В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХI (2)

Усім баршчу шалом! Пачынаецца 2-я серыя нашага забаўляльна-пазнавальнага серыялу жахаў, так што просьба да карыстальнікаў, слабых на нервы, выключыць маніторы, сесці як мага зручней і паставіць надзейны заслон. У гэтым выпуску мы пагаворым пра самае пяшчотнае і дарагое – пра асаблівыя беларуска-ізраільскія адносіны.

Кароткі змест 2-й серыі: бязвізавы рэжым блізкі як ніколі; у мінскім пасольстве Ізраіля пакуюць валізкі.

Катлеты, або Тэль-Авіў недзе побач

Самую эфектыўную ў свеце эканоміку РБ накрыў чарговы крызіс, і афіцыйныя асобы ўсё часцей пазіраюць на поўдзень. Нагадаю, што ў чэрвені 2011 г., калі беларускі рубель таксама валіўся з ног ад стомы, тагачасны прэм’ер-міністр Мясніковіч злётаў у Ізраіль і нечага там выпрасіў. Злыя языкі казалі, што ў абмен на брыс-мілу, але мы-то з вамі ведаем… 14 ліпеня г. г. зменшчык Мясніковіча Кабякоў заявіў, што Беларусь зацікаўлена ў супрацы з кампаніяй «Ісраэль кеміклз лімітэд» Кобяков: Беларусь интересует расширение сотрудничества с Израилем

Трэба меркаваць, пасля таго, як з ізраільскага ўрада выкінулі дзяжурнага па нашай краіне, дзелавыя стасункі даводзіцца наладжваць ледзь не з чыстага аркуша. Нават да канкурэнтаў «Беларуськалія» падлабуньвацца…

Так ці іначай, нешта не відаць на гарызонце вясёлкавай будучыні, якую малявалі ізраільскія госці год таму, не чуваць і гучных дэкларацый пра «гістарычнасць» той ці іншай сустрэчы. Далёкі ад статусу Нью-Васюкоў цэнтра сусветнага турызму Моталь, дзе адзін небезвядомы беларускі ідэолаг аж у 2008 г. выкупіў пад музей «Дом Хаіма Вейцмана». Ужо хутчэй па інэрцыі гаворыцца пра «збліжэнне народаў»: рэалізацыя дамовы ад 19.09.2014 аб бязвізавым рэжыме паміж Беларуссю і Ізраілем зацягнулася настолькі, што многім цяпер і не патрэбен «чэрствы пернік». Так бывае, калі дакументы рыхтуюць непрафесіяналы: Фаіна Кіршэнбаўм – адстаўная медсястра, Софа Ландвер – адстаўны лагапед, Іосіф Шагал – адстаўны журналіст. А ўсе яны разам – сіла!

Кадэнцыя Шагала ў Беларусі скончылася, і скора ён вернецца ў Ізраіль. Бадай, адзіным яго дасягненнем на пасадзе пасла і стала дамова 2014 г. – цяпер ёсць спадзевы, што яна ўступіць у сілу яшчэ ў 2015 г. (хіба 31 снежня ;-). Ва ўсякім разе, 29 чэрвеня 2015 г. міністр унутраных спраў Сільван Шалом не без уплыву Юрыя Шульгана выдаў загад аб палягчэнні візавых працэдур для беларускіх грамадзян, а 16 жніўня ўрад Ізраіля зацвярдзіў дамову з Беларуссю, хоць і з рыпам, не аднадушна. Да таго ж без агаворак пагадненне мае працаваць толькі год, потым урад збярэцца зноў і вырашыць, наколькі яно адпавядае нацыянальным інтарэсам.

Ніхто з «простых смяротных» нікуды пакуль без віз не ляціць, але радасці-то, радасці! У жніўні мала інфармацыйных нагод, і пра пазітыўны крок ізраільскага боку напісалі беларускія СМІ:

«Нармалізаваны» партал «TUT.by»: http://news.tut.by/politics/460524.html ;

Газета «Новы час»: http://novychas.info/zamezza/urad_izrailia_zacvierdziu_admi/ (аптымістычна сцвярджае, што «правілы пачнуць дзейнічаць ужо ў гэтым годзе», як і «Народная воля» ад 18.08.2015);

«БелГазета»: http://www.belgazeta.by/ru/news/life/31417/ (тут «дастаўляе» фотаздымак);

Клуб аматараў коцікаў: http://kyky.org/news/pravitelstvo-izrailya-utverdilo-bezvizovyy-rezhim-s-belarusyu ;

Партызаны з атрада Шарамета: http://www.belaruspartisan.org/politic/314257/

Багата іх. І вядома ж, у фэйсбуку Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання пра шматабяцальны крок таксама гаворыцца 🙂

Напэўна, у канторы на Партызанскім праспекце добра «адзначылі» падзею – і з 18 жніўня ўвогуле перасталі выдаваць гасцявыя візы. Як паведамляе афіцыйны сайт embassies.gov.il/minsk, консульскі аддзел толькі прымае дакументы – з «тэхнічных прычын». Калі знікнуць «тэхнічныя прычыны», ведамства пана Шчогалева-Шагала не адказвае. Ну што ж, цемра гусцее перад світанкам…

Shagal

Фота: цёзка І. В. Сталіна паказвае, куды беларусам трэба ісці па візы

Мухі, або Асцярожна, дзверы зачыняюцца

На пачатку жніўня ізраільцы, а следам за імі беларусы, загаварылі пра мажлівае закрыццё пасольства ў Мінску. Моладзеж з jews.by 10.08.2015 так і секанула: «Ізраіль зачыняе пасольства ў Беларусі», дарма што канчатковага рашэння не прынята.

Падставы для трывожных заяў дало пасяджэнне ўрада, дзе быў агучаны курс новага-старога прэм’ер-міністра Біньяміна Нетаньягу на «жэстачайшую эканомію». Галава партыі «Наш дом Ізраіль» (НДІ) Авігдор Ліберман адстраляўся серыяй інтэрв’ю, назваўшы дзеянні свайго былога шэфа «пагромам» і помстай за крытыку. Знайшліся і «эксперты», якія на розныя галасы распавялі публіцы, чаму Ізраілю не абысціся без вышэйшага ўзроўню прадстаўніцтва ў нашай краіне. Шэраг аргументаў гучаў прам-такі абсурдна.

«Многія выбітныя дзеячы Ізраіля – выхадцы з Беларусі. Сярод іх Бен-Гурыён, Бегін, Шамір, Перас», – пісаў адзін з кіраўнікоў НДІ Давід Гадоўскі 13.08.2015 на cursorinfo.co.il. Між тым яго цёзка Грын (Бен-Гурыён) нарадзіўся ў Плоньску, што на паўночны захад ад Варшавы. Дзе-дзе, а ў «алімаўскай» партыі маглі б ведаць пра розніцу паміж Польшчай і Беларуссю.

Пра лета 2003 года, калі Ізраіль у першы раз закрыў пасольства, той жа Гадоўскі пісаў так: «Кінулі яўрэйскую абшчыну Беларусі… Дарагія мае, мы ж з Вамі маем тамтэйшы досвед. Мы ж ведаем, як там ставяцца ўлады да тых, у каго, гаворачы на слэнгу, “няма даху”. Ізраіль якраз заўсёды ўспрымаўся іменна як апякун і заступнік мясцовай яўрэйскай абшчыны».

Добра помню і 2003–2004 гг., калі пасольства не было, і папярэднія гады, калі яно працавала. Асаблівай розніцы не адчуў. Спытаўся ў свайго таварыша, які ў той час меў дачыненне і да Ізраільскага цэнтра, і да сінагогі – ён кажа, што таксама не адчуў. Праблема была раздзьмута інтарэсантамі – адзін з такіх «прафесійных яўрэяў» пісаў у газеце «Авив», што пачуваецца «сіратой, кінутым бацькамі». Мяркую, 95%, а мо і 99% беларускіх яўрэяў не мелі і не маюць патрэбы ў «даху» ды «апякунстве» пасольства.

Гаворыць сам Ліберман (cursorinfo.co.il, 14.08.2015): «Маючае адбыцца закрыццё пасольства сведчанне абыякавасці да інтарэсаў і 150 тысяч ізраільцаў – выхадцаў з Беларусі, і 150 тысяч тых, хто застаецца там і мае права на вяртанне. Па ўсіх пытаннях сувязі з Ізраілем – наведванне родзічаў, аліі, удзелу ў моладзевых праграмах Сахнута і “Натыва” – ім прыйдзецца звяртацца ў іншыя дзяржавы… або адмаўляцца ад сваіх планаў». Хітруе стары ліс… Па-першае, быццам і не ведае, што тэмпы «аліі» не звязаны з наяўнасцю пасольства ў краіне. Пік эміграцыі з Беларусі ў Ізраіль выпаў на 1990–1991 гг., а пасольства адкрылася толькі ўвосень 1993 г. І праграмы «Сахнута», і моладзевыя лагеры, і нядзельныя школы, і нават дзейнасць Ізраільскага цэнтра былі ў Беларусі ДА пасольства. Баюся, няўклюдныя захады кіраўнікоў дыппрадстаўніцтва (не ўсіх, але многіх) адно блакавалі развіццё тутака яўрэйскай інфраструктуры. Па-другое… адкуль партыйны бос узяў лічбу «150 тысяч»?

Я здагадваюся, адкуль. Гады 2 таму ў Ізраіль з Мінска перабраўся Зэлік Пінхасік – былы дырэктар Міжнароднага гуманітарнага інстытута БДУ, кандыдат філасофскіх навук савецкага гарту. «Яўрэйская абшчына Беларусі складае не 30 тысяч, як часта кажуць, а, паводле нашых даследаванняў, 150 тысяч человек, якія трапляюць пад Закон аб вяртанні», – сказаў ён у нядаўнім інтэрв’ю ( http://izrus.co.il/dvuhstoronka/article/2015-08-09/28490.html ). Аднак паводле перапісу 2009 г. у Беларусі яўрэямі назвалі сябе 12926 рэспандэнтаў. З таго часу «ядро» яўрэйства яшчэ скарацілася – няхай да 10 тыс. чалавек. Паводле дэмографаў, «пашыранае» яўрэйскае насельніцтва ў Расіі прыкладна ў 2 разы перавышае ядро; цалкам верагодна, такая сітуацыя і ў РБ. Не верыцца, што на 20 тыс. яўрэяў ёсць яшчэ 130 тыс. «кандыдатаў на выезд у Ізраіль»: паважаны сацыёлаг завысіў лічбы мінімум у 2 разы. Да таго ж многія з тых, хто меў дзядулю-яўрэя, ніколі ні ў якую «яўрэйскую абшчыну» не ўступяць і нават фармальна не ахопліваюцца Законам аб вяртанні (бо вызнаюць «чужыя» для Ізраіля рэлігіі). З. Пінхасік даўно знаёмы з А. Ліберманам: выглядае, што добрыя адносіны з гэтым палітыкам для яго важнейшыя за факты.

* * *

Як падумаць, то ў закрыцці пасольства ёсць і плюсы, і мінусы. Плюсы – эканомія сродкаў і адмова ад завышаных чаканняў, якая можа пайсці тутэйшым адно на карысць. Візавыя пытанні здольны вырашаць і консул. Мінусы… Найперш яны звязаны з эканомікай і з забеспячэннем правоў ізраільскіх грамадзян у Беларусі. Напрыклад, цяжэй будзе вярнуцца на беларускі рынак авіякампаніям Ізраіля, і «Белавія» па-ранейшаму будзе выстаўляць бязглузда высокія цэны на рэйсы «Мінск – Тэль-Авіў». Не ўсім жа даступныя Вільнюс і Варшава, дзе кошты ўдвая меншыя.

Мінусы ўсё-ткі пераважаюць, таму, незалежна ад Лібермана & Со., прашу ізраільскі ўрад НЕ закрываць гэтае пасольства. Толькі прыстойнага кіраўніка сюды трэба прызначыць, пажадана беспартыйнага, можна нават бязвусага.

Мінск, 19.08.2015

Зачапіла? Лістуй сюды: rubinczyk[at]yahoo.com

Размешчана 19.08.15 13:22

ПАСЛЯСЛОЎЕ

Меркаванне беларускага палітыка і літаратара (20.08.2015, для belisrael.info):

Амбасада Ізраіля ў Беларусі мусіць быць абавязкова, нароўні з амбасадамі ЗША, Расеі, Украіны, Польшчы і Літвы. Прычына – найперш гістарычная, бо быў час, калі проста Ізраіль быў у Беларусі. Вядома, паходжаньне львінае долі лідэраў сіянісцкага руху, кіраўнікоў дзяржавы і сусьветна прызнаных геніяў, гэта беларускія габрэі. Другая прычына – сёньняшняя дыяспара, трэба прадстаўніцтва. Трэцяя – Ізраіль ёсьць адной з ключавых дзяржаваў у геапалітычным пляне, і нам тут, у сэрцы Эўропы, без геапалітыкі і амбасады Ізраіля ніяк. Чацьвёртае. Калі зь Беларусі сыдзе амбасада, пустку імгненна запоўняць мусульманскія краіны, а пры сёньняшнім рэжыме гэта можа ператварыцца ў антыізраільскі пляцдарм. Яно нам трэба?

Павал Севярынец

* * *

20.08.2015 на сайце пасольства Ізраіля ў Мінску з’явілася паведамленне: «Наведвальнікі, якія не атрымалі дакументы 17, 18 і 19 жніўня 2015 года з прычыны тэхнічных збояў у працы консульскага аддзела Пасольства, могуць забраць пашпарты з панядзелка па чацвер а 16.00, у пятніцу а 14.00». Пасольства нават прабачэння папрасіла за нязручнасці, што на яго зусім не падобна – няйначай наша публікацыя падзейнічала.

20.08.15   15:57