Зноў пра суворую рэальнасць

(Ня)добры вечар! Тут Зміцер Дзядзенка ў пачатку верасня файны вершык апублікаваў у сваім fb-акаўнце:

РАДЫЁ ТЫТАНІК

вітаю ўсіх тых хто ў гэтыя хвіліны

да нас далучыўся

вы з намі мы з вамі

у нас у эфіры апошнія навіны

з вамі на хвалі радыё «Тытанік»

на палубе пасажыры гучна ў запале

дыскутуюць пра перавагі глыбоцкай і рагачоўскай

сівы тапёр на разбітым раяле

грае мелодыі роднай вёскі

зараз хвілінка на рэкламу VIP-каютаў

утульныя ложкі шырокія ванны

праз сценкі не праб’юцца ні навалы ні пакуты

заставайцеся з намі

радыё «Тытанік»

цяпер паслухайце пару зонгаў

а потым у гонар Дня кнігадрукавання

пройдзе футбольны матч і заплыў у шэзлонгах

слухайце анонсы радыё «Тытанік»

дайце джазу! распраўце спіны!

радыё «Тытанік»

апошнія навіны

Пра беларускую літаратуру на Kamunikat.org з панам Дзядзенкам размаўляе Ганна Кісліцына

***

Мінулае мінула, а я ўсё спрабую знайсці раздарожжа, дзе тутэйшая «элітка» магла б збочыць без вялікай шкоды для сябе і краіны. Працоўная гіпотэза – канец 2010 г.; на IV «Усебеларускім народным сходзе» была самая пара сказаць «я стаміўся, я сыходжу». Большасць дэлегатаў/чыноўнікаў успрыняла б з разуменнем, пагатове ўжо ўлетку 2004 г. «галоўны» распавядаў, як ён стаміўся цягам дзесяці гадоў прэзідэнцтва. Ну, мела б у пачатку 2010-х першая асоба прозвішча Сідорскі (на хвілінку, доктар тэхнічных навук), а не Лукашэнка – хтось моцна б зажурыўся? Пэўны час краіна знаходзілася б ва ўмовах турбулентнасці, а потым, глядзіш, выруліла б на слушны шлях. Эпоха ж была яшчэ адносна мірная – ні вайны ва Ўкраіне, ні сур’ёзных канфліктаў з Літвой і Польшчай. Хто ведае, можа, «тэхнакратычная» ўлада РБ іх бы і не дапусціла…

Шаснаццаць гадоў – амаль рэкорд для паваенных кіраўнікоў СССР (Леанід Брэжнеў знаходзіўся на «троне» ўсе 18, з 1964 да 1982 гг., але пад канец меў бледны выгляд і дзівачыў). Пра тое, што адзін палітык «пераседзеў», сведчыць, між іншага, выступленне на згаданым сходзе 06.12.2010. Шмат гаварылася пра якасць ягонай сістэмы кіравання на рубяжы 2010–2020-х гадоў (раз, два, тры, чатыры…), але прыкметы дэградацыі назіраліся ўжо 12 год таму. Собіла ж камусьці напісаць, а «галоўнаму» агучыць:

Беларускіх грамадзян павінна станавіцца болей! Для Беларусі мінімальна неабходная колькасць — як мінімум 20 мільёнаў чалавек, а аптымальная — 30… Мы будзем праз меры дзяржаўнай падтрымкі спрыяць росту нараджальнасці ў нашай краіне.

«Мінімальна… як мінімум» — таўталогія, ды ладна, я таксама не магутны стыліста. Галоўнае, ў 2015 г. выявілася, а ў 2019-м (напярэдадні кавіда і пачатку «вялікай эміграцыі» з Беларусі) пацвердзілася, што краіне да дэмаграфічнага росту было па-ранейшаму, як да поўні пехатою… Насельніцтва РБ 2010 г. – 9,5 млн, 2015 г. – 9,48 млн, 2019 г. – 9,43 млн, то бок падзенне нават паскорылася.

Не спадзеючыся ўжо на рост нараджальнасці, ідэолагі спрабуюць завабіць у Беларусь уцекачоў з суседніх краін, перадусім нездаволеных абстаноўкай у сябе на радзіме. Праўда, сумняюся, што, напрыклад, многія «дысідэнты» з Польшчы жадалі б паўтарыць шлях Эміля Чэчкі (жаўнера польскай арміі, які ў снежні 2021 г. апынуўся ў Беларусі, а ў сакавіку 2022 г. быў знойдзены павешаным у мінскай кватэры). Цяпер вувузелы рэжыму лепяць з гаротніка героя… ды лепей бы настойвалі на поўным і аб’ектыўным расследаванні абставінаў яго загадкавай смерці. У ліпені г. г. я дапускаў, што ўлады хацелі спусціць справу «на тармазах», як і расследаванне фатальнага збіцця Рамана Бандарэнкі 11.11.2020. Апошнія два з паловай месяцы не пераканалі ў адваротным.

Яшчэ цытатка з перадвыбарнага дакладу:

К 2015 году мы павінны наблізіць размеры заработнай платы да тысячы долараў у эквіваленце. Гэта самыя высокія ў нашай гісторыі тэмпы росту зарплаты і даходаў насельніцтва.

Тут увогуле «хрушчоўшчына» (аналаг пабудовы камунізму да 1980 г.). Розніца ў тым, што Мікіта Хрушчоў, народжаны ў 1894 г., адводзіў на свае планы гадоў дваццаць і, пэўна, разумеў, што сам не дачакаецца «светлай будучыні», а Лукашэнка ў 2010 г. планаваў кіраваць і кіраваць… зрабіўшыся ў сярэдзіне 2010-х аб’ектам заслужаных кпінаў. Нават у снежні 2015 г., з усімі гадавымі прэміямі і надбаўкамі, намінальная сярэдняя зарплата ў РБ паводле Белстату не дацягнула да 500$ (7424092 рублі пры курсе ~18500 р. за долар). Але, магчыма, аратар меў на ўвазе ўсходнекарыбскія долары, амаль утрая таннейшыя за паўночнаамерыканскія? Тады ОК 🙂

А прамоўца ў снежні 2010 г. усё гукаў-гукаў…

Сёння нам трэба панепакоіцца не толькі аб сярэдняй зарплаце, але і ўстанавіць дастойны ўзровень мінімальнай заработнай платы… Яна будзе складаць не менш за трэць ад сярэдняй зарплаты.

Нават такая – збольшага фармальная – абяцанка не была выканана. У другой палове 2015 г., напрыклад, мінімальная зарплата складала, паводле афіцыйных крыніц, менш за 2,2 млн. рублёў, сярэдняя – каля 7 мільёнаў. У верасні 2018 г. – 305 і 963,6; у ліпені 2022 г., адпаведна, 482,29 і 1644 р. (нават да 30% не дацягнула).

У прамове планавалася яшчэ павялічыць навукаёмістасць эканомікі – 3% ад ВУП к 2015 г. Ці трэба нагадваць, што ні ў 2019, ні ў 2022 гг. паказнік не перавысіў 1%?!

Ясная рэч, многа «плюшак» у 2010 г. было паабяцана жыхарам перыферыі, каб не з’язджалі ў сталіцу. Адміністрацыя Лукашэнкі збіралася развіваць «гарады-спадарожнікі»:

Не трэба больш мільёна 900, ну 2 млн. чалавек у Мінску. Да 20 працэнтаў насельніцтва краіны. Вышэй за 20 — гэта перабор.

К сярэдзіне 2010-х доля насельніцтва РБ у Мінску акурат перавысіла 20%… Расла і далей – у 2022 г. дасягнула 21,5% (1,996 млн vs 9,256 млн). Не дапамагла карэкціроўка генплана развіцця г. Мінска, зацверджаная ўказам Лукашэнкі 15.09.2016… Калі ж будзе рэалізаваны праект «Паўночны бераг», таксама зацверджаны ўказам (13.05.2021), то ў сталіцы збярэцца добрая чвэрць насельніцтва краіны. Праўда, прадстаўнік інвестараў Махамед Алі Алабар паводзіў сябе ў 2021-2022 гг., бы той гогалеўскі Хлестакоў, альбо як Галахвосты з п’есы Міхайлы Старыцкага (гл. пра Алабара па спасылках: раз, два), але ўсё яшчэ можа змяніцца. Так, арабска-эмірацкая фірма «Emaar Properties», што фактычна гаспадарыць на тысячы гектараў у паўночнай частцы Мінска, акрыяўшы пасля стратаў 2010-х, у пачатку 2020-х дэманструе прыбыткі. Не 4 мільярды долараў, дык мільярдзік у жыллёвую забудову яна, па-мойму, здольная ўкласці.

І яшчэ – 12 год таму ставілася задача: «Рэнтабельнасць сельскагаспадарчай вытворчасці павінна дасягнуць 25—30 працэнтаў». Наколькі яна была рэалізавана – і наколькі магла быць рэалізавана пры захаванні цяперашняга ладу з яго стаўкай на «дысцыпліну, учот і кантроль» – гаворыць табліца, змешчаная ў артыкуле Дзмітрыя Нарывончыка (neg.by, 29.11.2019):

Рэнтабельнасць продажаў, у працэнтах

2012 2013 2014 2015 2016 2017 2018
Сельская гаспадарка РБ у цэлым: 14,7 4 5,9 1,1 2,7 6,9 4,3
Сельгасарганізацыі 14,5 3,5 5,5 0,5 2,2 6,4 3,7
Сялянскія (фермерскія) гаспадаркі 23,3 22,7 23,5 21,8 20,5 22,2 22,7

 

Па выніках першых пяці месяцаў 2022 г. сярэдняя рэнтабельнасць у галіне складала 7,4%. Але 29,5% арганізацый, якія далі справаздачу, былі нерэнтабельныя, яшчэ 29,2% паказалі рэнтабельнасць ад 0 да 5%. Агулам, выпуск прадукцыі за першае паўгоддзе скараціўся на 3%.

Дзіва што на харчы беларусы ў сярэднім выдаткоўваюць каля 40% даходаў. Дужа шмат; звычайны паказчык у Еўропе – 10-25%, у Ізраілі – блізу 15%. Але голад у скрыўленай карціне свету пагражае ўсё адно замежнікам… Як надоечы казаў «эксперт», у ролі якога выступіў дэпутат палаты прадстаўнікоў РБ Краўцоў: «У тым жа Ізраілі ўвогуле не займаюцца кармамі – пустыня. Асноўныя пастаўшчыкі кармоў у Ізраіль і ЕС, як і ў выпадку збожжа, – Украіна і ўся Ўсходняя Еўропа. З-за іх дэфіцыту пралічваецца рост кошту прадукцыі жывёлагадоўлі як мінімум на 30 працэнтаў. А засуха не спыняецца, і канчатковыя страты падлічваць рана. Магчыма, следам за спёкай ідзе анамальны голад» (sb.by, 08.09.2022).

Нарыхтоўкай кармоў у Ізраілі яшчэ як займаюцца, і з ірыгацыяй неяк даюць рады… Няхай бы, зрэшты, пра тое распавялі самі жыхары «пустыннай» краіны, якая 10 год таму забяспечвала сябе харчамі на 95%.

Пасля ўсіх пералічаных камуфлетаў не дзіўна, што ўзровень даверу да начальства Сінявокай, прынамсі ў сур’ёзных людзей… пакідае жадаць лепшага. У канцы 2010-х – пачатку 2020-х ідэалогія і летуценні, здаецца, канчаткова перамаглі ў сістэме дзяржкіравання – апошняя ўсё часцей губляе не тое што сувязь з рэальнасцю, а рэшткі здаровых глуздоў. Яскравы сімвал Абсурдыстана – сабака на стале сярод талерак з ежай, сабака ў вазку падчас візіту ў Самарканд 🙁

Цьху…

«Жывёльны» піяр (у гэтым выпадку хутчэй антыпіяр) & колка дроў на камеру – заняткі намнога прасцейшыя, чым, напрыклад, запуск у космас навукова-адукацыйнага спадарожніка БДУ. Спярша планавалі запусціць у 2020 г., потым, згодна з распараджэннем Лукашэнкі, у 2021 г. Першага лютага 2022 г. намміністра адукацыі РБ напісала мне, што ўсё, маўляў, было гатова да запуску ў лістападзе 2021 г., але «Роскосмас» перанёс падзею на наступны год.

Аўтар «1984» Дж. Оруэл чытае кнігу «2022»: «О, б…»!

Гатовы ісці ў заклад, што і сёлета беларускі спадарожнік не запусцяць: па-першае, у названай расійскай дзяржкарпарацыі змяніўся кіраўнік, па-другое, «братам» зараз увогуле не да навукі. Яшчэ ў сакавіку 2022 г., да сыходу Рагозіна, многія праекты былі згорнуты (бо Захад наклаў санкцыі, адказаўшы на вайну, распачатую РФ ва Ўкраіне).

Святлана Ціханоўская – ці хто там яе атачае – не скарыстала з гэтага казусу (а магла б заявіць нешта кшталту: «Калі я стану прэзідэнткай, спадарожнікі ў нас будуць запускацца без затрымкі»). Ну, я не здзіўлены… Лейтматыў яе сёлетніх заяў: «Я/мы раблю/робім, што можам, а з тымі, хто не згодзен, пагаворым потым і прыватна» 🙂

Здаецца, «Звязда» адрэагавала на маю паўжартоўную заўвагу! У раздзеле «Палітыка» Лукашэнка цяпер згадваецца не 6 разоў з 6, а «толькі» 2 🙂 🙂

Каб у краіне паскорыліся перамены да лепшага, не на Лукашэнку і Ціханоўскую трэба спадзявацца; найперш – на сябе і сяброў, дый на спецыялістаў. Такіх як Ягор Лебядок, кандыдат фізіка-матэматычных навук, экс-дэпутат Смалявіцкага раённага савета дэпутатаў (за кратамі трэці месяц – з ліпеня 2022 г.).

У суседзяў таксама неспакойна: то Ала Пугачова пнецца ў «замежныя агенты» следам за сужэнцам, то панылыя дзядзькі пенсійнага ўзросту клічуць моладзь на магілізацыю… На мабілізацыю? Адзін хрэн.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

21.09.2022

w2rubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 22.09.2022  00:35