Ізноў здароў kinda юбілейны выпуск, радуе гэта Вас або не! Канец чэрвеня – пачатак ліпеня былі багатыя на падзеі, але спярша – колькі слоў на вечную тэму: беларуская іудаіка, чым яна ёсць па сутнасці, як выглядае звонку.
Падштурхнула мяне да рэфлексій публікацыя кандыдата гістарычных навук, дацэнта БДУ, etc, з якім ужо асцярожна спрачаўся тут. Ага, таго самога Дзмітрыя Ш., які ў пачатку 2010-х ачоліў «цэнтр яўрэйскіх даследаванняў» у ЕГУ і ўзяўся рэдагаваць часопіс «Цайтшрыфт». У канцы 2018 г. ён жа (з)ацаніў стан іудаікі ў Беларусі, дый стан яўрэяў увогуле… Слушна канстатаваў, што нас тут нямнога, і звесткі Зэліка Пінхасіка (згодна з якімі пад закон аб вяртанні трапляе звыш 100 тыс. жыхароў РБ) «уяўляюцца неабгрунтаванымі». Праўда, нешта падобнае я ўжо чытаў, больш за тое – пісаў 🙂
Пан Ш. згадвае некаторыя арганізацыі, леташнія падзеі – усё гэта няблага, хоць і «без прэтэнзій». Ды раптам – гаркавы песімізм: «іудаікі як асобнай сферы даследавання і выкладання ў Беларусі больш не існуе (напрыклад, у параўнанні з перыядам 2000-х гг.); вядомых даследчыкаў, якія даўно займаюцца іудаікай, адзінкі; узровень работ, якія з’яўляюцца ў навуковай перыёдыцы і ў якасці дысертацый, што прадстаўляюцца да абароны, даволі слабы; сустракаецца і непрыхаваная прафанацыя».
Ніхто не будзе ўсур’ёз даводзіць, што цяперашняя РБ – міжгалактычны агмень яўрэйскіх даследаванняў. Але суцэльнага заняпаду ў параўнанні з пазначаным перыядам усё ж не прасочваецца. Дальбог, у 2000-х, асабліва ў першай палове, «яўрэйскія тэмы» не дужа былі папулярныя. Малатыражны – і, папраўдзе, не бліскучы – зборнік «Евреи Беларуси. История и культура» накрыўся вядомай пасудзінай у 2001 г., а ў іншых выданнях ахвотным не так часта выпадала публікавацца. Калі ж выпадала, то ў друк нярэдка праточвалася менавіта «непрыхаваная прафанацыя» (шматлікія артыкулы Эмануіла І. ды пад.).
Прыпамінаю, што на канферэнцыях у Брэсце, Гродна, нават у Мінску, я бываў ледзь не адзіным, хто нешта распавядаў пра яўрэяў Беларусі.
Абяцанкі-цацанкі ад газеты «Авив» (чэрвень-ліпень 2003)
У 2010-х гадах якраз назіраўся пэўны «рэнесанс», звязаны, відаць, з тым, што многа дзе распрацоўваліся экскурсіі па «яўрэйскіх мясцінах», і мелася патрэба ў навуковым абгрунтаванні. На мой одум, адна кніга Іны Соркінай «Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст.» (выд-ва ЕГУ, 2010) апраўдала існаванне беларускай іудаікі на 10 гадоў наперад.
Так, даводзілася чытаць нямала «папсы» (гл., напрыклад, тут водгук на крэатыў Г. Левінай; лёгка знайсці ў сеціве шматлікія кампіляцыі М. Акуліч ды інш.), але ж яна ніколі не падмяняла і не падмяняе навуковую літаратуру… Таму тэзіс Дзмітрыя («Характэрнай рысай дыскурсу пра яўрэяў Беларусі сталася замена сур’ёзнай літаратуры на масавую папулярную з адпаведным наборам скрыўленняў») гучыць надта неяк па-алармісцку.
У апошнія гады не маю магчымасці прафесійна займацца іудаікай. Выпусціў пару кніжак, дзе «яўрэйскае» прысутнічае, але не дамінуе:
Водгукі ад «Кніганошы» (№ 45, 2017) і «Дзеяслова» (№ 99, 2019). ¯\_(ツ)_/¯
Усё ж часам адпраўляю матэрыялы на канферэнцыі, па меры сіл сачу за тым, што публікуецца, адзначаю для сябе старыя і новыя імёны. Нават на belisrael.info, які не прэтэндуе на званне акадэмічнага сайта, іх цэлае суквецце. Па-свойму цікавымі мне падаліся, напрыклад, работы Цімоха Акудовіча, Інэсы Ганкінай, Інэсы Двужыльнай, Дзмітрыя Дзятко, Маргарыты Кажанеўскай, Уладзіслава Карчміта, Алы Кожынавай – і, безумоўна, Віктара Жыбуля, даследчыка спадчыны Цфаніі Кіпніса, Вульфа Сосенскага, Юлія Таўбіна, іншых знакамітых яўрэяў. А ёсць жа яшчэ, напрыклад, Канстанцін Карпекін, архівіст 1985 г. нар., зацікаўлены тэмай іудзейскіх абшчын пачатку ХХ ст… Уладзімір Ляхоўскі і Андрэй Унучак апошнім часам досыць паспяхова асвятлялі ўзаемадзеянне яўрэйскага і беларускага нацыянальных рухаў, Вольга Бабкова на падставе архіўных дакументаў распавядала пра стасункі іудзеяў з хрысціянамі ў часы сівой даўніны, Вадзім Зелянкоў падрыхтаваў грунтоўны артыкул пра мінскага доктара Лунца і яго нашчадкаў, закрануўшы тэму «яўрэйскай абшчыны». Ларыса Доўнар займалася тутэйшай ідышнай ды іўрыцкай бібліяграфіяй. Працягвае валтузіцца са справамі «нацменаў», у тым ліку яўрэяў, магілёўскі гісторык, дацэнт Ігар Пушкін. Не закінуў іудаіку яго мінскі калега Андрэй Кіштымаў.
Сяргей Старыкевіч шмат пісаў пра яўрэяў Маладзечаншчыны, Ігар Ціткоўскі – пра слуцкіх яўрэяў (ды іх сінагогі), Таццяна Вяршыцкая – пра наваградскіх, Эдуард Злобін – пра пінскіх, Леанід Лаўрэш – пра лідскіх. Наконт апошніх пяцярых не ведаю, гісторыкі яны, краязнаўцы або «проста» музейшчыкі, але планку трымаюць. Іх тэксты ў цэлым не горшыя за тое, што падаецца пра Беларусь і Мінск у ізраільскай «Электроннай яўрэйскай энцыклапедыі».
Мабыць, не ўсе з пералічаных звярталіся ў віленскі «Цайтшрыфт» і супрацоўнічаюць з расійскай суполкай «Сэфэр», але тое не значыць, што гэтых людзей не існуе, што ім няма куды расці. Упэўнены, грамадскі попыт на яўрэйскую тэматыку ў Беларусі ёсць і будзе, пра што сведчыць, між іншым, і выхад «Аўтабіяграфіі» філосафа Саламона Маймана (Мінск, 2018) у перакладзе на беларускую.
Карацей, трохі шкада, што ў «гісторыка-міжнародніка» атрымаўся занадта суб’ектыўны «агульны агляд» для «інстытута Еўра-Азіяцкіх яўрэйскіх даследаванняў». Ды такая, відаць, установа… Камусьці ў яе кіраўніцтве карцела паказаць тутэйшых яўрэяў «беднымі й няшчаснымі», і ў гэткім вобразе ёсць доля праўды, але ж канструктыўнага выйсця не было прапанавана. 🙁 Так, «маштабнае сацыялагічнае даследаванне» – лепей, чым нічога (сам адказваў на пытанні ў лютым г. г.), аднак, па-мойму, скіравана яно найперш на вывучэнне эміграцыйнага патэнцыялу яўрэйства СНД, а не на развіццё тутака «абшчын» і яўрэйскіх штудый. Пажывем-пабачым – магу і памыляцца.
Смешна, калі чалавек з’яўляецца «мудрацом у вачах сваіх»…
Зараз пра тое, што дзеецца вакол. «Галоўнакамандуючы» (па-французску «généralissime», амаль генералісімус :)) кур’ёзна бараніў практычна ўжо прыняты законапраект міністэрства абароны аб «удасканаленні» сістэмы прызыву: «Служыць павінны ўсе, а не толькі дзеці рабочых і сялян, іначай мы трапім у залежнасць ад Расіі або НАТА» (каму трэба, знайдзіце дакладныя цытаты). Гэх… па-першае, прызыў усё адно застанецца «не для ўсіх»; «хлопчыкі-мажоры» так ці іначай з’едуць за мяжу паводле адмысловых накіраванняў. Па-другое, прыпусцім, што ваенкаматам удасца дадаткова «падгрэсці» пару-тройку тысяч прызыўнікоў за год. Праблему баяздольнасці тутэйшых узброеных сіл гэта не вырашыць, што прызнавалі і самі вышэйшыя афіцэры. Па-трэцяе, довад «ад праціўнага»: нават з адтэрміноўкамі для студэнтаў/магістрантаў/аспірантаў за 27 год незалежнасці Сінявокая ўмудрылася не стаць ахвярай суседзяў; ёсць «смутныя сумневы», што ім увогуле не да нас. Калі ж «кампетэнтныя органы» (у адносінах да адміністрацыі РБ гэтае спалучэнне выпадае ўжываць хіба з іроніяй) маюць іншыя звесткі, дык трэба крычаць каравул тэрмінова мацаваць войска ў іншыя спосабы, чым лоўля моладзі, прагнай да навучання. Што, калі пачаць з таго, каб адмовіцца ад пагоні за пышнасцю, праз якую церпяць людзі? Маю на ўвазе мінскую трагедыю 03.07.2019 (загінула жанчына, некалькі беларусаў паранены ў мірны час), але не толькі; «святочныя» інцыдэнты здараліся і раней.
Недарэчнасць законапраекта пад хітрай назвай «Пра змяненне законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы» відавочная ўжо і для часткі дэпутацікаў з палаты прадстаўнікоў. Ніколі ж не было ў гісторыі ПП, каб у другім чытанні прагаласавала «супраць» болей, чым у першым (9 і 6) – звычайна спрэчныя моманты залагоджваюцца паміж галасаваннямі. Няўжо «палатка» ператвараецца-такі ў сапраўдны парламент? Хацелася б верыць; мо нават дойдзе да таго, што ўвосень цяперашнія «кнопкадавы» не дадуць распусціць сябе датэрмінова. Да чаго не раз заклікаў.
Уразіла, якая публіка сабралася ва ўрадзе. Міністарка працы, у адказ на прапанову ўлучаць тэрмін службы ў войску ў стаж для налічэння пенсіі: «У 20 гадоў “яны” не будуць думаць пра пенсію» (няхай прызыўнікі дабіраюць стаж потым). Нагадала эпізод з пачатку 1990-х: у Палацы шахмат і шашак планаваўся дзіцячы турнір, і нехта прапанаваў праветрыць памяшканне. Заслужаная трэнерка гмыкнула: «“Iм” усё роўна – пачнуць гуляць, дык забудуць пра ўсё на свеце». Чым скончылася справа, не ведаю; спадзяюся, трэнерцы зараз добра дыхаецца ў чужой краіне. Во каб і гора-міністарку туды адправіць, пажадана – разам з яе «шэфамі»…
*
Гульні з мінімум трохразовым (!) перарасходам сродкаў – і гэта называецца «ў межах запланаванага» – падзеяй для ўсёй краіны не сталі, што падкрэслівалі многія каментатары, у т. л. добразычлівыя (напрыклад). Няхай заява прэзідэнта Міжнароднага алімпійскага камітэта, маўляў, цешыцца «ўся Беларусь», застанецца на яго сумленні… Але ж трэба прызнаць, што Лукашэнкі, Рыжанкоў & Co. намацалі-такі слабое звяно ў масавай свядомасці – як тутэйшай, так і заходняй. Сам факт арганізацыі масавых гуляў уплывае на спажыўцоў, быццам наркотык, і адцягвае ўвагу ад рэальных праблем. А сярэдняму замежніку няма розніцы, куды ехаць… У краіну, дзе масава парушаюцца грамадзянскія правы, нават цікавей, бо па вяртанні будзе падстава пахваліцца сваёй смеласцю.
Рэзюмую: своеасаблівая логіка ў правядзенні Еўрапейскіх гульняў у Азербайджане-2015 і Беларусі-2019 была. Зразумела, што дзеля «іміджу» (які не прыяе ўзаемавыгадным стасункам з аўтарытэтнымі контрагентамі, але дапамагае ўтрымаць уладу ў кароткатэрміновым перыядзе) верхавіна можа ахвяраваць эканамічнай мэтазгоднасцю, парастрэсці гаманец – пагатоў, як правіла, не ўласны.
Не хачу пакрыўдзіць спартоўцаў і валанцёраў, многія з якіх насамрэч стараліся. Ва Ўруччы, напрыклад, праходзілі спаборніцтвы па боксе. Мая жонка, ні разу не аматарка гэтага віду спорту, схадзіла «за кампанію», і ёй спадабалася. Якраз у той дзень, 29.06.2019, беларускі баксёр Дзмітрый Асанаў заваяваў «золата»… Але лыжкай дзёгцю стала тое, што ахоўнік не даў чэмпіёну прабегчыся са сцягам перад усімі трыбунамі (дзе, безумоўна, хапала асанаўскіх балельшчыкаў).
Здымкі С. Рубінчык
Гэты факт, разам з іншымі, лішні раз сведчыць пра казённасць, неразняволенасць гульняў. Пра стаўленне да рабочых у «алімпійскай вёсцы» можна пачытаць тут.
*
Аналізаваць дзейнасць новага прэзідэнта Украіны ранавата – не мінула нават ста дзён з яго «інтранізацыі». Як бы скептычна я ні ставіўся да «Зелі», нейкія пазітыўныя сігналы наша паўднёвая суседка пасылае. Напрыклад, у чэрвені ўлады Палтавы вырашылі не пачынаць будоўлю на месцы забойства яўрэяў у Пушкароўскім Яры (як было ў беларускім Брэсце, гл. у мінулай серыі). Суд прызнаў незаконным перайменаванне кіеўскіх праспектаў у гонар Бандэры і Шухевіча, здзейсненае ў 2016-2017 гг. аматарамі «насілля і бяссілля». Так, глядзіш, і заказчыкаў забойстваў Алеся Бузіны ды Паўла Шарамета прыцягнуць да адказнасці?..
Цытатнік
«Кожная новая заява павінна яўным чынам абапірацца на аргументы, выказаныя табою раней. Калі гэтага няма, то аўдыторыя проста лічыць цябе вар’ятам. Такое здараецца таксама, калі аўдыторыі здаецца, што ты надаеш таму ці іншаму аргументу больш вагі, чым апраўдана на тым этапе» (Эліэзер Юдкоўскі, 2007)
«У сталасці хлусіць – як багатаму красці: і сорамна, і няма патрэбы» (Андрэй Федарэнка, «Народная воля», 02.02.2018)
«Вялікае не абавязана быць добрым» (Дзмітрый Быкаў, 05.07.2019)
Вольф Рубінчык, г. Мінск
07.07.2019
wrubinchyk[at]gmail.com
Апублiкавана 07.07.2019 22:13