Шалом! Ізноў ля мікрафона…
Увесну атрымаў у офісе Саюза беларускіх пісьменнікаў такое сімпатычнае віншаванне да 100-годдзя БНР:
Не адмовіўся б і ад віншаванкі са стагоддзем ССРБ (Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі), якое – хтосьці трапна заўважыў – лёгка святкаваць, балазе яно 1 студзеня 🙂 Ад рук лідараў ССРБ узору 1919 г. (не блытаць з БССР) мала хто пацярпеў.
Насамрэч беларускае грамадства настолькі падзеленае, што адны настойваюць на святкаванні 25 сакавіка, другія – 1 студзеня, трэція – 3 ліпеня, чацвёртыя – … І ў кожнай групцы не бракуе фанатыкаў, у выніку – «вайна ўсіх супраць усіх», добра, што збольшага віртуальная.
Патрэбна інтэграцыя гістарычнай памяці, каб шанаваліся ўсе даты, звязаныя з «айцамі-заснавальнікамі», як левымі, так і правымі (абы не ультралевымі і не фашыстамі). Паглядзець на Францыю, дык там у падручнікі/грамадскую свядомасць улучаныя і дзеячы рэвалюцыі 1789–1794 гг., і Напалеон, і Бурбоны. Наколькі ведаю, ніхто асабліва не скардзіцца, што замала ўвагі тым або іншым. Хіба што перыяд «ураду Вішы» лічыцца ганебным, яго стараюцца не выпукляць. Дый у Ізраілі… помняць ды шануюць і Бен-Гурыёна з Арлозаравым, і Жабацінскага з Бегіным.
Сучасная Беларусь мае патрэбу ў левіцы ды правіцы, а паўнаты палітычнага спектру няможна дабіцца, калі выціскаць з галоваў «непажаданую» мінуўшчыну… Ну, гэта асобная тэма. Проста сёлета – зрэшты, як і летась – багата юбілейных дат, што натхняе на мудраванні.
Трыццаць гадоў, як свет даведаўся пра ўрочышча Курапаты і расстраляных там перад вайной людзей (3 чэрвеня 1988 г. у газеце «Літаратура і мастацтва» выйшаў аргументаваны артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва, з чаго ўсё і пачалося).
У выніку неаднаразовых расследаванняў пракуратуры з удзелам беларускіх археолагаў пацвердзілася, што ў лесе – магілы тысяч людзей, забітых у канцы 1930-х і самым пачатку 1940-х. Тым не менш «альтэрнатыўныя даследчыкі» дзяўбуць сваё: у лесе быў толькі палігон НКУС (таму, маўляў, сведкі чулі стрэлы), а забойствы людзей на тым месцы вяліся ў час нямецкай акупацыі.
Надзвычайную (i ўадначас тыповую для маніпулятараў) версію агучыў адстаўны (?) афіцэр КДБ на прапагандным сайце ўжо ў 2018 г.: «У Курапатах пахаваныя мясцовыя і этапаваныя з Еўропы яўрэі, расстраляныя немцамі ў канцы 1941-га – першай палове 1942 года». Далей ён трызнiць пра «7,5 тыс. перакладчыкаў яўрэйскай нацыянальнасці, якія перад нападам на СССР былі мабілізаваны немцамі ў Аўстрыі, Германіі, Чэхаславакіі і Польшчы (! – В. Р.) для працы ў Маскве пасля яе ўзяцця». Маўляў, «у сувязі з праблемамі пад Смаленскам, што ўзніклі ў немцаў, усе гэтыя людзі былі кінуты ў Аршанскую турму», а потым пераведзены ў Мінск і забітыя, пачынаючы з верасня 1941 г. Паводле кадэбicта, «акцыя закранула тых яўрэяў, якія спавядалі рабінскі іудаізм. Яўрэяў-месіянаў немцы не расстрэльвалі, а ўзялі да сябе на службу перакладчыкамі (другі раз? – В. Р.) або адправілі ў Палесціну (! – В. Р.), дзе Гітлер абяцаў па вайне арганізаваць яўрэйскую дзяржаву (!! – В. Р.)».
Я ўсё дзіўлюся, што ў галаве такіх людзей, як падпалкоўнік Ляпёшка? Як «дзяржбяспеку» ў РБ вучаць зараз – няўжо, як і даўней, спадцішка нацкоўваюць на яўрэяў, малюючы іх у вобразе гітлераўскіх пратэжэ?
Суразмоўца «юдафіла» Валянціна Анціпенкі, пэўна, зацыклены на тэме – і прадукуе фактоіды на роўным месцы, нават там, дзе яны абвяргаюцца на раз: «У Мінску да вайны пражывала крыху болей за 200 тыс. чалавек. Большая палова насельніцтва – яўрэі» (псеўдагістарычная лажа – непасрэдна перад вайной у сталіцы БССР знаходзілася каля 80 тыс. яўрэяў). «Гэтыя прапорцыі адпавядалі і якаснаму складу супрацоўнікаў НКУС» (тлусты намёк на тое, што яўрэі нясуць ільвіную долю адказнасці за рэпрэсіі; насамрэч к пачатку 1938 г. у НКУС БССР служыла 182 яўрэі і 597 беларусаў, а пасля пераезду ў Менск Цанавы доля яўрэяў зніжалася).
Бадай, у свой час недаацэньваў я Бегуна і Скобелева, цяпер ужо нябожчыкаў – іхняя пісаніна ўспрымалася на «ўра» ў самых нечаканых колах. Зараз Скобелева ўздымае на шчыт «незалежны», антычаргінцоўскі сайт беларускай літаратурнай крытыкі, а кніжка Бегуна «Вторжение без оружия», як сведчыць знаёмы чытачам belisrael.info «кіберакын» Уладзімір Бараніч, была настольнай у… суполцы маладых беларускіх нацыяналістаў «Талака» (пад канец 1980-х гадоў). Як напісаў сп. Бараніч на сваім resurs.by (01.06.2018), пасля кніжак Бегуна яны паўсюль вышуквалі сіянізм: «Вінцук зьвярнуў увагу на адлітыя ў бэтоне мэноры на яго доме, я на заклёпкі ў выглядзе зорак Давіда на маіх беларускай вытворчасьці “штроксах”, Сяржук Вітушка на цырульню “Я сіяніна” («Ясь і Яніна» – адкрылася ў цэнтры Мінска якраз у 1980-х – В. Р.)… )))».
Пачытвалi ў «Талацэ» і «Пратаколы сіёнскіх мудрацоў». Я, што называецца, са светачам не стаяў, але не бачу прычын не верыць былому актывісту «Талакі», якому цяпер 51 год. Разам з тым лічу, што яго высновы тыпу «жыдабойцамі можна сьмела менаваць усіх «сьвядомых беларусаў» старое генэрацыі», «фактычна, любы беларус — адкрыты ці лятэнтны юдафоб» занадта катэгарычныя. Асабліва другая…
Вядома, не ўсе, але многія «свядомыя беларусы» (што б гэтае спалучэнне ні значыла) схільныя да этнізацыі канфліктаў, якая тоiць у сабе немалую небяспеку. Скандальная пабудова побач з Курапацкім лесам, выявілася, часткова належыць Леаніду Лейбавічу Зайдэсу, мінчаніну, які даўно займаецца рэстаранным бізнэсам. На ранку 08.06.2018 наведвальнік сайта «НН» адрэагаваў так: «Нічога дзіўнага: пераважна іх супляменнікі 80 год таму аддавалі і выконвалі загады расстрэльваць беларусаў…». Перш чым рэдакцыя даўмелася выдаліць камент, ён сабраў дзясяткі лайкаў (і 6 дызлайкаў). Тым часам застаецца вісець на сайце «разумная» прапанова іншага чытача: «Тры вясёлых гуся замуцілі бізнэс побач з магіламі дзясяткаў тысяч людзей… А дзяржава Ізраіль сцянае аб занядбанасці магілёўскіх габрэйскіх могілак. Можа там якую рэстарацыю адкрыць, кашэрную?» (на ранак 10.06.2018 рэйтынг камента – +173-3).
Вядома, рэстарацыя за 100-200 метраў ад месцаў расстрэлаў патрэбная краіне, як пятае кола ў возе. Але знішчаць увесь комплекс, пад якім, што б ні казалі асобныя клікушы «гарачыя галовы», няма костак ахвяр, – гэта перабор. Абаронцы прапанавалі перадаць пабудовы пад музей, але сумнеўна, што тут і цяпер бізнэсоўцы адмовяцца ад сваёй маёмасці. Іншы, кампрамісны варыянт – ізаляваць Курапацкі лес высокім плотам або сцяной, каб звонку не даносіліся, напрыклад, гукі музыкі. Прадпрымальнікі доўгі час плацілі смешныя грошы за арэнду зямлі пад сваімі пабудовамі (праз карупцыйную схему?) – дык няхай бы зараз дадаткова раскашэліліся. Журналіст Марат Гаравы, які сябе мянуе «беларусам яўрэйскага паходжання», нават ушпіліў ім ліст з ушчуваннямі.
Рада Саюза беларускiх пісьменнікаў апублікавала заяву па сітуацыі ў Курапатах (07.06.2018), прынятую, здаецца, аднагалосна, чаго даўнавата не было. Пагаджаючыся з духам дакумента, маю пытанні да «літар»: напрыклад, няма дастатковых доказаў, што менавіта ў Курапатах «былі расстраляныя сотні беларускіх паэтаў, празаікаў…» Слушна разважае Ганна Севярынец пра масакру творчай інтэлігенцыі ў канцы кастрычніка 1937 г.: «Але як было ў Курапатах, і ці было гэта наогул у Курапатах – мы не ведаем». Зараз ідэнтыфікаваныя толькi трое забітых, прычым мінімум двое – яўрэі (Шулескес і Крамер – арыштаваныя ў Гродне 1940 г.). Як ні круці, а без новых раскопак з ужываннем «прасунутых» метадаў даследавання (ДНК-аналіз?) не абысціся, ды хто за такі супердарагі праект возьмецца? Урад – наўрад.
Тым часам Якаў Гутман з Сусветнага згуртавання беларускіх габрэяў так рэкамендуе расставіць у Курапатах кропкі над «і»: «Вызначыць межы пахаванняў, па магчымасці – нацыянальнасць нябожчыкаў. У рамках тэрыторыі знайсці месца без пахаванняў і ўсталяваць агульны помнік. Прыблізна так мы зрабілі ў Радуні, калі за межамі могілак знайшлі мацэйвы. Прафесіяналы прыдумаюць надпіс. Усталяваць асобныя помнікі ахвярам кожнай канфесіі…» (ліст 29.05.2018). Парады наконт «нацыянальнасці нябожчыкаў» крыху ўтапічныя.
У канцы 2001 г. на адным са сходаў актывістаў я прапанаваў ініцыяваць у дачыненні да некропаля мясцовы рэферэндум; мяне не паслухалі. Ужо шмат гадоў абаронцы Курапатаў ходзяць па бюракратычных колах, і ў лясным масіве пад Мінскам мала што мяняецца. Леташнія летуценні пра «конкурс» таксама застаюцца летуценнямі.
Многае змянілася ў Трасцянцы, на мемарыялізацыю якога апошнім часам былі скіраваныя зусім іншыя фінансавыя плыні… 29.06.2018 афіцыйна адкрыецца «другая чарга» мемарыялу. Дзеля справядлівасці, у гэтым нацысцкім лагеры людзей загінула значна больш, чым у Курапатах. Сёмага чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстаўка, прысвечаная Трасцянцу.
Побач з іншымі – і стэнд пра Мінскае гета, яго вязняў. Гледачоў небагата, але ў вас ёсць шанс далучыцца да іх радоў!
Як пазітыўны крок трактую тое, што ў Мінску-2018 дэ-юрэ з’явіліся вуліцы рэпрэсаваных і знішчаных у СССР дзеячаў культуры: Алеся Дудара і Аркадзя Смоліча. Кур’ёзна, што «галоўны яўрэйскі саюз» па-ранейшаму настойвае на вуліцы Леаніда Левіна (прапанова 2017 г.), хаця ў гонар заслужанага архітэктара і ганаровага грамадзяніна Жлобінскага раёна ўвесну 2015 г. была пераназвана вуліца Маладзёжная ў горадзе Жлобіне. У Мінску імя Л. М. Левіна з сакавіка таго ж года носіць гістарычная майстэрня на Калектарнай.
У маі 2015 г. адмыслова для тутэйшых «уплывовых суполак» пералічыў 20 годных кандыдатаў на ўвекавечанне ў сталічнай тапаніміцы. Адкрытага абмеркавання праблемы не атрымалася – на В. Харужай па-ранейшаму лічаць сябе самымі разумнымі. Як і гісторык Алесь Б-ы, што заявіў 08.06.2018, маўляў, пра Майсея Кульбака ў Мінску «ніхто» (трэба думаць, апрача яго, Б-а) «не вядзе гутарку». Лічыце…
70 год споўнілася пісьменніцы Святлане Алексіевіч. Дарэчы будзе агляд яе творчасці з газеты «Вечерний Минск» (17.06.1998):
На жаль, кніга С. А. пра сутыкненне жаночай і мужчынскай цывілізацый, згаданая Алай Бабковай у «ВМ», так пакуль і не выйшла друкам (у сеціве – толькі накід). Зычу юбілярцы ў бліжэйшыя 50 год засяродзіцца на літаратурнай творчасці, а гутаркі «за палітыку» пакінуць больш дасведчаным асобам.
…Рады быў убачыць у Нацыянальнай бібліятэцы белы фаліянт Ларысы Доўнар «Кніжная справа ў Мінску (канец XVIII – пачатак ХХ стагоддзя)». Старонак – амаль 700, наклад – усяго 100. Асабліва зацікавілі вокладкі старых яўрэйскіх кніжак, рэпрадукаваныя даследчыцай, – у бібліятэцы МОЕКа такіх выданняў не было.
Даспадобы і тое, што анатацыя кнігі пададзена як на англійскай, польскай, так і на ідышы.
Нячаста сустрэнеш яўрэйскія літаркі ў кнігах сучасных беларускіх навукоўцаў… (Л. І. Доўнар працуе ва ўніверсітэце культуры, там жа ў 2017 г. прайшла прэзентацыя яе opus magnum.)
* * *
«Вольфаў цытатнік»
«Прыхільнікі ўсялякіх свабод крайне нецярпімыя – асабліва ў сваім асяродку… Само змаганне за свабоды па іроніі жыцця знітавана з нецярпімасцю – як і любое змаганне за радыкальна новы лад» (Эдуард Кузняцоў, «Дзённік», 02.12.1970)
«Ідэя адраджэння культуры і мовы, безумоўна, самадастатковая. Але яе рэалізацыі для нармальнага жыцця мала… Марксізм не састарэў. Ніякія карэнныя рэфармацыі ў грамадстве немагчымыя, пакуль сваё слова не скажа рабочы клас. Але з цягам часу любое вучэнне мае патрэбу ў трансфармацыі. Калі пісаўся “Капітал”, не было такой колькасці службоўцаў. Яны гэтак сама, як і рабочыя, сталі той сацыяльнай базай, на якую робяць стаўку левыя сілы» (Сяргей Марцалеў, «Вечерний Минск», 19.06.1998).
Вольф Рубінчык, г. Мінск
10.06.2018
wrubinchyk[at]gmail.com
Апублiкавана 10.06.2018 20:44
***
От редактора. Напоминаю о необходимости и важности финансовой поддержки сайта. Текст на русском и как это сделать, читайте внизу этой публикации