В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (16)

Спякотны чэрвень… Юбілейная, пятая тусоўка «чэсных» дэлегатаў у Мінску. Учора ў метро гэтак навязліва гукалі праз рэпрадуктар: «Сёння адбываецца адзін з найважнейшых форумаў у жыцці нашай краіны…» Ніякі ён не найважнейшы, зразумела: арганізатары ўсё пастанавілі заранёў. Да жыхароў Беларусі ў чарговы раз залезлі ў кішэню; ну, кладучы руку на сэрца, выдаткі адносна невялікія (усё ж не зацягнулася імпрэза, і дарылі дэлегатам не «Мерседэсы», не трактары, а «ўсяго толькі» самсунгаўскія планшэты). У параўнанні з грашыма, выкінутымі на геапалітычныя праекты – дружбу з Венесуэлай, будоўлю АЭС – капейкі, можна сказаць.

Галоўны аратар па-фрэйдаўску прагаварыўся, якое месца адводзіць народу: «І запомніце простую народную ісціну: “Не сена ідзе да каровы, а карова да сена”. І трэба навучыць наш народ рухацца туды, дзе ёсць працоўнае месца». Зрэшты, амаль гэтак сама бачыць сваіх любімых бедненькіх беларусікаў Святлана Алексіевіч: па Мінску, аказваецца, ходзіць нейкае безаблічнае «агульнае народнае цела». Магчыма, у наступны раз адзін проста будзе казаць пра «быдла» («У Заходняй Беларусі пад Польшчай нацыянальна-моўныя правы беларусаў тапталіся, іх таксама абзывалі і выстаўлялі быдлам і хамамі», адзначаў лінгвіст Віталь Станішэўскі), а другая пра «біямасу»: кепскія прыклады заразлівыя.

Ах, у Беларусі невысокая аддача ад працы і не расце ўжо тры гады, таму ўсім трэба «распрануцца і працаваць»!.. Кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі – не дужа мне сімпатычны, бо сам у многім адстаў ад жыцця – трапна заўважыў пра Лукашэнку: «спыніўся, захрас у той матрыцы, якую стварыў для сябе». Дзіва што: чалавек 22 гады кіруе, даўно пераседзеў на пасадзе кіраўніка дзяржавы Брэжнева (той толькі 18 год пратрымаўся), а многія памятаюць, ува што ператварыўся Леанід Ільіч пад канец 1970-х – пачатак 1980-х гг…

Я б мо і не стаў згадваць шоў у цэнтры Мінска, калі б не «ізраільскі аспект». Прыехала Софа Ландвер, якая ўсё ж не ком з гары, а міністарка абсорбцыі Ізраіля (у каторы раз?), старшынька ізраільска-беларускага камітэта па эканамічнай супрацы і г. д. І пачалося! «Усебеларускі народны сход – гэта вельмі значнае мерапрыемства для краіны, дзе абмяркоўваюцца планы на бліжэйшую пяцігодку і падводзяцца вынікі папярэдніх гадоў. Прыкметны той факт, што сход склікаецца раз на пяць гадоў і будучыня краіны вызначаецца сапраўды ўсенародна». Адразу відаць, што 30 год, пражытых у СССР (1949-1979), наклалі на Софіну свядомасць невыдаляльны адбітак: мабыць, дагэтуль тужыць па пяцігодках і камунізме, што меўся быць пабудаваны праз год пасля яе ад’езду… І ясная рэч, візіцёрка лепей за мільёны грамадзян Беларусі, недатычных да сходу, ведае, што такое «ўсенароднасць»…

У справаздачы 24.06.2016 для ізраільскіх чытачоў С. Л. як бы намякае, што не зусім верыць у сваю прапаганду (ціпа займалася дыпламатыяй і паскарала алію беларускіх яўрэяў :)). На трыбуну сходу яе не пусцілі, але «ў час сустрэчы з міністрам сацабароны і працы Марыянай Шчоткінай я ўзняла, натуральна, пытанне аб вяртанні пенсій ізраільцянам, былым грамадзянам Беларусі. На жаль, пытанне гэтае вырашаецца значна больш марудна, чым нам бы хацелася. Галоўнай прычынай з’яўляецца эканамічны спад у краіне, Беларусь знаходзіцца ў няпростай сітуацыі. Але разуменне і жаданне беларускага боку вырашыць гэтую праблему існуе».

Каб даведацца, колькі ў беларускага боку «разумення і жадання», успомнім: у чэрвені дакрызіснага 2007 г. у Беларусь прыязджала дэлегацыя Кнэсэта на чале з Марынай Салодкінай (1952-2013). Марына паведамляла: «асноўная мэта вiзiту iзраiльскай дэлегацыi вяртанне пенсiй выхадцам з Беларусiгэта для Iзраiля не фiнансавае пытанне, а пытанне гонару: людзям павiнны быць вернуты грошы, якiя яны зарабiлi. Добры прыклад у гэтым плане падае Расiя. Яна без усялякiх перагавораў вяртае пенсii ўсiм тым, хто пакiнуў яе тэрыторыю пасля 1992 года». Тая ж Ландвер сустракалася з той жа Шчоткінай у лютым 2012 г.: «Паводле ізраільскага боку, афіцыйны Мінск выказаў прынцыповую згоду выплачваць пенсіі выхадцам з Беларусі. Як і ў выпадку з Расіяй, ад ізраільцян патрабуецца прадаставіць цэлы шэраг звестак… Ландвер заявіла Шчоткінай, што праца над падрыхтоўкай адпаведных дакументаў будзе пачата адразу ж па яе вяртанні ў Ізраіль». Прынцыповая згода, такая прынцыповая…

Не маю сумневаў: Ландвер даўно зразумела, што яе (і папярэднікаў – ізраільцяне прасілі ўлады РБ выплачваць пенсіі задоўга да Салодкінай) водзяць за нос, але працэс для яе важнейшы за вынік, які нібыта «будзе дасягнуты ў бліжэйшай перспектыве». Ну і перападаюць, пэўна, нейкія крыхі з панскага стала: іначай трудна вытлумачыць хадульны аптымізм і паўтарэнне мантры «Калі ў суседніх краінах крызіс, то яго наступствы закрануць і Беларусь». Паказальна, што нават пасольства Ізраіля пасаромелася ў сябе (сайт, фэйсбук) асвятліць «лёсаносны» візіт міністаркі.

Што да вышэйшых чыноўнікаў РБ – яны з 1990-х гадоў прызвычаіліся ўдаваць з сябе дурнаватых. Магчыма, так ім лягчэй існаваць у гэтым складаным свеце; улічваючы тое, што сеанс «калектыўнай тупаватасці» доўжыцца трэці дзясятак гадоў, не такая дурная тая верхавіна, як часам хоча падавацца. Між тым вышэйзгаданая лаўрэатка ўключылася ў піяр-кампанію гаспадароў «Чырвонага дома»: «Калі б Лукашэнка ведаў, што такое Нобелеўская прэмія, я была б шчаслівая». Гы-гы, які ёлупень! Падвяла і «гістарычны» грунт: маўляў, Гітлер знішчыў яўрэяў, і цяпер беларусы – сялянскае насельніцтва, дзе ёсць толькі сялянскія веды… Глупства, канешне, але не адна яна так разважае. Небезвядомы «гаон» Андрэй Шуман пісаў улетку 2011 г.: «Парадак у Беларусі будзе магчымы толькі ў тым выпадку, калі ў нас адбудзецца змена палітычнага класа, калі нашай элітай зноў стануць яўрэі-гараджане, а не напорыстыя вясковыя хлопцы». У яго спыталіся – дзе ўзяць яўрэяў? «Запрасіць іх сюды з Манхэтэна і Брукліна назад»… Потым, праўда, патлумачыў: «“яўрэй” – метафара страчанага інтэлігента… Арыйскасць або яўрэйскасць не мае ніякага значэння. Увогуле этнічнае паходжанне вельмі ўскосна звязана з інтэлігентнасцю». Ну, дзякуй і за тое: па-мойму, ясна, што нешматлікім ужо яўрэям Беларусі не патрэбна ні юдафобія (якую, безумоўна, правакуюць развагі пра «элітнасць»), ні бязглуздая юдафілія, абапертая на міф пра нейкую нашу асаблівую інтэлігентнасць. Дайце жыць спакойна…

У бліжэйшы час, падобна, спакою не будзе нікому, ці амаль нікому – праз няздатнасць большай часткі кіраўнікоў (у тым ліку і яўрэйскага паходжання) да рацыянальных крокаў, не кажучы пра маральныя. Даволі павучальная гісторыя пра тое, як наіўны і шчыры (?) бізнэсмен-яўрэй, зарабіўшы мільёны долараў у Мінску, паверыў закліку і ў сярэдзіне 2000-х уклаў іх ва «ўздым сельскай гаспадаркі» пад кіраўніцтвам тав. Шапіры. «З 2012 года Шурым спрабуе вярнуць свае каровы», – бядуе фельетаніст і дадае: «Міхаіл Шурым – унікальны. Яго мама выкладала беларускую мову і ідыш у школе. І выхавала яго патрыётам Беларусі. Больш патрыятычнага для Беларусі чалавека я не сустракаў нават сярод членаў БНФ».

Ці значыць гэта, што патрыётам – або проста сумленным асобам – няможна выяўляць у краіне ніякай актыўнасці? Не, не значыць, але ж асцярогі неабходныя… Аркадзь Ізраілевіч з групы будаўнічых кампаній канстатаваў у часопісе «Бизнес-ревю» (сакавік 2016): «прынцыпы і стыль беларускай норматворчасці ў лепшы бок не мяняюцца». Прыблізна пра тое самае гаварылася ў папярэдняй серыі «Катлет & мух». На яе, між іншага, адгукнуўся не адзін мастак Андрэй Дубінін. Гісторык Анатоль Сідарэвіч піша: «Цікавы артыкул! Прытча пра цыбулю наводзіць на роздум, а падказка пра тое, як стаць мільянерам, выклікае смех, але не вясёлы. Пра ідыш проста выдатна». Праўда, знайшліся і чытачы, якім не да душы быў мой скепсіс у дачыненні да сучаснага БДУ. Мне нагадалі пра канферэнцыю «Беларуска-яўрэйскі дыялог у кантэксце сусветнай культуры», адбытую ў 2008 г. Аднак, па-мойму, факт яе правядзення не супярэчыць таму, што я спрабаваў давесці. Канферэнцыя не стала нечым звышістотным для навуковага свету і фактычна прайшла незаўважанай нават у Мінску. Характэрна і тое, што зборнік яе матэрыялаў выйшаў праз тры гады (у Магілёве-2014 паспелі надрукаваць у першы дзень). Усё ж ён варты прачытання і кароткага аналізу.

Многія выступоўцы не сказалі нічога новага ні пра беларусаў, ні пра яўрэяў, ні пра дыялог: той жа змагар з «амерыканізаваным глабалізмам» акадэмік Яўген Бабосаў, чый пленарны даклад ішоў, аднак, першым нумарам… Больш парадавала прафесарка Марына Мажэйка з паведамленнем пра філасофію Маймона (Хеймана; жыў у другой палове XVIII cт.) і прапановай: у «г. [п.] Мір можа быць адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная нашаму земляку, знанаму прадстаўніку кантыянства – Саламону Маймону». Дошкі, здаецца, дагэтуль няма, але гэта ўжо не праблема навукоўцаў…

Няблага паказаў сябе і Віктар Пічукоў з Гомеля: яго тэкст «Сацыяльны вобраз яўрэя ў асяроддзі сельскіх немцаў БССР міжваеннага перыяду» быў заснаваны на архіўных дакументах і ўтрымліваў масу нечаканых паваротаў. Цікавыя падрабязнасці ёсць у артыкуле Станіслава Рудовіча «Стаўленне яўрэйскай грамадскасці Беларусі да абвяшчэння БНР (1918 г.)». Заслугоўвае ўвагі агляд Анатоля Кержнера з украінскай Вінніцы «Адраджэнне яўрэйскага жыцця ў краінах СНД: дасягненні і праблемы»: у ім, між іншага, паказана, з якімі цяжкасцямі сутыкнуліся вытворцы кашэрнага хлеба «Блюмінскі» ў беларускім Магілёве 10 год таму. А вось «Беларуска-яўрэйскі дыялог у позняй прозе Змітрака Бядулі» Паліны Лявонавай выглядае досыць павярхоўным – мо таму, што аўтарка, засяродзіўшыся на такіх творах Бядулі, як «Салавей», «Язэп Крушынскі», «У дрымучых лясах», забылася на аповесць «Набліжэнне» (і апавяданні кшталту «Свінарка Фрэйда»), а мо праз тое, што замнога было ў артыкуле банальнасцей.

Напэўна, час ад часу варта праводзіць такія канферэнцыі. І помнік Эфраіму Севеле ў Бабруйску (урачыстае адкрыццё плануецца правесці 1 ліпеня) патрэбен. Але заўсёды хочацца большага. Найлепшым помнікам для Севелы, мяркую, было б адраджэнне ў Беларусі мовы яго герояў з Інваліднай вуліцы, а менавіта ідыша. Прынамсі частковае.

І раз ужо ў пачатку загаварылася пра чыноўнікаў. Дзейнасць прэм’ер-міністра Уладзіміра Гройсмана ва Украіне мне цяжка ацэньваць, да таго ж не мінула яшчэ 100 дзён з яго прызначэння. Аднак адзін «мінус» ён ужо зарабіў: не выціснуў з ураду чалавека, які гэты ўрад яўна дыскрэдытуе. Маю на ўвазе «адказнага» за ўнутраныя справы… Вядома, што год таму Арсен Авакаў бадзёра адрапартаваў у фэйсбуку: «Забойства А. Бузіны раскрыта. Сёння раніцай [18 чэрвеня 2015 г.] злачынцы былі затрыманы». Насамрэч за злачынства – здзейсненае, нагадаю, у Кіеве ўдзень 16 красавіка 2015 г. – ніхто дагэтуль не асуджаны. Суд у 2016 г. не прадоўжыў арышт падазраваных, якіх «цэлы міністр» у парушэнне прэзумпцыі невінаватасці летась назваў злачынцамі. Недалёка заедзе ненька-Украіна з такімі службоўцамі…

Вольф Рубінчык, г. Мінск

24.06.2016

wrubinchyk@gmail.com

Апублiкавана 25.06.2016    8:32