Обучение еврейских девушек в Гродненской губернии …

Маргарыта Кажанеўская

АДУКАЦЫЯ ЯЎРЭЙСКІХ ДЗЯЎЧЫН У ЖАНОЧЫХ ДЗЯРЖАЎНЫХ СЯРЭДНІХ НАВУЧАЛЬНЫХ УСТАНОВАХ ГРОДЗЕНСКАЙ ГУБЕРНІ Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ ХІХ – ПАЧАТКУ ХХ СТСТ.

У другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. на беларускіх землях інтэнсіўна развівалася жаночая сярэдняя адукацыя, што стала вынікам поспеху эмансіпатарскага руху. Пад уплывам дэмакратычнай грамадзкасці Міністэрства Народнай Асветы вымушана было прызнаць неабходнасць адкрыцця хаця б у губернскіх гарадах такіх жаночых навучальных устаноў, якія б па сваім характары і ўзроўні адукацыі набліжаліся да гімназій. Такое рашэнне канчаткова было прынята ў 1858 г., калі ў некаторых гарадах Паўночна-Заходняга краю пачалі адкрывацца Марыінскія вучылішчы, пазней перайменаваныя ў гімназіі. Першае Марыінскае вучылішча на тэрыторыі Гродзенскай губерні адчыніла свае дзверы 7 студзеня 1860 г. у губернскім горадзе Гродна, яно была перайменавана ў гімназію ў 1862 г. і стала першай дзяржаўнай жаночай навучальнай установай на тэрыторыі Беларусі [12, с. 31-33].

6 кастрычніка 1861 г. было дазволена прымаць ў гімназіі яўрэек [12, с. 33]. Паколькі ў сярэдзіне ХІХ ст. сярэдняй яўрэйскай адукацыі не існавала, яўрэйскія хлопцы і дзяўчаты ішлі вучыцца ў агульныя гімназіі і прагімназіі. Для яўрэяў жаночыя гімназіі з’яўляліся адзінымі навучальнымі ўстановамі, дзе іх дочкі маглі атрымаць сярэднюю адукацыю, якая знаходзілася на ўзроўні сучасных на той час патрабаванняў [4]. Трэба адзначыць тое, што па яўрэйскай традыцыі жанчыны былі вызваленыя ад пачатковай адукацыі, якая была абавязковая для мужчын, а імкненне жанчыны да навукі ўвогуле ўспрымалася з падазронасцю, лічылася адступленнем ад жаноцкасці. Аднак, час дыктаваў іншыя ўмовы, што выклікала змяненне стаўлення да жаночай адукацыі ў яўрэйскім асяроддзі.

Згодна з зацверджаным 9 студзеня 1862 г. уставам вучэбны курс жаночых гімназій быў разлічаны на 7 класаў, які ўключаў у сябе Закон Божы, рускую мову і славеснасць, гісторыю, геаграфію, прыродазнаўства, арыфметыку, геаметрыю, фізіку і касмаграфію, чыстапісанне і рукадзелле. Гэтыя прадметы лічыліся абавязковымі. За асобную аплату жадаючыя маглі навучацца мовам, маляванню, спевам, танцам і музыцы. У пачатку ХХ ст. у жаночых гімназіях была ўведзена лацінская мова, дамаводства, гімнастыка і гігіена [12, с. 33].

Жаночыя гімназіі з’яўляліся ўстановамі, накіраванымі на тое, каб даць гуманітарную адукацыю. Аднак, у жаночых гімназіях прыродазнаўчым навукам надавалася больш увагі, чым у мужчынскіх, дзе гуманітарныя прадметы складалі 81 %. На выкладанне геаграфіі ў жаночых гімназіях адводзілася на 2 урокі больш, гісторыі – на 2 урокі менш, матэматыкі – на ўрок больш, чым у мужчынскіх гімназіях. 26 мая 1872 г. было дазволена ўвесці ў жаночых гімназіях выкладанне закона іудзейскай веры (на рускай мове) [12, с. 102].

Значная колькасць яўрэйскіх дзяўчат у гімназіях уплывала на прыняцце пэўных рашэнняў у адносінах да прадметаў. У канцы ХІХ ст. прапанавалася выкладаць дамаводства ў гімназіях. Пытанне аб гэтым уздымалася неаднаразова. У пачатку ХХ ст. прадмет дамаводства быў уведзены ў якасці эксперымента ў абмежаванай колькасці гімназій. Камісія, абраная педагагічным саветам Слонімскай жаночай гімназіі, лічыла пажаданым увядзенне дамаводства, але цяжкім з прычыны таго, што большасць вучаніц складаюць яўрэйкі, для якіх веды па вядзенні нашай кухні непатрэбныя [10, л. 145].

Асобная ўвага ў жаночых гімназіях была звернута на вывучэнне рускай мовы і літаратуры. Афіцыйна гэта тлумачылася нізкай паспяховасцю вучаніц па прадмету. Як сведчаць дакументы, большая колькасць гімназістак былі яўрэйкамі і на рускай мове размаўлялі толькі ў сценах навучальнай установы [9, л. 154].

Яркім прыкладам таго, што яўрэйкі складалі значную частку вучаніц гімназій, з’яўляецца Гродзенская жаночая гімназія. У 1875 г. з 237 вучаніц было 98 яўрэек (41%) [2, л. 63], 1905 г. – з 501 вучаніцы 184 яўрэйкі (36 %) [8, л. 46]. У 1914 г. на паседжанні педагагічнай канферэнцыі з мэтай вывучэння вучэбнай, выхаваўчай дзейнасці настаўнікаў і навучэнцаў было адзначана, што яўрэйкі дастаткова паспяхова вучыліся ў гімназіі. Так, за 1914 г. залаты медаль атрымалі 3 дзяўчыны-яўрэйкі з чатырох, сярэбраны медаль атрымалі 3 вучаніцы, з якіх 2 былі яўрэйкі. Аднак не ўсе вучаніцы яўрэйскай нацыянальнасці вучыліся добра і мелі добрыя паводзіны. Вучаніца трэцяга класа Гельгор Рэвэка засталася на другі год, таму што не паспявала больш, чым па трох прадметах, а вучаніцы трэцяга класа Абрамскай Рахіль была зніжана адзнака за паводзіны за прагулку па вуліцы з вучнем рэальнага вучылішча [6, л. 54, 59]. У 1913 г. вучаніцам Гродзенскай гімназіі іудзейскага веравызнання былі зніжаны адзнакі па паводзінах з прычыны няўважлівасці ў час урока, за нясціплыя паводзіны ў тэатры, за падробку подпісу маці ў вучнёўскім журнале, за тое, што засталіся на вечары звыш дазволенага часу ў асяроддзі маладых людзей [7, л. 53].

Што тычыцца праграмы навучання дзяўчат у Гродзенскай жаночай гімназіі, то ў дадзенай навучальнай установе выкладаліся такія прадметы як руская славеснасць, матэматыка і касмаграфія, французская і нямецкая мовы, геаграфія, руская мова, арыфметыка, прыродазнаўчая гісторыя, чыстапісанне, гісторыя, маляванне, рукадзелле, танцы, Маісееў закон (у 1890 г. яго выкладаў Аарон Рэвес) [5].

У жаночых гімназіях існавалі спецыяльныя ўнутраныя правілы паводзін для вучаніц, якія былі зацверджаны 4 мая 1874 г. і распаўсюджваліся на гімназіі Гродзенскай губерні. Правілы датычыліся ўсяго навучальна-выхаваўчага працэсу ў гімназіі. Згодна з імі, вучаніцы, што не з’явіліся ці спазніліся на заняткі, павінны былі прадставіць ад бацькоў ці родных спраўку аб хваробе ці іншай уважлівай прычыне. Гімназісткі павінны былі насіць сукенкі вызначанай формы цёмна-карычневага колеру з чорным фартухом. Прычоска павінна быць простай і ахайнай, валасы заплецены ў косы, забаранялася насіць банты і стужкі. Выключалася нашэнне ўпрыгожванняў: бранзалетаў, гадзіннікаў, пярсцёнкаў [12, c. 119].

У пачатку ХХ ст. колькасць жаночых гімназій у Віленскай навучальнай акрузе павялічылася. Да адчыненых у гэты перыяд гімназій адносяцца Брэсцкая (1906 г.), Ваўкавыская (1909 г.), Слонімская (1910 г.).

Слонімская жаночая гімназія была адчынена 24 верасня 1910 г. На момант адкрыцця ў гімназіі было 375 вучаніц, з якіх яўрэек было 269 (72%) [3, л. 4]. У гімназіі выкладаліся такія прадметы, як руская мова, Закон Божы, закон яўрэйскай веры, гісторыя, прыродазнаўчая гісторыя, матэматыка, маляванне, арыфметыка, геаграфія, французская і нямецкая мовы, рукадзелле, чыстапісанне, танцы разам з гімнастыкай, у некаторых класах свецкія спевы [3, л. 5; 10, л. 34].

Гімназія складалася з 7 асноўных класаў і двух паралельных (5 “б”, 6 “б”). Сярод вучаніц былі прадстаўнікі розных саслоўяў і веравызнанняў. Дзейнасць кіраўніцтва гімназіі была накіравана на тое, каб выхаваць вучаніц фізічна і духоўна правільна, звяртаючы ўвагу на іх індывідуальныя здольнасці.

Сярод абавязковых прадметаў значная ўвага надавалася рускай мове, таму што вынікі працы настаўнікаў хаця і былі задавальняючыя, аднак, дасягненню пажаданых поспехаў перашкаджаў склад вучаніц, сярод якіх 60 % былі яўрэйкі. Для такіх гімназістак руская мова з’яўлялася толькі мовай школы, у хаце яны пераважна ўжывалі яўрэйскую [10, л. 153].

Замест Закона Божага як абавязковага прадмета прадстаўніцы іудзейскага веравызнання вучылі асновы яўрэйскай веры. У Слонімскай жаночай гімназіі дадзены прадмет выкладалі Ізраіль Ільіч Штейнман, які ў свой час скончыў Віленскі яўрэйскі настаўніцкі інстытут, і Рувім Барысавіч Шумах, які меў званне настаўніка пачатковых вучылішч. На ўроках па дадзеным прадмеце, напрыклад, у 7 класе вывучалася гісторыя яўрэйскага народа ў сярэднія вякі, становішча народа ў дадзены перыяд. Становішча яўрэяў у Італіі, Францыі, Германіі, на Русі і ў Хазарскім каганаце. Вывучаліся перыяды крыжовых паходаў, выгнанне яўрэяў з Англіі, Францыі, Іспаніі, Партугаліі, Германіі ў гета, ілжывыя абвінавачванні, становішча яўрэяў у Польшчы. Шмат увагі было нададзена яўрэйскай літаратуры, біяграфіі яўрэйскіх мудрацоў і пісьменнікаў [6, л. 22-24].

З мастацкіх прадметаў вучаніцы навучаліся маляванню, спевам і танцам разам з гімнастыкай. Рукадзеллю як абавязковаму прадмету навучаліся вучаніцы ўсіх класаў (1-6). Музыка не выкладалася ў гімназіі з-за адсутнасці інструмента [9, л. 15].

З неабавязковых прадметаў гімназісткі вывучалі французскую і нямецкую мовы. Пастаноўка выкладання моў была тэарэтычна-практычнай, пры гэтым перавага аддавалася натуральнаму метаду: пры паслядоўным вывучэнні тэорыі мовы паступова ўводзяцца размоўныя яго элементы. Да неабавязковых прадметаў адносілася таксама гігіена, аднак у Слонімскай жаночай гімназіі яе вывучалі ўсе вучаніцы 7 класа [9, л. 17].

Нягледзячы на тое, што Слонімская жаночая гімназія была дзяржаўная і ўсесаслоўная, былі класы, дзе вучыліся толькі яўрэйкі. Прыкладам тут могуць быць класы 5 “Б” і 6 “Б”, а таксама сюды можна ўключыць 7 клас, дзе з 43 выпускніц толькі адна была каталіцкага веравызнання.

Вучаніцы 5 “Б” класа найбольш паспяхова вучыліся па такіх прадметах як алгебра, французская мова, руская мова, закон яўрэйскай веры. Па ўсіх прадметах паспявалі 25 з 37 гімназістак (67,57 %). Па выніках экзамену ў канцы навучальнага 1910/1911 гг. пераведзены ў 6 клас 23 вучаніцы, 11 вучаніц пераздавалі экзамены пасля канікул, а 3 былі пакінутыя на другі год [11, л. 25].

Вучаніцы 6 “Б” класа найбольш паспяхова вучыліся па прадметах: закон яўрэйскай веры, руская мова, алгебра, геаметрыя, фізіка, гісторыя, рукадзелле. Усяго ў класе вучылася 37 вучаніц, з якіх па ўсіх прадметах паспявалі 33 (89,19%) [11, л.28].

У 1910/1911 навучальным годзе ў 7 класе было 47 вучаніц (46 з іх былі іудзейскага веравызнання), з іх скончылі сямікласны курс гімназіі 43. Усе яны прыналежалі да гарадскога саслоўя. Найбольш паспяхова ішлі такія прадметы як Закон Божы (для пераважнай большасці закон яўрэйскай веры), руская мова, касмаграфія, геаграфія, французская мова, маляванне і педагогіка. Па ўсіх прадметах паспявалі 30 вучаніц (70,21%). Па выніках года 45 вучаніц былі дапушчаны да выпускных экзаменаў, з якіх 43 паспяхова здалі іспыты і атрымалі атэстаты. 8 вучаніц атрымалі медалі: 2 залатыя і 6 сярэбраных. Усе медалісткі былі яўрэйкамі [11, л. 32].

І гэта далёка не ўсе прыклады таго, што пераважная большасць вучаніц жаночых дзяржаўных сярэдніх навучальных устаноў Гродзенскай губерні, як правіла, былі іудзейскага веравызнання. У 1914 г. у Ваўкавыскай жаночай гімназіі з 252 вучаніц было 112 яўрэек (44%), ў Беластоцкай Мікалаева-Аляксандраўскай гімназіі з 664 вучаніц – 401 яўрэйка (60%) [1, л. 5,6]

Такім чынам, у другой палове ХІХ – пачатку ХХ стст. расійскі ўрад адчыняе яўрэям дзверы ва ўсесаслоўныя школы. У выніку прадстаўнікі гэтага народа, часам насуперак шматгадовым традыцыям, сталі пераважаць у сярэдніх навучальных установах, што яскрава бачна на прыкладах жаночых гімназій Гродзенскай губерні.

Спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры:

1. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродна (НГАБ у г. Гродна). – Фонд 14. – Воп. 1. – Спр. 460.

2. НГАБ у г. Гродна. – Фонд 1. – Воп. 15. – Спр. 531.

3. НГАБ у Гродна. – Фонд 370. – Воп. 1. – Спр. 160.

4. Іванчык, А.А. Развіццё сярэдняй яўрэйскай адукацыі ў Гродзенскай губерніі в ХІХ – начале ХХ в. / А.А. Іванчык // Навука-2008: зб. навук. арт. / Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы; рэд.кал.: А.І. Борка (адк. рэд). – Гродна: ГрДУ, 2008. – С. 146–150.

5. Памятная кніжка Гродзенскай губерні на 1890 г. / Выд-ва Гродзенскага статыстычнага камітэта. – Гродна: Тыпаграфія губернскага праўлення, 1891.

6. НГАБ у г. Гродна. – Фонд 370. – Воп. 1. – Спр. 11.

7. НГАБ у г. Гродна. – Фонд 39. – Воп. 1. – Спр. 588.

8. НГАБ у г. Гродна. – Фонд 39. – Воп. 1. – Спр. 2– 10.

9. НГАБ у г. Гродна. – Фонд 370. – Воп. 1. – Спр. 22.

10. НГАБ у г. Гродна. – Фонд 370. – Воп. 1. – Спр. 21.

11. НГАБ у г. Гродна. – Фонд 370. – Воп. 1. – Спр. 20.

12. Ступакевіч, М.А. Жаночая адукацыя ў Беларусі (другая палова ХІХ – 1917 г.) / М.А. Ступакевіч. – Гродна: ГрДУ, 2006. – 170 с.

Апублiкавана ў зборнiку матэрыялаў канферэнцыi (Шлях да ўзаемнасці – Droga ku wzajemności: матэрыялы XVIII міжнар. Навук. Канф. (Гродна, 15-16 лістапада 2012 г.) / рэдкал.: Я. Панькоў, І. Папоў, Э. Ярмусік. – Ліда: Лідская друкарня, 2014. – С. 177-181. )

Глядзi таксама ранейшы матэрыял

Начальное женское еврейское образование в Гродненской губернии

Размешчана 1 лiпеня 2016  02:44