціць дадатковых канцылярскіх збораў. За яўрэямі прызнавалася права на сваё веравызнанне. Забаранялася выкарыстанне слова “няверны” і іншых абразаў. Для назвы іудзеяў у афіцыйных паперах мусіла ўжывацца слова “старазапаветны” (starozakonny)[7].

З іншага боку, зразумела было, што адасобленасць яўрэяў грунтуецца не толькі на адсутнасці агульнаграмадзянскіх правоў, але і на самой сістэме кагалаў. Таму другі пункт праекта ліквідоўваў уладу кагалаў над цывільнымі справамі яўрэяў. Пад юрысдыкцыяй кагалаў заставаліся толькі справы рэлігіі і збор яўрэйскага падатку. Выхад за гэтыя межы караўся штрафам. Праект таксама патрабаваў, каб усе яўрэйскія дакументы пісаліся па-польску, а яўрэйскія друкарні толькі рэлігійную літаратуру выдавалі на сваёй мове, а астатнія кнігі выключна на польскай мове[8].

Кірмаш з удзелам яўрэяў

Наступныя 3 пункты (3-6) меліся кардынальна змяніць увесь жыццёвы лад яўрэяў, якія ў Рэчы Паспалітай у асноўным займаліся гандлем і трымалі корчмы ў мястэчках і вёсках. Пінскі мечнік лічыў, што “арэнда імі (яўрэямі – Ц. А.) корчмаў і шынкоў у вёсках каралеўскіх, духоўных, земскіх і гарадскіх адцягвае тых жа яўрэяў ад карыснага і прыстойнага прыбытку, але да п’янства падданству нашаму давала падставы”[9], а таму прапаноўваў забараніць яўрэям арэндаваць корчмы ў вёсках і на трактах, пад пагрозай шасцімесячнага зняволення, пакінуўшы за імі такое права толькі ў мястэчках і гарадах. Тэрмін выканання гэтага пункта быў вызначаны да 1 ліпеня. Аднак п’янства было не галоўнай прычынай. Бутрымовіч лічыў, што, пазбавіўшы яўрэяў асноўнага занятку, іх можна схіліць да карысных дзяржаве прафесій, у першую чаргу – рамяства, і таму наказваў ваявoдскім камісіям дапамагаць ў гэтым яўрэйскаму насельніцтву, а гарадскім цэхам загадвалася прымаць яўрэяў да сябе ў вучні. Гэтая сацыяльная рэформа тычылася і жанчын. Выходзіць замуж маладая яўрэйка мела права толькі тады, калі навучыцца прасці, шыць ці рабіць якую-небудзь іншую карысную працу. На час шлюбу, паводле Бутрымовіча, жаніху мусіла споўніцца 17, а нявесце 14 гадоў, і абодва павінны былі ўмець чытаць і пісаць па-польску[10].

Схіляў праект і да дзяржаўнай службы. У адпаведнасці з пунктам 6 кожны яўрэй, які 6 год адслужыў паштальёнам, возным ці пры гаспадарчай службе ў войску, вызваляўся на ўсё жыццё ад падушнага падатку.

Яшчэ Бутрымовіч прапаноўваў, каб усе асобы, якія не працуюць у гарадскіх корчмах ці пры кагалах, знайшлі сабе якую-небудзь рамесніцкую прафесію ці перайшлі на земляробства. На гэта па праекце ім адводзілася 1,5 года. Да 1 ліпеня 1790 года ўсе яўрэі мусілі прадставіць ў ваяводскія камісіі свайго павета дакументы (лісты з цэхаў ці ад гаспадароў зямлі, на якой яны працуюць) са звесткамі, дзе яны жывуць, якую маюць прафесію і склад сям’і[11].

Калекі і нямоглыя, у адпаведнасці з праектам, размяркоўваліся пад апеку кагалаў. Усе, хто не падалі дакументы у ваяводскія камісіі да 1 ліпеня 1790 года, прызнаваліся валацугамі, і ў адпаведнасці з законам мусілі накіроўвацца на грамадскія працы, якія праводзіліся ў ваяводстве. Маладых яўрэяў-“валацугаў” праект прадпісваў накіроўваць на службу вознымі ці фурманамі. Што цікава, праект патрабаваў ад рабінаў, каб тыя выдавалі дазвол яўрэям, занятым на грамадскіх працах, на права работы па суботах і іншых рэлігійных святах.

Для поўнай “сацыялізацыі” яўрэяў прадпісвалася ўтрымліваць пры кожным кагале бакалаўра, які б вучыў дзяцей чытаць і пісаць па-польску (пункт 8). Акрамя таго, звярталася ўвага на адзежу яўрэяў, якая рознілася ад адзежы іншых мяшчан і “дае падставы людзям нашым да нянавісці” (пункт 12)[12]. А таму загадвалася, каб яўрэі перайшлі на тыповы для свайго краю тып адзення, прычым пашытага з мясцовага сукна (для павелічэння прыбыткаў мясцовых фабрык).

Выявы з бюлетэня «Форум» (Мінск, № 5, лета 1997)

Вельмі істотным быў і эканамічны аспект. Паколькі яўрэі выроўніваліся ў правах з мяшчанамі, несправядліва было, як гаварылася ў праекце, браць з іх асобны падатак. Таму пагалоўны падатак адмяняўся і яўрэі пераходзілі на тую ж падатковую сістэму, што і астатнія. Што праўда, адбыцца гэта павінна было толькі пасля наступнага Сойма, а да таго часу падушны падатак павялічваўся да 3 злотых (пункт 7)[13].

Фінансавы кантроль кагалаў – утрыманне бажніц і іх служкаў, продаж рэлігійных прадметаў, друк кніг – быў ускладзены на ваяводскія камісіі (пункт 11)[14].

Такім чынам, галоўнай мэтай праекта была ліквідацыя ізаляванасці яўрэяў і аб’яднанне іх з мяшчанскім саслоўем. Праект кардынальна мяняў жыццёвыя aстоі яўрэяў: у адпаведнасці з рэформай яны мусілі асвоіць новыя прафесіі (перайсці да рамяства ці земляробства), цэнтр улады яўрэяў перамяшчаўся з кагалаў на мясцовыя дзяржаўныя органы, адбывалася ўмяшанне ў сямейныя і адукацыйныя справы яўрэяў.

Выглядае, галоўным матывам гэтых рэформаў для Бутрымовіча быў не клопат пра яўрэйскае насельніцтва, але ў першую чаргу эканамічны фактар, а таксама ліквідацыя напружанасці ў гарадах ВКЛ паміж яўрэямі і мяшчанствам. Зліццё гэтых сацыяльных слаёў, як меркавалася, павялічыла б прыток грошай у скарб, а таксама давала магчымасць кантролю і рэгулявання ўнутры яўрэйскай супольнасці. Разам з тым Бутрымовіч меў намер досыць жорстка ўмяшацца ва ўнутраны лад жыцця яўрэяў, абмяжоўваючы іх у выкарыстанні ідыша, патрабуючы ад іх працы па суботах, разбураючы кагальную сістэму і нават вызначаючы іхняе адзенне.

Меў праект і станоўчыя моманты для іудзеяў – у першую чаргу гэта датычыцца паляпшэння іх прававога становішча, гарантыі свабоды веравызнання. Аднак абавязкі яўрэяў у праекце (выплата падаткаў, змена прафесій, дзяржаўны кантроль над кагаламі) прапісаныя значна падрабязней, чым правы, якія толькі акрэсліваюцца агульнымі словамі.

Сярод паслоў Сойма было некалькі чалавек, якія выступілі ў падтрымку Бутрымовіча – гэта браслаўскі пасол Ваўжэцкі, лукаўскі кашталян Язерскі і каронны чашнік Чацкі. Інфляндскі пасол Кубліцкі на пасяджэнні 12 кастрычніка заявіў, што не баіцца выступіць абаронцам яўрэяў, нават калі гэтага не зробяць іншыя паслы [15].

Аднак агулам на гэтым этапе ідэі Бутрымовіча былі сустрэтыя адмоўна. Пра гэта сведчыць і тое, што праект пінскага пасла не абмяркоўваўся ні на наступны дзень, ні пазней, і тое, што Сойм не дапусціў чытанне “Pokornej prosby”, складзенай яўрэямі розных гарадоў Рэчы Паспалітай і прывезенай у Варшаву ў канцы лістапада 1789 года[16].

Тут трэба адзначыць, што стаўленне да яўрэяў у шляхты з Кароны і з ВКЛ часта адрознівалася. Гісторык В. Калінка прыводзіць сведчанні, як польскія паслы папракалі беларуска-літоўскую і ўкраінскую шляхту тым, што яна, жывучы ў гарадах, запоўненых яўрэямі, прывыкла да іх і не можа існаваць без яўрэйскага гандлю[17]. У 1790 годзе ў Варшаве выйшла невялікая ананімная праца “Заўвагі пра становішча яўрэяў і некаторыя літоўскія гарады” (“Uwagi nad stanem żydowskim i niekturymi miastami litewskiemi”) з кароткімі даведкамі пра становішча яўрэяў у розных гарадах ВКЛ. На прыкладах Менска, Берасця, Коўна і Гародні аўтар паказваў, як яўрэйскае насельніцтва за апошняе стагоддзе запаланіла гэтыя гарады, выцясніўшы гандляроў і рамеснікаў-хрысціянаў. З успамінаў аднаго з паслоў ВКЛ Ю. Нямцэвіча можна даведацца пра тое, што ён з дзяцінства быў досыць блізка знаёмы з жыццём яўрэяў у Берасці, шмат часу праводзіў у корчмах, якія трымалі іудзеі[18]. Шмат яўрэяў было і ў Польшчы, аднак там яны былі выцесненыя з гарадоў спецыяльнымі прывілеямі, у ВКЛ жа найбуйнейшыя гарады – Берасце, Пінск, Менск, Гародня – мелі вялікую долю іудзейскага насельніцтва. Часцейшае перасячэнне з жыццём старазапаветнага народа прымушала шляхту ВКЛ (параўнальна з польскімі пасламі) па-іншаму глядзець на праект пінскага мечніка.

Так ці іначай, праца Бутрымовіча мела свой вынік. У 1790 годзе Гуга Калантай, адзін з лідэраў “патрыятычнага” лагера, апублікаваў твор “Палітычны закон польскага народа” (“Prawo Polityczne polskiego narodu”), дзе ў “яўрэйскім пытанні” амаль паўтарыў праект Бутрымовіча.

Быў яшчэ адзін момант, які спачатку зацягваў разгляд яўрэйскага пытання, а пасля, наадварот, паўплываў на яго актывізацыю. У адпаведнасці са статутам 1525 года мазавецкага князя Януша, Варшава вызвалялася ад прысутнасці яўрэяў на ўвесь час, акрамя перыяду правядзення ў горадзе вальных Соймаў. Падобныя законы мелі іншыя польскія гарады. К 1790 году яўрэі жылі ў Варшаве 2 гады і паспелі выцесніць некаторых мясцовых гандляроў і рамеснікаў. Усё гэта выклікала незадаволенасць як сярод варшавякаў, так і сярод польскіх паслоў, не звыклых да такой колькасці яўрэяў[19]. У рэшце рэшт у сярэдзіне мая 1790 года ў Варшаве адбыўся вялікі пагром са знішчэннем яўрэйскай маёмасці. Ужо на наступны дзень Бутрымовіч скарыстаўся гэтым інцыдэнтам і нагадаў на пасяджэнні Сойма пра свой праект. Уражаныя апошнімі падзеямі, польскія паслы змянілі пазіцыю, і 22 чэрвеня 1790 года была створана “Дэпутацыя па разглядзе праекта рэформы яўрэяў”[20]. Ад ВКЛ у ёй удзельнічалі віцебскі кашталян Фелькежамб і паслы Сойма: наваградзкі – Бярновіч і пінскі – Бутрымовіч. На распрацоўку праекта даваўся месяц.

Праект быў гатовы 16 жніўня, і знаёмства з тэкстам дае падставы сцвярджаць, што ён быў напісаны на аснове праекта Бутрымовіча. Гэта не дзіўна, бо пінскі мечнік уваходзіў у склад дэпутацыі і, хутчэй за ўсё, браў актыўны ўдзел у яе працы. Да таго ж на баку ягонага праекта быў аўтарытэт Калантая, чыё бачанне праблемы, як ужо адзначалася, супала з пазіцыяй Бутрымовіча.

Тэкст праекта дэпутацыі мае падобную паслядоўнасць пытанняў, не асабліва адрозніваецца ён і зместам. Адзіным істотным дадаткам у праекце дэпутацыі можна лічыць стварэнне новай пасады “настаўніка” (nauczyciela), на якога ўскладваліся судовыя функцыі (у пытаннях рэлігіі) і падтрыманне парадку. Гэта пасада была выбарнай (раз на 2 гады). Акрамя гэтага ўводзілася забарона на перакупку пасады рабіна. У астатнім праект дэпутацыі, хоць і ў больш скарочаным выглядзе, паўтарае праект Бутрымовіча[21].

Аднак разгледзець гэты праект на першай кадэнцыі Сойма не атрымалася. Брацлаўскі пасол Халанеўскі выступіў супраць гэтага, бо, як ён сцвярджаў, малапольскія паслы не ўдзельнічалі ў яго распрацоўцы. У выніку разгляд сарваўся, справа была перанесена на другую кадэнцыю.

На другой кадэнцыі да абмеркавання праекта не дайшло. 3 мая 1791 года была прынятая “Урадавая устава”, у якой пра яўрэяў узгадвалася толькі ўскосна і ў самым “традыцыйным” рэчышчы: у 10-м пункце гаварылася пра тое, што ў гарадскія спісы мяшчан могуць быць унесены толькі хрысціяне, а 8-ы пункт забараняў гандаль у гарадах немяшчанам[22]. Кантраст гэтых пунктаў з навейшымі напрацоўкамі Бутрымовіча і камісіі быў настолькі відавочны, што цягам 1791 года адбыўся шэраг падзеяў, якія маглі моцна паўплываць на змену сітуацыі. Нягледзячы на збольшага непрыязную да яўрэйства публіцыстыку і настрой шляхты, кароль абвясціў аб вялікім зборы яўрэйскіх дэлегатаў у Варшаве. Цягам восені прадстаўнікі яўрэйскіх грамадаў збіраліся ў сталіцы, а ў снежні 1791 года былі прынятыя каралём. У час сустрэчы прадстаўнік грамадаў Абрам Гіршовіч уручыў каралю мемарыял са сваім бачаннем вырашэння яўрэйскіх пытанняў. Яўрэі прасілі дазволу займацца ўсімі рамёствамі без абмежавання, права на засяленне ўкраінскіх стэпаў, абмежавання лічбы рабінаў і размяшчэння ў гарадах яўрэйскіх агентаў – пасрэднікаў паміж горадам і яўрэйскімі гандлярамі[23].

Усе гэтыя падзеі нарабілі розгаласу ў Варшаве. Скарыстаўшыся такім фонам, Мацей Бутрымовіч 30 снежня чарговы раз падняў пытанне на Сойме. Яго падтрымаў кашталян Езерскі. Неўзабаве дэпутацыю ўзначаліў сам Гуга Калантай, і дыскусія па яўрэйскім пытанні “закіпела” з новай сілай. Вынікам стаў прыняты праект пад назвай “Урэгуляванне яўрэйскага люду ва ўсім народзе польскім”.

Гэтае “Урэгуляванне” будавалася на першым праекце Бутрымовіча, але было значна пашыранае як па аб’ёме, так і па колькасці свабодаў, якія атрымлівалі яўрэі. Змякчаўся і тон дакумента. Напрыклад, у дачыненні да вопраткі пісалася (артыкул I, п. 7): “Каб розніца, якая залішне б’е ў вочы, вопраткі яўрэяў з іншымі жыхарамі Польшчы, была для іх [яўрэяў] уласнага дабра адменена”[24]. Істотным дадаткам да праекта Бутрымовіча быў падзел усіх яўрэяў на 5 класаў згодна з матэрыяльным становішчам.

“Праект Калантая” так і не быў прыняты Соймам з-за падзеяў 1792 года. Аднак дзейнасць дэпутацыі не прайшла бясследна. Сам факт пазітыўнага разгляду яўрэйскага пытання завабіў нямала польскіх, літоўскіх і беларускіх яўрэяў у лагер прыхільнікаў Канстытуцыі 3 мая. Падзеі 1792-1794 гг. паказалі, што яўрэйскае насельніцтва актыўна ахвяравала грошы і маёмасць на карысць войска, на паўстанне Касцюшкі. Шмат хто з яўрэяў, якія так афіцыйна і не атрымалі мяшчанскіх правоў, уступілі ў шэрагі інсургентаў.

Рэзюмуючы, можна адзначыць, што яўрэйскае пытанне, верагодна, увогуле не было б агучана на Сойме, каб не асабістая ініцыятыва пінскага пасла Мацея Бутрымовіча (альбо было б агучана запозна і справа не дайшла б да прапрацаванага праекта). Менавіта Бутрымовіч першы агучыў пытанне яўрэяў на Сойме, распрацававаў праект, ад якога адштурхоўваліся далейшыя працы ў гэтым накірунку, нягледзячы на шматлікія перашкоды, дабіўся стварэння дэпутацыі па праблеме яўрэяў. Падтрымлівалі праект Бутрымовіча ў першую чаргу паслы з тэрыторый ВКЛ і Украіны: магчыма, гэта тлумачыцца вялікай колькасцю яўрэйскага насельніцтва (асабліва ў гарадах) у ВКЛ і на Украіне, што рабіла яўрэйскае пытанне больш вострым для жыхароў гэтых земляў. Як ужо адзначалася, мэтай Бутрымовіча былі не гуманістычныя памкненні ці спроба павысіць статус яўрэяў, а досыць прагматычнае жаданне ліквідаваць эканамічна адасоблены і сацыяльна непадпарадкаваны дзяржаве народ Рэчы Паспалітай. Ён імкнуўся максімальна сцерці тыя рысы, што адрознівалі іудзеяў ад мяшчанства і рамеснікаў. Некаторыя ідэі Бутрымовіча выглядаюць ідэалістычнымі і паспешлівымі, бо ў рэальнасці патрабаванне ад яўрэяў працаваць па суботах ці насіць неіудзейскае адзенне магло прывесці да сур’ёзных сацыяльных канфліктаў.

Цімафей Акудовіч, гісторык (Мінск)

[1] Яўрэйскае пытанне на Чатырохгадовым Сойме пакуль што не вельмі цікавіць і прафесійных гісторыкаў. У ХХ ст. выйшлі толькі некалькі адносна невялікіх артыкулаў, прысвечаных гэтай тэме, сярод якіх: Hirszhorn S. Historia żydów w Polsce. Od Sejmu czteroletniego do wojny europejskiej. Warszawa, 1921; Penkalla A. Kwestia żydowska w Polsce w dobie Sejmu Wielkiego// „Więź”, 1967, nr 11–12; Ziółek J. Sprawa żydów na Sejme Czteroletnim // Teka Komisji Historycznej, VI. Lublin, 2009.

[2] Ziółek J. Sprawa żydów na Sejme Czteroletnim // Teka Komisji Historycznej, VI. Lublin, 2009. S. 10.

[3] Archiwum Główne Akt Dawnych. Archiwum Sejmu Czteroletiego, sygn 15, s. 593-600.

[4] Waniczkówna H. Butrymowicz Mateusz. Polski Słowni Biograficzny. Tom 3. Wrocław-Kraków, 1937. S. 153.

[5] Materialy do dziejow Sejma Czteroletniego. Tom VI. Wroclaw, 1969. S. 118.

[6] Там жа, с. 119.

[7] AGAD. Archiwum Sejmu Czteroletiego, sygn 15, s. 595.

[8] Там жа, c. 596.

[9] “…zajmowanie się przez nich arendami karczem i szynków po wsiach króliewskich, duchownych, ziemskich i miejskich odciągało tychże żydów od pożyteczniejszych i przyzwoitszych zysków, a do pijaństwa poddaństwu naszemu dawało okazyja”. AGAD. Archiwum Sejmu Czteroletiego, sygn 15, s. 595.

[10] AGAD. Archiwum Sejmu Czteroletiego, sygn 15, s. 596.

[11] Там жа, с. 597.

[12] “Daje okazją pospolstwu naszemu do nienawiści” AGAD. Archiwum Sejmu Czteroletiego, sygn 15, s. 597.

[13] Папярэдняя сума падатку была ўсталявана на Сойме 1764 г. і складала 2 злотых. Дубнов С. М. История евреев в Европе. Т. 4. Москва, 2003. С. 273.

[14] AGAD. Archiwum Sejmu Czteroletiego, sygn 15, s. 598.

[15] AGAD, ASCz, sygn 3, s. 635

[16] Miroslaw Branczyk. Hugo Kollataj wobec kwestii zydowskiej w okresie Sejmu Czteroletniego // Cztery lata Nadziei. 200 rocznica sejmu wielkiego. pod red. Henryka Kocoja. Kotowicie, 1988. S. 17

[17] Kalinka W. Sejm Czteroletni. Tom IІ. W-wa, 1991. S. 253

[18] Goldbierg Jakub. Juliusz J. Niemcewicz wobiec polskich żydów // Juliusz Urstyn Niemcewicz: pisaż, historyk, świadek epoki. W-wa, 2002. S. 173

[19] Kalinka W. Sejm Czteroletni. Tom IІ. W-wa, 1991. S. 251.

[20] “Do roztrząsnienia projektu reformy zydow” Volumina legum. T. IX. Kraków, 1889. S. 177.

[21] Materialy do dziejow Sejma Czteroletniego. Opr. J. Wolinski, J. Michalski, E. Rostworowski. Tom VI. Wroclaw, 1969. S. 218.

[22] Konstytucja 3 Maja czyli tzw. Ustawa Rządowa z 3 V 1791 r.

[23] Projekt do reformy i poprawy obyczajów starozakonnych mieszkanców Królestwa Polskiego // Smoleński W. Ostatni rok Sejmu Wielkiego. Kraków, 1897. S. 446–451.

[24] Urządzenia ludu żydowskiego w całym narodzie polskim // Smoleński W. Ostatni rok Sejmu Wielkiego. Kraków, 1897. S. 432.

Артыкул у крыху іншай рэдакцыі друкаваўся ў зборніку “Гарадзенскі соцыум” (Мінск, 2016)

Апублiкавана 26.03.2017  07:39

Анатоль Сідарэвіч. АДНАЛЮБ

Спаўняецца 75 год з дня смерці Антона Луцкевіча, аднаго з тых, без каго не было б Рэспублікі Беларусь. Палітык і палітычны мысліцель, публіцыст і літаратурны крытык, гісторык і педагог, перакладчык і рэдактар – карацей, чалавек шматграннага таленту. Марксіст, сацыял-дэмакрат, адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай Сацыялістычнай Грамады, ініцыятар (разам з братам Іванам) абвяшчэння незалежнасці Беларусі, старшыня Рады Народных Міністраў і міністр замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі. Чалавек, які гутарыў і з якім гутарылі Юзаф Пілсудскі і Томаш Масарык, Антанас Смятона і Міхайла Грушэўскі, Карл Каўцкі і Ігнацы Падарэўскі. Чалавек, які ўваходзіў у адну арганізацыю масонскага тыпу з Аляксандрам Керанскім і многімі іншымі вядомымі дзеячамі.

Можна было б пісаць вялікі артыкул ці нават трактат пра кантакты Антона Луцкевіча з габрэйскімі дзеячамі яго пары. Вось і масонам ён стаў таму, што яго рэкамендавалі ў ложу вядомыя віленскія ліберальныя дзеячы доктар Георгій Ром (кажуць, сваяк знакамітага рэжысёра Міхаіла Рома) і доктар Цэмах Шабад.

Луцкевіч разглядаў Беларусь і так званы Паўночна-Заходні край як край пяці народаў: беларусаў, вялікаросаў, габрэяў, літоўцаў і палякаў. Ён быў краёўцам, то бок хацеў, каб гэты край стаў краем мірнай супрацы народаў, якія яго насяляюць. Калі ў 1915 г. стала відавочна, што заходняя частка Беларусі з Вільняй і Віленскім краем трапяць пад уладу Нямеччыны, беларускія сацыялісты разам з Бундам вырашылі каардынаваць сваю дзейнасць. Як вядома, у снежні 1915 г. была выпрацавана, як яе назваў гісторык Зэновіюш Панарскі, шляхетная канцэпцыя Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага. Распрацоўвалі яе прадстаўнікі чатырох народаў (вялікаросы ў жніўні–верасні 1915 г. падаліся ў бежанства, на ўсход). Напісаны Іванам Луцкевічам універсал Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага быў апублікаваны на чатырох мовах. На жаль, гэтай задуме не наканавана было здзейсніцца: яе не прыняла большасць польскіх і літоўскіх палітыкаў, якія цвёрда стаялі за адраджэнне нацыянальных дзяржаў, што праўда, квапячыся пры гэтым на землі суседзяў. Пазней, калі польскі Устаноўчы сойм прыняў такі выбарчы закон, паводле якога беларусам, габрэям, немцам і ўкраінцам цяжка было прабіцца ў парламент, Луцкевіч быў у ліку палітыкаў, якія ў 1922 г. стварылі Блок нацыянальных меншасцяў. І ў выніку з трыбунаў Сойму і Сенату Польскай Рэспублікі загаварылі прадстаўнікі гэтых народаў.

Асобна трэба сказаць пра публікацыі Антона Луцкевіча ў габрэйскім друку.

У 2011 г. даследчыца габрэйскага жыцця ў Беларусі Клэр Лё Фоль выявіла ў Інстытуце габрэйскіх даследванняў (Institute for Jewish Reseach) у Нью-Ёрку[1] брашуру Антона Навіны (гэта псеўданім А. Луцкевіча) “Беларусы” (די װײסרוסן .אנטאן נאװינא). Кніга выйшла ў 1924 г. у віленскім выдавецтве «די נײע ײדישע פאלקסשול»  (“Новая габрэйская народная школа”).

Гэтую працу Антон Луцкевіч адмыслова пісаў для габрэйскай чытацкай аўдыторыі. Напісана яна ў кастрычніку 1921 г. па-расійску. Яе рукапіс захоўваецца ў бібліятэцы імя Ўрублеўскіх Літоўскай акадэміі навук у 21-м фондзе (адзінка захавання 338).

Значна раней на ідышы апублікавана іншая праца Антона Луцкевіча. Пра гісторыю яе з’яўлення на старонках часопіса “Ды юдышэ вэлт” (די יודישע וועלט ; “Габрэйскі свет”) больш-менш падрабязна напісаў Змітрок Бядуля ў сваёй знакамітай брашуры “Жыды на Беларусі: Бытавыя штрыхі”[2]. Што праўда, Бядуля не назваў аўтара артыкула. Клэр Лё Фоль выявіла, што аўтарам змешчанага ў 9-м і 10-м нумарах часопіса за 1913 год артыкула “Адраджэнне беларусаў” (די אופלעבונג פון די בעלארוסען) быў Антон Луцкевіч.

Гэтым артыкулам часопіс адкрываў новую рубрыку – “Нашы суседзі” (אונזערע שכנים). “Пад такой назвай, – гаварылася у нататцы ад рэдакцыі, – мы хочам час ад часу друкаваць артыкулы, якія павінны знаёміць чытачоў з сацыяльна-культурным становішчам і адраджэнскім рухам прыгнечаных народаў, між якіх мы жывем. Артыкул, які мы друкуем у гэтым нумары, напісаны беларускім пісьменнікам і перакладзены на ідыш з рукапісу”.

Не выключана, што перакладчыкам артыкула быў сам Змітрок Бядуля.

Павярхоўнае знаёмства з тэкстам артыкула паказвае, што гэта адаптаваны тэкст артыкула А. Луцкевіча “На дарозе да новага жыцця”, які ў 1912 г. друкаваўся ў альманаху “Маладая Беларусь” і быў выпушчаны асобнаю адбіткаю. Значна пазней гэты артыкул перадрукаваны ў Луцкевічавай кнізе “Да гісторыі беларускага руху” (Менск, 2003; Вільня–Беласток, 2010; Смаленск, 2015).

Цяпер даследчыкам вядомыя і іншыя тэксты, якія пад імем А. Луцкевіча апублікаваныя ў габрэйскім друку. Гэта ягонае інтэрв’ю віленскай газеце “Унзэр тог” (“Наш дзень”), надрукаванае 5 снежня 1921 г. пад загалоўкам “Беларусы на выбарах у сойм” (гаворка пра выбары ў сойм так званай Сярэдняй Літвы). Асобнік газеты захоўваецца ў 3-м фондзе Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (адзінка захавання 206). З артыкула Аляксандры Бэргман “Яшчэ раз пра Антона Луцкевіча” (ARCHE. 2009. № 8) вядома, што пасля арышту паслоў ды іншых актывістаў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады Луцкевіч на пачатку 1927 г. даў інтэрв’ю віленскай газеце “Цайт”. Трэба спадзявацца, што тэкст гэтага інтэрв’ю будзе таксама даступны нашым даследчыкам.

Можна думаць, што названымі публікацыямі спіс Луцкевічавых тэкстаў, апублікаваных у габрэйскім друку, не закрываецца.

Наагул, гэта праблема – вывучэнне габрэйскага друку былой Расійскай імперыі, Польскай Рэспублікі і БССР. Гэты друк не быў даследаваны, напрыклад, тады, калі рыхтаваліся бібліяграфічныя даведнікі пра Янку Купалу і Поўны збор яго твораў. Ёсць імавернасць, што не ўлічаны многія пераклады твораў Песняра на ідыш, а таксама артыкулы пра яго на гэтай мове. Бяда ў тым, што беларусы лянуюцца вучыць ідыш, а для маладых габрэяў ён “нямодны”, бо практычнае значэнне мае цяпер іўрыт. І нешта не бачу я ў Беларусі даследчыкаў гісторыі тутэйшага габрэйства, габрэйска-беларускіх сувязяў. Практычна ўсе яны жывуць за межамі нашай краіны. Праблема.

***

Некаторыя не абцяжаныя веданнем гістарычных рэаліяў людзі звяртаюць увагу на тое, што Антон Луцкевіч у сваіх беларускамоўных працах не карыстаўся словамі “яўрэй” ці “габрэй”, а спрэс пісаў “жыд”, “жыды”, і робяць з гэтага пэўныя высновы. І калі кажаш ім, што і сваю жонку Луцкевіч называў жыдоўкай, яны здзіўляюцца. А жонкаю Луцкевіча была Сэрка Абрамовіч, якую ў хрысціянскім асяроддзі называлі Зоф’яй (такое, дарэчы, было імя і маці Луцкевіча).

Гэта пісьменніку дадзена права на вымысел. Гісторык можа толькі дадумваць, абавязкова робячы пры гэтым агаворку: гэта не факт, але мне так думаецца. Шчыра прызнаюся, што да гэтага часу не ведаю, калі адбылося знаёмства Антона і Сэркі ды калі яны пажаніліся. Можна думаць, што Сэрка выйшла за Антона ці пад канец 1919-га, ці на пачатку 1920-га, бо і першынец нарадзіўся 22 кастрычніка 1920 г.

Сэрка Абрамовіч была, як у той час казалі, рэбэцы. Яна вывучылася на лекара. Вучылася ж у Манпэлье, дзе была моцная габрэйская грамада, а медыцынская школа існавала яшчэ ў ХІІ ст. У 1289 г. у горадзе быў заснаваны ўніверсітэт, студэнтам якога ў свой час быў знакаміты Нострадамус і медыцынскі факультэт якога скончыла Сэрка. Яе спецыялізацыяй была педыятрыя.

Тое, што патомны шляхціч Антон збіраецца жаніцца з габрэйкай, выклікала спрэчкі ў сям’і. Антонавы бацькі і большы брат Іван Герман да таго часу памерлі, але іншая радня не хацела, каб габрэйка была жонкаю Луцкевіча. І калі думку родных і сваякоў можна было ігнараваць, дык абысці Касцёл ніякім чынам было нельга: у той час шлюб быў толькі царкоўны. Не мог абвянчаць такую пару і рабін. Каб пераадолець гэтую перашкоду, Антон з каталіцызму перайшоў у кальвінізм. Гэта не было для яго праблемай, бо пазней ён публічна скажа, што з’яўляецца атэістам. Кальвінскі пастар блаславіў шлюб Антона і Сэркі.

Антон і Сэрка з сынамі Юркам і Лявонам

У Антона і Зоф’і – будзем называць Сэрку і так – было двое дзяцей: Юрка (нарадзіўся, нагадаю, 22 кастрычніка 1920 г.) і Лявон (13 сакавіка 1922 г.). Юрый і Лявон Антонавічы, якіх я ведаў асабіста, жартавалі, што яны нарадзіліся ў рэстаране, а хрысцілі іх у кінатэатры. І сапраўды, у доме 33 па вуліцы Віленскай у савецкі час абсталявалі рэстаран, а кальвінскую царкву бальшавікі ператварылі ў кінатэатр “Kronika”.

Нехта, магчыма, вывучыць усе дакументы пра пані Зоф’ю Луцкевічаву, якія маюцца ў віленскіх архівах. З таго, што трапіла мне на вочы ў акадэмічнай бібліятэцы імя Ўрублеўскіх, можна даведацца, што ў другой палавіне 1920-х доктарка Луцкевіч была беспрацоўная. Як вырашылася пытанне аб яе працаўладкаванні, я не ведаю. Затое агульнавядома, што 12 кастрычніка 1927 г. быў арыштаваны і кінуты ў турму на Лукішках муж пані Зоф’і. Палякі выдатна ведалі, што Луцкевіч не з’яўляецца сябрам Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, але вырашылі “падвярстаць” яго пад гэтую справу, бо ім рупіла ізаляваць былога прэм’ер-міністра БНР. На тое была важкая прычына: набліжаліся выбары ў Сойм і Сенат другой кадэнцыі, і Луцкевіч мог зноў узначаліць выбарчую кампанію беларусаў, зноў дамовіцца ў габрэямі, немцамі ды ўкраінцамі пра выбарчы блок ды замацаваць электаральны поспех 1922 г. Да таго ж у 1927-м Луцкевіч узначаліў даволі паспяховую кампанію па выбарах у органы мясцовага самакіравання.

Гэта, мушу адзначыць, мая думка наконт прычыны арышту Луцкевіча. Інакш нельга растлумачыць той факт, што ён быў вязнем толькі праз 9 месяцаў пасля зняволення правадыроў БСРГ.

Пані Зоф’я

Мужа арыштавалі, і пані Зоф’я засталася адна з двума малалетнімі сынамі. Можна толькі ўявіць, што яна перажыла з кастрычніка 1927-га па май 1928-га, калі А. Луцкевіча суд апраўдаў і ён выйшаў на волю. Аднак пракуратура не згадзілася з рашэннем суда, і ў самым канцы лютага 1929 г. пачаўся чарговы працэс. Зноў перажыванні, зноў паняверка, і 5 сакавіка, калі Луцкевіч быў у апеляцыйным судзе, пані Зоф’я засілілася.

Зноў апраўданы судом, Луцкевіч застаўся з двума дзецьмі. Жаніцца другі раз, прывесці сынам мачаху ён не змог. Такіх мужчын называюць адналюбамі.

Тым часам жыццёвыя абставіны ўскладняліся. Асноўны даход Луцкевіч меў як настаўнік Віленскай беларускай семінарыі. Зарабляў ён і пяром. Да таго ж ён узначальваў Беларускае навуковае таварыства з яго знакамітым музеем. Але ў 1931-м яго пазбавілі працы ў гімназіі. На адны ганарары жыць было цяжкавата, а аплата працы загадчыка Беларускага музею была скупая. Луцкевіч мусіў пакінуць кватэру ў доме 33 па Віленскай вуліцы і наняць вельмі сціплую кватэрку на Піўной. Даўні знаёмец Луцкевіча, вядомы сваім нацыяналізмам доктар Ян Станкевіч сведчыў, што Луцкевіч у тыя гады літаральна галадаў.

Магчыма, Луцкевічу і яго сынам лягчэй стала жыць, калі знайшліся дабрадзеі, якія пачалі фінансава падтрымліваць і Беларускі музей, і яго загадчыка. У першую чаргу гэта былы дзяржаўны сакратар БНР Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Інжынер-будаўнік, які ўзводзіў для Літвы будынкі дзяржаўных устаноў у Коўне, ён мог выдзеліць са свайго бюджэту даволі значную па тым часе суму[3]. Калі бальшавікі ў верасні 1939 г. прыйшлі ў Заходнюю Беларусь ды арыштавалі А. Луцкевіча, Дуж-Душэўскі ўзяў яго сыноў пад апеку.

***

У свой час я даволі падрабязна расказаў чытачам “Нашай Нівы” пра род Луцкевічаў. Прадоўжыць гэты род было наканавана Юрыю Луцкевічу, большаму сыну Антона і Сэркі. Ён стаў бацькам дачкі Алесі і сына Івана.

Унук Антона Луцкевіча — Іван з жонкай Вольгай і сынамі Міхасём і Юркам

У юныя гады Іван Юр’евіч Луцкевіч захапляўся джазам, і гэтае захапленне прывяло яго ў Ізраіль. Другі раз у Ізраіль Іван прыехаў у больш сталым узросце і з празаічнай мэтай падзарабіць. Там, у Ізраілі, ён сустрэў сваю будучую жонку, дзяўчыну з Гомеля Вольгу. Там у Івана і Вольгі нарадзіліся Міхаэль (2010) і Юрка (2012). Як жартуе бацька, праўнукі прэм’ер-міністра БНР Антона Луцкевіча і Сэркі Луцкевічавай могуць прэтэндаваць за самыя высокія пасады ў Дзяржаве Ізраіль.

Анатоль Сідарэвіч, для belisrael.info

 

[1] Сам Інстытут быў заснаваны на пачатку 1920-х у Вільні, але не ў апошні чарод з прычыны антысеміцкай палітыкі польскіх уладаў у канцы 1920-х было вырашана перанесці яго дзейнасць за акіян. Так у Нью-Ёрку апынулася багатыя бібліятэка і архіў. Страшна падумаць, што было б з калекцыямі, калі б праца Інстытута датрывала ў Вільні па Другой сусветнай вайны…

[2] Гл.: Бядуля З. Выбраныя творы. Мінск: “Кнігазбор”, 2006. С. 406–407.

[3] Не ведаю, ці залічаны К. Дуж-Душэўскі ў Праведнікі народаў свету, але добра вядома, што ён быў арыштаваны нацыстамі за тое, што ратаваў габрэяў.

Пару заўваг ад рэд. Брашура 1924 г. на ідышы (гл. выяву справа) даўно вядомая зацікаўленаму колу, яна захоўваецца, напрыклад, у іерусалімскай нацыянальнай бібліятэцы. Артыкул А. Навіны займае ў ёй 18 старонак, a дадатак, апавяданне Т. Гушчы (Я. Коласа) «Дзеравеншчына» ў перакладзе на ідыш, – 6 старонак. «Выяўлены» артыкул А. Навіны ў часопісе «Ды юдышэ велт» за 1913 г. таксама даволі вядомы, даступны для капіявання ў той жа бібліятэцы (гл. першую старонку злева). Назва артыкула гучыць крыху іначай, чым у нашага паважанага аўтара: «Вегн дэр нацыёналер ойфлебунг фун ды беларусн», г. зн. «Пра нацыянальнае адраджэнне беларусаў».

«Даследчыкаў гісторыі тутэйшага габрэйства, габрэйска-беларускіх сувязяў» у Беларусі не так і мала. Некаторыя публікаваліся на нашым сайце, пра некаторых мы пісалі.

Апублiкавана 21.03.2017  12:45