В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (119)

Усім халаднаватага шалому! Не дае спакою падзея, што здарылася месяц таму ў Брэсце-Літоўскім. Там – фактычна ў цэнтры горада – пры будоўлі знайшлі парэшткі яўрэяў, забітых нацыстамі. Гарадскія ўлады, не без уплыву сталічнай адміністрацыі, прынялі рашэнне 22.05.2019 пахаваць косткі за межамі Брэста ў агульных магілах, па 10 шкілетаў у труне. Асобныя брэсцкія (і, натуральна, мінскія) яўрэі пагадзіліся, але вось як адрэагаваў ізраільскі журналіст Шымон Брыман: «Дзеля прыбытку забудоўшчыкаў улады вырашылі забраць усе парэшткі з месца, дзе яны спачывалі амаль 77 гадоў. Не ведаю, як удалось намовіць мясцовага рабіна на такое грубае парушэнне яўрэйскіх традыцый. Можа, яму сказалі: Мы ўсё роўна будзем будаваць, а табе, грамадзяніну Ізраіля, яшчэ выпадзе працягваць візу для знаходжання ў РБ. Дарэчы, пасол Ізраіля таксама ўхваліў перанос парэшткаў».

Далей была вострая дыскусія Брымана з РБ-шным «дыпламатам» Андрэем С-кім, аўтарам мема «Брэст пакуль не ўключылі ў склад Ізраіля», і рознымі цікавымі асобамі кшталту мясцовага «галоўнага прагрэсіўнага рабіна» («Усё тут на костках, не толькі Брэст»). Прадказальна, усе засталіся пры сваіх. Cпытаўся ў Якава Гутмана – прэзідэнта Сусветнай асацыяцыі беларускіх яўрэяў – чыя пазіцыя яму тут бліжэй. 27 мая атрымаў адказ:

«Мне бліжэй за ўсё пазіцыя яўрэйскага закона, які забараняе перанос парэшткаў, за выняткам іх перамяшчэння ў Ізраіль. Брацкая магіла ахвяр Халакоста паводле заканадаўства Беларусі – гісторыка-культурная каштоўнасць, якая можа быць перанесена толькі ў выніку стыхійных бедстваў. Пра гэта пісаў у лісце да Лукашэнкі раў Адольф Шаевіч, калі я патрабаваў спынення будаўніцтва дамоў на яўрэйскіх могілках у Гомелі і Мазыры».

А вось «калега» Я. Гутмана з Сусветнага яўрэйскага кангрэса, багатыр Рональд Лаўдэр – той ухваліў зробленае беларускімі ўладамі ў Брэсце, нават паставіў іх у прыклад чыноўнікам з іншых краін…

Не ведаю, наколькі абгрунтаваныя закіды сп. Брымана, ці з аўтарытэтнымі духоўнымі лідэрамі ён размаўляў («Усе рабіны ў Ізраілі, з якімі я раіўся, казалі: патурбаваць парэшткі і перанесці іх можна толькі ў выпадку, калі ёсць “ліхадзейская ўлада”, якая хоча знішчыць яўрэйскае пахаванне і глухая да просьбаў яўрэяў не рабіць гэтага»). Так ці іначай, з яго высновай – «Мэрыя [г. зн. Брэсцкі гарвыканкам – В. Р.] магла паказаць сапраўдны гуманізм і разуменне, адмовіўшыся ад будоўлi ўсутыч з расстрэльнай ямай. Але бізнэс-інтарэсы забудоўшчыкаў аказаліся важнейшымі» – я схільны пагадзіцца. Па шчырасці, цяганне трупаў туды-сюды, няхай і ў трунах з шасцікутнымі зоркамі, не даспадобы мне. І не хацеў бы такога ні для сябе, ні для сваіх блізкіх.

Улетку 2017 г. прамільгнула вестка пра тое, што рыхтуецца перанос парэшткаў Змітрака Бядулі (1886–1941) з Уральска ў Мінск – для гэтага, маўляў, патрэбная супраца з консулам РБ у Казахстане, збор сродкаў і г. д. Планавалася, што ўсё будзе здзейснена к восені 2018 г. Ідэя гучала і раней – яе выказваў у перапісцы са мной адзін вядомы вязень «злачыннага рэжыму» яшчэ ў 2013 г. Тады я, пры ўсёй пашане да свайго карэспандэнта, паставіўся да такой прапановы скептычна – і пазалетась не памяняў сваёй пазіцыі. Але хто я такі, каб нешта раіць раскручаным блогерам? Зважаючы на тое, што «цела» Самуіла Плаўніка (Хаімава сына) не вярнулася ў Беларусь і к чэрвеню 2019 г., ідэя заглухла сама па сабе. Упарадкаваць магілу пісьменніка ў казахстанскім Уральску – іншая справа, яе б я падтрымаў.

Нямала цікавага «з яўрэйскім акцэнтам» адбудзецца неўзабаве на тутэйшых прасторах. Людзі іншага паходжання/веравызнання ўсё часцей займаюцца «нашымі праблемамі»: напрыклад, 17.07.2019 прадбачыцца «велапакатуха» «Мінск яўрэйскі: экскурсія з пэйсамі» (можа, і сам бы не пашкадаваў 10 рублёў, каб меў тут ровар).

А Сяргей Доўгушаў з гурта «Vuraj» даводзіць, што «Гісторыя Беларусі непарыўна звязаная з габрэйскім народам, які здаўна жыў на нашых землях… Хочацца, каб зноў у беларускіх гарадах і мястэчках загучалі габрэйскія мелодыі і песні на ідыш». І, мяркуючы па тым, што на краўдфандынгавай платформе цягам пары дзён было сабрана 1415 руб. з 1600 запрошаных, яму тое ўдасца.

Вядома, ёсць ва ўсім гэтым прысмак культурнай апрапрыяцыі… На абвестку пра велаэкскурсію «з пэйсамі» пару год таму крыўдавалі афіцыйныя яўрэі. Але ў цэлым, што б ні рабілася, усё да лепшага. Хочуць беларусы на манер чэхаў, палякаў або літоўцаў «папулярызаваць» нашу спадчыну – няма прычын ім замінаць. Пацяруха з цягам часу адсеецца, культурка як спосаб удасканалення жыцця застанецца, а як яна будзе звацца – беларуска-яўрэйская, яўрэйска-беларуская – не так ужо істотна.

У рэшце рэшт, многае – калі не ўсё – залежыць ад нас. Другі раз я звярнуўся ў міністэрства сувязі і інфарматызацыі наконт адзначэння юбілею Майсея Кульбака (упершыню звяртаўся ў 2016 г., і адказ не здаволіў) – атрымаў пісульку ад той жа намесніцы міністра, спадарыні Гардзеенка. Цяпер – дакладней, 14.06.2019 – яна дорыць больш спадзеваў: «Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь разгледзела Ваш электронны зварот аб выпуску ў 2021 годзе паштовай маркі і/ці канверта да 125-годдзя пісьменніка Мойшы Кульбака і паведамляе, што дадзена тэма будзе ўключана ў праекты тэматычных планаў выдання дзяржаўных знакаў паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь на 2021 год для разгляду ў наступным годзе на пасяджэнні мастацкага савета пры Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь». Цытуецца з захаваннем арфаграфіі арыгіналу.

Сярод маіх калегаў па Саюзе беларускіх пісьменнікаў і «суседзяў» з ПЭН-цэнтра цяпер багата кульбакафілаў (ужо хіба кожны трэці ;)) Будзе ахвота – падтрымайце… Яшчэ 50 зваротаў – і канверт з выявай Кульбака амаль гарантаваны, яшчэ 100 – і «Белпошта» налепiць марку на тую «капэрту», яшчэ 120 – і будзе нам усім суцэльнае спецгашэнне.

З чэрвеньскіх навінаў (або падзеяў, не разабраўся яшчэ) – адстаўка міністра ўнутраных спраў Шуневіча, пра памыснасць якой публікаваліся развагі ў «Катлетах…» месяц таму. Драбяза, але прыемна. На фоне адстаўніка новы міністр – былы начальнік унутраных войскаў, «ваяка да мозгу касцей» з характэрным прозвішчам Караеў – здаецца некаторым ледзь не лібералам. I як жа ж: напярэдадні Еўрапейскіх гульняў у Мінску (не блытаць з Еўрагульнямі, што ладзяцца сярод геяў і лесбіянак; а многія ж блытаюць, нават і наўмысна) параіў падначаленым усміхацца, быць ветлівымі і малапрыкметнымі. Што выклікала проста-такі крык душы народнага барда і драматурга Змітра Дзядзенкі:

Мне роспачна, самотна і няўтульна,

Нібыта Рагнар’ёк усё бліжэй:

Мне падалося, што на Еўрагульнях

Мая міліцыя мяне не беражэ!

Забаранілі ім цягацца строем,

І я мянтоў заўважыць не магу:

У нашым чыстым горадзе-героі

Іх толькі два.

На кожным на рагу.

*

Інтэрв’ю Святланы Алексіевіч я чытаю праз адно, а мо і праз два-тры, бо наперад ведаю, у якім рэчышчы пойдзе гаворка з лаяльнымі журналістамі. Апошняя вакханалія нелаяльнасці мела месца пару год таму – цяпер нязручных пытанняў лаўрэатцы (напрыклад, ці перапрасіла яна Зянона Пазняка за…) ніхто не задае. Што да выказванняў на актуальныя тэмы – ну, мабыць, трэба ў сучасным свеце пэўныя рэчы даводзіць да абсурду, каб цябе пачулі, але ж гэта «не наш метад». «Я б нават сказала, што забіваць трэба камунізм, камуністычнае мысленне» – дзякуй, што не саміх камуністаў, але нейкай лабатаміяй ды «Завадным апельсінам» ад гэтага тхне. І як падобныя заклікі стасуюцца з візітам у КНР (жнівень 2016 г.), атрыманнем літаратурных прэмій ад камуністычнага ўраду? Прычым – на фоне маўчання пра лёс таварыша па Нобелеўскай прэміі Лю Сяабо (на той час знаходзіўся ў кітайскай турме за дысідэнцтва; памёр у ліпені 2017 г.)?

Яшчэ з сёлетняй прамовы «нашага ўсяго»: «У Чэслава Мілаша, польскага паэта, таксама лаўрэата Нобелеўскай прэміі, ёсць словы: “Фашызм – гэта такая кароткая безгустоўная аперэтка, а самая страшная пагроза для свету – гэта камунізм”». Буду ўдзячны знаўцам творчасці Мілаша (1911–2004), калі яны пацвердзяць або абвергнуць наяўнасць у яго спадчыне такіх слоў, бо нешта не верыцца… Антыфашыст, які перажыў Другую сусветную вайну і на свае вочы бачыў яе жахі, пазней, што вынікае з «яго» цытаты, трактаваў фашызм як меншае ліха? Вой, наўрад ці.

Ну і да кучы: «Нядаўна ў Маскве мяне прывёў у поўны жах магазін дзіцячага вайсковага адзення. Я падумала: «Божа мой, як хутка ўсё адбылося, як імгненна!» Гэтак сама як у нас у Беларусі, калі моладзь выйшла на вуліцу і ўсіх адразу пасадзілі, у нас імгненна запрацавала сталінская машына».

Сувязь паміж крамай з дзіцячай вопраткай у стылі «мілітары» і мілітарызацыяй грамадства, а пагатоў «сталінскай машынай», яна такая… невідавочная. Пачаць з таго, што падобных гандлёвых устаноў не бракуе і ў краінах «першага свету» (гл., напрыклад, тут і тут). Мяркую, найперш гэта звычайныя камерцыйныя праекты, а не сродак татальнай уніфармізацыі юнага пакалення… Так ці іначай, не помню, каб у Маскве-2016 дзеці масава хадзілі ў ваеннай форме ды махалі аўтаматамі, няхай цацачнымі. Падобнага не бачыў і ў Пскове-2019, горадзе, які, здавалася б, мусіць быць яшчэ больш ваяўнічым за сталіцу.

Карацей, некаторым апалагет(к)ам пацыфізму не зашкодзіла б успомніць старую савецкую прыказку: «Вайны-то не будзе, але будзе такая барацьба за мір, што каменя на камені не застанецца».

Яшчэ адна «ціхамірная» дама, прызнаная на Захадзе, дабілася таго, што на канферэнцыі Беларускай федэрацыі шахмат 1 чэрвеня за працяг яе паўнамоцтваў да 2023 г. прагаласавалі ўсе 24 дэлегаты – нягледзячы на мноства «касякоў», дапушчаных за апошнія 2 гады. Найвялікшым факапам было, бадай, выгнанне з федэрацыі брэсцкага трэнера Уладзіслава Каташука. Ну, гэта больш праблема тых, хто галасаваў за «ранейшы курс» – як прынята казаць, «ім з гэтым жыць».

Што ў чэрвені пацешыла? Поспех таго самага Каташука разам з яго вучаніцай Аляксандрай Тарасенка. Дзяўчынка, якой яшчэ не споўнілася 13, выйграла першыя сем партый дарослага чэмпіянату краіны (перад гэтым зрабіўшыся чэмпіёнкай РБ ва ўзросце да 20 год). Звёўшы восьмую партыю ўнічыю, Тарасенка датэрмінова заваявала першае месца. Трапна зазначыў нейкі Se8astianpereira тутака (04.06.2019): «Уладзіславу Віктаравічу проста адплацілася. За час і сілы, аддадзеныя вучням. За тое, што ён не баяўся выказваць сваё меркаванне, заступаючыся за іх (няхай часам і крыху перагінаючы палку, але заўсёды шчыра), з-за чаго атрымаў у выніку абсалютна несправядлівае выключэнне з федэрацыі». Магу толькі дадаць – ганаруся тым, што ў 2004 г. друкаваў у сваім часопісе «Шахматы-плюс» матэрыялы сп. Каташука.

Шлях чэмпіёнкі. Фота з brestchess.ucoz.ru

*

Cёння ў Ізраілі на 74-м годзе памёр рэдактар і грамадскі дзеяч Леанід Школьнік, з якім аднойчы выпала перасякацца па справах (21 год таму). Чалавек быў… няпросты, і не ўсе яго погляды/праекты ўва мне адгукаліся. Тым не меней ён зрабіў многа добрага для нашага культурнага поля, заслужыўшы добрую памяць.

Цытатнік

«Калі завяршаецца фаза актыўных пратэстаў на свежым паветры і надыходзіць фаза перамоў, то неарганізаванасць з перавагі ператвараецца ў недахоп. Тут, вядома, куды лепей мець структуру, якая можа дэлегаваць сваіх членаў на перамовы, прадстаўнікі якой могуць сказаць: “За маёй спінай стаіць столькі-та людзей. Я прадстаўляю не толькі сам сябе, а яшчэ многіх і многіх нашых прыхільнікаў”» (Кацярына Шульман, 28.05.2019)

«Тора, якую мы атрымалі ў свята Шавуот, – не пуга і не пернік. І дакладна не сцяг, пад якім чарговыя харызматычныя правадыры павядуць захопленыя натоўпы напрасткі ў рай» (Меір Антопальскі , 07.06.2019)

«Мы не зможам паправіць культуру, яна нас паправіць сама» (Мікалай Фаменка, 21.06.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

21.06.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 21.06.2019  22:57

Водгук
Пра перанос костак у Брэсце чытаў і ў “Звяздзе”. Слоў няма. 
Дарэчы, быў мінулагодняй восенню ў Слуцку на могілках. Відовішча яшчэ тое. Кальвінскія могілкі як разбомбленыя. Насупраць, цераз сцежку, недагледжаныя іудзейскія. Гэта нейк не па-габрэйску. Раней яны былі вельмі чыстыя. Ці габрэяў у Слуцку ўжо адзінкі і тыя старыя?” (Анатоль Сідарэвіч, 11.07.2019)